Папярэдняя старонка: Артыкулы

Ляхоўскі Уладзімір. Сындыкат Сапегі для Эўропы i Азіі на Беларусі 


Аўтар: Ляхоўскі Уладзімір,
Дадана: 11-06-2014,
Крыніца: Ляхоўскі Уладзімір. Сындыкат Сапегі для Эўропы i Азіі на Беларусі // Спадчына №2-1995. С. 9-14.



Гісторыя бізнэсу i прадпрымальніцтва на Беларусі на сёньняшні дзень слаба распрацаваная ў айчыннай гістарыяграфіі i яшчэ чакае свайго дасьледніка. Кожны новы факт, які праясьняе ў нечым гэтую праблему, безуслоўна, будзе садзейнічаць у далейшых дасьледаваньнях. Як, прыкладам, інфармацыя пра дзейнасьць невядомага дагэтуль картэлю «Сындыкат Сапегі...».

Станіслау Леў Сапега.

Да I Сусьветнай вайны эканоміка Беларусі ў асноўным была завязана на агульнарасейскі рынак, што не заўсёды было выгадна мясцовым вытворцам. Так, тутэйшым землеўласьнікам пры рэалізацыі сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі альбо гандляром беларускага лесу было зручней гандляваць у Заходняй Эўропе з-за ненасычанасьці гэтымі таварамі цэнтральных расейскіх губэрняў. Лясныя магнаты Беларусі з пачатку XX ст. пачалі ўжо заваёўваць рынкі Англіі, Нямеччыны, Аўстра-Вэнгрыі ды інш. У гэты час на Беларусі адбывалася пэўная кансалідацыя мясцовых прадпрымальнікаў i фінансістаў: пачалі стварацца розныя рэгіянальныя таварыствы прамыславікоў, гандляроў i банкіраў. Паўстала пытаньне i пра стварэньне такой асацыяцыі ў цэлым краі, што, аднак, не было зьдзейсьнена. Усё ж палітычная занядбанасьць краю адбівалася i на стане разьвіцьця бізнэсу i прадпрымальніцтва. На Беларусі ў гэты час панавалі агульнарасейскія манаполіі i банкі, якія ня мелі асаблівай зацікаўленасьці ўкладваць значныя фінансавыя сродкі ў мясцовую вытворчасьць, ня кажучы ўжо пра культуру i асьвету. Ды i тутэяшая буржуазія, бальшыню якой складалі расейцы, гэбраі, палякі (у лепшым выпадку, спалянізаваныя ці зрусыфікаваныя заможныя беларусы), была індэфэрэнтная да нацыянальных патрэбаў, i ў асноўным яе дзейнасьць насіла кампрадорскі характар.

Падчас вайны (1915-1918 гг.) палітычная i эканамічная сытуацыя на Беларусі карэнным чынам зьмяняецца. Значная частка краю была занятая нямецкімі войскамі, у выніку ваенных дзеяньняў была парушаная гаспадарка, каля 1,5 млн. чалавек, сотні прадпрыемстваў, банкаў ды іншых установаў эвакуяваныя ўглыб Расеі. Але, трэба меркаваць, што эканамічнае жыцьцё тут замерла не зусім. Тыя, што засталіся - землеўласьнікі, прамыслоўцы, банкіры, вымушана пазбаўленыя рынкаў збыту тавараў i крыніцаў сыравіны на Ўсходзе, пачалі больш энэргічна шукаць выхад на рынак Нямеччыны ды іншых краінаў. Зьмяніліся i палітычныя варункі на акупаваных кайзэраўскім войскам землях былой Расейскай імпэрыі. Тут паўсталі новыя сувэрэнныя дзяржавы: Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва. Барацьбу за сваю незалежнасьць працягвала Ўкраіна/ нарэшце, 25 сакавіка была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Кожнае новае дзяржаўнае ўтварэньне, праводзячы зьнешнюю I ўнутраную палітыку, зыходзіла са сваіх нацыянальных інтарэсаў. Гэтыя варункі спрыялі ўтварэньню ў 1918-1920 гг. сумеснага беларуска-літоўскага картэлю [1] «Сындыкат Сапегі для Эўропы i Азіі на Беларусі» - «кіруючага таварыства, узаемавыгаднага аб'яднаньня беларуска-літоўскіх банкаў i банкіраў, фабрыкаў, заводаў, прадпрыемстваў i прадпрымальнікаў усіх відаў дзеля ўмацаваньня гандлю, прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, параходзтва, нагляду i ўліку гаспадарчых сувязяў i камэрцыйных інтарэсаў паміж замежжам i Бeлąpycьcю-Літвoй». Паўнамоцным i асабіста адказным заснавальнікам картэлю быў адзін з нашчадкаў старажытнага роду Сапегаў Станіслаў Леў князь Сапега-Ваявода, па адукацыі інжынэр-лётчык. Магчыма, што зь беларускага боку да стварэньня картэлю мела дачыненьне Міністэрства Беларускіх справаў пры ўрадзе Літвы на чале зь Язэпам Варонкам. ёсьць падставы лічыць, што асабіста знаёмым з кн. Сапегам быў Кастусь Езавітаў, кіраўнік вайсковымі справамі Міністэрства Беларускіх справаў у Коўна. У асабістым фондзе Езавітава знаходзяцца фотаздымкі Станіслава Сапегі. Паводле той жа рэклямнай абвесткі цэнтральная кантора картэлю раней месьцілася на Беларусі. Але, відавочна, што з адыходам нямецкіх войскаў сувязі з бацькаўшчынай былі страчаныя. У 1919-1920 гг. стала дзейнічала толькі Бэрлінская кантора «Сындыкату Сапегі», якая фактычна зьяўлялася цэнтральнай. Бэрлінская кантора, прадстаўляючы нямецка-беларускія інтарэсы, працавала «...у межах спрашчэньня гандлёвага руху i пасярэдніцтва замежных камэрцыйных арганізацыяў зь Беларусяй i Літвою». Пры картэлі дзейнічалі наступныя аддзелы i бюро: даведачнае бюро, інфармацыйная служба, фінансавы, прамысловы i гандлёвы аддзелы ды інш. Даведачнае бюро для зацікаўленых бакоў забясьпечвала кансультацыі па прававых, тэхнічных, камэрцыйных пытаньнях любога кшталту, справы рэвізіі i гандлёвай экспэртызы, прыватны дэтэктыў, даведкі пра беларускія i літоўскія фірмы ды інш. Фінансавы аддзел забясьпечваў фінансаваньне паставак нямецкіх ды іншых замежных фірмаў на патрэбы беларускага i літоўскага ўрадаў, пакупнікам, прыватным асобам i наадварот, праводзіў тыя ж апэрацыі для беларуска-літоўскіх прадпрымальніцкіх структураў. Інфармацыйная служба была адказная за рэклямнае забесьпячэньне картэлю (прэса, выдавецкая справа, выпуск рэклямных прасьпектаў, перакладніцкая дзейнасьць i г. д.). Калі паверыць рэклямнаму блянку, дык «Сындыкат Сапегі» меў дзясяткі карэспандэнтаў i прадстаўнікоў у розных краінах ва ўсіх частках сьвету.

Як сьведчаць нямногія архіўныя матэрыялы, «Сындыкат Сапегі» актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі. На афіцыйнай пячатцы картэлю красавалася выява Пагоні. У складзе Бэрлінскай канторы картэ­лю працавала шмат беларусаў. Відаць, частка зь ix - эмігранты зь Беларусі, а бальшыня - былыя ваеннапалонныя, што раней знаходзіліся ў лягерох для інтэрнаваных у Нямеччыне, а пасьля сканчэньня вайны паступова выходзілі на свабоду. Паўнамоцным дырэктарам Бэрлінскай канторы быў сьвядомы беларус, капітан былой царскай арміі Антон Борык. Ды i сам князь Сапега ня быў абыякавым да беларускае справы, дарэчы, добра валодаў беларускаю моваю. У гэты час кіраўніцтва Бэрлінскай канторы картэлю наладжвае кантакты з дыпляматычнай місіяй БНР у Нямеччыне, якую перш узначальвае Лявон Заяц, а пазьней - Бароўскі.

Дзякуючы Mіcii i празь беларускія газэты беларускія рабочыя картэлю даведваюцца пра падзеі на радзіме, намагаюцца наладзіць сувязь з Бацькаўшчынай. У сакавіку 1920 г. дырэкцыя Беларускай канторы зьвяртаецца ў рэдакцыю менскай газэты «Беларусь», якую ўзначальваў Язэп Лёсік, з просьбай даць згоду на зьмяшчэньне ў газэце паведамленьня пра дзейнасьць «Сындыкату Сапегі». «Ня маючы добрых вестак аб беларускім руху, ці іначай, аб адраджэньні Дарагой Нашай Бацькаўшчыны - Беларусі, - пісаў у рэдакцыю «Беларусі» дырэктар Антон Борык, - i ідучы на сустрэчу шырэньню беларускай літаратуры за граніцай, мы, рабочые-беларусы Бэрлінскай канторы «Сындыкат Сапегі для Эўропы i Азіі на Беларусі», як шчырые i верные сыны Бацькаўшчыны, просімо не адмовіць у сталай прысылцы да нашай канторы па некалькі экзэмпляраў штодня паважанай намі газэты «Беларусь», кошт за каторую просьмо паказаць дарогу дзеля перасылкі. Рабочыя канторы як i самай канторай ёсьць асыгнаваныя акаля 3000 марак (германскіх) на беларускія школьныя прыюты, дзе адукуюцца дзеці бедных грамадзян-беларусаў. С пашанай паўнамоцны дырэктар А. Борык». На жаль; зьвестак пра далейшы лес картэлю няма. Вядома толькі, што капітан Антон Борык увосень 1920 г. ужо знаходзіцца ў Горадні, разам з Андрэем Якубецкім у лістападзе таго ж году, калі выбухнула Слуцкае паўстаньне, едзе на Случчыну i прымае актыўны ўдзел у змаганьні беларусаў за незалежнасьць. Пасьля паразы паўстаньня пераяжджае ў Вільню, дзе i губляюцца ягоныя сьляды. Дарэчы, Антон Борык быў адзін з закладчыкау Таварыства Беларускай Школы ў 1921 г.



[1] Картэль (фр. cartel) - форма аб'яднаньня прадпрымальнікаў, удзельнікі якога дзеля максымізацыі прыбытку заключаюць сумеснае пагадненьне аб рэгуляваньні аб'ёму вытворчасьці, падзелу рынкаў збыту i крыніцаў сыравіны, найму рабочых i г. д. Картэлі падзяляюцца на ўнутраныя (дзейн.ічаюць у межах нацыянальнага рынку), экспартныя, імпартныя i міжнародныя. Нярэдка яшчэ выдзяляюць сындыкаты, якія розьняцца ад картэляў цэнтралізацыяй збыту прадукцыі i закупкі сыравіны. Разьмеркаваньне заказаў на закупкі сыравіны i рэалізацыю створанай прадукцыі ў сындыкатах адбываецца праз адзіную збытавую кантору. Удзельнікі сындыкату захоўваюць вытворчую, але страчваюць сваю камэрцыйную самастойнасьць. У канкрэтным выпадку «Сындыкат Сапегі» па форме зьяўляецца міжнародным сындыкатам.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX