Вярнуцца: Артыкулы

Грыбко І. Л. Цэзар Турчыновіч


Аўтар: Грыбко І. Л.,
Дадана: 24-03-2011,
Крыніца: Грыбко І. Л. Цэзар Турчыновіч: Малазнаёмы і хрэстаматыйна вядомы (Матэрыялы да біяграфіі) // Российские и славянские исследования : науч. сб. Вып. 3. Минск. 2008. С. 139–145.



(Матэрыялы да біяграфіі)

Iмя Восіпа Турчыновіча непарыўна звязана з выданнем першай працы па гісторыі Беларусі, яно ўзгадваецца ў падручніках і гістарыяграфічнай літаратуры [1, № 743; 2, с. 298]. На жаль, звестак аб першым гісторыку Беларусі захавалася да крыўднага мала. Магчыма, наперадзе нас чакаюць адкрыцці і знаходкі, якія дазволяць больш дакладна акрэсліць жыццёвы шлях гэтага даследчыка. Асоба Турчыновіча яшчэ чакае «свайго» знаўца.

Стан пытання: здабыткі, недарэчнасці, памылкі. У беларускай гістарыяграфіі XX ст. імя В. Турчыновіча ўзгадвалася толькі ў сувязі з адной яго працай - «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времён» [3] і, на жаль, адбывалася гэта не заўжды дакладна. Сталася так, як падаецца, менавіта з-за недахопу звестак аб гэтай асобе. Вядомы гісторык, археограф М. М. Улашчык узгадвае В. О. Турчыновіча як «автора первой истории Белоруссии» [4, с. 9]. Гэты «тытул» устойліва замацаваўся за Турчыновічам. У сваёй працы М. М. Улашчык звяртае ўвагу на адсутнасць у крыніцах першай паловы XIX ст. дакладнага ўяўлення аб Беларусі, яе этнічных межах, выкарыстанні назваў Беларусь, Літва, Заходняя Русь і блытаніну ў працах гэтага часу. У гэтай сувязі ён падрабязна, па старонках звяртаецца да «Обозрения истории Белоруссии». У спасылках аўтар кнігі - Турчыновіч, узгадваецца з ініцыяламі О. В., але ў тэксце ініцыялы мяняюцца месцамі - В. О., тое ж бачым і ў імянным паказальніку: «Турчинович В. О., историк» [4, с. 294]. Недакладнасць відавочна.

Дарэчы, аўтару першай гісторыі Беларусі занадта не шанцавала ў дакладным стаўленні да прозвішча і імя як у мінулым, так і ў сучаснай літаратуры. У «Рускім Энцыклапедычным Слоўніку» І. Бярэзіна ён узгадваецца як «Турчанинов О., исследователь по сельскому хозяйству…» [5, с. 716]. Энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Ефрона двойчы спасылаецца на адну з яго прац, але прозвішча аўтара называе з іншымі ініцыяламі, як: О. П. Турчинович. У першай частцы курса лекцый «Гісторыі Беларусі», выдадзенай у 2000 г., аўтар першай гісторыі Беларусі паўстае ўжо як А. Турчыновіч [6, с. 8].

У кнізе вядомага знаўца беларускай мінуўшчыны Г. А. Каханоўскага асоба Турчыновіча паўстае таксама ў некалькіх варыянтах: В. В. Турчыновіч, Іосіф Турчыновіч, О. В. Турчинович [7, с. 46, 72, 105, 116]. Менавіта Г. А. Каханоўскі першым, як нам падаецца, распачаў пошукі матэрыялаў аб аўтары шырока ўзгадваемага твора і здолеў прыадкрыць некаторыя факты яго біяграфіі. Але нават і Г. А. Каханоўскі, дзякуючы намаганням якога ў гісторыі Бацькаўшчыны адноўлена шмат славутых імёнаў, прызнаваў, што «пра В. В. Турчыновіча захавалася мала звестак. Архіўныя пошукі нічога істотнага не далі. Вядома толькі, што аўтар першай гісторыі Беларусі быў тытулярным саветнікам і, як ён сам пісаў, «уваходзіў у склад Магілёўскага шляхецкага таварыства. Дэпутат» [7, с. 46]. Да гэтых вельмі сціплых звестак можна ўскосна далучыць меркаванні У. І. Пічэты. Ён адносіў работу Турчыновіча да сталічнай школы гісторыкаў-юрыстаў, але сярод іх прац, што закраналі гісторыю ВКЛ толькі ў сувязі з Маскоўскай дзяржавай, лічыў яе «адзіным выключэннем», бо «Обозрение истории Белоруссии» праца, якая «выключна занята пытаннямі знадворнай палітыкі» [8, с. 133].

Праца Турчыновіча набыла вядомасць у навуковых і не толькі колах, стала з'явай свайго часу. На яе спасылаліся, цытавалі, выказвалі крытычнае стаўленне. Кніга выклікала цікавасць і падштурхнула да новых даследаванняў. Крытыкуя працу Турчыновіча (перш за ўсё за недакладна вызначаныя этнічныя межы Беларусі), іншыя аўтары выказвалі новыя ідэі і меркаванні [9, с. 35]. Шмат цытат і спасылак на «Обозрение истории Белоруссии» зрабіў у сваёй працы М. Фурсаў [10, с. 4, 14, 20 і інш.]. Цікава адзначыць, што ў спасылках выдадзенага пад рэдакцыяй А. Дэмбавецкага «Опыта описания Могилёвской губернии…» праца Турчыновіча названа як «История Белоруссии».

Нельга цалкам згадзіцца з меркаваннем складальнікаў перавыдадзенай у 2006 г. выдавецтвам «Беларускай энцыклапедыі» працы В. Турчыновіча, што захавалася ўсяго некалькі экзэмпляраў гэтай кнігі. На самой справе «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен» (1857), а таксама іншыя працы Турчыновіча добра прадстаўлены не толькі ў Нацыянальнай бібліятэце і Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі, але і ў архівах, іншых бібліятэках краіны. Без намаганняў можно адшукаць гэта выданне і ў сховішчах Масквы і Санкт-Пецярбурга. Адзін з экзэмпляраў Нацыянальнай бібліятэкі трапіў у яе фонды з Пінскай семінарыі, аб чым сведчыць захаваўшаяся пячатка. Ёсць кніга з Кранштадта і іншых месцаў. Прыведзеныя факты ніколькі не адмаўляюць каштоўнасці і неабходнасці перавыдання працы Турчыновіча, але сведчаць аб дастаткова значным накладзе адбыўшагася ў 1857 г. выдання.

Распачатыя пошукі дазволілі выявіць акрамя «Обозрения истории Белоруссии с древнейших времён» і іншыя працы В.Турчыновіча больш ранняга часу: «О поземельной собственности и наследстве в Древней Руси» [11] і «История сельского хозяйства России от времён исторических до 1850 года» [12].

Першае выданне Турчыновіча часам узгадваецца пад назвай «Общественный быт славян в древности. О собственности и наследстве в Древней Руси» [13, с. 692], прычым звычайна пазначаецца толькі першая частка назвы. Абедзве працы былі заўважаны, удастоіліся рэцэнзій у вядомых часопісах «Современник» [14], «Отечественные записки» [15] і іншых [16], трапілі ў бібліяграфічныя паказальнікі і навуковы апарат шэрагу выданняў. Працы Турчыновіча ўзгадваюць такія вядомыя выданні, як «Русская историческая библиография» братоў П. П. і Б. П. Ламбіных, а таксама «Русская историческая библиография» У. М. Мяжова. Але, на жаль, якіх-небудзь звестак аб асобе аўтара яны не дадалі.

Паходжанне і асноўныя вехі біяграфіі. Паступова нам удалося знайсці некаторыя новыя матэрыялы аб В.Турчыновічы, а таксама пацвердзіць і ўдакладніць крыніцамі факты, прыведзеныя Г. А. Каханоўскім. У сціслым выглядзе вынікі гэтай працы адлюстраваны ў невялікім артыкуле Энцыклапедыі гісторыі Беларусі [17, с. 544]. На жаль, магчымасці архіўных пошукаў былі абмежаваны, але пашанцавала трапіць на звесткі аб Турчыновічы ў афіцыйных перыядычных спісах асоб, што акрэсліла накірунак наступных крокаў. Давялося ўпершыню дакладна ўсталяваць месца і год нараджэння аўтара першай гісторыі Беларусі, вызначыць асяроддзе, з якога ён паходзіў, знайсці новыя факты яго біяграфіі.

Нарадзіўся Восіп Турчыновіч у верасні 1824 г. у дваранскай каталіцкай сям'і Вікенція Ігнацьевіча і Аўдоцці Андрэеўны Турчыновічаў [18, арк. 54, 55, 101, 102]. Бацька яго, двуіменны Вікенці Варфаламей паходзіў са старажытнага, але збяднелага шляхецкага роду. Род меў герб «Kewnia»(Коўна), складзены пад уплывам усходніх матываў: на малінавым фоне змяшчаўся жоўты паўмесяц, у яго схадзіліся тры мячы-«ардынкі» з жоўтымі рукаяткамі, а зверху герб упрыгожвала карона [19, табл. 41]. Пачынальнікам роду з'яўляўся Іосіф Аляксандравіч Турчыновіч, менавіта яму прывілеям караля Жыгімонта III у сакавіку 1590 г. былі пажалаваны фальваркі Упіта і Фалінаўшчызна ў Ашмянскім павеце [18, арк. 101].

Архіўныя матэрыялы дазваляюць прадставіць радавод Турчыновічаў наступным чынам [18, арк. 119, 150, 198]:

Іосіф

|

Гаўрыіл

|

Іван

/ \

Андрэй Васіль (Іван)

/ \ \

Феліцыян Грыгоры Стэфан

| |

Ігнаці Кляменці

| \ |

Вікенці (Варфаламей) Міхаіл Якаў

/ / / / | \

Іосіф Іван Антон Ніказы Леанард Пётр

(Цэзар) (Франц) (Сцяпан) (Андрэй)

У чацвёртым калене род Турчыновічаў падзяліўся на дзве галіны. Спачатку браты Андрэй і Васіль сумесна валодалі атрыманымі ў спадчыну фальваркамі ў Аршанскім і Ашмянскім паветах, у Полацкім ваяводстве, але пазней падзялілі іх. Аўтар «Обозрения истории Белоруссии с древнейших времён» належыць да восьмага калена і прадстаўляе частку роду, якая пайшла ад Андрэя Іванавіча. У канцы XVIII ст. сыны Андрэя і Васіля - Феліцыян і Стэфан, прадалі амаль усе спадчынныя землі [18, арк. 101]. Феліцыян пакінуў у спадчыну свайму сыну Ігнацію землі з некалькімі сялянскімі дварамі, але справы не заладзіліся і ў 1794 г. Ігнацій прадаў сваю частку фальварка Упіта з чатырма дварамі і сялянамі за 2000 талераў [18, арк. 25]. У час разбору былой польскай шляхты благароднае паходжанне роду Турчыновічаў было пацверджана і сыны Ігнація, унукі Феліцыяна Вікенці і Міхаіл былі занесены ў лік дваран Аршанскага павета па 1-му разраду. [18, арк. 199].

Узгаданы Вікенці - гэта бацька Восіпа Турчыновіча. Род быў збяднелым, таму Турчыновічам даводзілася арэндаваць землі і ісці на службу. Нашчадкам другой галіны рода - ад Васіля Іванавіча - зусім не пашанцавала. У пачатку XIX ст. яны былі занесены ў рэвізскія казкі пад прозвішчамі Турчынавы і Юрчынавы як прыгонныя сяляне памешчыцы, у якой арэндавалі зямлю, і таму страцілі асабістую свабоду [18, арк. 75-76]. Доўгі час яны імкнуліся аднавіць дваранства і прозвішча, дзякуючы гэтаму ў архіўных сховішчах і адклаліся пэўныя матэрыялы аб радаводзе Турчыновічаў. Дарэчы, бацька Восіпа Турчыновіча - Вікенці Турчыновіч імкнуўся дапамагчы родзічам. Прыведзены радавод няпоўны, яшчэ адна галіна рода ў XVIII ст. атрымала прозвішча Сушыцкія, ад назвы вотчыннага маёнтка Сушыца ў Пінскім павеце. Пазней яны перасяліліся ў Мінскае ваяводства, валодалі маёнткамі ў Ігуменскім павеце [20, арк. 16, 17]. У XIX cт. прадстаўнікі гэтай галіны здолелі дакументальна пацвердзіць сваё дваранскае паходжанне ад роду Турчыновічаў і былі ўнесены ў радаслоўную кнігу Мінскай губерні як Турчыновічы-Сушыцкія [21, арк.43].

Восіп Турчыновіч адносіцца да восьмага калена роду. Ён быў старэйшым сынам Вікенція і Аўдоцці (Еўдакіі) Турчыновічаў, акрамя яго ў сям'і было яшчэ пяць дзяцей. Маці, Аўдоцця Андрэеўна, паходзіла з благароднага роду Касаржэўскіх [18, арк. 102]. Магчыма, пры хрышчэнні яна атрымала некалькі імёнаў, бо ўзгадваецца як Еўдакія ў метрычных выпісах на дзяцей [18, арк. 101], як Ганна Андрэеўна ў пасямейным спісе 1841 г. [18, арк. 55] і як Аўдоцця Андрэеўна ў пасямейным спісе 1859 г. [18, арк. 54]. Большасць дзяцей ў сем'ях католікаў мелі два або некалькі імёнаў. Метрычны выпіс аб хрышчэнні «сына благородных и законных супруг Викентия и Евдокии Турчиновичей» (1824, верасня 7) зроблены «на двуименного Иосифа Цезаря» [18, арк. 101-102] .

Такім чынам, складанае пытанне аб удакладненні імя аўтара «Обозрения истории Белоруссии с древнейших времён» можна лічыць вырашаным. У пасямейных спісах Турчыновічаў у спісе сям'і ён узгадваецца таксама як Іосіф, але ў стаўбцы аб занятках і месцы пражывання спіса 1859 г. - як «Осип». Адбылася русіфікацыя імя, натуральна звязаная з заняткамі і службай. У афіцыйных спісах па службе і выданнях Турчыновіч пазначаецца як «Осип». У выпісах з пасямейных спісаў названы і іншыя дзеці Турчыновічаў: Іван 1826 г. нараджэння і двуіменны Антон Франц, 1832 г., а таксама дочкі Юлія, Кацярына і Сабіна. Метрычныя выпісы на сыноў Іосіфа Цэзара і Івана былі зацверджаны ў 1830 г. Полацкай Грэка-уніяцкай Духоўнай кансісторыяй, а выпіс на Антона Франца зроблены з кніг прыходскага Аршанскага касцёла [18, арк. 101, 102, 108].

Трэба меркаваць, што сям'я Турчыновіча не здолела захаваць уласныя землі і арэндавала фальваркі, часам пераязджала. У 1830-я - пачатку 1840-х гг. Вікенці Турчыновіч служыў упраўляючым у Магілёўскай губерні ў маёнтках генерал-маёра князя Канстанціна Любамірскага [18, арк. 55, 101]. Вікенці Турчыновіч меў дваровага чалавека, але сям'я жыла ў арэндаваным у памешчыка Пюро фальварку Дабрамыслі [18, арк. 55, 98] Бабінавіцкага, а потым Аршанскага павета (Бабінавіцкі павет у 1840 г. увайшоў у Аршанскі [22, арк. 245]). Дакладна вядома, што ў 1859 г. сям'я Турчыновічаў пражывала ўжо ў арэндаваным казённым фальварку Сырыцах Аршанскага павета [18, арк. 54].

Бацька Восіпа Турчыновіча - Вікенці Ігнацьевіч, некалькі разоў, у 1841 і 1844 гг., падаваў прашэнне аб пераносе ўсіх васьмі кален рода Турчыновічаў з 1-й у 6-ю частку радаслоўнай кнігі, дзе паказаны старажытныя роды. Першая спроба была няўдалай. Але пасля прадстаўлення дадатковых дакументаў і доказаў Мінскі Дваранскі сход 5 жніўня 1844 г. прызнаў род Турчыновічаў у дваранстве і пасля зацвярджэння Герольдыяй (15 жніўня 1844 г.) Турчыновічы былі ўнесены ў шостую частку радаслоўнай кнігі [18, арк. 54; 23, арк. 113, № 176].

Вікенці Ігнацьевіч клапаціўся аб будучыне сыноў і здолеў даць усім адукацыю. Брат Восіпа, Антон вучыўся ў Горы-Горацкай земляробчай школе [24, арк. 75], а ў 1857 г. з'яўляўся ўжо студэнтам Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Цікава адзначыць, што ў дачыненні да Антона таксама сустракаюцца выпадкі змянення прозвішча. У спісах выхаванцаў школы і афіцыйных дакументах Праўлення інстытута ён пазначаны на расейскі лад як Турчановіч [18, арк. 146]. У адной са сваіх кніг - «Истории сельского хозяйства России, от времён исторических до 1850 года», Восіп Турчыновіч між іншым асвятляе дзейнасць аграрных навучальных устаноў Расіі і падрабязна распавядае аб Горы-Горацкім інстытуце і земляробчай школе, існаваўшых там вучэбных фермах, практычных занятках студэнтаў. Безумоўна, шмат звестак аб інстытуце В. Турчыновіч атрымаў ад свайго брата.

Службовая дзейнасць. У 1850 г. бацька, Вікенці Турчыновіч, звярнуўся ў адпаведныя ўстановы аб выдачы яму спісаў з указа Сената ад 27 лістапада 1844 г. № 6749 аб зацверджанні ў дваранстве для сыноў Іосіфа Цэзара і Антона Франца, а пазней і Івана, якія паступаюць «у Гражданскую службу» [18, арк.136]. Такім чынам, на службу Восіп Турчыновіч паступіў не раней за 1850 г. На жаль, прасачыць увесь службовы шлях Восіпа Турчыновіча не ўдалося. Але адкрыліся некаторыя новыя, раней невядомыя факты з яго жыцця.

У пасямейным спісе Турчыновічаў, складзеным у сакавіку 1859 г., пазначана, што тытулярны саветнік Осіп служыў у Магілёўскім Дваранскім Дэпутацкім Сходзе [18, арк. 54]. Гэтыя звесткі пацвярджаюць і дапаўняюць дадзеныя «Общей росписи чинов Российской империи» на 1858-1859 гг. [25, арк. 97] і на 1860-1861 гг. [26, арк.182], у якіх паказана, што тытулярны саветнік Осіп Вікенцьевіч Турчыновіч з'яўляецца перакладчыкам Магілёўскага Дваранскага Дэпутацкага Сходу. Звесткі да роспісу чыноўнікаў установы паводле спецыяльных распараджэнняў дасылалі да снежня папярэдняга года і да ліпеня года, пазначанага на тытуле выдання. Вядома, што прадмова да «Обозрения истории Белоруссии с древнейших времён» была напісана ў 1855 г. таксама ў Магілёве. Такім чынам, дакладна ўсталявана месца службы і заняткі Восіпа Турчыновіча ў канцы 1850-х гг. У гэты час яго брат Іван у чыне калежскага рэгістратара служыў у Магілёўскім губернскім праўленні [18, арк. 54]. Малодшы з братоў Турчыновічаў, Антон Франц састаяў на службе ў абласным праўленні пры начальніку Сяміпалацінскай вобласці [18, арк. 54; 26, с.439].

Справа ў тым, што ўрад указам 4 чэрвеня 1854 г. заахвочваў студэнтаў і выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў працаваць у Сібіры пэўнымі перавагамі па службе і матэрыяльнымі выплатамі. Шмат студэнтаў Горы-Горацкага інстытута хадайнічалі аб накіраванні іх на службу ў Заходнюю Сібір [27, арк. 1, 9]. Верагодна, такі шлях абраў і Антон Турчыновіч. Магчыма, пад уплывам брата Антона Восіп Турчыновіч таксама пераехаў у Сібір. Далей яго дзейнасць некаторы час была звязана з Іркуцкай губерняй. Там ён у пачатку 1860-х гг. займаў пасаду суддзі Ніжнеўдзінскага і Балаганскага акружнога суда [28, стб. 399].

Звесткі аб службе Восіпа Турчыновіча пацвярджаюцца дадзенымі «Памятных книжек». У «Памятной книжке Иркутской губернии на 1861 год» [29, с. 67] звестак пазначана больш: суддзя тытулярны саветнік Восіп Вікенцьевіч Турчыновіч «имеет тёмную бронзовую медаль на Андреевской ленте в память войны 1853-1856 г.» [29, с. 67] Медаль на Андрэеўскай ленце атрымлівалі цывільныя чыны ў выпадку, калі яны знаходзіліся непасрэдна на тэрыторыі ваенных дзеянняў, або абвешчаных на ваенным становішчы. Узгадваецца Восіп Турчыновіч на пасадзе ніжнеўдзінскага суддзі і ў «Памятной книжке Иркутской губернии на 1863 год» [30, с. 57 ]. А ўжо ў пазнейшых Памятных кніжках Іркуцкай губерні (1865, 1873 гг.) і афіцыйных спісах чыноўнікаў яго прозвішча не пазначана [31].

Далейшы лёс гісторыка і правазнаўцы Восіпа Турчыновіча застаўся невядомым. Але адкрыўшыяся факты дазваляюць пачаць мэтанакіраваныя і эфектыўныя даследаванні. Магчыма, В. Турчыновіч пакінуў службу і вярнуўся ў родныя мясціны, хутчэй за ўсё ў Мінскую ці Віленскую губерню. Ёсць і іншыя гіпотэзы, якія патрабуюць далейшых вышукаў. Iснуюць усе падставы спадзявацца, што ў хуткім часе адкрыюцца новыя таямніцы няпростага лёсу аўтара першай гісторыі Беларусі.


Литература

1. Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии (1768-1917 гг.). Библиогр. указатель / сост. А. А. Сокольчик. Изд. 2-е, доп. Минск : Б-ка БССР им. В. И. Ленина, 1976. 426 с.

2. Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. / рэдкал. М. П. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск : Беларусь, 1994-1995. Ч. 1. / М. П. Касцюк [і інш.]. 1994. 527 с.

3. Турчинович, О. В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен. Изд. В. А. Исакова / О. В. Турчинович. СПб. : Типография Эдуарда Праца, 1857. 316 с.

4. Улащик, Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / Н. Н. Улащик. М. : Наука, 1973. 303 с.

5. Турчанинов, О. // Русский энциклопедический словарь: в 16 т. / О. Турчанинов; под ред. И. Н. Березина. 1873-1879. Т. XIV. 1878. С. 716.

6. Гісторыя Беларусі: у 2 ч. Ч. 1: Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: курс лекцый / І. П. Крэнь [і інш.]; рэдкал.: П. І. Брыгадзін [і інш.]. Мінск : РІВШ БДУ, 2000. 656 с.

7. Каханоўскі, Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX ст. / Г. А. Каханоўскі. Мінск : Навука і тэхніка, 1984. 120 с.

8. Пічэта, У. Распрацоўка гісторыі Літоўска-Беларускага права XV-XVI ст. у гістарыяграфіі / У. Пічэта // Полымя. 1927. № 2. С. 125-135.

9. Бессонов, П. А. Белорусские песни с подробными объяснениями их творчества и языка, с очерками народного обряда, обычая и всего быта / П. А. Бессонов. М. : Типография Бахметьева, 1871. LXXXI, 176 с.

10. Фурсов, М. В. Исторический очерк Могилёвской губернии / М. В. Фурсов. Могилёв, 1882. 175 с.

11. Турчинович, О. О поземельной собственности и наследстве в Древней Руси / О. Турчинович. СПб. : Типография Эд. Веймара, 1853. I-III, 58 с.

12. Турчинович, О. История сельского хозяйства России, от времён исторических до 1850 года / О. Турчинович. СПб.: Тип. А. Дмитриева, 1854. I-VI, 168 с.

13. Владимирский-Буданов, М. Ф. Обзор истории русского права / М. Ф. Владимирский-Буданов. Изд. 6-е. СПб.; Киев : Изд-во Петра Бессонова при поддержке Общества любителей российской словесности, 1909. 699 с.

14. Современник. 1854. № 2. Отд. 4. С. 53-54.

15. Отечественые записки. 1856. Т. 104. Кн. 2. С. 62-67.

16. Труды Императорского Вольного Экономического Общества. 1855. № 5. С. 42-46.

17. Грыбко, І. Турчыновіч / І. Грыбко // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Мінск : Энцыклапедыя, 1993-2003. Т. 6. Кн. 1. 2001. 544 с.

18. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 319. Воп. 2. Спр. 3307. Дело Минского Дворянского Собрания о дворянском происхождении рода Турчиновичей.

19. НГАБ. Ф. 319. Воп. 1. Спр. 18. Табл. 41. Личные посемейные списки.

20. НГАБ. Ф. 319 . Воп. 2. Спр. 3144. Дело Минского Дворянского Собрания о дворянском происхождении рода Турчиновичей-Сушицких. 1802-1852 гг.

21. НГАБ. Ф. 319. Воп. 2. Спр. 3148. Дело Минского Дворянского Собрания о дворянском происхождении рода Турчиновичей-Сушицких. 1832-1834 гг.

22. Анішчанка, Я. К. Бабінавіцкі павет / Я. К. Анішчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Мінск : Энцыклапедыя, 1993-2003. Т. 1. 1993. С. 245.

23. Алфавитный список дворянским родам Минской губернии, внесенным в дворянскую родословную книгу по 1-е июля 1903 года [с прил. списка губ. и уездным предводителям дворянства, а также секретарям депутатского собрания]. Минск, 1903. 162 с.

24. НГАБ. Ф. 2259. Воп. 1. Спр. 52. Списки воспитанников Горы-Горецкой земледельческой школы.

25. Адрес-календарь: Общая роспись всех чиновных особ в государстве на 1858-1859 гг.: в 2 ч. СПб. : Имп. Ак. Наук, 1859. Ч. II. 1859.

26. Адрес-календарь: Общая роспись всех чиновных особ в государстве на 1860-1861 гг.: в 2 ч. СПб. : Имп. Ак. Наук, 1860. Ч. II. 1860.

27. НГАБ. Ф. 2259. Воп. 1. Спр. 1333. Переписка с Департаментом сельского хозяйства об определении на работу в Западную Сибирь.

28. Адрес-календарь. Общая роспись начальствующих и прочих должностных лиц по всем управлениям в Империи и по Главным управлениям в Царстве Польском и в Великом княжестве Финляндском на 1861-1862 год: в 2 ч. СПб., 1860. Ч. II.

29. Памятная книжка Иркутской губернии на 1861 год. Иркутск : Типография губернского правления, 1861. 218 с.

30. Памятная книжка Иркутской губернии на 1863 год. Иркутск : Типография губернского правления, 1863. 183 с.

31. Личный состав гражданского, военного и духовного ведомств в Иркутской губернии. Иркутск : Изд-во Иркутского стат. комитета, 1867. 111 с.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX