Вярнуцца: Генеалогія

Генеалагія роду Сямашкаў. Герб Лебедзь Genealogy  of  Siemaszko   family. Herb Łabędz


Аўтар: Амелька Сяргей,
Дадана: 09.02.2006,
Крыніца: "ГЕРОЛЬД LITHERLAND" № 1 2001 Стр 27-34.



Шляхецкі род Сямашкаў гербу "Лебедзь": рассяленне, паходжанне і гістарычна-культурнае значэнне ў XVI-XIX ст.

The geneological origin of the nobility family Siemaszka of coat of arms "Swan" (16 th -19 th c.) is considered in this article. It was found setting and time of appearance of the family in Goradnia region of Grand Duchy of Lithuania. Analysing activity of the representatives of this family author was saed that different clans of Siemaszka couldnot be descended from famous Siemaszka in Volyn. They made their own branches. Most of Belarussion Siemaszka were from Samogitia and Lithuania. After the last allotment of Recz Paspalitaja the role of the family in social life decreased. The ways of receiving of nobility in Russia Empire were analysed here too.


У радаслоўную кнігу дваран Гарадзенскай губерні ўнесена некалькі шляхецкіх родаў Сямашак [1, с.7, 16]. Польскі "Slownik geograficzny" падае две шляхецкіх ваколіцы Cямашкі ў Гарадзенскім і Лідскім паветах і вёску з аднаіменнай назвай ў тым жа Лідскім павеце (20 вёрст ад Васілішак). Першая з ваколіц знаходзілася каля Гудзевіч (у 41 вярсце ад Горадні), а другая - у 53 вярстах ад Ліды і 18 - ад Эйшышак (зараз у Літоўскай рэспубліцы) [9, s.539].

Прозвішча Сямашка пайшло ад імя Сямён, Сімон (Шыман), Сёмка, Сямашка, якое было распаўсюджана ў ВКЛ як сярод сялян, так і шляхты. Недзе ў канцы ХV-пачатку ХVІ ст. імя асабістае Сямашка ("Симашко", "Сомашко", "Семашко") трансфармавалася ў прозвішча - спачатку ў Сямашковічы, потым - у Сямашка.

У попісе войска ВКЛ у 1528 г. сярод баяр ВКЛ, якія павінны былі ставіць коней пры адбыцці вайсковай службы, Сямашкі фігуруюць у рэестрах сярод эйшышскіх і радуньскіх баяраў Лідскага павету і баяраў Жамойцкай зямлі. Напрыклад, з эйшышскіх баяраў быў Якуб Сямашковіч, з троцкіх баяраў - Пашко Сямашковіч [2, T.24, с.33, 36]. Пераважная ж большасць Сямашак жыла ў першай палове ХVІ ст. у валасцях: Відуклі, Каршова, Паюры, Тандзягола, Расейкі (Жамойць) [2, Т.24, с.33, 60-61, 66].

На тэрыторыі Гарадзенскага павета род Сямашкаў з'яўляецца ў першай палове ХVІ ст. У 1528 г. з яго быў запісаны ў войска ВКЛ Ільяш Сямашка [3, с.94], які меў сыноў Судмонта і Гіртаўта. У 1557 г., 27 студзеня, да земскіх кніг Гарадзенскага павета быў унесены запіс аб продажы роднымі сёстрамі Ганнай (муж Лукаш Эйсымант) і Кацярынай, дочкамі Сенкі Судмонтавіча, "атчызнай зямлі на рацэ Верацеі ў Сямашках разам з сядзібай" сваім крэўным - Станіславу Судмонтавічу і Стасю Гіртаўтавічу Сямашковічам" [2, T.4, с.88]. Станіслаў быў родным братам Сенкі. Акрамя яго апошні меў яшчэ аднаго роднага брата - Міхаіла Судмонтавіча. У дакументах 1577 г. у якасці сведак выступалі зямяне Гарадзенскага павету - Ян Доха Міхайлавіч (ці дакладней, Ян Міхайлавіч Доха - сын вышэй названага Міхаіла) і Войцах Станкевіч (сын Станькі - Станіслава Судмонтавіча?) Сямашкі [22, КП № 8732, а.1 адв.; КП № 9219, а.1 адв.].

У наступным годзе (1578) згадваецца Мікалай Янавіч Сямашковіч, які прадаў пляц зямлі ў сяле Сямашкі свайму дзядзьку, Стасю Гіртаўтавічу Сямашку [12, спр.7, а.9- 10 адв.]. Апошні, у сваю чаргу, меў сына Станіслава. У тым жа годзе адбыўся захоп валоў у маёнтку Сямашкі Стася Гіртаўтавіча яго суседам Арэстам Собалем [12, спр.7, а.154-155]. І першы, і другі былі пароднены з родам Эйсымантаў, бо жонкай Стася (Станіслава) Сямашкі была Ядзвіга Мікалаеўна Эйсымант [12, спр.6, а.338]. У сваю чаргу, Арэст Собаль быў жанаты на Ганне Станькаўне Сямашцы (сястра Войцаха Станковіча?), а іх дачка Настасся была замужам за Грыгорам Шыманавічам Эйсымантам Бурнеўскім [12, спр.4, а.332-334 адв.]. Яшчэ ў 1571 г. Арэст Собаль перадаў свае ўладанні, а менавіта 1/3 частку маёнткаў Верацея і Бердаў, сваёй жонцы, а зямлю Клепачоўшчыну каля мястэчка Крынкі на рацэ Крынкі - зяцю і дочцы. У тым жа годзе Шыман Эйсымант перадаў свайму сыну правы на маёнтак Бурнева, а той, адначасова - сваёй жонцы Настассі, г.зн. маёнтак Бурнеўскі ў Эйсымантах [12, спр.4, а.210-212].

У попісе войска ВКЛ 1567 г. пералічаны наступныя Сямашкі: Мікалай Янавіч, Войцах Станкевіч, Стась (Гіртаўтавіч), а таксама нейкі Сямашка Усячны з маёнтка жонкі Абуховіч, якія ставілі з сваіх уладанняў па аднаму каню ці вершніку, узброеным рагацінай, і толькі Стась Сямашка - кордам [3, с.681-687, 695, 698].

На жаль, матэрыялы, якія б маглі расказаць аб Сямашках у другой палове ХVІ- ХVІІ ст., нам адшукаць не ўдалося, а таму даследаванне іх тагачаснага радаводу патрабуе дадатковых пошукаў у архівах Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі. Адное можна ўпэўнена сцвярджаць - за гэты час род моцна разгалінаваўся аб чым сведчыць прыведзеная ніжэй інфармацыя за больш позні перыяд.

У ХVІІІ-сярэдзіне ХІХ ст. у ваколіцы Сямашкі жылі тры ідэнтыфікаваныя галіны роду. І галіна: сярод іх - Пётр Сямашка з братам. У першага было два сыны, Антон і Кузьма, і праўдападобна, што яшчэ адзін Пётр быў не ягоным пляменнікам, а трэцім сынам. У Антона ў 1823 г. нарадзілася дачка Антаніна, у 1824 г. сын Ануфрый, жонкай апошняга была Марыя. З ёй ён меў дачку Людзвіку. Кузьма Сямашка меў Кузьму (нар. у 1811 г.) і Вікенція (нар. 1810 г.). У Пятра Сямашкі - Міхаіл (нар. у 1819 г.) і Восіп (нар. у 1810 г.). У сваю чаргу ў Міхаіла нараджаецца пяць дзяцей - Міхаіл (жонка Эмілія), Антаніна (зг. у 1864 г.), Марыя, Тэрэза, Сафія. З ІІ галіны Пётр нарадзіўся прыкладна ў той самы час, што і папярэдні. Яго сын Міхаіл нарадзіўся ў 1794 г., жонка Венедыкта. Мелі шасцёра дзяцей - Фларыяна (жонка Канстанцыя), Міхаіла, Людзвіка, Амелію, Разалію, Віктара [17, спр.196, а.1-3]. ІІІ галіна: Міхаіл, з сынам Антонам. Антон меў Восіпа (нар. у 1797 г), жанатага на Праскоўі Дашкевіч і Фаму (нар. у 1801 г.), які ў 1839 г. знаходзіўся на вайсковай службе ў Галандыі. У Восіпа нарадзіліся Канстанцін і Анастасся [17, спр.196, а.6]

Амаль што дэтэктыўная гісторыя разгарнулася ў Сямашках у 1752-1755 г. У Казімера і Тэрэзы Сямашкаў ў 1752 г. была скрадзена сума ў 2000 польскіх злотых Казімерам Ічыбчыкам, сялянінам вёскі Новікі, якая належала да дзяржавы Красніцкага ключа. Праз два гады ў 1754 г. ён спрабаваў з-за сварак уцякчы ад роднага брата, забраўшы грошы, якія захоўваліся ў яго дзядзькі Пятра Якоўшыка з вёскі Сугакі. Калі ж Казімер Ічыбчык выправіўся ў дарогу з гаршчком грошай, то ў гэтым падарожжы трапіўся яму пан Ян Каханьскі, Кіеўскі абозны, арандатар маёнтка Ханусаўшчызна. Ён убачыў селяніна, што хаваўся ад людзей, як "злодзей". Пан Каханьскі зразумеў, што селянін не без прычыны палохаецца, а таму спыніў яго і паглядзеў што было ў яго торбе. Там ён знайшоў гаршчок грошай "…манетай талеравай, тынфавай і шастаковай…". Далей пан адабраў грошы і паехаў да свайго двара, а сяляніна адпусціў, параіўшы яму выбірацца ў далёкую старану і прыгразіўшы, што тут яго чакае злы канец. На дарогу ён даў Казімеру тынфа. Пасля гэтага запалоханы хлопец быў схоплены панам Кашубай у Суцьках і аддадзены Казімеру Сямашцы. На допыце перад Красніцкім дваром ён прызнаўся, што скраў грошы ў Сямашкі і што яны апынуліся ў пана Каханьскага. Усе спробы адабраць іх у апошняга скончыліся вяртаннем Каханьскім толькі каля 200 тынфаў, хаця Сямашка з прыяцелямі дабіваўся звароту ўсіх грошай. Справа цягнулася доўга, пра што сведчыць перадача Казімерам Сямашкай права дабівацца іх звароту праз суд свайму ўнуку Антонію Эйсыманту [22, КП № 8732, а.1-2].

Сямашкі трывала працягвалі захоўваць старое месца жыхарства, але павялічэнне сямей, асабліва з пачатку ХVІІІ ст., прыводзіць да таго, што іх хоць і невялікія зямельныя ўладанні і сядзібы набліжаюцца да Бурнева (у паўднёва-заходнім накірунку), Воўпы (у паўднёвым накірунку, у гэтым жа накірунку і вёска Крываносы (маёнтак Яцкаўшчызна), Эйсыманты (ці Вялікія Эйсыманты) (у паўночна-заходнім напрамку), Вялікія Ёдкі (там жа) [13, спр.944, а.1-2; 17, спр.197, а.1-17]. Напрыклад, у 1765 г. ставіліся на попіс войска ВКЛ са сваіх уладанняў Пётр Сямашка - з фальварку Аленічы, Міхал і Аляксандр - з ваколіцы Эйсыманты, Міхал Сямашка з ваколіцы Бурнева парафіі Эйсыманты, з парафіі Воўпа - Багуслаў, Юры (1), Юзаф, Юры (2), Ян, Міхал (2), Юры (3), Нікадзім, Тадэвуш (2) замест нейкага Хлістоўскага з Берагоўшчыны [2, Т.7, с.393-405]. Ваколіцы Сямашкі і Бурнева ў ХІХ ст. ідэнтыфікаваліся аднолькава (паміж сабою). Напрыклад, у 1841 г. Вінцэнт Сямашка, згодна з пастановай Гарадзенскага дваранскага дэпутацкага сходу, азнаёміў шматлікі род у Сямашках ці Бурнёве з яе рашэннем [17, спр.232, а.12]. Разам з тым, у ХVІ-ХVІІ ст. Бурнева фігуруе як Бурнева-Эйсыманты і ў 1560-1570-х г. належала Эйсымантам [22, КП № 9216, а.1]. Пазней там з'явіліся Васьковічы, Сезянеўскія, Гліндзічы і іншыя. Да пачатку ХVІІІ ст. Сямашкі ў Бурнева з'яўляюцца ў ролі жыхароў па жаночых галінах. Захаваўся "дабравольны запіс" Міхала Жахоўскага, полацкага канюшыца, пану Ўладзіславу Філіповічу Эйсыманту і яго жонцы Ганне з Сямашак з абавязкам жаніцца на іх дачцэ Тэрэзе і быць у касцёле ў Рэплі 14.09.1727 г. [22, КП № 8732, а.1].

Там жа некаторыя з іх згадваюцца і ў пазнейшыя часы. У 1946 г. у Бурнева нарадзіўся будучы ксёндз канонік Мечыслаў Сямашка, сын Адама і Яніны Красніцкай. Быў ён высвечаны 15 чэрвеня 1975 г. кардыналам Стэфанам Вышынскім. Атрымаў званне магістра. З 1988 г. - прапаведнік у парафіі Святой Троіцы ў Бельску.

У Вялікіх Эйсымантах у ХVІІІ-ХІХ ст. [17, спр.197, а.1-17] трапляюцца наступныя з Сямашак - Мікалай (зг. у 1765 г.) з сынам Андрэем (зг. у 1811 г.), які меў сына Фабіяна (зг. у 1811 г.), жонка Тэрэза Чаплеўская. У іх, у сваю чаргу - Яўстахій, Аліцыя і Міхаіл-Ян (нар. у 1831 г.), жонка Мальвіна Чэрынкевіч. У апошняга нарадзіліся блізняты ў 1879 г. - Ядзвіга, на пачатак ХХ ст. жыла ў г. Кішынёве і Людзвіка. Там жа Міхаіл Паўлавіч Сямашка, сын Аляксандра (зг. у 1765 г), з сынамі Міхаілам і Фларыянам. Станіслаў Мацеевіч, унук Грыгорыя з сынам Восіпам (зг. у 1833 г.). Адам Станіслававіч з дачкой Вікторыяй (зг. у 1860-я г.).

З копіі пастановы Гарадзенскага Дваранскага дэпутацкага сходу, які адбыўся 9.10.1823 г., відаць, што адна з бурнеўскіх галін, а менавіта Франц з сынамі Вікенціям і Пятром паходзяць ад бацькі Міхаіла, дзеда Лукаша, прадзеда Юрыя (жонка Дарота Бланіхоўна) і прапрадзеда Крыштафа і прызнаны ў дваранстве. Але Лука (Лукаш) Сямашка меў дзвух сыноў - Міхаіла і Андрэя, бо Андрэй Сямашка нарадзіўся 1.06.1721 г. у ваколіцы Бурнева ад законных бацькоў - дваран Лукі і Крысціны Сямашак і тады ж быў ахрышчаны ў Рэплянскім рымска-каталіцкім касцёле [22, КП № 8732, а.1-2]. Дарэчы, 30 гадамі раней прадзед згаданага Франца - Юры Сямашка пражываў у Сямашках, дзе ён моцна пацярпеў ад нападу суседа Яна Цыдзіка. У 1692 г. будучы па сваіх патрэбах у сяле Нацэвічах Юры вяртаўся звычайнай дарогай дадому ў Сямашкі. Раптам на яго каля дому Цыдзіка ў Сямашках сам гаспадар разам са шматлікімі памагатымі "…патаемна напаў з тылу, а пан Цыдзік наперадзе цэпам пана Сямашку агідна ўдарыў, ад чаго той адразу ўпаў на зямлю, дзе ляжачага ўсёй грамадой збілі, а калі жонка кінулася ратаваць яго, то і яе заадно збілі, але людзі выратавалі…". Пры гэтым нападаўшыя абяцалі забіць Юрыя Сямашку насмерць [22, КП № 8732, а.1-2].

Міхаіл меў таксама двух сыноў: Антона, які нарадзіўся каля 1765 г. у Сямашках і вышэй згаданага Франца. У Антона нарадзіліся Фама (каля 1800 г.) і Восіп (у 1798 г.), а ў апошняга з жонкай Праксэдай быў сын Канстанцін (1837-1860 г.). У Франца - Вікенці і Пётр (нар. у 1804-1858 г.). У апошняга, у сваю чаргу, з жонкай Юзэфай Цыдзік пяць дзяцей: дачка Марцэля (Марыянна) (нар. у 1836-1858 г.) і сыны Міхаіл, Восіп, Валянцін, Вікенці. Міхаіл Сямашка меў пяць дачок - Эмілію, Антаніну, Марыю, Тэрэзу і Сафію. Другая галіна - ад Андрэя Лукіча Сямашкі была больш разгалінаванай. Сыны Андрэя Сямашкі нарадзіліся ў мястэчку Пяскі і былі ахрышчаны ў Струбніцкім рымска-каталіцкім касцёле: Іван-Вікенці 7.08.1768 г., а Мацвей 1.09.1779 г. Андрэй ажаніўся ўжо ў сталым узросце, калі меў 47 год, а да таго, верагодна, жыў разам з братам, ці займаўся якой-небудзь службай, бо менавіта брат Міхаіл запісаны ў попісе войск ВКЛ у 1765 г. Дарэчы, у гэты год, як ніколі, гарадзенскія Сямашкі ставіліся аж з 17 сядзібаў. У Расійскай імперыі справа доказу дваранства галіны Сямашак, якая пайшла ад Андрэя Лукіча, была працяглай і складанай. Тлумачыцца гэта тым, што ўжо сам Андрэй Сямашка з 60-х г. служыў у мясцовых магнатаў - сястры Антонія Тызенгаўза Тэрэзы і яе мужа Аскеркі, а пасля яго смерці, сыны Мацвей і Іван Андрэевічы апынуліся ў залежнасці ад ксяндза-каноніка Ігнація Аскеркі і былі незаконна запісаныя ў рэвізскія казкі. Судовая справа, якая цягнулася не адзін год выявіла, што яны сапраўды не былі прыгоннымі сялянамі. Ды і самыя ўмовы іх жыцця розніліся ад проста сялянскіх. У іх налічвалася 5 коней, 9 кароў, 8 цялят, 15 авечак, 9 свіней [18, спр.40, а.1]. У метрычных кнігах Пескаўскага рымска-каталіцкага касцёла знаходзім, што зваліся яны "яснавяльможнымі панамі". Мацвей Сямашка (1779-1853 г.), жонка Ганна Заблоцкая (1782-1853 г.) [21, спр.1, а.5], мястэчка Пяскі, ад яго пайшлі: Марыянна, муж Адам Антушэвіч, Каэтан-Лаўрэнці (памёр не пазней 1840 г.), Марцыяна, муж Банавентура Янкоўскі, адстаўны падхарунжы расійскіх войскаў, фальварак Арлоўшчына Аршанскага ўезда, Магілёўскай губерні, Фелікс-Андрэй (1817-1881 г.), жонка Разалія Піятроўская (1824-1866 г.). Ад апошняга, у сваю чаргу, пайшлі Уладзіслаў (1841-1850 г.), Аўгусцін, жонка Ядзвіга Фокт і Генавера, далей Рафаіл-Сымон (1814-1882 г.) і Тэафіля (нар. у 1824 г.), муж Аляксандр Морскі, ваколіца Цэхлявічы, парафія Мендзырэча. Другі сын - Іван-Вікенці Андрэевіч Сямашка (1768-1852 г.), 1-я жонка Магдалена Вялічка, 2-я - Елізавета Заблоцкая, 3-я - Разалія Цераневіч. У яго было дзевяць дзяцей: Міхаіл-Людвіг (нар. у 1815 г.), жонка Паўліна Шымкевіч (нар. у 1832 г.), Іван-Аляксандр (1817-1876/77 г.), жонка Караліна Балтрукевіч (у яго дзеці Ядзвіга (1854-1852 г.), Маргарыта, Аляксандр (1850-182 г.), Восіп (1850-1852 г.) і Пётр), Вікенці-Юры (1810-1861 г.), Гіпаліт-Бернард, Эмілія, Дамініка (нар. у 1825 г.), муж Павел Друскаляскі, Паўліна, Елізавета (1817-1863 г.), муж Марцін Себасцьяновіч (1823-1860 г.), Юры-Ілідор (1814-1882 г.), 1-я жонка Тэкля Себасцьяновіч, 2-я Канстанцыя Багатырэвіч, 3-я Францішка Купрыяновіч. Ягоныя дзеці ад першага шлюбу - Сігізмунд, жонка Эмілія Паўлоўская (дачка Антаніна (1880-1883 г., Марыяна, Вікенці (нар. у 1856/57 г.), Іван Паўліна, Кацілій, Юзэфа. У Вікенція было (1857-1862 г.), ад другога - Сафія, Пелагея, тры сыны, з якіх адзін 1N меў дзевяць дзяцей, другі , быў войтам у Пясках і 89 90 меў трох дзяцей, трэці - Вікенці меў Вітольда (фота 3) , Марыю і Ганну. Вітольд Вікенцьевіч, у сваю чаргу, пакінуў дачку Леакадзію, муж Лянец і сына Станіслава, жонка Ванда Мокрская. У апошняга нарадзіліся дачкі Святлана, муж Уладзімір Гулянскі і Валянціна, муж Сяргей Благун [19, 20, 21, спр.1-2].

Аднак даказаць сваё дваранскае паходжанне ім не ўдалося. Адной з прычын было змяненне заканадаўства і прадстаўляемых дакументаў. Ім быў дадзены дазвол Гарадзенскай казённай палаты на далучэнне да ліку мяшчан: Рафаіла - г.Слоніма, Івана - г.Горадні, Юрыя - г.Ваўкавыска, Фелікса - пры маёнтку Майсяевічы, Гіпаліт - служыў пры Ваўкавыскім уездным доктары малодшым вучнем (1840-50-я г.) [14, спр.1271, а.45-52]. Апошні, ці яго сын служыў у 1871 г. у Мастоўскай і Дубнаўскай валасцях фельчарам і характарызаваўся сельскім участковым доктарам П.Яхантавым, як "строго относящимся к своим обязанностям, всегда трезвый и оказывающий медицинскую помощь по первому требованию" [15, спр.1638, а.5]. Актыўная грамадская пазіцыя малазаможнай шляхты знаходзіла праяўленне ў рэлігіным жыцці прыходаў. Адным з такіх прыкладаў можа служыць удзел у касцельных брацтвах, нават, калі апошнія былі забаронены расійскімі ўладамі ў 1864 г. У мястэчку Пяскі сярод пяці братчыкаў былі два браты Георгій (Юры) і Іван Іванавічы Сямашкі [16, спр.26, а.58]. Івана Пятровіча Сямашку сустракаем сярод членаў спецыяльнага камітэту па пабудове ў Пясках новага касцёла ў 1894-1912 г., у склад якога уваходзіла сем чалавек [13, спр.1279, а.44]. Да сярэдзіны 1980-х г. у Пясках застаўся апошні з Сямашак - Станіслаў, які доўгія гады працаваў тут дырэктарам школы, а пазней, да выхаду на пенсію - дырэктарам спартыўнага вучылішча алімпійскага рэзерва ў Горадні.

Вяртаючыся ж да вываду дваранства, трэба адзначыць, што другой перашкодай, якая стала на шляху доказаў дваранскага паходжання згаданай галіны роду Сямашак, сталі прадстаўленыя імі дакументы. Яны выклікалі сумненне па некалькіх прычынах:

  1. На купчай крэпасці на маёнтак Бердаўшчызну з сялянамі ад Антона Бярдоўскага Луке Юр'евічу Сямашцы 23.04.1730 г. дадзенай, а 11.02.1744 г. у Гарадзенскім гродскім судзе здзейсненай, старонка, на якой паказана ў кнізе гэтая крэпасць выдзертая.

  2. На духоўнай, складзенай Міхаілам Сямашкай 18.09.1770 г., а 10.07.1771 г. прад'яўленай ў Гарадзенскім земскім павятовым судзе і на прадажнай на маёнтак Бердаўшчызну ад Франца і Антона Міхайлавічаў Сямашкаў, дадзенай Фаме Кандыбе 11.04.1790 г., а прад'яўленай 23.02.1791 г., было падвергнута сумненню тое, што яны былі ўпісаны ў кнігу "па-чорнаму", почаркам, падобным на почарк вядомага расійскаму ўраду складальніка фальшывых дакументаў Іоча.

  3. У архіве Гарадзенскага суда не было актавых кніг за 1699, 1763 і 1777 г., у якіх былі пералічаны дакументы рода [17, спр.198, а.9].

Трэба адзначыць, што яшчэ адна галіна Сямашак жыла побач з ваколіцай Сямашкі і Эйсыманты - у ваколіцы Міткевічы. Але яны не прадстаўлялі дакументаў на сваё дваранскае паходжанне і невядома зусім ці знайшла гэтая галіна свой далейшы працяг. У 1690 г. Аляксандр Сямашка з маёнтка Міткевічы з 1 дыма плаціў падымны падатак, а ў 1710 г. - ужо не [7, s.44]. Нейкі Ян Сямашка (можа яго сын) згадваецца ў гэтым жа маёнтку [22, КП № 8732, а.1], а яшчэ ў 1777 г. там жа жыве Юзаф з сынам Юрыям [22, КП № 9217, а.1].

Як ужо адзначалася, прозвішча Сямашкі было даволі пашырана сярод шляхты ВКЛ. Найбольш вядомыя - валынскія Сямашкі [6, s.184], якія ў ХVІІ-ХVІІІ ст. былі зблытаны з жамойцкімі Сямашкамі і прыпісаны да аднаго з імі гербу - "Лебедзя" [8, Т.7, 91s.334]. Відаць, найбольш гэтаму паспрыяла тое, што валынскія Сямашкі на Гарадзеншчыне валодалі дваром Струга, які знаходзіўся ўсяго ў 2 км ад ваколіцы Сямашкі.

Пад час попісу 1567 г. з двара Стругі Гарадзенскага павету запісаўся пан Аляксандр Багданавіч Сямашка, уладзімірскі падкаморый. Пры гэтым сам ён знаходзіўся пры двары вялікага князя літоўскага і караля польскага, а за яго быў выпраўлены служэбнік Нясвіцкі [3, с.518]. З іншых Сямашак вядомы ў 1585 г. татарын Кіцко Сямашковіч, які меў сядзібу над ракой Ласосна [2, T.21, с.67], а ў грамаце баярына Мікалая Марціновіча ад 1690 г. згадваецца Мікалай Сямашка - літвінец Троцкага павету [5, с.189]. Асобная галіна існавала і ў Ашмянскім павеце, якая ішла ад Себасцяна Сямашкі (каля 1618 г.) [4, с.9-10]. Згодна з тымі вывадовымі справамі, якія захаваліся да нашых дзён, паасобныя лініі Сямашак не звязваліся паміж сабой і большасць з іх адносіла пратапласту роду да пачатку ХVІІ ст. Выключэнне было хіба што для сямей, якія жылі ці то побач, ці то ў адной мясцовасці.

Найлепш дакументаваныя справы тычацца тых галін, якія вылучыліся ў сярэдзіне ХVІІ ст. і валодалі маёнткамі. Адная з іх валодала маёнткам Струпін. У 1686 г. земянін ЯКМ Казімер Сямашка паводле ўводнага акту (інтрамісіі) быў уведзены ў валоданне фальваркам Струпін, які дастаўся яму па спадчыне пасля бацькі Івана [17, спр.195, а.2-3]. У сваю чаргу, Гаўрыла Казімеравіч Сямашка тэстаментам ад 1726 г. запісаў яго сваім сынам Восіпу і Пятру. Разам з тым, у гэты час вядомы толькі адзін Казімер Сямашка, які быў абраны ротмістрам Гарадзенскага павета на сойміку 1711 г. (згодна з пастановай шляхты павету для склікання паспалітага рушэння на выпадак нападу "Атаманскай порты") [2, Т.7, с.190-192]. У 1713 г. сярод падпісаўшых пастанову паслам, якія былі накіраваныя да караля, Казімер Сямашка фігуруе як абозны Гарадзенскага павету. Разам з ім згадваецца яшчэ адзін Казімер Сямашка [2, Т.7, с.297]. Магчыма, у далейшым ужо ён падпісвае розныя дакументы, бо за нейкі час да 1726 г. Казімер Сямашка (1) мог адысці ад спраў, а затым і памерці [2, Т.7, с.211]. Сапраўды, у 1715 г. Казімер Сямашка (2) згадваецца ўжо адзін. У 1726 г. Казімер Сямашка, гарадзенскі ландвойт, прызначаецца генеральным мярнічым ВКЛ і быў ім яшчэ ў 1750-1757 г. [10, s.100-101; 2, Т.7, с.321]. Яго (ці-то яшчэ аднаго) імя сустракаем у 1722 г. [22, КП № 9217, а.1], у 1735 г. нейкі Казімер Сямашка быў каморнікам Гарадзенскага павету [2, Т.7, с.300], а ў 1744 г. - ён ці іншы згадваецца сярод атрымаўшых каралеўскі глейт [22, КП № 15115, а.1]. Па 1755 г. весткі аб ім губляюцца [22, КП № 8732, а.1]. Ён жа мог быць уладальнікам маёнтка Астравок, які ў 1732/33 г. быў у яго адабраны, у сувязі з чым гарадзенскай шляхтай была паслана павятовым паслам на выбарчы сойм у Варшаву інструкцыя аб вырашэнні гэтай справы і звароце яму Астраўка. Як было сказана: "…Астравок пана Казімера Сямашкі у парафіі Хадароўскай за прывілеем Найяснейшага regnanta дажывотна служачы, analiter адабраны, але пры ім мог быць астаўлены, рэкамендуецца пільнаму старанню Яго Мосьці" [2, Т.7, с.393]. Вядома, аднак, што Астравок прыкладна ў гэты час належаў Вольмеру, Гарадзенскаму абознаму, але быў яшчэ адзін - Фурэвічавай [2, Т.7, с.292]. Сыны Гаўрылы Сямашкі, Пётр і Восіп прадалі фальварак Струпін, забяспечыўшы продаж на маёнтак Аленічы. Імя яго сыноў часта ўспамінаецца у розных дакументах з 1724 па 1777 г. У 1765 г. Пётр Сямашка не змог ставіцца на попіс войска ВКЛ са свайго фальварку Аленічы. Замест яго прыбыў Юзаф Мінучыц, "енерал Каралеўскай Мосьці". У сваю чаргу, у 1793 г. Пётр перадае маёнтак Аленічы сваім сынам Івану і Міхаілу, якія, у 1808 г. прадаюць яго Станіславу Станіслававічу Сямашцы, суддзі Гарадзенскага межавога суда, аб якім размова пойдзе ніжэй.

Гэтая галіна рода была прызнана ў дваранстве Расійскай імперыі 6.07.1817 г. (перапрызнана 8.07.1832 г.) і ўнесена ў 6 частку радаслоўнай кнігі Гарадзенскай губерні. Акрамя вышэй пералічаных уладанняў яе прадстаўнікі валодалі часткай маёнтку Рашаў, вёскай Скаброўка ў Мінскай губерні і Крываносамі (маёнтак Яцкаўшчызна). У 1830 г. маёнтак Яцкаўшчызна Ваўкавыскага ўезда меў восем душ мужчынскага полу і належаў Аляксандру, Міхаілу і Яну Сямашкам. Апекунамі над малалетнімі дзецьмі Міхаіла Пятровіча Сямашкі былі прызначаны пакаморый Ігнат Чачот і пісар Гродзенскага суда Адам Сямашка, якія ў 1833 г. займаліся справай залічэння апякаемых да іх роду. У Міхаіла былі сыны: Аляксандр-Пётр і Міхаіл-Канстанцін, а трэці - Іван-Рамуальд вучыўся ў Гродзенскай мужчынскай гімназіі. І вось тут ізноў узнікае іншая галіна - ад Станіслава, Станіслава і Адама. Па-першае, яны купілі былы маёнтак Аленічы. Па- другое, гэтая купля здзейснілася яшчэ з прычыны блізкага радства - другая жонка Станіслава Сямашкі, бацькі Адама, Кацярына з Бжазоўскіх была сястрой жонкі Міхаіла Сямашкі, Анелі Бжазоўскай [17, спр.193, а.1-3].

Першапачатковую згадку пра іх мы знаходзім у канцы ХVІІ ст., калі ў 1684 г. Якаў Казімеравіч Сямашка адпісаў свой маёнтак Мальцавічы з сялянамі сыну Себасцяну. Станіслаў Себасцянавіч служыў ротмістрам Гарадзенскага павету па патэнту харужага Аляксандровіча ў 1750 г., а ў 1753 г. прадаў родавы маёнтак двараніну Ромеру. Станіслаў Сямашка ў наступныя гады (у 1756 г.) фігуруе сярод шляхты Гарадзенскага павету, а яго сын таксама Станіслаў, суддзя межавога суда, становіцца ўладальнікам фальварку Аленічы ў Гарадзенскім павеце, яго ж сын Адам (нар. у 1795 г.) па адных крыніцах быў пісарам, па другіх засядацелям Гарадзенскага гродскага суда (жонка Ёганна Вольмер) і валодаў па закладному праву фальваркам Астравок з 25 сялянамі мужчынскага полу. Акрамя Адама ў яго былі сын Кляменці (нар. у 1822 г.) і дачка Саламея (нар. у 1808 г.). Згадаем Вольмераў, уладальнікаў Астраўка. Яны і Сямашкі значацца ў спісах шляхты 1798 і 1826 г. Адзін з іх, Казімер Адамавіч Сямашка ў 1837 г. паступіў у Віленскае вучылішча. Шасцю гадамі пазней, у 1843 г. два яго брата Канстанцін і Ўладыслаў знаходзіліся ў Свіслацкай гімназіі. Усяго ж было дзесяць дзяцей. Акрамя вышэйпералічаных - Раман, Сцяпан, Іван, Станіслаў-Амброзій, Ганна, Юзэфіна і Вікторыя. Яны былі прызнаны ў дваранстве 26.02.1817 г., 20.01.1838 г. і 20.12.1841 г. [11, спр.685; 17, спр.195, а.1-16].

Такім чынам, аналізуючы радаводы, дзейнасць і рассяленне роду Сямашак гербу "Лебедзь" у былым Гарадзенскім павеце ВКЛ і Рэчы Паспалітай, можна сцвярджаць, што ён не мае, акрамя прозвішча, нічога агульнага з вядомымі валынскімі Сямашкамі. Прычым, паходзіць ён з Жамойці і Літвы, дзе гэтае прозвішча было даволі пашырана сярод мясцовай шляхты. Гарадзенскіх Сямашак аб'ядноўвае з імі агульнае паходжанне і агульны герб. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай роля гарадзенскай галіны роду ў грамадскім жыцці змяншаецца і, калі раней яны прымалі актыўны ўдзел у сойміках, займалі розныя пасады, то цяпер яны прыходзяць да росту свайго статусу толькі праз 40- 50 год. Закончыўшы розныя навучальныя установы, шмат хто з Сямашак пераязджае жыць у гарады, у тым ліку і ў Горадню. Роля ж тых, хто працягваў займацца сельскай гаспадаркай паступова звужаецца да ўдзелу ў рэлігійным жыцці парафіі, адпраўленню ніжэйшых пасад у мясцовым кіраванні. Час мінае, але традыцыі застаюцца. У ХХ ст. Сямашкі сустракаюцца сярод актыўных удзельнікаў "Саюза польскіх засценкаў", дзеячоў Арміі Краёвай і г.д. Але гэта ўжо іншая старонка гісторыі роду, якая яшчэ чакае свайго даследавання.


Літаратура і крыніцы:

  1. Алфавитный список дворянских родов Гродненской губернии, внесённых в дворянскую родословную книгу.- Гродно, 1900.- 17 с.

  2. АВАК.- Вильно, 1870.- Т.4.- 615 с.; 1874.- Т.7.- 614, 80 с.; 1894.- Т.21.- 418 с.; 1897.- Т.24.- 548 с.

  3. РИБ.- Т.33.- 1378 с.

  4. Зямчонак П. Сямашкі герба Лебедзь.// Падарожнік-Наш край.-1998.- № 2 (87).- С.9-10; № 3 (88).- С.9-10.

  5. Варатнікова А.А. Гісторыка-культурная інтэрпрэтацыя Жыровіцкага дыярыуша.// Наш радавод.- Гродна, 1991.- Кн.3.- Ч.1.- С.185-190.

  6. Kamienski A. Karjera rodu Siemaszkуw w ХV-ХVІІ ww.// Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica.- Poznan, 1989.- T.3.- S.179-202.

  7. Krakowski S. Wykaz podatku podymnego powiatu Wolkowyskiego z r.1690.- Wilno, 1938.- 64 s.

  8. Niesiecki K. Herbarz Polski.-Lipsk., 1840.- T.5.- 588 s.; - 1841.- T.7.- 652 s.

  9. Slownik geograficzny krolewstwa Polskiego i innych krajow slowianskich./ Pod red. B.Chlebowskiego.-Warszawa, 1889.-T.10.- 960 s.

  10. Urzednicy centralni i dostojnicy Wielkiego Ksiestwa Litewskiego XIV-XVIII wieku. Spisy./ Oprac. H.Lulewicz, A.Rachuba.- Kornik, 1994.- 255 s.

  11. РДГА, ф.1343, воп.51, спр.685.

  12. НГАБ у Менску, ф.1755, воп.1, спр.4, 6-7.

  13. НГАБ у Горадні, ф.1, воп.18, спр.1279; воп.27, спр.944.

  14. НГАБ у Горадні, ф.2, воп.3, спр.1216, 1561, 2360, 2366 і г.д.; воп.35, спр.1271.

  15. НГАБ у Горадні, ф.9, воп.1, спр.1638.

  16. НГАБ у Горадні, ф.78, воп.1, спр.26.

  17. НГАБ у Горадні, ф.92, воп.1, спр.193, 195-198, 232.

  18. НГАБ у Горадні, ф.96, воп.2, спр.40.

  19. НГАБ у Горадні, ф.891, воп.1, спр.1.

  20. НГАБ у Горадні, ф.892, воп.1, спр.1.

  21. НГАБ у Горадні, ф.894, воп.1, спр.1-2.

  22. ГДГАМ, КП № 8732, 9216, 9217, 9219, 15115.




Czessław Malewski:

Siemaszko – h. Łabędz

pw.23.II.1820 r., 10.VI.1846 r., 9.VI.1849 r.

ok. Szemiaki - parafia nowodworska;

ok. Lubkiszki, Korkliny, Wiszkuńce - parafia ejszyska;

majnek Wersoka Borodzicza, ok. Siemaszki, Jocze, Żagory, Nowy Dwór, wies Gudziszki - parafia kolenicka;

ok. Zajki - parafia białohrudzka;

wies Biryły - parafia werenowska;

ok. Jurele, Pieluńce, Pikiszki, Milwidy, za?cianek Gumbiszki, wie? Ginele, Milechańce - parafia nacka;

ok. Pacieluńce - parafia raduńska;

ok. Sidorowce - parafia nieciecka;

m. Wawiórka - parafia wawiórska;

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX