[Main page][Title page][Library page]
Гайцюнішкі
У гісторыі лідчыны Гайцюнішкі з'яўляюцца ў XVI ст. Згодна інвентара 1565 г. маёнтак належаў Рымшам і складаўся з двара і гаспадарчых пабудоў. У двор уваходзілі тры жылых дома, стайні і гароды. Гаспадарчыя пабудовы, агародджаныя дылямі, мелі двое весніц ( варот).
Дом – крэпасць, малюнак Напалеона Орды
У XVII ст. Гайцюнішкі належаць Нонхартам. Нявядома адкуль гэты род паходзіў і як па сапраўднаму гучала прозвішча. Іх лічылі курляндскай шляхтай, таму што іхняе прозвішча выглядала як курляндскае. Два родных брата, Петр і Станіслаў Нонхарты, за вялікія заслугі перад краінай у часе вайсковых дзеяняў з Масквой і Шведамі, у 1590 г. атрымалі падтвярджэнне сваяго шляхетства, ягое яны мелі раней ад імператара германскай імперыі. Быў так сама падтверджаны іх герб: "Срэбны якар на чырвоным полі".
Пётр Нонхарт жаніўшыся на Падбярэзскай, пратэстантке, займеў пасаду Віленскага гараднічага, і будаўнічага каралеўскага замку ў Вільні. Як высокакваліфікаваны прафесіянал, быў адпаведна ацэнёны і атрымаў Гайцюнішкі. Верагодна, што адзіная дачка Пятра, Зузана, выйшла замуж за Юрыя Храптовіча (1586-1650 г.), ваяводу новагрудскага, і перадала яму ў пасаг Гайцюнішкі. Пасля Юрыя, Гайцюнішкі атрымаў у спадчыну яго старэйшы сын Адам Храптовіч, жанаты на Елізавеце Ісайкоўскай.
Не вядома, якім шляхам, пасля Храптовічаў, гэтая маёмасць дасталася Шротэрам (герб - Любіч) , шляхце інфляндскага паходжаня і калі Гайцюнішкі дасталіся Путкамерам. Хутчэй за усё гэта быў пасаг Дароты Шротэр, другой жонкі Ваўжынца Путкамера, стольніка інфляндскага. На пачатку XIX ст., а можа і раней Гайцюнішкі ўжо былі маёмасцю фон дер Остэн - Сакенаў. Ягоная дачка Вераніка, выйшла замуж у 1830 г. за Адама Рымшу (герб - Гоздава), атрымала маёмасць як свой пасаг. Пасля Веранікі і Адама , усё гэта атрымала ў спадчыну іхняя дачка Алена, жонка Рамуальда Рымшы. Перадапошнім уладальнікам Гайцюнішак быў сын Алены і Рамуальда- Эдвард Рымша (1863-1937 гг.), жанаты на Яніне Ловенецкай. Апошнімі ўладальніцамі маёнтка былі ягоныя две дачкі: Алена (нарадзілася 19.02.1911г., была замужам за Янам Гаштовт - Ажынскім) і Зоф'я (нарадзілася 23.06.1913 г., жонка Напалеона Сянкевіча)
Дом-крэпасць. Узведзены ў паўднёвай частцы вёскі, на левым беразе р. Жыжма ў 1611-12 гг. з цэглы будаўніком і начальнікам каралеўскіх збудаванняў у Вільні П.Нонхартам разам з інжынерам-фартыфікатарам Ван Данэнам.
![]()
Дом - крэпасць, фота Яна Булгака, 1914 г.
Будынак - прамавугольны ў плане, двухпавярховы, пад высокім вальмавым дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны трохпавярховай прамавугольнай вежай з невысокім, кубічным, арачным уваходам, прыбудаваным пазней. Чатыры вуглавыя вежы круглыя, накрыты шатрамі. Кожная вежа з вузкімі вокнамі - байніцамі, што дазваляла абаронцам з усіх бакоў кантраляваць подступы да дома. На 1-м паверсе знаходзіліся службы і казарма для невялікага гарнізону, наверсе- "панскія" пакоі і сталовая.
У гадах 1900 - 1905 г. Эдвард Рымша дабудаваў да яго шырокі ганак, з тэрасай, сапсаваўшы такім чынам чысціню і арыгінальнасць першапачатковага праекта.
Эдвард Рымша , пад час дабудовы, знайшоў насценныя малюнкі са сцэнамі палявання, якія аднак не закансерваваў. Ёсць меркаванне, што гэтыя малюнкі належалі пэндзлю вядомага Віленскага мастака і уладальніка маёнтка Шроттэра.
У гэтым доме - крэпасці паспяхова вытрымалі аблогу шведы пад час паўночнай вайны, атакаваныя войскамі саксонскага караля Аўгуста ІІ.
У маёнтку былі архіў і бібліятэка, якія загінулі пад час І-й сусветнай вайны. Ацалела толькі "Генеалогія роду Рымшаў" якая сягала часоў хрышчэння Літвы.
Маёнтак акружаў стары парк, плошчай 15 га, раслі ў ім у асноўным ліпы і лістоўніцы, многім з якіх было ўжо больш за 300 год.
У польскай філалогііі з'явілася версія пра тое, што Гайцюнішскі дом-крэпасць стаў правобразам Міцкевічавых Сапліцова і Гарэшкавых. Доўгі час лічалася што праобразам Сапліцава былі Тугановічы, пазнейшыя даследчыкі размяшчалі яго ў Міру ці нават у Вялікапольшы. Новую цікавую і цалкам праўдападобную гіпотэзу сфармуляваў прафесар Рышард Керсноўскі ў артыкуле "Замак Гарэшкаў і яго жыхары". Ён сабраў шмат фактаў, на карысць слушнасці версіі аб Гайцюнішках.
У 1946 - 49 гг. у доме - крэпасці знаходзілася школа механізатараў. З 1960 г. - абласная псіхіатрычная бальніца. Быў праведзены капітальны рамонт, у выніку ўнікальны дом - крэпасць добра захаваўся і зараз у ім знаходзіцца адміністратыўны будынак бальніцы. Захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы XIX- 1-й паловы XX ст.
Капліца. Стаіць у паўднёва-ўсходняй частцы вёскі, каля дарогі. Пабудавана ў 1633 г. з цэглы як кальвінскi збор па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў а пазней Шроттэраў і іншых уладальнікаў Гайцюнішак кальвінскай веры ( Стэткевічы, а так сама пахаваны Остэн - Сакенны).
Капліца ў Гайцюнішках, здымак Яна Балзункевіча, пачатак 20-га стагоддзя
Прамавугольны ў плане будынак і такая ж алтарная частка. Асноўны аб'ём быў накрыты чарапічным вальмавым дахам. Сцены прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, завершаны шырокімі прафіяляванымі карнізамі і умацаваны магутнымі контрфорсамі, схілы якіх накрыты чарапіцай. У сутарэннях знаходзіліся труны з муміфікаванымі целамі пахаваных. Высокую каштоўнасць мелі алтар і казальніца XVII ст. Капліца парушана ў часы калі ў доме - крэпасці знаходілася школа механізатараў. Пры гэтым гатычная цэгла выкарыстоўвалася на будаўніцтва гаспадарчых пабудоў.
Заўвагі:
Энцыклапэдыя Гісторыі Беларусі. Мінск. 1994 С.452
"Szlakiem Adama Mickiewicza po Bialorusi" Zenon Skuza, Krystyna Wojda. 1997 Warszawa S.37 - 40.
"Ziemia Lidzka" 1998 № 30-31. S. 21-22.
"Зодчество Белоруссии XVI - середина XVII в." Ю.И. Якимович. Минск 1991 C.77
Лаўрэш Л.
Надрукавана ў "Наша Слова" № 40 (726)
[Main page][Title page][Library page]
![]()