[Main page][Title page][Library page]
Як разумела сьмерць шляхта Вялікага Княства Літоўскага
1.
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Выраз “добрая сьмерць” падаецца сучаснаму чалавеку парадаксальным. Сьмерць — гэта заўсёды зло. Гэта катастрофа, якая хаваецца недзе ў цемры хаосу, якой, насамрэч, быць не павінна, якой можна пазьбегнуць, калі весьці правільны лад жыцьця, ужываць вітаміны і своечасова наведваць лекараў. Мне здаецца, менавіта так успрымае сьмерць большасьць людзей у гэтак званым цывілізаваным сьвеце. А як разумелі сьмерць у час барока, чым яна была для шляхты ВКЛ, калі выраз “добрая сьмерць” быў папулярны?”
(Вацлаў Арэшка: ) “Сапраўды, сёньня сьмерць стала хутчэй катастрофай, чым натуральнай зьявай. Мы ўвесь час заплюшчваем вочы на існаваньне сьмерці, хаваемся ад яе і хаваем яе ад сваёй культуры. А значыцца — не рыхтуемся да сьмерці. Але для чалавека 17—18 стагодзьдзяў сьмерць была зьяваю звычайнаю. Яна была няўхільнай і заўсёды блізкай — памерці можна было ў кожным узросьце, у кожны час. Таму падрыхтоўка да сьмерці ўваходзіла, па-сучаснаму кажучы, у праграмы адукацыі і выхаваньня. Добрая сьмерць — гэта сьмерць пачцівага чалавека, правільная сьмерць, як гэтага патрабавалі хрысьціянства і агульнапрынятыя кодэксы маралі й гонару”.
(Ракіцкі: ) “Гэткім чынам, для чалавека пачцівага сьмерць, напэўна, была і пазбаўленьнем ад пакутаў душы і цела, пераходам да шчасьлівай вечнасьці…”
(Арэшка: ) “Сапраўды так. І для таго, каб правільна паміраць, яшчэ з часу антычнасьці існавалі “ars moriendi”, падручнікі па “Навуцы прыгатаваньня да шчасьлівай і пабожнай сьмерці”. Літаратурныя, эпісталярныя і мэмуарныя помнікі эпохі “залатой шляхецкай вольнасьці” поўныя апавяданьняў пра “добрую сьмерць”. Адно зь яскравых і падрабязных пакінуў гетман літоўскі Міхал Казімер Радзівіл пра скананьне сваёй першай жонкі Францішкі Ўршулі:
"А сёмай дзяцей паблаславiла, i я зь ёю разьвiтаўся, яна пры поўнай рэфлексii была да астатняга моманту, загадала ксяндзу Мархоцкаму, езуiце, што дасі знаць, калi канаць будзе; крыж, які, нам, княству ардынатам Нясьвiскiм ад цяперашняга айца сьвятога дадзены на момант сьмерці, калі сьвет гэты пакідаць будзем, пазнала i пры iм, казаўшы даць ёй грамнiцу, сама пры скананьнi рукi паднесла, вымавiўшы “Езус, Марыя!”. Богу па-анёльску духа аддала, як праўдзiвая хрысьцiянка, мяне пакiнуўшы на тым падоле плачу ў вялікім смутку...”
(Ракіцкі: ) “Хіба толькі на сямейным ложку адыходзіла ў вечнасьць беларуская шляхта?”
(Арэшка: ) “Вядома, для шляхты, як вайсковага саслоўя, прыкладам добрай сьмерці заўсёды была сьмерць на поле бітвы. Першым выразам, які вучыў з лаціны шляхецкі хлопчык, звычайна быў: “Dulce et decorum est pro patria mori” (“Прыгожай і ганаровай ёсьць сьмерць за айчыну”). Прыклады гераічнай гібелі ваяроў розных эпох і народаў натхнялі шляхціца да спаўненьня абавязку добра памерці, змагаючыся з ворагамі. У гісторыі Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай таксама не было недахопу ў гераічных чынах. Абарона Крамля ў кампаніі Ілжэдзімітрыя, абарона Збаража ў часы казацкіх войнаў, бітва пад Воршай, Грунвальд, бітва пад Рацлавіцамі…
Тыповым быў, напрыклад, адказ гетмана Жаўкеўскага на прапанову аддаць яму лепшага каня, які б вынес яго з поля бою з туркамі: “Калі мяне ня знойдзеце, дык шукайце сярод палеглых, а не сярод тых, якія ўцякалі”. Вобразы добрай шляхецкай сьмерці луналі над безыменнымі стваральнікамі шляхецкага фальклёру і над вялікімі паэтамі.
Па камандзе Бога шыхтуюсь як трэба.
Шэраг пакіну толькі крокам у неба.
За вольнасьць гіну, веры не пакіну.
Такі мой газард, —
Сьпявалі, ідучы пад Слонімам у бой з грэнадэрамі Суворава барскія канфэдэраты”.
Ракіцкі: ) “А Адам Міцкевіч, які добра ведаў традыцыі, стварыў незабыўны вобраз добрай шляхецкай сьмерці ў вершы “Сьмерць палкоўніка”:
Kazał konia Pułkownik kulbaczyć,
Konia w kaźdej sławnego potrzebie;
Chce go jeszcze przed śmiercią obaczyć,
Kazał przywieść do izby — do siebie.
Kazał przynieść swoj mundur strzelecki,
Swoj kordelas i pas, i ładunki;
Stary żołnierz — on chce, jak Czarniecki,
Umierając swe żegnać rysztunki”.У такую гераічную эпоху, калі жаўнер рыхтаваўся да таго, каб у кожную хвіліну разьвітацца з жыцьцём, напэўна, быў бы папулярны які-небудзь Марат Казей, як падарваў сябе разам з ворагамі?”
(Арэшка: ) “Але ў такім выпадку, думаю — не. Забіць сябе, зьдзейсьніць самазабойства, нават дзеля таго, каб зьнішчыць ворагаў, не лічылася добраю справаю. Знакаміты Валадыёўскі з раману “Агнём і мячом” Сянкевіча, сапраўдная гістарычная асоба, падарваўся разам з парахавым складам выпадкова”.
(Ракіцкі: ) “Значыць, былі і прыклады “нядобрай”, “дрэннай” сьмерці? Што мелася на ўвазе ў такім разе?”
(Арэшка: ) “У любых выпадках не ўхвалялася самагубства. Гэта была “нехрысьціянская” сьмерць — чалавек ня меў права свой лёс вырашаць за Пана Бога. Немагчымасьць споўніць перадсьмяротных хрысьціянскіх абрадаў таксама заўсёды вельмі непакоіла будучых нябожчыкаў. У войску, часам, ладзілі імшу проста на маршы, не сьсядаючы з коней. Такім чынам і час не губляўся, і ваяры ішлі на сьмерць адпаведна прыгатаваныя.
Нядобрай лічылася сьмерць ад рукі ката. Але тут існавалі пэўныя градацыі. Для шляхты больш ганарова лічылася быць расстраляным альбо загінуць ад сьцінаньня галавы. Сьмерць на шыбеніцы ці на кале была агіднаю, ня годнай прыстойнага чалавека. Але, напрыклад, для казакаў у 17 стагодзьдзі скончыць жыцьцё “ўбітым на кол” уважалася за асаблівы “геройскі шык”. Дарэчы, гэты спосаб кары сапраўды быў пакутны — на хвастцы рабіўся надрэз і вастрыё кала прапускалася пад скурай уздоўж хрыбта. Чым болей чалавек варушыўся, тым вышэй падымаўся пад скураю кол. Некаторыя вытрымлівалі так да двух сутак”.
(Ракіцкі: ) “Жудасныя падрабязнасьці… Але ж падобнымі жахамі поўніцца гісторыя тых часоў. Таксама і мастацтва захаплялася вобразамі як перадсьмяротных, гэтак і замагільных пакутаў. Трупы, шкілеты, сьмерць з касою прысутнічалі як у літаратуры, гэтак і ў карцінах ці рэзьбах. Зразумела, мэтай творцаў было паказаць грэшнаму чалавеку, што няўмольна чакае яго, падкрэсьліць марнасьць жыцьцёвых уцехаў. Але ў мяне ствараецца ўражаньне, што такая колькасьць макабрычных вобразаў урэшце рабіла сьмерць нейкаю “свойскай”, зьяўлялася пэўная звычка да прысутнай побач сьмерці”.
(Арэшка: ) “Кроў, пакуты, гніеньнье былі звычайнай зьявай, асабліва ў надзвычай крывавым для Беларусі 17 стагодзьдзі. Таму мастакі і казаньнікі звычайна імкнуліся як мага больш выразна падкрэсьліць жудасны бок сьмерці, каб выклікаць у сваёй аўдыторыі найбольш эмоцыяў. Нягледзячы на большую адкрытасьць пачуцьцяў, экзальтаванасьць людзей той эпохі, стаўленьне да сьмерці нават самых блізкіх людзей было часта даволі спакойным. Як сьведчаць шматлікія мэмуары, паплакаўшы дзень-другі над любімым дзіцяткам, бацькі ўжо назаўтра пасьля паховінаў кіраваліся на паляваньне, каб разьвеяць смутак. Дзеці ўвогуле так часта паміралі ў той час, што над імі доўга не гаравалі: Бог даў, Бог і ўзяў.
Асабліва ж звычайнай сьмерць была для вайскоўцаў. Сярод іх выпрацоўвалася пэўнае панібрацтва са сьмерцю і нябожчыкамі. Яскрава піша пра гэта Ян Хрызастом Пасак у сваіх “Дзёньніках”:
“Такі сякі, палажыўшыся на траве й сьпіць. Служыў з намі Качэўскі, шэльма вялікая. Вось ён мне й кажа: “Пане Яне, чаго мусім кулак пад галаву класьці? Пакладземся замест падушкі на тым маскалі!” А ляжаў паблізу тлусты маскаль, пастрэляны. Я адказваю: “Добра, для кампаніі”. Ён тады з аднаго боку, а я зь іншага, палажылі мы галовы, ды так і заснулі, каней за цуглі да рук прыкруціўшы, і спалі гэтак гадзіны з тры. Аж калі дзень ужо зачынаўся, дык у ім штосьці так грудукнула, што мы абодва падскочылі. Падобна, заставалася там яшчэ трохі духу”.
(Ракіцкі: ) “А ці не атрымлівалася так у выніку, што чалавек ужо й ня надта баяўся тае сьмерці, бо ўвесь час жыў як бы ў яе прысутнасьці? Ці заставаўся страх сьмерці моцным чыньнікам у тым жа рэлігійным выхаваньні?”
(Арэшка: ) “Для большасьці людзей, на маю думку, біялягічная, так бы мовіць, боязь сьмерці была такою ж натуральнаю, як і для сёньняшняга чалавека, як і, дарэчы, для жывёлаў. Больш за саму сьмерць чалавек эпохі барока баяўся пасьмяротнай кары — вечных пякельных пакутаў, баяўся памерці “няправільна”, стаць “неўпакоеным духам”. Як гэта ні парадаксальна, але менавіта цьвёрдая вера ў вечнае жыцьцё пасьля сьмерці рабіла для многіх сьмерць такой страшнай. Макабрычныя вобразы сьмерці і пекла павінны былі ўвесь час нагадваць пра маральнасьць, пра неабходнасьць жыць пачціва. Людзі баяліся зграшыць. І, тым ня менш, грашылі, напэўна, як і цяпер”.
(Ракіцкі: ) “Магчыма, уяўленьні пра грэх у розныя эпохі былі трошкі рознымі. Але гэта ўжо іншая тэма... Такім чынам, баяўся чалавек сьмерці ці пекла, грэшны быў ці праведны, бедны ці багаты — канец усё адно для ўсіх быў адзіны?”
(Арэшка: ) “Так, сьмерць усіх рабіла роўнымі. І гэта таксама адна зь любімых тэмаў сармацкага барока. Вершы ці сэнтэнцыі альбо малюнкі на гэтую тэму немагчыма пералічыць. Вось як пісала ў 18 стагодзьдзі паэтка і аўтарка шматлікіх п’есаў Францішка Ўршуля Радзівілава, пра добрую сьмерць якой мы, дарэчы, згадвалі:
Усясьветную веліч, радзьмутую пыху
Сьмерць пускае на глум, надышоўшы паціху:
Мерцьвякі й цішыня на вякі!..
Ці ты моцны ўладар, ці прыніжаны лёкай —
У зямліцы ляжы й не галёкай,
Покуль цела грызуць чарвякі!”
(Ракіцкі: ) “Сьмерць, страх перад ёю і пытаньне: а што потым? Гэта тое, што прысутнічае ва ўсіх вяках, ва ўсіх культурах. Мне здаецца, праз вывучэньне стаўленьня да такіх вечных зьяваў мы маем больш магчымасьцяў наблізіцца да разуменьня іншых людзей, ці нашых продкаў, усьвядоміць сваю сувязь зь імі”.(Арэшка: ) “Не магу з гэтым не пагадзіцца. Дадаў бы яшчэ, што памяць пра памерлых, пра сваіх дзядоў дае нам адчуваньне свайго месца ў гісторыі, у часе. Дарэчы, стаўленьне да сьмерці, да памерлых, да магілаў і ў найноўшай гісторыі шмат што гаворыць пра стан цывілізацыі і грамадзкай маралі. Мільёны забітых ці памерлых, схаваных у невядомых ямінах, занядбаныя могілкі і вялізарныя помнікі катам… Гэта таксама наша спадчына і частка нашай мэнтальнасьці”.
2. Тэатар сьмерці
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Што за мяжой сьмерці? Гэтая невядомасьць тысячагодзьдзямі непакоіць чалавецтва. Як гарантаваць бясьпеку і “дабрабыт” там, адкуль няма звароту? Ад пачатку існаваньня цывілізацыі людзі будуюць сабе выгодныя “дарогі” ў вечнасьць, рыхтуюць усё неабходнае для падарожжа і дбайна абсталёўваюць выправу ў іншы сьвет. А нашы шляхецкія продкі, як яны ставіліся да гэтага апошняга шляху?”
(Вацлаў Арэшка: ) “Чалавек добрай веры і правільных паводзін у прынцыпе ведаў, што яго чакае пасьля сьмерці. Ён павінен трапіць на нябёсы, у “райскія кушчы”, сустрэцца там з Ісусам Хрыстом, Маткай Боскай, сьвятымі пакутнікамі і сваімі памерлымі сваякамі. Каб гэтая праграма была выкананая без перашкод трэба было выконваць вядомыя ўсім правілы: быць пачцівым хрысьціянінам, дапамагаць касьцёлу і убогім, спаўняць свой абавязак перад сям’ёй і айчынаю. Калі існавалі сумненьні ва ўласнай дасканаласьці, неабходна было ўзмацніць дапамогу сьвятому касьцёлу і бедным. Таму – найперш зь імкненьня забясьпечыць сабе месца ў раі, фундаваліся шматлікія касьцёлы й кляштары, засноўваліся шпіталі й прытулкі для ўбогіх.”
(Ракіцкі: ) “ Значыць, многія помнікі нашай культуры паўсталі менавіта дзеля лепшага загробнага жыцьця беларускай шляхты й магнатэрыі?”
(Арэшка: ) “Менавіта так. Але дабрабыт нябожчыка забясьпечвалі яшчэ шматлікія імшы, якія ладзіліся ня толькі ў каталіцкіх касьцёлах, але й праваслаўных ці ўніяцкіх цэрквах. А памінальныя імшы замаўляліся часам на дзесяцігодзьдзі наперад.”
(Ракіцкі: ) “Імшы былі часткай пэўнай цырымоніі. А шляхецкія пахавальныя цырымоніі згадваюцца цяпер нават у падручніках па гісторыі нацыянальнага тэатру, як “паратэатральныя”, гэта значыць, па-за тэатральныя відовішчы. Чаму менавіта з тэатрам параўноўваюць пахаваньне ў Рэчы Паспалітай?”
(Арэшка: ) “Мадэль сусьвету эпохі барока будавалася паводле прынцыпу грандыёзнага тэатру – “тэатру сусьвету”, дзе ўсё адбываецца згодна адпаведнага сцэнару, дзе кожны ўдзельнік мае сваю ролю, якую мусіць сумленна выканаць, і за ўсё адказвае адзіны аўтар і пастаноўшчык – Госпад Бог. Жыцьцё асобнага чалавека было часткай гэтай ўсеагульнай пастаноўкі, але таксама складала і як бы асобны спэктакль. Усе сваё жыцьцё чалавек барока праводзіў на сцэне – апранаў касьцюмы, прымаў адпаведныя позы, адказваў на рэплікі. Сьмерць была важнай, але не самай апошняй часткай гэтай драмы. Увогуле, я параўнаў бы і саму сьмерць чалавека з цэлым спэктаклем, які можна падзяліць на некалькі пасьлядоўных дзеяў.”
(Ракіцкі: ) “І першы акт – гэта, напэўна, сама сьмерць?”
(Арэшка: ) “У нашым выпадку – гэта “добрая сьмерць” шляхціца. Яна адбывалася ў прысутнасьці шматлікіх гледачоў і партнэраў… Затым, дзея дзялілася на два накірункі – нябесныя прыгоды душы й зямныя прыгоды тленнага цела.”
(Ракіцкі: ) “Сканцэнтруемся на апошнім сюжэце.”
(Арэшка: ) “Другі акт быў прысьвечаны падрыхтоўцы цела да пахаваньня, якое адбывалася празь некалькі тыдняў, а часам і месяцаў пасьля скону. Гэта тлумачылася тым, што неабходна было вырабіць пышную труну й аздабленьне для цырымоніі, запрасіць усіх магчымых гасьцей.
Часам сытуацыя ўскладнялася тым, што чалавек паміраў далёка ад меркаванага месца пахаваньня – а магнатэрыя павінна была спачываць у родавых склепах, як, напрыклад, у вядомым радзівілаўскім склепе нясьвіскага касьцёла Божага Цела. Зрэшты бывала, што паховіны адкладаліся з-за таго, што ў нашчадкаў не хапала сродкаў на годнае пахаваньне, ці перашкаджалі зьнешнія абставіны, напрыклад, вайна. Бывала так, што нябожчык ня быў адпаведна пахаваны на працягу дзесяцігодзьдзяў ці ўвогуле – назаўжды.
Так, Міхал Казімер Радзівіл у сваім “Дыярыюшу” згадвае, што разам з паховінамі сваёй маці пахаваў у 1747 годзе і свайго сваяка, наваградзкага ваяводу Яна Радзівіла, які чакаў належнага абраду з 1729 году, бо сын ягоны, Марцін, не паклапаціўся пра свой абавязак.”
(Ракіцкі: ) “Як жа ў такім разе перахоўваліся гэты непахаваныя парэшткі? Ці, як у старажытным Эгіпце, у Беларусі існавала традыцыя прыгатаваньня мумій?”
(Арэшка: ) “Вядома. Муміфікацыяй звычайна займаліся прыдворныя лекары, а часам, нават і цырульнікі. Увогуле, у часы сарматызму да сэкцыі парэшткаў ставіліся як да неабходнай рэчы. Многія мэмуарысты апісваюць выгляд і стан вантробаў сваіх знаёмых ці сямейнікаў. Той жа Міхал Казімер Радзівіл згадвае, пішучы пра сьмерць свайго цесьця Януша Вішнявецкага, між іншым: “Сёньня князя, айца нашага несьмяротнай памяцi, экзэнтэравана i вялiкiя каменьнi знойдзена ў жоўцi.» Да пахаваньня цела звычайна захоўвалася ў касьцёле, адкуль яго, калі надыходзіў час, выпраўлялі на акт трэці – кульмінацыйны.
(Ракіцкі: ) “Зноў зьвернемся да нашага сьведкі – князя Радзівіла:
Ішлі ад самай Рудаўкі да Нясьвіскага фарнага касьцёлу грамады й мужы ўсяго княства Нясьвіскага й грабства Мірскага парамі, кожны ў руцэ несучы сьвечку. Потым цэхі й месты ўсе, у тым жа ваяводзтве Наваградзкім быўшыя, адпаведным ішлі парадкам, цэхі са стрэльбамі, а месты са сьвечкамі; пасьля іх ішоў пешы рэгімэнт ягамосьць пана Пацея, вялікага гетмана. За ім петыгорыя і гусарыя йшлі. За імі йшлі брацтвы ў капах, потым айцы бэрнардыны, дамінікане, айцы езуіты; клірыкі дыяцэзыяў Луцкай ды Віленскай; за імі йшлі інфулаты й чатыры біскупы; за імі воз шасьціконны, на якім цела стаяла, коні й людзі ў кармазынавых аксамітных капах, з залатым галёнам і цалун такі ж самы; дваццаць чатыры пакаёвых з паходнямі, таксама ў капах вакол возу йшлі. За цалун, за возам ідучы, трымаліся мы самыя: сьпярша радзіна – браты й сёстры, потым князь Мікалай Радзівіл, мечнік Вялікага Княства Літоўскага з Барбараю Завішанкаю, жонкаю сваёй, ягамосьць пан Дэнгаф, польны гетман, пан Заранх, стараста Жмудзкі й сіла іншых сэнатараў, дыгнітараў і ураднікаў Вялікага Княства Літоўскага конна, і так.
З гэткаю фунэбральнаю помпаю прайшлі мы празь места. Перад брамаю прамову меў ксёндз Дэ Лятур, прымаючы цела да места; як сталі на цьвінтары, ксёндз Антоні Вайніловіч, казнадзей Нясьвіскі, пасля ягонай прамовы айцы езуіты труну з возу зьнялі й самі занесьлі да касьцёлу ды паставілі на катафалк, які разам з касьцёлам каштоўна й вельмі пекна быў ілюмінаваны. Пры гэтым рэгімэнты пешыя й драгонія тры разы выдалі сальвы, тое ж і цэхі ўчынілі, пры гучным біцьці ў замку з гарматаў.”
(Арэшка: ) “Гэтую канчатковую цырымонію называлі на лаціне рompa funebris – пахавальная ўрачыстасьць. Важную ролю ў гэтай дзеі адыгрываў часта сам нябожчык, дакладней, ягоны двайнік, які, апрануты ў строй памерлага ехаў за труною, а потым выслухваў у касьцёле пахавальныя прамовы, якія цягнуліся некалькі гадзінаў. Перад тым, як труну зь целам апускалі ў лёхі касьцёлу гэты архімім (так, па тэатральнаму яго й называлі тады) зьяўляўся перад труною на кані і з грукатам падаў зь сядла на падлогу, сымбалізуючы сьмерць галоўнага героя спэктаклю. Калі нябожчык меў вайсковыя і грамадзянскія пасады, іншыя акторы таксама конна перад труною зьнішчалі сымбалі ягонай зямной улады. Міхал Казімер Радзівіл піша пра пахаваньне Яна Радзівіла:
«Паколькi князь меў сваю петыгорскую харугву, дык кiдаў шаблю пан Касажэўскi, таварыш харугвы князя, старасты Рэчыцкага, капьё крушыў пан Пратасевiч, таварыш мой петыгорскi, харугву кiдаў ь пан Копец, харунжы петыгорскi князя крайчага, буздыган кiдаў пан Карнiцкi, паручнiк петыгорскi, потым цела князя ўнесьлi да склепу, а рэгiмэнт мой пешы з шасьцi гарматаў агня па трыкроць даваў.»
Труна да гэтага моманту стаяла ў цэнтры касьцёлу на пышна ўпрыгожаным катафалку. Адным з абавязковых элемэнтаў труны быў гэтак званы трумэнны партрэт – дакладная выява памерлага, дапасаваная да тарца труны ў нагах. Такім чынам, вочы нябожчыка, паказанага часта ў росквіце жыцьця, неадступна сачылі за тым, што адбывалася. Потым гэты партрэт звычайна выстаўляўся ў касьцёле “на вякі”.
(Ракіцкі: ) “Такім чынам, у месцы пахаваньня складалася галерэя продкаў, накшталт тых, што аздаблялі залі замкаў і палацаў?”
(Арэшка: ) “Так, памерлы займаў сваё месца сярод прадстаўнікоў свайго роду. Нашчадкі жылі, адчуваючы пільны нагляд продкаў. Продкі былі сумленьнем роду, яны давалі прыклады годнасьці, а часам і подласьці, на якіх вучыліся нашчадкі. З роду ніхто не павінны быў зьнікнуць. Фізычная наяўнасьць продкаў – у партрэтах, у надмагільных дошках, у скульптурах, у трунах, якія рэгулярна наведвалі ў сямейным склепе, павінна была нагадваць пра абавязкі, пра мінулае і абавязкова – пра будучыню, якая чакала кожнага. Так адным з найважнейшых чыньнікаў шляхецкай культуры і шляхецкай маральнасьці станавілася пачуцьцё пераемнасьці роду, родавая памяць.”
(Ракіцкі: ) “Здаецца мне, гэта тое, што ўсё больш губляецца ў сучасным грамадзтве. Але ці былі наступныя дзеі ў пахавальным спэктаклі часоў залатой вольнасьці?”
(Арэшка: ) “Чацьвертай дзеяй звычайна быў шчодры пачастунак для гасьцей і духоўных асобаў, якія бралі ўдзел у цырымоніі. За сталы часам усаджвалі па некалькі сотняў чалавек. Частаваліся на багатых пахаваньнях па некалькі дзён, і жалобны банкет раз-пораз ператвараўся ў шумную папойку з рознымі забавамі – фэервэркамі і паляваньнем.”
(Ракіцкі: ) “А ці абавязковаю была гэткая пышнасьць, якая, згадзіцеся межавала з марнатраўствам? Ці ўсе ў тыя часы так рабілі?”
(Арэшка: ) “Здаралася, што ня сьмерць кармільца, а менавіта раскошныя паховіны пакідалі ягоных дзяцей бяз гроша, бо шмат для каго лепшым здавалася ўлезьці ў пазыкі, але як належыць праводзіць роднага чалавека, чым выклікаць пагалоскі сярод суседзяў пра сваю няўдзячнасьць продкам і скупасьць. Многія ў сваіх тастамэнтах загадвалі пахаваць іх сьціпла, “без помпы”, але нашчадкі знаходзілі спосабы, каб абысьці апошнюю волю нябожчыка. Напрыклад, ладзілі спачатку сьціплыя паховіны, а празь дзень – іншыя, “праўдзівыя”, як трэба. Адразу заўважу, што мы гаворым пераважна пра традыцыі, якія існавалі ў асяродзьдзі заможнай шляхты й магнатэрыі, але й драбнейшая шляхта імкнулася адпавядаць, наколькі было магчыма, узорам “моцных гэтага сьвету”. Напрыклад, аўтар вядомых мэмуараў 18-га стагодзьдзя, беларускі шляхціц “сярэдняй рукі” Марцін Матушэвіч ганарліва прыгадваў, што ў пахаваньні ягонага бацькі ўдзельнічалі 324 каталіцкіх ксяндзы і 150 уніяцкіх.”
(Ракіцкі: ) “Такім чынам, можна сказаць, што тэатар сьмерці заканчваўся ў буфэце. Але гэта таксама традыцыя, уласьцівая ці ня ўсім часам і народам. Жыцьцё працягвалася для тых, хто заставаўся на зямлі, і, як верылі, адбывалася нараджэньне – пачыналася новае жыцьцё для тых, хто пераходзіў у сьвет іншы.”
З сайту "Радые Свабода" Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 10, 24 лістапада)
перадачы сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічаў гісторык культуры Вацлаў Арэшка
[Main page][Title page][Library page]
![]()