Папярэдняя старонка: Артыкулы

Мітрафан Доўнар-Запольскі 


Аўтар: Іофэ Эмануіл,
Дадана: 16-11-2017,
Крыніца: Іофэ Эмануіл. Мітрафан Доўнар-Запольскі - дасьледнік сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця фэадальнае Беларусі // Спадчына 1997. №4. С. 48-64.



Пераважная бальшыня працаў Мітрафана Доўнар-Запольскага прысьвечаная сацыяльнаму i эканамічнаму разьвіцьцю Вялікага Княства Літоўскага ў XV-XVIII стст., а таксама сацыяльна-эканамічнаму разьвіцьцю беларускіх земляў у складзе Расейскай імпэрыі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст. Прадметам разгляду ў працах Доўнар-Запольскага стала сялянская грамада, характарыстыка фэадалаў i фээдальнаи гаспадаркі, катэгорыі i становішча сялянаў, сацыяльна-эканамічная структура Вялікага Княства Літоўскага, стан рамяства i гандлю ў гарадах Беларусі, аграрная рэформа 1557 г.

Усё гэта дае падставу заключыць, што яго варта лічыць ня толькі гісторыкам, але i ўнівэрсальным вучоным, які вывучаў ключавыя, прынцыповыя пытаньні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі фэадальнай эпохі.

Пры напісаньні артыкулу аўтар выкарыстаў ня толькі апублікаваныя тэксты М.Доўнар-Запольскага, але i яго ненадрукаваныя рукапісы, неапублікаваныя працы іншых аўтараў, дзе аналізуюцца дасьледаваньні Доўнар-Запольскага.

Адрозна ад Ф.Леантовіча, У.Антановіча, М.Уладзімірскага-Буданава i іншых гісторыкаў - сваіх папярэднікаў, М.Доўнар-Запольскі першым паставіў у цэнтар вывучэньня гісторыі Вялікага Княства Літоўскага дасьледаваньне ня праўнай, а сацьіяльна-эканамічнай гісторыі дзяржавы.

Аўтарытэту Доўнар-Запольскага як дасьледніка спрыяла выдатнае веданьне ім першакрыніцаў, значна шырэйшая крыніцазнаўчая база ягоных навуковых працаў у параўнаньні з папярэднікамі.

Яшчэ асьпірантам Доўнар-Запольскі падрыхтаваў да друку тры тамы крыніцаў з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Матэрыялы, пададзеныя ў "Документах", адносяцца да пары з 30-х гг. XV ст. да 1569 г. Усе яны былі надрукаваныя ўпершыню. З усіх інвэнтароў, зьмешчаных у зборніку, як памерам, гэтак i багацьцем зьместу вылучаецца "Апісаньне Берасьцейскага староства, складзенае ў 1566 г." г. зн., пасьля валочнае памеры.

Асноўнымі крыніцамі для Доўнар-Запольскага пры дасьледаваньні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі ў эпоху фэадалізму былі "Літоўская Мэтрыка", "Кніга данін Вялікага князя Казімера", "Пісцовая кніга Пінскага староства", "Акты Літоўска-Рускай дзяржавы", "Акты Віленскай Архіўнай Камісіі", "Археаграфічны зборнік дакумэнтаў", "Беларускі архіў старажытных граматаў", "Дакумэнты Маскоўскага архіву Міністэрства юстыцыі" ды іншыя неапублікаваныя i апублікаваныя дакумэнты.

Акрамя масавых крыніцаў, якія выкарыстоўвалі ягоныя папярэднікі i сучасьнікі Ф.Леантовіч, М.Уладзімірскі-Буданаў, У.Антановіч, М.Любаўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі імкнуўся знаходзіць гістарычныя крыніцы, не вядомыя іншым,- хоць i невялікія, але, як кажуць, "індывідуальныя". Прыклад -"Рэвізія пушчаў i пераходаў зьвярыных".

Манаграфія "Дзяржаўная гаспадарка Вялікага Княства

Літоўскага пры Ягелонах" ня толькі аналізуе станаўленьне дзяржаўнай гаспадаркі Княства, а i вызначае кірунак разьвіцьця эканамічнага й палітычнага жыцьця Беларусі ад удзельнага пэрыяду да новых формаў.

Прасочваючы эвалюцыю эканомікі дзяржавы на працягу XVI ст., Доўнар-Запольскі паказвае пераход ад прамысловай гаспадаркі да земляробства i ад натуральнай - да грашовай. Праўда, вучоны не аргумэнтуе выснову.

Артыкул М.Доўнар-Запольскага "Сацыяльна-эканамічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI- XVIII сталецьцях" упершыню ставіць пытаньне сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі пэрыяду позьняга фэадалізму. Вучоны шырока асьвятляе аграрныя дачыненьні, ён, на наш пагляд, слушна падкрэсьлівае распад старых формаў часоў грамадовага ладу i станаўленьне фэадальнай эканомікі, узмацненьне фэадальнай эксплюатацыі, паказвае ролю рынкавых сувязяў у эвалюцыі сялянскай гаспадаркі, агульную дынаміку эканамічнага разьвіцьця Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVIII стст.- уздым, заняпад, новы ўздым усяго гаспадарчага жыцьця. Цікава, што вучоны зрабіў спробу вызначыць агульны кірунак эканамічнага разьвіцьця Беларусі ў XVI-XVIII стст. Дарэчы, тады, у 1927 г., Доўнар-Запольскі пачаў сьцьвярджаць, што далучэньне беларускіх земляў да Расеі "абяцала лепшыя ўмовы для гаспадарчага жыцыдя краіны".

Асаблівае месца ў гісторыі аграрных дачыненьняў у Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XVI ст. займае аграрная рэформа 1557 г., вядомая таксама пад назовам валочнай памеры. Навуковае дасьледаваньне праблемы неабходнае для разуменьня ўсяго працэсу разьвіцьця гаспадаркі, становішча паноўнае клясы Вялікага Княства, эканомікі фэадальнага двара i ролі таварна-грашовых дачыненьняў у Беларусі i Літве ў XVI-XVII стст.

Гэтай важнай тэме прысьвяцілі свае працы вядомыя расейскія, украінскія i польскія гісторыкі М.Уладзімірскі-Буданаў, Ф.Леантовіч, І.Навіцкі. Але, нягледзячы на асобныя трапныя думкі, дасьледаваньні папярэднікаў Доўнар-Запольскага мелі галоўным чынам апісальны характар. Хоць пры вывучэньні аграрнай рэформы Жыгімонта Аўгуста гэтыя дасьледнікі прыцягнулі новыя цікавыя матэрыялы, але так i не змаглі выявіць прычыны, сацыяльна-эканамічную сутнасьць i значэньне аграрнай рэформы 1557 г.

Арыгінальную спробу раскрыць гэтыя прынцыповыя пытаньні зрабіў М.Доўнар-Запольскі.

М.Доўнар-Запольскі з жонкай Надзеяй Зайфэрт. Пачатак 30-х гг.

Вучоны падрабязна расказвае, як i дзе праводзілася ў Княстве вымярэньне на валокі, хто яго праводзіў, які пазямельны лад i якую сыстэму абкладаньня ўводзіла рэформа, якія вынікі мела для сялянскай гаспадаркі i фэадальнага землеўладаньня.

Раскрываючы зьмест аграрнай рэформы 1557 г., Доўнар-Запольскі адзначаў: "...Яна працягвалася ў многіх староствах каля 15 гадоў i палягала на дакладным абмежаваньні гаспадарскіх земляў, разьмеркаваньні валочных надзелаў сярод сялянаў, арганізаваньні новых сёлаў i фальваркаў, рэгістрацыі гаспадарчага інвэнтару замкаў i двароў, усталяваньні новай адміністрацыі i г. д. Выдатнай асаблівасьцю было тое, што рэформа імкнулася шырока разьвіць самыя разнастайныя галіны сельскай гаспадаркі... з кожнай дзяржавы валочная ўстава імкнулася стварыць такую гаспадарку, у якой бы ніводная пядзя зямлі не заставалася бездаходнай, у якой праца работніка не прападала б дарэмна".

Аналізуючы вынікі аграрнай рэформы 1557 г. для Ўсходняй Беларусі, вучоны падкрэсьлівае вылучэньне гораду з воласьці ў самастойную падатковую i адміністрацыйную адзінку. Ён заўважае: "Гарады атрымалі асобныя ўставы ў 1561 г. Такіх уставаў дайшло да нас некалькі (Воршы, Бабруйску, Рэчыцы, Магілёву); усе яны даволі аднастайна складзеныя, за выняткам Магілёўскай, бо гэты горад атрымаў крыху большыя прывілеі, i павіннасьці яго былі больш складаныя, чым у іншых гарадох..."

На думку Доўнар-Запольскага, сацыяльна-эканамічная сутнасьць аграрнай рэформы 1557 г. складалася ў тым, што, ліквідаваўшы старадаўні лад, стварыўшы скрупулёзную апеку над сялянствам, рэформа падышла да яго запрыгоненьня.

Цэнтральнае месца ў гістарычных дасьледаваньнях вучонага з канца XIX ст. займала вывучэньне гісторыі беларускага сялянства.

Буйнейшы спэцыяліст у гэтай праблеме Уладзімер Пічэта ацаніў працы М.Доўнар-Запольскага як значны ўклад у вывучэньне аграрнай рэформы 1557 г. На яго думку, Мітрафан Доўнар-Запольскі даў першае грунтоўнае вытлумачэньне рэформы, разгледзеў яе ў сувязі з эканамічным разьвіцьцём Вялікага Княства.

У параўнаньні з папярэднікамі, вучоны дае падрабязную характарыстыку сялянскіх павіннасьцяў на працягу XVI- XVIII стст. У кнізе "Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах" Доўнар-Запольскі акцэнтуе ўвагу на такой павіннасьці, як стацыя на гаспадара, куды ён уключае ялаўшчыну, балкуноўшчыну, мезьляву.

Заўважаючы, што валочная ўстава канчаткова вызначыла памеры стацыі i перавяла яе на грошы, вучоны адзначае: на працягу дасьледаванага пэрыяду стацыя застаецца павіннасьцю ня толькі гаспадарскіх падданых, але i наагул усіх падданых вялікага князя.

На падставе аналізу шырокага кола крыніцаў, М.Доўнар-Запольскі прыходзіць да наступнай высновы: "У павіннасных дачыненьнях усё насельніцтва гаспадарскіх воласьцяў i двароў можна падзяліць на наступныя агульныя групы: на даньнікаў, людзей дзякальных i цяглых i на розныя дваровыя, палацавыя i гаспадарчыя службы, на слуг i баяраў путных i, нарэшце, на чэлядзь. Кожная з гэтых катэгорыяў мае сваю спэцыяльную "службу".

Цяглая служба складалася з прыгону i талокаў. Доўнар-Запольскі падкрэсьлівае, што характэрнай рысай цягла быў толькі прыгон, бо на талокі выходзілі i іншыя службы. Асноўныя віды сялянскіх падаткаў i павіннасьцяў складалі дані, дзякла i цягла.

Вучоны спрабуе прасачыць эвалюцыю сацыяльна-эканамічнага становішча беларускага сялянства. У кнізе "Гісторыя Беларусі" ёсьць радкі: "Як ішло зь цягам часу пагаршэньне становішча сялянаў, можна меркаваць паводле інвэнтароў i гаспадарскіх уставаў. Зразумела, гэтыя зьвесткі будуць насіць урыўкавы характар. Так, паводле павалочнай уставы селянін працаваў 108 дзён у год i звыш таго даваў чынш, збожжавую даніну i інш. Калі перакласьці ўсе яго даніны i працу на грошы, то ён павінен быў плаціць 160 грошаў, што раўнялася працы 160 дзён... Чатыры дні паншчыны - зьява распаўсюджаная, але сустракаюцца i па шэсьць дзён паншчыны з надзелу. Акрамя паншчыны, існавалі яшчэ дадатковыя рабочыя дні: г. зв. гвалты, згоны, калі ўсе мусілі зьяўляцца на працу. Такіх дзён бывала ад 30 да 36 у год. Сяляне павінны былі адбываць цяжкую павіннасьць падарожчыны, гэта значыць пастаўкі падводаў для перавозкі хлеба на некалькі дзясяткаў міляў. Хлебны i натуральны чынш браліся не з валокі, а з дыму, што было значна цяжэй. Адны чыншы Ў XVIII ст. у перакладзе на грошы складалі часам да 360 рабочых дзён".

У працах Доўнар-Запольскага дасьледуюцца памер зямельнага надзелу сялянаў, сялянская гаспадарка XVI- XVIII стст., колькасны склад сялянскага двара.

У палове XVI ст. у гаспадарскіх маёнтках на адну сялянскую гаспадарку ў Берасьцейскім старостве прыходзілася ў сярэднім больш за валоку зямлі. Доўнар-Запольскі лічыць, што гэты стасунак у XVII i XVIII стст. хутка мяняецца. Як агульнае правіла, у XVIII ст. амаль не сустракаюцца зямельныя надзелы ў адну валоку на гаспадарку. Гэта тлумачыцца тым, што пераважаюць надзелы на паўвалокі, трэць валокі, чвэрць валокі на адну сялянскую гаспадарку.

Аналізуючы сялянскую гаспадарку XVII ст., Доўнар-Запольскі адзначае: "...Сялянскія надзелы апусьціліся ніжэй за паўвалокі (каля гаспадарак). Боьш як палова сялянаў ня маюць ужо рабочай жывёлы, толькі мізэрная частка мае па 2 коней або больш за 2 валоў. Пераважаюць або вол, або конь на гаспадарку".

На падставе вывучэньня шматлікіх крыніцаў, вучоны прыходзіць да высновы, што ў зьмяншэньні надзелаў ворнай зямлі, у павелічэньні бясконных i бескароўных двароў, у зьяўленьні даволі шматлікай клясы сельскіх парабкаў праявілася зьбядненьне сялянства ў другой палове XVIII ст.

Паглыблена вывучаючы эвалюцыю сацыяльна-зканамічнага становішча сялянства, Доўнар-Запольскі строга ставіцца да сваіх мінулых высноваў i нават пераправярае ix. Ён адзначае: "Наша выснова аб тым, што селянін спажываў увесь зроблены ім хлеб i запасаў ня меў, знаходзіць сваё пацьверджаньне ў частых галадаваньнях. Недарод i тым больш неўраджай расстройвалі сялянскую гаспадарку i павялічвалі ў некалькі разоў цэны...

Увогуле, гэта было паступовае зьбядненьне сялянскай гаспадаркі, якое выяўлялася ў яго абезьзямеленьні i ў зьяўленьні значнай колькасьці сялянаў бясконных i без рабочай жывёлы. Ужо ў палове XVII ст. мы бачым у некаторых маёнтках рэзкі спад сялянскага дабрабыту... Але ў кожным разе, пры канцы Рэчы Паспалітай, гэта значыць у другой палове XVIII ст., становішча сялянства было досыць сумным малюнкам i бяспраўя, i эканамічнага згаленьня".

Умацаваньне прыгону суправаджалася пагоршаньнем матэрыяльнага становішча сялянства. Залежнасьць ад паноў i беднасьць цяжэлі над гэным саслоўем.

У той жа час Доўнар-Запольскі падкрэсьліваў, што ў буйных паноў, а таксама ў каралеўскіх маёнтках становішча сялянаў было ніштаватым i ахаваным ад вымаганьняў.

Вучоны лічыў, што пераход ва ўлоньне расейскага прыгоньніцтва ўмацаваў прыгоннае права ў Беларусі, фыдаўшы гэтаму інстытуту паліцэйска-праўную абарону i абсалютную немагчымасьць нават прыватных спробаў палепшыць становішча сялянаў. Апошняе, такім чынам, пайшло ў бок пагаршэньня i выміраньня.

У рукапісе кнігі "Гісторыя Беларусі", разьлічанай на шырокае кола чытачоў, Доўнар-Запольскі пісаў: "Селянін набліжаўся да становішча халопа. Таму эпоха рускага ўладараньня толькі замацавала ўсе горшыя бакі прыгонных дачыненьняў, паглыбіла ix, дала ім на Беларусі тую ж юрыдычную аснову, якая даўно ўжо зацьвердзілася ў былым Маскоўскім царстве.

...У 1-й палове XIX ст. ...эксплюатацыя паднявольнай працы прымае яшчэ больш пачварныя формы. Сялянства апынулася ў страшэнным матэрыяльным становішчы, назіраецца яго выміраньне...".

Доўнар-Запольскі быў адным зь першых гісторыкаў, які дасьледаваў працэс дыфэрэнцыяцыі беларускага сялянства ў эпоху фэадалізму. Характарызуючы сялянскую гаспадарку Беларусі XVIII ст., ён адзначаў, што сялянства паводле заможнасьці не было аднародным.

У сяле ёсьць тып чыстага парабка, кутніка, які жыве у хатах зь сялянамі-гаспадарамі. Кутнікі нічым не валодаюць, ня маюць жывёлы, не адбываюць павіннасьцяў на карысьць абшарніка. Гэта звычайна батракі, якія працавалі на сялянаў. Ад такіх кутнікаў, сялянскіх батракоў, трэба адрозьніваць кутнікаў, якія жывуць на памешчыцкай зямлі, маюць хаты i складаюць бяднейшую частку сялянства. Увогуле, лічыць Доўнар-Запольскі, захрыбетніцтва ў хаце селяніна - зьява не зусім адзінкавая. Здольнікі ў праўным становішчы, як удзельнікі ў гаспадарцы, былі, зразумела, у лепшым стане, чым батракі, але ўсё ж выразна ад ix ня розьніліся.

Нарэшце, у сялянскім двары тып чыстага батрака прадстаўляюць служачыя дзеўкі i нават парабкі, чаляднікі. Апошняе, заключае вучоны, указвае на тое, што, нягледзячы на юрыдычную адсутнасьць рабства, яно не было зжытае на нізах грамадзкай лесьвіцы, i рэшткі яго дзе-нідзе тлелі.

Усё гэта, зазначае Доўнар-Запольскі, гаворыць аб расслаеньні беларускай вёскі, прычым там пераважаў бедны i нават даволі бедны элемэнт. Вучоны прыйшоў да высновы, што колькасна заможная частка сялянства складала меншыню, i пры гэтым даволі значную.

Доўнар-Запольскі лічыў няправільным ацэньваць дабрабыт сялянства толькі паводле зямельнага надзелу. Ён піша: "...Найбольш тыповы памер ворнай зямлі выявіцца ў паўвалочным участку. Мы ўжо ведаем, што найбольшы памер ворнай зямлі істотны для вызначэньня сялянскага дабрабыту толькі ў тым выпадку, калі гэты дабрабыт суправаджаецца дастатковай колькасьцю жывёлы i якімі-небудзь дадатковымі прыбыткамі. Тады i ½ валокі зямлі робяць моцнай сялянскую гаспадарку...".

Аналізуючы працэс дыфэрэнцыяцыі сялянства, вучоны прыйшоў да высновы, што толькі верхні пласт сялянства, прыкладна 15-16% двароў паводле зямельнага забесьпячэньня i, здаецца, у такіх жа стасунках паводле наяўнасьці запражной жывёлы, можа лічыцца забясьпечаным пластом сялянства.

У артыкуле "Сацыяльна-эканамічная структура Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XVI-XVIII сталецьцях" М.Доўнар-Запольскі выказваецца пра дыфэрэнцыяцыю сялянскай гаспадаркі Беларусі XVIII ст. больш катэгарычна: "Сялянства па сваёй заможнасьці не было ąднacтaйным, бо над селянінам сярэдняга дастатку падымаецца некаторая болей забясьпечаная група. Яна будзе складаць 15%, калі за здавальняючую забясьпеку лічыць надзел у адну валоку i болей; ніжэй стаяла група бедных, якая апрацоўвала меней за ¼ валокі. Групай сярэдняга сялянства, cepąднякa, відавочна, трэба лічыць тую, якая мае ад ¼да ½ валокі, што складае 56% усіх двароў (г. зн. групу, якая мае ад 5 да 10 дзесяцін ральлі)".

На думку вучонага, да вярхоў беларускай вёскі належалі зямяне i баяры. Становішча баяраў i ў праўным, да пэўнай ступені, у эканамічным сэнсе было горшае, чым у сельскай шляхты. Доўнар-Запольскі лічыў, што зямянства ў гаспадарчым пляне ёсьць тып сялянскай гаспадаркі, добра забясьпечанай зямлёю i жывёлаю.

У кнізе "Гісторыя Беларусі" вучоны ўзьняў пытаньне аб сувязі сялянскай гаспадаркі з рынкам. Ён пісаў: "...На зьнешні рынак у гэтую эпоху (XVIII ст.- Э. І.) наступае лён у большай колькасьці, чым хлеб i лес. Лён зьяўляецца самым характэрным прадуктам. Разьвіцьцё льнаводзтва i тлумачыць нам тыя абставіны, што пры ўсёй жудаснай беднасьці сялянскі двор неяк трымаецца.

...Аднак памешчыцкая ўлада імкнулася ўтылізаваць патрэбнасьць сялянаў у рынку... Адным словам, апека з боку памешчыка над сялянскім гандлем была разьвітая надзвычайна...".

ЛЁС АБШЧЫНЫ

Адным з найбольш прынцыповых пытаньняў сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі, якое дасьледавалася ў шэрагу працаў Доўнар-Запольскага, было пытаньне аб сельскай абшчыне (грамадзе).

Даказваючы існаваньне абшчыны i яе вядучую ролю ў жыцьці беларускага сялянства XV - першай паловы XVI ст., вучоны прыводзіць сьведчаньні крыніцаў пра выбары старцаў, пра іхныя абавязкі, пра сумеснае валоданьне зямлёй, пра самаабкладаньне валашчанаў. На падставе гэтых зьвестак, Доўнар-Запольскі прыйшоў да высновы, што формы абшчыннага жыцьця існавалі ня толькі сярод сялянаў-даньнікаў, але i сярод цяглых як на ўсходзе, так i на захадзе Беларуci.

Канстатуючы, што агульнае валоданьне зямлёй служыць даволі важнай прыкметай існаваньня абшчыны, ён акцэнтуе ўвагу на тым, што абшчына злучана цэлым шэрагам разнастайных інтарэсаў - матэрыяльных i маральных.

У цэнтар сваіх дасьледаваньняў Доўнар-Запольскі паставіў валасную абшчыну. Ён адзначае: "Праявы абшчыннага жыцьця сяла даволі нязначныя; у крыніцах не заўсёды магчыма аддзяліць сяло ад воласьці, так i само паняцьце аб сяле не адрозьнівалася поўнай вызначанасьцю, якая яму надаецца цяпер... Толькі да пачатку XVł ст. воласьць i сяло набываюць больш дакладны сэнс, пры якім воласьць разумеецца як адміністрацыйная адзінка з пэўным цэнтрам - горадам, замкам".

На думку Доўнар-Запольскага, у першай палове XVI ст. у заходнерускіх абласьцях існуе сялянская салідарнасьць, якую можна прызнаць абшчыннай арганізацыяй у межах воласьці. Вучоны лічыць, што нутраным злучальным звяном гэтай арганізацыі служаць фінансавыя інтарэсы, вонкавы адміністрацыйны падзел.

Падкрэсьліваючы, што аб'ект яго дасьледаваньня - "заходнеруская абшчына i яе распадзеньне", вучоны выказаў думку, што лес абшчыны вызначауся дзейнасьцю вярхоўнай улады i мясцовай адміністрацыі. Зямельныя падараваньні шляхты, пісаў Доўнар-Запольскі, узмацнялі прыватную ўладу на шкоду абшчыннай арганізацыі.

Не прызнаючы абшчыны як формы землеўладаньня, ён акцэнтаваў увагу на абшчыне як "сялянскай арганізацыі, якая кіруецца сама сабой". На падставе аналізу скаргаў валашчанаў i вялікакняскіх граматаў, Доўнар-Запольскі прыходзіць да высновы, што заходнерускай абшчыне ўласьцівыя наступныя рысы: 1) аўтаномія; 2) аднастайнасьць (г. зн. сацыяльная роўнасьць.- Э.І.) усіх жыхароў воласьці; 3) адсутнасьць цяглых павіннасьцяў; 4) павіннасная салідарнасьць, г. зн. сумеснае выкананьне павіннасьцяў.

Погляды Доўнар-Запольскага на ролю i функцыі аб­шчыны зазналі пэўную эвалюцыю. Спачатку ён трымаўся думкі, што "валасная абшчына не ўяўляла сабой формы сялянскага суўладаньня". Але знаёмства з новымі крыніцамі прымусіла яго зрабіць выснову, што воласьць мела права распараджэньня землямі, а таксама прызнаў належнасьць земляў усёй абшчыне.

У заключэньні да работы "Заходнеруская сельская абшчына ў XVI ст." Доўнар-Запольскі адзначаў, што аграрная рэформа 1557 г. у выглядзе валочнай памеры i попісы службаў, дзе рэформа не была ўведзеная, паставілі селяніна абліччам да скарбу. Гэтыя рэформы, лічыў вучоны, завяршылі разлажэньне абшчыны, падрыхтаванае папярэднім жыцьцём. На ягоную думку, к канцу XVI ст. адбыўся поўны распад абшчыннага жыцьця.

Доўнар-Запольскі пісаў, што дваровае кіраваньне, як яно склалася за Жыгімонтам I, было адной з фазаў разбурэньня абшчыны.

У заходняй частцы Вялікага Княства Літоўскага абшчына зьнікла з-за таго, што там было ўведзенае кіраваньне на падставе Ўставы на валокі. Нельга згадзіцца з думкай Доўнар-Запольскага, што прычынай гібелі абшчыны быў гвалт вярхоўнай улады, "прыгоньніцкія тэндэнцыі ўладальнікаў", што разбурэньне абшчыны пабудзіла "ўрад да думкі аб рэформе", што аграрная рэформа стала вынікам зьнікненьня абшчыны.

Такім чынам, паводле Доўнар-Запольскага, ужо ў XVI ст. абшчыннага землекарыстаньня не было ані на захадзе, ані на ўсходзе Бел ару сі.

I ўсё ж думка пра тое, зьнікла ці захавалася абшчына на беларускай зямлі, працягвала займаць Доўнар-Запольскага. У 1926 г., праз два дзесяцігодзьдзі пасьля напісаньня "Нарысаў па арганізацыі заходнерускага сялянства ў XVI ст.", ён выказаў прынцыпова важную думку: "Хоць юрыдычна i эканамічна становішча сялянаў зь цягам часу значна пагоршылася, сялянства ўсё ж прывыкла глядзець на свой надзел як на сваю ўласнасьць. Гэта значыць, што формы абшчыннага землеўладаньня ў Беларусі не маглі разьвівацца".

Узнікае пытаньне: наколькі цяпер актуальныя пагляды Доўнар-Запольскага на лёс абшчыны?

Фактычна пагляды Доўнар-Запольскага падзялялі У.Пічэта, Я.Шлосбэрг i М.Піліпенка. Так, апошні адзначае, што ў заходняй i цэнтральнай Беларусі праз валочную памеру абшчыннае землеўладаньне было замененае падворным.

Іншай думкі прытрымліваўся Д.Пахілевіч. Ён прыйшоў да высновы, што сялянская абшчына ў заходніх ваяводзтвах Вялікага Княства Літоўскага, хоць i зьведала значныя ўдары ў часе аграрнай рэформы, якая ўзмацніла яе залежнасьць ад вялікакняскай улады, усё ж захавалася. Пахілевіч лічыў, што рана хаваць абшчыну ў сярэдзіне XVI ст., бо яна ёсьць характэрная форма фэадальнага грамадзтва на ўсіх яго этапах.

Для захаду i цэнтру Беларуci ў XVIII ст., мяркуе П.Казлоўскі, характэрнае падворнае індывідуальнае карыстаньне ворнымі землям! i абшчыннае карыстаньне пашамі. Іншая карціна назіраецца на ўсходзе, дзе валочная памера была праведзеная пазьней i менш пасьлядоўна. Некаторыя воласьці не былі ёю ахопленыя, i шмат дзе захавалася ранейшае землеўладкаваньне.

М.Улашчык i В.Чапко знаходзяць у Беларусі першай паловы XIX ст. падворную i абшчынную формы землеўладкаваньня, разьмежаваныя тэрытарыяльна.

В.Голубеў лічыць, што думка пра зьнікненьне абшчыны у Беларусі у XVI ст., якая усталявалася у гістарыяграфіі, няслушная. На яго думку, адсутнасьць у беларускай вёсцы другой паловы XVI-XVIII стст. перадзелаў зямлі ні у якім разе ня ёсьць паказьнікам зьнікненьня абшчыны. У гэтым выявіўся толькі этап яе эвалюцыі. Голубеў піша, што абшчына працягвае існаваць i пасьля адміраньня перадзелаў, удзельнічае у рэглямэнтацыі карыстаньня няворнымі землямі.

Такім чынам, ня усе дасьледаваньні сучасных вучоных пацвярджаюць выснову Доунар-Запольскага пра лес аб­шчыны на беларускіх землях.

ГІСТОРЫЯ ШЛЯХОЦКАГА СТАНУ

Адна з найважных праблемаў сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі эпохі фэадалізму - вывучэньне гісторыі паноўнае клясы.

Да Доўнар-Запольскага праблему вывучалі М.Уладзімірскі-Буданаў, Ф.Леантовіч, М.Любаўскі. У параўнаньні зь імі працы Доўнар-Запольскага ўносяць шмат новага.

На думку вучонага, "працэс дыфэрэнцыяцыі (вылучана Доўнар-Запольскім.- Э.І.) саслоўяў намячаецца ўжо з паловы XV ст., але канчатковае яго афармленьне i ўстанаўленьне прыпадае на палову XVI ст.".

Доўнар-Запольскі прыходзіць да высновы, што шляхоцкі стан Вялікага Княства склаўся з даволі разнастайных элемэнтаў. Наверсе яго стаялі князі Рурыкавічы, Гедымінавічы i прышлыя татарскія. Побач зь імі стаяла радавітая арыстакратыя літоўскага паходжаньня, паны. Самыя старажытныя летапісцы называюць ix яшчэ баярамі.

Адзначаючы, што з пачатку XVI ст. ідзе працяглы працэс вызначэньня ваенна-служылых элемэнтаў, якія маюць права карыстацца шляхоцкімі вольнасьцямі, ад тых, якія такога права ня мелі. Доўнар-Запольскі падкрэсьлівае, што асабісты склад шляхоцкае клясы ўсталяваўся ў сярэдзіне XVI ст. Да гэтага часу высьпелі i юрыдычна аформіліся i яго прывілеі.

Аналізуючы гаспадарчае жыцьцё Княства, вучоны зазначае, што асноўнай вытворчай адзінкай быў панскі двор. Сам пан расплачваўся ca сваімі слугамі таксама, як i вялікі князь са сваімі, г. зн. даваў ім зямлю. Ад падданых памешчык атрымліваў у выглядзе дані прадукты натурай (гаворка пра XVI ст. - Э.І.). У гэтых разьліках, меркаваў Доўнар-Запольскі, грошы ня мелі значнай ролі i ўвайшлі ў абарачэньне пазьней.

На падставе разьлікаў складу 10 памешчыцкіх маёнткаў Берасьцейскага староства XVI-XVIłl стст., Доўнар-Запольскі прыходзіць да высновы а6 уцягваньні сельскагаспадарчай вытворчасьці ў рынкавае абарачэньне. Вучоны адзначае, што за 20 гадоў - з 1568 па 1588 г.- прыбытак з фальваркаў Сапегі вырас у 7 разоў.

Рэвізія таго ж староства за 1682 г., падае Доўнар-Запольскі, мае шэраг цікавых штрыхоў. Па-першае, сустракаемся з новай зьявай: даволі шмат зямлі сплыло ў рукі дробнай шляхты, якая жыла на валоках побач зь сялянствам. Прыбытковасьць староства вырасла шматкроць, нягледзячы на падзеньне курсу грошай. Люстрацыя Берасьцескага староства 1747 г. паказвае, што паншчына зь цяглай валокі складала 6 дзён у тыдзень.

Разглядаючы фальварак Кобрынскай эканоміі, гісторык паказаў, што прыгоннае права не садзейнічала разьвіцьцю тэхнікі, што панаваў трохпольны севазварот, хоць у Заходняй Эўропе быў распаўсюджаны шматпольны.

Доўнар-Запольскі пісаў: "...Панскі двор меў ажыўленыя дачыненьні з Гданьскам, Караляўцом i Рыгай. Але, у сутнасьці, асноўныя патрэбы двара задавальняліся тым, што вырабляў маёнтак, i толькі прадметы раскошы прывозіліся за тыя грошы, якія атрымлівалі за прададзенае збожжа. Гаспадарка нават вялікага двара яшчэ ў значнай ступені мела натуральнае адценьне, бо дваровы рамесьнік у тым ці іншым выглядзе захоўваў сваё значэньне".

З гаспадарчага гледзішча, піша Доўнар-Запольскі, заўсёды была розьніца паміж буйным i дробным землеўладаньнем у спосабе эксплюатацыі i ў характары дачыненьня да рынку.

Нельга не згадзіцца зь ягонай думкай, што разьвіцьцё дваровай гаспадаркі вяло да зьмяншэньня плошчы сялянскага землекарыстаньня i да прыцягненьня сялянаў у паншчыну, што толькі невялічкая група вяльможных паноў фактычна панавала над усёй астатняй масай.

Годам раней Доўнар-Запольскі ўдакладніў лічбу буйных магнатаў-землеўладальнікаў, якім належалi вырашальныя пазыцыі ў эканоміцы Беларусі. У кнізе "Народная гаспадарка Беларусі. 1861-1914" ён выказаў думку: клясавыя стасункі ў Беларусі i Літвы склаліся гэткім чынам, што невялікая група ў 25-30 паноў фактычна валодала дзяржаваю.

ГАРАДЫ

У шэрагу працаў М.Доўнар-Запольскага знайшлі адлюстраваньне пытаньні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця гарадоў, структуры гандлю i гандлёвых дачыненьняў на беларускіх землях у фэадальную эпоху. I хоць зь некаторымі думкамі вучонага цяжка згадзіцца, аналіз яго творчай спадчыны ў гэтай галіне вельмі патрэбны.

У рабоце Доўнар-Запольскага "Соцыяльна-эканамічная структура Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XVI-XVIII сталецьцях" становішча гарадоў дасьледуецца ў сувязі са станам сялянскай гаспадаркі, яго рымкавых сувязяў i ўмоваў купецкага гандлю. Ён мяркуе, што зь сярэдзіны XVI ст., пасьля аграрнай рэформы 1557 г., пачалося прагрэсоўнае зьбядненьне сялянаў, у выніку чаго яны "нічога не выраблялі для рынку i нічога не куплялі, за выняткам солі i гарэлкі". Тады ж шляхта Вялікага Княства Літоўскага атрымала прывілеі ў замежным гандлі i манапольныя правы на выраб гарэлкі. Акрамя таго, быў вызначаны пэўны працэнт прыбытку для розных катэгорыяў купцоў. На думку Доўнар-Запольскага, усё гэта прывяло да таго, што з пачатку XVII ст. настаў "заняпад беларускага гандлю" i "заняпад эканомікі гарадоў". Ён лічыў, што "гарадзкая кляса існавала фармальна", колькасьць насельніцтва гарадоў "зьменшылася ў параўнаньні з XVI стагодзьдзем".

Нягледзячы на гэтыя спрэчныя палажэньні, трэба адзначыць, што лёс беларускага фэадальнага гораду, аналізаваны Доўнар-Запольскім, розьніўся ад паглядаў ягоных папярэднікаў - М.Уладзімірскага-Буданава, У.Антановіча ды інш. Ён у асноўным слушна вызначыў галоўныя сацыяльна-эканамічныя акалічнасьці, якія тармазілі разьвіцьцё гарадоў Беларусі ў другой палове XVI-XVIII стст. Аднак, як i яго папярэднікі, якія падкрэсьлівалі заняпад беларускіх гарадоў з XVI ст., Доўнар-Запольскі таксама не прывёў ніякіх канкрэтных зьвестак, што пацьвярджалі б ягоныя думкі пра заняпад гарадоў у XVII-XVIII стст.

М.Доўнар-Запольскі зрабіў спробу даць агульную характарыстыку стану эканомікі Беларусі ў фэадальную эпоху. Ён адзначае, што доўгі пэрыяд гісторыі гаспадаркі мала зьмяніў гаспадарчую структуру народнай масы. Зьмены закранулі толькі верхавіну - заможнае шляхоцтва i буржуазію вялікіх гарадоў. Толькі гэтыя пласты ў пэўнай ступені далучаліся да рынкавых дачыненьняў.

Закранаючы пытаньне аб прадукцыйнасьці сялянскай працы, вучоны заключаў: "...Праца на паншчыне не магла быць прадукцыйнай, а яе непрадукцыйнасьць павінна была адбіцца i на ўласнай сялянскай гаспадарцы. Ды яна i не магла мець ніякіх імпульсаў да разьвіцьця прадукцыйнасьці працы".

Доўнар-Запольскі выказвае думку, што з пачатку XVIII ст. "прагнасьць паноўнай клясы забівае гандаль i прамысловасьць". Ён лічыць, што, страціўшы палітычную ўладу з аддзяленьнем Рэчы Паспалітай, кляса беларускіх землеўладальнікаў захавала ўладу над матэрыяльнымі стасункамі. Адбылася мадыфікацыя фэадалізму.

Наконт эканамічнага разьвіцьця Беларусі напярэдадні адмены прыгоннага права Доўнар-Запольскі кажа, што яно было вельмі слабым. Наагул, заўважае ён, гаспадарка насіла натуральны характар i цалкам абапіралася на прыгонную паднявольную працу. Вучоны пісаў: "...Для нас важна адзначыць, што беларускае сялянства знаходзілася ў надзвычай цяжкім становішчы. Сумным паказьнікам яго эканамічнага стану служыць падзеньне прыросту насельніцтва... Але ўласна прыгоннае насельніцтва напярэдадні распрыгоненьня давала зьніжэньне свайго складу, а не яго рост".

Доўнар-Запольскі лічыў, што да канца XIX ст. Беларусь уяўляла сабой заходнюю ўскраіну імпэрыі выключна сельскагаспадарчага характару. На думку вучонага, "паасобку адзначаўся заняпад эканамічнага жыцьця ў XVII i XVIII стст. пасьля кароткага яго росквіту ў XV ст.".

БЕЛАРУСЬ - КАЛЁНІЯ ІМПЭРЫІ

У працах М.Доўнар-Запольскага закранута такое важнае пытаньне, як уваход беларускіх земляў у склад Расейскае імпэрыі i яго вынікі для эканамічнага i палітычнага разьвіцьця Беларусі.

Мы ўжо падкрэсьлівалі думку вучонага, што пераход у стан расейскага прыгоньніцтва толькі ўмацаваў прыгоннае права ў Беларусі, надаўшы гэтаму інстытуту паліцэйска-праўную абарону i абсалютную немагчымасьць нават прыватных спробаў палепшыць становішча сялянаў. Сялянства Беларусі апынулася ў стане выміраньня.

Селянін набліжаўся да становішча халопа. Доўнар-Запольскі адзначаў, што "эпоха рускага ўладараньня толькі замацавала ўсе горшыя бакі прыгоньніцкіх дачыненьняў,. паглыбіла ix, таму што дала ім у Беларуci тую ж юрыдычную аснову, якая даўно ўжо зацьвердзілася ў былым Маскоўскім царстве".

На думку вучонага, уваход беларускіх земляў у склад Расеі ня толькі ўмацаваў дваранства ў яго правох над прыгоннымі, але наагул унёс усе ўласьцівыя самадзяржаўю асаблівасьці. Доўнар-Запольскі меркаваў, што "царскі ўрад пастаянна мітусіўся паміж прыемным яму, але па-каталіцку i апазыцыйна настроеным дваранствам, i праваслаўным сялянствам". Ён лічыў, што ўрад гэты звычайна станавіўся на бок дваранства, топчучы нацыянальныя інтарэсы Беларусі.

На падставе шматлікіх крыніцаў, Доўнар-Запольскі прыходзіць да наступнай высновы: "...Беларусь адарвалася ад Польшчы, яе цеснае яднаньне з Расейскай імпэрыяй прадоўжыла тут эпоху фэадалізму ў крыху зьнявечаным, як мы ўжо ведаем, выглядзе з пэўнага роду выняткаллі. І, вядома, гэта адбілася на прадаўжэньні застою эканамічнага жыцьця. У першай палове ХІХ ст. ня бачна здаровага натуральнага накапленьня гандлёвага капіталу, адсюль i няма на месцы крыніцы для зараджэньня прамысловасьці. Эксплюатацыя паднявольнай працы прымае яшчэ больш звыродныя формы. Сялянства апынулася ў страшэнным матэрыяльным становішчы, назіраецца яго выміраньне,- назіраюцца ўсе прыкметы самага цяжкага эканамічнага разьвіцьця вялізнага раёну..."

Нягледзячы на тое, што творчая спадчына М.Доўнар-Запольскага ў галіне сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі эпохі фэідалізму недаацэньвалася i доўгі час напалову замоўчвалася, а яго высновы i палажэньні скажаліся, працы вучонага зрабілі значны ўплыў на разьвіцьцё навукова-дасьледчай дзейнасьці ў гэтым накірунку. Яны будзілі думку, садзейнічалі стварэньню вялікай манаграфічнай літаратуры. Шмат якія з пытаньняў, пастаўленых у працах Доўнар-Запольскага i ня вырашаных ім, пасьпяхова вырашаюцца сучаснымі гісторыкамі.

Эмануіл ІОФЭ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX