[Main page][Title page][Library]

 

 

 

Генерал Кіпрыян Кандратовіч

 

 

   Кандратовіч Кіпріян ( Цыпрыян ) Антонавіч нарадзіўся  28 красавіка1859 года.  Да руска-японскай вайны скончыў Мікалаеўскую акадэмію генеральнага штаба. У 1884 – 1900 супрацоўнічаў у газеце “Московские ведомости”. Аўтар працы “Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.”.У часы руска – японскай вайны  камандзір 9-й Усходне – Сібірскай дывізіі [1]. 13 студзеня 1905 г. , падчас наступу расейскага 1-га Сібірскага корпуса генерала Штакельберга, у склад ягога ўваходзіла дывізія генерала Кандратовіча, быў паранены на камандным пункце корпуса. Гэты момант адлюстраваны ў мемуарах А.А. Ігнаццева [2]:

     “ Бой разгараўся з кожнай хвілінай. Загрукатала артылерыя. Хэгаўтай ( заўвага аўтараў – кітайская  вёска ) пакрыўся разрывамі снарадаў. Спачатку яны ляцелі толькі з усходу, потым  аднекуль з поўдня, дзе  разгортвалася наша 9-я дывізія Кандратовіча ... “Добрыя войскі! Хто іх выхаваў? – падумаў я ...

-          Аляксей Аляксеявіч ( заўвага аўтараў – Ігнаццеў А.А.), я паранены, нечакана сказаў мне генерал Кандратовіч, які стаяў побач са мной, павіснуўшы на маёй руцэ.

Кандратовіч меў рацыю, бо, паглядзўшы на яго плечы, я заўважыў у яго шынялі выходую адтуліну кулі. Падбеглі санітары, і Шталькерберг  ... сказаў:

-          Здайце камандаванне, генерал, жадаю вам хуткага выздараўлення.”

    А.А.Ігнаццеў называў генерала К.Кандратовіча “элегантным генштабистом” [2].

   З 1906 г. камандзір 2 – га армейскага корпуса, а з 1907 г. памочнік Туркестанскага генерал – губернатара і камандуючага войскамі, з 1910 г. камандзір 1 – га Каўказкага армейскага корпуса [1]. Удзельнік 1-й сусветнай вайны, якую скончыў у чыне генерал ад інфатэрыі. У 1917 г. далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. На з’ездзе воінаў беларусаў Заходняга фронта быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую раду (ЦБВР). Пасля стварэння Рады пачалася канкрэтная праца па арганізацыі беларускіх вайсковых фармаванняў. Утворанае ў гэты час бюро па арганізацыі беларускага войска узначаліў генерал К.Кандратовіч, які уваходзіў у той час у Беларускі выканкам Заходняга фронту. Ягонымі памочнікамі былі генерал – маёр Пажарскі, палкоўнік Камароўскі і паручнік К. Езавітаў. Непасрэднае  фармаванне беларускіх палкоў на Заходнім фронце узяў на сабе К. Кандратовіч.

   У канцы кастрычніка 1917 г. дэлегацыя воінаў беларусаў Заходняга фронту ў складзе старшыні выканкама ЦБВР С. Рак – Міхайлоўскага, К.Кандратовіча, М.Ярушэвіча і І.Шчэрбы выехала ў Стаўку ВГК дзеля перагавораў з Вярхоўным галоўнакамандуючым генералам М.Духоніным аб арганізацыі беларускіх вайсковых фармаваннеў . Фармаванне беларускіх аддзелаў было зацверджана і генерал К.Канратовіч склаў план фармавання беларускіх вайсковых адзінак і атрымаў ад М.Духоніна дазвол на стварэнне беларускага корпуса на Заходнім фронце. Але бальшавіцкі пераварот не дазволіў ажыццявіць гэтыя планы [3]. 

   У маі – чэрвені 1918 г. генерал  К.Кандратовіч – член Народнага сакратарыята БНР, у снежні 1918 г. разам з В.Ластоўскім узначальваў Савет дзяржаўнай бяспекі БНР. У 1919 г. уваходзіў у дэлегацыю БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі.  У БЭ напісана што застаўся жыць у Парыжы і далейшы лёс невядомы [1]. Аднак ёсць дакладныя звесткі, што генерал К.Кандратовіч, згодна з дамовай паміж урадамі БНР і Летувы ад 11 лістапада 1920 г. камандаваў беларускім войскам, адступіўшым з Беларусі ў Летуву [4].  Генерал быў запрошаны з Мінску і апрача тытулу галоўнакамандуючага беларускага войска меў тытул віцэ – міністра Краёвай Абароны Літвы, і з гэтай пасады, ва ўзросце 62 гады пайшоў у адстаўку[5]. Аб далейшым лёсе генерала ў беларускай гістарычнай літаратуры больш нічога няма.

   Пасля руска – японскай вайны, сям’я генерала купіла маёнтак Гародна, у лідскім павеце, з 500 га зямлі і лесам, дзе генерал і пасяліўся разам з дачкой Верай і жонкай Адай [6]. Маёнтак Гародна мае вялікую і слынную гісторыю.

                 * * *

Гародна, ў першай палове XVIII ст. быў спадчыннай уласнасцю княгіні Саламеі Радзівіл з Сапегаў. У 1762 г. яна падаравала яго стрыечнаму унуку Людвігу Скумін-Тышкевічу (памер у 1809 г.), жанатаму на княгіне Канстанцыіі Панятоўскай (1759-1830). Кароль Станіслаў Аўгуст у Літве вырашыў абаперціся на Тышкевічаў. Адну з сваіх пляменніц, дачку кн. Казіміра Панятоўскага, кароннага падкаморыя, выдаў замуж за Людвіка Тышкевіча, для другой, Тэрэзы, дачкі Андрэя Панятоўскага, Аўстрыйскага фельдмаршала, выбраў Вінцэнта Тышкевіча, літоўскага ардынарыя. Людвік Тышкевіч, паслядоўна займаючы пасад віленскага цівуна, пісара вялікага літоўскага, гетмана польнага літоўскага, падскарбія вялікага літоўскага, а пасля падзелу краіны: губернскага маршалка “действительного статского советника” паступова пашыраў сваі уладанні вакол Гародна, набыўшы Перавозы і Забалаць з фальваркамі.Таксама былі пажалаваны яму каралём староства Эйшыскае, Васілішскае, Каняўскае, Радунскае і інш. Цэнтрам сваёй рэзідэнцыі ён выбраў Гародна. Ягоная зямельная маёмасць, падзеленая на дзве вялікія зоны, складалася з 65 вёсак. Добры гаспадар – ён трымаў сваі маёнткі на высокім гаспадарчым узроўні.

park

 Парк . Вясна 2001г.

Пасля смерці Людвіга Скумін-Тышкевіча увесь гэты вялікі маёнтак атрымала ў спадчыну ягоная адзіная дачка Анна (1779-1867). Яна была замужам за Александрам Патоцкім, а потым за Станіславам Дунінам-Вансоўскім. Тэстаментам ад 1867 г. перапісала Гародна сыну ад першага брака М. Патоцкаму (1812-1879) пасля смерці якога, перайшла ў спадчыну ў 1880 г. графу Аўгусту Патоцкаму. На прыканцы ХІХ ст. А. Патоцкі прадаў Гародна рускаму генералу Асатураву, ад каторага маёнтак перайшоў да графа Ігнатьева, ад яго зноў да генерала Кандратовіча. У той час маёнтак складаўся з 23200 дзесяцін зямлі і 15 фальваркаў, але Кандратовічы купілі толькі ягоную частку з Гароднам. Людвік Тышкевіч, жанаты на княжне Канстанцыіі Панятоўскай, дачце князя Казіміра, подкаморага вялікага кароннага, роднага брата караля Станіслава Аўгуста, у 1775 г. чакаў прыезду караля і як кажа мясцовае паданне на працягу аднаго году пабудаваў, хоць драўляны, але вельмі прыгожы двор у класічным стылі. Сядзіба пабудавана архітэктарам Ф.Эйсенам. Дом звонку не вылучаўся ні чым асаблівым, але ў сярэдзіне быў бліскуча і з добрым густам аздоблены. На упрыгожванне сядзібы, Тышкевіч выдаткаваў вялікія сумы, запрашаючы мастакоў – дэкаратараў і майстроў, а таксама выпісваючы матэріялы наўпрост з Парыжу. Кароль Станіслаў Панятоўскі у Гародна так і не прыехаў, аднак двор быў закончаны і не глядзячы на гульню лёсу дастаяў да другой сусветнай вайны.

kaplica

Капліца Тышкевіча. Вясна 2001г.

Патоцкія ў Гародна бывалі эпізадычна і таму з-за недахопу гаспадарчага нагляду і надта паспешнай будоўлі, паступова сцены пачалі нахіляцца, што запатрабавала рамонту. Ад зруйнавання сядзібу спас М.Патоцкі, які аддаў загад адрамантаваць дом і ашаляваць сцены дошкай. Гэта не ўпрыгожыла дом але забяспечыла яму доўгае жыццё. Таксама ў сярэдзіне былі праведены работы па кансэрвацыі інтэр’еру.

horodno.jpg (52967 bytes)

horodno2.jpg (66253 bytes)

horodno3.jpg (83200 bytes)

Палац Тышкевіча перад ІІ Суветнай вайной.

Сядзібны ансамбль у Гародна стваралі тры будынкі: жылы палац, стаячы насупраць дом прыслугі, а па праваму боку-мураваная капліца.

Цэнтр кампазыцыі – драўляны на высокім мураваным цокалі 1-павярховы прамавугольны сядзібны дом у стылі класіцызму (1780 г.,архітэктар Ш.Цуг). Прасторны аднапявярховы сязібны дом меў франтальна выцягнутыя фасады, па цэнтры якіх вылучаліся рызаліты з чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі, пад галоўны з якіх па шырокіх бакавых пандусах уязжалі карэты. Трохугольныя франтоны порцікаў запаўнялі пластычныя картушы. Усярэдзіне дом меў парадную анфіладу апартаментаў з вялізнай бальной залай у цэнтры. У падвале, у які вялі тарцовыя лесвіцы, знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні і жылле прыслугі. Строгі і аскетычны знешні выгляд будынка кантраставаў з багаццем і пышнасцю інтэр'ера дома, аформленага з выкарыстаннем палатняных шпалер, стукавых панэляў, пазалочаных барэльефаў, медальёнаў, гірлянд, кветак, ваз з арнаментным роспісам, кафляных грубак і камінаў, жырандоляў стылі Людовіка 16 з крышталю з пазалочанамі бронзавымі аправамі. Захаваліся фатаздымкі 1939 г. па якім можна ўявіць сабе выгляд дома на працягу 19-20 ст. Самы вялікі пакоў займала бібліятэка. Яна адначасова служыла памяшканням для ігры ў карты і змяшчала 4 кніжныя шафы і бронзавы, з мармуровымі упрыгожваннямі стол для гульні ў карты, 14 карцін, 4 гіпсавых бюста [6]. Летам 1944 г. пасля бою аддзела АК з немцамі, акаўцы запалілі палац бо баяліся што ў ім будзе размешчаны гарнізон надыходзячай Чырвонай арміі.

* * *

Вось у гэтым прыгожым маёнтку і прайшлі апошнія гады беларускага генерала К.Кандратовіча. Аб апошніх гадах жыцця генерала распавёў былы памочнік садоўніка гэтага маёнтку Струкель Владіслаў Янавіч ( 1916 г. нар. у 1939 г. жаўнер, абаронца Варшавы ).

Сям’я Кандратовічаў вызначалася інтэлегентнасцю і добразычлівасцю да людзей. Сам генерал карыстаўся расейскай, беларускай, польскай мовамі ў быце, у залежнасці ад абставін. Можна меркаваць што адносіны з навакольнымі абшарнікамі не склаліся і блізкае сяброўства ўсталявалася толькі з уладальнікам сядзібы Малое Мажэйкава інжэнерам А.Брахоцкім. Госці прыязджалі так сама з Варшавы і Парыжу, дзе жыла радзіна жонкі Ады. Меўся аўтамабіль, які бачны на адным з фотаздымкаў. Дачка Вера атрымала хатнюю адукацыю, і выйшла замуж за мастака з Англіі Рейнера. З другой паловы 30-х і да смерці ў 1988 г. жыла ў Англіі.

У жніво, жонка Ада сустракала кожныя першыя вазы з падзякай да працаўнікоў і келіхам водкі. Сам Струкель, тады яшчэ малады хлопец атрымліваў заробак у памеры 90 пудоў жыта ў год плюс корм для скаціны і бульбу, колькі трэба.

Апошнія гады Кандратовіч правёў у інвалідным крэсле, хварэючы стратай каардынацыі руха. Ён не мог хадзіць, і жонка наняла сталую прыслугу. Памёр генерал Кандратовіч 31 кастрычніка 1932 г. і быў пахаваны ў тым самым шынелю, у якім быў паранены у 1905 г. Пахаванне адбылося на лідскіх праваслаўных могілках.

magila Wery

Магіла Веры ў парку. Вясна 2001 г.  

17 верасня 1939 г. Ада Кандратовіч вымушана была з’ехаць праз Летуву ў Англію. У 1997 г. ейны ўнук прыязджаў на Беларусь і перазахаваў труну генерала на новых могілках у г.п. Воранава. А урну з рэштай праху сваёй маткі, якая пражыла лепшыя гады маладосці ў маёнтку Гародна, пахаваў у прыгожым кутку парка, каля былой альтанкі, на крыжы напісана “Вера Киприяновна Рейнер (Кондратович) 1912-1988 ”.

magila_generala1.jpg (73005 bytes)

magila_generala2.jpg (55000 bytes)

Магіла генерала К.Кандратовіча ў Воранава. Вясна 2001г.

                                           

Заўвагі:

 

[1] БЭ, т.7. С.578.

[2] А.А. Игнатьев. 50 лет в строю. – Петрозаводск, 1963. – С.294.

[3] В. Савіцкі. Беларускае войска:ад ідэі да спроб рэалізацыі (1917 г.) // Беларускі гістарычны часопіс. №4 – 1994 г.,  С.60 – 61.

[4] Аўген Калубовіч. Крокі гісторыі. – Мн., 1993. – С.32.

[5] Язэп Найдзюк. Іван Касяк. Беларусь учора і сяння. – Мн., 1993. – С.230.

[6] Roman Aftanaz. Horodno.// Ziemia Lidzka. 5 (33) , 1998. – S.21-27.    

 

Лаўрэш  Леанід.

Круцікаў Уладзімір.

Сліўкін Валеры.  

Надрукавана ў часопісу "Спадчына" №1 - 2002 г.

 

 

[Main page][Title page][Library]