Вярнуцца: Лідчына ў люстратарскім інвентары 1765 г.

Валочная памера


Аўтар: Улашчык Мікалай,
Дадана: 02-08-2017,
Крыніца: Улашчык Мікалай. Валочная памера // Беларуская мінуўшчына. 1996. № 1. С. 49-53.



Валочнаю памераю завецца цэлы комплекс аграрных мерапрыемстваў, асноваю якіх з'яўляецца стварэнне стандартных зямельных участкаў - валок памерам у 21,36 га (да рэвалюцыі - 20 дзесяцін). У дзяржаўных "добрых" на захадзе Беларусі на валокі пачалі мераць яшчэ ў XV ст.; у пачатку XVI ст. прыватны ўласнік - князь Астрожскі - дарыў царкве ў Смалявічах (цэнтральная Беларусь) зямлю валокамі. У сярэдзіне XVI ст. на валокі зямлю наразалі як у дзяржаўных "добрых", так і ва ўладаннях магнатаў і шляхты, але пад выразам "валочная памера" звычайна разумеюць толькі памеру, якая праводзілася на дзяржаўных землях.

Другія назвы, якія спрабавалі даць гэтаму мерапрыемству асобныя даследчыкі, як "сялянская рэформа" (М. Доўнар-Запольскі), "аграрная рэформа Жыгімонта Аўгуста" і "Землеўпарадкаваўчая палітыка Жыгімонта-Аўгуста" (У. Пічэта) ня набылі агульнага прызнання.

Упяршыню ў вялікім маштабе зямлю на валокі памералі ў Пінскім і Клецкім княствах, якія тады (1552 - 1555 гг.) належалі каралеве Боне, жонцы вялікага князя літоўскага Жыгімонта I; валочная памера ў дзяржаўных маёмасцях Беларусі, Літвы і часткова Украіны пачала праводзіцца з 1557 г. пасля выхаду "Уставы на валокі" - палажэння, згодна з якім пачала праводзіцца памера.

Да памеры дакладная колькасць як тае зямлі, што знайходзілася ў карыстанні сялян ці мяшчан, дык і тае, якая была ў непасрэдным уладанні вялікага князя (ці наогул феадала), была невядома. Да таго ж ужытковыя землі былі раскіданы ў розных мясцох і часта знайходзіліся далёка ад сялянскіх гаспадарак; якасць зямлі ня была вызначана і павіннасці з гаспадаркі (дыму, дворышча) ня былі ўзгоднены з якасцю і колькасцю зямлі. Пры такіх умовах буйным землеўласнікам, якія вялі сваю гаспадарку з дапамогаю штата адміністратараў, было ня толькі цяжка ўстанавіць агульную суму прыбыткаў, якія яны маглі атрымаць са сваіх уладанняў, але і змагацца са злоўжываннямі адміністратараў.

Намагаючыся павялічыць прыбыткі з "добраў", вялікі князь літоўскі, як і іншыя феадалы Вялікага княства, пачалі наразаць свае землі на стандартныя па памерах участкі - валокі, вызначаць іх якасць і ў залежнасці ад якасці вызначаць з гэтых участкаў стандартныя павіннасці. Ведаючы, колькі ў той ці іншай эканоміі было валок і іх якасць, заўсёды можна бьіло ведаць, колькі гэты маёнтак павінен даваць прыбытку.

Памера праводзілася ў час значнага ўзросту вытворчых сіл у краіне, калі шпарка пашыраліся як унутраны, так і знешні рынкі і цэны на збожжа і іншыя ссльскагаспадарчыя прадукты ўзрасталі. Пры такіх умовах феадалы лічылі, што ім будзе выгадней за ўсё заводзіць ці пашыраць уласную гаспадарку (фальваркі), прадукцыя з якіх павінна збывацца на рынку. Узросшы у XVI ст. выраб гарэлкі, а разам з тым і колькасць корчмаў, адчынялі магчымасць для найбольш выгаднага збыту збожжа - перарабіўшы яго на гарэлку. I таму, калі праводзілася памера, то самыя лепшыя землі, часта адбіраючы іх ад сялян, пачалі адводзіць пад фальваркі. Аднак трэба адзначыць, што на першым этапе іх было мала; значны узрост фальваркаў, а разам з тым і павіннасцяў сялян, пачаўся ў канцы ХУІ-пачатку XVII ст.

Адным з самых важных мерапрыемстваў памеры была ліквідацыя церазпалоснасці, бо раней сярод дзяржаўных знайходзіліся землі магнатаў, шляхты, духавенства, як сярод зямель магнатаў бывалі дзяржаўныя. Пры памеры дзяржаўных уладанняў усе прыватныя землі адбіраліся ў скарб, а былым уласнікам давалі ў абмен дзе-небудзь па-за межамі дзяржаўных. Такая адмена давалася аднак толькі пасля таго, як вялікакняскія рэвізоры ўпэўніваліся, што гэтыя ўласнікі мелі адпаведныя дакумэнты; у праціўным выпадку землі проста адбіралі ў скарб.

Памера праводзілася вельмі энергічна, асабліва прымаючы пад увагу прымітыўныя тэхнічныя сродкі таго часу. У працягу некалькіх год толькі ў вялікакняскіх сталовых маёнтках (з якіх прыбыткі ішлі непасрэдна на спажыву вялікаму князю) Літвы было вымерана 57636 валок, або каля 1250 тыс. га.

Пачынаючы такое вялізнае мерапрыемства, урад Вялікага княства Літоўскага выпрацаваў дакумэнт, якім павінны былі кіравацца асобы, праводзіўшыя памеру на практыцы. Дакумэнт гэты завецца "Устава на волоки"; датаваны ён 1557 годам. Пазней, у дадатках да Уставы былі выпрацаваны яшчэ некалькі інструкцый рэвізорам і мернікам, а таксама некалькі Уставаў - як праводзіць памеру ва ўсходніх валасцях Беларусі, наогул цэлы комплекс дадатковых матэрыялаў. Гэта было тым больш неабходна, што памера на ўсходзе Беларусі праводзілася значна пазней, чым на захадзе і што гаспадарчыя ўмовы на ўсходзе і захадзе былі розныя.

Устава 1557 г. складаецца з 49 артыкулаў. Аўтары Уставы, відаць, хацелі сістэматызаваць артыкулы па пэўных групах, але вытрымаць гэты прынцып яны не змаглі. Так, у першых 6 артыкулах гаворыцца пра вялікакняскіх служачых, якія атрымлівалі па 2 валокі зямлі; арт. 9-14 прысвечаны гарадом; 19 - 25 - арганізацыі вялікакняскіх фальваркаў. Аднак часам у адным і тым самым артыкуле гаворыцца пра зусім розныя рэчы, а ў розных пра адно і тое самае. Галоўнымі ў Уставе з'яўляюцца артыкулы 29 ("О ревиэорех, мерникох, о померы волочной и о селидбах подданых") і 32 ("О судеревных лесох и пущах"), у якіх вызначана, хто павінен праводзіць памеру, якую зямлю мераць на валокі, які памер і форму павінна мець валока, колькі і каму даваць зямлі ў адмену і г.д. Вялікую ўвагу Устава аддавала арганізацыі фальваркаў. Варта адзначыць, што Устава з'яўляецца, пэўна, першым у нас законам аб ахове прыроды: артыкул 33 забараняў у красавіку - чэрвені лавіць рыбу у вазёрах "для множнья их", а так сама забіваць езы (платы ўпоперак ракі).

Памеру праводзілі рэвізоры і мернікі. Дзейнасць мернікаў была простая: яны вымервалі зямлю на валокі і, пэўна, давалі першапачатковую ацэнку якасці грунта; прызначаў іх на гэту пасаду рэвізор. Дзейнасць рэвізораў была непараўнана больш шырокаю і адказнаю, і на гэтыя пасады прызначаліся асобы ня толькі высокай агульнай кваліфікацыі, але звычайна з вядомых шляхоцкіх родау (памеру ў некалькіх дзяржаўных эканоміях праводзіў, напрыклад, Сапега). Рэвізоры павінны былі дасканала ведаць усё, што мела дачыненне да памеры, а паколькі ім трэба было ў шмат каго правяраць правы на зямлю, адбіраць наогул ці даваць у адмен участкі, то гэта пасада вымагала і вялікага такту, бо тыя, у каго адбіралася зямля, засыпалі урад сваімі крыўдамі. Рэвізоры правяралі дзейнасць мернікаў, назіралі, каб месцы для пабудовы новых вёсак выбіраліся згодна з намаганнямі Уставы, давалі адмены, вызначалі месцы, дзе павінны былі ўтварацца новыя фальваркі, кантралявалі дзейнасць мясцовай адміністрацыі і г.д. З другога боку, пры памеры павінна была прысутнічаць мясцовая адміністрацыя, якая, заўважыўшы што-небудзь неправамоцнае ў дзейнасці рэвізораў была абавязана паведамляць аб гэтым урад. Насельніцтва пры памеры мусіла даваць мернікам падводы і валоў з сохамі - адзначаць сохамі межы намераных валок. Пры памеры тэрмін "валока" меў два значанні. Па-першае, гэта зусім пэўная мерка зямлі, у якой было заўсёды 30 маргоў. Па-другое, валокаю звалася акладная адзінка, у якой маргоў (морг быў меркаю сталаю) магло быць значна больш (да 46). Пазней, у XVII - XX ст. у валоцы звычайна лічылася толькі 30 маргоў. Наразаючы зямлю на валокі і саджаючы на іх людзей, рэвізоры павінны былі адзначаць якасць зямлі па 4-х катэгорыях: добрая ("предни фунт"), сярэдняя, кепская (грунт "злы" ці "подлы") і зусім кепская (фунт "наддар подлы"). У першую чаргу на валокі мералі (ва ўсякім разе павінны былі так рабіць згодна з Уставаю) землі ворныя, як сялянскія, так і вялікакняскія, а пасля тыя часткі пушчы, дзе зямля была добрая (ня багна і ня пяскі), якія можна было расчысціць і пусціць ва ўжытак. У тым выпадку, калі ў пушчы зямлі, годнай на ворыва было меньш, чым на тры валокі, яе вымервалі і прызначалі для апрацоўкі, але вёску ці, кажучы больш дакладна, маленькі пасёлак ствараць там забаранялася, каб, жывучы сярод пушчы, жыхары паціху ня псавалі дрэва і, пэўна, каб ня білі дарагой дзічыны. Калі ж лясы былі занадта вялікія, а глеба няўрадліная, то рэвізоры павінны былі абмераць лес навокал, адзначыць яго межы і вылічыць, колькі там было маргоў ці валок, але участкаў -валок ня наразаць. Лясоў на Беларусі ў той час было так многа, што, відаць, валок "ня праганялі" ў пушчах ня толькі там, дзе зямля была зусім дрэнная, але і дзе яна была ня кепская. Аднак на якасць зямлі ў XVI ст. і ў наш час глядзяць па рознаму, бо на Кобрыншчыне, дзе ў наш час зямля лічыцца добраю, у час рэвізіі добраю прызналі толькі 1,2 % намеранай зямлі.

Устава вымагала, каб як самі валокі, так і наогул уся тая плошча, якую вымяралі, мелі форму простакутніка ды і памер плошчы звычайна атрымлівалі, памнажаючы лічбы даўжыні ўчастка на лічбы шырыні. Граніцы гэтага простакутніка (якія рэвізоры павінны былі адзначыць вельмі выразна) зваліся сценамі ці сценкамі, а прыгодная для сельскаспадарчай эксплуатацыі зямля, што знайходзілася па за гэтымі "сценкамі", звалася засценкам. Кожная валока мусіла наразацца трымя роўнымі кавалкамі, на сярэднім з якіх павінна была знайходзіцца сядзіба таго, хто карыстаўся валокаю. Наогул, колькі б валок ня наразалася для вёскі, усе валокі дзяліліся на 3 полі і вёска павінна была знайходзіцца на сярэднім.

Ваколічныя сяляне, зямлю якіх вымервалі на валокі, ссяляліся ў вёску і свае будынкі на новым месцы яны павінны былі ставіць па пэўнаму плану: на адным баку вуліцы ставіць хаты, на другім гумна, хлявы і г.д. У некаторых выпадках, калі вёскі стаялі там, дзе і павінны былі знайходзіцца згодна з правіламі Уставы, яны заставаліся на старых месцах.

Калі ворная зямля ці такая, якая прызнавалася годнаю пад ворыва, сустракалася невялікімі кавалкамі (сярод багнаў) і наразаць валокі квадратамі ня выпадала, то рэвізоры павінны былі вылічыць, колькі там было зямлі, якой яна якасці і заставіць усё, як было раней, ня дзелячы зямлі на тры палі і ня ссяляючы людзей у адно месца.

Пры наяўнасці ў Беларусі вялікай колькасці балот (у XVI ст. іх было значна больш, чым зараз) нават у тым выпадку, калі ўробленая зямля спатыкалася вялікім масівам, ворыва перапынялася багнамі ці пясчанымі выспамі. У такім выпадку валокі "праганяліся", як па полі, так і па багнах, у выніку чаго сярод ворнай зямлі траплялі больш ці меньш значныя кавалкі няўжыткаў. Па думцы Д.Л. Пахілевіча, няроўныя (па колькасці маргоў) валокі і атрымліваліся з-за таго, што рэвізоры ўлічвалі толькі вартыя для апрацоўкі землі, а няўжыткі адкідалі і таму, калі ў валоцы было, напрыклад, 40 маргоў, то 30 з іх урабляліся, а 10 лічыліся няўжыткамі.

Наразаючы няроўныя (па колькасці маргоў) валокі, урад часта дадаваў да іх яшчэ бясплатныя наддаўкі; якасць наддаўкаў звычайна была нізкаю. Чаму рабілася так, калі валокі былі розныя па памерах, да гэтага часу няма агульнапрынятага погляду.

Зводзячы вясковае насельніцтва ў сёла, урад уводзіў новы адміністрацыйны падзел: некалькі сёл стваралі войтаўства, некалькі войтаўстваў - воласць. Цэнтрамі войтаўстваў рабілі самыя большыя сёла, а цэнтрамі валасцей - гаспадарскія двары (фальваркі), калі ж двара ў воласці ня было, то цэнтрам прызначалі найбольшае сяло. Усяго ў войтаўстве павінна было знайходзіцца 300 - 400 валок ці прыблізна столькі ж гаспадарак.

Праводзячы памеру, урад стараўся, каб на кожную валоку садзілася адна сям'я. Паколькі акладною адзінкаю лічылася валока, незалежна ад таго колькі чалавек ёю карысталася, ураду было выгадна, каб як мага больш валок бралі асобныя сем'і. Аднак пры тэхніцы таго часу абрабіць 20 - 25 га зямлі адной сям'і было цяжка нават у тым выпадку, калі яна ня адбывала паншчыны, пры паншчыне ж гэта наогул было немагчыма і таму ў большасці валоку бралі па 2 сям'і ці блізкіх сваякоў (бацька з дарослым сынам, два браты), ці чужых. Значна радзей на валоку садзілася 3 сям'і, па адной і па чатыры бралі яшчэ меньш, і зусім рэдка, калі адна сялянская сям'я брала 2 валокі.

Фальварковую зямлю павінны былі ўрабляць сяляне ваколічных вёсак, але паколькі ў час памеры фальваркаў было мала і паншчына невялікая, то асноўнаю павіннасцю большасці сялян была ня паншчына, але грашовы чынш. У залежнасці ад таго, якая была галоўная павіннасць - паншчына ці чынш, валокі падзяляліся на цяглыя (галоўная павіннасць паншчына) і асадныя (асноўная павіннасць чынш). Цяглыя павінны былі хадзіць на паншчыну два разы ў тыдзень з канём ці валамі, за выключэннем трох тыдняў у год, але за гэтыя тыдні трэба было адбыць 4 талакі ў год. Зважаючы на цэны за рабочы дзень (0,5 граша), можна думаць, што на талаку з валокі выходзілі па 2 чалавекі. Такім чынам, у сярэдзіне XVI ст. у дзяржаўных маёнтках паншчыны з валокі вымагалі ў год 106 дзён, або 3,5 дні з марга.

Звыш паншчыны цяглыя павінны былі плаціць яшчэ грашовы чынш - даваць авёс, сена, курэй, гусей, вязаць невады, даваць станцыю (прадукты, калі наязджаў вялікі князь ці хто з яго адміністрацыі) ці плаціць за гэта грашыма, а так сама яшчэ касіць траву і выконваць некалькі дробных абавязкаў...

Апрача таго, сяляне плацілі за невады (якіх яны не вязалі) па 2 грашы і за станцыю па 2,5 грашы. Падрахаўваўшы ўсё ў грашах выйдзе, што за валоку добрай зямлі цяглыя звыш паншчыны давалі 54 грашы (у адным грашы было 10 пенязяў), сярэдняй 45, кепскай 31 і зусім кепскай 14 грошаў. Звыш таго цяглыя ўсім войтаўствам павінны былі касіць траву, рапараваць масты і дарогі, даваць падводы і вартаўнікоў і плаціць дзяржаўны падатак - серабшчыну.

Асадныя давалі ўсё тое, што давалі цяглыя звыш паншчыны, апрача таго, незалежна ад якасці зямлі, плацілі з валокі 30 грошаў асаднага, давалі бочку жыта ці за яе 10 грошаў і адбывалі 12 талок ці плацілі за гэта 12 грошаў. Такім чынам, у эалежнасці ад якасці зямлі, асадныя плацілі ў год з добрай валокі 106 грошаў, з сярэдняй 97, з кепскай 83 і з зусім кепскай 66 грошаў. Параўноўваючы павіннасці асадных і цяглых, бачым, што заміж 106 дзён паншчыны асадныя плацілі 52 грашы. Значыцца, дзень паншчыны лічыўся вартым прыбліэна 0,5 граша. Пераводзячы па такой таксе ўсе павіннасці на грош, атрымаем, што цяглыя за валоку добрай зямлі плацілі 106 грошаў, з сярэдняй 98, з кепскай 83 і з зусім кепскай 67 грошаў, а з марга адпаведна: 3,5; 3,2; 2,8 і 2,2 грашы.

Пры памеры на зямлю саджалі нявольную чэлядзь (рабоў), якія з гэтага часу атрымлівалі назву - агароднікі. Па Уставе, агароднікам належала даваць па 3 маргі зямлі, за што яны павінны былі адбываць кожны тыдзень па аднаму дню паншчыны пехатою, а іх жонкі 6 дзён жаць, усяго рабіць 58 дзён у год ці па 19 дзён з марга. Пераводзячы паншчыну агароднікаў на грошы, атрымаем па 9,5 грошаў за морг, або ў тры разы больш, чым плацілі сяляне за морг добрай зямлі. Аднак фактычна агароднікі з самага пачатку атрымлівалі ня па 3, а па 6 ці па 9 маргоў, у сувязі з чым адпаведна павялічвалася і паншчына да 2 - 3 дзён у тыдзень. Вызначаная Уставаю норма ў 3 маргі (2 га) азначала, што гэта катэгорыя будзе мець толькі агароды (адсюль і назва іх), калі ж ім пачалі даваць па 9 маргоў, то такія надзелы наблізіліся да ўчасткаў, на якіх сядзела большасць індывідуальных сялянскіх сем'яў і наогул скора агароднікі перасталі адрознівацца ад рэшты сялянства.

Наразаючы валокі "на сыром кореню" - у пушчы, урад меў на ўвазе, што пры памеры колькасць гаспадарак у параўнанні з тым, што было раней, павялічыцца, а ў будучым узрасце яшчэ, і што новыя сем'і і будуць разбіраць валокі ў пушчы. Каб заахвоціць насельніцтва браць валокі "на сыром кореню", асваенне якіх вымагала вялікіх высілкаў, урад даваў "фольгі" - льготы. Насельніцтва брала і такія валокі, але разам з тым яшчэ шмат гадоў пасля правядзення памеры заставалася вялікая колькасць "пустых" - нікім не занятых валок.

Частка валок (па 2 на гаспадарку) раздавалася войтам, путным баярам і розным вялікакняскім слугам: конюхам, стральцам, асочнікам.

Звыш валок і "наддавак" да іх у карыстанне насельніцтва (дарам ці за невялікую палту) аддавалі засценкі. Знайходзячыся "за сценамі", засценкі ўяўлялі сабою нібы абрэзкі зямлі і былі па якасці горшыя, чым валокі: часта там, дзе валокі вызначаліся як сярэднія, засценкі лічыліся "подлымі". Засценкі разбіралі як паасобныя жыхары вёсак і гарадоў, так і цэлыя вескі разам. У апошнім выпадку засценкі, пэўна, рабіліся выганам, часамі яны ўяўлялі сабою сенажаці ці лясы нізкай якасці, адкуль жыхары бралі сабе дровы.

На усходзе Беларусі, у "рускіх валасцях" памера праводзілася з канца XVI па сярэдзіну XVII ст. Там урад абмежаваўся абмерам зямлі, вызначэннем якасці валок і прызначэннем з іх цвёрда акрэсленых павіннасцяў. Гэта з'явілася вынікам таго, што на ўсходзе вытворчыя сілы былі развіты слабей, чым на захадзе, апрача таго, урад асцерагаўся выклікаць незадавальненне насельніцтва, тым больш, што ў той час ішла Лівонская вайна.

Рыхтуючы памеру, урад меў намер стварыць густую сетку фальваркаў. Артыкул 20 Уставы гаворыць: "Фольварки хочем мети, абы везде становены, яко наболши быти могуть, при каждых замкох и дворех нашых, окром где бы кгрунты непожыточныс были, - таковые казати людьми осажати, зоставивши на врад в кождом поли по одной волоце". Значыцца, урад хацеў стварыць як мага больш і як мага большых па памерах фальваркаў. Гэтыя яго намеры абмяжоўвалі 2 акалічнасці: фальваркі павінны былі стварацца там, дзе зямля лічылася добрай ці сярэдняй якасці і, па-другое, блізка ад іх павінна была знайходзіцца пэўная колькасць сялянскіх гаспадарак, бо на кожную фальварковую валоку мусіла быць 7 сялянскіх.

Валочная памера праводзілася і ў тых дзяржаўных гарадах (у Беларусі, як і наогул у Вялікім княстве Літоўскім было шмат прыватнаўласніцкіх гарадоў), якія не мелі магдэбурскага права. Пры памеры там улічвалася плошча як самых гарадоў, так і тых зямель, якімі карысталіся гарадскія жыхары. У сувязі з тым, што ў гарадах вялікае значэнне меў гандаль, плата за прут (дробная зямельная мерка, роўная прыблізна 0,02 га) на рынку была вызначана ў 7,5 пенязяў на вуліцах у 5, з агародаў у горадзе ў 2,5 і з участкаў, на якіх стаялі гумна і хлявы ў прадмесцях, у 1 пенязь. Кожны горад у той час меў значную колькасць ворнай зямлі, сенажацяў, часам лесу. Усё гэта перамервалася на валокі, і гарадскія жыхары павінны былі плаціць за валоку добрай зямлі 50 грошаў, сярэдняй 40 і кепскай 30 грошаў і яшчэ 12 грошаў за талаку, незалежна ад якасці зямлі.

Да памеры цэрквы ў дзяржаўных маёнтках атрымоўвалі дзесяціну, г.ё. дзесятую частку прыбыткаў, а некаторыя мелі і значныя кавалкі зямлі. Пры памеры шмат такіх зямель адабралі на вялікага князя, дзесяціна адмянялася зусім і на кожную царкву (праваслаўную), як і на каталіцкі касцёл, адводзілася па 1 - 2 валокі, вольныя ад усякіх павіннасцяў. Як шляхта, у якой часам адбіралі зямлю ці давалі адмену, так і духавенства, лічылі, што памера моцна закранае іх інтарэсы.

Памера зрабіла значныя змены і заставіла вялікі след у жыцці Беларусі на цэлыя стагоддзі. Прыбыткі вялікага князя моцна ўзраслі, скарб атрымаў пэўныя весткі аб сваіх землях, а становішча сялян значна пагоршылася. Да памеры сяляне глядзелі на ўчасткі, якімі яны карысталіся, як на свае ўласныя, бо часта самі яны раскарчавалі іх, тым часам як па Уставе не толькі зямля, але і сам селянін са ўсёю сваёю маёмасцю абвяшчаўся ўласнасцю вялікага князя ("кгдыж кметь и вся его маетность наша есть"). Пераход сялян з месца на месца забараняўся, за нявыхад на паншчыну накладаліся цяжкія кары. Памера замацоўвала сялян на месцы і вяла да далейшага ўзросту павіннасцяў у самай цяжкай форме - паншчыне. Памера ў значнай частцы разбурыла грамадзкае землекарыстанне і ўводзіла падворнае, разам з тым падрывалася і моц грамады, якая ўяўляла сабою арганізаваную сілу. Памера замацавала трохпалёвую сыстэму земляробства. Планаванне сялянскіх сядзібаў і вёсак на цэлыя стагоддзі засталося такім, як гэта вызначала Устава 1557 г. Да самай рэвалюцыі колькасць зямлі на Беларусі вылічвалася ў валоках і маргах, хаця афіцыйнаю меркаю была дзесяціна.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX