Вярнуцца: Артыкулы

Астрога Віктар. Стварэньне i дзейнасьць камісіі па вывучэньні Заходняй Беларусі (1927-1937 гг.)


Аўтар: Астрога Віктар,
Дадана: 28-10-2016,
Крыніца: Астрога Віктар. "Шпіёнскае гняздо". Стварэньне i дзейнасьць камісіі па вывучэньні Заходняй Беларусі (1927-1937 гг.) // Спадчына №6-1996. С. 156-167.



Гісторыя Камісіі па вывучэньні Заходняй Беларусі прыпала на пэрыяд жорсткага ідэалягічнага ўціску i масавых палітычных рэпрэсіяў. За дзесяць гадоў існаваньня Камісія перажыла не адну чыстку ды рэарганізацыю, пакуль не была зусім зьліквідаваная. Яе лёс - яскравы прыклад навуковай дзейнасьці ва ўмовах таталітарнай дзяржавы, дзейнасьці залежнай ды абмежаванай.

1921 г. быў адным з самых трагічных у беларускай гісторыі. Паводле ганебнай Рыскай дамовы Беларусь была разарваная на часткі паміж Масквою ды Варшаваю. Як пісаў пазьней паэт Алесь Дудар: "Пасеклі наш край папалам, каб панскай вытаргаваць ласкі..." Заходняя Беларусь апынулася ў складзе польскай дзяржавы. Працэсы, што адбываліся ў заходнебеларускім рэгіёне, заўсёды заставаліся пад пільнай увагай бальшавіцкага кіраўніцтва. Празь нейкі час у БССР насьпела неабходнасьць стварыць нейкі навуковы асяродак дзеля вывучэньня стану эканомікі, сацыяльных ды грамадзкіх дачыненьняў у Заходняй Беларусі, палітыкі польскіх уладаў на г. зв. "усходніх крэсах".

28 лютага 1927 г. (паводле іншых зьвестак, яшчэ ў канцы 1926 г.) у Менску пры Інстытуце беларускай культуры (Інбелкульце) быў утвораны адмысловы навукова-дасьледчы цэнтар Камісія па вывучэньні Заходняй Беларусі (КЗБ). У пачатковы склад яе ўвайшлі Ў.Ігнатоўскі, А.Сянькевіч, I. Абрамчук ды інш.

Афіцыйна перад ёй ставіліся высакародныя мэты. Са словаў А.Цьвікевіча, КЗБ мела "бараніць інтарэсы беларускага адраджэньня на Захадзе як перад БССР, так i перад СССР". Апроч таго, у абавязку Камісіі было навуковае забесьпячэньне "прапаганды нацыянальнай ідэі..."

Але не абарона нацыянальных інтарэсаў беларусаў i нават не навука ставіліся прыярытэтнымі у дзейнасьці навастворанай структуры. СССР меў да Заходняе Беларусі значны ваенна-палітычны інтарэс. У ланцугу рэвалюцыяў, празь якія савецкая камуністычная імпэрыя імкнулася насадзіць па ўсёй Эўропе бальшавіцкае панаваньне, Польшча займала не апошняе месца. Масква хацела ведаць "белую Польшчу" з усіх бакоў. У мэтах дэстабілізацыі сацыяльнага ды эканамічнага становішча ў гэтай краіне бальшавікі спадзяваліся на незадаволенасьць заходнебеларускага насельніЦтва палітыкай кіроўных колаў "Другой Рэчы Паспалітай", каб потым выкарыстаць тамтэйшых жыхароў у якасьці "пятай калёны''. Вывучэньне эканамічнага жыЦьця "ўсходніх крэсаў", як лічылася, таксама мусіла дапамагчы дасягнуць прапагандысцкай мэты пераканаць усіх, што жыхарства Савецкай Беларусі жыве заможней, чым беларусы ў панскай Польшчы. Зразумела, у такіх варунках навуковая праблематыка ў дзейнасьці КЗБ адыходзіла на другі плян.

Стварэньне Камісіі прысьпешылі падзеі траўня 1926 г. у Польшчы, што адбыліся пасьля дзяржаўнага перавароту Ю.Пілсудзкага. На пачатку сваёй дзейнасьці КЗБ мела шчыльную сувязь 3 кампартыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ). Некаторыя аўтарытэтныя заходнебеларускія камуністы ўваходзілі ў склад Камісіі ці актыўна супрацоўнічалі зь ёю. У 1926 г. з утварэньнем Беларускай Акадэміі навук (БАН) КЗБ увайшла ў яе структуру, быў пашыраны штат яе навуковых супрацоўнікаў.

Між тых, хто працаваў у Камісіі альбо лічыўся яе няштатным супрацоўнікам, было шмат вядомых грамадзкіх дзеячоў, навукоўцаў, літаратараў, такіх як С.Будзінскі, А.Галавінскі, Г.Гарэцкі, У.Каліноўскі, І.Краскоўскі, Я.Купала, В.Ластоўскі, е.Некрашэвіч, У.Пракулевіч, А.Смоліч, Л.Родзевіч, А.Цьвікевіч, А.Ульянаў ды інш. Да лета 1930 г. кіраўніцтва КЗБ ажыцьцяўлялі Будзінскі, Родзевіч і Ульянаў. У межах Камісіі праводзіліся досьледы ў галіне палітыкі, эканомікі, прыродазнаўства, геаграфіі i культуры Заходняй Беларусі. У 1927 г. выйшаў зборнік артыкулаў "Заходняя Беларусь", апублікаваныя артыкулы i брашуры заходнебеларускай тэматыкі У.Пічэты, У.Ігнатоўскага, С.Будзінскага, а праца Г.Гарэцкага "Межы За­ходняй Беларусі ў Польшчы" (Мн., 1928 г.) была зь вялікай цікавасьцю ўспрынятая навуковай грамадзкасьцю Эўропы i перавыдадзеная ў шэрагу краінаў.

Пачатак дзейнасьці Камісіі прыпаў на час згортваньня апошніх грамадзянскіх свабодаў у СССР ды ўсталяваньня тут таталітарнай дыктатуры.

Па сфабрыкаванай справе "Саюзу Вызваленьня Беларусі" ўлетку i ўвосень 1930 г. адбыліся шматлікія арышты сярод беларускай навуковай ды творчай інтэлігенцыі. У лік "ворагаў народу" трапіла значная колькасьць супрацоўнікаў КЗБ. Яны былі абвінавачаныя "ў падрыўной дзейнасьці, накіраванай на ідэалёгічную падрыхтоўку вайны супраць Савецкага Саюзу i рэстаўрацыі ў Беларусі капіталістычнага ладу". У выніку рэпрэсіяў Камісія апынулася на мяжы зьнікненьня. У гэты час у штаце КЗБ заставаўся толькі адзін супрацоўнік - Штэйнбэрг. Пра Камісію не было нічога чуваць больш за год, яе дзейнасьць фактычна спынілася, нягледзячы на неаднаразовыя захады ўзнавіць ейную працу з боку Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ у Менску.

Да жыцьця КЗБ вярнуў сусьветны эканамічны крызыс 1929-1933 гг., дакладней, патрэба кіроўнай палітычнай эліты СССР у інфармацыі з Польшчы пра палітычны ды эканамічны стан гэтай краіны. Увосень 1931 г. была прынятая партыйная пастанова пра мэтазгоднасьць далейшай дзейнасьці КЗБ, зацьверджана яе кіраўніцтва, куды ўвайшлі М.Арэхва (старшыня), Ю.Кавальскі, Л.РодзевіЧі Лідзін, М.Блінчыкаў ды інш.

Паводле пастановы штат гэтай арганізацыі мусіў камплектавацца вылучна з камуністаў ды камсамольцаў. Усе вышэйзгаданыя асобы, дарэчы, былі сябрамі КПЗБ. Перад імі была пастаўленая канкрэтная задача - найхутчэй актывізаваць дзейнасьць Камісіі ў кірунку "вывучэньня рэвалюцыйнай i нацыянальна-вызваленчай барацьбы рабочае клясы ды працоўнага сялянства Заходняй Беларусі, аналізу яе палітыка-эканамічнага стану як пляцдарму імпэрыялістычнай агрэсіі на СССР". Дзейнасьць гэтай структуры пачынае набываць выразную ідэалёгічную афарбоўку. Яе працай цікавіцца прэзідэнт БАН П.Горын, старшыня СНК БССР М.Галадзед.

У студзені 1932 г. старшыня КЗБ М.Арэхва атрымлівае новае партыйнае прызначэньне i пакідае Камісію. Новым кіраўніком яе прызначаецца былы пасол польскага сэйму, грамадовец П.Мятла. Адначасова павялічваецца колькасьць супрацоўнікаў. У гэты час у КЗБ працуюць Я.Багданскі, Л.Бабровіч i Я.Бабровіч, П.Клінцэвіч, І.Дварчанін, Ю.Тарасюк, В.Фрышман. З Камісіяй супрацоўнічаюць такія вядомыя людзі, як Я.Колас, Б.Тарашкевіч, А.Салагуб, Янсан ды інш.

Неабходна адзначыць, што частка супрацоўнікаў КЗБ працавала пад партыйнымі мянушкамі. Гэтую неабходнасьць М. Арэхва так тлумачыў у сваіх успамінах: "Чужое прозьвішча i выдуманая легенда былі патрэбныя дзеля таго, каб схаваць маю дзейнасьць у БССР, выяўленьне якой несумненна выклікала б непажаданы рэзананс". КПЗБ апекавалася Камісіяй i выкарыстоўвала ае вынікі, але не заўсёды была імі задаволеная. Так, у адной з дакладных запісак у адрас ЦК КП(б)Б заходнебеларускія камуністыя скардзіліся, што КЗБ мала зьвяртае ўвагі на "агульнаэканамічнае ды палітычнае становішча Заходняй Беларусі".

16 ліпеня 1932 г. Бюро ЦК КПЗБ атрымала справаздачу Камісіі i прапанову пераўтварыць гэтую акадэмічную структуру ў Інстытут Заходняй Беларусі (ІЗБ). Паводле прапановы, новаўтвораны інстытут меў падпарадкоўвацца кіраўніцтву кампартыі, якое складае i зацьвярджае плян працы ўстановы, кантралюе яго выкананьне, прызначае супрацоўнікаў i г. д. БАН жа, паводле праекту, фактычна адхілялася ад кіраўніцтва сваёй установай, намінальна застаючыся яе заснавальніцай.

Дасьледчая праца ў ІЗБ мусіла быць засакрэчанай. Рэкамэндавалася плян дасьледаваньняў складаць зь дзьвюх частак: той, што магла быць апублікаваная, i прызначанай для службовага карыстаньня. Трохі пазьней Рада Камісіі прапанавала ЦК КЗБ пераўтварыць яе ў засакрэчаны кансультацыйна-дасьледчы цэнтар па Заходняй Беларусі пры менскім прадстаўніцтве пар­ты!.

Нягледзячы на даволі спакусьлівыя для кіраўніцтва КПЗБ прапановы, вышэйпададзены праект так i ня быу рэалізаваны. Насоўвалася чарговая хваля сталінскіх рэпрэсіяў. Ca жніўня па кастрычнік 1932 г. была арыштаваная бальшыня супрацоўнікаў КЗБ, у тым ліку Мятла, абодва Бабровічы, Дварчанін, Салагуб, Родзевіч ды інш. Амаль усе яны праходзілі па справе "Беларускі Нацыянальны Цэнтар". Па лініі працы ў Камісіі ім інкрымінавалася вядзеньне пад дахам паўсакрэтнай акадэмічнай установы прапаганды нацыяналізму, кулацкіх ды фашыстоўскіх ідэяў, іншых "контрарэвалюцыйных дзеяньняў". Пасьля чыстак i арыштаў у штаце ўстановы засталіся ўсяго чатыры чалавекі. Хутка адзін зь ix, У.Клінцэвіч, таксама трапіў у вязьніцу ДПУ.

З 1933 г. новае кіраўніцтва КЗБ (К.Матулайціс, Л.Янкоўская ды інш;) намагаецца ажывіць працу Камісіі. Ёй быў нададзены статус аддзелу ЦК КП(б)Б. У Камісію прыходзяць працаваць два асьпіранты БАН Ф.Скоблаў i Самахвалаў. У гэты ж час пры ўстанове ствараецца літоўскі сэктар дзеля вывучэньня становішча літоўцаў пад Польшчай. Тэматыка дасьледаваньняў КЗБ звузілася да пытаньняў палітыка-эканамічнага стану Заходняй Беларусі. Камісія ўвесь час імкнулася ўмацаваць свой статус, запэўніць партыйнае кіраўніцтва ў сваёй патрэбнасьці, палітычнай ляяльнасьці, адданасьці "справе". У канцы 1933 г. павялічваецца штат супрацоўнікаў установы - да 7. За 1934 г. агульнымі намаганьнямі Камісіяй было выдадзена некалькі адмысловых тэматычных даведнікаў: "Палітычныя партыі ў Польшчы i Заходняй Беларусі", "Прамысловасьць Заходняй Беларусі" ды інш., хадзіў адмысловы "Інфармацыйны бюлетэнь КЗБ". Сумесна з заходнім сэктарам Гістпарта КП(б)Б пачалася праца над "Хронікаю рэвалюцыйных падзеяў на Заходняй Беларусі". У гэтым жа годзе Камісія аднавіла сувязь зь беларускімі арганізацыямі i ўстановамі ў Польшчы. Напрыклад, вяліся перапіска i абмен навуковай літаратурай ды пэрыёдыкай зь Беларускім Інстытутам Гаспадаркі i Культуры (БІГІК). 3 апошнім кантакты працягваліся да пачатку 1936 г., аж да самага спыненьня польскімі ўладамі дзейнасьці гэтай заходнебеларускай інстытуцыі.

У траўні 1934 г. К.Матулайціс, робячы справаздачу, вызначыла наступныя задачы перад КЗБ: "Вывучаючы Заходнюю Беларусь, мы павінны мець на ўвазе:

1. Чырвоную Армію, маючую патрэбу ў дакладных зьвестках пра стан чыгункі, тэлефоннай i тэлеграфнай сувязі, пра гаспадарчыя рэсурсы краіны, пра стан прамысловасьці i г. д.

2. Дзяржпалітупраўленьне (ДПУ), якое для барацьбы з контрарэвалюцыяй мусіць добра ведаць клясавага ворага.

3. Праца Камісіі можа аказаць вялікую дапамогу ў справе ўмацаваньня інтэрнацыянальнага выхаваньня рабочых i калгасьнікаў.

4. Вынікі дасьледаваньняў таксама будуць карысныя для братніх камуністычных партыяў..."

Фактычна тое самае адначасова прапаноўвала ў сваёй запісцы i старшыня Камісіі Л.Янкоўская, з той толькі розьніцай, што ўпершыню высоўвалася пытаньне пра ўключэньне ў сфэру вывучэньня ды дасьледаваньня ўсяго абшару Польшчы, не абмяжоўваючыся толькі заходнебеларускім рэгіёнам.

Акрамя таго, прапаноўвалася злучыць КЗБ пад адным дахам з Заходнім сэктарам Гістпарта (ЗС).

Праца ўстановаў накшталт КЗБ, ЗС, Інстытуту польскае пралетарскае культуры ды інш. была таксама на карысьць ДПУ i яе рэзыдэнцыям, што дзейнічалі на "ўсходніх крэсах". Патрэбная інфармацыя, якая наступала ў аддзел вонкавай выведкі Дзяржпалітупраўленьня, павінна была дапамагчы апошняму зарыентавацца ў грамадзкім ды палітычным жыцьці суседняе краіны, дасканала ведаць заходнебеларускую спэцыфіку. Бо тое, што хлусілі маскоўскія ды менскія газэты пра быццам бы надыходзячую ў Польшчы пралетарскую рэвалюцыю, зусім не аднавядала рэчаіснасьці. Каб весьці эфэктыўную шпіёнскую ды падрыўную дзейнасьць на "крэсах", неабходна была дакладная аналітычная інфармацыя. "Там [у Менску. - В.А.] у партыі не разумеюць, як прыйдзе [у Польшчу] рэвалюцыя,- пісаў з Заходняй Беларусі актывіст КПЗБ.- А ёсьць вялікая небясьпека, што арганізацыя [кампартыя] пачне адставаць ад магчымасьцяў i варункаў барацьбы, ад настрояў масаў... Шаноўныя, яшчэ раз падкрэсьліваю... бяда ў адставаньні арганізацыі ў тым, як пачаць ламаць тэрор [г. зн. пануючы лад у краіне]..."

Зь вясны 1935 г. у КЗБ пачынаецца новая рэарганізацыя. Пасьля абраньня Л.Янкоўскай у склад ЦК КПЗБ у траўні Камісію часова ўзначаліў Д.Рубінштэйн. Штат установы папоўніўся новымі супрацоўнікамі: Піліпенкам i Шлейфэрам. Але папрацаваць у новым складзе Камісіі давялося менш за год. 21 траўня 1936 г. Бюро ЦК КП(б)Б сваёй пастановай зьліквідавала КЗБ як самастойную структуру, перадаўшы яе тэматыку i штат супрацоўнікаў у Інстытут гісторыі БАН, дзе была створаная адпаведная сэкцыя па вывучэньні Заходняй Беларусі (СЗБ). На пасаду загадчыка быў зацьверджаны ўсё той жа Рубінштэйн. Бальшыня супрацоўнікаў былой установы разьбегЛІСЯ хто куды: адны пайшлі на чыноўніцкія пасады, астатнія ўладкаваліся ў іншыя акадэмічныя інстытуты.

Палітычны курс Сталіна на ліквідацыю кампартыяў Поль­шчы i Заходняй Беларусі ды фізычнае зьнішчэньне ix кіраўнічых органаў у 1937-1938 гг. ня мог не адбіцца на лесе КЗБ-СЗБ. 13 трауня 1937 г., з падачы ЦК КП(б)Б, на прапанову навуковага сакратара Інстытуту гісторыі М.Лябовіча сэкцыя Заходняй Беларусі была скасаваная, а ейныя функцыі перададзеныя сэкцыі гісторыі Захаду. Праз два месяцы, 9 чэрвеня, на паседжаньні Прэзыдыюму БАН была ухваленая рэзалюцыя: "Тэму былой Камісіі Заходняй Беларусі з пляну Інстытуту зьняць". У студзені 1938 г. Бюро ЦК КП(б)Б атрымала ад адмысловай камісіі, што праводзіла суцэльную праверку Акадэміі навук, наступную справаздачу: "Акадэмія навук БССР на працягу шэрагу гадоў i да апошняга часу зьяўлялася асяродкам шпіёнска-выведнай i шкодніцкай працы ворагаў народу. Усе кіруючыя пасады ўвесь час знаходзіліся ў руках ворагаў народу - шпіёнаў Горына, Домбала, Сурты, Шчарбакова, Панкевіча, Шпэнцэра ды інш., якія пад выглядам навуковай працы займаліся зьбіраньнем шпіёнскіх зьвестак для фашыстоўскіх дзяржаваў... Асабліва вялікая шпіёнская праца праводзілася праз г. зв. Камісію па вывучэньні Заходняе Беларусі... Яны ж (г. зв. "ворагі народу") цалкам запоўнілі склад Камісіі... якая адзін час лічылася на становішчы Аддзелу ЦК КП(б)Б... Прадукцыя Камісіі... павінна быць забрана як контрарэвалюцыйная..." Забраць i зьнішчыць альбо запхнуць у спэцсховішчы, далей ад людзкіх вачэй, каб ніхто i ня ўспомніў, што нешта такое было папраўдзе,- вось што прапанавалася, і, дарэчы, было неадкладна выканана адпаведнымі службамі ў дачыненьні да навуковай спадчыны гэтае акадэмічнае ўстановы.

Лес "апошніх з КЗБ", тых, хто застаўся ў навуцы, склаўся вельмі трагічна:

Матулайціс К.С., ранейшая яе кіраўніца, загадчыца літоўскага аддзелу - арыштаваная 9.08.1937 г., расстраляная 29.11.1938 г.

Скоблаў Ф.А., былы супрацоўнік КЗБ, пазьней навуковец Інстытуту эканомікі БАН - арыштаваны 4.03.1938 г., расстраляны 07.07.1938 г.

Фрышман В., былы навуковец Камісіі - павесіўся ў сваім кабінэце ўвосень 1937 г., ня вытрымаўшы псыхалягічнага ўціску.

Марцінкевіч I.І, апошні асьпірант КЗБ - у студзені 1938 г. звольнены зь Інстытуту гісторыі. Абставіны звальненьня прымушаюць думаць пра самую трагічную разьвязку ягонага лёсу.

Раманоўская А. П., тэхнік-супрацоўніца КЗБ - арыш­таваная 8.01.1938 г., прысудам "тройкі" зьняволеная ў канцэнтрацыйны лягер.

Сьпіс гэты далека ня поўны...

Сумны канец Камісіі шмат у чым заканамерны ды красамоўны. Ва ўмовах таталітарызму навука ня можа свабодна разьвівацца. Яна заўсёды будзе пакорнай служкай у рукох кіруючай клікі дзеля рэалізацыі ейных мэтаў ды абароны струхлелых догмаў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX