[Main page][Title page][Library]
Лідскі вайсковы аэрадром
(1907 - 1915)
(Да 95-годдзя перадыслакацыі 9-й паветраплавальнай роты і
90-годдзя стварэння вайсковага аэрадрома ў Лідзе)
4-я авіяцыйная рота
"...У адпаведнасці з найвысачайша зацверджаным 31 студзеня 1914 года палажэннем Ваеннай рады ад 19 снежня 1913 года 9-я паветраплавальная рота ў 1914 годзе была перайменавана ў 3-ю паветраплавальную роту. "Але яшчэ з захаваннем старой назвы выходзіць загад камандзіра аб фармаванні пры ёй авіяцыйнай роты.
1914 г., 15 лютага
Загад па 9-й паветраплавальнай роце аб сфармаванні 4-й авіяцыйнай роты
№ 47 г. Ліда
§ 1
Фармаваная пры даверанай мне роце 4-я авіяцыйная рота з 7 авіяцыйнымі аддзеламі 2 гэтага лютага сфармавана . Ад імя 9-й паветраплавальнай роты вітаю маладыя часткі, віншую іх з уступленнем у самастойнае жыццё і прашу прыняць шчырыя пажаданні поўнага поспеху ў іх дзейнасці.
§ 2
Надалей да атрымання распараджэння зверху аб складзе з мяне функцый наглядальніка за фармаваннем 4-й авіяцыйнай роты і аб перадачы яе ў часовае камандаванне старшаму з афіцэраў-лётчыкаў, пакідаю за сабой часовае камандаванне названай ротай.
Часовы камандуючы ротай, капітан Рэшчыкаў.
У 4-ю авіяцыйную роту ўвайшлі 7 аддзелаў:
2-і карпусны авіяцыйны аддзел,
3-і карпусны авіяцыйны аддзел,
4-ы карпусны авіяцыйны аддзел,
6-ы карпусны авіяцыйны аддзел,
10-ы карпусны авіяцыйны аддзел,
20-ы карпусны авіяцыйны аддзел,
21-ы карпусны авіяцыйны аддзел.
У гэтым жа годзе адбылася першая катастрофа на Лідскім аэрадроме. "16 красавіка 1914 г. Падпаручнік Ветчынкін Я. П. з механікам Кавальчуком загінулі ў Лідзе пры палёце на самалёце "Ньюпар". Пры планаванні з вышыні 200-300 метраў самалёт "Ньюпар-IV" раптоўна пайшоў уніз, Кавальчук выпаў з самалёта, схапіўся за верхні трос і, правісеўшы у такім жахлівым стане 2-3 секунды, зваліўся на зямлю і разбіўся на смерць. А самалёт з пілотам урэзаўся ў дом і загарэўся.
Для даследвання прычын катастрофы была створана камісія, якая прыйшла да высновы, што самалёт разбіўся з-за недахопаў яго канструкцыі. "Ньюпар" быў пабудаваны па французскай ліцэнзіі на заводзе Шчацініна ў Расіі. Якасць яго вытворчасці была вельмі нізкай. Военны міністр Сухамлінаў з нагоды гібелі Ветчынкіна і Кавальчука ў Лідзе пісаў:
"Вечная памяць ім. Гэта, здаецца ўжо 39 і 40 ахвяра, якую прыносяць рускія вайсковыя паветраплавальнікі ў імя службы і абавязку".
У перадваеннай Лідзе 30 (17) ліпеня 1914 года адбыўся такі выпадак: "...над Лідай падымаўся ў вучэбным палёце і гуў, як чмель, самалёт "Фарман". Самалёт зрабіў кола над рынкам і ўзяў кірунак на ўсход. Раптам "Фарман" пачаў хутка пікіраваць. Народ натоўпам кінуўся з вуліцы Віленскай да завулкаў: Турэцкага, Шклянога, Камерцыйнага і Паліцыйнага, думаючы, што самалёт упадзе ў алешніку каля ракі Лідзеі. Але пілот удала выпрастаў машыну і зноўку падняў яе пад аблокі." Такія паводзіны самалёта можна патлумачыць дваяка: ці то была непаладка на борце машыны, ці няўдалы жарт пілота.
Перад першай сусветнай вайной "...на ўзбраенні рускай арміі ў асноўным знайходзіліся самалёты "Ньюпар-ІV" і "Фарман-ХVІ" з маторамі "Гном" магутнасцю 70 - 80 к.с.
Акрамя гэтых самалётаў, налічвалася некалькі аэрапланаў "Маран-парасоль" таксама з маторамі "Гном" магутнасцю 70--80 л. с."
Самалёты ўсіх гэтых марак былі на ўзбраенні 4-ай авіяцыйнай роты, што базавалася на Лідскім аэрадроме.
Вайна
Па складу на 1914 год "...у рускай арміі налічвалася 244 баявыя самолёты, якія арганізацыйна ўваходзілі ў 39 авіяцыйных аддзелаў. У асноўнай масе самалёты былі французскіх састарэлых канструкцый.
Германія мела ў шыхце 232 самалёты, якія ўваходзілі ў 34 авіяаддзелы, таксама ў асноўным састарэлых канструкцый. У французскай арміі было 138 самалётаў. У Англіі асноўная маса самалётаў знайходзілася ў прыватных асоб. Усяго ў краіне налічвалася звыш 250 самалётаў. " 30 ліпеня 1914 года распачалася І-я сусветная вайна. Яна раскідала аддзелы 4-й авіяцыйнай роты па ўсяму дзейнаму фронту. Трапіў на фронт і "...3-і карпусны авіяцыйны аддзел, якім камандаваў дасведчаны рускі лётчык-знішчальнік паручнік Баркоўскі... Узброены аддзел, у асноўным, самалётамі "Ньюпар" розных серый.
...Створаная лётная група ўступае ў баявыя дзеянні... Лётчыкі аддзела, сустракаючыся ў небе з ворагам, абменьваліся стальбой з асабістай зброі. Пры палётах на бомбакіданне бомбы браліся пад сядзенне або на калені і скідваліся рукамі на галовы ворага. Выкарыстоўваўся паветраны таран. У баях з пераўзыходзячым па колькасці супраціўнікам дапамагалі смеласць і адвага..."
З чэрвеня 1915 па 27 снежня 1915 года 3-ім карпусным авіяаддзелам камандаваў штабс-капітан Ціхоцкі (Тихоцкий). З сакавіка 1917 года аддзел, аб'яднаўшыся з 7-м і 8-м карпуснымі авіяаддзеламі, увайходзіў у склад 2-й Баявой авіяцыйнай групы, якой камандаваў праслаўлены лётчык Яўграф Мікалаевіч Круцень (Е. Н. Крутень). "У кожнага аддзела быў свой вызначальны знак на борце фюзеляжа. У 3-га аддзела - галава індзейца, у 7-га аддзела - галава арла, у 8-га - чырвовы туз. А на "Ньюпары-ХХІІІ" Круценя - галава волата Іллі Мурамца."
Намеснікам камандзіра 2-ой БАГ "...стаў штабс-капітан Шабалін (Шебалин), начальнік штаба штабс-капітан Афанассеў, камандзір 7-га карпуснога аддзела падпаручнік Свешнікаў, камандзір 8-га карпуснога аддзела штабс-капітан Сямёнаў. Лётны склад: штабс-капітан Модрах, штабс-капітан Сцяпанаў, паручнік Германюк, паручнік Буцкевіч, паручнік Нікольскі, падпаручнік Спатарэль І.К., прапаршчык Шыўкаў, прапаршчык Фамін. Персанал абслугоўвання: фельдфебель Баляслаў Радзевіч - старшына аддзела, шарагоўцы: Рагачоў, Аболін, Дзмітрыеў, Кржавецкі, браты Спруктэ".
Трэба адзначыць, што наогул баявы шлях у авіяцыі праслаўленага рускага лётчыка Я. М. Круценя распачаўся менавіта ў 4-й авіяцыйнай (лідскай) роце. Праўда, рота ўжо тады ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі, базавалася асобнымі аддзеламі на палявых прыфрантавых аэрадромах. У загадзе камандзіра па 2-му коннагорнаму гарматнаму дывізіёну, дзе да вучобы служыў Я. М. Круцень, за № 274 ад 2 лістапада 1914 года быў такі параграф:
"У давераным мне дывізіёне паручнік Круцень, скончыўшы курс паветраплавальнай школы у званні вайсковага лётчыка, камандзіраваны для нясення службы ў 21-ы карпусны авіяцыйны аддзел пры 4-й авіяцыйнай роце. Вызначанага обер-афіцэра лічыць у камандзіроўцы.
Даведка: загад начальніка генеральнага штаба па галіне паветраплавання гэтага года за № 16".12
У той жа час у журнале баявых дзеянняў 21-га армейскага авіяцыйнага аддзела з'явіўся запіс: "27 кастрычніка 1914 года прыбыў у Горадню другі аэраплан сістэмы "Вуазен" з вайсковым лётчыкам паручнікам Круценем".
Біяграфічныя звесткі:
Круцень (Крутень) Яўграф Мікалаевіч (29.12.1890 - 19.06.1917)
Рускі лётчык-знішчальнік, подпалкоўнік. Адукацыю атрымаў у Кіеўскім кадэцкім корпусе. Скончыў Канстанцінаўскае гарматнае вучылішча і быў залічаны у 4-ы конна-гарматны дывізіён. У 1914 г. скончыў Гат-чынскую лётную школу, атрымаўшы званне вайсковага лётчыка. Удзельнік I сусветнай вайны. Быў командэірам 2-га армейскага авіяаддзела. У 1916 г. быў адкамандзіраваны ў Францыю і Вялікабрытанію, дзе азнаёміўся з пастаноўкай авіяцыйнай справы, асвоіў новыя тыпы самалётаў, удзельнічаў у паветраных баях. За баявыя дзеянні ў Францыі ён быў узнагароджаны ордэнам Ваенны Крыж з пальмавай галінкай. Посля вяртання ў Расію прызначаны камандзірам 2-ой Баявой авіягрупы. Распрацаваў і прымяніў на практыцы шматлікія прыёмы вядзення паветранага бою. Збіў каля 20 самолётаў супраціўніка. Быў узнагароджаны шмалікімі ўзнагародамі і Георгіеўскай зброяй. Загінуў у час паветранага бою пад горадам Рlotych. Аўтар кніг: „Воздушный бой", „Истребительная авиация".
...За час вайны пілоты 3-га карпуснога авіяаддзела збілі 3 самалёта супраціўніка. Вось некаторыя вядомыя прозвішчы лётчыкаў гэтага авіяаддзела: Ціхоцкі, Макіёнак, Янчанка, Шкарын, Шыўкаў, Праневіч, наглядальнік Фядотаў. У час Грамадзянскай вайны 2-я БАГ была перайменавана ў 2-і Авіяцыйны Дывізіён Знішчальнікаў і пад камандаваннем вайсковага лётчыка І. К. Спатарэля ваявала на баку "чырвоных".
Біяграфічныя звесткі:
Макіёнак (Макиёнок) Данат Адамавіч (19(31).05.1890 - ?)
Рускі лётчык-знішчальнік польскага паходжання, штабс-капітан. У 1911 годзе праходзіў службу ў 97-ым Ліфляндскім пяхотным палку. Скончыў Севастопальскую школу авіяцыі (дыплом № 230). Атрымаў званне унтэр-афіцэра. У авіяцыі з 1912 г. Быў матарыстам, з 1914 г. - лётчыкам. Удзельнік I сусветнай вайны. Ваяваў у складзе 3-га КАА, 7-га авіяаддзела знішчальнікаў. У 1916 годзе атрымаў званне прапаршчыка. Асабіста знішчыў 8 самалётаў ворага. Кавалер 3 Георгіўскіх крыжоў, узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны, Святога Станіслава. В 1918-1929 гг. служыў у Войску Польскім (маёр). Загінуў у гады нямецкай акупацыі Польшчы.
Пра баявы шлях 2-га і 4-га карпусных авіяаддзелаў 4-й авіяцыйнай роты вядома, што "...да жніўня 1916 тры карпусныя авіяаддзелы (2-і, 4-ы і 19-ы) былі аб'яднаны ў Баявыю авіягрупу (у дакументах яна першапачаткова называлася Асобай групай, пазней 1-й БАГ) для барацьбы з германскімі самалётамі. Авіягрупа размяшчалася пад Луцкам..."13 у ліку Асобай арміі Паўднёва-Заходняга фронту. У студзені 1917 года 1-ю БАГ перавялі ў Галіцыю ў складзе таго ж фронту. З 24 сакавіка 1917 года авіягрупа стаяла ля Манастыржава. 4-ы КАА быў размешчаны разам з 19-ым КАА і кіраўніцтвам групы ля вёскі Кавалюўка (Ковалювка), а 2-і КАА - на станцыі Брзежаны.
20 снежня 1916 года ў раёне Луцка лётчык 4-га КАА 1-й БАГ Какорын (Кокорин) знішчыў варожы самалёт "Albatros". Бой адбываўся над акопамі і самалёт упаў на тэрыторыі, што была на рускім баку. 19 красавіка 1917 г. лётчык 4-га КАА прапаршчык М. Малышаў на самалёце "Маран" разам з лётчыкам
Біяграфічныя звесткі:
Какорын (Кокорин) Мікалай Кірылавич (8.05.1889 - 16.05.1917)
Рускі лётчык-знішчальнік, прапаршчык. З 1910 г. служыў у адным з пехотных батальёнаў. У 1914 г. дабіўшыся пераводу ў авіяцыю, здаў экзамены на званне вайсковага лётчыка. Удзельнік І сусветнай вайны. Ваяваць распа-чаў у званні унтэр-афіцэра на Паўночна-Заходнім фронце ў складзе 4-га авіяцыйнага аддзела. З 1916 года ваяваў у складзе 4-га КАА. Асабіста збіў 5 самалётаў ворага. Быў поўным Георгіеўсктм кавалерам, узнагароджаны Георгіеўскай зброяй, ордэнам Святога Георгія Пераможца. мірновым з 19-га КАА знішчылі германскі самалёт "Albatros" ля вёскі Гаражанкі на ўсход ад Галіча. За гады вайны лётчыкі 4-га КАА збілі 8-10 самалётаў ворага. Лепшымі асамі аддзела лічыліся Казакоў, Какорын, Звераў і Зямблевіч. 3-га траўня 1917 г. у 9 гадзін раніцы вайсковы лётчык 2-га КАА падпаручнік Жаброў і лётчык 19-га КАА Смірноў мелі паветраны бой з "Фокерам" на поўнач ад Бальшоўцэ (Большовце).
Дзейнасць 1-й БАГ высока адзначала камандаванне Паўднёва-Заходняга фронту ў загадзе, выдадзеным у сакавіку 1917 г.: "У...цяжкі час на фронт прыбыла баявая авіягрупа ў складзе 2-га, 4-га і 19-га карпусных авіяаддзелаў. ...Не гледзячы на нязначныя, у параўнанні з ворагам, свае паветраныя сродкі, але моцная духам асабовага складу баявая авіягрупа з першых жа дзён прымусіла ворага, што зазнаўся, апамятацца і цэлым шэрагам удалых паветраных перамог, адзіночных і групавых, паралізаваць яго актыўную дзейнасць... і прыпынілі яго безпакаранныя палёты".14
У 2-ім КАА лётчыкі знішчылі 1 ці 2 варожыя самалёты. У гэтым аддзеле служыў вядомы ў будучым "чырвоны" ваенлёт Кажэўнікаў (Кожевников).
2-га ліпеня 1917 года 1-я БАГ па распараджэнні штаба Паўночна-Заходняга фронту перайшла ў склад 8-й арміі і базавалася на паўднёвым ускрайку г. Станіслава. 31 ліпеня авіягрупа вярнулася ў склад 7-ай арміі і размяшчалася ля мястэчка Гарадок. 14 кастрычніка 1917 года 1-я БАГ перадыслакавалася ў Дунаеўцы. У гэты час групай камандаваў падпалкоўнік Казакоў, якому нават у час рэвалюцыйнай сумятні агульным сходам салдат і афіцэраў было даверана камандаваць гэтым падраздзяленнем.
10-ы КАА у час 1-й Су-светнай вайны ўваходзіў у склад 12-га Авіяцыйнага дывізіёна на Паўночным флоце. Аб перамогах ці стратах гэтага аддзела звестак пакуль не знойдзена.
20-ы КАА. З пачатку вайны і да канца 1916 г. камандзірам 20-га КАА быў ваенны лётчык есавул В.М. Ткачоў, які пазней даслужыўся да Начальніка Палявога Упраўлення Авіяцыі ў дзейнай арміі. Звераў (Зверев) Фёдар Фёдаравіч.
Вялікай вядомасцю ў Рускай арміі карыстаўся Звераў, які ў час І сусветнай вайны лятаў у складзе 4-га КАА. Аднойчы ён без дапамогі іншых атакаваў нямецкі самалёт тыпу "Лятаючай цвердзі" - добра ўзброеную двухматорную машыну "Румплер" і прымусіў яе сесці. Экіпаж самалёта пры гэтым трапіў у палон. Усяго лётчык збіў у паветраных баях 10 нямецкіх самалётаў.
Другіх звеста аб ім няма.
Біяграфічныя звесткі:
Казакоў (Казаков, Козаков) Аляксандр Аляксандравіч (02.01.1889 - 21.07.1919)
Рускі ас І сусветнай вайны, палкоўнік. Скончыў Варонежскі кадэцкі корпус, Елізараўскае кавалерыйскае вучылішча. Служыў у 12-ым Уланскім Белгародскім палку. Скончыў паветраплавальную школу ў Гатчыне. Слу-жыў у 4-ым, затым 19 КАА, 1-й Баявой авіягрупе. Вядомы сярод авіятараў сваімі вылетамі на аэраплане з "кошкай", якой знішчаў варожыя самалёты. Праходзячы стажыроўку ў Францыі збіў 4-ы нямецкія самалёты. Другім пасля П. М. Несцерава здзейсіў паветраны таран. Паводле афіцыйных звестак збіў 17 самалётаў супраціўніка (паводле неафіцыйных - 32). У час Грамадзянскай вайны ваяваў на баку белых. Быў узнагароджаны 16-ю баявымі ўзнагародамі, сярод якіх 3 брытанскія - ордэн "За баявыя заслугі", "Ваенны крыж" і крыж "За лётныя баявыя заслугі" а таксама французскім ордэнам „Ганаровага Легіёна". Загінуў у авіякатастрофе.
Біяграфічныя звесткі:
Ткачоў (Ткачёв) Вячаслаў Мацвеевіч (24.09.1885 - 25.03.1965)
Рускі лётчык-знішчальнік, генерал. Скончыў Адэскую прыватную авіяшколу, афіцэрскую Севастопальскую авіяшколу. У 1913 годзе ён здзейсній рэкордны палёт на "Ньюпары" па маршруце Кіеў-Адэса-Керч-Тамань-Екацерынадар. Непрацяглы час служыў у ХІ КАА разам з П. М. Несцеравым. Камандзір ХХ-га КАА. Удзельнік І сусветнай вайны. Камандзір 1-ай БАГ. Быў камандзірам 11 авіядывізіёна. У пачатку 1917 г. быў прызначаны інспектарам авіяцыі Паўднёва-Заходняга фронту, а с 6 ліпеня 1917 г. стаў Начальнікам Палявога Упраўлення Авіяцыі і Паветраплавання пры Штабе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Асабіста збіў 5 варожых самалётаў. Першы сярод пілотаў узнагароджаны ордэнам св. Георгія. У часы Грамадзянскай вайны ваяваў на баку "белых". З лістапада 1920 г. у эміграцыі. Вярнуўшыся на Радзіму, адбыў 10 год лагераў. Аўтар кніг: "Материалы по тактике воздушного боя ", "Крылья России", "История Российской военной авиации (1914 - 1917)", " "Русский сокол". акладна вядома, што Ткачоў служыў у Лідзе перад першай сусветнай вайной. Гэта аб ім пісаў І. К. Спатарэль у кнізе "Против чёрного барона", якога цяжка западозрыць у сімпатыях да лётчыкаў, перайшоўшых ваяваць на бок "белых" (менавіта Ткачоў пасля быў у шэрагах белагвардзейцаў): "Я бачыў, як Ткачоў лятае. Прыгожа гэта ў яго атрымоўвалася. З той чысцінёй, адшліфаванасцю, якая ўласціва сапраўднаму майстэрству. Ні адной лішняй секунды пры апрабоўванні матора. Энергічны ўзлёт. Выразнасць эвалюцый у паветры. Устойлівая, упэўненая пасадка. Вылезе з самалёта - і зноў ніводнага лішняга руху ці слова. Калі можна так сказаць, ён лятаў сур'ёзна. Адчувалася і яго любоў да палётаў, і спакойная ўпэўненасць у самім сабе, уласцівая людзям, што добраедаюць сваю справу."
Вядомы адзін факт перамогі ў паветраным баі лётчыкаў гэтага аддзела. 10 студзеня 1917 года лётчык 20-га КАА лейтэнант французскай службы Грасэ (Грассе) збіў варожы аэраплан на поўдзень ад Брзежан.
21-ы КАА. Гэты аддзел уваходзіў у склад 10-га Авіяцыйнага Дывізіёна на Заходнім фронце. У 1916-1917 гг. у гэтым аддзеле служыў французскі лётчык сержант Сос (Сосс). Ён быў узнагароджаны за баявыя заслугі некалькімі рускімі і французскімі ўзнагародамі. Страты: у студзені 1917 г. у 21-м КАА ў паветраным баі над сялом Лапіміна (Лопимино) загінулі лётчык падпрапаршчык (прозвішча невядома) і наглядальнік паручнік Кісялёў.
З 4-ай авіяцыйнай ротай паводле непадцверджаных пакуль дакументальна звестак быў звязаны лёс і другога праслаўленага рускага лётчыка. Міхаіл Мікалаевіч Яфімаў (М. Н. Ефимов) быў "14 красавіка 1916 года прызначаны ў 6-ы карпусны авіяаддзел".Камандзіруючы яго туды на адбыванне службы, камандзір 25-га карпуснога авіяатрада П.А.Самойла (Самойло), жартуючы казаў: "Ну, брат, ты цяпер трапіў у папраўчую ўстанову, бо камандзір гэтага аддзела [6-га карпуснога - заўвага аўтара], капітан Стрэльнікаў, вядомы сваёй строгасцю, ён табе нагоніць і дысцыплінкі, і вайсковага духу."
Біяграфічныя звесткі:
Яфімаў (Ефимов) Міхаіл Мікалаевіч (01(13).11.1881 - жнівень 1919)
Адзін з першых рускіх лётчыкаў. У 1909 г. самастойна навучыўся лятаць на планеры. У 1910 г. скончыў лётную школу А.Фармана ў Францыі, стаўшы дыпламаваным пілотам - першым з рускіх авіятараў. 8 (21) сакавіка 1910 г. здзейсніў у Адэсе першыя ў Расіі публічныя палёты. Устанавіў некалькі авіяцыйных рэкордаў. Разам з Л.М.Мацыевічам выканаў першыя начныя палёты. Адзін з першых лётчыкаў свету, які выканаў у сваіх палётах такія эвалюцыі, як віражы і спіралі, пікіраванне і планіраванне з выключаным рухавіком. Займаўся вынаходніцкай і канструктарскай дзейнасцю. Удзельнік І сусветнай і Грамадзянскай вайн. Узнагароджаны салдацкім камплектам св. Георгія і ордэнам Святой Ганны 3-й ступені. Растраляны белагвардзейцамі ў Адэсе. Яго імем названа адна з малых планет Сонцавай сістэмы.
У 1915 годзе ў Лідзе, у 4-ым авіяпарку служыў вайсковы лётчык паручнік Андрэй Мігай. Пазней, 20 верасня 1917 г. ён загінуў на фронце пры вяртанні з баявога палёту. Пахаваны ў г. Менску.
Больш дакладных дадзеных аб лёсе аддзелаў 4-й авіяцыйнай роты, як і іх службоўцаў, у мяне няма.
Эскадра паветраных караблёў у Лідзе
Адна з яркіх старонак у гісторыі Лідскага вайсковага аэрадрома пачатку ХХ-га ст. - знаходжанне ў Паўднёвым гарадку аддзела эскадры самалётаў "Ілля Мурамец" разам з яе камандзірам генералам Шыдлоўскім і легендарным рускім і амерыканскім канструктарам, імя якога вядома ва ўсім свеце, Ігарам Сікорскім.
Самалёт "Ілля Мурамец - В" (ІМ-2), ( № 167, В-21) у Лідзе, жнівень 1915 г.
Самалёт "Ілля Мурамец" быў сканструяваны ў 1913 годзе групай інжынераў пад кіраўніцтвам І.І.Сікорскага. Канструкцыя самалёта, як і яго схема, для 1913-1914 гг. былі перадавымі, у той жа час простымі і мэтазгоднымі.
Гэта быў самалёт небывалых па вялічыні памераў. З гэтай нагоды ў тагачаснай прэсе адзна-чалася, што па "крылах" яго ў час палёту могуць хадзіць людзі, не парушаючы пры гэтым раўнавагу апарата. Прыпынак у рабоце нават двух рухавікоў не прымушае апарат тэрмінова выканаць пасадку. Словам, для свайго часу самалёт "Ілля Мурамец" быў цудам тэхнікі. На ім быў усталяваны шэраг сусветных рэкордаў. Так адзін з іх - пералёт 16 і 17 ліпеня 1915 г. па маршруце Пецярбург - Кіеў з пасадкай у Воршы за 12 г. 50 м. лётнага часу і ў адваротным кірунку з пасадкай у Новасакольніках (усяго за 10 г. 30 м) выканала залога ў складзе: І. І. Сікорскі, Г. І. Лаўроў, Х. Ф. Прусіс і В. С. Панасюк.
Гэты самалёт атрымаў назву "Ілля Мурамец Кіеўскі" у гонар пералёту. У 1915 - 1917 гг. было пабудавана яшчэ тры самалёту з гэтай назвай, якія мянялі адзін аднога.
З пачаткам баявых дзеянняў самалётам ІМ давялося прымаць у іх удзел. 7 жніўня 1914 года выйшла пастанова Ваеннага Савету аб фармаванні чатырох аддзелаў на базе паветраных караблёў "Ілля Мурамец". 4 верасня пачалося фармаванне яшчэ 3 аддзелаў. У ваенным варыянце ўзбраенне некаторых самалётаў ІМ дасягала 8 кулямётаў і 420 кг бомбаў. Залога складала ад 5 да 8 чалавек. Па першапа-чатковай задумцы кожны карабель прыраўноўваўся да баявога аддзела з усімі палажэннямі і штатам. Гэтыя аддзелы прыдаваліся штабам франтоў і армій. Але першыя баявыя дзеянні паказалі неэффектыўнасць такой арганізацыі справы: асобныя "Мурамцы", прадстаўленыя самі сабе, мелі цяжкасці з рамонтам, забеспячэннем палівам і ўзбраеннем. Камандуючыя арміямі і франтамі, не маючы досведу ўзаемадзеяння з такога роду зброяй, прымянялі паветраныя караблі ў асноўным для выведкі, а не як бамбардзіроўшчыкі.
Старшыня Савета Акцыянернага Таварыства рыжскага Руска-Балтыйскага вагоннага заводу (Р-БВЗ), на якім выпускаліся "Мурамцы" М. В. Шыдлоўскі, бачачы неэфектыўнасць выкарыстання гэтых паветраных караблёў у вайне, прапанаваў сабраць іх у адну эскадру па ўзору эскадры марскіх караблёў. У выніку дакладу Шыдлоўскага 7 (8?) снежня 1914 года быў выдадзены загад аб фармаванні эскадры з 0 баявых і 2 вучэбных паветраных караблёў "Ілля Мурамец". Начальнікам эскадры прызначаўся М.В. Шыдлоўскі з прысваеннея яму звання генерал-маёра. Гэтым жа загадам авіяцыя дзялілася на цяжкую, якая падпарадкоўвалася галоўнаму камандаванню, і лёгкую, падпарадкаваную вайскавым злучэнням.
Пры эскадры паветраных караблёў была арганізавана маторная майстэрня па рамонту рухавікоў з маторным класам, у якім прызначаныя ў эскадру механікі праходзілі курс абслугоўвання рухавікоў "Мурамцаў".
М.В.Шыдлоўскаму з лютага 1915 г. ўдалося наладзіць эфектыўную работу эскадры: "Мурамцы" паспяхова бамбілі чыгуначныя вузлы і згуртаванні жывой сілы і тэхнікі супраціўніка, яго аэрадромы, праводзілі глыбокую выведку ў варожым тыле, штурмавалі калоны супраціўніка на маршы, абстрэ-львалі з кулямётаў разлікі артылерыйскіх батарэй. Кулямётнае ўзбраенне "Мурамцаў" было такім магутным, што нямецкія знішчальнікі, валодаўшыя перавагай у хуткасці, усё ж лічылі за лепшае не ўвязвацца з імі ў бой. Такім чынам, "Мурамцы" з'яўляліся першымі сапраўднымі "лётнымі цвердзямі".
"Баявая работа эскадры, на якім бы фронце яна ні дзейнічала, мела заслужаны поспех. У 1915 г. "Му-рамцы" зрабілі звыш 100 баявых вылетаў і скінулі на варожыя аб'екты каля 20 т авіябомб. Іх глыбокія рэйды па тылах супраціўніка з фатаграфаваннем ваенных і стратэгічных аб'ектаў далі камандаванню вельмі каштоўныя звесткі."
"Нягледзячы на вялікую колькасць баявых вылетаў, здзейсненых асобнымі караблямі і групамі "Мурамцаў", за ўсю вайну быў збіты толькі адзін самалёт і тры было падбіта, але яны дацягнулі да свае тэрыторыі. А ўсяго было здзейснена каля 400 баявых самалёта-вылетаў. Так, напрыклад, у 1916 г. борт "Мурамца" № 167 упрыгожваў надпіс: "Паветраны карабель "Ілля Мурамец 2-і". Каля 10000 вёрст, скінута 300 бомб агульнай вагой да 400 пудоў".3
Калі ў ліпені 1915 года немцы пачалі атаку на Новагеоргіеўскую цвердзь эскадра паветраных караблёў "Ілля Мурамец", база якой у той час знайходзілася ў Старой Яблонне (пад Варшавай), пераляцела спачатку ў Беласток, а затым у Ліду.
У Старой Яблонне
"...Па прычыне відавочнай пагрозы базе было вырашана асноўную частку эскадры эвакуяваць, і пакінуць толькі баявыя караблі, якія павінны былі да апошняга прымаць удзел у ваенных дзеяннях, а затым пераляцець у Ліду."
Так Лідскі аэрадром стаў у ліпені і жніўні 1915 г. прытулкам для лётнага аддзелу эскадры самалётаў "Ілля Мурамец" цяжкай авіяцыі Вярхоўнага Галоўнакамандавання рускай арміі.
У той час аэрадром быў адным з самых сучасных у Расіі. На ім мясціліся майстэрні, баракі, склады паліва і інш. Тэхнічная база аэрадрома прадстаўляла магчымасць не толькі збіраць і рамантаваць "Мурамцы", але і праводзіць сістэматычную падрыхтоўку афіцэраў эскадры. Гэтая авіяцыйная падрыхтоўка складалася з практычных і тэарэтычных заняткаў па розных тыпах кулямётаў, курсу агнявой падрыхтоўкі і навучэнні кіравання самалётам.
"З Стаўкі на пасаду намесніка камандзіра эскадры па шарагавай частцы прыбыў генерал-маёр Вайніловіч-Нянькоўскі, а на пасаду старэйшага афіцэра эскадры - капітан Генеральнага штабу Віткоўскі..."
На здымку "Элінг у Лідзе" бачны 3 самалёты "Ілля Мурамец" (два баявых і адзін вучэбны) і 3 знішчальнікі (два С-16 і адзін С-12). Вельмі ўражваюць памеры элінга. Размах крылаў "Мурамца" амаль 31 м, даўжыня - больш за 17 м. Гэтыя самалёты стаяць уздоўж падоўжнай восі элінга ўдваіх адзін за адным. У ім яшчэ застаецца спераду месца для знішчальнікаў. Такім чынам атрымоўваецца: шырыня элінга дзесьці каля 40 метраў, яго даўжыня - прыкладна 60 метраў пры вышыні 40 метраў. Для прыкладу: вышыня 9-павярховага дома - 27-30 метраў. Элінгі, як вядома, будаваліся для дырыжабляў, а ангары для самалётаў. Пад "Мурамцы" лідскі элінг проста прыстасавалі.
Элінг у Лідзе
У Дзень авіяцыі (Свята Іллі Прарока) 2 жніўня 1915 года ў Ліду прыбыў "Ілля Мурамец №2". Гэта першы карабель, на якім стаялі рухавікі рускай канструкцыі вытворчасці Руска-Балтыйскага вагон-нага завода ў Рызе. Авіярухавікі Р-БВЗ былі сканструяваны інжынерам Кірэевым і ўяўлялі сабой маторы аўтамабільнага тыпу. Па канструкцыі яны з'яўляліся шасціцыліндровымі двухтактнымі рухавікамі вадзя-нога ахалоджвання з радыятарамі па баках. Аказалася, што рускія рухавікі па якасці і тэхнічных дадзеных пераўзыходзілі Аргусы, Сальмсаны і Санбімы, якія раней ставіліся на "Мурам-цы". Так, паветраны карабель ІМ-2 з грузам 820 кг у час першага палёту падняўся на вышыню 3450 метраў. На гэтым самалёце было выканана 30 баявых палётаў з вельмі здаваль-няльнымі вынікамі.
Вельмі карыснымі былі выпрабаванні ІМ-2 з агромністай 25-пудовай (410 кг) бомбай даўжынёй амаль 2 метры. Дарэчы, частка гэтых мерапрыемстваў праходзіла ў час базавання эскадры на аэрадроме ў Лідзе. Ні адзін "Мурамец" ніколі не нёс такую бомбаваую нагрузку. У час выпрабаванняў бомба была напоўнена пяском. Калі яна скідвалася на зямлю, то ўзнікала варонка дыяметрам 3 метры.Практычна ж і раней, і пасля гэтага прымяняліся бомбы вагой не болей 15 пудоў, але звычайна не больш 5 пудоў. Была сканструявана бомба вагой аж 40 пудоў (656 кг), але яе не скідвалі.
Падвеска 25-пудовай бомбы. Ліда, жнівень 1915 г.
"Пасля эвакуацыі і здачы Ковенскай, Новагеоргіеўскай і Брэст-Літоўскай цвердзяў і здачы Вільні ў жніўні 1915 года, "Мурамцам" давялося перабазавацца з Ліды. Перад нямецкімі войскамі, якія наступалі на Паўночным фронце ў кірунку на Рыгу, ЭПК перамясцілася ў Пскоў. 710-км пералёт з Ліды ў Пскоў адбыўся 27 жніўня 1915 года. У той час эскадра скла-далася з шасці "Мурамцаў": ІМ-1, ІМ-2, ІМ-3, ІМ-4, ІМ-5, ІМ-6 і ІМ-Кіеўскага. Палёт давялося праводзіць у цяжкіх умовах надвор'я, якія прымушалі ляцець праз туман і дождж на вызначаны аэрадром. Большасць камандзіраў па звычцы ляцелі, не карыстаючыся компасам. Толькі лейтэнант Г.І. Лаўроў, ляцеўшы на ІМ-1, пазбег дрэннага надвор'я, падняўшы свой карабель вышэй аблокаў, затым, прайшоўшы праз аблокі, удала прызямліўся ў Пскове.
Лаўроў лятаў яшчэ з Іга-рам Сікорскім у 1914 г. з Пецярбурга ў Кіеў і набыў вялікі досвед у палётах над морам па компасу. Штабс-капітан Башко пілатаваў ІМ-Кіеўскі. Башко выказваў нека-торы скептыцызм адносна компаса і, болей за тое, баяўся, што яго паветраны карабель можа трапіць у рукі немцаў, якія ў той час вялі наступ на Вільню. Таму ён вырашыў ляцець у Пскоў пад ніжнім беражком аблокаў - калі-нікалі на вышыні 100 метраў. Каб дасягнуць Пскова, Башко патрабавалася пяць гадзін пятнаццаць хвілін. ІМ-5 пад камандай лейтэнанта Г.В.Аляхновіча прызямліўся ў маёнтку ў дваццаці км ад Пскова. ІМ-2 пад камандаваннем капітана А.В.Панкраццева заблукаў у дарозе і прызямліўся ў Нова-Свянцянах.
Кожны з гэтых "Мурамцаў" пазней дабраўся да Пскова. Толькі ІМ-4, пад камандаваннем лейтэнанта М.В.Смірнова вымушаны быў застацца ў Рэжыцы... Па шляху на новы аэрадром "Мурамцы" праляталі на малой вышыні над Астроўскім паветам Пскоўскай губерні. Шматлікія сяляне, якія ніколі не бачылі такога вялізнага самалёта і не чулі раней рэву матораў, кідаліся ўрассыпную, стараючыся схавацца ў лясах.
...Пасля паспяховага пералёту "Мурамцаў" у Пскоў некаторыя падраздзяленні эскадры паветраных караблёў заставаліся ў Лідзе: штаб ЭПК, частка персаналу, каманды па абслугоўванні абсталявання. Толькі з вялікімі ці няздольныя да палёту "Мурамцы" з Ліды разам з 75-мм зянітнай батарэяй. Ва ўмовах адступлення Ліда стала перагружаным транспартным цэнтрам. Чыгу-начная станцыя была запоўнена войскамі, якія накі-роўваліся на паўночны фронт, і цягнікамі, загружанымі артылерыйскімі снарадамі, стратэгічнымі матэры-яламі і скарбамі ўцекачоў, якія эвакуяваліся з Брэст-Літоўска, Варшавы і Астраўца. Чыгуначны затор быў сапраўда непераадольны.
На шчасце, варожыя самалёты і цапеліны не з'явіліся над Лідай, магчыма з-за дрэннага надворья. У час нашага адступлення варожы паветраны налёт мог быць апусташальным, паколькі чыгуначная станцыя была забіта вагонамі, напоўненымі ўзрыўчаткай і бомбамі. Такая атака магла паралізаваць рух праз гэты важны чыгуначны вузел і прывесці да парыву камунікацый. Перасоўванне эскадравага абсталявання было вельмі паскорана жанчынамі-рабочымі, якія пабудавалі чыгуначную дарогу ад аэрадрома да станцыі Ліда. У той час не хапала мужчын, якія маглі б выканаць такую справу. Чыгуначная каляяна гэтай імправізаванай дарозе была пракладзены з належнай якасцю і яна добра дапамагла пры апрацоўцы вагонаў, якія загружаліся аэрапланамі, бомбамі і вайсковымі матэрыяламі."
"Ілля Мурамец" быў вельмі жывучы (з пункту гледжання баявой жывучасці) самалёт. Яго было вельмі цяжка збіць. Жывучасць гэтую забяспечвалі вельмі удалая канструкцыя і чатыры магутныя рухавікі, прыпынак работы паловы якіх, істотна не адбіваўся на палёце. Адзіны збіты ворагам самалёт "Ілля Мурамец" быў страчаны эскадрай у час выканання налёту на штаб лася ля горада Барун. Ад-дзел эскадры тады базаваўся ля Менска. Адбылося гэта 25 верасня 1916 г. Тэкст перахопленай нямецкай радыяграмы апавядаў гэтую падзею так: "Канчаткова-такі нам удалося збіць агромністы рускі чатырохматорны самалёт, хаця і коштам гібелі трох знішчальнікаў".
ІМ-16, збіты 25 верасня 1916 г. на ўсход ад Ліды ў
час налёту на штаб нямецкай рэзервовай дывізііСамалёт ІМ-16 упаў на ўсход ад Ліды ля мястэчка Багданаў. У выніку катастрофы загінула чатыры члены залогі: камандзір карабля лейтэнант Макшэеў (Макшеев), намеснік камандзіра лейтэнант Рахмін, артылерыйскі афіцэр лейтэнант Гаўбаў (Гаубов) і ка-дэт Карпаў.
Захаваўся рапарт нямецкага лётчыка з 45-га атрада знішчальнікаў лейтэнанта Вольфа, які ў той дзень прымаў удзел у паветраным баі з ІМ-16 і быў сведкам яго падзення. У рапарце Вольф піша:"...Калі пачаўся бой, руская залога не паспела скінуць бомбы, некаторыя з іх разарваліся ў момант удара аб зямлю, разарваўшы машыну на часткі. Асноўныя элементы канструкцыі самалёта яшчэ можна было распазнаць, але большая частка дробных дэталяў была знішчана пры катастрофе. Хваставая секцыя ляжала прыкладна ў трыццаці метрах убаку ад крылаў, была параўнальна мала пашкоджаная і мела ў даўжыню 21 крок, так што агульны размах крылаў павінен быў дасягаць 44-48 крокаў. Фюзеляж быў вельмі доўгі і тонкі, пакрыты клеенай фанерай. Ніжняячастка кабіны, таксама была зроблена з фанеры, верхняябыла ашклёная. У верхнім крыле быў люк, які дазваляў весці агонь з гэтай пазіцыі, у кабіне таксама былі люкі для кулямётаў. Бартавое ўзбраенне складалася з аднаго кулямёта с вадзяным ахалоджанням і дзвюх - з паветраным. Рухавікі па два на кожным боку, мацаваліся на ніжніх крылах, былі, хутчэй усяго, ангельскай вытворчасці і мелі магутнасць 220 к.с. кожны.
Усе чатыры члены залогі былі мёртвыя. Залога складалася з камандзіра, артылерыйскага капітана і першага лейтэнанта з кавалерыі, чацвёртае цела было так моцна абпалена, што распазнаць яго было нельга. Залога, хутчэй усяго, была забіта ў паветры, пакольку тры афіцэры мелі шматлікія раны ў галаву і грудзі. Кабіна была літаральна зрашэчана кулямі. Згодна дакументам, знайдзеных у абломках, вялізны самалёт называўся "Ілля Мурамец", два гэтыя самалёты і эскорт знішчальнікаў утваралі сабой бамбардзіровачную групу.
26 верасня залога была пахавана з усімі вайсковы-мі ўшанаваннямі на могілках горада Барун.
Месца катастрофы - Багданаў, на ўсход ад Ліды."
Пазней у нямецкай газеце быў надрукаваны фатаздымак магілы, над якой быў пастаўлены васьміканцовы праваслаўны крыж з надпісам: "Тут ляжаць чатыры рускія лётчыкі, гераічна загішуўшыя ў паветраным баі 25 верасня 1916 г. (па новаму стылю)".
...Стварэнне першага ў свеце чатырохматорнага самалёта "Ілля Мурамец" і эфектыўныя баявыя дзеянні эскадры гэтых караблёў, безумоўна, выклікалі цікавасць розных авіяцыйных спецыялістаў, як у Расіі, так і за мяжой. Нямецкія і ангельскія авіяканструктары парываліся стварыць нешта нападабенства "Іллі Мурамца", але іх памкненні так і засталіся безвыніковымі да канца вайны. У эскадру прыязджалі вайсковыя спецыялісты саюзнікаў - французы і англічане - для азнаямлення з новым родам зброі.
У 1918 годзе эскадра паветраных караблёў засталася на Украіне ў занятым немцамі раёне і яе маёмасць была раскрадзена.
"У розныя часы ў эскадры служылі такія выдатныя лётчыкі як: Гаршкоў Георгій Георгіевіч (1881 - 1919), Аляхновіч Глеб Васільевіч (1886 - 1918), Панкраццеў Аляксей Васільевіч (1888 - 1923), Жураў-чанка Аляксандр Мікалаевіч (пам. у 1964 г.) і інш." "...Звяртала на сябе ўвагу тое, што пасады лётнага складу ў эскадры вызначаліся не званнямі або пратэк-цыяй, а ведамі і майстэрствам. Вось чаму, напрыклад, штабс-капітаны Яўген Гарадзецкі і Віктар Іваноў ляталі памочнікамі ў паручнікаў Шарова і Спасава. Хоць і былі нядрэннымі лётчыкамі, але мелі меншы досвед."
Дакладна вядома, што ў Лідзе ў 1915 годзе ў складзе эскадры паветраных караблёў "Ілля Мура-мец" знаходзіліся: Аляхновіч Г.В., Башко І.С., Вайніловіч-Нянькоўскі, Віткоўскі, Кансценчык А.У., лейтэнант Кржычкоўскі, Лаўроў Г.І., лейтэнант Лойка, Ніжэўскі Р.Л., Панкраццеў А.В., Серадніцкі А.В., авіяканструктар Сікорскі І.І., Сіроткін Н.В., Смірноў М.В., Чачулін, генерал-маёр Шыдлоўскі М.В.
Група афіцэраў у Лідзе ў ліпені 1915 г.
У часы базавання эскадры ў Лідзе ў яе складзе "...ваяваў гарадзенскі авіятар капітан Галоўка С.М. (Головко)." Менавіта на Лідскім аэрадроме на самалёце "Ілля Мурамец" распачаў сваю творчую біяграфію матарыст Фёдар Іванавіч Грошаў. Першы свой палёт у якасці члена залогі (матарысты тады ўваходзілі ў залогу самалёта) яму давялося здзейсніць у Лідзе.
"...Незабыўныя былі ўражанні ад першага палёту. Гэта было ў светлы ліпеньскі дзень 1915 года. Задоўга да старту Грошаў ужо быў каля сваёй машыны. Вось ён запусціў усе маторы, уважліва праслухаў іх работу і задаволена кіўнуў галавой.
Самалёт выруліў на старт. Пілот даў поўны газ. Агромністая машына, пастаянна прыспешвала бег, у апошні раз падскочыла і павісла ў паветры. Грошаў глянуў уніз. З самалёта далёка было бачна вакол. Вось знаёмая лінія чыгункі, а ў далечыні вузкай стужкай ўецца рака, вось і хаты, падобныя на запалкавыя скрыначкі. Паветраны карабель павольна плыў над зямлёй, запаўняючы слых залогі рэвам сваіх чатырох магутных матораў".
* * *
Першыя крокі па стварэнні Лідскага вайсковага аэрадрома адносяцца да 1907 года, калі тут раз-мясцілася 9-я паветраплавальная рота рускай арміі, для якой і была створана аэрастатная пляцоўка. Першы дырыжабль у Лідзе з'явіўся не пазней 1913 года, а першы самалёт - у 1912 годзе. На аэрадроме ў тэрмін з 1913 па 1915 гг. базаваліся дырыжаблі "Астра", "Грыф", "Голуб", "Альбатрос" і самалёты "Н'юпар", "Фарман", "Маран", "Ілля Мурамец", С-16, С-12 і інш.
Лідскі аэрадром - адзін са старэйшых вайсковых аэрадромаў не толькі ў Расійскай імперыі, але і ў свеце. Першы вайсковы аэрадром у Расіі (як аб'ект, што складаецца з лётнага поля, дыспетчарскай вышкі, ангараў, складоў паліва і іншых будынкаў) узнік у Гатчыне (пад Пецербургам) у 1910 годзе. "...Перад першай сусветнай вайной было пабудавана 25 аэрадромаў."12 Усяго 2 гады аддзяляе час стварэння першага лётнішча ў Расіі ад таго моманту, калі шасі самалёта дакрануліся лётнага поля аэрадрома ў Лідзе.
Аўтар выказвае вялікую ўдзячнасць за ахвяраванне сродкаў на набыццё копій дакументаў у Дзяржаўным Вайскова-Гістарычным Архіве Расіі ў Маскве сп. Судніку С. В.,за іх дастаўку сп. Дзікевічу М.М. Выказваю таксама падзяку сп. Абазоўскай (Астрожнікавай) В.У. і сп. Мішкевічу П.М. за прадстаўленне фотаздымкаў з сваіх асабістых архіваў. Вялікае "дзякуй" за супольную працу старшаму навуковаму супрацоўніку Лідскага гістарычна-мастацкага музея Сліўкіну В.В. і галоўнаму бібліятэкару Лідскай раённай бібліятэкі Васількоўскай А. А. Без іх дапамогі гэты артыкул не ўбачыў бы свет.
А. Савук
Надрукавана ў"Лiдскiм Летапiсцу" № 19, 20