Вярнуцца: Артыкулы

Ельскі А. З Геаграфічнага слоўніка


Аўтар: Ельскі А.,
Дадана: 14-03-2012,
Крыніца: Спадчына № 3 - 2000. С. 171-182.



КАРЭЛІЧЫ

ЗЕМБІН

ШЧОРСЫ


Пісьменнік, краязнавец, перакладчык, публіцыст Аляксандр Ельскі (1834-1916) большую частку свайго жыцця правёў на Ігуменшчыне ў родавым маёнтку Замосце. Тут у 1864 г. ён стварыў літаратурна-краязнаўчы музей, у фондах якога захоўвалася каля 20 000 аўтографаў і дакументаў, 7 000 кніг, больш за 1 000 гравюраў, карціны, манеты, археалагічныя знаходкі, у т.л. старадрукі, амаль усе польскія і літоўска-беларускія хронікі, дыярыюшы, бібліяграфічныя даведнікі, энцыклапедыі, атласы, вопісы архіваў і інш. Шырока выкарыстоўваючы матэрыялы сваіх збораў, А. Ельскі падрыхтаваў для "Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў" (Т. 1-15, Варшава, 1880-1902) і "Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі" (Т. 1-55, Варшава, 1892-1914) каля 10 000 гісторыка-краязнаўчых артыкулаў, у якіх апісаў мясцовасці мноства Беларускіх паветаў.


З "ГЕАГРАФІЧНАГА СЛОЎНІКА"

КАРЭЛІЧЫ

Невялікае старажытнае мястэчка і славутыя сваёй урадлівасцю ўладанні. Калісьці яны знаходзіліся ў Наваградскім ваяводстве, а цяпер у Наваградскім павеце Менскае губерні, над ракой Рутай, ля паштовага тракту, (20KB) Аляксандр Ельскі. што ідзе са Слуцка і Нясвіжа праз Мір і Турэц да Наваградка, за 3 мілі ад гістарычнага літоўскага замку на паўночным усходзе, за 3 вярсты ад ракі Сэрвач, у бязлеснай, але маляўнічай мясцовасці. У мінулым Карэлічы былі спадчынай Вялікага Княства Літоўскага і належалі па чарзе Чартарыскім, Радзівілам, а цяпер, праз пасаг Стафаніі Радзівіл, - князю Вітгенштэйну. У Карэлічах ёсць прыходская царква (раней уніяцкая), паштовая станцыя, валасная школа, а таксама ўправа Карэліцкае воласці, якая ўключае 4 сельскія староствы, 39 вёсак з 2 450 сялянамі мужчынскага полу. Чацвёртая мірская паліцэйская акруга, наваградская каталіцкая парафія. Мястэчка цалкам драўлянае, мае каля 100 двароў. Жыхары-хрысціяне займаюцца сельскай гаспадаркай, гэбраі - дробным гандпем. Гэта самая ўрадлівая мясцовасць у павеце, багатая выдатнымі лугамі, шырока вядомая сваёй ураджайнасцю, лёгкім чарназёмам, супескамі, дзе вырошчваецца выдатная пшаніца, якая не саступае сандамірцы і дае 10 зярнятаў і больш з кожнага пасеянага. Карэліцкія ўладанні займаюць 4 030 моргаў зямлі і здаўна здаюцца ў арэнду. Вінны водкуп і арэнда складаюць звыш 1 000 рублёў. Каля трыццаці гадоў таму тут была пабудаваная вялікая цукраварня, зачыненая, аднак, з-за недахопу паліва. Гістарычныя звесткі пра Карэлічы мізэрныя і раскіданыя па розных крыніцах; але мы сабралі некаторыя з іх і коратка перакажам змест.

(26KB) Габелен 'Бітва на р. Славечна'. Карэліцкая мануфактура. XVIІІ ст. Фрагмент.

Карэлічы, знаходзячыся ў багатай ад прыроды мясцовасці, ля гасцінца, што вядзе ў самае сэрца Літвы і ў каронныя землі, часта былі сведкам ваенных паходаў, зборным пунктам рознага жаўнерства, здаралася, перажывалі і надзвычайныя хвіліны. У 1395 г., калі Свідрыгайла спрачаўся з Вітаўтам, падвучаныя ім крыжакі на чале з магістрам Конрадам Юнгінгенам, ідучы здабываць велікакняскі Мір, спыніліся ў Карэлічах. У 1505 г. крымскія татары на чале з Бітыкірэем, стаўшы табарам у Клецку і адтуль пасоўваючыся ажно пад Ліду, чым нагналі страху літоўскім панам і канаючаму каралю Аляксандру, дашчэнту спустошылі Карэлічы. У 1655 г. шведы, падбухтораныя Багуславам Радзівілам, канюшым літоўскім, ідучы на Мір, не пашкадавалі і Карэлічы. У 1705 г. расейскі імператар Пётр Вялікі, пераязджаючы з Горадні ў Маскву, 21 снежня суткі правёў на карэліцкім двары, дзе яго з надзвычайнай пашанаю прымаў Кароль Станіслаў Радзівіл, канцлер літоўскі і шчыры прыхільнік Аўгуста II. Шведы адпомсцілі яму за гэта ў наступным, 1706 г., ператварыўшы ў папялішча наваколлі Нясвіжа, Міра і Карэлічаў. Пасля смерці Аўгуста II у 1733 г, калі замежныя каралеўскія двары баламуцілі шляхту і зноў навязвалі Польшчы саксонца ў асобе Аўгуста III, найбольш шчырыя, смелыя і адданыя справе бацькаўшчыны грамадзяне, жадаючы бачыць на стальцы Пяста, стваралі канфедэрацыі на карысць векапомнага Станіслава Ляшчынскага. Найбольш значныя ў гэты час канфедэрацыі: Сандамірская ў Кароне і Ашмянская ў Літве. Ашмянская канфедэрацыя, створаная на чале з ваяводам віцебскім Марцыянам Агінскім, налічваючы 8 000 узброеных рыцараў і маючы таксама набраных з простага люду капійнікаў, жалезныя і дубовыя гарматы, абрала Карэлічы месцам далейшага фармавання групоўкі караля Станіслава і атабарылася тут ва ўмацаваным лагеры. У той час сюды сабраліся шляхотнейшыя грамадзяне літоўскіх ваяводстваў: рэгіментар [галоўнакамандуючы] літоўскі Пацей, пісар літоўскі Тышкевіч, камандзір пяцігорцаў літоўскае булавы і адначасна стараста пінскі Ўладзіслаў Ельскі, палкоўнік Дамаслаўскі, адважны стражнік польны Пашкоўскі і шмат іншых. Асабліва Пашкоўскі вызначаўся мужнасцю ў час безупынных нападаў на непрыяцеля ў ваколіцах Карэлічаў, дзе апрача чужых сваволіла свая дзёрзкая брація. Былі гэта самыя памятныя часы ў гісторыі Карэлічаў, як ніколі раней і ніколі потым, бо шляхта, натхнёная высакароднымі думкамі, ядналася тут у імя патрыятычнай ідэі. Вось і Марцін Матушэвіч, апісваючы ў сваіх цікавых дзённіках падрабязнасці ашмянскага злучэння, дадае, што для карэліцкіх канфедэратаў "час праходзіў у самых лепшых спадзяваннях", і доўжылася гэтак, можа, некалькі месяцаў. Але ў хуткім часе частка рыцарства пацярпела паразу пад Сяльцом каля ракі Ясельды, некаторыя разбегліся, напалохаўшыся, у Дзівіне Кобрынскага павету. А астатнія колькі тысячаў канфедэратаў, прайшоўшы са зброяй у руках розныя рэгіёны краіны, захавалі вернасць каралю Станіславу да канца, гэта значыць, да 1735 г., калі, вызваленыя ад прысягі выдадзеным у Караляўцы ўніверсалам няшчаснага манарха, яны маглі заставацца пры саксонцу. Адзначым таксама пераезд у 1784 г. праз Карэлічы караля Станіслава Аўгуста, які вяртаўся з Нясвіжа, а таксама тое, што ў 1812 г. у Карэлічах папераменна гасцявалі французскія, польскія і рускія войскі.

ЗЕМБІН

Гэта мястэчка з валасной управай і ўладаннямі над ракой Зембінкай (левым прытокам Гайны), у Барысаўскім павеце, другой лагойскай паліцэйскай акрузе, за 24 вярсты ад Барысава, ля старога Віленскага тракту. Месціцца яно сярод лясоў і балотаў, з-за чаго тут лютуе неадчэпная ліхаманка. Мястэчка ніколі не мела правоў і прывілеяў, сёння тут налічваецца 139 двароў (у т.л. 101 гэбрайскі), амаль 635 (17KB) Зембінскі касцёл. жыхароў. Гэбраі займаюцца пераважна дробным гандлем. Ёсць паштовае аддзяленне, вясковая школа, прыходская царква св. Міхаіла, адбудаваная нанова памешчыкам Францішкам Сежпутоўскім у 1811 г. на месцы знішчанай пажарам; цяпер яна перабудаваная. Згодна з даўнімі запісамі царква валодае 3 валокамі зямлі, мае амаль 1 200 вернікаў абодвух полаў; яе фундатарамі былі Ратомскія. Дзве капліцы: св. Яна ў вёсцы Любча і могільнікавая св. Дзмітрыя ў Касцянах. Зембінская воласць мяжуе на захадзе з валасцямі Юр'ева, Лагойск і Плешчаніцы, на поўначы - з воласцю Мсціж, на ўсходзе - з валасцямі Красныя Лукі і Кішчына Слабада, на поўдні - з воласцю Рытча; уключае 12 сельскіх акругаў (старостваў), 623 двары з поўнымі надзеламі (цяпер раздробленыя), з 623 распрыгоненых сялянаў мужчынскага полу на 10 311 дзесяцінах зямлі. Мясцовасць досыць лясістая, надзвычай камяністая, з вялізнымі валунамі, а таксама мноствам дагістарычных курганоў і гарадзішчаў.

У XVI ст. Зембін належаў Кішкам гербу Дамброва. У 1612 г. Станіслаў Кішка, ваявода віцебскі, падзяліўшы свае вялікія ўладанні паміж чатырма сынамі, аддаў Зембін разам з Докшыцамі, Гайнай і іншымі навакольнымі маёнткамі старэйшаму сыну, князю Станіславу Кішку, віцебскаму схаластыку і сакратару Жыгімонта III. Гэты надзел быў прызнаны жніўня гэтага ж году ў літоўскім трыбунале, а потым, 25 красавіка 1752 г., упісаны ў кнігі менскага замку (крыніцы знаходзяцца ў зборах аўтара гэтых радкоў у Замосці). Пазней Зембін, невядома якім чынам, стаўся ўласнасцю Саковічаў, верагодна, праз куплю або заклад схаластыка Кішкі; вядома, што зембінскі памешчык Адам Саковіч, падкаморы ашмянскі, пазнейшы ваявода смаленскі, са сваёй жонкай Марыянай з Тышкевічаў фундаваў тут у 1640 г. касцёл з кляштарам дамініканцаў, перадаўшы манахам 17 крапасных, аселых за горадам на валоках зямлі, а таксама фальварак Паляны, што знаходзіўся за 5 вёрстаў. Пасля падзелу Рэчы Паспалітае мужчынскае насельніцтва кляштарнай вёскі налічвала 67 душ, зямлі было агулам 55 валокаў, а таксама 6 азёраў і карма. Мітрапаліцкая інспекцыя, што адбылася пасля падзелу краіны, запісала гадавы даход манахаў у памеры 722 рублі, а таксама капіталы: з запісу Саковічаў 1 900 рублёў срэбрам; паводле тастаманту Міхала Пшаводскага 75 рублёў срэбрам; на маёнтку Скуплін 2 150 рублёў срэбрам і на маёнтку Крычын 18 рублёў срэбрам штогод. Кіраўніцтва складалася тады з 3 святароў. На паслугах у касцёле і кляштары трымалі арганіста, сакрысціяна, званара, кухара, фурмана, служку і вартаўніка. Першапачаткова храм быў драўляны; пазней, у 1790-1809 гг., манахі пабудавалі мураваны храм Успення Найсвяцейшае Панны Марыі, даўжынёй 32, шырынёй 24 локці. Ён заўседы быў парафіяльны, пры ім існавала школка з 8 вучнямі, якія ўтрымліваліся коштам кляштару. Бібліятэка была знішчана ў 1812 г. падчас нападу французаў. У 1833 г. ордэн дамініканцаў быў скасаваны, а ягоная маёмасць перайшла ў скарбніцу. (3 рукапісных нататкаў Яна Ходзькі.) Сёння зембінскі храм, які доўга заставаўся без святара, вельмі збяднеў. Каталіцкая парафія бярэзінскага дэканату (каля 1 500 вернікаў) мела калісьці філію ў Крычыне.

Вяртаючыся да гісторыі, скажам яшчэ, што другою жонкай ваяводы Саковіча была Святаслава Раецкая, мінская ваяводзіха, удава старасты брэсцкага Ляшчынскага, якая пасля смерці Саковіча выйшла замуж трэці раз за Мікалая Патоцкага, генерала падольскіх земляў, але дзяцей з ім не мела. Пані гэтая, валодаючы правамі на Зембін, трымала яго разам з мужам, згаданым вышэй Патоцкім. I ў гэты час, а менавіта ў 1673 г., адбыўся гучны працэс зембінскіх дамініканцаў супраць арандатараў Зембіна Аляксандра Ясянецкага-Войны і ягонай жонкі Элеаноры з Горскіх з-за ўзброенага нападу на кляштарныя землі і разбою, учыненагаў кляштары, з-за знявагі, нанесенай храму збіццём ксяндза-прыёра Эзіі Гурневіча, ксяндза Балтазара Крынскага і кляштарных слугаў. Справа гэтая была ўзбуджана ў літоўскім трыбунале, які 20 кастрычніка таго году прыгаварыў мужа і жонку Войнаў да пакарання смерцю. Але вырак, праўдападобна, не быў споўнены, бо ў тыя часы цяжка было дамагчыся выканання законаў. Праз пэўны час уладальніца Зембіна падольская генераліха Патоцкая з Раецкіх, аўдавеўшы, чацвёрты раз выходзіць замуж за Пражмоўскага, харунжага надворнага кароннага. Пасля яе смерці ў ходзе доўгага працэсу Зембін узялі Храптовічы на той падставе, што сястра бяздзетнага ваяводы смаленскага Саковіча, які, відавочна, не меў братоў з нашчадкамі, была замужам за Міхалам Храптовічам, пісарам земскім наваградскім. Працэс гэты выйграў урэшце Марыян Храптовіч, бацька падканцпера Яўхіма Храптовіча, які ў адміністрацыйным зборніку інструкцыяў 1783 г. яшчэ не называв Зембін мястэчкам, а толькі дазваляе сяліцца тут людзям вольным, нехрысціянам, будаваць дамы на вызначаных пляцах з выплатай чыншу ў замак, пакідаць гэтыя дамы ў спадчыну і весці вольны гандаль. У выніку Зембін засяліўся гэбраямі, мяшчанамі, тут пачалі ўзводзіць больш значныя будынкі, а пасяленне стала называцца мястэчкам, хоць і без прывілею. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітае ў 1793 г. Зембін быў секвестраваны ў скарбніцу, але яго зноў атрымаў Яўхім Храптовіч. Пазней, у 1807 г., сын Яўхіма, Іраней Храптовіч, распрадае зембінскі маёнтак розным асобам, каб паправіць сваё становішча, бо ў яго заставаліся яшчэ вялікія шчорсаўскія ўладанні ў Наваградскім і вішнеўскія ў Ашмянскім паветах. Тады мястэчка Зембін з некалькімі фальваркамі набыў Ліхадзіеўскі. Калі ў 1831 г. адбыўся падзел яго ўладанняў паміж крэдыторамі, фальваркі ўзялі Халхоўскія, а мястэчка з карчмой засталося ў цёзкі па прозвішчу, верагодна сваячкі даўжніка, Ліхадзіеўскай, якая ў 1834 г. саступіла свае правы гэбраю Арону Тайну, чыё валоданне, паводле сведчання Яўстаха Тышкевіча, згубна, дэмаралізуюча ўплывала на мясцовых жыхароў, і мястэчка пачало занепадаць. Пазней Халхоўскія, здаецца, выкупілі гэтыя правы ў Тайна і пасля гэтага валодалі 161 прыгонным мужчынскага полу. Пасля іх Зембін атрымалі ў спадчыну Равы, якія застаюцца яго ўладальнікамі да сённяшняга дня. Ваколіцы Зембіна добра памятаюць паходы шведаў на чале з Карлам XII у 1708 г. і вялікай французскай арміі ў 1812 г. пасля яе вядомай паразы і пераправы пад Барысавам 27-28 лістапада. Пасля гэтага жахлівага разгрому Напалеон, накіроўваючыся ў Вільню, на першы свой начлег спыніўся ў Зембіне. Французы пакінулі за сабой суцэльную пустэчу. Маляўнічае апісанне гэтых гістарычных падзеяў чытач знойдзе таксама ў Тышкевіча.

ШЧОРСЫ

Гэта вёска і ўладанні над Нёманам у Наваградскім павеце, у першай усялюбскай паліцэйскай акрузе, воласці Шчорсы, за 3 мілі ад Наваградка. Уласнасць старажытнага роду Літавор-Храптовічаў гербу Адрованж. Вёска налічвае 156 двароў. Мураваная прыходская царква св. Дзмітрыя пабудаваная на месцы старой (знішчанай у 1758 г. (20KB) Шчорсаўскі палаца-паркавы ансамбль. Мал. пачатку XX ст. пажарам) канцлерам Яўхімам Храптовічам у 1776 г.; у ёй захоўваецца некалькі памятных рэчаў Храптовічаў і дзве вялікія караны пэндзлю Марчэла Бакярэлі. Царква мае каля 4 000 вернікаў, яе маёмасць складаецца з дзвюх валокаў зямлі, атрыманай ад даўнейшых фундатараў. Паводле падання, тут ужо ў XIV ст. існаваў храм славянскага абраду. Адзін з Храптовічаў, пацвярджаючы ў 1627 г. дакумент царквы, згадвае, што існуе яна здавён; а на срэбных шатах св. Дзмітрыя выбіты 1386 г. У Шчорсах ёсць вясковы шпітапь на дзесяць ложкаў, валасная ўправа, вясковая школа, а таксама школка для дзяўчат, заснаваная паводле валасной пастановы ў 1888 г. у памяць аб знаходжанні тут князя Уладзімера Аляксандравіча з жонкай. Воласць Шчорсы складаецца з трох сельскіх акругаў (старостваў), налічвае 559 двароў, 2 637 душ сялянаў мужчынскага полу, распрыгоненых на 4 373 дзесяцінах зямлі. Шчорсаўскія сяляне здаўна вызначаюцца больш высокім разумовым развіццём і дабрабытам, бо пра гэта дбайна клапаціліся некалькі пакаленняў Храптовічаў. Менавіта адсюль паходзяць найлепшыя плытагоны, на якіх усюды ёсць вялікі попыт. Канцлер Яўхім Храптовіч перавёў сваіх прыгонных на аброк і рассяліў іх на неасвоеных землях у 1790 г. Ягоны сын Адам у 1811 г. заснаваў прыходскую школку ў суседніх Нягневічах, а праз некалькі гадоў, ужо з большым размахам, - у Шчорсах, забяспечыўшы яе адпаведнай бібліятэкай. Напачатку школу наведвалі 50 вясковых вучняў. Пасля 1839 г. школа ў Шчорсах была зачынена і толькі каля 1866 г. заснавана новая. У Шчорсах у 1729 г. нарадзіўся Яўхім Храптовіч, сын Марыяна, старасты вербельскага, і Рэгіны Вайнянкі. Ён пабудаваў тут палац у стылі Людовіка XV, які старанна даглядаюць да сённяшняга дня, а ў ім сабраў выдатную бібліятэку, багатую бібліяграфічнымі рарытэтамі і каштоўнымі рукапісамі, а таксама вялікі архіў, пазней рупліва папоўнены сынамі Адамам ды Іранеем. Звесткі пра зборы Храптовічаў паведаміў аўтар гэтых радкоў у "Газеце Варшаўскай" (1880, №№ 208-215). У парку, які акружае палац, знаходзіцца помнік Яўхіму Храптовічу, пастаўлены нядаўна яго ўнукам па жаночай лініі Бжастоўскім. У Шчорсах часта бывалі вучоныя і іншыя вядомыя асобы: Станіслаў Аўгуст, у 1784 г. вяртаючыся з Нясвіжа на Горадзенскі сойм, знаходзіўся тут з усім сваім дваром і начаваў 23 верасня; доўгі час тут жыў астраном Марцін Пачобут; Яўхім Лялевель у 1830 г. займаўся навуковымі даследаваннямі; прыязджалі сюды таксама Адам Міцкевіч, Ігнат Даніловіч, Мікалай Маліноўскі, гісторык Ярашэвіч, Сыракомля, Ян Чачот і інш. Цяперашні ўладальнік Шчорсаў Міхал Храптовіч, унук Яўхіма, сын Іранея, апошні з роду, узняў сельскую гаспадарку ў Шчорсах на належную вышыню. У "Сельскагаспадарчай газеце" за 1880 г. (№№2 40-48) аўтар гэтых радкоў даў дэталёвае апісанне шчорсаўскай гаспадаркі. Яна ўключае 6 фальваркаў: Шчорсы, Марысін, Мураванка, Нягневічы, Касы Двор і Адампаль, а таксама засценкі Гараба і Прасліска; 2 500 моргаў ворнае зямлі, большая частка якой асушана з дапамогай дрэнажных трубаў, вырабленых у цагельні ў Кольчыцах. Лугоў пасрэднай якасці каля 2 300 моргаў; да 8 000 моргаў лесу, абкладзенага пашавым сервітутам, што не дае магчымасці развіваць лясную гаспадарку, і гэта адзіная галіна, якая застаецца ў заняпадзе. Ва ўсіх фальварках уведзены севазварот, а жывёлагадоўля знаходзіцца ў квітнеючым стане. Маецца 200 рабочых валоў, 450 дойных кароў; выдатная сыраварня ў фальварку Мураванка, якая вырабляе сыры паводле швейцарскай тэхналогіі; звыш 3 000 авечак пародаў негрэці і рамбуе. Сэрца ўсяе гаспадаркі - фальварак Адампаль мае вялікую паравую вінакурню, паравы млын, які перамолвае 3 000 бочак пшаніцы, і алейню. Уся сельскагаспадарчая прадукцыя перапрацоўваецца на месцы і вывозіцца, для чаго выкарыстоўваецца невялікая флатылія на Немане, у месцы, названым Панямонне. Яна складаецца з дзесятка баржаў грузападымальнасцю да 12 000 пудоў. Неперапрацаваны вывозіцца толькі авёс. Паблізу Адампаля ёсць вадзяны млын для перамолвання касцей, якімі ўгнойваюць без усялякага дадатку ўсе палі ў засценках Гараба і Прасліска. Выпадае прыгадаць, што гэтую ўзорную гаспадарку ў шчорсаўскіх уладаннях арганізаваў на працягу трыццаці гадоў і да сённяшняга дня ў ёй працуе здольны інжынер-аграном Фердынанд Фішэр, саксонец. Гэта менавіта ён, адраджаючы гаспадарку Храптовічаў з заняпаду без дадатковага ўкладання капіталаў, здолеў давесці ўсё да квітнеючага стану, стварыць значныя абаротныя сродкі і пры гэтым арганізаваць узорную адміністрацыю, якая цапкам складаецца з мясцовых служачых, а таксама сабраць калектыў фабрычна - гаспадарчых работнікаў, забяспечыўшы ім значныя заробкі. Кароль Адольф дэ Меліг апісаў з эканамічнага гледзішча ўзорную шчорсаўскую гаспадарку ў "Забавах прыемных і карысных" (1777). Тэафіля Глінская змясціла ў "Варшаўскім часопісе" за 1785 г. (т. I, кн. 91) нататку пад назвай "Шчорсы, апісанне маёмасці Храптовіча". Найлепшы жыццяпіс Яўхіма Храптовіча даў Юльян Барташэвіч у Вялікай энцыклапедыі Аргельбранта (т. V, с. 505-512). Сыракомля піша пра Шчорсы ў сваім невялікім творы "Нёман".

Пераклад Наталлі МАЗОЎКІ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX