[Main page][Title page][Library page]

 

 

Важкі ўклад бацькі і сына ў  беларускую этнамузыкалогію

З нагоды 170-годдзя Яна Карловіча

  

КАРЛОВІЧ (Karlowicz) Ян Аляксандр (28.5. 1836, в. Субартоніс Алітускага пав., Літва — 14.6. 1903), лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец. Акадэмік Акадэміі ведаў у Кракаве (1887, член-карэспандэнт 1877). Скончыў Маскоўскі універсітэт (1857). Вучыўся ў Парыжы і Гайдэльбергу (1857—59), у Брусельскай кансерваторыі (1859-60). З 1861 г. выступаў як вілаянчаліст, граў на фартэпіяна, займаўся кампазіцыяй і тэорыяй музыкі. У 1866 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі ў Берлінскім універсітэце, абараніўшы працу аб кіеўскім паходзе Баляслава Храбрага. Беспаспяхова спрабаваў заняць кафедру гісторыі варшаўскай Галоўнай Школы. У пачатку 1871 года некалькі месяцаў быў настаўнікам “зборнай музыкі” і расейскай мовы ў Варшаўскай кансерваторыі. Займаўся зберажэннем спадчыны Станіслава Манюшкі, з якім быў у блізкіх адносінах.

Ян КарловічУ 1871-82 жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Лідскі павет) і Вішнеў (Ашмянскі павет). З 1882 у Гайдэльбергу, Дрэздане, Празе, з 1887 у Варшаве. Аўтар фундаментальных лінгвістычных прац “Слоўнік польскай мовы” (т. 1-8, 1900-27, у суаўт. з А. Крыньскім і В. Нядзьведзкім), “Слоўнік польскіх гаворак” (т. 1-6, 1900-11, закончыў Ян Лось), “Слоўнік выразаў замежнага і малавядомага паходжання...” (А-К, 1894-97).  Важнейшыя філасофскія і музыказнаўчыя працы: “Дон Карлас, каралевіч іспанскі” (1867), «Нарыс жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі» (1884—85), «Міфалогія і філасофія» (1899). Жывучы ў беларускім асяроддзі, грунтоўна ведаў нар. вусна-паэтычную творчасць, казкі, легенды, паданні народа, яго вераванні і забабоны, абрады і звычаі, прыказкі і прымаўкі і г.д. Пранікся павагай да духоўных скарбаў беларускіх сялян, разумеў іх высокія мастацкія вартасці, заўсёды цаніў іх узровень.

Непасрэдна збіраць і запісваць беларускія фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы Ян Карловіч пачаў яшчэ ў 1868 годзе, для чаго распрацаваў і выдаў ў 1871 годзе “Дапаможнік для збіральнікаў народных твораў”. Запісваў беларускія народныя казкі, легенды, паданні, прыказкі і прымаўкі, выслоўі і інш.У 1889 і 1891 запісаў для М. Федароўскага ў Ваўкавыскім павеце  больш за 500 мелодый беларускіх народных песень (больш за 300 апублікаваны ў працы Федароўскага “Люд беларускі”, т. 5-6, 1958 – 1960). Яшчэ напярэдадні ён выдаў працу “Найноўшыя даследаванні паданняў i ix зборы” (1883), а ў кнізе “Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве” (т. 1-2, 1887 – 1888) змясціў у перакладзе на польскую мову больш за 80 беларускіх легенд, паданняў i ка­зак, якія зanicaў у Свянцянскім, Лідскім i Наваградскім паветах.

 Падрыхтаваў да друку (не апублікаваны, рукапіс зберагаецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы, Вільня) зборнік з 400 бел. нар. абрадавых песень (вясновых, валачобных, жніўных, талочных, радзінных, лірычных і інш.), 50 мелодый, шмат казак, легенд, паданняў, прыказак і прымавак, выслоўяў і інш.

Дзіўна, што гэты бясцэнны для сучаснага культурнага будаўніцтва матэрыял застаецца фактычна нявыкарыстаным і малавядомым. Патлумачыць гэта, відаць, можна толькі непавагай нашага музыказнаўства да сваіх нацыянальна-меладычных вытокаў, якімі захапляліся, захапляюцца і чэрпаюць поўнымі жменямі музыказнаўцы іншых, у першую чаргу славянскіх краін ад пачынальніка славянскай музычнай фалькларыстыкі чэха Людвіка Кубы, рускага  кампазітара беларускага паходжання Міхаіла Глінкі, збіральнікаў і аранжыроўшчыкаў беларускіх народных песень Мікалая Рымскага-Корсакава і Аляксандра Грачанінава да дзесяткаў сучасных кампазітараў усіх суседніх краін.

Асобную кнігу вучоны прысвяціў “сусветна знанаму убельскаму маэстра з-пад Менска” (Рыгор Шырма) Станіславу Манюшку – “Нарыс жыцця i творчасці Станіслава Манюшкі” (1884 – 1885). Карловіч першы раскрыў беларускія меладычныя асновы 12 “Хатніх спеўнікаў” кампазітара і яго песень на словы першага збіральніка і выдаўца 6 зборнікаў беларускіх народных песень Яна Чачота і “вечнага вандроўніка” Уладзіслава Сыракомлі. Сам таленавіты этна-музыколаг, Карловіч выявіў беларускую песенна-фальклорную стыхію ў операх Манюшкі “Рэкруцкі набор”, “Спаборніцтва музыкаў”, “Галька”, “Чарадзейная вада” і “Сялянка”.

Заснавальнік (1887) і рэдактар (1888—99) часопіса “Wisla” («Вісла»), у якім друкаваў беларускія фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, запісаныя ў розных рэгіёнах Беларусі. Ён цвёрда адстойваў права беларусаў на самастойнае нацыянальнае існаванне і развіццё, што напрыканцы ХІХ ст., калі пасля забойства рускага цара беларускім шляхціцам Грынявіцкім было забаронена нават ужываць назву Беларусь, было фактам незвычайнай грамадзянскай мужнасці і навуковай дабрасумленнасці. Прызнаваў за беларусамі права на самастойнае развіццё навукі і культуры, заклікаў вучоных даследаваць беларускую мову, фальклор, народны побыт, звычаі і абрады народа. У прадмове да зборніка «Беларускія паданні» У. Вярыгі (Львоў, 1889) і інш. працах станоўча пісаў пра бел. народ, яго вусна-паэтычную творчасць, падкрэсліваў самастойнасць і самабытнасць беларускай мовы. Кансультаваў Біруту, У. Вярыгу, А. Гурыновіча як збіральнікаў-фалькларыстаў, уладкоўваў у друк іх зборы беларускай народнай творчасці. Перапісваўся з Э. Ажэшкай, Бірутай, А. Гурыновічам, У. Вярыгай, М. Доўнар-Запольскім, М. Федароўскім, М. Янчуком, А.Ельскім і інш. вучонымі-фалькларыстамі. Доўгія гады сябраваў з Ф. Багушэвічам, падтрымліваў яго. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы бел. даследчыкаў і фалькларыстаў-збіральнікаў П. Шэйна, М. Доўнар-Запольскага і інш. У прадмове да зборніка Уладзіслава Вярыгі “Беларускія паданні”(1889) з захапленнем пісаў пра самабытнасць фальклору беларусаў. Яго запісы твораў бел. фальклору ўвайшлі ў тамы серыі БНТ: «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1 — 2, 1976), «Выслоўі» (1979), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» (1989).

Быў сузаснавальнікам (1884) і галоўным рэдактарам “Prac Filologicznych” (“Філалагічных працаў”). Аўтар працаў “Польская хата” (1884), “Сістэматыка песень польскага народа” (1889 -95).  

Беларусазнаўчую працу бацькі на аснове дзіцячага выхавання і захаплення беларускай песеннай стыхіяй прадоўжыў народжаны ў Вішневе першы буйны сімфаніст у гісторыі польскай музыкі, таленавіты сын фалькларыста Мечыслаў Карловіч (1876 – 1909). Арганізатар (1902) і ў 1905 – 1906 гадах галоўны ды­рыжор сімфанічнага аркестра пры Варшаўскім музычным таварыстве,  аўтар сімфоніі “Адраджэнне”, 7 сімфанічных паэм (“Зваротныя хвалі”, «Станіслаў i Ганна Асвецімы”, “Эпізод на маскарадзе” і інш), многіх камерна-інструментальных ансамбляў, у 1900 пачаў, па прыкладу бацькі запісваць ўзоры беларускіх народных песень (найперш жніўных з-за іх музычных пераліваў) і музычнага фальклору, якія выкарыстаў у сімфанічным трыпціху “Адвечныя песні” (1904 – 1906) і ў выдатнай “Літоўскай   рапсодыі” (1906). Найлепшы прыхільнік творчасці Мечыслава Карловіча Рыгор Шырма часта прыводзіў словы кампазітара, што ён стварыў апошнюю “на аснове мелодый жніўных песень з Дзісеншчыны, якія гучалі з дзяцінства”.

Ураджэнцы Беларусі, бацька, аўтар васьмітомнага “Слоўніка польскай мовы” і шасцітомнага “Слоўніка польскіх гаворак”, і сын, аўтар першага буйнога сімфанічнага твора “Літоўская рапсодыя”, Ян і Мечыслаў Карловічы залатымі літарамі навечна ўпісалі свае імёны ў скрыжалі вялікай беларускай гісторыі.

Васіль Ліцьвінка,

старшыня Саюза фалькларыстаў Беларусі

  Лідскі летапісец № 34

 

[Main page][Title page][Library page]