[Main page][Title page][Library page]

 

 

 

ЛIДА I ЛIДЗКI ПАВЕТ 150 ГАДОЎ ТАМУ

 

Шлюбныя войскі

 

Мiрон Бронiслаў Нарбут

 

Часта і цяпер сярод лідзян старэйшага веку можна пачуць тытулы-мянушкі: " капітан войска Лясковіча" , "маёр войска Валёвай" і т.п., якімі жартаўліва называлі людзей сямейных. А гісторыя з'яўлення такіх тытулаў наступная.

Быў у лідскім павеце заможны месціч-стараста па прозвішчу Валь, уладар Ішчалны, Голдава і другіх невялікіх гаспадарак. Ажаніўся ён у сталам веку з паннай з Шукевічаў. Будучы закаханым, перад шлюбам апісаў на жонку ўсю сваю маёмасць. Пані Валёва была досыць энергічнай жанчынай, бо самастойна кіравала не толькі маёнткам, але і асобай мужа, пра існаванне якога ўжо і забыліся, бо ў размовах упаміналі толькі пра пані Валёву. Стары чалавек быў заваяваны да такой ступені, што жонка пасылала яго з пісьмамі да сваіх сябровак, а седзячы пры стале ў сваім доме, на "шэрым" канцу, рэдка калі наважваўся паўдзельнічаць у агульнай бяседзе. Здараліся выпадкі, калі ў госці да пані Валёвай заязджалі яе больш заможныя знаёмыя, дык з гаспадаром дома іх нават не знаёмілі. Аднаго разу, калі ў дыскусыі пры стале Валь некалькі разоў адазваўся, адна з такіх пань цішком запыталася ў Валёвай: " Як завуць гэтага старога, напэўна гэта пані эканом ?" І тая пачырванеўшы, працэдзіла праз зубы: " Гэта мой муж".

Сястра пані стараставой - пані Валёвай была замужам за Каралем Лясковічам. Лясковіч быў чалавек небагаты, але меў добрую галаву і моцную волю. Сваёй палавінай кіраваў дэспатычна. Прыкладна гэтак жа, як Валь у жонкі, яна не мела аніякага голасу ў мужа. Абедзве пары жылі разам, бо Лясковіч быў даверанай асобай Валёвай і займаўся яе гаспадарчымі справамі. Валевы не мелі дзяцей, і па тастамэнту Валёвай уся маёмасць па іх смерці пераходзіла Лясковічам.

Кароль Нарбутт, крайчы (пасада пры княскім двары з ХIII ст.: наразаць ежу пасля таго, як стольнік прынёс стравы на княскі стол - БГЭ стр.444 т.8) і земскі пісар лідскі, будучы чалавекам вяселага характару, падзяліў сваіх жанатых суайчыннікаў на два войскі: войска Валёвай і войска Лясковіча. Усе мужчыны, якія былі пад абцасам у жонак, і тыя, што паслухмяна выконвалі жаночыя загады, адносіліся да афіцэраў войска Валёвай. А у залежнасці ад ступені заслуг, гэта значыць хто больш ці менш быў пакорны і падатлівы, атрымоўвалі патэнт на рангі, ажно да звання гэнэрала. І наадварот, мужы, што трымалі сваіх жонак моцна, былі афіцэрамі войска Лясковіча.

Армія Валёвай мела ў сваіх шэрагах і капэланаў. Гэтымі капэланамі былі пробашчы, якіх заваявалі гаспадыні іх парафіяльных дамоў.

Патэнты войска Валёвай гучалі прыблізна так:

" Мы, з яснавельможнай ласкі, фэльдмаршал войска Валёвай, абвяшчаем усім навокал і кожнаму асобна, каму аб гэтым ведаць патрэбна, што капітану NN прызначаецца (перелічваліся заслугі (падзеі), якія давалі права на ўнагароду) званне маёра; пра гэта абвясцілі і даводзім: усім гэнэралам, штаб і обэр-афіцэрам, усім шараговым вышэйназванага NN прызнаваць за маёра і належным чынам вайсковы гонар аддаваць. Выдадзена ў нашым галоўным штабе."

Подпіс фэльдмаршала і начальніка штаба, а таксама пячатка на воску. На пячатцы быў вобраз тоўстай бабы, якая сядзела ў фатэлю з пугай, а перед ей укленчаны муж. Вакол іх надпіс: " Пятатка войска Валёвай." На пячатцы войска Лясковіча быў барчысты мужчына ў караючай постаці, а перад ім схіленая жанчына і ўнізе надпіс: "Гэта я, служка пана майго." Вакол надпіс:"Пячатка войска Лясковіча." Калі ж хто-небудзь з афіцэраў войска Валёвай знаходзіў адвагу стаць самастойным у сям'і, яго пераводзілі ў войска Лясковіча; аднак гэта здаралася рэдка, і часцей афіцэры войска Лясковіча пераходзілі да Валёвай, бо нездарма Красіцкі напісаў: " Мы кіруем светам, а намі жанчыны."

У войску Валёвай быў асобны катэхэзіс: чальцы былі абавязаны верыць, што адкупіла і асвяціла іх Яе яснавяльможнасць. Як узнагароду за заслугі вышэйшыя афіцэры атрымоўвалі ад Яе яснавельможнасці "раку падпраменняў", г.зн. бліноў бэз агня і вады, белай ручкай пані на марсовых іх палічках спечаных.

Добры шляхэцкі гумар выяўляўся ў гэтых жартах. Жартавалі ўзаемна не крыўдуючы. Прылічалі сябе да найстаражытнейшых рыцараў, бо першы чалавек Адам ужо ў раю прыслугоўваў Эве. Гэтыя вайсковыя званні так ўвайшлі ў моду ў Лідскім павеце, што амаль кожны абывацель меў пэўны вайсковы чын і прыпіску да адного з войскаў.

На той час у Лідзе гасцяваў расейскі фэльдмаршал Рэпін. Чуткі пра незвычайныя войскі яго зацікавілі, аднак гарадскія ўлады патлумачылі якога кшталту гэтыя войскі. Аднойчы падчас балю ў Перапечыцах, што пад Лідай, Рэпіна пазнаёмілі з крайчым Нарбуттам. Падчас знаёмства Рэпін сказаў: " Я з'яўляюся фэльдмаршалам расейскай арміі і быў бы задаволены даведацца аб тым тытуле, які мог бы мець у войску, створаным панам Нарбуттам". На што Нарбутт адказаў: " Гэта будзе залежаць ад заслуг Вашай княскай светласці заўважанных на гэтым адпаведным полю славы, прызначаным выключна для гэтых войскаў."

Праз некаторы час дамы намовілі княжну Рэпіну падыйсці да мужа, які граў у карты, і палашчыць яго па твары, што яна і зрабіла. Прайшло некалькі хвілін, і камэрдынер прынёс на тайстры вялікі запячатаны пакет,які падаў князю. Рэпін неадкладна адкрыў пакет і знайшоў у ім патэнт на чын падхарунжэго войска Валёвай. Задаволены, схаваў гэты патэнт, сказаўшы, што далучыць яго да іншых, атрыманных на вайсковыя тытулы і ўзнагароды.

  

"Tygodnik ilustrowany", tom 1, nr 18 29.04.1876r. 

Пераклад з польскага Галіны Лаўрэш Лістапад 2003 г.

 

 

 

[Main page][Title page][Library page]