[Main page][Title page][Library page]

 

Хрысціянства на Лідчыне

 

Тутэйшае насельніцтва аж да 14-га стагоддзя было паганскім. Шанавалі дрэвы, каменні, рэкі. Вераванні абапіраліся на культ прыродных стыхій і багоў, якіх таксама, як у грэкаў і рымлян, было мноства. Багі жылі ў святых гаях і святых рэках. Ім прыносіліся ахвяраванні. Адной са святых рэк была Дзітва. Па абодвух яе берагах захаваліся месцы паганскіх багаслужбаў - капішчы, два з іх каля в. Любары і адно на Шведскай гары, а таксама шматлікія курганы і каменныя могільнікі.

Праваслаўе з'явілася адначасова са сценамі Лідскага замка. Прыблізна ў 1323 г. для праваслаўных будаўнікоў замка - кіеўскіх і валынскіх палонных - унутры двара была пабудавана невялікая драўляная царква - першая з вядомых на Лідчыне. "Капліца ў замку была ад пачатку яго заснавання" .[1] Пазней царква была перанесена ў паўднёва-заходнюю вежу, дзе заставалася да 1533 г.

Каталіцтва ў Ліду прынеслі ў 1366 г. тры францішканскія манахі. Падчас нейкай замятні ў 1369 г. іх забілі паганцы. Неўзабаве прыбылі шэсць іншых, якія над магілаю сваіх братоў пабудавалі араторыюм і пры ім пачалі жыць. Каля 1376 г. прыбылі яшчэ тры манахі, якія прынеслі з сабой абраз Божай Маці з г. Візны. ("Абраз Маці Божай прынеслі з сабой з г. Візны, які да гэтага часу славіцца цудамі ў фарным касцёле" [2]. "Колькасць іх вырасла ў 1376 г. да 9 місіянераў, якія з сабой прынеслі абраз Багародзіцы, што дагэтуль цудамі славіцца" [3].

abraz.jpg (28691 bytes)

 

 

 

 

 

 

 

Абраз выкананы на драўлянай пліце , зшытай з дзвюх дошак дзвюмя папярочнымі перакладзінамі. Ён перажыў усе войны і пажары і выдатна захаваўся. Абраз неаднойчы рэстаўраваўся. Сёння яго можна бачыць на пілоне ў левай частцы Крыжаўзвіжанскага касцёла пад акладам значна больш позняга часу. Абразу - 625 гадоў! Лідская Божая Маці на восем гадоў раней Яснагурскай і на добрых дзве сотні гадоў раней Вастрабрамскай з'явілася перад вачамі вернікаў. На сёння гэты абраз, відочна, - самы старажытны каталіцкі абраз на Беларусі. Вернікі моляцца перад ім спецыяльнай малітвай, створанай недзе ў другой палове 20-га стагоддзя:

Tys w Lidzkiej Farze tron sobie obralas,

By nam pomagac w zycia czas,

Wierzymy Matko, zes nas pokochala

I nie pozucisz nigdy nas.

Refren.

Bylas nam zrodlem wiary i mestwa,

Szesset lat strzeglas spуjrzeniem swym,

W mrokach cierpienia i dniach zwycienstwa

Tys nam -- krulowa, my ludem -- Twym.

Nasza podzieke przyjac chciej, o Pani,

Sercem ci niesiem piesnia ta,

Za laski stromien tak hojne rozlany,

Za macierzynska milosc Twa.

Refren.

Ты ў Лідскай фары трон сабе злажыла,

Каб даць нам моцы ў жыцця час,

Мы верым Маці, Ты нас палюбіла

І не пакінеш болей нас.

Рэфрэн.

Стала крыніцай веры і сілы,

Шэсць соцень год яўляла нам цуд,

Змрокам цярпення і днём шчаслівым

Ты -- каралева, а мы -- Твой люд.

Ты нашу падзяку прымі з малітвай

Сэрцам Табе шлём голас свой

За ласкі струмень так шчодра разліты,

За мацярынскі клопат Твой.

Рэфрэн.

(Пераклад Станіслава Судніка).

 

+ + +

 

 

Лідская францішканская місія -- трэцяя з каталіцкіх місій на землях Беларусі пасля Любчанскай (1250) і Наваградскай (каля 1330).

Да сярэдзіны 80-х гадоў 14 стагоддзя ліцьвіны, жмудзіны, яцьвягі, дрыговічы і крывічы Чорнай Русі заставаліся апошнімі паганскімі плямёнамі Еўропы. Сярэднявечныя прэлаты і заходнія рыцары ўсіх нацыянальнасцяў, хто крыжам, а хто мячом, паўтары сотні гадоў спрабавалі іх хрысціць. З дапамогаю кароны і дванаццацігадовай дзяўчынкі Ядвігі агульнаеўрапейскую рэлігійную праблему вырашылі палякі, яны аддалі польскую карону і Ядвігу ўзамен на абавязацельства Вялікага князя літоўскага Ягайлы ахрысціцца ў каталіцкую веру з усім літоўскім народам. У лютым 1386 г. ліцьвінскія князі Ягайла, Карыгайла, Свідрыгайла і Віганд Альгердавіч, у якіх бабулі і матулі былі праваслаўнымі, ды і самі яны былі хрышчаны паводле ўсходняга абраду, прынялі каталіцкую веру. З імі другі раз хрысціўся Вітаўт. Хрысціліся таксама прыбліжаныя баяры.

Восенню 1386 г. кароль Уладзіслаў Ягайла прыступіў да каталізацыі Літвы. Першым чынам было створана Віленскае епіскапства. 17 лютага 1387 г. епіскапству было перададзена каля 60 вёсак, у тым ліку лідская вёска Дуброўня з прылеглымі да яе паселіш-чамі. Вясной і летам было праведзена пагалоўнае хрышчэнне паганцаў: лацінскія місіянеры палівалі натоўпы народу свянцонай вадой, адорвалі белымі льнянымі апраткамі і ўсім адразу давалі хрысціянскія імёны. Кароль сам тлумачыў сапраўды новай веры і чытаў малітвы сабраўшымся. Каталіцкі касцёл атрымаў рэдкі па тых часах прывілей - поўны фіскальны імунітэт: касцёлы былі вызвалены ад падаткаў, а служкі ад светскай судатворчасці. Праз два гады Уладзіслаў Ягайла прыдаў касцёлам па дзве сахі ворыва, па адной сенажаці, па два конюхі і па тры дамы. З вялікакняскіх прыбыткаў цівуны павінны былі штогод адлічваць парафіяльным касцёлам па 6 рублёў (1,2 кг серабра) і адліваць па 10 пудоў мёду. У наступныя 10 гадоў былі пабудаваны касцёлы ў Вільні, Немянчыне, Медніках (Мядзінінкай), Майша-голе, Крэве, Абольцах, Вількаміры (Укмерге), Ашмянах, Быстрыцы і Лідзе[4].

Прывілей на пабудову ў Лідзе парафіяльнага касцёла Уладзіслаў Ягайла падпісаў 17 ліпеня 1387 г. у Лідскім замку. Першы Лідскі касцёл прастаяў нядоўга, быў спалены ў 1392 г.: крыжакі "спалілі падзамча" [5], а ў 1394 г. пры чарговым паходзе знайшлі Лідскі замак, "што стаяў сярод папяліш-чаў" [6] . У 1397 г. быў пабудаваны касцёл, які быў асвечаны першым Віленскім епіскапам Андрэем Васілам. Пры касцёле епіскап пасяліў францішкан-цаў.[7] Кароль Ягайла перадаў Лідскаму касцёлу маёнтак Плябанцы і даход з нейкай воласці.

У Лідскім замку Уладзіслаў Ягайла падпісаў яшчэ два прывілеі. Другі прывілей па сцвярджэнню Шайнохі (Szajnocha) Ягайла падпісаў у папельцавую сераду (у сакавіку) 1387 г. Паводле гэтага прывілею дазвалялася свабоднае будаўніцтва касцёлаў па ўсяму княству. Трэці прывілей быў падпісаны у студзені 1389 г. - вялікакняскім цівунам прадпісвалася падпарадкавацца віленскаму епіскапу пры будаўніц-тве касцёлаў і дабрасумленна выконваць павіннасць на карысць духавенства.

Пад час хрышчэння Літвы Ягайла падоўгу жыў у Лідзе. Менавіта Ліда была тым цэнтрам, адкуль пачалося распаўсюджанне каталіцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. Менавіта з Ліды хрысцілася Літва.

Праваслаўных не прыціскалі, але адразу стала зразумелым, якая рэлігія ў княстве галоўная. Барацьба веравызнанняў расцягнецца на стагоддзі. З-за розных цэнтраў шанавання Хрыста Рэч Паспалітая не прасунецца далёка ў сваіх усходніх памкненнях, таксама як і Расейская імперыя не зможа ўсталявацца на заходніх межах.

Касцёл, асвечаны А. Васілам, быў спалены ў жніўні 1406 г. пры нападзе на Ліду смаленскага князя Юрыя Святаслававіча. Адноўлены праз восем гадоў і асвечаны пад назвай Усіх Святых і Святога Крыжа. Т. Нарбут апублікаваў невялікі ўрывак прывілею караля Ягайлы: "У імя Бога, аман. Уладзіслаў Кароль Божай міласцю Польшчы, вялікі князь Літоўскі... і г.д..... На вечную памяць... Касцёл нашай старой фундацыі ордэна Святога Францішка, Апостала Літвы, заснованы раней у нашым горадзе Ліда, зараз нанава збудаваны і названы ў гонар Усіх Святых, асабліва Святога Крыжа, мы надзяляем маёмасцю і прыві-леямі...". [8] Падчас грамадзянскай вайны, калі князь Свідрыгайла Ліду спаліў, "касцёл, аднак, уцалеў" [9].

У 15 стагоддзі касцёлы былі пабудаваны ў Ваверцы, Дылеве, Крупаве і Беліцы. У Ваверцы касцёл Святога Францішка заснаваў у 1413 г. Міхаіл Гілігінавіч. Праз 50 гадоў яго нашчадкі - удава Сафія і сын Жыгімонт Гілігінавіч пацвердзілі правы касцёла Святой Троіцы[10], з чаго можна меркаваць, што або ў Ваверцы быў пабудаваны другі касцёл, або перайме-наваны адзіны. У Новай Ваверцы (Дылеве) і Крупе (Крупава) драўляныя касцёлы былі пабудаваны каля 1450 г. Дылеўскі касцёл пабудаваў Аляксей Дыла. У 1478 г. удава Аляксея Сафія Дыла склала тастамант, паводле якога падаравала Новававерскаму касцёлу "ворыўнай зямлі на 40 бочак " і "два лугі на адзін і два стагі сена" . У 1460 г. заміж місіі францішканцаў у Лідзе быў заснаваны прыход.[11]

Каля 1486 года касцёл з'явіўся ў Беліцы.

Такім чынам да 1500 г. на Лідчыне (у сучасных межах) было пяць касцёлаў: у Беліцы, Вялікай Ваверцы, Малой Ваверцы, (Дылеве), Крупе (Крупаве) і Лідзе.

У ліпені 1506 г. некаторыя храмы Лідчыны былі спалены: "Татараве прышэдшы да Навагародку, і скора прышлі за Нёман і не даходзячы Ліды, каля горада, ад усіх бакоў у мілі і ў паўмілі ад горада, ваявалі цэрквы божыя і двары вялікія, і весі запальвалі і людзей імалі і забівалі" [12]. Праз пяць гадоў у 1511 г. " пан Мікалай Юндзіловіч хацеў запісаць на капліцу Святога Мікалая ў маёнтку сваім у Ваверцы, чым бачачы, што ў тым баку ў тыя разы частакроць попалахі ад паганства татар бываюць, тое капліцы ў тым маёнтку сваім не хоча фундаваць" [13].

У 1516 г. Мікалай Кежгайла пабудаваў касцёл у Ельні, а каля 1533 г. Юры Мікалаевіч Радзівіл пабудаваў касцёл у Дакудаве.

Пра праваслаўе 14-16 стагоддзяў на Лідчыне мала што вядома, лічыцца, што гады кіравання караля Жыгімонта Старога (1506-1548) былі спрыяльнымі для праваслаўнай царквы. Быццам бы ў 1524 г. у Лідзе з'явілася другая праваслаўная царква. У 1533 г. была вынесена ў горад і асвечана ў гонар Святога Георгія Пераможца замкавая царква. Пра гэта паведам-ляецца ў Ніканаўскім летапісе: "асвячэнне царквы іжэ ў Лідзе" [14]. Каля 1542 г. недалёка ад Малога Мажэйкава была была пабудавана ўнікальная "Мураванка" (Маламажэйкаўская царква). Можна меркаваць, што былі і іншыя праваслаўныя цэрквы.

 

Кальвінізм


У 16-м стагоддзі Заходнюю Еўропу запаланіў рэлігійны рух, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай "Рэфармацыя". У 40-х гадах дух пратэстанства пранік у ВКЛ. Мяшчане захапіліся лютаранствам, сярод магнатаў і шляхты распаўсюдзіўся кальвінізм. Яго шырокаму распаўсюджанню садзейнічаў канцлер літоўскі і ваявода віленскі Мікалай Радзівіл Чорны (1515 - 1565). Ён успрыняў кальвінізм, як рэлігійную ідэю, здольную стаць агульнанацыянальнай, і з характэрнай для яго энергіяй пачаў выкараняць у ВКЛ каталіцтва. У сваіх уладаннях за 12 год ён закрыў 187 касцёлаў, разабраў усе прыдарожныя каплічкі і крыжы, адкрыў 134 кальвінісцкія зборы. Першую кальвінісцкую грамаду ён заснаваў у Вільні ў 1553 г. Нeўзабаве кальвінісцкія грамады ўзніклі па ўсяму княству. Кальвінізм падтрымалі магна-ты: Астафей Вало-віч, Ян Глябовіч, Габрыель Гарнастай, Мікалай Дарагастайскі, Юры Зяневіч, Ян Кішка, Мікалай Нарушэвіч, Мікалай Пац, Багдан і Павел Сапегі, Мельхіёр Шэмет, Мікалай Талваш, Васіль Тышкевіч. У Наваградскім ваяводстве з 600 радоў праваслаўнай шляхты ў ылой веры засталося ўсяго 16.[15] Суадносіны каталіцкіх і пратэстанцкіх прыходаў у ВКЛ даходзіла да 50%[16].

Пры кожным кальвінісцкім зборы для шляхецкіх і мяшчанскіх дзяцей былі адчынены кальвінісцкія школы, сотні школаў, а ў пяці гарадах Вільні, Слуцку, Нясвіжы, Віцебску і Наваградку - кальвінісцкія гімназіі. Навучанне ў пратэстанскіх школах і гімназіях праводзілася на беларускай мове. З'явіліся шпіталі, друкарні, прытулкі для прастарэлых. У 1563 г. на Віленскім сойме кароль Жыгімонт Аўгуст падпісаў прывілей аб роўнасці ўсіх канфесій. З'явілася азначэнне "Русь траякая".

Агульнаеўрапейскі рух да спрашчэння ўзаемаадносінаў з Богам закрануў і Лідчыну. Вучэнне Кальвіна атрымала шырокае распаўсюджанне, таму што карысталася шырокай падтрымкай лідскіх стараст Мікалая Юр'евіча Радзівіла Рудога (1512-1584) і Яна Станіслававіча Абрамовіча (? - 1602). Кальвінісцкія грамады і зборы з'явіліся ў Лідзе, Дакудаве, Зблянах, Беліцы, Сяльцы і Ваверцы. Кальвіністам перашлі Беліцкі (каля 1555), Ваверскі (1568) і Дакудаўскі (1568) касцёлы. Лідскі касцёл з-за недахопу прыхаджан быў часова зачынены і некаторы час знайходзіўся ў непасрэдным загадванні віленскай капітулы.[17]

Беліца стала еўрапейскі вядомым горадам. Тут на працягу 80 гадоў збіраліся кальвінісцкія сіноды. Міністрам кальвінісцкага збору ў Беліцы ў першай чвэрці 17-га стагоддзя быў Лукаш Бяднарскі. Ён валодаў адной з лепшых бібліятэк ВКЛ. У яго бібліятэцы меліся сачыненні Кальвіна, Цвінглі, Лютара, Булінгера, а таксама палемічная, палітычная, гістарычная літаратура, антычная класіка. З адносна рэдкіх кніг меліся "Біблія" Сымона Буднага 1 5 71 г., рукапісны Статут ВКЛ, "Касмаграфія" Мюнстара, "Апалогія" Крывіцкага і інш. У 1625 г. пасля смерці Л. Бяднарскага кнігі былі перададзены Любчанскай кальвінісцкай грамадзе, пазней перайшлі Радзівілам.[18]

У сярэдзіне 17 стагоддзя кальвінізм страціў сваіх магутных дабрадзеяў і прыхільнікаў. Пад канец 17 стагоддзя заставалася 45 кальвінісцкіх збораў, у тым ліку кальвінісцкая грамада ў Дакудаве. Працяглая 29-гадовая вайна са шведамі - пратэстантамі за шведскую карону сыграла на руку католікам. Рэфармацыйны рух у ВКЛ не пранік глыбока ў народныя масы, як гэта здарылася ў Прусіі, Чэхіі і Швецыі. Кальвінізм аказаўся для многіх феадалаў ВКЛ толькі зручнай формай пераходу з праваслаўя ў каталіцтва.

 

Контррэфармацыя

 

Як адказ на выклік пратэстанцкіх плыняў, у лоне каталіцкага касцёла быў створаны ордэн езуітаў. Ордэн адрозніваўся вайсковай дысцыплінай, строгай цэнтралізацыяй, абсалютнай воляй генерала і канспі рацыяй. Езуітам было дазволена насіць свецкую вопратку. [...]

У 1569 г. у Вільню па запрашэнні віленскага каталіцкага епіскапа (1556 - 1580) Валерыяна Пратасевіча - Шышкоўскага прыбылі трынаццаць езуітаў. Гэта былі пісьменныя, таленавітыя, добра выхаваныя людзі розных нацыянальнасцяў. Перад імі былі пастаўлены дзве галоўныя задачы: задушыць рэфармацыйны рух і акаталічыць праваслаўных.

У 1570 г. езуіты заснавалі ў Вільні бясплатную сярэднюю навучальную ўстанову - калегіюм. Да канца стагоддзя падобныя ўстановы з'явіліся ў Полацку (1580), Нясвіжы (1584). Смаленску (1595), а пазней яшчэ ў 12 гарадах і мястэчках ВКЛ. Створаны былі таксама езуіцкія місіі, рэзідэнцыі, навіцыяты, шпіталі і прыюты. Незаўважна, без рэлігійных войнаў і варфаламееўскіх начэй езуітам удалося змяніць рэлігійную арыентацыю дзяцей пратэстанцкіх магнатаў ВКЛ, у тым ліку і Радзівілаў.

Уладальнік Дворышчаў, Міра, Нясвіжа, Зэльвы Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549 - 1616) пад уплывам ксяндза езуіта Пятра Скаргі стаў актыўным католікам. Маён-так Дворышчы з прылеглымі сёламі, палямі і лясамі ў 1574 г. Сіротка аддаў у заклад, а 22 жніўня 1577 г. прадаў за паўцаны епіскапу Валерыяну Пратасевічу. Цераз год 25 жніўня 1578 г. В. Пратасевіч-Шышкоў-скі падараваў Дворышчы "навечна" Віленскаму езуіцкаму калегіюму. 1 красавіка 1579 г. кароль Стэфан Баторы зацвердзіў гэты падарунак [19], а калегіюм да гэтага часу стаў Віленскай Акадэміяй.

Дворышчы, Тракелі і бліжэйшыя да іх паселішчы -адзіны гаспадарчы комплекс агульнай плошчай 10 тысяч гектараў - знаходзіліся ў валоданні езуітаў, як маёнтак, прызначаны для ўтрымання Віленскай Акадэміі. Сяляне падпарадкоўваліся рэктарам Акадэміі, пачынаючы з самага першага - Пятра Скаргі. Рэктары стала трымалі ў Дворышчах сваіх адміністратараў-пракуратараў і асабіста наведвалі і кантралявалі гаспадарку. У 1591 г. рэктар Віленскай Акадэміі Гарцыя Алабіяна заснаваў у Дворышчах касцёл Святой Разарыі Марыі [20], а 1 траўня 1591 г. з дазволу генерала Ордэна выдзеліў Тракельскай плябані в. Мейлуны з 6 аседлымі сялянамі і штогадовую суму - па тры грошы з жылога дома маёнтка Дворышчы [21].

У пачатку 17 стагоддзя былі арганізаваны езуіцкія місіі ў Ваверцы, Дылеве і Семякоўшчыне.

Контррэфармацыя ў ВКЛ не была жорсткай, людзей, па крайней меры, не палілі - палілі кнігі. Пад канец 16-га стагоддзя каталіцкі касцёл перахапіў ініцыятыву ў свае рукі. Каталіцтва было абвешчана дзяржаўнай рэлігіяй. Толькі католікі мелі права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады.

 

Нараджэнне вуніяцтва

 

Адначасова езуіты павялі барацьбу супраць праваславія, іх галоўны ідэёлаг Пётр Скарга прапанаваў царкоўную вунію -- аб'яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Думка пра аб'яднанне дзвюх хрысціянскіх цэркваў не была новай, у 1439 г. ужо рабілася спроба аб'яднаць абедзве канфесіі. Побач з натуральным імкненнем да адзінай хрысціянскай царквы мноства іншых знешнепалітычных і нутраных перадумоваў садзейнічала прыняццю вуніі.

Праваслаўная царква аказалася ў сур'ёзным крызісе. Частакол мінарэтаў упрыгожваў сталіцу праваслаўя Канстанцінопаль. Канстанцінопальскі патрыярх залежаў ад турэцкага султана. Масквічы пазбавіліся ад візантыйскай залежнасці. Галава Рускай праваслаўнай царквы атрымаў тытул Патрыярха Маскоўскага і Усяя Русі (1589). Маскоўская праваслаўная царква стала нацыянальнай і незалежнай. Саюз Маскоўскай дзяржавы і рускай царквы станавіўся фактарам сусветнай палітыкі. Цэнтры праваслаўя аказаліся ў руках знешніх ворагаў Рэчы Паспалітай - турэцкага султана і рускага цара.

Праваслаўным герархам ВКЛ хацелася ўтрымаць вернікаў, засядаць у Сойме нараўне з каталіцкімі епіскапамі, валодаць землямі і нерухомасцю. Рымска-каталіцкая царква і кароль бачылі ў вуніі магчымасць для ідэйнага адзінства духавенства і магнатаў ВКЛ пры правядзенні знешняй і нутраной палітыкі. Езуіты падтрымлівалі вунію, як мост для пераходу праваслаўных у каталіцтва.

23 снежня 1595 г. праваслаўныя епіскапы Іпаці Пацей і Кірыл Цярлецкі таемна прысягнулі ў Рыме перад папам Кліментам VIII ад сябе і ад астатніх заходнеправаслаўных архірэяў на вечнае злучэнне заходнеправаслаўнай царквы з рымскай і поўнае падпарад-каванне рымскаму першасветару. З гэтай нагоды ў Ватыкане быў выбіты медаль з надпісам "Ruthenis receptis".

Для арганізацыйнага аб'яднання ў кастрычніку 1596 г. у Берасці быў сабраны Сабор праваслаўных і каталіцкіх епіскапаў. Частка праваслаўных епіскапаў выступіла супраць аб'яднання і адмовілася ўдзельнічаць у аб'яднаўчым Саборы. Вуніяцкі Сабор 9 кастрычніка прыняў Акт аб арганізацыйным аб'яднанні праваслаўнай і каталіцкай цэркваў Рэчы Паспалітай. Гэты акт атрымаў назву Берасцейскай вуніі.

Вуніяты абвясцілі анафему і пазбавілі сану епіскапаў не згодных з вуніяй. Праваслаўныя зрабілі тое ж самае. Нягледзячы на такі канец Сабора кароль Жыгімонт Ваза і папа Клімент VIII пачалі лічыць вунію адбыў-шайся. 15 снежня вунія была зацверджана каралём .

Новая канфесія Рэчы Паспалітай пачала называцца грэка-каталіцкай ці вуніяцкай, папа рымскі быў прызнаны галоўным уладаром, але праваслаўныя абрады былі захаваныя. Багаслужба вялася на царкоўнаславянскай і беларускай мовах.

Праваслаўныя жыхары Слуцкага княства, ваколіц Пінска і Магілёва вунію не прынялі. Разгарнулася барацьба за храмы і кляштары. Праваслаўныя іншых мясцовасцяў аб'ядноўваліся з пратэстантамі, звярталіся па дапамогу да маскоўскага і ўсходніх патрыярхаў , падавалі скаргі ў Сойм і Трыбунал ВКЛ.

У пачатку 17 стагоддзя ў Лідзе з'явіліся яшчэ дзве праваслаўныя царквы: Святога Спаса ў горадзе і Прачысценская на Зарэччы (на скрыжаванні сучасных вуліц Калініна і Стралкоўскага). У адной з купчых 1630 г. згадваецца праваслаўны "святар храмаў Божых, якія стаяць у Лідзе" Фёдар Грынявецкі" і ўказваецца месцазнаходжанне Прачысценскай царквы: "... з Ліды на Дуброўню і Ліпнішкі, ідучы гэтай вуліцай на дарозе... ад рынку і ад замка". [22]

У першай палове 17-га стагоддзя на Лідчыне будаваліся храмы трох канфесій: праваслаўнай, вуніяцкай, каталіцкай. Свята-Спаская праваслаўная царква ў Голдаве (тады Олдава) была пабудавана каля 1600 г. ўладальнікам Олдаўскага маёнтка Трызнаю. У 1633 г. А. Трызна заснаваў тут праваслаўны Троіцкі кляштар. Драўляны касцёл Непарочнага Зачацця Дзевы Марыі пабудавалі ў Белагрудзе ў 1608 г. віцебскі ваявода, стараста суражскі і падкаморы лідскі Ян Яновіч Завіша (каля 1550-1626) і яго жонка Анастасія Трызна. Быў асвенчаны 15 студзеня 1609 г.

Дакудаўскую вуніяцкую царкву пабудаваў Маршалак ВКЛ Юры Мікалаевіч Радзівіл (1578 - 1613). Гэта дазволіла адпаведнай частцы жыхароў Дакудава выйсці з кальвінісцкай грамады, створанай яго дзедам.

Неўзабаве стала зразумелым, што поўная ліквідацыя праваслаўя немагчыма. У 1620 г. праваслаўная царква была адроджана на Украіне. Пры каранацыі караля Уладзіслава ў 1632 г. былі выдадзены так званыя "артыкулы", у якіх прызнавалася легаль-наю праваслаўная вера і праваслаўная епархія. У 1633 г. кароль Уладзіслаў Ваза быў вымушаны падпісаць універсал аб вяртанні праваслаўным ВКЛ 19 цэркваў і кляштароў, занятых вуніятамі. Сярод вернутых культавых будынкаў, у якіх кароль дазволіў "невуніятам... адпраўляць багаслужбу без усякіх абмежаванняў пад пагрозай адказнасці па законах" была Лідская царква Святога Спаса[23]. У 1650 г. кароль Ян Казімір был вымушаны абвясціць пра поўную свабоду веравызнання праваслаўнай царквы. Але было позна.

У сярэдзіне стагоддзя рэзка пагоршылася знешне-палітычная сітуацыя. У Запарожскай Сечы набралі сілу ўкраінскія праваслаўныя казакі. У Маскоўскім царстве з ідэяй "Масква -- трэці Рым, чацвёртаму не бываць" , "паклаўшы ўпаванні на Бога і прасвятую Багародзіцу" рыхтаваўся да паходу на Рэч Паспалітую "Цішайшы" Аляксей Міхайлавіч. 20 траўня 1654 г. пачалася самая разбуральная і самая крывавая на землях Беларусі трынаццацігадовая вайна паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай. Пад лозунгам: "Касцёлам не быць, вуніятам не быць, жыдам не быць" і царскім настаўленнем: "Пабіваць колькі міласерны Бог дапамогі падасць",-- маскоўскія войскі трымя групоўкамі перасеклі межы.

У 1658 г., калі большая частка тэрыторыі ВКЛ была акупавана маскоўскімі войскамі, лідская шляхта падпісала клятву на вернасць рускаму цару Аляксею Міхайлавічу, а праваслаўныя прыхаджане напісалі ў Маскву скаргу на вуніятаў, абвінавачваючы іх у тым, што яны забралі ўсе праваслаўныя цэрквы ў Ваўкавыску, Горадні, Наваградку, Слоніме і Лідзе.[24] Клятвы і скаргі дапамаглі мала-- амаль усе храмы і 25% жылога фонду Лідчыны былі знішчаны. Былі спалены храмы ў Беліцы, Мыто, Дворышчах, Ваверцы, Лідзе.

Адным з наступстваў гэтай вайны, што забрала палову насельніцтва княства, было заснаванне шматлікіх клештароў. Мноства адзінокіх людзей засталося без усялякіх сродкаў да існавання - без жытла, без жывёлы, без сямей. Іх трэба было недзе пасяліць. Лідская шляхта не пашкадавала ўласных сродкаў і заснавала шэсць клештароў у межах Лідскага павету і на прылеглых тэрыторыях.

Першы дамініканскі кляштар з касцёлам заснаваў яшчэ падчас вайны ў 1658 г. лідскі земскі суддзя, пазней віцебскі кашталян Мартын Дамінік Лімонт (Лемонт) у Васілішках. У 1662 г. Кацярына Абрахамовічаўна Францкевіч - удава пісара ВКЛ запісала 10000 злотых на гэты кляштар.

У 1667 г. не ў самой Беліцы, як памылкова пісалі некаторыя гісторыкі, у тым ліку і М. Баліньскі[25] , а ў Ельні - у 3 км ад Беліцы - "пры гасцінцы на Ліду" Марыя Сафія Адахоўская (Абахоўская) з дому Альшэўскіх пабудавала драўляны касцёл і пры ім пасяліла манахаў - дамініканцаў, перадаўшы ім фальваркі Фалькаўшчыны і Ельня.

У 1672 г. лідскі войскі Адам Мікалаевіч Нарбут і яго жонка Кацярына (Лізавета) заснавалі ў Лідзе кармелітскі кляштар. Кляштар размяшчаўся ў цэнтры горада на месцы цяперашняй музычнай навучальні. Апраналіся манахі ў чорную ці цёмна-арэхавую сутану з капюшонам, белую капу і шэры капялюш, паверх сутаны насілі шкаплер. Жылі ў асобных кельях, працавалі фізічна, строга пасцілі, адрозніваліся маўклівасцю. Ноччу 23 ліпеня 1679 г. пажар знішчыў частку кляштарных дамоў.

У 1680 г. лідскі войскі Крыштаф Пакаржэўскі і яго жонка Дарота заснавалі ў Слоніме дамініканскі кляштар.

У 1682 г. кляштар кармелітаў з касцёлам у Жалудку заснаваў лідскі стараста Казімір Радзіміньскі Францкевіч і яго жонка Аляксандра.

У 1685 г. лідскі падкаморы Стэфан Курч у сваім маёнтку Валеўка заснаваў касцёл і кляштар дамініканцаў.

Другім наступствам вайны было тое, што насельніцтва ВКЛ пачынае лепш адносіцца да вуніяцтва і каталіцтва, хоць праваслаўе яшчэ захоўвае сваіх прыхільнікаў вакол старых цэнтраў. Каля 1664 г. у Голдаве з'явілася другая царква Святога Пакутніка Хрыстафора - гэта выцякае з надпісу на зване, ахвяраваным царкве 1 красавіка 1664 г. магілёўскім епіскапам Кліментам Трызнаю. У 1681 г. 14-гадовая княжна Людавіка Караліна Радзівіл (1667-1693), якая засталася ў раннім узросце сіратою з велізарнымі багаццямі пабудавала ў Зблянах праваслаўную драўляную царкву. Гэта была не першая зблянская царква, таму што ў 1627 г. ужо была царква або капліца.

У канцы 17-га стагоддзя на Лідчыне (у сучасных межах) было 5 касцёлаў: Белагрудскі, Ваверскі, Дылеўскі, Ельненскі і Лідскі, дзве праваслаўныя царквы: Зблянская і Голдаўская і пяць уніяцкіх: Дзікушская, Дакудаўская, Лідская, Мытская і Радзі-вонішкаўская Свята-Ганнінская, пабудаваная на сродкі памешчыка Валхоўскага.

Самай багатай была Лідская плябанія. Ёй належала 13 сялянскіх гаспадарак ("дымоў"), нязнач-на ёй саступала Ельненская - 12 . Дылеўскай нале-жыла 6 "дымоў", белагрудскай - 4, беліцка-дакудаўскай - з ксяндзом Самуелем Лютамірскім - 2 "дымы". Прасвітары лідскай, мытскай і дзікушскай вуніяцкіх цэркваў мелі ў валоданні па аднаму "дыму". Манахі-езуіты валодалі Канюшанамі ў якіх было 5 "дымоў". Дуброўня (75 "дымоў") належала Віленскаму епіскапству, а Дворышчы (51 "дым") - Віленскай Акадэміі. Ельненскі кляштар побач з зямельнай уласнасцю: Фалькавічы і Ельня, меў з розных тастамантаў 1650 злотых гадавога даходу. У 1696 г. Мсціслаўскі ваявода Аляксандр Францавіч Масевіч запісаў частку фальварка Зарэчча на карысць Лідскага Фарнага касцёла, а другую частку паводле дарчай ад 25 красавіка 1697 г. перадаў Лідскаму кармелітскаму кляштару.

У 18 стагоддзі на Лідчыне пабудавана па меншай меры 12 каталіцкіх і вуніяцкіх храмаў, 4 з якіх захаваліся да гэтага часу: Белагрудскі Міхайлаўскі касцёл (1703), Няцецкі касцёл Езуса (1715), Радзівонішкаўская Свята-Ганнінская ўніяцкая царква, Лідскі Іосіфаўскі піярскі касцёл (1756), Вашкевіцкі касцёл Святых Іяхіма і Ганны (1763, захаваўся), Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл (1747/1765-1770, захаваўся),Ганчарская Пакроўская царква (1774, захавалася), Дакудаўская Багародзічная царква (1774), Беліцкі касцёл Святога Георгія (1787), Голдаўская Багародзічная царква (1793, захавалася), а таксама Дворышчаўская (1770) і Гімбутская (1782) капліцы.

Вашкевіцкі і Лідскі касцёлы былі пабудаваны з цэглы, астатнія храмы былі драўлянымі. Вашкевіцкі касцёл і Ганчарскую царкву пабудаваў падскарбі ВКЛ Юзаф Салагуб, Белагрудскі касцёл - уладальнік Дзітвы Шамятоўскай Шэмет, Няцецкі касцёл - лоўчы Калюшэўскі, Голдаўскую царкву - уладальнік Голдава Фелікс Важынскі, Дворышчаўскую капліцу -- езуіты, Гімбутскую капліцу - прэзідэнт лідскага земскага суда Адам Бажымоўскі.

Пра час будаўніцтва Лідскага Крыжаўзвіжанскага касцёла ў гістарычнай літаратуры існуюць дзве супярэчлівыя думкі: 1. "Касцёл пабудаваў у 1747 г. пробашч Міхал Зянковіч, епіскап віленскі, перанёсшы яго на іншае месца з падзамча" [26] 2. "Парафіяльны каталіцкі касцёл Узвіжання Святога Крыжа з цэглы пабудаваны ў 1770 г. ксендзам Томашам Зянковічам"[27] Сучасныя даследчыкі сумняваюцца: "Пабудаваны у 1747 (1765?) - 1770 г.г. з цэглы, як фарны, верагодна паводле праекту віленскага архітэктара І. К. Глаўбіца".[28]

Супярэчнасці тлумачыць і ўхіляе інвентар касцёла 1882 г.: "Лідскі Рымска-Каталіцкі Прыходскі Касцёл Узвіжання Святога Крыжа пабудаваны ў 1770 г. епіскапам Фамою (Томашам, рэд)Зянковічам з сумы 50000 тынфаў, ахвяраваных на гэтую нагоду Віленскім епіскапам Міхаілам (Міхалам, рэд.) Зянковічам ". Фундатару касцёла Міхалу Зянковічу - віленскаму епіскапу ў 1730-1762 г.г. таксама як і яго архітэктару - майстру познега барока Ёгану Крыштафу Глаўбіцу (каля 1700 - 1767) убачыць свой твор не давялося. Ці па гэтай прычыне, ці па волі Божай, але лёс храма ўдалы: касцёл не зачыняўся, не ператвараўся ў царкву, вытрымаў дзве Сусветныя вайны і за мінулыя 230 гадоў амаль не змяніў свой выгляд - змянілася толькі вежачка з крыжам і знік невялікі звон.

Насупраць Фарнага касцёла многія годы знайходзіўся касцёл Бязгрэшнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Гэты цагляны ў барочным стылі касцёл размяшчаўся пры Лідскім кармеліцкім кляштары. Калі, паводле чыйго праекту, на чые сродкі ён быў пабуда-ваны і кім асвечаны - мне пакуль невядома. Захаваўся здымак Балзункевіча, зроблены ў пачатку 20 ста-годдзя, і згадваецца, што касцельная цэгла была скарыстана пры будаўніцтве казармаў Паўночнага гарадка.

Побач з кармеліцкім кляштаром у 18 стагоддзі на Лідчыне дзейнічалі Ельненскі дамініканскі і Голдаўскі Троіцкі кляштары. У 1718 г. уладальнік Голдаўскага маёнтка Францішак Вянсковіч ператварыў Голдаўскі праваслаўны кляш-тар у вуніяцкі, праз тры гады падараваў вуніятам ворную зямлю і сялян. У 1752 г. у Голдаўскім клештары пасяліліся манахі - базыліяне. А ў 1756 г. у Лідзе аселі манахі піяры.

 

Кляштар і калегіюм піяраў

 

У Лідзе манахі-піяры з'явіліся дзякуючы лідскаму старасце, падстолію ВКЛ Ігнацыю дэ Кампа Сцыпіёну (каля 1730 - каля 1785), дарэчы выхаванцу вядомага прававеда і асветніка Мацея Догіля. Ігнацы дэ Кампа перанёс з мястэчка Веранова піярскі калегіюм, які быў створаны ў 1730 г. на сродкі яго дзеда - старасты барцянскага Яна Сцыпіёна і бацькі - старасты лідскага і мукараўскага Язэпа.

 

Адна з прычын перамяшчэння піярскага калегіюма ў Ліду - канкурэнцыя з езуітамі на ніве адукацыі. Ігнацы дэ Кампа падараваў лідскім піярам ва ўласнасць участак гарадской зямлі (пляц), куплены ў 1749 г. у Людвікі Гадэбскай і фальварак Асову Лапацкую. 12 студзеня 1756 г. акт перамяшчэння калегіюма быў падпісаны ў прысутнасці лідскага харунжага Францішка Александровіча, пісара земскага Дамініка Александровіча і пісара лідскага гарадскога Самуеля Кастравіцкага, 9 сакавіка адобраны віленскім епіскапам Міхалам Зянковічам і ў тым жа годзе ўнесены ў кнігі Галоўнага Трыбуналу.[29]

Летам 1756 г. ў Ліду прыехалі піяры Язэп Астроўскі ў якасці супрыёра і Язэп Кантрыньскі ў якасці прэфекта. Манахам-кармелітам не спадабалася перамяшчэнне ў Ліду піяраў, яны, нават, ездзілі ў Рым скардзіцца Папе. Аднак піярская школа была адкрыта - першапачаткова ў карчме, першымі яе настаўнікамі былі Язэп Катрыньскі і Язэп Віславух, які прыехаў з Дубровіцы. Амаль усе воранаўскія вучні колькасцю каля 50 пераехалі ў Ліду. Неўзабаве быў пабудаваны дом на 12 манахаў і невялікі драўляны касцёл у імя Язэпа Каласантага, з 3 алтарамі.

25 кастрычніка 1762 г. асноўны капітал (фундуш) і зямельную ўласнасць лідскіх піяраў зацвердзіў кароль Аўгуст ІІІ. У 1773 г. лідскія піяры актыўна заняліся крэдытнымі аперацыямі. Неўзабаве капітал калегіюму дасягнуў 50 тысяч злотых. Цераз пяць гадоў піяры за 27 тысяч злотых купілі ў Умястоўскіх фальварак Пастаўшчыну з вадзяным млыном і Раслякі з 6 жылымі дамамі і 15 валокамі зямлі. У валоданні кляштара заставаўся таксама фальварак Лапацішкі з 11 дамамі. Ад млына і карчмы піяры атрымоўвалі за год 90 руб. серабром. Але асноўным артыкулам прыбытку былі працэнты ад асноўнага капіталу - 500 руб. серабром.[30] У 1778-82 г.г. быў пабудаваны двухпавярховы будынак калегіюму. 14 лютага 1782 г. будынак быў заселены, пры засяленні ўчадзелі манахі Казімір Яблоньскі і Галавінскі. У кляштары стала жыло 5-9 піяраў, у 1795-96 г.г. - толькі 2, у 1783-84 г.г. - 11.

У калегіюме выкладалі: геаграфію (1 клас), мараль і арыфметыку (1-2 клас), асновы геаметрыі, агародніцтва, заалогію і земляробства (3 клас), лацінскую (1-2 клас) і польскую (3-4 клас) граматыкі, гісторыю, права, фізіку (3-4 клас), батаніку і трыга-наметрыю (4 клас). Навучэнцам рэкамендавалі чытаць сачыненні Бэкона, Дэкарта, Ньютана, Лока, Лейбніца. У 20-30-я гады 19 стагоддзя набор прадме-таў выкладання быў набліжаны да расейскіх патра-баванняў, выкладалі: лацінскую, нямецкую, французскую, польскую і рускую мовы, гісторыю, геаграфію, арыфметыку, геаметрыю, фізіку, батаніку, літаратуру, права і рэлігію. Навучанне ў калегіюме вялі манахі-піяры, вельмі пісьменныя і дасведчаныя настаўнікі. Колькасць выкладчыкаў хісталася ад трох да дзесяці, звычайна 5-8. Вучыліся ў калегіюме дзеці шляхты і мяшчан ва ўзросце ад 8 да 24 гадоў у колькасці ад 14 (1813) да 103 (1833) вучняў. Рэжым дня быў надзвычай строгім - навучанне пачыналася ў 7 гадзін раніцы гадзіннай малітвай, заканчвалася ў 16 гадзін апош-няй лекцыяй. Прыём гасцей і перамяшчэнне па горадзе строга абмяжоўвалася і магчымае было толькі з дазволу прэфекта.[31]

У 90-х гадах рэктар віленскага піярскага калегіюма Антоні Мікуцкі, у мінулым выкладчык паэзіі і рыторыкі ў Лідскім калегіюме (1771-1772) і першы пастаноўшчык у Лідзе тэатральных спектакляў, абнадзеены спадзяваннем стаць епіскапам, "меў гонар частаваць вельмі часта і вельмі шчодра сваіх сяброў", так, што віленскі калегіюм, аказаўся абцяжарным значнымі пазыкамі. Трэба сказаць, што на абеды збіралася ўся навуковая эліта сталіцы Літвы і абеды бывалі цікавейшыя і багацейшыя тых літаратурных, якія па чацвяргах збіраў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ратуючы гонар, А. Мікуцкі "вераломна забраў суму лідскіх піяраў", размешчаных у Мерачы, у колькасці 22000 польскіх злотых.[32] Лідскі калегіюм трапіў у складанае фінансавае становішча. Усе наступныя спробы лідскіх рэктараў вярнуць скрадзенае поспеху не мелі.

Папаўненне піярскі калегіюм атрымоўваў з парафіяльных школаў. Такія школы існавалі ў розны час пры касцёлах у Белагрудзе, Дылеве, Беліцы, Ельні і Няцечы. У 1777 годзе ў Белагрудскай школе вучылася 20 школьнікаў, а ў 1782 -- 4.

Апошні касцёл эпохі каралеўскай Рэчы Паспалітай быў пабудаваны ў 1787 г. у Беліцы на сродкі генерала Ігнацыя Мараўскага. Быў асвечаны ў гонар Святога Юрыя Пакутніка (Юрыя Пераможца). ксяндзом Францішкам Кантоўскім з дазволу віленскага епіскапа Ігнацыя Масальскага. "Касцёл даўжынёй 41,25 локця, шырынёй 18,5, крыжападобны з 3 вежачкамі, з якіх дзве на фасадзе бляхай крытыя, адна над прэсбітэрыем. На іх крыжы жалезныя сярэдняга памеру. Акон са шкла белага ў рамах адзінаццаць, якіх даўжыня 4 локці, шырыня 2. Падлога з цэглы. Слупоў нутраных шэсць. Пяць алтароў: Вялікі з абразом Есуса, Маці Божай Ружанцовай, Вінцэнта Ферэрыя (Ферэрыюша), Св. Тэклі і Св. Антонія. 7 абразоў у алтарах і 12 на сценах. Закрыстыя драўляная пад адной страхой з касцёлам з адным акном. Званіца трохярусная драўляная ў квадрат з гонтавай страхой. На кожным ярусе з розных бакоў вокны, званы на 3 ярусе. Жалезны крыж. Ад уваходу леваруч сонечны гадзіннік".[34] Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Лідчына была ўключана ў склад Расейскай імперыі У 1795г. з'явілася расейская адміністрацыя. На гэты час тут існавалі дзве асноўныя хрысціянскія рэлігійныя канфесіі: каталіцкая і ўніяцкая. Некаторыя магнаты і ўладальнікі вялікіх маёнткаў, такіх як Дайнава і Вялікі Ольжаў, утрымлівалі сваіх пратэстанцкіх капеланаў. У метрычных кнігах белагрудскага касцёла 18-га - першай паловы 19-га стагоддзя побач з прозвішчамі мясцовых пробашчаў сустракаюцца прозвішчы ксяндзоў-манахаў, прыватных капеланаў і, нават, уніяцкіх папоў, якія пры адсутнасці пробашчаў, выконвалі духоўныя паслугі для тутэйшага насельніцтва.

На Лідчыне (у сучасных межах) у той час было 10 касцёлаў: Беліцкі, Белагрудскі, Ваверскі, Дылеўскі, Ельненскі, Крупаўскі, Няцецкі і тры Лідскія (фарны, кармеліцкі, піярскі) і 9 уніяцкіх цэркваў: Голдаўская, Ганчарская, Дзікушская, Дакудаўская, Зблянская, Лябёдская, Лідская, Мытлянская і Радзівонішская. Сяляне паўднёвай Лідчыны былі ў асноўным уніятамі, сяляне паўночнай Лідчыны і ўся, без выключэння, шляхта - католікамі. Католікаў была абсалютная большасць. Мяшчанства, амаль цалкам яўрэйскае, вызнавала юдаізм. Уніяцкая царква была падпарад-кавана каталіцкай. Уніяцкія светары ў значнай меры былі апалячаны, аддавалі перавагу польскай мове перад беларускаю, лічылі сябе светарамі "хлопаў" і пачуваліся палякамі чорнай косці.

Каталіцкаму духавенству належалі велізарныя масівы зямлі і сяляне. Віленскае епіскапства валодала 600 вёскамі, ад 330 з іх прыбытак ішоў на ўтрыманне епіскапа і яго двара, а 270 належала духоўнай радзе - капітулу.[35] Да епіскапскіх на Лідчыне ў 1796 г. належалі сяляне фальварку Любары (170 душ), а сяляне маёнткаў Зарэчча, Крупа, Ельня, Фалькавічы (676 душ) да кляштарных.

Расейскія ўлады і каталіцкая духавенства неад-кладна ўступілі ў канфлікт. 19 сакавіка 1795 г. настаўнік матэматыкі, права і красамоўства Лідскага калегіюма Ваўрынец Адамовіч у казанні "адважыўся непрыстойна аславіць дзеянні царственных манархаў і ўлез у справы палітычныя" за што быў заключаны ў турму. Арыштавалі таксама рэктара калегіюма Фларыяна Крушэўскага, але прымаючы да ўвагі, што ён не ведаў пра змест казання Адамовіча - ад арышту вызвалілі.[36] В. Адамовічу хутка даравалі, і ён далей выкладаў у калегіюме ў 1801-07 г.г.

Пры Расейскай імперыі (1795-1915) было пабудавана па меншай меры 19 храмаў: 9 зараз дзейных цэркваў: Баброўская Узвіжанская драўляная (1810), Дзікушская Пераабражэнская цагляная (1841?), Лідская Архістраціга-Міхайлаўская саборная цагляная (1848-1863). Мыцкая Пакроўская мураваная (1865-1866), Дакудаўская Багародзічная мураваная (1865-1867), Радзівонішская Успенская мураваная (1867-1869), Лідская Георгіеўская драўляная (1875), Зблянская Пакроўская цагляная (1897-1900), Лябёдская Мікалаеўская драўляная (1898-1900) і тры зараз зніклыя: прыпісная драўляная Канстанціна і Алены (1870) на Голдаўскіх могілках, Тарноўская Зміцера Салунскага цагляная (1892) пры палацы графа Маўраса, Лідская Троіцкая царква 172-га палка цагляная (1913) пры залогавай сталоўцы ў Паўноч-ным гарадку; 3 касцёлы: Няцецкі Міхаіла Архангела, драўляны (1837), Ваверскі Спаслання Святога Духа, мураваны (1840-41), Белагрудскі Міхайлаўскі, мура-ваны (1902-1908), а таксама 2 капліцы і 2 часоўні: Лідская драўляная капліца Святой Барбары (1805), Беліцкая драўляная капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1824), усыпальніца на Панямонскіх могілках у імя Архістраціга Міхаіла (1877) і драўляная часоўня на Краснасельскіх могілках (1891).

У адпаведнасці з расейскімі законамі аб вынясенні з гарадоў і мястэчак могілкаў, якія да гэтага размяшчаліся пры храмах, на ўскраінах Ліды з'явіліся каталіцкія, праваслаўныя і яўрэйскія могілкі. На каталіцкіх могілках на паўднёвай ускраіне горада (зараз вул. Энгельса) у 1805 г. пробашчам і дэканам лідскім Вінцэнтам Нарбутам была пабудавана невялікая драўляная, гонтай крытая, капліца апякункі лёгкай смерці Святой Барбары. Гэта была першая храмавая пабудова пры расейскай уладзе. Некаторы час у 40-х гадах 19-га стагоддзя капліца выконвала функцыі нармальнага касцёла, тут праводзіліся службы. У галоўным алтары знайходзіўся абраз Святой Барбары. Мелася званіца з двума невялікімі званамі. Згарэла капліца ў 1905 г.[37]

У 1810 г. памешчык Карл Ляскевіч пабудаваў у Бабрах уніяцкую драўляную царкву ў імя Узвіжання Крыжа Божага. Тады ж каля царквы быў пасаджаны дуб, які расце да гэтага часу. Стаўленне да новай улады заставалася больш чым халаднаватым. Падчас вайны 1812 г. у Лідзе 15 жніўня адзначылі дзень нараджэння Напалеона. У фарным касцёле імшу адслужыў ксёндз Вінцэнт Нарбут са шматлікім святарствам. Патрыятычнае казанне прамовіў выкладчык права і красамоўства піярскага калегіюма семінарыст (клерык) Каласанты Паўлоўскі, падпрэфект Ігнацы Скіндэр перад алтаром узнёс гарачыя малітвы аб перамозе і славе Банапарта. Касцёл быў запоўнены тутэйшымі жыхарамі. Пасля імшы лідзяне радаваліся салюту з гармат і ручной зброі. Вечарам на цэнтральнай Віленскай вуліцы былі ўстаноўлены трохгранныя асветляныя піраміды з надпісамі і вершамі паэтаў-піяраў у гонар Напалеона[38]

У 1817 г. у Беліцы і Нецечы пры касцёлах працягвалі функцыянаваць парафіяльныя школы, якія знайходзіліся ў веданні Віленскага універсітэта.[39]

У 1824 г. манахамі-дамініканцамі ў Беліцы на парафіяльных могілках была пабудавана драўляная капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай (зараз касцёл Святога Юрыя - p.w.S.Jerzeqo) з невялікай вежачкай з жалезным крыжам і невялікім звонам. Да гэтага часу на франтоне галоўнага фасаду ў арачнай нішы захавалася драўляная статуя Святога Яна Непамусена вышынёй 5 локцяў.[40]

4 ліпеня 1825 г. быў асвечаны ў імя Язэпа Каласантага піярскі цагляны касцёл на Віленскай вуліцы.[41] Касцёл будаваўся чвэрць стагоддзя пасля атрымання прэзенту ў суме 5000 рублёў ад расейскага імператара Паўла І, які начаваў 15 траўня 1800 г. з сынамі Аляксандрам і Канстанцінам у піярскім кляштары ў Лідзе. Рэктар Себасцян Дамброўскі за першыя 6 гадоў давёў будынак да карнізаў. У наступныя 6 гадоў сцены разбураліся. Закончваў будаўніцтва рэктар Каласанты Санкоўскі. Але існаваў касцёл не доўга - усяго 17 гадоў, менш чым будаваўся.

Расейскай імперскай уладзе не патрэбныя былі іншыя канфесіі і манаскія Ордэны Першых выгналі езуітаў (1820). Каталіцкае святарства было ўцягнута ў нейкія бясконцыя судовыя цяжбы: па 10-12 гадоў судзіліся лідскі мешчанін Антаневіч з настаяцелем лідскага касцёла Рушынскім аб правах на валоданне млынам (1815-1825) і лідскі магістрат з манахамі-кармелітамі (1815-1827).

Аднак, калі паўставала пытанне пра годнасць улады, то розначытанняў ва ўлады і касцёла не ўзнікала. У 1827 г. пакаянне ў Віленскім кляштары адбываў жывапісец Ян Траяноўскі, на якога данёс воранаўскі ксёндз Вінцэнт Скібінскі пра "дзёрзкія водгукі супраціў хрысціянскай веры і высачайшага пасаду".

У паўстанні 1830-31 г.г. прынялі ўдзел, як каталіцкае, так і ўніяцкае святарства: епіскапы, святары, дыяканы, царкоўныя служкі і манахі. У траўні 1831 г. аддзел Хлапоўскага, які прыйшоў з Польшчы і разграміў на паўночнай ускраіне горада батальён рускай пяхоты быў сустрэты з крыжамі, святой вадой і дабраславеннем. Ксёндз Леча (Лоча) сабраў ў касцёле палонных католікаў з рускага батальёна і прыняў у іх прысягу на вернасць.[42] Вызначыліся у паўстанні выкладчык геаметрыі, арыфметыкі і нямецкай мовы піяр Каласанты (Язэп) Багуцкі і кармеліт Анастасі Венгілевіч. Абодва былі пазбаўлены духоўнага сану, Багуцкі сасланы салдатам на Каўказ.[43]

Пасля паўстання расейскі ўрад узяўся за ліквідацыю каталіцкіх кляштараў і ўніяцтва. У 1832 г. былі закрыты Лідскі кармелітскі і Ельнінскі дамініканскі кляштары. Праз два гады 9 лістапада 1834 г. закрыты піярскі калегіюм. У 1837 г. у ведамства Лідскай епархіі быў перададзены Беліцкі касцёл, а ў 1839 г. завяршылася двухсотгадовае існаванне Голдаўскага клештара, які з 1791 года належаў кармелітам. У снежні 1840 г. па рашэнню Гарадзенскай скарбовай палаты з публічнага гандлю аддадзены "у заўсёднае валоданне" пустапарожні пляц, што належаў Лідскаму кармеліцкаму кляштару. Кармяліцкі касцёл меркава-лася ператварыць у праваслаўную царкву.

Католікі, нягледзячы на прыцясненні і наўпроставую забарону ад 17 жніўня 1834 г. будаўніцтва храмаў неправаслаўнай веры, сумелі перабудаваць Няцецкі і пабудаваць Ваверскі касцёлы. Няцецкі касцёл быў капітальна перабудаваны ў 1837 г. за кошт сродкаў памешчыка Станіслава Ласковіча. Адзін з лепшых мураваных касцёлаў Лідчыны - Ваверскі Спаслання Святога Духа са шматлікімі гіпсавымі скульптурамі на столі быў пабудаваны ў 1840-41 г.г. уладальнікам Кавалёў, Касцянева, Ваверкі і Паперні Самуелем Кастравіцкім (1788-1859).

Частка зямель, якія належалі епіскапству і касцёлам была канфіскавана, аднак пазасталая частка была зусім дастатковай для бязбеднага існавання. Белагрудская плябанія ў 1842 г. мела 7,5 валок ворыва і 225 руб. ануяты, нацецкая плябанія валодала 11 валокамі ворыва і 294 рублямі ануяты, ваверская - 16 валокамі і 375 рублямі а вуніяты.[44]

 

Ліквідацыя ўніяцтва

 

Уніяцкія цэрквы спачатку былі выведзены з падпарадкавання каталіцкім дыяцэзам, затым русіфікаваны і ў 1839 г. ліквідаваны. Уніяцтва на Лідчыне было ліквідавана на працягу пяці гадоў. Усталяванне праваслаўных інакастасаў у ўніяцкіх цэрквах пачалося ў 1834 г. Першай пад нутраную перабудову падпала Голдаўская царква. Ганчарская і Лябёдская цэрквы аказаліся настолькі беднымі, што былі не ў стане за ўласны кошт запрасіць сталяроў і мастакоў. Радзівонішкаўскую царкву наогул вырашана было знесці, хаця менавіта ў гэтай царкве быў пахаваны ў 1807 г. Казімір Даніель Нарбут. Святар і вернікі з Дакудава, відочна, не пагаджаліся на перамены ў інтар'еры сваёй царквы, у сілу чаго "ўжываецца далейшае настойванне". У 1835 г. з даходаў скарбовых маёнткаў дазволена адпускаць па 300 рублёў сераб-ром на ўсталяванне іканастасаў, прыстолаў і закупку посуду ў павернутых цэрквах. 30 снежня 1835 г. гарадзенскі губернатар Н. Х. Копцеў загадаў забраць з уніяцкіх цэркваў усе прадметы, непрызнаныя ў праваслаўнай абраднасці і перанятыя ў католікаў: арганы, званочкі, лаўкі. На выкананне загаду адводзілася пяць месяцаў. Арганы тады былі ў Баброўскай, Голдаўскай і Маламажэйкаўскай цэрквах. У трохмесячны тэрмін яны павінны быць прададзены, або разабраны. Лідскі іспраўнік пал-коўнік фон Берг адным з першых далажыў, што арга-ны знішчаны, лаўкі вынесены, другія прадметы ўніяц-кага абраду ліквідаваны.[45] Прыхаджане моўчкі супраціўляліся: з-за ўстанаўлення новага іканастаса наведвальнасць Голдаўскай царквы рэзка скараці-лася - многія сталі хадзіць у суседнюю Баброўскую царкву, якая захавала былы інтар'ер.[46]

У 1838 г. колькасць уніятаў на Лідчыне ( ў сучасных межах) перавышала 6,5 тысяч чалавек: да Ганчарскай царквы былі прыпісаны 1230 чалавек, да Баброўскай - 417, да Голдаўскай - 1047, да Дзікуш-скай - 614, да Дакудаўскай - 922, да Зблянскай - 1135, да Лябёдкаўскай - 812, да Мытлянскай - 272[47].

12 лютага 1839 г. на ўніяцкім саборы ў Полацку быў падпісаны акт аб дабраахвотным далучэнні ўніятаў да праваслаўнай царквы, уніяцкія епархіі былі ліквідаваныя, храмы перададзены праваслаўнай царкве. "... Уніятаў гвалтам далучылі да праваслаўнай царквы, тыя, хто не захацеў прыняць праваслаўя, перайшлі ў каталіцтва, дзеля чаго на Беларусі значна прыбыло католікаў, праз касцёлы яны вынарадаўляліся і станавіліся палякамі".[48]

Уніяцкія святары Лідчыны ў праваслаўную веру перайшлі калі не па добрай волі, то па службовай неабходнасці. Праблемы ўзніклі з некаторымі з іх жонак. 30 красавіка 1840 г. Лідскі Дабрачынны Самсон Брэн паведаміў у Кансісторыю, што ён "больш двух гадоў стараўся разумнымі мерамі схіліць жонку настаяцеля Ганчарскай царквы Касцецкую з Календаў да вяртання ў прыроднае праваслаўнае вызнанне, але згаданая Касцецкая настолькі ўпартая, што ніяк рымскага абраду пакінуць не хоча". Ён і доказы ёй даставіў, што бабка яе была жонкай праваслаўнага святара і маці таксама. Касцецкая ж "ніяк не прымае да ўвагі яго ўгавораў". Высветлілася таксама, што жонка Лідскага святара Ваўчковіча з дочкай і жонка святара Дакудаўскай царквы Сцяпуры з чатырмя дочкамі "застаюцца ў рымска-каталіцкім вызнанні". Кансісторыя лістом ад 26 снежня 1840 г. растлумачыла, што "жонкі светароўскія для будучага дабра сваіх дзяцей павінны вызнаваць веру сваіх мужоў", прадпісана ўчыніць распараджэнне, "каб жонкам светароў і іх дочкам пад ніякім выглядам духоўныя трэбы рымска-каталіцкімі святарамі не падаваліся".[49]

9 снежня 1840 г. Кансісторыя прыняла рашэнне ўніяцкія абразы з выявамі святых, якіх шануе заходняя царква, перадаць тутэйшаму рымска-каталіцкаму начальству.

Ажно да 1852 г. у Лідскім павеце багаслужбы праводзіліся па кнігах уніяцкага выдання.[50]

Праз цвэрць стагоддзя пасля ліквідацыі ўніяцтва на думку высокапастаўленага расейскага чыноўніка П. Чарэвіна сялянскае насельніцтва "... як яно было сапраўдным каталіцкім у часе уніі, такім і засталося, пасля пераходу ў 1839 г у праваслаўе. Мяркую, што за выняткам мітрапаліта Іосіфа, няшмат людзей сапраў-ды сталі праваслаўнымі. Святарства, былое ўніяцкае, ... з захапленнем успамінала пра дабраслаўныя часы вуніі. Палякі і каталікі ў сваёй душы, святары ці працавалі ў польскім і лацінскім духу, ці дзеля суцэльнага невуцтва не былі ў стане супрацьдзейнічаць ксяндзоў-скай прапагандзе... Нашае ж праваслаўнае святарства, яно няздольнае спаборнічаць с ксяндзамі - спрытнымі ў справе прапаганды і ўплыву на народ. Для селяніна адзін толькі касцельны арган гучыць красамоўней за ўсе доказы-довады праваслаўнага святара"[51].

 

Выгнанне піяраў

 

У сакавіку 1842 года фальварак піяраў перайшоў да дзяржаўнага скарбу. У нядзелю 23 жніўня 1842 г. у Лідзе здарыўся вялікі пажар, які пачаўся ў яўрэйскай лазні. Сярод белага дня цікаўныя з захапленнем назіралі як кідаюцца гаспадары загарэўшайся лазні, пакуль раптам не палыхнулі суседнія пабудовы. Не дапамагла і пажарная каманда, у агні згарэлі 80 яўрэйскіх дамоў і 40 хрысціянскіх, школьны двор, частка дамоў каля рынкавай плошчы і амаль уся Віленская вуліца[52] згарэлі ў агні "да шчэнту" Язэпаўскі касцёл і калегіюм, згарэла бібліятэка ў 2 тысячы тамоў, згарэлі таксама амбон, алтар і, нават, званы, перададзеныя з кармеліцкага кляштара.

У красавіку 1843 г. было прынята рашэнне перадаць абгарэлыя сцены Язэпаўскага касцёла і піярскага кляштара праваслаўнай парафіі. Апошнім рэктарам быў ксёндз Язафат Вайшвіла, у 1836-37 г.г. ён зрабіў генеральны рамонт Язэпаўскага касцёла.[53] 14 траўня 1845 г. быў ліквідаваны піярскі кляштар, калегіюм быў знесены.

У гісторыі Ліды манахі-піяры пакінулі бачны след. У піярскім кляштары спыняліся на начлег рускія імператары Павел І, Аляксандр І, яго брат вялікі князь Канстанцін, аўстрыйскія князі.

Піяры пабудавалі ў Пастаўшчыне вадзяны млын, завялі агарод, У кляштары была вялікая бібліятэка, манахі складалі вершы, ставілі тэатральныя паста-ноўкі. Наяўнасць калегіюму надавала гораду адукацыйную значнасць, з калегіюму выйшлі вядо-мыя тэолагі, пісьменнікі і вучоныя 19-га стагоддзя. Пачатковы трохгадовы (1773-76 г.г.) курс навук у Лідскім калегіюме праслухаў Станіслаў Баніфацы Юндзіл (1761-1847) - адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі, доктар філасофіі, прафесар батанікі і заалогіі Віленскага універсітэту. Тут жа вучыліся: Войцах Нарбут (1762-1807) - каралеўскі шамбелян, пасол і маршалак Лідскага павету, пісьменнік; кандыдат філасофіі Антоні Паеўскі, берасцейскі канонік, вядомы прапаведнік віленскай кафедры Францішак Гадлеўскі, таксама Ян Баброўскі, Каласанты Паўлоўскі, Павел Вайжатскі, Каласанты Кабылінскі. У лід-скай зямлі пахаваны піяры Войцах Кама-роўскі (1767), Казімір Яблоньскі (1782), Галавінскі (1782), Аляксандр Вольмер (12.12.1802), Францішак Дашкевіч (13.10.1813), Себасцян Дамброўскі (1819), Каласанты Санкоўскі (1834).[54]

 

Вяртанне праваслаўя

 

Грунтоўнай праваслаўнай царквы ў Лідзе доўга не было. Ва ўмоўных абазначэннях да плану горада 1798 г. згадваецца ўніяцкая царква са шпіталем і прыходская царква з двума шпіталямі. На плане гэтыя цэрквы ўмоўнымі знакамі не абазначаны. Дастаткова пэўна можна гаварыць аб размяшчэнні царквы на вуглу сучасных вуліц Калініна і Стралкоўскага - контур будынка нагадвае храмавую пабудову, і на гэтым месцы ў 1630 годзе размяшчалася Прачысценская праваслаўная царква. Мільгнула паведамленне, што з разабранага ў 1765 г. касцёла была пабудавана на рынку праваслаўная царква. Відаць, царква была малюсенькай, таму што на працягу 1799-1817 г.г. пад праваслаўныя царкоўныя службы час ад часу скары-стоўваліся піярскія будынкі. У кастрычніку 1799 пад царкву быў заняты будынак калегіюму. Тады ж палкавы поп правёў службу ў піярскім касцёле, за што рэктар калегіюма Філіп Банарскі быў зняты з пасады. У 1806 г. зноў у піярскім кляштары адкрыта царква для вайскоўцаў. 9 лістапада 1817 г. пад палкавую царкву занята трапезная кляштара[55]. Нарэшце, у 1824 г. у цэнтры горада пры рынку з'яўляецца каменная Свята-Мікалаеўская царква.

У 1840 г. на Лідчыне (у сучасных межах) 11 праваслаўных цэркваў: Беліцкая прыпісная, Баброў-ская (святар Фёдар Сцяпура), Голдаўская (Клімент Брэн), Ганчарская (Іяан Касцецкі), Дзікушская (Кантэўскі), Дакудаўская (Іяан Сцяпура), Зблянская (Сампсон Здановіч), Лябёдская (Іяан Грудзінскі), Лідская (Іяан Валчковіч, затым Ігнацы Немгіевіч), Мыцкая (Грачыха), Радзівонішская (дабрачынны Самсон Брэн). Праваслаўныя цэрквы з'яўляюцца там, дзе былі ліквідаваны ўніяцкія.

Праваслаўным таксама былі перададзены некаторыя касцёлы, у прыватнасці, Беліцкі касцёл Святога Юрыя Пакутніка. 19 студзеня 1840 г. настаяцель Зблянскай царквы Самсон Здановіч піша прашэнне:

"Беліцкі рымска-каталіцкі касцёл, аддадзены ў 1837 г. нашаму святарству і далучаны да Зблянскай да-веранай мне царквы, стараннем маім і выдаткамі памешчыка Вітгенштэйна зараз па правілах грэка-ўсходняй царквы дасканала і прыстойна абсталяваны. Пасля гэтага бяру смеласць прасіць Ваша Прыасвя-шчэнства і Архіпастарскія распараджэнні наконт асвяшчэння згаданай Беліцкай царквы". 20 лютага царква была асвечана. У сакавіку 1842 г. праваслаўны мітрапаліт літоўскі Язэп Сямашка (1798-1868), у мінулым уніяцкі епіскап, адзін з галоўных ліквіда-тараў уніяцкай царквы на Беларусі, прадставіў обер- пракурору Свяцейшага Сінода графу Пратасаву пісьмовае прашэнне аб прызначэнні штату для прыпісной Беліцкай царквы: "... святар ... (Зблянскай царквы) без важных нязручнасцяў для сябе і для прыхаджан не можа служыць у прыпісной Беліцкай царкве. У Беліцы патрэбны і амаль неабходны пастаян-ны праваслаўны святар. У ваколіцах гэтага мястэчка знайходзяцца многія вёскі. ... Жыхары гэтых вёсак прывыклі ў мінулыя часы хадзіць у Беліцкі касцёл і многія нават падпалі спакушэнню ў лацінства. Прызначэнне ў Беліцу святара не толькі падзейнічала б дабрачынным чынам на гэтых людзей, але і на карэнных рымскіх прыхаджан, якія цяпер не маюць у Беліцы свайго касцёла. Беліца -- дастаткова вялікае мястэчка, ляжыць на вялікім тракце. Тут жа размешчаны этап для каманд з арыштантамі, якія праходзяць у Сібір, і святар патрэбны таксама для іх настаўлення. Знайхо-джу патрэбным азначаны былы Беліцкі касцёл, зараз прыпісную праваслаўную царкву ператварыць у прыходскую, і для складання пры ёй прыходу аддзяліць да тысячы абоега полу бліжэйшых да яе прыхаджан Зблянскай і Ганчарскай цэркваў, да якіх належыць зараз прыхаджан звыш паўтары тысяч да кожнай".

Прашэнне не дапамагло, праз 10 гадоў мітрапаліт Язэп зноў просіць, каб "пры надзяленні жалаваннем праваслаўных прытчаў заходніх епархій, прызначаны быў штат і для прытчу Беліцкай праваслаўнай царквы" і скардзіцца, што "узаконеная прапорцыя зямлі ... выдзяляўшаяся для Беліцкага касцёла ад князя Вітгенштэйна з закрыццём кляштара не паступіла нікуды і ўтрымліваецца гэтым уладальнікам".[56]

З царкоўнай перапіскі некалькі фактаў пра звычаі тых часоў.

Памешчык Равінскі ў 1837 г. перасяліў сваіх праваслаўных сялян Івана Кенця з в. Навіцкія і Крысціну Паўлоўскую з Паддубна ў свой двор Каржанец і прымусіў іх прыняць рымска-каталіцкае веравызнанне.

Памешчык Нарцыс Жараўскі для Радзівонішкаўскіх могілак прапанаваў зямлю за дзве вярсты ад царквы. Святар і прыхаджане адмовіліся.

Яўрэйка Хаська Меерава, знаходзячыся пад следствам у Менскай турме, пажадала прыняць праваслаўную веру. Прапанавана абучыць яе сапраўдам праваслаўнай царквы і даставіць у Лідскі земскі суд.

У студзені 1840 г. з Ліды адпраўлена данясенне, што Дабрачынны Сампсон Брэн з падначаленых яму святароў бярэ хабар. Галава літоўскай праваслаўнай царквы прапанаваў"... вытрабаваць у Жыровічы пратаіярэя Брэна і, кіруючыся яго ўказаннямі, адкрыць пісаўшага і падпісаўшага гэтае данясенне: з почарку самога данясення; з почарку надпісу на канверце..., а таксама з пячаткі, якая ў цэласці на канверце знайходзіцца". Было ўстаноўлена, што даносы на Дабра-чыннага пісаў святар Турэйскай царквы Юсцін Сямёнавіч Пратасевіч, за што быў прызначаны на 9-тыднёвую епітымію ў Жыровіцкі кафедральны сабор. Але не супакоіўся - у 1845 г. па падобнай жа справе адбываў 2-тыднёвую епітымію ў Віленскім кафед-ральным саборы.

Жонка паштальёна Івана Станкевіча - Ганна - Эмілія з Акуневічаў у 1843 г. "уцякла з Ліды з былым канцылярыстам Лідскага земскага суда Пятром Жарабцовым і жыла ў в. Глыбокім Дзісненскага павету пры адстаўным канцылярысце". Загадана выслаць Ганну-Эмілію ў Ліду.

Справу пра блуднае жыццё Сцяпана Ката з Фёклаю Радзецкай разглядаў 23 лістапада 1846 г. земскі суд. Устаноўлена, што Кот і Радзецкая "блудна зрабілі сына і дачку, але ў час вядзення справы абвян-чаліся". 19 студзеня 1847 г. суд справу спыніў. Сцяпану Кату прызначана пакаянне - двухтыднёвае гавенне (пост) пры Дакудаўскай царкве.

У 1848 г. у Лідскае Дабрачынне ўваходзіла 20 цэркваў: Свята-Міхайлаўская ў Лідзе, Прэабра-жэнская ў м. Астрыно, Дзікушках, Пакроўская ў Ганчарах, Зблянах, Жыжме, Мыто, Орлі і Сабакінцах, Мікалаеўская ў Глыбокім, Лебядзе і Турэйску, Багародзіцкая ў м. Голдаве, Дакудаве, Малым Мажэйкаве і Ракавічах, Багаслаўская ў м. Дуброва, Свята-Духаўская ў Беліцы, Узвіжанская ў Бабрах, Ганненская ў Радзівонішках. Святары атрымлівалі жалаван-не з мясцовага скарбу, велічыня жалавання залежала ад класа царквы. У Голдаве мелася багадзельня.

5 красавіка 1852 г. настаяцель Дзікушскай царквы саборны пратаіярэй Язэп Сямашка яго Імператарскай Вялікасцю быў уганараваны залатым наперсным (нагрудным) крыжам, упрыгожаным каштоўнымі камянямі. Сын Язэпа Сямашкі мітрапа-літ Літоўскі Язэп Язэпавіч Сямашка павіншаваў бацьку: "Дазвольце, бацюшка, любячаму сыну павінша-ваць вас ад усяго сэрца з гэтай Высокаманаршай міласцю і знакам увагі Свяцейшага Сінода да добрага вашага жыцця і да добрага стараннага служэння царкве святой. Хай дасць вам Бог красавацца яшчэ на многія годы перад вачыма дзяцей і шанавальнікаў вашых, хай свеціць усім добрым прыкладам і добрымі справамі". У студзені 1853 г. Язэп Сямашка падараваў Дзікушскай царкве "Евангелле" з уласнаручным надпісам: "Аз, смірэнны мітрапаліт Літоўскі і Віленскі, сію кнігу Святога Евангелля паклаў назаўсёды ў царкве Прэабражэння Божага ў вёсцы Дзікушкі... Лідскага павету, дзе добра прабываюць больш дзесяці гадоў годныя бацькі мае протаіярэй Язэп і жонка яго Фёкла Сямашка, перасяліўшыеся сюды да мяне з Кіеўскай губерні Ліпавецкага павету. Спамяні Божа мяне нявартага і добрых бацькоў маіх!"

17 жніўня 1853 г. вікарны епіскап Філарэт данёс, што светары цэркваў Жыжмянскай - Мар'яновіч, Беліцкай - Макарэвіч і Лябёдскай - Плаўскі прамаў-ляюць сяды-тады павучанні на польскай мове. Мітрапаліт Язэп на прадстаўленні ўласнаручна напісаў: "Праваслаўны народ Лідскага павету гаво-рыць тутэйшай рускаю моваю, гэта значыць для выратавальнага яго настаўлення трэба ў павучаннях звяртацца да яго па-руску ці на тутэйшай рускай гаворцы... Лідскаму Дабрачыннаму дагледзець, каб падведамныя яму светары да прыхаджан сваіх пра-маўлялі казанні на рускай мове ці на тутэйшай рускай гаворцы. Разам з тым, для задавальнення, ці не забыліся згаданыя ... тры святары складаць і прамаўляць казанні на рускай мове, кансісторыя прызначыць кожнаму з іх па адным казанні ў кафедральным саборы і пра наяўнае мне данесці".[57]

У 1856 г. пры Голдаўскай царкве светаром Канстанцінам Брэнам адкрыта першая на Лідчыне народная навучальня, а ў 1864 г. заснавана пры-ходскае праваслаўнае брацтва, у склад якога ўва-ходзіла каля 80 прыхаджан.

У 1863 г. перад паўстаннем у Лідскім павеце, які абдымаў сучасныя Лідскі, Шчучынскі і Воранаўскі раёны, налічвалася 30 касцёлаў і 20 цэркваў, 86853 католікі і 24742 праваслаўныя. У Лідскім дэканаце было 13 парафій, 38604 католікі.

Каталіцкае святарства прыняло актыўны ўдзел у паўстанні, ксяндзы зачытвалі маніфесты, прыводзілі да прысягі ваяроў аддзелаў, служылі капеланамі. На гэты раз расправа была лютай. 12 траўня па загаду М. М. Мураўёва быў расстраляны 24-гадовы вікары жалудокскага касцёла Станіслаў Ішора за чытанне ў касцёле мініфесту і прывядзенне да прысягі асобаў, якія накіроўваліся ў паўстанцкія аддзелы. М. М. Мураўёў распарадзіўся прывесці ў выкананне рашэнне вайско-вага суда над ксендзам Ішорам без папярэдняга пазбаўлення яго святарскага сану. Гэта быў другі расстраляны пасля графа Плятара. 24 траўня ў Вільні расстраляны ваверскі пробашч Раймунд Зямацкі, а 13 чэрвеня ў Лідзе на "Выгане" (зараз гарадскі парк) расстраляны ішчолнскі пробашч Адам Фалькоўскі. Абодва пробашчы расстраляны за чытанне ў касцёлах маніфесту. З сямі расстраляных у 1864 годзе ксяндзоў трое было з Лідскага павету. Пасля паўстання знесены капліцы ў Масевічах, Лябёдцы, Радзівонішках, Станкевічах, Паперні і ліквідаваны касцёл у Дылеве.

Паводле ўспамінаў касцёл збіраліся перарабіць у царкву, для чаго прыслалі з Баброў і Голдава майстроў пад аховай урадніка. Аднаго з майстроў збунтаваныя тутэйшыя сяляне спіхнулі са страхі, вінаватыя былі арыштаваныя і сасланыя на катаргу. Да 1889 г. у Дылеве існавала капліца на могілках.

Праваслаўныя светары садзейнічалі задушэнню паўстання, шмат хто з іх пазней быў адзначаны ўзнагародамі. Лідскі Дабрачынны Язэп Каяловіч быў узнагароджаны бронзавым медалём на стужцы дзяржаўных колераў "В память усмирения польского мятежа 1863-1864 г.г." Праваслаўная царква паступова замяніла тутэйшых светароў на расейскіх і ператварылася ў паслухмяную зброю расейскай адміністрацыі.

У 1863 г. было завершана абсталяванне Лідскага сабора Святога Міхаіла Архангела і званіцы. Праект аднаўлення будынка быў складзены ў 1848 г., будаў-ніцтва працягвалася 15 гадоў. У 1868 годзе да сабора быў прыбудаваны двухпавярховы будынак, у якім размясціўся святар і два прычотнікі. На ўтрыманне царквы ад скарбу адпускалася 1250 рублёў срэбрам, ад памешчыцы Кашыц - 6 рублёў, ад памешчыка Крыдзеля -- 9 рублёў срэбрам. Сабор атрымаў ад ураду два асобныя ўчасткі зямлі агульнай плошчай 66 дзесяцін - фальварак Пастаўшчыну і былы Піярскі агарод.

У 1865-69 г.г. Лідскім царкоўна-будаўнічым камітэтам былі пабудаваны ў псеўдарускім царкоў-ным стылі тры каменныя цэрквы з гранітных валуноў: Дакудаўская, Мыцкая і Радзівонішская. Мыцкая царква была пабудавана ў 1865-66 г.г. пад кіраўніц-твам архітэктара Дэ-Лазары на месцы былой драўля-най царквы. Дакудаўская царква пабудавана ў 1865-67 г.г. за 45 сажняў ад былой. Радзівонішская царква - поблізу месца, дзе раней знайходзілася Свята-Ганнаўская ўніяцкая царква. Усе гэтыя цэрквы былі асвечаны Лідскім Дабрачынным Язэпам Каяловічам: Мыцкая царква - 27 лістапада 1866 г. на імя Пакрова Прасвятой Багародзіцы, Дакудаўская - у 1867 г. у імя Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, Радзівонішская - у верасні 1869 г. на імя Успення Прасвятой Багародзіцы[58].

У 1875 г. на Лідскіх праваслаўных могілках на вуліцы Віленскай на сродкі, ахвяраваныя ад-надворцам Антоніем Васнеўскім пабудавана драўляная царква на імя Вялікапакутніка Георгія.

Улады актыўна заняліся асветай сельскага насельніцтва. На працягу трох гадоў (1864-67) на Лідчыне былі адкрыты шэсць народных навучальняў. Чуць пазней у праваслаўных вёсках, што мелі цэрквы, з'явіліся царкоўна-прыходскія школы. У 1878 - 1901 г.г. былі адкрыты 47 школаў пісьменства, з 1883 г. штогод адкрывалася ад 1 да 6 школ[59]. У 1882 г. праваслаўнае Лідскае Дабрачынне ахоплівае 13 прыходаў: Ліда, Беліца, Бабры, Ганчары, Голдава, Дакудава, Жыжма, Збляны, Лебяда, Малое Мажэйкава, Мыто, Радзівонішкі - 16280 прыхаджан. Дзікушкі належалі Шчучынскаму Дабрачынню.

Лідскі дэканат меў 12 парафій: Ліда, Белагруд, Германішкі, Ельня, Жалудок, Жырмуны, Ляцк, Няцеч, Новы Двор, Ражанка, Тракелі, Шчучын - 41668 вернікаў. Ваверская парафія адносілася да Радуньска-га дэканату. Лідская парафія налічвала 9892 вернікі, мела філію ў Крупаве, раней і ў Кір'янаўцах, капліцы - у Чэхаўцах, Перапечыцы, а раней у Востраве[60]. У 1886 г. у Лідзе касцёл і капліца, дзве царквы і сінагога, у Беліцы царква, касцёл, капліца і сінагога.

Ува ўсім Лідскім павеце ў 1889 г. - 36 цэркваў і 26 касцёлаў, 29274 праваслаўных і 119591 католікаў. У Лідскім каталіцкім дэканаце стала 13 парафій - дадалася Дуброўская. Неўзабаве праявіліся вынікі зямельнай рэформы. Калі раней заснавальнікамі храмаў выступалі князі і магнаты, пазней буйнапамесная шляхта, то ў канцы 19-га стагоддзя гэта стала пад сілу простым сялянам. 21 лістапада 1877 г. на Панямонскіх могілках была асвечана на імя Архістраціга Міхаіла, пабудаваная селянінам Міхаілам Восіпавічам Урбановічам драў-ляная ўсыпальніца на каменным фундаменце. У 1891 г. на Краснасельскіх могілках на ахвяраванні селяніна в. Краснай Сцяпана Трацяка была пабудаваная драўляная на каменным фундаменце царква. Сцяпан Трацяк за клопаты па будаўніцтву гэтай царквы быў знагароджаны срэбным медалём на Ганнаўскай стужцы (1892).

8 кастрычніка 1892 г. была асвечана Тарноўская царква Святога Вялікапакутніка Зміцера Салунскага, збудаваная графам Д. Н. Маўрасам над сямейнай усыпальніцай з парэшткамі графіні Кацярыны Іванаўны Маўрас (уроджанай Сімоніч). Царква ўяўляла сабой цудоўны каменны будынак у гатыч-ным стылі. Над уваходнымі дзвярамі ўзвышалася прыгожая трохярусная званіца, увенчаная конуса-падобным купалам з крыжам наверсе. Аконныя шы-бы былі ўпрыгожаны святымі выявамі і крыжамі з роз-накаляровых шкельцаў. Нутраное аздабленне хра-ма таксама вызначалася багатай маёмасцю і цудоў-ным жывапісам[61].

У 1897 г. Віленскім губернскім царкоўна-будаўнічым камітэтам было вырашана пабудаваць у Зблянах но-вую царкву і царкоўна-прыходскую школу. Сінодам было адпушчана 33600 рублёў, тутэйшыя жыхары сабралі 4279 руб. 26 кап. Мураваны будынак царкоўна-прыходскай школы быў пабудаваны да восені 1898 г. Царква з булыжскага каменю была завершана ў 1900 г., пабудавана яна была на месцы ранейшай драўлянай царквы.

Паводле перапісу 1897 г. у Лідзе жылі 5294 юдзеі, 2150 католікаў, 1694 праваслаўных, 81 стараабрадзец, 47 магаметан, 39 пратэстантаў і 5 чалавек іншых веравызнанняў.

У 1900 г. для салдатаў 172-га Лідскага пяхотнага палка ў Паўночным гарадку ў драўляным будынку казармавага тыпу была абсталявана царква Святой Троіцы. Над будынкам быў пабудаваны невялікі купал, увенчаны крыжам. Поблізу царквы размяшчалася званіца на чатырох драўляных слупах пад страхою з чатырма маленькімі званамі. Царква і званіца былі пакрыты часанай дранкай (дошчачкай). За арэнду будынка вайсковае інтэнданцтва плаціла 500 рублёў у год.

Праз 13 гадоў Лідскай казарменай будаўнічай камісіяй на сродкі вайсковага міністэрства царква Святой Троіцы была абсталяваная ў адной з палкавых цагляных сталовых. Да сталовай з паўд-нёвага боку выступам быў прыбудаваны алтар з двума пакоямі для рызніцы і панамаркі. Над алтаром былі ўзведзены тры купалы з крыжамі. На паўночным баку будынка ў арцы была ўсталявана званіца. Над аркай быў зроблены невысокі шпіль з купалам і крыжам. На званіцы вісела пяць званоў агульнай вагой у 75 пудоў. Прыстол быў асвечаны ў імя Святой Троіцы ў дзень палковага свята - 24 лістапада 1913 г. У інакастасе размяшчалася шэсць вялікіх абразоў: Збаўцы, Божай Маці, Св.Троіцы, Міхаіла Архангела, Архідыякана Стэфана і Святога Мікола Цудатворцы. Яшчэ тры невялікія абразы: Дабравешчання, Пра-святой Багародзіцы і Таемнай вячэры размяшчаліся на Царскіх Варотах. Пры царкве быў арганізаваны хор з ніжніх чыноў, мелася бібліятэка з 14 кнігамі духоўна-маральнага і гістарычнага зместу. Гадавае жалаван-не святара складала: асноўнае - 900 руб., дадатко-вае - 300 руб., дадатковае за 10 год службы 225 руб., на наём прыслугі - 120 руб., наём кватэры - 200 руб., (1910). У 1913 г. у светара з'явілася скарбовая пяціпакаёвая кватэра, якая памяшчалася ў адным з афіцэрскіх флігеляў[62].

Праваслаўныя цэрквы абраслі нерухомасцю. У царкоўным уладанні Беліцкай царквы ў 1890 г. знайходзілася 37 дзесяцін зямлі. Прытчу Баброўскай царквы расейскім урадам 14 красавіка 1893 г. з фальварка Бабры памешчыка Важынскага было выдзелена 36 дзесяцін. Ад скарбу прытч атрымоўваў жалаванне ў памеры 496 рублёў у год Голдаўскія святары атры-моўвалі жалаванне з Голдаўскага маёнтка ў памеры 37 руб. 50 коп. Пры Голдаўскай царкве існаваў цудоўны царкоўны хор, у 1908 г. быў пакладзены пачатак крыжовым хадам, а ў 1911 г. адкрыта прыходскае таварыства цвярозасці.

Перад Першай Сусветнай вайной у Лідскім павеце было 43 праваслаўныя храмы: 21 прыходская царква, могілка-вых - 8, прыпісных - 8, часовень - 6, у тым ліку ў Лідзе тры царквы: саборная, могілкавая і вайсковая.

За 75 гадоў, з 1840 па 1915 г. на Лідчыне быў пабудаваны толькі адзін каталіцкі храм. На сродкі прыхаджан намаганнямі ксендза Казіміра Сталеўскага на беразе р. Дзітва за шэсць гадоў (1903-08) быў пабудаваны Белагрудскі касцёл Св. Міхаіла Архангела. Да 1902 г. тут быў вельмі стары маленькі драўляны касцёл, у 1908 г. быў асвечаны новы цагляны храм у неагатычным стылі ў выглядзе трохнефнай базілікі з закрыстыямі, гранёнай апсідай і дзвюма вежамі. Касцёл незвычайна прыгожа ўпісаўся ў навакольны ландшафт.

Зрэшты, не ўсе пробашчы вызначаліся так значна. Ваверскі ксёндз пры выбарах у першую Думу (1907) кінуўся ў палітыку з амбона гаварыў, што "дэпутатыпаны стаяць за сялян у Думе шчыра і вельмі харошыя. Казаў не злаваць на тых, каго мы называем здраднікамі"[63].

Пасля Першай Сусветнай вайны Лідчына ады-шла да Польшчы. Рэзка ўзмацніліся пазіцыі каталіцай канфесіі. Вяртаюцца культавыя будынкі і землі, якія раней належалі касцёлам. У 1920 г. забіты праваслаўны святар Язэп Каяловіч, які 54 гады праслужыў у Міхайлаўскім саборы, саборная царква ператворана ў касцёл. У сакавіку 1920 г. вернута каталікам Беліцкая Святадухаўская царква. Пад час службы ў царкву ўвайшоў аддзел польскіх легіянераў з афіцэрам у суправаджэнні тутэйшых католікаў. Афіцэр абвясціў, што царква ператвараецца ў касцёл і запатрабаваў неадкладнага спынення набажэнства. Святар М. Валкоўскі скончыў службу і прычасціў адспавядаўшыхся. Католікі спелі некалькі польскіх патрыятычных песень, потым знялі і выкінулі абразы і царкоўнае начынне. У наступным 1921 г. была пераабсталявана пад касцёл царква ў в. Крывічы. У 1923 г. у Лідскім дэканаце 18 парафій і 72328 вернікаў: Ліда, Беліца - 1327, Белагруда, Дэмбрава, Германішкі - 3150, Ельня з філіяй у Вашкевічах - 2025, Жалудок, Жырмуны - 5090, Ішчолна - 3500, Крупа, Ляцк, Няцеч - 2900, Новы Двор, Ражанка - 4000, Тракелі з філіяй у Дворышчах - 4000, Шчучын, Ваверка (7600 пры-хаджан) у Радуньскім дэканаце.

У 1923 г. у Лідзе была ўтворана царква хрысціян-баптыстаў.

2 лістапада 1926 года распараджэннем міністра грамадскай адукацыі каталіцкая рэлігія была абвеш-чана абавязковай для навучання ўва ўсіх школах. На вывучэнне рэлігіі адводзілася па 2 гадзіны на тыдзень.

У сакавіку 1926 года, пасля чатырохгадовых намаганняў правінцыял Томаш Альшуўка ад імя Ордэна піяраў прыняў храм і нерухомасць. Рэктарам калегіюму быў прызначаны Фердынанд Казлоўскі. Быў адноўлены конвік (інтэрнат), у 1927 г. закладзены агарод і сад, праведзены рамонт, адноўлена званіца, адкрыта ўсеагульная школа, перабудаваны будынкі. У 1929 г. у школе 100 вучняў і ксёндз Казлоўскі прымае рашэнне арганізаваць сярэднюю піярскую гандлёвую школу. На працягу трох летніх месяцаў за 29 тысяч злотых быў пабудаваны школьны будынак даўжынёй 40 м, шырынёй 7 м і вышынёй 3 м. 15 верасня 1929 г. у першым класе трохкласнай мужчынскай гандлёвай піярскай школы г. Ліды пачаліся заняткі. За парты селі 30 вучняў, з іх 10 яўрэяў. У 1936 годзе гандлёвую школу ператварылі ў дзве купецкія гімназіі: жаночую і мужчынскую, у якіх вучылася 260 гімназістаў, яшчэ 85 вучняў навучаліся ў 6-класнай агульнааду-кацыйнай школе. У 1937 г. быў пабудаваны двух-павярховы цагляны будынак, у якім зараз размяшчаецца спартовая зала ДзЮСШ, тады гэта была першая ў горадзе глядзельная зала са сцэнай.

"Пры Польшчы" былі пабудаваны пяць касцёлаў: Крупаўскі цагляны Святой Троіцы (1922-24), Мінойтаўскі драўляны Сэрца Есуса і Святога Андрэя Баболі (1927-29?), Бярозаўскі драўляны Спаслання Святога Духа (1924-32), Лідскі Слабадскі драўляны касцёл Непарочнага зачацця Святой Дзевы Марыі (1932) і Бердаўскі драўляны (1938?); тры капліцы: на вайсковых могілках на вул. Легіяновай (зараз Чырвонаармейская) у закапанскім стылі (1923-24), Лідская капліца Святой Барбары (1930) на каталіцкіх могілках і Цвермская капліца (1933), а таксама Беліцкая Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1928).

Бярозаўскі касцёл быў пабудаваны на сродкі рабочых і ўладальніка шклянога завода Ю. Столе. Усе жыхары пасёлка працавалі на будоўлі храма. Аднавежавы, двухскатны, з невялікімі закрыстыямі драўляны касцёл будаваўся 8 гадоў. Быў асвечаны ў 1932 годзе ў імя Спаслання Святога Духа[64].

Лідская могілкавая цагляная капліца Святой Барбары і Цвермская драўляная капліца пабудаваны дзякуючы намаганням святарства. Абедзве капліцы асвяціў пробашч і дэкан лідскі Іпаліт Баярунец. Беліцкая царква пабудавана на дабраахвотныя ахвяраванні праваслаўных прыхаджан. Значную рэканструкцыю ў 1934 г. перацерпеў Ваверскі касцёл пад кіраўніцтвам майстра А. Бепкі (Бэпкі) з Вільні. Будынак пашырылі, разбіраліся дзве сцяны.

Слабадская парафія ўзнікла ў 1932 г., дзякуючы намаганням ксендза Станіслава Мажэйкі[65]. Ксёндз Мажэйка заваяваў велізарную прывязанасць вер-нікаў, як златавусны прапаведнік. Калі яго перавялі з Ліды, жыхары Слабады ўзбунтаваліся, найбольш апантаныя прапаноўвалі нават зачыніць касцёл і ў знак пратэсту перайсці ў веру баптыстаў.

10 ліпеня 1935 года пры ўдзеле амаль 15000 вернікаў была асвечана Цвермская капліца. Капліца была пабудавана над драўляным крыжам з выра-занай з дрэва фігурай Ісуса без рук і ног, з глыбокім шрамам ад шыі да сцягна. Крыж з даўніх часоў стаяў пры адзінокай сасне, апошняй з велізарнага масіву лесу. Сасна была легендарнай, яе нельга было чапаць, на яе нельга было залазіць. Узрост крыжа ацэньваўся першай паловай 18 ст. Пад крыж прыходзілі маліцца сяляне розных канфесій і навязвалі фартушкі. У 1898 годзе лідскі вікары Юзаф Бародзіч загадаў зняць усе фартушкі і спаліць, але людзі паранейшаму наведвалі крыж у Цвермах і вешалі фартушкі. Да 1932 года ўвесь крыж быў абвязаны палатном таўшчынёй ў 20 см. Вясной 1932 г. Ігнацы Багаx з Ішчолны пакрыў увесь крыж ацынкованым жалезам і ўстанавіў перад крыжам маленькі алтар. Вестка пра легендарны крыж распаўсюдзілася паўсюль - пачаліся шматлікія паходы да крыжа. Лідскі дэкан І. Баярунец звярнуўся да Архіпастыра па дазвол на будаўніцтва капліцы. Праект капліцы склаў павятовы архітэктар Вацлаў Галік. Будаўніцтва пачалося вясной 1933 г. Храм пабудавалі з таварнага лесу, зрэзанага на Цвермскіх і Пашкаўскіх могілках, частку лесу выдзеліў Ян Захватовіч. Частку грошай сабралі лідскія мяшчане: Лявон Вісьмант ахвяраваў 100 злотых, уладальнікі каўбасных вытворчасцяў Аляксандр Вярсоцкі і Андрэй Радзевіч - па 150. Агульны кошт будоўлі 4664 злотых 70 грошаў. 15 верасня 1935 г. капліцу наведаў арцыбіскуп Рамуальд Яблыкоўскі[66].

У 1936 годзе Лідская гарадская Рада выдзеліла слабадской парафіі два гектары гарадской зямлі пад могілкі. Пад час агароджы могілак адзін з работнікаў спытаў у таварыша, хто першы ляжа на новых могілках. Трэба ж было такому здарыцца, што той, хто пытаўся, быў пахаваны першым. Вестка пра гэта разляцелася па ўсёй парафіі, вернікі наладзілі яму ўрачыстае пахаванне[67].

На 1 студзеня 1937 г. у Лідскім дэканаце 21 касцёл і 74478 католікаў.

Перад вайной - у 1938 г. у Бердаўцы быў пабудаваны высокі драўляны касцёл памерам 24 х 16 м.

Праваслаўная канфесія "пры Польшчы" адчувае адпаведныя цяжкасці. У чэрвені 1922 г. у Варшаве пад старшынствам мітрапаліта Георгія адбыўся Сабор праваслаўных епіскапаў. Трыма галасамі супраць двух была абвешчана аўтакефальная польская праваслаўная царква. 8 лютага 1923 г. архімандрыд Смарагд у мітрапалічным палацы ў Варшаве застрэ-ліў мітрапаліта Георгія. Гэта не дапамагло, польскі ўрад дабіўся ад візантыйскага патрыярха прызнання аўтакефаліі праваслаўнай царквы ў Польшчы. Пасля гэтага была праведзена праверка лаяльнасці святар-ства да аўтакефаліі. Сабор праваслаўных епіскапаў у Варшаве ў 1927 г. прыняў рашэнне аб падпарадка-ванні заходнебеларускіх епіскапаў Варшаўскаму экзарху. Юрыдычнае становішча праваслаўнай царквы рэгулявалася "Часовымі правіламі аб адносі-нах ураду да праваслаўнай царквы ў Польшчы" ад 30.01.1922 г. Аб ступені паланізацыі праваслаўнай царквы сведчыць той факт, што 11 лістапада 1923 г. у кафедральным Саборы ў Беластоку і ў залогавай царкве ў Горадні былі праведзены набажэнствы на польскай мове. Сінод у тэрміновым парадку зацвердзіў пераклады літургічных тэкстаў і дазволіў весці набажэнствы па-польску. У войску быў выдадзены цыркуляр з распараджэннем весці набажэнствы і гаварыць казанні толькі па-польску.

У 1925 г. на Лідчыне функцыянуюць усе сельскія праваслаўныя цэрквы. Архіепіскап віленскі і лідскі Феадосі прадпісаў ува ўсіх праваслаўных прыходах 3 траўня адслужыць урачыстае набажэнства за росквіт Рэчы Паспалітай і ўраду. Прадпісана ўсім права-слаўным цэрквам у Польшчы забяспечвацца вінаградным віном з Варшаўскага сінаідальнага склада. Настаяцелю Радзівонішскай царквы Рыгору Каршуну прапанавана ўступіць у часовае загадванне Мыцкім прыходам. 31 траўня адзначана 1600-годдзе Першага Усяленскага Сабора. Праваслаўныя прыхаджане Мыцкай царквы М. І Н. Мікалайчыкавы, І. Ляшчынскі, А. Валынец падалі прашэнне, каб пакінулі Мыцкі храм за праваслаўнымі - відаць прайшлі чуткі аб яго перадачы ўніятам. 6 ліпеня праведзены талерачны збор на карысць пацярпелых ад наваднення ў Малой Польшчы. 26 ліпеня з Голдава ў Збляны ў 6 раніцы пачаўся крыжовы ход. У жніўні светарам паведамлена, што адноўлена выдача эвакуяваных з Расіі званоў. Можна купляць званы вагой да 25 кг па цане 2 злотыя за кілаграм. Званы большай вагі паводле прыкметаў і надпісаў будуць вяртацца па цане 90 грошаў за кілю. У кастрычніку святар Радзівонішскай царквы Р. Каршун узнагаро-джаны набедраннікам, за што з яго зыскана 10 злотых епархіяльнага збору. У кастрычніку ж праведзены збор на дзіцячы прытулак пры Віленскай Свята-Духавым клештары, які меў крайнюю патрэбу ў сродках. Радзівонішская царква валодала 18 дзеся-цінамі зямлі, у тым ліку: ворыва - 11, сенажаць - 5, паша - 2. Мыцкаму прыходу належала 50 га, Баброўскаму - 40 га.

У 1927-29 г.г. царкоўныя землі праваслаўных прыходаў былі секулярызаваны (адабраны) на карысць Польскай дзяржавы. Уціск праваслаўных набываў розныя формы. Касцёл не дапускаў змеша-ных шлюбаў - іншаверцы павінны былі прымаць каталіцтва. Касцёл не дазваляў разводы. Асобы каталіцкага веравызнання не мелі права хрысціць дзяцей у праваслаўнай царкве. На ўроках катэхізісу дзяцей вучылі, што наведванне царквы з'яўляецца грахом. Пры гэтым узнікалі драматычныя сітуацыі. Адна з дзяўчынак праваслаўных бацькоў адмовілася ўвайсці ўнутр царквы разам з бацькамі. Не дапамаглі ні просьбы ні ўгаворы, яна засталася за парогам, пакуль бацькі не выйшлі. Уплыў касцёла аказаўся мацнейшым за любоў да бацькоў. Быў выпадак, калі дачка не пайшла на паніхіду ў царкву, дзе на катафалку стаяла труна яе бацькі. У Лідзе быў ксёндз, які распавядаў дзецям у школе на ўроках катэхізісу аб жудасцях, якія адбываюцца з праваслаўнымі дзецьмі. Паколькі праваслаўныя жагнаюцца трыма пальцамі і знак крыжа кладуць спачатку на правае плячо, а пасля на левае, то ў пакаранне за такое адступніцтва ў праваслаўных быцам бы заводзяцца чэрві на плячах, дзе іх дакраналіся трыма пальцамі[68].

Ва Ўсходняй Беларусі ў гэты час савецкая ўлада змагалася з рэлігійнымі перажыткамі: падрывала саборы і цэрквы, саджала ў турмы светароў. Да пачатку Другой Сусветнай вайны было знішчана 2500 праваслаўных цэркваў, 23 кляштары і каля 200 светароў[69]. Заходнебеларуская праваслаўная царква ацалела. Пры ўсіх рэлігійных трэннях кожны з жыхароў Заходняй Беларусі меў магчымасць вызнаваць любую рэлігію, ці быць атэістам.

Пасля ўз'яднання, з восені 1939 г. у Заходняй Беларусі разгарнулася атэістычная прапаганда. Перад насельніцтвам выступалі прафесары, дацэнты, навуковыя работнікі. Спецыяльна для заходніх абласцей выдавалася масавая антырэлігійная літара-тура, вяліся атэістычныя радыёперадачы. Пачаліся рэпрэсіі супраць святарства, светары прыраўноваліся да асаднікаў, абкладваліся падаткамі, якія ў некалькі разоў перавышалі іх даходы. Калі вернікі збіралі грошы на аплату падаткаў, органы НКУС прымушалі вярнуць ахвяраванні і арыштоўвалі зборшчыкаў. Уніяцкая царква пайшла ў падполле.

Нямецкія акупацыйныя ўлады ў 1941-42 г.г. дазволілі цэрквам і касцёлам працаваць у нядзелю і святочныя дні. Прадпісвалася адзначаць усе рэлігійныя святы, насіць на шыі крыжыкі, жагнацца да і пасля яды, у кожнай хаце мець абразы. Светары павінны былі быць беларусамі і весці службу на беларускай мовах [70].

Гаўляйтар Куба правёў беларусізацыю царкоўнага жыцця. Вясной 1942 г. ён узаконіў дзейнасць беларускага экзархату грэка-каталіцкай царквы. Восенню 1942 г. пры яго падтрымцы створана Бела-руская аўтакефальная праваслаўная царква з мітрапалітам Панцелеймонам. Падтрымаў Куба і пачынальнікаў паступовай беларусізацыі рымска-каталіцкага касцёлу.

У 1942-43 г.г. беліцкая праваслаўныя прыхаджане ва ўмовах вайны правялі збор неабходных сродкаў і ў 1944 г. капітальна адрамантавалі Свята-Крыжаўзвіжанскую царкву.

Ксяндзоў нямецкія ўлады разглядалі як удзельнікаў польскага супраціву. Са студзеня па чэрвень 1942 г. з прычыны "каранціну" на Лідчыне было забаронена правядзенне служб для вернікаў - ксяндзы адпраўлялі імшу пры зачыненых дзвярах. Дазвалялася хрышчэнне, шлюбы, прычашчэнне хворых, пахавальныя службы. Перад Вялікаднем (5 красавіка) дазволена была ўсяночная, спавяданне і прычашчэнне. На Вялікдзень дазволена была імша для вернікаў. У красавіку 1942 года з усіх прыкасцельных званіц былі знятыя бронзавыя званы, у чэрвені-ліпені большасць ксяндзоў была арыштаваная і памешчаная ў турму. [71]

10 сакавіка 1943 г. каля 17 гадзін у лесе за Паўночным гарадком 9 ксяндзоў: лідскі пробашч Вінцэнт Лобан (45 гадоў), вікары Слабадскога касцёла Люцыян Мрачкоўскі (34 гады), вікары Фарнага касцёла Стэфан Снягоцкі (29 гадоў), няцецкі пробашч Аляксандр Аўгусціновіч (53 гады), беліцкі пробашч Стэфан Дабравольскі (44 гады), лацкі пробашч Альфонс Бароўскі (51 год), трабскі пробашч Францішак Цыбульскі (58 гадоў), ліпнішскі пробашч Ежы Ажароўскі (31 год), юрацішскі пробашч Вінцэнт Стжасьнеўскі (34 гады) былі расстраляныя. Лідскія жыхары Мечыслаў Пуйдак і Стэфан Краўчынскі знайшлі магілу, а сяляне в. Дайнова ноччу выкапалі святароў і перазахавалі іх у агародзе сям'і Ухтаў. У 1960 г. парэшткі расстраляных былі ўрачыста пера-захаваны на могілках Слабадской парафіі.[72]

Пры наступленні Чырвонай Арміі пры баях за Парачанскі мост цераз Дзітву ў Белагрудскім касцёле 9 ліпеня 1944 г. размяшчаўся штаб 32 Смаленскай кав. дывізіі, а на званіцы знайходзіўся назіральны пункт камандзіра дывізіі Калюжнага І. П.

Пасля вайны ўсё вярнулася на кругі камуністычныя. Ксяндзоў арыштоўвалі, высылалі ў Сібір. Праз сталінскія лагеры прайшлі ксёндз Мінойтаўскага касцёла Ч. Янкоўскі, рэктар піярскага калегіюму Клеменс Мар'ян Чабаноўскі (1907-1972), пробашч Бердаўскага касцёла Альфонс Чыжэўскі (1907-1953), пробашч слабодскага касцёла Казімір Баневіч. На Станіслава Роека двойчы быў зроблены замах - першы раз падчас вячэрняй імшы яму на шыю накінулі шнур з намерам задушыць, а другі раз справакавалі аўтамабільную аварыю.[73]

У 1946 г. зачынены Беліцкі і Крывіцкі касцёлы, у 1957 г. зачынены Бердаўскі касцёл, у пачатку 60-х яго разабралі (знеслі трактарам), з бярвенняў пабудавалі школу. У Фарным касцёле не адзін раз разбівалі шкло, ксяндзоў С. Роека і М. Чабаноўскага высялялі з дому. С. Роек тройчы купляў адзін і той жа плябанскі домік. У 1961-62 г.г. зачынены праваслаўныя цэрквы ў Радзівонішках, Дзікушках, Беліцы і Мыто. Аднак хрысціяне не здаваліся. Паводле афіцыйных звестак у 1963 г. у горадзе было ахрышчана 75,2% нарадзіўшыхся, бралі шлюб 21,7%, пахована з удзелам светароў 55,6% у Лідскім раёне адпаведна: 55.8%, 38,2% і 22,6%.

На 15 красавіка 1964 г. у Лідзе дзейнічала два касцёлы і адна царква, мелася грамада евангельскіх хрысціян баптыстаў (33 чалавекі), у раёне дзейнічалі 4 праваслаўныя царквы: у Голдаве, Ганчарах, Дакудаве і Зблянах і два каталіцкія касцёлы: у Белагрудзе і Мінойтах. Ваверскі і Крупаўскі касцёлы дзейнічалі без светароў. Будынкі іншых храмаў скарыстоўваліся пад збожжасклады і склады запасных частак (Беліцкая, Мыцкая царква), разбураліся, знішчаліся (спалены Дзікушская і Голдаўская прыпісная, разабраная Бярозаўская). У будынку Беліцкага Свята-Духаўскага касцёла была размешчана сямігадовая школа, якая згарэла у канцы 50-х гадоў.

У 1984 г. адміністрацыя Лідскага Дабрачыння пераведзена ў Наваградак. У 90-е годы пачынаецца адраджэнне рэлігійнага жыцця: прыняты новы Статут рэлігійных аб'яднанняў, царква стала юрыдычна самастойнай асобай, знізіўся падаткавы прэс - цэрквы былі вызвалены ад падатку на зямлю і дабраахвотна-прымусовых пералічэнняў у фонд міру.

Пасля шматгадовага запусцення былі адноўлены Лябёдская Свята-Мікольская (пратаіярэй Л. В. Жак), Беліцкая Крыжаўзвіжанская (1990-93, асвечана 27 верасня 1993, святар Н.Н. Чаброўскі), Баброўская (1993-94, святар Л.Вабішаў), Мыцкая (26 лістапада 1994 г.) і Радзівонішская (1998-99) цэрквы.

Новыя праваслаўныя храмы з'явіліся ў Бярозаўцы (1995) і Мінойтах (1997, святар Іяан Мяндзіла). З 1994 г. вядуцца работы па будаўніцтву Лідскага праваслаўнага Свята-Панцелеймонаўскага храма.

Яшчэ ў год тысячагоддзя пачатку хрышчэння Беларусі (1988) пачаліся спрэчкі вакол будынка планетарыя - былога Язэпаўскага касцёла піяраў (1825-1842, 1920-1956) - праваслаўнага сабора Міхаіла Архангела (1863-1920). Абедзве канфесіі, праваслаўная і каталіцкая, даказвалі сваё права на будынак, збіралі петыцыі з тысячамі подпісаў, пісалі хадайніцтвы ў мясцовыя, абласныя, рэспубліканскія і ўсесаюзныя органы. 7 сакавіка 1996 г. Лідскі гарвы-канкам рашэннем № 38 са згоды кардыналаК.Я. Свёнтака і біскупа Гарадзенскай рымска-каталіцкай епархіі А. А. Кашкевіча перадаў будынак планетарыя ў бязвыплатнае карыстанне праваслаўнай рэлігійнай грамадзе. 17 ліпеня 1996 г. з сабора ноччу была знята мемарыяльная дошка ў гонар Людвіка Нарбута, у кастрычніку над купалам падняты праваслаўны крыж. 21 лістапада ў прысутнасці архіепіскапа Беластоцкага і Гданьскага Савы, епіскапа Гарадзен-скага і Ваўкавыскага Арцемія, епіскапа Наваград-скага і Лідскага Гурыя адбылося ўрачыстае асвячэнне Архістраціга-Міхайлаўскага кафедральнага сабора.

Гэдак жа актыўна аднаўляў парафіі каталіцкі касцёл.

У 1992 г. католікі Бердаўкі вярнулі сабе будынак складзены з бярвення касцёла 30-50-х гадоў. Над страхой паднялі крыж і паставілі арган[74]. Зараз там Бердаўскі касцёл Святой Троіцы. 22.08.1992 г. гарадзенскі біскуп А. Кашкевіч асвяціў капліцу на Беліцкіх каталіцкіх могілках (зараз гэта касцёл). 6.09.1995 г. ксяндзы К. Шаняўскі і Х. Яблонскі урачыста асвяцілі капліцу ў Гудах. Адноўлена Бахмацкая капліца.

На фундаменце былога даваеннага пабудаваны Бярозаўскі касцёл (1991-94). Новы касцёл Божай Літасці пабудаваны ў пас. Маладзёжным (1995-98). На асабістыя сродкі жыхара г. Бярозаўкі Андрэя Сямёнавіча Лысенкі адноўлены Вашкевіцкі касцёл (1996-2000). Завяршаецца будаўніцтва касцёла на Слабадзе пад імем Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі (1992-2001). У 1994 годзе ўзнікла новая парафія ў мікрараёне Рыбіноўскага. 10 ліпеня 1996 года гарадзенскі біскуп урачыста асвяціў месца будоўлі касцёла Святой Сям'і.

У пачатку 2001 года ў Лідзе і Лідскім раёне 15 праваслаўных цэркваў, 13 касцёлаў і 6 капліц, дзве царквы саюзу хрысціян веры евангельскай і ўніяцкая грамада ім. Язафата Кунцэвіча.

Шэсць стагоддзяў таму назад лідскія паганцы раздзяліліся на праваслаўных і католікаў, але так і засталіся паміж Усходам і Захадам, падзяліўшы свае рэлігійна-духоўныя сімпатыі паміж дзвюмя асноўнымі хрысціянскімі канфесіямі: заходнім каталіцызмам і ўсходнім праваслаўем. Ні адной з канфесій не ўдалося стаць агульнанацыянальнай. Побач з асноўнымі канфесіямі на Лідчыне існавалі ўніяцкая, кальвінісц-кая, магаметанская, стараабрадская, юдзейская і пратэстанцкая веры.

Зараз на Беларусі зарэгістравана каля тысячы праваслаўных грамадаў, каля паўтысячы каталіцкіх, дзесяткі стараверскіх, грэка-каталіцкіх, новаапостальскіх, юдзейскіх, ісламскіх. Існуюць грамады бахаістаў, мармонаў, крышнаітаў, кальвіністаў, дзен-будзістаў, сведак Яговы, евангелістаў, прыхільнікаў заходняй праваслаўнай царквы. З'явіліся хрысціянска-дэма-кратычныя арганізацыі і партыі. Створаны брацтвы, сястрыцтвы, рэлігійныя навучальныя ўстановы і клештары. Беларуская праваслаўная царква падпарадкавана Маскоўскаму патрыярху, каталіцкі касцёл - папе. Створаны нармальныя ўмовы для задавальнення рэлігійных запатрабаванняў вернікаў, узнікаюць новыя грамады, расце колькасць тэалагічных выданняў, але паліканфесійная структура грамадства вядзе рэлігійныя арганізацыі і да спаборніцтва і канкурэнтнай барацьбы за ўплыў на паству.

 

Дадаткi:

 

[1] Narbut T. Dzieje narodu litewskeqo. Wilno, 1839, T.3, Dodatek I, S. 1.

[2] Там жа. S. 2.

[3] Balinski, Lipinski. Starozytna Polska. T.3. Warszawa, 1846, s. 253.
Zmigrodzki I. Nowogrodek i okolice. 1931, s. 59.

[4] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.Мн. 1993. Т.1, с.120.

[5] Narbut T. Dzieje narodu litewskeqo. Wilno, 1839, T. 5, S. 482.

[6] Там жа. S. 514.

[7] Narbut T. Dzieje narodu litewskeqo. Wilno, 1839, T.3, Dodatek I, S. 2.

[8] Narbut T. Dzieje narodu litewskeqo. Wilno, 1839, T.3, Dodatek 1, S.3-4.

[9] Там жа S. 4.

[10] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.Мн. 1993. Т.1, с.178.

[11] Balinski, Lipinski. Starozytna Polska. T.3. Warszawa, 1846, s. 253.

[12] ПСРЛ. Т.32. с. 171.

[13] Літоўская Метрыка. 1499-1514. Кніга 8. Вільнюс. 1995, с.442.

[14] ПСРЛ, т.13, с.66.

[15] Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Мн. 1992,с.116.

[16] Kosman M. "Reformacia i kontreformacia w Wielkim Ksienstwie Litewckim w swietle propaqandy wyznaniewej" Warzsawa, 1973, s. 69).

[17] Шымялевіч М. Горад Ліда і Лідскі замак. // Віленскі каляндар. Вільня. 1906, с.48.

[18] Голенченко Г. Описи библиотек и книжных собраний Радзивиллов в национальном архиве Беларуси. // Badania ksiengozbiorow Radziwilow. Warszawa,1995.S.57.

[19]Szymielevcz M. "Dworryszce i Trokiele" //Ziemia Lidzka. №3, 1939, s.83.

[20]Cataloqus ecclesiarum et cleri dieccesis vilnensis. Vilnas. 1923, s. 68.

[21]Szumielevicz M. "Dworzyszcze i Trokiele"// Ziemia Lidzka.1939. №3, s 87.

[22] М. Шымялевіч. Горад Ліда і Лідскі замак. Віленскі каляндар. Вільня. 1906, с.48.

[23] Палуцкая С. В. "З гісторыі ўніяцтва на Лідчыне. "Наш радавод". Ліда, 1994. С. 67.

[24] Там жа, са спасылкай на ЦГДА. Ф. 124, 1658 г., с.1, арк.30.

[25] Balinski M., Lipinski T. " Starozytna Polska" Tom III. Warszawa, s. 263.

[26] Balinski M., Lipinski T. Starozytna Polska. Tom III. Warszawa,1846, s.253.

[27] Slownik qeoqraficzny Krolewstwa polskieqo. Warzszawa, 1884,T.5, s.217.

[28]Кулагін А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі. Мінск. 2000, с.86.

[29] Szymielewicz M. Dzieje pijarow lidzkich.// "Ziemia Lidzka", 1937, N 9, c.3.

[30] Бывший Иосифовский костёл пиаров. Спец. научно-реставрационные производственные мастерские. Рукопись. Минск. 1985.

[31] Kurkowski J.Piarry w Werenowie i Lidzie (1735-1845). // Z dziejow Ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997, s. 55 - 88.

[32] Encyklopedia koscielna. Warszawa, 1893, T.XIX,s.336. [33] Inwentarz Kosciola Parafialneqo Belickieqo i Plebanii, przy podaniu w Administracia przez WGX Wincenteqo Linkima Driekana i Proboszcza Lidzkieqo R. 1836 marca 12 X. Wincentemu Zawszeiczowu sporzadzony.

[ 34] Szymielewicz M."Bialohrud" // Ziemia Lidzka, 1936. N6, s. 11.

[35] Сосна А.А.Конфискация церковных имений на Белоруси при включении её в состав Российской империи. // Наш радавод. Частка 3, с. 577.

[36] Szymielewicz M. Dzieje pijarow lidzkich // Ziemia Lidzka", 1937, N3 s. 34.

[37] Kuwalek R. Rzymskokatolicki cmentarz przy ul. Grazyny.// Ziemia Lidzka, 1996. № 18-19, s.17.

[38] Grzymala-Prybytko A. "Obchod imienin Napoleona w Lidzie" // Ziemia Lidzka, 1938, N7-8, s. 98.

[39] Бобровский П. "Материалы для географии и статистики России", ч. ІІ, СПб., 1863, стр. 182.

[40] Inwientarz Kosciola Parafialneqo Bielichieqo i Plebanii R. 1836, marca 12 X.

[41] Szymielewicz M. Dzieje pijarow lidzkich // Ziemia Lidzka", 1937, N3 s. 34.

[42] Grzymala-Prybytko A. Powstanie Listopadowe w pow Lidzkim // Ziemia Lidzka. 1937, N2, s. 15.

[43] Ганчарук І.Г. Да пытання аб ролі каталіцкай царквы ў вызваленчым руху Беларусі ў ХІХ ст. // "Наш радавод", частка 3, с.636.

[44] Cartka z dziejow kasciola katolickiego w Polsce rosyjskiej. T. II. Biskupstwo vilenskie. Krakow. 1889, s. 257-259, 264.

[45] Палуцкая С.В. "З гісторыі ўніяцтва на Лідчыне.// Наш радавод. Ліда, 1994, с.69.

[46] Марозава С. Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі. 1596 - 1639. Гродна, 1996, с.58.

[47] Палуцкая С.В. З гісторыі ўніяцтва на Лідчыне. // Наш радавод. Ліда, 1994, с.67.

[48] Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. // Спадчына, 1998, №2, с.14.

[49] Книга указов Литовской духовной констории Лидскому Благочинному протоирею Бренну за 1840 год, ЛИХМ, КП 2741.

[50] Марозава С. Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі. 1596 - 1639. Гродна, 1996, с.69.

[51] Черевин П. Северо-Западный край. (Воспоминания). // Спадчына. 1998, №2, с.73.

[52] БГГА. Ф.11. воп.11. спр.297.

[53] Encyklopedia koscielna. Warszawa, 1893, T.XIX, s.336.

[54]Kurkowski J. Pijary w Werenowie i Lidzie (1735-1845).// Z Driejow ziemi Lidzkiej. Warszawa,1997, s. 55 - 88.

[55] Kurkowski I/ Pijarzy w Werenowie i Lidze (1735 - 1845).// Z dziejow ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997/

[56]Записки Иосифа митрополита Литовского, СПб, 1883.

[57] Записки Иосифа митрополита Литовского СПб,1883.

[58] Литовские Епархиальные Ведомости. 1866 г., №24, с.1005; 1869 г., №19, с. 1159.

[59] Виленская губерня. Полный список населеных мест... Вильна, 1905, с. 184-185

[60] Slownik qeeqraficzny Krolewstwa polskieqo Warszawa, 1884, T.5. s.217.

[61] ЛЕВ за 1892 г. №43, с.352.

[62] Клировые ведомости церкви 172-го пехотного Лидского полка за 1904, 1905, 1906, 1908, 1910, 1913 г.г.

[63] "Наша ніва", 1907.

[64] Kolyszko A. Zapomniany kosciel. // Ziemia Lidzka. 1991, № 4,s. 1, 4.

[65] Abramowicz W. Slobodka - przedmiescie Lidy // Ziemia Lidzka. 1939, № 4-5, s. 131.

[66] Bejazuniec H. Krzyz i kaplico w Cwiermach. // Ziemia Lidzka 1939, № 4-5 s. 105-108.

[67] Abramowicz W. Slobodka - przedmiescie Lidy // Ziemia Lidzka. 1939, № 4-5, s. 131.

[68] Ямант Е.В тени замка Гедимина. Лида, 1995, с.53-54.

[69] І. Касяк. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. // Спадчына, 1998, № 2, , с.154.

[70] Грыгор'ева В.В. і інш. Канфесіі на Беларусі. Мн., 1998, с.217.

[71] Meczennicy. Pujdak M. // Ziemia Lidzka. № 8/9, 1992, s. 8-9.

[72] Курыла В. Не памілавалі ксяндзоў. // Лідская газета ад 5.06.1993 г.).

[73] Стасевіч - Ясюкова І. Пра светлай памяці ксяндза Станіслава Роена шчырыя ўспаміны. // Лідзкі летапісец, 1997, № 2, ст.24).

[74] Kuwalek R. Siemienow A. Na parafii w Berdowee.// Ziemia Lidzka, N 14, s. 6.

 


Cлiўкiн В.

 

Надрукавана ў "Лiдскiм Летапiсцу" № 13-14-15

 

[Main page][Title page][Library page]