Вярнуцца: Артыкулы

Караў Дзьмітры. Пачаткі Беларускага крыніцазнаўства


Аўтар: Караў Дзьмітры,
Дадана: 25-09-2013,
Крыніца: Караў Дзьмітры. Пачаткі Беларускага крыніцазнаўства // Спадчына №1-1994. С. 4-14.; №5-1994. С. 9-18.



ГІСТАРЫЯГРАФІЯ - ПАЛІТЫЧНАЯ ЗБРОЯ

Ужо ў момант інкарпарацыі беларускіх земляў у склад імпэрыі расейскія дзеячы ўсьведамілі неабходнасьць вывучаць i зьбіраць крыніцы з гісторыі Беларусі.

Выдатна разумеючы каштоўнасьць гістарычных дакумантаў як зброі ў палітычнай ды ідэалягічнай барацьбе, кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства імпэрыі Мікіта Панін перад першым разборам Рэчы Паспалітай уставіў у свой «Проект плана относительно образа действий трех уполномоченных министров в Польше» пункт пяты: «Паўнамоцныя міністры (паслы Аўстрыі, Прусіі, Расеі. - Дз. К.) хадайнічаюць, каб ім былі выдадзеныя з усіх архіваў дакуманты й паперы, якія належаць саступленым ім абшарам».

У сувязі з разборамі Рэчы Паспалітай на замову Кацярыны II у 70-я - пач. 90-х гг. ХУІІІ ст. з архіўным матзрыялам працаваў вядомы расейскі дваранскі гісторык i археограф, кіраўнік Маскоўскага архіву Калегіі Замежных Справаў Мікалай Бантыш-Каменскі (1737- 1814). Гісторык падрыхтаваў шэраг фундамантальных зборнікаў «для службовага карыстаньня» ўраду. У 1780-1784 гг. было зьдзейсьнена пяцітамовае «Дипломатическое собрание дел между русским и польским дворами». У 1794 г. Імпэратрыца праз обэр-пракурора сыноду графа А. Мусіна-Пушкіна прапанавала гісторыку прыслаць ёй зьвесткі пра «вуніятаў польскіх». Праца гэтая, апэратыўна падрыхтаваная да жніўня 1794 г., была ўважліва прачытаная i ўхваленая, але толькі праз 10 год пасьля сьмерці царыцы наступіў «найвышэйшы дазвол» на выданьне працы Бантыш-Каменскага з гісторыі вуніі з наданьнем брылянтавага пярсьцёнка ад імпэратара.

НЕПАДАТНЫ КРАЙ

Апошняя чвэрць ХVІІІ - пач. XIX ст. былі для расейскага навуковага сьвету пэрыядам першага знаёмства зь Беларусьсю. Нездарма расейскія навуковыя выправы сюды (Івана Ляпёхіна ў 1773 г., Васіля Севергіна ў 1802 г.) мелі пераважна азнаямленчы прыродазнаўчы характар. Між тым беларуская зямля перахоўвала ў сваіх бібліятэках, дзяржаўных і прыватных архівах ды зборах рукапісаў найбагацейшыя крыніцы, якія дазвалялі ўкласьці поўнамаштабную карціну бурлівай i драматычнай гісторыі краіны. У Беларусі яшчэ зь сярэднявечча сьведама калекцыянавалі помнікі матэрыяльнае культуры й гістарычнае дакумантацыі прадстаўнікі знаных магнацкіх радзінаў - Радзівілы ў Нясьвіжы (які ўжо ў ХVІІІ ст. стаў найважнейшым сховішчам дакумантаў Вялікага Княства Літоўскага), Сапегі ў Дзярэчыне, Храптовічы ў Шчорсах, Тышкевічы ў Лагойску ды іншыя. Шмат хто зь ix меў сваіх «прыватных» гістарыёграфаў.

Аднак чужаніцу сюды дапушчалі неахвотна, а сваіх надзейных людзей з тутэйшай шляхоцкай інтэлігенцыі, здольных правесьці буйнамаштабныя гістарычныя росшукі ў «патрэбным» духу, расейскі ўрад у ХVІІІ ст. ня меў.

Царызм у канцы ХVІІІ - пач. XIX ст. ня змог стварыць пераканаўчай ці прынамсі праўдападобнай вэрсіі гістарычнае мінуўшчыны «губерний, от Польши отошедших». Не валодаў ён і дзейснымі сродкамi пераарыентацыі масавай шляхоцкай сьведамасьці. Фармаваньне гістарычнай самасьведамасьці насельніцтва Беларусі (ва ўсякім разе, адукаваных пластоў грамадзтва) аддавалася ў рукі носьбітам шляхоцкай ідэалёгіі былой Рэчы Паспалітай.

Напрыканцы ХVІІІ ст. прэстыж гісторыі як навукі i сродку ўзгадаваньня маладога пакаленьня ў шырокіх пластох беларускай шляхоцкай інтэлігенцыі значна ўзрос. Як уяўляла апошняя, гісторыя мела слугаваць барацьбе ,за захаваньне нацыянальнае культуры, ейных традыцыяў, адметнасьці. Таму інтэлігенцыя Беларусі й Літвы (у абліччы розных ейных сацыяльных групаў: магнаты, шляхта, частка мяшчанства) аказалася вельмі ўспрымальнаю да гістарычнае праблематыкі ды гістарычных дасьледаваньняў. Захаваньне рэштак мінуўшчыны, пошук, збор, апісаньне, публікацыю крыніцаў трактавалі i як абавязак перад Бацькаўшчынай, i як свайго кшталту настальгічную «моду», i як сродак услаўленьня ўласнага роду. Урэшце, у першай трэці XIX ст. гэта прывяло калі не да крыніцазнаўчага, дык прынамсі да «крыніцавага» буму. Попыт спараджаў прапанову, а шырока распаўсюджанае ў Беларусі прыватнае калекцыянаваньне вымагала асэнсаванага, крытычнага падыходу да вывучэньня й ацэнак пісьмовых сьведчаньняў сівой даўніны.

ВІЛЕНСКІ ЎНІВЭРСЫТЭТ

У вывучэньні гісторыі нашай краіны почасту былі піянэрамі вучоныя й гадаванцы Віленскага ўнівэрсытэту. Сярод галоўных натхняльнікаў пошуку, несумненна, належыць назваць Яўхіма Лялевеля, Ігната Даніловіча, Язэпа Ярашэвіча, Ігната Анацэвіча, Івана Лабойку - найбольш аўтарытэтных знаўцаў гісторыі ды помнікаў краіны.

Працуючы ў Вільні на пасадзе прафэсара, Я. Лялевель выдае свой вядомы курс крыніцазнаўства й дапаможных гістарычных дысцыплінаў («Навукі, што дапамагаюць вывучаць гістарычныя крыніцы»), распрацоўвае й чытае курсы мэтадалёгіі гісторыі ды гістарыяграфіі.

Лабойку, Лялевеля й Даніловіча лучылі глыбокае зацікаўленьне гістарычнаю навукай i пляны супольнай публікацыі крыніцаў да гісторыі ВКЛ. Увесну 1824 г. яны разам зь Міхалам Баброўскім i Анацэвічам зьбіраліся выдаць «Валынскі летапісец».

«Ловы» гістарычных крыніцаў, жаданьне ператварыць Віленскі ўнівэрсытэт у асяродак збору пісьмовых рарытэтаў з гісторыі захапілі нават рэктара - матэматыка й прыродазнаўцу Яна Сьнядэцкага. Ен сьцягваў ва ўнівэрсытэцкую бібліятэку рукапісы са збораў (тэк) Мацея Догеля, Яна Альбэртрандзі, копіі дакумантаў зь бібліятэкі графаў Залускіх. Па сьмерці заснавальніка , знакамітага Крамянецкага ліцэю, знанага асьветніка й гісторыка Тадэвуша Чацкага Сьнядэцкі энэргічна дамагаўся набыцьця для бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту найбагацейшага збору кніг i рукапісаў з радзіннага маёнтку Чацкага ў Парыцку.

Ігнат Даніловіч

Першы дасьледнік беларуска-літоўскага летапісаньня I. Даніловіч быў энэргічным i ўдачлівым археографам, адным з заснавальнікаў беларускага крыніцазнаўства. Яшчэ студэнтам, вывучаючы права, Даніловіч сур'ёзна цікавіўся пісьмовымі помнікамі. У той час у Вільні стварыўся гурток моладзі (з сыноў уніяцкіх сьвятароў), якая добра ведала царкоўнаславянскую й беларускую мовы. Гэта былі Міхал Баброўскі, Антон Марціноўскі, Ігнат Анацэвіч, П. Сасноўскі ды іншыя, у якіх Даніловіч прабудзіў смак да пошуку даўнейшых стараславянскіх кніг i рукапісаў.

А калі пры ўнівэрсытэце была створаная Галоўная духоўная сэмінарыя (1816 г.), што дала краіне колькі добра падрыхтаваных у тым i ў навуцы, маладых уніяцкіх сьвятароў, - пошук славянскіх рукапісаў пашырыўся на разьлеглыя абшары Беларусі й Літвы, стаў набываць характар сыстэматычных археаграфічных экспэдыцыяў. Відаць, тут i належыць шукаць прычыну багацьця збораў Даніловіча да пач. 40-х гг. Актыўна дапамагалі яму ў пошуку як беларускія й польскія (Яўхім Лялевель, Ежы Бантке, Міхал Баброўскі, гэтак i расейскія вучоныя ды зьбіральнікі (граф Мікалай Румянцаў, Васіль Анастасевіч).

Велізарныя зборы рукапісаў, набытыя падчас працы ва ўнівэрсытэце (да 1824 г.). Даніловіч умела клясыфікаваў i крытычна разьбіраў. Слава пра яго як археографа й крыніцазнаўцу пайшла шырока, i ва ўнівэрсытэцкіх Кіеве, Харкаве, Маскве, Пецярбурзе яму былі лёгка даступныя многія архівы, зборы, музэі, дзяржаўныя бібліятэкі. У бібліятэцы графа Румянцава Даніловіч адшукаў Судзебнік Казіміра IV (выдадзены ў 1826 г.), а ў Супрасьлеўскім манастыры - выдатны помнік беларуска-літоўскага летапісаньня - г. зв. Супрасьлеўскі летапіс. На даручэньне Міхаіла Сьпяранскага Даніловіч надалей шукаў i вывучаў актавыя крыніцы ВКЛ падчас выкладаньня ў Кіеўскім унівэрсытэце. У 1840 г. ён паведамляў з Масквы вядомаму віленскаму выдаўцу Язэпу Завадзкаму, што рыхтуе вялікі дакумантальны зборнік (к. 2500 крыніцаў). Аднак хвароба й сьмерць перашкодзілі вучонаму скончыць задуманую i практычна ўжо завершаную справу. Рукапісы ягоныя набыў i выдаў Віленскі Музэй Старажытнасьцяў. Пры ўсіх пэрыпэтыях лёсу Даніловіч, паводле сучасьнікаў, заставаўся «патрыётам-ліцьвінам», які жадаў адрадзіць да жыцьця мову Статута 1588 г.

Ігнат Анацэвіч

Гістарычную навуку Беларусі й Літвы ў 20-я - пач. 30-х гг. нельга ўявіць бязь дзейнасьці ад'юнкта, а потым прафэсара статыстыкі Віленскага ўнівэрсытэту Ігната Жаготы Анацэвіча (1780-1845). Сын уніяцкага параха з Гарадзеншчыны, гадунец, а потым выкладчык унівэрсытэту, Анацэвіч быў вядомы сучасьнікам як выдатны археограф, крыніцазнаўца, архівіст. Ен адным зь першых заняўся апісаньнем краіны з гістарычна-тапаграфічнага гледзішча. Сабраў надзвычай багатыя калекцыі дзякуючы працы ў сховах Караляўца, Польшчы, Беларусі, Літвы й Расеі. Практычна штолета ён выпраўляўся ў адмысловыя археаграфічныя паездкі па беларускіх i літоўскіх губэрнях, праглядаючы ўсе напатканыя дзяржаўныя й прыватныя бібліятэкі ды архівы. Інфармацыю пра экспэдыцыі публікавалі вядучыя расейскія часопісы «Северная Пчела», «Северный Архив», «Вестник Европы». Добра вядомы вучоным Беларусі, Літвы, Расеі, Польшчы, Анацэвіч ліставаўся з гр. Румянцевым, П. Кепэнам, Я. Лялевелем, Т. Чацкім, Ч. Дмахоўскім, М. Балінскім.

Плён пакаленьня гісторыкаў, якія працавалі ў мурох унівэрсытэту ў 10-х - пач. 30-х гг., надзвычайна паўплываў на далейшае фармаваньне беларускай гістарыяграфіі. Яны заклалі падмурак крытычнага вывучэньня гісторыі ВКЛ ды ейных дакумантальных помнікаў, увялі ў навуковае абарачэньне велізарныя, дагэтуль невядомыя пласты гістарычнай інфармацыі, узгадавалі пляяду гісторыкаў i пісьменьнікаў, якія адыгралі галоўную ролю ў вывучэньні гісторыі ВКЛ, фармаваньні гістарычнае самасьвядомасьці інтэлігенцыі Беларусі й Літвы (М. Балінскі, А. Марціноўскі, М. Маліноўскі, А. Кіркор, А. Здановіч, А. i Л. Ходзькі, браты К. i Я. Тышкевічы ды інш.). Магутны імпульс, дадзены гісторыкамі Віленскага ўнівэрсытэту, адбіўся ў 40-я - пач. 50-х гг. на разьвіцьці гістарычнай журналістыкі Беларусі й Літвы, якая пасьля разгрому ўнівэрсытэту ў 1832 г. пераняла ягоную місію фармаваньня гістарычнае веды й самасьведамасьці насельнікаў краіны ва ўмовах рэпрэсіўнага мікалаеўскага рэжыму.

ГІСТОРЫКІ ЎСХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

I ўсё ж у першай трэці ХІХ ст. Вільня не была адзіным асяродкам гістарычнае навукі Беларусі. Ва ўсходняй частцы краіны шукалі й вывучалі гістарычныя крыніцы аматары даўніны й вучоныя, што жылі ў Гомелі й Полацку. Вялікую ролю ў заахвочваньні дасьледніцкай працы адыграў знаны дзяржаўны дзеяч Расеі граф Мікалай Румянцаў, апякун i арганізатар навуковых росшукаў. Жывучы пасьля адстаўкі ў радзінным маёнтку ў Гомелі, ён з дапамогаю беларускіх сяброў свае «вучонае дружыны» разгарнуў энэргічныя пошукі славянскіх рукапісаў i прадметаў «заходнерускай» даўніны. У гэтых мясцьцінах яшчэ ў 1814- 1817 гг. выконваў навуковыя - археалягічныя ды археаграфічныя - даручэньні Румянцава будучы міністар фінансаў Ягор Канкрын.

Іван Грыгаровіч

Адным з найбліжэйшых супрацоўнікаў Румянцава стаў пачынальнік беларускай археаграфіі Іван Грыгаровіч (1792-1852).

Ужо першае ягонае знаёмства з архівамі гарадоў Усходняй Беларусі аказалася пасьпяховым. Знойдзеныя матэрыялы сталі ядром задуманай трохтамовай дакумантальнай публікацыі. Прац над ёй Грыгаровіч вёў пры пастаяннай падтрымцы гр. Румянцава. Першая частка выданьня пад назваю «Белорусский архив древних грамот» пабачыла сьвет у Маскве ў 1824 г. Гэта было археаграфічнае выданьне, дзе дакуманты тычыліся толькі Беларусі. Калі першая частка з 57 актамі была ўкамплектаваная дакумантамі, знойдзенымі самім Грыгаровічам, дык для дзьвюх наступных матярыялы шукалі й прысылалі новыя беларускія супрацоўнікі графа - архіварыюс Полацкай грэка-ўніяцкай кансысторыі Кунцэвіч, полацкі архімандрыт I. Шулякевіч, перакладчык магілеўскага магістрацкага суда М. Гаратынскі (Гартынскі), наглядчык полацкіх павятовых вучэльняў А. Дарашкевіч (Дарашэнка) ды інш.

На жаль, працягнуць выкананую на высокім археаграфічным узроўні публікацыю не ўдалося. Другая частка «Беларускага архіву» засталася ў рукапісе. Спробы Грыгаровіча пасьля сьмерці графа Румянцава зацікавіць выданьнем працягу мітрапаліта Балхавіцінава, Акадэмію навук, прадаць права публікацыі ці сабраць грошы праз падпіску скончыліся нічым.

Пры ўсёй несумленнай станоўчасьці публікацыя «Беларускага архіву» мела выразна бачны ідэалягічны характар. Яна выяўляла, на думку Грыгаровіча, «дух папізму» i ўціск ад яго, які давялося цярпець праваслаўным у Беларусі.

У першай трэці XIX ст. інтарэсам да гісторыі, да помнікаў айчыннай даўніны былі ахопленыя розныя групы інтэлігенцыі Беларусі. Прадстаўнікі арыстакратыі браты К. i Я. Тышкевічы ды граф А. Плятар, абшарнікі Л. Корсак, В. Орда, Я. Юндзіл, В. Пуслоўскі, службоўцы Я. Юшневіч, I. Кулакоўскі, выкладчыкі I. Рашкоўскі, Я. Хандзінскі, дактары Ф. Гарбацэвіч, К. Вольфганг, сьвятары М. Баброўскі, П. Сасноўскі, архімандрыт Калажанскага манастыра Ігнаці ды, урэшце, вядомыя літаратары - А. Міцкевіч, Т. Зан, Я. Чачот, Ю. Нямцэвіч - усе яны сваёю зьбіральніцкаю ды публіцыстычнаю дзейнасьцяй утваралі спрыяльнае «пажыўнае асяродзьдзе», на якім у першае трыццацігодзьдзе XIX ст. хутка расла маладая беларуская гістарыяграфія.

ПАСЬЛЯ ПАЎСТАНЬНЯ

30-я -50-я гг. XIX ст. - асаблівы пэрыяд у разьвіцьці беларускай культуры. Задушэньне паўстаньня 1831 г. радыкальна зьмяніла ўрадавую палітыку ў рэгіёне. Урад зрабіў стаўку на мэтанакіраваную русыфікацыю нядаўна «от Польши отошедших» губэрняў, намагаўся зьнішчыць усё, што магло б нагадваць пра Беларусь i Літву як асаблівыя нацыянальныя раёны з сваімі гістарычнымі, культурна-пабытовымі й нацыянальнымі асаблівасьцямі.

Найбольш праніклівыя чыноўнікі ўрадавай адміністрацыі ў Пецярбурзе i ў нашым краі разумелі: аднымі рэпрэсіямі зьмяніць грамадзка-палітычны клімат тут немагчыма. Патрабавалася і канструктыўная праграма, якая б хоць крыху нэўтралізавала «польскі» ўплыў сярод адукаванага грамадзтва Беларусі. Без канкрэтнай інфармацыі пра гістарычную мінуўшчыну «неблагонадежных» губэрняў не было як разбірацца ў сучасным іхным стане. Таму ў 30-я - 60 гг. урадавыя ўстановы краю заняліся зборам i канцэнтрацыяй архіўных матэрыялаў. Патрэбы прапаганды вымушалі публікаваць гістарычныя дакуманты дзеля даказваньня «исконно русского и православного» характару насельніцтва краю ды законнасьці ягонага далучэньня да імпэрыі. На гэта спатрэбіліся спэцыяльныя ўстановы й кадры службоўцаў.

Такімі ў Беларусі сталі створаныя ў канцы 30-х гг. губэрнскія статыстычныя камітэты. Мэта іхнае дзейнасьці - збор зьвестак пра мінуўшчыну й сучасны стан гаспадаркі, насельніцтва і гістарычна-пабытовыя рысы заходніх губэрняў. Супрацоўнікі камітэтаў вызначалі праграмы выдаваных з 1838 г. пры губэрнскіх управах «Губернских ведомостей», а з канца 40-х гг. ХІХ ст. - «Памятных книжек губернии». У неафіцыйнай частцы выданьняў часьцяком публікаваліся гістарычна-краязнаўчыя нарысы, нататкі, гістарычныя дакуманты. Пры ўсёй сваёй праўрадавай скіраванасьці гэтая пэрыёдыка аж да пачатку 80-х гг. усё ж мела значэньне дзеля абуджэньня інтарэсу да гісторыі Беларусі.

Прыкметна большую ўвагу да гісторыі «Западной Руси» стала праяўляць i афіцыйная расейская гістарыяграфія. На замову Сіноду ўзяўся ўкладаць гісторыю беларускай i ўкраінскай царкоўных іерархіяў I. Грыгаровіч. Наступнік археаграфічнай справы М. Румянцава М. Строеў вылучыў грандыёзную праграму археаграфічнага абсьледаваньня сховішчаў Імпэрыі ды адну з трох заплянаваных экспэдыцыяў вырашыў накіраваць у Беларусь i Ўкраіну. Пецярбурская Археаграфічная камісія, створаная ў 1834 г., пры спрыяньні ўраду начала шырока публікаваць матэрыялы з гісторыі Беларусі. Пяцітамовая публікацыя «Актов Западной России», падрыхтаваная з чынным удзелам I. Грыгаровіча, 15 тамоў «Актов, относящихся к истории Южной и Западной России», асобныя разьдзелы з гісторыі «Западной Руси» ў працах прыдворнага гістарыёграфа Мікалая Устралава, - усё гэта закладала дакумантальную й гістарыяграфічную аснову вялікадзяржаўна-манархічнай вэрсіі гісторыі Беларусі, вызначала ейнае разьвіцьцё на доўгія гады ўперад.

Актыўна зацікавілася нядаўна інкарпараваным краем i ваеннае ведамства Расеі. Спэцыялістыя Генэральнага штабу расейскай арміі з 1837 па 1854 г. праводзілі статыстычныя «росшукі», якія тройчы выдаваліся абмежаваным накладам i выключна «для службовага карыстаньня». Пасьля ганебнай для царызму паразы ў Крымскай вайне Ваеннае міністэрства вырашыла сабраць праз афіцэраў Генэральнага штабу як найбольш поўныя зьвесткі пра заходнія губэрні імпэрыі. З 1859 г. адмыслова прызначаныя афіцэры, шмат хто - урадзімцы заходніх раёнаў, распачалі працу.

З 1861 г. пачалі выходзіць гістарычна-статыстычныя апісаньні заходніх губэрняў, падрыхтаваныя афіцэрамі Генэральнага штабу: Віленскай губ. - А. Карэвы, Гарадзенскай - П. Баброўскага, Менскай - I. Зяленскага. Сабраныя багатыя матэрыялы былі неаднолькавыя паводле гістарычнай i крыніцазнаўчай каштоўнасьці, бо ўкладальнікі апісаньняў грунтавалі ix на разнастайных i не заўжды пэўных крыніцах (г. зн. ня толькі на афіцыйных дакумантах, але на паведамленьнях старажылаў, мясцовых легендах i г. д.). Да таго ж гістарыяграфічная вэрсія мінуўшчыны Беларусі ў памянёных выданьнях абапіралася на палітычныя ўстаноўкі ўраду. Аднак працы гэтыя ўтрымлівалі i шмат каштоўнага, сьвежага матэрыялу, здабытага з радзінных, прыватных архіваў i калекцыяў дзякуючы сваяцкім i сяброўскім сувязям афіцэраў - урадзімцаў беларускіх губэрняў, з шляхтаю.

Галоўнаю задачай публікацыі дакумантаў, выдадзеных зь ініцыятывы ўрадавых установаў i кіроўных асобаў краю ў 40-я гг. XIX ст., было давесьці, што ў мінуўшчыне Беларусь i Літва - землі «исконно русские» i праваслаўныя i што розьніцы між імі ды Расеяй ніколі не было. Выдаўцы непасрэдна ці ўскосна вялі палеміку з польскімі нацыяналістычна настроенымі дзеячамі, якія імкнуліся сьцьвердзіць процілеглую крайнасьць: маўляў, уся мінуўшчына Вялікага Княства Літоўскага цалкам вытлумачваецца й абумоўленая Польшчаю. Інтарэсы народаў, што насялялі Вялікае Княства, ня толькі ня ўлічваліся, але, больш таго, наўмысна ігнараваліся. Прыклад такога падыходу - выдадзенае ў 1843 г. «Собрание древних грамот городов: Вильно, Ковно, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам».

Блізкім да гэтай публікацыі па мэтах, характары й нізкай якасьці археаграфічнай апрацоўкі стала выдадзенае зь ініцыятывы А. Сямёнава (на той час менскага цывільнага губарнатараі у 1848 г. «Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам».

ПАРАДКАВАНЬНЕ ДЗЯРЖАЎНЫХ АРХІВАЎ

Неабходнасьць рыхтаваць гістарычна-статыстычныя й прапагандыскія матэрыялы, патрэбы штодзённага кіраваньня вымушалі адміністрацыю краю заняцца ўпарадкаваньнем велізарнага архіўнага фонду Беларусі й Літвы: разборам i апісаньнем дакумантальных багацьцяў, раскіданых у сотнях дзяржаўных, манастырскіх i прыватных сховішчаў. Канцэнтраваліся архіўныя дакуманты ў адмыслова створаных у 1852 г. дзяржаўных установах - Віленскім i Віцебскім цэнтральных архівах старадаўніх актавых кніг. Працу паскарала неабходнасць змагацца зь неверагоднага маштабу злоўжываньнямі ў архіўнай гаспадарцы заходніх губэрняў, зьвязанымі са справамі пра вызначэньне шляхоцкай годнасьці.

Над гэтаю праблемай давялося задумацца ўжо ў 30-я гг., калі многія прыватныя архівы, бібліятэкі й сховішчы рукапісаў шэрагу каталіцкіх i ўніяцкіх манастыроў Беларусі апынуліся «без гаспадароў», рэпрэсаваных. пасьля паўстаньня 1831 г. У 1837 г. у Археаграфічную камісію на загад гарадзенскага цывільнага губарнатара даставілі старадаўнія дакуманты XIII-XVIII стст. «на рускай, польскай, лацінскай i францускай мовах», забраныя з канфіскаванага маёнтку Сапегаў Дзярэчына. Найбагацейшая гістарычная бібліятэка й калекцыя рукапісаў Віленскага ўнівэрсытэту пасьля ягонага разгрому ў 1832 г. былі перададзеныя Кіеўскаму й Харкаўскаму ўнівэрсытэтам. Шмат якія багатыя архівы перахоўваліся ў прыватных руках, у апазыцыйных царызму арыстакратаў: у кн. Любецкіх у Шчучыне, у гр. Плятараў у Краслаўлі, у гр. Тышкевічаў у Лагойску, у гр. Храптовіча ў Шчорсах, у кн. Радзівілаў у Нясьвіжы, у кн. Вішнявецкіх у Брагіне.

Быць жвавейшымі ўрадавых чыноўнікаў вымушала i бурлівая дзейнасьць тутэйшых умёльцаў у галіне «гістарычнага дакумантазнаўства», якія ўжо з XVIII ст. мелі майстарні, дзе падробка архіўных крыніцаў пра землеўладаньне й шляхоцкае паходжаньне замоўцаў была пастаўленая на шырокую нагу. Дзякуючы шмат у чым творчай працы гэтых знаўцаў старадаўняга беларускага справаводзтва, у заходніх губэрнях на 1861 г. налічвалася да 400 000 шляхцічаў (зь іx толькі 16,5 тыс., г. зн. 4 %, валодалі рэальнай зямельнай уласнасьцяй). Нават перагляд у 1851 г. дакумантаў афіцыйных установаў асабліваю камісіяй, прызначанай да зaснаваньня Віленскага й Віцебскага цэнтральных архіваў, не ўратаваў тыя дакуманты ад уставак і падробак.

Будучае галоўнае сховішча Беларусі й Літвы - Віленскі цэтральны архіў (ВЦА) - пачаў камплектаваньне з канца 30-х гг. Да першаасновы ВЦА - архіву Галоўнага Трыбуналу Літоўскага - у 1837 г. дадалі матэрыялы менскіх кадэнцыяў Трыбуналу ды архіў Скарбовага Трыбуналу ВКЛ, а ў 1840 г. комплекс справаў Троцкага архіву. З 1852 г. пасьля ўказу аб стварэньні ВЦА, у ягоныя сховішчы пачалі паступаць матэрыялы Віленскай, Гарадзенскай, Менскай і Ковенскай губэрняў (дакуманты да 1799 г.). Вільня сталася галоўным цэнтрам захаваньня й публікацыі крыніцаў да гісторыі ВКЛ.

АРХЕАЛЯГІЧНАЯ КАМІСІЯ ТЫШКЕВІЧА

Дзеля навуковай апрацоўкі й публікацыі гістарычных крыніцаў у 1855 г. у Вільні засноўваецца Археалягічная камісія пад апекаю цесарэвіча, будучага цара Аляксандра II. Старшынём камісіі стаў вядомы знаўца й дасьледнік тутэйшых старажытнасьцяў граф Яўстахі Тышкевіч, які ахвяраваў створанаму пры камісіі музэю сваю багатую калекцыю кніг, рукапісаў і прадметаў старасьвецкага побыту. Сябры - заснавальнікі Археалягічнай камісіі вызначылі шырокую праграму вывучэння даўніны «Западного края». Галоўныя мэты былі: укласьці збор старадаўніх кніг, актаў, рукапісаў, манэтаў, артыкулаў, медаліў, зброі, карцінаў, што маюць дачыненьне да гісторыі Беларусі й Літвы; спрыяць захаваньню помнікаў даўніны на тэрыторыі краю; даць магчымасьць карыстацца сабранымі матэрыяламі дасьледнікам, якія цікавяцца ня толькі гісторыяй краю, але й ягоным сучасным эканамічным станам. Шырыня праграмы вынікала з надзеі адрадзіць на аснове камісіі ўнівэрсытэтскі цэнтар навукі й адукацыі Літвы й Беларусі. Камісія скарыстала права патрабаваць гістарычныя акты й рукапісы скасаваных каталіцкіх кляштараў і актыўна занялася камплектаваньнем калекцыяў. Ужо да 1860 г. яна мала бібліятэку ў 15 000 тамоў, нумізматычную калекцыю ў 4 700 экзэмпляраў, аддзел бюстаў, карцінную галерэю, збор больш як 500 старадаўніх рукапісаў, актаў і аўтографаў, значную археалягічную калекцыю (3 412 прадметаў).

Камісія далучала да сваёй дзейнасьці лепшыя сілы мясцовых гісторыкаў i аматараў старасьвеччыны: Т. Нарбута, А. Кіркора, М. Маліноўскага, Ю. Крашэўскага. Някепска ішла публікатарская дзейнасьць: з 1858 г. выходзілі «Записки», у гэтым жа годзе на вькокім археаграфічным узроўні было выдадзена «Собрание государственных и частных актов, касающихся Литвы и соединенных с нею владений (1387- 1710 гг.)», а ў 1860-1862 гг. камісія апублікавала «Skarbiec diplomatów papiezkich, cesarskich, królewskich, książęcych; uchwał narodowych, postanowień różnych władz i urzędów posługujących krytycznego wyjaśnienia dziejów Litwy, Rusi Litewskiej i óściennych im krajów» Даніловіча. Царская адміністрацыя скоса пазірала на дзейнасьць камісіі, відавочна й небеспадстаўна ўглядаючы ў ёй гняздо «польскага й літоўскага» сэпаратызму.

Розныя былі матывы звароту да мінуўшчыны. Далёка не заўсёды гэта было прызнаньннем самастойнага лёсу беларусаў, але бясспрэчна, што i ў польскім, i ў расейскім грамадзтве ўзмацняўся інтарэс да абуджэньня духоўнага жыцьця гэтага народу. Вострая пaлітычная ды ідэйная барацьба вакол беларускага пытаньня ў 30-я - пач. 60-х гг. адбілася ў гістарыяграфічных кантравэрзах прадстаўнікоў абедзьвюх крайнасьцяў - нацыяналістычнай польскай i вялікадзяржаўна-манархічнай расейскай. Да пачатку 60-х гг. яна набыла, магчыма, нечаканы для ix вынік: вылучэньне гісторыі Беларусі як суб'екту дасьледаваньня.

Найбольш актыўнаму ядру шляхэцкай інтэлігенцыі «Паўночна-Заходняга краю» ўдалося i ў суровую пару мікалаеўскага рэжыму стварыць дзейсную форму захаваньня сацыяльнае памяці пра былую палітычную самастойнасьць i культурна-гістарычныя традыцыі рэгіёну. Ею стала журналістыка.

Вакол віленскіх часопісаў другой паловы 30-х - 50-x гг. XIX ст. i Віленскай археалягічнай камісіі сфармавалася група тутэйшых дасьледнікаў беларускай і літоўскай даўніны - пісьменьнікі, выдаўцы, гісторыкі, этнографы, археолягі, фальклярысты. У гэтым асяродзьдзі сфармаваліся дзьве канцэпцыі гістарычнай мінуўшчыны краю: адна - «польская», другая - «ліцьвіноў-патрыётаў» (Я. Ярашэвіч, Т. Нарбут, А. Кіркор). Яны шмат у чым розна трактавалі нацыянальную й палітычную мінуўшчыну Беларусі, розна бачылі будучыню краю, але кепска хаванай апазыцыйнасьці царызму ды шляхоцкай прыродзе поглядаў на гісторыю былі блізкія.

Пры такім падыходзе, натуральна, звужалася кола крыніцаў, што клаліся ў аснову віленскіх часопісных публікацыяў. Як правіла, гэта былі крыніцы апавядальнага характеру.

I ўсё ж менавіта крыніцазнаўчы й археаграфічны кірунак віленскіх часопісаў i публікацыяў пасьлярэформавай пары даў найбольш важкія для гістарычнае навукі вынікі. Пры ўсёй нераўназначнасьці публікаваных матарыялаў, яны стваралі крыніцавую базу дзеля пастаноўкі вельмі важных праблемаў гістарычнага разьвіцьця ВКЛ i Беларусі. Гэта - этнагенэз беларускага й літоўскага народаў, шляхі й прычыны ствараньня дзяржаўнасьці на беларуска-літоўскіх землях, зьнешнія ўнутрыпалітычныя чыньнікі ў дзяржаўным разьвіцьці ВКЛ, канфэсійныя дачыненьні ды іхная роля ў лёсах Княства й Рзчы Паспалітае ды інш. Былі напісаныя першыя агляды з сыстэматычным выкладам гісторыі Беларусі й Літвы. Гэтую багатую фактамі й думкамі спадчыну актыўна выкарыстоўвалі гісторыкі лібэральнага й дэмакратычнага кірункаў, калі іншыя ўмовы далі магчымасьць вылучаць новыя канцэпцыі мінуўшчыны Беларусі.

II. ПАСЬЛЯ ПАЎСТАНЬНЯ

НОВАЕ «АДКРЫЦЬЦЕ» БЕЛАРУСІ

Крывавыя падзеі паўстаньня 1863- 1864 гг. i ягонае «усмирение» адгукаліся магутным сацыяльна-палітычным рэзанансам у грамадзкім жыцьці Расеі на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Увага «ўрадавай» Расеі ды адукаванага грамадзтва зноў сканцэнтравалася на заходніх губэрнях. Гэтыя падзеі прымусілі шмат каго з публіцыстаў, грамадзкіх i дзяржаўных дзеячоў, навукоўцаў Расеі «адкрыць» для сябе Беларусь i беларускае пытаньне - i як зусім адчувальныя палітычныя рэаліі, i як зьяву з старадаўнімі гістарычнымі каранямі.

На жаль, гэтае «адкрыцьцё» Беларусі перш зрабілі прадстаўнікі ўрадавага лягеру i кіраўніцтва Найсьв. Сыноду. Іхны ўплыў на беларускую гістарыяграфію ў 60-я-70-я гг. XIX ст. быў вырашальны, істотна адчуваўся i пазьней. Падчас здушэньня паўстаньня 1863-1864 гг., каб абвергнуць польскія паквапы на Літву й Беларусь, якія мелі шырокі водгук у эўрапейскім друку й дыпляматыі, царскі ўрад энэргічна ўзяўся даказваць, што «Заходні край» ёсьць край расейскі, «совращенный» узурпатарамі-палякамі. Каб аднавіць «русскую народность и поруганную православную веру» ў краі, урад распачаў цэлы комплекс адміністрацыйна-паліцэйскіх і захаваўча-ідэялягічных захадаў.

Сярод такіх захадаў - выданьне пад патранатам Міністэрства нутраных справаў і вайсковага ведамства Расеі двух «гістарычных» атлясаў «Заходняга краю» (палк. Эркерта й ппалк. Рытыха).

Палітычная й прапагандысцкая задачы гэтых публікацыяў - даць «гістарычны» адказ на запытаньні й вэрсіі Заходняй Эўропы - відавочныя. Невыпадкова этнаграфічны атляс Эркерта (Пецярбург, 1863) выйшаў перш на францускай мове, а толькі праз год на расейскай, для «нутранога» ўжытку. Атляс Рытыха (1864) укладаўся пад кіраўніцтвам знанага царскага чыноўніка генэрала П. Бацюшкава. Першае выданьне атлясу прызначалася «не для публікі, а для строга афіцыйнага ўжытку». Збор матэрыялаў для гэтае працы быў распачаты пад кіраўніцтвам П. Бацюшкава яшчэ ў 1859 г. Аснову атлясу склалі зьвесткі, здабытыя Міністэрствам нутраных справаў ад чыноўнікаў, выпраўленых у губэрні Беларусі й Правабярэжнай Украіны дзеля агляду стану праваслаўных цэркваў у гэтых раёнах. Паводле МНС i іншых цэнтральных ведамстваў (міністэрства фінансаў, Найсьв. Сыноду ды інш.), у 1860-1861 гг. былі ўкладзеныя карты губэрняў Віцебскай, Магілеўскай i Віленскай.

Зусім натуральна супадала з урадаваю вэрсіяй абвешчаная ўкладальнікамі атлясаў канцэпцыя гісторыі Беларусі як краю, што знаходзіўся да канца XVIII ст. пад «Іншаверным ды іншапляменным валадараньнем». Атляс Л. Рытыха міністар нутраных справаў падаў Аляксандру ІІ, а потым Бацюшкаў - дзяржаўнаму канцлеру кн. Л. Гарчакову (яшчэ да апублікаваньня знаных урадавых нотаў да польскага пытаньня).

Аднае ўрадавае «палкі» дзеля пасьпяховага «усмирения» заходніх губэрняў было відавочна замала. Гэта цудоўна разумелі найбольш праніклівыя ўрадавыя вяльможы ў цэнтры й на мясцох. Беларуская тэма стварыла ў 60-я- 70-я гг. XIX ст. цэлую літаратуру «пытаньня» ў газэтах, часапісах, брашурах i кнігах імпэрыі. У гэты час расейскае адукаванае грамадзтва ў масе сваёй ці не ўпершыню нешта дазналася пра этнічны склад насельніцтва заходніх губэрняў i атрымала першыя сыстэматызаваныя (у духу ўрадавае замовы) уяўленьні пра ягоную гісторыю. Сфармаваныя ў гэтыя гады носьбіты афіцыйнага, клерыкальнага й дваранскага кірункаў у гістарыяграфіі Беларусі працягвалі 1 ў 80-я-90-я гг. прапагандаваць праз гісторыю ўжо відавочна састарэлыя да таго часу вялікадзяржаўна-манархічныя тэзы пра «натуральнасьць, справядлівасьць i законнасьць дзяржаўнага ўзьяднаньня» беларускіх i літоўскіх губэрняў зь Імпэрыяй, пра нібыта негвалтоўнае «ўзьяднаньне» ўніятаў з праваслаўнаю царквою на саборы 1839 г. у Полацку, пра паўстаньне 1863-1864 гг. як бунт польскіх абшарнікаў, якія спалохаліся, што расейскі ўрад, вызваліўшы сялянаў, звабіць ix на свой бок. Такія гістарычныя пагляды ўкараняліся ў грамадзкай сьведамасьці насельніцтва Расеі пад дэвізам «За ўмацаваньне ў краі рускіх гістарычных пачаткаў».

Дзейсна падтрымалі ўрад у гэтыя часы стаўпы позьняга расейскага славянафільства й лібэральнай інтэлігенцыі імпэрыі. Адзін з органаў славянафільскай публіцыстыкі, «Московские ведомости», адкрыта абвясьціў тэзу пра неабходнасьць «нравственного завоевания западного края России» (1864, № 126).

Шматлікія расейскія славянафілы (Ю. Самарын, I. Аксакаў, А. Гільфэрдынг ды інш.), па сутнасьці, салідарызаваліся з самадзяржаўем у «польскім пытаньні». I. Аксакаў запрасіў да супрацоўніцтва ў славянафільскіх газэтах «День», «Москва», «Русь», як галоўнага экспэрта i аўтарытэтнага знаўцу гісторыі заходняе Расеі, прафэсара Пецярбурскай духоўнай акадэміі, урадзімца Заходняй Беларусі М. Каяловіча. Пакліканы пад славянафільскія сьцягі, гісторык заклікаў выдаўцоў расейскіх газэт зьмяшчаць этнаграфічныя й гістарычныя матэрыялы пра «Заходнюю Расею», а ў губэрскіх «Памятных книжках» друкаваць кароткія аповяды пра яе. Ад заўзятых праўрадава настроеных славянафілаў даставалася і расейскаму навуковаму сьвету - за недастатковую дагэтуляшнюю ўвагу да гісторыі Беларусі. Усіх, хто ня браў удзелу ў зрэжысаваным антыпольскім шабасе, шальмавалі як «прадажнікаў і здраднікаў» Расеі. Расейскія лібэралы паддалі астракізму дэмакратычную паставу А. Герцана. Зачынены рэдагаваны Ф. Дастаеўскім часапіс «Время» - за артыкул М. Страхава «Роковой вопрос».

МУРАУЕЎ-ВЕШАЛЬНІК ЯК АРГАНІЗАТАР ІДЭЯЛЯГІЧНАЙ ПРАЦЫ Ў КРАІ

Затое поўнае зразуменьне заклікі Каяловіча спаткалі ў адміністрацыі заходніх губэрняў. Усемагутны крывавы дыктатар Літвы й Беларусі, віленскі генэрал-губэрнатар М. Мураўёў, чыё прозьвішча атрымала ў насельнікаў краю красамоўны прыдомак «Вешальнік», быў ня толькі дасьведчаным i энэргічным катам. Абазнаны ў гісторыі, ён усьведаміў ейную карысьць у ідэялягічнай апрацоўцы жыхароў краю ў патрэбным самадзяржаўю рэчышчы. Паказаў сябе ўмелым i актыўным арганізатарам шмат якіх «пачынаньняў» царызму дзеля павароту грамадзянскае i гістарычнае сьведамасьці насельніцтва заходніх губэрняў у наежджаную каляіну «самадзяржаўя, праваслаўя i народнасьці».

У скіраваных Аляксандру ІІ дакладных запісках i праектах Мураўёў, акрамя доказаў неабходнасьці радыкальна русыфікаваць адміністрацыю заходніх губэрняў i стварыць там моцную i дзейсную сакрэтную паліцыю, настойліва раіць цару ажыцьцявіць комплексную праграму ў сфэры народнай адукацыі дзеля ўхіленьня «лацінскае прапаганды i польскага ўплыву». Адным з найважнейшых кампанэнтаў праграмы стала перабудова зьместу гістарычнай адукацыі ў Беларусі i Літве. Абавязковым абвяшчалася «спыненьне выкладаньня скажоным чынам гісторыі краю, у якой гаварылася пра наезд расейскага ўраду, пра тое, што расейскага ніколі i нічога там не было i г. д.». Прапаноўвалася напісаць гісторыю Расеі i Заходняга краю Маскоўскаму ўнівэрсытэту - з мэтаю «зьнішчэньня ўсіх палітычных падкопаў польскае прапаганды». Мэту гэтую, як шчыра прызнаваўся віленскі дыктатар цару, ён «прапанаваў сабе i стараўся дакладна выканаць на працягу пэрыяду кіраваньня краем». Пасьля здушэньня паўстаньня 1863-1864 гг., на думку Вешальніка зь Вільні, «заставалася распачаць аднаўленьне i ўмацаваньне рускай народнасьці i праваслаўя ў краі, у якім яны былі заглушаныя многія дзясяткі гадоў i зусім забытыя, бо i самі рускія, што жылі ў тых губэрнях, не лічылі сябе рускімі, а край той - прыналежнасцяй Польшчы».

Мураўёў прадпісваў сваім паплечнікам i падначаленым зь Віленскай навучальнай акругі «зьвярнуць асаблівую ўвагу на правільнае выкладаньне расейскае гісторыі i асабліва гісторыі Заходняе Расеі» ў сярэдняй i пачатковай школе. Пры гэтым належала «імкнуцца правільным выкладаньнем гісторыі зьнішчыць скажоны i варожы нам кірунак, што пашыраюць былыя польскія школы.

Неабходна ўсім i няспынна тлумачыць, што край Паўночна-Заходні заўсёды быў i ёсьць расейскі, што польскі элемэнт ёсьць часовы, закінуты ў эпоху польскага ўладараньня».

Энэргічны й чынны, М. Мураўёў ня толькі пасьпяваў адпраўляць на шыбеніцы паўстанцаў-рэвалюцыянэраў, але i дзейсна, на практыцы перабудоўваць гістарычную навуку на новы лад, арганізоўваць апэратыўнае рэагаваньне «гісторыі» на пагрозьлівыя для царызму падзеі ў заходніх губэрнях. Ужо ў красавіку 1864 г. у сувязі з запытам міністра нутраных справаў графа П. Валуева ён задумвае працу пра падзеі 1863 г. 13 красавіка Мураўёў скіроўвае загад горадзенскаму й ковенскаму губэрнатарам укласьці «Нарыс аб пачатку й хадзе былога мяцяжу ў губэрні i аб польскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якая існавала ў ёй». Аналягічныя загады атрымалі вайсковы начальнік інфлянцкіх паветаў Віцебскай губэрні, віленскі, віцебскі й магілеўскі губэрнатары, жандарскі штаб-афіцэр палкоўнік А. Лосеў, старшыні сьледчых камітэтаў у Вільні П. Шалгуноў i С. Весялецкі.

Увосень 1864 г. некаторыя нарысы ўжо паступілі ў канцылярыю генэрал-губэрнатара. Зьвесьці ix у цэласьць даручылі генэрал-маёру Ратчу i двум дадзеным яму памочнікам - палк. А. Лосеву i ппалк. А. Паўлаву. У 1867- 1868 гг. (ужо па сьмерці Мураўёва) Ратч выдаў два тамы калектыўнае працы «Сведения о мятеже в Северо-Западном крае» i «Введение» да ix. Заснаваную на тэндэнцыйнай інтэрпрэтацыі вялікага i разнастайнага кола крыніцаў працу Ратча ўзялі на ўзбраеньне ўрадавыя й кансэрватыўныя колы Расеі. Чыноўнікі віленскага генэрал-губэрнатарства гр. Ажароўскі i Геруш-Збраеўскі пераклалі «Сведения» на францускую мову i выдалі ў 1868-1869 гг. у Парыжы. Аднак стараньне артылерыйскага генэрала дагадзіць начальству не дасягнула выніку, хіба наадварот. Факты, сабраныя мураўёўскаю брыгадаю «гісторыкаў», аніяк не ўкладаліся ў асады вялікадзяржаўна-чарнасоценнай канцэпцыі, якую вызнаваў Ратч. «Камяком гразі, якою так цудоўна не пацэліў», назваў гэтую працу А. Герцан.

Ня большую эфэктыўнасьць мела i дзейнасьць прыгрэтага віленскім сатрапам спэцыяліста з «практычнае прапаганды» на гістарычнай ніве К. Гаворскага (1811-1871) - рэдактара выдаванага з 1863 г. у Вільні «Вестника Западной России». А. Пыпін, вядомы расейскі лібэральны гісторык i этнограф, брат М. Чарнышэўскага, ацаніў яго як «маральна нізкага, подлага чалавека» з поўным наборам «духоўных якасьцяў паліцэйскага выведніка». Затое гэтыя якасьці належна ацаніў адзін зь ідэёлягаў «западноруссов» М. Каяловіч, які спрыяў прызначэньню Гаворскага рэдактарам часапісу «Вестник Юго-Западной России» (Кіеў, з 1852 г.). Часапіс актыўна публікаваў матэрыялы з гісторыі Беларусі i Ўкраіны, масу дакумантаў пераважна з гісторыі рэлігіі, натуральна, папярэдне спрэпараваных манархістамі з Кіеўскай археаграфічнай камісіі. У Кіеве часапіс быў нагэтулькі непапулярны, што ад немінучага краху яго не ўратавала i падтрымка Пецярбурга ды мясцовых уладаў. Выратавалі М. Мураўёў i ягоны памагаты - папячыцель Віленскай навучальнай акругі I. Карнілаў, якія настаялі, каб рэдактар i часапіс былі перадысьлякаваныя ў Вільню. Дастаўшы новую назву - «Вестник Западной России» (1864-1871), часапіс ані не зьмяніў свайго рэакцыйна-захаваўчага духу, яскрава адлюстроўваў афіцыйную ідэялёгію ў палітыцы, навуцы й публіцыстыцы.

На ўказку Мураўёва i Найсьв. Сыноду «Вестник» пяяў хваласьпевы праваслаўю, якое нібыта выратавала Беларусь ад ярма палянізму й лацінства i ад прыгнятальнікаў-палякаў; выкрываў «акаталічанае i апалячанае» тутэйшае дваранства, якое «дзеля зямных дабротаў здраджвала праваслаўю i рускай народнасьці». Уся гісторыя Беларусі ўяўлялася выдаўцам i аўтарам часапіса толькі з аднаго гледзішча: «польская інтрыга i каталіцкі гвалт, нічога іншага ў гэтай гісторыі не было...» Перадусім часапіс публікаваў дакуманты й артыкулы да гісторыі фэадальнае Беларусі, якія сьведчылі аб прыгнечанасьці «рускай царквы й народнасьці». Каб прывабіць чытача, друкавалі i «гістарычныя» аповесьці ў тым жа манархічна-выкрываўчым духу (Куліша, Кукальніка, Скурловіча, Валькера, Альшвангера ды інш.).

Зь вялікім запалам вёўся аддзел публіцыстыкі, жвавыя супрацоўнікі якога залічылі ў ворагі «Отечества» М. Кастамарава, М. Страхава, Т. Шаўчэнку. I калі ідэйныя натхняльнікі часапіса, пецярбурскія й маскоўскія славянафілы, хоць i дамагаліся русыфікацыі «Заходняга краю», але ўсё ж дапушчалі існаваньне этнаграфічнае Польшчы, дык «Вестник» адданага змагара «за веру, царя и Отечество» Гаворскага i ёй прарочыў поўную пагібель.

Тэндэнцыйны «Вестник», як i ягоны папярэднік, быў надзвычай непапулярны сярод насельніцтва краю. Яго не ўратавала нават абавязковая падпіска для сьвятарства й чыноўнікаў. У канцы 60-х - пачатку 70-х гг. ягоная вернападданая лаянка стала разыходзіцца з курсам пасьлямураўёўскай адміністрацыі. У 1871 г. часапіс прыкрылі, за што, зрэшты, у 80-я гг., падчас уздыму новае рэакцыйнае хвалі ў нацыянальным пытаньні (Міністэрствам нутраных справаў якраз кіраваў гр. М. Ігнацьеў), палітыка тутэйшай адміністрацыі была абвешчаная суцэльнаю памылкаю i здрадаю «расейскай справе» ў краі.

ПЭРЫЕДЫКА

Ініцыятар i кіраўнік выкарыстаньня мясцовай залежнай ад ураду прэсы, Мураўёў не пакідаў па-за ўвагай i губэрскія пэрыёдыкі. За ягоным часам i пасьля яго пад уплывам яшчэ ня згаслых успамінаў пра паўстаньне 1863-1864 гг. асаблівую ўвагу «польскаму пытаньню» i абгрунтаваньню законнасьці паквапаў самадзяржаўя на Беларусь надавалі «Губернские ведомости» краю. Яны не друкавалі перадавых артыкулаў і актуальных палітычных матэрыялаў. Таму асаблівы націск у ix рабіўся на публікацыю ў акрэсьленых мэтах гістарычных і этнаграфічных працаў. Так, у «Минских ведомостях» публікаваліся артыкулы менскага краязнаўцы Р. Ігнацьева, у «Витебских» - А. Сапунова, А. Семянтоўскага, у «Могилевских» - А. Сазонава, у «Гродненских» - М. Дзьмітрыева. Віленскія газэты 80-х гг. XIX ст., якім дазвалялася «пры ўзгадненьні з начальствам» даваць сякую-такую інфармацыю пра актуальныя падзеі, намагаліся, грунтуючыся на выказваньнях «белых», падаць паўстаньне 1863-1864 гг. як акцыю польскіх абшарнікаў, незадаволеных вызваленьнем сялянаў ад прыгону i прагных зноў заняволіць беларускі народ.

У 1864 г. вернае Мураўёву кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі ўзьнімала перад сваім шэфам і пытаньне пра выданьне адмысловага часапісу для «народу», які меў знаёміць сялянаў з гістарычнымі падзеямі іхнае радзімы, дачыненьнем ейным да Расеі і да іх самых «паводле веры, мовы, паходжаньня», але ініцыятыву не падтрымала Міністэрства народней асьветы.

У 1876 г. пры падтрымцы міністраў асьветы гр. Д. Талстога i нутраных справаў Д. Цімашава дазвол на выданьне такога часапісу пад назовам «Сельское чтение» быў атрыманы. Чарговы афіцыёз для народу задумваўся як «апошні падмацунак намаганьням ураду дзеля сьцьверджаньня ў гэтым краі рускіх пачаткаў грамадзянскасьці ды супольнага быту». Праграма ягоная прадугледжвала публікацыю артыкулаў «рэлігійна-праваслаўнага» зьместу i аповядаў з гісторыі Расеі ды іншых дзяржаваў. Нягледзячы на невялікі наклад i абавязковую падпіску народных вучылішчаў краю, агонія афіцыёзных «Сельских чтений» была нядоўгая - усяго паўтара года.

У 60-я-70-я гг. XIX ст. у Беларусі i Літве адсутнічалі незалежныя ад мясцовай адміністрацыі пэрыёдыкі. Таму ў прапагандзе гістарычных ведаў пра Беларусь панавалі афіцыёзныя выданьні. Фінансавая залежнасьць ад ураду, права апошняга ўмешвацца ў іхныя справы рабілі гэтыя газэты й часапісы праваднікамі ўрадавага гледзішча на гістарычную цяпершчыну й мінуўшчыну Беларусі. Крыху аслабеўшы падчас палітычнай адлігі другой паловы 70-х - пач. 80-х гг., рэакцыйная хваля ў прэсе заходніх губэрняў узмацнілася ў канцы 80-х - пач. 90-х гг. Актывізацыя тутэйшых Угрум-Бурчэевых была выкліканая інтарэсам да беларускага пытаньня, які сфармаваўся ў тутэйшай дэмакратычнай інтэлігенцыі. «Крамола» вымагала тэрміновых контрзахадаў.

Намаганьні ўрадавае прэсы пераарыентаваць гістарычную сьведамасьць насельніцтва Беларусі й Літвы аказаліся малаэфэктыўныя. Найбольш праніклівыя ўрадавыя чыноўнікі ў Пецярбурзе й Вільні ўсьведамілі, што без стварэньня ў заходніх губэрнях археаграфічных i краязнаўчых асяродкаў вырашыць гэтую задачу практычна ня будзе як. Думка гэтая стала рэалізавацца дужа пасьлядоўна зь сярэдзіны 60-х гг.

ВІЛЕНСКАЯ АРХЕАГРАФІЧНАЯ КАМІСІЯ

У 1864 г. была створана Bi ленская археаграфічная камісія. Выбар Вільні за галоўны асяродак археаграфічнае дзейнасьці ўсяго беларуска-літоўскага рэгіёну заканамерны. Тут знаходзіліся найбагацейшыя архіўныя рукапісныя й кніжныя сховішчы й зборы, добра абсталяваныя друкарні. I, што істотна, у Вільні, цэнтры генэрал-губэрнатарства - адміністрацыі краю,- нескладана было кантраляваць дзейнасьць Камісіі ды «накіроўваць» ейную працу. Віленская археаграфічная камісія стваралася для гістарычна-дакумантальнага доказу праваслаўнай ды «йсконнорусской» прыроды краю, які ў XIX ст. быў «сапсаваны» палякамі. Камісіі ставіўся абавязак «праз гісторыю» спрыяць вяртаньню краю да пачатнае страчанае чысьціні «рускага характару».

Акрамя таго, дзейнасьць Камісіі ў апошнюю трэць XIX ст. стымуляваў безупынны, шчодры наплыў у віленскія архіўныя сховы й зборы новых дакумантальных масываў гістарычнай інфармацыі. Падчас i пасьля паўстаньня 1863- 1864 гг. урадавая адміністрацыя вывезла з канфіскаваных маёнткаў паўстанцаў мноства прыватных архіваў, з скасаваных кляштараў і касьцёлаў - іхныя бібліятэкі. У канцы XIX ст., падчас стварэньня ў Вільні Мураўёўскага музэю, расшуквалі й везьлі ў горад дакуманты пра дзейнасьць царскага сатрапа ў Літве й Беларусі. У пачатку XX ст. у Вільню паступілі матэрыялы зьліквідаванага ў Віцебску Цэнтральнага архіву старадаўніх актавых кніг.

Ператварэньню Вільні ў магутны асяродак выданьня крыніцаў, які маштабам дзейнасьці выйшаў на першыя месцы ў імпэрыі, спрыялі шчасьлівыя набыткі археаграфічных росшукаў другой паловы 60-х гг. XIX ст. Актыўны пошук, які ішоў у Беларусі й Літве пад эгідай папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Карнілава, даў добры плён. У Тураве М. Сакалоў знайшоў Эвангельле XI ст., А. Рачынскі ў Гомельскай губэрні й Магілеве адшукаў «Летапіс Аўраамкі», а ў Горадзенскай губэрні - згублены Супрасьльскі летапіс. У Нясьвіскім архіве Радзівілаў П. Гільтэбрант i А. Міратворцаў выявілі ўрывак Слуцкага летапісу. За некалькі гадоў настаўнікі, чыноўнікі, сьвятары Віленскай навучальнай акругі расшукалі больш за сто старажытных рукапісаў i старадрукаў. У вялікай ступені на падставе гэтых дакумантаў пры ўправе Віленскай навучальнай акругі ў апошняй трэці XIX - лач. XX ст. публікаваліся сэрыйныя зборнікі з гісторыі Паўночна-Заходняй Русі.

Перш чым разгарнуць маштабную дзейнасьць на тэрыторыі Літвы й Беларусі, ініцыятары й апекуны Віленскай археаграфічнай камісіі прадбачліва разграмілі магчымага крамольнага канкурэнта - Віленскую археалягічную камісію. Працу Віленскага музэю старажытнасьцяў i археалягічнай камісіі пры ім жорстка растраскатаў I. Карнілаў, для якога мітрапаліт I. Сямашка i М. Мураўёў былі «два любимейшие народом деятеля». Карнілаў «рэвізаваў» узначальваны Я. Тышкевічам музэй, які, на ягоную думку, ня толькі не выконваў наказу свайго патрона цэсарэвіча (будучага Аляксандра III) спрыяць «вельшаму змацаваньню повязяў, што зьядналі былыя літоўскія губэрні зь іншымі абласьцямі Расеі», а, наадварот, усім зьместам дзейнасьці працаваў дзеля захаваньня ідэяў тутэйшага «сэпаратызму». Адзначаліся чыста «польскі», тэндэнцыйны характар калекцыяў музэю i тое, што збор i апісаньне помнікаў «рускай даўніны» не ўваходзілі ў ягоную праграму. У выніку было вырашана: Віленская археалягічная камісія, якая «ня толькі ня спраўдзіла чаканьняў ураду, але нават злоўжывала ягоным даверам, I якая выбрала археалёгію i этнаграфію не як мэту, а як сродак ці падставу для пабочных, зусім не навуковых відаў, можа быць скасаваная без усялякае літасьці й шкоды для навукі».

Такое рашэньне ня дзівіць, калі ведаць, што ў аснове праграмы дзейнасьці апекаванай Карнілавым Віленскай археаграфічнай камісіі ляжалі цьверджаньні й думкі мітрапаліта I. Сямашкі, асабліва актуальныя для царызму пасьля здушэньня паўстаньня 1863-1864 гг. Стлуміўшы паўстаньне, адным зь лёзунгаў якога было аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., Пецярбург палічыў дзейсным доказам неабгрунтаванасьці польскіх паквапаў на тэрыторыю Літвы й Беларусі публікацыю крыніцаў. Таму перад публікатарамі камісіі ставілася найважнейшая задача: выдаваць дакуманты, якія сьведчылі б пра наяўнасьць у Беларусі й Літве праваслаўных цэркваў i манастыроў. Гэтым жа мэтам служыла выданьне матэрыялаў аб праваслаўнай мінуўшчыне шмат якіх арыстакратычных i дваранскіх фаміліяў краю, якія сталі да сярэдзіны XIX ст. каталіцкімі й польскімі. Паколькі паняцьці «праваслаўны» i «рускі» ў афіцыйных ідэёлягаў ураду былі тоесныя, дык падобныя росшукі й публікацыі даводзілі «рускую» аснову Літвы й Беларусі.

Таму заканамерна, што адмыслова падабраныя ў камісію кадры, выбіраючы матэрыялы для публікаваньня, кіраваліся ўрадавымі вызначэньнямі: «а) давесьці фактычна, што Заходні край ніколі ня быў шчасьлівы пад польскім урадаваньнем, што, нягледзячы на існаваньне заканадаўства і мноства судовых камораў, ніхто ня мог быць пэўны ані правоў свае ўласнасьці, ані асабістае бясьпекі; б) каб, чытаючы апісаньні гэтых узбуральных для душы рознага кшталту катаваньняў i нялюдзкасьцяў да слабых, зусім невінаватых людзей, што чынілі мацнейшыя, лёгка можна было прыйсьці да высновы, што цывілізацыя Польшчы, а зь ёю i Заходняга краю далека адставала ад тае ступені дасканаласьці, на якую ставілі яе палякі; в) што толькі пад расейскім урадаваньнем заходні край забыўся на свае пакуты, загаіў мінулыя раны i пачаў сваё гістарычна-палітычнае існаваньне». Гэты матыў Віленская археаграфічная камісія пасьлядоўна захоўвала на працягу ўсяе свае пяцідзесяцігадовае дзейнасьці.

Працу камісіі выконвалі ці не вылучна сыны праваслаўных сельскіх беларускіх сьвятароў. Працавалі добрасумленна, хоць i з розным узроўнем кампэтэнтнасьці ў прафэсійных, гістарычных пытаньнях. Таму ня дзіва, што пры вельмі салідных маштабах i чыста колькаснай прадукцыйнасьці працы (за 50 гадоў - 49 тамоў крыніцаў) яна не знайшла прызнаньня ані ў паважных лібэральных дасьледнікаў ВКЛ, ані ў чытацкае публікі краю. З накладу 500 асобнікаў прадавалася ня больш за 3-4 адсоткі. Асноўнаю формаю збыту стала бясплатнае рассыланьне публікацыяў камісіі ў навучальныя ўстановы й навуковыя таварыствы. Слабы ўплыў гэтых выданьняў на настаўніцтва вынікаў ня толькі з тэндэнцыйнасьці ўкладальнікаў зборнікаў ВАК, але i зь нізкае культуры археаграфічнай i гістарычна-крыніцазнаўчай падрыхтоўкі.

ВІЦЕБСКІ АРХІЎ

Поруч зь Віленскай археаграфічнай камісіяй другім значным асяродкам публікатарскай дзейнасьці ў Беларусі таго часу стаў Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў (1852-1903 гг.). Хаця ўказ стварыць архіў выйшаў у 1852 г., фактычна праца пачалася з 1862 г. Прынцыпова віцебскі архіўна-археаграфічны асяродак ня розьніўся ад ВАК ані палітычнаю скіраванасьцяй працы, ані кадравым складам. Усё ж ён выпускаў прадукцыю вышэйшага археаграфічнага ўзроўню, чым віленскія калегі. Архіварыюсы віцебскага сховішча А. Сазонаў (1818-1886), А. Сапунов (1851-1924), Дз. Даўгяла (1868-1942) былі добра абазнаныя ў дасьледніцкай гістарычнай i археаграфічнай працы, любілі сваю справу.

Найбольш маштабным археаграфічным прадпрыемствам супрацоўнікаў ВЦА сталася выданьне сэрыйнае публікацыі пад назваю «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном Витебском архиве» (далей - ИЮМ). Адрозна ад віленскіх публікацыяў, гэтае выданьне абнародавала гістарычную дакумантацыю да сацыяльна-эканамічнай гісторыі ўсходняй Беларусі XVII - XVIII стст., пераважна да гісторыі гарадоў гэтага рэгіёну - Полацка, Віцебска, Магілева, Воршы, Мсьціслава. Ініцыятарам выданьня, як i ў Вільні, выступіў адзін з буйных царскіх вяльможаў - міністар нутраных справаў Расеі гр. П. Валуеў. Заахвочваў працу, як карысную «для вывучэньня дзейнасьці езуітаў Расеі», і папячыцель навучальнай акругі I. Карнілаў. Падахвочаны Карнілавым А. Сазонаў паслаў праз губэрнатара ў МНС нават праект арганізацыі ў Віцебску археаграфічнай камісіі. Аднак Пецярбург выказаўся супраць ейнага стварэньня: канкурэнт Вільні ня быў патрэбны.

Між тым багатыя патэнцыйныя магчымасьці віцебскіх гісторыкаў-краязнаўцаў дазвалялі зьдзейсьніць гэты праект. У Віцебску парэформавай пары працавалі добра вядомыя ў Беларусі аматары i знаўцы даўніны.

А. Семянтоўскі (Курыла) (1821-1893), знаны беларускі этнограф, фальклярыст, археоляг i гісторык, пасьля сканчэньня Нежынскага ліцэю і непрацяглае службы на Ўкраіне з канца 60-х гг. XIX ст. да канца жыцьця асеў у Віцебску i нямала зрабіў дзеля вывучэньня ягонае гістарычнае мінуўшчыны й помнікаў віцебскай даўніны. Будучы сакратаром Віцебскага губэрскага статыстычнага камітэту i рэдактарам «Памятных книжек Витебской губернии», Семянтоўскі апублікаваў нямала каштоўных, багатых фактаграфічным матэрыялам працаў з гісторыі, археалёгіі, статыстыкі й культурна-пабытовага аблічча Віцебшчыны.

Дз. Даўгяла, зь сялянскай сям'і, урадзімец вёскі Казьяны Віцебскай губэрні, па сканчэньні Пецярбурскай духоўнай акадэміі (1894 г.) прысьвяціў жыцьцё вывучэньню беларускае даўніны i помнікаў ейнае гісторыі. У савецкія часы стаў знаным гісторыкам, археографам і крыніцазнаўцам. Браў чынны ўдзел у публікацыі ИЮМ, з 1912 г. узначальваў працу Віленскай камісіі для разбору й выданьня старажытных актаў.

Энцыкляпэдычнасьць ведаў i навуковая актыўнасьць вылучалі буйнога беларускага краязнаўца-дасьледніка і арганізатара краязнаўчае працы на Віцебшчыне А. Сапунова. Родам з купецкай сям'і зь мястэчка Ўсьвятаў Віцебскай губэрні, ён па сканчэньні Пецярбурскага ўнівэрсытэту (у 1873 г.) выкладаў у Віцебскай гімназіі. З 1895 г. працаваў у Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў, з 1901 г. - сакратаром Віцебскага губэрскага статыстычнага камітэту. Дзейсны натураю, Сапуноў быў ініцыятарам адкрыцьця Віцебскага аддзяленьня Маскоўскага археалягічнага інстытуту, дзе сам і выкладаў пэўны час. Ен удзельнік стварэньня Віцебскай навуковай архіўнай камісіі (1909) і Віцебскага царкоўнага гістарычна-археалягічнага музэю (1893). Аўтар шматлікіх працаў па гісторыі, археалёгіі і этнаграфіі Віцебшчыны, якія і да сёньня захоўваюць навуковую вартасьць дзеля багатага фактычнага зьместу, вучоны, аднак, вылучаўся кансэрватызмам палітычных паглядаў i прадстаўляў у ІІІ Дзяржаўнай Думе акцябрыстаў Беларусі. А. Сапунову належыць адно зь першых месцаў сярод гісторыкаў-краязнаўцаў і археографаў Беларусі XIX - пачатку XX ст. Шырокую вядомасьць набыла «Витебская старина» - задуманая Сапуновым і часткова зьдзейсьненая коштам выдаўца маштабная публікацыя зборнікаў дакумантаў і ягоных уласных працаў па гісторыі Паўночнай Беларусі.

ГУБЭРСКІЯ СТАТЫСТЫЧНЫЯ КАМІТЭТЫ

У другой палове 60-х - 90-я гг. XIX ст. у Беларусі, працягваючы традыцыю дарэформавага пэрыяду, даволі актыўна вялі гістарычна-краязнаўчую працу губэрскія статыстычныя камітэты, шчыльна зьвязаныя ня толькі з палітычнымі й практычнымі патрэбамі мясцовай адміністрацыі, але i з многімі навуковымі ўстановамі імпэрыі (Расейскім геаграфічным таварыствам, Маскоўскім археалягічным таварыствам, Археаграфічнаю камісіяй ды інш.). У 1867 г. ім было прапанавана ўдзельнічаць у разборы архіваў скасаваных старых судовых установаў. На I археалягічным зьезьдзе ў Маскве (1869 г.) было ўзьнятае пытаньне аб перадачы ў распараджэньне губэрскіх статыстычных камітэтаў губэрскіх архіваў, а на IV археалягічным зьезьдзе ў Казані (1877 г.) ішла гаворка пра далучэньне ix да збору й перахоўваньня архіўных матэрыялаў, помнікаў пісьменства й тутэйшае старасьвеччыны. Такую працу рэгулярна вялі i перапісваліся з цэнтральнымі навуковымі ведамствамі імпэрыі Менскі, Віцебскі, Горадзенскі губэрскія статыстычныя камітэты. На падставе гэтае працы ўкладаліся апісаньні тэрыторыяў, браліся на ўлік i сустрэтыя там гістарычныя й археалягічныя прыкметнасьці, складаліся археалягічныя карты губэрняў, а пры самых камітэтах ствараліся музэі.

Удалым вынікам такой дзейнасьці стала комплекснае апісаньне Магілеўскай губэрні, праведзенае i апублікаванае пад кіраўніцтвам магілеўскага грамадзянскага губэрнатара, старшыні Магілеўскага статыстычнага камітэту. Зразумела, i гэтае саліднае выданьне пры ўсёй сваёй грунтоўнасьці мела, апрача ўсяго, i палітычную задачу «паказаць цяперашні дабрабытны стан Магілеўскай губэрні, якая ў мінулыя часы мела рэпутацыю беднасьці i закінутасьці».

I ўсё ж зьяўленьне падобных працаў, якія давалі гістарычна-геаграфічнае i гістарычна-статыстычнае апісаньне беларускіх гарадоў, было для гістарычнае навукі надзвычай карысным. Фіксаваліся аб'екты й зьявы, многія зь якіх хутка зьнікалі зь сьвету й памяці пакаленьняў, зьбіралася часам унікальная гістарычная інфармацыя, стваралася крыніцавая база для двух найважнейшых аддзелаў беларускай гістарыяграфіі - гісторыі горада i гістарычнай геаграфіі рэгіёну. Да пачатку XX ст. у «скарбонцы» беларускай гістарыяграфіі налічвалася ўжо ці мала асобных працаў, прысьвечаных гісторыі гарадоў краіны: пра Берасьце (Ю. Крашэўскага), Менск (У. Сыракомлі, К. Плаўскага), Віцебск (А. Семянтоўскага, П. Дружылоўскага), Горадню (А. Радзішэўскага, Я. Арлоўскагаі, Тураў (I. Малышэўскага), Ваўкавыск (Д. Булгакоўскага), Гомель (А. Вінаградава) ды інш.

ПАЎНОЧНА-ЗАХОДНІ АДДЗЕЛ РАСЕЙСКАГА ГЕАГРАФІЧНАГА ТАВАРЫСТВА

Значную гістарычна-краязнаўчую працу вёў у Беларусі й Літве ў парэформавы пэрыяд Паўночна-Заходні аддзел Расейскага геаграфічнага таварыства ў Вільні (1867-1915 гг.). Ініцыятыва ягонага стварэньня належала сакратару РГТ барону Остэн-Сакену, пэўную ролю адыгралі экспэдыцыі РГТ на тэрыторыі Беларусі ў 1867-1870 гг. З аднаго боку, удзельнікі экспэдыцыяў дапамаглі арганізацыі аддзелу, з другога боку, РГТ жадала мець стабільную апору зь мясцовых дасьледнікаў Беларусі й Літвы i рэгіянальны арганізацыйны цэнтар. Ініцыятыву Остэн-Сакена падтрымаў папячыцель акругі Карнілаў. Сабраная ім група заснавальнікаў аддзелу ў поўнай адпаведнасьці з духам урадавых ідэяў лічыла мэтаю асяродку стварэньне «процівагі польскаму ўплыву». А калі так, дык i ягонымі сябрамі маглі выбірацца толькі сапраўды «рускія людзі». Аддзел знаходзіўся пад абавязковай апекай генэрал-губэрнатара i папячыцеля Віленскай навучальнай акругі.

Зыходзячы з мэтавай устаноўкі, Паўночна-Заходні аддзел Расейскага геаграфічнага таварыства меў: 1) расшукваць i публікаваць ужо сабраныя i перахоўваныя ў мясцовых архівах i ў прыватных асобаў зьвесткі пра край; 2) разглядаць магчымасьць іхнага выкарыстаньня для навукі; 3) зьбіраць датычныя да гісторыі краю этнаграфічныя й гістарычныя матэрыялы празь мясцовых жыхароў i арганізацыю ўласных экспэдыцыяў; 4) далучаць да такой працы прыватных асобаў; 5) рупіцца пра збор i захаванасьць знойдзеных матэрыялаў, даваць інфармацыю пра ix (кнігі, рукапісы, акты, карты, матэрыяльныя помнікі).

Установа перажыла два пэрыяды дзейнасьці - з 1867 па 1877 1 з 1910 па 1915 г. У першы пэрыяд аддзел актыўна вёў арганізацыйныя захады (агульныя сходы, арганізацыя працы сэкцыяў i ўкладаньне праграмы экспэдыцыяў, выданьне праграмаў і анкетаў, ладжаньне сувязяў з аналягічнымі асяродкамі Расеі i г. д.). Сэкцыя археалёгіі i археаграфіі пачала выдаваць інвэнтары гарадоў i паказальнікі старадаўніх назоваў краю, выпрацавала праграму стварэньня карты Беларусі «старажытнага пэрыяду». Журналы паседжаньняў Аддзелу публікаваліся ў «Записках РГО», інфармацыя аб працы - у «Виленском Вестнике».

У сьнежні 1910 г. папячыцель Віленскай навучальнай акругі Лявіцкі з дапамогаю зацікаўленых асобаў «адрадзіў» дзейнасьць аддзелу «паводле духу й формы» Палажэньня 1867 г. Тады ж арганізатары пацьвердзілі вернасьць пачатнай палітычнай мэце - давесьці «расейскую навуковаю працаю, што гэты край папраўдзе рускі, насуперак «польскаму пагляду» на гэты край, як на край польскі ці прынамсі нярускі». Вялікую зацікаўленасьць у аднаўленьні працы Аддзелу выявіў знакаміты расейскі географ П. Сямёнаў-Цян-Шанскі. У складзе Аддзелу былі ўтвораныя чатыры сэкцыі: этнаграфіі й археалёгіі, археаграфіі, гісторыі, геаграфіі й статыстыкі.

Хоць буйных дасягненьняў не было i цяпер, усё ж Аддзел працаваў у большых маштабах, чым у 70-я гады. Цікаваю была спроба арганізаваць у структуры Аддзелу камісію па ахове помнікаў даўніны. Яна павінна была назіраць за дазволенымі Археалягічным таварыствам раскопкамі на тэрыторыі краю, ахоўваць i апісваць скарбы, знойдзеныя падчас раскопак i інш. Штогод, як правіла, працавалі дзьве экспэдыцыі - гістарычная i этнаграфічная. З матэрыялаў экспэдыцыяў i паступленьняў зь месцаў быў створаны Архіў, які да 1915 г. займеў каштоўную інфармацыю, сотні апісаньняў i фатаграфіяў. Аддзел апублікаваў 4 кнігі «Запісак», дзе друкаваліся артыкулы з гісторыі Беларусі XVIII- XIX стст. тутэйшых краязнаўцаў М. Нікіфароўскага (1845-1910), А. Смародзкага (1850-1910), акадэміка М. Чагіна (1823-1909), беларускія прыказкі са збораў Е. Раманава, матэрыялы да гісторыі школаў Беларусі й Літвы ў 1812 г., альбом мастака Дз. Струкава, плян Вільні 1648 г., Слуцкі сынодык 1674 г. ды інш. Дзякуючы разьлеглым навуковым сувязям, інтэнсыўнаму кнігаабмену з навуковымі таварыствамі імпэрыі Аддзел меў вялікую бібліятэку ды гістарычна-археалягічны музэй.

МЯСЦОВЫЯ КРАЯЗНАЎЧЫЯ АСЯРОДКІ

Краязнаўчы рух у Беларусі й Літве ў канцы XIX - пачатку XX ст. прыкметна актывізаваўся. Гэта паспрыяла ажыўленьню дзейнасьці Паўночна-Заходняга аддзелу Расейскага геаграфічнага таварыства, як, зрэшты, і іншых лідараў археаграфічнай i краязнаўчай працы. Ува ўсіх губэрскіх гарадох краю афармляюцца адпаведныя асяродкі (камітэты, таварыствы, гурткі, згуртаваньні). Ва ўсходняй Беларусі, у Магілеве - Таварыства вывучэньня Беларускага краю i Таварыства вывучэньня Магілеўскай губэрні (1913 г.). У Менску - Менскі царкоўны гістарычна-археалягічны камітэт (1907-1917) i Таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі i археалёгіі. Дзеілі Горадзенскі царкоўна-гістарычны (потым гістарычна-археалягічны) камітэт (з 1904 г.), Віцебскае царкоўна-археалягічнае таварыства (з 1913 г.), Віцебская навуковая архіўная камісія (з 1909 г.).

Верагодна, прычынаю бурлівага росту мясцовых краязнаўчых асяродкаў у Беларусі да пачатку XX ст. быў значны рост тутэйшай інтэлігенцыі ды ўзмоцнены ейны інтарэс да гістарычнае мінуўшчыны свае зямлі. Гэтыя краязнаўчыя арганізацыі публікавалі нямала цікавых мясцовых дакумантаў i артыкулаў, што раскрывалі рэгіянальныя гістарычныя асаблівасьці свае «малое» радзімы. Гістарычныя партрэты вядомых землякоў, памятныя падзеі гісторыі рэгіёну, зьвесткі пра помнікі, тэмы сапраўды паважныя i кур'ёзы - усё гэта ў выданьнях «губэрскіх» краязнаўцаў было густа перамяшана i почасту прыпраўлена зусім пэўнаю вялікадзяржаўна-манархічнаю палітычнаю афарбоўкаю, адчувальнаю ў адборы ці падачы гістарычнага матэрыялу.

Назвы i кадравы склад асяродкаў адпавядалі заяўленым мэтам. Горадзенскае, Менскае i Віцебскае клерыкальныя таварыствы галоўнымі сваімі задачамі лічылі вывучэньне і ахову матэрыяльных i пісьмовых помнікаў «царкоўнай даўніны», прапаганду ў грамадзтве царкоўна-гістарычных ведаў i палемічную барацьбу з польскімі публіцыстамі ды гісторыкамі за ўзнаўленьне «исконнорусской природы» краю. Тут відавочная пазыцыя абароны «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасьці».

Тымі ж прынцыпамі кіраваліся i супрацоўнікі створанай у 1909 г. Віцебскай навуковай архіўнай камісіі. У падмурак ейнае працы паклалі статут Тамбоўскай архіўнай камісіі. Адначасова забілі двух зайцоў - паказалі ляяльнасьць да ўладаў i засьведчылі адмаўленьне сэпаратызму. Асабовы склад новазаснаванага асяродку, куды з дазволу Мікалая II у якасьці ганаровых сяброў былі выбраныя некалькі вялікіх князёў, гарантаваў пасьпяховае рашэньне «двухадзінай задачы» - вывучэньня гісторыі й старасьвеччыны Віцебшчыны, але i распаўсюджаньня «рускага патрыятызму i вернападданых пачуцьцяў» у віцебскага насельніцтва. На шчасьце для беларускай гістарыяграфіі, камісія займалася i больш карыснымі для навукі справамі, чым узгадаваньнем адданых рабоў Імпэрыі. Яна разглядала сотні архіўных справаў, вывучала асобныя дакуманты, рупілася пра ахову помнікаў на Віцебшчыне, дапамагала адкрыцьцю ў горадзе Віцебскага аддзяленьня Маскоўскага археалягічнага інстытуту, выпусьціла ў сьвет тры кнігі «Полоцко-Витебской старины» i кнігу сваіх «Трудов».

Як жа ацаніць ролю, якую адыгралі ў разьвіцьці беларускай гістарыяграфіі археаграфічныя і гістарычна-краязнаўчыя асяродкі другой паловы XIX - пачатку XX ст.і

Пэўна, адназначнай ацэнкі тут быць ня можа. Актыўная зьбіральніцкая дзейнасьць, ахова, улік, вывучэньне помнікаў даўніны пры ўсёй ейнай выбіральнасьці i тэндэнцыйнасьці выканаўцаў - супрацоўнікаў гэтых установаў, несумненна, пайшлі на карысьць разьвіцьцю крыніцавае базы беларускай гістарыяграфіі. Яна заслугоўвае і ўдзячнае памяці нашчадкаў, беларускіх гісторыкаў нашых дзён. Публікацыі дакумантаў, арыгіналы якіх страчаныя беларускаю культураю ў агні войнаў i рэвалюцыяў XX ст., ператварыліся ў першакрыніцы. Цяжка сказаць, якія яшчэ правалы гістарычнае памяці мы б мелі сёньня, каб не было маштабнае публікатарскае дзейнасьці гісторыкаў i архівістаў-археографаў канца XIX - пачатку XX ст.

Пры ўсім манархізьме й кансэрватызьме аўтараў працаў i публікацыяў абнародаваныя факты часьцяком наводзілі чытача на думкі, процілеглыя мэтам аўтараў. Пры ўсёй сваёй недасканаласьці публікацыі крыніцавых комплексаў у сукупнасьці з фундамантальнымі археаграфічнымі сэрыяламі крыніцаў Масквы, Пецярбурга, Кіева, Варшавы фармавалі тое крыніцавае інфармацыйнае поле, безь якога немагчыма ствараць сынтэтычную гісторыю фэадальнае Беларусі.

Калі не пераважная большасьць, дык вялікая частка знаных дасьледнікаў беларускае даўніны парэформавага пэрыяду (Ю. Крачкоўскі, I. Спрогіс, П. Кукальнік, С. Шалковіч, Я. Галавацкі, Е. Раманаў ды Інш.) вызнавала вернападданы манархізм i кансэрватыўныя, захаваўчыя пагляды. Гэта вынікае ня толькі з таго, што яны былі чыноўнікамі на дзяржаўнай службе, ня толькі з асаблівасьцяў біяграфіі (шмат хто зь ix - сыны тутэйшага праваслаўнага сьвятарства i прайшлі школу духоўных сэмінарыяў i акадэміяў). Відаць, уплывала i сытуацыя ў краі пасьля здушэньня паўстаньня 1863-1864 гг. I ўсталяваньня рэжыму «стану аблогі» на тэрыторыі беларускіх i літоўскіх губэрняў. Такая сытуацыя жорстка задавала зусім акрэсьлены, як мінімум ляяльны да самадзяржаўя, рэжым працы краязнаўчых i дасьледніцкіх установаў, адбівалася i на палітычным абліччы выбраных для выкананьня сацыяльнае замовы царызму людзей.

Захаваўчы профіль гістарычна-краязнаўчага руху ў Беларусі стаў мяняцца ў лібэральны i дэмакратычны бок у 80-я-90-я гг., калі гістарычнаю мінуўшчынай Беларусі грунтоўна заняліся новыя генэрацыі беларускай інтэлігенцыі (М. Янчук, і. Завіша, М. Доўнар-Запольскі, Г. Татур, В. Стукаліч ды інш.). Яны i павялі наступ на вялікадзяржаўна-манархічную трактоўку гісторыі Беларусі, якую раней, у 60-я -70-я гг., вызнавалі й прапагандавалі ідэёлягі й практыкі «западно-русснзма» М. Каяловіч, П. Бацюшкаў, П. Баброўскі, П. Бранцаў, С. Шалковіч i г. д. Але і на пераломе стагодзьдзяў вялікадзяржаўнікі, хоць ужо пасунутыя са сваіх пазыцыяў, не зьбіраліся здавацца бяз бою. Створаная імі сыстэма законапаслухмяных гістарычна-краязнаўчых установаў, падтрымка самадзяржаўнай адміністрацыі з цэнтру й на мясцох дазваляла прадоўжыць агонію відавочна няспраўджанай i неканкурэнтаздольнай афіцыёзнай вэрcii беларускае мінуўшчыны - аж да рэвалюцыйных падзеяў часу I сусьветнае вайны.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX