Вярнуцца: Артыкулы

Юхо Язэп. Фармаванне тэрыторыі беларусаў


Аўтар: Юхо Язэп,
Дадана: 29-10-2012,
Крыніца: Юхо Язэп. Фармаванне тэрыторыі беларусаў // Спадчына № 6 - 1991. С. 2-11.



Беларусы - аўтахтонны народ, які спрадвеку жыве на сваёй тэрыторыі, размешчанай у басейнах Заходняй Дзвіны, Немана, Заходняга Буга, Прыпяці, Дняпра, Бярэзіны i Сожа. Вядомы славацкі гісторык XIX ст. П. Шафарык у сваім даследаванні «Славянские древности» даказваў, што гэтая тэрыторыя была асноўнай часткай прарадзімы славянаў. Ен пісаў: «Я перакананы, што сербы, пра якіх упамінае Канстанцін, пражывалі там, дзе Нестар змяшчае бужан, г. зн. на Бузе, i далей на ўсход, у суседстве дрэгавічоў. Гэта былі астаткі сербскай галіны, што перасялілася Ў Ілірык i не пажадала расставацца са сваёй радзімай, якую Канстанцін Багранародны назваў Беласербіяй. Яна пашыралася на захад амаль да самай Лабы». Аналізуючы звесткі пра будзінаў з «Гісторыі» Герадота, Шафарык адзначаў, што яны займалі тэрыторыю сучаснай Валыні i Беларусі. «Тут жа, у суседстве неўраў, гевінаў i іншых невялікіх народаў, змяшчае ix i Пталамей, дадаючы (у другім месцы), што рэчка Барысфен, г. зн. заходні рукаў Дняпра, іначай Бярэзіна, выходзіць з гары Будзінскай... Мяркуючы па гэтых звестках, няма сумнення, што вялікі i шматлюдны народ будзіны займаў калісьці... усю сучасную Валынь i Беларусь... Будзіны былі, уласна кажучы, адзін i той самы народ з венедамі і, такім чынам, адной, пры гэтым галоўнай, галіной вялікага сербскага пакалення... Будзіны мелі сваю ўласную мову - славянскую... Імя зямлі Неўрыя, пагрэцку Нур, як называў яе славянін, гэта чыста славянская назва, таму што слова «нур» у старажытнаславянскай мове абазначае зямлю».

На беларускай тэрыторыі, у суседстве з неўрамі i будзінамі, на зямлі Віленскай губерні, Шафарык вызначаў прарадзіму i другога славянскага народа - вельтаў. «Так называўся некалі дужы i ў гісторыі сярэдніх вякоў больш слаўны сярод іншых славянаў народ, велеты, або люцічы, празваныя ваўкамі». Ад ix атрымалі сваю назву гарады Вілкамір i Вільня.

Пра неўраў, венедаў, будзінаў упаміналі старажытнарымскія гісторыкі i географы. Так, Пампоній Мела (І ст. н. э.) пісаў, што Тырас (Днестр) «бярэ пачатак у зямлі неўраў». Гай Пліній Секунд сцвярджаў, што неўры жылі ў вярхоўях Дняпра: «Неўры, ад якіх выцякае Барысфен». Некаторыя старажытныя географы ўсе народы Усходняй Еўропы называлі сарматамі, а край - Сармаціяй. Александрыйскі географ Пталамей (II ст. н. э.) пісаў, што Сармацію абмяжоўваюць вялікія народы: венеды, пеўкіны, бастарны. У яго ж маецца запіс пра качвонаў, якіх атаясамліваюць з крэвічамі, - упершыню называе Канстанцін Багранародны, а потым i Нестар. Крэвічы, або крывічы, займалі Полаччыну, Віцебшчыну i часткова Пскоўшчыну, Меншчыну i Віленшчыну. Ад ix паходзяць назвы Крэва, крывічы і магчыма, другая старажытная назва Вільні - Крывы горад.

Цэнтральную i паўднёвую Беларусь засялялі дрэгавічы, або, дакладней, драгавіты, драговічы. Шафарык вылучаў тры галіны дрэгавічоў: «1) паўночныя, у Канстанціна Багранароднага - другавіты... паміж Прыпяццю i Заходняй Дзвіной, у губернях Менскай i Віцебскай; 2) паўднёвыя, у двух месцах: а) у Македоніі, каля горада Селуна (Салонікаў)... потым далучаны да Балгарыі i Сербіі; 6) у Фракіі, на рэчцы Драгавіцы; 3) заходнія, паселішча ў палабскіх славянаў».

Радзімічы, пра якіх гаворыцца ў летапісах, займалі тэрыторыю ў басейне ракі Сож i далей на ўсход - Гомельшчыну, Браншчыну i часткова Чарнігаўшчыну i Смаленшчыну.

Бужане рассяляліся ў басейне Заходняга Буга. Гэтая тэрыторыя ў часы Вялікага княства Літоўскага называлася Падляшша, што сведчыла пра яе знаходжанне недалёка ад ляхаў, як тады называлі палякаў, што Падляшша не польская зямля, а толькі недалёка ад Польшчы. Палякі, захапіўшы яе Ў 1569 г., пачалі называць яе Падляссем. Назва па гучанні надобная, але пэўным чынам хавала сапраўдны сэнс слова. Падляшша было далучана да Расіі Ў 1807 г. як Беластоцкая акруга Гродзенскай губерні, а ў 1920 г. разам з усёй Заходняй Беларуссю акупавана Польшчай.

У V - VI стст. будзінаў, венедаў, неўраў i некаторых іншых пачалі называць агульным словам - славяне. Асабліва тады, як яны пасля працяглых ваенных дзеянняў адцяснілі з Балканскага паўвострава візантыйцаў i рымлянаў, а з Цэнтральнай Еўропы - германцаў. У IX ст. землі ўсходніх славянаў, асабліва Кіеўскую, пачынаюць называць Руссю. А з пашырэннем праваслаўя - i ўсе землі, дзе прынялі грэка-візантыйскую рэлігію.

Пашырэнне рэлігійных, культурных і гандлёвых сувязяў з Візантыяй, а таксама развіццё эканамічных адносін унутры асобных усходнеславянскіх земляў садзейнічала аб'яднанню дробных мясцовых княстваў у больш буйныя дзяржавы ці нават у саюзы дзяржаў. Так, у IX - XII стст. на тэрыторыі Беларусі ўзніклі Полацкая, Тураўская, Гарадзенская, Менская дзяржавы. Затым у XIII - XIV стст. з ix утварылася магутнае Вялікае княства Літоўскае. Адначасова ішло аб'яднанне крывічоў, дрэгавічоў, бужанаў i радзімічаў у адзіную народнасць, якую сталі называць літоўскай (або ліцвінамі). ТолькІ ў другой палове XVII ст. у афіцыйных дакументах Віцебска-Магілёўскую праваслаўную епархію назвалі беларускай, што паклала пачатак назве Беларусь. Назва «русь» распаўсюджваецца на нашай тэрыторыі адначасова з праваслаўем, якое ішло з Кіева. У сувязі з гэтым i да слова «пісьменства», да кірылаўскіх літар сталі дадаваць слова «рускае».

Аб'яднанне беларускіх княстваў у XIII ст. было паскорана неабходнасцю абараніць насельніцтва ад татара-мангольскай агрэсіі з усходу, польска-тэўтонскай з захаду i Лівонскага ордэна з поўначы. З мэтай агульнай абароны да Вялікага княства Літоўскага апрача беларускіх земляў былі далучаны Украіна, Жмудзь, частка рускіх княстваў. Першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага стаў беларускі горад Наваградак. Рускі гісторык А. Праснякоў у «Лекциях по русской истории» падкрэсліў, што гэтая дзяржава была ўтворана «на тэрытарыяльнай, этнаграфічнай i культурнай аснове беларускай». Славянскае паходжанне назвы «Літва» засведчыла «Тверская Летопись». Летапісец распавядае, што пры рассяленні славяне называліся па-рознаму: мараванамі, чэхамі, харватамі, сербамі, ляхамі. А ад тых ляхаў адны празваліся палянамі, «друзи Лутици, а инш. Литва, инш. Мозавшене, инш. Поморане». Есць там запк i пра тое, што Ў 1239 г. Уладзімірскі вялікі князь Яраслаў Усеваладавіч хадзіў з войскам на Смаленск i перамог там літоўцаў, выгнаў ca Смаленска «літоўскага» князя. «Літоўскім» князем у Смаленску быў на той час полацкі князь Святаслаў Мсціславіч, які захапіў уладу ў Смаленску пры дапамозе палачанаў.

Славянамі па паходжанні былі вялікія князі літоўскія Гедымін i яго браты Віцень i Воін, а таксама яго дзеці i ўнукі Альгерд (Андрэй), Ягайла (Якаў Андрэевіч) - сын Альгерда i цверскай князёўны Улляны, Андрэй Казімір - сын Ягайлы i Соф'і Гальшанскай з Друцка.

У перыяд феадалізму ў назве i тытуле дзяржавы імкнуліся пазначыць яе тэрыторыю. Так, поўная назва ВКЛ - Вялікае княства Літоўскае, Рускае i Жамойцкае, дзе назва Літоўскае абазначала Беларусь, Рускае - Украіну i частку рускіх зямель, Жамойцкае - этнічную Літву.

Этнічна-беларускі характар Вялікага княства Літоўскага выяўляўся ў тым, што дзяржаўнай мовай у княстве была беларуская да канца XVII ст. Потым, у сувязі з распаўсюджваннем каталіцызму i ўзаемазбліжэннем з Польшчай, дзяржаўнай стала польская мова. Зазначым прынцыповае - i зноў славянская. Гэтаму садзейнічала i тое, што ў XVII ст. у Польшчы замест гатыцкага шрыфту пачалі ўжываць лацінскі, што ў значнай меры паўплывала на пераход з кірыліцы на лацінскі алфавіт i ў ВКЛ, дзе назіраўся працэс узаемапранікнення польскай і беларускай моваў. Уплыў беларускай мовы на польскую асабліва моцна выявіўся ў перакладах Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. на польскую мову, дзе значная частка слоў не перакладалася, а толькі перапісвалася лацінскімі літарамі.

У XIV - XV стст. амаль уся тэрыторыя беларускай народнасці знаходзілася ў межах Вялікага княства Літоўскага i складала прыкладна 260 тыс. кв. км. Першыя тэрытарыяльныя страты Вялікае княства Літоўскае нанесла ў 1500 г., калі да Вялікага княства Маскоўскага была далучана Бранская зямля i некалькі іншых з беларускім насельніцтвам. Летам 1414 г. маскоўскім войскам быў захоплены Смаленск. Паводле Дзявулінскага замірэння 1618 г. Смаленск i некаторыя паветы гэтай зямлі былі вернуты Вялікаму княству Літоўскаму. Але ў 1654 г. Смаленск зноў быў узяты рускімі войскамі i паводле Андрусаўскага замірэння 1667 г. пакінуты за Масквой, што было замацавана «Вечным мірам» 1686 г.

Цяжкія тэрытарыяльныя страты нанесла Вялікае княства Літоўскае ў 1569 г., калі вялікі князь літоўскі i кароль польскі Жыгімонт Аўгуст, скарыстаўшы цяжкае становішча княства ў Лівонскай вайне з Масквой, здзейсніў акт дзяржаўнай здрады - незаконна, насуперак сваім абяцанням i прысяганню, парушыў артыкулы 1, 3 i 12 раздзела трэцяга Статута Вялікага княства Літоўскага 1566 г., а таксама сваю грамату 21 снежня 1568 г., у якой абяцаўся захоўваць у цэласці тэрыторыю Вялікага княства. 5 сакавіка 1569 г. ён выдаў універсал аб перадачы Польшчы беларускага Падляшша - гарады Вельск, Беласток, Драгічын на Бузе, Мельнік, а таксама некаторыя паветы. Потым такімі ж незаконнымі актамі былі адарваны ад Вялікага княства i далучаны да Польшчы Валынь, Кіеўшчына і некаторыя іншыя ўкраінскія землі. 1 ліпеня 1569 г. прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага змусілі папісаць акт Люблінскай уніі, якім прыкрываліся гэтыя незаконныя захопы, а значыць, усё Вялікае княства мелася зліцца з Польшчай. Аднак гэтага не адбылося. Згодна з двухсотгадовай практыкай саюзных адносінаў паміж Польшчай i Вялікім княствам, Люблінская унія практычна дала магчымасць захаваць Вялікаму княству сваю адасобленасць ад Польшчы. Разам з тым, была ўтворана новая канфедэратыўная дзяржава - Рэч Паспалітая.

Пасля смерці ў 1572 г. караля (ён жа i вялікі князь) Жыпмонта Аўгуста не толькі фактычна, але і юрыдычна быў замацаваны суверэнітэт ВКЛ

у Статуце 1588 г. У ім нават няма ўспаміну пра Люблінскую унію, апроч таго, у артыкуле 4 раздзела трэцяга выкладзена праграма вяртання раней адарваных тэрыторый i аднаўлення старых межаў княства. Самастойнасць княства гарантавалася забаронай даваць дзяржаўныя пасады, землі, чыны i званні іншаземцам, у тым ліку ўраджэнцам Польшчы. Так, у артыкуле 12 раздзела трэцяга было запісана: «Так же мы, господар, обецуем и шлюбуем под присегою нашою, которую учинили есмо Великому князству Литовскому и всим станам обывателем его... достойностей духовных и светских городов, дворов, грунтов, староств, держав, врядов земских и дворных посесый або в держанье и поживанье и вечностей жадных чужоземцам и заграничником, ани суседом того паньства не маем».

У пачатку XVII ст. сеймавымі пастановамі былі створаны камісіі па ўдакладненні межаў паміж Вялікім княствам Літоўскім i Польшчай. У 1646 г. сейм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову аб вяртанні ў склад Вялікага княства Літоўскага беларускіх гарадоў Лоева i Любеча з прылеглымі да іx землямі. Аб захаванні адасобленасці тэрыторыі Вялікага княства ад Польшчы сведчаць пастановы сеймаў 1653 i 1655 гг., якімі забаранялася польскім вайсковым часцям пераходзіць без дазволу межы Вялікага княства Літоўскага, а парушальнікаў дазвалялася знішчыць.

Рэч Паспалітая ў XVIII ст. перажывала эканамічны, сацыяльны i палітычны крызіс. Бясконцыя Інтрыгі розных магнацкіх груповак i каталіцкага духавенства прывялі краіну да поўнага банкруцтва, што 1 скарысталі суседнія манархічныя дзяржавы Аўстрыя, Прусія i Расія. 5 жніўня 1772 г. у Пецярбурзе была падпісана канвенцыя аб падзеле Рэчы Паспалітай. Яна складалася з трох актаў: паміж Аўстрыяй i Расіяй, Расіяй i Прусіяй, Аўстрыяй i Прусіяй. У выніку да Прусіі былі далучаны паўночныя землі Польшчы. Аўстрыя захапіла частку Паўднёвай Польшчы i Заходняй Украіны, а да Расіі былі далучаны ўсходнія раёны Беларусі з гарадамі Полацкам, Вяліжам, Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Рагачовам, Гомелем.

У 1791 г. у Рэчы Паспалітай былі прыняты канстытуцыя i іншыя прагрэсіўныя законы, што выклікала незадаволенасць рэакцыйиых колаў, якія пайшлі на змову з замежнымі дзяржавамі. Так, не без падтрымкі царыцы Кацярыны II у маі 1792 г. у заходнеўкраінскім мястэчку Таргавіца абвясцілі канфедэрацыю i ўсчалі бунт супраць ураду Рэчы Паспалітай i новай канстытуцыі ў імя абароны каталіцкай царквы i шляхецкіх вольнасцяў. У чэрвені 1792 г. пасля таго, як рускія войскі ўступілі ў Вільню, там была арганізавана аналагічная канфедэрацыя 1 ў Вялікім княстве Літоўскім. Царскае войска без якіх-небудзь цяжкасцяў падтрымала таргавічанаў, якія пасля пераходу на ix бок значнай часткі феадалаў i караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага атрымалі перамогу.

Але радасць таргавічанаў была кароткай, бо ўжо ў студзені 1793 г. паміж Расіяй i Прусіяй быў падпісаны акт аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Прусія захапіла заходнюю частку Польшчы з гарадамі Познань, Каліш, Торунь, а да Расіі былі далучаны цэнтральная i паўднёвая Беларусь з Менскам, Барысавам, Бабруйскам, Слуцкам, Мазыром, Пінскам i часткай правабярэжнай Украіны. На беларускай тэрыторыі была ўтворана Менская губерня. У чэрвені 1793 г. у Гародні пачаў сваё паседжанне апошні сейм Рэчы Паспалітай, які вымушаны быў пагадзіцца з захопамі, адмяніў канстытуцыю 3-га мая. 23 лістапада 1793 г. ён прыняў новую канстытуцыю.

24 сакавіка 1794 г. у Кракаве пачалося паўстанне супраць іншаземных захопнікаў і таргавічанаў, якое хутка распаўсюдзілася па ўсёй Рэчы Паспалітай. На чале паўстання стаў ураджэнец Беларусі Андрэй Тадэвуш

Банавентура Касцюшка. Ён сем гадоў змагаўся ў шэрагах амерыканскай арміі за незалежнасць Злучаных Штатаў, дзе атрымаў званне генерала.

Супраць паўстанцаў былі накіраваны арміі Расіі i Прусіі. У жніўні рускія войскі занялі Вільню. У верасні войскі пад камандаваннем А. Суворава нанеслі паражэнне дывізіі Серакоўскага. 10 кастрычніка 1794 г. у бітве пад Мацяёвіцамі корпус Касцюшкі быў разбіты рускімі войскамі, сам Касцюшка быў цяжка паранены i трапіў у палон. А ў лістападзе i ўсё паўстанне было задушана іншаземнымі войскамі. У 1795 г. Аўстрыя, Прусія i Расія падзялілі паміж сабой Рэч Паспалітую. Да Аўстрыі была далучана паўднёвая частка Польшчы, да Прусіі - цэнтральная Польшча i беларускае Падляшша, да Расіі - Латвія, Літва, Заходняя Беларусь i частка Заходняй Украіны. На беларускай тэрыторыі расійскія ўлады ўтварылі дзве губерні - Віленскую i Слонімскую, якія потым Павел I злучыў у адну Літоўскую губерню з цэнтрам у Вільні. Пасля ўступлення на трон Аляксандра I яна зноў была падзелена на дзве губерні: Віленскую i Гродзенскую. У 1807 г., паводле ўмоваў Тыльзіцкага міру, Расіі была перададзена Беластоцкая акруга. Такім чынам, на пачатку XIX ст. уся беларуская тэрыторыя ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі.

Пасля перамогі Францыі над Прусіяй у 1807 г. Напалеон i Аляксандр I дамовіліся ў Тыльзіце аб утварэнні Варшаўскага княства, што мела характар прапагандысцкі: нібыта Напалеон клапоціцца пра Польшчу, якая служыць яму плацдармам для нападу на Расію. Урад царскай Расіі Ў процілегласць Напалеону таксама пачаў прапагандысцкую кампанію: быццам бы ён хацеў аднавіць Рэч Паспалітую i Вялікае княства Літоўскае. З гэтай мэтай у лютым 1811 г. высокі расійскі саноўнік А. Чартарыйскі па прапанове цара ездзіў у Варшаву, каб дамовіцца з польскімі дзеячамі аб ix пераходзе на бок Расіі. Аднак гэтая місія поспеху не мела. У канцы 1811 - пачатку 1812 г. трупа ўраджэнцаў Беларусі (Міхал Агінскі, К. Любецкі i іншыя) падрыхтавала праект аб адраджэнні Вялікага княства Літоўскага пад пратэктаратам Расіі па прыкладу Фінляндыі.

24 чэрвеня 1812 г. 600-тысячная армія Напалеона, у складзе якой была значная колькасць польскіх вайскоўцаў, рушыла праз граніцу з Расіяй. 28 чэрвеня французская армія заняла Вільню. Напалеон разлічваў, што насельніцтва Беларусі будзе да яго больш прыхільным, калі ён абвесціць аб аднаўленні Вялікага княства Літоўскага. З гэтай мэтай 1 ліпеня 1812 г. у Вільні была ўтворана Тымчасовая ўрадавая камісія, якая дзейнічала пад наглядам напалеонаўскай адміністрацыі. Утварэнне камісіі азначала намер адрадзіць Вялікае княства Літоўскае пад пратэктаратам Францыі. Пасля разгрому напалеонаўскай арміі царскаму ўраду ўжо не было патрэбы весці размовы пра адраджэнне Вялікага княства Літоўскага.

У час паўстання 1863 г. яго кіраўнікі на Беларусі ставілі задачу адрадзіць незалежную Беларуска-Літоўскую дзяржаву. З гэтай мэтай быў утвораны правінцыйны Літоўскі камітэт, як «арганізацыйная ўлада ў Літве i Беларусі... каб заваяваць зараз нацыянальную незалежнасць» (К. Каліноўскі). Да незалежнасці Беларусі заклікаў К. Каліноўскі i ў «Мужыцкай праўдзе».

У другой палове XIX i пачатку XX ст. былі праведзены грунтоўныя даследаванні па беларускай этнаграфіі, мове, гісторыі. Навуковыя працы выдаваліся ў Кіеве, Варшаве, Маскве I Пецярбурзе, дзякуючы якім была навукова вызначана тэрыторыя, дзе пераважна жылі беларусы. Падсумоўваючы навуковыя даследаванні ў гэтай галіне, акадэмік Карскі вызначыў, што беларусы ў пачатку XX ст. складалі большасць насельніцтва ў наступных паветах Расійскай імперыі: Арлоўская губ.- Бранскі, Трубчэўскі; Віленская губ.- Віленскі, Вілейскі, Дзісенскі, Лідскі, Ашмянскi, Свянцянскі, Троцкі; Віцебская губ.- Вяліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дзвінскі, Дрысенскі, Лепельскі, Люцынскі, Невяльскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі; Гродзенская губ. - Бельскі, Беластоцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Пружанскі, Слонімскі, Сакольскі; Калужская губ. - Жыздрынскі i Масальскі; Ковенская губ. - Новааляксандраўскі (Браслаўскі); Курляндская губ. - Ілукшценскі; Магілёўская губ.- Лршанскі, Быхаўскі, Гомельскі, Горацкі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Чавускі, Чэрыкаўскі; Менская губ. - Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Менскі, Мазырскі, Навагрудскі, Пінскі, Рэчыцкі, Слуцкі; Пскоўская губ. - Апочацкі, Велікалуцкі, Таропецкі; Смаленская губ.- Бельскі, Дарагабужскі, Ельнінскі, Красненскі, Парэцкі, Рослаўскі, Смаленскі; Сувальская губ. - Аўгустоўскі, Сейненскі; Цверская губ. - Асташкаўскі, Зубцоўскі, Ржэўскі; Чарнігаўская губ. - Гараднянскі, Мглінскі, Ноўгарад-Северскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі, Суражскі. Да гэтага спісу Карскага неабходна дадаць яшчэ два паветы Гродзенскай губерні: Брэсцкі i Кобрынскі, якія спрадвеку былі беларускімі i адносіліся да бужанаў, а потым належалі Вялікаму княству Літоўскаму.

Цяжкім горам стала для беларускага народа першая сусветная вайна. Летам 1915 г. вайна перакінулася на тэрыторыю Беларусі. Немцы акупавалі Заходнюю Беларусь, i лінія фронту разрэзала Беларусь на дзве часткі.

Захапіўшы частку Беларусі, немцы праводзілі на ёй двурушную палітыку. Яны спадзяваліся, што гэтая тэрыторыя будзе далучана да Германіі, але не шкадавалі i абяцанняў. Акаталічаным беларусам, якіх называлі палякамі, яны абяцалі адраджэнне Польшчы, іншым, як i літоўцам,- утварэнне сваёй дзяржавы. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Расіі немцы падтрымалі літоўскіх буржуазных дзеячоў i дазволілі ім утварыць свой орган улады - «Тарыбу» (раду). 11 снежня 1917 г. «Тарыбай» была абвешчана літоўская дзяржава ў цесным саюзе з Германіяй, а затым у сярэдзіне 1918 г. Літва была абвешчана манархіяй, каралём абралі нямецкага князя Вільгельма Ульрыха Віртэмбергскага. За такую прыхільнасць да немцаў Літва была ўзнагароджана далучэннем да яе беларускай Віленшчыны. Але, нягледзячы на гэта, у Вільні працягвалі сваю дзейнасць розныя беларускія нацыянальныя арганізацыі, бо літоўцы ў Вільні складалі менш як адзін працэнт насельніцтва горада. Летам 1917 г. у Вільні ўзнікла беларуская арганізацыя «Сувязь незалежнасці i непадзельнасці Беларусі». Яна дамагалася ўтварэння незалежнай беларускай дзяржавы i выступала як супраць канфедэрацыі Беларусі з Літвой, так i супраць аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі.

У сакавіку - красавіку 1917 г. значна актывізавалася дзейнасць беларускіх нацыянальна-вызваленчых арганізацый у Менску i іншых гарадах. 25-27 сакавіка 1917 г. у Менску адбыўся з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які выбраў Беларускі нацыянальны камітэт з 18 чалавек. Яму даручалася ў кантакце з часовым урадам Расіі правесці работу па арганізацыі «Беларускага краёвага ўраду».

15 снежня 1917 г. у Менску пачаў работу Усебеларускі з'езд. На ім прысутнічала 1915 дэлегатаў ад беларускіх губернскіх, павятовых, валасных земстваў, зямельных камітэтаў, гарадоў, салдатаў-беларусаў, прадстаўнікоў арміі i флоту. Ен пастанавіў стварыць орган улады - Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх i рабочых дэпутатаў, які часова i кіраваў Беларуссю. Але Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх i рабочых дэпутатаў не стаў кіраўнічым органам, бо сам Усебеларускі з'езд быў разагнаны загадам Абласнога выканаўчага камітэту Заходняй вобласці i фронту. Аднак з'езд паспеў выбраць Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езду, які пасля эвакуацыі Аблвыканкамзаха абвясціў аб утварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя БНР павінна была складацца з 9 ваяводстваў: Берасцейскага, Віленскага, Віцебскага, Менскага, Мсціслаўскага, Наваградскага, Полацкага, Смаленскага i Троцкага. Такім чынам, тэрыторыя БHP была вызначана згодна з прынцыпамі права нацый на самавызначэнне. У той час i савецкі ўрад, ускосна, прызнаў БНР, калі 29 жніўня 1918 г. Савет Народных Камісараў РСФСР выдаў дэкрэт аб ануляванні ўсіх актаў аб падзелах Рэчы Паспалітай i тым самым прызнаў правы польскага, беларускага, літоўскага народаў на свае дзяржавы, а праведзеныя ў XVIII ст. падзелы - страціўшымі сваю сілу. Гэты дэкрэт СНК РСФСР даў юрыдычную магчымасць дзяржавам Антанты прызнаць незалежнасць Польшчы, Літвы i Беларусі, але ў адносінах да Веларусі яны гэтага не зрабілі. У той час большасць яе тэрыторыі была акупавана немцамі i, згодна з Брэсцкім мірным дагаворам, аддавалася немцам. Але ўрад РСФСР не выключаў магчымасці прызнання БНР i ў лістападзе 1918 г. запрасіў аднаго з лідэраў ВНР А. Луцкевіча на перамовы ў Маскву. Аднак закончыліся яны безвынікова.

У той жа час, пасля ўстанаўлення савецкай улады ва ўсходняй частцы Беларусі, была ўтворана Заходняя вобласць. Яе тэрыторыя ў кастрычніку - снежні 1917 г. i студзені 1918 г. складалася з Віцебскай, Магілёўскай i неакупаваных частак Віленскай, Менскай губерняў. Пастановай Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта ад 23.12.1918 г. у склад Заходняй вобласці былі ўключаны губерні: Смаленская, Магілёўская, Віцебская, Менская i Гродзенская. А праз два дні ў Маскве было вырашана згадзіцца з прапановай беларусаў i ўтварыць Беларускую ССР. 25.12.1918 г. Сталін выклікаў да тэлеграфа старшыню Паўночна-Заходняга абласнога камітэту РКП(б) А. Мяснікова i меў з ім наступную гутарку:

«Сталін. ЦК партыі вырашыў у сувязі са шматлікімі меркаваннямі, аб якіх зараз гаварыць не выпадае, згадзіцца з беларускімі таварышамі на ўтварэнне Беларускага Савецкага ўраду. Пытанне гэтае вырашана i абмяркоўваць ужо не выпадае, неабходна толькі правесці некаторыя перамены ў канструкцыі Аблвыканкамзаха. Што вы можаце сказаць на гэтаі

МЯСНІКОЎ. Што да канструкцыі Аблвыканкамзаха, то тэхнічна гэта легка выканаць... Ці не можаце вы сказаць, пра якіх беларускіх таварышаў ідзе гаворка ў вашым паведамленніі

СТАЛІН. У сувязі з рашэннем ЦК, форму партыйнай i савецкай работы ў вашым краі давядзецца перарабіць на новы лад. Ковенская i Віленская губерні адыдуць да Літоўскага ўраду i адпаведнай партыйнай арганізацыі; Менская, Смаленская, Гродзенская губ. адыдуць да Беларускага ўраду i адпаведнай партыйнай арганізацыі».

З гэтай размовы відаць, што рашэнне аб утварэнні Беларускага Савецкага ўраду было прынята не ў Беларусі, а ў ЦК РКП(б), дзе i вырашалі лес тэрыторыі Беларускай рэспублікі ca сваіх палітычных меркаванняў, а не з інтарэсаў беларускага народа i яго права на сваю тэрыторыю, таму i Віленскую губерню аддалі Літве, хоць літоўцы ў ёй на той час складалі не больш як 15-18 працэнтаў насельніцтва, а ў самой Вільні менш за адзін працэнт.

27 снежня 1918 г. у Маскве Сталін правёў параду з Мясніковым i Калмановічам аб Беларусі, на якой акрэсліў тэрыторыю рэспублікі з пяці губерняў: Гродзенскай, Менскай, Магілёўскай, Віцебскай i Смаленскай, а таксама вызначыў склад ураду i паўнамоцтвы рэспублікі. У пункце 6 дырэктыў Наркамнаца было запісана, што правы ўраду Беларускай рэспублікі i Цэнтральнага бюро партыі застаюцца такімі ж, як ранейшага Абласнога камітэта i аддзелаў Аблвыканкамзаха. Гэта значыць, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка працягвала заставацца ў складзе РСФСР на правах абласной аўтаноміі.

Тэрыторыя рэспублікі, акрэсленая Народным камісарыятам па справах нацыянальнасцяў, была зацверджана 6-й паўночна-заходняй партыйнай канферэнцыяй, якая была перайменавана ў Першы з'езд Кампартыі Беларусі.

1 студзеня Часовы Рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі абвясціў аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а затым сваёй пастановай № 1 акрэсліў яе тэрыторыю з пяці губерняў: Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Менскай i Смаленскай.

Нацыянальна-вызваленчы рух i палітычнае змаганне беларускіх дзеячоў за ўтварэнне беларускай дзяржавы, адстойванне сваіх правоў на самавызначэнне далі магчымасць беларускаму народу ўтварыць у

1918 г. Беларускую Народную Рэспубліку, а затым ЦК РКП(б) вымушаны быў «згадзіцца з беларускімі таварышамі на ўтварэнне Беларускага Савецкага ўраду», які абвясціў аб утварэнні Беларускай ССР. Таму ўтварэнне рэспублікі не было гістарычнай выпадковасцю, не выклікалася «политическими агитационными мотивами» ці тактычнымі абставінамі, як пра гэта меркавалі А. Мяснікоў i В. Кнорын, не была рэспубліка i падарункам з чужых рук, як гэта падавалася некаторымі нашымі гісторыкамі, а з'яўлялася заканамерным гістарычным працэсам, які развіваўся над уплывам дзейнасці шырокіх народных мае.

Але гэты працэс не быў просталінейным, бо 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб перадачы губерняў Віцебскай, Смаленскай

Магілёўскай у склад РСФСР, а ў Беларускай ССР пакінуць толькі

губерні. Гэтая пастанова ЦК РКП(б) абмяркоўвалася на паседжанні Цэнтральнага бюро кампартыі Беларусі, удзельнікі якога прасілі ЦК РКП(б) перагледзець сваё рашэнне, але ім у гэтым было адмоўлена. А яшчэ праз два тыдні старшыня УЦВК Я. Свярдлоў паведаміў, што ЦК РКП(б) прыняў рашэнне зліць Беларускую i Літоўскую рэспублікі ў адну - Літоўска-Беларускую, тым самым Беларуская Савецкая Рэспубліка па загаду з Масквы падлягала ліквідацыі.

Абвешчаная ў лютым 1919 г. Літоўска-Беларуская рэспубліка была штучным утварэннем без уліку інтарэсаў як беларускага, так i літоўскага народаў. Утваралася яна на нашай тэрыторыі, але ў кіруючых органах рэспублікі не было ніводнага вядомага беларускага дзеяча, не выдаваліся беларускія газеты. Цэнтральнымі друкаванымі органамі кампартыі Літвы і Беларусі былі вызначаны: «Звезда» на рускай, «Млот» на польскай, «Камуністас» на літоўскай, «Штэрн» на яўрэйскай мовах.

Літоўска-Беларуская рэспубліка фактычна складалася толькі з беларускіх губерняў: Віленскай, Гродзенскай i Менскай, бо на тэрыторыі этнічнай Літвы ўлада належала Літоўскай «Тарыбе». У лютым - красавіку 1919 г. пачаўся шырокі наступ польскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі.

сакавіка яны захапілі Слонім, 16 сакавіка - Баранавічы, 17 красавіка - Ліду, 21 красавіка - Вільню. Урад Літоўска-Беларускай рэспублікі пераехаў у Менск. 13 ліпеня 1919 г. Сталін правёў у Менску нараду кіруючых работнікаў рэспублікі. Было прапанавана аб'явіць аб яе ліквідацыі. Хаця ў ЦК РКП(б) гэта было прызнана немэтазгодным, тым не менш, Савет абароны i іншыя рэспубліканскія дзяржаўныя ўстановы былі зліквідаваныя. У жніўні польскія войскі захапілі Менск i амаль усю тэрыторыю Літоўска-Беларускай рэспублікі.

Польшча, захапіўшы тэрыторыю Віленскай, Гродзенскай i Менскай губерняў i спасылаючыся на статыстычныя звесткі 1909 г., што палякаў тут у сярэднім каля 5,5. працэнта ад усяго насельніцтва, пачала інтэнсіўную прапагандысцкую кампанію аб далучэнні Беларусі да Польшчы. 22 красавіка 1919 г. Пілсудскі выдаў адозву да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага, у якой абяцаў ім вырашыць усе нацыянальныя i рэлігійныя пытанні так, як захоча само насельніцтва.

У снежні 1919 г. лінія фронту з Польшчай праходзіла каля Дрысы, Дзісны, Полацка, Барысава, Парычаў i далей на поўдзень па Дняпры. Урад РСФСР у студзені 1920 г. прапанаваў Польшчы заключыць мір, аддаўшы ёй большую частку Беларусі. 29 красавіка 1920 г. Ленін на з'ездзе рабочых шкло-фарфоравай прамысловасці гаварыў: «Вайна з Польшчай нам навязана, ніякіх задумак супраць незалежнасці Польшчы мы не маем, як не маем ix супраць незалежнасці Літвы i Беларусі».

У канцы 1919 г. урад РСФСР пачаў перамовы з Ковенскім урадам Літвы, з якім 19 лістапада 1919 г. быў падпісаны дагавор аб абмене заложнікамі. Тым самым Савецкі ўрад фактычна i юрыдычна прызнаў урад Літвы. 12 ліпеня 1920 г. урад РСФСР падпісаў з Літвой мірны дагавор, паводле якога значная частка беларускай тэрыторыі, занятай на той час палякамі, з гарадамі Гродна, Вільня, Маладзечна i іншымі, прызнавалася за Літвой. Гэты дагавор для Беларусі не меў i не мог мець ніякай юрыдычнай сілы, бо ён быў падпісаны іншымі дзяржавамі, насуперак міжнароднаму праву i прынцыпу «права нацый на самавызначэнне». Затым у сакавіку 1921 г. урад РСФСР падпісаў мірны дагавор з Польшчай. За ёй замацоўвалася права на тыя беларускія тэрыторыі, якія яна захапіла. На беларускіх землях былі ўтвораны 4 ваяводствы: Віленскае, Навагрудскае, Беластоцкае i Палескае, з цэнтрам у Брэсце. Мяжа з Польшчай разрэзала Беларусь на дзве часткі - заходнюю i ўсходнюю.

31 ліпеня 1920 г. у Менску была выдадзена Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, якая аднаўляла ўсе палажэнні, што былі выкладзены ў Маніфесце Часовага Рабоча-сялянскага ўраду Беларусі. Яе падпісалі: ад імя Кампартыі Літвы i Беларусі - Смілга, Кнорын, Чарвякоў; ад ЦК Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюзу Бунд - Вайнштэйн; ад ЦК Беларускай камуністычнай арганізацыі - Ігнатоўскі; ад ЦБ прафесійных саюзаў г. Менска i Менскай губ.- Крыніцкі. Тэрыторыя Беларускай ССР у 1920-1923 гг. складалася толькі з 6 паветаў былой Менскай губерні: Бабруйскага, Барысаўскага, Ігуменскага (цяпер Чэрвеньскі раён), Менскага, Мазырскага i Слуцкага, усяго 52 405 кв. км.

Пераход ад «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі ў 1921 г. садзейнічаў аднаўленню эканомікі i культуры, але ў сувязі з тым, што большасць беларускіх паветаў не ўваходзіла ў склад БССР, нельга было разлічваць на развіццё нацыянальнай культуры ўсяго народа. Таму ў 1923 г. савецкія i партыйныя органы рэспублікі выказалі жаданне вярнуць БССР паветы, у якіх большасць насельніцтва складалі беларусы. З гэтай мэтай паміж ЦВК РСФСР i ЦВК БССР было заключана пагадненне, на падставе якога 3 сакавіка 1924 г. ЦВК РСФСР выдаў дэкрэт аб перадачы Беларускай ССР 16 наступных паветаў: Аршанскага, Быхаўскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Горацкага, Дрысенскага, Клімавіцкага, Лепельскага, Магілёўскага, Мсціслаўскага, Полацкага, Рагачоўскага, Сенненскага, Суражскага, Чавускага, Чэрыкаўскага. У снежні 1926 г. Беларускай ССР былі вернуты яшчэ два паветы: Гомельскі i Рэчыцкі. У выніку гэтага тэрыторыя БССР павялічылася да 125 854 кв. км.

Другі этап уз'яднання беларускай тэрыторыі ў адной дзяржаве адбыўся Ў верасні 1939 г. Такім чынам, была ліквідавана драматычная для беларусаў несправядлівасць Рыжскага пагаднення 1920 г. Але i тут праявілася знявага да беларускага народа з боку Сталіна, які загадаў у кастрычніку 1939 г. адарваць ад Заходняй Беларусі яе палітычны i культурны цэнтр - горад Вільню, i большую частку Віленскага ваяводства i перадаць ix буржуазнай Літве. Некалькі паўднёвых валасцей Брэсцкага ваяводства былі перададзены Украіне. Палітычныя гульні Сталіна з Гітлерам працягваліся...

На тэрыторыі Заходняй Беларусі ў верасні i кастрычніку былі ўтвораны часовыя ўпраўленні абласцей, гарадоў i паветаў замест былых польскіх ваяводскіх, павятовых i гмінных устаноў. Яны ў кастрычніку арганізавалі выбары дэпутатаў у Народны (нацыянальны] сход Заходняй Беларусі, які на сваіх паседжаннях у Беластоку 28-30 кастрычніка 1939 г. паклаў пачатак юрыдычнаму замацаванню ўз'яднання Беларусі. Народны сход прыняў дэкларацыі: «Аб дзяржаўнай уладзе», «Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР», «Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель», «Аб нацыяналізацыі банкаў i буйной прамысловасці». 2 лістапада Вярхоўны Савет СССР сваёй пастановай задаволіў просьбу Народнага сходу Беларусі аб уключэнні яе ў Савецкі Саюз. 12-14 лістапада ў Менску нечарговая трэцяя сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР прыняла пастанову аб уз'яднанні Заходняй Беларусі з Беларускай ССР. Тым самым Заходняя Беларусь, але без Вільні i Віленскага краю, юрыдычна ўвайшла ў склад БССР. Але, нягледзячы на гэта, пасля анексіі Літоўскай рэспублікі Савецкім Саюзам у 1940 г. Сталін загадаў, дадаткова да Віленшчыны, перадаць Літве яшчэ частку беларускай тэрыторыі: Швянчонскі i Адуцішкаўскі раёны, частку Ашмянскага, Астравецкага, Свірскага i Пастаўскага раёнаў.

У выніку вераломнага нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў, а затым была акупавана немцамі. Яны падзялілі Беларусь на некалькі частак: Беласточчыну i Гродзеншчыну далучылі да Усходняй Прусіі i разлічвалі на гэтай тэрыторыі пасяліць нямецкіх каланістаў. Беларускае Палессе з Гомелем, Мазыром, Пінскам, Брэстам i іншымі гарадамі падпарадкавалі акупацыйным уладам на Украіне (рэйхскамісарыяту «Украіна»). Паўночназаходнюю частку, Ашмянскі i сумежныя раёны - генеральнаму камісарыяту Літвы. Усходняя частка Беларусі была падпарадкавана армейскаму тылу i толькі цэнтральная частка - генеральнаму камісарыяту «Беларутэнія».

З гэтага падзелу тэрыторыі Беларусі відаць, што гітлераўцы мелі намер знішчыць БССР, а беларускі народ ператварыць у рабоў. Толькі дзякуючы перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, Беларусь была выратавана ад знішчэння. Але тэрыторыя рэспублікі зноў паменшала. Паводле пагаднення паміж урадамі СССР i Польшчы 16 жніўня 1945 г. да апошняй адышлі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці i 3 раёны Брэсцкай. Пагадненне парушыла артыкул 16 Канстытуцыі Беларускай ССР, у якім было запісана, што «тэрыторыя БССР не можа мяняцца без згоды БССР». Таму з юрыдычнага боку гэтае пагадненне для Беларусі не мае абавязковай сілы, бо адбылося насуперак волі беларускага народа, без уліку прынцыпаў міжнароднага права.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX