Вярнуцца: Артыкулы

Грыцкевіч Анатоль. Беларуская шляхта


Аўтар: Грыцкевіч Анатоль,
Дадана: 17-06-2013,
Крыніца: Грыцкевіч Анатоль. Беларуская шляхта // Спадчына №1-1993. С. 11-16.



Паводле спавешчаньня на Устаноўчым Сойме Згуртаваньня Беларускае Шляхты 1 лістапада 1992 года.

Шляхта Беларусі мае сваю доўгую й славутую гісторыю. Шляхецкае саслоўе (стан) адыгрывала вялікую ролю ў гісторыі Беларуска-Літоўскага гаспадарства (Вялікага Княства Літоўскага і Рускага) у XIV-XVI стст. і потым да канца XVIII ст. у фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай. Яна заўсёды займала выразна патрыятычную пазыцыю, якая асабліва праявілася падчас змаганьня за адраджэньне дзяржавы ў шляхецкіх паўстаньнях 1794, 1831 I 1863 гг. на Беларусі побач з братамі-паўстанцамі з польскай і літоўскай шляхты. На працягу вялікага пэрыяду беларускае гісторыі шляхта займала кіраўнічае становішча ва ўсіх галінах дзейнасьці сваёй дзяржавы і асабліва ў абароне Бацькаўшчыны, бо беларуска-літоўскае войска складалася пераважна са шляхты. Стагодзьдзямі шляхта мела значны ўплыў на разьвіцьцё беларускае культуры і сацыяльна-эканамічнае жыцьцё краіны. Вялікую ролю яна адыгрывала ў Адраджэньні XVI і канца XIX - пачатку XX ст., ва ўсталяваньні хрысьціянскіх і агульначалавечых каштоўнасьцяў. У адрозьненьне ад іншых саслоўяў беларуская шляхта ніколі ня мела комплексу непаўнацэннасьці, a заўсёды выступала з годнасьцю, гонарам і зь незалежніцкіх патрыятычных пазыцыяў.

У XIV-XVI стст. у Беларуска-Літоўскім гаспадарстве канчаткова аформілася са сваімі правамі й прывілеямі вайскова-служылае саслоўе, у якога быў толькі адзін абавязак: выступаць у паход, бараніць Бацькаўшчыну, выганяць ворага са сваёй роднай зямлі туды, адкуль прыйшоў (Пагоня). Гэта былі нашчадкі родавых старэйшынаў, пляменных князёў і - у большасці - удалых ваяроў паспалітага рушэньня (апалчэньня). Слова «шляхта» паходзіць ад нямецкага schlagen - біць, a нямецкае слова Schlacht азначае «бітва». Даслоўны пераклад слова «шляхта» азначае: людзі бою, ваякі, ваяры. Есьць і другое, навуковае вызначэньне паходжаньня гэтага слова. Яно прыйшло ў беларускую мову праз польскую ад старажытнаверхненямецкага slahte, што азначае «род, паходжаньне, парода».

Асноўную масу беларускіх фэадалаў складалі нашчадкі ўдзельных князёў Полацкага, Тураўскага й Смаленскага княстваў, баяраў і дружыньнікаў гэтых княстваў, да якіх у XIV ст. далучыліся літоўскія (а ў XV ст. і жамойцкія) нобілі й дружыньнікі. Heкаторая частка апошніх асела ў адміністрацыйных цэнтрах Беларусі ды атрымала тут маёнткі. Ужо да канца XIV ст. асноўная маса фэадалаў (за выняткам князёў) у Беларуска-Літоўскім гаспадарстве называлася баярамі. Гэтая назва захавалася да XVI ст. Сэнс беларускага тэрміну «баяры» цалкам адрозьніваўся ад сэнсу гэтага ж слова ў Маскоўскім княстве.

Пачынаючы ад Гарадзельскага прывілею 1413 г., у дзяржаўных актах разам з назвай «баяры» ўсё часьцей сустракаецца «баяры-шляхта» або «шляхта» (паводле польскага ўзору). У XV-XVI стст. у Берасьцейскай зямлі й на Падляшшы фэадалы таксама называліся «зямяне», зноў жа паводле польскае тэрміналёгіі. Гэтая назва ўжываецца ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. для фэадалаў усёй дзяржавы, таксама як і «баяры», і «шляхта». Але з другой чвэрці XVI ст. назва «шляхта» стала займае месца ў дзяржаўных актах для вызначэньня фэадальнага саслоўя.

У XVI ст. 80 працэнтаў фэадалаў на Беларусі былі беларускага этнічнага паходжаньня, 19 працэнтаў - літоўскага, 1 працэнт - іншага. Аднак якіх-небудзь вялікіх супярэчнасьцяў на этнічнай аснове тут не было. Уся шляхта разам бараніла сваю дзяржаву, выступала як адзінае саслоўе, зыходзячы ня толькі з карпаратыўных але і зь дзяржаўных інтарэсаў. Адзінства шляхты, яе правоў і прывілеяў выявілася ў фэадальных кодэксах Беларускага гаспадарства - Статутах Вялікага Княства ЛІтоўскага, Рускага і Жамойцкага 1529, 1566 і 1588 гг.

Шляхецкія саслоўныя правы роду пераходзілі нашчадкам-мужчынам ды іхным нашчадкам у мужчынскім родзе, a таксама дочкам (але ня іхным дзецям, бо гэта быў ужо іншы род). Калі жанчына выходзіла замуж за няшляхціца, яна захоўвала шляхецтва, але не перадавала яго мужу й дзецям. Жанчына простага стану, выходзячы замуж за шляхціца, станавілася шляхцянкай пажыцьцёва, нават калі другі ці трэці раз выходзіла за няшляхціца. Шляхецтва можна было атрымаць ад вялікага князя літоўскага й рускага, a таксама ад гетмана на полі бою за мужнасьць. Ад Люблінскай уніі 1569 г. шляхецтва надаваў Сойм Рэчы Паспалітай (набілітацыя). Сойм прызнаваў шляхецкі тытул і іншаземным дваранам. Шляхецтва можна было атрымаць і ўсынаўленьнем, абвешчаным у судзе (адопцыя).

Да XVI ст. уся шляхта дзяржавы, у тым ліку вялікія князі літоўскія (яны ж звычайна й каралі польскія), карысталася беларускай мовай - і як дзяржаўнай, і ў побыце. Нават на тэрыторыі Жамойці ў судох і гарадох беларуская мова ўжывалася паўсюдна. I толькі з XVI ст. у асяродзьдзе магнатаў паступова ўваходзіць польская мова, асабліва пасьля Люблінскай уніі 1569 г., калі Польшча і Беларуска-Літоўская дзяржава ўтварылі фэдэратыўную Рэч Паспалітую.

Толькі ў XVII ст. шляхта пачынае ўжываць і польскую мову, але драбнейшая шляхта карысталася беларускай заўсёды.

З рэлігійнага гледзішча таксама спачатку розьніцы не было. Беларускія й літоўскія баяры на Беларусі ў XIV ст. былі праваслаўныя. Пасьля хрышчэньня язычнікаў-літоўцаў у 1387 г. паступова займае пазыцыі на Беларусі каталіцкая царква, перадусім у шляхецкім асяродзьдзі. У XVI ст. значная частка беларускай шляхты як з каталікоў, так і з праваслаўных, падчас рэфармацыі пераходзіць у кальвінізм (на чале з Радзівіламі) і ў іншыя пратэстанцкія плыні, але ў апошняй чвэрці XVI і пачатку XVII ст. пад уплывам Контррэфармацыі пераходзіць у каталіцызм. Да канца XVIII ст. й далучэньня Беларусі да Paceі амаль уся шляхта Беларусі была ўжо каталіцкай, прычым пераважна лацінскага a ня грэка-каталіцкага абраду, у адрозьненьне ад астатняга насельніцтва Беларусі. Але захавалася і праваслаўная шляхта (пінская, давыд-гарадоцкая, ля Слуцка, Магілева), і кальвінісцкая. Такім чынам, працяглы час і ў шляхецкім асяродзьдзі захоўвалася шматканфэсійнасьць і талерантнасьць. Гэта, дарэчы, адбілася на разнастайнасьці элемэнтаў шляхецкай культуры. Верацярпімасьць грунтавалася на пастанове Сойму Рэчы Паспалітай 1573 г.

Яшчэ ў XIV ст. на Беларусі існавалі гербы князёў або родавыя знакі ў іншых фэадалаў. Да сталых шляхецкіх традыцыяў ад пачатку XV ст. (Гарадзельскі прывілей 1413 г.) належыць ужываньне гербаў, аднолькавых (альбо з мадыфікацыямі) з гербамі польскай шляхты. Менавіта ў 1413 г. пачалося гербавае братэрства з польскімі шляхецкімі родамі. Усяго налічваецца каля 5 тысячаў гербаў польскай, беларускай, літоўскай і ўкраінскай шляхты ў Рэчы Паспалітай. Шмат зь іх захавалася на Беларусі і ў XX ст.

Адным з дасягненьняў шляхецкай палітычнай культуры Вялікага Княства Літоўскага і Рускага, што адбілася на далейшых падзеях, было ўвядзеньне ў сярэдзіне XVI ст. замацаванага на стагодзьдзі ў законах права шляхты на самакіраваньне, на свабодныя выбары дэпутатаў (паслоў) на павятовыя соймікі й агульнадзяржаўныя соймы, у суды ўсіх узроўняў да Галоўнага трыбуналу Літоўскага ўлучна. Пры гэтым да самага ўключэньня Кацярынаю II беларускіх і літоўскіх земляў у склад Расейскае імпэрыі кандыдаты на судовыя пасады мусілі ведаць беларускую мову як дзяржаўную, бо на ёй выдаваліся акты да 1696 г. У Рэчы Паспалітай уся шляхта магла выбіраць караля. У элекцыйным (выбарчым) сойме, на якім пажыцьцёва выбіраўся кароль, меў права ўдзельнічаць кожны шляхціц. Таму выбары караля часам праходзілі ў чыстым полі. Шляхта, якая ішла ў паход і знаходзілася ўжо на вайне, магла сабрацца ў войску ў асобны, палявы сойм, каб прыняць важнае рашэньне дзяржаўнага характару. Так адбылося ў 1562 г. на палявым сойме ля Віцебска - беларуская шляхта вырашыла аб'яднацца з Польшчай у фэдэратыўную дзяржаву дзеля барацьбы супраць войска цара Івана IV Жахлівага, які пагражаў існаваньню незалежнага Беларуска-ЛІтоўскага гаспадарства.

У Рэчы Паспалітай уся шляхта была роўнай у правох. Тытулы кйязёў і графаў прызнаваліся пераважна як замежныя (у Радзівілаў, Сапегаў і іншых), бо іх звычайна надаваў імпэратар Сьвятарнай Рымскай імпэрыі германскай нацыі. Толькі нашчадкам старадаўніх княскіх родаў захавалі княскія тытулы. Але ўсе гэтыя тытулы не давалі ўладальнікам перавагаў над астатняю шляхтай. Нават самы бедны шляхціц, які часам ня меў зямлі й сваіх сялянаў, тэарэтычна быў роўны магнату, напрыклад, Радзівілу. Адсюль зразумела, чаму найбагацейшы чалавек у Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. - князь Кароль Радзівіл (па мянушцы Пане-каханку) - называў шараговага шляхціца «панам-братам». Тэарэтычна кожны шляхціц мог быць абраны каралём. Усё гэта сьведчыла пра шырокую шляхецкую дэмакратыю.

Шляхціц, паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага, ня мог быць арыштаваны й няслушна пакараны без рэчаісных доказаў віны, a судзіць яго маглі толькі роўныя яму, гэта значыць - шляхта. Права асабістай незачэпнасьці, выпрацаванае ў законах Беларуска-Літоўскае дзяржавы, і гарантыі ўласнасьці прычыніліся да стварэньня й захаваньня традыцыі шляхецкай годнасьці ў пакаленьнях беларускае шляхты. Нездарма ў Рэчы Паспалітай існавала выслоўе: «Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе». Пачуцьцё годнасьці выхоўвалася й на вайне. Валоданьне тэхнікай блізкага бою, фэхтаваньне ня толькі халоднаю зброяй, але й агнястрэльнай, тактыкаю коннага й пешага бою з маладых гадоў загартоўвала шляхціца, разьвівала пачуцьцё мужнасьці, адказнасьці, патрыятызму. Шляхецкі гонар быў натуральны й неад'емны для шляхціца.

Калі трэба было вырашыць пытаньні карпаратыўных інтарэсаў, у Рэчы Паспалітай права дазваляла шляхце аб'ядноўвацца ў канфэдэрацыі (узброеныя зьвязы з палітычнымі й сацыяльнымі мэтамі) і дабівацца свае мэты збройным шляхам у караля й сойму.

Яшчэ адна адметная рыса беларускае шляхты, уласьцівая таксама і польскай, і літоўскай - гэта шматлікасьць. Калі ў суседніх дзяржавах - Расеі, Прусіі, Аўстрыі - у XVIII-XIX стст. удзельная вага дваранства складала каля 1 % насельніцтва, то на Беларусі ў канцы XVIII ст. шляхты было 10-12%, што тлумачыцца пастаяннымі войнамі й неабходнасьцю мець шырока прадстаўленае вайсковае саслоўе.

Менавіта гэтыя абставіны й прывялі да хуткага канфлікту шляхты з царскім урадам Расеі пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772, 1793 і 1795 гг. і гвалтоўнага, захопніцкага далучэньня Беларусі да Расеі. Хоць царскі ўрад і пашырыў на шляхту Беларусі правы дваранскага саслоўя Расейскай імпэрыі, але адначасова скасаваў шляхецкае самакіраваньне, перавёў шматлікую дробную шляхту ў дваранаў 2-га разраду, зь меншымі правамі ў дваранскіх сходах, пачаў праверку гэтага шматлікага вольналюбівага і неспакойнага (з пункту гледжаньня ўраду) саслоўя, намагаючыся выкрасьліць шмат каго з расейскага дваранскага саслоўя або адразу не дапусьціць у ягоныя шэрагі.

Шляхта была асноўным чыньнікам у паўстаньнях 1794, 1831 і 1863 гг. Усе яны былі прагрэсіўнымі, a паўстаньне 1863 г.- наогул дэмакратычным, калі шляхта патрабавала ўтварэньня Беларуска-Літоўскае рэспублікі, незалежнасьці дзяржавы, вольнасьці і роўнасьці правоў для ўсіх грамадзянаў, надзяленьня сялянаў зямлёй. На чале паўстаньня ў Польшчы, Літве й Беларусі ў 1794 г. стаяў нашчадак старадаўняга беларускага шляхецкага роду з-пад Берасьця Тадэвуш Касьцюшка, a пасьля таго як ён, цяжка паранены, трапіў у палон, - іншы прадстаўнік беларускага шляхецтва Тамаш Ваўжэцкі з-пад Браслава. У паўстаньні 1831 г. вызначыліся атрады Ю. Кошыца на Горадзеншчыне. Кіраўніком паўстаньня 1863 г. на Беларусі й Літве быў таксама шляхціц з Горадзеншчыны Вікенці, (альбо Вінцэнт Канстанты) Каліноўскі.

Царызм пасьля паўстаньня 1831 г. нанёс рашучы ўдар па шляхце. Указам Мікалая I ад 19 кастрычніка 1832 г. быў распачаты разбор шляхты, калі ад усіх дваранаў-шляхты патрабавалі ў якасьці доказаў шляхецтва толькі арыгінальныя дакуманты - граматы каралёў, вялікіх князёў ды інш. Копіі дакумантаў, нават пацьверджаныя ў судох даўняй Рэчы Паспалітай, для доказу дваранства не прымаліся. Такім чынам на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў былі выключаныя з дваранскага саслоўя сотні й тысячы. Так, у Менскай губэрні ў канцы XVIII ст. было 10 % дваранаў-шляхты, a ў канцы XIX ст. ужо толькі 3,5 %. Напрыклад, бацька Янкі Купалы трапіў у гэты разрад і лічыўся «недоказанным дворяннном», якому ўвогуле было адмоўлена хадайнічаць аб узнаўленьні дваранства. Такі ж лёс напаткаў і вайскова-служылых людзей у Слуцкім павеце - выбранцаў. Толькі некаторым сем'ям, у якіх захаваліся арыгіналы каралеўскіх граматаў, - Лабановічам, Шпакоўскім ды іншым - удалося пацьвердзіць сваё дваранства. Тыя ж, у каго арыгіналаў дакумантаў не захавалася, былі ўрэшце (пасьля судовых працэсаў у розных інстанцыях, што цягнуліся некалькі дзесяцігодзьдзяў) указам сэнату Расейскай Імпэрыі, зацьверджаным Мікалаем I, залічаныя «не принадлежащими в Крестьянство», але не залічаныя і ў дваранства, хаця ў некаторых сем'ях іншыя галіны роду былі зацьверджаны ў дваранстве. Аналягічная сытуацыя была і ў панцырных баяраў Полацкага й Віцебскага ваяводзтваў, дзе з 6168 чалавек (зь сем'ямі) пры разглядзе справы ў 1772-1807 гг. у дваранстве было прызнана толькі 22. З гістарычнага і юрыдычнага гледзішча, улічваючы традыцыі незалежнае Беларуска-Літоўскае дзяржавы на працягу соцень гадоў, усе абмежаньні й выключэньне тысячаў сем'яў з саслоўя ня маюць праўнае падставы для нашчадкаў гэтых сем'яў, бо Беларусь была далучана да Расеі гвалтоўна й царскі ўрад праводзіў такую палітыку незаконна.

Па-ранейшаму вялікую ролю адыгрывала шляхта на Беларусі ў XIX ст. у разьвіцьці яе гаспадаркі як да сялянскай рэформы 1861 г., так і пасьля яе. Спэцыялізацыя гаспадарак, наём рабочай сілы ў маёнтках, прапанова шляхты царскаму ўраду яшчэ ў першай палове XIX ст. вызваліць сялянаў, як і ў суседніх Польшчы, Прусіі, Прыбалтыцы (што, дарэчы, царскі ўрад адхіліў, - усё гэта стварала ўмовы да пераходу на рынкава-капіталістычныя рэйкі разьвіцьця. Што да дробнай шляхты, якая жыла пераважна ў шляхецкіх ваколіцах і засьценках - шляхецкіх вёсках, дык яе эканамічнае становішча ў XIX ст. набліжалася да сялянскага.

Шмат пацярпела шляхта Беларусі пасьля падаўленьня царскімі войскамі паўстаньняў 1794, 1831 і асабліва 1863 г. Цэлыя шляхецкія вёскі былі выселены ў расейскія губэрні або ў Сібір, a маёмасьць на загад генэрал-губярнатара Мураўёва-вешальніка канфіскавалася. Аднак шляхта Беларусі распачала вызваленчы рух, дваранскі (шляхецкі) пэрыяд якога прыпадае на 1794-1863 гг. Менавіта шляхта пачала барацьбу за вызваленьне Беларусі ад расейскага прыгнёту. Са шляхты пераважна выйшлі і кіраўнікі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і Адраджэньня канца XIX - пачатку XX ст. - як браты Луцкевічы, В. Іваноўскі, Аляізія Пашкевічанка-Кейрысовая, Янка Купала ды іншыя.

Пасьля буржуазных рэформаў 60-70-х гг. XIX ст. расейскае дваранства мела кіраўнічыя пазыцыі ў губэрнскіх і павятовых земствах - органах абмежаванага мясцовага самакіраваньня. Аднак царскі ўрад ня ўводзіў земстваў у беларускіх губэрнях, не давяраючы мясцоваму дваранству. I толькі ў 1911 г. у беларускіх губэрнях і паветах было ўведзена яшчэ больш абмежаванае самакіраваньне. Але было зроблена ўсё, каб ня даць перавагі ў земствах мясцоваму дваранству каталіцкага веравызнаньня. Земствы не пасьпелі разгарнуць тут шырокай дзейнасьці.

Дваранства ў Расейскай імпэрыі ў апошняе чвэрці XVIII ст. мела карпаратыўныя структуры па губэрнях і паветах. Такая ж арганізацыя была ўведзена і на Беларусі: дваранамі губэрні і адпаведна павету выбіраліся губэрскі дваранскі дэпутацкі сход і павятовы дваранскі дэпутацкі сход, падпарадкаваны губэрскаму. На чале сходаў стаялі губэрскія й павятовыя маршалкі («предводители дворянства»). I маршалкі, і дэпутаты выбіраліся на сходах на альтэрнатыўнай аснове закрытым галасаваньнем, балатыроўкай белых (за) і чорных (супраць) куляў у адмысловыя скрынкі. Дваранскія дэпутацкія зборні і вырашалі ўсе саслоўныя пытаньні, у тым ліку радаводныя. Губэрская зборня мела дачыненьні з губарнатарам, міністрам нутраных справаў і ў разе патрэбы з самім Імпэратарам, адстойваючы свае карпаратыўныя Інтарэсы. Такая структура захавалася да 1917 г.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. у Paceі пазбавіла дваранскія арганізацыі ў губэрнях і паветах палітычнага ўплыву. У заходняй частцы Беларусі, акупаванай у верасьні - кастрычніку 1915 г. нямецкім войскам, яны таксама ня дзейнічалі. Пасьля паразы змовы генэрала Л. Г. Карнілава і абвешчаньня 1 верасьня 1917 г. Расеі дэмакратычнай рэспублікай наступілі зьмены і ў становішчы дваранскіх арганізацыяў. Міністэрства нутраных справаў Расеі цыркулярам ад 5 верасьня 1917 г. паведаміла пра хуткае скасаваньне дваранскага саслоўя і зьліквідаваньне дваранскіх установаў (праўда, гэтага зрабіць не пасьпела). У кастрычніку 1917 г. у Менскай губэрні быў створаны «Зьвяз асобаў, запісаных у радаводныя кнігі Менскай губэрні» са старшынёй Георгіем Эмэрыкавічам Чапскім, уладальнікам Станькава (каля Койданава). Сход маршалкаў і дэпутатаў дваранства Менскай губэрні 16 кастрычніка 1917 г. перадаў гэтаму зьвязу ўсю маёмасьць, капіталы, архіў і радаводныя кнігі, a таксама будынак Менскага губэрскага дваранскага сходу і дваранскі клюб. Даходы ад маёмасьці й капіталаў мелі йсьці на культурна-асьветніцкую й дабрачынную дзейнасьць дзеля запісаных у радаводныя кнігі. 11 (24) лістапада 1917 г., пасьля кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе і ўстанаўленьня савецкае ўлады, ЦВК і Савет народных камісараў дэкрэтам скасавалі дваранскае саслоўе і ягоныя карпаратыўныя арганізацыі ў губэрнях і паветах. У Менску, напрыклад, за 100 дзён (да пачатку нямецкай акупацыі ў лютым 1918 г.) мясцовыя органы савецкае ўлады на чале з бальшавікамі спынілі дзейнасьць дваранскіх арганізацыяў. Але толькі фармальна, бо на большае ў іх пакуль што не хапіла часу: арганізацыі не былі зьліквідаваныя, маёмасьць не канфіскавалі.

Таму 16 красавіка 1918 г. дзейнасьць дваранскіх установаў у Менскай губэрні была ўзноўлена на сходзе маршалкаў і дэпутатаў дваранства губэрні на чале з выканаўцам чыннасьці маршалка менскага дваранства барысаўскім павятовым маршалкам дваранства М. Н. Бурнашавым. Галоўнакамандуючы X нямецкай арміі генэрал ад інфантэрыі фон Фалькенган 14 ліпеня 1918 г. дазволіў узнавіць дзейнасьць дваранскага сходу ў Менскай губэрні, але толькі ў справах, непасрэдна датычных дваранства. Ніякаю палітычнаю дзейнасьцю дваранскаму сходу займацца не было дазволена. 29 верасьня 1918 г. на паседжаньні Менскага губэрскага дваранскага сходу, на якім прысутнічала 117 чалавек, былі выбраныя новыя кіраўнічыя асобы. Губэрскім маршалкам дваранства з 3-х кандыдатаў быў абраны граф Г. Чапскі. Ягонымі канкурэнтамі былі Эдуард Адамавіч Вайніловіч (што пабудаваў Чырвоны касьцёл у Менску) і Леў Львовіч Ваньковіч. Дзейнасьць дваранскай арганізацыі была зноў спынена ў сьнежні 1918 г., пасьля адыходу германскай арміі зь Беларусі, прыходу чырвоных і ўзнаўленьня савецкае ўлады. Але пасьля заняцьця ў жніўні 1919 г. большае часткі тэрыторыі Беларусі польскім войскам дваранскія ўстановы Менскай губэрні на чале з графам Г. Чапскім зноў дзейнічалі. Менскі губэрскі дваранскі сход быў фармальна самараспушчаны пасьля падпісаньня Рыскае мірнае дамовы ў сакавіку 1921 г. у Польшчы. Тады пасьля заканчэньня расейска-польскае вайны 1919-1920 гг. здолела пераехаць увосень 1920 г. частка сяброў сходу. Прычынамі самароспуску былі немагчымасьць і немэтазгоднасьць далейшай дзейнасьці шляхецкіх установаў.

Падчас рэвалюцыі й грамадзянскае вайны беларускае дваранства - шляхта панесла вялікія страты ад тэрору бальшавікоў. Гэтыя страты ўзмацніліся ў першыя дзесяцігодзьдзі савецкае ўлады, a для заходняй часткі Беларусі ў 1939-1941 гг. і пасьля вайны. Фактычна можна гаварыць пра генацыд дваранскага саслоўя і страту генафонду аднаго з саслоўяў беларускага народу. Тыя з дваранаў-памешчыкаў, хто не пасьпеў падчас грамадзянскае вайны пераехаць у Польшчу, былі зьліквідаваныя, a ў наступныя гады такі ж лёс падзялілі іншыя шматлікія дваране. Аднак з-за таго, што на Беларусі была й маса бедных дваранаў-шляхты, якія мала розьніліся побытам ад сялянаў ці гараджанаў, то шмат людзей і выжыла, працуючы, як усе. У Заходняй Беларусі яны займаліся гаспадарчай і культурнай дзейнасьцю. Шляхта падзяліла лёс народу і ў час другой сусьветнай вайны. I таму яе гісторыя ў гэтыя 70 гадоў неаддзельная ад гісторыі ўсяго беларускага народу.

Нарэшце, пасьля доўгага - сямідзесяцігадовага - перапынку, арганізацыя й органы самакіраваньня беларускае шляхты ўзнаўляюць дзейнасьць. Арганізацыйная Рада Згуртаваньня Беларускае Шляхты склікала Ўстаноўчы Сойм аб'яднаньня. Аднаўленьне арганізацыі беларускае шляхты павінна адыграць значную ролю ў адраджэньні Беларусі й нашых патрыятычных традыцыяў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX