З гісторыі лідскіх могілак
Зніклыя могілкі
Месцазнаходжанне першых сістэматычных пахаванняў у Лідзе невядома. Можна меркаваць, што першыя могілкі знаходзіліся каля першых храмаў.
Звычай пахавання ў храме ці каля яго з'явіўся ў Заходняй Еўропе ў 8 ст., калі падзел хрысціянскай царквы яшчэ не адбыўся, і звычай гэты застаўся характэрным, як у католікаў, так і ў праваслаўных.
Абсталяванне ж могілак за горадам было часткай плану гарадскіх пераўтварэнняў, пачатых у Рэчы Паспалітай яшчэ ў часы караля Станіслава Аугуста Панятоўскага. Па рашэнні камісіі паліцыі Рэчы Паспалітай у 1791 годзе могілкі ва ўсіх буйных гарадскіх цэнтрах краіны пераносіліся за горад.
Першым хрысціянскім храмам у горадзе, па-за замкам, быў драўляны Крыжаўзвіжанскі касцёл, які размяшчаўся на другі бок вуліцы і некалькі лявей ад сучаснага мураванага касцёла. Вакол яго маглі быць могілкі, якія зніклі пасля пабудовы новага касцёла.
Самыя старажытныя могілкі з вядомых размяшчаліся на Зарэччы (паміж сучаснымі вуліцамі Стралкоўскага і Калініна). Яны былі прыцаркоўныя, бо менавіта на гэтым месцы стаяла Прычысценская царква.
У адной з купчых 1630 г. указваецца месцазнаходжанне царквы: "З Ліды на Дуброўню і Ліпнішкі, ідучы гэтай вуліцай па дарозе ... ад рынка і ад замка".* Прычысценская царква таксама бачна і на плане канца ХviІІ стагоддзя. Жыхарка горада Я. Ярмант успамінае: "Наш дом знаходзіўся ніжэй вуліцы Вызвалення (цяпер Калініна), калісьці на гэтым месцы былі могілкі таму, што ў агародзе знаходзілі челавечыя косці"**.
Могілкі каля Кармеліцкага кляштара на вуліцы Віленскай маглі з'явіцца ў канцы 17-га стагоддзя, калі быў пабудаваны касцёл Бязгрэшнага зачацця Найсвяцейшай девы Марыі.
Кляштар быў ліквідаваны ў 1835 годзе і можна меркаваць, што пасля гэтага пахаванні там не праводзіліся.
Пацвержаннем існавання могілак пры Кармеліцкім кляштары, з'яўляецца той факт, што падчас будаўніцтва 8-ай школы (зараз Лідская музычная навучальня) у 1955 годзе, а таксама пры расшырэнні вуліцы Ленінскай у раёне музнавучальні на месцы кляштара была знойдзена вялікая колькасць чалавечых касцей.
Могілкі каля мураванага Крыжаўзвіжанскага касцёла з'явіліся ў пачатку 1770-х гадоў.
На гэтых могілках у 1794 годзе былі пахаваныя паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі, якія загінулі пры абароне Ліды ад расейскіх войскаў. У метрычных актах Лідскага касцёла за 1794 г. быў запіс пра тое, што "ўсе, забітыя падчас аблогі Ліды, пахаваныя каля касцельнай агароджы".***
Існаванне гэтых могілак пацвяржаецца ўспамінамі Нікадзіма Сегеня, якія адносяцца да сярэдзіны ХІХ ст.: "З правага боку вул. Віленскай, як раз насупраць гатэля стаіць парафіяльны касцёл, могілкі і фруктовы сад..."****
Прыкасцельныя пахаванні пацвярджаюцца і Інвентарным вопісам Лідскага рымска-каталіцкага касцёла і бенефіцый: "Пад прызбюторыюмам склеп, быўшыя ў ім целы памерлых у 1846 г. пахаваны ў зямлю".
Каля паўночнай сцяны Фарнага касцёла знаходзіцца магіла ксяндза Роека (1908 -1996). На помніку чытаецца надпіс: "ks. dziekan stanislaw kalasanty royek kaplan z zakonu piarow ur. 16.xi.1908 zm. 06.X. 1996. Dlugoletni PATERZ LIDZKIEJ FARY, JEJ OBRONCA, WIERNY SYN SW. JOZEFA KALASANCJUSZA. milosnik bozego milosierdzia matki bozej i sluga wszystkich ludzi. reguiescant in pace".
З сярэдзіны 19-га стагоддзя па 60-я гады 20-га стагоддзя ў раёне сучаснай вуліцы Фрунзенаходзіліся яўрэйскія могілкі.
* SZYMIELEWICZ M. DWORYSZCZE I TROKIELE // ZIEMIA LIDZKA, № 3, 1939, S. 83.
** Е. Ярмонт. В тени замка Гедимина. Лида, 1995, с. 38.
*** Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок. // Виленский календарь. Вильно. 1906, С. 51.
**** Нікадзім Сегень // Лідскі летапісец, № 12, 2001, с. 17.
На плане горада Ліды 1842 г. могілкі ўжо ёсць і займаюць тэрыторыю плошчай каля двух гектараў. На гэтым жа плане паказана праектаванае новае месца для пахавання яўрэяў.*
На яўрэйскіх могілках пераважалі пахавальныя абеліскі рознай вышыні. Сустракаліся там таксама і наземныя ўсыпальніцы, пабудаваныя з цэглы з трохвугольным дахам і ўманціраванымі плітамі з эпітафіяй. Пахаванні размяшчаліся ўпрытык адно да другога.**
Аб апошнім прыстанішчы яўрэяў Ліды пасля Вялікай Айчыннай вайны ўспамінае Бруна Маркоўскі: "З левага боку вул. Савецкай, уніз да ракі, былі яўрэйскія могілкі, яны нібыта спускаліся да рэчкі. Пасярод могілак расло адзінокае дрэва. Частка надмагільных камянёў была перавернута, не выключна, што гітлераўцы далі загад раскапаць магілы і павыдзіраць у нябожчыкаў золата."*** У цяперашні час на тэрыторыі могілак пабудаваны жылыя дамы, могілкі сталі часткай водасховішча.
Вадасховішча і жылыя дамы на касцях арганізатараў лідскіх заводаў, фабрык, крамаў: Пупко, Папірмайстра, Ілютовіча, Шапіры, Рыбацкага, аптэкара Левінсона, рабіна Райнеса.І сёння, ідучы па вуліцы Свярдлова, тратуар якой вымашчаны каменнем, можна убачыць сколкі надмагілляў з надпісамі на іўрыце.
* ЛИХМ. История города Лиды. Ф. 1, д. 4.
** Ciechanowicz Lech. О Lidzie PO NIEMECKU // ZIEMIA LIDZKA. № 37, 1999 . s. 6.
*** Бруно Морковский. Под лрямым углом. Восточный издательскнй дом. Донецк - 2002 с. 172-178.
Два камяні з яўрэйскіх могілак у жніўні 2003 года былі ўстаноўлены каля помніка на месцы расстрэлу лідскіх і віленскіх яўрэяў у раёне Паўночнага гарадка.
Праваслаўныя могілкі месціліся насупраць сабора Міхаіла-Архангела па вул. Савецкай. Аб іх існаванні сведчаць два фотаздымкі Свята-Міхайлаўскага сабора пачатку 20-га стагоддзя, на якіх бачны помнікі з праваслаўнымі крыжамі.
На фотаздымках таксама можна ўбачыць, што месца для пахавання абнесена драўляным плотам з варотамі, якія вядуць да помнікаў. Цікава, што да цяперашняга часу ніхто нічога не ведае пра гэтыя могілкі, і не знайшліся яшчэ дакументы, дзе б яны былі згаданы.
Могілкі насупраць сабора Міхаіла-Архангела з'явіліся ў другой палове 19 - га стагоддзя.
Да сярэдзіны 60-х гадоў 20-га стагоддзя ў Лідзе па вул. Чырвонаармейскай (раней паміж вул. Казармавай і ксяндза Скарупкі) знаходзіліся вайсковыя могілкі. Заснавалі іх у 1915 г. падчас Першай Сусветнай вайны немцы. Роўнымі радамі пад ранжыр былі пахаваны салдаты, справа ад уваходу - нямецкія, аустрыйскія і чэшскія, злева - расійскія з надпісамі "Невядомы салдат расійскай арміі" ці проста "Невядомы".*
Могілкі былі агарожаны невысокай мураванай сценкай і падтрымліваліся ў парадку. У сярэдзіне 20-х гадоў драўляныя крыжы былі заменены на квадратныя цэментныя пліты з імёнамі і прозвішчамі загінуўшых і датай іх смерці. У глыбіні могілак, насупраць уваходу, немцамі быў устаноўлены высокі абеліск у выглядзе 4-граннай піраміды з груба абчасаных камянёў. У аснове абеліска ляжаў адліты з чугуну паранены рымскі легіянер з надпісам на аснове піраміды "fur das faterland". У 1919-1920 гг. на гэтых жа могілках былі пахаваны салдаты польскай арміі: Сувальскага пяхотнага палка, 4-га і 11-га ўланскіх палкоў (1919) г., 1-й дывізіі легіёнаў (1920). На могілках былі пастаўлены цэментныя крыжы з надпісамі: "Невядомы салдат Вялікай Польшчы" без даты нараджэння і смерці. У адным з вуглоў могілак стаяў адзінокі цэментны крыж з надпісам: "Невядомы салдат бальшавіцкай арміі".
* Sniezka А. cmentarz wojеппу w lidzie // ziemia Lidzka, № 8, 1936, s. 7.
У 1923-1924 г. была пабудавана невялікая капліца. 25 траўня 1924 г. у прысутнасці Прэзідэнта Польшчы Станіслава Вайцяхоўскага ў фундамент пад пастаментам, дзе стаяў бронзавы арол і ляжаў паранены рымскі легіянер быў закладзены спіс воінаў 77-га пяхотнага палка, загінуўшых пад Лідай. У спісе прозвішчы 12 афіцэраў: капітана Аляксандра Хацэя, паручнікаў Мар'яна Ласковіча, Цэзары Халецкага, 7 падпаручнікаў, 2 харунжых і 174 жаўнераў дзесяці пяхотных, трох кулямётных, штабной і тэхнічнай ротаў.*
У 30-я гады на гэтых жа могілках у асобнай агароджанай зоне хавалі памерлых жаўнераў 77-га пяхотнага палка і цывільных асобаў, якія жылі ў Казармах. У 1939-1941 гг. на могілках былі пахаваны некалькі салдатаў Чырвонай Арміі. У 1941-1944 гг. могілкі былі месцам пахаванняў нямецкіх салдатаў, загінуўшых пад Лідай і памерлых у шпіталях.**
У сярэдзіне 60-х гадоў пры будаўніцтве 6 -ай школы вайсковыя могілкі былі ліквідаваныя.
Могілкі нямецкіх ваеннапалонных на тэрыторыі сённяшняга Лідскага малочна-кансервавага камбіната ўзніклі прыкладна ў 1945 годзе. У гэты час тут было размешчана Лагернае аддзяленне № 6 лагера № 281, база якога знаходзілася ў Ваўкавыску. Лагернае аддзяленне № 6 у Лідзе было разлічана на 600 чалавек. Па стану на 1 студзеня 1946 года тут знаходзіўся 271 палонны. Палонныя працавалі на аднаўленні Лідскага чыгуначнага дэпо, будоўлі вакзала, воданапорнай вежы. Смертнасць ў лагерах была даволі высокай. Так у цэлым па Ваўкавыскім лагеры № 281 у снежні 1945 г. памерла 43 чалавекі, у студзені 1946 - 60, у лютым 1946 - 37. Колькі чалавек памерла ў Лідскім лагерным аддзяленні, дакладна сказаць пакуль немагчыма. Вядома, што яны былі пахаваныя ў 5 магілах. Былі магілы індывідуальныя ці групавыя, не вызначана. Могілкі былі ліквідаваны ў шэрагу іншых у 1952 (1953) годзе.***
Закрытыя могілкі
Могілкі па вул. Энгельса з'явіліся ў 1797 г. на землях Вісмантаў па волі царскіх уладаў, якія загадалі закрыць па санітарных прычынах ранейшыя прыкасцельныя могілкі і размясціць новыя за межамі горада.
Могілкі знаходяцца ў паўднёвай часцы горада. Яны маюць форму няправільнага шматкутніка, абмежаванага вуліцамі: з поўначы Радзюка і Клімко, з поўдня Папова, з усходу Энгельса, з захаду Розы Люксембург.
У 1805 г. пробашчам і дэканам лідскім ксяндзом Вінцэнтам Нарбутам у цэнтры могілак пабудавана драўляная капліца Святой Барбары (заступніцы лёгкай смерці). Абраз Святой Барбары знаходзіўся тады ў галоўным алтары капліцы.***
Ад цэнтральнага ўваходу да капліцы вядзе мошчаная плітамі алея. За капліцай яна дзеліцца на дзве часткі. Дадатковыя дарожкі, якія дзялілі могілкі на квадраты ў цяперашні час пакрыты зараслямі кустарнікаў і травой.
Некаторы час -- пасля касацыі кармелітаў, лістападаўскага паўстання 1830 г. і пажару касцёла піяраў у 1842 г. могілкавая капліца выконвала функцыі звычайнага касцёла, тут праводзіліся службы. У 1905 г. драўляная капліца згарэла. Цяперашняяцагляная капліца пабудавана ў 1930 г., дзякуючы старанням ксяндза Іпаліта Баярунца, пробашча і дэкана лідскага.
* Лідскі гістарычна-мастацкі музей. КП 9890. Список солдат, захороненых на военном кладбище.
** Kuwalek Robert. Nieistniejancy CMIENTARZ WOJSKOWY W LIDZIE. // ZIEMIA LIDZKA. № 15, 1994. S. 6.
*** А.В. Шварков. Архипелаг ГУПВИ на территории Беларуси. 1944 - 1951. Минск. ТЕСЕЙ. 2003.
**** Сліўкін Валеры. Хрысціянства на Лідчыне.// Лідскі летапісец № 12, 2001, с. 7.
У пачатку 19-га стагоддзя пры капліцы мелася званіца. На двух слупах віселі два званы, адзін вагой 16 кг, другі 2 кг. У 1885 г. на сродкі Стэфана Будкевіча, маршалка шляхты Лідскага павету, пабудавана акуратная, абшытая і пакрытая гонтай (дранкай) званіца.
У 1845 г. піяр ксёндз Юзафат Вайшвіла на сродкі вернікаў пабудаваў на могілках драўляны шпіталь, у якім у 1856 г. знаходзіліся 12 калекаў і жабракоў.
Дзякуючы старанням Клары Якавіцкай, на грамадскія грошы, да сярэдзіны 19 стагоддзя могілкі былы абгарожаны.*
Да 1865 г. могілкі былі гарадскімі, на іх хавалі праваслаўных, католікаў і евангелістаў.
У міжваенны час яшчэ захоўваўся надмагільны помнік евангелісту, уладальніку Дакудава харунжаму лідскага павету Ксаверыю Эстку (1787-1855), выкананы віленскім каменячосам Вержбоўскім. На помніку была выразана кніга з надпісам: «Браты! Тут пахаваны ваш бліжні, со sіе staral о LZE DLA SWEGO GROBU». Непадалёк размяшчалася магіла лютараніна падпалкоўніка Фрэдэрыка Неймана (1813-1869).**
Да сёняшнягя часу захаваўся за капліцай вялікі надмагільны камень з рускім тэкстам, пад якім пахаваны евангеліст барон Эрнэст Мядэм (-1846), сын графа Аляксандра Іванавіча Мядэма, рускага пасланніка ў Персію і Бразілію. Камень устанавілі калегі памерлага - афіцэры Галіцкага егерскага палка.
Маецца таксама некалькі праваслаўных надмагілляў: Пятра Масіны (1850), Якава Масіны (1860), калежскага асэсара Канстанціна Кучынкага (1845) з эпітафіямі на рускай мове.
* Kuwalek Robert. Rzymskokatolicki CMIENTARZ PRZY UL. GRAZYNY. // ZIEMIA lidzka. № 18-19, 1996. s. 6.
** Там жа, S. 4.
Але ў цэлым пераважаюць надмагільныя пліты католікаў. На могілках пахаваны заслужаныя абывацелі горада і павету, а таксама заможнейшая шляхта з наваколля Ліды.
Пры капліцы размяшчалася гранітная пліта Юзафа Грабоўскага - лідскага лекара, які памёр у 1849 г. Быў ён віленскім масонам, членам патрыятычнай ложы «Старанны Ліцьвін».
Да сёняшнягя дня захаваліся тры вялікія надмагіллі сям'і Зарэцкіх: генерал-лейтэнанта інжынернага корпуса Юзафа Зарэцкага сына Войцаха (19.12.1800-21.01.1869) герба Варня, памерлага ў Пецярбурзе, яго жонкі - немкі па паходжанні - Ганны Зарэцкай фон Грэвеніц (1.07.1807-1.11.1891), іх сына Мікалая Юзафа Зарэцкага (11.11.1843-12.01.1883), яго жонкі Марыі і дачкі Ганны (-1900).
На могілках пахаваны ўладальнікі маёнткаў з усяго павету: Мялюзіна, Качанава, Косаўшчыны, Курасоўшчыны, Перапечыцы, Чэхаўцаў, Скаўронішак, Трацякоўцаў: прэзідэнт Лідскага суда Станіслаў Адамовіч (1780-1838), прэзідэнт гарадскога суда Лідскага павету Фелікс Адамовіч (1783-1876), павятовы суддзя Гаспар Адамовіч (1794-1856), павятовы маршалак Стэфан Буткевіч, яго жонка Эмілія з Адамовічаў Буткевіч (1813-1879), капітан польскага войска Ян Тукала (1803-1867); сям'я Рылаў: дворскі дарадца Ксаверы Рылаў (? -2.2.1836), яго сын - карнет гусарскага палка Нідэрландскага караля Канстанцін (1825 -3.08.1847), яго дачка Альберціна з Рылаў Садоўская (-17.5. 1867), яе муж, дзяржаўны дарадца і кавалер Рафал Садоўскі (1811-8.08. 1869) , тут жа пахавана яго першая жонка, уладальніца маёнтка Баяршчына Максімілія з Даўгялаў Садоўская (1828-13.11.1845) з абшырнай эпітафіяй і двое яе дзяцей Людвіка і Яна; Ян Садоўскі (-1905) і яго жонка з Квятоўскіх Садоўская, іх сын Ян-Рафал; былы суддзя Лідскага павету Казімір Банькоўскі (-1876), Пётр Жаба і яго дачка Памела Нарбут, Ян Калясінскі (-27.06.1874) і яго жонка Антаніна (-13.03.1863).
Асаблівыя магілы мела сям'я Крахельскіх: Юзаф Крахельскі, лідскі скарбнік, Ружа з Туравічаў Крахельская (-19.05.1837), Нарцыс Крахельскі (14.10.1829-11.12.1890). На надмагіллі Теафіліі Крахельскай (-20.02.1881) абшырная эпітафія. Тут жа Раймунд Гужэ (-1896) павятовы ўрач, Эмілія з Шостак Лаўданская (-1893) - жонка спраўніка Лідскага павету, Марцін Галаўня (-1888), бургамістр Ліды Ян Стасевіч (-1901), Ганна з Малашкевічаў Яцкевіч (пам. 1840) - жонка бургамістра, Іаанна з Ліпінскіх Зэдлер (-1871) - жонка аптэкара, сям'я Андрушкевіча - таксама лідскага бургамістра, чыгуначны бургамістр Лявон Стабінскі.
У сціплых магілах пад сціплымі надмагіллямі пахаваны навакольныя сяляне з сямей: Болтуцяў, Сегеняў, Хрулёў, Падгайных, Тоўгіных, Хутных, Капачэляў, Стрыбуцяў, Бунькоў, Ёдкаў, Запаснікаў, Клышэйкаў, Латушкаў, Саладухаў, Хадыкаў, Буракоў, Пуйдакаў, Белавусаў, Чарнавусаў, Вастравухаў, Драцякоў, Семакоў і інш.Першыя надмагільныя камяні дастаўляліся з каменячосных майстэрняў Вільні. Каля 1880 г. у горадзе з'явілася уласная майстэрня Баляслава Хруля, якая існавала да 1941 г. і размяшчалася на вул. Сувальскай. Пасля смерці Баляслава майстэрняй кіравала яго жонка Анэля з Малеўскіх Хруль. Некаторыя надмагіллі з майстэрні ў мястэчку Паддубна, яка належала Воўк-Карчэўскаму*.
У 1886 г. жыхарка горада Ласковіч пабудавала вароты з 4-х каменых слупоў з драўлянымі створкамі.
У тым жа 1886 г. Ласковіч стала заснавальніцай новага шпіталя за агароджай могілак. Функцыяваў гэты прытулак да 1939 г.
Мураваная агароджа вакол могілак будавалася на працягу 1900-1903 гг. На табліцы каля уваходу маецца надпіс: "Агарожана ў 1903 г. за кошт парафіан, стараннямі ксяндза дэкана Юзафа Сінкевіча, М. Пацэвіча, Ю. Падгайнага, каменем Стэфана Макрэцкага, за якіх "Здровась Марыя!".
Адзін з самых цікавых камянёў знаходзіўся да вайны на магіле Станіслава Хагемейера (-1930). У Варшаве быў выраблены помнік аднаму з самых багатых лідзян - Аляксандру Ёдку (1858 - 17.12.-1933) з выявай барэльефа памерлага.
Вайсковы квартал каталіцкіх могілак
На могілках існуе асобная вайсковая частка. Выдзяленне яе з агульнай плошчы могілак адносіцца да перыяду Першай сусветнай вайны. Тут пачалі хаваць салдат-католікаў Расейскага войска. Магілы іх не захаваліся. На магілах былі салідныя драўляныя крыжы з надпісамі: "Браніслаў Плюціцкі з Санітарага Беластоцкага шпіталя, Фадзей Пянткоўскі з 40-й артылерыйскай брыгады, Юзаф Зіневіч з 400 Менскага палка".
Каля іх загінуўшыя ў 1919-1920 гг., сярод іх удзельнік самаабароны Лідскай зямлі Віктар Шкоп (1900-16.01.1919), які загінуў пад Лябёдкай, афіцэры і жаўнеры, загінуушыя ў баях за Ліду ў красавіку 1919 г. і 28 верасня 1920 г., у тым ліку Генрык Жылінскі (- 16.04.1919) - паручнік 1-га Сувальскага палка стральцоў**.
Сярод магіл 1920 г. -- надмагіллі Юзафа Гундэрмана, паручніка Севярына Шыманяка, паручніка Фелікса Асейнага, паручніка Юзафа Кямпінскага, паручніка М. Шчалкоўскага, паручніка Феліцыяна Радкевіча, вахмістра Францішка Марчыка, а таксама 16 іншых падафіцэраў і шарагоўцаў. У 1924 г. сюды былі перанесены целы 40 чалавек з Даліны Смерці. Іх магіла знаходзілася непасрэдна перад помнікам лётчыкам. Была табліца: «40 невядомых па прозвішчах палякаў, закладнікаў з Беластока, Гародні і Ваўкавыска, растралянных бальшавікамі ў жніўні-верасні 1920 г.». Цяпер ад магілы няма і следу.
* KWATERA WOJSKOWA PARAFIALNEGO CMIENTARZA w lidzie// ziemia lidzka. № 29, 1998.
** Там жа.
Захаваліся магілы загінуўшых лётчыкаў 5-га лётнага палка: паручніка Аляксандра Ціхоцкага, сяржантаў-пілотаў - Баляслава Паўляка, Часлава Чарнецкага і Паўла Стэнцла. Былі і магілы загінуўшых у 1922 г. лідскіх паліцыянтаў Яна Вільканца, Юліяна Каўняровіча. Там жа быў пахаваны падкамісар паліцыі Уладзімір Біюк (-1928) і Юзаф Олесь, трагічна загінуўшы ў 1935 г.
Адразу пасля вайны савецкія ўлады ўзялі курс на закрыццё каталіцкіх могілак па вул. Энгельса. 16 снежня 1960 года Выканкам Лідскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне № 412.
"Исполнительный комитет Лидского городского совета депутатовтрудящихся
Решение № 412
От 16 декабря 1960 г. г. Лида
О закрытии существующих кладбищ и об открытии нового кладбища
В связи с невозможностью дальнейшего захоронения на существующих кладбищах по ул. Советской и ул. Энгельса из-за отсутствия мест для захоронения и готовностью нового кладбища по ул. Варшавской, исполком Лидского городского Совета депутатов трудящихся решает:
1. Закрыть существующие кладбища по ул. Советской и улице им. Энгельса с запрещением на них захоронений с 1 января 1961 г.
2. Разрешить захоронения на новом кладбище по ул. Варшавской с 1 января 1961 г.
3. Коммунальному отделу обеспечить порядок захоронения на новом кладбище согласно законоположения.
4. Контроль за выполнением настоящего решения возложить на коммунальный отдел.
Председатель исполкома
Лид. Гор. Сов. Депут. Труд. - И. Ушацкий.
Секретарь исполкома
Лид. Гор. Сов. Деп. Труд. - В. Утлик."
У 70-х гадах савецкія ўлады прынялі рашэнні аб ліквідацыі каталіцкіх могілак і арганізацыі на іх тэрыторыі парка. Многія жыхары перанеслі парэшткі сваіх сваякоў на могілкі па вул. Варшаўскай.
16 сакавіка 1983 года было прынята рашэнне № 215 Лідскага гарвыканкаму.
Исполнительный комитет Лидского городского Совета народных депутатов
Р Е Ш Е Н И Е
От 16.06.83 г. № 215 г. Лида
О ликвидации городских
кладбищ по ул. Советской
и ул. Энгельса
Кладбища по ул. Советской и ул. Энгельса решениями исполкома закрыты в 1960 и в 1965 годах. Последние захоронения на кладбищах производились более 20 лет тому назад. В связи с тем, что родственниками умерших не поддерживается санитарный порядок на данных кладбищах и на основании правил закрытия и ликвидации кладбищ и заключения санитарно-эпидемиологической службы, исполнительный комител Лидского городского Совета народных депутатов
РЕШИЛ:
1. Кладбище по ул. Советской ликвидировать частично. Кладбище по ул. Энгельса ликвидировать полностью.
2. Службе гражданского обслуживання Лидского городского производственного объединения жылищно-коммунального хозяйства ликвидацию кладбищ по ул. Советской и ул. Энгельса произвести согласно правил закрытия и ликвидации кладбищ. До 1 июля 1983 г. дать объявление в газету "Уперад" о ликвидации данных кладбищ.
Председатель исполкома - В. Азаренко.
Секретарь исполкома Р. Донесенко."
Працэс ліквідацыі каталіцкіх могілак, аднак, зацягнуўся. Большасць пахаванняў не было каму пераносіць на новыя могілкі, сваякоў або не засталося, або яны жылі за мяжой. Тым не менш усё ішло да таго, што могілкі будуць пушчаны пад бульдозер. Апошнім рубяжом стала магіла ўдзельніцы паўстання 1863 года Валерыі Цехановіч, якую пусціць пад бульдозер у 80-я гады без сур'ёзнага канфлікту з грамадскасцю было ўжо немагчыма. Было прынята рашэнне аб перазахаванні Валерыі Цехановіч. Быў прызначаны дзень, але за некалькі гадзін да эксгумацыі Лідскі гарвыканкам прыпыніў праект ліквідацыі могілак.
У сярэдзіне 90-х гадоў была рэстаўравана капліца Святой Барбары і вайсковы квартал, устаноўлены новыя вароты. У пачатку 2000-х гадоў на могілках праведзена генеральная прыборка, высечаны кустарнік, падняты і абчышчаны некаторыя з надмагілляў, папраўлены плот з боку вул. Энгельса.
Праваслаўныя могілкі па вуліцы Савецкай
Праваслаўныя могілкі па вуліцы Савецкай былі арганізаваны у другой палове 19-га стагоддзя, на паўночнай ускраіне горада.
Сёння могілкі маюць простакутнюю форму вытягнутую з поўдня на поўнач. Да могілкавай царквы вядуць дзве алеі перпендыкулярныя адна да другой. За царквой вузкія паралельныя дарожкі дзеляць могілкі на тры часткі.
Праваслаўныя могілкі з заходняга боку, ад вуліцы Фабрычнай, абгарожаны высокім плотам, з усходняга аддзелена ад цеплавой электрастанцыі бетоннымі плітамі, з паўночнага боку да могілак прымыкае тэрыторыя завода электравырабаў, з заходняга боку праходзіць вуліца Савецкая.
У 1875 годзе на тэрыторыі могілак была пабудавана і асвечана Свята-Георгіеўская драўляная царква. Першалачаткова драўляную царкву вянчалі 2 шатровыя купалы. Унутраныя сцены і зводы не мелі роспісаў. Іканастас двухярусны, у першым ярусе - шэсць абразоў, у другім - чатыры. Святы прыстол асвечаны ў імя Святога Вялікапакутніка і Пераможца Георгія. Антымінс, які захоўваецца пры царкве, выдадзены Мітрапалітам Менскім і Беларускім Піцірымам.
У цяперашні час завершана будаўніцтва цаглянай царквы, якая атачыла старую драўляную.
Найстарэйшае надмагілле ўстанавіць не ўдалося, многія пліты разбітыя.
У розныя часы на могілках знайходзілі свой вечны спачын, як звычайныя лідскія грамадзяне, так і знакамітых людзі нашага горада, з якімі звязана яго гісторыя. Каля сцен царквы пакояцца парэшткі Навіцкай Марыі Канстанцінаўны, у дзявоцтве Снітко, якая з'яўляецца заснавальніцай Лідскай жаночай навучальні, пазней ператворанай у жаночую гімназію.На могілках знаходзяцца пахаванні салдат 172-га пяхотнага палка, які ў пачатку 20-га стагоддзя быў раскватараваны ў Лідзе.
На царкоўным пагосце 8 пахаванняў святароў: Міхаіла Гамаліцкага, Антонія Амельяновіча, Мікалая Мікалаевіча Красніцкага, Аляксандра Пятровіча Казанскага, Валерыяна Грачыхі, Іосіфа Каяловіча, Міхаіла Галенкавіча.
На могілках у 30-я гады 20-га ста-годдзя быў пахаваны Міністр Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўрадзе Вацлава Ластоўскага генерал ад інфантэрыі Цыпрыян Кандратовіч. У сярэдзіне 90-х гадоў сваякі перанеслі парэшткі генерала ў Воранава.
На могілках знайшоў свой апошні прытулак знакаміты лекар Рэнарт.
Тут жа пахаваны дзеячы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі Юліян Саковіч і Леанід Маракоў.
Вайсковая частка
На тэрыторыі праваслаўных могілак размешчаны тры манументы. Адзін - помнік воінам Савецкай Арміі, партызанам і партыйнасавецкаму актыву, загінуўшым у час вайны і пасляваенны перыяд ад рук бандытаў.
Другі - помнік на брацкай магіле, у якой пахаваны каля 40 падпольшчыкаў і партызанаў, якія былі растраляны 25 чэрвеня і 3 ліпеня 1944 г. Сярод іх М.В. Валіцкая, А.Г., Г.П. Качан, А.А. Клімко, З.Ф. і Л.Ф. Кудачовы, М.К. Наказных і іншыя. У 1956 г. на магіле пастаўлены абеліск. 8.07.1994 г. адкрыты новы помнік, аўтарам якога з'яуляецца лідскі скульптар Вараб'ёў В. М.
Трэці - помнік на брацкай магіле 12 чырвонаармейцаў, якія былі расстраляны гітлераўцамі на тэрыторыі канцлагера ў Паўночным гарадку.
Асаблівае месца займаюць пахаванні воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі у 1944-1950 гг. Гэта магілы 74 воінаў і 1 партызана. Сярод пахаваных - воіны 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, якія вызвалялі горад у ліпені 1944 г., салдаты і афіцэры войск НКУС, загінуўшыя ў пасляваенныя гады. У 1967 г. устаноўлены надмагільныя пліты з імёнамі загінуўшых.
У 1960 годзе было прынята рашэнне аб закрыці для пахаванняў праваслаўных могілак па вул. Савецкай, у сувязі з адсутнасцю тэрыторыі, а ў 1983 г. выканаўчы камітэт Лідскага гарадскога Савета народных дэпутатау прыняў рашэнне аб частковай ліквідацыі могілак на вул. Савецкай так, як родныя памерлых "не падтрымлівалі санітарны парадак". Але дзякуючы намаганням вернікаў і прыхаджан Свята-Георгіеўскай царквы гэтае рашэнне не было выканана.
На сёння могілкі афіцыйна закрытыя. На іх зрэдку прадаўжаюцца перазахаванні парэшткаў воінаў Чырвонай Арміі, якія перыядычна знайходзяць на тэрыторыі Лідскага раёна падчас розных работаў. На гэтых магілах ставяцца традыцыйныя чырвоныя абеліскі.
Наталля Хацяновіч
Лідскі летапісец №3 (31) 2005 С.39 - 48
[Main page][Title page][Library page]