[Main page][Title page][Library page]
|
|
|
Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года
Пераклады на беларускую мову ўсіх 55 баладаў Яна Чачота. 24 балады ў перакладзе Кастуся Цвіркі надрукаваны ў серыі "Беларускі кнігазбор" (Чачот Ян, ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ / Уклад., пер. з польскага, прадм. і камент. К. Цвіркі. -- Мн.: МФ "Беларускі кнігазбор", 1996.), 16 баладаў надрукаваны ў № 5 "Ад лідскіх муроў" і 15 баладаў прапанаваны да ўвагі чытачоў у № 6 "Ад лідскіх муроў" у перакладзе Станіслава Судніка.
Ян Чачот – беларускі паэт і фалькларыст, сучаснік і сябар Адама Міцкевіча. Пісаў па-беларуску і па-польску. Напісаў шэраг баладаў, выдаў 6 фальклорных зборнікаў, каля 1000 песень, у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале. Аўтар шэрагу іншых твораў і сярод іх 55 баладаў на польскай мове: “Спевы пра даўніх ліцьвінаў”. Гэтыя “Спевы…” вартыя ўвагі ўжо тым, што ў савецкіх энцыклапедыях яны не згадваліся, як бы і не існавалі зусім. Ну і, вядома, чытачу яны былі недаступныя.
У 1989 годзе Яніна Кажэняўскене пераклала гэтыя балады на летувіскую мову. У1994 годзе ў Летуве балады выйшлі асобнай кнігай на польскай і летувіскай мовах.
У 1996 годзе ў серыі “Беларускі кнігазбор” выйшлі 24 балады “Спеваў…” у перакладзе Кастуся Цвіркі. І адразу стала зразумела, якому ж народу належаць гэтыя творы. Яшчэ сам Чачот казаў Міцкевічу, што ён вельмі хацеў бы, каб яго балады заспяваў народ. І заспявалі. Заспявалі, менавіта, беларусы. “Наша слова” пачало друкаваць ноты “Спеваў…”, напісаныя рознымі беларускімі кампазітарамі. Станіслаў Суднік паводле ўзгаднення з Кастусём Цвіркам прыступіў да перакладу астатніх 31-балады.
Беларусь не мае свайго гістарычнага эпасу ў звыклым выглядзе, але нашая гісторыя мае вялікую колькасць гістарычных асобаў і герояў. Ян Чачот, грунтуючыся на “Кроніцы…” Мацея Стрыйкоўскага і “Гісторыі…” Тодара Нарбута фактычна стварыў гэты эпас у выглядзе 55 балад пра гістарычных дзеячоў старажытнай Літвы. Героі балад, як рэальныя гістарычныя дзеячы, так і міфічныя. Адлюстроўваюцца, як рэальныя падзеі, так і выдуманныя. Але ўсё разам гэта мастацкія творы, 55 гістарычна-мастацкіх мініяцюраў.
Кроніка Стыйкоўскага мае ў аснове жмудскую версію ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. Але ў Чачота ад яе засталося ўжо няшмат. А тыя балады жмудскай тэматыкі, што ўвайшлі ў “Спевы…” ніякай жмудскай версіі не прытрымліваюцца, а адлюстроўваюць жмудскія фрагменты нашай супольнай гісторыі.
© Pawet 2003
[Main page][Title page][Library page]
![]()