Вярнуцца: Артыкулы

Грыцкевіч Анатоль. Маргінальныя тэрыторыі Беларусі


Аўтар: Грыцкевіч Анатоль,
Дадана: 03-06-2014,
Крыніца: Грыцкевіч Анатоль. Маргінальныя тэрыторыі Беларусі. Невель i Себеж у XVII-XVIII стст. // Спадчына №1-1995. С. 66-69.



Невель i Себеж зь іхнымі валасьцямі - цяпер самыя паўднёвыя гарады Пскоўекай вобласьці - у XVI- XVIII стст. былі маргінальнымі тэрыторыямі Беларусі, якія часова адыходзілі ў той пэрыяд да Расеі, а потым вярталіся назад, у склад Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Канчаткова яны ўвайшлі ў склад Расеі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, але захоўвалі сваю спэцыфіку да пачатку XX ст., уваходзячы ў склад Віцебскай губэрні,

Пры зьмене дзяржаўнай прыналежнасьці гэтых гарадоў i валасьцей склад тутэйшага насельніцтва зьмяняўся мала, з выняткам толькі адміністрацыйнай верхавіны i гарнізонаў. Асноўная маса насельніцтва даўняга крывіцкага паходжаньня, бясспрэчна, адчувала наступствы пераходу ў склад іншай дзяржавы зь іншымі дзяржаўным ладам i парадкамі. Але пры такім пераходзе не мянялася ягонае стаўленьне да сваіх суседзяў, таксама нашчадкаў крывічоў, якія размаўлялі на тых жа самых або вельмі блізкіх дыялектах. Перапісы насельніцтва гарадоў i вёсак XVII-XVIII стст. сьведчаць, што тут пражывалі беларусы (параўн. прозьвішчы Дубчонак, Касьпераў, Шашыла, Суднік, Дышлевіч) [1].

Невель з воласьцю адышоў да Маскоўскага вялікага княства ў 1503 г. паводле ўмоваў замірэньня пасьля вайны 1500-1503 гг. У 1535 г., падчас чарговай вайны Расейскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім i Рускім (Беларуска-Літоўскаю дзяржаваю), расейскі ваявода Бутурлін заваяваў раён Себежа i пабудаваў тут фартэцыю [2]. Паводле ўмоваў замірэньня 1537 г., Себеж застаўся ў Масквы. Толькi ў 1618 г., паводле Дзявулінскага замірэньня, Невель i Себеж былі вернутыя Вялікаму Княству Літоўскаму. Падчас Смаленскай вайны 1632-1634 гг. Невель i Себеж занялі расейскія войскі. Але гарады вярнулі назад паводле Палянаўскага міру 1634 г. Ix тады ўключылі ў склад Смаленскага ваяводзтва. 22 ліпеня 1634 г. маскоўскія ўлады перадалі Невель каралеўскім камісарам Рэчы Паспалітай. У акце двух «енералаў» (судовых прыставаў) паветаў Полацкага i Враслаўскага Я. Пнеўскага i М. Паўловіча значылася, што яны склалі перапіс будынкаў i гарматаў у Невельскім замку, а «той замак Невельскі пусты, i мястэчка пры нем пасаду барза малага». Невель i Себеж ды іхныя акругі, згодна з каралеўскім прывілеем ад 3 чэрвеня 1633 г., навечна перадаваліся гетману князю Крыштапу Радзівілу i ягоным нашчадкам [3]. Пасьля працяглай вайны паміж Расейскай дзяржавай i Рэччу Паспалітай, якая адбывалася ў 1654-1667 гг., раёны Неўля i Себежа былі страчаныя. Беларуска-Літоўскай дзяржавай паводле Андрусаўскага замірэньня 1667 г. [4], але ў 1678 г. зноў вернутыя Расеяй разам зь Вяліскім паветам i 200 тысячамі рублёў маскоўскіх за адмову Польшчы ад Кіева (гэта было канчаткова замацавана вечным мірам 1686 г., ратыфікаваным толькі ў 1710 годзе). Ад гэтага часу i да першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. гарады з акругамі знаходзіліся: Себеж - у складзе Полацкага ваяводзтва, а Невель - Віцебскага.

Пасьля вяртаньня Неўля i Себежа ў склад Вялікага Княства Літоўскага i Рускага яны - паводле прывілею караля Яна III Сабескага ад 27 верасьня 1676 г. - былі перададзеныя ўнучцы Януша Радзівіла Людвіцы Караліне (дачцэ князя Багуслава Радзівіла, які быў зяцем i стрыечным братам гетмана Януша Радзівіла). У другім шлюбе Людвіка Караліна, спадчыньніца гэтай галіны роду Радзівілаў, была за пфальцграфам рэйнскім i герцагам Нойбурскім Карлам Філіпам (потым ён стаўся курфюрстам Пфальца). Нашчадкі іхныя - прынцэсы Нойбурскія - валодалі вялікімі лятыфундыямі на Беларусі i Літве («Нойбурскія маёнткі»), якія ўяўлялі сабой напаўсамастойнае фэадальнае ўтварэньне з цэнтрам у Слуцку, са сваім кіраваньнем, адміністрацыяй, скарбамі i войскам [5]. Невельскае i Себескае ўладаньні называліся ў XVIII ст. грабствамі (графствамі) са сваімі губэрнатарамі (інакш - старастамі), якіх прызначалі ўладальнікі гэтых тэрыторыяў, i невялікім адміністрацыйным апаратам. Сама тэрыторыя кожнага ўладаньня падзялялася на дзясяткі (пазьней яны называліся таксама вайтоўствамі). У кожным дзясятку была розная колькасьць вёсак - да 20 i болей. Але спачатку хіба дзясятак складаўся з 10 вёсак [6].

У 1744 г. прадстаўнік іншай лініі роду князёў Радзівілаў, Геранім Флярыян, выкупіў у нашчадкаў нойбурскай прынцэсы ўсе «Нойбурскія маёнткі» на Беларусі i Літве, i яны былі вернутыя ва ўласнасьць асноўнай, нясьвіскай лініі роду Радзівілаў.

Пасьля далучэньня паўночнай i ўсходняй частак Беларусі да Расейскай імпэрыі паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай Невель i Себеж разам з падпарадкаванымі 1230 вёскамі былі сэквэстраваныя i з валоданьняў віленскага ваяводы Караля Станіслава Радзівіла (Пане Каханку), цяпер ужо іншаземца для гэтых земляў, былі пераўтвораныя ў дзяржаўную ўласнасьць. Тэрыторыя спачатку ўвайшла ў склад Пскоўскай губэрні, а Невель i Себеж сталіся павятовымі гарадамі. Паводле зьвестак пачатку 1774 г., у Неўлі налічвалася 1013 чалавек, у Себежы - 337, а ў 1230 вёсках - 14478 чалавек (мужчынскага полу) [7].

Саслоўны склад насельніцтва Невельскага i Себескага грабстваў не адрозьніваўся ад структуры насельніцтва іншых тэрыторыяў Вялікага Княства Літоўскага i Рускага. Асноўную частку жыхароў складалі сяляне, якія выконвалі павіннасьці, зафіксаваныя ў інвэнтарох (перапісах маёнткаў). Якіхнебудзь істотных адрозьненьняў ад сялянства іншых раёнаў Беларусі яны ня мелі.

Жыхары гарадоў Неўля i Себежа належалі да мяшчанскага стану. Колькасьць насельніцтва гарадоў у асобныя пэрыяды была розная, але Себеж заўсёды саступаў Неўлю ў колькасьці мяшчанаў. У 1679 г. у Неўлі налічвалася 314 дымаў (дамоў, на якія накладаўся спэцыяльны «дымовы» падатак), у 1733 г.- 233 дымы, у 1746 г.- 250 дымаў. Невель пацярпеў у гады Паўночнай вайны, з-за гэтага зьменшылася колькасьць насельніцтва. Себеж у 1688 г. налічваў толькі 87 дымаў [8].

Да горада Неўля прылягалі прадмесьці зь мяшчанскім насельніцтвам. Асноўным заняткам яго была сельская гаспадарка. Гэта былі (у 40-х гадох XVIII ст.) прадмесьці, якія знаходзіліся за гарадзкімі сьценамі i мелі арыгінальныя назвы - «за Спаскай», «за Луцкай», «за Ягораўскай брамай» (меліся на ўвазе брамы ў гарадзкіх умацаваньнях) [9]. Да Неўля прылягала таксама слабада Сукіна (якая ў першай палове XVII ст. была яшчэ вёскай). Насельніцтва яе мела пэўныя льготы [10].

Адрозна ад іншых гарадоў Беларусі, у памежных Неўлі i Себежы гэбраяў у XVII ст., натуральна, не было. Гэбраі пасяліліся ў Неўлі толькі тады, калі войны паміж Расеяй i Рэччу Паспалітай спыніліся, i таму ім не пагражала высяленьне або зьнішчэньне. Але i ў канцы XVIII ст. гэбраі складалі невялікую частку жыхароў. Так, у Неўлі ў 1780 г. было купцоў-хрысьціянаў 23 чалавекі, мяшчанаў-хрысьціянаў - 815, гэбраяў - 123 (мужчынскага полу). У Себежы ў 1780 г. было 6 купцоў-хрысьціянаў i 356 мяшчанаў-хрысьціянаў (мужчынскага полу). Гэбраяў у Себежы тады не было зусім [11].

23 сакавіка 1623 г. Себеж атрымаў самакіраваньне паводле магдэбурскага права, якое надаў кароль i вялікі князь Жыгімонт Ваза. На наступны дзень кароль падпісаў такі самы прывілей (грамату) i для горада Неўля. Такім чынам, у Беларуска-Літоўскай дзяржаве мяшчане гэтых гарадоў, якія сталіся прыватнаўладальніцкімі, карысталіся да апошняй чвэрці XVIII ст. самакіраваньнем i былі выведзеныя з падпарадкаваньня й падсуднасьці ўладальніцкай адміністрацыі. Магістрат працягваў дзейнічаць i ў пэрыяды войнаў. Натуральна, падчас перабываньня гэтых гарадоў у складзе Расеі права самакіраваньня не выконвалася.

Цяпер непасрэдна ў горадзе прадстаўніком уладальніка гораду ў магістраце быў войт, якога прызначаў уладальнік. У складзе магістратаў Себежа i Неўля былі прадстаўленыя напалам рымскія католікі i грэка-католікі, якія выбіралі трох бурмістраў для правядзеньня сэсіяў магістратаў.

Значнаю групаю насельніцтва ў Себескім i Невельскім валоданьнях былі вайскова-служылыя людзі, якія ахоўвалі мяжу Беларуска-Літоўскае дзяржавы. Яшчэ 17 лютага 1625 г. вялікі князь літоўскі i рускі (ён жа кароль польскі) Жыгімонт Ваза перадаў з фонду замкавых ворных земляў Невельскага замку 300 валок зямлі (1 валока = 21,37 га) "на 50 коней рыцарскай казацкай службы, па 6 валок на аднаго каня" ў спадчыннае валоданьне. Так была створаная памежная ахова, а таксама i гарнізон Невельскай цьвердзі. Расьсяленьню на гэтых валоках падлягала дробная шляхта, якая i павінна была несьці конную казацкую службу (г. зн. зь лёгкай зброяй) па адным коньніку з надзелу ў 16 валок (128 гектараў) зямлі. Можна было атрымаць i другі надзел: тады на службу выстаўляліся два коньнікі. Для будаўніцтва дому, гаспадарчых будынкаў, фальварку паном-казаком давалі 6 гадоў, вольных ад службы. Пасьля гэтых ільготных гадоў уводзілася рыцарская казацкая служба (па чарзе) у замку i «для патрэбаў замку». Невельскія казакі былі арганізаваныя на ўзор смаленскіх казакоў (якія потым, у сярэдзіне XVII ст., былі ўключаны ў склад расейскага дваранства), у казацкую харугву (эскадрон) на чале ca сваім капітанам. Рыцары-казакі (у сьпісах яны названыя «панамі») падлягалі суду паводле артыкулаў Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., як i астатняя шляхта. У пэрыяд аблогі замку i гораду яны атрымоўвалі заплату па 8 залатых на каня за кожны квартал году. Іншых павіннасьцяў, апрача вайсковай, яны не павінны былі выконваць.

8 красавіка 1625 г. кароль Жыгімонт III выдау яшчэ адзін прывілей (грамату) аб перадачы зь зямельнага фонду Себескай акругі 120 валок зямлі «на 30 коней рыцарскай казацкай службы», па 4 валокі (85,5 га) на аднаго каня. З 30 паноў-казакоў была створаная асобная харугва з ротмістрам на чале. Функцыі себескіх паноў-казакоў былі аналягічныя функцыям невельскіх. Як i невельскія казакі, себескія кожную чвэрць году павінны былі станавіцца «на попіс», г. зн. перапіс ix самых, коней, становішча вайсковай формы й зброі, якія яны куплялі за ўласны кошт, з даходаў сваёй гаспадаркі.

Казакі Неўля i Себежа валодалі зямлёй на «ленным праве», з правам перадачы зямлі дзецям i нашчадкам, продажу зямлі i яе падараваньня (з дазволу караля або яго прадстауніка ў замку). Але перадаць зямлю ці прадаць яе можна было толькі шляхцічу, здольнаму да вайсковай службы.

Разам зь перадачай Невельскага i Себескага грабстваў у 1678 г. спадчыньніцы роду Радзівілаў рыцары-казакі аўтаматычна станавіліся вайскова-служылымі людзьмі гэтай князёўны - Людвікі Караліны Радзівілянкі.

у XVIII ст. казакі ўваходзілі ў склад прыватных войскаў князёў Радзівілаў. Так, у 1746 г. у Невельскай коннай зямянскай (шляхоцкай) харугве (эскадроне) быў 1 паручнік, 1 харужы, 1 бубяністы (барабаншчык) i 50 казакоў, а ў 1748 г. яны разам зь себескімі казакамі складалі адну харугву: 1 паручнік, 1 харужы, 10 капралаў, 1 бубяністы, 90 шарагоўцаў, разам 103 чалавекі. У перапісах (інвэнтарох) валоданьняў яны па-ранейшаму маюць перад імем i прозьвішчам тытул «пан» (напрыклад, пан Аляксандар Лявіцкі, пан Самуэль Міхалоўскі, пан Ян Заблоцкі, пан Юры Вайткевіч). Некаторыя з гэтых паноў ужо ня мелі па 6 валок зямлі, а толькі па з валокі ці нават паўтары. Адпаведна іхныя павіннасьці зьмяншаліся ў два або ў чатыры разы. Але сама павіннасьць заставалася ранейшая: служба ў замку або на мяжы. Зьвестак аб уласных сялянах у гэтых казакоў няма. Зямлю апрацоўвалі яны самі ды іхныя сем'і.

Акрамя гэтых казакоў, памежную службу выконвалі на себескай мяжы «панцырныя баяры» (або казакі), але бяз тытулу «пан». Адрозна ад сялянаў, якія валодалі зямлёю цэлай сельскай грамадой, панцырныя баяры валодалі зямлёю індывідуальна. Гэта былі рэшткі катэгорыі вайскова-служылых людзей, пераходнай ад шляхты да вольных сялянаў i наадварот. Паводле загаду Кацярыны II большую частку себескіх панцырных баяраў выслалі на Алтай i ў раён Усьць-Каменагорска, дзе іхныя нашчадкі хутка былі асыміляваныя расейскім насельніцтвам.

Пры Невельскім замку знаходзілася невялікая група «лістовых казакаў», якія мелі па 1, 2 ці 3 валокі зямлі. Іхнаю асноўнаю павіннасьцяй была перавозка пошты зь Неўля ў Слуцак (цэнтар уладаньняў Радзівілаў слуцкай лініі), у Вільню або ў іншае месца за 70 міляў - 3 разы ў год (ці на меншую адлегласьць), Акрамя таго, за кожную валоку зямлі яны плацілі чынш па 10 залатых у год у скарб уладальніка Неўля (магнацкі скарб).

Такім чынам, гэтая маргінальная тэрыторыя Беларусі саслоўным складам насельніцтва мала розьнілася ад іншых тэрыторыяў дзяржавы.

Своеасаблівасьць Невельскай i Себескай акруг захоўвалася доўга. Яшчэ ў канцы XIX ст. Невель i Себеж, якія ўваходзілі тады ў склад Віцебскай губэрні, захоўвалі старое аблічча беларускіх гарадоў. У Неўлі былі ў 1886 г. 153 каталікі на 7263 жыхароў (у тым ліку 3530 гэбраяў), а ў Себежы - 393 каталікі на 4051 жыхара (у тым ліку 2436 гэбраяў). У абодвух гарадох былі ня толькі праваслаўныя цэрквы, але i касьцёлы. Касьцёлы былі i ў сельскай мясцовасьці. Захаваліся i кірмашы ў гандлёвыя дні, вызначаныя яшчэ ўладамі Рэчы Паспалітай у XVII стагодзьдзі.

Гэтая адметнасьць i склад насельніцтва гарадоў былі зьнівэляваныя пасьля рэвалюцыі. Але былая прыналежнасьць Невельскага i Себескага раёнаў Беларусі была прадметам дыскусіі падчас узбуйненьня тэрыторыі Беларускай ССР у 1924 годзе, калі ў пачатковым праекце перадачы БССР шэрагу раёнаў зь пераважна беларускім насельніцтвам былі названыя i гэтыя маргінальныя тэрыторыі. У апошнім варыянце праекту i ў адпаведнай пастанове ЦБК СССР яны ўжо не фігуравалі.



[1] Беларускі дзяржаўны гістарычны архіў (далей БДГА), ф. 694» воп. 2, спр. 5938, аа. 4-12.

[2] Соловьев С. М. История России с древнейших времен. М., 1960, Кн. 3, с. 407.

[3] Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłowskie (далей - AGAD, AR), dział XXIII, teka 14, № 5.

[4] Полное собрание законов Российской империи. СПб., 1830. Том I, № 398.

[5] Грицкевич А. П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI-XVIII вв. (Социально-экономическое исследование истории городов). Минск, 1975. С. 163, 166.

[6] AGAD, AR. dzial XXV, № 2104. S. 255-336.

[7] Жукович П. Н. Сословный состав населения Западной России в царствование Екатерины II // Журнал Министерства Народного Просвещения. Петроград, 1915, № 1. С. 81.

[8] БДГА, ф. 694, воп. 2, спр. 5938, аа. 5-12; спр. 5939, аа. 23, 482-483; AGAD, AR, dział XXV, № 2104. S. 221 - 234.

[9] Грицкевич А. П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI-XVIII вв. Минск, 1975. С. 49.

[10] БДГА. ф. 694, воп. 2, спр. 5938, аа. 41-42.

[11] Жукович П. Н. Сословный состав населения Западной России в царствование Екатерины II // Журнал Министерства Народного Просвещения. Петроград. 1915, № 2. С. 299-301.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX