Папярэдняя старонка: Артыкулы

Ішчанка С. Справы пра чарадзействы ў копных судох ХVІІ ст. 


Аўтар: Ішчанка Сьвятлана,
Дадана: 15-03-2012,
Крыніца: Спадчына №3-2000. С.183-196.



Першыя законы, накіраваныя супраць чарадзейства, зьявіліся ў BKЛ значна пазьней, чым у іншых краінах Эўропы, - яны прынятыя толькі ў 1543 г. пастановай Кракаўскага сойму 1. Крыніцаю для іх паслужыла магдэбурскае права. Гэтыя законы праіснавалі да 1776 г., калі іх адмяніла соймавая канстытуцыя. Найбольшая колькасьць су­довых працэсаў над чараўнікамі, вядомых са старажытных судовых актаў, прыпадае, аднак, на XVII ст. Гэта адпавядае тагачаснаму ўзмацненьню каталіцкага ўплыву ў Вялікім Княстве і наступу Контррэфармацыі, якая несла з сабою прапаганду ідэй "Молата ведзьмаў" і абвостраную барацьбу зь ерэтыкамі. Цемрашальскія законы неўзабаве сталі знаходзіць сваіх ахвяраў.

Справы пра чарадзействы былі аднесены да юрысдыкцыі духоўных судоў, але калі ў выніку чараў здаралася шкода, гэта лічылася крымінальным злачынствам, і разбор чыніў сьвецкі суд. Працэс пачынаўся з пратэстацыі - заявы пакрыўджанага боку зь пералікам зробленай чараўніком шкоды. Калі падсудны не жадаў прызнавацца, закон дазваляў прьімяніць да яго трохразовае катаваньне (розгамі, агнём), а потым, у залежнасьці ад цяжкасьці абвінавачаньняў, - пакараньне. Найбольш верагодным прысудам магло стаць традыцыйнае спаленьне на вогнішчы ў полі за населеным пунктам. Пасьля гэтага жудаснага відовішча кат разьвейваў попел у паветры. Але трэба адзначыць, што ў ВКЛ расправы над вядзьмаркамі не набылі такога жахлівага маштабу і фанатычнай бязьлітаснасьці, як у Гішпаніі ды Нямеччыне. Як мы далей пабачым з прыкладаў, абвінавачаным нярэдка ўдавалася наогул пазьбегнуць суду, дзякуючы заступніцтву ўплывовых асобаў, ці ачысьціцца прысягай, ці панесьці адносна мяккае пакаранне.

Скаргі на чараўнікоў звычайна маглі разглядаць два суды: копны ці гродзкі. Копны суд (капа - куча, натоўп, сход) 2 - суд сялянскае ці гарадзкое грамады ў ВКЛ. Уяўляў сабою патрыярхальную народную форму правасудзьдзя, якая брала пачатак яшчэ ад "Рускае праўды". Зьбіраў капу жалобнік. Судзьдзямі на ёй маглі быць усе гаспадары мясцовасьці, часьцей зь іх выбіралася 10-20 чалавек, Асаблівым аўтарытэтам карысталіся старцы. Капа мела дзьве формы: гвалтоўную, адразу на месцы здарэньня, і звычайную - сход у загадзя ўстаноўленыя тэрміны на пастаянным месцы (капавішчы). Усякую справу капа імкнулася скончыць у тры сходы. Канчатковую, апошнюю капу называлі "завітой", і ейны прысуд апэляцыі не падлягаў. Дзейнасьць копных судоў, адлюстраваная ў Статуце ВКЛ, зьяўлялася цалкам законнаю. На капе абавязкова прысутнічаў прадстаўнік дзяржаўнай улады - возны, віж, лаўнік ці інш., які сачыў за правільнасьцю выкананьня нормаў копнага права. Ён жа ажыцьцяўляў сувязь копнага суду з гродзкім, вышэйшым у дачыненьні да капы, і складаў рэляцыю (данясеньне) для ўраду. Чыноўнік мог нават адмяніць прысуд капы. У гродзкі суд адсылалі складаныя, праблемныя справы. Копнае права прадугледжвала, што шляхціцы павінны ўдзельнічаць у капе і выконваць яе загады так-сама, як і прадстаўнікі іншых станаў, і могуць прыцягвацца да адказнасьці. На практыцы ж, зразумела, часта адбывалася іншае: пан-землеўладальнік мог проста беспакарана ігнараваць патрабаваньні сялянскае грамады ці з атрадам сваіх узброеных людзей гвалтам разагнаць капу. Паступова копныя суды страчвалі сваю моц і ўплыў, іхная дзейнасьць на абшарах Беларусі спынілася ў XVII, дзе - у XVIII ст.

Ганс Бальдунг. Зачараваны конюх. 1544.

Вызвалім з шматвекавога забыцьця некалькі судовых працэсаў, здольных выклікаць дрыжыкі цікаўнасьці і жуды нават у сучаснага чалавека.

Прыкладна ў 1625 г. жонка пінскага вознага Вячоркі Высоцкага Федзя задумала зьвесьці сваю непрыяцельку, жонку пінскага войскага і падстаростага Мікалая Ельскага3. На могілках вёскі Высокае яна здабыла чалавечую костку, жалезныя цьвікі ад труны і трохі пяску. Усё гэтае Федзя дала сваёй пляменьніцы Сазонаўне (служанцы жонкі Ельскага) і паабяцала за паслугу зрабіць яе вольнай і выдаць замуж. Навучыла яе тры разы паскрэбці костку, зьмяшаць зь пяском, які ўсыпаць у ранішні напой пані (цёплае піва з маслам). А калі пані будзе выяжджаць куды-небудзь, узяць костку зь цьвікамі і пяском, абысьці іх тры разы кругом супраць сонца, гаворачы: "Як тая кость мертва, як тая кость онемела, так і паней моей нехай то будет". Прадметы чарадзейства, завернутыя ў хустку, перадаў Сазонаўне слуга Вячоркі - маладзец Піліп. На чацьвёртым годзе пані павінна была, прамучыўшыся, памерці, што і адбылося. Факт чараў выявіўся пры сьмерці Ельскай і быў засьведчаны пры аглядзе яе цела двума вознымі й шляхтай. (Але няма апісаньня, што ён сабою ўяўляў.) Мікалай Ельскі адразу сабраў капу, на якую паставіў Сазонаўну. Капа патрабавала на суд самога Вячорку, ягоную жонку і Піліпа. Яны не зьявіліся. На трэцяй капе Сазонаўну катавалі, і яна ва ўсім прызналася. З-за няяўкі астатніх копныя судзьдзі адаслалі справу ў пінскі гродзкі суд "на больший разсудок". У красавіку 1630 г. пачаўся вялікі судовы працэс, які ўзначальваў Юры Даніэль Война, падсудак пінскі. Дзьве пастановы, адна за другой, прыгаварылі Федзю да пакараньня сьмерцю. Але яе муж адмаўляў абвінавачаньні і пажадаў апэляваць у Галоўны Літоўскі трыбунал. Спачатку суд апэляцыі не дапусьціў, бо яна ня мела законнае падставы. Але, на зьдзіўленьне многіх, Мікалай Ельскі з добрае волі раптоўна дазволіў Вячорку зрабіць гэтую апэляцыю. Да яе разгляду жонку вознага адправілі ў турму. Піліпа пасьля допыту адпусьцілі як невінаватага, а Сазонаўну, за якую не было каму заступіцца, прыгаварылі да сьмерці. Калі дзяўчына і на апошнім стопні скажа тое ж пра сваю цётку, то, лічылі пінскія судзьдзі, тады трэба аддаць Федзю на муку і горла.

Другая справа 4, у выніку якой быў вынесены сьмяротны прысуд за чарадзейства, была разгледжана 7 сьнежня 1622 г. на рочках судовых гродзкіх менскіх Пятром Тышкевічам, ваяводам і старастам менскім. Князь Яраш Жыжэмскі, падкаморы мазырскі, паведаміў ураду пра крыўду зямяніна і слугі свайго пана Яна Федаровіча ад пана Яна Быкоўскага, дзедзіча маёнтку Пятаўшчызны і вёскі Курковічы, і ад пана Самуэля Слаўскага, на той час арандатара Курковічаў.

Крыўда ж была вось якая.

26 чэрвеня 1622 г., напярэдадні Купальля, рана ў нядзелю, калі жыта было ў самым росквіце, падданы Я. Быкоўскага Барыс Славіковіч прыйшоў на поле Я. Федаровіча, якое знаходзілася ля вёскі Курковічы. Як людзі казалі, не ўпершыню ён займаўся чарадзействам. Вопытнаю рукой нарваў жыта з калосьсем і карэньнем, абвіў вакол вялікага асінавага кала і закапаў гэты кол пад адзінокай магілай. Федаровіч сам злавіў ведзьмака на гарачым, адразу прыйшоў у Курковічы і там усё расказаў. Назаўтра сабралі капу. Славіковіч прызнаўся. Судзьдзі агледзелі доказы і адклалі справу да другое капы і большага сходу людзей, а Славіковіча даручылі цівуну пана Слаўскага. Цівун абяцаў паставіць абвінавачанага на наступную капу. Але пан Слаўскі, калі дайшла чарга да справы, адмовіўся прыслаць чараўніка і сваіх падданых. Тады капа завочна асудзіла Славіковіча на спаленьне і адаслала справу ў гродзкі суд.

Пан Слаўскі загадаў свайму ўпаўнаважанаму першым ехаць за прашэньнем, каб вызваліцца ад року і позваў. Ваявода загадаў паставіць перад ім Славіковіча. Тут пан Слаўскі спужаўся, не зрабіў гэтага і "ад суду адышоў".

Тады стараста менскі пастанавіў не прымаць довадаў Слаўскага, бо ён зрывае рокі. Пацьвердзіў дэкрэт копны аб пакараньні, падпісаны двума вознымі, і загадаў праз два тыдні паставіць ведзьмака згодна артыкулу IX з разьдзелу XIV да пакараньня на трэцяй капе, а калі Слаўскі ня зробіць гэтага - злавіць асуджанага ў любым месцы і пакараць.

Невядома, чым скончылася справа, але, напэўна, трагічна для Славіковіча.

Наступная гісторыя 5 мела лепшы канец. У сакавіку 1638 г. на загад пана Івана Сечкі ў вёсцы Балотчычы сабралася вялікая капа. Зяць Сечкі пан Дуліч паведаміў, што ягоная цешча, калі чалядніца падала ёй кашу, знайшла ў ежы жабіну скуру. Калі дапыталі дзеўку-чалядніцу, тая расказала, быццам скуру ёй дала Насьцюха Кушнерка, служанка пана Марціна Богуша, і загадала зварыць у кашы для пані. Потым дзеўка зьбегла ад старое пані.

На капе пан Дуліч запытаўся, ці пацярпеў хто ад Насьцюхі. Толькі адзін падданы пана сказаў, што жонка ў яго памерла, а суседзі казалі: ці не з-за Насьцюхі?

Другі селянін паведаміў, што ў яго жонка захварэла, пасьля таго як узяла кроены ў Кушнеркі, але ўжо здарова. Капа хацела вызваліць Насьцюху ад віны, але пан Дуліч аблаяў і зганьбаваў увесь сход і паручыцеляў, ня даў падсудную Богушу на парукі і адправіў яе ў Слуцак. Няшчасная жанчына тры тыдні цярпела ў вязьніцы холад і голад, але потым пан Богуш, відаць, не пазбаўлены міласэрнасьці чалавек, усё ж вызваліў сваю служанку за парукаю знаёмага шляхціца.

Выпадкі, калі паны адмаўляліся ставіць перад судом сваіх падданых, падазроных у чарадзействе, і нават хавалі іх, здараліся нярэдка. Напрыклад, у рэляцыі, датаванай 31 траўня 1670 г. 6, Рыгор Ласкоўскі, генэрал яго каралеўскае м-сьці ваяводзтва Берасьцейскага, пацьвердзіў, што ў гэты дзень ён быў запрошаны на разгляд справы панам Эпімахам Бухавецкім у маёнтак ягонае маці Астрамеч. Там Бухавецкі расказаў, што ягоны родны брат Філон памёр з-за чараў ерэтычкі Мархвіны Харчыхі, падданай сына і нявесткі Эпімаха. У той жа дзень пры сходзе грамады на мяжы Астрамеча пан Эпімах зь няўтольнаю журбой патрабаваў выдаць бязбожную бабу на допыт, каб яна прызнала сваю віну. Шмат людзей пры гэтым апавядала, што тая Харчыха здавён займаецца чарамі. Але гаспадар ня выдаў яе. Тады Эпімах пры пасрэдніцтве генэрала патрабаваў распачаць судовы працэс.

Падобная сытуацыя адбылася ў лістападзе 1682 г. 7, пан Ян Ласкоўскі не паставіў на трэцюю, апошнюю капу свайго падданага Міхалку Кучмука, якога судзілі па пратэстацыі лоўчага горадзенскага Анджэя Пухальскага. Абвінавачаньне, аднак, прад'яўлялася занадта неканкрэтнае: быццам Міхалка зьдзяйсьняў чарадзейства, але невядома на каго. Незадаволены беспакаранасьцю "небясьпечнага для дзяржавы ведзьмака", уніклівы лоўчы зьвярнуўся за дапамогаю да генэрала ваяводзтва Берасьцейскага Габрыэля Астрамецкага. Той не паленаваўся асабіста з двума шляхціцамі зьезьдзіць у маёнтак Ласкоўскага і застаў пры панскім двары злашчаснага Міхалку. Прадстаўнікі ўлады сказалі пану і пані, каб яны працягвалі трымаць у сябе абвінавачанага да выраку па суду. Тыя згадзіліся.

Здаралася, што разам з мудрагелістымі штучкамі ведзьмакі ня грэбавалі заняцца і простай крымінальшчынай. 25 чэрвеня 1684 г. у вёсцы Навашычы сабраўся копны суд па справе пра чарадзейства і крадзеж сена ва ўладаньнях пана Анджэя Букрабы, скарбніка Наваградскага 8. Ноччу скасілі ў яго сена і скруцілі жыта на сялянскім полі. Букраба паскардзіўся капе, што кожны год, калі ён ад'яжджае на службу, у яго крадуць сена і збожжа, а чарамі робяць шкоду "коням, быдлу, ураджаю і халопам". Маючы падазрэньні, што яму строяць падкопы сусед Габрыэль Вішнеўскі з жонкаю, пан Анджэй прад'явіў ім іск на 1500 злотых. Да яго далучыліся і пан Петра Вішнеўскі, які паведаміў, што ў яго таксама зачаравалі жыта і ён мае на падазрэньні Уршулу Кандратаву Тышкоўку, на якую скардзіўся некалі і яе гаспадар, Г. Вішнеўскі. Быццам яна яму грачыху зялёную зжала i на полі паклала і пахвалялася, што можа зрабіцца нябачнай. Ад Г. Вішнеўскага патрабавалі ставіць Уршулу на другую капу. Але падчас яе сходу пан Габрыэль напаў на ўдзельнікаў з сваімі людзьмі, узброенымі абухамі і шаблямі, зневажаў брата свайго Пятра Вішнеўскага, быццам ён сам злодзей і чарадзей, і адмовіўся выдаць абвінавачаную на кару, "хаця б і дзесяць коп зьбіраў Букраба"!

Нават пасьля сьмерці сварлівага суседа не давалі чараўнікі спакою беднаму пану Букрабу. Наадварот, дапякалі яму зусім нязносна, так што праз 15 гадоў ён мусіў падаць копны дэкрэт у пінскі гродзкі суд 9. Пан Анджэй скардзіўся на бязбожных людзей, якія за падтрымкаю новага суседа Францішка Дубавецкага веры нехрысьціянскай (?) узнавілі даўнія свае сатанінскія ўмельствы. Далей ідзе даволі цікавы пералік злачынстваў на пагібель букрабаўскаму маёнтку. Ведзьмакі год за годам у пачатку кожнага месяца закручваюць жыта на полі, у дом напушчаюць чарамі розныя жахі. Коней папсавалі так, што яны ў той жа дзень ашалелі, а пасьлязаўтра падкінулі пад парог у хустцы зельле, карэньне, пясок і пад уязныя вароты - пялюшкі ад хворага дзіцяці. Ад гэтай заразы адны ў двары памерлі, а іншыя хворыя, і Пан Бог ведае, ці будуць жывыя.

Самыя вядомыя і страшныя ведзьмакі - Кірыла Адамовіч і сын яго Хведар. Пра іх сяляне расказваюць наогул дзівосы. Кірыла, напрыклад, каб ачуняць, вывеў на могілкі ў самую поўнач кабылу, якая там жа ўпала і здохла. А лякарства рабіў з гарэлкі, якую працадзіў празь перавернуты млынавы камень. Сын Хведар нават перасягае бацьку ў чарадзейскіх здольнасьцях. На кірмашы ў мястэчку Янава музыку так замовіў дуду, што яна перастала граць, і бядак сьлёзна прасіў яго расчараваць інструмант. Жорны ў яго самі сабой перакульваюцца і мелюць без чалавечае дапамогі!

А ёсьць яшчэ Палашка Сейгінава, якая зьбірае на сьвятога Юр я расу на палёх, а потым адбірае ў кароў малако.

Зайшла паганая баба ў сялянскі двор, які належыць пану Букрабу, выдаіла карову - і тая пачала кожны дзень бегаць да гаспадыні ад свайго цяляці, мычала, страціла малако і здохла, а каштавала 30 злотых.

Тры хлопы пана Анджэя падрабязна расказалі, што, маўляў, вышэназваныя ведзьмакі, а таксама Грышка Штопук - усе падданыя пана Дубавецкага - чаруюць, "каб згубіць нашых паноў". Чарадзействамі ж зжылі зь сьвету братоў Габрыэля і Пятра Вішнеўскіх. Гэта чула і сама пані Вішнеўская, цяпер Дубавецкая, але нікога не пакарала. Угаварылі чараўнікі сваіх гаспадароў, каб не чынілі справядлівасьць. Як ні ўпрошвалі людзі выдаць вінаватых для спаленьня і прысягалі, што яны прынесьлі шкоду на 2000 злотых, - усё марна.

Пінскі гродзкі суд разгледзеў скаргу пана Анджэя Букрабы і прыгаварыў вышэйпералічаных чараўнікоў да мукі катаўскае, а Грышку Штопука - да прысягі.

Канешне, зараз немагчыма выявіць, што на самай справе рабілася напрыканцы XVII ст. у Навашычах і навакольных вёсках, але які займальны сюжэт для дэтэктыўнай аповесьці даюць гэтыя актавыя запісы! На працягу менш чым 15 гадоў у магілу сыходзяць незразумела ад чаго абодва браты - шляхціцы Вішнеўскія, па меншай меры адзін зь якіх, Габрыэль, мяркуючы па ягоным зухвалым наезьдзе на капу, быў, мусіць, чалавекам нестарым і даволі бадзёрым. Яго жонкай і маёнткам авалодвае Ф. Дубавецкі, які спавядае нейкае неартадаксальнае веравызнаньне. З гэтае пары ў маёнтках суседзяў узнаўляюцца і множацца разнастайныя злачынствы, а ўсе людзі шэпчуцца пра чараўнікоў...

Прыведзеныя прыклады сьведчаць пра тое, што на копных судох г. зв. чараўнікам ставілі ў віну заняткі прымітыўнай вясковай магіяй, якая караніцца яшчэ ў дахрысьціянскіх часох. Амаль у кожнай беларускай мясцовасьці заўжды знаходзіліся людзі з рэпутацыяй чарадзеяў - знахары і знахаркі, шаптухі, варажбіты, ведзьмакі і ведзьмы 10. Здаралася, кагосьці лічылі нават ваўкалакам. Народная пагалоска надавала незвычайныя здольнасьці ў зносінах зь сіламі прыроды млынарам, лесьнікам, кавалям, пчалярам, пастухам, піваварам. Чараўнікі падзяляліся на добрых і злых, шкодных, якія запрадалі душу чорту. Добрымі лічыліся варажбіты, а таксама шаптухі і знахары. Да першых людзі зьвярталіся за парадай, каб прыняць важнае жыццёвае рашэньне. Другія дапамагалі хворым рознымі сродкамі. Безумоўна асуджальнае, негатыўнае значэньне надавалася словам "ведзьма, вядзьмак, ваўкалак", якія заўсёды выклікалі страх і варожасьць. Стан тых, каго лічылі добрымі чараўнікамі і чараўніцамі, таксама быў даволі хісткі. Дастаткова было пасварыцца з суседзямі, камусьці не дагадзіць ці выпадкова падпасьці пад падазрэньне - і вось учарашні дарадчык і выратавальнік у вачох аднавяскоўцаў ператвараўся ў злодзея. Шмат асуджаных за чары ставілі на капу за абгаворы, паклёпы непрыяцеляў і зайздросьнікаў. Але бывала і так, што яны пакутавалі з-за сваіх памылковых веравызнаньняў, цемрашальства і дрэнных намераў.

У разгледжаных вышэй судовых справах часта апісваюцца і разглядаюцца як вельмі цяжкае злачынства заломы ў жыце 11. Закручваць калосьсе ў полі значыла рабіць самае небясьпечнае чараваньне на сьмерць ці хваробу гаспадароў поля або іхнай хатняй жывёлы. Такая закрутка суправаджалася адпаведнаю замовай, у якой трэба было казаць, на чыю галаву робіцца закрутка, якія пакуты тая істота павінна цярпець і якою сьмерцю памерці. Гаспадар, які знайшоў сярод пасеваў гэткую штуку, адчуваў жах. Сяляне верылі, што, калі яе вырве чалавек, недасьведчаны ў чарах, у яго адсохне рука ці прычыніцца іншая хвароба.

Яшчэ адзін забабон, які быў распаўсюджаны на беларускіх і ўкраінскіх землях: калі падкінуць у дом замоўленую жабу ці яе скуру, гэта прынясе яго жыхару вялікія непрыемнасьці. Ён быў заснаваны на тым, што ў сярэднявеччы жаба лічылася нячыстай жывёлінай, якую д'ябал выкарыстоўвае ў сваіх мэтах. Як гэта ні сьмешна, але і на зыходзе XX с г. у вёсцы часам можна натрапіць на бабулю, якая верьщь у "жабіну замову".

Амаль да нашых часоў дажыло павер'е пра ведзьмаў-кароўніцаў, якія адбіраюць малако ў кароў ды псуюць статак. З такой мэтай яны быццам робяць уначы расу на выгане шкоднай ці зьбіраюнь яе на Купальле і сьв. Юр'я па агародах і даюць піць сваім каровам. Ад гэтых маніпуляцыяў і павінна прапасьці малако ў кароў з тых гаспадарак, дзе ведзьма сабрала расу, а ў ведзьмавых - наадварот, прыбавіцца.

Каб пазбавіцца ад хваробы, нашы продкі часам спрабавалі выкарыстаць магічны прыём пераносу яе пры дапамозе спэцыяльных абрадаў на неадушаўлёны прадмет, на жывёлу ці, з злосным намерам, на іншага чалавека.

Ну а каб коні пашалелі, наогул ніякіх замоваў не патрабавалася. Дастаткова было ўвечары схаваць недзе ў стайні, у шчыліне, адкуль цягне паветрам, кавалак сьвежае воўчае шкуры, каб перапалоханыя пахам драпежніка жывёлы ўсю ноч кідаліся і трывожна ржалі. А раніцай наблізіцца да ўшчэнт знэрваваных коней было няпроста нават вопытнаму конюху. Існавала яшчэ шмат іншых рэальных хітрыкаў, каб нашкодзіць бліжняму свайму, вынікі якіх чалавеку неазнаёмленаму здаваліся сапраўднымі чарамі.

Вера ў вядзьмарства была ўласьціва ня толькі простаму люду, але і распаўсюджана сярод шляхты аж да магнацкіх колаў. Розныя формы народнай магіі (замовы, праклёны, знахарства і інш.), прымхі, імкненьне да дзівосаў, асьцярога разнастайных нячысьцікаў - усё гэта трывала захоўвалася з паганскіх часоў у сьвядомасьці шматлікіх пакаленьняў нашых продкаў, месьцілася ў самых дальніх, цёмных куткох заўжды супярэчлівай чалавечай душы. На працягу ўсёй гісторыі артадаксальнаму хрысьціянству даводзілася змагацца з такімі поглядамі, звычаямі і норавамі, якія адхіляліся ад яго канонаў і догматаў, а ў сутнасьці, з уласным ценем, адваротным бокам веравучэньня. Духавенства, якое прадстаўляла дзяржаўную рэлігію, патрабавала ад сьвецкай улады ўводу жорсткіх законаў супраць чараўнікоў і ерэтыкоў, фармавала грамадзкую думку пра іх небясьпечнасьць. Перамога эпохі Асьветніцтва і аслабленьне ідэалягічнага ўплыву Царквы паступова прывялі да зьнікненьня судоў над ведзьмамі і да адмены адпаведных юрыдычных дакумантаў.

Заўвагі

1 Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. - Мінск, "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя П. Броўкі'". 1989. - С. 542.

2 Тамсама. С. 495.

3 Акты Виленской археографической комиссии. Акты о копных судах. - Вільня, I891. Т. XVІІІ. - С. 304 - 307.

4. АВАК. Т. XVIII. С. 263 - 265.

5. АВАК. Т. XVIII. С. 333 - 334.

6. АВАК. Т. XVIII. С. 486 - 487.

7. АВАК. Т. XVIII. С. 498 - 499.

8. АВАК. Т. XVIII. С. 499 - 500.

9. АВАК. Т. XVIII. С. 513 - 514.

10. Пережитки древняго міросозерцанія у белорусовъ. Этнографическій очеркъ А. Е. Богдановича. - Гродна, 1895. (Рэканструкцыя А. Вейніка. Мінск, "Беларусь", 1995). - С. ІЗЗ - 147.

11 Тамсама. С. 168-170.

Сьвятлана ІШЧАНКА.
Аўтарка шчыра дзякуе за парады й дапамогу ў напісаньні артыкулу спадарам Арыне Вячорцы й Юрыю Бохану.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX