Папярэдняя старонка: Артыкулы

Латышонак А. Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі 


Аўтар: Латышонак Алег,
Дадана: 19-11-2012,
Крыніца: Латышонак Алег. Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына №1-1992. С. 9-14.



Працэс станаўлення сучаснай беларускай нацыі прынята называць «адраджэннем», а вытокі беларускай нацыянальнай думкі бачацца пры гэтым у творчасці Чачота, Баршчэўскага, Рыпінскага, Дуніна-Марцінкевіча. Але былі ў ix i папярэднікі.

Яшчэ на пачатку XIX ст. знайшліся людзі, якія здолелі нацыянальна вызначыць Беларусь. Былі гэта Міхайла Баброўскі, Ігнат Даніловіч ды іншыя прафесары Віленскага універсітэта, якія марылі пра аднаўленне незалежнага ад Польшчы Вялікага княства Літоўскага, вяртанне дзяржаўнага статусу беларускай мове i пра унію як нацыянальную рэлігію. Гэта i ёсць суцэльная нацыянальная праграма ва ўсіх галінах: палітычнай, культурнай i рэлігійнай.

Нацыя - гэта не толькі мова ці звычаі, няхай сабе i спрадвечныя. Нацыя - найперш супольнасць ідэйная. Беларуская ідэя нараджалася дзякуючы віленскім вучоным. Прычым яшчэ задоўга да ix прыходу ва універсітэт. Чым растлумачыць арліны палёт Баброўскага, ягоных сяброў і проста сцвердзіць, што апярэдзілі свой час! Але ж яны сабе яго не выбіралі. Нарадзіліся ў часе і месцы, наканаваных лесам, а ix лес непарыўна звязаны з доляй ix народу.

Каб адказаць на пытанне, якім чынам так рана магла ўзнікнуць беларуская нацыянальная ідэя, мусім перад усім адмовіцца ад погляду на гісторыю беларускай нацыі праз прызму XIX ст. Наш народ меў свае ўзлёты i падзенні, але лінія яго жыцця ніколі не парываецца. Таму дарма «множыць» беларускія адраджэнні. Не менш жывым, чым у XIX ст., беларускі народ быў i ў стагоддзі васемнаццатым.

Беларушчына ў той час ужо атаясамлівалася з «мужыцкаю справай», «руская вера» (праваслаўе i унія) стала «мужыцкаю верай», а беларуская мова - «мужыцкай, простай мовай».

Беларуская шляхта, прымаючы каталіцызм, атаясаміла сябе ідэйна з літоўцамі i паверыла ў сваё неславянскае паходжанне. (Пра механізм гэтага пераходу вычарпальна пісаў М. Ермаловіч). Згодна з літоўскім нацыянальным міфам, літоўцы былі рымскаю шляхтай i вялі свой род з каталіцкага Захаду, а з Усходам, канкрэтна з Руссю, нічога супольнага не мелі, хоць і гаварылі i пісалі на беларускай мове. Ясна выказаў гэтую думку Міхалон Літвін: «...Руская мова чужая была для нас, літоўцаў, г. зн. італьянцаў, што з італьянскае крыві паходзяць». Перакананне ў чужароднасці беларускае мовы для ўсіх літвінаў давала дарогу экспансіі польскай культуры (каталіцкай i заходняй), бо ніякай пісьмовай літоўскай культуры па-за беларускай мовай фактычна не існавала. Таму мы не можам лічыць літоўскі сепаратызм, у адносінах да палітычнай дамінацыі польскае Кароны, папярэднікам беларускай нацыянальнай свядомасці. ЛІтоўскІ сепаратызм у яшчэ большай ступені, чым супраць пальшчызны, накіраваны быў супраць беларушчыны.

Але беларускі народ захаваў усё ж сваю, хоць i слабую, эліту: уніяцкае духавенства, спародненую з ім дробную шляхту і мяшчанства ды розных служылых людзей. Яны ніколі не гублялі сувязі ca сваімі нацыянальнымі каранямі. У гэтым асяроддзі ўжо ў сярэдзіне XVIII ст. пачаўся культурны зрух. У 1753 г. на з'ездзе ў Наваградку уніяцкія святары прынялі пастанову закладаць дэканальныя школы, у якіх іхнія сыны маглі б вывучаць, апрача іншых прадметаў, царкоўнаславянскую пісьмовасць. Уніяцкіх асветнікаў падтрымаў папа рымскі Бенядыкт VIII, які адвёў для свецкага духавенства некалькі месцаў у зрэфармаваным папскім алюмнаце ў Вільні. Уніяцкую семінарыю заклаў таксама князь Радзівіл у Свержані. Нешматлікія выпускнікі гэтых вучэльняў сталі элітай свецкага духавенства, узначалілі пазней барацьбу «белых» (свецкіх духоўнікаў) супраць «чорных», г. зн. базыльянаў, якія ўзялі ў свае рукі ўсе каштоўнасці і багацце уніяцкай царквы і, звыш таго, праводзілі ўстаноўленую яшчэ ў 1720 г. Замойскім саборам палітыку лацінізацыі i паланізацыі уніі. Такім чынам, ужо ў другой палове XVIII ст. беларускае грамадства знайшло досыць сілы, каб самастойна падняцца з заняпаду. Нездарма, як даказаў А. Мальдзіс, менавіта тады завяршыўся переход ад стара- да новабеларускай літаратуры.

Тым не менш да канца існавання Рэчы Паспалітай ва уніяцкім асяроддзі нічога накшталт нацыянальнай ідэалогіі яшчэ не сфармавалася, а нацыянальная сутнасць праваслаўнага руху з цэнтрам у Магілёве пакуль што застаецца цьмянай.

Падзелы Рэчы Паспалітай толькі прыспешылі працэс паланізацыі. 3 аднаго боку, літоўская шляхта, трапіўшы пад расейскае панаванне, прытрымлівалася пальшчызны, жывой сувязі ca страчанай дзяржавай, якую марыла аднавіць. З другога - цары Павел I i Аляксандр I далі літоўскай шляхце поўную ўнутраную свабоду ў межах Вялікага княства Літоўскага. Свабоду гэтую шляхта скарыстала дзеля замацавання пазіцый рыма-каталіцкай царквы і пашырэння польскае культуры. Служыла таму, між іншым, польскамоўная школьная сістэма, заснаваная кн. Чартарыскім (сябрам Аляксандра I). Цэнтрам гэтае сктэмы быў Віленскі універсітэт, сапраўдная, як яго некаторыя называлі, «цвярдыня польскасці».

Але была тады i такая частка Беларусі, якая ні Польшчы, ні Расеі не падпарадкоўвалася. Як даказаў яшчэ сто гадоў таму беларуска-расейскі гісторык Павел Баброўскі (гадунец Міхайлы Баброўскага), цэнтрам беларускага нацыянальнага руху была Беластоцкая акруга, якая Ў 1795-1807 гг. знаходзілася ў межах Прусіі. Прусакі ператварылі Беласток, які дагэтуль быў толькі магнацкай сялібай, у сапраўдны горад, адміністрацыйны цэнтр акругі. Места набыло выразна нямецкае аблічча, якое захоўвала доўгі час (так, у сярэдзіне XIX ст. жыло тут у 5 разоў больш немцаў, чым палякаў). На нямецкай мове выдадзена была першая ў Беластоку газета. Перарабляючы ўсё на свой лад, прусакі не забыліся і пра розныя цэрквы, у тым ліку і уніяцкую.

У акрузе пражывалі дзесяткі тысяч уніятаў, якія мелі 70 цэркваў і 3 манастыры: у Супраслі, Драгічыне і Кузніцы. Да таго ж працавалі дзве важныя уніяцкія школы: дэканальная ў Малой Бераставіцы і стогадовай даўнасці славутая школа ў Кляшчэлях. Прускія ўлады 3 дазволу папы рымскага стварылі ў 1796 г. самастойную супрасльскую уніяцкую епархію са сваім капітулам і духоўнай семінарыяй. Нешматлікае духавенства супрасльскай епархіі вызначалася выключнай згуртаванасцю (было яно, сапраўды, адной вялікай сям'ёй), рашучасцю Ў змаганні за свае правы (ціск з боку рыма-каталіцкай царквы быў тут заўсёды большы, чым на іншых беларускіх землях] і самастойнымі поглядамі на унію (ужо раней берасцейскі капітул, з якога выдзеліўся капітул супрасльскі, вітаў барацьбу «белых» супраць «чорных»).

Ды самае важнае - дванаццацігадовае прускае панаванне развіло ў падляшскіх духоўнікаў палітычную актыўнасць i нацыянальную свядомасць. Падобныя з'явы назіраліся i сярод людзей свецкіх. Пры большых прыходах узнікалі царкоўныя брацтвы, якія змагаліся за адраджэнне «рускай» (г. зн. беларускай) культуры i засноўвалі школы. Віленскія прафесары - пачынальнікі беларускай ідэі - былі «прусакамі» i «паповічамі» з вялікае «радзіны» духавенства супрасльскай епархіі.

Міхайла Баброўскі нарадзіўся ў Вольцы, што пад Кляшчэлямі; Ігнат Даніловіч - у Грыневічах Вялікіх, што пад Бельскам Падляшскім; Ігнат Анацэвіч - у Малой Бераставіцы; Платон Сасноўскі - у Кляшчэлях, а Язэп Ярашэвіч (адзіны з ix мешчанін) - у Бельску Падляшскім.

На чале Радзіны (пішу з вялікай літары, паколькі, на мой погляд, яна адыграла не меншую ролю ў гісторыі Беларусі, чымсьці род Чартарыскіх у гісторыі Рэчы Паспалітай) стаялі Антон Тупальскі з Малой Бераставіцы (усе звалі яго проста «папа») i яго «сват» Антон Сасноўскі з Кляшчэляў. Былі яны выпускнікамі папскага алюмната ў Вільні, значыцца, дзецьмі асветніцкага зруху XVIII ст. (гэты ж алюмнат закончыў таксама яшчэ адзін сябра Радзіны, Міхайла Анацэвіч).

Будучыя віленскія прафесары сярэднюю адукацыю атрымалі ў нямецкіх школах. Баброўскі i Даніловіч закончылі Беластоцкую гімназію, якую прускія ўлады арганізавалі надзвычай старанна (мела служыць цэлай Беластоцкай акрузе) i забяспечылі выдатнымі настаўніцкімі кадрамі: дырэктар Мацяеўскі, прафесары Наркевіч, Гарвард, Штайн. Высокі ўзровень гімназія захавала і пад расейскім панаваннем.

Баброўскі, будучы яшчэ гімназістам, часта наведваў Супраслю, тут праводзіў канікулы, сустракаўся i гутарыў з епіскапам Духноўскім I сваім хросным бацькам А. Сасноўскім, ужо тады карыстаўся велізарнай супрасльскай бібліятэкай.

Усе выпускнікі Беластоцкае гімназіі ў свой час трапілі ў Віленскі універсітэт на аддзяленне маральных і палітычных навукаў (Баброўскі i Сасноўскі ў галоўную духоўную семінарыю, Даніловіч і Ярашэвіч на юрыстыку). Ва універсітэце сустрэлі крыху старэйшага за ix Антона Марціноўскага, сына святара з Радашкавічаў, арганізатара студэнцкага уніяцкага гуртка, кіраванне якім пасля перайшло ў рукі Баброўскага i Даніловіча. Бедныя святарскія сыны, клеймаваныя мянушкай «паповічаў», добра разумелі, што толькі поспехамі ў навуцы змогуць дабіцца прызнання з боку панічоў i настаўнікаў. I хутка сталі яны выдатнымі вучонымі. Баброўскі i Даніловіч атрымалі прафесарскія званні ў 1823 г., Сасноўскі, Ярашэвіч i Анацэвіч - у 1827 г.

Уніяцкая прафесура дзейсна ўключылася ў змаганне, якое здаўна вяла Радзіна з «чорнымі». Даказваючы свае правы, «белыя» скарыстоўвалі гістарычныя аргументы, якія дастаўлялі ім вучоныя іхнія сыны. Па меры таго, як маладыя вучоныя заглыбляліся ў кнігі i даўнія дакументы, яны ўсё больш усведамлялі, што беларускі народ мае вялікую мінуўшчыну. Даніловіч, займаючыся са студэнтамі, выхоўваў у ix любоў i цікавасць да старых юрыдычных помнікаў i літоўска-рускіх хронікаў. Старадаўняя мова ў ягоных вуснах гучала прывабна, зіхацела жывымі фарбамі. Сівая даўніна паўставала ва ўсім сваім харастве. Баброўскі ішоў шляхам мовазнаўства i біблейскіх доследаў. Звяртаючыся да клірыкаў, на ўрачыстым адкрыцці заняткаў па славяназнаўстве ў галоўнай духоўнай семінарыі ў 1826 г., ён сказаў: «Калісьці ў Літве гаспадарыла беларуская мова, на ёй друкаваліся кніжкі, павучэнні, катэхізісы і іншыя духоўныя творы, на гэтую мову Скарына пераклаў Св. Пісаньне, потым, калі Польшча перамагла Літву, пачалася перавага польскае мовы...».

Варта тут звярнуць увагу на адну акалічнасць: беларускай моваю Даніловіча i Баброўскага была падляшская гаворка, самабытная i архаічная, без «аканьня», «дзеканьня» i «цеканьня», затое з мяккімі «дь» i «ть» ды поўнымі канчаткамі інфінітываў (тыпу «ходіті»). Гэта, безумоўна, магло толькі спрыяць усведамленню, што «руская» мова летапісаў i хронікаў i ёсць гістарычна ўласнай моваю беларускага народу.

Ідэйны далягляд беларускае думкі значна пашырыўся дзякуючы вялікаму навуковаму падарожжу Баброўскага па краінах Еўропы, у часе якога ён вывучаў мовазнаўства, біблеістыку i царкоўную арганізацыю. Вена, Прага, Венецыя, Падуя, Балоння, Рым, Парыж, Дальмацыя, паўночная Нямеччына, Лужыччына - гэта этапы падарожжа, знамянальнага сустрэчамі са знакамітымі еўрапейскімі вучонымі-мовазнаўцамі, якія пра маладога беларуса адзываліся з вялікай павагай. Знаёмства з маладымі заходнеi паўднёваславянскімі нацыянальнымі рухамі таксама трэба залічыць да спрыяльных фактараў у выспяванні беларускае нацыянальнае думкі сярод віленскіх прафесараў i уніяцкіх дзеячоў.

Сталеючы, яны пачыналі адчуваць адказнасць не толькі за лёс сваёй царквы i культуры, але i за ўвесь свой прыгнечаны народ. «Пара прачнуцца народу»,- пісаў Баброўскі Антону Сасноўскаму i, даючы за прыклад яўрэяў, сцвярджаў далей, што найбольш надзейны спосаб узняць народ з заняпаду - гэта асветніцтва. I не былі гэтыя словы пустымі.

У 1820 г. жыхары чатырох вёсак ля горада Кляшчэлі прынялі пастанову ўтрымліваць школкі (у якіх, апрача іншых прадметаў, выкладалася царкоўнаславянская мова). Яны не толькі абавязаліся матэрыяльна забяспечыць існаванне гэтых вясковых школак, але і дапільнаваць, каб усе дзеткі, якім споўнілася 7 гадоў, былі ў іх запісаны. Гэта адзіны прыклад такой ініцыятывы саміх сялян на цэлай Беларусі. Тут несумненны ўплыў а. Сасноўскага, які вёў прыходскую школу ў Кляшчэлях, і, зусім магчыма, Анацэвіча, які тады быў намеснікам дырэктара Беластоцкай гімназіі, што наглядала за асветніцтвам у Беластоцкай акрузе. «Час нат калі ўцёк нашым бедным продкам, дык не нам», - трыумфаваў Баброўскі.

Дык як жа тады сталася, што памёр ён у забыцці і галасіў па ім толькі п'яны дзяк! Забыты і ў беднасці памёр Анацэвіч. А Даніловіч звар'яцеў, бачачы, як велізарная праца прападае дарма...

Ідэйны ўзлёт уніяцкай прафесуры стаў магчымым дзякуючы непасрэднаму кантакту з нямецкім рамантызмам і славянскімі нацыянальнымі рухамі ў нямецкіх краінах. Кароткія 12 гадоў прускага панавання дазволілі беластоцкім беларусам ачуняць ад шматвяковага польскага ўплыву (Падляшша было далучана да Польшчы ў 1569 годзе).

Беларускі нацыянальны рух нараджаўся як рух «усходніцкі», накіраваны супраць паланізацыі, лацінізацыі Беларусі (уніяцкаму колу Баброўскага ідэйна адпавядае праваслаўнае кола Грыгаровіча). Ягонай грамадскай базай было свецкае ўсходняе духавенства i спародненыя з ім дробная шляхта і мяшчанства. Былі гэта грамадскія нізы (ніжэй стаяла ўжо толькі сялянства, зведзенае шляхтай да стану быдла). Ніякай самастойнай сілай такі рух у той час быць не мог - гэта добра ўсведамляў Баброўскі, калі пісаў, што уніяцкае духавенства ёсць «як трыснёг, што гнецца на ветры»).

Адзінай самастойнай сілай у тагачасным беларускім грамадстве была буйная шляхта. Але якраз для яе ідэі разрыву з Польшчай, польскай мовай i рыма-каталіцызмам (чаго хацелі уніяцкія «ўсходнікі») былі непрымальнымі.

Ідэйная барацьба за будучыню беларушчыны вырашылася ў Віленскім універсітэце. Змаганне за душы лепшай часткі беларускай шляхецкай моладзі выйгралі Лялевель ды іншыя польскія патрыёты. Філаматы i філарэты пацярпелі за польскую справу i засталіся адданымі ёй.

Але быў яшчэ нехта мацнейшы за буйную шляхту i ўсіх палякаў - цар маскоўскі, імператар Вялікай, Малой ды Белай Русі. Менавіта ў цароў уніяцкія дзеячы шукалі падтрымкі. Справа філаматаў i філарэтаў дапамагла Аляксандру I вылечыцца ад паланафільства. Спачатку Даніловіча i Баброўскага, замяшаных у гэтай справе, аддалілі ад універсітэта. Потым Даніловічу даручылі працу над зборам літоўскіх законаў, а Баброўскі вярнуўся на кафедру i пачаў рэфармаваць уніяцкі абрад. Калі прафесуру атрымалі Ярашэвіч, Анацэвіч i Сасноўскі, ва універсітэце аднавіўся уніяцкі гурток. Апошнія гады царавання Аляксандра I i першыя гады Мікалая I сталі нечым накшталт «залатога веку» уніі на Беларусі.

Пазіцыі уніяцкай эліты штораз болей разыходзіліся з пазіцыяй рыма-каталіцкай шляхты. Калі ў 1830 г. выбухнула польскае паўстанне, Баброўскі назваў яго нікчэмнаю здрадай i маліўся за моц зброі манарха. I нічога ў гэтым дзіўнага, бо можна было спадзявацца, што ў выніку сваёй перамогі палякі ўзмоцняць палітыку паланізацыі Беларусі i лацінізацыі уніі. Пасля паражэння паўстання «белыя» маглі святкаваць сваю перамогу над «чорнымі». Цар пакараў базыльянаў за дзейсную дапамогу паўстанцам, скасаваў ix ордэн. Непазбежным станавілася i скасаванне самой уніі.

Радзіна апынулася ў крытычным становішчы. Ачышчаючы унію ад лацінскага ўплыву, Баброўскі аб'ектыўна садзейнічаў яе збліжэнню з праваслаўем. Вядома было загадзя, што шляхта за «мужыцкую веру» не заступіцца (калі папа рымскі дакараў пазней Міцкевіча за абыякавасць шляхты да уніі, той толькі вінавата маўчаў. Бездапаможнай была унія перад больш моцнымі i актыўнымі сваімі саперніцамі - праваслаўнай i рыма-каталіцкай цэрквамі, якія паспелі перавярнуць у сваіх вернікаў сотні тысяч уніятаў. Калі старэйшыя дзеячы не хацелі пакідаць уніі (Самога Баброўскага саслалі на плябанію ў падпружанскае Шарашова, каб «перадумаў»), дык узгадаваныя ва «ўсходніцтве» маладыя дзеячы сумненняў ужо не мелі. Паварот да праваслаўя яны лічылі смелым крокам наперад па шляху, якім ішлі настаўнікі. Асляпляў ix бляск імперскага пасаду, i марылі яны паціхеньку, што цар аддасць у іхнія рукі ўладу на Беларусі.

Адзіным чалавекам, які мог супрацівіцца ліквідатарам, быў Баброўскі. Паколькі ўсе баяліся падступіцца да яго з прапановай, каб адмовіўся ад уніі, Радзіна паслала да яго свайго патрыярха, «папу» Тупальскага. Шпацыруючы, вучоныя мужы гаварылі пра тое-сёе. Нарэшце Тупальскі нясмела спытаўся: «Дык што ж вы, шаноўны прафесар, думаеце наконт непамыльнасці папы рымскага?» Баброўскі спакойна адказаў: «Я сам пра гэта ніколі не пісаў». I гэта быў канец уніі. Як слушна заўважыў А. Цьвікевіч, з Баброўскім паўтарылася амаль тая ж гісторыя, што i з Хмяльніцкім, які, падняўшыся на барацьбу з Польшчай, аддаў Украіну ў рукі Масквы. Толькі маштаб быў меншым.

Вось так спроба арганізаваць беларускі нацыянальны рух скончылася няўдачай. Тым не менш гісторыя гэтай спробы вельмі павучальная.

Першае: дзве суседнія паловы XVIII i XIX стст. звязаны паміж сабою так непарыўна, што пра ніякае «адраджэнне» толькі ў XIX ст. гаварыць немагчыма. Калі нават не фальшывае самое паняцце «адраджэнне», дык фальшывая яго перыядызацыя i несапраўдныя яго героі.

Другое: уласна беларускую нацыянальную ідэю стварылі не шляхецкія паэты i рэвалюцыянеры, а гістарычна адукаваныя спакойныя паповічы. Аналагічная ўкраінская ідэя нарадзілася ў Галіччыне. I на Украіне, i ў «Малой Літве» нацыянальныя ідэі ўзнікалі як вынік дзейнасці пастараў і ксяндзоў - сялянскіх сыноў.

Трэцяе: як Галіччына для Украіны, «Малая Літва» для Літвы, так i пруская Беласточчына для Беларусі адыграла выключную ролю ў станаўленні нацыянальнай свядомасці. Ні галічанскія украінцы, ні літоўцы самастойнай сілай у XIX ст. не былі. Але калі ў барацьбе з паланізацыяй украінцы маглі спадзявацца на падтрымку Вены, а літоўцы - Пецярбурга (маючы яшчэ за спінай прускую «Малую Літву»), дык беларусы былі адны між Польшчай i Расеяй.

Беспамылкова абапіраючыся на скарынаўскую Біблію i літоўскі Статут як на сімвалы нацыянальнай годнасці, Баброўскі i Даніловіч узнялі беларускае пытанне на вышыню, вартую нашага народу. Драма ў тым, што не было каму ix слухаць у краіне, дзе польская (няхай сабе толькі i апалячаная) шляхта займалася «мяцежніцтвам», а расейскае чыноўніцтва «ўціхамірваннем мяцяжоў». Слухалі сяляне з Кузава i Дашоў, бо былі яны вольнымі, «каралеўскімі» людзьмі. Але ж колькі такіх сялян было ў запрыгоненай Беларусі!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX