[Main page][Title page][Library]

 

 

Лідскай “Свабодзе” - 100 гадоў

 

Гэтая знакамітая падзея здарылася ў Лідскім павеце ў снежні 1902 года. Некаторыя з вядомых беларускіх грамадскіх дзеячоў прызнаныя яе дзейнымі асобамі, многія за гонар палічылі б адну магчымасць удзельнічаць у ёй.

Гаворка ідзе пра першы і адзіны нумар нелегальнага часопіса “Свабода”, выдадзенага ў маёнтку Лябёдка Лідскага павету і адразу ж знішчанага яго аўтарамі. У савецкай гісторыі гэтая падзея замоўчвалася, паколькі сярод удзельнікаў быў будучы калабарант - бургамістр Менска ў 1942-43 гг. Вацлаў Іваноўскі. Аднак разам з ім у стварэнні часопіса ўдзельнічала Алаіза Пашкевіч “Цётка” і такую важную падзею з яе жыцця цяжка было выкрасліць. Чуткі пра часопіс “Свабода” 1902 года выдання ў асяроддзі літаратараў і гісторыкаў блукалі, але да сур’ёзных даследванняў справа не даходзіла.

Напрыклад, у “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” (Том 6, с. 255) паведамляе, што рэдакцыя грамадска-палітычнай газеты “Свабода”, выходзіўшай ў 1990-1997 гг. лічыла сваё выданне “пераемніцай аднайм. газеты, адзіны нумар якой у 1902 падрыхтавалі В. Іваноўскі, В. Валейка, Р. Мілер і А. Пашкевіч”.

З літаратуры можна таксама даведацца, што:

“Студэнты пецярбурскага унівэрсітэту: Вацлаў Іваноўскі, Іван і Антон Луцкевічы, Бурбіс, Валейка і другія ў 1899-1900 гг. зарганізавалі выдавецтва беларускага нелегальнага часопісу “Свабода”. Першы нумар быў выданы ў Лябёдцы ў Лідскім павеце.. Далей, нажаль, выдавецтава “Свабоды” спынілася з прычыны рэвізіі і з усяго накладу першага  нумару засталося толькі два экзампляры”. (Я. Найдзюк, І. Касяк. Беларусь учора і сяньня” Менск,1993. с 139).

“1903 год Іваноўскі разам з А.Пашкевіч і братамі Луцкевічамі выдае нумар нелегальнага часопіса “Свабода”. Увесь наклад, каб пазбегнуть арышту, вымушаныя былі знішчыць самі выдаўцы” (Панада У. Вацлаў Іваноўскі: шлях да смерці. //  Наша слова, 1993, № 39).

“Пад шыльдай гэтай (Беларускай Рэвалюцыйнай) партыі быў калегіяльна падрыхтаваны нумар часопіса “Свабода”, які В.Іваноўскі пад націскам бацькі знішчыў, замест таго, каб па даручэнню рэдакцыйнага калектыву надрукаваць”. (Янка Жамойцін. В. Іваноўскі у люстэрку гісторыі.  Наша Ніва. 1993. № 16).

З супастаўлення прыведзеных цытатаў агульным застаеццатолькі ўдзел у выданні часопіса Вацлава Іваноўскага.

Вацлаў Іваноўскі

У 1992 годзе была апублікаваная праца польскага даследчыка Юрыя Туронка “Waclaw Iwanowski i odrodzenie Bialorusi”, перадрукаваная праз год у часопісе “Маладосць”, у якой сітуацыя з выпускам часопіса “Свабода” атрымала дастаткова поўнае асвятленне.

Вацлаў Іваноўскі на грошы, заробленыя падчас летняй студэнцкай практыкі з дапамогай Мечыслава Міхаловіча, студэнта і дзеяча Польскай сацыялістычнай партыі (ППС), “з якім яны заляцаліся да сясцёр Ячыноўскіх і неўзабаве сталі шваграмі”, купіў гектограф. На гэтым гектографе восенню 1902 г. быў тыражаваны на польскай мове зварот “Да інтэлігенцыі”. “Наступнай ініцыятывай Вацлава Іваноўскага была спроба нелегальна выдаць часопіс “Свабода”, задуманы як орган Беларуская рэвалюцыйнай партыі. Ручную матрыцу “Свабоды” на восем старонак падрыхтавалі Мілер (першая бачына) і Валейка (пазасталыя). Гэты матэрыал перавезлі у Лябёдку, дзе пад час калядных канікулаў 1902 года яго аддрукавалі на гектографе тыражом 200 асобнікаў Вацлаў і Тадэвуш Іваноўскія, а таксама – Валейка з братаміАнтонам і Станіславам. На тытульным аркушы часопіса значылася: “Свабода”, № 1, 1903 г. Як пісаў ксёндз Адам Станкевіч, спасылаючыся на паведамленне Вацлава Іваноўскага, у “Свабодзе” былі змешчаны два артыкулы, адзін з якіх – на палітычную тэму, другі – аб нацыянальнай свядомасці беларусаў. Змест гэтых артыкулаў невядомы. Затое вядомы паэтычны дэбют Алаізы Пашкевіч – верш “Мужыцкая доля”... і верш Сыракомлі “Добрыя весці”. Паколькі ў тым творы быў радок “Мужык з панамі стаіць за панбраце”, то яго памянялі на сацыялістычны лад: “Мужык з рабочым стаіць за панбраце”. Да выдання часопіса на думку Ю. Туронка таксама мелі адносіны браты Іван і Антон Луцкевічы і Лявон Малецкі.

Такім чынам, месца выдання першага беларускага нелегальнага часопіса “Свабода” - маёнтак Лябёдка Лідскага павету, радавы дом сям’і Іваноўскіх. Час выдання - снежань 1902 года. Наклад - 200 асобнікаў. Усе асобнікі знішчаны “па прычыне рэвізіі” ці “пад націскам бацькі”, “каб пазбегнуць арышту”. “Найпраўдзівейшая тая версія, што знішчыць “Свабоду” загадаў сваім слугам пан Леанард Іваноўскі, якому яна трапіла на вочы (сыны не надта хаваліся ад бацькі). Адзін паасобнік газеты Вацлаў паспеў адправіць у Варшаву – брату Юрыю. Але здарылася так, што ў Ю. Іваноўскага паліцыя наладзіла ператрус, той адзіны асобнік “Свабоды” арыштавалі, а яго ўладальніка на 4 гады выслалі ў Расію”. (Анатоль Сідарэвіч. Народзіны Беларусі. Народная воля. 2003. № 4).

Ці мог бацька братоў Іваноўскіх Леанард Станіслававіч Іваноўскі, 57-гадовы шляхціц добрага выхавання і адукацыі (Віленская гімназія, Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут), будаўнік прамысловых прадпрыемстваў па ўсёй Расіі, сапраўдны статскі дарадца, старшыня Варшаўскага таварыства садаводаў, уладальнік маёнтка і 20-гектарнага саду, селекцыянер, двойчы залаты медаліст усерасійскіх сельскагаспадарчых выставаў выразіць незадавальненне з нагоды небяспечных захапленняў сваіх сыноў?  Безумоўна. Ці мог ён прымусіць іх знішчыць наклад часопіса “Свабода”? Відавочна. Ці мог ён умешваць у гэтую справу слугаў? Як сказаць.

Сядзіба Іваноўскіх ў Лябёдцы

Нельга не адзначыць, што абсалютная большасць удзельнікаў спробы стварэння гэтага часопіса - жыхары Лідскага павету.

Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі, 22 гады, студэнт хімічнага факультэта Пецярбургскага тэхналагіч-нага інстытута. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Восенню зімой 1902 года ў Пецярбургу аб’яднаў вакол сябе студэнтаў беларус-кага паходжання і арганізаваў нелегальную Бела-рускую рэвалюцыйную партыю (БРП).

Тадэвуш Леанардавіч Іваноўскі, яго брат, 20 гадоў, студэнт 2 курса Пецярбургскага універсітэта. Абодва родам з маёнтка Лябёдка.

Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч, 26 гадоў, студэнтка Вышэйшых агульнаадукацыйных курсаў П. Лесгафта ў Пецярбурзе - родам з маёнтка Песчына Лідскага павету.

Вінцэнт Валейка, студэнт Горнага інстытута, сусед Іваноўскіх - родам з фальварка Галавічполе Лідскага павету, таксама, як і яго браты Антон і Станіслаў Валейкі.

Толькі Рамуальд Мілер - чужы ў гэтай маладой кампаніі ўраджэнцаў Лідскага павету.

Што тычыцца Івана і Антона Луцкевічаў (21 і 18 гадоў), першакурснікаў Пецярбургскага ўніверсітэта, то яны маглі мець адносіны да “Свабоды” толькі на этапе падрыхтоўкі тэкстаў артыкулаў.

Аляксандр Бурбіс - віленскі гімназіст, у снежні 1902 года меў 17 гадоў і яго ўдзел у выданні вельмі сумніўны.

Такая гісторыя стварэння лідскай “Свабоды”. Яе наступніца -  менская “Свабода” праіснавала сем гадоў. Нешта ў жыцці ўсё ж мяняецца. Будзем чакаць трэцяй спробы.

 

В. Сліўкін

Надрукавана ў "Лідскім летапісцу" № 20


 

[Main page][Title page][Library]