Вярнуцца: Артыкулы

Каўка Аляксей. Беларускі вызваленчы рух


Аўтар: Каўка Аляксей,
Дадана: 24-10-2012,
Крыніца: Каўка Аляксей. Беларускі вызваленчы рух // Спадчына № 5 - 1991. С. 5-10.



Спроба агляду

З храналагічнага боку ў гісторыі беларускага вызваленчага руху зазначаюцца дзве крайнія даты: 1794 год - паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі супраць гвалтоўнага падзелу федэратыўнае Рэчы Паспалітай манархіямі Расіі, Аўстрыі, Прусіі, супраць далучэння да Расійскай Імперыі земляў Беларусі, усяго былога Вялікага княства Літоўскага; i 25 сакавіка 1918 года - нацыянальна-дзяржаўнае самавызваленне Беларусі праз абвешчанне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паводле самаўсведамлення, арганізаванасці, якаснай эвалюцыі вы­зваленчага руху ў ім умоўна вылучаюцца два галоўныя этапы (перыядызацыя ў межах кожнага з ix - асобнае пытанне): пачаткова-падсвядомы рух «у сабе» пераважна ў межах польскага нацыянальна-вызваленчага працэсу (1794-1863 гг.), i рух «для сябе», сведамы ўласна беларускіх нацыянальных задачаў i канчатковае мэты - адраджэння беларускае дзяржаўнасці (1863-1918 гг.).

На першым этапе пераважаюць спарадычныя разрозненыя праявы літаратурнае, навуковае, культурна-асветніцкае дзейнасці ў асяроддзі дробнапамеснае, па большасці спольшчанае, так званае краёвае шлях­ты, уніяцкага i часткова праваслаўнага духавенства, студэнтаў i выкладчыкаў Віленскага універсітэта. Вывучаецца мова, культура, звычаі, гістарычная мінуўшчына беларусаў; паступова ўсведамляецца ўласная этнакультурная індывідуальнасць, падабенства i адрознасці беларусаў адносна іншых славянскіх народаў. Пазней чыняцца спробы ўзнавіць абарваныя традыцыі кнігадрукавання на беларускай мове. Дзейнасць гэтая азначала па сутнасці стыхійны пратэст супраць афіцыйнае палітыкі расейска-царскіх уладаў, супраць настрою польскай арыстакратыі ў адносінах да Беларусі. Пратэст выклікала ігнараванне гістарычнае самастойнасці беларускага этнасу, мовы, культуры, асіміляцыя беларускага насельніцтва на русіфікатарскі або паланізатарскі лад.

Да зараджэння, першых праяваў беларускага руху прама ці ўскосна спрычыніліся таварыствы філаматаў i філарэтаў, дэмакратычнае таварыства ў Віленскай медыцынскай акадэміі, Братні саюз літоўскае моладзі, Таварыства земляў літоўскіх i рускіх (на эміграцыі), многія навукоўцы, даследчыкі - I. Анацэвіч, М. Баброўскі, I. Даніловіч, I. Лабойка, З. Далэнга-Хадакоўскі, I. Грыгаровіч, Т. Нарбут, К. i Я. Тышкевічы, А. Кіркор ды інш.

Найбольш відавочна i паслядоўна культурна-нацыянальныя, адраджэнчыя імкненні народа праявіліся ў новай беларускай літаратуры, асабліва ў творчасці Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, П. Багрыма, В. Равінскага, К. Вераніцына (два апошнія, паводле пераканаўчых доказаў Г. Кісялёва,- найбольш верагодныя аўтары паэм «Энеіда навыварат» i «Тарас на Парнасе»), А. Вярыгі-Дарэўскага, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча, В. Каратынскага, П. Шпілеўскага. Іхнія творы, асветніцкія пачынанні сведчылі пра абуджэнне нацыянальнае самасвядомасці ў народзе, пра фармаванне беларускае народнае інтэлігенцыі, яны сталі фактычным доказам здольнасці айчыннага пісьменства да выпрацоўкі ўласнага нацыянальнага стылю, да пераадолення часовае «пагранічнае» беларуска-польскае або беларуска-расейскае раздвоенасці на шляху да нацыянальнага творчага сінтэзу. Пасля паўстання 1830-1831 гг. у вызваленчым руху зараджаецца рэвалюцыйна-дэмакратычная плынь, характэрная спалучэннем літаратурнага асветніцтва i палітычнае барацьбы ў дзейнасці Ф. Савіча, А. Незабітоўскага i інш.

Этапную ролю ў далейшым развіцці рэвалюцыйна-дэмакратычнае традыцыі, усяго вызваленчага руху адыграла паўстанне 1863-1864 гг. на чале з К. Каліноўскім - мысляром, паэтам, публіцыстам, першым беларускім палітычным дзеячом новага часу. Дзейнасць Каліноўскага кладзе пачатак спалучэнню сацыяльна-эканамічных (найперш аграрных), палітычных, культурна-духоўных, у тым ліку рэлігійных праблемаў у вызваленчым змаганні беларусаў. К. Каліноўскі ставіць, хай напачатку недастаткова выразна i паслядоўна, уласна беларускія («літоўскія») патрабаванні ў агульнапольскім нацыянальным руху, уключна з ідэяй самастойнасці Літвы-Беларусі ў дэмакратычным саюзе з Польшчаю i Расеяю. Легендарны паўстанец першы звярнуў увагу на сялянства як галоўную дзеятворную сілу беларускае нацыі, прысвяціў яму нелегальны перыёдык «Мужыцкая праўда».

У асобе Каліноўскага беларусы займелі сцяганосную постаць народнага, нацыянальнага падзвіжніка-змагара, самаахвярнага патрыёта Бацькаўшчыны, які ў новых гістарычных умовах панавіў, развіў далей патрыятычную ідэю Ф. Скарыны. Дзейнасць Каліноўскага надала дынаміку выспяванню беларускае нацыянальнае думкі, замаруджанаму ў выніку паразы паўстання, узмоцненае русіфікацыі паводле праграмы М. Мураўёва-вешальніка, а таксама асімілятарскае канцэпцыі «западно-руссизма».

Новую ідэйна-тэарэтычную i палітычную якасць беларускі рух асягае на схіле XIX ст. у дзейнасці сацыяльна-рэвалюцыйнае народніцкае групы «Гомон», яе нелегальнага аднайменнага часопіса. Гоманаўцы асэнсавалі заканамерны характар развіцця i цяжкасці нацыянальнае кансалідацыі беларускага этнасу, падкрэслілі яго гістарычную трывучасць пры векавечным асіміляцыйным націску, пры сталай небяспецы растварэння «ў вялікарасейскім або польскім моры». Яны асудзілі абрусіцельны «идеал казарменного единообразия», абгрунтавалі, у якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму, ідэю «федэратыўнае самастойнасці Беларусі» на падставе «свабоднага пагаднення» з іншымі народамі дэмакратызаванае Расіі. Беларускія нарадавольцы выступілі ў лучнасці 3 рэвалюцыйна-дэмакратычнымі рухамі Расіі, Украіны, Польшчы, падтрымалі федэратыўныя ідэі М. Бакуніна, М. Драгаманава, засцераглі адначасна кіраўнікоў партыі «Народная воля» (П. Лаўроў, Л. Ціхаміраў) ад спакушэння цэнтралісцкаю рэвалюцыйнасцю, ад незразумення i вузка інструментальнае трактоўкі нацыянальнага пытання, у прыватнасці беларускага.

Далейшае паглыбленне беларускае вызваленчае думкі звязана з дзейнасцю Ф. Багушэвіча. У сваёй «Прадмове», іншых творах ён выказаў канцэптуальны погляд на гісторыю беларусаў, зазначыў пераемнасць палітычна-дзяржаўных, культурных традыцыяў Вялікага княства Літоўскага з сучаснымі намаганнямі народа выбавіць сваю «зямліцу-Беларусь» з-пад сацыяльнага, палітычнага, рэлігійнага прыгнёту, культурнага заняпаду, а найперш адрадзіць, забяспечыць належны грамадскі прэстыж роднай мове - асноватворнаму чынніку нацыі. Багушэвіч з'яднаў беларускае пытанне з вызваленчымі імкненнямі славянскіх ды іншых уцісканых народаў. Яркая будзіцельская асоба Багушэвіча, «духоўнага бацькі беларускага адраджэння» (М. Гарэцкі), а таксама літаратурна-грамадская дзейнасць ягоных сучаснікаў А. Гурыновіча, А. Абуховіча, Я. Лучыны, К. Каганца, іншых паскорылі ідэйна-нацыянальнае ўзмужненне літаратуры, усяе беларускае думкі, станаўленне й гартаванне наступных генерацый адраджэнцаў.

На пераломе XIX - XX стст. ажыўляецца, пераважна ў студэнцкім асяроддзі, культурна-асветніцкая плынь беларускага руху (Гурток моладзі польска-літоўска-беларускае. Круг беларускае народнае прасветы i культуры, іншыя студэнцкія аб'яднанні ў Пецярбургу, Маскве, Кракаве). Чыняцца спробы друкаваць нелегальную палітычную газету «Свабода», заснаваць Сацыялістычную партыю Белай Русі i г. д. У гэтым жа асяроддзі выспявае думка, не без уплыву польскіх сацыялістаў, аб дзяржаўнай незалежнасці, суверэнітэце Беларусі, неабходнасці партыйна-палітычнае самаарганізацыі нацыянальнага руху. Паўстае Беларуская рэвалюцыйная партыя (1902), неўзабаве перайменаваная ў Беларускую Рэвалюцыйную, затым - Беларускую Сацыялістычную Грамаду (1903 г.). Спрыяюць беларускай справе развіццё навуковага беларусазнаўства (публікацыі П. Бяссонава, I. Насовіча, М. Доўнар-Запольскага, Е. Раманава, П. Шэйна, А. Багдановіча, Я. Карскага, А. Сапунова, Я. Карловіча, А. Ельскага, Г. Татура, М. Нікіфароўскага, М. Федароўскага, А. Сержпутоўскага, М. Янчука i інш.), рускі дэмакратычны друк на Беларусі (газеты «Минский листок», «Северо-Западный край», выпускі «Северо-Западного календаря»), асабліва краязнаўча-збіральніцкая, нацыянальна-асветніцкая праца Б. Эпімаха-Шыпілы, аднаго з заснавальнікаў першае беларускае выдавецкае суполкі «Загляне сонца i ў наша ваконца».

Глыбокія якасныя змены ў беларускім руху адбываюцца ў выніку рэвалюцыі 1905-1907 гг. i адваёвы некаторых дэмакратычных свабодаў, разам з правам на легальны беларускі друк. Мацнее ўзаемасувязь асветніцкіх i палітычных, легальных i нелегальных напрамкаў i формаў вызваленчага руху дзякуючы газетам «Наша Доля», «Наша Ніва», «Беларус», часопісам «Лучынка», «Раніца», у дзейнасці палітычных, прафесійных, грамадска-культурных аб'яднанняў (Беларускі настаўніцкі хаўрус, Гродзенскі гурток Беларускае моладзі, Беларускі музычнадраматычны гурток, Беларуская кнігарня ў Вільні, Полацку, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў у Пецярбургу, выдавецкія, кааператыўна-гаспадарчыя суполкі i г. д.).

Прынцыповае значэнне дзеля ідэйнае кансалідацыі беларускага руху мела дзейнасць БСГ. Яе бліжэйшымі задачамі абвяшчаліся звяржэнне царскага абсалютызму, аўтаномія Беларусі з мясцовым соймам у Вільні, 8-гадзінны рабочы дзень, перадача «усяе зямлі ў грамадскую ўласнасць» (Праграма БСГ, прынятая II з'ездам партыі ў 1906 г.). Сябры БСГ дзеілі ў сялянскіх, рабочых нізах (мітынгі, пракламацыі, адозвы), знаёмілі ўсерасейскую, міжнародную грамадскасць з характарам беларускага пытання (выступы на Усерасейскім сялянскім з'ездзе ў 1906 г., на міжнароднай канферэнцыі сацыялістычных партыяў - Фінляндыя, 1905 г.; публікацыі ў рускім, польскім, украінскім, літоўскім, чэшскім, нямецкім друку).

3 гэтага ж, кансалідацыйнага гледзішча надзвычай істотнаю была дзейнасць «Нашае Нівы» - па сутнасці легальнага асяродка сталення і гуртавання літаратурных, наогул культурна-асветніцкіх адраджэнчых сілаў. «Наша Hiąa» стала незаменным духоўна-культурным, гістарычным універсітэтам беларусаў. Пры спрыянні яе дзеячоў зараджаецца, напачатку ў каталіцкім, праўніяцкім асяроддзі, беларускі нацыянальна-рэлігійны рух (газета «Беларус», аб'яднанне «Хрысціянская злучнасць», дзейнасць святароў А. Бычкоўскага, В. Гадлеўскага, А. Пачопкі, А. Астрамовіча, пазней - Ад. Станкевіча ды інш.) з мэтаю самавызначэння беларускае царквы, паяднання рэлігійных патрэбаў народа з ягонымі агульнымі вызваленчымі інтарэсамі.

Значная заслуга газеты ў справе інтэрнацыяналізацыі беларускае культуры, усяго руху ў пашырэнні ды ўзмацненні яго міжнацыянальнага і міжнароднага кантэксту, а таксама ў процідзеянні шавіністычным наскокам з боку расейскае, польскае рэакцыйнае прэсы, мясцовых рэнегатаў («Белорусское общество», «Крестьянин», I. Саланевіч, П. Каранкевіч ды інш.).

Дзесяцігоддзе «Нашае Нівы» азначала ў гісторыі Беларусі сапраўдную «нашаніўскую» эпоху. Ейнымі намаганнямі ўзгадаваная й далучаная да актыўнае вызваленчае працы пляяда пісьменнікаў-класікаў, буйных грамадска-палітычных і культурных дзеячоў, нацыянальных ідэолагаў - Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, М. Багдановіч, Ядвігін Ш., А. Гарун, М. Гарэцкі, 3. Бядуля, Ц. Гартны, I. і А. Луцкевічы, А. Уласаў, В. Ластоўскі, В. Іваноўскі, I. Буйніцкі, У. Галубок, А. Смоліч, Б. Тарашкевіч, Я. Драздовіч, Я. Лёсік, Ф. Шантыр, Л. Сівіцкая, Л. Гмырак, Р. Зямкевіч, Я. Хлябцэвіч, многія іншыя.

Глыбокі ўсеагульны крызіс, за ім распад царскай імперыі ў выніку першае сусветнае вайны, лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый прыкметна дынамізуюць беларускі рух, паскараюць ягоную эвалюцыю ад агульнай ідэі свабоднае Беларусі да яе канкрэтызацыі ў напрамку дзяржаўна-незалежнага самавызначэння. Нацыянальна-вызваленчая ідэя ўзварушвае, актывізуе свядомасць многіх беларусаў - вайсковых, рабочых, уцекачоў, лёсам вайны параскіданых за межамі Бацькаўшчыны, часткова аб'яднаных у розных беларускіх асяродках Петраграда, Масквы, Адэсы, Кіева, Тамбова, Саратава. Падзел тэрыторыі Беларусі на дзве зоны вайсковага процістаяння Расіі i Германіі вымусіў вызваленчы рух часова арганізацыйна раз'яднацца, ладзіць працу з улікам акупацыйна-франтавых абставінаў.

Сярод беларускага актыву акупаванай немцамі Вільні ідэя беларускае дзяржаўнасці пэўны час лучыцца з ідэяй магчымага ўзнаўлення дзяржаўнай уніі Беларусі i Літвы (зварот «Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага» ад 15 снежня 1915 г., сумесная дэкларацыя сацыялістычных i дэмакратычных партыяў Вільні ў снежні 1917 г.). Тут жа, у Вільні, паўстае Беларускі нацыянальны камітэт - каардынацыйны цэнтр мясцовых беларускіх арганізацый. Камітэт ладзіць сувязі з літоўскім, польскім, яўрэйскім нацыянальнымі рухамі дзеля тэрытарыяльнае цэласнасці й непадзельнасці этнічна беларускіх земляў, імкнецца бараніць інтарэсы беларускага насельніцтва перад акупацыйнымі ўладамі, закладвае падваліны нацыянальнае сістэмы асветы (першыя беларускія школы, настаўніцкія курсы, гімназіі ў Вільні, Свіслачы, іншых мясцінах Віленшчыны, Гродзейшчыны, Беласточчыны), выдае газету «Гоман». 3 віленскага асяродка беларускае пытанне выносіцца на меркаванне III Канферэнцыі нацый (Лазана, Швейцарыя, чэрвень 1916 г.). Мемарыял беларускіх дэлегатаў (I. Луцкевіч, В. Ластоўскі) да ўдзельнікаў міжнароднае сустрэчы ўвасобіў гістарычна-культурнае, палітычнае абгрунтаванне права беларускага народу «стацца гаспадаром на ўласнай зямлі».

Пасля лютаўскай рэвалюцыі прыкметна актывізуюцца беларускія палітычныя структуры ў Менску, франтавой зоне расейскіх войскаў. Тут паўстае беларускі нацыянальны камітэт (сакавік 1917 г.), а неўзабаве на яго месцы - Рада беларускіх партыяў i арганізацыяў, ператвораная затым у Вялікую Беларускую Раду; ідэяй нацыянальнага войска паклікана да жыцця Цэнтральная Беларуская вайсковая Рада.

Сацыяльная база руху, дасюль пераважна сялянская i дробнашляхецкая, прыкметна пашыраецца коштам часткі рабочых, нізавога афіцэрства, разначыннай інтэлігенцыі, асобных прадстаўнікоў мясцовай арыстакратыі, звычайна абыякавай або непрыхільнай да беларускага пытання. У сваю чаргу паглыбляецца палітычная неаднароднасць руху, увідавочваюцца спробы буйнаўласніцкіх элементаў (Р. Скірмунт i інш.) узначаліць яго, абвастраюцца ўнутраныя супярэчнасці, выкліканыя, з аднаго боку, рэзкім узмацненнем сацыяльна-эканамічнага радыкалізму, рэвалюцыйнасці ў працоўных, асабліва сялянскіх, салдацкіх нізах, з другога - ліберальна-дэмакратычным, эвалюцыйным курсам кіраўніцтва нацыянальнага руху. Справа ўскладнялася ўсё яшчэ нізкім, у пэўным сэнсе хімерычным станам нацыянальнай самасвядомасці бальшыні беларускага насельніцтва, ігнараваннем беларускага пытання з боку Расіі - Часовага ўраду i рэвалюцыйнае апазіцыі ў асобе бальшавіцкае партыі.

Нутраныя супярэчнасці, уздзеянне вонкавых чыннікаў, паглыбленне бальшавізацыі грамадскіх працэсаў напярэдадні й пасля кастрычніцкае рэвалюцыі паскараюць падзел беларускага руху на дзве галоўныя плыні - класава-рэвалюцыйную i нацыянальна-дэмакратычную. Найбольш выразна гэты падзел вызначыўся на III з'ездзе БСГ (кастрычнік 1917 г.), калі прадстаўнікі першае, левае плыні пакіравалі ў камуністычным напрамку, а прадстаўнікі другое, пераважнае часткі ўзялі курс на неадкладнае здзяйсненне дзяржаўна-самавызначальнай ідэі.

Паваротнаю гістарычнаю вяхой на гэтым шляху стаў I Усебеларускі кангрэс (снежань 1917 г.), скліканы Вялікаю Беларускаю Радаю i эсэраўскім Беларускім абласным камітэтам. З'езд прайшоў пад знакам кансалідацыі розных палітычна-ідэйных плыняў, партыяў дзеля агульнае нацыянальнае мэты - свабоднае незалежнае Беларусі: «Нацыянальная ідэя, расцьвіўшая да апогэю к моманту адбываньня зьезду, прэваліруе над усім іншым i прыдае нечувальнаму да таго ў беларускай гісторыі кангрэсу адпаведны адбітак» (Зм. Жылуновіч). Насуперак гвалтоўнаму разгону Кангрэсу па рашэнні старшыні Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці дэлегаты прымаюць рэзалюцыю аб утварэнні на беларускім этнаграфічным абшары краёвае ўлады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх i рабочых дэпутатаў i наладжванні афіцыйных зносінаў 3 савецкаю ўладаю «Цэнтру», усіх рэспублік Расійскае федэрацыі.

Разгон кангрэса ўвідавочніў істотныя супярэчнасці бальшавізму ў нацыянальным пытанні: паміж дэклараваннем права нацыяў на самавызначэнне i фактычным патаптаннем гэтага права адносна канкрэтнага народа, паміж натуральнымі жыццёвымі інтарэсамі беларусаў i сілком накінутым ім рэвалюцыйным «ашчасліўліваннем», паміж, нарэшце, камуністамі-патрыётамі, удзельнікамі Кангрэсу (Зм. Жылуновіч, А. Чарвякоў, інш.) i камуністамі-«территориалистами» (В. Кнорын, А. Мяснікоў, К. Ландэр i інш.), насланымі ў Беларусь дзеля прыспешвання сусветнае рэвалюцыі, «не считаясь с тем, какого роду и племени» (Кнорын).

Тым не менш, праца на абраным шляху да самавызначэння не спыняецца: 21 лютага 1918 г. Выканаўчы Камітэт, пакліканы Кангрэсам, звяртаецца з Першаю Устаўною Граматаю «Да народаў Беларусі» i ўтварае часовы ўрад - Народны Сакратарыят Беларусі. Другою Устаўною Граматаю (9 сакавіка 1918 г.) Беларусь абвяшчаецца Народнаю Рэспублікаю 3 будучым заканадаўчым зацверджаннем яе Устаноўчым Соймам Беларусі. Часовае замірэнне паміж Германіяй i Савецкай Расіяю (Брэсцкі мір 1918 г.) коштам падзелу тэрыторыі Беларусі, германская акупацыя яе ўсходняе часткі ўключна з горадам Менскам давяршае даспяванне й самавыяўленне ідэі суверэннае Беларускае дзяржавы.

У ноч 3 24 на 25 сакавіка 1918 года аб'яднанымі намаганнямі палітычных дзеячоў з Вільні (Віленская Беларуская Рада) i Народнага Сакратарыяту ў Менску Рада БНР прымае рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі i Трэцюю Устаўную Грамату. У дакуменце сцвярджалася: «Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай i вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязках Беларусі. На падставе гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязкі, якія далі магчымасць чужому ўраду падпісаць i за Беларусь трактат у Берасьці, што забівае насьмерць беларускі народ, дзелячы землю яго на часткі». У Грамаце агульным сцверджаннем зазначаны дзяржаўныя межы Рэспублікі - «усе землі, дзе жыве i мае лічэбную перавагу беларускі народ», выказана гатоўнасць да раўнапраўнага супрацоўніцтва 3 усімі вольналюбівымі народамі.

Гістарычны факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне, прынцыповы практычны крок на векавечным вызваленчым шляху беларускага народа, рэальны пачатак яго нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Палітычнае паражэнне БНР ў выніку наступления бальшавіцкае рэвалюцыі, утварэнне Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі не толькі не абвергла гэтага факту, але, наадварот, як пасведчылі й сведчаць наступныя дзесяцігоддзі, узмацніла парадаксальна-драматычным чынам гістарычную пераемнасць i незнішчальнасць нацыянальна-дзяржаўнай ідэі няскоранага ў сваіх вызваленчых імкненнях народа. Народа, здатнага выступаць на гістарычнай арэне сапраўдным гаспадаром уласнага лёсу, паўнапраўным удзельнікам міжнароднае садружнасці.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX