Папярэдняя старонка: Артыкулы

Пікарда Гай. Грошы Вялікага Княства Літоўскага 


Аўтар: Пікарда Гай,
Дадана: 21-03-2012,
Крыніца: Спадчына № 5-6 - 2000 С. 52-58.



Нумізматыка зьяўляецца адначасова галіною гісторыі і мастацтва. Вывучэньне старых манэтаў часта кідае шмат сьвятла на паўстаньне, разьвіцьцё і жыцьцё дзяржавы, у якой гэтыя манэты хадзілі. 3 другой стараны, знаёмства з выкананьнем і рысункам зьяўляецца хвормаю мастацкага ўспрыняцьця. Усё гэта можна сказаць аб манатах Вялікага Княства Літоўскага.

Да пачатку XIV ст. звычайнай хвормай грошай у BKЛ былі прадоўжныя ці авальныя кускі мэталю, так нарэзаныя, што іх можна было лёгка дзяліць на меншыя кускі. Такім чынам, калі вартасьць купленай рэчы была меншай, чым вартасьць цэлага куска, той, хто купляў, дзяліў - "рубіў" - яго паводля нарэзаных лініяў на меншыя кускі адпаведнай вялічыні і вартасьці. Адтуль і пайшоў назоў "рубель". Самыя раньнія беларускія рублі мелі на сабе пячатку, герб ці імя князя або таго, хто іх выпускаў 1. Такія рублі былі распаўсюджаныя ў Полацка-Смаленскім пэрыядзе перад паўстаньнем ВКЛ. Існаваньне мясцовай манэты не перашкаджала таму, што ў ходзе былі таксама замежныя грошы, асабліва сярэбраныя і залатыя, якія, дзякуючы сталай вартасьці мэталю, зь якога яны былі зробленыя, былі высока цэненыя як сродак абмену. Ужываньне чужых манэтаў прадаўжалася ў Беларусі да канца XVI ст.

Першыя манэты, бітыя ў ВКЛ, былі ананімныя, аднак прыпушчаецца, што іх выпусьціў Вялікі Кейстут (1377-1379). Яны мелі на адной старане рысунак коньніка (раньняя хворма Пагоні), а на другой хвігуру ў хворме брамы, якая была сямейным знакам Альгердавічаў 2. У "браме" была літара "К", праўдападобна першая літара імені "Кейстут". Новы рысунак паявіўся на грошах у часе Вялікага Князя Вітаўта (1392-1430). Ён меў хворму крыжа, прабітага дзідаю, разам з літараю "V", як«я была, напэўна, ініцыялам самога Вялікага Князя або знакам манэтнага двара ў Вільні. Падобныя грошы былі выпусканыя таксама ў паўднёва-заходняй Беларусі ў часе войнаў Вітаўта з Татарамі. Часам ужываліся ў ВКЛ мангольскія грошы, але толькі пасьля таго, калі іхні ўжытак быў афіцыяльна дазволены і ўсе яны былі аштэмпляваныя пячаткаю з знакам Гаспадара ("брама") 3.

Сярод паноў, якія ў тым часе выпускалі свае грошы, быў князь Карыбут з Ноўгарадка Валынскага, брат Ягайлы. Ён ужываў славянскія літары на сваіх грошах і гербе. Малыя манаты зь ягонага манэтнага двара мелі на адной старане татарскі надпіс, а на другой - крыж, а кругом крыжа надпіс: "КОРИБУТЪ".

Іншыя вялікакнязяўскія грошы таго часу мелі на сабе з адной стараны крыж, прабіты дзідаю, як ужо было апісана вышэй, а на другой - крыж і слова "ПЕЧАТЬ" 4.

Хоць Польшча і ВКЛ былі цесна зьвязаныя палітычна і дынастычна, аднак беларусы ад самага пачатку ясна паказалі, што яны ня хочуць уводзіць у сябе польскіх парадкаў.

Ніякіх польскіх знакаў ня было на манатах ВКЛ і, наадварот, на польскіх грашах ня было знакаў ВКЛ. Рублі прадаўжалі хадзіць на лрацягу ўсяго XV ст., тым больш што пасьля сьмерці Вітаўта ў ВКЛ ня было новага выпуску грошай аж да часу Вялікага Князя Аляксандра (1492-1506) 5.

Да пачатку XVI ст., акрамя рубля, іншымі ведамымі манэтнымі адзінкамі ў ВКЛ былі грыўня і залатнік. Пры Вялікім Князю Аляксандру ўпершыню паявіўся грош. Гэтая маната першы раз была выпушчаная ў Нямеччыне ў часе панаваньня Людвіка Баварскага (1314-1347). Найранейшы грош ВКЛ меў на адной старане Пагоню, а на другой - арла і надпіс: "ALEXANDER D: G: R: POLONIAE: MON: NO: MAGNI: DUC: LITUANI", зь якога відаць, што манэта была выпушчаная пасьля 1501 г., калі Аляксандар стаўся таксама каралём польскім. Вартасьць гроша была ўстаноўленая на 10 грыўняў, але гэтая маната аставалася праз доўгі час досыць рэдкаю. Сярэбраныя паўгрошы і грыўні былі ў больш частым ужытку 6.

Уступленьне на вялікакняжы пасад Жыгімонта "Старога" (1506-1548) дало новы штуршок да разьвіцьця беларускіх манэтаў. У часе 1503-1529 гг. было выпушчана ў Вільні шмат сярэбраных паўгрошаў, а новыя грошы былі бітыя ў 1535 і 1536 гг. Яны мелі на адной старане Пагоню, а на другой - польскага арла 7.

Супраціў ВКЛ польскім уплывам ёсьць відавочны ў грашовай палітыцы гэтай дзяржавы. У 1508 г. была ўстаноўлена наступная рата вымены між дзьвюма дзяржавамі: 4 літоўскія грыўні раўняліся польскаму паўгрошу або 5 польскіх грошаў раўняліся 4 літоўскім. Лелявэль, пішучы аб гэтым, заўважвае, што "гэтая мера паказвае на дзіўную падазронасьць у адносінах да грошай Рэчпаспалітай (г.зн. Польшчы) і сьветчыць аб непахіснай волі ліцьвіноў захаваць сваю апрычонасьць і не падпарадкавацца мерам і вагам нямецкай імпэрыі, як гэта зрабілі палякі, якія мелі шматлікія гандлёвыя сувязі з гэтай імпэрыяй" 8.

Пасьля сьмерці Жыгімонта Старога ягоны сын Жыгімонт Аўгуст (1548-1572) павёў у грашовай галіне палітыку вельмі прыхільную для ВКЛ. У часе ягонага панаваньня ў ВКЛ былі два манэтныя двары: у Вільні і ў Тыкоціне. У выніку бесперапыннага ўмешваньня польскага сойму ў каралеўскую палітыку, Жыгімонт пастанавіў ня выпускаць зусім грошай у Польшчы. I сапраўды, пачынаючы ад 1548 г., грошы выпускаліся толькі ў ВКЛ. Першыя выпускі гэтых грошай ня мелі зусім польскага арла, які быў заменены партрэтам Вялікага Князя, у тым часе як на другім баку яны мелі Пагоню зь ініцыяламі "SA" Вялікага Князя і дынастычным знакам ("брамаю") пад вялікакняжай каронай. Надпіс "MONETA. MAGNI. DUC. LITVA" ясна паказваў розьніцу паміж грашамі польскімі і ВКЛ. Некаторыя грошы, выпушчаныя перад 1564 г., мелі надпіс, дзе тытул Вялікага Князя стаяў перад тытулам караля. У дадатку да грыўняў, залатых, квартнікаў і грошаў, манэтны двор ВКЛ выпусьціў так-сама ў тым часе траякі (тры грошы), чваракі і шастакі, усе з гербам ВКЛ.

У 1565-1566 гг. паявіліся ўпяршыню ў ВКЛ сярэбраныя талеры і паўталеры. Талеры былі ведамыя ў Заходняй Эўропе ад 1518 г., калі граф Шлік зь Ёахімсталь у Багеміі выпусьціў свае грошы. Гэтыя "ёахімсталеры", або ў скароце "талеры", распаўсюдзіліся па ўсёй паўночна-заходняй Эўропе і далі пачатак скандынаўскім рыксдалерам, а так-сама долярам у галяндзкіх аселішчах у Паўночнай Амэрыцы. Літоўскі талер раўняўся 30 літоўскім, або 37,5 польскім грошам. Новая манэта мела ініцыялы "SA" Вялікага Князя і гербы літоўскі (Пагоня), жмудзкі, украінскі і валынскі, а так-сама зьмяю, якая была гербам італьянскай сям'і Вісконці 9.

У 1562-1563 гг. быў выпушчаны зноў нейкі лік манэтаў з Пагоняй на адной старане і арлом на другой. Аднак найбольш распаўсюджанымі былі манаты, якія мелі на адной старане партрэт Вялікага Князя і надпіс: "SIGIS. AUG. D. G. REX. РО. MAG. DUX. L.", а на другой дынастычны знак Альгердавічаў ("брама") пад вялікакняжай каронай, азначэньне вартасьці (I, II, III, 1111 або VI), дату і надпіс: "MONETA MAGNI DUCAT. LITV".

Адной 3 найбольш прыгожых манэтаў таго часу быў траяк, выпушчаны ў 1563 г. Ён меў на адной старане надзвычай прыгожа выкананую Пагоню пад вялікакняжай каронай, а на другой ініцыялы "SA" пад каралеўскай каронай. Мала ёсьць манэтаў, якія маглі б раўняцца гэтай у дасканаласьці рысунку і выкананьня 10.

Хіба найбольш цікавымі манэтамі, якія хадзілі ў ВКЛ коратка перад Люблінскай вуніяй, былі манаты, прывезеныя каралевай Бонай у пасагу ў часе яе жанімства з Жыгімонтам Старым (1518). Гэта былі кароны і паўкароны Карла V гішпанскага, выпушчаныя ў Нэапалі. У выніку каштоўнай Інфлянцкай вайны з Масквою, Жыгімонт Аўгуст павінен быў сягнуць да пасагу сваёй маткі, каб аплаціць армію. Манаты былі аштэмпляваныя манаграмай Гаспадара і хадзілі нараўні з грашамі ВКЛ. Яны ведамыя сярод калекцыянераў як "фэльдталеры"" .

У часе перагавораў, якія прывяяі канчаткова да Люблінскае вуніі (1569), патрыятычны дух шляхты ВКЛ і супраціў польскім уплывам прынялі больш востры тон. Польскія дамаганьні ўвесьці аднолькавую валюту спаткаліся з моцным супрацівам. У 1565 г. быў выпушчаны траяк, які на адной старане меў герб ВКЛ, а на другой ініцыялы "SA" пад каронаю і надпіс: "QUI HABITAT IN COELIS IRRIDEBIT EOS" ("Той, хто жыве ў небе, насьмяецца зь іх". Псалом 2:4). Гэты едкі жарт на кошт палякаў вызваў сярод іх вялікае раздражненьне 12.

Пачынаючы з 1569 г., грошы ВКЛ і Польшчы былі зраўнаныя. Манэты, якія насілі такі самы назоў, мелі тую самую вагу, разьмер і вартасьць. Гербы ВКЛ і Польшчы цяпер звычайна стаўляліся разам пад каронаю на адной старане, а на другой звычайна быў партрэт Гаспадара. У часе панаваньня Сьцяпана Батуры (1572-1586) прыняўся звычай, што Вялікі Падскарбі Літоўскі стаўляў на манатах свой герб у дадатку да Пагоні і арла. Манэты, выпушчаныя ў тым часе, маюць на сабе гербы: Лаўрына Войны (пам. 1580), Яна Глябовіча (1581-1583), Лявона Сапегі (1585) і Тодара Скуміна Тышкевіча (1586) 13. Акрамя гэтага, Батура выпускаў асобныя талеры, каб адзначыць свае перамогі над Масквой. Вельмі цікавы ёсьць талер, выпушчаны з нагоды вызваленьня Полацка. Ён мае наступны надпіс: "Dies mensis et annus captae polociae bis Dena aVgVstl nonaque poloCIa capta est Lvce DoLent hostes Castra raplt Stephen Vs" (27 жніўня Полацк узяты, вораг разьбіты, Сьцяпан атакуе замак). Вялікія літары ў суме даюць лік 1579 (рымскім шрыфтам) - дату ўзяцьця Полацка. Такі спосаб азначэньня даты называецца "хранограм". Другі талер быў выпушчаны ў 1582 г., каб адзначыць вызваленьне ад Масквы Лівоніі 14.

У часе панаваньня Жыгімонта III Вазы (1586-1631) у ВКЛ выпускаліся манэты з рознымі рысункамі. Траяк з 1590 г. І манэта вартасьцю 2 грыўні з 1611 г. розьніліся ад манэтаў з часоў Батуры і Жыгімонта Аўгуста. Звычайна манэты мелі партрэт, або ініцыял "S", Гаспадара на адной старане і Пагоню з арлом на другой; або Пагоню на адной старане і ініцыял Гаспадара на другой. Гербы падскарбіх былі звычайна на старане разам зь ініцыяламі Гаспадара. На манэтах, выпушчаных у часе панаваньня Жыгімонта III Вазы, ёсьць гербы наступных падскарбіх: Тодара Скуміна Тышкевіча (1587-1590), Зьмітра Халецкага (1590-1598), Юрага Завішы (1598-1603), Гароніма Валовіча (1603-1618), Хрыстофа Нарушэвіча (1618-1631 ) 15.

Пры Уладыславе IV (1632-1648) грошы ў ВКЛ ня выпускался. Вялікі Князь Ян Казімір (1648-1669) адчыніў манэтны двор у Вільні, які, аднак, не праіснаваў доўга з прычыны заняцьця гэтага гораду маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам. У часе ад 1665 да 1666 г. існаваў манэтны двор у Берасьці.

Грошы, выпушчаныя ім, мелі партрэт Яна Казіміра на адной старане, а на другой Пагоню, дату і надпіс: "IOAN. CAS. D. G. REX. POL. SOLIDUM (або MON. AUR.), MAG. DUC. LIT.".

Гэта быў апошні ведамы выпадак выпуску грошай у ВКЛ. Пасьля гэтага тыя самыя грошы хадзілі ў Польшчы і ў ВКЛ аж да канца Рэчпаспалітай (1796). У XIX ст. на Беларусі хадзілі маскоўскія (расейскія) грошы аж да рэвалюцыі 1917 г. Hi БНР ні БССР не рабілі ніякіх спробаў выдаць собскія грошы, хоць БНР выдала паштовыя маркі, вартасьць якіх выражалася ў рублях і капейках. Тэарэтычнай манэтнай адзінкай БНР зьяўляецца талер, які мае 100 грошаў.

На заканчэньне трэба сказаць некалькі словаў аб знаках майстроў і манэтных двароў. Майстры звычайна стаўлялі свае ініцыялы, як напрыклад: F (1536), I (1536), DS (Вільня, 1582), ID (Вільня, 1595). Прозьвішчы іх асталіся, аднак, няведамымі. Знак віленскага манэтнага двара звычайна меў хворму простага лісьцявога рысунку або манаграмы". Варта тут таксама ўспомніць прозьвішча некага Файна, які адчыніў у Менску свой прыватны манэтны двор і заняўся мастацтвам хвальшаваньня грошай".

Можна шмат чаго даведацца, вывучаючы грошы ВКЛ, і гэтыя малыя сярэбраныя і залатыя манэты, якія на першы погляд не ўяўляюць сабою нічога надзвычайнага, могуць расказаць шмат цікавага аб слаўным прошлым краіны.

Заўвагі

1 Engel & Serrure. "Traite de Numismatique du Moyen Age". Tom III. Paris, 1905. P. 1327.

2 E.Hiitten-Czapski. "Catalogue de la Collection des Medailles et Monnaies Polonaisess". Vol. I. Graz, 1957. № 143.

3 Engel & Serrure, loc.cit.

4 Czapski, op.cit. № 146.

5 J.Lelewel: Antiquites de Pologne, de Lituanie et de Slavonie. № 1. "Notice sur la Monnaie de Pologne". Paris, 1842. P. 7.

6 Engel & Serrure, op.cit., p. 1328.

7 Engel & Serrure. "Traite de Numismatique Moderne et Contemporain". Paris, 1897. P. 542.

8 Lelewel, loc.cit.

9 Engel & Serrure, loc.cit.

10 Адзін паасобнік гэтай манэты знаходзіцца ў Брытанскім Музэю ў Лёндане.

11 Engel & Serrure, loc.cit.

12 Lelewel, loc.cit.

13 Engel & Serrure, op.cit., p. 543.

14 Lelewel, op.cit., p. 9.

15 Engel & Serrure, loc.cit.

16 Czapski, op.cit. Nos. 3901, 4874, 4069, 6875.

17 Czapski, op.cit. Nos. 3951, 4072, 5019, 5117.

Друкуецца паводпе: часапіс "Божым Шляхам", 1967, N° 2 (101).

Г. ПІХУРА (Гай ПІКАРДА).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX