[Main page][Title page][Library page]

 

 

 

ЮРЫ ТУРОНАК "ВАЦЛАЎ ІВАНОЎСКІ І АДРАДЖЭННЕ БЕЛАРУСІ "

ЮРЫ ТУРОНАК

 

ВАЦЛАЎ ІВАНОЎСКІ І АДРАДЖЭННЕ БЕЛАРУСІ

Мінск «Медмсонт» 2006

УДК 008(476)(092)+929Іваноўскі ББК 71.0(4Бен) Т88 Серыя заснавана ў 2006 годзе

УДК 008(476)(092)+929Іваноўскі ББК 71.0(4Бен) ІSВN 985-6530-40-7 (бел.)

Turonek J.

 

Кніга Ю. Туронка прысвечана выдатнаму дзеячу Беларускага адраджэння ВацлавуІваноўскаму (1880-1943). Яго выдавецкая, навуковая, грамадская і палітычная дзейнасць разглядаецца ў шырокім гістарычным кантэксце. Ю. Туронак выкарыстоўвае багаты фактычна матэрыял, прыводзіць малавядомыя звесткі пра многіх культурных і палітычных дзеячаў. Кніга разлічаная на шырокія колы чытачоў.

Turonek J. Wacław Iwanowski i odrodzenie Białomsi. Warszawa WOW "Gryf Instytut Historii Polskiej AŃ, 1992
 

 

ЗМЕСТ


Вяртанне забытае постаці

Ад аўтара

Genterutheni, natione...?

У пошуках канцэпцыі

За нацыянальную свядомасць

Расеяй ці з Польшчай?

Альтэрнатывы не было

Новы шанец

Біяграфічныя нататкі

Фотаздымкі

 

 

 

ВЯРТАННЕ ЗАБЫТАЕ ПОСТАЦІ

 

Доўгія гады імя Вацлава Іваноўскага выкаранялася з грамадскай свядомасці. Апошнім часам у паглядзе на гэтую фігуру і, шырэй, на супярэчлівую гісторыю беларускага вызвольнага руху пазначыліся прыкметныя карэктывы — не ў апошнюю чаргу дзякуючы працам і аўтара дадзенай кнігі. 3 перашкодамі, але пракладае сабе дарогу новая нацыянальная канцэпцыя мінулага Беларусі — народа, дзяржавы з сваім уласным пакліканнем у сусветнай гісторыі, насуперак вартага жалю статусу падкаланіяльнае ўскраіны, стратэгічнага палігона ва ўзаемным супрацьборстве буйнейшых дзяржаў. Сутнасць праблемы — не ў захапленні ці абурэнні дзеямі папярэднікаў, але ў спасціжэнні магістральнага кірунку гістарычнага Беларускага Шляху, упарта цярэбленага сынамі Бацькаўшчыны праз гушчар спаконвечнае варажнечы, грунтаванага над багнай нашага нядбальства і халопства перад чужацкай набрыддзю.

Наспела патрэба аддаць належнае ўсім «прарабам-будаўнікам» згаданага Шляху, беларускага дзяржаўнага Дому. Адкрытымі вачыма зірнуць на іх заслугі, памылкі, на іхнія драматычна-трагічныя ростані. Менавіта такім стаўленнем да справы, не староннім, а спагадлівым пранікненнем у пакручасты лёс чалавека і прываблівае кніга Юркі Туронка, прысвечаная неардынарнай постаці Вацлава Іваноўскага — радавітага беларускага шляхціца, дзеяча-падзвіжніка нацыянальнага адраджэння.

Колькі часу таму на запусцелым «разбураным гняздзе» галоўнага героя кнігі — ля колішняга панскага маёнтка ў Лябёдцы пад Ваўкавыскам — руплівы краязнавец-мінчук патрапіў падхапіць і занатаваць з вуснаў мясцовае старэнькае сялянкі нязмушана ўзрушальную згадку: «Вацлавам яго звалі. Добры быў пан, шкадаваў нас, па-просту гаварыў... Адно рэдка ён тут бываў, усё недзе там, у Вільні ці Польшчы, прападаў. Перад вайной з фашыстамі паехаў у Мінск, быў за рабочы клас. Але не ўбярогся, ворагі народа забілі яго... А пан ён быў добры!»*

Гэтым разам перад намі рэальная, дакументальна вывераная легенда-аповесць пра «добрага пана», а дакладней — высокароднага арыстакрата беларускага духу. Разумеючы пад арыстакратызмам не саслоўныя кляйноты, а перадусім духоўна-маральную дамінанту ў жыцці і паводзінах асобы, якая аддана, па-рыцарску слугуе ідэі, усяму таму, што наш вялікі продак Палачанін назваў дабром паспалітым. Гляньма, хаця б пабежна, на значнейшыя падзеі і здабыткі, як найшчыльней звязаныя з патрыятычнымі дабрадзеяннямі аднаго з Іваноўскіх: Беларуская рэвалюцыйная партыя, газета «Свабода», Круг беларускай народнай прасветы, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», газета «Наша Ніва», Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны, урад Беларускай Народнай Рэспублікі, нацыянальны Педагагічны інстытут, яшчэ раней — беларускі лемантар, першы школьны падручнік для дзетак забранага краю... Усё гэта эпахальныя старонкі ў летапісе адраджэнчага руху, з якіх наўмысна і ўпарта дзесяцігоддзямі саскрэбвалася імя іх сапраўднага аўтара або неад'емнага сааўтара дзеля класава-ідэалагічнае цнатлівасці паднявольных насельнікаў, разняволенню якіх падначальваў усе гэтыя і многія іншыя намаганні выпускнік Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута інжынер Вацлаў Іваноўскі.

І вось — дасюль скажоныя, месцамі тэндэнцыйна запэцканыя аркушы набылі першасныя яскравыя змест і форму. Вартасць намаганняў праніклівага даследніка калісь прадбачліва ўхваліў Паэт: «Здалеў вяковы бруд паганы змесці, //І з дзіўнай любасцю чытаем тое мы, // Што захавалася на палімпсесце» (Ул. Жылка).

Пэўна, не адной постаццю Іваноўскага вызначаецца значнасць рэстаўрацыйнага палатна нашага навукоўца-мастака і суродзіча з Варшавы. Чытач следам за аўтарам мае магчымасць нібы наноў прагледзець, пераасэнсаваць усю вызвольную легенду Беларусі найноўшага часу. Уваскрасіць у памяці іншыя, не менш высокія імёны з айчыннага пантэона — Янка Купала, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, браты Луцкевічы, Элаіза Пашкевічанка (Цётка), Браніслаў Тарашкевіч, кс. Вінцэнт Гадлеўскі, многія іншыя змагары-пакутнікі, чые прозвішчы таксама ўвекавечаны на ахвярным алтары Радзімы і чыё жыццё-самаспаленне адбывалася ў непарыўнай лучнасці з Вацлавам Іваноўскім — пад незгасальнай зоркай-надзеяй «Загляне сонца...».

Нацыянальны асветнік, Іваноўскі выступае на старонках кнігі таксама ў ролі актыўнага палітыка — наколькі асветніцкую чыннасць ён, разам з паплечнікамі адраджэнчага руху, успрымаў з перспектывы палітычна-дзяржаўнага самавызначэння свае краіны, яе незалежнага развіцця. На жаль, у гэтым — палітычным — напрамку вынікі яго дзейнасці нашмат сціплейшыя, калі не сказаць горш — мізэрныя, амаль нулявыя, што ў значнай ступені прывяло да занядбання і забыцця і асветніцкага подзвігу нашага шчырага Беларуса. Як палітык В. Іваноўскі — урэшце, не ён адзін у Беларусі — у незалежніцкіх памкненнях скрозь цярпеў паразы: з боку бальшавіцкае Расіі, Польшчы Юзафа Пілсудскага, і — ужо цалкам катастрафічны сыход да тактычнага «партнёрства» з Вільгельмам Кубэ, гаўляйтэрам акупаванае гітлераўцамі тэрыторыі так званага Остлянда. І праблема тут, мабыць, не ў палітычных здольнасцях нашага дзеяча. Хутчэй — у аб'ектыўных абставінах, абумоўленых перманентнай акупацыяй Беларусі больш магутнымі валадарамі — чужынцамі альбо іх дамарослымі халуямі.

Для тых, апошніх, дзяржаўна-незалежніцкія парыванні тутэйшага люду былі (і застаюцца) толькі фікцыяй. У гэтых фіктыўных умовах, бадай, ці не кожнага палітыка ў Беларусі, наколькі той рашаўся трымацца нацыянальных інтарэсаў краіны (пэўна, не тоесных колькасці свінатаварных комплексаў і цяжкагрузных самазвалаў), чакаў адзіны трагічны канец. Выключэнняў з гэтага жудаснага правіла беларуская гісторыя пакуль што не ведае.

Таму шаноўны чытач гэтага выдання мае магчымасць не толькі пашырыць, узбагаціць свае гістарычныя веды, але, мяркую, глыбей засяродзіцца на быційным стане роднае краіны. Кніга таму, напэўна, паспрыяе

Аляксей Каўка

*Жынкін А. Лябёдка Іваноўскіх // Вацлаў Іваноўскі. 1880-1943. Мн., 1990. С. 33.

 

 

 

Ад аўтара

 

Вітаючы надыход новага, 1942 года, Вацлаў Іваноўскі казаў сваім маладым супрацоўнікам у Менску: «Вынайсці порах важна, але не менш важна навучыцца яго выкарыстоўваць». Казаў, каб даць зразумець, што ажыццяўленне ідэі значыць не меней за самую ідэю. Ён быў хімік-тэхнолаг, таму няблага ў гэтым разбіраўся.

Так, ён абапіраўся на ўласны досвед, калі ў 1902 г. выснаваў пастулат стварэння новай беларускай нацыі і будаўніцтва Новай Беларусі, трактаваў гэта не проста як прыгожую ідэю. Былі і да яго яе адкрывальнікі і вынаходнікі: Францішак Багушэвіч, Казімір Кастравіцкі, нарадавольцы ды іншыя. Але яны не здолелі перайсці ад маралізатарства да практычнай дзейнасці. 1 толькі Вацлаў Іваноўскі першы пачаў гэтую ідэю ператвараць у сапраўднасць.

Гэта быў выклік гістарычна сфармаванаму ўкладу палітычных і культурных дачыненняў у Беларусі, пальчатка, кінутая Расеі і Польшчы, якія лічылі гэты край полем сваіх інтарэсаў і заўзята вялі за яго ідэалагічную вайну.

Ён быў цвярозым рамантыкам і разумеў, што пачынаць належыць ад вяртання з забыцця ўласных спрадвечных каштоўнасцяў — памножыць іх і распаўсюдзіць; ад засваення новай навукі — незалежнага палітычнага мыслення; нарэшце — ад разрыву псіхалагічнай пупавіны, якая трымала яго народ у залежнасці ад культур суседніх народаў і дзяліла на «рускіх» і «польскіх». І таму ён пачаў ствараць маладую беларускую інтэлігенцыю, якая ўсведамляла пастаўленыя перад ёю мэты.

Іваноўскі вызначаўся вялікай працавітасцю, арганізацыйным талентам. Умеў знаходзіць сродкі, гуртаваць паплечнікаў, дзейнічаць самастойна, з разлікам найперш на ўласныя сілы. Спрыяў маладым талентам і творчым ініцыятывам, адкрыў свету найвялікшага прарока беларускага нацыянальнага адраджэння — Янку Купалу, узвёў на айчынны Парнас Алаізу Пашкевічанку-Цётку ды іншых. І пры гэтым заставаўся надзвычай сціплым, вылучаў наперад іншых — не сябе.

Ён марыў пра незалежную Беларусь. Толькі да гэтай мэты былі скіраваныя ўсе яго намаганні абудзіць і распаўсюдзіць нацыянальную свядомасць. Яшчэ маладым студэнтам ён зразумеў, што вырашыць гэтую задачу будзе немагчыма без дзейснай старонняй падтрымкі. І таму супрацоўнічаў з Расеяй, Польшчай, Нямеччынай — усё залежала ад абставінаў часу, ад здольнасці і зацікаўленасці патэнцыйнага саюзніка ў падтрымцы інтарэсаў Беларусі. Бо толькі ёй адзінай прысягаў ён на вернасць, на іншых жа глядзеў цераз прызму беларускіх інтарэсаў і чакаў разумення і дапамогі.

3 гэтай дарогі не збочваў аж да смерці, і дзейнасць яго рэдка задавальняла суседзяў — ён не хацеў ім падпарадкоўвацца, таму стаўленне да Іваноўскага польскіх, расейскіх і савецкіх публіцыстаў звычайна было тоеснае іх стаўленню да памкненняў беларускага незалежніцкага руху. І адны, і другія часта расцэньвалі гэты рух як скіраваную супраць іх інтрыгу непрыяцеля. А ўжо адгэтуль была самая кароткая дарога да найдзіўнейшых закідаў, паклёпаў і агідных абраз.

Фігура Іваноўскага была выкрэсленая з гісторыі беларускай культуры і нацыянальнага руху. Згодна з дырэктывамі камуністычных уладаў Беларусі, яго прадстаўлялі ворагам народа, грабежнікам і пачварай, што купалася ў людской крыві. У менскіх навуковых колах аб ім гаварылі ўпотай. Дайшло нават да таго, што віленскі мастак Пётра Сергіевіч баяўся прызнацца, што ў 1943 г. выканаў партрэт Вацлава Іваноўскага, і толькі ў 1985 г., ужо пасля смерці жывапісца, было высветленае яго аўтарства, дый тое не ў Менску, а ў Злучаных Штатах. Трэба падкрэсліць, што асуджэнне Іваноўскага савецкімі ўладамі было выкліканае не толькі яго пазіцыяй часоў нямецкай акупацыі, яно датычылася ўсёй яго дзейнасці ўвогуле. Такое стаўленне дыктавалася правіламі непераборлівай на сродкі палітычнай гульні і таму не заслугоўвае скрупулёзнай крытыкі. Тым не меней гэтае асуджэнне дало сумныя вынікі, галоўным з якіх, бадай, быў мур маўчання вакол імя Іваноўскага — на многія дзесяцігоддзі ён адгарадзіў даследчыкаў і пазбавіў іх магчымасці вывучаць у Беларусі жыццё і дзейнасць гэтага чалавека.

Усё гэта абуджала ўва мне пратэст і падштурхоўвала да самастойных доследаў. Я распачаў іх у канцы 70-х гг. з марудных, але шалёна цікавых пошукаў у польскіх архівах і бібліятэках, з перапіскі і размоў з асобамі, якія ведалі і супрацоўнічалі з Вацлавам Іваноўскім. Аказалася, што іх нямала. Шмат каштоўнай інфармацыі пра жыццё і дзейнасць Вацлава Іваноўскага, а таксама здымкаў і дакументаў я атрымаў у 1978-1980 гг., асабліва ад Марыі Арнольд, Соф'і Дабрынскай, Ганны Іваноўскай-Карнэцкай — яго дачкі, Аўгена Калубовіча, Яна Карыткоўскага, Гражыны Ліпінскай, Язэпа Найдзюка-Александровіча, Марка Валейкі, Тамаша Зана і Бернарда Закрэўскага, за што сардэчна ім дзякую. Шэраг найбольш істотных аспектаў дзейнасці Вацлава Іваноўскага я прадставіў у сваіх артыкулах і доследах, якія выйшлі ў свет у 80-я гг. у польскай навуковай перыёдыцы: «З гісторыі беларускага выдавецкага руху 1902-1905 гг.» (Studiapolono-slavica-orientalia. Acta litteraria,t.IX,1985); «Паходжанне і аўтарства першага беларускага лемантара» «Slavia Orientalis»,1986,13); «ППС і беларускі рэвалюцыйны рух 1902-1906 гг.» (Studiapolsko-litewsko-biaskie,Warszawa,1988) і «Беларускае пытанне ў палітыцы Лонданскага лагера 1941-1944» (Studiazdziejow ZSRRi Europy Srodkowej,t.XIX,1983).

Абставіны яго палітычнай дзейнасці падчас Другой сусветнай вайны я імкнуўся падрабязна разгледзець у кнізе «Беларусь пад нямецкан акупацыяй» (Варшава; Вроцлаў, 1989).

 

 Варшава, студзень 1992 г.

 

 

 

OCR: Leon Lauresh

© Pawet 2007

[Main page][Title page][Library page]