Генеалагічнае дрэва роду ЭЛЬЯШЭВIЧАЎ. Family tree of Eliaszewicz.  Drzewo genealogiczne rody Eliaszewicz.


 Герб РУДНIЦА (Наступ).   h. Rudnica (Następ)

 

 

Генеалагічнае дрэва роду ЭЛЬЯШЭВIЧАЎ. Family tree of Eliaszewicz. Drzewo genealogiczne rody Eliaszewicz

  

РАДАВОД ШЛЯХЕЦКАГА РОДУ ЭЛЬЯШЭВIЧАЎ
паходжаньня са старабеларускiх татараў

 

ЭЛЬЯШЭВÍЧЫ, гербу РУДНÍЦА, - род знакамiты, паходжаньнем упрост ад маршалка татарскага Уруса Ўлана, якi жыў у акрэсе 1480 – 1510 рокаў, i праз гэтую абставiну, як i рады Шэмешаў i Рызвановiчаў, Эльяшэвiчы галiнуюцца ад вялiкага роду Ўланаў – Асанчуковiчаў. Родапачынальнiкам iх быў Ахмец (Ахмет), сын Уруса Ўлана, запiсаны да харугвы ўланскай у перапiсе 1528 року. Пад ягонай зьверхнасьцю ў войску Вялiкага княства Лiтоўскага знаходзiлася харугва са ста дзевяцi вершнiкаў. Ён з жонкай Цемяшоўнай Юшынскай меў сына Яху (Ях’е), у 1559 року валадара часткi Кенi ў павеце Вiленскiм i Iўя ў павеце Ашмянскiм.

Сынам Ях’i быў Сафьян, а ўнукамi – Рызван, родапачынальнiк роду Рызвановiчаў, i Эльяш, уласна, продак Эльяшэвiчаў. Сына апошняга ўзгадвае як малалетняга рэвiзiя маёмасьцi татарскай з 1631 року. Хутчэй за ўсё, другiм сынам Эльяша быў Мiкалай, у 1640 року сябра харугвы татарскай Слуцкага княства.

На пачатку XVII стагодьдзя месьцiлiся Эльяшэвiчы ў Лукiшках, тагачасным навакольлi Вiльнi. Памянёны сын Эльяша – Давiд Эльяшэвiч, якога кароль i вялiкi князь Уладыслаў IV менаваў харунжым татарскiм Берасьцейскага ваяводства. 25 студзеня 1653 року кароль i вялiкi князь Ян Казiмер пасьля дабраахвотнага выраканьня Давiда ад тае пасады надаў яе сыну Давiда Хазьбею (арыгiнальны прывiлей, што знаходзiцца ў родавых актах, моцна пашкоджаны). Паводле радаводу, наступны раз тую ж пасаду займаў сын Хазьбея Мустафа Хазьбей Эльяшэвiч, якi пакiнуў двух сыноў – харунжага Хасьена й палкоўнiка Яна. Апошнi памёр у 1705 року, не пакiнуўшы нашчадкаў. Хасьен з тае падставы з’яўляўся спадкаемцам ягонай маёмасьцi ў Лукiшках. Ён жа ў 1707 року тамсама набыў у iншых татараў грунты, якiя перанялi ў спадчыну ягоныя сыны – харунжы Мустафа, Ян i Давiд, якiя ў 1761 року прадалi свае грунты ў Лукiшках.

З атрыманых грошай Мустафа прыдбаў фальварак Лынтупы ў Ашмянскiм павеце. Мустафа меў сына Ёзафа (Юсупа), таксама харунжага, якi ў 1794 року набыў у тым жа павеце фальварак Почарня. Ёзаф (Юсуп) Эльяшэвiч стаўся стваральнiкам напiсанага ў 1792 року ў Сандыкаўшчыне (Васiлiшкаўская с/р, Шчучынскi раён) арабскiмi лiтарамi беларускамоўнага “Аль-Кiтаба” мячэта ў Крушынянах.

Пасьля акупацыi Вялiкага княства Лiтоўскага i анэксыi яго да Расеi Эльяшэвiчы спынiлi вайсковую кар’еру. Прынамсi, сярод беларуска – татарскай шляхты, падпiсантаў прысягi на адданасьць i вернасьць расейскаму цару Паўлу, прадстаўнiкоў роду няма.

Ёзаф (Юсуп) пакiнуў сыноў: Мустафу (той у сваю чаргу меў сына Якуба й дачок Элiзабэту й Разалiю), Аляксандра, Якуба (ягоныя дзецi – Ёзаф i Фелiцыяна), Мацея (Махмета), Давiда, Яна й Гiпалiта (Халiла). Дзецi пасьля сьмерцi бацькi Ёзафа-Юсупа саступiлi ў 1804 року той фальварак свайму дзеду Мустафе Эльяшэвiчу.

Брат Мустафы Давiд (сын Хасьена) меў сына Аляксандра, а той – сына Ахмета, якога ўзгадвалi ў шэрагу шляхты ў 1817 року разам са стрыечнымi сёстрамi. Ахмет меў сыноў Яху (24.09.1837 - ?) й Ёзафа (05.01.1840 - ?).

Фальварак Почарня напрыканцы XVIII старочча ўлучаў 522,22 гэктары зямлi (478 дзесяцiн, 5352376 м2), што давала 375 срэбраных рублёў шторочнага прыбытку. На той час у iм мелася 147 падданых сялянаў (пры канцы першай паловы XIX ст. - 83).

Мустафа (сын Ёзафа) ўзгадваецца ў 1819 року праз дэпутацыю вiленскую як шляхцiц роду Эльяшэвiчаў, гербу Руднiца. Яго мянуюць сынам Ёзафа – уладальнiка часткi Iўя. На ўспамiн нашчадкаў, мелi Эльяшэвiчы ўласныя пякарнi, кажэльнi, млячарнi, млыны й лядоўнi.

Сын Якуба (сына Мустафы, сына Ёзафа) Павал пасьля сьмерцi бацькi вучыўся ў Вiльнi. Ягоную мацi пры канцы XX стагодьдзя па-даўнейшаму сярод сваякоў – нашчадкаў менавалi “Якубоўшчынкай”. У Вiльнi Павал закахаўcя ў гувэрнантку, што служыла яму, маладую й прыгожую дзяўчыну Тэклю. Павал i Тэкля, закаханыя адзiн у аднога, прасiлi шлюбу ў Якубоўшчынкi, але тая адмовiла iм i пачала настойлiва патрабаваць у Паўла вырачыся ўжо цяжарнай Тэклi, спасылаючыся на яе неадпаведнае паходжаньне й пагражаючы сыну пазбавiць спадчыны. Павал адмовiў ёй i праз суд дамогся паловы маёмасьцi.*

У Паўла (памёр у 1912 року) й Тэклi былi дзецi – Зося (Зоф’я) (мела дачок Марыю, Мэленю, Гелену, Зосю, Сабiну, Настасьсю й сына Вiктара), Аляксандр (паехаў вучыцца ў Расею й там бязь вестак згiнуў), Уладыслаў (нарадзiўся ў 1884 р., памёр у 1966) i Марыя.

Марыя брала шлюб з Ёсiпам, прадстаўнiком роду Вiлькiцкiх, што мелi маёнтак Далiна(?) пад Менскам. Сям’я iх (дзецi Ўладзя, Алiна, Ванда й Гэнрык) зьведала ўсе жахi сталiнскага ґенацыду. Муж ейны бязь сьледу зьнiк у сутарэньнях НКУС (найверагодней, замардаваны ў Курапатах). Марыю рэпрэсавалi, саслаўшы зь дзецьмi ў Казахстан i разьсялiўшы на адлегласьцi ня меней за 100 кiлямэтраў адзiн ад аднога, дзе ад голаду людзi памiралi, i ўзiмку, ня маючы моцы й магчымасьцi капаць магiлы, iх складалi ў хлявох адзiн на аднога. Нават дзецi з голаду вымушаныя былi ўлетку есьцi траву.

Уладыслаў, сын Паўла й Тэклi, з жонкай Ганнай ( у дзявоцтве – Шаптуноўская; 1882 –1976) меў дзяцей – Олеся (забiтага немцамi на пачатку другой сусьветнай вайны за дадзены прытулак параненаму жаўнеру), Ганну (ейная дачка Янiна), Вацлава (шлюбаваўся з жонкай забiтага Олеся Станiславай; мелi сына Яна й дачку Юзэфу), Баляслава (дзецi Данута, Ядзьвiга, Янiна й Вацлаў), Юзэфу (дачкi Юзэфа й Ядзьвiга) й Янiну (08.09.1918 – 31.05.2006).

Уладыслаў, сын Паўла й Тэклi

Ганна,  жонка Уладысла

Янiна мае дзяцей Галiну, Люцыяна, Рамана й Íрэну, 9 унукаў i 16 праўнукаў (24.03.2005). Шматлiкiя прадстаўнiкi роду жывуць цяпер у Менску, Лiдзе, Iўi, Польшчы й Расеi.


Янiна Эльяшэвiч на месцы былога фальфарка Почарня з 12-м праўнукам

* На пасьля прададзенай палове Якубоўшчынкi (продаж адбываўся асобнымi надзеламi) ў наш час месьцiцца вёска Вялiкая Почарня (Iўеўскi раён Гарадзенскай вобласьцi).

 

Скарыстаныя крынiцы:

  1. “Herbarz rodzin tatarskih w Polsce”, Stanislaw Dziadulevicz. Wilno, 1932
  2. “Herbarz rodzin tatarskih Wielkogo księstwa Litewskiego”, Stanislaw Dumin. Gdansk, 1999.
  3. “Перапiс войска Вялiкага княства Лiтоўскага 1528 года”, Менск, 2003.
  4. “Беларускiя мусульмане i беларуская лiтаратура арабскiм пiсьмом”, д-р Я.Станкевiч, Вiльня, 1933.
  5. “Lietuvos totoriai XIX a.”, Tamara Bairasauskaite, Вiльня, 1996.
  6. Паданьнi й памяць нашчадкаў роду.

 

Юры Барэйша - Эльяшэвiч

 

 [Title page] [Library page] [Memory] [Genealogy]