[Main page][Title page][Library page]

 

 

50 гадоў сваіх не прычакаў

  

Леанід Макаравіч Віннік (6.06.1956, г. Ліда – 1.05.2006) – вядомы на Лідчыне паэт і краязнавец, аўтар зборнікаў вершаў “Под погасшими звёздами” (1996), “Мелодии печального дождя” (1997), “Ностальгия” (1999), “Откровение” (2000, у саюзніцстве з Л. Пырскім), беларускамоўнага даведніка культурнага жыцця Лідчыны напрыканцы ХХ стагоддзя “Зоркі лідскіх небасхілаў” (2001) і рускамоўнай краязнаўча-біяграфічнай кнігі “Время и судьбы” (2004, у саюзніцтве з М. Мельнікам).

Леанід Віннік пісаў у асноўным па-руску. Але яго беларускамоўныя творы вызначаюцца выдатным веданнем мовы, мілагучнасцю, пранікнённасцю, глыбокім лірызмам, тонкім бачаннем навакольнай рэчаіснасці. Вершам Л. Вінніка ўласціва і меладычнасць, таму многія з іх пакладзены на музыку. Песня “Горад мой” (словы Л. Вінніка, музыка В. Пыпеця) з’яўляецца як бы неафіцыйным гімнам горада Ліды. Яна гучала на “Славянскім базары” ў Віцебску. Доўгі час ёю пачыналіся перадачы Лідскага радыё.

Песні на словы Леаніда Вінніка таксама пісалі Г. Зубрыцкі, С. Бугасаў, С. Чарняк. С. Лявонава і іншыя.

Леанід Віннік быў неўтаймаваным па натуры чалавекам: працаваў электрыкам на будоўлі трасы “Ніжнявартаўск – Сургут – Урангой”, бондарам на возеры Байкал, будаўніком у БУ – 133 г. Ліды, у г. Туапсе і на Камчатцы, сталяром у Лідскім гарадскім унітарным прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі і на іншых работах.

Займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, уваходзіў у розныя грамадскія арганізацыі Ліды. Быў шчырым прыхільнікам літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, тры дзесяцігоддзі друкаваўся на старонках гэтага выдання, а таксама ў розныя гады змяшчаў свае творы ў “Гродзенскай праўдзе”, “Прынеманских вестях”, часопісах “Оникс” ,“ Ад лідскіх муроў” і інш.

Ён умеў даражыць сяброўствам, быў чуллівым і спагадлівым, з адкрытай душой, да канца дзён сваіх заставаўся аптымістам, верыў у зменлівасць лёсу і чалавечую дабрыню, што так кранальна апеў у сваіх вершах.

Пахавалі Леаніда Вінніка 7 траўня 2006 года на могілках Лідскай Слабадской каталіцкай парафіі.

Ён быў Паэт, і ўспаміны пра  яго застануцца светлымі.

 

Міхась Мельнік.

 

 

 

Леанід Віннік

 

Горад мой

 

Ласкай сонейка шчодра абліты,

Ну куды толькі вокам ні кінь...

Прывітанне табе, горад Ліда.

Добры дзень вам, мае землякі.

 

Я табою ганаруся,

Ты заўсёды са мной,

Прыгажэйшы па ўсёй Беларусі,

Любы мой, горад мой.

 

Ты ў людзях сваіх, нібы ў зорках,

Ў старажытных легендах жывеш.

Б’юць маланкі высока-высока,

А тваіх не кранаюцца веж.

 

Я табою ганаруся,

Ты заўсёды са мной,

Прыгажэйшы па ўсёй Беларусі,

Любы мой, горад мой.

 

Роднасць

 

Зноў, нібы ў снах прарочых,

Бачу ўсё ясна-ясна:

Любай матулькі вочы,

Постаць яе ля вязаў...

 

Быццам ідзе па глебе,

Той – ні канца, ні краю...

А ў сінім – сінім небе

Сонейка дзіўна грае.

 

Ўсё тут хвалюе сэрца:

Рэчка і дуб прыкметны...

І нікуды не дзецца

Ад успамінаў светлых.

 

Наша старая хата

Па-над ракой Лідзейкай,

Ў ёй усяго багата,

Хлеб мне там і пасцелька.

 

Там і маё каханне

Ў белай сукенцы новай

Шчыра мяне вітае

Матчынай роднай мовай.

 

*     *     *

 

Не дацягнешся да зоркі ў расе,

Пад вялікім дажджом не пагрэеш рукі:

Але нітка адлётных гусей

Не патоне ў дажджы разлукі.

 

Гэтай ніткі рукой не кранеш,

Хоць пакуль што чысценькай ходзіш.

Зорка знікне ў жыцці на дне,

Ты шукай – не шукай – не знойдзеш.

 

Зорка знікне – ужо не падняць,

Пацямнеюць у полі пакосы.

І табе ўначы не суняць

Ні дажджы, ні вятры, ні слёзы.

 

*     *     *

 

Сляды пакінуў час

На векавечных плітах.

Праходзіць ноч ў цішы,

Дзень крочыць у жыццё...

І цесна родніць нас,

Мой гарадочак Ліда,

І цеплыня душы,

І дружбы пачуццё...

 

Беларусі

 

Ніхто гэты цуд у мяне не адыме,

З напеваў матулі ля чыстых крыніц

Святою малітвай прыйшло тваё імя

І ўся ты, што кветка пасля навальніц.

 

Ці будзе спякота, ці павадак будзе,

Я лёсу ўсё роўна ўдзячны за ўсё,

Зямелька-зямліца ўскалыхвае грудзі,

Пах вольных дуброў і блакітных азёр.

 

Ды сонейка мне тут па-добраму свеціць,

І ў небе жаўрук, і рамонкі ў жніве...

Жыве Беларусь, і жывуць яе дзеці,

І бусел над матчынай хатай жыве.

 

Падрыхтаваў да друку Міхась Мельнік.

Лідскі летапісец № 34

 

 

 

[Main page][Title page][Library page]