Папярэдняя старонка: Артыкулы

Біч Міхась. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі i гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь 


Аўтар: Біч Міхась,
Дадана: 22-12-2014,
Крыніца: Біч Міхась. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі i гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс № 1-1993. С. 15-24.



БІЧ Міхась Восіпавіч - намеснік дырэктара Інстытута гіспюрыі АН Беларусі, доктар гістарычных навук. Нарадзіўся ў 1936 г. у вёсцы Мілевічы Мастоўскага раёна. Закончыў гістарычны факультэт БДУ (1958 г.), затым настаўнічаў у Цёплаўскай СШ Пастаўскага i Курылавіцкай СШ Мастоўскага раёнаў. З 1961 г. займаецца навуковай дзейнасцю ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі Апублікаваў дзве манаграфіі i шэраг навуковых артыкулаў.

Асаблівасцю гістарыяграфіі Беларусі з'яўляецца працяглае панаванне ў ёй дзвюх антыбеларускіх канцэпцый - вялікапольскай i вялікарускай, якія ў канчатковым выніку зводзяцца да адмаўленкя самога факта існавання беларускага этнасу, яго мовы i культуры i прызнання Беларусі часткай Польшчы ці Расіі, а беларусаў - галіной, адпаведна, польскага або рускага "племені". Мадэрнізаваная вялікаруская канцэпцыя, у спалучэнні з догмамі бальшавізму, панавала ў беларускай савецкай гістарыяграфіі ў 30-80-я гады. Вынікам такой сітуацыі з'явілася дэградацыя гістарычнай памяці, а разам з тым i нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. У такіх умовах першачарговая задача беларускіх гісторыкаў як у галіне даследаванняў, так i ў развіцці гістарычнай адукацыі ў рэспубліцы адраджэнне нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі.

Панаванне антынацыянальных канцэпцый у нацыянальнай гістарыяграфіі - сведчанне прыгнечанага, каланіяльнага становішча той ці іншай краіны. У суверэнных дзяржавах такая з'ява немагчымая. Расійскія, польскія, нямецкія, французскія, англійскія (і г.д.) гісторыкі спрадвеку асвятляюць гісторыю сваіх краін i народаў, зыходзячы з адпаведных нацыянальна-дзяржаўных пазіцый. I гэта нікога не шакіруе. Бо кожны цывілізаваны народ мае сваю нацыянальную гістарыяграфію, якая адлюстроўвае менавіта яго гістарычную памяць, яго погляд на ўласны гістарычны шлях, а таксама на гісторыю суседніх i больш далёкіх народаў, краін i рэгіёнаў, сусветную гісторыю ў цэлым. Менавіта нацыянальная гістарыяграфія з'яўляецца асновай нацыянальнай самасвядомасці кожнага народа. Без яе народ ператвараецца ў манкуртаў, не можа развіваць сваю культуру, памірае як этнас. Урэшце, нацыянальная гістарыяграфія, адпаведная існасці свайго народа, ёсць адна з неад'емных i найбольш важных кампанентаў нацыянальнай культуры.

Станаўленне нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі непарыўна звязана з зараджэннем i развіццём беларускай нацыянальнай ідэі i нацыянальнага руху. Да ліку першых прафесійных гісторыкаў, якія заклалi падмурак нацыянальнай канцэпцыі гісторыі сваёй Радзімы, адносіліся прафесары Віленскага універсітэта М. Баброўскі, I. Даніловіч, I. Анацэвіч і I. Ярашэвіч, Т. Нарбут. На фарміраванне яе станоўча ўплывалі даследаванні па этнаграфіі Беларусі i фальклору беларусаў. У 50-60-я гады XIX ст. i пазней прынцыпова важнае значэнне мела падтрымка ідэі аб існаванні самастойнага беларускага этнасу з боку рускіх i ўкраінскіх рэвалюцыйных дэмакратаў А. Герцэна, М. Бакуніна, М. Агарова, М. Дабралюбава, М. Драгаманава, С. Падалінскага i інш., прызнанне імі права беларускага народа на самавызначэнне аж да стварэння самастойнай дзяржавы.

Справе абуджэння беларускага народа да барацьбы за волю i шчасце, за права распараджацца ўласным лесам аддаў усе свае сілы i прысвяціў жыццё К. Каліноўскі. Ён выразна адрозніваў Літву-Беларусь ад Польшчы i Pacii i выступаў за ўтварэнне самастойнай Літоўска-Беларускай дзяржавы, прапагандаваў у "Мужыцкай праўдзе" i ў "Лістах з-пад шыбеніцы" рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі, паказваў істотнае пагаршэнне становішча беларускага сялянства пасля далучэння да царскай Расіі, даваў належную ацэнку здзекам царызму над сумленнем народа - гвалтоўнаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Заслугоўвае ўвагі ацэнка К. Каліноўскім уніі як нацыянальнай веры беларускага народа. Трэба адзначыць, што постаць i дзейнасць Каліноўскага як нацыянальнага героя беларускія гісторыкі ацанілі толькі ў 20-я гады нашага стагоддзя. I зрабілі гэта менавіта тыя гісторыкі, якія распрацоўвалі нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі - А. Цьвікевіч, У. Ігнатоўскі, А. Станкевіч i інш.

Наступны этап у беларускім нацыянальным руху i ў распрацоўцы нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі звязаны з дзейнасцю беларускіх народнікаў у канцы 70-х - першай палове 80-х гадоў XIX ст. У сваіх падпольных выданнях ("Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае" Данілы Баравіка, "Пасланне да землякоў-беларусаў" Шчырага Беларуса, два нумары гектаграфаванага часопіса "Гомон" i інш.) яны ўпершыню тэарэтычна абгрунтавалі ідэю аб існаванні самастойнага беларускага этнасу, акрэслілі тэрыторыю яго рассялення, этнічныя прыкметы i асаблівасці гістарычнага шляху i выставілі ў якасці праграмнага патрабавання лозунг федэратыўнай самастойнасці Беларусі ў сям'і іншых славянскіх народаў.

У другой палове 80-х гадоў XIX ст. распрацоўку гісторыі i этнаграфіі Беларусі з нацыянальных пазіцый пачаў М. Доўнар-Запольскі. Вялікі ўклад у станаўленне нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі ўнёс даследчык i гісторык беларускай мовы Я. Карскі. Творчасць Ф. Багушэвіча - першага ў поўным сэнсе слова нацыянальнага пісьменніка - засведчыла прынцыпова важны факт: працяглы (каля стагоддзя) перыяд ваганняў мясцовай каталіцкай па веравызнанні інтэлігенцыі паміж польскасцю i беларушчынай закончыўся перамогай апошняй. Прыклад быў паказаны. "Дудка беларуская" Ф. Багушэвіча з незвычайна шчырай, глыбока прадуманай аўтарскай прадмовай, прысвечанай гістарычнаму лёсу беларускай мовы, з'явілася своеасаблівым маніфестам-заклікам да нацыянальнага адраджэння i істотна паскорыла яго набліжэнне.

Завяршальны этап барацьбы за грамадскае прызнанне існавання беларускай нацыі i яе права на самавызначэнне звязаны з утварэннем i дзейнасцю першай нацыянальнай палітычнай партыі - Беларускай сацыялістычнай грамады. У перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг. пад яе кіраўніцтвам разгарнуўся даволі шырокі рэвалюцыйна-дэмакратычны i нацыянальна-культурны, адраджэнскі рух. У 1907-1915 гг. цэнтрам апошняга з'яўлялася легальная штотыднёвая газета "Наша ніва". Яна адыграла выключную ролю ў барацьбе з русіфікацыяй i паланізацыяй беларускага народа, у далейшай распрацоўцы беларускай нацыянальнай ідэі, яе тэарэтычным абгрунтаванні, у распаўсюджанні нацыянальнай самасвядомасці як асновы кансалідацыі нацыі, у выхаванні i згуртаванні нацыянальна-дэмакратычнай інтэлігенцыі, у развіцці нацыянальнай (літаратурнай) мовы i культуры, у адраджэнні гістарычнай памяці народа. На яе старонках публікавалася, а ў 1910 г. выйшла асобнай кнігай "Кароткая гісторыя Беларусі" Власта (В. Ластоўскага) - важная вяха ў станаўленні нацыянальнай гістарыяграфіі.

У сувязі з абвяшчэннем БНР у 1918 г. былі выдадзены брашуры М. Доўнар-Запольскага "Асновы дзяржаўнасці Беларусі" i А. Цьвікевіча "Краткий очерк возникновения Белорусской народной республики" - першыя спецыяльныя працы, прысвечаныя гісторыі беларускай дзяржаўнасці.

Вялікую ролю у распрацоўцы i папулярызацыі нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі адыграў У. Ігнатоўскі, які ў 1919-1930 гг. выдаў дзве агульныя працы па гісторыі Беларусі i буйную манаграфію пра паўстанне 1863 г. Яго "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" ў 20-я гады з'яўляўся падручнікам па айчыннай гісторыі ў школах, а "Гісторыя Беларусі XIX-пачатку XX сталецця" вывучалася ў ВНУ.

20-я гады былі асабліва плённымі ў распрацоўцы нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі. У Савецкай Беларусі i за яе межамі публікаваліся даследаванні У. Ігнатоўскага, Ф. Турука, У. Пічэты, М. Доўнар-Запольскага, А. Цьвікевіча, В. Ластоўскага, М. Гарэцкага ("Гісторыя беларускае літаратуры"), З. Жыглуновіча, А. Луцкевіча, А. Станкевіча i іншых аўтараў. Спрыяла гэтаму адносная лібералізацыя палітыкі камуністычных улад у БССР, у тым ліку i па нацыянальным пытанні. Але i ў тыя гады захоўваўся дастаткова жорсткі ідэалагічны кантроль за гістарычнай навукай, найперш па пытаннях гісторыі вызваленчага руху, палітычных партый, Кастрычніцкай рэвалюцыі i грамадзянскай вайны, насаджаўся класавы, марксісцка-ленінскі падыход да ацэнкі гістарычных фактаў. Па шэрагу пытанняў былi дадзены пэўныя партыйныя ацэнкі, абавязковыя для гісторыкаў. Паказальны факт: "Гісторыя Беларусі" М. Доўнар-Запольскага (навучальны дапаможнік для тэхнікумаў i вышэйшых школ), падрыхтаваная ў 1926 г. да друку, так i не ўбачыла свет, а сам ён у тым жа годзе быў высланы за межы Радзімы.

Лібералізацыя рэжыму ў 20-я гады аказалася з'явай кароткачасовай, кан'юнктурнай. "Год вялікага пералому" пакончыў з ёю. Ужо ў пачатку 30-х гадоў вядучыя гісторыкі - прадстаўнікі нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі - былі рэпрэсіраваны, а ix працы на доўгі час трапілі ў "спецсховішчы". Тады ж у савецкай гістарыяграфіі манапольнае становішча заняла марксісцка-ленінска-сталінская метадалогія, спалучаная з мадэрнізаванай расійскай вялікадзяржаўніцкай канцэпцыяй. Гэты метадалагічны гібрыд вырас, узмацнеў i канчаткова аформіўся ў пасляваенныя дзесяцігоддзі. Ён цалкам адпавядаў устаноўкам ідэолагаў КПСС-КПБ на зліццё моў, культур i народаў i стварэнне ў СССР рускамоўнага, выхаванага ў камуністычна-імперскім духу, "савецкага народа" як новай гістарычнай супольнасці. Нацыянальныя гістарычныя каштоўнасці i арыенціры былі амаль цалкам выкінуты з айчыннай гісторыі. Спробы аб'ектыўнай навуковай ацэнкі выдатных з'яў i дзеячаў нацыянальнай гісторыі заканчваліся палітычнымі абвінавачаннямі i рэпрэсіямі.

Змест i характар савецкай гістарыяграфіі ў цэлым вызначаліся ідэалогіяй камуністычнай партыі - вучэннем класікаў марксізму-ленінізму аб заканамернай змене сацыяльна-эканамічных фармацый у ходзе класавай барацьбы, якая была абвешчана адзіным рухавіком прагрэсу чалавецтва. Класавы, партыйна-бальшавіцкі падыход да ацэнкі ўсіх падзей, з'яў i працэсаў айчыннай i сусветнай гісторыі з'яўляўся для ідэолагаў таталітарнага рэжыму адзіным крытэрыем ісціны ў гуманітарных навуках. У ранг "ісціны ў апошняй інстанцыі" ўводзіліся таксама рашэнні з'ездаў i канферэнцый КПСС, пленумаў ЦК, пастановы ЦК i выступленні партыйных лідэраў. Фактычна адмаўлялася існаванне нацыянальных культур, бо ў кожнай з ix прадпісвалася шукаць дзве культуры i барацьбу паміж імі. Абсалютна выключалася крытыка палітыкі партыі. Абавязкі гісторыкаў зводзіліся да каменціравання, прапаганды i праслаўлення дзейнасці партдзяржнаменклатуры.

Грубая фальсіфікацыя гісторыі нашага народа разам з русіфікацыяй сістэмы адукацыі - фактычнай ліквідацыяй нацыянальнай школы - прывяла да страты некалькімі пакаленнямі беларусаў нацыянальнай гістарычнай памяці i самасвядомасці, садзейнічала надзвычай шырокаму распаўсюджанню на Беларусі нацыянальнага нігілізму, давяла нас, як этнас, да грані знікнення.

Магчымасці адраджэння i далейшага развіцця нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі з'явіліся толькі на пераломе 80-90-х гадоў у выніку падзей, звязаных з усебаковым крызісам i крахам таталітарнай сістэмы, распадам СССР i станаўленнем рэальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. У апошнія гады адкрылася мноства фактаў, якія адназначна сведчаць аб неабходнасці пераасэнсавання айчыннай i сусветнай гісторыі ад старажытных часоў да нашых дзён.

Зрабіць гэта можна i трэба на аснове нацыянальнай канцэпцыі гісторыі i гістарычнай адукацыі, якая павінна абапірацца на наступныя важнейшыя прынцыпы:

· дэпартызацыя i дэідэалагізацыя гістарыяграфіі як галоўная перадумова яе навуковасці;

· гуманістычныя, агульначалавечыя i нацыянальна-дзяржаўныя каштоўнасці як крытэрый ісціны i ацэнкі гістарычных падзей, дзеячаў, фактаў;

· плюралістычная метадалогія, заснаваная на творчым засваенні розных тэорый сусветна-гістарычнага працэсу, найперш - на спалучэнні цывілізацыйнага i фармацыйнага падыходаў;

· аб'ектыўнасць адбору i аналізу фактаў, адпаведнасць зместу даследаванняў i навучальных дапаможнікаў дасягненням гістарычнай навукі, у тым ліку замежных распрацовак;

· разумение айчыннай гісторыі як арганічнай часткі еўрапейскай i сусветнай гісторыі;

· параўнальна-гістарычны падыход з выяўленнем спецыфічнага i агульнага ў сусветнай, рэгіянальнай i айчыннай гісторыі;

· адлюстраванне ў навуковых даследаваннях і, па магчымасці, у навучальных дапаможніках дыскусійных праблем i асноўных канцэпцый.

Адзначаныя падыходы, на наш погляд, дазволяць найбольш поўна i дакладна паказаць супярэчлівасць, шматварыянтнасць, а разам з тым адзінства i цэласнасць гістарычнага працэсу, яго паступальнасць. Адначасова яны забяспечваюць перадумовы для сапраўды творчай навуковай працы гісторыкаў - як даследчыкаў, так i выкладчыкаў, а таксама студэнтаў i вучняў.

Зыходзячы з адзначаных прынцыпаў, разгледзім у агульных рысах некалькі праблем i тэм па айчыннай гісторыі, якія ў афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі асвятляліся яўна тэндэнцыйна i патрабуюць прынцыповага перагляду.

1. ПАХОДЖАННЕ БЕЛАРУСКАГА ЭТНАСУ

У 50-х гадах у савецкай гістарыяграфіі ў якасці недатыкальнай догмы зацвердзіўся тэзіс аб утварэнні ў IX-XII стст. "на базе непасрэднага аб'яднання плямёнаў" ("Гісторыя Беларускай ССР, т. I, Мн., 1972, с. 172) адзінай старажытнарускай народнасці, якая быццам бы з'яўлялася "калыскай" трох братніх народаў рускага, украінскага i беларускага. Ненавуковасць яе дастаткова ясна выяўляецца ў тым, што яна ніяк не ўзгадняецца з агульнапрынятай у сусветнай навуцы канцэпцыяй аб індаеўрапейскім паходжанні большасці сучасных этнасаў Еўропы i Азіі, у тым ліку славянскіх. Пры ўсёй складанасці i шматварыянтнасці працэсаў этнагенезу, якія расцягнуліся на тысячагоддзі, пры відавочна недастатковай ix вывучанасці ўсё ж несумненна, што яны ў канчатковым выніку развіваліся па лініі дыферэнцыяцыі індаеўрапейскага праэтнасу на этнакультурныя супольнасці 1-га, 2-га, 3-га i г.д. парадку. Так, даследчыкі вызначаюць існаванне ў пэўны час балта-славянскай супольнасці, якая недзе на мяжы нашай эры распалася на асобныя супольнасці балтаў i славян; славяне затым падзяліліся на 3 групы (усходнія, заходнія, паўднёвыя). З усходняй трупы славян пры ўдзеле іншых этнічных субстратаў выдзеліліся рускі, беларускі i ўкраінскі народы.

Гэтая канцэпцыя ў савецкай гістарычнай літаратуры фактычна ігнаравалася. Ніводным словам не прыгадана яна нават у акадэмічнай 5-томнай "Гісторыі Беларускай ССР". Прычына ігнаравання відавочная. Калі прыняць канцэпцыю аб індаеўрапейскім паходжанні беларусаў, рускіх, украінцаў, тады не застаецца месца для ідэі аб утварэнні "на базе непасрэднага аб'яднання плямёнаў" адзінай старажытнарускай народнасці. Аб нейкай эканамічнай аснове аб'яднання гаварыць не даводзілася. Таму галоўным фактарам утварэння гэтай народнасці абвясцілі існаванне ў IX-XI стст. "адзінай цэнтралізаванай Старажытнарускай дзяржавы" з цэнтрам у Кіеве. Дадзены тэзіс выкарыстоўваўся таксама для адмаўлення існавання беларускай дзяржаўнасці ў раннефеадальны перыяд. Аб неадпаведнасці яго гістарычным рэаліям сведчыць палітычная гісторыя Полацкага княства, якое ў адзначаны перыяд толькі эпізадычна падпарадкоўвалася Кіеву. Не зважалі савецкія гісторыкі-марксісты i на К. Маркса, які ў адпаведнасці з фактамі характарызаваў Кіеўскую дзяржаву як "шматковую імперыю Рурыкавічаў". I, вядома, з парогу адкідалі як абсалютна непрымальныя высновы шэрагу вучоных XIX-XX стст. аб утварэнні беларускага этнасу ў дамангольскі перыяд.

Ці не пара зараз вярнуцца да гэтых высноваў, тым больш, што яны пацвярджаюцца ўсё новымі дадзенымі археалагічных даследаванняў аб узаемадзеянні на тэрыторыі верхняга Падняпроўя, Падзвіння, Папрыпяцця i Панямоння ў VI-X стст. i пазней славянскай i балцкай культур? Ці не пара прызнаць гэтае ўзаемадзеянне, а ў канчатковым выніку - славянізацыю балтаў на азначанай тэрыторыі як канчатковы i вырашальны фактар утварэння беларускага этнасу i беларускай мовы, асноўны лексічны масіў якой i фанетычныя рысы праз стагоддзі дайшлі да нашых дзён ў народных дыялектах? На мой погляд, для станоўчага адказу на дадзеныя пытанні цяпер ёсць дастатковыя падставы.

Прыблізна да гэтага перыяду (VI-XII стст.) адносіцца i ўзнікненне вялікарускага i ўкраінскага этнасаў на аснове славянізацыі іншых субстратаў. Агульнай літаратурнай мовай трох усходнеславянскіх народаў з часу прыняцця хрысціянства візантыйскага ўзору стала, як вядома, стараславянская пісьмовая мова, створаная братамі Кірылам i Мефодзіем. На яе аснове ў XIII-XIV стст. пачала складвацца старабеларуская літаратурная мова - шляхам насычэння лексікай з жывой народнай мовы i адлюстравання на пісьме яе пэўных фанетычных асаблівасцей (акання, дзекання, цэкання i г.д.). Гэты працэс у савецкай гістарыяграфіі да нашых дзён падаецца менавіта як працэс утварэння беларускай народнай мовы, з чым ніяк нельга пагадзіцца. Свядома ці несвядома атаясамліваюцца дзве розныя з'явы - літаратурная (пісьмовая) i народная (дыялектная) мовы.

Адхіляючы як надуманую канцэпцыю аб існаванні ў IX-XI стст. адзінай цэнтралізаванай старажытнарускай дзяржавы, а ў IX-XIII стст. - i адзінай старажытнарускай народнасці, беларускім гісторыкам трэба пазбавіцца i ад адпаведнай тэрміналогіі ў дачыненні да гісторыі Беларусі IX-XIV стст. Маю на ўвазе такія паняцці як "Западная Русь", "западнорусские земли", "западнорусское население", "западнорусская культура" i г. д. Гэта відавочныя штампы ідэалогіі "западноруссизма". Ix трэба замяніць тэрмінамі "Беларусь", "беларускі народ", "беларуская культура" i г. д. На маю думку, заслугоўвае падтрымкі i далейшай распрацоўкі выказаны у гістарыяграфіі тэзіс аб тым, што Полацкае i іншыя самастойныя княствы IX-XIII стст. на тэрыторыі Беларусі ўвасаблялі беларускую дзяржаўнасць на раннефеадальным этапе яе станаўлення i развіцця.

2. УТВАРЭННЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА. МЕСЦА I РОЛЯ БЕЛАРУСІ Ў ГЭТАЙ ДЗЯРЖАВЕ

Беларусь ("Западная Русь") адпаведнага часу паказвалася як ахвяра літоўскага заваявання, якое ў беларускай савецкай гістарыяграфіі другой паловы 40-х i 50-х гадоў атаясамлівалася нават з татара-мангольскім ігам у паўночнаусходняй Русі (гл. "Тезисы об основных вопросах истории БССР", выданне АН БССР, 1948 г.). Пазней гэтыя ацэнкі як цалкам неадпавядаючыя гістарычнай рэчаіснасці былі ў пэўных адносінах падкарэкціраваны, прыглушаны, але тэзіс аб ВКЛ як выключна літоўскай, чужой для беларусаў дзяржаве няўхільна праводзіўся праз нашу гістарыяграфію. Усялякія спробы характарызаваць ВКЛ як беларуска-літоўскую дзяржаву клеймаваліся як буржуазна-нацыяналістычныя, неадпаведныя марксісцкаму вучэнню аб дзяржаве i г.д. (успомнім сумна вядомую брашуру "У святле неабвержных фактаў"). А тое, што самі К. Маркс i Ф. Энгельс характарызавалі ВКЛ як адзін з двух цэнтраў дзяржаўнага аб'яднання ўсходніх славян, пад увагу не бралася, замоўчвалася. Ігнаравалася тая акалічнасць, што першапачатковую аснову, ядро ВКЛ склалі аб'яднаныя Міндоўгам, Таўцівілам i Войшалкам беларускія княствы верхняга Панямоння - Наваградскае, Слонімскае, Ваўкавыскае, Гарадзенскае; што няспынныя набегі крыжакоў з захаду i пагроза татара-мангольскага нашэсця з усходу i поўдня вымушалі іншыя беларускія i літоўскія землі-княствы да аб'яднання з гэтым ядром у адну магутную дзяржаву - Вялікае княства Літоўскае, Рускае i Жамойцкае. Зразумела, што гэты працэс у XIII-XIV стст. праходзіў у розных формах - i мірным, i нямірным шляхам. Аднак прынцыпова важна адзначыць, што ваенная сіла выкарыстоўвалася не толькі ў дачыненні да асобных усходнеславянскіх княстваў, але i ў адносінах да зямель этнічна літоўскіх (жмудскіх).

Тэзіс аб ВКЛ як дзяржаве чужаземнай у дачыненні да Беларусі, як дзяржаве, якая забяспечвала панаванне на беларускіх землях літоўскіх, а затым i польскіх феадалаў, да непазнавальнасці фальсіфікаваў усю гісторыю Беларусі XIII-XVIII стст., асабліва ваенна-палітычную. Замоўчвалася, што беларусы складалі значную, а да ўключэння ў склад ВКЛ Украіны i пасля Люблінскай уніі - большую частку войска княства, што з ліку беларускіх шляхецка-магнацкіх родаў, а часам i "людзей простых" выйшлі многія дзяржаўныя i царкоўныя дзеячы, асветнікі i вучоныя, палкаводцы i дыпламаты, якіх народ павінен памятаць i па праву ганарыцца імі. Замест гэтага як вядучы матыў нашай гісторыі перыяду ВКЛ настойліва праводзіўся тэзіс аб тым, што беларусы на працягу шасці стагоддзяў пастаянна імкнуліся вызваліцца з-пад уціску чужаземных, г.зн. літоўскіх i польскіх феадалаў, змагаліся з імі, i ўсе надзеі на вызваленне i ўз'яднанне з адзінакроўным i адзінаверным рускім народам ускладалi на вялікіх князёў маскоўскіх i цароў расійскіх, дапамагалі ім заваёўваць ("вызваляць") свае крэпасці, гарады i землі. Так абгрунтоўвалася "вызваленчая" місія Масквы ў адносінах да беларускага народа. Усе шматлікія захопніцкія войны Маскоўска-Расійскай дзяржавы з ВКЛ i Рэччу Паспалітай XV-XVIII стст., што прынеслі нашаму народу незлічоныя страты, увайшлі ў беларускую савецкую гістарыяграфію як войны вызваленчыя. Адзначым, што "цяга" беларусаў да Масквы абгрунтоўвалася спасылкай на існаванне старажытнарускай народнасці.

Адзначаныя прарасійскія вялікадзяржаўніцкія ўстаноўкі беларускай савецкай гістарыяграфіі адпаведным чынам адбіваліся на асвятленні не толькі палітычнай i ваеннай гісторыі Беларусі, але i пытанняў культуры беларускага народа. Працяглы час замоўчваліся ці яўна недаацэньваліся дзяржаўны статус старабеларускай мовы ў ВКЛ, дасягненні ў развіцці кнігадруку, грамадскай думкі, літаратуры, летапісання, права, архітэктуры, мастацтва i г. д.: зразумела, паднявольны народ не мог мець выдатных, еўрапейскага ўзроўню, дасягненняў i ў галіне культуры. Беларусь штучна адгароджвалі ад заходнееўрапейскіх уплываў, імкнуліся насуперак гістарычным фактам паказаць, што не яна ў XV-XVII стст. аказвала дабратворны ўплыў на культуру ўсходняга суседа, а, наадварот, - быццам усім лепшым у сваёй культуры беларускі народ абавязаны ўплыву Масквы.

3. СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ У СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

Уключэнне Беларусі ў межы Расійскай імперыі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай ацэньвалася ў савецкай гістарыяграфіі толькі станоўча - як "уз'яднанне" беларускага народа з братнім рускім народам i ажыццяўленне яго спрадвечнай мары. Па гэтым пытанні беларускія гісторыкі, марксісты-ленінцы, цалкам згаджаліся з ілжывым імперскім дэвізам Кацярыны II ("Отторженная возвратих") i адпаведнымі ацэнкамі рускай манархічнай гістарыяграфіі. Супрацьлеглыя ацэнкі К. Маркса i Ф. Энгельса i ў дадзеным выпадку поўнасцю ігнараваліся. Не рабіліся належныя высновы з вядомых фактаў раздачы велізарных масіваў беларускіх зямель царскай знаці i чыноўнікам, непрызнання царызмам існавання беларускага этнасу, ігнаравання беларускай мовы i культуры. Замоўчваліся хуткі рост падаткаў i паншчыны, дэспатызм улады, увядзенне рэкрутчыны, уціск уніятаў, якія ў канцы XVIII ст. складалі да 75% беларускага насельніцтва. Аб'ектыўная ацэнка "ўз'яднання" гісторыкамі нацыянальнай школы ("з агню ды ў полымя" - У. Ігнатоўскі) адкідвалася як буржуазна-нацыяналістычная, паклёпніцкая.

I ўвогуле пра палітыку царызму на Беларусі пісалі сцісла i глуха. Не паказвалі ўстанаўленне ў заходніх губернях у 1830-1865 гг. рэжыму выключных законаў, накіраваных на татальную русіфікацыю краю. У комплексе яны вызначалі каланіяльнае становішча беларускіх зямель. Да такіх мерапрыемстваў адносіліся: буйнамаштабнае, звязанае з масавымі рэпрэсіямі насаджэнне рускага землеўладання i чыноўніцтва; "разбор" шляхты, скасаванне уніі i гвалтоўнае далучэнне мільёнаў уніятаў да праваслаўя; адмена дзеяння Статута ВКЛ; закрыццё Віленскага універсітэта i Горы-Горацкага земляробчага інстытута; суцэльная русіфікацыя сярэдняй i пачатковай школы, пазбаўленне краю права на выбарнае земства i выбарныя міравыя суды, на адкрыццё вышэйшай навучальнай установи; забарона выбарнага дваранскага самакіравання, устанаўленне шматлікіх абмежаванняў для беларусаў-католікаў, мясцовых палякаў i яўрэяў. Гэта толькі невялікая частка вынікаў "уз'яднання", якія негатыўна адбіваліся на сацыяльнаэканамічным, грамадска-палітычным i культурным развіцці Беларуci.

У саракавыя гады савецкія гісторыкі, у тым ліку беларускія, без усялякіх дыскусій адкінулі агульнапрыняты ў даваенны перыяд тэзіс аб каланіяльным становішчы Беларусі ў Расійскай імперыі. Убачылі, відаць, што гэты тэзіс не стасуецца з тэзісам аб спрадвечным імкненні беларускага народа да ўз'яднання з вялікім рускім народам, што з яго вынікае выснова аб непазбежнасці беларускага нацыянальна-вызваленчага руху i ўвогуле нейкім чынам апраўдваецца імкненне "беларускіх буржуазных нацыяналістаў" да стварэння сваёй, незалежнай ад Расіі, дзяржавы. Дапусціць такое не маглі i праводзілі думку, быццам нацыянальныя, культурныя i рэлігійныя праблемы для беларусаў пасля "ўз'яднання" былi ў асноўным вырашаны i ім заставалася толькі змагацца разам з рускімі рабочымі i сялянамі супраць царызму, памешчыкаў i капіталістаў за сваё сацыяльнае вызваленне, за дэмакратыю i сацыялізм у бальшавіцкім разуменні гэтых паняццяў. Зыходзячы з вядомага ленінскага тэзісу аб дзвюх культурах у кожнай нацыянальнай культуры, фактычна адмаўлялі існаванне агульна-нацыянальнага культурнага i палітычнага руху. Ідэалагічныя i арганізацыйныя цэнтры апошняга (БСГ, газета "Наша ніва" i інш.) аб'явілі буржуазна-нацыяналістычнымі, контррэвалюцыйнымі, антынароднымі. А лідэраў Паўночна-заходняй абласной арганізацыі бальшавікоў - Мяснікова, Ландэра i інш., якія ў 1917-1918 гг. адкрыта стаялі на расійска-вялікадзяржаўніцкіх пазіцыях, адмаўлялі сам факт існавання самастойнай беларускай нацыі, мовы i культуры i зацята змагаліся з беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам нават прабальшавіцкага накірунку, абвяшчалі (услед за У. Леніным, I. Сталіным, Я. Свярдловым) вялікімі дзеячамі ў гісторыі беларускага народа, паколькі менавіта яны забяспечылі перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі на Беларусі i стварэнне БССР.

ГІСТОРЫЯ БЕЛ АРУСІ САВЕЦКАГА ПЕРЫЯДУ

Патрабуецца поўны перагляд савецкай гістарыяграфіі гэтага перыяду па ўсіх аспектах - дзяржаўна-палітычных, сацыяльна-эканамічных, нацыянальных, культурных, - паколькі яна фальсіфікавана цалкам. Для пацвярджэння дадзенага тэзісу дастаткова прааналізаваць некалькі фактаў, звязаных з палітыкай Леніна па беларускім пытанні. Як вядома, беларускія савецкія гісторыкі бясконца ўслаўлялі яе. Сапраўды, да захопу ўлады ў Расіі ў кастрычніку 1917 г. Ленін як быццам бы прызнаваў існаванне беларускай нацыі, выказваўся за прадастаўленне Беларусі нароўні з Фінляндыяй, Польшчай, Украінай права на самавызначэнне свайго лесу аж да аддзялення ад Расіі. Але ўжо ў снежні 1917 г. мясцовыя бальшавіцкія ўлады, відаць, з яго згоды ўзброенай сілай разагналі легальны, скліканы з санкцыі Наркамнаца РСФСР i пры яго фінансавай падтрымцы, небывала прадстаўнічы Усебеларускі з'езд (каля 1900 дэлегатаў), які, прызнаўшы СНК РСФСР на чале з Леніным, паспрабаваў рэалізаваць дэклараванае права Беларусі на самавызначэнне. I не пра аддзяленне ад Савецкай Расіі ставілася пытанне, а толькі пра аўтаномію. Аднак Ленін адобрыў разгон з'езда.

Услаўлялі Леніна як стваральніка суверэннай БССР. А Ленін пайшоў на гэты к рок выключна па кан'юнктурных меркаваннях. Пры тым рэальная ўлада ў "незалежнай" рэспубліцы заставалася ў руках мясцовага абкама бальшавікоў на чале з Мясніковым, цалкам падпарадкаванага ЦК РКП (б). Урад З. Жылуновіча павінен быў безагаворачна выконваць усе прадпісанні з Масквы, якія перадаваліся праз Мяснікова. Жылуновіч пачаў пратэставаць - i трапіў пад арышт. Больш таго: літаральна праз два тьдні пасля абвяшчэння БССР ЦК РКП (б) прыняў рашэнне аб яе скасаванні i стварэнні такой жа марыянетачнай Літоўска-Беларускай ССР. Пры гэтым ад БССР адабралі Віцебскую, Смаленскую i Магілёўскую губерні i ўключылі ў склад РСФСР. Летам 1920 г. БССР была абвешчана другі раз, але толькі ў межах 6 паветаў Мінскай губерні. Захопленую вясной 1919 г. тэрыторыю усходняй Беларусі РСФСР трымала аж да 1924-1926 гг. i вярнула далека не ўсё, што забрала.

Услаўлялі ленінскую ідэю савецкага федэралізму, быццам бы рэалізаваную пры ўтварэнні СССР, ганьбілі (пасля 1956 г.) сталінскую аўтанамізацыю. А розніцы паміж імі, па сутнасці, не было ніякай. Бо ва ўсіх савецкіх рэспубліках i да i пасля ўтварэння СССР захоўвалася дыктатура партыі бальшавікоў, арганізаванай на аснове так званага дэмакратычнага цэнтралізму, які забяспечваў усеўладдзе партапарату на чале з маскоўскім палітбюро ў кожнай савецкай рэспубліцы. Ідэя такой арганізацыі партыі i партыйнай дыктатуры пад выглядам "дыктатуры пралетарыяту" i Савецкай улады належала менавіта Леніну.

Выконваючы партыйныя ўстаноўкі, савецкія гісторыкі на працягу больш чым 70-ці гадоў паказвалі адзначаныя факты ў зусім іншым святле, свядома ці несвядома фальсіфікавалі гісторыю. I гэта ў той ці іншай ступені датычыць амаль усіх пытанняў гісторыі былых СССР i БССР савецкага перыяду. Усе трэба пераасэнсоўваць на аснове новых i раней вядомых крыніц, толькі глядзець на ix трэба, скінуўшы ідэалагічныя шоры, зыходзячы з гуманістычных, нацыянальнаi дзяржаўна-беларускіх пазіцый.

Задача надзвычай складаная i цяжкая, найперш у дачыненні да праблемы выкладання гісторыі ў сярэдняй i вышэйшай школе Беларусі, бо тут вырашаць яе трэба неадкладна, на хаду. Ранейшыя навучальныя дапаможнікі зараз - відавочны нонсенс. Тым больш што Масква па заказу нашага Міністэрства адукацыі прыслала на Беларусь падручнік па гісторыі Расійскай імперыі - СССР (XX ст.) пад назвай "Отечественная история". Пачатак рэальных зменаў абазначыўся ў 1991 г., калі па ініцыятыве Міністэрства адукацыі групай вучоных (кіраўнік М. Біч) быў распрацаваны i апублікаваны праект новай канцэпцыі гістарычнай адукацыі ў сярэдняй школе Беларусі ("Настаўніцкая газета", 1991, 30 лістапада). Паводле гэтай канцэпцыі курс Гісторыі СССР (фактычна - Расіі), раней галоўны ў нашай школе, як самастойны скасаваны i далучаны да курсу Сусветнай гісторыі. Курсу гісторыі Беларусі, які раней на працягу больш трох дзесяцігоддзяў з'яўляўся неабавязковым дадаткам да гісторыі СССР (Расіі), з 1992 г. нададзены статус самастойнай дысцыпліны з істотным павелічэннем вучэбнага часу для яго. Такім чынам, зараз i на перспектыву ў сярэдняй школе рэспублікі на базавай ступені вызначаюцца два абавязковыя курсы - Сусветнай гісторыі i Айчыннай гісторыі (гісторыі Беларусі). Суадносіны вучэбнага часу паміж імі прапануюцца такія: у 6-9 класах 51-34 гадзіны, у 10-11 класах 68-34 гадзіны. Сістэматычны курс гісторыі як сусветнай, так i айчыннай пачынаецца ў 5 класе, дзе суадносіны на ix 51-17 гадзін (3:1). "Эпизодические рассказы по истории СССР" з вучэбнай праграмы выключаюцца. У 1-3 класах уводзяцца ўрокі па гістарычнаму краязнаўству, у 4 класе - інтэграваны курс "Мая Радзіма - Беларусь", у якім прадугледжваюцца тры раздзелы: "Наш край", "Легенды аб гісторыі Беларусі", "Старонкі айчыннай гісторыі ў падзеях i асобах".

У цэлым вывучэнне гісторыі ў сярэдняй школе плануецца на трох ўзроўнях (без пачатковых класаў - на двух). Паколькі поўная сярэдняя адукацыя, якую забяспечваюць 10-11 класы, не будзе надалей абавязковай, то прадугледжваецца завяршэнне сістэматычнага вывучэння курсу гісторыі на другім узроўні, г. зн. у 9 класе. У 10-11 класах вывучэнне абодвух курсаў гісторыі паўтараецца ад старажытных часоў да нашых дзён, але на новым, праблемна-тэарэтычным узроўні. Гэта ў любым выпадку будзе карысна, асабліва для аднаўлення ў памяці вучняў старажытнай i сярэднявечнай гісторыі.

У пачатку 1992 г. Міністэрствам адукацыі быў створаны аўтарскі калектыў па распрадоўцы у адпаведнасці з канцэпцыяй базавых праграм па курсах Сусветнай гісторыі i гісторыі Беларусі для 5-11 класаў сярэдняй школы. У склад калектыву ўвайшлі прафесары i дацэнты Белдзяржуніверсітэта, Мінскага педінстытута, супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН Беларусі, БелНДІ адукацыі, Беларускай энцыклапедыі - усяго 21 чалавек. Яго ўзначальвае аўтар гэтага артыкула. Калектыў працаваў каля паўгода. За гэты час былі складзены першыя варыянты праграм для 5-9 класаў, а па гісторыі Беларуci - i некалькі эскізаў праграм для 10-11 класаў. На гэтай стадыі з ліпеня 1992 г. было спынена фінансаванне работы (дарэчы, вельмі сціплае). Перспектыва аднаўлення яго была няяснай. Відаць, з гэтай прычыны ў Міністэрстве адукацыі прыйшлі да думкі: публічна абмеркаваць тое, што атрымалася, каб паскорыць работу над праграмамі i каб аўтары пры дапрацоўцы маглі ўлічыць заўвагі больш-менш шырокага кола спецыялістаў. Таму тэрмінова - нават без абмеркавання ў калектыве складальнікаў - сабралі тэксты праграм для 5-9 класаў i пасля мінімальнага (з-за недахопу часу) рэдагавання выдалі ix у верасні 1992 г. у выглядзе брашуры накладам 60 паасобнікаў i разаслалі для абмеркавання ў абласныя ІУН, ва універсітэты, педінстытуты рэспублікі i Інстытут гісторыі АН Беларуci. Да пачатку лістапада атрымалі 10 пісьмовых водгукаў. Неўзабаве адбылося аб'меркаванне праектаў у Рэспубліканскім доме настаўніка, дзе выступіла кал я 20 чалавек. У цэлым праекты праграм атрымалі станоўчую ацэнку, але i крытычных заўваг было выказана шмат. На ix я спынюся ніжэй, а зараз неабходна ў агульных рысах сказаць, што ж уяўляюць сабою будучыя праграмы.

Яны прадугледжваюць наступны парадак вывучэння гісторыі ў сярэдніх агульнаадукацыйных школах рэспублікі.

5 клас - гісторыя цывілізацый старажытнага свету i старажытная гісторыя Беларуci (да канца V ст. н. э.);

6 клас - гісторыя цывілізацый сярэдніх вякоў i гісторыя Беларусі сярэдніх вякоў (V-XV стст.);

7 клас - сусветная гісторыя цывілізацый новага часу i гісторыя Беларусі новага часу (XVI-канец XVIII стст.);

8 клас - сусветная гісторыя цывілізацый новага часу i гісторыя Беларусі новага часу (канец XVIII ст. - 1918 г.);

9 клас - сусветная псторыя сучасных цывілізацый i гісторыя Беларусі сучаснага перыяду (з 1918 г. да нашых дзён);

10 клас - сусветная гісторыя цывілізацый ад старажытных часоў да канца XVIII ст. i гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.;

11 клас сусветная гісторыя цывілізацый XIX i XX стст. i гісторыя Беларусі з канца XVIII ст. да нашых дзён.

Як відаць, новыя праграмы забяспечваюць паралельнасць i сінхроннасць у вывучэнні курсаў сусветнай i айчыннай гісторыі. Яны вызначаюць прыкладны базавы (мінімальны) аб'ём ведаў па гісторыі для вучняў звычайных класаў агульнаадукацыйнай школы, які неабходны кожнаму жыхару нашай рэспублікі.

У якасці асноўнай мэты вывучэння Сусветнай гісторыі i гісторыі Беларусі ставіцца задача фарміравання сацыяльна актыўнай i нацыянальна свядомай творчай асобы з навуковым гуманістычным светапоглядам, якая засвоіла важнейшыя элементы гістарычных ведаў, садзейнічае захаванню i развіццю культуры, звычаяў, традыцый, нормаў маралі i права свайго i іншых народаў, можа крытычна аналізаваць мінулае i сучаснае, свядома арыентавацца ў сучасным грамадскім жыцці, разумець i выконваць абавязкі грамадзяніна сваёй рэспублікі.

Курсы гісторыі павінны абагаціць духоўны свет вучняў звесткамі аб асноўных падзеях, з'явах, датах, імёнах, паняццях, ідэях i заканамернасцях гістарычнага развіцця чалавецтва i сваёй радзімы, а ў старэйшых класах - садзейнічаць асэнсаванню вучнямі тэарэтычных асноў сусветна-гістарычнага працэсу i айчыннай гісторыі; навучыць школьнікаў знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі гістарычных працэсаў i падзей, вызначаць фактары, што абумовілі тэмпы, характар i асаблівасці развіцця розных краін i народаў; развіваць у вучняў гістарычнае мысленне, агульнанавучальныя, інтэлектуальныя i спецыяльныя навыкі, неабходныя для самастойнага вывучэння адпаведных гістарычных крыніц, папаўнення i выкарыстання ведаў па сусветнай i айчыннай гісторыі.

Для дасягнення адзначаных мэтаў прынцыпова абноўлены змест школьных праграм: яны вызвалены ад ідэалагічных установак, штампаў, догмаў марксісцка-ленінскай метадалогіі, манаполія якой ва ўмовах таталітарнага рэжыму прывяла савецкую гістарыяграфію да стану глыбокага крызісу. Вызначальны накірунак праграм - гуманізацыя ўсіх курсаў гісторыі, плюралістычная тэорыя i метадалогія, якая грунтуецца на творчым асэнсаванні i засваенні розных канцэпцый сусветна-гістарычнага працэсу. Праграмы арыентуюць на вывучэнне не абстрактных, надуманых схемаў i догмаў, а чалавека, яго жыцця i дзейнасці ў розных рэгіёнах, гістарычных эпохах i аспектах - вытворчых, сямейна-бытавых, культурных, грамадска-палітычных, дэмаграфічных, экалагічных i іншых.

Змест праграм адпавядае сучасным дасягненням гістарычнай навукі. Адноўлена праўда аб многіх падзеях i гістарычных дзеячах. Для праграм характэрна пастаноўка пытанняў у праблемным, параўнальным i альтэрнатыўным планах.

У аснову праграм па Сусветнай гісторыі i гісторыі Беларусі пакладзена ідэя паступальнага i супярэчлівага развіцця грамадства. Пабудова, перыядызацыя курсаў гісторыі, адбор i сістэматызацыя матэрыялаў вызначаюцца спалучэннем цывілізацыйнага i фармацыйнага прынцыпаў. Такі падыход забяспечвае аптымальныя магчымасці для высвятлення агульных заканамернасцей i спецыфікі сацыяльна-эканамічнага, палітычнага i культурнага развіцця чалавецтва, асобных рэгіёнаў i краін, сусветнай i айчыннай гісторыі, пераходных эпох i шмату кладнага грамадства. Гэты падыход дазваляе вывесці на належнае месца ў гісторыі праблемы культуры i духоўнага жыцця, якія раней - пры манаполіі фармацыйнага прынцыпу - яўна недаацэньваліся. У гэтай сувязі дарэчы адзначыць, што ў сферы культуры ў канцэнтраванай форме праяўляюцца ўсе бакі жыцця i дзейнасці чалавека, істотныя асаблівасці сацыяльна-эканамічнага i палітычнага ладу. Таму разам з фальклорам, грамадскай думкай, літаратурай i мастацтвам (што вывучаюцца традыцыйна) павінны асвятляцца культура працы, побыту, сямейных адносін, адзення, жылля, пасяленняў, каштоўнасць кожнай нацыянальнай культуры ў развіцці сусветнай культуры, асаблівасці менталітэту, ідэалогіі, маральных прынцыпаў i паводзін людзей розных эпох i рэгіёнаў.

Надежная ўвага надаецца ў праграмах вывучэнню гісторыі рэлігіі як адной з найважнейшых форм грамадскай свядомасці i асноў цывілізацыі.

Вывучэнне курсу айчыннай гісторыі ў 5-11 класах павінна садзейнічаць нацыянальна-культурнаму адраджэнню беларускага этнасу праз пазнанне непаўторнасці гістарычнага шляху, матэрыяльнай i духоўнай культуры народа, усведамленне яе нацыянальнай адметнасці i каштоўнасці ў суквецці славянскай, еўрапейскай i сусветнай культуры. Гэты курс закладвае аснову для адраджэння гістарычнай памяці i нацыянальнай свядомасці, пачуцяў нацыянальнай годнасці, гордасці, выхавання чалавека-грамадзяніна, патрыёта Беларусі (незалежна ад нацыянальнасці), добрага гаспадара на сваёй зямлі, адказнага за вынікі сваёй дзейнасці i перад сучаснікамі, i перад нашчадкамі.

Як ужо было сказана, праекты базавых праграм для 5-9 класау, а таксама адзначаныя мэты i задачы вывучэння курсаў гісторыі i сродкі ix дасягнення ў ходзе абмеркавання былі ацэнены, у асноўным, станоўча. Усе выказаныя крытычныя заўвагі i прапановы можна звесці да наступных палажэнняў:

· не ўлічаны ўзроставыя асаблівасці вучняў 5-9 класаў; многія раздзелы i тэмы па зместу блізкія да праграм ВНУ; аб'ём матэрыялу яўна не адпавядае аб'ёму вучэбнага часу;

· немэтазгодна па ўзроставых асаблівасцях вучняў пачынаць сістэматычнае вывучэнне гісторыі ў 5 класе; асаблівыя цяжкасці бачацца ў гэтых адносінах з выкладаннем старажытнай гісторыі Беларусі, заснаванай амаль выключна на археалагічных дадзеных;

· не назіраецца адзінства ў падыходах да асвятлення гісторыі розных эпох i рэгіёнаў, у адборы i сістэматызацыі фактаў;

· неабходна грунтоўна дапрацаваць зыходныя паняцці i прынцыпы, у першую чаргу вызначыць змест паняццяў "цывілізацыя" i "фармацыя";

· i ў новых праграмах акцэнт пастаўлены на вывучэнне сацыяльна-эканамічнай i палітычнай гісторыі, а не культуры;

· вывучэнне гістарычных заканамернасцей i прычынна-выніковых сувязей перанесді з 8-9 у 10-11 класы;

· з-за адсутнасці праграм для 10-11 класаў нельга вызначыць суадносіны ix 3 праграмамі 5-9 класаў;

· абвешчаным новым падыходам да асвятлення гісторыі яўна супярэчаць заідэалагізаваныя фармулёўкі раздзелаў i тэм па гісторыі СССР i БССР;

· у раздзелах "Усходнееўрапейская цывілізацыя" па ўсіх перыядах прадстаўлена адна Расія; незразумела, якія іншыя краіны ахоплівала гэтая цывілізацыя, не растлумачана ў дадзеных адносінах i месца Беларусі;

· вывучэнню гісторыі Расіі адведзена непрапарцыянальна многа месца; у той жа час гісторыя Украіны, Польшчы, іншых славянскіх краін, а таксама суседняй Прыбалтыкі амаль не асвятляецца;

· у згушчаных фарбах, неаб'ектыўна наказаны гісторыя ўзаемаадносін Беларусі i Расіі, савецкі перыяд у цэлым;

· у шэрагах выпадкаў з-за няяснасці крытэрыяў выклікае сумненні перыядызацыя, асабліва па гісторыі Беларусі;

· некаторыя дыскусійныя праблемы гісторыі Беларусі (этнагенез беларусаў, гісторыя беларускай дзяржаўнасці) падаюцца ў праграме як навукова вырашаныя.

Амаль усе пералічаныя заўвагі аўтарскі калектыў лічыць слушнымі i адпаведным чынам адрэагуе на ix пры дапрацоўцы праграм i напісанні навучальных дапаможнікаў. Акрамя таго, мы бачым i шэраг іншых пытанняў, якія выклікаюць дадзеныя праекты. Вельмі складаным уяўляецца вызначэнне аптымальнай мяжы паміж праграмамі 2-га i 3-га ўзроўняў. Першыя спробы напісання праграм для 10-11 класаў па курсу гісторыі Беларусі, адзначаныя вышэй, па большасці раздзелаў аказаліся яўна няз'далымі, паколькі ix аўтары прапанавалі нешта накшталт пашыраных спецкурсаў па гісторыі культуры, палітычнан ці сацыяльна-эканамічнай праблематыцы. Такія прапановы адхілены, бо няма сумнення, што курсы i сусветнай, i айчыннай гісторыі ў 10-11 класах павінны ахопліваць поўны цыкл гістарычнай праблематыкі.

Наперадзе яшчэ стаяць задачы па стварэнні праграм для класаў з паглыбленым вывучэннем гуманітарных i гістарычных дысцыплін, а таксама спецыялізаваных ліцэяў. Гэтыя праграмы будуць вызначаць узровень i характар патрабаванняў па курсах гісторыі на гістарычных факультэтах педінстытутаў i універсітэтаў рэспублікі. Пакуль, наколькі мне вядома, на кафедрах гісторыі ВНУ арганізаваная работа па перабудове гістарычнай адукацыі, стварэнні новых праграм вядзецца вельмі слаба. Ці яны разам з Міністэрствам адукацыі чакаюць, калі будзе распрацаваны поўны комплекс праграм для сярэдніх школ i ліцэяў? Дарэчы, былыя кафедры гісторыі СССР пакуль толькі фармальна перайменаваліся ў кафедры гісторыі славянскіх краін, а фактычна ix вучэбныя планы па-ранейшаму зарыентаваны на вывучэнне курсу гісторыі Расіі - СССР.

Адначасова з распрацоўкай базавых праграм зараз разгортваецца работа па напісанні новых падручнікаў па сусветнай i айчыннай гісторыі для 5-9 класаў (пералічаны вышэй). Міністэрствам адукацыі зроблены адпаведныя арганізацыйныя захады. Перад аўтарамі пастаўлена задача: напісаць у першым, прымальным для абмеркавання, варыянце новыя навучальныя дапаможнікі ў небывала сціслы тэрмін - літаральна да сакавіка 1993 г. - з разлікам выдаць ix да новага навучальнага года. На нарадзе ў міністра адукацыі аўтары выказвалі сумненні ў магчымасці паспяховага выканання гэтага надзвычай адказнага задання ў вызначаны тэрмін, але ўрэшце ўсе пагадзіліся з тым, што школа не можа далей працаваць па старых падручніках i трэба зрабіць усё, нават немагчымае ў звычайных умовах, каб дапамагчы ёй.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX