[Main page][Title page][Library]

 

 

Найстаражытнейшыя пасяленьні Лідчыны

 

Дуброўня,  Дакудава,  Сялец,  ГолдаваВаверкаМыто,  ДылеваКрупаваБердаўка, Тарнова

 

Першыя людзі на тэрыторыі Лідзкага раёна зьявіліся каля 12 тысяч гадоў таму назад. Раней гэтага не магло здарыцца, таму што каля 60 тысяч гадоў таму назад пачалося валдайскае (паазёрскае) мацерыковае абледзяненьне, пакрыўшае паўночную частку Еўропы магутным (звыш 1 км) пластом ільду. Край паазёрскага ледавіка спыніўся на лініі Горадня — Вільня — Астравец— Докшыцы — Ворша. Каля 17 тысяч гадоў таму назад ледавік пачаў адступаць у Скандынавію і 10 тысяч гадоў таму назад цалкам растаў. За дзьве тысячы гадоў да гэтага ва ўмовах змяншэньня плошчы мацерыковага абледзяненьня, паступова цяплеючага, але ўсё яшчэ жорсткага халоднага перыгляцыяльнага клімату, калі на Лідчыне расла бедная і рэдкая тундравая і лесатундравая расьліннасьць (імхі, лішайнікі, карлікавая бяроза, палярная вярба), пасьвіліся вялізныя чароды паўночных аленяў, цягаліся апошнія манты і шарсьцістыя насарогі, мышкавалі пясцы і лісы, а ў рэчках і азёрах плавалі нялічаныя касякі рыбы, на гэтыя зямлі прыйшлі першыя людзі.

Засяленьне пачалося з правабярэжных тэрас Нёмана мезалітычнымі плямёнамі свідэрскай, затым яніславіцкай культур. Першапасяленцы былі паляўнічымі і рыбаловамі палявалі ў асноўным на паўночнага аленя, жылі ў буданападобных часовых жытлах, карысталіся прыладамі працы з крэменю. Стаянкі і крэменевыя пласьціны гэтых культур выяўлены пры ўпадзеньні Дзітвы ў Нёман, паміж Беліцай і Зблянамі, паміж Бурносамі і вусьцем Гаўі.

Пры пацяпленьні клімату і зьяўленьні хвойных лясоў чароды аленяў, а за імі і паляўнічыя пайшлі на поўнач 8-6 тысяч гадоў таму назад, у час кліматычнага аптымуму, калі рэльеф і рачная сетка набылі сучасны выгляд, толькі забалочанасьць была значна большай, а на міжрэччах расьлі дрымучыя шырокаліставыя лясы, прыйшлі неалітычныя плямёны нёманскай культуры. Неалітычныя людзі займаліся рыбалоўствам, паляваньнем, зьбірапьніцтвам і крыху земляробствам. Яны ўмелі вырабляць гліняны посуд і карысталіся шматлікімі прыладамі працы з крэменю: сякерамі, нажамі, скрэбламі, наканечнікамі для стрэлаў. Пасяленьні плямёнаў нёманскай культуры выяўлены ў далінах Дзітвы, Жыжмы, Гаўі, Нарвы і спрэс па правым беразе Нёмана: шмат неалітычных стаянак у ваколіцах Беліцы, Пескаўцаў, Моцявічаў.

Сьляды аднаго з неалітычных пасяленьняў добра захавліся ў даліне Дзітзы на паўночны захад ад вёскі Даржы, на невысокай пясчанай дзюне, што называецца Боркавай гарой. Гэтая дзюна прыцягнула аднойчы маю ўвагу сваёй геамарфалагічнай нестандартнасьцю. Для тыповых дзюн характэрна парабалічная форма,а у гэтай дзюне падветраны схіл прамалінейны. На дзюне ў пяску паўсюль расьсеяны шматлікія крэменевыя нуклевусы, адбойнікі, трапляюцца нажападобныя пласьціны. Зацікавіўшыся стаянкай, высьветліў, што адкрыў яе ў 1962 годзе археолаг М. М. Чарняўскі і назваў "Майстэрняй" з-за вялікай колькасьці крэменевых адбойнікаў. Крэмень для неалітычнага чалавека быў асновай дабрабыту. Уласьцівасьць крэменю пры сколе ўтвараць востры рэзальны край дазваляла неалітычнаму майстру вырабляць любыя прылады працы. Крэменю патрэбна было шмат. Беларусь у гэтых адносіных аказалася дабрадатнай тэрыторыяй. Крэменевыя канкрэцыі зьвязаны з крэйдавымі адпаданьнямі. На ўсходзе краіны маецца мноства прамысловых радовішчаў крэйды і залягаюць яны на невялікіх глыбінях. У заходніх раёнах крэйдавыя адкладаньні сустракаюцца ў выглядзе адарванцаў — глыбаў крэйды адарваных і перамешчаных ледавіком "Ваўкавыскцэментшыфер" дзесяткі гадоў працуе на базе аднаго з такіх вялізарных адарванцаў. Тут у ваколіцах г. п. Краснасельскага на беразе р. Рось у 20-я гады выяўлена больш сотні старажытных шахтаў па здабычы крэменю гпыбінёй да 3-5 м. Паблізу археолагі выявілі некалькі старажытных майстэрняў па апрацоўцы крэменю. У Лідзкім раёне крэйдавыя адарванцы вядомы каля вёскі Вялікія Канюшаны, за некалькі сотняў метраў аб Боркавай гары. Канюшанскія праяўленьніі крэйды асвоены 5 тысяч гадоў таму назад, з кар'ераў неалітычны чалавек здабываў крэменевыя канкрэцыі. У 20-м стагоддзі кар'еры былі асвоены нанава, зь іх здабывалася крэйда для пісьма.

Аднак больш за ўсё мяне зьдзівіла другая асаблівасьць Боркавай гары. Пры руплівым даслед-ваньні мікрарэльефу дзюны, высьветлілася. што ў цэнтры маюцца дзьве адносна неглыбокія (да 2,5 м) ямы дыяметрам да 10-12 м. якія злучаюцца вузкімі раўчукамі з паверхняй высокай поймы р Дзітвы. Не адразу ўсьвядоміў, што гэта прымітыўныя гідразбудаеаньні — рукатворныя завадзі для масавага загону рыбы Узрост гэтых збудаваньняў мінімум тры тысячы гадоў. Як на дне ямаў, так і на схілах і дне раўчукоў маецца добра выражаны гумусавы гарызонт магутнасьцю да 30 см. Хуткасьць жа яго фармаваньня ва ўмовах нашага клімату — менш 1 см у стагоддзе.

Боркавая гара — унікальны помнiк неалітычнага чалавека. Ідэальна скарыстаны ўсе прыродныя асаблівасьці дзюны. У цэнтральнай паніжанай частцы былі створаны ўнутраныя вадаёмы і злучаны равамі з руслам р. Дзітвы. Выбраны зь ямаў і равоў пясок дазволіў павялічыць вышыню дзюны, падняць яе над заліўной поймай і пашырыць жылую плошчу. На насыпанай пляцоўцы пад аховай навакольнага непраходнага балота апрацоўваліся крэменевыя канкрэцыі, што здабываюцца з блізка-разьмешчаных кар'ераў і ператвараліся ў нажы, скрэбпы, наканечнікі стрэлаў. У рыбнай завадзі, ўнутры пасяленьня нагульваліся рыбіны для яды. Дакладны выбар месца, скарыстаньне яго абарончых уласьцівасьцяў. мінімальныя намаганьні для абсталяваньня тэрыторыі і вынаходлівае ўмайстраваньне рыбнай сажалкі — сведчаньне неслабога розуму неалітычных майстроў.

Каля 3.5-3 тысяч гадоў таму назад на Лідчыну прыйшпі плямёны прыбалтыйскай культуры, якія прынесьлі з сабою бронзавыя прылады працы. 3 вынікамі горнай дзейнасьці гэтых плямёнаў мне давялося сустракацца пры геалагічных даследаваньнях у Казахстане. Амаль на ўсіх буйнейшых поліметалічных радовішчах меліся вельмі старажытныя выпрацоўкі: кар'еры, шахты, норы, якія называпі чудзкімі, а рудакопаў адносілі да племені чудзь. Геолагаў уражвалі маштабы горных выпрацоўвак, а таксама ўменьне старажытных знайходзіць медныя радовішчы пад чахлом дастаткова магутных рыхлых напластаваньняў. Чудзь быпа выцесьнена з Казахстана вандроўнымі плямёнамі і вымушана была сысьці ў Еўропу. Эстонцаў даўгія стагоддзі называлі чуддзю.

3 прыходам плямёнаў прыбалтыйскай культуры на Лідчыну, пачалася высечка лясоў, пасяленцы сталі сяліцца ў міжрэччах і займацца земляробстам. Паколькі поліметалічных радовішчаў на Беларусі няма, карысталіся прынесенымі з сабою бронзавымі сякерамі, нешта выменьвалі, але ў рэшце рэшт вымушаны былі вярнуцца да апрабаванага матэрыялу — крэмоню. г. зн. цывілізацыйна зрабіць крок назад.

Каля 2,5 тысяч гадоў таму назад, прыблізна за 500 гадоў да Нараджэньня Хрыстова, у Еўропу прыехалі на конях агрэсіўныя ппямёны штрыхавой керамікі. Людзі гэтай культуры распаўсюдзіліся на вялізарныя прасторы Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Яны ведалі жалеза, умелі здабыць яго з балотных рудаў і апрацоўваць, актыўна займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам. Пад жалезную сякеру і выпалы пайшлі векавечныя пушчы, жалезнай сахою пачалі разорваць землі. На Лідчыну прыйшлі балты. Спачатку яны жылі ў адкрытых паселішчах, але з 4-5 стагоддзя нашай эры калі на паўднёвых і ўсходніх межах зьявіліся славяне, сталі будаваць умацаваныя гарады.

Да 10-га стагоддзя нашай эры на Лідчыне жылі толькі балты. Мяжа з дрыговічамі (гудамі) праходзіла па Нёману. У 12-13 стагоддзі Лідчына становіцца раенам зьмешанага засяленьня ліцьвінаў, яцьвягаў, дрыговічаў, аўкштайтаў, дайноўцаў і нават крывічоў ды жамайтаў. Назвы некаторых вёсак гавораць самі за сябе: Крывічы, Дайнова, Гуды, Жамойдзь. Пазьней зьявіліся Татарцы і Чэхаўцы.

Такім чынам першыя паселішчы на Лідчыне якія, магчыма і назваў ня мелі, зьявіліся ў паўднёвай частцы раена на беразе Нёмана, а затым уздоўж рэкаў адбылося пранікненьне людзей у дрымучыя лясы і твані Паўночнай Лідчыны. За гэты чэс на Лідчыне зьмянілася мноства культураў і мноства плямёнаў.

Першыя пісьмовыя ўспаміны пра сельскія паселішчы Лідчыны адносяцца да канца ХІУ стагоддзя. На сёньняшні дзень вядома 11 паселішчаў, узрост якіх перавышае палову тысячагоддзя - Дуброўня — 616 гадоў, Дакудава — 605 гадоў, Сялец і Голдава — па 591 году, Ваверка — 584 гады, Мыто — 582 гады, Крупава — 547 гадоў, Дылева — 519 гадоў, Беліца — 511 гадоў, Збляны — 505 гадоў. 605 гадоў споўнілася б маёнтку Востраў, але ад яго засталіся толькі каменныя развалы. Няма сумніву, што ўзрост пералічаных паселішчаў, як і многіх з тых, што ня трапілі ў гэты сьпіс значна старажытнейшы, аднак дакумантаў на гэты момант або няма, або мне яны невядомыя. Вядома толькі, што ў 60- 70 гг. XIV стагоддзя Лідзкая вялікакняская воласьць, якая ахоплівала тэрыторыю паміж рэчкамі Жыжма, Гаўя, Нёман і Дзітва налічвала да 4-х тысяч сялянскіх двароў. Гэта не менш 40 тысяч насельніцтва.

 

Дуброўня

Самая старажытная паводле пісьмовых крыніцаў вёска Лідзкага раёна — Дуброўня. Першы раз яна згадваецца ў сувязі з паходам пачатым у канцы 1381 года Вялікім князем Літоўскім Кейстутам супраць свайго плямяньніка князя Карыбута, які валодаў Наваградкам."Кейстут выступіў супраць Карыбута і па дарозе ў яго ўдзел, напаў на Дуброўню, за 5 вёрст ад Ліды, схапіў тут Вайдылу і загадаў яго павесіць у 1381 г ".Вайдыла быў халопам Вялікага князя Альгерда (1345-1377): "Ньхто пак у велікого князя Олгірда холоп Вонділо. Прьвое был лекарцом, а потом уставіл его постелю собь слаті і воду даваті собь піти, потом пак попюбился ему велми, и дал был ему Ліду дрьжати, и повёл его у великых. Потом по животь великого князя Олгирда двь льть больши ль было, князь великий Ягайло полюбил его велми у высокых и даст за него сестру свою родную, княгиню Марью... Князю Кестутю великую нелюбов и жалость съдьлал, што братанку его, а сестру свою за холопа дал. И был той Войдило у великой моцы у великого князя Ягайла и почал в ньмцы собь чинити и записываться грамотами противу великого князя Кестута".

Унікальная,легендарная асоба XIV стагоддзя гэты Вайдыла — халоп, стаўшы баярынам, і мужам княжны. У Альгерда было сем дачок: пяцёра былі выдадзены замуж за князёў: Алена — за князя серпухаўскага і бярозаўскага, Уладзіміра Андрэевіча Храбрага, дваюраднага брата Зьміцера Данскога: Фядора — за князя адаеўскага і навасільскага Сьвятаслава Цітавіча: Аграфена (Агрыпіна) — за князя гарадзенскага і ніжненаўгародзенскага Барыса Канстанцінавіча: Кенія (Кечна) — за ўнука польскага караля Казька Слупскага (замуства, праўда, умоўнае, маладому і маладой было па 8 гадоў і маладая не дажыла д 17). Алеся — за князя плоцкага Земавіта ІУ: адна з дачок памерла ў Цьвяры ад мору перад замуствам і толькі сёмая — Марыя — стала жонкай халопа Вайдылы Якімі ж талентамі трэба было валодаць, каб так высока падняцца ў сярэднявечнай герархіі? Пра Вайдылу паведамляюць усе беларуска-летувіскія летапісы. Яго імя згадваецца ва ўсіх гістарычных манаграфіях па гісторыі сярэднявечнай Польшчы і Вялікага Княства.

3-за Вайдылы князь Кейстут зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот: скінуў Ягайлу з вялікакняскага пасаду і адразу ж расправіўся з Вайдылам. Помста Ягайлы і Марыі была бязьлітаснай — 80-гадовы князь Кейстут быў задушаны ў Крэўскім замку. Сьмерць Вайдылы на думку польскага гісторыка Паўла Ясяніцы адвярнула Вялікае Княства ад праваслаўя, бо Вайдыла быў праваслаўным, вяліся перамовы пра шлюб Ягайлы з адной з дочак Зьміцера Данскога.

Замак Вайдылы разьмяшчаўся ў Дуброўне. Праз 500 гадоў, у сярэдзіне XIX стагоддзя, яшчэ паказвалі "Месца і каменныя фундаменты палаца Вайдылы.". У канцы XX стагоддзя мне іх знайсьці не ўдалося.

Другі раз Дуброўня згадваецца ў прывілеі караля польскага Ягайпы ад 17.02. 1387 года, якім ён вялікакняскі двор Дуброўна і прылеглыя да яго паселішчы перадаў Віленскаму епіскапству.

У пачатку XX стагоддзя Дуброўня налічвала 227 жыхароў, валодалі яны 260 дзесяцінамі зямлі. Дзеці вучыліся ў Дубровенска-Лiдзскай народнай вучэльні. Усе гэтыя сотні гадоў Дуброўня адносілася да Лідзкага дэканату і сяляне асабліва не прыгняталіся.

Назва вёскі некалькі разоў мянялася, эахоўваючы першапачатковы сэнс: Дуброўна (14 стагоддзе) — Дуброўка (19 стагоддзе) —Дуброўня (20 стагоддзе). Назва паходзіць ад слова "дубрава" — дубовы лес ці гай. Вёскі з вытворным ад "дубрава" сустракаюцца на Беларусі дастаткова часта: Дуброва, Дубровіца, Дуброўка, Дубрава. Відавочна на месцы паселішча і вакол яго рос дубовы лес.

 

Дакудава

Дакудава ў летапісах упершыню згадваецца ў 1392 г., калі князь Карыбут Альгердавіч запатрабаваў у князя Вітаўта Кейстутавіча вярнуць яму Ліду. Атрымаўшы адмову, выступіў супраць Вітаўта. Войскі князёў сышліся ў верасьні 1392 г. на беразе Нёмана каля вёскі Дакудава. Вось як гэтыя падзеі апісаны ў Віленскім летапісу: "Князь Корбут Олгирдович начя в непослушонстве быти у великого князя Витовта. и начат збирати вои свои, и поиде противу. Князь же великий Витовт посла вои свои Василя Беренковича и Кгнивила противу ему, и ступишася вои на место на Недокудовь, и побежени быша вои князя Корбута, и почата бити, и побито их много. Сам же князь.. Корбут бежи в Новьгородок и ополчися, ту же бе и княгини его и дети. Князь же великий Витовт сбра вои и сам пойде к Новогродку и Новогродок озма и князя Корбута и княгиню его и дети е княцтво посла".

Амаль даслоўна паўтараецца тэкст у летапісе Быхаўца, у Стрыйкоўскага і Даніловіча, у Слуцкім летапісе. У летапісе Археалагічнага таварыства і летапісе Красінскага месца бітвы названа Дакудава. Відавочна так, як зараз існуюць Дакудава-1 і Дакудава-2 раней былі Дакудаў i Недакудаў. Паходжаньне назвы вескі не яснае. Магчыма яна ўзнікла ад пытання "да куда ва". Месца засяленьня вельмі старажытнае. Паблізу археолагі выявілі два паселішчы: адно зь іх 6-8 стагоддзя, другое 11-12 стагоддзя.

У 1436 годзе вялікакняскі двор Дакудаў стаў прыватным упаданьнем Кучука. У 1506 г. Дакудава перайшло да Пятра Аляхновіча — кухмістра (кіраўніка вялікакняскай кухні), намесьніка , пасла Вялікага князя Жыгімонта ў Маскву ў 1507 і 1508 гг. Князь Жыгімонт высока цаніў П. Агяхновіча, давяраў яму складанейшыя дыпламатычныя місіі і спрэчныя зямельныя справы, выдзяляу буйныя сумы грошай.

Затым Дакудава перайшло да гетмана літоўскага, намесьніка лідзкага і смаленскага Станіслава Пятровіча Кішкі (1455-1514). У 1513 г пасьля сьмерці Барбары Кішкі Дакудава атрымаў у спадчыну яе муж — кіеўскі ваявода Юры Мікалаевіч Радзівіл (каля 1480-1541) 315 гадоў пасьля гэтага Дакудава належала Радзівілам.

Юры Радзівіл хутка рухаўся па службе — стараста гарадзенскi ў 1514 г., гетман надворны, кашталян троцкі, кашталян віленскі і нарэшце з 1551 г. гетман Вялікага Княства Літоўскага, а таксама намесьнік валынскі, мейшагольскі, мазырскі, мярэцкі, уценскі, дзяржаўца лідзкі, скідзельск, беліцкі. Юры Радзівіл — адзін з лепшых прадстаўнікоў сям'і Радзівілаў, за шматлікія перамогі яго называлі літоўскім Геркулесам. У 1533 годзе Юры Радзівіл пабудаваў у Дакудаве касьцёл. У 1541 годзе Дакудава перайшло да яго сына Мікалая Радзівіла "Рудога" (1512-1594) — ваяводы троцкага, гетмана Вялікага Княства і яго канцлера, з 1572 года фактычна неабмежаванага кіраўніка Княства, а таксама старасты ашмянскага, слонімскага, 6арысаўскага, мазырскага, дзяржаўцы лідзкага. Па яго жаданьні ў Дакудаве была арганізавана кальвінісцкая суполка, праіснаваўшая да 18-га стагоддзя. Яго ўнук Юры Мікалаевіч Радзівіл (1578-1613) таксама адзначыўся ў гісторыі Дакудава — стварыў вуніяцкі прыход. У 1669 годзе Дакудава атрымала статус мястэчка. А праз стагоддзе ў 1763 годзе ў Дакудава ўсяго 37 двароў і адзіная вуніяцкая царква (вынік шведзкай вайны).

У 1790 годзе велізарная радзівілаўскае багацьце перайшло 40-гадоваму Дамініку Рэдзівілу (1786-1813) — апошняму наўпроставаму прадстаўніку нясьвіжскай мужчынскай лініі. У 1810 годзе Дамінік уступіў у войска герцагства Варшаўснага, ваяеаў на баку Нвпалеона. Вызначыуся ў некалькіх бітвах, пры адступленьні быў сьмяротна паранены ў кастрычніку 1813 г. пад Ханаў. Толькі ён і эканом Несвіжскага замка ведалі, дзе схаваныя 60 пудоў залатых і срэбных вырабаў. Дамінік загінуў, эканом быў павешаны, таямніца скарбаў засталася жыць і вось ужо 185 гадоў не дае спакою скарабашукальнікам.

Спадкаемцай нясьвіжскай лініі Радзівілаў была вызначала дачка Дамініка — 4-гадовая Сьцяфанія Радзівіл. Яна выхоўвалася ў сям'і фельдмаршала Пятра Хрысціянавіча Вітгеійштэйна і ў 19 гадоў па асабістаму дазволу імператара Мікалая І была выдадзена замуж за князя Льва Пятровіча (Людвіка Лявона) Вітгенштэйна. Пасьля сьмерці Сьцяфаніі пры родах у 1832 годзе , Людвік- Лявон Вітгенштэйн (1799-1866) ператварыўся ў буйнейшага землеўладальніка Паўночна-Заходняга краю. Яму перайшлі радзівілаўскія ўладаньні плошчаю каля 1.2-1,3 млн дзесяцін і ня менш 40 тысяч душ прыгонных, а таксама мястэчкі Гпыбокае, Мір, Карэлічы, Любча, Смалявічы , Дакудава.

Таксама, як і ў іншых мястэчках і вёсках Беларусі ў 1834-1839 гг., Дакудаўская вуяніяцкая царква была пераведзена ў праваслаўе. Сьвятар і вернікі, больш 900 чалавек — пярэчылі супраць новаўвядзеньняў, еле распараджэньне было адзначаным ".... ужываць далейшае настойваньне для ўсталяваньня тут праваслаўнага іканастаса". "Настойваньне" было бяз жартаў і праваслаўная царква атрымала назву Раства — Багародзіцы, Лідзкага дабрачыньня.

Людвік Вітгенштэйн сваю спадчыну пакінуў сыну Пятру, які памёр у 1887 годзе без наўпроставых нашчадкаў. Уладаньні былі падзелены паміж бліжэйшымі сваякамі. Так па частках распалася спадчына Радзівілаў.

На працягу 1885-1901 г.г. ад Дакудаўскага прыходу ў суседніх весках былі арганізаваны школы пісьменства, першыя — у Альхоўцы, Пудзіна і Васілевічах — у 1885 г, затым у Філонаўцах — у 1894 г. ,у Скаменным Бары — у 1899 г. у Біскупцах Місурах і Анацках — у 1901 г. У пачатку XX стагоддзя у Дакудаве жыў 871 жыхар (484 мужчынскага полу і 387 жаночага), якія валодалі 665 дзесяцінамі зямлі. У мястзчку былі валасная ўправа, царкоўна-прыхадзкая школа, Дакудаўская народная вучэльня, лаўка, жыў ураднік, Дакудава было другім па колькасьці насельніцтеа — пасля Беліцы — сельскім населеным пунктам Лідчыны ў сучасных межах. Тут жа разьмяшчаўся маёнтак князя Вітгенштэйна — 6000 дзесяцін, 62 работнікі. Князю належалі таксама фальваркі Банева (300 дзесяцін. 24 работнікі) Капланаўшчызна (200 дзосяцін. 18 работнікаў), засьценак Банева (9 работнікаў). У суседняй Ганчарскай воласьці за князем лічыліся маёнткі Сялец і Стокі, фальваркі Дзякавічы. Жамойдзь — Заброды, Пескі, Саламянка —- усяго па двух валасьцях 9605 дзесяцін зямлі 253 душы.

У 1915 годзе пры наступленьні нямецкай арміі ў Заходняй Беларусі была праведзена эвакуацыя царкоўнай маёмасьці. Абразы, крыжы, кнігі, царкоўны посуд, упакованыя ў скрынкі, былі разьмешчаны ў кляштарах і храмах Масквы. У 1921 годзе царкоўная маёмасьць Дакудаўскай царквы яшчэ знайходзілася ў Маскоўскім Данілавым кляштары.

3 Дакудава зьвязаны імёны некалькіх вядомых асобаў.

3 студзеня 1738 г у маёнтку Яшнец Дакудаўскай воласьці, месцазнаходжаньне мне невядома, нарадзіўся Казімір Датэль Нарбут — аўтар першага польскага падручніка логікі, манах-піяр, 52 гады жыцьця прысвяціўшы працы на ніве адукацыі.

5 жніўня 1886 года ў Дакудаве нарадзіўся вядомы мастак, вольнаслухач Мастацкай Акадэміі ў Пецярбургу, прафесар Віленскага універсітэта Браніслаў Ямант. Яго малодшы брат, які нарадзіўся ў маёнтку Дакудава праз год, быў дырэктарам Віленскага гандлёвага банка ў Лідзе, дзе і памёр ў 1932 годзе ва ўзросьце 35 гадоў.

У 1920-х гадах фальварак Банева быў перададзены ва ўладаньне асадніку Путраменту . Яго сын - Ежы (Юры) Путрамант, які 4 гады, з 1925 па 1929 вучыўся ў лідзкай гімназіі, стаў вядомым польскім пісьменнікам, сябрам ЦК ПОРП, генеральным сакратаром польскіх пісьменнікаў.

 

Сялец і Голдава

Вёскі Сялец і Голдава згадваюцца ў сувязі з наездам смаленскага князя Юрыя Сьвятаслававіча на Ліду ў жніўні 1406 года. Вялікі князь Вітаўт пасьля ўзяцьця Смаленска вывез жонку і дзяцей князя Юрыя і пасяліў іх у няволі ў Лідзкім замку.

Гісторык XIX стагоддзя. Тэадор Нарбут, спасылаючыся на запіскі настаяцеля Лідзкага касьцёла ксяндза Стагнева, састаўленыя каля 1460 года, паведамляе, што 5 жніўня 1406 года Юры Сьвятаслававіч з буйным узброеным аддзелам ("бандай гайдамакаў") наехаў на Ліду, абрабаваў і спаліў горад, упарта, але няўдала штурмаваў замак, тагачасны Лідзкі стараста Якуб зь Селіцы адсутнiчаў, але хутка падасьпеў з Голдава, адбіў прыступы князя Юрыя і прымусіў яго адступіць па дарозе на Вільню. Фраза "Стараста тамашні Якуб зь Селіцы, падасьпеў хутка з Голдава" дазваляе сьцьвярджаць, што абодва паселішчы існавалі ў 1406 годзе.

Сялец. Пра Сялец, нашыя веды вельмі скупыя. Зь сярэдзіны ХУІ стагоддзя Сялец належаў Радзівілам. У 70-х гадах ХУІІІ стагоддзя ў Сяльцы існаваў збор кальвіністаў. У 1885 годзе была адчынена школа пісьменства ад Беліцкага прыходу. У пачатку XX стагоддзя ў Сяльцы жыло 397 чалавек,якія валодалі 486 дзесяцінамі зямлі. Тут жа разьмяшчаўся маёнтак князя Вітгенштэйна (878 дзесяцін. 26 работнікаў) і фальварак княгіні Трубяцкой (517 дзесяцін. 7 работнікаў). Была лаўка, жыў стражнік. Варта адзначыць, што на Нёмане ў пачатку стагоддзя землямі валодала вельмі тытулаваная кампанія: князь Вітгенштэйн, князь Гагарын, князь Агінскі, княгіня Трубяцкая, граф Грабоўскі. Сялец (Селіца) — відазьмененая форма слова "сяло", яна зьяўляецца самай распаўсюджанай назвай сельскіх населеных пунктаў Беларусі: Вялікае Сяло, Сяльцо, Сялецк, Сялецкае, Селішча, Сялко, Сельцы, Сялявічы, Сяляўшчына, Вялікія Сялюцічы, Малое Сяло і г. д.

Голдава. Першапачаткова Голдава называлася Олдава ці Оўдава. У 1495 г берасьцейскі намесьнік Сёмка Алізаравіч купіў двор Олдава ў жалудокскага баярына Пятрашкі Міхайлаеіча. Каля 1506 года Олдава перайшло да дачкі Алізаравіча Настасьсі, якая запавядала маёнтак свайму мужу — старасьце: прапойскаму, чачэрскаму і варнянскаму, князю Івану Міхайлавічу Вішнявецкаму, які ў 1542 годзе пакінуў Олдава сваёй другой жонцы Магдалене Дэспат, якая выйшаўшы другі раз замуж за князя Аляксандра Федаравіча Чартарыйскага (1500 — 1571), пакінула двор яму. А.Ф.Чартарыйскі вызначыўся ў ратнай службе, у 1554 годзе быў прызначаны ўладзімірскім старастам, а ў 1566 годзе — і валынскім ваяводам. Яго сын, Міхаіл Аляксандравіч Чартарыйскі — стараста жытомірскі, ў 1581 годзе прадаў маёнтак кашталяну Лідзкага павета Трызьне. Да пачатку XVIІ стагоддзя Олдава разраслося да мястзчка, тут праводзіліся гандлі і кірмашы, была пабудавана праваслаўная царква. У гэты ж час назва мястэчка апалячылася. На карце гарадоў і мястэчак Літвы выданьня 1650 г мястэчка абазначана (Голдаў).

У 1633 годзе пры Голдаўскай царкве А.Трызна заснаваў кляштар У 1660-1680 г. Маёнткам валодаў Магілёўскі праваслаўны епіскап Клімент Трызна. У 1680 годзе польскі кароль і Вялікі князь Літоўскі Ян Сабескі пацьвердзіў мястэчку прывілеі на гандлі і кірмашы.

У 1718 годзе маёнтак купіў троцкі падсудак (сябар земскага суда) Францішак Вянцковіч. Ён перавёў царкву з кляштаром у падпарадкаваньне Рыму, у вунію і ў 1721 г падараваў вуяніцкаму кляштару ворную зямлю і сялян. У 1762 годзе Голдава ў якасьці пасага, ад дачкі Вянцковіча, атрымаў падскарбі (эканом вялікакняскіх маёнткаў) Антоні Скарбак Важынскі. Ён пабудаваў у Голдава прыгожую сядзібу з домам зь лістоўніцы. Дом прастаяў да першай Сусьветнай вайны. У Антоні Важынскага не было дзяцей, і Голдава перайшло да яго малодшага брата Фелікса. У 1795 годзе Фелікс Важынскі на месцы спарахнелага кляштара пабудаваў новую драўляную вуяніцкую царкву раства Багародзіцы, якая захавалася да гэтага часу. У царкве быў пабудаваны арган, стаялі лаўкі, у пачатку XIX стагодзя ў царкве на набажэства зьбіралася да тысячы прыхаджан.

Ад Фелікса Важынскага маёнтак прыняў у спадчыну яго адзіны сын Антоні (нарадзіўся у 1788 г) — маршалак лідзкі (намесьнік кашталяна), які каля 1825 года ажаніўся на Францішцы Ласковіч гербу Кораб, адзінай дачцэ да таго часу памёрлага Караля Ласковіча — лідзкага суддзі. У пасаг маладая прынесла маладому маёнтак Ішчолну з прыгожай каменнай рэзідэнцыяй. У гэтай рэзідэнцыі спыняўся расейскі імператар Аляксандр I, за ігру на арфе ён падараваў паненцы Ласковіч брыльянтавую стралу. Зімой 1821-1822 года ў маёнтку жыў паручнік лейбгвардыі Фінляндзкага палка. Будучы дэкабрыст Аляксандр Розен (1800-1884). Ён пісаў: "Мне аддадзена была кватэра на фальварку замка Ішчолны што належаў тады ўдаве Ласковіч, якая мела адзіную дарослую дачку панну Францішку". Панна Францішка чытала А. Розену ўслух Шатобрыяна і Ламарціна, а маці гуляла зь ім у цьвік прыгаворваючы: "Хто не хазардуе, той не прафітуе" (Маці Францішкі -Элеанора Шукевіч- уладальніца Ішчолны, атрымала маёнтак ад сваёй бязьдзетнай сястры Агнешкі Шукевіч (у замустве -Ваха) па тастаманту. Яе муж Ёзаф Фаха быў значна старэй яе, ён быў гарадзенскім харужым. Яго першая жонка - Мар'яна Бенаховіч. Сям'я Ласковічаў была славутай, а маёнтак багатым. Важынскія пасяліся ў Ішчолне. Маёнтак у Голдаве аказаўся закінутым. У 1827 г у Антонія і Францішкі нарадзіўся сын Баляслаў.

У 1834-1835 г.г. у сувязі зь ліквідацыяй вуяніцтва Голдаўская царква падпала пад унутраную перабудову: устаноўлены праваслаўны іканастас, разабраны арган, вынесены лаўкі, забраны званочкі. Перадача царквы ў праваслаўе абышлася без незадавальненьня тутэйшых жыхароў . Лідскі земскі іспраўнік Вітэнгоф 2 сьнежня 1834 г. дакладваў Гарадзенскаму губернатару Н. Н. Мураўёву: " У Голдаўскай царкве так мала бывае людзой з чэрні таго прыхода, ёсьць повад зазначыць, што ў Баброўскай царкве, што ў бліжэйшай адлегласці знайходзіцца, яшчэ няма інакастаса, куды зараз былыя павярнуліся прыхаджане Голдаўскага прыходу". Мураўёў адзначыў: "... загадваю старацца ў дакладнасьці выканаць ускладзенае на вас прадпісаньне, абсталяваць інакастасы і іншыя духоўныя прыналежнасьці па грэка - усходняму абраду. Даносіць мне толькі пра посьпехі справы".

У 1838 г. да Голдаўскай праваслаўнай царквы былі прыпісаны 1047 чалавек. У 1841 г. Голдава яшчэ захоўвала статус мястэчка. У сярэдзіне ХIХ стагоддзя пры Голдаўскай царкве была пабудована драўляная двухярусная званіца каркаснага тыпу. Каркас з чатырох закапаных у зямпю слупоў быў увенчаны шатровай гонтавай страхой, другі ярус агароджаны балюстрадай з разных дошак. Баляслаў Важынскі ажаніўся на Грабоўскай зь Вялікага Мажэйкава і таксама ня жыў у Голдаве. У 1886 годзе ў Голдаве ў 21 двары жыло 302 чалавекі, былі дзьве праваслаўныя царквы, цагельня і піцейны дом. У 1897 г была адчынена аднакласная царкоўна-прыходзкая школа. У пачатку XX стагоддзя ў вёсцы жыло 279 жыхароў, якія валодалі 262 дзесяцінамі зямлі, была лаўка, дзеці вучыліся ў Голдаўскай народнай вучэльні. Для парадку быў прыстаўлены стражнік. Важынскія захоўвалі за сабой маёнтак плошчай ў 668 дзесяцін, у маёнтку жылі 23 работнікі. Важынскім належалі таксама ў Лябедзкай воласьці маёнтак Бабры, фальваркі Антонаўцы, Агароднікі і Размыслава разам 1511 дзесяцін і 52 работнікі. У Баляслава Важынскага ад Грабоўскай было тры дачкі і сын Баляслаў, які памёр у маладым узросьце ад чахоткі (туберкулёзу). Маёнтак застаўся тром дочкам Сафіі- Марыі і Ізабэле. Пад час Першай сусьветнай, грамадзянскай і польска-савецкай войнаў сёстры Важынскія паўміралі будучы незамужнімі. Па судоваму выраку у 20-х гадах Ішчолну вярнулі сваякам Ласковічаў. Голдава — сваякам Важынскіх. У 30-х гадах уладальнікам Голдава быў Антоні Валойка, арыштаваны бальшавікамі ў 1939 г.

 

ВАВЕРКА

Зусім верагодна, што летапісны горад Вевярэск, што згадваецца ў "Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх" у Першым Наўгародзкім летапісе, папярэднік Ваверкі. Месцазнаходжаньне Вевярэска невядомае, лічыцца, што ён павінен быў знайходзіцца на беразе рэчкі Ваверкі. Археолаг В. Сядоў Вевярэск атаясамлівае са старажытным гарадзішчам ля в. Касьцянёва Шчучынскага раёна на беразе рэчкі Касьцянёўкі. Выказана меркаваньне. што горад і яго жыхары загінулі ў 1257-1259 г.г. пры наезьдзе Бурундая. Ацалелыя гараджане заснавалі новае паселішча і назвалі яго Ваверка.

Думаю, што Ваверка разьмешчана на месцы Вевярэска, бо не выпадкова ў пачатку стагоддзя тут было знойдзена бронзавая ўпрыгожваньне з рэшткамі эмалі, якое М. Шымелевіч у 1904 годзе перадаў у музей пры Віленскай публічнай бібліятэцы.

Пісьмова Ваверка вядома з 1413 г., калі Міхаіл Галігінавіч заснаваў касьцёл Сьвятога Францішка. Праз 50 гадоў удава Сафія Галігінавіч і сын Жынімонт Галігінавіч пацьвердзілі правы касьцёла Сьвятой Троіцы, з чаго можна здагадвацца,ці то ў Ваверцы быў пабудаваны другі касьцёл,ці пераіменаваны ранейшы.

У 1496 г. Старая Ваверка або Вялікая (поблізу зьявілася Новая Ваверка пазьней Дылева) перайшла ў спадчыну да Мікалая Жыгімонтавіча Галігінавіча. Паміж 1501 і 1506 гг. Ваверка нейкім чынам аказалася ў Мікалая Юндзіловіча (Юндзіла) — земскага харужага. Прыводжу ўрывак з каралеўскага прывілея ў тым выглядзе, як ён быў запісаны ў Кракаве 10 красавіка 1511 г: "Прывілей пану Мікалаю Юндзілу, харужаму земскаму, дазволена яму плату зь дзьвюх карчом дубіцкіх чатыры капы грошай і тры капы з маёнткаў сваіх запісаці на касьцёл Сьвятога Станіслава ў Вільні вечна. ... Біў нам чалом харужы земскі, намесьнік конеўскі і дубіцкі пан Мікалай Юндзіловіч і ўказваў перад намі прывілей Аляксандра, караля і вялікага князя яго міласьці, і ў тым прывелеі выпісана, што ж яго міласьць даў яму карчму вольную ў месьце нашым Васілішскім вечна, з каторае ж карчмы дазволіў яго міласьць яму і плату браці на год па пяць коп грошай па таму, як і ныне мяшчане васілішскія плату нам з карчом ад пітва і мёду плацяць. Каторую ж карчму з той платай пан Мікалай Юкдзіловіч для свайго душнага збавеньня хацеў запісаці на капліцу Сьвятога Мікалая ў маёнтку сваім Ваверцы, нежлі бачачы, што ж у тым баку тымі разамі частакрат попалахі ад паганства татар бываюць, тое капліцы ў тым маёнтку сваім не хоча фундаваць і карчмы тые ў Васілішках, каторую ж брат наш яму на вечнасць пажалаваў, цераз тое трымаці не хоча".

Узамен М. Юндзіл атрымаў дзьве карчмы ў Дубічах з аплатаю па дзьве капы грошай у год. Капліца Сьвятога Мікалая у Ваверцы засталася неза-вершаным праектам. За два гады да гэтага. у кастрычніку 1509 г. Юндзіл атрымаў "навечна" ў Львове 28 службаў людзей і дзьве пустаўшчыны за верную службу каралю Жыгімонту, яго брату і бацьку. З чаго выцякае, што ён больш 20 гадоў знайходзіўся на каралеўскай службе, быў пажылым чалавекам і рыхтаваўся да сустрэчы з Богам.

У 1522 г. Ваверка належыць Янушу Станіслававічу Касьцевічу — ваяводзе віцебскаму ў 1514 г, затым падляшскаму, маршалку і дзяржаўцу гожскаму, пераломскаму і радуньскаму. У першай палове 16 стагоддзя пры касьцёле існавала нейкая навучальная ўстанова: у сьпісах студэнтаў Кракаўскага універсітэта за 1513-1550 гг. лічацца хлопцы з Ваверкі. У 1559 годзе ў Ваверцы — 54 дымы, гэта каля 500 жыхароў. У 1568 годзе Ваверскі касьцёл быў перададзены кальвіністам — літоўскія магнаты тады захапляліся навамоднымі рэлігійнымі плынямі. У 1570 г. Ваверка атрымала статус мястэчка, а гэта кірмашы, корчмы, дадатковыя даходы. Мястэчка Ваверка (Vaverka) абазначана на карце Т. Макоўскага 1613 г. У 1617 г. Ваверка належала А. Галеўскаму. Думаю, што гэта быў лепшы час у гісторыі Ваверкі, ніколі пазьней тут не жыло так шмат людзей, ніколі пазьней Ваверка ня мела местачковага статусу.

Пад час расейска-ліцьвінска-польскай вайны 1654-1667 г.г. Ваверка была зьнішчана. У 1659 годзе яна аказалася на шляху расейскага войска Івана Хаванскага. Ад той вайны захавалася невялікая адмеціна: пры ўваходзе ў агароджу касьцёла з правага боку стаіць каменная кадушка - падстаўка пад місачку для абмываньня з добра захаваным надпісам "Ліосновіч Самуэл 1659 г".

У 1792 годзе ўладальнікам Ваверкі быў Караль Ласковіч. За нейкі суседзкі эксцэс ён падаў у суд на Ігнацыя Кастравіцкага, генерал-ад'ютанта караля і кавалера ордэна Сьвятога Станіслава. Суд прысудзіў I. Кастравіцкаму нейкі тэрмін зьняволеньня. Але вязьніцы ў Лідзе не было. Тады Кастравіцкі наняў за свой кошт пакой у кляштары піяраў і там адсядзеў некалькі тыдняў. Гонар вышэй за ўсё...

У канцы XVIII стагоддзя Ваверка ў Кастравіцкіх. Сын Самуэля - генерал артылерыі, удзельнік Напалеонаўскіх паходаў Ігнацы Кастравіцкі на радзіму не вярнуўся, рэшту жыцьця пасьля 1813г. дажываў у Вене. Яго сын Самуэль Кастравіцкі (1788-1859) пакінуў прыкметны сьлед на Лідчыне. У Ваверцы на яго сродкі ў 1840 годзе быў пабудаваны адзін зь лепшых каменных касьцёлаў з гіпсавымі скульптурамі на столі, дзьве зь якіх захаваліся і дагэтуль Ён жа ў Паперні пабудаваў цудоўную канюшню з порцікам і каланадай, дзе трымаўся табун чыстакроўных арабскіх коней, атрыманых у пасаг яго жонкай Ганнай Залескай. Самуэль Кастравіцкі эміграваў у Вену, дзе ад бацькі застаўся палац, і заняўся выхаваньнем і адукацыяй сваіх дачок Меланьні і Юліі ды сына Люцыяна.

Лёс Меланьні Кастравіцкай суперрамантычны: адукаваная, вывучаўшая гісторыю, літаратуру, музыку, жывапіс, валодаўшая класічнымі і еўрапейскімі мовамі, здольная мастачка была прынята пры аўстрыйскім двары. Знайходзілася ў бліжнім атачэньні жонкі Напалеона Банапарта — Марыі Людвікі (1791-1847). У 18 гадоў зацяжарыла, па легендах ад Напалеона II (1811-1832). Сына выхоўвалі прэлаты Ватыкана. Імя яго засталося невядомым.

Лёс Люцыяна Кастравіцкага (1816-1867) драматычна надломлены самадзряжаўнай волей. Калі ён вучыўся ў Парыжскай вайсковай акадэміі пад час візіту расейскага імператара Мікалая І яго прадставілі самадзержцу з найлепшымі пахваламі. Ці то Люцыян нагрубіў імператару, ці то быў прыняты за ўцекача, але па высачайшаму загаду пад аховай быў адпраўлены ў Расею пад нагляд без права выезду. Люцыян жыў у Паперні, жаніўся на Юзэфе Сіклюцкай. У іх нарадзілася трое сыноў і дачка. Меў велізарны масіў зямлі плошчаю ў 15750 гектараў: Паперня (3000га), Ваверка (6000 га), Кавалі (3000 га), Касьцянёва (3750 га), пазьбягаў грамады і лічыўся дзіваком. Згодна з патрабаваньнем жыўшага зь Меланьняй ў Вене бацькі Люцыян спачатку прадаў Ваверку і Кавалі, затым каля 1860 г. прадаў Паперню за дзьвесці тысяч рублёў золатам памешчыку Сьлізяню, праўда з правам выкупу на працягу ста гадоў. Відочна нейкія сямейныя венскія фінансавыя цяжкасьці змусілі яго пайсьці на такі крок. Сваім дзецям Люцыян пакінуў толькі Касьцянёва.

Шкадаваць прададзенай зямлі доўга не давялося: адмена прыгоннага права, паўстаньне 1863 года прывялі да таго, што многія страцілі маёмасьць і свабоду, а некаторыя і жыцьцё. 24 травеня 1864 года ў Вільні па выраку вайсковага суда быў расстраляны настаяцель Ваверскага касьцёла ксёндз Раймунд Земацкі за чытаньне ў сьценах касьцёла маніфеста паўстаньня. Ня выратавалі яго і сьведчаньні прыхаджан, што чытаў ён маніфест па прымусу.

У 1881 г. у Ваверцы былі касьцёл і карчма, жылі 73 жахыры. У пачатку XX стагоддзя становішча прыкметна не зьмянілася: 71 жыхар на 107 дзесяцінах, вёска называлася Вавёркай, побач разьмяшчаліся хутар Жараўскай (19 жыхароў) і засьценак Крупавіча (6 чалавек на 24 дзесяцінах).

Ваверскі прыход заўсёды адносіўся да радуньскага дэканату і ва ўсе часы лічыўся багатай парафіяй. У 1934 -1936 гадах касьцёл быў расшыраны, для чаго былі разабраны дзьве сьцяны, і перабудаваны пад кіраўніцтвам майстра Бепкі зь Вільні. У 30-х гадах пры касьцёле лічылася да 12 тысяч прыхаджан. Старыя могілкі — адна з галоўных знакамітасьцяў Ваверкі. Зьвяртае на сябе ўвагу ступенчатае ўладкаваньне заходняга схілу з дакладнымі ўступамі і наяўнасьць двух узгоркаў з паніжэньнем паміж імі. Калі б мне давялося шукаць старажытны Вавераск, я пачаў бы з гэтага месца. На старых могілках захаваліся помнікі на магілах сярэдзіны - канца XIX стагоддзя: князя Казіміра Гедройца, Юстыны і Леакадзіі з Штанцыеймеяраў, Міхаліны з Скардлеўскіх, Янчыка, Палейчыка, Макарчыка, Ходыша. Тут жа пахаваны восем жаўнераў Арміі Краёвай загінуўшыя 16 чэрвеня 1944 года пад час штурму нямецкага штуцпункта ў Яўлашах. Побач зь імі раней знайходзілася магіла легендарнага "ціха-цёмнага" камандзіра 7 батальёна паручніка Яна Піўніка "Панурага", зьдзейсьніўшага адну з самых бліскучых аперацый польскага супраціўленьня.

Назва паселішча — ад назвы рэчкі, а назва рэчкі ад слова вавёрка, якое гучыць падобна і на беларускай і на летувіскай мовах (Vavere, vaveraite, veveryte). Ці то вавёрак у ваколіцах было шмат, ці то рэчка, як вавёрачка, хуценька зьбягала да свайго вусьця.

 

Мыто

Першыя пісьмовыя згадкі пра Мыто адносяцца да ліпеня 1415 года, калі 65-гадовы кароль Ягайла Уладзіслаў пераяджаючы з Падольля ў Літву прыбыў сюды і нейкі час адпачываў. У сапраўднасьці паселішча мае вельмі старажытны ўзрост. За 1,5 км ад вескі на ўзгорку ва ўрочышчы Зубаўшчына археолагі знайшлі гарадзішча Х-ХІІІ стагоддзяў, а побач на полі выявілі селішча, займаўшае плошчу каля трох гектараў. Мыто разьмешчана на старажытным тракце з Полацка ў Гародню празь Ліпнішкі, Ліду, Ваверку, Васілішкі. Старажытны тракт добра захаваўся паміж Лідай і Мыто. Ён працягваенца паралельна Гарадзенскай шашы. Ад в. Астроўля да в. Цыбары зь левага боку, ад в. Цыбары да в. Мыто з правага сямтам праглядваюцца водаадводныя раўчукі. Выходзіць тракт да насыпу праз пойму р. Дзітва да некалькі існаваўшага драўлянага моста цераз Дзітву. спаленага ў 1-ю сусьветную вайну. Тракт прайходзіў па густым лесе і праежджых сяды-тады рабавалі. Каб сьмялей ехалася на ўзлесьсі перад уездам у лес з боку Мыто стаяла габрэйская карчма.

У 1658г. у Мыто адбыўся соймік шляхты Лідзкага павету. Папярзднія соймікі сто гадоў прайходзілі ў Лідзкім замку, але ў Лідзе ўжо цэлы год зьверствавала маравая язва. У разгары была траццацігадовая расейска-ліцьвінска-польская вайна. За тры гады да гэтага — восенню 1655 года казакі прайшліся па Панямоньню,спустошылі Ліду і ваколіцы. Усе судовыя і адміністрацыйныя ўстановы перасталі функцыяваць. Зьявіліся рабункi, забойствы, наезды на маенткі. Для прыняцьця рашучых мер шляхта павету сабралася 2 лютага 1658 года у Мыто. Соймік устанавіў надзвычайны парадак вядзеньня спраў па злачынствах і вызначыў за іх самыя суровыя пакараньні. Паседжаньне праходзіла пад кіраўніцтвам Мартына Дамініка Лямонта (Лімонта) — лідзкага земскага суддзі, славутага тым, што ў тым жа годзе заснаваў у Васілішках касьцёл і кляштар дамініканцаў.

Праз год цераз Мыто ў бок Гародні прайшло 30-тысячнае войска расейскага ваяводы Івана Хаванскага, зраўняўшае Ліду зь зямлёй. Трэба думаць. бяз бою на пераправе не абышлося. Мыто, канешне, пацярпела ад бою і рабункаў.

У 1671 годзе пры нявысьветленых абставінах быў забіты сьвятар Мытлянскай вуніяцкай царквы Багдан Варатынскі. Пра гэта згадваецца ў дакументах архіва вуяніцкіх мітрапалітаў.

У 40-х гадах XIX стагоддзя ў Мыто на месьце вуяніцкай царквы была ўтворана праваслаўная парафія, да якой у 1838 годзе былі прыпісаны 272 прыхаджаніна. Сучасная праваслаўная Пакроўская царква пабудавана ў пачатку XX стагоддзя, калі ў вёсцы жыло 135 жыхароў (72 мужчынскага полу, 53 жаночага). якія валодалі 206 дзесяцінамі зямлі. Функцыявала Мытлянская народная вучэльня, валасная ўправа, лаўка, меўся стражнік. Побач разьмяшчаўся маёнтак Чапялеўскага, у якім жыло 40 работнікаў. Чапялеўскім належалі таксама маёнтак Дзітва Тавашоўская, Рулевічы і фальварак Аляксандраўшчына. Валодалі яны ўвогуле 3800 дзесяцінамі зямлі.

У 1907 годзе пры выбарах у першую Думу ад Мытлянскай воласьці былі абраныя ў якасьці выбаршчыкаў сяляне Ціхно і Канановіч. 4 лютага ў нядзелю ксяндзы пасьля прыезду сялян у Вільню пасялілі іх асобна ў доме Верашчакі ў Юнкерскім завулку. Высьветлілася, што іх спрабавалі ўгаварыць, каб правесьці ў думу 4 памешчыкаў і 2 мужыкоў і не прапусціць ні аднаго габрэя, абяцалі за гэта грошы. Ціхно павёў сябе падазрона. У Мытлянскай воласьці пайшла чутка. што пайшлі ў Думу адны паны, а калі і трапіў адзін мужык, то і таго не хваляць. Неўзабаве зьявіўся артыкул у газеце "Наша Ніва" дзе пісалася, што, якія аддалі паміж здраднікамі нашу долю панам былі і нашыя выбаршчыкі Канановіч і Ціхно". "Зьменшчыкау юдашых! Горкай асіны вам мала! Што ж вы нас, як бульбу прадавалі". Такога гоману на іх паднялі, што страх.

Ксёндз наш ваверскі ўзяў нашых выбаршчыкаў пад апеку, ды з амбона абараняў іх. Казаў, што дэпутаты - паны стаяць за нас у Думе шчыра і вельмі харошыя. Казаў не злаваць на тых, каго мы называем здраднікамі, а таксама і на васілішскага ксендза, які ўсю гэтую гісторыю зладзіў, бо ён па іх прысылаў паштовыя тройкі і ў першым класе, як паноў, павёз у Вільню. Тут, гавораць нейкія чарнавусыя вінаваты, а хто не сказаў.

Назву сваю вёска атрымала ад слова мыт, мыта — дзяржаўны збор за ўвоз тавараў. Паселішчы з аналагічнымі назвмі ёсць і ў Расеі (Мыцішчы),і Чэхіі. Мыта бралася пры правозе тавараў праз памежныя заставы. Дзітва многія стагоддзі была памежнай рэчкай паміж ліцьвінамі і дайноўцамі, пазьней паміж Гарадзенскай і Лідзкай землямі, паміж уладаньнямі Вітаўта і Ягайлы. Пры пераправе ўзьнікла мытная застава, а пры ёй паселішча. якое атрымала натуральную назву Мыта ці Мыто.

 

Дылева

Дылева ў дакумантах 15-16 стагоддзя называлася Новай ці Малой Ваверкай. Так называў свой маёнтак Аляксей Дыла, заснаваўшы тут у сярэдзіне XVI стагоддзя парафіяльны драўляны касьцёл. 8 кастрычніка 1478 года ўдава Аляксея Дылы — Сафія Дыла склала тастамант. па якому падаравала парафіяльнаму касьцелу ў Новай Ваверцы "ворнай зямлі на 40 бочак" і два лугі на адзін і два стагі сена".

Як быццам бы ў 16-18 ст.ст. у Дылеве існавала місся езуітаў, у канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя пры касьцёле дзейнічала школа для дзяцей тутэйшых жыхароў. У сярэдзіне XIX стагоддзя, паводле аповяду Г. Марціновіча, касьцёл хацелі перарабіць у царкву, для чаго прыслалі з Баброў і Голдава майстроў пад аховай урадніка. Калі майстры палезьлі на страху, аднаго зь іх адтуль скінулі тутэйшыя сяляне. Вінаватыя былі арыштаваныя і сасланыя на катаргу. Касьцёл быў зьнесены пасьля паўстаньня 1863 года. Ад яго захаваліся каменныя фундаменты і дзьве надмагільныя пліты (1х2 м) з карэльскага чырвонаколеровага кварцбіятытавага граніту. Успамінаюць, што большую з магільных пліт везьлі 12 пар коней. На палірованай паверхні выбіты імёны і прозьвішчы да Бога пайшоўшых:


1 пліта
Тадэвуш Грабоўскі 1792-23.02.1858
Казіміра Грабоўская 20.02.1842-12.01.1860

2 пліта
Людвіка Ваўчанка жыла 70 гадоў. памерла 11.02.1831 г.
Разалія Шукевіч жыла 78 гадоў. памерла 28.01.1850 г.
Вікторыя Шукевіч жыла 21 год. памерла ў 1827 г.
Леанарда Шукевіч жыла 37 гадоў, памерла 7.12.1852 г.


Усе, акрамя Вікторыі Шукевіч, памерлі ў цяжкія для ліцьвінскай шляхты гады, паміж паўстаньнямі 1831 і 1863 г. Уміралі ў лютыя зімовыя месяцы: сьнежні, студзені. лютым. Пліты зроблены у прамежку паміж 1853 і 1862 гг. Надмагільную пліту Шукевічам замаўляў, відавочна, Томаш Шукевіч — суддзя лідзкага павета. Побач з касьцёлам разьмяшчаліся могілкі, на якіх хавалі жыхароў навакольных вёсак. сьлядоў ад іх не засталося.

У пачатку XX стагоддзя меліся тры паселішчы з назваю Дылева: Старое Дылева — 111 жыхароў на 169 дзесяцінах, Новае Дылева — 26 жыхароў на 142 дзесяцінах і засьценак Дылева — 15 жыхароў на 34 дзесяцінах.

Назва вёскі паходзіць без усялякага сумніву ад позьвішча Дыла. Аляксей Дыла прэтэнзіцыйна назваў свой маёнтак Новай Ваверкай, спадзяючыся пераўзысьці Старую, гісторыі ж было да спадобы, каб Нова-Ваверка ператварылася ў Дылева. У вёсцы зараз жыве сямья з прозьвішчам Дула.

 

Крупава

Пра вёску Крупава (да 1939 г. — в. Крупа) зьвесткі вельмі абмяжаваныя. Па зьвестках Т. Нарбута ў 1450 г. тут быў заснаваны касьцёл. Наяўнасьць касьцёла гаворыць пра тое, што паселішча было не з маленькіх. У Радуні, Балотне (суч. Воранава), Жалудку касьцёлаў яшчэ не было.

Паселішча Крупа абазначана на каце Т. Макоўскага 1613г. выданьня. 3 XVII стагоддзя Крупай валодалі Шукевічы, ёсць зьвесткі, што Крупай валодалі таксама Нарбуты. У некаторых гістарычных працах паведамляецца, што Казімір Даніэль Нарбут нарадзіўся не ў Дакудаве, а ў Крупе.

Дакладна вядома, што ў пачатку XX стагоддзя былі дзьве Крупы. Першая і Другая. у іх жыло 235 чалавек, якія валодалі 251 дзесяцінай зямлі. Побач, у маёнтку Крупа, які належаў Шукевічам, жыў 21 чалавек. За маёнткам лічылася 400 дзесяцін зямлі. Шукевічы валодалі таксама фальваркам Пурсці (290 дзесяцін, 13 работнікаў) і засьценкам Чырвоным (5 работнікаў).

Дзякуючы Шукевічам в. Крупава вядомая сусьветнаму грамадзтву. Выпускнік Пецярбургскага кадзецкага корпуса і Адэскай артылерыйскай афіцэрскай школы падпаручнік Вацлаў Шукевіч быў арганізатарам і начальнікам Лідзкай самаабароны ў лістападзе-сьнежні 1918 года. Яго маці — Марыя Шукевіч (дзявочае прозьвішча Лукашэвіч) з 1918 па 1935 год была прэзідэнтам Лідзкага таварыства полек. Яго дзед Томаш Шукевіч, лідзкі суддзя, у 1863 годзе быў сябрам паўстанцкага камітэта, за што быў сасланы ў Табольск. Там вырас бацька Вацлава — Людвік Шукевіч. Вацлаў Шукевіч. удзельнік баёў пад Варшавай у 1920 годзе, выпускнік Варшаўскай палітэхнікі, начальнік аддзела сінтэзу каўчуку хімічнага інстытута, вынайшаў спосаб прамысловага атрыманьня штучнага каўчуку. У 1936 годзе пад яго кіраўніцтвам была пабудавана першая ў Польшчы і трэцяя ў сьвеце фабрыка па вытворчасьці штучнага каўчуку (КЕRа). Да верасьня 1939 года Шукевіч быў генеральным дырэктарам гэтай фабрыкі. У канцы 1941 года дабраўся да ЗША, працаваў у гуматэхнічнай прамысловасьці, удзельнічаў у выдавецтве польскіх газет. Узнагароджаны Крыжам за Адвагу і залатым Крыжам Заслугі. Памёр у 1992 годзе на 96 годзе жыцьця. Парэшткі яго пахаваны на Алеі заслужаных ў г. Дайлестоўн у штаце Пенсільванія. Плямяньніца Вацлава Шукевіча, хрышчаная ў Крупаўскім касьцёле, Аліна Сурмацкая - Шчасьняк — доктар навук. Мае 12 патэнтаў, працавала ў харчовым канцэрне ў ЗША.

Назву сваю вёска атрымала ад рачулкі Крупкі, што ўпадае ў Дзітву. Беларускія тапанімісты (Жучкевіч, Юрэвіч) лічаць. што р. Крупка ад назваы расьліны зь сямьі крыжакветкавых — крупка. Крупкі пералескавая, стэпавая і сібірская растуць на беларускаіх сухіх лугах, на ўзгорках, на схілах, на папарах. Расьліна з дробнымі белымі і блякла жоўтымі кветачкамі з далікатнымі лісточкамі - пладастручкі, зь іх восеньню вылушчваюцца зярняткі (крупкі). 3-за мноства гэтай расьліны рэчку назвалі Крупкай, а затым і вёску Крупай, а пасьля вайны абрасеілі, назвалі Крупава Вядома мноства паселішчаў у краіне з падобнымі назвамі: Крупейкі, Крупіца, Крупкі, Круплі. Крупля, Крупня, Крупскі, Круповічы, Крупішчы і г. д.

У Лідзе і на Лідчыне шырока распаўсюджаны такія прозьвішчы.

Пра крупы і Крупу з 17 стагоддзя вядома цікавае чатырохрадкоўе, складзенае езуітам Войцахам Інесам.

Наш Ягело збіл кжыжакі,
  І тэн Крупа хцэ быць такі.
  Дармо сушыш музг нябожэ,
  Крупа ядлем быць не можэ.

якое дазваляе вылучыць і дзьве іншыя просьценькія версіі. Пад Крупай маглі мецца на ўвазе як звычайныя крупы, так і прозьвішча. Абодва азначэньні ў сярэднявеччы шырока скарыстоўваліся.

 

Бердаўка

Гісторыя Паселішча з назваю Бердаўка ўпершыню згадваецца ў двух прывілеях пацьверджаньнях, падпісаных у Кракаве польскім каралём Жыгімонтам 28 траўня 1527 г. сынам лідзкага і беліцкага старасты, маршалка надворнага Юрыя Ільініча: Яну, Станіславу і Шчаснаму на палюбоўны падзел бацькоўскіх уладаньняў на тры долі: "А третяя часть именья, отчизны их, достала брату іх, пану Станиславу - замок Мир в повете Новъгородском, со вьсими дворцы, што к нему принадлежать: Жуховичи а Медведицы, а Жеребковичи, а Бретинки, а двор Бердовька и Придыбайловский дворец; и люди креговицкие, тежь з бояры и з именья боярскими, и з слугами путными..., и з землями: што к тому замку, к Миру,и к тьм дворцам, вышеймененым прислухает ".

Праблема заключаецца ў тым, што існуюць дзьве Бердаўкі: лідзкая і наваградзкая. 3 каралеўскага прывілея не выцякае, пра якую зь іх ідзе гаворка, але двор Бердаўка ідзе ў пары з Прыдыбайлаўскім дваром і слова дворец, у прывілеі нельга перакладаць на сучасную беларускую мову, як палац, гэтае слова трэба чытаць, як , дворец, невялікі двор, невялікі маёнтак адпаведна і з панскім домам, або палацам,заўвага рэд.), а Прыдыбайлы вядомы толькі лідзкія. Iх Юры Ільініч набыў у 1525 г.

Лепшы даваенны знаток Лідчыны Міхал Шымілевіч пісаў, што Бердаўка ў ХУІ стагоддзі зьяўлялася прыватнай уласнасьцю Бердаўскіх.Сучасны польскі гісторык Роман Афтаназы, які спецыялізуецца на гісторыі шляхочых усадзьбаў, лічыць, што Бердаўка — радавое гняздо Бердаўскіх гербу Мандроскі.

Са сваім радавым маёнткам Бердаўскія рассталіся ў другой палове XVII стагоддзя, у 1662 годзе маёнтак яшчэ належаў ім, а ў 1690 г. Аляксандру - Яну Масевічу. Наступныя гаспадары: Крэчаты (1700), Гінгалы (1750), Тамаш Умястоўскі (1784), Юзэфа Жабіна (1813), Нарбут.

Пра сям'ю Бердаўскіх вядома ня шмат: у 1550 г Станіслаў Бердаўскі быў лідзкім харужым, г.зн. правадыром і сцяганосцам шляхочага аддзела Лідзкага павета. У 1567 годзе ў Ашмянскім павеце валодалі землямі Якуб Бердаўскі і яго жонка Алена Андрэеўна Перлаўская. У 1830 г. Кароль Бердаўскі, сын Матэвуша яго сыны: Станіслаў, Аляксандр, Кароль і сын Караля - Кастусь падалі дакументы на шляхецтва і былі ўпісаны ў шляхочыя кнігі Віленскай губерніі. У 1863 г. Эдвард Бердаўскі з Няпрахі ўдзельнічаў у паўстаньні і вымушаны быў эміграваць. У пачатку XX стагоддзя Бердаўскія валодалі землямі ў Дубіцкай, Арлянскай і Шчучынскай валасцях Лідзкага павета. Перад другой сусьветнай вайной у Лідзе была крама сясьцёр Бердаўскіх, адзін з унукаў Аляксандра Карлавіча валодаў фальваркам Драгуці (зараз Воранаўскі раён), другі, як асаднік, атрымаў зямлю ў Шчытніках. Рэвалюцыі і войны раскідалі Бердаускіх па сьвеце: Алаіз пахаваны ў Варкуце, Вільгельм — недзе ў ЗША, Станіслаў - на Ваверскіх моігілках.

У пачатку 60-х гадоў XIX сгагоддзя Бердаўка перайшла ва ўласнасць Вінцэнта Захватовіча. За ўдзел у паўстаньні 1863 г. маёнтак у Захватовіча быў канфіскаваны, сам ён аказаўся на выгнаньні. Імператарскім пажалаваньнем Бердаўка дасталася Станіславу Дамбавецкаму (Дубавецкаму)(1840-1914),па-водле легендаў пазашлюбнаму сыну расейскага імператара Аляксандра II. Быццам бы Станіслаў Дамбавецкі за нейкую суму ўсынавіў дзіця да яго нараджэньня.

Аляксандр Станіслававіч быў вельмі вядомай асобай ў Расейскай імперыі. Ён скончыў Кіеўскі ўніверсітэт, з 1870 г. камергер і ганаровы судзьдзя Лідзкага павета. Аляксандр Станіслававіч у 1872года ( Дамбавецкаму 32 гады !) -- магілёўскі губернатар, з 1893 г. — сенатар. Імя яго можна знайсьці ў Беларускіх савецкіх энцыклапедыях, дзе ён згадваецца, як вядомы беларускі краявед. А.С.Дамбавецкі быў ініцыятарам рэарганізацыі ў 1878 годэе Магілёўскага музея, а таксама рэдактарам калектыўнай трохтомнай працы "Спроба апісаньня Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, навучальных, медычных і статыстычных адносінах", выдадзенай у 1882 - 1884 г.г. — адзінага падобнага роду дасьлед-ваньня. За калекцыю магілёўскіх сельскагаснадарчых і этнаграфічных прадметаў А.С.Дамбапецкі на Ўсерасійскай антрапалагічнай выставе ў Магкве быў узнагароджаны Залатым жэтонам. У 1893 г. пры яго ўдзеле ў Магілёўскім музеі былі створаны гістарычны, этнаграфіічны і геаграфічны аддзелы, дзякуючы чаму Магілёўскі гісторыка-этнаграфічны музей да гэтага часу застаецца адным зь лепшых на Беларусі.

У другой палове XIX стагоддзя А.С Дамбавецкі пабудаваў у Бердаўцы эфектны неагатычны палац — адзін зь лепшых на Лідчыне,што захаваліся да нашых дзён. Палац уяўляе сабой двухпавярховы простакутны будынак з рызалітам (выступам) цэнтральнай частцы. Верхні паверх рызаліта ў форме квадратнай вежы, вежа завершана каменнаю каланадаю і вуглавымі маленькімі вежачкамі. Цэнтральны ўваход быў зроблены ў выглядзе арачнага порціка з балконамі, які агароджаны чыгуннай балюстрадай. Фасад палаца зь дзевяцьцю высокімі вузкімі вокнамі разьдзелены пілястрамі. Аконныя праёмы простакутнай формы, некаторыя зь іх упрыгожаны дэкаратыўнымі элементамі ў выглядзе стрэльчатых філёнгаў. Цэнтральны і два крайніх ваконных праёмы зараз эакладзены цэглай. у 1939 годзе закладзены былі толькі два аконныя праёмы верхняга паверху з боку сада. Страха будынка двускатная, гладкая. Пад будынкам маюцца велізарныя скляпеньні агульнай плошчай больш 10(1 кв.м., падэеленыя магутнымі цаглянымі сьценамі на тры памяшканьні са зводчатымі столямі. Спусьціцца ў скляпеньні можна было толькі знутры па лесьвічнаму спуску і кароткаму пераходу. У кожным з склепавых памяшканьняў у сьценах маюцца нішы для сьвяцільнікаў. Відавочна скляпеньні прызначаліся для захоўваньня віпных запасаў. Глыбіня склепавых памяшканьняў да 4 м. Таўшчыня сьцен дасягае 1,5 м. У 50-я тады, калі склепы вырашылі выкарыстаць для захоўваньня бульбы і гародніны, чацьвёра мужчын тыдзень білі сьцяну. Нічога,акрамя будаўнічага сьмецьця, зараз там не захоўваюць. Нутраныя памяшканьні перабудаваны, разабраны кафельныя печы і некаторыя сьцены.

Паводле ўспамінаў пячная кафля была белай з малюнкамі і ўпрыгожваньнямі. Дымаходы праходзілі ўнутры сьцен. Толькі адзін з пакоеў, які зараз займае бібліятэка, захаваў першапачатковы выгляд: крыжападобная зводчатая столь,арачныя невялікія дзьвярныя праёмы, нішы ў магутных (да 1,2 м) нутраных сьценах.

Побач з палацам пазьней быў прыбудаваны невялікі аднапавярховы будынак з двухскатнай страхой, які служыў кухняй і каморай.Кожная цагліна гэтага будынка адзначана заводзкім кляймом --- літарай "Б'. У Лідзе на вуліцы Труханава 30 маецца будынак, пры будаўніцтве якога скарыстоўвалася такая ж фірмовая цэгла. Будынак будаваўся, як кузня пры дэпо для першай прайшоўшай праз Ліду чыгункі Вільня - Лунінец. На будынку маецца дата пабудовы 1886 г. , што дазваляе вызначыць і час будаўніцтва прыбудовы да палаца — 80-я гады XIX сгагоддзя. Палац жа пабудаваны, відавочна, у канцы 60-х -- пачатку 70-х гадоў.

Адначасова,мяркуючы па падабенству цэглы і некаторых архітэктурных асаблівасцях, быў пабудаваны двухпавярховы будынак для прыслугі. Тады ж была абсталявана тэрыторыя: разьбіты пейзажны парк з дубамі, лістоўніцамі, блакітнымі ёлкамі, таполямі, бярозамі, ясенямі, клёнамі, кедрамі і нават коркавым дрэвам. На схіле была абсталявана крыніца. На безымяннай рачулцы ўтвораны стаў. Берагі става ў наш час эарасьлі кустамі і баршчэўнікам зь незвычайна буйнымі лістамі, дыяметр некаторых зь іх перавышае 1.5 м.

У 1904 -1905 гг. А.С.Дамбавецкі на беразе става пабудаваў сьпіртзавод, на схіле былі ўзьняты гаспадарчыя пабудовы. Тады ж у гаспадарчай зоне быў пабудаваны цагляны будынак невядомага прызначэньня. На яго фасадзе захавалася частка намаграмы, якая чакае свайго дэшыфравальніка.

На тэрыторыі парку ў адной лініі з палацам знайходзіцца драўляны аднапавярховы будынак даволі нявызначанага ўзросту, па логіцы ён павінен быць больш старажытным, чым палац.

У пачатку XX сгагоддэя маёнтак Бердаўка ахопліваў 660 дзесяцін зямлі, да яго былі прыпісаны 118 работнікаў. У маёнтку вырошчваліся жыта, пшаніца, лён, каноплі, бульба. А.С. Дамбавецкаму належалі таксама маёнткі Сліжы і Косоўшчына, засьценкі Глебаўшчына і Харужаўцы — усяго 1017 дзесяцін і 204 работнікі. У Харужаўцах дзейнічала цагельня, мяркуецца. што яна называлася Бердаўскай і выпускала фірмовую цэглу зь літарай "Б". У траўні 1913 года А.С Дамбавецкі па старасьці гадоў ці ў прадчуваньні вайны пачынае прадаваць свае землі: 15 траўня прадаў 19 дзесяцін Мікалаю Мікалаевічу, затым 7 дзесяцін Сантоцкаму Івану Станіслававічу. Праз год - 19ліпеня (1 жніўня) 1914г. Германія аб'явіла вайну Рассі, восеньню 1915 г. у Бердаўку увайшлі кайзераўскія войскі. Пасьля Сусьветнаіі. Грамадзянскай і Расейска-Польскай войн Дамбавецкія ў Польшчы не аб'явіліся. Па перапісу, праведзеным 30 верасьня 1921 г., у фальварку Бердаўка ў 7 жылых дамах пражываў 121 чалавек. У 1922 г. фальварак перайшоў Дзяржаўнай Скарбніцы. На землях былога маёнтка па хутарах было расьселена 16 сямен асаднікаў, якім нарэзалі па 15-30 гектараў ворыва і вызвалілі ад падаткаў. У людзкой памяці засталіся прозьвішчы некаторых зь іх: Яраслаўскі, Міраслаўскі. Яшчэнскі (Яшчэмскі), Дулько, Халеўскі (Халявінскі), Касьцельнік. У 1923 г. Соймік Лідзкага павету арганізаваў у маёнтку сельскагаспадарчую школу. Дырэктарам школы быў прызначаны Квяткоўскі, выкладчыкамі запрошаны Білат, Спарчынскі, Буцэвіч.

Навучаньне ў школе працягвалася 11 месяцаў зь 15 студзеня па 15 сьнежня, кошт навучаньня складаў 5 (7 ?) злотых у месяц. Прымалі па 35 - 40 чалавек. Выкладаньне вялося на польскай мове. Школа мела 32 гектара падсобнай гаспадаркі. Навучэнцы атрымоўвалі практычныя веды па зямляробству, садаводству, агародніцтву і жывёлаводству, навучаліся асновам першаснага ўліку, досьведу перадавых гаспадарак. Школа выконвала таксама асьветніцкія задачы: вялася племянная работа, меўся пункт ачысткі насеньня і пракату новай земляробчай тэхнікі.

У канцы 20-х гадоў нашчадкі Вінцэнта Захватовіча ўзбудзілі судовы працэс аб вяртаньні ім Бердаўкі і працэс гэты выйгралі. Польскі ўрад заключыў з Захватовічамі палюбоўнае пагадненьне: землі і будынкі засталіся дзяржаве, а нашчадкам паўстанца былi вернуты лясы. У 1933 г. Ян Захватовіч — спадчынны ўладальнік Бердаўкі бясплатна даў будаўнічага лесу на завяршэньне будоўлі капліцы ў Цьвермах.

У 1934 - 1935 г.г. у Бердаўцы быў заснаваны племянны конезавод. Пагалоўе коней у Польшчы на той час набліжалася да 4 мільёнаў і мела патрэбу ў акультурваньні. Былі пабудаваны тры цудоўныя велізарныя канюшні, дзьве зь іх пад чырвоным шыферам, агульнай плошчай 1887 кв.м. на 122 племянныя жарабцы: каменны аднапавярховы з мансардай асабняк для дырэктара конезавода і чатыры шасьцікватэрныя драўляныя дамы для сьпецыялістаў. Сьпецыялістаў запрасілі зь Гнезна і Бяла-Падляска: прыехалі Бортак Уладзіслаў, Ванцяховіч Юзаф,Нітко Юзаф, Сьліётр Станіслаў, Сегенчук Мікалай, Сьвятляк Ян, Сьвярчэўскі Франц, Турок Пётр, Пэрдам Эдвард, Шчэрба Юзаф, Кавальскі. Зарплата ім па тых часах была вызначана не малая — 150 - 220 злотых (карова каштавала 100 злотых). На конезавод былі завезены племянныя жарабцы чыстых ангельскіх крывей, а таксама шведзкія гудбрансдалі. Пры заводзе меліся сьвінарнік, аўчарня, невялікі вадзяны млын.

У 1936 г. была пабудавана драўляная школа з трох класных пакояў, настаўніцкай і гардзеробнай. Настаўнічаць прызначылі сям'ю Кшамінскіх. Да гэтага дзеці зь Бердаўкі хадзілі на заняткі ў в.Бакуны. 18 верасьня 1939 г. у Бердаўку ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі. Сем'і асаднікаў неўзабаве "паехалі" ў Казахстан. Спыніла сваю асьветніцкую дзейнасьць сельскагаспадарчая школа. На месьце польскай школы была адчынена беларуская пачатковая. У палацы разьмясьцілася вайсковая частка. Зрэшты, ненадоўга, у ліпені 1941 г. у Бердаўку ўвайшлі нямецкія войскі.

Дзейнасьць конезавода была адноўлена ў 1942 г. Гаспадаркай на працягу двух гадоў кіравалі немцы: ураўнаважаны, спакойны дырэктар Брайтэк, жорсткі, успыльчывы, з нагайкай у руцэ заатэхнік Фос, і аграном — прозьвішча яго забылася. Немцы прывезлі бельгійскіх кургузых жарабцоў з абрэзанымі хвастамі і двухкорпусныя плугі, у якія запрагалі чацьвярык жарабцоў і ўзорвалі за дзень 1,1 - 1,3 гектара. У Бердаўцы разьмясьціўся аддзел жандармерыі, пабудавалі бліндажы і выкапалі 4 бункеры.

У ваколіцах дзейнічалі партызаны: у раёне Дакудава — "чырвоныя" — партызанскі аддзел "Іскра" пад камандаваньнем 23-гадовага А.А. Конава, у раёне Сьцеркава — "белыя". У ліпені 1943 г. да "чырвоных" сышоў ветлекар Іван Цікач і вывеў э сабой некалькі коней зь сёдламі. Нехта ў адну з начэй спрабаваў падпаліць канюшню: была вялікая страляніна, пажар удалося патушыць.

"Жылося цярпіма, зарплата выплачвалася без затрымак, і значна перавышала пасьляваенную калгасную. Рабункаў не было". Адзін навучальны год настаўніца Кшамінская вяла ўрокі ў школе на беларускай мове.

8 ліпеня 1944 г. праз Бердаўку на Ліду наступалі кавалерыйскія часткі. У брацкай магіле ў парку пахованы 44 чалавекі: 8 лейтэнантаў, 8 сяржантаў, 2 яфрэйтары, 23 шарагоўцаў і 3 партызаны. У 1950 г. побач былі перазахованы лётчыкі: маёр В.С.Зайцаў і мал.лейтэнант П.П.Первых, што загінулі 17 жніўня 1944 г. 31 мясцовы жыхар мужчынскага полу былі забраныя ў войска. 13 зь іх не вярнулася.

1 верасьня 1944 года ў Бердаўцы адчынілася школа, першым яе пасьляваенным дырэктарам быў Васіль Фёдаравіч Рынькевіч, яго дачка Алена Васільеўна Рынькевіч — заслужаная артыстка БССР, доўгія гады працавала v тэатрах Менска. У 1947 г. дырэктарам Бердаўскай школы быў прызначаны Ігнат Мацьвеевіч Шафранскі, разам зь ім у школу прыйшла А.В.Васілеўская, якая арганізавала першую школьную камсамольскую групу. У 1951 годзе 15 выпускнікоў школы атрымалі атэстаты сталасьці.

Дзейнасць коннага завода надоўга не перапынялася, у 1944 г. ён атрымаў статус дзяржаўнай канюшні. 23.04.1945 г. Выканкам Лідзкага раённага Савета замацаваў за Дзяржканюшняй 300 гектараў ворыўнай зямлі і 200 гектараў сенажаці. Да 156 га ворыўнай зямлі пры цэнтральнай усадзьбе далучаны 101 га ад гаспадаркі Кір'янаўцы і 33 га ад гаспадаркі Філіпкі і 12 га дзяцеліны. "В целях сохраненія и использования жилых построек, бывшем имении Кирьяновцы и в бывшем имении Филипки передать их Госконюшне с правом переноса построек из Филипок на цэнтральную усадьбу ГКЗ в виду их систематического расхищения на месте ". За пяць дзён да гэтага было вырашана "... племенного жеребца, находящегося на заводе сельхозмашин №1 в г.Лида, как трофейного, изьять из ведения завода и передать Лидской ГКЗ". Першым дырэктарам Лідзкага ДКЗ быў прызначаны Тышэрскі.

Дзяржканюшня функцыявала да 1958 г., дырэктары мяняліся амаль кожны год. Тышэрскага замяніў Курашоў, затым Ялманаў, Чэрнікаў, Конараў, Худчанка,Бычкоў ... Больш за іншых запомніўся Аляксандр Карпавіч Худчанка, ён дырэктарставаў ў сярэдзіне 50-х гадоў. 3 племяннога табуна захавалася некалькі даваенных жарабцоў, у 1946 г. быў яшчэ жывы 30-гадовы шведзкі буланы гундбрандсдаль. Неўзабаве зьявіўся ахалтэкінец, расейскі ўладзімірскі цяжкавоз, расейскі рысісты, з Сальскіх стэпаў прывезлі будзёнаўскага кавалерыйскага. Болышасць жарабцоў складалі буланыя запражныя з чорнымі грывамі і чорнымі хвастамі. Жарабцоў кармілі, чысьцілі, прагульвалі і разьміналі па 2 гадзіны ў дзень. За кожным конюхам было замацована 5-7 жарабцоў. 3 сакавіка па кастрычнік па заяўцы РайЗа жарабцоў развозілі па калгасах Гарадзенскай вобласьці. Сьпецыялісты, што прыехалі ў сярэдзіне 30-х гадоў. паступова пакідалі Бердаўку. У Бердаўцы засталіся толькі жонка і сын Юзафа Нітко — брыгадзіра конюхаў пад час вайны. Сам ён быў арыштаваны і бясьсьледна зьнік.

Жарабцы Бердаўскай дзяржканюшні ў 50-х гадах пасьпяхова ўдзельнічалі ў конных спаборніцтвах і заваёўвалі прызавыя месцы. Вядомы наезьнік Вайцяховіч на адным з жарабцоў быў першым на спаборніцтвах у Пскове ў сезоне 1950-5 Ігг.

У 1958 г. дзяржканюшня была ліквідаваная, жарабцоў распрадалі калгасам, заміж іх завезьлі 47 элітных быкоў — вытворцаў малочных парод: чырвонай беларускай і чырвонай дацкай, бурай латвійскай і 8 быкоў сьпецыялізаваных мясных парод: герафордскай і абердынаангускай і арганізавалі станцыю штучнага асямяненьня (дзяржплемстанцыю). Зона абслугоўваньня станцыі ў 1974 годзе ўключала 92 гаспадаркі трох раёнаў. У 1967 годзе штучна былі пакрыты 34108 кароў. "Старшим техником по взятию семени долгие годы работал коммунист А. П. Шиманович ".

У 1974 г. Дзяржплемстанцыя, калгас "Чырвоны Кастрычнік" і калгас "Барацьбіт" былі аб'яднаныя ў адну гаспадарку — калгас "Бердаўка". Старшынёю аб'яднанай гаспадаркі выбралі старшыню калгаса "Барацьбіт" А.А.Каранюка.Сучасная Бердаўка складаецца з двух частак: старажытнай правабярэжнай з палацам, паркам, амбулаторыяй, фермай буйной рагатай жывёлы і драўлянай жылой забудовай, і левабярэжнай —маладой з каменнымі жылымі дамамі, магазінамі, клубам, школай, дзіцячым садком, адміністратыўнымі будынкамі, пабудаванымі ў 70-80 гады на землях фальварка Філіпкі.

У мінулым стагоддзі фальварак Філіпкі належаў памешчыкам Ласковічам, адзін зь якіх — Альберт Ласковіч быў растраляны за ўдзел у паўстаньні 1863г.

Назва Геаграфічныя назвы — сваеасаблівыя гістарычныя помнікі, яны захоўваюцца стагоддзямі і тысячагоддзямі.

Пастаноўка пытання. Чаму паселішча атрымала імя Бердаўка? Што абазначае слова "бердаўка"?

Агульная тэорыя. У Лідзкім раёне маюць месца чатыры тапанімічныя пласты геаграфічных назваў. Самы старажытны — дабалцкі, старажытны --балцкі, позьні — славянскі і самы малады — беларускі.

Прыклады: дабалцкія назвы — Дзітва, Жыжма, Даржы, балцкія — Більтаўцы, Бярнуці, Вангі, Ворнішкі, Гервянікі, Гарні, Ёткі, Жырмуны, Эйтуны;славянскія — Альхоўка, Падальхоўка, Бярозаўка, Мыто, Ваянполе, Красная, Даліна, Шырокая; беларускія — Паперня, Пацукі, Кульбакі, Хадзюкі, Харужаўцы, Чапляўшчына, Цацкі ... .

Большасьць назваў рэк Паўночнага Захаду Беларусі маюць дабалцкае і балцкае паходжаньне. У назвах жа вёсак маюць перавагу славянскія карэньні "Бердаўка" па сваёй структуры здаецца славянскай назвай, падобнай на шматлікія Іванаўкі, Каменкі, Тапалёўкі, але тлумачэньня ні ў адной славянскай мове ня мае.

Пошук адказу ў філалогіі. Паходжаньне слова і назвы Бердаўка мае некалькі версій: ад слоў берда, бёрда(бёрдо, бёрды), бердачнік, бердыш, ад імя Берды і ад прозьвішча Бердаускі.

Берда, у сербахарвацкай брдо - гара, пагорак, узвышша.

Бёрда (бёрды)— прыстасаваньне ў хатнім ткацкім станку ў выглядзе рамкі з устаўленымі ў яе тонкімі драўлянымі пласьцінамі. "род грэбеня для прыбою ўтоку, для чаго кожная нітка асновы прадзета ў набор ці зубы бёрдаў, устаўленых у набільна". Зараз слова "бёрда" амаль забытае. а ў ХУІ стагоддзі ўжывалася шырока: "...згорело чотыри беръда, і чотыри чолъшто"... (1522г.); "... инших подачокь не даеть для того, што берда робячи на дворь дает, а толоку служит" (1555г.); " в той скрыни — ниченицы трон, бердь одинънатьцать", "бердо тамь же на дорозе знашол" (1556-1 557г.г.). У.Даль прыводзіць прыказку з ужываньнем слова; "Крестьянское горло-суконное бердо, есё мнёт".

Бёрдачнік, берднік — бёрдачны майстар.

Бярдыіч (бердыш)— старажытная халодна зброя ў выглядзе сякеры з лязом у форме паўмесяца з драўляным тронцам (ратавіцай) даўжынёй у 1,8 - 2 м. Вынайдзена на Бліжнім Усходзе, з ХУ на ХУІІІ стагоддзе была шырока распаўсюджана па ўсёй Еўропе.

Бярды (Берды) — татарскае імя. У канцы ХІУ стагоддзя вялікі князь Вітаўт рассяліў палонных татараў на землях Лідчыны і Івейшчыны. Паблізу Бердаўкі дагэтуль ёсьць вёска Татарцы, у якой некалі жылі татары. У лістападзе 1510 г. польскі кароль і Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт узнагародзіў татарына Карды - Бярды 5 лакцямі "сукна лунского со скарбу".

Бердаўскія — уладальнікі Бердаўкі у ХУІ - ХУІІ стагоддзях.

Пошук адказу ў геаграфіі. Берд — гуказлучэньне даволі рэдкае, аднак умежах былога Савецкага Саюза маецца каля двух дзесяткаў геаграфічных аб'ектаў з коранем -"берд".

У Прыкарпацьці, каля горада Чарнаўцы ёсьць гара вышынёю у 555м з назваю Берда. 3 Прыазоўскага ўзвышша ў Азоўскае мора нясе свае воды рэчка Берда, алювіяльныя адкладаньні якой сфармавалі пясчаную Бярдзянскую (Бердянскую) касу, якая адгарадзіла Бярдзянскую (Бердянскую) затоку, на беразе якой ля асновы касы з 1827 г. існуе горад Бярдзянск (Бердянск).

У Навасібірскай вобласці на рэчцы Бердзь (Бердь) разьмясьціўся горад Бердск. У Жытомірскай вобласьці ёсьць горад Бярдзічау (Бердччев), Кастрамской — Бярдулава (Бердулово), у Цюменскай — Бярдзюжжа (Бердюжье), у Чалябінскай — Бярдзяюш (Бердяуш).

На Беларусі ў Клічаўскім раёне ёсьць веска Берды. у Слонімскім раёне — в.Бердавічы (Бярдовічы). у Івейскім — в.Бердаўшчына, у Чачэрскім — горад Бярдыж, і нарэшце ў Наваградскім раёне — в. Бердаўка Атмінаўскага сельсавета.

Такім чынам, корань - берд - (у беларускім вымаўленні часткова -бярд-, -бярдзь-, -бердзь- ) прысутнічае ў назве гары, дзьвюх рэчак, марской касы, затокі, 7 гарадоў і 6 вёсак. Безумоўна. Бярдзянская каса, Бярдзянская затока і горад Бярдзянск - вытворчыя ад рэчкі Берда, а горад Бердск — ад рэчкі Бердзь. I мы аказваемся перад праблемаю — корань берд - ляжыць у аснове назваў двух антаганістычных усьвядомаў — гары і рэчкі, з чаго выцякае, што варыянт тлумачэньня слова "берда", як гара, пагорак павінен быць адкінуты. таму што не маглі назваць рэчку імем гары ці пагорка Слова "берда" ("бердзь") павінна абазначаць нешта такое, што можна прымяніць і да рэчкі, і да гары, нейкую асаблівасць, не зьвязаную з рэльефам.

Пошукі адказу ў гісторыі. Горад Бярдыж вядомы з 1159 г., як горад племені радзімічаў. Думаю, што сібірская рэчка Бердзь і прыазоўская рэчка Берда, а таксама прыкарпацкая гара Берда атрымалі свае імёны задоўга да 12 стагоддзя. Горад Бярдзічаў вядомы з 1545 г., в.Бердаўка — яшчэ раней — з 1527 г. Наяўнасьць так аддаленых у прасторы і ў часе гары, рэк і паселішчаў з агульным ксранем дазваляюць упэўнена адмовіцца ад варыянтаў, якія тлумачаць назвы паселішчаў ад асабістых імён і прозьвішчаў. Існаваньне горада Бярдыж у XII стагоддзі, задоўга да зьяўленьня ў Яўропе татар (XIII стагоддзе) і бердыша (ХУ стагод дзе), звужаюць задачу да пытанньня — сапраўды — ці назва ткацкага прыстасаваньня "бёрда" ляжыць у аснове слова "бердаука". ці корань — берд — страціў свой першапачатковы сэнс і аказаўся забытым. Усё такі цяжка ўявіць сітуацыю, калі і гару і рэчку можна назваць імем невялікага ткацкага прыстасаваньня.

Пошук адказу ў краязнаўстве Лідзкая Бердаўка разьмешчана на плоскай слабаразрэзанай раўніне на беразе рэчкі, якая на сучасных тапаграфічных картах абазначана, як Ведраўка. Гэтая назва тутэйшым жыхарам не вядомая. Наваградзкая Бердаука разьмешчана ў аналагічнай мясцовасьці — на плоскай і слабаперасе-чанай раўніне на беразе невялікай рэчкі пад назваю Асоцка. Гор і ўзвышшаў поблізу няма, паселішчы не разьмешчаны на пагорках. Затое поблізу ад абоіх вёсак ёсць лясныя ўрочышчы з назваю Бердаўка. Ад Лідзкай Бердаўкі ўрочышча знайходзіцца ў 3 км на поўнач, а наваградзкая Бердаўка прымыкае непасрэдна да аднаіменнага ляснога ўрочышча. Наяўнасць паблізу ад вёсак аднаіменных урочышч — відочна не выпадковасць і дазваляе зь вельмі высокай ступеньню ўпэўненасьці сьцьвярджаць, што абедзьве вёскі атрымалі назвы ад назваў урочышч.

Добра вядома, што гарады і вёскі дастаткова часта прымаюць у спадчыну імёны рэчак, на берагах якіх яны разьмешчаны Пінск ад Піны, Вільня ад Віліі, Бабруйск ад Бабруйкі. У Лідзкім раёне гэтую зьяву таксама можна назіраць: в.Крупава па рэчцы Крупка, в.Ваверка на Ваверцы, в.Голдава — на Голдауцы, Лебяда — на Лебядзе і нават Ліда на Лідзейцы.

Значна цяжэй выявіць сувязь паміж назвамі ўрочышч і паселішчаў, таму што гаспадарчая дзейнасьць жыхароў мяняе ландшафт і зьнішчае характэрныя асаблівасці ўрочышч і самі ўрочышчы. Лідзкія вёскі Даліна, Няцеч, Парэчча, Пескі, Скаменны Бор, Мохавічы, Ельня, Грушаўнік зусім верагодна маглі атрымаць у спадчыну свае імёны ад урочышч.

У роздуме, што ж можа ўяўляць сабой лясное ўрочышча Бердаўка адзначым, што раней пераліча-ныя геаграфічныя аб'екты з коранем — берд — разьмешчаны ў зоне шырокалісцевых лясоў. 1 тады бердаўка, магчыма - нейкі від шырокалісьцевага лесу, нейкая лясная супольнасьць.

Трэба было ехаць глядзець урочышчы. Пачаў я з Наваградзкай Бердаўкі, выпадак натрапіўся. Зь Менскай трасы пасьля маста празь Нёман дарога перасякае сасновы бор зеленамятнік на пясчаных адкладальнях высокіх тэрас Нёмана. На пад'езьдзе да вёскі, калі ў аддаленьні паказаліся стрэхі хатаў. зь левага боку шашы зьявіўся чысты, прыгожы "куінджаўскі" бярозавы лес з высачэнных — да 25 м бяроз. Акружнасьць ствалоў — да 1,5 м, дыяметр — да 0,4 -0,5 м. Дрэвы адстаялі адно ад другога на адлегласьці 5 -7 метраў, падлесак практычна адсутнічаў. Паўсюль назіраліся буйныя валуны — урочышча разьмяшчаецца на марэнных моцна завалуненых адкладаньнях. Гэтыя валуны робяць зямлю мала прыгоднай для апрацоўкі і фактычна аберагаюць на працягу тысячагоддзяў урочышча ад разорваньня.

Лідзкае ўрочышча Бердаўка — аказалася не настолькі эфектным. Тут таксама пераважна бяроза, але прысутнічалі і іншыя лісьцёвыя пароды: асіна, алешына, таполя, субстрат, дарэчы, быў такім жа -марэнныя суглінкі і гліны з валунамі.

Такім чынам, па майму разуменню. Бердаўка — гэта невялікі бярозавы гай, бярозавы масіў, а берд — гзта бяроза. У пацьверджанне гэтаму мушу зазначыць, што на летувіскай мове бяроза— berzas, бярозавы гай — berzyte,, месца, зарослае бярозамі, бяразняк — berzyne. А на Віцебшчыне сок ад пасечанай бярозы раней называлі берка.

Спадзяюся, чытач пагодзіцца, што доказаў дастаткова, каб сцвярджаць, што бердаўка — гэта тое ж самае, што бярозаўка, і адно з плямёнаў, якія жылі на Лідчыне — дайноўцы, ліцьвіны, а магчыма яшчэ раней вугра-фіны, называла бярозу — берд, а бярозавыя чыстыя ўрочышчы — бярдовамі ці бердаўкамі.

У выніку лёгка тлумачацца назвы гары Берда — гара Бярозавая і рэчкі Бердзь, Берда — рэчка Бярозавая ( чым не Бярэзіна ). Зразумела і зьяўленьне слова бёрда — для іх вырабу патрэбна вельмі моцнае дрэва, якое не шчапаецца. Ткацкія чаўнакі, гэта вядома, рабілі з граба, бёрда — трэба меркаваць - эь бярозы, хаця маглі і зь іншых парод. Тронца да бердыша таксама прасьцей было зрабіць зь бярозы — берда. бо ў адрозьненьне ад кароткага тапарышча, масавы выраб двухмятровых моцных тапарышчаў магла забясьпечыць толькі бяроза.


 Надрукавана ў "Лідскім летапісцу" №3,4,6
 

 

Т а р н о в а

 

Жыві і красуйся навекі, Тарнова,

Расці і будуйся заўжды паслпяхова.

Іван Саўко.

 

У 17-19 стагоддзях паселішча называлася  Тарноўшчына. Імя сваё атрымала ад графа Пятра Тарноўскага – першага мужа Ганны Завішы, уладальніцы Белагрудскага двара. Шлюб ёю быў узяты каля 1690 г., відаць і назва з тых часоў. Другім мужам Ганны Завішы быў смаленскі кашталян Крыштаф Шчыт. Яго прозвішча так-сама было ўвекавечана ў назве зніклага ў 50-х гадах мінулага стагоддзя фальварка Шчытнікі. На прыкладзе  гэ-тых двух паселішчаў лішні раз можна пераканацца, што тапонімы – з’ява вельмі выпадковая. Прыезджыя мужы замацаваліся ў назвах, та-ды як род Завішаў, які валодаў ваколіцамі Белагруды больш за 300 год, з 15-га  да сярэдзіны 18–га стагоддзя – не. Прычына, магчыма, у тым, што ад прозвішча Завіша ўтвараюцца толькі “нязручныя” тапонімы, якія цяжка вымаўляюцца: Завішава, Завішчына.

Прозвішча Тарноўскі - ад польскага слова tarnina – церн, цярноўнік, tarninowy – цярновы. Польскія гарады Тарнабжэг, Тарноўске Гуры, Тарнуў і ўкраінскі Цярнопаль – “сваякі” Тарнова па паходжанні назвы.

У 1711 г. Барбара Завіша (каля 1694-1770) “прыносіць у пасаг” Тарноўшчыну з Белагрудай, Остравам і Жырмунамі свайму мужу наваградскаму ваяводзе князю Мікалаю Фаўстыну Радзівілу (1688-1746). Затым Тарноўшчыну атрымаў у спадчыну іх сёмы сын – літоўскі падкаморы князь Станіслаў Радзівіл (1722-1787). Пасля яго Тарноўшчынай разам з Жырмунамі, Яваравым і Бярдзічавым валодаў князь Мікалай Радзівіл (1751-1811). Незадоўга да смерці ён выдаў на Тарноўшчыну закладное права Тадэвушу Андрэйкавічу за 10 тысяч залатых дукатаў і 130 тысяч польскіх злотых. На працягу 16 гадоў запазычанасць не была сплачана, і ў 1824 г. адбыўся судовы працэс паміж Тадэвушам Андрэйкавічам і чарговым спадчыннікам – князем Міхаілам Мікалаевічам Радзвілам (1781-1846). Паводле судовага рашэння Тарноўшчына перайшла Тадэвушу Андрэйкавічу. Сын яго Юліюш прадаў Тарноўшчыну Канстанціну Кашыцу.

Канстанцін Кашыц (1828-81) – сын наваградскага маршалка Язэпа Кашыца, удзельніка паўстання 1831 года, выпускнік Дэрпцкага універсітэта, кандыдат дыпламатычных навук, вызначаўся едкім словам і вострым пяром. У 1850-я годы, калі яшчэ збіраліся шляхецкія соймікі, сваімі жартамі і эпіграмамі назаляў павятовым і губернскім высокапастаўленым асобам. Аднаго з іх, які напісаў у лісце заміж “wtorek” (аўтoрак) – “ftorek” ён назваў “Пан Фторак”. Мянушка замацавалася. Склаў некалькі рыфмаваных сатыраў пад псеўданімамі “Загадка”, “Крыжык”, “Дагератып”, “Пастка”. (Szimielewicz М. Bialogrud // Ziemia Lidzka, 1936 № 3-4. s.2).

Пасля адмены прыгоннага права ў Лідскім павеце былі ўтвораны воласці, у тым ліку Тарноўская. У склад воласці былі ўключаны 16 вёсак: Банцавічы, Більтаўцы, Бабоўцы, Гарняты, Далекія, Дудары, Кульбакі, Монькаўцы, Масявічы, Ольжава, Палубнікі, Парачаны, Раклёўцы, Рэпнікі, Хадзюкі і Цвірбуты з 846 душамі. У 1866 г. да іх далучылі Дзітрыкі, Дубчаны, Мохавічы, Цыбары і Янаўляны. Валасная ўправа спачатку размяшчалася ў маёнтку Тарноўшчына, а ў 1866 г. пераехала ў Гарняты, там жа была адчынена Тарноўская земская народная навучальня, якая дзейнічала да 1914 г.

Уладальнік Тарноўшчыны Канстанцін Кашыц і тарноўскі войт Севярын Якубоўскі прынялі ўдзел у паўстанні 1863 г. Якубоўскі змагаўся ў аддзеле Л. Нарбута. Абодва былі арыштаваныя і высланыя ў высылку. Якубоўскі з высылкі не вярнуўся, там і памёр. Канстанцін Кашыц высылку адбыў цалкам. 25 траўня 1866 г. ён падпісаў акт, згодна з якім Тарноўшчына з фальваркамі Рубікі, Шчытнікі, Белагруд, Чыжоўшчына і Банцэвічы, усяго каля 2500 дзесяцін зямлі разам з дванаццацітысячным доўгам былога ўладальніка Юліяна Андрэйкавіча, была прададзена палкоўніку рускай арміі Зміцеру Маўрасу за 56300 рублёў плюс дом у Рызе, ацэнены ў 25000 рублёў.

Маўрасы паходзілі з выспы Родас, адкуль перасяліліся на Мальту, а ў 1650 г –у Малдавію. Адзін з Маўрасаў Георгі быў гаспадаром Малдавіі ў 1785 г. Сын яго Мікалай у 1828 г. перайшоў на рускую службу, а ўнук Зміцер з 1849 г. праходзіў службу ў дзейнай рускай арміі, удзельнічаў у задушэнні паўстання ў Венгрыі (1849), у Трансільваніі, у Літве і Польшчы (1863-64), быў ад’ютантам Мураўёва, удзельнічаў ва Ўсходняй вайне (1853-56). У пачатку 1870 – х  гадоў генерал –маёр З. Маўрас камандаваў 1-й брыгадай 27-й дывізіі ў Вільні, лета разам з сям’ёю праводзіў у Тарнове.

Першае, што зрабіў З. Маўрас пасля набыцця маёнтка, у 1867 г. побач з Белагрудскім касцёлам пабудаваў карчму, якая пачала прыносіць яму значны прыбытак (Szimielewicz М. Bialogrud // Ziemia Lidzka, 1936 № 7. s.4).

У 1869-74 г.г. Зміцер Маўрас і яго жонка Кацярына Іванаўна – прыхаджане праваслаўнай Радзівонішкаўскай царквы. Яны ахвяравалі покрыва на прыстол, ахвярнік і аналой, абразы Святых Апосталаў Фамы і Пятра, “паветра” і два покрыўцы, вышытыя ядвабам па ружовым атласе, суконную пакрыўку на аналой, падрызнік і два парчовыя пакрывалы на агульную суму ў 160 рублёў. Штогод члены сям’і Маўрасаў спавядаліся ў святара Радзівонішкаўскай Успенскай царквы Піліпа Аляксандравіча Ёдкаўскага. З спавядальных ведамасцяў час нараджэння Зміцера Мікалаевіча разлічваецца як 1820-22, Кацярыны Іванаўны – 1830-32, іх пяцярых дзяцей: Марыі – 1854-55, Ганны – 1855-57, Аляксандры – 1860-61, Лізаветы і Мікалая – 1862-64. Роскід звестак звязаны з тым, што  святар указваў розны ўзрост, напрыклад, у спавядальнай ведамасці за 1871 г. запісана, што Зміцеру Маўрасу – 51 год, а ў спавядальнай ведамасці за 1872 г. – 50 гадоў, г.зн. на год менш, малодшым дзецям у 1871 годзе па 7 гадоў, а ў 1872 г. – па 10.

У 1876 г. Зміцер Маўрас атрымаў у імператара Аўстрыі Франца–Іосіфа графскі тытул, які ў тым жа годзе прызнаў расейскі імператар Аляксандр ІІ. Граф Маўрас удзельнічаў у вайне супраць Турцыі 1877-78 гадоў. Пасля завяршэння турэцкай кампаніі (1877-78), у якой З. Маўрас камандаваў 6-й рэзервовай дывізіяй, адслужыўшы ў войску 30 гадоў, граф у годнасці генерал – лейтэнанта выйшаў на пенсію. У 1875 – 79 гг. Маўрасы на споведзях у Радзівонішкаўскай царкве не з’яўляліся,  жылі ў Вільні.

Для свайго адзінага сына Мікалая граф З. Маўрас 20 снежня 1883 г. падпісаў у імператара Аляксандра ІІІ імянны ўказ, паводле якога тарноўскія землі склалі ардынацыю (маярат, родавы маёнтак), якая ўключала Тарнова, Андрушкі, Ольжаў Малы, Данеўшчыну, Монькавічы, Ярэмічы і іншыя фальваркі, агульнай плошчай 150 кв. км., куды таксама быў уключаны дом у Вільні з багатай бібліятэкай і каштоўнымі рэчамі (Szimielewicz М. Bialogrud // Ziemia Lidzka, 1936 № 3-4. s.3).

У 80-х гадах граф Зміцер Маўрас пабудаваў у Тарнове комплекс мураваных пабудоваў: палац, бровар, ляднік, стайню, млын і капліцу, разбіў парк і выкапаў дзве сажалкі. На пні дуба дыяметрам 2,5 м. абсталяваў альтанку. Да 1884 г. палац, відаць, быў завершаны. Вядома, што калі ў 1884 г. у святара Радзівонішкаўскай царквы С.А. Шастова згарэла хата, то граф З.М. Маўрас запрасіў яго да сябе на жыхарства – у недабудаваны дом не запрашаюць. Палац З. Маўраса – цагляны, асіметрычны ў плане будынак з жывапіснай ступенчатай кампазіцыяй фасаду ў стылі мадэрн. Асноўнай часткай будынка з’яўляецца двухпавярховы аб’ём з цэнтральным выступам-рызалітам на галоўным фасадзе. З заходняга боку да будынка прымыкае  дамінантная ў сілуэце чатырохпавярховая вежа, з усходняга-невялікая аднапавярховая прыбудова. З абодвух бакоў цэнтральнага рызаліту, над кожным ганкам рамешчаны балконы. Вуглы асноўнага аб’ёму руставаныя. Цэнтральная вось галоўнага фасаду выдзелена каньком рызаліту і вертыкальным шэрагам паўцыркульных (арачных) акон з прафіляванымі арачнымі сандрыкамі. Планіроўка будынка амфіладна-калідорная. Паверхі асноўнага аб’ёму звязаны лесвіцай з точанымі балясінамі ў цэнтры будынка. Ёсць выхад на акружаную балюстрадай тэрасу. Падлогі былі паркетныя.

Стайня – аднапавярховы цагляны будынак пад двухскатнай страхой з пластычным галоўным фасадам (руставаныя вуглы), простакутныя аб’ёмы з паўкруглымі краямі, круглыя філёнгі.

Ляднік – паўпадвальнае памяшканне са страхой, што выступае над зямлёй. Над уваходам двухскатны шчыт з адтулінай у цэнтры.

Ветраны млын размешчаны за 200 м ад палаца. Гэта конусападобны будынак. Складзены з гранітных валуноў і булыжнікаў. Дыяметр у аснове 11,6 м, верхняя частка млына ўяўляла сабой драўляны шацёр, які паварочваўся на металічных шарах вакол сваёй восі ў кірунку на вецер.

З паўднёвага боку да палаца прылягаў невялікі парк з пасадкамі ясеню і клёну і пад’язной алеяй.

У красавіку 1890 г. памерла жонка графа Кацярына Іванаўна Маўрас, ураджоная Сімоніч.

8 кастрычніка 1892 г. (ст. ст.) святар Радзівонішкаўскай царквы А.С. Дружылоўскі ў маёнтку асвяціў у імя Святога Зміцера Салунскага капліцу, пабудаваную па праекту і пад асабістым наглядам графа З.М. Маўраса. Капліца ўяўляла сабой далікатны мураваны будынак у гатычным стылі. Аконныя шыбы былі ўпрыгожаны святымі выявамі і крыжамі з рознакаляровага шкла. Унутранная аздоба капліцы вызначалася багатай маёмасцю, каштоўным посудам і строгім царкоўным жывапісам. Была зроблена званіца ў прыгожай трохяруснай калоне, увенчанай конусападобным купалам з крыжам наверсе. Пад капліцай была зроблена фамільная ўсыпальніца, дзе знаходзіліся парэшткі жонкі храмастваральніка, памяць пра якую і была ўвекавечана стварэннем храма. У гэтую ж усыпальніцу цераз 4 гады быў пахаваны граф Зміцер Маўрас.

Пасля смерці Зміцера Мікалаевіча Тарнова разам з усёй ардынацыяй перайшло адзінаму нашчадку мужчынскага полу Мікалаю Змітравічу (1862-1919). У пачатку 20-га стагоддзя графу Мікалаю Змітравічу Маўрасу належала 3384 дзесяціны зямлі – чвэрць (25,9%) усіх зямель Тарноўскай воласці. 314 сялян жыло на гэтых землях. Іншыя землеўладальнікі Тарноўскай воласці: Ягадоўскі, Львов, Макрэцкі, Звяждоўскі, Жукоўскі, Феглер, Жураўскі, Нарбут валодалі фальваркамі ад 100 да 800 дзесяцін; участкамі па 18-40 дзесяцін валодалі Кравец, Астравух, Якубоўскі, Падгайнаў. У вёсках на душу прыходзілася ў сярэднім ад 0,52 (Цвербуты–1) да 1,6 (Парачаны) дзесяцін.

Уладанні Мікалая Маўраса ўключалі: маёнтак Тарнова –77 чалавек, 1300 дзесяцін; фальваркі Андрушкі – 19/300, Банцэвічы – 9/50, Белагруд – 27/300, Дайноўшчына – Банечына – 20/200, Кацярынаўка – 11/20, Заціша – 11/100, Курган – 3/200, Ольжаў Малы – 41/300, Паспешка – 9/150, Рубікі – 2/60, Чыжоўшчына – 23/200, Шчытнікі – 43/200, засценак Арлянка – 5/2, Хадзюкоўскі бор (шкіпідарны завод) – 2/-, лясная вартоўня Мохаўскі Бор – 6/1, Атарына – 6/1. (Гашкевіч І.І. Поўны спіс населеных месцаў Віленскай губерні. Вільня, 1905).

Граф Мікалай Змітравіч Маўрас пасля смерці сваёй жонкі ў 1911 г. быў прызнаны недзеяздольным і аддадзены пад апеку. Памёр ён у Гатчыне ў 1919 г. (Szimielewicz М. Bialogrud // Ziemia Lidzka, 1936 № 3-4. s.2).

Яго сястра Лізавета Маўрас двойчы ўступала ў шлюб – спачатку з Мікалаем Сімонічам, затым са Скосыравым. Яе дачка Марыя  Мікалаеўна Сімоніч вучылася ў Смольным. (Паведаміў Радыёнаў А.В. член Савета Рускага генеалагічнага таварыства). Скосырава згадваецца як уладальніца маёнтка Лебяда Вялікая (1760 дзесяцін), фальваркаў Ігнаткаўцы (44), Вайнаполь (65), Феліксава (52), вадзянога млына на р. Лебядзе (Гашкевіч І.І. Поўны спіс населеных месцаў Віленскай губерні. Вільня, 1905).

11 красавіка 1921 г. Лідскі павятовы камітэт прыняў у дзяржаўны скарб частку Маўрасавай ардынацыі: фальваркі Малы Ольжаў, Шчытнікі. Белагруд, Чыжоўшчыну і Бабоўцы. Паводле перапісу 1921 г. у фальварку Тарноўшчына ў 8 жылых дамах жыло 57 жыхароў.

 Да восені 1939 г. Тарноўшчына належала курляндскім баронам Кехле (Koehle).

 

Пасля ўз’яднання Беларусі ў 1939 г. праваслаўная капліца з магільным склепам Маўрасаў была разгромлена. (Rota № 3/4 (15/16), 1994, s. 107). Хадзілі легенды, што Кацярына Маўрас ляжала забальзамаваная ў спіртавым растворы.

Вясной 1940 г. на месцы маёнтка быў арганізаваны племсаўгас “Тарнова” – адзін з 28 саўгасаў Заходняй Беларусі. 27 сакавіка 1940 г. Лідскі раённы выканаўчы камітэт прыняў пастанову “Аб арганізацыі племсаўгаса ў былым маёнтку “Тарнова”, у якім пастанавіў прасіць аблвыканкам і СНК БССР арганізаваць на базе былога памешчыцкага маёнтка “Тарнова” племсаўгас буйной рагатай жывёлы „...у мэтах павышэння прадукцыйнасці жывёлы ў раёне і паляпшэння яе ў пародных адносінах, улічваючы наяўнасць у былым памешчыцкім маёнтку “Тарнова” буйной рагатай жывёлы галандскай пароды -100 галоў, коней -33, свіней -150, авечак -200, пчол 300 сем’яў, ворыўнай зямлі-1009 га, садоў-16  і розных 50 гектараў і дастатковай колькасці жылых і вытворчых памяшканняў, жылых дамоў на 48 кватэр, жывёльны двор на 150 галоў і наяўнасць паблізу маёнтка жывёльнага пасеву зямель былых асаднікаў” (Былы архіў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Ф.4 воп.28, стр.490, л.7). Чуць больш за год існаваў саўгас, восенню 1941 г. ён быў ператвораны ў нямецкую гаспадарку з гмінай і пастарункам.

9 траўня 1942 г. партызанскі аддзел Пятра Макарава зрабіў налёт на Тарнова. Быў разгромлены маслазавод і спалена 250 бочак бензіну. 19 чэрвеня 1942 г. група партызан гэтага ж аддзелу: Бежанкоў, Брычко, Бутоўскі, Гаранаў, Качаргін, Мазураў, Масленікаў, Фатаў пад камандаваннем Макарава П. К. разграміла гміну і паліцэйскі пастарунак. Былі забіты 4 паліцыянты, узяты трафеі: 4 вінтоўкі, 3 ровары. Загінуў партызан Ягло Рыгор Данілавіч, 1920 г.н.

9-10 ліпеня 1944 г. паблізу ад Тарнова праходзілі сур’ёзныя баі, нямецкім часткам удалося замацавацца на правабярэжжы Дзітвы і спыніць на суткі наступ 3-га гвардзейскага  кавалерыйскага корпуса.

14 жніўня 1944 г. Тарнова было перададзена вайсковай частцы № 29657. Праз 17 дзён была закончана ўборка ўраджаю і абмалочана 100% збожжавых. Агульная плошча ворыўнай зямлі складала 201 га. Даведзены план пасеву: азімых – 60 га (жыта – 58 га, пшаніцы - 2 га). У той жа дзень было прынята рашэнне аб арганізацыі ў былым маёнтку “Тарноўшчына” дзіцячага дома. 29 верасня загадчыка саўгаса Я.І. Ляха абавязалі перадаць дзятдому 2 плугі, 2 бараны для правяддзення палявых работ, а таксама жылы мураваны двухпавярховы дом і прыналежныя да яго службовыя пабудовы. РайЗА павінна было выдзеліць з саўгасу для дзятдома 25 га ворыўнай зямлі і 5 га сенакосу. Дзятдом меркавалася адчыніць 5 кастрычніка. Нешта не склалася, дзятдом перанеслі ў в. Паддубна.

11 лістапада першаму пасляваеннаму загадчыку дапаможнай гаспадаркі “Тарнова” Ляху Якаву Іванавічу, 1899 г. зацверджаны месячны аклад у памеры 300 руб, пачынаючы з 10 жніўня. Прапрацаваў ён на гэтай пасадзе да 17.07.1945 г., затым працаваў рахункаводам. Беларус, халасты. Да вайны быў меліяратарам у Воранаўскім раёне, у вайну – парабак на гаспадарцы, рабочы на торфараспрацоўках, з 14.02 па 9.07.44 – прыбіральшчык у Лідскай лазні.

4 лютага 1945 г. з маёнтка “Тарнова” выдзелена 150 га ворыўнай зямлі, 50 га сенакосу, 10 га пашы для вядзення дапаможнай гаспадаркі вайсковай часткі № 33016,  у часовае карыстанне перадаваўся жылы дом і пабудовы для жывёлы (Рашэнне райвыканкаму № 59). Заггасу былога маёнтка т. Ляху загадана правесці размежаванне зямель. 28 лютага ў карыстанне в/ч 33016 перададзена з дапаможнай гаспадаркі “Тарнова” 140 га ворыўнай зямлі (ЗДА ў Лідзе. Ф.615.Воп.1, с.1).

Саўгас “Тарнова” на паперы быў адноўлены 22 кастрычніка 1947 г. загадам № 250 па Міністэрству саўгасаў БССР, тады ў адзін дзень былі арганізаваны 9 саўгасаў. У студзені 1948 г.  дырэктарам саўгасу прызначаны Цімафей Ільіч Грыбанаў, 1899 г.н., рускі, адукацыя 7 класаў, з рабочых, член партыі. 16 верасня 1948 г., рашэннем № 705 райвыканкам зацвердзіў праект адводу зямель саўгасу “Тарнова”. Саўгасу былі перададзены 1455 гектараў зямлі Дзяржфонду і былых маёнткаў, у тым ліку былога маёнтка “Тарноўшчына” плошчай 366 гектараў. (ЗДА ў Лідзе. Ф. 615. Воп. 1, с.1 пратакол № 26).

У 1948 г. у саўгасе было сабрана 117 тон збожжа з сярэдняй ураджайнасцю 7,8 ц/га, 52 тоны бульбы з ураджайнасцю 27,5 ц/га, 75 тон гародніны з сярэдняй ураджайнасцю 150 ц/га. Дзяржаве прадалі 2 тоны збожжа, 10 тон бульбы, 16 тон гародніны. Валавая прывага буйной рагатай жывёлы склала 3,2 тоны. Уся прадукцыя жывёлагадоўлі была рэалізавана на месцы. Прыбытак  склаў 2,4 тыс. рублёў.

Па стану на 1.1.1949 г. у саўгасе былі: клуб на 54 месцы, 2 мураваныя дамы і 18 драўляных, млын, двор для жывёлы на 100 галоў, цялятнік на 35 галоў, свінарнік на 40 галоў, дзве канюшні, збожжасховішча на 100 тон, 1 колавы і 3 тракавыя трактары, 2 аўтамашыны, 3 шматкорпусныя плугі, 10 конных плугоў, 2 культыватары (спрунжыноўкі), 2 малатарні, 2 сеялкі, 11 вазоў. Кошт асноўных сродкаў складаў 108,1 тысяч рублёў. 90 работнікаў. На фермах утрымоўваліся 36 коней, 40 свіней, 27 кароў і 5 бычкоў. Былі пабудаваны 2 жылыя дамы.(ЗДА ў Лідзе. Ф. 745. Воп. 1, с.1.).

У 1949 г. ад пажару загінулі 9 маладых коней. Было засеяна 90 гектараў пшаніцай азімай, 10 га - яравой, 57 га - ячменем, 86 га - аўсом, 5 га - бабовымі, 29 га - вікай на зерне, 25 га - лубінам (Там жа. Воп. 4, с.1.).

У 1955 г. убытак склаў 206 тысяч рублёў. Будаўніцтва лазні не завершана. Работа кіраўніцтва саўгасу прызна нездавальняльнай, Грыбанаў зняты з пасады.

З 1 траўня 1956 г. па 1960 г. саўгасам кіраваў Шайдараў.   

 З 1960 па 1988 г. (28 гадоў!) дырэктарстваў Алег Цімафеевіч Новікаў. У часы Новікава саўгас дасягнуў найвышэйшага развіцця. 33 работнікі саўгасу сталі ордананосцамі. Сярод іх жывёлавод Герой Сацыялістычнай Працы Вацлаў Дамінікавіч Слук (1966), трактарысты Іван Пятровіч Гурэнда (ордан Працоўнага Чырвонага Сцяга, 1972 і ордан Леніна, 1976), Станіслаў Міхайлавіч Руды (ордан Леніна, 1972), Іван Віктаравіч Дачканец (ордан Працоўнага Чырвонага Сцяга, 1975), галоўныя заатэхнікі Іван Пятровіч Гушча (ордан Працоўнага Чырвонага Сцяга, 1966) і Анатоль Васілевіч Палонскі (ордан Працоўнага Чырвонага Сцяга, 1973), галоўны інжынер Франц Станіслававіч Рэдзька (ордан Працоўнага Чырвонага Сцяга, 1971), рабочая Ніна Іванаўна Кацмаёр (ордан Знак Пашаны, 1973), брыгадзір Браніслаў Браніслававіч Стралок (ордан Працоўнага Чырвонага Сцяга, 1973), шафёр Браніслаў Браніслававіч Шамрэй (ордан Дружбы Народаў, 1986), даяркі Данута Баляславаўна Янчы (ордан Кастрычніцкай рэвалюцыі, 1971) і Ніна Серафімаўна Рыхліцкая (ордан Працоўнага Чырвонага Сцяга, 1973),  загадчык фермы Фадзей Аляксандравіч Буель (ордан Працоўнага Чырвонага Сцяга, 1973).     

У Тарнова прыязджалі шматлікія дэлегацыі, пяць разоў наведваў вёску П.М. Машэраў.

 У 1967 г. у парку быў устаноўлены абеліск – помнік 29 землякам: воінам, партызанам і актывістам сельсавету, загінуўшым у часы Вялікай Айчыннай вайны.

1 верасня 1969 г. адчынена Тарноўская сярэдняя школа на 320 месцаў.

У 1970-я гады ў вёсцы з’явіліся двухпавярховыя дамы, пазней пачалі будаваць асабнякі.

У 1970 г. пабудаваны збожжасховішча, новыя механізаваныя цялятнікі. У 1974 г. Тарнова стала цэнтрам сельсавету. З’явіўся дзятсад. У 1976 г. пачалі будаваць цяплічны камбінат на плошчы ў 3 га. Упрыгожанем вёскі стаў цагляны Дом культуры. У канцы 1980–х пабудавалі двухпавярховы гандлёвы цэнтр.

У 1996 г. у Тарнове 272 двары, 769 жыхароў. Сельсавет, праўленне саўгасу, мехмайстэрні збожжасхвішча, гаражы, дзятсад – яслі, гасцініца, прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, крама, аддзяленне сувязі, сталоўка, СШ, ашчадкаса, ветэрынарны ўчастак, клуб, бібліятэка, бальніца, аптэка, лазня.

На сёння Тарнова – адна з сядзібаў аграфірмы “Мажэйкава”.

Палац Маўраса некаторы час быў заняты пад кантору. Затым у палацы размясцілі паштовае аддзяленне, ашчадную касу і вузел сувязі. Былі прабіты тры новыя ўваходы, прыбудаваны лесвіцы. Зараз палац закінуты і актыўна разбураецца, атмасфернымі агентамі і людзьмі.

Ветраны млын у 1948 - 51 гг. забяспечваў размол збожжа, зараз ад яго засталіся толькі сцены.

Захаваліся дзве сажалкі.

 

 

У Тарнова доўгія гады жылі і працавалі:

Новікаў Алег Цімафеевіч / 1928-9.02.1998) – дырэктар саўгасу “Тарнова” (1960-88), “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР. Узнагароджаны орданамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Слук Вацлаў Дамінікавіч (7.09. 1926-23.12. 2004) – з 1958 даглядчык па адкорму буйной рагатай жывёлы, Герой Сацыялістычнай Працы (1966), дэпутат раённага і абласнога Савету дэпутатаў.

Саўко Іван Міхайлавіч (19.02. 1925-9.06. 1998) – галоўны ветурач саўгасу “Тарнова” (1957-82). “Заслужаны ветурач БССР”, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны 10 орданамі і медалямі, адзначаны залатым і срэбным медалямі ВДНГ. Паэт, выдаў тры зборнікі паэзіі: “Насуперак лёсу” (1993), “Рэха жыцця” (1999), “Голас сэрца” (1996).

Рахатка Казімір  Уладзіслававіч – інжынер па тэхніцы бяспекі (1977-78), галоўны інжынер саўгасу (1979-85), дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, член Савету Рэспублікі Беларусі.

 

Тарноўскую школу закончылі:

Лялько Крысціна Аляксееўна, 1956, г.н. – сябар Саюза беларускі пісьменнікаў (1983). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу БССР (1986), з 1995 г. – рэдактар і выдавец часопіса “Наша вера”.

Смольскі Станіслаў Станіслававіч – генерал-маёр, камандуючы Сухаземнымі войскамі Рэспублікі Беларусь.

Статкевіч Вячаслаў Казіміравіч, 1977 г.н. – вакаліст Беларускага Дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”, адказны сакратар Саюза фалькларыстаў Беларусі.


 

Лідскі летапісец № 29-30

В. СЛІЎКІН

 


[Main page][Title page][Library]