Вярнуцца: Артыкулы

Караў Дзьмітры. Архіўная спадчына Вялікага Княства Літоўскага i беларускія архівы ў канцы XVIII - пачатку XX ст.


Аўтар: Караў Дзьмітры,
Дадана: 12-09-2015,
Крыніца: Караў Дзьмітры. Архіўная спадчына Вялікага Княства Літоўскага i беларускія архівы ў канцы XVIII - пачатку XX ст. // Спадчына №1-1996. С. 3-25.



Падзелы Рэчы Паспалітай i пераход архіваў Вялікага Княства Літоўскага ў склад установаў Расейскай імпэрыі правялі рэзкую мяжу паміж ix мінулым станам i новым. Яны апынуліся пад уладай Расеі незадоўга да ўтварэньня міністэрстваў, пад кіраўніцтвам якіх усе архівы імпэрыі прыходзілі «ў запусьценьне», калі пагібель, сьвядомае зьнішчэньне, страта й пашкоджаньне дакумантаў, што да таго адбываліся толькі спарадычна, падчас усенародных няшчасьцяў, войнаў i пажараў, ператварыліся ў сталы працэс. Гэты працэс непапраўна «разьядаў» каштоўныя актасховішчы, на гарышчах апыналіся закінутымі такія дакуманты, як дамовы вялікіх князёў літоўскіх з польскім карасём Казімерам III альбо рукапісныя эвангельлі XIII стагодзьдзя.

З утварэньнем міністэрстваў (1811 г.) на зьмену неабходнасьці цэнтралізацыі архіваў, якая хоць i не ажыцьцяўлялася, але ў прынцыпе прызнавалася ў XVIII ст., прыйшла «шматлікасьць» i «дробнасьць» як у цэнтры, гэтак i ў правінцыі Расейскай імпэрыі.

Першым крокам да гэтага зьявілася «Агульная Установа міністэрстваў» 1811 году. Тыя ж рысы - шматлікасьць i вузкую ведамаснасьць - набываюць у XIX ст. i правінцыйныя дакумантальныя зборы «губерний, от Польши отошедших». «Агульная губэрская установа» скасавала цэнтралізаваныя архівы, што пачалі ўжо складвацца ў Расеі ў канцы XIX ст., i замяніла ix на архівы пры кожнай, нават маленькай, ячцы мясцовага кіраваньня. У 1914 годзе на Першым Усерасейскім зьезьдзе прадстаўнікоў губэрскіх вучоных архіўных камісіяў у Петраградзе даводзілаея інфармацыя пра існаваньне ў асобных губэрнях краіны да 1000-1500 невялікіх збораў.

Галаўны боль ураду ў XIX - пач. XX ст.- пытаньне пра вызваленьне архіваў ад узрастаньня папяровага патопу - прыводзіў да такіх захадаў па іхнай «разгрузцы», якія запісалі шэраг найбольш сумных старонак у гісторыю архіўнае справы Расеі ў цэлым i Беларусі ў прыватнасьці. Захады па «ачыстцы» архіваў ад «старых папераў», непатрэбных дзеля бягучых справаў, праводзіліся пераважна з частковай рэарганізацыяй саміх дзяржаўных установаў. Гэтыя захады трагічна адбіваліся на лесе беларускіх збораў. Калі да таго ж улічыць i разбуральнае ўзьдзеяньне на стан дакумантальных помнікаў беларускай мінуўшчыны войнаў 1812 i 1914- 1918 гг., падзеяў, зьвязаных зь ліквідацыяй паўстаньняў 1830-1831 i 1863-1864 гг., «перапампоўваньня» найбольш каштоўных у палітычным дачыненьні дакумантальных комплексаў Беларусі ў цэнтральныя архівасховішчы імпэрыі, дык не выпадае зьдзіўляцца з таго, што бальшыня архіўных крыніц па гісторыі краю да пачатку ХХ ст. ці апынулася далёка па-за яго межамі, ці беззваротна згублена.

Яскравы прыклад раздрабненьня архіўных фондаў, што адбывалася на глебе частага перамяшчэньня дакумантаў з аднаго месца ў іншае, - лёс так званага «Архіву Агульнага Адукацыйнага Фундушу» (Дакумантальная спадчына ордэну езуітаў ВКЛ. - Дз. К.). Расейскі ўрад пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай перадаў ягоныя справы на пачатку XIX ст. у Архіў Міністэрства народнай асьветы. Міністар - граф С. С. Увараў - вырашыў перадаць ix у Дэпартамант дзяржаўных маёмасьцяў, i ў 1834 годзе частка фонду пайшла ў архіў дэпартаманту. Шмат якія дакуманты езуітаў вызначаліся старажытнасьцяй (XVI i 1-я пал. XVII ст.), таму ў 1837 годзе частку фонду ўзяла Пецярбурская Археаграфічная камісія. I яшчэ адна.частка пайшла ў сховішчы МЗС.

Але найбольшай бядой правінцыйных збораў Расеі, на думку прафэсійных архівістаў пачатку XX ст., было непасрэднае зьнішчэньне архіўных справаў у дзяржаўных установах XIX стагодзьдзя. Хоць эпоха Мікалая I i лічыцца адным з найлепшых пэрыядаў у разьвіцьці археалёгіі i археаграфіі, менавіта «катэгарычна выяўленая воля» Яго Вялікасьці натхняла ўсе ведамствы на стараннае зьнішчэньне архіўных дакумантаў. МЗС Расеі ў 1845 годзе выдаў «Установу губэрскіх управаў», паводле якой пры кожнай губэрскай управе штогод ствараліся камісіі дзеля «разборкі» дакумантаў i зьнішчэньня тых зь ix, якія па сканчэньні дзесяцігадовага, тэрміну даўнасьці лічыліся «непатрэбнымі больш для даведак». Архіўныя матар'ялы разглядаліся «экспэртамі» гэтых камісіяў з вузка ўтылітарных пазыцыяў. Да таго ж, калі напачатку гэтыя камісіі маглі засноўвацца з «Найвышэйшай ласкі», дык З 1867 году стварэньнем ix займаліся мясцовыя ўлады. Дасьведчаных кадраў архівістаў не было, таму ў камісіі прыцягваліся сябры губэрскай управы, губэрскія пракуроры, дырэктары i дазорцы вучэльняў, судзьдзі. У выніку - масавае вынішчэньне дакумантаў, што ніяк не маглі . быць зьліквідаваныя праз сваю гістарычную каштоўнасьць. Прыклад МЗС у 1850 годзе пераняло й Міністэрства юстыцыі, якое таксама падало «Праект» аб ліквідацыі справаў ва ўсіх правінцыйных архівах судовых установаў. Дзеля «досьледаў» у парадку экспэрымэнту, побач з Архангельскай, Наўгародзкай, Чарнігаўскай выбралі i Віленскую губэрню, дзе на працягу 5 гадоў зьнішчылі больш ад 10 000 справаў. Калі ў 1850-я гады выйшла «Пастанова» Кабінэту Міністраў аб складаньні кожным ведамствам «Правілаў зьнішчэньня дакумантаў», за МЗС i Міністэрствам юстыцыі пайшлі i іншыя: у 1861 г.- «інструкцыя» МНА, у 1862 г. - Галоўнага кіраўніцтва поштаў i тэлеграфаў, Міністэрства земляробства i дзяржмаёмасьцяў, Міністэрства фінансаў, Дзяржаўнага кантролю i інш. Унутранае супярэчлівае «ведамаснае» заканадаўства прыводзіла да хаосу i самадурства «чыноў», якім даручалася «разборка» справаў, празьмернага масавага зьліквідаваньня матар'ялаў. Як жа зьнішчалі паперы ў заходніх губэрнях дарэформавай Расеі? Дакуманты несакрэтныя, папярэдне прыведзеныя ў стан «россыпу» (справы расшывалі, асобныя аркушы розных справаў пераблытвалі i псавалі, праколвалі шылам i да т. п.), прадавалі на папяровыя фабрыкі. Сродкі, атрыманыя ад продажу справаў, ішлі на дапамогі i ўзнагароды чыноўнікам - «ліквідатарам», на найманьне новых «вынішчальных» камісіяў, на набыцьцё паперы i канцылярскіх прыналежнасьцяў. Толькі агульнанацыянальныя трагічныя падзеі (войны, паўстаньні, рэвалюцыі), што прыводзілі да пагібелі гістарычных матар'ялаў, прымушалі ўрадавыя колы Расеі задумвацца пра іхны лёс.

Але часам палітычныя падзеі штурхалі ўрадавых чыноўнікаў i дзяржаўных дзеячоў імпэрыі да думкі пра неабходнасьць канцэнтрацыі архіваў «асаблівай» палітычнай значнасьці. У канцы XVIII - 1-й палове XIX ст. гэтая тэндэнцыя выявілася ў стаўленьні кіраўнічых колаў дзяржавы да архіваў цэнтральных ведамстваў ВКЛ, рукапісных збораў каталіцкай i ўніяцкай цэркваў і магнатаў "Заходняй Расеі". Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай гэтыя архівы дасталіся новым гаспадаром у бліскучым стане.

Напрыканцы XVIII стагодзьдзя Расейская імпэрыя атрымала матар'ялы такіх цэнтральных установаў Вялікага Княства, як канцылярыя ВКЛ (Літоўская Мэтрыка), канцылярыя маршалковага суду, Літоўскага Трыбуналу, Літоўскага задворна-асэсарскага суду, Скарбовай камісіі, Вайсковай камісіі, Найвышэйшай Радзівілаўскай камісіі, Таргавіцкай канфэдэрацыі. З багатых мясцовых збораў - архівы ваяводзтваў: Віленскага, Троцкага, Полацкага, Наваградзкага, Віцебскага, Берасьцейскага, Мсьціслаўскага, Смаленскага, Менскага. У гэтых ваяводзтвах ды ix паветах захаваліся архівы судоў земскіх, падкаморскіх i каморскіх, камісарскіх, таксатарска-эксдывізарскіх; архівы камісіяў грамадзянска-вайсковых i лякальных канфэдэрацыяў 1792-1793 гг. Судовыя кнігі гэтых збораў паводле сыстэмы, якой карысталіся ў Рэчы Паспалітай, падзяляліся на тры тыпы: індыкты, пратаколы i рэестры. Склад архіваў ВКЛ, якія ўвайшлі ў агульнарасейскую архіўную «прастору», з прычыны натуральных працэсаў (войны, зьмены сыстэмы кіраваньня, канцэнтрацыя i адабраньне асобных групаў крыніц з прычыны ix палітычнай значнасьці i г. д.) зьведаў да пачатку ХХ ст. істотныя зьмены. У выніку дакуманты расьсеяліся як у сховішчах Варшавы, Пецярбургу, Масквы, Вільні, Коўна, гэтак i далека па-за межамі былой Расейскай імпэрыі. Пачатак гэтай эпосе «вялікага расьсейваньня» дакумантальнай памяці пра беларускую мінуўшчыну паклалі падзелы Рэчы Паспалітай.

Найперш зьмены закранулі галоўны дзяржаўны архіў ВКЛ - Літоўскую Мэтрыку, якая перанесла ўжо нямала ўдараў i стратаў у падзеях XVII-XVIII стст. (Асабліва ў выніку знакамітага Патопу XVII ст. - Дз. К.). i пазбавілася шмат якіх арыгінальных актаў XVI - 1-й паловы XVII ст. У сярэдзіне 1740-х гадоў яна была перавезеная зь Літвы ў Варшаву. Тады ж правялі апісаньне i стварылі Рэгесты ЛМ. У 1786 годзе зь ініцыятывы А. Нарушэвіча кнігі ЛМ былі наноў пераплеценыя i пранумараваныя ўнутры аддзелаў, на якія быў разьбіты ўвесь комплекс дакумантаў.

Па загаду Кацярыны II ад 24 кастрычніка 1794 году i даручэньні літоўската генэрал-губарнатара М. Рапніна па ўзяцьці войскамі, А. Суворава ЛМ была забраная й перавезеная ў Пецярбург разам з той яе часткай, якую захоўваў у Віленскім касьцёле сьв. Казімера архіварыюс Качаноўскі. На працягу 1796-1798 гг. прывезеныя архівы падзялілі паміж Сэнатам i Калегіяй замежных справаў. У 1799 годзе на аснове канвэнцыі з Прусіяй прускаму каралю былі перададзеныя тыя часткі ЛМ і Мэтрыкі Кароннай (КМ), якія датычалі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, што адышла да Прусіі, а апошняя пазьней перадала гэтыя часткі Варшаўскаму архіву старажытных актаў згодна з Тыльзыцкім трактатам. У 1798 годзе была ўтвораная камісія, якая праводзіла першапачатковае разьбіраньне i перасыстэматызацыю справаў з фондаў новага паступленьня. "Пецярбурскі" пэрыяд характарызуецца падагульняльным падыходам да матар'ялаў ЛМ i КМ, што знайшло адбітак i ў новым назове фонду - «Мэтрыка далучаных правінцыяў». Вынікам працы камісіі 1798 г. стаў рэестар дакумантаў, зь якога ў 1817 г. быў зроблены падрабязны сьпіс. Архіўнае i навуковае вывучэньне матар'ялаў абедзьвюх Мэтрыкаў у Расеі пачалося ў 1803 годзе, калі была створаная адмысловая Экспэдыцыя Сэнату пад назовам «Мэтрыкі злучаных правінцыяў». У задачы яе ўваходзілі разьбіраньне й сыстэматызацыя дакумантаў ЛМ, арганізацыя іхнага выкарыстаньня. У І-й палове XIX ст. матар'ялы ЛМ, асабліва прывілеі i даравальныя лісты, мелі вялікае практычнае значэньне, бо зьявіліся афіцыйным пацьверджаньнем шараговых шляхоцкіх правоў. За тых часоў вядомыя выпадкі падробак i фабрыкацыі дакумантаў, выцягнутых ці нават падшытых у сапраўдныя кнігі ЛМ. Дзеля ўпарадкаваньня справаў, выкараненьня падробак i далейшай навукова-даведкавай апрацоўкі фонду ў 1835 годзе на іменны загад была ўтвораная адмысловая камісія, якая замацавала ўнутраную разьбіўку ЛМ на аддзелы i нумарацыю адзінак захаваньня ўнутры ix. Камісія скончыла працу ў лютым 1837 году. Галоўным яе вынікам было складаньне інвэнтарнага вопісу. Камісія замацавала такі падзел фонду на часткі (разьдзелы), які склаўся да таго часу: 1) кнігі судовых справаў; 2) кнігі грамадзянскіх справаў; 3) кнігі перапісаў; 4) кнігі выпісаў; 5) справы за пячаткай; 6) кнігі неадменнай Рады i справы найноўшай вытворчасьці; 7) рэгістры; 8) новыя кнігі; 9) старажытныя акты; 10) радаводы; 11) мапы й пляны. У 1887 годзе ЛМ была, перавезеная на захаваньне з С.-Пецярбургу ў Маскву. Гэтая перадача пазначыла сабой новы этап у гісторыі фонду ды ягонага апісаньня. Фонд складаўся тады з 1048 кніг, 393 старажытных актаў, 50 радаводаў i 19 мапаў. Някепская захаванасьць i ўпарадкаванасьць матар'ялаў ЛМ дазволілі расейскім гісторыкам канца XIX - пачатку ХХ ст. распачаць ейную публікацыю i паставіць пытаньце пра сыстэмнае выданьне вопісаў дакумантаў "ядра" дзяржаўнага архіву ВКЛ (М. ДоўнарЗапольскі).

Падобны лёс напаткаў i іншы надзвычай важны дакумантальны комплекс ВКЛ, так званы "Нясьвіскі архіў" Радзівілаў. Зборы Радзівілаў у Нясьвіжы мелі як агульнадзяржаўную, гэтак i ўласнасямейную значнасьць. Яны складаліся з архіву, бібліятэкі, кабінэту манэтаў i мэдалёў. Публічна-праўны характар меў архіў, што ўзьнік у XVI стагодзьдзі. У 1551 годзе, згодна з загадам польскага караля i вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, Мікалаю Радзівілу былі перададзеныя на захоўваньне "літоўскія" прывілеі. У Нясьвіскім архіве Радзівілаў знаходзілася i калекцыя дзяржаўных актаў ВКЛ эпохі Жыгімонта Старога, так званая "Tomiciana" - 17-томная канцылярыя ў цьвёрдых пераплётах, якая разьмяшчалася ў аддзеле рукапісаў Нясьвіскай бібліятэкі. Радзівілы надавалі шмат увагі свайму архіву й трымалі яго ў парадку. Пры ім заўжды працаваў архіварыюс, які меў аднаго, а часам i некалькіх памочнікаў. На дакуманты меліся вопісы. Сам Нясьвіскі архіўны збор засяроджваў дакуманты ўсіх чальцоў роду Радзівілаў, даравальныя лісты расейскіх цароў i польскіх каралёў Радзівілам на маёнткі i разнастайныя льготы, статуты й прывілеі княскіх гарадоў, найбагацейшую перапіску службовага, ваеннага ды асабістага характару, жыцьцяпісныя крыніцы (радаводныя кнігі, генэалягічныя табліцы, шлюбныя кантракты), маёмасна-гаспадарчыя i фінансавыя дакуманты маёнткаў i фальваркаў роду. Пасьля II падзелу Рэчы Паспалітай значная частка Нясьвіскага збору перавандравала ў С.-Пецярбург. А. Бібікаў вывез бібліятэку з 20 000 тамоў, якую па загадзе Кацярыны II перадалі Расейскай Акадэміі навук, дзе тамы Нясьвіскага кнігазбору праляжалі да 1842 году, калі ix аддалі часткова Пецярбурскай Духоўнай акадэміі, часткова - унівэрсытэцкай бібліятэцы ў Маскве (яна атрымала ўсе беларуска-літоўскія, польскія і лацінскія кронікі, што захоўваліся да таго ў Нясьвіжы) i бібліятэцы Генэральнага штабу ў Пецярбурзе. Наагул жа, збор кніг i рукапісаў Радзівілаў стаў падмуркам Расейскай Акадэміі навук. У ейным аддзеле рукапісаў апынуліся надзвычай каштоўныя крыніцы па гісторыі культуры ВКЛ i Беларусі. Але найбольшую частку рукапісных рарытэтаў Нясьвіскай біблійтэкі перадалі Імпэратарскай Публічнай бібліятэцы (Цяпер РНБ імя М. Салтыкова-Шчадрына.- Дз. К.), дзе яна i на сёньняшні дзень складае аснову калекцыі аўтографаў. Архіў, што застаўся ў Нясьвіжы, папаўняўся матар'яламі i ў ХІХ- пач. XX ст. Апроч дакумантаў роду Радзівілаў, у ім зьявіліся й паперы сваякоў радавітай сям'і - родаў Вітгенштэйнаў, Завішаў, Флемінгаў. Ужо ў 80-я гады XIX ст. П. Вітгенштэйн перавёз свае дакуманты ў Слуцак, аднак значная ix частка, што датычыла маёнткаў Вітгенштэйнаў, яшчэ заставалася ў складзе Нясьвіскага архіву Радзівілаў. I хоць дасьледчыкаў сюды пускалі без асаблівай ахвоты, усё ж такі ў XIX ст. ён стаў аб'ектам пільцай навуковай цікавасьці шмат якіх выбітных гісторыкаў Расеі (З. Далэнгі-Хадакоўскага, А. Кіркора, М, Кастамарава, М. Каяловіча, М. Доўнар-Запольскага i інш.).

З далучэньнем Беларусі да Расейскай імпэрыі шматлікія старажытныя актавыя кнігі перайшлі ў распараджэньне губэрскіх i павятовых установаў, найперш павятовых судоў. Толькі ў архівах установаў Гарадзенскай губэрні налічвалася 4395 актавых кніг, у тым ліку ў павятовых судох: Гарадзенскім - 209, Ваўкавыскім - 228, Слонімскім - 269, Пружанскім 53, Берасьцейскім - 545, Бельскім - 125, Беластоцкім - 103; у гарадзкіх магістратах: Гарадзенскім - 18, Ваўкавыскім - 10, Пружанскім - 16, Кобрынскім - 6, Берасьцейскім - 12, Бельскім - 29, Дарагічынскім - 43, Беластоцкім - 14; у старажытных архівах: Дарагічынскім - 1418, Бранскім - 1103 кнігі. Аднак большая частка старажытных архіваў засталася без нагляду. Мноства каштоўных дакумантаў загінула падчас ваенных падзеяў i пажараў 1812 году, згарэлі ўсе старажытныя акты Кобрыньскага суду, архівы полацкага арцыбіскупа. Францускія акупацыйныя ўлады рабавалі й зьнішчалі каштоўную дакумантацыю i рукапісы. У Смаленску загінулі матар'ялы смаленскай кансысторыі, смаленскай палаты крымінальнага суду, скарбовай палаты. Амаль цалкам былі зьнішчаныя архівы Лепля, Мсьціслава, Віцебску, Барысава, Клімавічаў i інш.

Параза паўстаньня 1831 году зьявілася падставай дзеля разьвязаньня ўрадавымі коламі Расеі новых захадаў па канфіскацыі дакумантальных каштоўнасьцяў Беларусі, прычым ня толькі з найбагацейшых збораў, уладальнікі якіх (магнаты й шляхта краю) скампрамэтавалі сябе ўдзелам у згаданых падзеях, але й рарытэтаў з архіваў i бібліятэк касьцёлаў, каталіцкіх i ўніяцкіх кляштараў, прыватных калекцыяў. У 1832 годзе зь імпэратарскага загаду былі вывезеныя ўглыб Расеі (пераДусім у Пецярбург) каштоўнасьці з больш як 200 кляштараў, шматлікіх шляхецкіх маёнткаў. Гэта найперш дакумантальныя ды кніжныя зборы, творы мастацтва. Такім чынам канфіскавалі неацэнныя кнігі й рукапісы Полацкай езуіцкай акадэміі, родавыя архівы й кнігазборы Радзівілаў, Агінскіх, Сапегаў, Плятараў, В. Ржавускага, К. Нямцэвіча, К. Валовіча i інш. Такі ж лёс напаткаў у 30-я гады XIX ст. зборы зачыненага ў 1832 годзе Віленскага ўнівэрсытэту (рукапісы Альбэртрандзі, М. Догеля, фэльдмаршала Шарамецева i інш.). Архівы Віленскай акадэміі (і Віленскага ўнівэрсытэту), а таксама калегіяў Сьніпіскай, Ігнатаўскай ды Гарадзенскай, якія захоўваліся ў Архіве Агульнага Адукацыйнага Фундушу, перавандравалі ў сакратарскі стол Міністэрства народнай асьветы.

З 1837 году па загадзе Мікалая I зь беларускіх гарадоў у Пецярбурскую Археаграфічную камісію пачалі адсылаць граматы й «слупкі». З гэтай нагоды ў С.-Пецярбург са шматлікіх бібліятэк i архіваў перайшлі каля 15 000 слупкоў: з Аршанскага гарадзкога магістрату й Куцеінскага манастыра, Берасьцейскага, Гарадзенскага, Бельскага, Вяліскага гарадзкіх магістратаў, Віленскага Трыбуналу, Віленскага капітулу, Віцебскай Скарбовай палаты, Магілеўскіх гарадзкіх думы й ратушы, Магілеўскай сэмінарыі i г. д. Згодна з гэтым загадам гарадзенскі губарнатар перадаў С.-Пецярбурскай Археаграфічнай камісіі вялікі збор старажытных рукапісаў XV- XVI стст. i архіўных дакумантаў XVII-XVIII стст. зь дзярэчынскага архіву князёў Сапегаў. Адна частка яго й кнігазбор Сапегаў паступілі ў С.-Пецярбурскую Публічную бібліятэку, другая частка траціла ў Горадню, адкуль у 1858 годзе была перададзеная Віленскай публічнай бібліятэцы.

Абумоўленае пастановай Полацкага сабору 1839 году зьліквідаваньне ўніяцкай царквы ў Беларусі згубным чынам адбілася на лёсе ўніяцкіх бібліятэк, царкоўных i кляштарных архіваў. З 1841 году i да канца 1850-х гадоў зь ініцыятывы Я. Сямашкі адбывалася масавае зьнішчэньне й перадача ў Пецярбург i Кіеў найбагацейшай беларускай уніятыкі з Жыровічаў, Полацку, Быценю i іншых мясьцінаў краю. У 1845 годзе ў С.-Пецярбурскі сынадальны архіў быў перададзены каштоўны гістарычна складзены комплекс - так званы архіў "западнорусских униатских митрополитов" які пачаў зьбірацца яшчэ ў 1596 годзе i меў шэраг дакумантаў пачатку XV стагодзьдзя. Значную частку сваіх матар'ялаў ён страціў падчас шматлікіх пераездаў XVII-XVIІІ стст. Да «асяданьня» ў Пецярбурзе ён пасьпеў пабываць у Вільні, Наваградку, Варшаве, Горадні, Струнне (недалёка ад Полацку), Львове, Радамышлі, Луцку, Страблі, Лаўрышаве. Вандроўнае жыцьцё, безумоўна, не магло не адбіцца на ягонай захаванасьці. Частка ўніяцкіх архіваў стала асновай збораў шэрагу архіўных калекцыяў. Дакуманты па гісторыі ўніяцкай царквы ў 50- 60-я гады XIX ст. лёгка можна было набыць у букіністычных крамах Вільні. 40 000 тамоў кніг i каштоўныя рукапісы з базылянскіх кляштараў нават у 1866 годзе знаходзіліся ў стане поўнага забыцьця i хаатычна валяліся на паліцах Віленскай публічнай бібліятэкі. Разбуранымі былі цэлыя сыстэмы кляштарных калекцыяў. У такіх умовах зьбіраць матар'ялы па гісторыі вуніі было, здавалася б, справай няцяжкай, але зь іншага боку - зьбіраньне дакумантаў з гісторыі ўніяцкай царквы не віталася ўладамі (асабліва царкоўнымі). Неабходна было валодаць ня толькі разуменьнем важнасьці гістарычнай крынщы дзеля захаваньня памяці пра даўніну, але й немалой мужнасьцяй, каб ісьці насуперак поглядам царкоўнага кіраўніцтва. На шчасьце для гістарычнай навукі, такія людзі, як біскуп Паўла Дабрахотаў, знаходзіліся нават сярод ярархаў праваслаўнае царквы. Дзякуючы ягонай зьбіральніцкай чыннасьці да нас дайшоў найкаштоўны архіўны комплекс па гісторыі беларускай уніятыкі ў ВКЛ.

У 30-я гады XIX стагодзьдзя на Беларусі набыло масавасьць фальшаваньне дакумантаў, што зьвязана з урадавым «разборам» шляхты, які вырашаў задачы праверкі сапраўднасьці юрыдычных падставаў шматлікіх прадстаўнікоў гэтага стану на шляхоцкія прывілеі. Высакародныя беларускія «шляхцічы» ўжо ў XVII-XVIII стст. шырока практыкавалі падробку дакумантаў. Фальшывымі замяняліся сапраўдныя, якія зьнішчаліся часам пры непасрэдным садзеяньні прыстаўленых дзеля ix захаваньня пісараў ды іншых адказных асобаў. Гэтыя фальшаваньні дасягнулі ўжо ў XVIII ст. такіх памераў, што сойм 1726 году вымушаны быў устанавіць сьмяротнае пакараньне для адказных за захаваньне актаў асобаў, якія мелі дачыненьне да падробак. Пагрозьлівыя пастановы мала дапамаглі справе, бо спакусы жыцьцёвага характару былі мацнейшыя. У выніку да пачатку XIX ст. каля паловы менскіх актавых кніг зьмяшчалі падробкі. Менск у 1-й палове XIX ст. ператварыўся у своеасаблівую «сталіцу» фальшывак. Яны былі нагэтулькі распаўсюджаныя, што прымусілі менскага грамадзянскага губарнатара прызначыць адмысловых чыноўнікаў дзеля сочкі за асобамі, якія мелі дачыненьне да сфальшаваных дакумантаў. Падобныя зьявы й падобныя захады «барацьбы» мелі месца ў 30-40-я гады XIX ст. у Горадні, Віцебску, Магілеве, Полацку, Коўне ды Вільні. У архівах гэтых гарадоў знаходзілася мноства падробак, падшытых ва ўжо пранумараваныя рэвізорамі кнігі. Загадам Мікалая I ад 19 сьнежня 1833 году былі створаныя тры адмысловыя камісіі дзеля разгляду мэтрычных ды актавых кніг у «губерниях, от Польшы возвращённых». У склад камісіяў увайшлі чыноўнікі міністэрстваў юстыцыі i ўнутраных справаў, корпусу жандараў ды губэрскія страпчыя. Яны абавязаныя былі прашнураваць i пранумараваць усе актавыя кнігі, перакрэсьліць усе чыстыя аркушы, палі i прабелы. Аднак хутка высьветлілася, што многія кнігі засталіся без праверкі, а ў правераных ня ўсе аркушы былі пранумараваныя, чыстыя аркушы й палі перакрэсьленыя неахайна. Усё гэта спрыяла далейшаму фальшаваньню старажытных дакумантаў. У актавых кнігах зьявіліся ўстаўкі відавочна падробленых папераў, сьпісаных дробным почыркам. Было выяўлена, што ў «правераных» кнігах Гарадзенскай губэрні сапраўдныя пячаткі замененыя фальшывымі, а ў кнігі ўключаны падробленыя акты. Такім чынам, праверка 1833-1835 гг. i 1852 г. не дала асаблівых вынікаў, бо рэвізоры (жандарскія афіцэры, сьледчыя, губэрскія й павятовыя страпчыя) самі не былі адмыслоўцамі ў гістарычнай дакумантацыі. Другая камісія, створаная зь ініцыятывы віленскага (1842-1852) генэрал-губарнатара Маркевіча, хоць i вызначалася маштабнасьцяй «вышуку», але якасьці праверцы не дадала. Камісіі, распараджэньнем Кабінэту Міністраў ад 1842 году прызначаныя ажыцьцявіць паўторную праверку актавых кніг, мусілі скласьці ў паветах на кожную кнігу вопіс «з адзнакай у асобнай графе, ці прызнаецца акт несумненным альбо не, i чаму менавіта». Як i варта было чакаць, у шматлікіх павятовых установах вопісы былі складзеныя толькі на частку матар'ялаў. Так з 2521 актавай кнігі Дарагічынскага i Бранскага архіваў было апісана ўсяго 8.

З мэтай захаваньня старажытных крыніцаў «заходніх губэрняў», што мелі да таго ж сур'ёзнае палітычнае значэньне, расейскі ўрад вырашыў у сярэдзіне XIX ст. ажыцьцявіць частковую цэнтралізацыю найбольш каштоўных збораў Беларусі й Літвы. Імпэратарскім загадам ад 2 красавіка 1852 году былі заснаваныя Віленскі й Віцебскі архівы старажытных актаў (далей ВЦА i Віцебскі ЦА. - Дз. К.), якія мусілі зьбіраць старажытныя беларускія ды літоўскія актавыя кнігі й дакуманты да 1799 году ўключна. Абавязак кантролю за канцэнтраваньнем гэтых архіўных крыніцаў быў ускладзены на віленскага генэрал-губарнатара. Кіраўнікі беларускіх i літоўскіх губэрняў мусілі кантраляваць выкананьне загаду аб перадачы старажытных актаў на падпарадкаваных ім тэрыторыях. У пункце 7 царскага загаду былі пералічаныя абавязкі ВЦА: 1) складаць, публікаваць i рассылаць ва ўсе губэрскія i павятовыя судовыя ўстановы i дэпутацкія шляхоцкія сходы заходніх губэрняў вопісы; 2) складаць i публікаваць каталёгі на дакуманты, што захоўваюцца ў архіве. Значэньне гэтага загаду заключалася ў тым, што ён без стварэньня сыстэмы архіваў на Беларусі й Літве (яны існавалі й раней.- Дз. К.) цэнтралізаваў яе ўтварэньнем магутных дакумантальных комплексаў пад адказнасьцяй найвышэйшай краёвай адміністрацыі, чым ратаваў ix ад фізычнай пагібелі. Сам факт арганізацыі, упарадкаваньня й асэнсаванага захоўваньня архіўных матар'ялаў зьявіўся важнай падзеяй у гісторыі архіўнае справы.

У ВЦА была сабраная перадусім канцылярыя цэнтральных установаў ВКЛ (за выключэньнем Літоўскай Мэтрыкі) ды правінцыйныя архівы Заходняй i Цэнтральнай Беларусі й Літвы. Віленскі Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг складалі многія дакумантальныя комплексы, што выйшлі з каралеўскай ці вялікакняскай канцылярыі з канца XIV да канца XVII ст. Ядро збору склалі стары архіў Галоўнага Трыбуналу ВКЛ, архівы Літоўскага Скарбовага Трыбуналу, Літоўскага Духоўнага Трыбуналу, Літоўскага задворна-асэсарскага суду, акты маршалковых судоў, Літоўскай скарбовай камісіі, вайсковай камісіі, дакуманты з архіву Генэральнай канфэдэрацыі 1792-1793 гг. i інш. У значнай ступені сваёй добрай захаванасьцяй матар'ялы гэтых комплексаў былі абавязаныя сумленнай працы перадавых архівістаў канца XVIII - 1-й паловы XIX ст. (А. Малішэўскага, К. Шалюты, I. Тамадіэўскага, Я. Зянковіча, Д. Нарбута i А. Дмахоўскага). На працягу першых 10 гадоў працы архіву пераважна было скончана канцэнтраваньне старажытных дакумантаў. У 1863 годзе ў ім захоўвалася 17 439 актавых кніг цэнтральных i мясцовых установаў Віленскай, Гарадзенскай, Ковенскай, Менскай, часткова Магілеўскай i Смаленскай губэрняў. Толькі ў 1863 годзе фактычна распачаў сваю дзейнасьць Віцебскі ЦА, які знаходзіўся ў распараджэньні Міністэрства ўнутраных справаў i віленскага генэрал-губарнатара. На той час у ім захоўваліся 1823 актавыя кнігі, прынятыя ад павятовых судоў Віцебскай i Магілеўекай губэрняў. Юрыдычнае й матар'яльнае становішча абодвух архіваў было ненармальным. Хранічны недахоп сродкаў i вельмі нязначная колькасьць штатных супрацоўнікаў (3-5 чалавек у ВЦА, 1-3 - у Віцебскім ЦА) рабілі практычна немагчымым выкананьне галоўнай задачы архівістаў - упарадкаваньня i апісаньня больш як 7 млн. дакумантаў.

Становішча беларускіх збораў у парэформавы пэрыяд іхнага існаваньня (60-я гады XIX - пачатак XX ст.) вызначалася засмучальным станам архіўнае справы ў Расеі i наступствамі, зьвязанымі з паразай паўстаньня 1863- 1864 гг. Як i раней, за няйменьнем у сваім асяродзьдзі навукоўцаў-архівістаў, кожнае расейскае міністэрства праектавала й праводзіла праз Кабінэт Міністраў i Дзяржаўную Раду "сэпаратныя законы" арганізацыі i дзейнасьці архіваў сваіх ведамстваў. Таму дзейнае расейскае архіўнае заканадаўства ўяўляла сабой доўгі шэраг "узаконеньняў", прынятых з падачы дзяржаўных установаў розных ведамстваў у розны час i з розных намераў, без узгадненьня наступнага заканадаўства з папярэднім. Такая сытуацыя давала шырокія магчымасьці для разнастайных злоўжываньняў з боку архіўных службоўцаў, якія былі малазабясьпечанымі i стаялі па-за кампэтэнтным кіраўніцтвам i кантролем. Да пачатку XX ст. найвышэйшае архіўнае кіраўніцтва Расеі было падзеленае паміж усімі міністрамі ды іншымі асобамі на правох міністраў, а мясцовае складалася зь ведамстваў губарнатараў, кіраўнікоў палатаў, апекуноў навучальных акругаў, эпархіяльных архірэяў, вайсковых начальнікаў i іншых прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі, абцяжараных мноствам службовых справаў. Яны ня мелі нічога агульнага з архівамі, таму глядзелі на старажытныя гістарычныя зборы як баран у біблію i ня мелі аніякага ўяўленьня пра рацыянальнае архівазнаўства Ажно да пачатку XX стагодзьдзя на становішча дакументальных збораў Расеі ўплывала згубная інэрцыя «зацьверджанай Яго Вялікасьцяй» у 1860 годзе Пастановы Кабінэту Міністраў, што дазваляла кожнаму ведамству «складаць правілы» аб захоўваньні i зьнішчэньні архіўных справаў. Такія "правілы" ўяўлялі сабой законные падставы паўсюднага вынішчэньня ня толькі «непатрэбных папераў», але й найважнейшых у навуковым сэнсе гістарычных матар'ялаў. На практыцы справа «разбору», апісаньня й зьнішчэньня архіўнай дакумантацыі, што захоўвалася пры канцылярыях дзейных установаў, залежала ад волі найдрабнейшых канцылярскіх чыноўнікаў, часта пазбаўленых знаёмства ня толькі з праблемамі айчыннага архівазнаўства, але й айчыннай гісторыі Паводле ацэнкі выбітнага расейскага вучонага Дз. Я. Самаквасава, адсутнасьць у імпэрыі ў 2-й палове XIX ст агульнага архіўнага заканадаўства, кіраўніцтва й кантролю мела сваім вынікам «такі разгром расейскіх дзяржаўных архіўных матар'ялаў, перад якім марнее разбурэньне архіваў Францыі недасьведчаным натоўпам эпохі 1-й рэвалюцыі». Дакляратыўнае патрабаваньне закону пра захаваньне дзяржаўнай канцылярыі ўсіх узроўняў у цэласьці й парадку, «каб ніводная справа не магла згубіцца», заставалася толькі на паперы.

Пасьля «разборкі» ў 1874 годзе справаў Гарадзенскага губэрскага архіву зьнікла ў нябыт 1000 пудоў «непатрэбных» справаў. Эстафэту Горадні падхапіў Віцебск. У 1885 годзе зь Віцебскай губэрскай управы «прызначылі» на продаж больш ад 1000 пудоў старадаўніх справаў, у тым ліку дакумантальныя комплексы двух генэрал-губарнатараў па Віцебскай, Магілеўскай, Менскай i Віленскай губэрнях. Матар'ялы гэтыя былі ў добрым стане i пераплеценыя. У архіў Віленскага акруговага суду перайшлі матар'ялы дарэформавых судовых установаў. Пасьля ix «разборкі» 5100 справаў былі зьнішчаныя. Да стратаў, заплянаваных мясцовымі чыноўнікамі, свой унёсак дадалі пажары й стыхійныя беды; дакуманты гінулі i з прычыны неахайнага захоўваньня. У 1863 годзе ў мястэчку Расьне паўстанцы спалілі ўсе паперы заснаванай там у XVIII стагодзьдзі езуіцкай місіі. У 1868 годзе падчас пажару ў Вяліжы згарэў гарадзкі архіў, што зьмяшчаўся ў будынку ратушы. У 1870-я гады згарэлі багатыя зборы Ўваскрасенскага манастыра й царквы, перавезеныя з Полацку ў Віцебск яшчэ ў XVI ст., у 1880 г. зьніклі старадаўнія дакуманты з кляштара сьв. Марка. Пажарам дапамагала й гарадзкое начальства, якое прадало зь віцебскіх архіваў у Рыгу да 3000 пудоў матар'ялаў XVI-XVII стст. (у тым ліку паперы Полацкага намесьніцтва). У 1884 годзе ўладальнікам Шклова баронам Корфам былі прададзеныя на вагу дакуманты з архіву Зорыча. У Горадні падчас пажару 1885 году згарэў архіў Гарадзенскага шляхоцкага дэпутацкага сходу i г. д.

Па задушэньні паўстаньня 1863 году віленскі генэрал-губарнатар М. Мураўёў актыўна заняўся канфіскацыяй культурных каштоўнасьцяў (у прыватнасьці, архіваў ды калекцыяў старадаўніх рукапісаў) у «неблагонадёжных» дзеячоў «покорённого Северо-Западного края». Супраціўленьне калянізацыі прывяло да масавага перамяшчэньня велізарных дакумантальных комплексаў як унутры Беларусі й Літвы, гэтак i па-за іхныя межы. Так была расьцягненая найбуйнейшая калекцыя помнікаў беларускай культуры, сабраная графам Я. Тышкевічам у Віленскім Музэі старажытнасьцяў. Большую частку яе (у тым ліку й 541 рукапіс) атрымаў Румянцаўскі музэй у Маскве. Ацалелыя пасьля разгрому рэшткі калекцыі перадалі Віленскай Публічнай бібліятэцы. У 1864 годзе туды ж перадалі й зборы зачыненых у зьвязку з паўстаньнем 1863 году бібліятэк, кляштараў, касьцёлаў, грамадзкіх згуртаваньняў ды асобных удзельнікаў паўстаньня (у прыватнасьці, гісторыка Т. Нарбута.- Дз. К.). Да гэтых фондаў і калекцыяў былі далучаныя рукапісы зачыненых навучальных установаў i найважнейшыя дакуманты, выяўленыя навукоўцамі ў архівах Беларусі ў 60-70-я гады XIX ст. Відавочна, што без надзеі на захаванасьць у такой сытуацыі сваіх радзінных збораў многія прадстаўнікі мясцовага магнацтва пачалі перавозіць ix на Захад. У 1867 годзе на загад Радзівілаў была вывезеная ў Бэрлін значная частка іхнага архіўнага збору зь Нясьвіжу. Шматлікія калекцыі старажытных дакумантаў адсылаліся ў Кракаў i замак Рапэрсьвіль у Швайцарыі (архівы Гутэн-Чапскіх, Плятараў, Шырынаў ды інш.). Найважнейшая дакумантацыя нават «зьнікала» ў загадкавых варунках. Так у 1865 годзе па даручэньні ўраду палкоўнікамі Камаровым i Райкоўскім было распачатае вывучэньне прычынаў «мятежнических политических движений» у Павісьленьні i «Заходнім краі». Тры гады (1865-1867) зьбіраліся дакумантальныя матар'ялы з усіх архіваў Беларусі, Літвы ды Ўсходняй Польшчы. У выніку ўтварыўся значны калекцыйны фонд (больш за 22 000 аркушаў), які доўга захоўваўся ў Камарова. Рыхтавалася публікацыя гэтых дакумантаў, але ў 1879 годзе падчас ад'езду Камарова зь Пецярбургу гэты архіў зьнік зь ягонай кватэры.

Няздольная кантраляваць сытуацыю са старажытнай канцылярыяй на ўсім абшары «Паўночна-Заходняга краю», уpaдавая адміністрацыя засяродзіла свае намаганьні на ўпарадкаваньні хаця б двух цэнтральных архіваў Беларусі й Літвы - ВЦА i Віцебскага ЦА. У ix была сканцэнтраваная найважнейшая інфармацыя ня толькі навукова-гістарычнага пляну, але й вялікай палітычнай значнасьці. Памагатыя М. Мураўёва апякун Віленскай навучальнай акругі I. Карнілаў i «правая рука» крывавага дыктатара I. Нікіцін рупліва ахоўвалі цэнтральныя архівы й створаную ў 1864 годзе Віленскую Археаграфічную камісію ад уплываў «пальшчызны» й лацінскага «папізму». Першы ў сваёй чыннасьці зыходзіў з думкі, што ў «Паўночна-Заходнім краі ня мае быць i ня будзе месца для любой іншай цывілізацыі, апрача расейскай», а польскую цывілізацыю ацэньваў як такую, «якая нараджала хіба вар'ятаў ды лайдакоў». Культура польская не заслугоўвала, на ягоную думку, «падтрымкі, а толькі перасьледу». Нікіцін жа трактаваў «польскую справу» ў краі як «скончаную» i «архіўную».

Погляды кіроўных «апекуноў» адбіліся як на падборы кадраў для службы ў гэтых архівах (звычайна гэта былі сыны былых уніяцкіх сьвятароў, якія перайшлі ў праваслаўе, альбо асобы, зьвязаныя з праваслаўнай царквой прафэсійна й паводле атрыманай адукацыі. - Дз. К.), гэтак i на характары архіўна-археаграфічнай чыннасьці ВЦА i Віцебскага ЦА. З 1865 году чыннасьць гэтая разгортвалася пад сьцягам русыфікацыі i барацьбы з «польскім каталіцызмам». На думку М. Мураўёва, служыць у архіве маглі асобы «русского и православного вероисповедания». Галоўнай задачай у працы архівістаў як ВЦА, гэтак i Віцебскага ЦА да самага канца XIX ст. заставалася камплектаваньне: ад пасьпяховага вырашэньня гэтай праблемы непасрэдна залежалі пытаньні апісаньня ды публікацыі сабраных дакумантальных скарбаў. У 80-я гады XIX ст. Віленскі архіў прыняў больш як 5000 актавых кніг i старажытных інвэнтароў ад скарбовай палаты, палаты крымінальнага й грамадзянскага суду, кіраўніцтва дзяржаўных маёмасьцяў Гарадзенскай губэрні. Актыўна папаўняўся i Віцебскі архіў, але паводле інтэнсіўнасьці камплектаваньня й багацьця сабраных дакумантаў ён відавочна саступаў Віленскаму. Віной таму шмат у чым былі галоўныя ворагі архіваў у XVII-XIX стст.- пажары ды войны. У выніку ix у Віцебску не было аніводнага поўнага збору эпохі ВКЛ раней за апошнюю чвэрць XVIII ст. У 1633 годзе падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай у Полацку згарэлі практычна ўсе гарадзкія кнігі; у 1664-1667 гг. згарэлі дакуманты Крычаўскага замку; у 1812 годзе архівы Полацку спазналі чарговае спусташэньне з прычыны эвакуацыі дакумантаў у Пскоў; у 1835-1862 гг. у Віцебску пацукі зьелі мноства каштоўных матар'ялаў; у пажарах 1837, 1860-х згарэла частка Полацкага ваяводзкага архіву. Усё гэта адбівалася ня толькі на якасьці, але й на структуры ацалелых у Віцебскім ЦА дакумантальных комплексаў. Да 1865 году ў Віцебскім архіве было засяроджана 1750 актавых кніг ca збораў Віцебскай i Магілеўскай губэрняў. Надзвычай доўга (ажно да 1862 году) Віцебскі ЦА ня меў свайго сталага памяшканьня, што было адной з галоўных прычынаў адтэрміноўкі з адкрыцьцём архіву i пачаткам ягонай рэальнай дзейнасьці. Разьмяшчэньне архівасховішча ў будынку фарнага касьцёлу стварала неспрыяльныя ўмовы для нармальнага захаваньня дакумантаў i працы зь імі. I ўсё ж дзякуючы мэтанакіраванай зьбіральніцкай чыннасьці архівістаў-археографаў Беларусі й Літвы таго часу (I. Гарбачэўскага, I. Спрогіса, Я. Галавацкага, Ю. Крачкоўскага, Дз. Даўгялы, А. Сапунова, А. Мілавідава, А. Дабранскага i інш.) да пачатку XX ст. у сховішчах ВЦА i Віцебскага ЦА было сабрана i ўратавана ад пагібелі больш за 25 000 актавых кніг, зьвязак i дакумантаў за 1428- 1810 гг. Нягледзячы на матар'яльнае становішча архівістаў, якое заўважна палепшылася на пачатку XX ст., іхная надзвычайная малалікасьць не дазваляда ажыцьцяўляць эфэктыўнае плянавае апісаньне. У ВЦА да пачатку XX ст. было апісана ўсяго 1238 актавых кніг. Працу запавольвала й тое, што ў вопісы звычайна заносіўся ня толькі кароткі зьмест кніг, але й тэкст дакумантаў. Частка зь ix была апублікаваная ў шэрагу археаграфічных выданьняў Вільні й Віцебску ў 60-я гады XIX - пачатку XX ст. Пачалі зьяўляцца i першыя архіўна-археаграфічныя агляды й апісаньні, прысьвечаныя лёсу i складу рукапісных збораў «правінцыйных» i ведамасных архіваў Беларусі XVIII-XIX стст. I ўсё ж велізарная маса старажытных актавых кніг i дакумантаў так i засталася неразабранай ажно да I Сусьветнай вайны. I да пачатку XX ст., нягледзячы на ажыцьцёўленую канцэнтрацыю архіўных фоцдаў, найважнейшыя дакуманты з гісторыі Беларусі заставаліся распыленымі па зборах кляштараў, касьцёлаў, грамадзкіх установаў i мясцовых дзяржаўных органаў улады, прыватных асобаў. Віленская Археаграфічная камісія (існавала ў 1864-1915 гг.) - галоўная расейская выдавецкая інстытуцыя ў краі - уяўляла сабой, паводле зьедлівай адзнакі Р. Мяніцкага, «месца нагэтулькі навуковае, наколькі й палітычнае; камісія падпарадкоўвала навуку выразным палітычным зацікаўленьням, падмяняла яе слугаваньнем палітыцы, ставіла пад сьцягі сучасных лёзунгаў, залежных ад уpaдавай ідэалёгіі». Надта марудная апрацоўка й апісаньне архіўных справаў у Вільні, Віцебску ды Кіеве вымусіла Дзяржаўную Раду ў 1884 годзе прапанаваць МНА, МУС, МФ i МЮ сумесна абмеркаваць пытаньне пра такія зьмены ў цэнтральных архівах імпэрыі, якія б спрыялі больш пасьпяховай іхнай дзейнасьці. У 1890 годзе ўрадам была ўтвораная Адмысловая камісія з прадстаўнікоў ведамстваў, прафэсараў Маскоўскага й Пецярбурскага ўнівэрсытэтаў, чальцоў Археаграфічнай камісіі ды загадчыкаў архіваў старажытных актаў. Яна выказвалася за злучэньне Віленскага й Віцебскага ЦА ў Вільні з павелічэньнем штатаў i акладаў службоўцам гэтых установаў. Зь фінансавых прычынаў гэтае рашэньне ўдалося рэалізаваць толькі ў 1902 годзе. У 1903 годзе актавыя кнігі перавезьлі зь Віцебску ў Вільню, што прывяло да фактычнага зьліквідаваньня першага гістарычнага архіву Беларусі. У наступныя гады ў краі значную працу па зьбіраньні гістарычнай дакумантацыі праводзілі царкоўна-археалягічныя камітэты Вільні, Менску, Віцебску, Магілева, Полацку й Горадні, утвораныя ў губэрнях пасьля заснаваньня ў 1909 годзе пры Найсьв. Сынодзе Архіўна-археалягічнай каміеіі.

Ці спрабавалі расейскія гісторыкі-архівісты парэформавага пэрыяду пераламіць надзвычай складаную сытуацыю зь мясцовымі дакумантальнымі фондамі ў лепшы бок? Спрабавалі, i неаднаразова. Зь ініцыятывы М. Калачова, які на I i ІІ археалягічных зьездах (1869, 1871 гг.) прачытаў спавешчаньні пра драматычны стан архіўнае справы ў Расеі, была створаная Камісія па падрыхтоўцы архіўнай рэформы. Галоўныя пытаньні рэформы вызначылі слушна: 1) спыненьне масавага зьнішчэньня архіўных справаў; 2) цэнтралізацыя канцылярыяў асобных ведамстваў; 3) стварэньне ў губэрскіх гарадох абласных архіваў, а пры ix - губэрскіх архіўных камісіяў. З задуманага шырокамаштабнага праекту часткова ўдалося вырашыць толькі трэці пункт. У 1884 годзе ў шэрагу расейскіх губэрняў зьявіліся першыя губэрскія архіўныя камісіі (Арлоўская, Разанская, Тамбоўская i Цьвярская), галоўным абавязкам якіх меўся быць папярэдні прагляд справаў, прызначаных губэрскімі ведамствамі да зьнішчэньня.

Установы Беларусі па пытаньні экспэртызы навуковай вартасьці дакумантаў мусілі зьвяртацца ў Арлоўскую камісію, да якой былі прыпісаныя. Апошняя на падставе вопісу, які не заўжды даваў дастатковае ўяўленьне пра зьмест дакумантаў, вырашала, якія справы варта перадаць ёй, а якія можна зьліквідаваць. На ўласна беларускіх землях губэрскія архіўныя камісіі былі створаныя зь вялікім спазьненьнем: у Смаленску - у 1908 годзе зь ініцыятывы генэрал-маёра А. Жыркевіча i настаўніка гімназіі I. Арлоўскага, а ў Віцебску - у 1909 годзе. Апошняя на правох аматарскага таварыства гісторыкаў-краязнаўцаў сабрала невялікую архіўную калекцыю адасобленых справаў з фондаў шэрагу губэрскіх i павятовых установаў. Віцебская камісія ставіла сваёй мэтай стварыць гістарычны архіў, але ня здолела ажыцьцявіць гэтую задумку, бо ня мела сродкаў i памяшканьня дзеля ягонай арганізацыі. Сур'ёзнай перашкодай для збору старажытных справаў была адсутнасьць памяшканьня i у Смаленскай камісіі; гістарычныя зборы Смаленшчыны зьмяшчаліся ў мураваных вежах гарадзкой крэпасьці, дзе не было сьвятла, затое сырасьці ды бруду нават зь лішкам. Такія ўмовы захоўваньня дакумантальных сьведчаньняў свае гістарычнае памяці былі тыповымі i для пераважнай бальшыні ведамасных канцылярскіх фондаў Беларусі. Будынак буйнога архіву судовых установаў Менскай губэрні быў зусім не прыстасаваны для захоўваньня дакумантаў. У такіх жа ўмовах знаходзіліся матар'ялы беларускіх духоўных кансысторыяў (Гарадзенскай, Магілеўскай), Віцебскай ды Магілеўскай скарбовых палатаў i іншых ведамстваў. I хоць шэрагі губэрскіх архіўных камісіяў ужо нярэдка пачалі папаўняць кваліфікаваныя архівісты - выпускнікі адчыненага ў 1873 годзе М. Качалавым Археалягічнага інстытуту, радыкальна зьмяніць да лепшага гэтую сытуацыю яны не маглі. Губэрскія архіўныя камісіі, пазбаўленыя сродкаў i рэальных вагароў узьдзеяньня на мясцовую адміністрацыю, ня здолелі эфэктыўна забясьпечыць захаванасьць мясцовых архіваў XIX - пачатку XX ст. Нядзіўна, што ва ўмовах I Сусьветнай вайны й рэвалюцыяў 1917 году яны апынуліся без надзейнай абароны i падпалі пад рабаваньне й зьнішчэньне. Зь ліставаньня вайсковага міністра зь міністрам народнай асьветы нам вядома, што ў выпадку вайны меркавалася вывезьці ВЦА як архіў I катэгорыі за Дзьвіну - у Віцебск альбо Маскву (каля 5500 пудоў у 11 вагонах). Міжтым, пасьпелі вывезьці толькі частку, праўда, найбольш каштоўных дакумантаў XI-XVII стст. Сотні вагонаў неацэнных рарытэтаў беларускай культуры з архіваў, бібліятэк; музэяў, кляштараў, манастыроў, цэркваў, касьцёлаў i маёнткаў у 1914-1915 гг. былі вывезеныя чыгункай на ўсход, углыб Расеі (Яраслаўль, Калугу, Саратаў, Растоў). Тое, што не пасьпявалі забіраць, зьнішчалі на месцы. Зборы, эвакуяваныя ў гарады Ўсходняй Беларусі ды цэнтральных губэрняў Расеі, заставаліся без нагляду, скідваліся ў памяшканьні, непрыдатныя на захаваньне, гінулі й раскрадаліся. Вялікая колькасьць дакумантаў, захопленых нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, апынулася ў Нямеччыне.

ЛІТАРАТУРА

Автократова М. И., Светенко А. С. К вопросу об истории формирования и архивного освоения фонда ЛМ // Исследования по истории Литовской Метрики. М., 1989.

Без-Корнилович М. А. Исторические сведения о примечательных местах в Белоруссии. СПб., 1855.

Викентьев В. П. Полоцкий кадетский корпус. Полоцк, 1910.

Голуб В. 50-летие Виленского Центрального архива діревнйх актовых книг. Исторический очерк. 2.IV.1852-1902. Вильно, 1902.

Горбачевский И. И. Каталог древним актовым книгам губерний: Виленской, Гродненской, Минской и Ковенской. Вильно, 1869.

Горбачевский И. И. О центральном архиве древних актовых книг губерний: Виленской, Гродненской, Минской и Ковенской // ВЗР, 1869.

Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки церковно-славянских и русских. Вильно, 1882.

Довгялло Д. Лепель - Витебск, 1905. Исторические документы // Витебские губернские ведомости, 1909, № 149.

Довгялло Д. И. 50-летие Виленской комиссии для разбора и издания древних актов. 1864-17.IV.1914. Вильно, 1914.

Жукович П. Сообщение об архиве Западно-русских униатских митрополитов. Пг., 1915.

Забирев И. И. Прошлое и настоящее русских архивов (краткий исторический очбрк). СПб., 1911.

Записки Иосифа митрополита Литовского. Т. II. СПб., 1883.

Иконников В. С. Опыт русской историографии. Т. II. Киев, 1908.

Иконников В. С. О польском отделении вещей, памятников и портретов, перевезенных в Румянцевский музей в 39 тюках и опись их // Вестник Западной России, 1868, № 2.

Исторический Вестник, 1885, № 11.

Исторический очерк и обзор фондов рукописей отделения Библиотеки Академии наук. Вып. 2. М - Л., 1958.

Киприанович Г. Жизнь Иосифа Семашки - митрополита Литовского и Витебского. Вильно, 1879.

Колекція та архів епископа Павла Доброхотова. Кйів, 1992.

Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае. СПб., 1901.

Крыловекий А. С. Систематический каталог книг библиотеки Киевской духовной академии (бывшей Полоцкой униатской библиотеки). Киев, 1906.

Лаппо И. И. Витебский Центральный архив и его издания. // ЖМНП, 1904, май.

Леонтьева Т. Е. Документальные материалы фонда Радзивиллов как исторический источник // Вопросы архивоведения и источниковедения в БССР. Мн., 1971.

Лялин В. В. Витебский центральный архив // Сборник С.-Петербургского историко-археологического института. Т. III. СПб., 1890.

Маяковский И. Л. Исторический очерк архивного дела в России: Лекции, читанные слушателям архивных курсов при Петроградском Археологическом институте, Пг., 1920.

Миловидов А. И. Архив упраздненного Пинского Лещинского монастыря, М., 1900.

Миловидов А. И. Виленский Центральный архив (1852- 1902). // ЖМНП, 1902, март, ч. СССХХХХ.

Миловидов А. И. Краткий исторический очерк Виленской Публичной библиотеки. Вильно, 1902.

Миловидов А. И. Описание славяно-русских старопечатных книг Виленской публичной библиотеки. 1491-1800. Вильно, 1908.

Миловидов А. И. Прошлое и современное положение археографии в Северо-Западном крае // ЖМНП, 1904, № 9, отд. 4.

Наш край, 1920, № 1.

Никитин И. А. Из записей Ивана Акимовича Никитина. СПб., 1905.

Описание Архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1-2. СПб., 1897 - 1907.

Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов; 1700-1839. Т. II. СПб., 1907.

Описание документов и бумаг МАМЮ. М., 1915.

Описание рукописного отделения Виленской публичной библиотеки. Вып. I-V. Вильно, 1895-1906.

Отчет Смоленской ученой архивной комиссии за первый год ее существования (3-го апреля 1908 - 3-го апреля 1909 г.). Смоленск, 1910.

Паевский Л. С. Нащи процинциальные архивы и их значение для Западно-Русского края. Гродно, 1894.

Памятная книжка МАМЮ. М., 1890.

Перевощиков В. М. Роспись книгам и рукописям имп. Российской Академии. СПб., 1840.

Подробный каталог изданий Виленской комиссйи для разбора древних актов Виленского Центрального Архива, бывшего Витебского Центрального Архива, Виленской Публичной библиотеки и Виленского учебного округа, вышедших в свет с 1865 по 1905 гг. Вильно, 1905.

Пташицкий С. Л; Описание книг и актов Литовской Метрики. СПб., 1897.

Пташицкий С. Л. Щорсовская библиотека. М., 1899.

Реусс. Каталог книг Московской университетской библиотеки. Т. 1-3. М., 1831 - 1836.

Родосский А. С. Описание 432 рукописей, принадлежапдих С.-Петербургской Духовной академии. СПб., 1893.

Самоквасов Д. Архивное дело в России. Т. I -II, 1902.

Сапунов А. П. Архив Полоцкой духовной консистории. М., 1898.

Сапунов А. П. Архивы в городах Могилевской губернии и Минске. М., 1902.

Сапунов А. П. Университет в Полоцке. Витебск, 1908.

Сборник материалов, относящихся до архивной части в России. Т. ІГ. Пг., 1917.

Слёзкни Н. Р. Из архивных дел Витебского губернского правления. Витебск, 1910.

Смаленец Алесь. Да стацьці Власта «Аб паленьні кніг на Беларусі» // Крывіч (Коўна), 1924, № 2.

Смолко В. Пагібель старасьветчыны / / Часопіс Міністэрства Беларускіх Справаў (Коўна), 1919, № 1.

Сомошенко В. Н. История архивного дела в дореволюционной России. М., 1989.

Спрогис И. Я. Виленские архивы - правительственные, общественные и другие. Вильно, 1902.

Старинные описи Литовской Метрики. СПб., 1900.

Тихонов П. Н. Каталог российских рукописных книг, находящихся в библиотеке Софийского Собора. СПб., 1880.

Труды первого съезда представителей губернских ученых архивных комиссий и соответствующих им установлений 6-8 мая 1914 г. СПб, 1914. .

Турцевич А. О. Краткий исторический очерк Виленской комиссии для разбора и издания древних актов. 1864-1906. Вильно, 1906.

Цылов Н. Сборник распоряжений гр. М. Н. Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863- 1864 гг. Вильно, 1866.

Хронологическая опись исхорических документов Несвижского архива, составленная в 1862 году. // ЛЗАК за четыре года. СПб., 1871, вып. 5, отд. 3.

Шохін Л. I. Маловідомі документи про діяльність М. В. Довнар-Запольского в галузі архівноі справи // Архівй Украши, 1987, 1.

Шлюбскі Ал. Матэрыялы да крыўскай гісторапісі // Спадчына, 1992, № 3.

Энгель А. А. Описание дел, хранящихся в архиве Виленского генерал-губернатора. Т. 1-2. Вильно, 1869-1870.

Юницкий Н. Фундуши и стипендии Виленского учебного округа. Ч. i. Выц. 1. Вильно, 1884.

Ярославцев С. Гор. Климовичи // Зап. Северо-Западного отдела РГО. Т. IV. Вильно, 1914.

Burwiński St. Archiwum Ks. Radziwiłłów w Nieświeżu // Archiwum komisji hist. Kraków, 1909-1913.

Wykaz skasowanych w XIX w. katolickich klasztorów na Rusi. Kraków, 1918.

Mienicki R. Biblioteka archiwum państwowego w Wilnie. Wilno, 1932.

Mienicki R. Archiwum akt dawnych w Wilnie w okresie od 1795 do 1922 roku: Wilno, 1939.

Mienićki R. Archiwum akt dawnych w Witebsku (Centralne archiwum Witebskie. 1852-1903). W-wa, 1939.

Mienicki R. Wileńska komisja archeograficzna (1864-, 1915). Wilno, 1925.

Radziszewski Fr. Wiadomość historyczno-statystyczna o znakomitych bibliotekach i archiwach publicznych i prywatnych w Królewstwie Polskim, Galicji, w ks. Poznańskim i zachodnich guberniach państwa Rosyjskiego. Kraków, 1875.

Sachaniewicz K. Sprawa rewindykacji archiwów i mienia kulturalnego Polski od Rosji // Biblioteczka wschodu Polski, 1921, № 5.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX