Папярэдняя старонка: Артыкулы

Косман М. Рэфармацыйная i контррэфармацыйная школьная адукацыя на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага 


Аўтар: Косман Марцэлі,
Дадана: 10-07-2012,
Крыніца: Косман М. Рэфармацыйная i контррэфармацыйная школьная адукацыя на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага // З гісторыі культуры Вялікага Княства Літоўскага / Косман Марцэлі / Мінск, 2010. С. 226-251.



Рэфармацыя, a за ёю i Контррэфармацыя надавалі вялікае значэнне навучанню моладзі, знаходзячы тут шырокія магчымасці прапаганды ўласных рэлігійных плыняў i перамогі над апанентамі. Кажучы пра асвету, мусім улічваць не толькі яе ўплыў на фармаванне светапогляду вучняў, але i канкурэнцыю ў змаганні "за душу", стварэнне інтэлектуальнай атмасферы ў дзяржаве, ролю замежнага навучання ў сістэме адукацыі (калі пра такую можам казаць), нарэшце, месца школы ў працэсе інтэграцыі шляхецкай Рэчы Паспалітай. На гэтую праблему мы звярнулі ўвагу з іншай нагоды, a менавіта - у час сімпозіума Міжнароднай камісіі славянскіх даследаванняў у Кракаве, які праходзіў 29-31 жніўня 1973 г. [1]

Назва дадзенага артыкула кажа пра беларускія землі, такім чынам, мы свядома ўжываем акрэсленне, якое адпавядае тагачасным, a не цяперашнім стасункам. Бо сустракаем у гістарыяграфіі тэндэнцыю пераносіць у XVII ст. паняцці "Беларусь", "Літва" [2]. Гэта настолькі рызыкоўна, што ўзводзіць штучныя бар'еры ў рамках шырэйшых арганізмаў, якія стваралі супольную дзяржаву - Рэч Паспалітую, a ў яе межах - Карону i Вялікае Княства Літоўскае, урэшце, i іншыя падзелы, між іншым, на Велікапольшчу, Малапольшчу i Літву. З іншага боку, яно вынікае з імкнення да вылучэння іншых, акрамя Польшчы, частак дзяржавы ў супярэчнасці з нашай даўнейшай гістарыяграфіяй. Можна заўважыць на палях, што сучасныя польскія даследчыкі шмат увагі аддаюць усходнім абшарам Рэчы Паспалітай [3].

Храналагічны адрэзак, які мы разглядаем, ахоплівае часы ад сярэдзіны XVI ст. да апошняй мяжы з'явы, названай Контррэфармацыяй, вяртання ў пачатку панавання Станіслава Аўгуста рэлігійнай талерантнасці і, урэшце, палітычных перамен, якія прывялі да заняпаду Рэчы Паспалітай у выніку падзелаў. Такім чынам, у цэлым можам казаць пра два стагоддзі, на працягу якіх адбыліся істотныя змены на рэлігійнай карце беларускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага. Толькі часткова апраўдалі яны чаканні ініцыятараў з каталіцкага i пратэстанцкага колаў, затое сталі істотным крокам на шляху да ўтварэння ў XIX ст. сучаснага народа ў межах шырэйшага працэсу, які ахапіў тэрыторыю Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы [4]. Трэба адзначыць, што далейшыя заўвагі маюць эскізны характар, поўны агляд тэмы патрабаваў бы грунтоўнай манаграфіі. Гэтае пытанне звязваецца з даволі занядбаным ранейшай гістарыяграфіяй абшарам даследаванняў усходніх зямель Рэчы Паспалітай.

Вялікае Княства Літоўскае ў перыяд свайго тэрытарыяльнага росквіту ў часы Вітаўта (1392-1430) ахоплівала каля 900 тыс. км 2, прычым выразна падзялялася на некалькі рэгіёнаў: уласна Літва (Аўкштайція) разам з Жамойцю займалі ледзьве 1/15, a значыць, каля 62,5 тыс. км 2. Неабсяжныя прасторы на поўдні - Кіеўшчына i Валынь - былі слаба звязаны з цэнтрамі ўлады, зрэшты, на ix усё настойлівей прэтэндавала Карона i канчаткова рэалізавала свае інтэграцыйныя намеры непасрэдна перад заключэннем Люблінскай уніі. Тады ж Карона здабыла i Падляшша. Пасля зменаў, якія ўключалі таксама страты на карысць Масквы i вынікалі з развіцця каланізацыі пасля 1569 г., літоўскія землі ахоплівалі каля 100 тыс. км 2, беларускія ж - недзе каля 200 тыс. км 2. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва на апошніх землях была ніжэйшай; асабліва трэба ўлічыць велізарныя пусткі. Аднак трэба мець на ўвазе іншы падзел, які штораз выразней вымалёўваецца па меры крокаў наперад інтэграцыйнага працэсу, a разам з ім - дэзінтэграванай дзяржавы: у заходнім рэгіёне (ваяводствы: Віленскае, Троцкае, Наваградскае без Слуцкага княства, Берасцейскі павет i Жамойцкае княства) i ўсходнім (ваяводствы: Менскае, Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Пінскі павет з Берасцейскага ваяводства, Слуцкае княства з Наваградскага ваяводства). Першы з ix быў значна больш урбанізаваны; прыкладна на 134 тыс. км а знаходзіліся 514 гарадоў i мястэчак (адно паселішча гэтага тыпу прыпа- дала на 261 км 2). У другім суадносіны значна адрозніваліся: на 163 тыс. км 2 - 277 гарадоў i мястэчак (такім чынам, адно прыпадала на 586 км 2). Каля 10 тыс. жыхароў налічвалі Полацк, Віцебск i Магілёў на ўсходзе, Слуцк i Менск - у цэнтры, Берасце i Пінск - на захадзе [5].

Рэфармацыя на беларускіх землях не пацягнула за сабой такой вялікай рэвалюцыі, як у іншых месцах. Бо многія лічылі, што праваслаўе мела агульныя рысы з Пратэстанцкай царквой: заснаванне прыхода, прызначэнне духоўніка i ягоная пазіцыя ў дачыненні да патрона, шлюбы кліру, дагматычныя пытанні. Відавочна, існавалі так- сама значныя адрозненні - найістотнейшае заключалася ў яшчэ большым культурным маразме, чым у каталікоў, але ж ён якраз i выклікаў - гэтае меркаванне мы выказалі ў іншым месцы (1973) i цяпер з усёй рашучасцю пацвярджаем - асноўны дакор з боку прыхільнікаў "навінаў". Такім чынам, сітуацыя складвалася іначай, чым у Кароне, дзе шляхта была зацікаўлена ў аслабленні прававой i маёмаснай пазіцыі кліру.

Звычайна кажуць пра атакі пратэстантаў на каталіцызм, тым часам у дачыненні да праваслаўя яны былі не меншыя. Сымон Будны ў 1563 г. прызнаўся швейцарскаму тэолагу Генрыку Булінгеру, што з клопатаў, якія стаяць перад ягонымі адзінаверцамі, ён на адну дошку паставіў "забабоны папства", "састарэлае народнае ідалапаклонніцтва" (рэшткі язычніцтва на Літве) i "навукі грэкаў, у чыіх руках знаходзяцца касцёлы на Русі". Напісаў, зрэшты, пра царкву наўпрост: "Яна ўсіх забабонаў грэцкіх прыхільніца i дбайная паслядоўніца, або, хутчэй, найзабабоннейшая малпа" [6].

Рэфармацыя са сваімі гарачымі тэалагічнымі спрэчкамі i разам гэтым - з абмінаннем сацыяльнай сферы, разыгрывалася неяк па-над галовамі мас вернікаў. На беларускіх землях пры гэтым не стварыла праблемы лютэранства (яно заняло трывалае месца ў галоўных гарадскіх асяродках Літвы - Вільні i Коўне). Затое вялася барацьба за ўплывы паміж кальвіністамі i арыянамі. Але i яна мела свой цэнтр у Малапольшчы, адкуль сягала па ўсёй Рэчы Паспалітай. Гэта не азначае, аднак, што дзесьці ў іншых месцах панаваў суцэльны маразм i не хапала арыгінальнай думкі. На пачатковым этапе рэфарматарскай буры віраванне ахоплівала розныя асяродкі, прычым некаторыя з ix мелі эфемерны характар - узмацненне або раптоўнае згасанне пратэстанцтва, бо яны залежалі ў асноўным ад двух фактараў: месца пражывання ідэолагаў, інтэлектуалаў i таленавітых прапагандыстаў дадзенай канфесіі i магнацкага мецэнацтва.

Спалучэнне абодвух фактараў было неабходнай умовай развіцця Рэфармацыі. Інакш фармавалася гэтая праблема ў гарадах, дзе з'яднаныя групы - напрыклад, немцаў у Вільні ці Коўне - адносна хутка i надоўга стварылі ўласныя лютэранскія гміны, якія ператрывалі часы аж пасля падзелаў. Не раз зацятыя бітвы, якія вялі між сабой тэолагі, наогул сутыкаліся з абыякавасцю шляхты, крыху інакш сітуацыя складвалася толькі ў перыяд інтэлектуальных спрэчак на пачатку Рэфармацыі. Прыкладам тут можа паслужыць постаць яе галоўнага пратэктара - вялікага літоўскага канцлера i віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Чорнага, які з каталіцтва перайшоў у лютэранства, потым выказваўся за кальвінізм, i ўрэшце ўзмацніў лагер антытрынітарыяў [7]. Пад час сінодаў "літоўскіх братоў" (так зваліся арыяне ў Наваградскім [ваяводстве] - на ўзор братоў польскіх [8]) тамтэйшы меншы збор жвава дыскутаваў наконт тэалагічных справаў, застаючыся ў канфлікце са сваімі адзінаверцамі з Малапольшчы. Розніца поглядаў датычылася так-сама грамадскай сферы, паколькі тут катэгарычна адхрышчваліся ад рэфарматарскіх, далёкасяжных па магчымых выніках зменаў у шляхецкім грамадстве. Дасканалы ўзор дыскусіі знаходзім у працы Сымона Буднага "Пра ўрад, які меч ужывае" [9]. Паколькі мы ўжо закранулі Буднага, варта ўспомніць пра выдатную папулярызацыю новай веры, якую гэты тэолаг праводзіў у час свайго пражывання ў Заслаўі ў мінскага кашталяна Яна Глябовіча, a потым - у Лоску ў літоўскага крайчага Яна Кішкі. Той магнат, пляменнік Мікалая Радзівіла Чорнага, выконваючы найвышэйшыя дзяржаўныя функцыі (віленскі кашталян, жамойцкі стараста, a потым - берасцейскі ваявода), не мог пераймацца зваротамі міністраў (тут: пратэстанцкіх прапаведнікаў. - С. І.) што да грамадскіх лозунгаў антытрынітарызму. Зрэшты, па-першае, яны датычыліся хутчэй Кароны, чым Літвы, па-другое, міністраў ён ігнараваў. Затое ў тэстаменце, названым "Спавяданнем веры" (Confessio fidei), у сярэдзіне 1592 г. завяшчаў спадчыннікам, каб захоўвалі ўмеранасць у абцяжарванні звернутых у пратэстанцтва падданых, міністраў жа арыянскіх не праганялі. Разам з удавой кашталяна, які не пакінуў пасля сябе нашчадкаў, велізарныя ўладанні атрымаў у спадчыну кальвініст - Крыштаф Радзівіл Пярун, вялікі літоўскі гетман i віленскі ваявода. Пажаданне Яна Кішкі, зразумела, не было выканана [10].

Пратэстанцтва тонкім слоем пакрыла абшары Вялікага Княства Літоўскага. Слой гэты быў настолькі слабы, што знікаў разам з перавяртаннем выбітных магнатаў у перыяд Контррэфармацыі. Паступова скарачалася колькасць кальвіністаў (выключэнне - карэнныя літоўскія абшары, дзе існавалі актыўныя парафіі, якія паўсталі некалі на землях яшчэ не хрысціянізаваных, з моцнымі традыцыямі нядаўняга язычніцтва [11]), каб урэшце абмежавацца некалькімі ці нават адным толькі шляхецкім сямействам [12]. Відавочна, у XVIII, a тым больш у XIX ст. гэтая сітуацыя датычылася толькі заходняй часткі Беларусі, звязанай з Літвой, назвай якой таксама ахоплівалася [13].

Зборы ў вялікіх гарадах на ўсходзе паступо- ва знікалі, зрэшты, яны ніколі не адыгрывалі надта важнай ролі. Рэлігійная унія 1596 г. дала гіэўныя вынікі таксама ў заходніх ваяводствах, але шляхта, маючы магчымасць выбару, хутчэй была зацікаўлена пераходам напрамую ў каталіцтва. Хваляванне розумаў, звязанае з арыянствам, прывяло да актыўнай пазіцыі (ваяводствы: Берасцейскае i Наваградскае) нароўні як каталікоў, так i кальвіністаў. Меншы збор, аднак, быў ліквідаваны раней, чым у Кароне - ужо каля 1620 г. [14].

Маразм у галіне школьнай адукацыі ў часы Жыгімонта Старога вымушаў браць ініцыятыву ў свае рукі магнатаў (як вялікага канцлера Альбрыхта Гаштаўта, што арганізаваў гуманітарную школу ў сваіх Геранёнах) або таленавітых навукоўцаў (пераўзыходзіў іншых папярэднік лютэранства Абрагам Кульвець). Аднак яны сутыкаліся як мінімум з непрыязнасцю каталіцкай епархіі [15]. Штораз больш даваўся ў знакі недахоп уласных навучальных установаў. Ранейшыя выезды ў Кракаў ужо не задавальнялі, як i сувязі з нядаўна заснаваным універсітэтам у Караляўцы. Прадстаўнікі кіроўных родаў выязджалі за мяжу - у Нямеччыну, Швейцарыю, Італію i Францыю.

Пілігрымкі, прыкметныя перад наступам пратэстанцтва, не спыняліся пад канец XVI ст. Аднак ix здзяйсняла нешматлікая група сыноў магнатэрыі i заможнай шляхты: адны абіралі лютэранскія навучальныя ўстановы, іншыя - кальвінісцкія, аднак жа штораз болей - каталіцкія. Бяднейшыя суправаджалі дзяцей вяльможаў у ix свіце [16].

Разам са складаннем праграмы Контррэфармацыі яе правадыры звярталі ўвагу, з аднаго боку, на лідэраў у лагеры праціўніка, з другога ж - на галоўныя ягоныя асяродкі. Гэта былі Вільня i Наваградак. У сталіцу Вялікага Княства пратэстанцкія правадыры перасяліліся з Берасця, дзе "навіны" маглі ўзмацніцца пад апекай Мікалая Радзівіла Чорнага. Намагаліся стварыць уласныя вучэльні, але апярэдзілі ix у гэтых адносінах каталікі. Апошняя пастанова правалілася ў часы Стэфана Баторыя, у 1579 г., калі калегіум, што праіснаваў некалькі гадоў, ператварылі ў акадэмію.

Раней канцлер Радзівіл звязваў вялікія надзеі з віленскай пратэстанцкай школай; на яе ўтрыманне прызначыў даход ад шыкоўнага выдання Берасцейскай Бібліі [17]. Віленская гімназія ў будучыні мусіла даваць кальвіністам сярэднюю адукацыю, падобна як школы, закладзеныя ў Кейданах на Жамойці i ў Слуцку. Яны пратрывалі да XIX ст., калі былі ліквідаваны чужаземнымі ўладамі.

Несумненна, сярод пратэстанцкай асветы выгадна вылучалася арыянская школьная адукацыя. Гэтая заўвага датычыцца не толькі Ракава, чый "акадэмічны" характар стараліся дыскрэдытаваць праціўнікі, у тым ліку i кальвіністы. На тэрыторыі Вялікага Княства добра зарэкамендавала сябе школа ў Іўі (Ашмянскі, павет) - паселішчы ва ўласнасці Кішкаў, закладзеным каля 1585 г. жамойцкім старастам i давераным Яну Ліцынію Намыслоўскаму. Яна распасцірала промні свайго ўплыву на Наваградскае [ваяводства], мела гуманітарны характар, узроўнем жа адпавядала чаканням тамтэйшай шляхты. Арыентаваная на прапаганду ўласнага веравызнання i змаганне з чужымі. рыхтавала вучняў добрасумленна, таксама абапіраючыся на напісаныя, пэўна, рэктарам падручнікі. Ліцыній "падымаў пальчатку" пад час тэалагічных дыспутаў з кальвіністамі, a таксама з езуітамі, калі - з 1593 г., пасля перахопу Іўя біржанскімі Радзівіламі - займаў пасаду міністра ў недалёкім Наваградку. Адтуль таксама выгналі арыян у 1617 г., што ў наступным годзе ўхваліў Жыгімонт III Ваза. 3 таго часу арыяне хаця i далей выступалі, але не маглі ўжо весці афіцыйнай прапаганды свайго веравызнання і, такім чынам, перадусім працягваць школьнае навучанне [18].

Кальвінісцкая асвета згуртавала вакол сябе выбітныя розумы толькі на пачатковым этапе Рэфармацыі, на тэрыторыі Малапольшчы, з часам жа надышоў яе заняпад, i цяжка казаць пра гімназіі як пра асяродкі творчай працы. Такой ролі яны ўжо не адыгрывалі, асабліва ў XVII ст., калі ледзь існавалі i не былі прывабнымі для шляхецкай моладзі. Адсюль невысокія ацэнкі з боку даследчыкаў [19].

Гэта не значыць, што рэфармаваныя евангелікі недаацэньвалі справу навучання моладзі. Наадварот, гэтая тэма ўзнаўлялася пад час паседжанняў чарговых сінодаў, з прычыны адсутнасці вышэйшай школы выказвалі асаблівую заклапочанасць падрыхтоўкай кандыдатаў у духоўнікі. Пасылалі ix за мяжу, тым не менш, аднак, вярталіся да ідэі стварэння на мяжы Малапольскай i Літоўскай правінцый супольнага калегіума для выхаванцаў. Перад самай шведскай навалай Карла Густава, праўдападобна, яна - пасля доўгіх старанняў - была прыведзена ў рух у Заблудаве дзякуючы мецэнацтву вялікага літоўскага гетмана i віленскага ваяводы Януша Радзівіла. Падзеі другой паловы 1655 г. неўзабаве перапынілі дзейнасць школы; на яе месцы ў пазнейшыя гады стварылі ліцэй [20].

Пад час штогадовых сінодаў Літоўскага Адзінства справы асветы займалі важнае месца, да патронаў i вернікаў звярталіся з просьбамі аб дапамозе школкам, якія існавалі пры зборах, i аб адкрыцці новых [21]. Гэта значыць, што не пры кожным зборы вялося навучанне, на што варта звярнуць увагу ў сувязі з меркаваннем, выказаным некалі Аляксандрам Брукнерам у "Гісторыі польскай культуры", быццам школы існавалі паўсюль. Адпраўка кандыдатаў у духоўны стан на вучобу за мяжу была звязана з неабходнасцю збіраць адпаведныя фундушы на стыпендыяльныя мэты, таму асуджалі пазіцыю тых вучняў, якія пасля вяртання не браліся за душпастырскую дзейнасць. Але ж такіх не бракавала, асабліва ў часы, штораз цяжэйшыя для пратэстанцтва, i асабліва - для пратэстанцкага духавенства, якое падпадала пад усемагчымыя нараканні праціўніка.

У перыяд відавочнага ўнутранага крызісу Рэчы Паспалітай, пасля заканчэння вялікіх войнаў сярэдзіны XVII ст., рэпрэсіўныя тэндэнцыі ўзмацніліся. Каталіцкае духавенства неаднаразова спрабавала канчаткова расправіцца з аслабленым евангеліцызмам. Складаную сітуацыю вобразна малююць інспектарскія справаздачы, асабліва "Relationes visitationum zborów na Białej Rusi będących anno 1668" [22]. З ix вынікаюць слабасць гаспадарчай базы, якая ёсць умовай нармальнага функцыянавання зборавых справаў, цяжкасці з кадрамі (скаргі на некаторых міністраў), няпоўны падбор кадраў, у цэлым жа - яўны заняпад пратэстанцтва, якое i так ніколі не было там моцным. Знаходзім тут водгалас праблемы, якая пастаянна ўздымалася пад час сінодаў, a менавіта - аддавання сыноў у каталіцкія школы, што было відавочна ўжо ў трэцяй чвэрці XVI ст.

Менавіта інспектар 1669 г., кансеньёр (капелан у пратэстанцкім зборы. - С. І.), a неўзабаве - сеньёр (член апякунскай рады пры зборы) беларускага дыстрыкта Крыштаф Жарнавец паходжаннем са знанага роду кальвінісцкіх духоўнікаў, адначасова - міністр у Койданаве, пачаў са скаргі на цяжкія жыллёвыя ўмовы ў плябаніі, пасля чаго закрануў не менш вострую праблему: "Школы там вельмі патрэбныя, бо ж там навакольная шляхта, нават i Іхмосці паны Цадроўскія [23] ў Менск езуітам дзяцей сваіх аддаюць, бо паблізу школы не маюдь. Бакалаўру ад князя Ягамосці [24] прызначана плата 90 зл. - i тое палова збожжам, a палова грашыма. Але паколькі гэтага non sufficit pro victu et amidu (не хопіць на харчаванне i вопратку. - С. І.), таму не магу нікога завербаваць на такое мізэрнае жалаванне" [25]. Таксама прасіў патрона пабудаваць школу.

Дзесьці ў іншых месцах бывала горш, бо міністры не праяўлялі такога клопату аб асветніцкіх справах. Варта звярнуць увагу на фрагмент справаздачы, датычны аддавання дзяцей у езуіцкія школы, a таксама на аргумент - адсутнасць паблізу падобнага кальвінісцкага асяродка. Гэта была масавая з'ява. Прычым спачатку, пакуль не згаслі яшчэ водбліскі Залатога Веку, кіраваліся таксама ўзроўнем навучання. Некалі пратэстант нават з аддаленых зямель былой Русі выпраўляў сыноў у Вільню, "бо там добра дзяцей вучаць" [26].

Парафіяльная школьная адукацыя ў Каталіцкай царкве напярэдадні Рэфармацыі не вытрымала іспыту i сутыкнулася са строгай ацэнкай з боку патрабавальнай шляхты эпохі гуманізму.

Пратэстанты ў пэўнай ступені адпавядалі сацыяльнай замове, але нялёгкая для ix сітуацыя пасля перамогі каталіцызму хутка выклікала надлом i застой у дзейнасці ў галіне навукі i асветы, якая добра сябе зарэкамендавала. Арыяне былі выключэннем у пратэстанцкім лагеры, але з-за хмараў, што навісалі над імі (публіцыстыка штораз настойлівей дамагалася ix выключэння з пастановаў Варшаўскай канфедэрацыі [27]), спынілі дзейнасць у Наваградскім ваяводстве, a пазней i ў Малапольшчы [28].

Пералом у асветніцкай галіне прынесла праграма Контррэфармацыі, прычым былі дасягнуты пэўныя змены да лепшага ў пачатковай сферы. Перадусім варта звярнуць увагу на езуіцкія школы, звязаныя з галоўнай сілай у Каталіцкай царкве паслятрыдэнцкага перыяду. У справаздачах біскупаў пра стан дыяцэзіі ў пачатку XVII ст. сустракаем згадкі на ix тэму (1605 г.), акрамя таго, інфармацыю пра нешматлікія парафіяльныя школкі [29]. Яны стваралі праблему на нарадах дыядэзіяльных сінодаў, бо касцельныя ўлады звязвалі надзеі з умацаваннем дэканальнай сістэмы. Пад час інспекцыі апытальнік - як гэта было, напрыклад, у Луцкай i Берасцейскай дыяцэзіях пад кіраўніцтвам Мікалая Пражноўскага - уключаў пытанне: ці ўзорна жыве рэктар парафіяльнай школы i ці ўзбагачае парафіян ведамі [30].

Езуіты аказаліся не толькі добрымі стратэгамі, але i спрытнымі тактыкамі, што дазволіла ім у адносна кароткі тэрмін дасягнуць паказальных поспехаў у барацьбе за душу. Яны здолелі па некалькі гадоў прысвяціць адной - затое ўплывовай - індывідуальнасці з іншаверскага лагера. Гатовы былі да ахвяр, паказваючы прыклад самаадданасці ў час стыхійных бедстваў (эпідэмій). Здолелі саступаць патэнцыйным фундатарам у пытанні лакалізацыі калегіумаў, ведаючы пыху вяльможаў, памяталі пра цярплівасць i пра паспяховасць пераконвання.

На Беларусь езуіты прыйшлі не адразу, бо i іншыя чакалі ix на пачатку місіі. Пачалі ад Бранева (1565), дзе пад апекай варміньскіх біскупаў змаглі стварыць базу для далейшай дзейнасці. Калегіум у Пултуску адпавядаў патрабаванню мазавецкай шляхты. У Вільні яны выйгралі ў канкурэнцыі з пратэстантамі i паднялі кінутую імі пальчатку. Падобна ў Познані апынуліся, каб выканаць два заданні: ахапіць сваімі ўплывамі велікапольскую шляхту i перамагчы праціўніка. На тэрыторыі Пярэмышльскай дыяцэзіі аснову стварала фундацыя Соф'і Тарноўскай у Ярославе.

Калегіум, a потым акадэмія, у Вільні ўяўляў сабой магніт, які прыцягваў моладзь з зямель не толькі літоўскіх i беларускіх. Дзякуючы слыннай прапагандзе на навучальную ўстанову звярнулі ўвагу i іншаверцы. Сваю справу рабіла бясплатная навука, a таксама талерантнасць для некаталікоў, у абодвух выпадках гэта былі зручныя падставы, з перспектывай карысці для Таварыства езуітаў (Societatis Jesu). Менавіта ў будучыні не адзін выхаванец шчодрай рукой падтрымліваў ордэн сваіх настаўнікаў, пэўная ж частка праваслаўных i пратэстантаў пераходзіла ў каталіцтва. Мы павінны памятаць, што вучні з гэтых канфесій вызваляліся толькі ад набажэнства, але не ад казані i навукі, якія адыгрывалі значна большую ролю ў фармаванні светапогляду моладзі.

Характэрнай была геаграфія калегіумаў. З часам, пасля апанавання найважнейшых асяродкаў, яны ахапілі ўсю Рэч Паспалітую. Закладвалі ix у мясцовасцях, выгадных з геаграфічнага пункту гледжання. Можам заўважыць разумны кампраміс, калі адразу не было аднадумнасці паміж езуітамі i данатарамі. Акрамя вядомых асяродкаў, выбар падаў таксама на мясціны меншых маштабаў, затое звязаныя з амбіцыямі вяльможаў як ix галоўныя рэзідэнцыі.

Ясная справа, езуіцкі касцёл з кляштарам i калегіум надавалі бляск такім сядзібам. Апрача таго, у гульню ўключаўся эканамічны фактар. Побач з калегіумам нярэдка паўставала друкарня, актывізаваўся гандаль (для забеспячэння моладзі i сваякоў, якія яе наведвалі). На абшары, які нас цікавіць, з фундацыі Стэфана Баторыя паўстаў калегіум у аддаленым Полацку (1580), дзякуючы Мікалаю Радзівілу Сіротку, сыну Чорнага, - у Нясвіжы (1586).

З думкай пра перамогу над праваслаўем, a пры нагодзе - i над рэшткамі кальвінізму, па ініцыятыве Льва Сапегі ў 1616 г. распачаў дзейнасць калегіум у Оршы на тэрыторыі Віцебскага ваяводства, у якім з часам дадаваліся чарговыя курсы навучання. Наступныя калегіумы ахапілі Заходнюю i Цэнтральную Беларусь: Берасце (1623), Горадню (1625), Наваградак (1645), Пінск (1638). Пасля войнаў з Расіяй у 1681 г. былі адкрыты школы ніжэйшай ступені ў Бабруйску [31], a яшчэ раней - у нешчаслівым 1648 г. - у Віцебску.

Наогул паступова даходзілi - i тое не ўсюды - да так званай пяцікласнай школы. Вось раскладка: Вільня - 5, Полацк - 5, Нясвіж - 5, Орша - 4, Горадня - 3, Пінск - 4, Віцебск - 3. Адразу апошнюю ступень атрымалі толькі Пінск i Віцебск, але ў першым праз 5 гадоў дадаўся курс рыторыкі (1641), a потым - філасофіі (1646), у другім - праз год - паэтыка. Відавочна, трэба памятаць пра акадэмічнае развіццё віленскай вучэльні на працягу XVII ст.

На пачатковым этапе езуіцкай школьнай адукацыі характэрнай з'явай быў стыхійны наплыў моладзі. Пултуск дасягнуў у рэкордным тэмпе 500 вучняў (1568), у Вільні ix колькасць хутка ўзрасла ад 160 (1570) да 500 (1576) i 1210 (1618). Можам на гэтай падставе заўважыць, якія матывы кіравалі стваральнікамі калегіумаў: палітычныя - вынікалі з ініцыятывы дзяржавы або рэлігійныя - з праграмы Societatis Jesu. Тагачасныя школы не былі занадта перапоўнены, хаця не адна праз пэўны час здабывала рэнамэ i значна павялічвала колькасць вучняў. У Полацку з 1590 г. (100 асобаў) на працягу паўстагоддзя (да 1647) колькасць вучняў узрасла ў шэсць разоў, у Нясвіжы - з 90 (1592) да 140 (1618), у Оршы каля 1618 г. запісана ix ледзьве 20; з-за ваенных падзей i стыхійных бедстваў (пажараў) выбітнае развіццё гэтага асяродка пачалося толькі ў XVIII ст. Смаленскі калегіум налічваў у 1646 г. 700 вучняў [32].

Езуіты хутка ўзялі ініцыятыву ў свае рукі, i гэта не толькі ў адносінах да каталікоў. Дзякуючы пратэкцыі дзяржаўных уладаў i шматлікім датацыям, яны стварылі адпаведную матэрыяльную базу, уплывамі ж ахоплівалі, акрамя вучняў, таксама шырэйшыя сацыяльныя колы праз тэатральныя дзеі, дыспуты. Сярод вучняў езуіцкіх калегіумаў пераважалі шляхецкія сыны, але нямала было таксама мяшчанскіх i сялянскіх. Першапачатковая талерантнасць на парозе XVII ст. - калі Контррэфармацыя магла гэта сабе дазволіць - саступіла месца рэлігійнаму фанатызму, але - як сцвярджаў ксёндз Браніслаў Натоньскі - няма падставаў дапускаць, што большасць іншаверскай моладзі "пераходзіла ў каталіцтва насуперак запэўніванням храністаў (ордэнскіх. - М. К.) у яе сімпатыях да рымскай веры i асабістых пераменах светапогляду".

Побыт шляхецкай моладзі ў калегіуме доўжыўся не болей за 2-3 гады, бо меў на мэце перадусім набыццё агульнай адукацыі. Не дбалі пра дыпломы, калі стаўка ў гульні рабілася на прыдворную службу i звычайны кар'ерны шлях у грамадскім жыцці. Пра атрыманне грунтоўнай i мэтанакіраванай адукацыі дбалі перадусім прадстаўнікі іншых саслоўяў, якія бачылі перад сабой духоўную кар'еру.

Навука ў езуіцкіх школах амаль на два стагоддзі запанавала ў асвеце Рэчы Паспалітай i спрычынілася да інтэграцыі шляхецкага грамадства на базе каталіцкай культуры. Істотнае значэнне мелі ўсё больш цесныя сувязі паміж езуіцкімі дамамі ва ўсёй дзяржаве, a з пачатку XVII ст. - у межах дзвюх правінцый: Польскай i Літоўскай, якая, зрэшты, ахоплівала частку Кароны (у тым ліку Мазовію). Праз месца вучобы, некалі аддаленае ад роднай старонкі, потым - дзякуючы перамяшчэнню езуітаў з аднаго калегіума ў другі пашыралася уніфікацыя з апорай на польскую культуру. З цягам часу, зрэшты, у цэлым досыць хутка, ужо праз першую чвэрць стагоддзя, чужаземцы як асноўная сіла пачалі саступаць інтэлектуалам мясцовага паходжання. Ордэнскія справаздачы вылучылі ксяндзоў з беларускіх зямель у 1628 г. - было ix на той час у Літоўскай правінцыі 23 (на 467 мясцовых запісана было тады 11 чужаземцаў). Гэтае становішча было характэрнае для першай паловы XVII ст. Прычым рашуча лідзіравалі мазаўшане.

Пры калегіумах засноўвалі друкарні, хоць часам даводзілася доўга ix чакаць. У Пінску, дзе школа ў першай палове XVIII ст. належала да найбольшых у Вялікім Княстве Літоўскім, друкарня паўстала каля 1729 г. У Полацку - толькі пасля 1-га падзелу, у Нясвіжы да даўніх радзівілаўскіх традыдый звярнуліся ў 1750 г. Відавочна дамінавала - i не толькі на абшары Вялікага Княства - Вільня.

У той час езуіцкая школьная адукацыя, далёкая ад ідэалаў другой паловы XVI ст., асімілявалася ca шляхецкім грамадствам. Надта лёгкая i хуткая перамога над пратэстанцтвам дазволіла забыцца на першасную праграму. Надыходзілі часы Камісіі Нацыянальнай Адукацыі, a разам з тым - падзелаў, калі езуіты ў Рэчы Паспалітай дачакаліся скасавання ордэна; пратрымаліся толькі пад расійскай акупацыяй [33]. Многія з ix падключыліся да рэформы школьнай адукацыі, i ў значна большай ступені, што паказалі даследаванні кс. Яна Паплятка [34], чым дапускалася.

Зрэшты, пашыраныя погляды на езуітаў, што фармавалі свядомасць грамадства i ягонае ўяўленне пра ордэн, у цэлым былі адмоўныя. Можна гэта сказаць i пра эпоху Асветніцтва, i пра XIX ст., i пра першы перыяд пасля Другой сусветнай вайны. У тыя часы выстаўлял i напаказ ягоную негатыўную ролю на апошнім этапе (заняпад дыдактыкі, спыненне даследаванняў, распаўсюджванне фанатызму, адарванасць ад патрэбаў жыцця i дзяржаўных справаў), затое было забыта пра несумненныя дасягненні. Яны ж не падлягаюць сумненню - развіццё асветы стала галоўным дасягненнем Рэфармацыі i Контррэфармацыі. Іншая справа, што амбітныя праграмы толькі ў невялікай ступені дачакаліся рэалізацыі, аднак адпавядалі чаканням шляхецкага грамадства.

Высокую ацэнку атрымала Віленская Акадэмія, прычым таксама ад пратэстантаў, якія ўжо праз некалькі гадоў яе існавання казалі з павагай, што "праз добрае выхаванне i навучанне моладзі прыносіць хвалу i карысць усёй Літве" (т. зв. Вялікаму Княству. - М. К.), i дадавалі, што ў краіне можна праходзіць навукі, якіх "раней трэба было шукаць з вялікімі затратамі за мяжой" [35].

Дасягненні контррэфармацыйнай школьнай адукацыі на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай належалі да галоўных фактараў, якія выклікалі выхад часткі шляхты, у тым ліку беларускай, з пратэстандкіх шэрагаў i перамогу каталіцызму. У Кароне ж на першае месца сярод тых матываў трэба паставіць дасягненні шляхты ў канфлікце з касцельнай ерархіяй у прававой i эканамічнай галінах, хоць гэтае сцверджанне не азначае прымяншэння ролі адукацыйнай сферы.



[1] Вось выснова згаданага выступлення: "Пасля 1386 г. распачалася рэлігійная інтэграіцая Польскага Каралеўства i Вялікага Княства Літоўскага, якія знаходзіліся пал панаваннем дынастыі Ягелонаў. Яна прынесла значныя вынікі на землях Польшчы i Літвы, дзе вызнавалі каталіцтва; спрэчкі перыяду Рзфармацыі не мелі настолькі вялікага негатыўнага ўплыву, як ім звычайна прыпісваюць. Затое ўвогуле не атрымалася спроба каталіцызацыі праваслаўнай Беларусі: народ супраціўляўся новым парадкам, у той час калі магнатэрыя i значная частка багатай шляхты прынялі каталіцтва. Гэта выклікала рост грамадскіх канфліктаў, да якіх дадаўся новы элемент - рэлігійны". (Kosman М. Polsko-litewsko-bialoruskie związki wyznaniowe w dobie reformacji i kontrreformacji. Kraków. 1973. S. 13.) Тамсама даецца больш шырокая характарыстыка рэлігійных стасункаў на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай у цэлым, затое паасобныя аспекты - у тым ліку школьная адукацыя - не былі прааналізаваны; адсюль i вынікае тэма дадзенага нарыса.

[2] У якасці прыкладу назавем працы з галіны культуры. дзе для XVI-XVII ст. цяжка ставіць такога тыпу бар'еры: Plećkaitis R. Feocdalizmo laikotarpio filosofija Lietuuoje. Filosofija Lietuuos mokyklose XV1-XV1II amżiais [Філасофія эпохі феадалізму ў Літве. Філасофія ў школьнай адукацыі Літвы XVI-XVIII ст.]. Wilno, 1975; Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Минск, 1977 (с. 6-134). Тэрыторыяй пазнейшай Беларусі абмежаваў свае высновы Я. Н. Мараш: Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви, Минск, 1969; i ён жа: Ватикан и католическая церковь в Белоруссии 1569-1795, Минск, 1971. Слушную пазіцыю заняў С. А. Падокшын у працы "Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI - начало XVII в.)", Минск, 1970, які разглядаў як адзінае цэлае тагачаснае Вялікае Княства Літоўскае.

[3] Асабліва цікавыя культурная i рэлігійная праблематыка, таксама як i палітычныя падзеі (зрэшты, яны часта глыбока трактуюцца ў межах даследаванняў Рэчы Паспалітай як адзінага цэлага, асабліва пытанні ўнутранай палітыкі, парламентарызму). Не бачым розніцы ў сферы даследаванняў гаспадарчай гісторыі; тут шмат сказана на тэму ўсходніх беларускіх абшараў, затое, калі разглядаць прадмет цалкам, больш зацікаўленасці выклікаюць заходнія тэрыторыі. якія выразней схіляюцца да Польшчы. На тэму сфер уплываў гл.: Jabłonowski Н. Westrussland zwischen Wilna und Moskau. Die politische Stellung in die politischen Tendenzen der russischcn Bevólkerung des Grossfiirstenlums Litauen im 15. Jh. Leiden, 1955 (праца насамрэч датычыць перадрэфармацыйнага перыяду, але высновы маюць характар хутчэй агульны).

[4] Гл. Chlebowczyk J. Procesy narodotwórcze we wschodniej Europie środkowej w dobie kapitalizmu (od schyłku XVIII do początków XX w.). Warszawa - Kraków, 1976. I ён жа: Świadomość historyczna jako element procesów narodotwórczych we wschodniej Europie środkowej // Polska, czeska i słowacka świadomość historyczna XIX wieku. Wrocław, 1979. Збор прац, c. 9 i далей.

[5] Шырэй: Alexandrowicz S. Miasteczka Białorusi i Litwy jako ośrodki handlu w XVI i I połowie XVII w. II Rocznik Białostocki, t. 1. Białystok, 1961. Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965. S. 132 i далей.

[6] Цытую ў перакладзе: Halecki O. Zgoda sandomierska 1570 г. Warszawa, 1915. S. 22. Ha тэму паходжання Рзфармацыі i яе развіцця, праграм у канфрантацыі з рэалізацыяй гл.: Kosman М. Reformacja i Kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocław, 1973, усюды. Больш сцісла: ён жа, Historia Białorusi. Wrocław, 1979. S. 130-142, 193-195. Рэлігійнай сітуацыі беларускіх зямель прысвечана грунтоўная праца: Chodynicki К. Kościół prawosławny a Rzeczpospolita Polska. Zarys historyczny 1370-1632. Warszawa, 1934. Гл. таксама: Bieńkowski L. Organizacja Kościoła Wschodniego w Polsce // Kościół w Polsce, pod red. J. Kloczkowskiego. T. II. Kraków, 1969. S. 781-1049. Заўважым, што больш увагі аддадзена - па зразумелых прычынах - Кіеўшчыне, i асабліва яе цэнтру, чым бяднейшым на падзеі беларускім землям.

[7] Гл. шырэй: Jasnowski J. Piotr z Goniądzu. Życie, działalność i pisma. Studium z dziejów ruchu religijnego w Polsce w drugiej polowie XVI wieku. Warszawa, 1935 (адбітак з "Przeglądu Historycznego"); ён жа: Mikołaj Czarny Radziwiłł. Warszawa, 1939.

[8] Ha актыўнасць арыян з Наваградскага [ваяводства], якія масава заваёўвалі прыхільнікаў таксама сярод праваслаўных (сетку прыходаў замянялі на зборы), звяртае ўвагу Пётр Скарга [ў творы] "Пра еднасць Касцёла Вожага пад адным пастырам" (Вільня, 1577). Асновай гэтай працы паслужылі казані на тэму расколу ў Касцёле, прамоўленыя ў Вільні ў 1574-1576 г.

[9] Budny Sz. O urzędzie miecza używającym wyznanie zboru Pana Chrystusowego, który w Litwie, z Pisma Świętego, krótko spisane. Łosk, 1583 (новае выданне C. Кота. Варшава, 1932).

[10] Словы спачування i падбадзёрвання выказаў Фаўст Соцын аднаму з міністраў, якія знаходзіліся ў Літве, Яну Фёльклю (Кракаў, 3. IV. 1593), калі пісаў: "Вельмі перажываў i перажываю за лёс усіх вас, хто знаходзіцца ў тых уладаннях. якія належалі калісьці нашаму пану Кішку" (Socyn F. Listy. Т. II, oprać. L. Chmaj. Warszawa, 1959. S. 23).

[11]Перапіс насельніцтва 1790 г., напр., паказаў, што гэта парафіі шматлюдныя - як на тэрыторыі Вількамірскага паветаў Попелі:каля 1000 вернікаў (каталіцкая парафія- каля 1700 асоб), у Саламесці - 108. Гл. Lietuuos Dzdżiosis KunigaikStystes gyuentoju suraśymas 1790 m. Wilno, 1972 (wyd. R. Jasas i L. Truska). S. 39.

[12] Гэтае пытанне я больш падрабязна абгаворваю ў падрыхтаванай да друку працы пра евангелісцка-рэфармаванае Адзінства ў Вільні (XVI - сярэдзіна XX ст.).

[13] Паняцце "Літва" ў XIX ст. азначала таксама Заходнюю Беларусь. a "Русь" - украінскія землі.

[14] Szczucki L. Jan Licinius Namysłowski. Studium z dziejów an tytrynitaryzmu litewskiego na przełomie XVI i XVIII wieku II Studia nad arianizmem. Praca zbiorowa pod red. L. Chmaja. Warszawa, 1959. S. 131-159. Kosman M. Reformacja i Kontrreformacja... S. 210 i далей.

[15] Пра Рэнесанс i гуманізм y Літве - y працы Ё. Юргініса (Renesans ir humanizmas Lietuuoje. Wilno, 1965), a таксама ў нарысе гісторыі літоўскай культуры гэтага ж даследчыка i I. Лукшайтэ (Lietuuos kulluros istorijos bruozai. Wilno, 1981. Асабліва c. 146 i далей).

[16] Некалькі дзесяткаў прозвішчаў з універсітэцкіх метрык выпісаў С. Кот: La Reforme dans le Grand-Duchć de Lithuanie. Facteur d'occidenlalisation cullurelle. Bruxelles, 1953 (Extrait de 1'Annuaire de 1'Institut de Philologie et d'Histoire Oricntales et Slaves. T. XII. 1952. C. 45-48). З таго спіса, y якім. акрамя Радзівілаў ці Сапегаў, сустракаем Гружэўскіх, Шэметаў i Тальвашаў, відаць, што пачатковае імкненне ў пратэстанцкія вучэльні досыць хутка саступіла месца выездам у каталіцкія універсітэты. Вільня не задавальняла, асабліва сыноў кіроўных сямействаў - падобна як у Кароне, пілігрымкі рабіліся неад'емнай часткай адукацыі.

[17] Быў яе не адзіным, але галоўным выдаўцом. Таксама ўзяў на сябе выдаткі, звязаныя з шыкоўным афармленнем кнігі. Гл.: Kossowska М . Biblia w języku polskim.T. I. Poznań, 1958. S. 232 i далей.

[18] Szczucki L. Jan Licinius Namysłowski. S. 133 i далей.

[19] "Кальвінісцкая школьная адукацыя мела шмат слынных асяродкаў. Яны не дасягалі ўзроўню школ іншых рэфармацыйных накірункаў. Тым не менш, аднак. ix роля ў агульным асветніцка-культурным здабытку Рэчы Паспалітай была вельмі высокай, a нястомныя высілкі i клопаты соцень асобаў вакол ix турбот i патрэбаў годныя найвышэйшага прызнання", - піша Tworek S. Działalność oświatowo-kulturalna kalwinizmu małopolskiego (połowa XVI -połowa XVIII w.). Lublin, 1970. S. 376.

[20] Zabiegi wokół utworzenia kolegium pro alumnis dla kalwinów małopolskich i litewskich // Polska w Europie. Praca zbiorowa. Lublin, 1968. S. 151-158.

[21] Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie, Archiwum Radziwilłowskie, Dział VIII, sygn. 713, k. 278.

[22] Tworek S. (wyd.). Materiały do dziejów kalwinizmu w Wielkim Księstwie Litewskim w XVII wieku // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1969, XIV. S. 209-212.

[23] Цадроўскія герба Адравуж належалі да найбольш знячных прадстаўнікоў шляхты ў Наваградскім павеце i Мінскім ваяводстве. Трымаліся евангелісцка-рэфармаванага вызнання ў найцяжэйшы для яго перыяд, такім чынам, па гэтым выпадку відаць, іігто не заўсёды наведванне школ іншага веравызнання прыводзіла да перавяртання. Гл. падрабязна пра гэты род у другой палове XVII i XVIII ст.: Konarski S. Szlachta kalwińska w Polsce, zprzedmową S. Kętrzyńskiego. Warszawa, 1936. S. 38-43.

[24]Багуслаў Радзівіл, князь на Біржах i Дубінках, канюшы літоўскі.

[25] Брацлаўскі кашгалян Васіль Загароўскі пісаў у тэстаменце 1577 г., каб ягоныя сыны асцерагаліся ерасі нібы атруты (род быў праваслаўны), аднак загадаў аддаць ix на вучобу да віленскіх езуітаў, менавіта з улікам высокага ўзроўню навучання ў тамтэйшым калегіуме. Гл.: Tazbir J. Ariane i katolicy. Warszawa, 1971. S. 175.

[26] Tworek S. Materiały do dziejów kalwinizmu... S. 211.

[27] Дакументацыя крыніц у працы: Korolki М. Klejnot swobodnego sumienia. Polemika wokół konfederacji warszawskiej w latach 1573-1658. Warszawa, 1974, паўсюль.

[28] Абмінаем тут грунтоўную педагагічную рэформу, уведзеную ў пратэстанцкіх гімназіях, i акадэмічную лютэранскую школу ў Прусіі Каралеўскай (Торунь, Гданьск, Эльблонг), як тэму, якая па сутнасці i тэрытарыяльна выходзіць за межы рэферата. Затое варта памятаць, urro кальвінісцкая асвета ў Вялікім Княстве Літоўскім пратрывала да часоў Камісіі Нацыянальнай Адукацыі i паспявала за пераменамі ў адукацыйнай сістэме краіны на працягу першай паловы XIX ст. Гэтай тэме прысвяціў асобны артыкул Tworek S. Wpływ Komisji Edukacji Narodowej na szkolnictwo kalwińskie w Wielkim Księstwie Litewskim // Ze studiów nad Komisją Edukacji Narodowej na Lubelszczyźnie. Praca zbiorowa. Lublin. 1973. S. 225-239.

[29] Kurczewski J. Założenia i rozwój szkół parafialnych w diecezji wileńskiej. Wilno, 1908. Relationes status dioecesium in Magno Ducatu Lituaniae. Roma, 1971. S. 28 i 40 (чытаем там - 1609 r.: "Sholae pro iuventute artibus liberalibus instruenda <...> penes singulas pene parochiales ecclesias cum illarum praefectis et magistris habentur").

[30] Królik L. Organizacja dekanalna diecezji łuckiej i brzeskiej w XVII i XVIII wieku. Lublin, 1981. S. 50.

[31] Абапіраюся тут на кнігу: Zalęski S. Jezuici w Polsce. Kraków, 1908 (скарочаны варыянт грунтоўнан пяцітамовай фактаграфічнай працы). Больш новы погляд са спробай ацэнкі дас іншы прадстаўнік ордэна: Bendarski S. Upadek i odrodzenie szkół jezuickich w Polsce. Kraków, 1933.

[32] Natoński В. Szkolnictwo jezuickie w Polsce w dobie Kontrreformacji // Wiek XVII - Kontrreformacja - Barok, prace z historii kultury pod red. J. Pelca. Wrocław, 1970. S. 309-337. Аб праграме польскіх езуітаў y галіне школьнай адукацыі i акалічнасцях заснавання першых калегіумаў - ён жа: Początki i rozwój Towarzystwa Jezusowego w Polsce 1564-1580 // Brodrick J. Początki i rozwój Towarzystwa Jezusowego. T. I. Początki Towarzystwa Jezusowego. Kraków, 1969. S. 414-476. Гл. таксама: Piechnik L. Początki Akademii Wileńskiej (1569-1600) // Nasza Przeszłość. T. XL. Kraków, 1973. S. 5-173.

[33] Załęska S. Historia zniesienia jezuitów w Polsce i ich zachowanie na Białej Rusi. Lwów, 1875.

[34] Poplatek J. Komisja Edukacji Narodowej. Udział byłych jezuitów w pracach Komisji Edukacji Narodowej . Uzupełnił L. Grzebień, przygotował do druku J. Paszenda. Kraków, 1973.

[35] Цытую ўслед за L. Piechnikiem: Początki Akademii Wileńskiej, c. 158.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX