Папярэдняя старонка: Артыкулы

Хадыка А. Старабеларуская шляхецкая мода 


Аўтар: Хадыка Аляксей,
Дадана: 21-02-2013,
Крыніца: Хадыка Аляксей. Старабеларуская шляхецкая мода // Спадчына №3-1992. С. 51-56.



У «Двараніне польскім» Л. Гурніцкага, які быў своеасаблівай інтэрпрэтацыяй вядомага трактата «Прыдворны» Б. Касцільёне, дзе прымерваліся апісаныя італьянцам звычаі i нормы ферарскага двара да нашага айчыннага жыцця ў часы апошніх Ягайлавічаў, ёсць словы: «Калісьці палякі мелі свой касцюм, але, захапіўшыся модай італьянскай, нямецкай, французскай,.. цяпер яго страцілі...». Гэтыя словы можна смела аднесці i да беларуска-літоўскай шляхты, якая гуртавалася вакол Віленскага двара, дзе пасля ўкнязявання Жыгімонта Аўгуста ў 1544 г. настаў перыяд ажыўлення. Але Гурніцкі ў палемічным запале выказвае толькі палову праўды. Так, магнацтва добра арыентавалася ў еўрапейскай модзе i да яе звярталася, але пры гэтым імкнулася захаваць i адметныя рысы нацыянальных строяў. Суіснаванне двух паралельных накірункаў у модзе, якія асабліва выразна аддзяляюцца адзін ад аднаго з часоў Сцяпана Батуры (1576-1586 гг.), засведчана i шматлікімі творамі мастацтва. «Нацыянальны» накірунак моды пры гэтым не быў замкнёны. Дэталі адзення аднаўляліся, змяняліся, тут таксама ішла эвалюцыя формаў, але гэты накірунак заўсёды ўспрымаўся як свой, хаця i не быў пазбаўлены шматлікіх запазычанняў з моды Усходу, Турцыі, Венгрыі i г. д.

Не прэтэндуючы на адкрыцці ў галіне гісторыі моды Беларусі, праілюструем некаторыя яе старонкі выяўленчым матэрыялам, звязаным з Віцебшчынай. З яе земляў паходзіць шэраг старажытных помнікаў жывапісу ў жанры партрэта, які i дае найцікавейшую магчымасць зазірнуць у глыбіню стагоддзяў.

У Віцебскай царкве св. Спаса «за Віцьбаю на пасадзе ўзгорскім у пірожным радзе», згаданай упершыню вопісам 1552 г., але пабудаванай раней, знаходзіўся калісьці партрэт Івана Шуйскага (па мянушцы «Губка»), што захаваўся на больш познім (XVII ст.) малюнку з гравюрных збораў караля Станіслава Аўгуста. Уцякач з Маскоўскай дзяржавы, ЯКІ пакінуў яе ў 1534 г. i пасяліўся Ў Літве, у Віцебску, быў замаляваны на адным з першых беларуСКІХ партрэтаў.

На жаль, шмат гаварыць пра касцюм Шуйскага не выпадае - ён бачны фрагментарна. Мяркуючы па высокім каўняры, гэта мог быць кафтан, блізкі да турэцкіх па форме, аналаг якому сустракаецца на постацях лёгкай конніцы з «Бітвы пад Оршаю», 1514 г. (жывапіс 1520-х гг.). Гэта тым больш натуральна, што парадныя кафтаны былі папулярныя i ў Маскоўскай дзяржаве часоў Івана IV, у тым ліку i аформленыя ВЫСОКІМІ каўнярамі ззаду (называліся «козірамі»), гафтаваныя золатам i перламі на фоне аксаміту i парны.

Што ж да вершнікаў Аршанскай бітвы, то ix кафтаны кароткія (так зручней у баі), i калі яны шыюцца на ваце i ў некалькі столак палатна (каб засцерагчы воіна ад удараў мячом ці шабляй), дык маюць стаячы каўнер. На кафтанах багатай наёмнай конніцы відаць i дарагія шырокія нашыўкі пазументаў. Рукавы кафтанаў можна было дэкаратыўна адкінуць назад. На гэта ўказваюць на партрэце Шуйскага спецыфічныя швы на плячах (блізкая аналогія - венгерская дэлія). Элементы ўсходняй моды з'явіліся ў адзенні беларусаў не толькі з прычыны знаходжання нашых земляў на шляхах гандлёвых зносінаў Усходу з Захадам. Беларусь увогуле жыла на памежжы дзвюх маштабных культурных фармацый, што на працягу стагоддзяў вызначыла асаблівасці беларускай рэлігійнай сітуацыі (шматканфесійнасць), спецыфіку развіцця нашага мастацтва, уяўленні пра жыццё, густы i нарэшце, што мае непасрэднае дачыненне да касцюма,- пачуццё колеру.

I хоць на нашых рынках не бракавала заходніх тканін розных гатункаў, але на верхнія, бачныя часткі адзення куплялася часцей дарагое ўсходняе сукно. На шаўковую (ядвабную) вопратку ішоў адамашак (ад назвы г. Дамаск у Сірыі), тканіна, афарбаваная часцей у шэры, чорны, чырвоны або зялёны колер з аднаколерным, звычайна раслінным узорам, выкананым небліскучымі ніткамі на бліскучым (палыскоўным) фоне. Адамашак мог быць затканы залатымі ці срэбнымі ніткамі, але не так шчыльна, як алтабас (турэцкае - «залатаглаў»), надзвычай дарагі матэрыял. Вельмі папулярным у адзенні беларускага магнацтва быў таксама вельмі дарагі аксаміт (часцей за ўсё імпартаваны з Усходу), які разам з пералічанымі гатункамі тканін вызначаў каларыстычную прыгажосць i незвычайнае багацце шляхецкіх касцюмаў на Беларусі. Паводле ўспамінаў С. Твардоўскага (сакратара пасольства К. Збаражскага ў 1623 г. да турэцкага султана), раскоша ўбораў дыпламатаў Рэчы Паспалітай уразіла нават стамбульскі двор.

Нельга, праўда, меркаваць, што на беларускім рынку спажываліся толькі прывезеныя тканіны. Беларускія кушняры i краўцы аздаблялі адзенне мясцовым футрам. Як i цяпер, напружана працавала ў тыя даўнія стагоддзі Брэсцкая мытня. За люты - май 1583 г. вывезена ў Польшчу 13 футраў з вавёркі, 5 куніцавых i 5 гарнастаевых, а за 1605 г.- ужо 271 футра з вавёркі. Выкарыстанне шыкоўных тканін i футра ў адзенні жыхароў Вялікага Княства Літоўскага было строга нармавана паводле саслоўнай іерархіі. У прыватнасці, мяшчанам, сялянам i іншаму простаму люду не дазвалялася насіць галаўньія ўборы з сабалінага футра, адзенне пурпуровага колеру - «гваздзіковага», «брунатнага» (карычнёвага), упрыгожанні з золата i перлаў, бо, меркавалася, яны i не могуць набыць гэтыя дарагія рэчы сумленна.

Што, уласна, да футраў, то яны маглі быць i больш сціплымі («шубка чэшская, кролікам падбітая, 3 капы грошаў...»), доўгія i кароткія, як палярыны, сустракаліся футры, не падбітыя нават трусом. Футрамі ў еўрапейскіх («шаубе» - нямецкае, «шуба» - чэшскае, «джуппа» - італьянскае) i турэцкай мовах называліся накідкі, частка верхняга адзення. Укарочаныя насілі жаўнеры, былі яны папулярныя ў асяроддзі еўрапейскага рыцарства. Доўгае футра мы ўбачым на партрэце Міхаіла Барысавіча, апошняга князя Цверы, што ў верасні 1486 г. уцёк з-пад аблогі горада маскоўскага войска Івана Васілевіча ў Літву. ён быў сустрэты вялікім князем Казімірам з пашанаю, належнай Рурыкавічу (у 18-м пакаленні), i атрымаў у падарунак маёнткі пад Слонімам i Луцкам, а таксама яму была паслана: «шуба соболья, волочоная аксамітам, або адомашкою, а другая шуба, кунья,- 2 поставы сукна мохалского, а з поставы новогоньских со скарбу...». Жывучы яшчэ ў Цверы, Міхаіл Барысавіч быў жанаты з Софіяй Алелькаўнай, дачкою слуцкага князя Сямёна. Можна меркаваць, што партрэт цверскага князя Ў футры з велікакняскага пляча быў намаляваны ў Слуцку каля 1600 г. для сямейнай галерэі, калі апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў Софія брала шлюб з Янам Радзівілам.

У той жа час, а дакладней, ад часоў праўлення ў Рэчы Паспалітай таленавітага вайсковага стратэга Сцяпана Батуры, у асяроддзі беларуска-літоўскай шляхты ўкараніўся i быў асабліва папулярны да пачатку XVII ст. турэцка-венгерскі варыянт футра (або дэліі) - без рукавоў або з кароткімі, зручнымі ў баі, рукавамі. Дэлія абшывалася тканінамі (часцей яркіх колераў: пурпуровымі, пунсовымі), а ззаду мела вялікі адкідны каўнер, аб'ект звыклых кпінаў мяшчанаў i шкаляроў з шляхты: «не зразумець, чы лі дэлія пры каўнеры, ці каўнер пры дэліі».

Выява вендэнскага старосты Яна Сегеня.

Пад дэліяй часцей за ўсё насіўся жупан, традыцыйнае беларускае шляхецкае адзенне, папулярнае i ў XVI ст., i ў пачатку XIX ст. Шыліся жупаны кідкіх колераў (жоўтага, чырвонага, блакітнага), з белага атласу, аксаміту, кроіліся двухбортнымі, часцей з вузкімі рукавамі, каўняром-стойкай, прыталенай спінаю, зашпільваліся на металічныя, срэбныя, залачоныя (падобныя да пладоў шыпшыны) гузікі, падпяразваліся адмысловымі паясамі. У старабеларускай мове іншасказальна жупаном называлі службоўцаў рангу старосты, войта, солтыса.

Менавіта дэманструючы сваю духоўную еднасць са шляхецкай Рэччу Паспалітай, што было істотна для першага абранага пасля сканчэння дынастыі Ягайлавічаў караля, на большасці партрэтаў Сцяпан Батура загадваў маляваць сябе ў нацыянальных строях - у дэліі з вялікім каўняром, з-пад якой відаць бліскучы адамашкавы жупан, накрыты расліннымі узорам. Як бы адмаўляючы высловы Л. Гурніцкага, тут выкарыстоўваўся той самы крой адзення, які ў Рэчы Паспалітай успрымаўся як нацыянальны, «свой». Ён нават паўплываў сваім непрыхавана дэкаратыўным характарам, сваёй усходняй экзотыкаю i яркасцю фарбаў на фармаванне спецыфічнага стылю партрэтнага жывапісу ў польска-беларуска-ўкраінскіх землях, стылю напаўіканапіснага, які быў нацыянальным варыянтам i супрацьвагаю класічнаму прыдворнаму партрэту XVII-XVIII стст. у Еўропе. Што да жупаноў, то на ix форме з цягам часу адбіваліся змены i ваганні ў айчыннай модзе, хоць і больш устойлівай за еўрапейскую, але таксама не застылай. На ніжняй частцы алтарнай карціны «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты на Віцебшчыне, напісанай у пачатку XVI ст. у фундаваным Жыгімонтам Старым у 1514 г. касцёле, бачым выяву вендэнскага старосты Яна Сегеня, паказанага ва ўкленчанай паставе адвечнага малення.

Ен - данатар, ахвяравальнік грошай на рэстаўрацыю карціны, што адбылася ў сярэдзіне XVII ст., наказаны апранутым у кароткі чырвоны жунан, які змяніў папулярны ў часы Батуры надоўжаны, ніжэй каленяў, крой (як на партрэце Міхаіла Барысавіча). У жупана звычайна нрыўзняты каўнер, які тырчыць на-над дэліяй, над яе каўняром з футра. Але наперадзе каўнер жупана рабіўся ніжэйшым, таму з-над яго часам відаць кашуля, звычайна далікатнага «коленскага» налатна (г. зн. з Кёльна, i нярэдка, як вынікае з дакументаў, вышываная: «кошуль коленскіх шесть: одна з золотом, другая з серебром, третья з шолком чорным, а две невышываных, тые коштовали грош кон полшосты»). Кароткія жупаны XVII ст. увогуле часам называліся іначай - даламанамі.

Яшчэ ад часоў С. Батуры рукавы жупаноў робяць крыху задоўгімі, так што яны ўтвараюць дэкаратыўныя складкі на руках, што выразна бачна на партрэце Аляксандра Корвін-Гансеўскага, смаленскага ваяводы, фундатара віцебскага касцёла i калегіі езуітаў. А. Гансеўскі - асоба з цікавай біяграфіяй. У 1590-я гг.- гэта рэгент літоўскай канцылярыі, памагаты Льва Сапегі ў дыпламатычных справах i пасольствах, разам з апошнім - адзін з галоўных ініцыятараў ваенных акцый супраць Масквы ў 1600-я гг. У 1606-м ён суправаджаў з М. Алесніцкім у Маскву Марыну Мнішак, а пасля абвешчання 28 жніўня 1610 г. маскоўскім царом каралевіча Уладзіслава стаяў на чале стральцоў, што адсунулі ад улады баяраў. Пасля абрання смаленскім ваяводам (1625 г.) з яго ініцыятывы адноўлены i ўзмоцнены смаленскія муры i бастыёны (1629- 1630 гг.). Цікава, што выява на партрэце дазваляе ўдакладніць знешні выгляд i дату пабудовы цяпер разбуранага касцёла езуітаў у Віцебску.

Паводле сведчанняў А. Сапунова, яшчэ ў пачатку XX ст. партрэт Гансеўскага знаходзіўся ў адным з віцебскіх музеяў, сёння ён - уласнасць віленскага Гістарычна-этнаграфічнага музея Летувы.

Ад XVII ст. дэлію было папулярна насіць не прасунуўшы рукі ў рукавы, а толькі накінуўшы яе на плечы альбо нацягнуўшы на адну руку, пры гэтым дэлія зашпільвалася на шыі. Такі спосаб дазваляў вольны рух рукі i прыгожа адкрываў перад гледачом узорысты жупан (так апранулі дэлію на партрэтах i Гансеўскі, i Сегень). У Сегеня дэлія падшыта футрам рысі, што разам з ярка-чырвоным колерам было знакам шляхетнага паходжання i высокага сацыяльнага становішча асобы. На выяве Сегеня звяртаюць на сябе ўвагу яшчэ дзве дэталі: шыкоўныя жоўтыя боцікі з высокімі, фігурна разрэзанымі халявамі i высокімі абцасамі, а таксама скураны пояс ca срэбнымі накладкамі, шабляю i машною - тыповыя часткі шляхецкага ўбрання. Перад Сегенем на зямлі - шапка-каўпак з чырвонага аксаміту, аблямаваная футрам, з аграфам ювелірнай работы i пяром. Што да ювелірных упрыгожанняў, то пры дэліях, на шыі, ад 1650 г. i праз усю эпоху Яна III Сабескага насілі шырокія засцежкі: вялікі гузік, ад якога разыходзіліся металічныя, аздобленыя каштоўнымі камянямі палосы (партрэт Паца).

Нельга абмінуць i такія папулярныя часткі шляхецкай вопраткі, як фярэзья i кунтуш. Фярэзья (феразь) выдатна бачна на партрэце гетмана Яна Кішкі, што захоўваўся ў маёнтку Бачэйкаў (фота надрукавана сучасным польскім даследчыкам Р. Афтаназі ў адпаведным томе ягоо «Матэрыялаў па гісторыі рэзідэнцый»), але з тэхнічнай прычыны мусім звярнуцца да выявы вялікага гетмана К. Астрожскага (1466-1530 гг., жывапіс XVIII ст.), убранага ў аналагічны строй. Фярэзья, асабліва папулярная ў Рэчы Паспалітай з другой чвэрці XVII ст., была запазычана з моды ўсходніх краін, Турцыі, а таксама i праз татараў. Гэта доўгая вопратка з невялікім каўняром-стойкаю, якая ў адрозненне ад усходняга прататыпу аздаблялася моднымі пятліцамі з пазументам, часам з золата, срэбра (як на партрэце Астрожскага). Верх фярэзьі мог быць выкананы як з вельмі дарагога адамашку (з залаталітай персідскай шаўковай тканіны з фігурным арнаментам - брокату), так i ca сціплейшага турэцкага адамашку з раслінным арнаментам. Сінія, блакітныя або чырвоньія фярэзьі часам падбіваліся футрам.

Каля сярэдзіны XVII ст. разам з фярэзьяй у «нацыянальную» плынь моды ўвайшоў другі тып плашчоў з аздобнымі пятліцамі - дэліі i кунтушы. Кунтуш - верхняе адзенне, асабліва пашыранае ў часы Яна ІІІ Сабескага, караля, які апранаўся амаль выключна ў нацыянальным стылі. Пад канец XVII ст. кунтуш як верхняя вопратка ў спалучэнні з жупаном спакваля выцясняе з ужытку дэлію i пазней дамінуе ў шляхецкай модзе Рэчы Паспалітай прынамсі да сярэдзіны XVIII ст., калі губляе свае пазіцыі ў вышэйшых прыдворных асяродках эпохі Аўгуста III i Станіслава Аўгуста пад уплывам французскіх густаў. Кунтушы шылі доўгімі, ніжэй каленяў, а з сярэдзіны XVIII ст. укарочаныя («чэхманы»). Яны рабіліся з шоўку, аксаміту, у зімовы час насіліся з футрам, яркіх, але цямнейшых за жупан колераў, мелі разрэзаныя рукавы, а недзе ў 1760-я гг., калі вернасць кунтушоваму строю захоўвае пераважна правінцыйная i дробная шляхта. У заможным асяроддзі сустракаліся варыяцыі кунтуша з адкладным каўнерыкам, аздобленым залатым галуном. На партрэце падкаморага Андрэя Укольскага (1770-я гг., з Мядзельскага раёна), бачым сціплы кунтуш, падпяразаны шыкоўным слуцкім поясам.

Якраз трываласць кунтушовай моды ў самых шырокіх шляхецкіх колах паспрыяла арганізацыі вытворчасці на беларускіх мануфактурах славутых слуцкіх паясоў. Выраб слуцкіх паясоў быў наладжаны фактычна таму, што ўсходняга кшталту пас стаўся абсалютна неабходнай часткаю касцюма, адным з галоўных элементаў шляхецкага іміджу. Калі ў XVIII ст. у Беларусі пашырыўся працэс фіктыўнай набілітацыі з падробкаю генеалагічных дакументаў, нанова запісаныя ў шляхецкі стан не маглі ігнараваць агульнапрынятых нормаў. Нешта падобнае адбывалася i з яркімі жоўтымі або чырвонымі боцікамі, якія небагатая шляхта купляла часам падранымі, і, рамантуючы ніжнюю ix частку недарагой чорнай скураю, пакідала яркія халявы - сведчанне даўняй высакароднасці ix гаспадара, адкуль i пайшла іранічная прымаўка: «Відаць пана па халявах».

Пад час праўлення Станіслава Аўгуста на густах шляхецкага саслоўя ўсё больш выразна адбіваецца арыентацыя на моду адукаванай Францыі. Але на пачатак 1790-х гг. прыпадае i першая хваля свядомага ўжывання нацыянальнага рэтрастылю ў адзенні, калі з дапамогаю вопраткі перыяду вольнай i моцнай Рэчы Паспалітай выступалі супраць падзелаў краіны. Сімволіку рэтрамоды цудоўна разумелі i самі заваёўнікі: расійскія ўлады забаранілі ў 1793 г. беларускай шляхце насіць зялёна-срэбныя слуцкія паясы, т. зв. «пазітыўкі», чыя зелень была знакам надзеі i месяца мая - часу прыняцця дэмакратычнай Канстытуцыі 3 мая 1791 г., адкінутай новымі гаспадарамі. Канец выкарыстанню кунтушова-жупановага строю быў пакладзены таксама не зменамі ў эстэтыцы касцюмаў. Залішне «патрыятычны» строй становіцца адной з ахвяраў рэпрэсій пасля паўстанняў Т. Касцюшкі ў 1830-1831 гг., i вока царскага чыноўніка магло спакойна спачываць на шэрых спінах казённых сурдутаў новых падданых. Паэтычную рысу гэтых падзей у адным са сваіх вершаў падвёў наш «вясковы лірнік» У. Сыракомля:

Гуляй, душа, без кунтуша, Шукай пана без жупана...

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX