Папярэдняя старонка: Артыкулы

Ціхаміраў А. Беларуска-літоўскія дачыненні ў 1914 - 1920 гг. 


Аўтар: Ціхаміраў А.,
Дадана: 16-03-2012,
Крыніца: Спадчына №5-6 - 2000. С. 3 - 27.



У XIII-пачатку XIV ст. землі Літвы й Беларусі склалі аснову Вялікага Княства Літоўскага, калыскі беларускага й літоўскага народаў. Продкі сучасных літоўцаў далі назву насельнікам дзяржавы (іх называлі ліцвінамі), але самі ў сутнасці беларусізаваліся, прынялі старабеларускую мову як афіцыйную мову дзяржавы, а таксама праваслаўнае веравызнанне, якое панавала ў землях Полаччыны й Тураўшчыны. Пасля дынастычнай уніі з Польшчай у канцы XIV ст., якая ў 1569 г. была пераўтворана ў рэальную ўнію, на народы BKЛ аказвалася моцнае палітычнае й культурнае ўздзеянне з боку Польшчы. У рэшце рэшт, паланізацыя эліты прывяла да заняпаду літоўска-беларускае дзяржаўнасці, нягледзячы на тое, што элементы яе захоўваліся аж да канца XVIII ст., калі Літва й Беларусь інтэграваліся ў палітычную й сацыяльна-культурную прастору Расеі. Панаванне яе знізіла значнасць польскага ўздзеяння на гісторыка-культурнае развіццё ВКЛ (хоць цалкам яго не ліквідавала). У канцы XIX-пачатку XX ст. беларускія й літоўскія землі зблізіліся ў гаспадарчых дачыненнях, асобныя часткі, прыкладна роўныя ўзроўнем развіцця, знаходзіліся ў стане ўзаемнае залежнасці. Агульным цэнтрам духоўнага развіцця стала гістарычная сталіца ВКЛ - Вільня, якая ў Расейскай імперыі выконвала функцыі адміністрацыйнага цэнтра кіравання літоўска-беларускімі губернямі (Віленскай, Віцебскай, Горадзенскай, Ковенскай, Магілеўскай, Менскай).

Баланс сілаў у краі, сувязі, якія склаліся, парушыла першая сусветная вайна. Увосень 1915 г. бальшыню літоўскіх і частку беларускіх земляў да лініі Дзвінск - Вільня - Баранавічы - Пінск акупавалі германскія войскі. На гэтых тэрыторыях немцы стварылі ваенна-адміністрацыйную адзінку "Обер-Ост" (агульнае кіраўніцтва "Обер-Остам" ажыццяўляў камандуючы Усходняга фронту фельдмаршал П. фон Гіндэнбург, а непасрэднае кіраўніцтва - начальнік штабу генерал Э. фон Людэндорф). Да вясны 1917 г. "Обер-Ост" дзяліўся на акругі: Курляндыя, Літва й Беласток - Горадня (беларускія землі былі ў складзе дзвюх апошніх акругаў). Усходняя мяжа "Обер-Оста" адпавядала межам тэрытарыяльных памкненняў Германіі ў дачыненні да Расеі. Частка акупаваных беларускіх земляў (каля 33 тыс. кв. км) уваходзіла ў склад ваенна-аперацыйнай паласы паміж мяжой "Обер-Оста" й лініяй нямецка-расейскага фронту. Яны не падлягалі ўлучэнню ў склад Германіі, а перадаваліся Расеі ў выпадку магчымага дыпламатычнага гандлю.

Бальшыня нямецкіх палітыкаў і вайскоўцаў лічылі неабходным падтрымаць літоўскі нацыянальна-вызвольны рух. Як пісаў ва ўспамінах Людэндорф: "Генерал-фельдмаршал (Гіндэнбург. - А.Ц.) і я ставілі за мэту стварыць у вобласці, якая знаходзілася пад кантролем галоўнакамандавання на ўсходзе, герцагства Курляндыю і Вялікае Княства Літоўскае, якія... найцяснейшым чынам далучаліся б да Германіі і ўзначальваліся б Яго Вялікасцю; сувязь асабістай уніяй магла б быць, без розніцы, з стальцом прускага караля ці тронам германскага імператара. Такім чынам, Прусія ў ваенных дачыненнях атрымала б захаванне ад новага нападу з боку Расеі і адначасова набыла б тэрыторыю для ўладкавання нашых салдатаў пасля вайны"1.

Да беларускага нацыянальна-вызвольнага руху немцы ставіліся скептычна, бо лічылі яго надта слабым і прасякнутым сімпатыяй да іншых славянскіх народаў. Тым не менш яны не перашкаджалі развіццю беларускага нацыяналізму. 6 студзеня 1916 г. П. фон Гіндэнбург аддаў загад, у якім паставіў беларускую мову ў роўнае становішча з мовамі іншых народаў на тэрыторыі "Обер-Оста". Беларусам дазволілі ствараць свае адукацыйныя ўстановы (першая пачатковая беларуская школа створана ў Вільні ў лістападзе 1915 г., у 1916 г. колькасць пачатковых беларускіх школаў у Вільні ўзрасла да 5, апрача таго, яны дзейнічалі ў Горадні, Лідзе, Крынках, іншых мясцовасцях Заходняй Беларусі, у 1917 г. на абшарах Віленшчыны й Гарадзеншчыны існавала 126 беларускіх школаў). У 1915-1916 гг. Вільня, дзе знаходзіліся І.Луцкевіч, А.Луцкевіч, В.Ластоўскі, А.Пашкевіч (Цётка), Ф.Аляхновіч, Я.Станкевіч і інш., стала сапраўдным цэнтрам беларускага нацыянальна-культурнага руху. Тут дзейнічалі курсы падрыхтоўкі настаўнікаў, Беларускі клуб, Беларускае выдавецкае таварыства, Беларускі тэатр, Беларускі музей, са студзеня 1916 г. двойчы на тыдзень выдавалася беларускамоўная газета "Гоман".

Грамада беяарускіх I яітоўскіх дзеячоў у Горадні. Сядзяць (злева направа): П. Крэчэўскі, загадчык канцылярыі Міністэрства беларускіх справаў; а. I. Карчынскі, сябра Літоўскае Тарыбы; Я. Варонка, кіраўнік міністэрства;  А. Жылінскі, упаўнаважаны прадстаўнік Літоўскага Ўраду на Горадзеншчыне; Э. Курлаў, старшыня Горадэенскай Беларускай Управы;  А. Азнабішын; стаяць: К. Езавітаў, палкоўнік; Б. Гедрайціс, прадстаўнік Галоўнага штабу Збройных сілаў Літвы; К. Шчэрба-Равіч, беларускі афіцэр; С. Лазарайціс, сакратар прадстаўніка Літоўскага Ўраду; д-р К. Бялецкі, сябра Літоўскае Тарыбы; В. Боеў, сябра Горадзенскай Беларускай Управы; Я. Кургановіч, сакратар Міністэрства беларускіх справаў; М. Лаўрэнцьеў, камандзер 1-га Беларускага палка; М. Дзямідаў, капітан. Люты 1919 г.

Актыўна займаючыся культурна-асветніцкай дзейнасцю, беларуская інтэлігенцыя паступова стварала свае грамадскія й палітычныя арганізацыі. Каардынацыйным цэнтрам такіх арганізацыяў на тэрыторыі, якая знаходзілася пад кантролем Германіі, стаў Беларускі народны камітэт у Вільні.

Гаспадарчыя й культурныя адрозненні ад Расеі спрыялі ўзнікненню тэорыяў, якія грунтаваліся на ідэі аб магчымасці й неабходнасці існавання Беларусі як незалежнай дзяржаўна-палітычнай адзінкі, суб'екту міжнароднага права. Першапачатна прадстаўнікі "віленскае групы" планавалі адрадзіць беларускую дзяржаўнасць у выглядзе ўніі Беларусі й Літвы. У снежні 1915 г. у Вільні стварылі Часовую раду Канфедэрацыі ВКЛ. У звароце ("універсале"), складзеным на літоўскай, польскай, беларускай і гэбрайскай (ідыш) мовах 15 снежня 1915 г., гаварылася пра намер стварыць з літоўскіх і беларускіх земляў, якія знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй, дзяржаву - Вялікае Княства Літоўскае - "на фундаменце незалежнасьці Літвы й Беларусі, як суцэльнае дзяржавы, засьцерагаючы ўсім нацыям у яе межах усе правы"2. Зварот падпісалі прадстаўнікі літоўскіх, беларускіх, польскіх і гэбрайскіх арганізацыяў (ад імя беларусаў яго падпісалі І.Луцкевіч, А.Луцкевіч, Д.Сямашка, В.Ластоўскі). У лютым 1916 г. праект стварэння Канфедэрацыі ВКЛ атрымаў далейшую канкрэтызацыю ў адозве, складзенай заснавальнікамі Канфедэрацыі. У прыватнасці, у адозве больш дэталёва акрэсліваліся межы новага дзяржаўнага ўтварэння. Планавалася, што ў склад Канфедэрацыі ВКЛ увойдуць Віленская й Ковенская губерні, беларускія й літоўскія часткі Сувалкскае ды Горадзенскае губерняў, літоўская частка Курляндыі, частка Менскае губерні, звязаная з Віленскім цэнтрам. Сталіцай новае дзяржавы муста стаць Вільня, дзе планавалася склікаць Устаноўчы сойм дзеля распрацоўкі канстытуцыі Канфедэрацыі3. 21 траўня 1916 г. Рада Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага пераўтвораная ў Пастаянную літоўска-беларускую камісію.

Але ў 1916 г. дачыненні паміж літоўцамі й беларусамі пачалі пагаршацца з-за амбіцыяў кіраўнікоў, а таксама палітыкі германскіх акупацыйных уладаў, якія не жадалі залішняга (на іх погляд) узмацнення Літвы. Гэта вымусіла "віленскую групу" актывізаваць свае выступленні на міжнароднай арэне. Увесну 1916 г. І.Луцкевіч і А.Луцкевіч прапанавалі стварыць саюз у складзе Латвіі, Літвы, Беларусі й Украіны (г.зв. Балтыйска-Чарнаморскі саюз), які, на іхную думку, мог змяніць традыцыйны баланс сілаў у рэгіёне, вывесці маладыя дзяржавы з-пад залежнасці ад Польшчы, Расеі, узмацніць абараназдольнасць і дапамагчы аднаўленню разбуранай падчас вайны эканомікі.

Беларускія дзеячы планавалі выступіць з адпаведнымі тэзамі на ІІІ канферэнцыі нацыяў, правядзенне якой планавалася ў Лазане ў чэрвені 1916 г. Яны лічылі мэтазгодным накіраваць туды сумесную беларуска-літоўскую дэлегацыю. Але літоўцы правялі напярэдадні канферэнцыі (26 чэрвеня 1916 г.) асобную параду, на якой вырашылі дзейнічаць у Швейцарыі самастойна. У пастанове нарады адзначалася: "На падставе таго, што Літва была калісьці незалежнай дзяржавай і, патрабуючы сваіх правоў, не мае ніякага намеру супрацьдзейнічаць таму, каб народы, якія жывуць у Вялікім Княстве Літоўскім, асабліва беларусы, самі вырашалі свой лёс"4. У сувязі з гэтым беларусы накіравалі ў Швейцарыю самастойную дэлегацыю ў складзе І.Луцкевіча, В.Ластоўскага. У мемарандуме, зачытаным імі на канферэнцыі (27-29 чэрвеня 1916 г.), рабіўся націск на права беларусаў на самастойнае існаванне. У заключнай частцы мемарандуму гаварылася: "Цяпер, дзякуючы канферэнцыі народаў, мы маем магчымасьць першы раз за 120 гадоў заявіць цывілізаванаму свету аб поўным браку ў нас правоў, ад каторага мы цярпелі ў дзяржаве Расейскай. Мы просім у цывілізаваных народаў спагады нам і падтрыманьня, каб прымусіць да пашаны нашых нацыянальных і культурных правоў. Мы можам, нарэшце, спадзявацца, што, які б ня быў канец вайны, народы Эўропы памогуць нам забясьпечыць Беларусі ўсе палітычныя і культурныя правы, якія дадуць нашаму народу магчымасьць вольна разьвіваць свае інтэлектуальныя, маральныя і эканамічныя сілы, і што гэтыя правы дадуць нам магчымасьць стацца гаспадарамі на нашай уласнай зямлі"5.

У 1917 г. падтрымка літоўскага нацыянальнага руху стала дамінантай "усходняй" палітыкі Германіі. На нарадзе, якая адбылася ў Кройцнаху 23 красавіка 1917 г. з удзелам германскага канцлера Міхаэліса і П. фон Гіндэнбурга, адзначалася, што мяжой Курляндыі й Літвы (іх планавалася ўключыць у склад Германіі) павінна стаць лінія Беласток - р. Неман на поўдзень ад Ліды. Таксама кіраўнікі Германіі разгледзелі пытанне пра дачыненні Літвы й створанага ў кастрычніку 1916 г. са згоды Германіі й Аўстра-Вугоршчыны на землях "рускай" Польшчы Каралеўства Польскага, звярнуўшы асаблівую ўвагу на тое, што Вільня й Белавежская пушча мусяць застацца па-за межамі Польскае дзяржавы6.

Улетку 1917 г. немцы прапанавалі літоўцам стварыць прадстаўнічы орган, які б мог стаць пасрэднікам паміж Германіяй і Літвой і якому Германія магла б выказваць давер (апрача прадстаўнікоў літоўскіх арганізацыяў у перамовах з немцамі ўдзельнічаў і Я.Станкевіч, ад хрысціянскае дэмакратыі Літвы й Беларусі7). Са згоды немцаў літоўцы змаглі наладзіць у Вільні 18-22 верасня 1917 г. нацыя- нальную канферэнцыю, якая вырашыла "ўвайсці ў вызначаныя, яшчэ падлягаючыя ўстанаўленшо, дачыненні з Германіяй" і абрала раду - Тарыбу - у складзе 20 чалавек (кіраўнік А.Смятона). У канцы верасня 1917 г. Тарыбу прызнала германскае камандаванне на Ўсходзе ў якасці органу, паўнамоцнага выступаць ад імя літоўскага народу. 11 снежня 1917 г. Тарыба прыняла дэкларацыю, у якой абвесціла пра "спыненне ўсялякіх дзяржаўных сувязей, якія калі-небудзь існавалі паміж Літвой і іншымі дзяржавамі", і выказалася "за адвечныя і трывалыя сувязі Літвы з Германскай імперыяй... на асновах ваеннай канвенцыі і канвенцыі сувязі, а таксама на асновах адзінай мытнай і валютнай сістэмы". 26 студзеня 1918 г. Тарыба пацвердзіла пастанову ад 11 снежня, дадаўшы да яе пункт, што "канчаткова вызначыць асновы Літоўскае дзяржавы і яе дачыненні з суседнімі дзяржавамі павінен Устаноўчы сойм". 9 лістапада 1918 г. з дазволу акупацыйных уладаў літоўцы стварылі першы ўрад на чале з А.Вальдэмарасам. 23 лістапада літоўскія ўлады выдалі дэкрэт аб фармаванні войска, атрымаўшы неабходную падтрымку з боку Германіі (улады Германіі далі Літве пазыку ў 100 млн. марак і паабяцалі перадаць літоўскай арміі зброю й амуніцыю).

Карыстаючыся падтрымкай, літоўцы ў 1917 г. у сутнасці адмовіліся ад супрацоўніцтва з беларусамі, але адначасова настойвалі на ўключэнні ў склад сваёй дзяржавы Віленскае губерні, а таксама часткі Горадзенскае й Менскае губерняў, спасылаючыся на свае "гістарычныя правы" на гэтыя землі. Беларускія дзеячы расцанілі патрабаванні літоўцаў як імкненне падзяліць тэрыторыю Беларусі і выказалі катэгарычную нязгоду з імі. У адказ на гэтыя патрабаванні В.Ластоўскі заснаваў у Вільні арганізацыю "Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі", якая дамагалася захавання тэрыторыі Беларусі ў межах Віленскае, Віцебскае, Горадзенскае, Менскае й Магілеўскае губерняў, дзе паводле звестак расейскага перапісу 1897 г. пераважала беларускае насельніцтва.

Разам з тым прыхільнікі беларускага нацыянальнага адраджэння не адмаўляліся ад магчымасці стварэння беларуска-літоўскае канфедэрацыі. Адпаведная ўстаноўка знайшла адлюстраванне ў рашэннях нарады беларускіх сацыялістычных партыяў, якая адбылася ў Вільні ў снежні 1917 г., а таксама беларускай канферэнцыі ў Вільні ў студзені 1918 г. (на канферэнцыі стварылі Віленскую беларускую раду, якая стала каардынацыйным цэнтрам беларускіх арганізацыяў і прадстаўнічым органам беларускага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі, акупаванай Германіяй; кіраўніком рады стаў А.Луцкевіч).

Прыклад Літвы істотна ўздзейнічаў на развіццё беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ўвесну 1918 г. У лютым 1918 г. Віленская беларуская рада вітала признание Германіяй незалежнасці Літвы, абвешчанай 16 лютага 1918 г., разглядаючы яго "як першы крок да ажыццяўлення адвечнага імкнення беларускага народу да аднаўлення свабоднага і самастойнага Вялікага Княства Літоўскага ў яго гістарычных межах - злучанай Літвы і Беларусі". Разам з тым ВБР адмаўлялася прызнаць права Тарыбы выступаць на міжнароднай арэне ад імя былога ВКЛ і патрабавала неадкладнага склікання дэмакратычна абранага прадстаўніцтва насельніцтва Літвы дзеля вызначэння дачыненняў паміж літоўцамі і беларусамі і дзеля пацверджання прынятых дагаворных абавязацельстваў8. 25 сакавіка 1918 г. на паседжанні ў Менску Рада БНР абвесціла пра незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах. Найперш гэты акт быў накіраваны супраць Расеі, ад якой фармальна аддзялялася Беларусь, але ўскосна юрыдычны акт Рады БНР скіраваны й супраць Літвы, бо ў ім фактычна адмаўляліся літоўскія памкненні на беларускія землі й нічога не гаварылася пра жаданне злучыцца з літоўцамі.

Увосень 1918 г. ва ўмовах аслаблення Германіі й яе хаўруснікаў у першай сусветнай вайне беларусы зноў схіляліся да развіцця кантактаў з літоўцамі. 3 15 па 27 лістапада 1918 г. у Вільні адбыліся перамовы паміж прадстаўнікамі ВБР і Тарыбы. У выніку падпісалі пагадненне, на падставе якога частка Беларусі (пераважна Горадзеншчына й Віленшчына) мусіла ўвайсці ў склад Літоўскае рэспублікі на правах аўтаноміі. Літоўскі ўрад абавязваўся прызначаць службовых асобаў на этнічна беларускіх землях толькі са згоды ўраду БНР. Ва ўрадзе Літвы стваралася спецыяльнае Міністэрства беларускіх справаў. Беларускія прадстаўнікі мусілі атрымаць 25 працэнтаў месцаў у складзе Тарыбы (6 месцаў). Літоўскі ўрад абавязваўся забяспечваць непадзельнасць заходніх беларускіх межаў і асігнаваць на арганізацыю беларускае тэрыторыі суму, якая адпавядала яе памерам і колькасці насельніцтва. Апрача таго, літоўцы абяцалі забяспечыць неабходныя ўмовы для развіцця беларускае культурычі адукацыі на землях, якія пераходзілі ў склад Літвы9. У лістападзе 1918 г. са згоды літоўскага ўраду ў Вільні пачалося фармаванне беларускіх аддзелаў пры літоўскай арміі (працэсам кіраваў генерал Ц. Кандратовіч)10.

27 лістапада 1918 г. у склад Тарыбы на падставе віленскіх дамоўленасцяў увайшлі В.Ластоўскі, І.Луцкевіч, Я.Станкевіч, В.Талочка, К.Фалькевіч, Д.Сямашка. 1 снежня 1918 г. было створана Міністэрства беларускіх справаў, якое ўзначаліў Я.Варонка. У студзені 1919 г. у склад літоўскае дэлегацыі, якая выехала ў Парыж на мірную канферэнцыю, быў уключаны прадстаўнік беларусаў Д.Сямашка11.

У пачатку 1919 г. літоўскія і беларускія землі сталі арэнай барацьбы паміж Польшчай, якая ў лістападзе 1918 г. адрадзіла сваю дзяржаўнасць, і Савецкай Расеяй. Ва ўмовах, што склаліся, у студзені - сакавіку 1919 г. значная частка прыхільнікаў БНР імкнулася да ўмацавання сувязяў з Літвой (яе кіруючыя органы знаходзіліся ў Коўне пасля заняцця савецкімі войскамі ў снежні 1918 г. Вільні). Найбольш паслядоўна ідэю "канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага" адстойваў Я.Варонка, міністр беларускіх справаў ва ўрадзе Літвы (міністэрства ў пачатку 1919 г. знаходзілася ў Горадні). У дэкларацыі, накіраванай прэм'ер-міністру Літвы 8 снежня 1918 г., гаварылася: "Пастаўлены выконваць і абараняць інтарэсы беларускіх жыхароў у граніцах новабудаванага Летувіскага Гаспадарства, зьяўляючыся староньнікам народаўладзтва і згоднага хаўруснага жыцьця ўсіх народаў, заканчэньнем дзяржаўнага будаўніцтва Летувы я лічу заснаваньне незалежнай Летувіскай Народнай Рэспублікі ў фэдэрацыі з суседзямі, якая найболей будзе адпавядаць яе інтарэсам, з аўтаномным упраўленьнем дзеля тых частак, якія ўсуцэль заселены нелетувіскай нацыянальнасьцю і акажуцца ў граніцах новабудаванага Гаспадарства і з нацыянальна-пэрсанальнай аўтаноміяй дзеля ўсіх меншасьцяў у Гаспадарсьцьве наагул"12. Мэтазгоднасць такой арыентацыі Варонка бачыў у тым, што ўрад Літвы атрымліваў рэальную падтрымку з боку Германіі й можна спадзявацца на тое, што Германія, дапамагаючы Літве, падтрымае й Беларусь.

Увесну 1919 г. прадстаўнікі БНР уваходзілі ў склад літоўскіх дэлегацыяў на перамовах з палякамі, дзе адстойвалі правы Літвы на землі Віленшчыны й Горадзеншчыны13. У чэрвені 1919 г. Д. Сямашка перадаў старшыні Парыжскае мірнае канферэнцыі мемарандум пра становішча беларусаў у Літве. У ім сцвярджалася: "...Прадстаўнікі Беларускага народа працуюць у поўнай згодзе з урадам Літвы. Язэп Варонка нясе абавязкі Міністра па Беларускіх Справах у Літоўскім Кабінеце Міністраў, а Дамінік Сямашка дэлегаваны на Мірную Канферэнцыю Беларускім Нацыянальным Саветам, зацверджаны Літоўскім Урадам і ў цяперашні час з'яўляецца зусім раўнапраўным членам Літоўскай Дэлегацыі ў Парыжы. Літоўскі Ўрад у Беларускія паветы прызначае чыноўнікаў толькі па рэкамендацыі беларускіх арганізацый і ўстаноў (і кіруе з поўнага адабрэння народа). У сувязі з тым, што толькі поўнае раўнапраўе гарантуе асноўныя прынцыпы Канстытуцыі Літоўскае Дзяржавы і дае ўсім нацыянальнасцям магчымасць поўнага развіцця, Беларусы, якія здаўна насяляюць Літву, лічаць, што іх правы на поўнае развіццё тым самым з'яўляюцца найлепей абароненымі Канстытуцыяй, і спадзяюцца, што супрацоўніцтва і далейшае мірнае суіснаванне Беларусаў і Літоўцаў зробіць з Літвы квітнеючую дзяржаву і дазволіць ёй дасягнуць поўнага развіцця"14.

Але не ўсе "айцы" БНР разглядалі будучыню Беларусі выключна ў лучнасці з Літвой. Даволі скептычна разглядаў перспектывы такога звязу А.Луцкевіч, які ўзначаліў урад БНР у верасні 1918 г. Ён лічыў, што літоўцы толькі выкарыстоўваюць беларусаў для падмацавання сваіх памкненняў на Вільню й не збіраюцца іх рэальна й эфектыўна падтрымліваць. У студзені 1919 г. ён выступаў супраць накіравання на Парижскую мірную канферэнцыю беларусаў у складзе літоўскае дэлегацыі й лічыў, што беларусы павінны выступаць на канферэнцыі самастойна15.

У сярэдзіне 1919 г. беларуска-літоўскія дачыненні зноў пачалі пагаршацца. Літоўцы абыякава ставіліся да патрэбаў беларусаў і не ўспрымалі іх як роўных партнёраў, вырашаючы галоўным чынам свае праблемы. Так, В.Шаўліс на перамовах з палякамі ў Варшаве ў красавіку 1919 г. сцвярджаў, што беларусы згодны на падзел іхнае тэрыторыі16. Адпаведная думка выказвалася й на сустрэчы паміж палякамі й літоўцамі ў траўні 1919 г., калі літоўцы выказалі намер перадаць паўднёва-ўсходнюю частку Менскае губерні, а таксама Віцебскую і Смаленскую губерні ў склад Расеі, падкрэсліўшы, што лёс беларусаў на гэтых тэрыторыях іх не цікавіць.

14 траўня 1919 г. А.Луцкевіч даручыў П.Крэчэўскаму правесці перамовы з урадам Літвы й асаблівую ўвагу звярнуць на неабходнасць узгаднення пазіцыяў у пытаннях знешняй палітыкі, арганізацыі беларускіх узброеных сілаў і вызначэння тэрыторыі дзеля фармавання беларускага войска17. У траўні-чэрвені 1919 г. П.Крэчэўскі правёў перамовы з літоўцамі. Вынікі паказалі, што яны не жадаюць улічваць пазіцыю беларусаў у сваёй палітыцы. "Аб Вільні, што яна этнаграфічна належыць да Беларусі, і слухаць не хочуць, на супольную працу, каб зрабіць Вільню агульнай сталіцай, з сумесным соймам ня ідуць", - адзначаў П.Крэчэўскі ў данясенні ўраду БНР. Таксама, з яго словаў, літоўцы адхілілі прапанову беларусаў аб арганізацыі беларускага войска.

Пазіцыя літоўцаў выклікала раздражненне ў беларускіх дзеячоў. Улетку 1919 г. прадстаўнік БНР у Тарыбе В.Ластоўскі адмовіўся ўдзельнічаць у распрацоўцы закону аб выбарах, спаслаўшыся на тое, што літоўцы парушаюць дамоўленасці, дасягнутыя ў канцы 1918 г. "Беларускае прадстаўніцтва ў Літве ў праве лічыць, што літоўскі ўрад кіруецца да анэксіі беларускай тэрыторыі, уключанай ім у свае граніцы, а не да супольнай працы - дзяржаўнага будаўніцтва, і таму пастанаўляе ўстрымацца ад працы ў камісіі, пакуль не будзе адповедзі на прыведзеныя вышэй нашы праўна-дзяржаўныя дачыненні...", - падкрэсліў ён. На паседжанні Надзвычайнае дыпламатычнае місіі БНР у Берліне 2 ліпеня 1919 г. пры разглядзе пытання аб беларуска-літоўскіх дачыненнях было заўважана: "Прыймаючы пад увагу ўсе матэр'ялы аб адносінах да беларусаў як самога Ўраду Літвы, так і яго прэдстаўнікоў за граніцай, Урад Б.Н.Р. прыходзіць да поўнага перакананьня, што праца і палітыка літвіноў у гэты момэнт вядзецца толькі к таму, каб анэксаваць іскані беларускія землі Віленшчыны і Гродзеншчыны, Беларускі Ўрад прызваны праводзіць у жыцьцё пастановы як Усебеларускага Конгрэсу ў Менску 1917 г., так і Беларускага З'езду Віленшчыны і Гродзеншчыны ў Вільні 1919 г., стаячых цьвёрда на грунце непадзельнасьці і незалежнасьці Беларусі, ня можэ згадзіцца з такой шкадлівай для Беларусі палітыкай літвіноў і лічыць патрэбным усімі сіламі спыніць яе - а дзеля гэтага даручае свайму прадстаўніку дзеля перагавораў з Літоўскім Урадам зьвярнуцца да апошняга з абаснаванай нотай і катэгорычным запытаньнем, - чы Літоўскі Ўрад думае і надалей вясьці такую жа здрадную палітыку ў адносінах да Беларусі, не згаджаючыся на ўстанаўленьне цьвёрдых добрасуседзкіх адносін на аснове будаваньня супольнай Белар.-Літоўскай Дзяржавы. У зьвязку з адказам Літоўскага Ўраду, Беларускі Ўрад застаўляе за сабою права прыняць аканчацельныя крокі, якія будуць усецэла адпавядаць інтэрэсам беларускага народу ў яго дзержаўных адносінах да Літвы"18. У той жа дзень В.Ластоўскі выступіў з заявай ад імя беларускага прадстаўніцтва ў Тарыбе, дзе заўважыў, што Д.Сямашка пазбаўлены права выступаць у складзе літоўскае дэлегацыі ад імя Беларусі ў сувязі з "грубымі перадзержкамі" ў мемарандуме, перададзеным ім Парыжскай мірнай канферэнцыі, і звярнуў увагу на тое, што паводле дамоўленасці з літоўскім урадам у склад літоўскае дэлегацыі на мірнай канферэнцыі павінны ўваходзіць два беларусы.

21 ліпеня 1919 г. літоўскі міністр замежных справаў заявіў П.Крэчэўскаму, што літоўскі ўрад .жадае падтрымліваць з Беларуссю "найпрыязнейшыя суседскія дачыненні і гэтым пунктам погляду будзе кіравацца і ў дачыненнях да загранічнай палітыкі Беларускага Ўраду". Таксама ён заўважыў, што ўрад будзе лічыць беларускую армію "арміяй сяброўскае дзяржавы", але ў цяперашні момант не можа даць дазвол на яе фармаванне на літоўскай тэрыторыі "з прычыны недахопу прадуктаў харчавання і істотнага спусташэння краіны падчас акупацыі". П.Крэчэўскі палічыў адказ міністра фармальным і запатрабаваў адказаць на канкрэтныя пытанні:

"1) чы запраўды Літоўскі Ўрад хочэ анэксіраваць Горадзеншчыну і Віленшчыну, як спакон векоў беларускія землі;

2) якую рэальна, а не на словах, Літоўскі Ўрад можэ даць гарантыю найпрыязнейшых добрасуседскіх адносін да Беларускай Рэспублікі і

3) калі такія дачыненні магчымы, то ў якой форме - федэрацыі, конфэдэрацыі, чы іншэй яны могуць выявіцца".

Праўдападобна, беларусы не атрымалі належнага адказу з літоўскага боку. У канцы жніўня 1919 г. урад БНР на сваім паседжанні ў Берліне прыняў рашэнне аб ліквідацыі беларускіх установаў пры літоўскім урадзе (у тым ліку Міністэрства беларускіх справаў), але вырашыў захаваць дыпламатычнае прадстаўніцтва БНР у Літве.

У канцы 1919 г. у дачыненнях паміж літоўцамі і беларусамі ўзніклі канфліктныя сітуацыі. Так, 21 снежня 1919 г. на станцыі Вержбалава літоўская контрвыведка арыштавала некалькіх дыпламатычных прадстаўнікоў БНР на чале з Я.Чарапуком, якія накіроўваліся ў Рыгу, ускрылі дыпламатычны багаж беларускае дэлегацыі і абшукалі яго. Чарапука змясцілі ў ковенскую турму, дзе ён правёў 24 дні без прад'яўлення якіх-небудзь абвінавачанняў. Пры затрыманні літоўцы спасылаліся на загад міністра замежных справаў сваёй краіны. Дзеянні літоўскага боку выклікалі пратэст з боку Вайскова-дыпламатычнае місіі БНР у Прыбалтыцы. Чарапука вызвалілі, і ён паспрабаваў прыцягнуць да адказнасці міністра замежных справаў Літвы, але ягоны зварот не быў задаволены літоўскім пракурорам19.

Разам з тым сумесная барацьба супраць дамаганняў Польшчы на землі "гістарычнае Літвы" спрыяла наладжванню супрацоўніцтва паміж урадамі БНР і Літвы. У студзені 1920 г. урад БНР лічыў свае дачыненні з Літвой сяброўскімі. На яе тэрыторыі дзейнічалі беларускія вайсковыя аддзелы, у складзе ўраду захоўвалася Міністэрства беларускіх справаў (да красавіка 1920 г. яго ўзначальваў Я.Варонка, з красавіка 1920 г. - Д.Сямашка). У лютым 1920 г. дачыненні паміж кіраўнікамі абедзвюх дзяржаваў палепшыліся нагэтулькі, што Народная рада і ўрад БНР на чале з В.Ластоўскім палічылі мэтазгодным пераехаць у Коўна (Каўнас)20.

31 сакавіка 1920 г. літоўскі ўрад выказаў намер заключыць мір з РСФСР пры ўмове прызнання бальшавікамі незалежнасці Літвы ў яе этнаграфічных межах са сталіцай у Вільні21. 2 красавіка 1920 г. наркам замежных справаў РСФСР Р.Чычэрын накіраваў літоўскаму боку радыёграму, у якой заяўлялася, што ўрад РСФСР прымае прапанову аб пачатку перамоваў па выпрацоўцы і заключэнні мірнае дамовы паміж Савецкай Расеяй і Літвой, адной з умоваў якое будзе прызнанне незалежнасці літоўскае дзяржавы. Таксама савецкі бок выказаў прынцыповую згоду на вызначэнне межаў Літвы ў адпаведнасці з этнаграфічным прынцыпам22.

7 траўня 1920 г. у Маскве пачаліся мірныя перамовы паміж РСФСР і Літвой. Літоўскі бок прадстаўлялі Т.Нарушавічус (кіраўнік дэлегацыі), П.Клімас, І.Вайлокайціс, В.Рачкаўскас, К.Бізаўскас, С.Розэнбаўмас. Савецкую дэлегацыю ўзначальваў А.Іофэ. Падчас перамоваў літоўцы настойвалі на прызнанні незалежнасці ў межах Ковенскае, Віленскае, Горадзенскае, Сувалкскае губерняў, Наваградскага павету Менскае губерні, часткі Ілукстэнскага й Гробінскага паветаў Курляндскае губерні23. Савецкая дэлегацыя пагаджалася з неабходнасцю далучэння да Літвы Вільні і Віленскае вобласці, разглядаючы Вільню як яе "гістарычную сталіцу", але лічыла тэрытарыяльныя патрабаванні літоўцаў празмернымі. "Рускія прынцыпова не могуць задаволіць нашых патрабаванняў, бо ў Лідскім, Ашмянскім і асабліва Горадзенскім паветах, без усялякага сумнення, пражывае большасць беларусаў і рускіх... Трываласць савецкай пазіцыі заключаецца ў тым, што ў дачыненні да Лідскага, Горадзенскага і Ашмянскага паветаў у нас, сапраўды, няма амаль што ніякіх этнаграфічных доказаў, за выключэннем некалькіх вельмі старых ці непераканаўчых упамінанняў пра тое, што ў некаторых месцах жыхары карыстаюцца літоўскай мовай, альбо пра іх гістарычнае літоўскае паходжанне... Нашы эканамічныя доказы іх таксама не пераканалі, бо, шчыра кажучы, у нас сур'ёзных доказаў і не было...", - адзначаў у данясенні міністру замежных справаў Літвы ад 26 траўня 1920 г. П.Клімас.

Спрабуючы абгрунтаваць свае патрабаванні, літоўцы прыгадалі пагадненне, заключанае імі з беларусамі ў лістападзе 1918 г. 9 траўня 1920 г., на чарговым паседжанні расейска-літоўскае мірнае канферэнцыі, у складзе літоўскае дэлегацыі з'явіўся Д.Сямашка. Ён выказаў намер "пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных імкненняў Польшчы... і Савецкай Расеі"24. Заява Сямашкі выклікала пратэст з боку Іофэ, які выказаў сумнеў у тым, што міністр мае права выступаць ад імя народу Беларусі. У якасці контраргументу савецкі бок зрабіў спасылку на імкненне беларускага народу да самастойнага існавання (Іофэ спаслаўся на рашэнні I Усебеларускага кангрэсу 1917 г.)25. 15 траўня 1920 г. савецкая дэлегацыя паказала літоўцам этнаграфічную карту, на якой літоўскімі былі толькі Сувалкская, Ковенская і заходняя частка Віленскае губерні (без Вільні). Прадстаўнікі РСФСР лічылі, што мяжа павінна прайсці ад возера Дрысвяты да Паставаў, далей да р.Віліі, потым да Ашмянаў і далей, праз Дзевянішкі і Дубічы, да чыгункі Горадна - Вільня. Аднак літоўцы працягвалі настойваць на ўключэнні ў склад Літвы Горадзенскае губерні, паабяцаўшы, што пасля аднаўлення незалежнае Беларусі этнічна беларускія землі атрымаюць магчымасць уз'яднацца з астатняй часткай Беларусі. 21 траўня савецкая дэлегацыя прапанавала стварыць камісію дзеля разгляду пытання аб межах паміж РСФСР і Літвой, але літоўская дэлегацыя ўспрыняла гэтую прапанову стрымана.

Поспехі чырвонай арміі ў баях з палякамі ўлетку 1920 г. паскорылі падпісанне мірнае дамовы паміж РСФСР і Літвой. У ліпені 1920 г. кіраўніцтва РСФСР вырашыла паскорыць ход мірных перамоваў з Літвой, бо асцерагалася магчымасці яе збліжэння з Польшчай. У пачатку ліпеня 1920 г. прадстаўнікі РСФСР пагадзіліся перадаць у склад Літвы Ашмяны, Ліду і Горадню26. Літоўцы прынялі прапанову, бо асцерагаліся, што ў выпадку магчымага працягу наступу ў Вільні будзе зноў створаны савецкі ўрад, як гэта адбылося ў канцы 1918 г. Да таго ж палякі цвёрда адмаўляліся прызнаць правы літоўцаў на Вільню і нават адмовіліся прапусціць у горад падчас свайго адступлення літоўскія войскі.

Тытульная старонка першага нумару бюлетэню (часапісу) Міністэрства беларускіх справаў пры Літоўскім Урадзе. Коўна. Верасень, 1919.

12 ліпеня 1920 г. у Маскве адбылося падпісанне мірнае дамовы паміж РСФСР і Літвой. Прадугледжвалася прызнанне самастойнасці й незалежнасці Літвы з боку РСФСР, урэгуляванне маёмасных, фінансавых і эканамічных пытанняў паміж дзяржавамі, якія яе падпісалі. У ёй бакі абавязаліся не дапускаць знаходжання на тэрыторыі сваіх дзяржаваў арганізацыяў і групаў, дзейнасць якіх накіраваная супраць іншага боку. Артыкул II вызначаў дзяржаўную мяжу паміж РСФСР і Літвой. У склад літоўскае дзяржавы мусілі ўвайсці Вільня і частка земляў, заселеных беларусамі (у тым ліку Горадня, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда)27. Перадаўшы частку этнічна беларускай тэрыторыі, урад Савецкае Расеі прызнаў правы літоўцаў на высечку лесу на плошчы 100 тыс. дзесяцін у раёнах, што прылягалі да літоўскіх межаў.

РСФСР выказала гатоўнасць паважаць нейтралітэт Літвы ў выпадку яго міжнароднага прызнання. Да мірнае дамовы дадавалася дэкларацыя, паводле якой Літва пагаджалася не разглядаць праход савецкіх войскаў па тэрыторыях, якія адыходзілі да яе, як варожы акт пры ўмове, што ў далейшым, калі ў гэтым знікне неабходнасць, яны будуць адтуль выведзены28. Кіраўніцтва РСФСР нават прапанавала літоўцам самім вызваліць Вільню ад палякаў, але тыя адмовіліся29. 14 ліпеня 1920 г. Вільню заняла чырвоная армія.

Яшчэ да падпісання дамовы, у пачатку ліпеня 1920 г., літоўская армія пачала рухацца ў напрамку да Вільні. Разам з літоўскімі аддзеламі на радзіму прасоўваліся й вайскоўцы-беларусы, якія знаходзіліся ў складзе літоўскай арміі. У другой палове ліпеня 1920 г. літоўска-беларускія войскі занялі Плюскую, Дрысвяцкую й Браслаўскую воласці Віленскае губерні. У жніўні 1920 г. адчыніліся беларускія камендатуры ў в. Крывасельцы і Браславе-Беларускім. Як пісаў ва ўспамінах А.Ружанец-Ружанцаў, на вызваленай ад палякаў і перададзенай літоўцам тэрыторыі Беларусі пачалося беларускае нацыянальнае адраджэнне. Сярод мясцовых жыхароў распаўсюджвалася беларуская літаратура й газета "Пагоня", ладзіліся беларускія спектаклі й вечарыны ў Браславе, Плюсах і іншых вёсках. У Браславе залажылі пажарную каманду, ганаровымі сябрамі якой абралі Д.Сямашку, Я.Салавейчыка30.

6 жніўня 1920 г. прадстаўнікі галоўнага камандавання чырвонай арміі заключылі пагадненне з ваенным камандаваннем Літвы адносна перадачы Вільні пад іхны кантроль, вызначыўшы дакладныя тэрміны й парадак вываду савецкіх войскаў з Віленшчыны. Каб прыспешыць вывад аддзелаў чырвонай арміі, літоўцы абавязаліся даць дадатковыя транспартныя сродкі (паравоз і 40 вагонаў на станцыі Ландварава й 20 вагонаў і платформ на станцыі Сувалкі)31. Правы фланг Заходняга фронту быў абмежаваны лініяй Но- выя Трокі - Араны - Горадня - Сібра. Пазней гэтую лінію замянілі лініяй Араны - Мерач - Аўгустаў. 27 жніўня 1920 г. літоўскія войскі ўступілі ў Вільню32. У той жа дзень у горадзе быў заснаваны Асобны беларускі батальён, камандзірам якога прызначылі загадчыка афіцэрскіх курсаў палкоўніка Ўспенскага33. 28 жніўня Літва афіцыйна абвесціла пра намеры захаваць нейтралітэт у польска-савецкім канфлікце34.

Мірная дамова, заключаная РСФСР з Літвой коштам часткі беларускіх земляў, палепшыла становішча Савецкае

Расеі, хоць пэўная напружанасць у яе дачыненнях з літоўскім урадам засталася. Дамоўленасці не зусім станоўча ўспрынялі кіраўнікі камуністычнае партыі (бальшавікоў) Літвы й Беларусі. У артыкуле "Мирный договор с Литвой", апублікаваным у "Звезде" за 14 жніўня 1920 г., М.Пятроў, які ў 1919 г. пэўны час узначальваў наркамат замежных справаў Савецкае Беларусі, пісаў: "Мы... толькі дэманструем перад Еўропай, што мы выконваем дамоўленасці, якія мы падпісвалі, што мы не навязваем сваей рэвалюцыі там, дзе яна яшчэ не наспела, але Камуністычная партыя Літвы і Беларусі, якая перамагла на Беларусі, у буржуазнай Літве разгарне самую ўзмоцненую работу, каб Літва была б савецкай. I яна будзе савецкай!". У ліпені 1920 г. у Вільню накіраваліся В.Міцкевіч-Капсукас і З.Алекса-Ангарэціс, якія планавалі аднавіць у Літве савецкую ўладу". На тэрыторыі, якая фармальна адыходзіла да Літвы, паводле рашэння ЦК КП(б) ЛіБ створаны Горадзенскі губрэўкам на чале з Алекса-Ангарэцісам. У канцы жніўня 1920 г. літоўскія камуністы планавалі пачаць узброенае паўстанне й звярталіся за дапамогай да кіраўніцтва РСФСР, аднак У.Ленін палічыў такое выступление ва ўмовах разгрому савецкіх войскаў пад Варшавай нясвоечасовым і параіў літоўскім камуністам працягваць работу больш "асцярожна і сістэматычна".

Літоўцы ставіліся да вызначанай у дамове мяжы непаважліва. Так, у пачатку жніўня 1920 г. кіраўнікі савецкіх органаў улады на Вілейшчыне неаднаразова скардзіліся начальству на тое, што літоўскія вайскоўцы не толькі заходзяць на тэрыторыю, якая знаходзіцца пад кантролем саветаў, але вядуць там антысавецкую агітацыю або патрабуюць ад сялянаў выканання тых ці іншых павіннасцяў36. З прычыны нападу Літвы на тэрыторыі, што знаходзіліся пад савецкім кантролем, сваю дзейнасць у Валожын мусіў перанесці Ашмянскі паветрэўкам. Даволі красамоўна сведчыць пра складаныя дачыненні паміж Літвой і прылеглымі савецкімі тэрыторыямі ліст старшыні Дзісенскага паветрэўкама Хадасевіча да каменданта літоўскага ўраду ў Браславе, датаваны 11 верасня 1920 г. У ім, у прыватнасці, гаварылася: "Ёдскі і Слабадскі валрэўкомы данясеннямі сваімі ад 9 жніўня паведамілі, што салдаты падначаленых Вам часцей пераходзяць дэмаркацыйную лінію і ў вёсках на тэрыторыі ССРБ робяць рознага роду бясчынствы, як, напрыклад, разбой, рабункі і гвалт, над грамадзянамі, што адбыліся ў вёсцы Спаруны Ёдскай воласці 7 верасня, дзе нанесены пабоі прадстаўнікам вясковых Саветаў. Апрача таго, гэтыя салдаты сеюць рознага роду чуткі пра тое, што ў хуткім часе гэтыя вёскі адыдуць да Літвы, чым наводзяць паніку на насельніцтва, і грамадзяне ледзьве не штодзённа збіраюцца эвакуявацца ўглыб ССРБ.

Разам з тым, яшчэ нагадваю тыя выпадкі, калі на Ваш бок ад нас перабягаюць грамадзяне, што падлягаюць мабілізацыі, і такім чынам маюць магчымасць заставацца не толькі дэзерцірамі, але і арганізаванымі бандытамі пры дапамозе Вашых салдат, якія ажыццявілі нападзенне ў ноч з 9 на 10 верасня на міліцыю горада Друі. На ўсё вышэйвыкладзенае звяртаю Вашу ўвагу і прашу спыніць такога роду з'явы, бо ў паводзінах Вашых салдат я бачу наўмыснае парушэнне мірнае дамовы ад 12 ліпеня б.г. паміж РСФСР і Літоўскім урадам і ў выпадку паўтору такіх з'яў мною будуць прыняты меры аж да накіравання ўзброенай сілы для раззбраення Вашых салдат, што займаюцца бандытызмам на тэрыторыі ССРБ". Зрэшты, сварыліся літоўскія й савецкія прадстаўнікі нядоўга. У кастрычніку 1920 г. на спрэчных тэрыторыях з'явіліся польскія войскі.

Ігнараванне літоўцамі беларускіх інтарэсаў на мірных перамовах у Маскве абурала нашых дзеячоў. Незалежна ад сваёй знешнепалітычнай арыентацыі (у снежні 1919 г. у Радзе БНР адбыўся раскол; прыхільнікі арыентацыі на Польшчу ўтварылі Найвышэйшую раду БНР, асобы, якія стаялі на пазіцыях паслядоўнай незалежнасці Беларусі, стварылі Народную раду БНР і ўрад на чале з В.Ластоўскім), дзеячы БНР выступалі катэгарычна супраць перадачы Літве беларускіх земляў. Так, газета "Беларусь", якая выдавалася ў Менску, у нумары ад 16 чэрвеня 1920 г. пісала: "Беларускі народ ніколі не згадзіцца і не пазволіць, каб дзевяць дзясятых тарыбаўскай дзяржавы складалася з беларускіх зямель, каб Вільня - наш культурны цэнтр, ваколіцы якога заселены толькі беларусамі, зрабілася сталіцай чужой дзяржавы. Беларускаму народу застаецца толькі рабіць сваю справу: будаваць Беларуска-Літоўскую рэспубліку са сталіцай у Вільні. Няхай існуюць пакуль што адначасна дзве Літвы. Гэта нас не павінна пужаць. Мы ўпэўнены, што здаровыя і дзяржаўна разважаючыя элементы літоўскага народу будуць з намі. Бо яны зразумеюць, да чаго давядзе палітыка тарыбаўцаў". Беларуская Рада Віленшчыны й Горадзеншчыны (утвораная ў чэрвені 1919 г.) у траўні 1920 г. прыняла заяву з пратэстам супраць практыкі разгляду пытанняў, што закранаюць лёс Беларусі, без удзелу беларускіх прадстаўнікоў. Складальнікі заявы заўважалі, што Д.Сямашка не можа прадстаўляць інтарэсы беларусаў, бо не мае адпаведных паўнамоцтваў37.

Адмоўна ўспрынялі савецка-літоўскія дамоўленасці Народная рада БНР і ўрад В.Ластоўскага. У траўні 1920 г. В.Ластоўскі запатрабаваў ад Д.Сямашкі гарантыяў таго, што беларусы атрымаюць аўтаномію ў складзе літоўскае дзяржавы й на спрэчных тэрыторыях будзе праведзены плебісцыт адносна іх будучай прыналежнасці38. Не атрымаўшы такіх гарантыяў, беларусы выступілі супраць уключэння беларускіх тэрыторыяў у склад Літвы. Адпаведны пратэст зрабіў В.Захарка на сустрэчы з Р.Чычэрыным, якая адбылася ў Маскве ў ліпені 1920 г.39. 22 ліпеня 1920 г. урад В.Ластоўскага выступіў са зваротам да ўрадаў РСФСР, Літвы, Мірнае канферэнцыі ў Парыжы, усіх дзяржаваў і культурных народаў свету (зварот падпісалі Ластоўскі й Вальковіч), у якім выказваўся пратэст супраць савецка-літоўскае мірнае дамовы. У звароце адзначалася, што яна парушае "самым грубым чынам нацыянальныя, культурна-эканамічныя і суверэнныя правы беларускага народу", паколькі заключаная коштам гістарычных і этнаграфічных беларускіх земляў. Зыходзячы з гэтага, урад БНР звяртаў увагу на тое, што ён не прызнае ўмоваў у частцы, што закранае Беларусь, і будзе змагацца супраць яго "ўсімі даступнымі яму сродкамі". Складальнікі дакументу патрабавалі перагляду дамовы з улікам факту волевыяўлення беларускага народу, які выказаў жаданне стварыць суверэнную й незалежную дзяржаву ў этнаграфічных межах. Супярэчнасці паміж Беларуссю й Літвой яны прапаноўвалі вырашаць шляхам арганізацыі плебісцыту ў спрэчных раёнах40.

Але ўвосень 1920 г. пазіцыя беларускіх арганізацыяў пачала мяняцца. 7 верасня на сходзе прадстаўнікоў Беларускае рады Віленшчыны і Горадзеншчыны, Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні й іншых арганізацыяў принята рашэнне аб падтрымцы дамовы пры ўмове прадастаўлення беларусам на тэрыторыі, якая мусіла ўвайсці ў склад Літвы, аўтаноміі, утварэння часовае Краёвае рады ў складзе прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў на спрэчных тэрыторыях, допуску на пасаду міністра беларускіх справаў у літоўскім урадзе асобы, якая б карысталася падтрымкай беларускага грамадзянства. У кастрычніку да супрацоўніцтва з беларусамі пачала схіляцца й Літва, якая канфліктавала з Польшчай з-за Вільні. На беларускай нацыянальна-палітычнай канферэнцыі ў Рызе 20 кастрычніка 1920 г. адзначалася, што літоўцы на неафіцыйным узроўні праяўляюць схільнасць да перамоваў з дзеячамі БНР.

27 кастрычніка 1920 г. В.Ластоўскаму праз протаіерэя І.Карчынскага перадалі афіцыйную прапанову Літвы аб супрацоўніцтве і стварэнні адзінага антыпольскага фронту41 . 30 кастрычніка 1920 г. урад БНР утварыў камісію па перамовах з Літвой. У прынятай з гэтае нагоды дэкларацыі падкрэслівалася, што "толькі злучанымі ўсільлямі Літва і Беларусь здолеюць захавадь усю паўнату свайго дзяржаўнага сувэрэнітэту"42. У склад камісіі былі ўключаны В.Ластоўскі, А.Цвікевіч, Я.Варонка, А.Галавінскі, А.Аўсянік43. 3 літоўскага боку ў перамовах удзельнічалі віцэ-міністр замежных сгіраваў П.Клімас, кіраўнік дэпартаменту МЗС Літвы Б.Балціс, дэпутаты Ўстаноўчага сойму Літвы В.Чарнецкас, С.Розенбаўманс, міністр беларускіх справаў ва Урадзе Літвы Д.Сямашка й доктар Ю.Шаўліс.

Сустрэча завяршылася падпісаннем у Коўне 11 лістапада 1920 г. дамовы паміж урадамі БНР і Літвы. Яна складалася з прэамбулы й 4 частак (18 артыкулаў). Згодна ўмовам, літоўскі ўрад афіцыйна прызнаваў урад БНР на чале з В.Ластоўскім, даваў яму й Прэзідыуму Народнай рады БНР на правах экстэрытарыяльнасці сховішча ў Коўне. Урад БНР абавязваўся падтрымліваць літоўскі ўрад у яго барацьбе за вызваленне віленскае тэрыторыі ў межах, устаноўленых дамовай паміж РСФСР і Літвой ад 12 ліпеня 1920 г., дабівацца з'яўлення ў дзяржаўных органах, выбіраных палякамі, прадстаўнікоў, якія стаялі на платформе беларуска-літоўскага адзінства, устанавіць кантакт з прадстаўнікамі іншых народаў, насельнікамі ўсходняй часткі Польшчы, з мэтай стварэння адзінага антыпольскага фронту (найперш з украінцамі), спрыяць "найцяснейшаму збліжэнню беларускага і літоўскага насельніцтва на граніцах тэрыторыі, вызначанай дамовай ад 12 ліпеня 1920 г."44. Літоўскі ўрад абавязаўся даць беларусам права на выданне газет, друкаванне літаратуры, стварэнне школаў, арганізацыю ўзброеных атрадаў, аказваць фінансавую і дыпламатычную падтрымку. У складзе літоўскага ўраду працягвала сваю дзейнасць Міністэрства беларускіх справаў. У выпадку пераходу Віленшчыны пад кантроль Літвы, урад БНР павінен садзейнічаць "стрымліванню беларускага насельніцтва гэтай вобласці ад варожых да Літоўскай Рэспублікі дзеянняў". Адразу ж пасля падпісання дамовы ўрад Літвы накіраваў на імя В.Ластоўскага ліст, у якім запэўніў, што, калі насельніцтва Віленшчыны й Горадзеншчыны выкажацца пры магчымым галасаванні пад даглядам Лігі нацыяў на карысць Літвы, гэтым тэрыторыям абавязкова будзе дадзена аўтаномія і яны будуць знаходзіцца ў складзе літоўскай дзяржавы "толькі на аснове федэрацыі"45. Адначасова на прапанову літоўскага прэм'ер-міністра Грынюса Ўстаноўчы сойм Літвы прыняў дэкларацыю, у якой гарантаваў Усходняй Літве тэрытарыяльную аўтаномію з цэнтрам у Вільні. "Гэты аўтаномны сойм выдасць закон, які будзе гарантаваць права беларускай мовы, адкрываць беларусія школы, суды, аказваць усебаковае садзейнічанне беларускім гаспадарчым арганізацыям. Агульны літоўскі сойм у Коўне, аб'яднаны з віленскім соймам, будзе займацца замежнымі справамі, пытаннямі, звязанымі з абвяшчэннем вайны і заключэннем міру. Будзе існаваць агульная армія, фінансы і ўпраўленне чыгункамі", - гаварылася ў дэкларацыі.

17 студзеня 1921 г. дэлегацыя БНР на чале з B.JIacтоўскім прысутнічала на адкрыцці сесіі літоўскага сойму, дзе міністр замежных справаў Літвы Пурыцкіс заявіў пра поўную згоду паміж беларусамі й літоўцамі. Дэлегаты віталі словы міністра апладысментамі46.

Звяз з Літвой надаў Народнай радзе БНР больш упэўненасці ў сваёй значнасці. 17 лістапада 1920 г. В.Ластоўскі ў імтэрв'ю газеце "Сегодня" заявіў: "Хаця ўрад БНР пакуль і знаходзіцца па-за межамі сваёй тэрыторыі, але мы можам аказаць літоўцам істотную дапамогу. У нас на месцах на Беларусі арганізавана шмат паўстанцкага элементу, які можа адыграць каласальную ролю ва ўмовах сучаснай вайны". Паплечнік В.Ластоўскага А.Цвікевіч у інтэрв'ю, дадзеным у канцы лістапада 1920 г. газеце "Руль", якая выказвала інтарэсы расейскіх кадэтаў, заявіў: "Большая частка Беларусі занята бальшавікамі. Астатняе занялі палякі. Пры такіх умовах беларускаму ўраду не засталося нічога іншага, як шукаць прытулку ў прыязнага нам літоўскага народу". Разам з тым у размове з міністрам замежных справаў Германіі д-рам Сімансам, якая адбылася 30 лістапада 1920 г., Цвікевіч падкрэсліў: "Беларускі ўрад жадае падтрымліваць добрасуседскія зносіны з усімі краінамі, ні арыентацыю на Германію, ні арыентацыю на Антанту ён у праграму не ўключыў. У беларускага ўраду ў цяперашні час можа быць толькі адна арыентацыя - беларускі народ".

Спрыяльныя дачыненні БНР з Літвой захоўваліся да 1923 г., але нутраныя супярэчнасці былі мацнейшыя за жаданне плённа супрацоўнічаць на міжнароднай арэне. У сярэдзіне 1920-х гг. арыентацыя на Літву страціла прывабнасць для бальшыні прыхільнікаў БНР, і яны зноў пачалі дзейнічаць самастойна.

Заўвагі

1 Людендорф Э. Мои воспоминания о войне 1914-1918 гг. Т.2. - М., 1924. - С.58.

2 Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня. - Вільня, 1935. - С.83.

3 Свабода, 1990, №2, с.7.

4 Мікніс Р. Літва і Беларусь: Перыпетыі дзяржаўнасці ў пачатку XX ст.//Беларусіка-Аlbarutheniса. Кн.6, ч.2. - Мн., 1997. - С. 254.

5 Станкевіч А. Тамсама. С.85.

6 Советско-германские отношения от переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора: Сборник документов. Т.1. -М., 1968. - С. 719.

7 Навицкас К. Литва и Антанта (1918 - 1920 гг.). - Вильнюс, 1970. - С. 9 - 10.

8 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1. - Вільня-Нью- Ёрк-Менск-Прага, 1998. -С. 51.

9 Найдзюк Я.. Касяк I. Беларусь учора і сяньня. -Мн., 1994. -С. 166.

10 Ружанцаў А. Беларускія войскі ў Літве 1918-1920. Кароткі вайскова-гістарычны агляд // Спадчына. 1993, № 4, с. 23.

11 Engclgard von E.F. Wctssruthcnien: Volk und Land. - Berlin, 1943. - S. 124.

12 Найдзюк Я., Касяк I. Тамсама. С. 167.

13 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. II. - М" 1964. - С. 219.

14 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T.I, кн.1. С. 353.

15 Луцкевіч А. Дзённік // Полымя, 1991, № 5, с. 173.

16 Документы и материалы... Т.Н. С. 218.

17 Знешняя палітыка Беларусі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў (1917-1922 гг.). Т. 1. -Мн" 1997. - С. 124.

18 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т.І, кн.1. С. 372.

19 НАРБ, ф. 325, воп. I, спр. 106, арк. 54.

20 Грыцкевіч А. Беларуска-літоўскія дачыненьні: 1918-1922 гг. // Спадчына, 1994, №5, с. 61.

21 Навицкас К. Тамсама. С. 121.

22 Документы внешней политики СССР. Т. II. - М., 1958. -С. 438.

23 Навицкас К. Тамсама. С. 124.

24 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 97, арк. 9.

25 Известия ВЦИК, 1920, 25 мая.

26 Навицкас К. Тамсама. С. 127.

27 Документы внешней политики СССР. Т. III. - М., 1959. - С. 29 - 30.

28 Известия ВЦИК, 1920, 15 июля.

29 Навицкас К. Тамсама. С. 126 - 127.

30 Ружанцаў А. Тамсама // Спадчына, 1993, № 4, с. 29.

31 Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. - Мн., 1993. - С. 31-32.

32 Коўкель I. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920-1923 гг.) // Беларусіка-Аlbarutheniса. Кн. 3.-Мн" 1993. - С. 260.

33 Ружанцаў А. Тамсама // Спадчына, 1993, № 4, с. 29.

34 НАРБ, ф. 60. воп. 3, спр. 822, арк. 33.

35 Круталевич В. История Беларуси. Становление национальной державности. 1917-1922. - Мн., 1999. - С. 246.

36 НАРБ, ф. 8, воп. 1, спр. 40, арк. 3-4.

37 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 97, арк. 5.

38 Polska-Bialorus. 1918-1945. Zbior stuiow i matcrialow pod red. W.Balccraka. -W-wa, 1994. - S. 51.

39 Byelorussian Statehood. -New York, 1988. -P. 97.

40 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 98, арк. 62.

41 Справа Вацлава Ластоўскага // Маладосць, 1993, № 8, с. 231.

42 Знешняя палітыка Беларусі. Т. 1. С. 213.

43 Коўкель I. Тамсама // Беларусіка-Аlbaruthenica. Кн.З. С. 262.

44 Знешняя палітыка Беларусі. Т. 1. С. 217.

45 Коўкель I. Тамсама // Беларусіка-Аlbaruthenica. Кн.З. С. 263.

46 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 112, арк. 303.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX