Вярнуцца: Спісы вернікаў грэка-каталіцкіх цэркваў Лідчыны ў 1829 г.

Уступ


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 03-01-2017,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Парафіяне Лідскай, Дзікушкай, Маламажэйкаўскай і Жыжмянскай грэка-каталіцкіх цэркваў у 1829 г. // Лідскі Летапісец 3(75)-2016. С. 26-40.



Летам гэтага года мне патрапілі копіі дакументаў Віленскага гістарычнага архіва з фонду № 634, дзе захоўваюцца спісы парафіян грэка-каталіцкіх парафій Беларусі пачатку XIX ст. Гэты матэрыял мае вялікую гістарычную каштоўнасць, і я планую паступова надрукаваць спісы ўсіх лідскіх парафій.

Пачынаю з спісаў тых парафій, гісторыя якіх ужо раней надрукавана ў "Лідскім летапісцы".

Лідская ўніяцкая парафія была моцна перамяшаная, амаль што ў кожнай вёсцы грэка-католікі жылі разам з рыма-католікамі. Аналізуючы ніжэйпрыведзеныя спісы, бачна, што ў Лідскай парафіі дакладна вытрымліваўся старажытны звычай - калі муж і жонка былі розных абрадаў, дык сыны хрысціліся ў веру бацькі, а дочкі - у веру маці (але ж трэба нагадаць, што ў той час усе: рыма- і грэка-католікі, былі католікамі і розніліся ў асноўным у абрадзе - усходнім ці заходнім.

Пра факт, што спадкаванне веры ў змешаных сем'ях у залежнасці ад полу дзяцей ёсць старадаўні звычай нашай зямлі, можа сведчыць тое, што калі нашчадак Гедзіміна, праваслаўны князь Юры Сямёнавіч Алелькавіч-Слуцкі (1492-1542) жаніўся з дачкой віленскага ваяводы Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, каталічкай Аленай Радзівіл, дык, каб застацца ў праваслаўі, браў дазвол у папы рымскага Клімента VII. Пры гэтым князь прасіў рымскага першасвятара дазволіць хрысціць сваіх будучых дзяцей мужчынскага полу ў веру бацькі, а жаночага - у веру маці. Аднак Юры Слуцкі абяцаў скарэктаваць дамову, калі будуць нараджацца дзеці толькі аднаго полу. Папа зацвердзіў гэты шлюб [1].

Але з спісаў парафіян бачна, што ў іншых парафіях Лідчыны гэты звычай мог і не працаваць - ва ўніяцкіх вёсках Дзікушскай парафіі грэка-каталіцкая царква дамінавала, і ў бацькі-католіка рымскага абраду і маці - ўніяткі сыны былі ўсё ж уніятамі, аднак і ў маці-каталічкі рымскага абраду і бацькі-ўніята дачка хрысціліся ў грэка-каталіцкай царкве. Такім чынам колькасць рыма-католікаў у гэтай мясцовасці павінна была змяншацца.

Гэты прынцып быў парушаны пасля скасавання царскім урадам нашай уніяцкай царквы ў 1839 г. Пасля 1839 г., калі нехта з двух ахвотных узяць шлюб маладых людзей быў праваслаўны, дык атрымаць дазвол можна толькі ў тым выпадку, калі шлюб браўся ў царкве, даўшы пры гэтым распіску, што дзеці будуць праваслаўнымі - адыход ад пануючай рэлігіі з'яўляўся крымінальным учынкам і жорстка караўся. Народ падзялілі, і ўжо пры канцы XIX ст. пачала адчувацца розніца а часам нават і варожасць паміж "палякамі" і "рускімі", якія жылі ў адной вёсцы і мелі супольных продкаў. Але пасля рэвалюцыі 1905-06 гг., калі былі адкінуты забароны, адвечны беларускі прынцып верацярпімасці адрадзіўся зноў, у змешаных шлюбах сыны мелі веру (ужо не абрад, а менавіта веру) бацькі, а дочкі - маці.

Адзінкай, ад якой перапісвалася сям'я быў "дым" - універсальная мера таго часу для вызначэння падаткаў (сярод пабудоў сялянскай гаспадаркі часцей за ўсё абаграваўся толькі жылы дом). Таму лічба, з якой пачынаюцца спісы парафіян, гэта нумар дыму ў вёсцы. Самі спісы - табліцы, у якіх насельнікі "дыму" падзелены на мужчын і жанчын, якія ў свою чаргу дзеляцца на тых, хто ўжо можа быць у споведзі (дарослых), і тых, хто яшчэ замалы для гэтага. Для прастаты друку, я не рабіў табліц, а падаў спісы "ў радок".

Я адмыслова не падлічваў, але, здаецца, самым папулярным жаночым іменем таго часу было Мар'яна, мужчынскім - Сымон, Мацей, Сцяпан, Гжэгаш. Імёны маглі пісацца па-рознаму: Базыль ці Васіль, Юльяна ці Ульяна, Даніла ці Данель і Даніэль, Піліп ці Філіп, Яна ці Іагана. Але, канешне ж, у вусных размовах гучалі яны аднолькава.

Нармальнай з'явай было, калі два дзіцяці ў сям'і (сын ці дачка) мелі аднолькавыя імёны. Справа ў тым, што імёны надаваліся згодна з літургічнай традыцыяй. У набажэнскай кнізе - "Трэбніку" ёсць чын, які мае абавязковы характар: "Молитва, во еже назнаменати отроча, пріемлющее имя во осмый день рожденія своего". Гэта вельмі старажытная традыцыя, якая ўзыходзіць да старазапаветнага закону абразання на восьмы дзень і надання імя. З Евангелля вядома, што Хрысту таксама далі імя Ісус у восьмы дзень "згодна з законам". Таму імя дзіцяці залежала ад таго, дзень якога святога быў на восьмы дзень пасля яго нараджэння.

Цікава, што з спісаў бачна, што ўжо ў часы прыгону ў некаторых сялянскіх хатах меліся служкі - верагодна, гэта людзі, якія працавалі на чужой гаспадарцы.

Таксама ў некаторых хатах запісаны сяляне, якія здымаюць кут у чужой для іх хаце. У асноўным гэта немаладыя ці адзінокія людзі. У той час такіх людзей звалі "пакутнікі" - тыя якія здымаюць кут.

Кідаецца ў вочы, што людзей ва ўзросце большым за 50 - 55 гадоў няшмат. Старыя ў той час доўга не жылі. Самым старым чалавекам сярод пералічаных у ніжэйпрыведзеных спісах быў парафіянін Маламажэйкаўскай царквы Юзаф Рышкевіч, ён меў 88 гадоў і жыў разам з сынамі Гжэгашам (31 г.) і Антонам (26 г.). Стары Юзаф павінен быў апошні раз стаць бацькам у 62 г. (яму - 88, сыну Антону - 26 гг.), што занадта нават для нашага часу. Гісторыкі, у тым ліку і даследчык гісторыі ўніяцкай царквы Дзяніс Лісейчыкаў, лічаць, што гэтыя спісы парафіян складаліся са словаў чальцоў сям'і. А тыя часта накідалі сваім дзядам гады, бо ведалі, што яны старыя, а, наколькі старыя, ужо і не памяталі.

У Дзікушскай парафіі разам з пляменнікам жыў адстаўны "салдат" (менавіта так, а не "жаўнер") Юзаф Пазняк, ён меў 50 гадоў узросту. Пасля службы ў войску Пазняк жаніўся - меў жонку Кацярыну 42 гадоў. Улічваючы, што ў той час тэрмін службы быў 25 г., дык у рэкруты грэка-католік Пазняк пайшоў на самым пачатку XIX ст. і выжыў у ваенных завірухах, у якіх удзельнічала імперыя ў першай трэці XIX ст.

Самая вялікая каштоўнасць спісаў парафіян - генеалагічная. Я, перапісваючы гэтыя спісы з рукапіснай лацінкі ў кірыліцу, сустракаў шмат знаёмых прозвішчаў маіх сучаснікаў. Прыклад пошуку продкаў прасцей паказаць па пошуку сваіх родных, які я ўжо часткова правёў. Чытач зможа правесці аналагічную працу па спісах, якія друкуе і будзе друкаваць наш часопіс.

У паперах Віленскага архіва, у тым жа фондзе № 634 я знайшоў і сваіх дзядоў - грэка-католікаў Ваўкавыскага дэканату як з боку маці, так і з боку бацькі. З матчынымі крэўнымі яшчэ трэба добра разбірацца, таму, для прыкладу, прывяду толькі інфармацыю пра сваіх дзядоў з боку бацькі.

У архіве маецца не адзін спіс ваўкавыскіх уніятаў за адзін год, а тры спісы за тры розныя гады.

У 1824 г. святар Кірыл Турцэвіч склаў спіс сваёй Зельзінскай парафіі. У вёсцы Галоўчыцы, пад нумарам 64 значыліся: Рыгор Лаўрыш (Grzegosz Lawrysz), 45 г.; Язэп, сын Рыгора Лаўрыша (Jozef, syn Grzegosza Lawrysza), 25 г.; Лукаш, сын Рыгора Лаўрыша (Lukasz, syn Grzegosza Lawrysza), 17 г.; Юры, сын Рыгора Лаўрыша (Jerzy, syn Grzegosza Lawrysza), 15 г.; Мар'яна, жонка Рыгора Лаўрыша (Maryana, zona Grzegosza Lawrysza), 40 г. і ўдава ... жонка сп. Філіпа Мыўкава (?), 48 г. [2]

У 1826 г. пры Галоўчыцкім двары жылі Рыгор Лаўрыш (Grzegosz Lawrysz), 55 г.; Язэп, сын Рыгора Лаўрыша (Jozef, syn Grzegosza Lawrysza), 28 г.; Лукаш, сын Рыгора Лаўрыша (Lukasz, syn Grzegosza Lawrysza), 21 г.; Юры, сын Рыгора Лаўрыша (Jerzy, syn Grzegosza Lawrysza), 16 г.; Мар'яна, жонка Рыгора Лаўрыша (Maryana, zona Grzegosza Lawrysza), 54 г. [3]

У 1828 г. усё той жа святар Кірыл Турцэвіч склаў трэці спіс вернікаў парафіяльнай Зельзінскай царквы. Пры двары Галоўчыцы ЯВ Пятра Біспінга, былога маршалка Ваўкавыскага павета значыліся: Рыгор Лаўрэш (Grzegosz Lawresz), 62 г.; Язэп, брат Рыгора (Jozef, brat Grzegosza Lawresza; відавочная памылка, насамрэч – сын), 29 г.; Дзяніс, сын Язэпа Лаўрэша (Dyonizy, syn Jozefa Lawresza), 3/12 (узрост - 3 месяцы) [4].

Адсюль раблю наступныя вынікі:

1. Адзін і той за святар пісаў прозвішчы па-рознаму: Lawrysz і Lawresz, потым гэта ў маёй сям'і неаднаразова паўтаралася.

2. Святар памыляецца пры вызначэнні ўзростаў вернікаў, узросты не стасуюцца паміж запісамі розных гадоў.

3. У 1823 г. сям'я Лаўрэшаў - гаспадарчая адзінка, "дым", яны маюць свой дом. У 1826 г. ужо жывуць пры двары. Нешта здарылася, можа пажар?

Лаўрэшы ідуць апошнімі сярод спіска тых, хто жыве пры двары, і не вядома, чым яны займаюцца. Насупраць іншых дваравых напісана: лёкай, ці кухар, ці агароднік і г.д.

4. У 1828 г. застаюцца толькі два дарослыя. Эпідэмія? Зноў пажар?

Зразумела, што 29-ці гадовы Язэп Лаўрэш у 1828 г. удавец. І калі ён жаніўся яшчэ раз і меў сына, дык каля 1850 г. яго сын меў сына Гаўрыіла (у сям'і звалі Габрыэль). Калі не, дык тады Гаўрыіл - сын Дзяніса. У любым выпадку Гаўрыіл - мой прадзед, бацька майго дзеда Васіля Гаўрыілавіча і дзед майго бацькі Лявонція Васільевіча.

Каб замкнуць ланцуг трэба працягваць пошукі.

Расчытваючы, а месцамі нават расшыфроўваючы рукапісную лацінку ўніяцкіх святароў я не мог не рабіць памылак. Але магу адказна заявіць, што колькасць памылак будзе не большая за 1 % ад усёй інфармацыі.

На заканчэнне трэба сказаць, што ўсе продкі сучасных праваслаўных людзей на Лідчыне былі да 1839 г. грэка-католікамі.



[1] Воронин В.А. К проблеме взаимоотношений православных и католиков в Великом княжестве Литовском в конце XIV - середине XVI в.// Исторический вестник. 2014. Т. 7 . С. 149.

[2] LVIA. Ф.634. Воп. 1. Спр. 23. Інвентар вернікаў парафіяльных цэркваў Ваўкавыскага дэканату, 1823 г. Зельзінская царква, 16 студзеня 1824 г. А. 101 адв.

[3] LVIA. Ф.634. Воп. 1. Спр. 25. Інвентар вернікаў парафіяльных цэркваў Ваўкавыскага дэканату, 1826 г. Зельзінская царква. А. 16 адв.

[4] LVIA. Ф.634. Воп. 1. Спр. 12. Інвентар вернікаў парафіяльных цэркваў Ваўкавыскага дэканату, 1828 г. Зельзінская царква. А. 30.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX