[Main page][Title page][Library]

 

 

У ваколіцах Маламажэйкаўскай царкы-крэпасці

 

Малое Мажейкава,  Вялікае Мажейкава, Ішчална,  ГолдаваБабры

 

Аматарам даўніны добра вядома Маламажэйкаўская царква-крэпасць, якая знаходзіцца ў весцы Мураванка . У наваколлі гэтай царквы ёсць яшчэ шмат цікавых помнікаў нашай мінуўшчыны. Улетку 1999г. сябрамі краязнаўчай суполкі  “Павет” г.Ліды была наладжана экспедыцыя з мэтай вывучэння стану помнікаў і збору новай інфармацыіі .

Вельмі прыкра, што значны архітэктырны помнік Беларусі - Маламажэйкаўская царква-крэпасць(пабудавана ў 1524г.[1] ), с кожным годам траціць свой аўтэнтычны выгляд. Газета “Навіны” ужо паведамляла аб тым што чырвоная дахоўка на страхе была заменена на бляху карычневага колеру. А пазней адбылася яшчэ адно непрыемнае “упрыгожванне” - падмурак царквы  зашпакляваны сінтэтычнай шпаклёўкай бэзавага колеру .

 

Веска Малое Мажейкава , сядзіба.

 

Панскі дом у 1993 г. з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам

 

Да маёнтку належалі вёскі: Скрыбаўцы, Шпількі, Гасцілаўцы, Бешанкі. Агульная плошча маентку складала 3500га, але к 1914г. зменшылася да 1500га, а пасля 1-й Сусветнай вайны агульная плошча зменшылся зноў.

М.Мажэйкава ўпершыню згадваецца ў1511г у прывілеі вялікага князя ВКЛ Жыгімонта І Старога аб падараванні вёскі Шымкі Мацкавічу. Далей належала Яну Шымкавічу (сыну Ш.Мацкавіча) , Палубенскім і іншым [9].

Да 1868г. М.Мажэйкава належала Румэрам. Эмілія Румэр выйшла замуж за Рамуальда Кастравіцкага, атрымаўшы М. Мажэйкава ў спадчыну. Іх дачка Казіміра ўнесла гэты маёнтак, як пасаг, свайму мужу Аляксандру Брахоцкаму (герб Праўдзіц ). Апошнім гаспадаром сядзібы быў унук Аляксандра – Андрэй Брахоцкі [3]. Ён нарадзіўся ў 1895г. у М.Мажэйкаве. Клясычную гімназыю скончыў у Вільні, а ў 1914г. быў залiчаны на аграрны факультэт Рыскай палітэхнікі. У 1916г. быў мабілізаваны ў войска, дзе атрымаў першы афіцэрскі чын прапаршчыка. У 1918г. уступае ў Афіцэрскі легіён 1-га корпусу генерала Доўбар-Мусніцкага і ў ліпені 1918г. вяртаецца ў М.Мажэйкава, каб фармаваць аддзелы польскага войска ў акрузе.

Герб "Праўдзіц"

Разам з 13-м палком уланаў у аддзелах генерала Л.Жэлігоўскага прымаў удзел у баях за Вільню. Узнагароджаны найвышэйшым польскім ордэнам “Virtuti Militari” і крыжам заслугі “Litvy Srodkowej”.

У 1921г. вышаў у рэзэрв і прадоўжыў адукацыю ў Варшаўскай палітэхніцы, якую скончыў у 1927г. з дыпломам інжынера-гідратэхніка. У 1931г. становіцца гаспадаром М.Мажэйкава. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Лідчыны і ў працы Віленскага таварыства сяброў навукі, якому дапамагаў матэрыяльна.

З верасня 1939г. звестак аб Андрэю Брахоцкім няма[4].У спісу польскага бізнесу 1929 г. ен запісаны землеўладальнікам ,адрэс: станцыя Скрыбаўцы вул.Дубенска 149.

Cядзіба М.Мажэйкава знаходзіцца на усходняй ускраіне вёскі , створана у 19 ст. [2]. На прыканцы 18ст. і пачатку 19ст. Румэры пабудавалі вялікі мураваны двор. Аляксандр Брахоцкі прадоўжыў будоўлю і канчатковы выгляд сядзіба прыняла ў 1908-1910г. Панскі дом замест гонту быў пакрыты бляхай, зроблена ўнутраная перабудова. У левай палове дому змяшчаўся вялікі холл, сцены былі ўпрыгожаны аленімі рогамі і ваўчынымі галовамі. У правай палове - чатыры пакоі, найвялікшым з якіх была сталовая [3].

Зараз у сядзібе знаходзіцца сельсавет.

Сядзібны комплекс складаўся з трох зон: цэнтральнай – жылой, заходняй - гаспадарчай і ўсходняй - паркавай. Сядзібны дом -мураваны , прамавугольны , аднапавярховы будынак з двухсхільным дахам . Цэнтральная частка з мансардавым паверхам і чатырохкалённым дарычным порцікам. У гаспадарчай зоне знаходзяцца дзве атынкаваныя пабудовы: маслабойня і стайня -у класычным стылі, ад пачатку крытыя гонтам.

Усе тры будовы зараз прыведзены у добры стан, аднак адрамантаваны без уліку гісторыка-архітэктурных асаблівасцей аб’ектаў: пакрыты чырвонай дахоўкай .

 

Панскі дом у 1999 г.

Сядзібны парк займаў плошчу ў 6 га. Некалькі ліпавых алей разбiвалі парк на сэктары. Дрэвы былі высаджаны так, што іх галіны на вышыні 2,5м скіраваныя да сярэдзіны дарожак, стваралі гатычныя тунэлі. Парк злучаўся з садамі, якія раслі з тыльнага боку панскага дома [3].

 

 

 

Зараз сядзібныя сажалкі ў гаротным стане , паўднёвая на палову засыпана . Ад парку амаль нічога не засталося .

 

 

В.Мажейкава, сядзібна-паркавы комплекс.

 

Сядзіба на малюнку Н. Орды

Сядзіба на фатаздымку пачатку 20-га ст.

 

У пісьмовых крыніцах Вялікае Мажэйкава вядома з пачатку 16ст. як фальварак у складзе Жалудоцкай воласці Трокскага ваяводства. З канца 16ст. увайшло ў склад Лідскага павету. Да 1886г. было цэнрам Вялікамажэйкаўскай воласці. У 1690г. вёска налічвала 184 дамы. У 1885г. чыслілася 67 рэвізскіх душ .

Сядзібна-паркавы комплекс знаходзіцца на паўночнай ускраіне вескі[11]. Адбудова сядзібы пачалася на пачатку 18ст. пры Адаме Тадэвушу Хадкевічу . Комплекс аб'ядноўваў сядзібны дом, вялікі парк (10га), адпачатку з трох бакоў акружаны пладовым садам, мураваную агароджу, флігель, гаспадарчыя пабудовы : сабакарня, лядоўня, два дамы прыслугі -левы і правы, лямус, вялікі склад , альтанка, капліца (пабудаваная ў другой палове 18ст., на пачатку 20ст. была рэстаўравана па плану архітэктара Тадэвуша Раствароўскага), фантан, млын, дзве сажалкі, побач с сядзібай вінакурня 1839 г. [10] і піцейны дом [12].

У 1913 г. маянтковая винакурня (паравы рухавік у 25 к.с. і 7 рабочых) вырабіў 30 000 вёдзер гарэлкі на суму 22 тыс. рублёў [12].

Лічылася што агульны выгляд сядзібнага дома захаваўся толькі на малюнку Н.Орды[5], але пад час экспедыцыі лета 1999г. сярод жыхароў В.Мажэйкава был знойдзены фотаздымак пачатку стагоддзя, на якім так сама бачны сядзібны дом і агароджа.

Сядзібны дом - будынак простакутнай формы на высокім падмурку з высокім ламаным гонтавым дахам. Па абодвух баках ад сядзібы сімэтрычна стаялі два аднатыпных будынка прыслугі (левы і правы) знешне падобныя на сядзібны дом. Згодна з мясцовай традыцыяй у іх месцілася панцэрная харугва Хадкевічаў. У абодвух будынках былі стайні на 20 коней і памяшканні для вершнікаў. У 19 ст. абодва дамы былі перапланаваны пад жытло для прыслугі. У 1920 г. згарэў левы дом. Зруйнаваны сядзібны дом згарэў ў 1915г у гады 1-й Сусветнай вайны, захаваліся толькі дзве калоны агароджы і вялікая куча друзу.

Aпошні гаспадар В.Мажэйкава - Міхал Верашчака з большага перабудаваў ацалелы правы дом пад жытло для сябе. Пакоі былі старанна адрамантаваны , але ужо не было ні каштоўнай мэблі, ні каштоўных твораў мастацтва [10].

   Сядзібны парк знаходзіцца ў занядбаным стане: зарослы і засмечаны. Бачна, што працяглы час не даглядаўся. Ліхтары і прымітыўныя сталевыя альтанкі савецкіх часоў паразбіваныя і павывернутыя.

 

Флігель

Лямус

 

Раней меў сімэтрычную рэгулярную планіроўку. Складаўся з параднага партэра і сістэмы баскетаў, падзеленых сеткай грабавых, ліпавых і кляновых алей. Кампазыцыйная вось парку пачыналася брамай і завяршалася капліцаю. У паўднева-усходняй частцы парку была альтанка.

Ад альтанкі захаваліся прыступкі і падмурак.

У заходняй частцы знаходзіўся флігель. Ен прамавугольны, мураваны і атынкаваны. Вырашаны ў класічным стылі. Захаваўся адносна добра, месцамі абсыпалася атынкоўка. Выкарыстовыўваецца як жылы дом.

Вялікі склад і лямус размешчаны ў цэнтры сядзібы . Лямус двухпавярховы, квадратны ў плане будынак, аздоблены вонкавай драўлянай галерэяй на ўзроўні другога паверху. Першы паверх мураваны, другі драўляны. Вялікі склад і лямус захаваліся ў адносна добрым стане. У абодвух зараз калгасныя склады.

 

Лядоўня

Сабакарня

 

Мураваная агароджа захавалася фрагмэнтамі. Захаваліся рэшты слупоў брамы.

Лядоўня і сабакарня знаходзяцца з паўночнага боку саду, што мяжуе з вуліцаю Леніна. Абодва будынкі ў добрым стане. Над дзвярыма лядоўні захавалася дата маляваная фарбаю-1790. Сведчанні аб будынку адсутнічаюць у даведніках.

Лядоўня мае вялікія лехі, там знаходзіцца студня . Сцены маюць таўшчыню каля 1м. Зараз лядоўня прыстасавана пад жытло.

Дом прыслугі захаваўся добра, зараз жылы дом.

Капліца і фантан не захаваліся.

Млын часткова захаваўся .

Дзве сажалкі зарослыя , у благім стане.

 

 

 Жыхары В.Мажейкава памятаюць, што апошні гаспадар сядзібы быў з роду Верашчакаў. На пачатку 16ст. сядзіба, якая абядноўвала Вялікае і Малое Мажэйкава належала Міхалу Гагіну, намесніку мазырскаму, які прыняў удзел у здрадзе М.Глінскага. Таму кароль Жыгімонт Стары перадаў маёнтак Івану Тышкевічу. Унучка І. Тышкевіча - Аляксандра (памёрла ў 1593 г.) выйшла замуж за Аляксандра Хадкевіча (памёр у 1578г.) – старасту гарадзенскага, і, такім чынам, сядзіба перайшла да роду Хадкевічаў.

Але ўжо ў 17ст. маёнтак належаў Нарушевічам. Каля 1666г. Аляксандр Нарушевіч(памёр у 1668г.) - падканцлер Вялікага Княства Літоўскага перапісаў В.Мажейкава разам з Дзікушкамі і Лябёдкай для сваей жонкі Аляксандры з Сапегаў. Цэцілія Соф'я Сапежанка (1688-1762гг.) у 1710 выходзіць замуж за Яна Караля Хадкевіча (1686-1712гг.) і В.Мажейкава на доўгі час становіцца дзядзінцам Хадкевічаў. У маентку доўгі час жыў Адам Тадэвуш Хадкевіч (1711-1745гг.) ваявода берасцейскі, пашлюбаваны з Евай Чапскай (памёрла ў 1769г.). Як доўга маёнтак належаў іх нашчадкам невядома , але ужо іх сын Ян Мікалай Хадкевіч (1738-1781гг.) жыў у в.Турец на Навагарадчыне.

Герб "Окша"

Невядома ў каго ў 1826г. В.Мажейкава купіў Кароль Рафаіл Грабоўскі герба “Окша” (памёр у 1857г., пахаваны ля касцела ў в.Ішчолна; глядзі “Лідскі Летапісец” №8-1999г. старонка № 21) падкаморы пружанскі, сын Феліцыяна Грабоўскага, маршалка пружанскага, суддзі апеляцыйнага суда пружанскага, а потым лідcкага. Ад Караля Рафаіла Грабоўскага маёнтак перашоў да ягонага сына Станіслава, які не маючы сваіх нашчадкаў, перадаў маёнтак сваім сестрам - Тэадозыі Аскерка і Францішкі Верашчакі. У выніку сямейнай дамовы 1923 г. дзядзінец у 6000га. быў падзелены між Аскеркамі і Верашчакамі ў прапорцыі 15/36 да 21/36.  Вялікае Мажэйкава заступілі Верашчакі. Апошнім гаспадаром маентка быў Міхал Верашчака (жанаты на Яніне Ельскай). Міхал Верашчака нашчадкаў не меў, і на ім згас род Верашчакаў, да якога непасрэдна належала міцкевічава Марыля Верашчака [10]. У спісу Польскага бізнесу1929г. ёсць адрэс М.Верашчакі : В.Мажэйкава 1625. У спісу ёсць так сама і Францішка Верашчака .За сям’ёй Верашчакаў акрамя зямлі запісаны так сама і млын і вінакурня.

 

в.Ішчална , Троіцкі касцел

 

У пісьмовых крыніцах канца 15-16 ст. упамінаецца як маёнтак Давойнавічаў у Лідскім павеце. У 1515 г. падкаморы Андрэй Давайновіч заснаваў тут касцел св.Тройцы. У 1547 г. Станіслаў Давайновіч паводле прывелея Жыгімонта І залажыў у Ішчалне мястэчка. На працягу 17 ст. маёнткам і мястэчкам валодалі Ліманты , Вішнявецкія, Палупяты, Радзімінскія-Франкевічы, Скарбек-Важынскія. Элеанора Ласковіч(у замустве-Шукевіч)- уладальніца Ішчолны атрымала маёнтак ад сваёй бязьдзетнай сястры Агнешкі Шукевіч (у замустве Фаха) па тастаманту.Муж Ёзаф Фаха гарадзенскі харужы быў значна старэй яе. Дачка Элеаноры Ласковіч- Францішка выйшла замуж за Антонія Скарбек-Важынскага - маршалка лідзкага. У 19 ст. – уладанне Скарбек-Важынскіх.

      У 1690г.-53 двары. У 1897г.- 118 жыхароў і 14 двароў, паштовая станцыя. Дадзеныя перапісу 1923 г: маёнтак Ішчална- 16 пабудоў , 140 жыхароў. Вёска Ішчална - 7 дамоў , 60 жыхароў.  Зараз – 90 жыхароў і 38 двароў (1995 г.).

Троіцкі касцел знаходзіцца у цэнтры вескі. Пабудаваны у 1758 г у стылі позняга барока з цэглы[6]. Рыма-каталіцкі прыход заснаваны у 1515г і раней на гэтым мейсцы быў драўляны касцел. Побач з сучасным касцелам знаходзіцца званіца 19 ст. У канцы 18ст. пры касцеле была заснавана школа[7].

Касцел аднанефавы , двухвежавы з пяціграннай апсідай і сакрысціямі . Дамінуючае становішча ў аб’ёмнай кампазіцыі займае галоўны фасад.Фасадныя і бакавыя плоскасці вежаў апяразаны карнізамі.

Інтэрер касцела зальны , асноўны аб’ем і апсіда перакрыты драўлянымі лучковымі скляпеннямі. Мае тры алтары і амбон.Амбон хвалепадобнай формы ,дэкарыраваны ляпнымі ракайлямі і скульптурнай кампазіцыяй на біблейскія тэмы. Над галоўным уваходам збудаваны хоры з арганам .

Побач са званіцаю , на касцельным двары магіла падкаморага пружанскага Грабоўскага (1778-1857) і магілы знанай павятовай шляхты.

Помнік знаходзіцца ў добрым і дагледжаным стане .

С паўдзеннага боку касцелу знаходзіцца сонечны гадзіннік 18-га ст. Ен уяўляе сабою круглы абцесаны пастамент з камяню вышынёю каля 1м і дыаметрам каля 0,5 м. Двума сталевыми стрыжнямі да яго прымацавана медная круглая пласціна дыяметрам каля 0,3м. Трохкyтняя стрэлка напалову зламаная. На пласціне выгравіраваны цыферблат прозвішча майстра (J Malecki), месца вырабу (Vilna) геаграфічная шырата (54 41 2). Сведчанні аб гадзінніку адсутнічаюць у даведніках.

Гэты гадзіньнік адносіцца да клясы гарызантальных сонечных гадзіннікаў з трохкутняю стрэлкаю , верхні кут якой накіраваны на Палярную зорку.Цень ад стрэлкі падае на гарызантальны цыфэрблат, часавыя дзяленьні якога няроўныя між сабою.

У нашай навуковай літаратуры інфармацыя аб сонечных гадзіньніках амаль што няма . Але вядома што ў 1736 г. у Нясвіжы быў напісаны на лацінскай мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцыяў [13].

Гадзіннік у в.Ішчална адзіны ў Беларусі дзейнічаючы прыбор і уяўляе сабою цікавы ўзор дакладнае мэханнікі, вырабленай у беларускай Вільні ў 18 ст.

 

в.Голдава

 У 15-17 ст. упамінаецца як Овдово ці Олдово .У 1495 г. берасцейскі намеснік Сёмка (Сямен) Алізаравіч купіў двор Голдава ў жалудоцкага баярына Пятрашкі Міхайлавіча. Пасля смерці Алізаровіча (каля 1506г.) Голдава перайшло ў спадчыну яго дачцэ Настассі, якая завяшчала маёнтак мужу- князю Івану Міхайлавічу Вішнявецкаму. Апошні завяшчаў Голдава сваёй другой жонцы Магдалене Дэспатаўне, яна выйшла другі раз замуж за князя Аляксандра Фёдаравіча Чартарыйскага. У 1581г. Чартарыйскія прадалі маёнтак Трызнам, якія валодалі ім больш за 100 гадоў. У 17 ст. згадваецца што каля панскага двара было мястэчка Голдава з праваслаўнай царквой Спаса. У 1663 г. пры Голдаускай царкве А.Трызна заснаваў манастыр.

У 1680-80-я г. маёнткам валодаў праваслаўны беларускі епіскап Клімент Трызна. У 1680г. кароль Ян ІІІ Сабескі пацвердзіў мястэчку Голдаву старажытны прывілей на таргі і кірмашы. У 1718г. маёнтак выкупіў трокскі падсудак Ф.М.Вянцковіч. Пры ім манастыр і царква сталі ўніяцкімі, а ў 1721г. Ф.М. Вянцковіч запісаў уніяцкаму манастыру фундуш на зямлю і сялян. Уніяцкі прыход ў 1827 г. налічваў 1047 прыхаджан [7]

У 1762г. Голдава ў пасаг ад жонкі атрымаў падскарбі ВКЛ Антоні Скарбек Важынскі. Ён пабудаваў у Голдава сядзібу з домам зь лістоўніцы які прастаяў да першай Сусьветнай вайны. У Антоні Скарбек-Важынскага не было дзяцей, і Голдава перайшло да яго брата Фелікса.

У 1795г. яго сын Фелікс на месцы заняпалага манастыра пабудаваў новую уніяцкую царкву Раства Багародзіцы [8].

  Ад Фелікса Важынскага маёнтак прыняў у спадчыну яго адзіны сын Антоні ,які нарадзіўся у 1788 г. Ён быў маршалкам лідзкім, які каля 1825 года ажаніўся на Францішцы Ласковіч, гербу Кораб, адзінай дачцэ да таго часу памёрлага Караля Ласковіча — лідзкага суддзі. У пасаг Антоні Важынскі атрымаў маёнтак Ішчолну з прыгожай каменнай рэзідэнцыяй. У гэтай рэзідэнцыі спыняўся расейскі імператар Аляксандр I, за ігру на арфе ён падараваў паненцы Ласковіч брыльянтавую стралу [14].

Царква Раства Багародзіцы.Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі .

Пабудавана ў 1795г. з дрэва . Перад царквой устаноўлена двух ярусная шатровая званіца каркаснай канструкцыі. На званіцы прымацаваныя тры званы розных памераў: вялікі (1991 г.), сярэдні (1928 г.), на малым дата выраба адсутнічае.

      Недалека ад царквы знаходзяцца старыя могілкі на якіх раней была капліца (зараз не існуе). Побач з царквой знаходзіцца падмурак былога дому святара. Храм мае мураваную з камяню агроджу, якая добра захавалася.

Царква у добрым стане , і у дадзены момант праведзены касметычны рамонт.

У 1886 г. у Голдаве было 302 жыхары, 21 двор, 2 праваслаўныя царквы (царква і капліца), цагельня і піцейны дом. У 1905 г. у маентку перапісаны 23 жыхара , а ў сяле 279.

Зараз у Голдаве жывуць 458 чалавек і налічваецца 166 двор(1995 г.)

 

 

в.Бабры

 

Крыжаўзвіжанская царква знаходзіцца ў цэнтры вескі. Пабудавана у 1810г з дрэва як уніацкая царква. У 1827 уніацкая парафія налічвала 417 вернікаў [7].

У канцы 30-х гадоў царква была пераведена у расійскае праваслаўе.

Аляксандр Розен Лідскі земскі іспраўнік Вітэнгоф 2 сьнежня 1834 г. дакладваў Гарадзенскаму губернатару Н. Н. Мураўёву: " У Голдаўскай царкве так мала бывае людзей з чэрні таго прыхода, ёсьць повад зазначыць, што ў Баброўскай царкве, што ў бліжэйшай адлегласці знайходзіцца, яшчэ няма інакастаса, куды зараз больш павярнуліся прыхаджане Голдаўскага прыходу". Мураўёў адзначыў: "... загадваю старацца ў дакладнасьці выканаць ускладзенае на вас прадпісаньне, абсталяваць інакастасы і іншыя духоўныя прыналежнасьці па грэка-усходняму абраду. Даносіць мне толькі пра посьпехі справы"[14].

Падчас рамонту у 1880г. над бабінцам надбудавана званіца, а пры ўваходзе зроблены тамбур.Царква агароджана невасокім мурам, з якога наілепей захавалася фасадная частка , рэставраваная ў 1935г.

    На пачатку 60-х гадоў царква была гвалтоўна зачынена. Мясцовыя жыхары успамінаюць, што яны баранілі царкву цэлы дзень, мужчыны баранілі браму агароджы , а жанчыны - царкву. Жаночы лямант быў чуцён нават у навакольных весках. І толькі ў начы нам.старшыні Лідскага райвыканкаму Баранаў і парторг Тарноўскага саўгасу Жэнько здолелі выканаць загад партыі. Пры гэтым вялікія стосы царкоўных кніг былі павыкіданыя у вулiчны бруд і страчаныя.

Зараз царква знаходзіцца у добрым стане і дзейнічае.

     На царкоўным двары на поўнач ад храма знаходзіцца камень-валун вышынёю 0,5 м. з адбіткам жаночай ступні прыкладна 34 памеру. Па мясцовавым паданням гэты след належыць Маці Божай. Гэты камень раней знаходзіўся на лузе за царкоўнымі могілкамі. У 20-х гадах нашага стагоддзя быў прывезены да храму і асвенчаны мясцовым святаром. Сведчанні аб камяні адсутнічаюць у даведніках.

 

Заўвагі:

[1] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць.-Мн.,1986.-С.348.

[2]Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць.- Мн., 1986.-С.242.

[3]   Aftanaz R. Mały Możejkow  // Zemia Lidzka. Marzec 1999r. 1(36) S.22.

[4]    Zemia Lidzka. Styczen-kwiecien  №18/19 . S.25.

[5]   Страчаная спадчына.- Мн., 1998. –С.161.

[6]   Збор помнікаў  гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць.- Мн.,

 1986.-С.346.

[7]    Наш радавод .-Ліды, 1994.-С.68.

[8]    Энцыклапэдыя гісторыі Беларусі, т 3.-Мн., 1996.-С.57.

[9]    Энцыклапэдыя гісторыі Беларусі, т 5.-Мн.,  1999.-С.60.

[10] Aftanaz R. Możejkow Wielki // Zemia Lidzka. Marzec 1999r. 1(36) S.21.

[11] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць.- Мн., 1986.-С.341.

[12]  Энцыклапэдыя гісторыі Беларусі, т2.-Мн., 1994.-С.423.

[13]   БСЭ . Т.ІІІ. – С.284.

[14]   Лідзкі Летапісец. лістапад-снежань 1997г. №3. –С.17.

 

                                                  Лаўрэш Л. Круцікаў У.

 Надрукавана ў часопісу "Спадчына" №1-2 2001 г.

 

[Main page][Title page][Library]