Вярнуцца: Артыкулы

Дзванкоўскі Уладзімір. Брат і пляменнік Касцюшкі


Аўтар: Дзванкоўскі Уладзімір,
Дадана: 03-11-2021,
Крыніца: Дзванкоўскі Уладзімір. Брат і пляменнік Касцюшкі // Наша Слова. № 44 (1559), 4 лістапада 2021.



Бацькі Касцюшкі - берасцейскі мечнік Людвік і Тэкля з Ратомскіх - мелі чацвёра дзяцей: Ганна 1741 г. н., Юзаф 1743 г. н., Кацярына, 1744 г. н. і самы малодшы Андрэй Тадэвуш, 1746 г. н. Сястра Ганна ў 1762 г. выйшла замуж за стольніка Смаленскага ваяводства Пятра Эстку, а Кацярына за макнюнскага старасту Караля Жалкоўскага.


Касцюшкі валодалі дзедзічным фальваркам Сехнавічы-Фёдараўшчына, а потым, перад сваёй смерцю, маці купіла ў сваяка Давіда Касцюшкі фальварак Сехнавічы-Давідаўшчына.

Юзаф Касцюшка, як і яго брат, вучыўся ў піярскай школе у Любяшове, ведаў лаціну і французскую мову. Любімец маці, ён гаспадарыў у Сехнавічах. Як берасцейскі абозны, у 1769 г. далучыўся ў Берасці да Барскай канфедэрацыі, але, здаецца, не браў у ёй чыннага ўдзелу і ў 1773 г. аб'явіў аб выхадзе з канфедэрацыі.

(38KB) Тадэвуш Касцюшка.

Сёстрам было прызначана 12 000 зл і 14 000 пасагу. Сехнавічы засталіся ў непадзельным валоданні братоў. Пакуль Тадэвуш да 1769 г. быў капітанам-інструктарам у Варшаўскай кадэцкай школе, а потым у 1769-1774 гг. атрымліваў адукацыю ў Парыжы, у Сехнавічах гаспадарыў яго брат Юзаф.

Вёсачкі былі малыя - разам каля 40 дымоў і таму пасля вяртання з Амерыкі ў 1785 г. Тадэвуш меў праблемы з грашыма і не дзіва, што яго брат не мог выкараскацца з даўгоў і меў вялікія фінансавыя абавязацельствы. У 1768 г. ён даў Тадэвушу на экіпіроўку 6 000 зл, а праз год, на паездку ў Парыж, яшчэ 7 000 зл. У 1769 г. сплаціў грошы сястры Жалкоўскай. А яшчэ былі ранейшыя даўгі, грашовыя запісы бацькі кляштарам, шкода, якую зрабілі маскоўскія войскі ягонай маёмасці, і таму, калі Тадэвуш вярнуўся ў Парыжа, Юзаф у 1775 г. прадставіў яму рахунак на 39 132 зл.

Уражаны Тадэвуш склаў пратэстацыю ў Берасцейскі гродскі суд і заклікаў брата зрабіць новы абрахунак і падзяліць Сехнавічы.

Але будучы кіраўнік паўстання ў той час знаходзіўся ў маральнай дэпрэсіі з-за таго, што яго каханая Людвіка Сасноўская выходзіла замуж за князя Юзафа Любамірскага. Сваякі і сябры ўратавалі яго, накіраваўшы ў Дуклі Мнішкаў, каб шукаць службы ў Сасаў, а потым у Францыю, дзе ён паступіў на амерыканскую службу. Швагер Эстка з уласнай кішэні заплаціў усе даўгі Тадэвуша і ўратаваў Сехнавічы-Давідаўшчыну.

Затое Юзаф Касцюшка ўсё больш заблытваўся ў безнадзейнай фінансавай сітуацыі. Ратуючыся ад банкруцтва, ён узяў ва ўніяцкага ўладзімірска-берасцейскага епіскапа ў арэнду вялікія маёнткі Трышын з Шпановічамі і Гурну. Патрапіў з агню ды ў полымя - у спрэчкі паміж высокім і ўплывовым клірам. Праціўнікам епіскапа, а значыць і яго самога, выступіў кіеўскі мітрапаліт разам з пачаўскім архімандрытам Валадковічам, які некалькі разоў рабіў на яго збройныя наезды і забіраў усе рэчы, а таксама судзіўся з Юзафам у судах. У жніўні 1779 г. выракам трыбунала Юзаф Касцюшка быў прыгавораны да канфіскацыі Сехнавічаў-Фёдараўшчыны і да выплаты 41 700 зл сваім крэдыторам. Памер яго даўгоў склаў 83 520 зл, і ў кастрычніку 1779 г. Сехнавічы адышлі крэдыторам.

Гэтая драма ў аповесці галоўнага біёграфа Касцюшкі Тадэвуша Корзана закончылася трагічна: "Юзаф Касцюшка памёр 15 траўня 1789 г. і быў пахаваны ў Вішніцы (парафія Даўгалішкі), якую трымаў Эстка. Меў тады 46 гадоў. Але дзіўна, - піша Корзан - што ксёндз Зарэмба, які напісаў акт смерці, пазначыў узрост нябожчыка - каля 50 гадоў. Чаму не спытаў у сястры пра дакладны ўзрост? Ці Юзаф памёр не ў швагра? Але не лічым неабходным шукаць нешта ў абставінах смерці і марным канцы жыцця Юзафа на Валыні! Дапускаем нядбайства ксяндза-пробашча". (Касцюшка, 1894. S. 180.)

Крэдыторы былога берасцейскага абознага не маглі супакоіцца і раз за разам атакавалі Тадэвуша. Калі памерлі Жалкоўскія, іх сыны, піша Корзан, 16 снежня 1791 г. праз позву ў суд патрабавалі ад свайго дзядзькі 26 474 зл, на што Тадэвуш адказаў позвай ад 23 красавіка 1792 г., у якой засведчыў адрачэнне ад спадкаў памёршага брата Юзафа (Корзан. S. 184-185.). Гэта значыць, што ў 1792 г. Тадэвуш Касцюшка быў перакананы ў смерці брата.

Здзівіла мяне, адкуль Корзан ведае пра падзеі вакол Юзафа каля 1789 г. і пра значна пазнейшую яго смерць на Валыні. Бо словы пра "марны канец" на Валыні безумоўна з'яўляюцца дадаткам Корзана, які на іншых старонках называе Юзафа "шараговым шляхціцам" і "ліхім чалавекам".

Пачаў шукаць і знайшоў у жыццяпісе Касцюшкі пяра генерала Пашкоўскага (Дзеі Тадэвуша Касцюшкі, 1872, прыгатаваная да друку ў 1850 г., S. 12.) такі пасаж "Частка (Сехнавічаў) Тадэвуша заставала ягонай да канца яго жыцця. Пазней, брат за узнагароду уступіў яму сваю частку і знікнуў для суседзяў і сваякоў, і толькі ў пазнейшыя часы, … стала вядома, што ён адкрыта жыў на Валыні".

Відочна, што гэта пэўная версія бо генерал Пашкоўскі [1], калі не лічыць замежнікаў Зэльтнераў [2], быў самым блізкім сябрам Касцюшкі. Прысутнічаў пры яго смерці. Не мог памыляцца ў дадзенай справе, бо ведаў, што адбылося з адзіным братам свайго сябра. І гэта пацвярджаецца іншымі звесткамі.

Такім чынам, Юзаф Касцюшка, пераследаваны крэдыторамі, схаваўся недзе ў глушы на Валыні, ажаніўся там, меў дзяцей і пражыў яшчэ доўгае жыццё. Пры гэтым сваякі і сябры лічылі яго памерлым. Каб пазбавіцца патрабаванняў няўмольных і ўвішных крэдытораў, якія не давалі яму вольна ўздыхнуць, зрабіў інсцэніроўку свайго пахавання ў Вішніцы і схіліў мясцовага пробашча да сфальшавання акта смерці.


Непасрэдна перад Сусветнай вайной прафесар Шыман Аскеназі атрымаў з Луцка, што на Валыні, ліст ад Аляксандра Пятроўскага датаваны 10 (23) чэрвенем 1914 г. У лісце Пятроўскі паведамляў, што яго маці Ганна была дачкой Паўла Вайцяхоўскага, які быў сынам Юзафа Вайцяхоўскага і Тэклі з Касцюшкаў - дачкі Юзафа, брата кіраўніка паўстання.

Далей сп. Пятроўскі паведаміў, што "мужчынская лінія Касцюшкаў закончваецца на Тадэвушу, пляменніку кіраўніка паўстання".

Сп. Пятроўскі даслаў некалькі дакументаў датычных гэтага Тадэвуша Касцюшкі, гэта "Стан службы" капітана Тадэвуша Касцюшкі, выдадзены гаспадарчай радай 5-га палка пяхоты ў Гданьску 31 снежня 1813 г., ці "Ліст службы" гэтага ж Тадэвуша ад 1 жніўня 1808 г. падпісаны князем Юзафам Панятоўскім, некалькі патэнтаў на афіцэрскі чын і, нарэшце, паданне аб адстаўцы да вялікага князя Канстанціна ад 15 траўня 1815 г. "Не знайшоў лістоў, з якіх сталі б зразумелы адносіны кіраўніка паўстання і яго пляменніка. Але мой дзед Павел Вайцяхоўскі шмат каштоўных дакументаў, датычных сям'і Касцюшак, прадставіў гарадзенскаму губернатару ў справе спадкаў кіраўніка паўстання", - пісаў сп. Пятроўскі.

Пасля спраўджання інфармацыі ў кнігах па ваеннай гісторыі і паперах палкоў, можна зрабіць рэканструкцыю жыцця пляменніка Тадэвуша Касцюшкі, які быў апошнім мужчынам у родзе.

Тадэвуш Касцюшка-пляменнік, нарадзіўся ў 1779 г. у вёсцы Сехнавічы Берасцейскага ваяводства, быў сынам Юзафа Касцюшкі і Францішкі з Свідэрскіх, з чаго бачна, што Юзаф жаніўся ў Сехнавічах, а не на Валыні - за 10 гадоў да свайго таямнічага знікнення. Гэта мусіў быць нейкі мезальянс, калі сям'я не жадала пра яго ведаць, а генерал Пашкоўскі ахарактарызаваў шлюб, які "сам сабе, сям'і і суседзям (быў) гідкі". Таму, акрамя грашовых праблем, гэта была яшчэ адна прычына таямнічага знікнення Юзафа.

Тадэвуш Касцюшка-малодшы 15-ці гадовым хлопцам у лістападзе 1794 г. уступіў жаўнерам у войска паўстанцаў, але паўстанне, якім кіраваў ягоны дзядзька, ужо дагарала. Паўторна, старшым сяржантам, уступіў у польскі легіён у 1806 г. У 1807 г. атрымаў чын падпаручніка і быў паранены пры асадзе Гданьска. У 1808 г. стаў паручнікам 5-га палка пяхоты Варшаўскага княства. У 1809 г. ваяваў супраць Аўстрыі і ў 1811 г. стаў капітанам. У 1812 г. ваяваў пад Дынабургам у 2-й брыгадзе Міхала Радзівіла. У 1813 г. трымаўся ў пякельна доўгай абароне Гданьска. У 1815 г. перайшоў у 6-ты полк пяхоты Канграсовага Варшаўскага каралеўства і ў тым жа годзе ў Млаве напісаў вялікаму князю Канстанціну рапарт аб адстаўцы з-за слабага здароўя і хатніх праблем, якія вымагалі яго прысутнасці дома. Месцам сталага жыцця назваў вёску Касцянёва ў Лідскім павеце, дзе яшчэ, можа быць, жыў яго бацька, бо ў дакументах Тадэвуш фігуруе яе "сын абывацеля". Сп. Пятроўскі паведаміў, што памёр і быў пахаваны капітан Касцюшка ў Пінску.

Dzwonkowski Włodzimierz. Brat i bratanek Kościuszki // Wiadomości Literackie. Nr. 41(780), 2 pażdziernika 1938. S. 3.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Пашкоўскі Францішак Максіміліян (12 кастрычніка 1778 - 10 сакавіка 1856) нарадзіўся ў Бродах на Падоле. Атрымаў выдатную адукацыю ў галіне гісторыі, філасофіі і літаратуры на філасофскім факультэце Львоўскага ўніверсітэта. Быў выкладчыкам гісторыі ў Вайсковым вучылішчы легіянераў у Мантуі (Італія), дзе выкладаў яшчэ матэматыку і мовы. У 1801 г. ён пазнаёміўся з Тадэвушам Касцюшкам, і наступныя тры гады Пашкоўскі быў побач з ім, заваяваўшы добразычлівасць генерала. У той час ён збіраў матэрыялы для манаграфіі пра Касцюшку. У кампаніі 1812 г. ён камандаваў 2-й брыгадай XVI пяхотнай дывізіі генерала Юзафа Заёнчака. За ўдзел у штурме Смаленска ўзнагароджаны афіцэрскім крыжам Ганаровага легіёна. Біўся пад Барадзіно. Пасля Парыжскага мірнага дагавора ён вярнуўся на радзіму. Пашкоўскі ўваходзіў у склад дэлегацыі, накіраванай у Расію да імператара Аляксандра. У дакладзе Аляксандру вялікі князь Канстанцін назваў Пашкоўскага "надзвычай небяспечным" і неўзабаве адхіліў яго ад службы ў войску Каралеўства Польскага. Пасля смерці Касцюшкі ён атрымаў значную спадчыну і мноства памятных рэчаў і архіваў генерала. Грошы Касцюшкі дазволілі яму пераехаць у Кракаў, дзе ён прысвячаў свой час гістарычным даследаванням і літаратуры. Пасля таго, як цела Касцюшкі было дастаўлена ў Кракаў, Пашкоўскі ўзначаліў камітэт, які арганізаваў пахаванне. Ён памёр у Кракаве, і яго пахаванне на Ракавіцкіх могілках сталася вялікай дэманстрацыяй. Ужо пасля смерці Пашкоўскага была апублікаваная яго "Гісторыя Тадэвуша Касцюшкі". Рэліквіі генерала Пашкоўскага (у тым ліку парадная форма) зараз знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага музея ў Кракаве.

[2] У канцы свайго жыцця Касцюшка знаёміцца і пачынае сябраваць са швейцарскай сям'ёй Зэльтнераў. Пасол Гяльвецкай Рэспублікі ў Парыжы Пётр Юзаф Зэльтнер і Касцюшка мелі рэспубліканскія перакананні, што разам з таксама маладосцю, абаяльнасцю i адукаванасцю жонкі Зэльтнера стварылі падставы для сяброўства, якое доўжылася да канца жыцця. Касцюшка жыў разам з Зэльтнерамі спачатку ў Парыжы, а затым у Бервілі, недалёка ад Фантэнбло. Расчараваны ў палітыцы Напалеона ў адносінах да палякаў, Касцюшка адыходзіць ад актыўнага палітычнага жыцця i займаецца садоўніцтвам i ўладкаваннем загараднай рэзідэнцыі Зэльтнераў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX