Вярнуцца: Артыкулы

Галенчанка Георгі. Развіццё шляхецкай дэмакратыі ў ВКЛ Галенченко Георгий. Шляхетская демократия в ВКЛ


Аўтар: Галенчанка Георгі,
Дадана: 18-02-2005,
Крыніца: Развіццё шляхецкай дэмакратыі ў Вялікім княстве Літоўскім у ХVІ-ХVІІІ ст. // ГЕРОЛЬД LITHERLAND. № 3-4 (7-8) Стр 87-102.



In the article "The development of the noble democracy in Grand Duchy of Lithuania in the 16 -18 c." professor Georgi Galenczanka considers the genesis, prosperity and decline of the political system of Belarus and Lithuania, the kernel of which was nobility. The process of the formation and official registration of the nobility of Grand Duchy of Lithuania, Polish impact on it, the noble ideology, reasons and conclusions of the whole union politics of Grand Duchy of Lithuania and Poland are analyzing. It should be noted that the achievements of the Belarussian-Lithuanian nobility in politic, law, culture and art are very important. It is summarized that Belarus and Lithuania in the 16 -18 c. weren't the political periphery of Europe and some achivements of the noble democracy can be useful nowadays.


Палітычная сістэма ВКЛ, у адрозненне ад некаторых аспектаў яго сацыяльнай і эканамічнай арганізацыі, у найноўшай беларускай і расійскай гістарыяграфіі практычна не разглядалася. Існавала афіцыйнае ўяўленне, што гэты палітычны лад ўяўляў сабой усеўладдзе шляхты, якая хілілася да Польшчы і падвяргала народныя масы, што імкнуліся да "уз'яднання" з Расіяй, падвойнаму - сацыяльнаму і этнаканфесійнаму - прыгнёту. Між тым, гістарычны вопыт ВКЛ да ўтварэння Рэчы Паспалітай (РП) знаёміць нас з адным з трох, самых "перспектыўных" у той час (і адным з двух - самых драматычных) варыянтаў грамадскага развіцця ва Ўсходняй Еўропе. Масква, Ноўгарад і Вільня ўвасабляюць тры розныя шляхі сацыяльнай і палітычнай эвалюцыі. Ад зараджэння шляхты да яе саслоўнай кансалідацыі.

Фарміраванне шляхты ВКЛ спачатку насіла параўнаўча абмежаваны этнасацыяльны і этнарэгіянальны характар. Першы станавы (саслоўны) прывілей, выдадзены ў Вільні 20 лютага 1387 г. польскім каралём і вялікім князем літоўскім Ягайлам, прызначаўся для літоўскіх князёў і баяраў (рыцараў), якія прынялі каталіцтва ў адпаведнасці з Крэўскім актам 1385 г., што прадугледжваў інкарпарацыю ВКЛ у склад Польскага каралеўства. Прывілей 1387 г. вызваляў рыцарства амаль ад усіх дзяржаўных павіннасцяў, акрамя абавязку несці вайсковую службу і ўдзельнічаць ў пабудове гаспадарскіх замкаў, замацоўваў за імі права распараджацца і перадаваць у спадчыну свае ўладанні і маёмасць, свабодна выдаваць дочак замуж (без санкцыі вярхоўнай улады), засноўваў тэрытарыяльныя судовыя органы.

Гарадзельскія прывілеі 1413 г., паводле якіх літоўскія баярскія роды, перайшоўшыя ў каталіцтва, увайшлі ў польскія гербавыя брацтвы, былі прызваныя замацаваць прывілеяваны статус новага саслоўя сярод уласна літоўскага этнасу, Літвы і літоўскай каталіцкай шляхты ва ўзаемаадносінах з іншымі землямі ВКЛ, праваслаўным "рускім" (беларуска-украінскім) баярствам і княжацкай арыстакратыяй, а таксама статус самога ВКЛ у яго стасунках з Польшчай. Аднак, ствараемы такім шляхам падзел грамадства па этнарэлігійным прыкметам абяцаў канфлікты ў будучым.

Пасля смерці Вітаўта нарастаючая напружанасць вылілася ва ўнутраную вайну пачатку 30-х г. паміж прэтэндэнтамі на трон, у якой вялікага князя літоўскага Свідрыгайлу падтрымлівалі значныя слаі беларуска-украінскага баярства. Прадстаўленне аналагічных шляхецкіх правоў "рускім" феадалам ВКЛ у 1434 г. дазволіла, аднак, схіліць вагі на карысць літоўска-польскага прэтэндэнта Жыгімонта Кейстутавіча. У 1447 г. правы "рускіх" феадалаў былі замацаваны новым шырокім прывілеям, які В.Пічэта назваў "Вялікай хартыяй вольнасцяў". Сваю юрыдычную сілу захавалі толькі пункты Гарадзельскай уніі, забараняўшыя некаталікам займаць важныя дзяржаўныя пасады, цэнтральныя "вряды". Але практыка грамадска-палітычнага жыцця і рэлігійна-культурная асіміляцыя прадстаўнікоў кіруючай дынастыі, якія атрымоўвалі дамены ў глыбіні ўсходнеславянскага арэалу, паступова скасоўвала і гэтыя абмежаванні. Яны ўжо не згадваюцца ў Статуце 1528 г. і канчаткова ліквідуюцца напярэдадні Люблінскай уніі ў віленскім і гарадзенскім прывілеях 1563 і 1568 г.


Польскі ўплыў

У саслоўным фарміраванні шляхты ВКЛ і ў эвалюцыі дзяржаўнага ладу істотнае значэнне мелі сувязі з Польшчай (2). У шматлікіх сучасных публікацыях падрабязна апісваюцца знешнепалітычныя канфлікты ВКЛ з Польшчай, яго супраціў палітычным амбіцыям і планам кіруючых колаў Кароны. Мала хто з гэтым спрачаецца. Спробы сапраўднага аб'яднання Польшчы і ВКЛ доўга не маглі завяршыцца поспехам. Ні Крэўская, ні Гарадзельская уніі не рэалізавалі ўсіх закладзеных у іх палітычных пастулатаў. Менш увагі надаецца іншаму гістарычнаму фенамену: доўгаму і дастаткова эфектыўнаму супрацоўніцтву двух буйных самадастатковых дзяржаў. У гістарычнай рэтраспектыве канца ХІV-ХVІ ст. яго цяжка растлумачыць толькі ўзрастаючым знешнепалітычным ціскам - варожымі адносінамі з Ордэнам, Святой Рымскай імперыяй, Маскоўскай Руссю, Крымскім ханствам і стаячай за яго спіной Атаманскай Портай. Бо ў рэшце рэшт этапы мірнага суіснавання ВКЛ амаль з усімі суседнімі дзяржавамі перавышалі па сваёй працягласці перыяды ваенна-палітычнага супрацьстаяння. Справа зусім не толькі ў знешняй палітыцы і сумеснай абароне. Справа яшчэ і ў тым, што з часоў Крэўскай і Гарадзельскай уній канца ХІV-пачатку ХV ст. пачынаецца глыбокае ўздзеянне значна больш развітай польскай культуры і польскіх парадкаў, саслоўна-прадстаўнічых інстытутаў Польшчы на прывілеяваныя слаі ВКЛ, прычым шляхта ВКЛ была зацікаўлена ў гэтым уздзеянні.

З іншага боку, больш аўтарытарная ўлада манархаў у ВКЛ, спадчынным уладанні Ягайлавічаў, надавала большую ўстойлівасць і уніі. І ў нейкай меры самой Польшчы. (Амаль усе каралі Польшчы з канца ХІV ст. былі першапачаткова абраныя ў ВКЛ вялікімі князямі, а ўжо потым, іншы раз нават без асаблівага энтузіазму, пасаджаныя і на польскі трон). Заканадаўчыя акты 30-40-х г. ХV ст. аформілі поліэтнічны статус шляхты ВКЛ. На працягу некалькі дзесяцігоддзяў яна набыла большасць тых правоў і прывілеяў, якія польскае рыцарства дамаглося раней, але дамагалася нашмат даўжэй і складаней. Негледзячы на фармаванне шляхецкага саслоўя, што ў рэшце рэшт павінна было прывесці да стварэння аналагічнага ці блізкага да польскага грамадска-палітычнага ладу, далейшае развіццё ВКЛ, аднак, адрознівалася ад кароннага. Асноўнай прычынай гэтага было, відавочна, імкненне вялікіх князёў літоўскіх захаваць сваю ўладу ў вялікай поліэтнічнай дзяржаве са складаным узаемадзеяннем цэнтраімклівых і цэнтрабежных тэндэнцыяў, неаднародным тэрытарыяльна-адміністрацыйным падзелам і этнарэлігійнымі дыспрапорцыямі. Да таго ж амаль усё ХV ст. было часам тэрытарыяльнага пашырэння ВКЛ , якое хаця і замарудзілася, але працягвалася, што ў сваю чаргу патрабавала моцнай вялікакняжацкай улады. Вярхоўная ўлада, зацікаўленая ў падтрымцы ўплывовай знаці, прыдворных колаў і шляхты-рыцарства, шчодра расплочвалася за гэта раздачай зямель з дзяржаўнага домену, намінацыямі на дзяржаўныя "вряды", прадстаўленнем усяму стану або асобным асобам імунітэтных і іншых прывілеяў. Другая палова ХV ст. - час фармавання новай феадальнай эліты буйных уласнікаў-"панов", значна пацясніўшай родавую (княжацкую) арыстакратыю.


Напярэдадні рэальнай уніі

У канцы ХV ст. вялікі князь літоўскі быў вымушаны ўпершыню пайсці на сур'ёзнае абмежаванне сваіх функцыяў і падзяліць уладу з Радай паноў. Вырашальную ролю ў ёй ігралі прадстаўнікі найбольш уплывовых і багатых свецкіх і духоўных родаў, высокія "врядники" - ваяводы, каштэляны, маршалкі, каталіцкія біскупы і іншыя. Уступаючы на трон у жніўні 1492 г. Аляксандр падцвердзіў папярэднія агульнадзяржаўныя прывілеі і выдаў новы. Гэты заканадаўчы акт, а таксама пачатак больш ці менш рэгулярнай дзейнасці вальных соймаў ВКЛ, адкрылі шлях працэсу складвання саслоўна-прадстаўнічай манархіі. У новае стагоддзе ВКЛ уваходзіла з цяжкім грузам невырашаных і вострых праблемаў: упершыню ў гісторыі яно пацярпела буйную стратэгічную неўдачу ў вайне 1500-1503 г. з Вялікім княствам Маскоўскім. Ды і сама вайна, негледзячы на папярэдні дынастычны шлюб Аляксандра з дачкой Івана ІІІ - Аленай, набыла нечакана рэзкія і небяспечныя для ВКЛ канфесійныя абрысы: галава памацнеўшай і адчуўшай свае сілы Маскоўскай дзяржавы разам з яе духоўнай іерархіяй выступілі з прэтэнзіямі на палітычную спадчыну ўсёй Кіеўскай Русі (сваю "исконную Отчину") і, натуральна, абвясцілі сябе заступнікамі і абаронцамі ўсяго праваслаўнага насельніцтва ВКЛ. Паслам суседняй дзяржавы тлумачылася, што "рускія" землі ВКЛ з'яўляюцца законнай спадчынай Рурыкавічаў.

Няўдачай закончыўся апошні ў гісторыі ВКЛ далюблінскага перыяду праект адраджэння Фларэнційскай царкоўнай уніі, падтрыманы Аляксандрам, кіеўскім мітрапалітам Іосіфам Булгарыновічам і віленскім біскупам Альбрэхтам Табарам. Рымскі першасвятар скептычна аднёсся да гэтых планаў, але не адмовіў Табару ў дазволе выкарыстоўваць моцныя сродкі (права мяча) для задушэння бунтаў і выступленняўмясцовага насельніцтва.

Паўстанне Міхайлы Глінскага, праз некалькі гадоў пазней таксама зрабіўшага спробу выкарыстаць этнарэлігійныя супярэчнасці ў сваіх мэтах, паказала, што час спробаў увядзення царкоўнай уніі "зверху" без адпаведнай сацыяльнай падтрымкі мінуў. Нарэшце, падпісаны ў 1501 г. у Мельніку дагавор аб ператварэнні персанальнай (дынастычнай) уніі ў рэальнае аб'яднанне ВКЛ з Польшчай не быў рэалізаваны. Вальны сойм ВКЛ спакваля сабраўся толькі ў 1505 г. і не ратыфікаваў пагаднення. У гэтай сітуацыі ў першай палове ХVІ ст. паскараецца працэс агульнай кансалідацыі кіруючых і прывілеяваных слаёў ВКЛ, шляхты і магнатэрыі незалежна ад іх этнічнага паходжання і рэлігійных поглядаў і пашыраюцца роля і функцыі старых (Рада паноў, гаспадарская канцылярыя) і адносна новых сацыяльна-палітычных інстытутаў (вальных соймаў). Статуты ВКЛ 1529, 1566 г., соймавыя рашэнні, змены ў этнаканфесійным складзе Рады, адміністрацыйна-тэрытарыяльная і судовая рэформы сярэдзіны 60-х г. - усё гэта замацоўвала прыкметную тэндэнцыю ператварэння прывілеяванага саслоўя ў адзіны, складзены з прадстаўнікоў розных этнасаў, палітычны народ-шляхту ВКЛ, у афіцыйнай тэрміналогіі звычайна называемы "литвинами".

Сярэдняяшляхта ВКЛ, добра знаёмая з польскімі парадкамі, бачыла ў далейшым збліжэнні з Каронай магчымасць рэалізаваць свае планы, дамагчыся прававой роўнасці ўсяго саслоўя. Жыгімонт Аўгуст, падтрыманы большасцю магнатаў, у першую чаргу Радзівіламі, доўга супраціўляўся аб'яднанню ВКЛ з Польшчай. Статус вялікага князя (у параўнанні з цямнеючым бляскам польскай кароны) азначаў статус манарха рэальнага, кіруючага, і ўзмацняў яго пазіцыі ў самой Польшчы. Акрамя гэтага, ён практычна гарантаваў трон ВКЛ за пераемнікамі данастыі. Жыгімонт Аўгуст не мог, аднак, публічна супрацьдзеяць узмацніўшымся патрабаванням польскай шляхты паскорыць працэс аб'яднання. Гэтаму перашкаджала гістарычная традыцыя, неаднойчы падцверджаная яго папярэднікамі. Таму ў адным са сваіх патаемных лістоў ён падбухторваў блізкага да яго троцкага ваяводу Мікалая Радзівіла Рудога выкарыстаць увесь свой уплыў для таго каб сарваць гэтыя задумы. У выніку Віленскі сойм 1551 г. не падтрымаў новыя аб'яднаўчыя ініцыятывы каронных соймаў 1548 і 1550 г. (3)

Пры ўсім тым абарона былых адносін ВКЛ з Польшчай станавілася ўсё больш складанай. Без значных саступак шляхце немагчыма было патрабаваць узрастаючых надзвычайных падаткаў, неабходных для ваенна-палітычных патрэбаў, і чакаць асаблівай руплівасці шляхты ў паспалітым рушэнні. Існавалі і іншыя істотныя праблемы, у тым ліку сталы недахоп сродкаў ў скарбе. Справа ўскладнялася адсутнасцю прамых нашчадкаў Жыгімонта Аўгуста і няўдала пачатай у 1558 г. Інфлянцкай вайной.

Крызіс пачаў вырашацца ў пачатку 60-х г. На ваенна-палявым сойме пад Віцебскам у верасні 1562 г. шляхта ўпершыню выступіла з жорсткімі патрабаваннямі да вярхоўнай улады - пачаць неадкладныя перамовы з Польшчай аб уніі. Важкім палітычным аргументам гэтых патрабаванняў стала шокавая для кіруючых элітаў Польшчы і ВКЛ вестка аб захопе Полацку войскамі Івана ІV 15 лютага 1563 г. На каронны сойм 1564 г. Жыгімонт Аўгуст, апошні рэнесансавы кароль і вялікі князь дынастыі Ягайлавічаў, вядомы сваёй схільнасцю да раскошы, з'явіўся ў сціплай шляхецкай вопратцы. У тым жа годзе ён адмовіўся ад спадчынных правоў на ВКЛ і перадаў іх Кароне.


Люблінская унія 1569 г.

Реформы 1564-1566 г. наблізілі грамадска-палітычны лад ВКЛ да польскага. На думку Ю.Бардаха, гэтыя пераўтварэнні былі абумоўлены абдуманай рэцэпцыяй польскіх узораў і таму яны адрозніваліся большым рацыяналізмам і паслядоўнасцю (4). Акт Люблінскай уніі ад 1 ліпеня 1569 г. акрэсліў асноўныя канструкцыі грамадска-палітычнага ладу Рэчы Паспалітай і саслоўныя правы шляхты. Прэлаты, свецкія і духоўныя паны-рада, князі, дзяржаўныя чыны, земскія паслы ВКЛ і Польшчы, якія прысутнічалі на сойме, абвясцілі, што дзеля выканання папярэдніх пагадненняў яны заключаюць новую дамову аб узнаўленні і выпраўленні "часткова парушанай уніі і самаго злучэння". Польскае каралеўства і ВКЛ абвяшчаліся "адзіным непадзельным і неразрозным целам", агульнай Рэччу Паспалітай, якая злучыла "у адзін народ две дзяржавы і народы" (5). У склад Кароны, у значнай ступені па жаданню мясцовай шляхты, увайшлі землі Валыні і Кіеўскага ваяводства. Акт уніі прадугледжваў адмову ад прынятай раней працэдуры адасобленага выбару і ўзвядзення на трон вялікага князя літоўскага - "каб ніякага следу і нічога падобнага папярэднім цырымоніям не было". Агульны манарх павінен быў абірацца разам і каранавацца ў Кракаве. Адсутнасць аднаго з бакоў не павінна было стаць перашкодай для абрання манарха. З-за таго, аднак, што захоўваліся дзяржаўны тытул і асобная адміністрацыя ВКЛ ("urzedy"), то абвяшчэнне абранага караля вялікім князем літоўскім, рускім, прускім, мазавецкім, жамойцкім, кіеўскім, валынскім, падляшскім і інфлянцкім павінна было ажыцяўляцца адначасова.

Унія ўводзіла агульны ("вальны") каронны сойм для "абодвух народаў пад каралём польскім", агульнае прадстаўніцтва "паноў польскіх і літоўскіх" у сенаце, таксама як і паслоў у "пасольскай ізбе". Агаворвалася магчымасць абмеркавання сваіх праблем на сеймавых сесіях і па-за імі, у самой Польшчы і ў ВКЛ, глуха ўзгадвалася ўзаемная дапамога ва ўсіх магчымых "нягодах". Ліквідаваліся мытныя пошліны (акрамя купецкіх), устанаўлівалася адзіная манета.

У адносінах з іншымі краінамі РП выступала як адзіная дзяржава, прадугледжвалася ажыцяўленне адзінай палітыкі ў "справах важных для абодвух народаў", сумесная арганізацыя пасольстваў і падпісанне дамоваў. Самая РП была пабудавана па федэратыўнаму прынцыпу: Карона і ВКЛ захоўвалі сваю тэрыторыю, адміністрацыю, скарб, войска, судовую і прававую сістэмы. Прызнанне спецыфічных асаблівасцяў і інтарэсаў ВКЛ адразу пасля Люблінскай уніі было зафіксавана таксама так званымі літоўскімі канстытуцыямі, з 1581 г. нярэдка дапаўняўшымі агульныя рашэнні ("ухвалы") вальных соймаў (6). Іншыя ключавыя артыкулы агаворвалі сацыяльна-прававыя праблемы: новы манарх абавязваўся ўжо ў час сваёй каранацыі публічна падцвярджаць у адным акце правы, прывілеі і вольнасці абодвух народаў і дзяржаў. У асобых артыкулах канкрэтызаваліся гэтыя абавязацельствы: захаванне дзеючых законаў, статутаў, судовых рашэнняў, якія датычылі ўсіх саслоўяў і перадусім "княжацкага стану і шляхецкіх фаміліяў". Падцвярджалася права ўласнасці на рухомую і нерухомую маёмасць, наданні і прыбыткі, звязаныя з вышэйшымі пасадамі, валоданне зямлёй і сенажацямі на падставе пісьмовага і звычаёвага права.

Магнаты ВКЛ дамагліся ўключэння ў акт уніі артыкулу, забараняўшага працэс экзекуцыі, які ажыцяўляўся ў Польшчы ў сярэдзіне ХVІ ст., - праверкі і перагляду вялікакняжацкіх наданняў, прывілеяў, дадзеных розным народам, землям, паветам, абывацелям, канкрэтным асобам і шляхецкім родам, розных здзелак з уладаннямі і г.д. Спынялася далейшая раздача гаспадарскіх уладанняў у ВКЛ, акрамя тых, якія маглі

адыйсці да іх пазней з уласнасці князёў, шляхты, вяльможаў. Гэтыя маёнткі кароль мог надаваць шляхце Кароны і ВКЛ для забяспячэння земскай вайсковай службы. Шляхта абодвух народаў атрымала магчымасць набываць землі як у Польшчы, так і на тэрыторыі ВКЛ.

Люблінская унія, як бачым, была заключана на прынцыпах прававой роўнасці Польшчы і ВКЛ, але рэальная палітычная сітуацыя істотна змянілася. Сярод 140 сенатараў на вальных соймах толькі 27 былі літвінамі. Падобная дыспрапорцыя захавалася і пазней, негледзячы на тое, што колькасць прадстаўнікоў вышэйшай палаты некалькі ўзрасла пасля далучэння Інфлянтаў у 1568 г., адваявання Чарнігаўскай зямлі і аднаўлення Смаленскага ваяводства ў 30-х г. ХVІІ ст. У пасольскай ізбе з 114 паслоўлітвінамі былі 48 (7). Гэтыя адрозненні былі абумоўлены большай колькасцю адпаведных службовых і духоўных асоб у Польшчы (ваяводаў, каштэлянаў, міністраў, каталіцкіх біскупаў), тым больш пасля інкарпарацыі Падляшша і украінскіх зямель. Зразумела, што разам з манархам-католікам гэта давала пэўныя перавагі польскім прадстаўнікам у сойме пры разглядзе спраў усімі соймуючымі станамі (кароль, сенатары і паслы Польшчы і ВКЛ).

Ад Люблінскай уніі і выйгралі, і прайгралі ўсе бакі. Польшча атрымала значныя тэрыторыі ў выглядзе зямель, якія раней уваходзілі ў ВКЛ, перспектыву шляхецкай каланізацыі вялікіх абшараў і неспакойную мяжу з Вялікім княствам Маскоўскім. Празмерна разрослае паўднёва-усходняе падбрушша абяцала ёй новыя сутычкі з Крымскім ханствам і яго магутным пратэктарам - Атаманскай Портай. Адносіны з казацкай вольніцай, дзякуй Богу, уяўляліся яшчэ туманнымі. Акрамя таго, воленс-ноленс, у актах уніі было запісана абаюднае абавязацельства бакоў падтрымліваць адзін аднаго на выпадак шырокіх ваенных дзеянняў і іншых буйных палітычных ускладненняў. (Польшчы гэта абыходзілася даражэй: чорная дзірка каронных выдаткаў на кварцянае войска, рэестравае казацтва, ды і на большае паспалітае рушэнне).

ВКЛ у выніку падпісання рэальнай уніі страціла украінскія землі, але падоўжыла сваё існаванне на некалькі стагоддзяў, амаль цалкам пазбылася ад сталай пагрозы буйных набегаў крымчакоў і маштабнай вайны з Турцыяй. Унія дала магчымасць дамагчыся пералому ў Лівонскай вайне, замацаваць ленныя правы на Інфлянты сумесна з Польшчай (8). У пачатку ХVІІ ст. магчымасці РП здаваліся настолькі значнымі, што была зроблена спроба перадзелу Усходняй Еўропы. Мроі, народжаныя маштабнымі "маскоўскімі экспедыцыямі" і прэтэнзіямі на маскоўскае царства, зніклі толькі пасля няўдалых паходаў новага караля і вялікага князя літоўскага Уладзіслава ІV у 30-х г. ХVІІ ст.

З узмацненнем польскага ўплыву і культурна-канфесійнай паланізацыяй магнатэрыі і значнай часткі шляхты і гарадскіх вярхоў узрос таксама ўдзел шляхты ВКЛ у палітычным і духоўным жыцці Кароны і ўсёй РП, пашырыліся сувязі з польскай і заходняй культурай. Кіруючая эліта ВКЛ імкнулася рэальна захаваць дзяржаўны суверэнітэт у тых межах, якія былі агавораны уніяй, або нават пашырыць яго, баялася празмернага росту польскага ўплыву, перадзелу ўласнасці, уцягвання ў небяспечныя знешнепалітычныя акцыі, не адпавядаючыя ўласным інтарэсам Княства. Статут ВКЛ 1588 г., які закончыў інтэнсіўны працэс кадыфікацыі агульнадзяржаўнага права, не быў прадстаўлены вальнаму сойму і быў уведзены ў дзеянне дзякуючы асабістым сувязям падканцлера Льва Сапегі і прывілею Жыгімонта ІІІ. Нішто так не размяжоўвала две дзяржавы на працягу некалькіх стагоддзяў, як розныяправавыя сістэмы.

Не вельмі спяшалася шляхта аказваць дапамогу Польшчы і ў яе войнах з Портай, Швецыяй, крымчакамі, у падаўленні бунтаў і паўстанняў на украінскіх землях; пільна сачыла за захаваннем нормаў Статута аб наданні дзяржаўных пасадаў толькі мясцовай шляхце ВКЛ ("тубыльцам"). Пасля заканчэння Лівонскай вайны заставаліся вострыя праблемы заключэння працяглага міру з Масквой. Частка маскоўскіх баяраў, якія эмігравалі ў ВКЛ, падтрымлівала партыю вайны ў разліку на вяртанне ў свае вотчыны. Згадваючы ў 1586 г. аб адной з такіх спробаў беглага баярскага сына, князь Мікалай Крыштаф Радзівіл з вялікай раздражнёнасцю пісаў аб "балбатні гэтага хлопа", які падбухторваў да працягу Лівонскай вайны. "Ды і што яна можа даць Літве? Хаця б кароль авалодаў усім аж да залатой бабы (9), што Літве з таго? Што за правы Літвы да рускіх зямель? Хіба што воўчыя... А нас зноў заваююць па-старому...Лепей ляжаць упітым, чым забітым" (10). Не разглядаючы глыбей усіх мнагазначных вынікаў альянсу з Польшчай, варта адзначыць толькі, што для шляхты ВКЛ утварэнне РП азначала важны этап яе палітычнай і сацыяльнай эмансіпацыі.


Грані талерантнасці

Наступным пасля Люблінскай уніі важнейшым заканадаўчым актам, які пашыраў канфесійныя (царкоўна-рэлігійныя), сацыяльныя і палітычныя правы шляхты, было рашэнне Варшаўскай канфедэрацыі, прынятае і падпісанае на канвакацыйным сойме 28 студзеня 1573 г., на наступны год пасля Варфаламееўскай ночы. Падзеі ў Францыі выклікалі, як вядома, рэзкую крытыку шэрагу рэфармацыйных публіцыстаў, у тым ліку Сымона Буднага, які выдаў у 1576 г. у Лоску пераклад брашуры Францішка Хотмана "O furiach albo o szalenstwach francuskich". Беларуска-літоўскія кальвіністы разам з польскімі рэфарматарамі, несумненна, стаялі ў парогаў варшаўскай акцыі, тым больш, што ў канцы 60-х-пачатку 70-х г. пратэстанты пераважалі ў вышэйшых структурах Рады паноў ВКЛ і ў літоўскай частцы сенату (11).

Акт Варшаўскай канфедэрацыі набываў асобае значэнне ў ВКЛ з яго надзвычай складанай этнаканфесійнай структурай. Акрамя трох асноўных галінаў хрысціянства, да якіх пазней дадаліся яшчэ дзве - уніяцкая і стараабрадная, тут былі распаўсюджаны юдаізм, мусульманства: разам з беларусамі, літоўцамі, украінцамі, рускімі і палякамі жылі жыды, татары, караімы, армяне і інш. Рымскі пасланнік пры двары Жыгімонта Аўгуста Джуліа Руджэра напярэдадні Люблінскай уніі паведамляў Пію ІV, што ў "Літве ерасі, распаўсюджаны шырэй, чым у Польшчы". Пазней іншы папскі нунцый, відаць даволі дасведчаны ў ерасях, толькі ў сталіцы ВКЛ налічыў 60 сектаў сярод упартага паспалітага люду: "Нярэдка ў адной сям'і бацька прытрымліваецца сваёй секты, маці - другой, дзеці - трэцяй" (12). У Вільні, сапраўды, з даўніх часоў было рэдкае царкоўна-рэлігійнае шматквецце, што, праўда, не перашкодзіла мясцовым мяшчанам у 1557 г.пабіць рускіх манахаў-бегляцоў, якія прапаведвалі Новае вучэнне (Феадосі Касы, старац Арцемі і інш.). Затое прыгрэў іх у сваёй камяніцы самы высокі саноўнік ВКЛ, віленскі ваявода і канцлер, асноўны апякун беларуска-літоўскай рэфармацыі, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Варшаўская канфедэрацыя 1573 г. ад усяго рыцарства і іншых рэпрэзэнтаваных станаў дэкларавала рэлігійны мір паміж "обывателями тых панств" - Польшчы і ВКЛ. "А з-за таго, што ў Рэчы Паспалітай існуюць вялікія разыходжанні сярод хрысціян, імкнучыся папярэдзіць магчымыя ўскладненні, вядомыя ў іншых каралеўствах, абяцаем ад свайго імя і ад імя нашчадкаў нашых, пад нашаю прысягай, верай, гонарам і сумленнем, захоўваць вечна мір і спакой сярод веруючых, не праліваць кроў з-за разыходжанняў і адметнасцяў у веры, не дапускаць судовых пераследаў - адняцця ўладанняў і іншай маёмасці, зняволення ў вязніцах, выгнання і публічнай знявагі і ніякім чынам не спрыяць у гэтым уладам і ніякім органам" (13).

Гісторыя еўрапейскіх дзяржаў на самой справе давала даволі прыкладаў сварак і грамадзянскіх войнаў, выкліканых рэлігійнымі пераследамі. Ананімны аўтар "Апокрисиса" у 1597 г. спасылаўся на прыклады шмат якіх краінаў, дзе насельніцтва сілай прымушалася да адмаўлення ад сваіх рэлігійных традыцый: "За прымусам дайшло да спрэчак, ад спрэчак да ўскладненняў, ад ускладненняў да расколу, ад расколу да ўнутранай вайны. Што можа быць горш на свеце? Зневажанне Божага і натуральнага права, гвалты, падпалы, наезды, кровапраліцце, спусташэнні..." (14).

Пракламуючы агульную талерантнасць для грамадзянаў Рэчы Паспалітай, акт Варшаўскай канфедэрацыі даваў рэальную рэлігійную свабоду толькі шляхце і права свецкім і духоўным панам настаўляць сваіх падданых і караць іх у справах веры. Пры гэтым ад імя караля падкрэслівалася, што "гэтая канфедэрацыя ні ў ніякім разе не прымяншае ніякую ўладу іх над падданымі... і не вызваляе тых ад поўнага падпарадкавання" (15). Нам невядомы, аднак, якія-небудзь выступленні сялянаў, выкліканыя рэлігійным пераследам. Факты абмежавання іх канфесійнай свабоды ў апошняй трэці ХVІ ст. даволі рэдкія. У 1588 г. віленскі біскуп Юры Радзівіл перадаў касцёлу ў Мядзведзічах каля Нясвіжу "засценак папоўскі, што поп рускі трымаў" з такім тлумачэннем: "Бо яго ў тым маёнтку нашым з-за расколу царкоўнай грамады, як біскуп, трываць больш не намераны" (16).

У большасці выпадкаў, аднак, свецкія феадалы ВКЛ у апошняй трэці ХVІ ст. былі даволі талерантныя і ўлічвалі магчымасць ускладненняў пасля Варшаўскай канфедэрацыі. Нават такі руплівы католік, як Мікалай Радзівіл Сіротка, у 1574 г. не мог асмеліцца выгнаць пратэстантаў са свайго віленскага палаца і толькі паступова замяняў кальвінскіх пастараў у Нясвіжы, Клецку, Міры і іншых валоданнях (17). Не пустой справай была павага да памяці сваіх продкаў, традыцыяў роду, фамільных сямейных пахаванняў. Віцебскі ваявода Мікалай Сапега ў 1599 г. завяшчаў пахаваць сябе ў рымскім касцёле ў маёнтку яго Кодані "пры жонцы Ганне... прыстойна, згодна рэлігіі маёй грэцкай" (18). Канфедэрацыю падпісалі 98 асобаў, сярод іх, па падліках І.Мацішэўскага, па меншай меры 41 католік, але большая частка каталіцкай іерархіі ўстрымалася або асудзіла яе. Гнезненскі архібіскуп Уханьскі не падпісаў акт, а рымскі першасвятар Грыгоры ХІІІ адзначыў, што Варшаўская канфедэрацыя надае свабоду перакананняў нават магаметаніну ці эпікурэйцу (19). Незадаволеныя канфедэрацыяй былі і некаторыя дзеячы еўрапейскай Рэфармацыі, у тым ліку Тэадор Бэза і Жан Кальвін. Негледзячы на ўнушальную апазіцыю, гэтая, паводле словаў уніяцкага пісьменніка пачатку ХVІІ ст. І.Марахоўскага, "премерзкая" канфедэрацыя была падцверджана Стэфанам Баторыям і ўключана ў абавязковыя канстытуцыі. У 1588 г. акт канфедэрацыі ў перакладзе на "рускую" (старабеларускую) мову быў надрукаваны ў трэцім Статуце ВКЛ (раздзел 3, артыкул 3), а ў пачатку ХVІІ ст. і ў некаторых яго польскамоўных выданнях той жа друкарні Мамонічаў.

Завяршаючы этап найбольш плённай законатворчай дзейнасці шляхты прыходзіцца на апошнюю трэць ХVІ ст. Унутраны лад Рэчы Паспалітай стаў настолькі ўстойлівым, а правы шляхты настолькі шырокімі, што прадстаўнікі розных палітычных груп і соймавых партыяў маглі бяспечна абмяркоўваць у перыяды міжкаралеўя (інтэррэгнума) самыя адыёзныя кандыдатуры на трон: ад віноўніка разні гугенотаў у Парыжы Генрыха Валуа да Івана ІV і яго прыдуркаватага сына Фёдара. Іншая справа, што гэта не выключала іх асуджэння за дэспатычныя метады кіравання або няздольнасць належным чынам выконваць функцыі манарха. Апошняе было самым недаравальным. У верасні 1587 г., калі некаторай частцы магнатаў здаваўся рэальным план заключэння палітычнай уніі з Масквой, падканцлер Леў Сапега, асабіста прымаўшы ўдзел у аўдыенцыі ў цара Фёдара, не без жалю паведамляў аб яго слабым здароўі (20). Венецыянскі пасол Геранім Ліпамана паведамляў у 1575 г., што кандыдатура Івана ІV, па чуткам, мае такую ж "партыю" падтрымкі сярод "літоўскага і рускага люду", галоўным чынам сярод "хлопаў", як і іншыя прэтэндэнты на трон РП. "Праўда, яны не вельмі яму дапамогуць, бо не ўдзельнічаюць у выбарах" (21). Настроі "хлопаў" ВКЛ і Вялікага княства Маскоўскага, асабліва памежных зямель, рэальней ўсяго, аднак, прасочваюцца па іх сустрэчнай міграцыі ў ВКЛ і ў ВКМ. На перамовах 1582 г. дыпламаты РП цікавіліся ў маскоўскіх паслоў, ці не будуць пераследавацца "хлопы", якія збеглі ў ВКЛ у гады вайны (22).


"Генрыхавы артыкулы" і кардынальныя правы шляхты

У 1573 г. польскім каралём і вялікім князем літоўскім быў абраны анжуйскі герцаг Генрых Валуа. У абранні Генрыха на трон РП была надзея на канчатковае вырашэнне вострых праблем з Портай - ваенным ці мірным шляхам (Францыя ў той час падтрымлівала някепскія адносіны з туркамі). Пасля перамоваў польскага пасольства з Генрыхам на ўрачыстай цырымоніі ў Нотр-Даме 10 верасня 1573 г. ён прынёс прысягу і прыняў на сябе абавязкі па выкананню "pacta conventa" і так званых "генрыхавых артыкулаў". "Pacta conventa" 1573 г. насілі параўнаўча вузкі і канкрэтны характар: абавязацельствы захоўваць прывілеі шляхты, заключыць вечны мір паміж РП і Францыяй, пагасіць дзяржаўныя і асабістыя даўгі Жыгімонта-Аўгуста, умацаваць польскі флот на Балтыцы, адкрыць французскі порт для купцоў РП, адкуль накіроўваліся караблі ў Новы Свет і Александрыю і г.д (23).

Больш важнае значэнне мелі "Генрыхавы артыкулы", якія вызначалі асноўныя прынцыпы грамадска-палітычнага ладу РП. З некаторымі зменамі яны падцвярджаліся кожным новым манархам, а з 1663 г. аб'ядноўваліся ў адзін блок з чарговымі "pacta conventa". Яны абавязвалі: перыядычна склікаць вальныя соймы; захоўваць Варшаўскую канфедэрацыю; браць шлюб толькі з санкцыі сенату; накіроўваць і прымаць пасольствы, а таксама зацвярджаць трактаты толькі са згоды сенатараў-рэзідэнтаў; узначальваць паспалітае рушэнне, права на скліканне якога захоўвалася за соймам; за свае сродкі забяспечваць належную варту межаў; не садзіць на трон спадкаемцу (вольная элекцыя); не карыстацца сваёй ("пакаёвай") пячаткай для зацверджання дзяржаўных дакументаў у адсутнасць канцлера; без згоды сойма не ўводзіць новых падаткаў і пошлінаў і інш. "А калі, не дай Бог, з нашага боку будзе дапушчана нешта супраць правоў, вольнасцяў, артыкулаў, кандыцый або нешта не будзе выканана, тады абывацелі абодвух народаў вольныя будуць ад паслушэнства і належнай каранаванай асобе пашаны" (24).

Пасля смерці свайго брата Карла ІХ Генрых таемна збег у Францыю. Віленскі ваявода ў лісце віленскаму біскупу Валер'яну Пратасовічу скептычна ацаніў спробы дамагчыся яго вяртання ў Польшчу: "не вернецца назад, бо там [у Францыі] absolutum dominium" (25). Абраны каралём сяміградскі ваявода Стэфан Баторы ў 1576 г. прыняў каталіцкую веру і без асаблівых прэтэнзіяў падпісаў "Генрыхавы артыкулы" і "pacta conventa".

У ХVІ ст. у асноўным закончылася саслоўная кансалідацыя беларуска-літоўскай шляхты, якая складала, па прыблізным падлікам гісторыкаў, 8-10 % ад колькасці ўсяго насельніцтва. ВКЛ не мела сталага прафісійнага войска. Мяркуючы па попісам 1528, 1565, 1567 г., шляхта выстаўляла звычайна да 20-30 тысячаў вершнікаў; па звестках папскіх нунцыяў, поўная мабілізацыя паспалітага рушэння магла даць да 50-70 тысячаў коннікаў. Да сярэдзіны ХVІ ст. невялікая група магнатаў валодала прыкладна 40 % усіх феадальных маёнткаў, але пераважную большасць шляхты складалі сярэднія і дробныя зямяне (26). У канцы ХVІ ст. шляхта стварыла практычна замкнёнае раўнапраўнае саслоўе. Канстытуцыя 1578 г. прызнала выключнае права надання шляхецтва (набілітацыі) за вальным соймам. Толькі ў час ваенных дзеянняў кароль мог надаць шляхецтва за важныя дзяржаўныя і рыцарскія заслугі. Сялянін ці месціч легальна ў лепшым выпадку мог разлічваць на пераход у разрад служылага люду. Так, у 1569 г. Іван Кіркор па просьбе вялікага літоўскага гетмана Грыгора Хадкевіча за свае ваенныя заслугі (захапіў шмат палонных "за Смаленскам на Словажы") атрымаў 12 службаў пустаўшчыны ў воласці магілёўскага замку і статус панцырнага баярына. "А к тому теж знаючи о том, что и в других делах может быть потребен, - пісаў Хадкевіч у сваім прадстаўленні, - ибо бывал во многих посторонних землях и знает разные языки - турецкий, татарский. болгарский, сербский и волошский" (27). Іншы рэдкі выпадак звязаны са справай аб знявазе польскага караля і вялікага князя літоўскага ў 1561 г. Як вынікае з дакументаў, нейкі трасцянскі вайтовіч Тамаш Пухловіч прыбіў да брамы віленскага замку ліст з нейкай пагрозай "здоровью нашему господарскому". Злодзей быў пазней апазнаны па яго знешнасці гаспадарскім каморнікам хлопцам Зеніцай Фёдарам Мартынавічам Міленькім. Пільны падданы атрымаў шляхецкія вольнасці і герб, які быў апісаны і намалёваны ў прывілеі - "олени роги в дубе" (28).

Узрослая "герметычнасць" шляхецкага саслоўя патрабавала і асаблівых захадаў у адносінах да замежных прэтэндэнтаў. Працэдура прызнання шляхецтва РП за замежным шляхціцам, "індыгенат", першапачаткова ажыцяўлялася каралём на соймах, а з 1641 г. стала выключнай функцыяй апошніх. Войны сярэдзіны ХVІІ ст. прывялі да значнага ўзросту набілітацый, што выклікала сярод "прирожоной" шляхты імкненне да іх поўнай забароны. Да гэтага справа не дайшла, аднак, пабочным прадуктам згаданага незадавальнення стаў увод у "pacta conventa" з 1669 г. "скартабелята" - няпоўнага шляхецтва з забаронай да трэцяга калена займаць дзяржаўныя і пасольскія пасады (29).

Сталай шчылінай для пранікнення ў прывілеяванае саслоўе заставаліся судовыя працэсы па справах аб абразах шляхты, "вывады шляхецтва", "примовки о почтивости", якія часам удавалася выйграць пры дапамозе дастаткова падатлівых ці зацікаўленых сведкаў, падачы далёка не бяспрэчных дакументаў, улучна са спасылкамі на апублікаваныя геральдычныя выданні, акты на розныя зямельныя здзелкі і шляхецкія пасады. Знявага шляхціца прыроўнівалася да цяжкіх злачынстваў, каралася высокімі штрафамі і іншымі, праўда зрэдку ўжыванымі, мерамі (урэзаннем языка). Асабліва абражала шляхту далучэнне яе да простага люду, смердам і халопам. У 1555 г. гарадзенскія татары скардзіліся, што іх абазвалі "дуботовками, а не шляхтою" (дубатоўкі - нарыхтоўшчыкі кары для кушняроў) (30).

Адной з характэрных прыкметаў саслоўнай кансалідацыі і шляхецкай роўнасці стала скасаванне арыстакратычных і спадчынных тытулаў (князёў, баронаў, графоў), выключаючы толькі тыя, што былі нададзены раней і дазволены Люблінскай уніяй. Шляхта хваравіта адносілася да ўсіх спробаў знешняга размежавання стану. У 1638 г. сойм адмовіўся зацвердзіць прапанаваны Уладзіславам ІV ордэн рыцараў Бязгрэшнага зачацця панны Марыі з-за таго, што ўся шляхта - роўная. Другой знешняй прыкметай шляхецкай роўнасці стаў прыняты ў свецкіх і соймавых колах зварот адзін да аднаго - "пане браце", ператварэнне шляхецкай сядзібы, палацу, дому ў непрыступнае для ўлады валоданне. Тады ж нарадзілася і прымаўка - "шляхціч на загродзе роўны ваяводзе" (31). (Загрода - шляхецкі двор за межамі буйнога населянага пункту. Загродкавая - простая, нярэдка зусім бедная шляхта).

Канешне, прававая роўнасць была далёкай ад фактычнай: у судовых справах і актах Метрыкі захавалася шмат скаргаў дробнай і сярэдняй шляхты на паноў і магнатаў (парушэнне валоданняў, наезды, прымус да выканання нешляхецкіх павіннасцяў, бойкі, "тасканье за бороды" і інш.). Нават выпрабаваная ў судовых працэсах шляхта нярэдка трапляла ў цяжкія сітуацыі. У 1569 г. ашмянскі падсудак Станіслаў Юравіч абвінаваціў князя Юрыя Юравіча Слуцкага ў тым, што той у судовым парадку прыўлашчыў Яго "статки" (маёмасць), у сувязі з чым выклікаў яго "з границ" ВКЛ да Кароны насуперак нормам Статута (32). Пры ўсім гэтым, права як афіцыйна прызнаная незалежная і найвышэйшая сфера сацыяльна-палітычнай сістэмы РП у пэўнай меры рэгулявала унутрыстанавыя і міжстанавыя адносіны. Далёка не ва ўсіх краінах звычайны прыхадскі святар мог выклікаць у суд вышэйшага прадстаўніка духоўнай іерархіі (справа валожынскага папа з мітрапалітам Іонай, 1570 г.). Яшчэ большыя судовыя складанасці ўзнікалі ў сувязі з замахам на жыццё ці забойствам шляхціца. Так, у пачатку ХVІІ ст. Крыштаф Монвід Дарагастайскі, даведаўшыся пра амуры жонкі з яго падданым, звярнуўся за канфіцэнцыяльнай парадай да яе братоў - Януша і Крыштафа Радзівілаў: ці можа ён пакараць смерцю дробнага прысяжнага служку без наступстваў? Вялікі літоўскі маршалак асцерагаўся, што яго выклічуць у соймавы суд па справе аб забойствешляхціца (33).

Палітычны лад РП у канцы ХVІ ст. набыў амаль закончаныя прававыя і інстытуцыянальныя формы. Тры соймавыя станы ўзаемадзельнічалі і ў нейкай ступені ўраўнаважвалі адзін аднаго. Улада караля і вялікага князя літоўскага звужалася, але ён меў яшчэ пэўныя фінансавыя сродкі, раздаваў і падцвярджаў прывілеі на валоданні, рабіў намінацыі на важнейшыя дзяржаўныя пасады, звязаныя з немалымі даходамі і прэстыжам. Пры двары манарха складвалася і жыло сваім (і чужым) жыццём прыдворнае кола, завязваліся і рваліся палітычныя і генеалагічныя сувязі і саюзы, што дазваляла вопытным палітыкам (не толькі рэгалістам) у той ці іншай ступені ўздзейнічаць на палітычныя працэсы. Тут жа выношваліся канцэпцыі паляпшэння дзяржаўнага ладу, абмяркоўваліся праекты міжнародных пагадненняў, рабіліся аудыенцыі для паслоў і г.д. Манарх валодаў правам вышэйшай судовай і кантрольнай інстанцыі, а гаспадарскія канцылярыі ў Польшчы і ВКЛ мелі самыя вялікія архівы публічна-прававых і прыватных дакументаў з націфікацыйнымі функцыямі - Метрыка ВКЛ і Кароны.

Да канца існавання РП асоба манарха і трон былі акружаны амаль усходняй пашанай, што, аднак, не супадала з фактычным станам спраў. У соймавых прамовах манарха нярэдка параўноўвалі з сонцам, славутымі дзеячамі мінулага, у пышных макаранічных фразах, перасыпаных лацінскімі афарызмамі, усхваляюцца яго палітычныя і вайсковыя дзеянні, непараўнальная мудрасць, высокія маральныя якасці і г.д. Па сутнасці, аднак, гэта быў бясконцы панігірык самой шляхце, бо манарх заўсёды быў сімвалам дзяржаўнага ладу РП з яго свабоднай элекцыяй і гарантам шляхецкіх вольнасцяў. Палемічныя і апазіцыйныя выступленні і друкаваныя выданні былі рэдкімі, часцей прымяркоўваліся да перыядаў "inter regnum", крытычныя галасы гучалі прыглушана. Буйныя палітычныя выступленні магнатаў і шляхты (рокашы, канфедэрацыі), як правіла, інспіраваліся алігархіяй і звычайна не ставілі пад сумнеў асновы дзяржаўнага ладу. Паводле кардынальных правоў соймавыя рашэнні павінны былі прымацца пры абавязковым удзеле ўсіх соймавых станаў. Манарх меў права адхіліць тую ці іншую прапанову, але не мог самастойна распусціць сойм. Сенатары выконвалі дарадчую і рэкамендацыйную функцыі. Рэальныя соймавыя паўнамоцтвы паступова сцякаліся ў пасольскую ізбу, дзе збіраліся абраныя ў паветах, звязаныя абавязковымі інструкцыямі прадстаўнікі шляхты.

У паслабленне цэнтраімклівых тэндэнцый у ХVІІ-ХVІІІ ст. свой уклад унесла як Карона, так і ВКЛ. Польшча ўвайшла ў РП разам са сваёй шляхтай, якая прайшла даволі доўгі шлях развіцця і дасягнула высокай ступені кансалідацыі. Яна прывыкла змагацца за свае інтарэсы, ажыцявіла экзекуцыю правоў і істотна абмежавала ўплывы феадальнай эліты і арыстакратыі. Саслоўна-прадстаўнічая сістэма, якая склалася ў Кароне да сярэдзіны ХVІ ст., сама па сабе прыкметна звузіла ўладу манарха, цэнтральнай адміністрацыі, міністраў. Магнатэрыя ВКЛ у значнай ступені захавала свае пазіцыі, адступіўшыся ад судовага імунітэту і дамогшыся значнай адасобленасці ВКЛ у "Рэчы Паспалітай абодвух народаў". Службовая і прыдворная кар'ера ў гаспадарскім асяроддзі ці ў канцылярыі ВКЛ, важны дзяржаўны "вряд" ці высокі царкоўны сан па-ранейшаму давалі немалыя магчымасці для прывілеяванай эліты, пра што сведчыць хуткае стварэнне шмат якіх буйных панскіх "фартунаў", магнацкіх латыфундыяў, вылучэнне на авансцэну грамадска-палітычнага жыцця невядомых дагэтуль феадальных родаў (Сапегаў, Пацаў, Агінскіх, Валовічаў і інш.) (34).


Cарматызм - ідэалогія і культура шляхты

Права і палітычная сістэма, якія склаліся ў апошняй трэці ХVІ-першай палове ХVІІ ст., у цэлым задавальнялі кіруючыя колы ВКЛ (Беларусі і Літвы) і большую частку шляхты. Аб гэтым, напрыклад, можна меркаваць не толькі па пазіцыі шляхты пад час доўгіх войнаў сярэдзіны ХVІІ ст., але і па публічных прамовах шляхецкіх аратараў, у якіх крытыкаваліся чужыя дзяржаўныя і прававыя сістэмы. Акрамя ўпадабаных у той час параўнанняў з антычнымі ўзорамі дзяржаўнай мудрасці (Старажытным Рымам, Персіяй, Карфагенам і г.д.) у кантрасным супастаўленні з імі згадваюцца суседнія краіны, блізкія да абсалютнай манархіі або ўжо дасягнуўшыя гэтай ступені развіцця (Расія, Порта), заходнееўрапейскія дзяржавы. Існуюць народы, заявіў у 1632 г. наваградскі каштэлян Васіль Копаць, якія пакланяюцца вярхоўнай уладзе, як Богу, дзе грамадзяне жывуць падобна быдлу і дзе марна было б шукаць свабодных людзей і са свечкаю. Ён вобразна параўноўваў Рэч Паспалітую з хорам, у якім гучыць не толькі адзін каралеўскі альт, але і шмат "вольных" галасоў годна падтрымліваюць адну мелодыю (35). Тамаш Сапега, прызначаны ў 1648 г. паслом у Маскву, сцвярджаў, што ні "влоские Эридианы", ні "немецкие Рейны" нічога не дадуць шляхце РП, якая прывыкла да сваіх пактаў і вольнасцяў (36).

Практычна ўсе шляхецкія прамоўцы былі адзінадушныя ў тым, што РП уяўляе ідэальную дзяржаву, амаль "Святую зямлю". Немалая частка шляхты ВКЛ у выніку поспехаў паланізацыі ўсё часцей атаясамляла сябе з усёй шляхтай РП, парывала з мясцовымі культурна-моўнымі і канфесійнымі традыцыямі. Польская мова, якая выціснула ў другой палове ХVІІ ст. беларускую з асноўных сфераў грамадскага і дзяржаўнага жыцця, была заканадаўча замацавана як афіцыйная ў агульным акце Прававога зраўнання станаў ВКЛ з Каронай польскай, прынятым 26 жніўня 1696 г. генеральнай канфедэрацыяй Польшчы і ВКЛ у чарговы перыяд міжкаралеўя. (37) [...].

Практычна ўсе сенацкія роды ВКЛ даюць сваім нашчадкам магчымасць замежных вандровак ("перегринаций") для знаёмства са светам, звычаямі іншых краін, вывучэння моваў, службы пры княжацкіх і каралеўскіх дварах. Буйнейшы магнат ВКЛ Мікалай Крыштаф Радзвіл прысвяціў выхаванню і адукацыі сваіх дзяцей вялікі сацыяльна-педагагічны трактат - "Admonitorium" (Нясвіж, 14 ліпеня 1603 г.). Паводле гэтага настаўлення нашчадкі князя павінны былі прытрымлівацца прынцыпаў "пачцівага шляхецкага выхавання" - "стану своему пристойного и Отчизне пригодного" (38). Вызначаліся тэрміны навучання і знаходжання за мяжой (з 12 да 23-24 гадоў), апісаны найбольш падыходзячыя універсітэты, сродкі на гэтыя мэты, абавязкі слугаў і выхавацеляў. З далёкай Рыгі вялікі гетман Ян Караль Хадкевіч, пераможца шведаў пад Кірхольмам, заклікаў у 1606 г. свайго сына Гераніма прыкладаць больш высілкаў у навучанні, сцвярджаючы, што "сорамна быць неразумным шляхціцам" (39).

Значная частка кіруючай эліты валодала лацінскай і замежнымі мовамі і мелі поспех у соймавых дыскусіях. Некаторыя прадстаўнікі знатных родаў дасягнулі еўрапейскага прызнання, як, напрыклад, будучы наваградскі ваявода Мікалай Халецкі. Ён наведаў Германію, Італію, Іспанію, Лузітанію, Нідэрланды і атрымаў у гады вучобы ў парыжскай Сарбоне - "маці ўсіх школ хрысціянскіх" - "вянок мудрасці" ("Laurea Corona Sapientiae" і званне "Vertex Liberalium Artium" (дасягнуўшага дасканаласці ў вольных навуках). М.Халецкі лёгка заводзіў знаёмства з замежнымі дыпламатамі (33 гады прыдворнай службы), 18 разоў абіраўся соймавым паслом, удзельнічаў у войнах (пры штурме Парнавы прабіўся да яе муроў і першым узарваў петарду) (40). Рэзідэнтам пры цэзарскім двары ў сярэдзіне ХVІІ ст. быў віленскі ваявода Юры Караль Глябовіч, якога празвалі ў Вене "Decus Sarmatiae" ("Гонар Сарматыі"), а ў Кракаўскай акадэміі - "Gloria Lituaniae" ("Слава Літвы") (41).

У ХVІ-ХVІІ ст. складваецца асаблівы тып шляхецкай "сармацкай" культуры з яе ідэалізацыяй палітычнага ладу ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Бацькаўшчыны, усхваленнем замкнёнага "пейзанскага" стылю жыцця ў маёнтках, рыцарскіх доблесцяў і ратных подзвігаў і "сапраўднай" каталіцкай веры. У сармацкай публіцыстыцы і грамадскай рыторыцы рэдка сустракаюцца прамыя ксенафобскія выпады, але часта крытыкуюцца жорскасць нораваў нехрысціянскіх народаў, недасканаласць дзяржаўных дзеячоў, тыранія, захапленне замежнымі навінкамі. Паўсядзённыя інтарэсы шэраговай шляхты былі прасцей і бліжэй да зямлі і замыкаліся ў сферы побытавых і сямейных патрэбаў. Заўважальныя змены ў шляхецкай ментальнасці праглядаюцца з сярэдзіны ХVІІІ ст., што падцвярджаюць дайшоўшыя да нас зборнікі ўсялякай усячыны - "Silva rerum". У гэтых хатніх рукапісах разам з фінансавымі разлікамі, выпіскамі з хронік, аптэкарскімі рэцэптамі ўсё часцей сустракаюцца байкі, прыказкі, сатырычныя творы, парадыйныя прапановы на "сойм панненскі": "Нас зусім не цікавіць вера (шляхціца, кандыдата ў супругі), былі б звычаі прыстойныя". Іншая прапазіцыя больш жорская: "Каб ніякая панна, дасягнуўшая сарака гадоў, замуж не ішла, бо яна юнакоў адбівае, няхай лепей забаўляецца пацеркамі". У гэтым жа зборніку невядомага полацкага шляхціца ёсць і ўзоры любоўных зваротаў: "Анёлачак мой! Жыццё маё. Кветачка мая" (42).

Згодна з панаваўшымі ўяўленнямі шляхта не магла непасрэдна займацца гандлем і рамесніцкай дзейнасцю, даручаючы гэтыя сферы залежным або нанятым асобам. Поспехі ў прадпрымальніцкай дзейнасці іншых групаў і слаёў насельніцтва, у т.л. прадпрымальнікаў, ліхвяроў, буржуа Заходняй Еўропы, у перыяд першапачатковага накаплення капіталу нярэдка выклікалі ў шляхецкай публіцыстыцы гарачыя філіпікі. Адзін з уплывовых палітычных дзеячоў Францішак Аляксандр Копаць у сваёй соймавай прамове наконт прызначэння яго на пасаду берасцейскага каштэляна ў 1643 г. выступіў з рэзкай крытыкай іспанскіх каланізатараў: "Не ведаю чым болей абцяжараны іспанскі манарх, - заявіў ён, - залатым пяском ці лямантам нясчасных індзейцаў. Здаецца ўвесь Новы Свет вывозяць да нас на сваіх караблях. Што было на карысць усім людзям, тое стала належаць Найяснейшаму капіталісту" ("...co mialo byc ad communem wszystkich ludzi usuram, to Nayiasnieyszemu dostalo sie Kapitaliscie") (43). На самой справе шляхта далёка не цуралася гандлёвых і прамысловых прыбыткаў, займалася зямельнымі аперацыямі, даручала сваім падданым прадаваць лясныя і збожавыя прадукты на ўнутраным рынку і за мяжу і г.д. Маёнткі і іншыя сталыя або ўмоўныя валоданні шляхты (староства, дзяржавы, эканоміі) разам з дзяржаўнымі прадпрыемствамі пастаўлялі ў корчмы большую частку ўсёй спажыванай народам алкагольнай прадукцыі (хмяльнога мёду, гарэлкі). Зацятасць гаспадаркай, нежаданне надоўга адрывацца ад сваіх фальваркаў сур'ёзна паслабілі магчымасці шляхецкага войска.


Сыход

Палітычныя працэсы, тыя, што развіваліся да ўзрушэнняў сярэдзіны ХVІІ ст. - як быццам бы падцвярджалі шматлікія шляхецкія мроі. З-за паслаблення каралеўскай улады і звужэння функцыяў вальных соймаў і генеральных соймікаў рэальнае палітычнае жыццё ўсё болей перамяшчалася на перыферыю. Новыя прывілеі атрымалі земскія павятовыя соймікі: права абрання дэпутатаў у вышэйшы апеляцыйны суд ВКЛ - Трыбунал, кандыдатаў на земскія судовыя пасады, права самакіравання ў вырашэнні гаспадарчых праблем і інш. На мясцовым і рэгіянальным узроўні ўлада паноў, магнатаў, якія ў сваіх мэтах выкарыстоўвалі залежных ад іх кліентаў, дробную служылую, часта беззямельную, шляхту, стала амаль што бязмежнай. Павятовыя соймікі прымалі, як правіла, карысныя для магнацкай алігархіі рашэнні, вылучалі на вальныя каронныя соймы патрэбных людзей, абіралі сваю павятовую адміністрацыю. Узрастанне ролі павятовых паслоў і гіпербалізацыя шляхецкага права адзінадумства і роўнасці ў сярэдзіне ХVІІ ст. прывялі да заканадаўчага афармлення прынцыпа "liberum veto", чым шырока карысталіся магнаты і розныя палітычныя групоўкі. Шмат якія вальныя соймы другой паловы ХVІІ-сярэдзіны ХVІІІ ст. разышліся без якіх-небудзь рашэнняў.

У складзенай сістэме права праглядаюцца новыя тэндэнцыі, якія сведчылі аб эрозіі талерантнасці і імкненні шляхты да канчатковага замацавання каталіцызму як пануючай дзяржаўнай рэлігіі і адзінай канфесійнай асновы шляхецкай дэмакратыі. З канца 60-х г.ХVІІ ст. соймавыя канстытуцыі абавязваюць усіх будучых прэтэндэнтаў на каралеўскітрон афіцыйна абвяшчаць аб сваім каталіцкім веравызнанні. Генеральная канфедэрацыя 1696 г. не толькі падцвердзіла гэтае рашэнне абіраць толькі католіка - "а не іншай, не дай Бог, рэлігіі", але і дадала да яго абавязак адначасова захоўваць правы і прывілеі каталіцкай і уніяцкай цэркваў: "jura et privilegia Orthodoxae Romano-Catholicae, et ritus Graeci Unitorum Ecclesiae" (44).

У грамадска-палітычнай думцы канца ХVІІ-першай паловы ХVІІІ ст.пераважаюць уяўленні аб непарушнасці кардынальных правоў шляхты. Канстытуцыя 1669 г. паведамляла, што ўсякія змены ў дзяржаўным ладзе РП не могуць не адбывацца разам з вялікімі ўзрушэннямі і "рэвалюцыямі", а таму забараняюцца. Воструюграмадскую крытыку выклікала канстытуцыя 1690 г., у якой неасцярожна згадвалася"меншая шляхта". Сойм 1699 г. рашуча адкінуў падобную канстатацыю, якая падрывала ўстаялыя ўяўленні аб роўнасці ўсяе шляхты, і са згоды соймуючых станаў такія выказванні былі забаронены на вечныя часы (45).

З заканчэннем працэсу фарміравання саслоўна-прадстаўнічай манархіі, абмежаваннем вярхоўнай улады і замацаваннем правоў, прывілеяў і вольнасцяў шляхты ў заканадаўстве і ў практыцы грамадскага жыцця вярхоўная ўлада і яе цэнтральныя інстытуты, не выключаючы вальны каронны сойм і канвакацыі ВКЛ, страцілі былое значэнне. Звонку амаль цалкам захаваўся стары парадак і дэкорум. Вальныя соймы як і раней называліся галоўным вартаўніком шляхецкіх вольнасцяў. Сенатары і шляхецкія паслы ўрачыста прадстаўляліся каралю і соймавай браціі, выказваліся высокія прамовы аб вольнасцях і Бацькаўшчыне, але рэальна мала хто ўдзельнічаў у важных соймавых баталіях. Гэтым ахвотна займаліся толькі прафесійныя палітыкі, дыспутанты, лабіруючыя інтарэсы сваіх патронаў або палітычных груповак, купленыя паслы, часам яўныя аматары пасвяціцца. Агульны прававы і палітычны ўзровень шляхты быў высокі, але пераважалі прыватныя, групавыя, персанальныя інтарэсы. Амаль усе ўнутраныя праблемы, якія пагражалі РП яе паслабленнем і пагібеллю, былі дастаткова вядомы, але для іх вырашэння нічога не рабілася. Калі вальнаму сойму 1701-1702 г. быў прапанаваны праект аб наданні большай улады каралю ў ВКЛ, пад якім мог бы падпісацца шмат хто з будучых рэфарматараў, ён быў расцэнены як правакацыя (што, аднак, адпавядала рэчаіснасці) (46). Роля вальных соймаў, таксама як і канвакацыі, шляхецкіх канфедэрацый, рокашаў, часам імкліва ўзрастала, але гэтая актывізацыя была звязана з рэдкімі фазамі ўзмацнення рэфарматарскіх ці, наадварот, кансерватыўных тэндэнцыяў і часам з надзвычайным абвастрэннем унутры- і знешнепалітычных умоваў (напрыклад, у час "хатняй" вайны Сапегаў з іншымі магнацкімі групоўкамі ў канцы ХVІІ-пачатку ХVІІІ ст.).

Шляхецкая дэмакратыя, негледзячы на свой саслоўны характар, аказала пазітыўныўплыў і на развіццё прававой і палітычнай свядомасці і эмансіпацыю гарадскіх слаёў,найбольш актыўнай часткі мяшчанства. Тое выключнае значэнне, якое надаваласяземскаму і шляхецкаму праву, дазваляла і паспалітаму люду ў пэўнай ступені выкарыстоўваць яго ў сваіх мэтах: патрабаваць прывілеяў на Магдэбургскае права, арганізацыю цэхавых і купецкіх аб'яднанняў, абмежавання феадальных юрыдык у гарадах, павіннасцяў і г.д. Упершыню ў гісторыі Беларусі і Украіны прадстаўнікі брацтваў, якія з канца ХVІ ст. аб'ядноўвалі галоўным чынам праваслаўных мяшчанаў буйных гарадоў і мястэчкаў, практычна сфармулявалі агульную праграму палітычных і этнаканфесійных патрабаванняў. Выступаючы ад імя "всей Руси старожитной грецкой релiгіей", брацтва ўвесь час спасылаліся на законы ВКЛ і РП, выкарыстоўвалі інстытут шляхецкіх павятовых паслоў, неафіцыйна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы некаторых соймавых прамоваў і канстытуцыйных праектаў па царкоўна-рэлігійным праблемам. Адзін з пратэктараў віленскага Свята-Духаўскага брацтва троцкі падкаморы Багдан Агінскі, які актыўна ўдзельнічаў у соймавых спрэчках, заслужыў мянушку "русін" (47). Прыкметны апасродаваны ўдзел брацтваў у вядомым шляхецка-магнацкім рокашы М.Забжыдоўскага 1606 г. Да генеральнай варшаўскай канвакацыі 1632 г. Віленскае брацтва падрыхтавала некалькі гісторыка-юрыдычных выданняў - "накшталт рускіх старажытных хронік", прызначаных для ваяводскіх і павятовых паслоў ВКЛ і ўсяго Сенату: "Synopsis, albo Krotkie spisanie praw, przywilejow, swebod i wolnosci... Przezacnemu starowiecznemu narodowi Ruskiemu..." і ў дадатак "Supplementium Sinopsis" (48). У абодвух выданнях падаюцца правы і прывілеі "старажытнага рускага народу" з Нікейскага сабору 325 г. па 1632 г., усхваляецца "залатая вольнасць" дауніяцкага перыяду, згадваюцца каралеўскія прывілеі, друкаваныя соймавыя канстытуцыі канца ХVІ-пачатку ХVІІ ст., акт Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г. Уніяцкія публіцысты таксама прымеркавалі да сойму сваё выданне: "Prawa y Przywileje od najasniejszych Krolow Ich Mosciow Polskich y W.X.L. nadane obywatelom... w iednosci z S.Kosciolem Rzymskim bedacym" (Вільня, 1632). Адрозненне ўніятаў ад іх апанентаў складалася ў тым, што на першым этапе ўмацавання уніі - у канцы ХVІ-пачатку ХVІІ ст. - асноўнымі яе ідэёлагамі і арганізатарамі былі прадстаўнікі вышэйшай духоўнай іерархіі. У праваслаўных брацтвах больш адчувалася іх сувязь з мяшчанскім, рамесніцкім асяроддзем, простым "грубым паспольствам", тым больш, што праваслаўнае святарства да пачатку 30-х г. ХVІІ ст. афіцыйна не выконвала свае функцыі.

Характэрна, што ў першыя гады пасля Берасцейскай уніі 1596 г. сацыяльны статус уніяцкай шляхты і святарства здаваўся шмат каму з іх больш важным за былыя этнаканфесійныя сувязі. Адказваючы на палемічнае выданне Віленскага брацтва, якое было адзначана новымі сацыяльнымі акцэнтамі - "не вера ператварае русіна ў русіна, паляка ў паляка, літоўца ў літоўца, а паходжанне і кроў руская, польская і літоўская", уніяцкія палемісты ўспрынялі гэта як публічную знявагу "шляхецкай старажытнасці": "бо што гэта за агульная кроў наша шляхецкая з плебеямі? Што за крэўнасць з хлопствам? Заклікаеце да адзінства па крыві, раўняецеся старажытным родам рускім, але продкі вашай Русі былі (людзмі) простымі..." (49). Ананімны аўтар "Эленхуса" 1622 г. (Мялеці Сматрыцкі) падаў больш моцныя аргументы: "Мы монахи, шляхта, плебеи - одно в Христе Господе. И варвар у нас, и скиф, и грек, и жидовин... О том, однако, прежде всего стараемся, без чего шляхта ничто - "stercus est" (гной), г.зн. аб духоўным выратаванні" (50).

Па-свойму імкнулася прыстасавацца да шляхецкіх парадкаў РП і сялянства Беларусі і Літвы. Мяркуючы па захаваным крыніцам, нямала прыгонных сялянаў прыбілася ў горад, пранікла ў групу пахожых (вольных) людзей, служылага баярства, нават шляхты. Па прыкладу шляхты шмат якія сялянскія грамады сталі захоўваць і прад'яўляць, калі ў гэтым была патрэба, судовыя, дзельчыя, прадажныя, застаўныя лісты, камісарскія акты аб размежаванні маёнткаў і іншыя падобныя дакументы, якія дазвалялі падцвердзіць іх традыцыйныя правы і абавязкі. Адносіны ўладаў да гаспадарскіх сялянаў былі нярэдка дастаткова "паважлівыя". "Заўсёды падданым гаспадарскім больш веры", - сцвярджаў Астафей Валовіч пад час буйной рэвізіі гаспадарскіх пушчаў у другой палове ХVІ ст (51). У 1590 г. "пахожы" сялянін Герасім Львовіч уступіў у спрэчку з былым сваім уладальнікам, суддзёй (!) Іванам Быкоўскім: "Беглым мяне, ваша міласць, назваць нельга. Прыстойна ад вашай міласці адстаў, а калі б збег, ведалі б аб гэтым і ўлады і суседзі. І цяперашні Статут (1588 г.) для таго мала прыгодны і вашай міласці бескарысны, бо я ад вашмосці адстаў пры старым Статуце (1566 г.)" (52). Ня шмат сённяшніх сялянаў так добра ведаюць дзеючы ў краіне кодэкс. Спасылкі на Статуты і публічна-прававыя і прыватныя акты сустракаюцца і ў іншых судовых працэсах з удзелам вясковых грамадаў, сялянаў, мяшчанаў і іншага паспалітага люду. І калі адваротным бокам кардынальных правоў шляхты, яе залатых вольнасцяў была, натуральна, яе ўлада над залежным людам, што нярэдка цягнула за сабой розныя формы сацыяльнага пратэсту, але, здаецца, не выпадкова ўсё ж ВКЛ ніколі не ведала сялянскіх войнаў і хваляванняў, роўных пугачоўшчыне і разіншчыне.

У ХVІІІ ст. ва ўнутраныя справы Польшчы і ВКЛ усё больш актыўна ўмешваюцца суседнія дзяржавы, зацікаўленыя ў захаванні слабой Рэчы Паспалітай. Большасць нясмелых спробаў перабудаваць і ўдасканаліць дзяржаўны лад або зводзіліся да люстраной шліфоўкі скасцянелай сістэмы, або не дасягалі сваіх мэтаў. Буйную казырную карту разыграў Пётр І на завяршаючым этапе Паўночнай вайны. Па ўмовам мірнай дамовы абсалютысцкая імперская Расія сталася гарантам дзяржаўнага ладу шляхецкай дэмакратыі, абывацельскіх правоў, вольнасцяў. "Нямы" сойм 1717 г. прыняў рэкамендацыі расійскіх уладаў пры поўным маўчанні прысутных. Колькасць войска РП была абмежавана 24 тысячамі (18 тысячаў для Кароны, 6200 - для ВКЛ), што болей, канешне, падыходзіла для палацавых парадаў. Аўстрыя і Прусія мелі прыкладна па 100 тысячаў, Расія - каля 300 тысячаў (53). Прыхільнікам абнаўленчых рэформаў, актыўных палітычных дзеянняў паказалі іх месца. Толькі ў апошняй трэці ХVІІІ ст. складваюцца грамадска-палітычныя ўмовы для ажыцяўлення буйных і рэалістычных рэформаў дзяржаўнага ладу ў духу еўрапейскага Асветніцтва, перабудовы яго ў канстытуцыйную манархію пад агульным "верхавенствам народу". Прымаецца славутая майская Канстытуцыя 1791 г., развіваецца нацыянальна-вызвольны рух. Але гэта быў ужо час хутка прагрэсуючага знешнепалітычнага калапсу, падзелаў Рэчы Паспалітай, прымусовай ліквідацыі яе дзяржаўнасці.


Урокі гісторыі

Падвядзем некаторыя вынікі. У адрозненне ад большасці заходнееўрапейскіх краінаў, у якіх у фарміраванні парламентарызму актыўна прымала ўдзел трэцяе саслоўе, парламентарызм у Польшчы і ВКЛ быў вынікам палітычнай дзейнасці амаль выключна шляхты. Высокая прававая культура шляхты, глыбокае ўсведамленне ёю асабістых правоў (няхай і пераломленае ў саслоўнай ментальнасці), сваеасаблівыя формы парламенцкіх інстытутаў і падзелу функцыяў паміж соймуючымі станамі, уздзеянне шляхецкіх вольнасцяў і шляхецкай правасвядомасці на іншыя саслоўі стваралі ў грамадстве ВКЛ важныя перадумовы станаўлення грамадзянскай супольнасці, пераходу да Новага часу. Гэта і паказалі рэформы канца ХVІІІ ст., якія атрымалі ў спадчыну і развілі лепшыя традыцыі папярэдняй эпохі. Яны сведчылі аб тым, што РП, г.зн. ВКЛ, Беларусь і Літва, у ХVІ-ХVІІІ ст. уяўлялі, магчыма, геаграфічную, але ніяк не палітычную перыферыю Еўропы.

У сучаснай гістарыяграфіі няма адзінай думкі па пытанню аб прычынах унутрыпалітычнага крызісу РП у другой палове ХVІІ-сярэдзіне ХVІІІ ст. Сярод асноўных фактараў гэтага сыходу называюць эгаістычную палітыку алігархіі, магнацкіх груповак, незацікаўленых ва ўмацаванні вярхоўнай улады і цэнтралізатарскіх працэсах, умяшальніцтва суседніх дзяржаваў, доўгія разбуральныя войны і г.д. Да гэтага можна дадаць адсутнасць моцнай прафесійнай арміі ў ВКЛ, уцягванне Польшчы ў знясільваючы яе працэс каланізацыі Украіны і ўціхамірвання казацкай вольнасці, невырашанасць і складанасць царкоўна-рэлігійных і этнаканфесійных супярэчнасцяў, адыход кіруючай эліты і большай часткі шляхты ад народных рэлігійных, культурных і моўных традыцыяў. Толькі на новай прыступцы гістарычнага развіцця палітычны народ-шляхта ВКЛ, найбольш актыўная і дэмакратычная яго частка, стаў паступова ўсведамляць сваю гістарычную місію і браць на сябе адказнасць за лёсы ўсіх нацыяў і ўсіх народаў Бацькаўшчыны.

Шляхецкая дэмакратыя ВКЛ (пры ўсіх заганах і недахопах) дазволіла пазбегнуць крайніх формаў безладдзя і тэрору, далучыла да грамадзянскай і палітычнай дзейнасці ўсю шляхту, а часткова і іншыя слаі насельніцтва, усвядоміла неабходнасць улічваць думку меншасці, дала адчуць смак свабоды і чалавечай годнасці. Гістарычны лёс беларускага народа склаўся так, што ён у значнай ступені страціў памяць аб сваім прошлым, сваёй гісторыі. Але ў працэсе станаўлення беларускай дзяржаўнасці і далейшага развіцця беларускай нацыі зварот да мінулага, і перадусім - да перыяду ВКЛ, непазбежны. І тут беларусы маюць перавагу перад шмат якімі народамі "постсавецкага абшару". Зварот беларусаў да ВКЛ - гэта зварот да такога мінулага, якое значна больш адказвае сучасным дэмакратычным нормам і на якое можна значна больш абапірацца пры будаўніцтве дэмакратычнай дзяржавы, чым на гістарычныя ўзоры і прыклады мінулага іншых народаў. Калі ганарыцца ў сваёй гісторыі не захопніцкімі войнамі і прыгнятаннем іншых, а блізкасцю грамадскіх парадкаў мінулага да сучасных нормаў і каштоўнасцяў, беларусам ёсцü чым ганарыцца.

(пераклаў А.Шаланда)


2 Навейшая бібліяграфія па тэме падаецца ў працах польскіх, літоўскіх, украінскіх даследчыкаў - Ю.Бардаха, Г.Віснера, Я.Тазбіра, В.Чаплінскага, І.Мацішэўскага, А.Рахубы, Г.Люлевіча, Г.Блашчыка, К.Пяткевіча, А.Крыгсайсена, А.Сухені-Грабоўскай, Т.Зяліньскай, Н.Якавенка, Э.Гудавічуса, З.Кяўпы і інш.

3 Sucheni-Grabowska A. Spory krolow ze szlachta w zlotym wieku.- Krakow, 1988.- S.39.

4 Bardach J., Lenodorski B., Pietrzak M. Historia ustroju i prawa polskiego.- Warszawa, 1994.- S.184.

5 Akta unji Polski z Litwa 1385-1791./ Wyd. S.Kutrzeba, W.Semkowicz.- Krakow, 1932.- S.331-362.

6 Wisner H. Konstytucje Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w dobie Wazow.// Czasopismo Prawno-Historyczne.- 1977.- T.29.- Z.2.- S.207-218.

7 Kutrzeba S. Unia Polski z Litwa.// Polska i Litwa w dziejowym stosunku.- Warszawa, Lublin, Lodz, Krakow.- 1914.- S.643-644.

8 Гл.: Wisner H. Najjasniejsza Rzeczpospolita: Szkice z dziejow Polski szlacheckiej XVI-XVII wieku.- Warszawa, 1978; яго ж: Unia: Sceny z przeszlosci Polski i Litwy.- Warszawa, 1988.

9 Паданне аб "залатой бабе", нейкім загадкавым залатым ці пазалочаным ідале на паўночным усходзе Расіі, было распаўсюджаным сюжэтам у Заходняй Еўропе і ў Польшчы ў ХV-ХVІ ст. Яе згадваюць Мацей Мяхоўскі, Жыгімонт Герберштэйн і іншыя аўтары. (Гл.: Герберштейн С. Записки о Московии.- М., 1988.- С.160, 336).

10 Archiwum domu Radziwillow.- Krakow, 1885.- S.21.

11 Lulewicz H. Sklad wyznaniowy senatorow swieckich Wielkiego Ksiestwa Litewskiego za panowania Wazow.// Przeglad Historyczny.- 1977.- Z.3.- S.425-444.

12 Relacye nuncyuszow apostolskich i innych osob o Polsce od r.1548 do 1864.- Berlin, Poznan.- 1864.- T.2.- S.143.

13 Статут Вялікага княства Літоўскага.- Мн., 1989.- Разд.3.-арт.3.- С.112.

14 РИБ.- Т.7.- С.1802.

15 Статут Вялікага княства Літоўскага.- Мн., 1989.- С.113.

16 НГАБ у Менску, ф.№ 1787, воп.1, спр.2, арк.134.

17 Archiwum domu Radziwillow.- Krakow, 1885.- S.7.

18 РГАДА, ф.№ 389, воп.1, спр.287, арк.513-514.

19 Maciszewski J. Szlachta polska i jej panstwo.- Warszawa, 1986.- S.162; Жукович П. Кардинал Гозий и польская церковь его времени.- СПб.- 1882.- С.438-442.

20 Флоря Б.Н. Русско-польские отношения и политическое развитие Восточной Европы во второй половине ХVІ-начале ХVІІ в.- М.,1978.- С.165. М.К.Радзівіл Сіротка проста называў цара "дурнем".

21 Relacye nuncyuszow...- S.280.

22 Флоря Б.Н. Зг.тв.- С.165-170.

23 Grzybowski S. Henryk Walezy.- Warszawa, 1983.- S.92-93.

24 Konopczynski W. Dzieje Polski nowozytnej.- Warszawa, 1986.- S.153.

25 Archiwum domu Radziwillow.- Krakow, 1885.- S.9.

26 Грицкевич А.П. Распределение магнатских и шляхетских владений в Белоруссии по их величине и этнической принадлежности.// Вопросы истории. Межвузовский сборник.- Мн., 1978.- С.98-99.

27 АВАК.- Вильно, 1891.- Т.24.- С.337.

28 Гильтебрандт В. Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки.- Вильно, 1871.- С.74-75.

29 Bardach J. Historia ustroju... S.192-193.

30 АВАК.- Т.21.- С.30.

31 Maciszewski J. Szlachta polska... S.219.

32 РГАДА, ф.№ 389, воп.1, спр.268, а.251-252.

33 Maciszewski J. Szlachta polska... S.212.

34 Гл.: Miedzy monarcha a demokracja: studia z dziejow Polski XV-XVIII wieku.- Warszawa, 1994.

35 Daneykowicz Osirowski J. Swada polska i lacinska.- Lublin, 1745.- T.1.- S.276-279.

36 Тамсама.- S.370.

37 Volumina legum.- Petersburg, 1860.- T.V.- S.418.

38 Archiwum domu Radziwillow.- Krakow, 1885.- S.58.

39 Korespondencye Jana Karola Chodkiewicza poprzedzone opisem rekopisow z Archiwum Radziwillowskiego.../ Oprac. W.Chomentowski.- Warszawa, 1875.- S.39-49. (19 жніўня 1606 г.).

40 Strzala wieczney szczesliwosci kresu dopedzaiaca w wybornym biegu poboznego zycia... P.Mikolaia Krzystofa z Chalcza Chaleckiego, woiewody nowogorodzkiego, wolkinickiego, lepunskiego etc. starosty. W Wilnie w druk. Bazilianow S.Troycy. 1654. S. D 1 r.-D 2 v.

41 Biki B. Osobliwe panskie dary albo raczey boskie w osobie godney pamieci... Ierzego Karola na Dabrownie i Zaslawiu Hlebowicza, woiewody wilenskiego, onikszteskiego, radoszkowskiego... starosty... przy akcie pogrzebowym z ambony wilenskiey Oycow Bernardynow. W Wilnie w druk. Akadem....1670. S. C 2 r.

42 РА БАН Літвы, F.17, Nr 11.

43 Daneykowicz Osirowski J. Swada polska i lacinska.- Lublin, 1745.- T.1.- S.278.

44 Volumina legum.- T.V.- S.407.

45 Olszewski H. Sejm Rzeczypospolitej epoki oligarchii (1652-1763).- Poznan, 1966.- S.26; Maciszewski J.

46 Szlachta polska... S.220.

47 Diariusz sejmu Walnego Warszawskiego 1701-1702./ Wyd. Prz.Smolarek.- Warszawa, 1962.- S.50-53.

48 Trenograf, albo Zalosne opisanje zywota, testamentu y Smierci... P.Bogdana Oginskiego podkomorzego trockiego. Druk. w Wiewiu, 1625.- S.C. 3 r. ("Rusniakiem zwano iawniej i na stronie").

48 АЮЗР.- Ч.1.- Т.7.- 1887.- С.533-649.

49 Тамсама.- Ч.1.-Т.8.- С.75, 737-738.

50 Тамсама.- С.605-606.

51 Волович Г.Б. Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском, с привосокуплением грамот и привилегий. - Вильна, 1867.- С.281.

52 АВАК.- Т.36.- С.360.

53 Bardach J. Historia ustroju... S.232.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX