Папярэдняя старонка: Артыкулы

Рошчына Т., Фурс А. Бібліятэка Храптовіча 


Аўтар: Рошчына Таццяна, Фурс Анатоль,
Дадана: 21-02-2013,
Крыніца: Рошчына Таццяна, Фурс Анатоль. Бібліятэка Храптовіча // Спадчына №3-1992. С. 57-60.



Вядомы ў свой час на Беларусі род Храптовічаў адносіцца да самых старажытных i ўплывовых на нашых землях.

Першым з гэтага роду ў гістарычных крыніцах упамінаецца Якаў Храптовіч, які жыў у пачатку XV ст.

Найбольш значным прадстаўніком быў граф Іаахім Літавор Храптовіч, які нарадзіўся ў 1729 г. Грунтоўную адукацыю ён атрымаў у Вільні i Берліне, вёў актыўную палітычную дзейнасць, быў апошнім канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, праславіўся як заўзяты бібліяфіл. Менавіта ён у сваім радавым маёнтку Шчорсы заснаваў бібліятэку, якая стала значнай культурнай з'явай на Беларусі.

Бібліятэка Храптовічаў збіралася на працягу другой паловы XVIII і першай паловы XIX ст. Іаахім Літавор Храптовіч прывозіў кнігі з падарожжаў па Францыі, Германіі, Галандыі, Польшчы, Літвы, Беларусі. Так, вялікую частку заходнееўрапейскіх старадрукаў Храптовіч набыў з багацейшай бібліятэкі Іосіфа Імперыялі ў Рыме, пасля смерці якога ў 1737 г. бібліятэка паводле завяшчання стала прыватнасцю дзяржавы i паступіла ў продаж. Рэдкія кнігі з гэтай бібліятэкі сталі пачаткам каштоўнай калекцыі еўрапейскіх выданняў XVI - XVII стст. у зборы Храптовіча.

Экслібрысы кніг бібліятэкі Храптовіча.

Другой крыніцай набытку старадрукаў стаў збор вядомага ў XVIII ст. польскага дзяржаўнага i рэлігійнага дзеяча, заснавальніка Варшаўскай публічнай бібліятэкі епіскаіа Іосіфа Залускага. У 1768 г., калі па загаду расійскага ўраду Залускі быў сасланы ў Калугу, а яго каштоўная бібліятэка засталася ў Варшаве пад апекай бібліятэкара Яноцкага, які з-за хваробы не вельмі турбаваўся аб захаванні кнігазбору. Асобныя рэдкія выданні трапілі на рынак, а пасля да I. Храптовіча. Набываў ён кнігі i з бібліятэк каталіцкіх манастыроў, якія пасля падзелу Польшчы новыя ўлады ліквідавалі.

Да сваіх апошніх дзён Храптовіч папаўняў бібліятэку кнігамі i рукапісамі. Пасля яго смерці збор перайшоў да сына Адама Храптовіча, які, як чалавек высокаадукаваны (ён вучыўся ў Францыі), цікавіўся бібліятэкай, працягваў папаўняць яе новымі выданнямі i старадрукамі. Пасля смерці Адама Храптовіча бібліятэку атрымаў у спадчыну яго пляменнік Міхаіл Храптовіч, рускі дыпламат у Неапалі, Бруселі, Лондане, а потым - сын сястры Міхаіл Апалінарыевіч Храптовіч-Буцянёў. Апошні са сваім братам, уладальнікам маёнтка Шчорсы Канстанцінам Апалінарыевічам, у 90-я гады XIX ст. упарадкавалі бібліятэку, а вядомы пецярбургскі вучоны С. Л. Пташыцкі склаў i ў 1909 г. выдаў каталог «Щорсовская биб­лиотека графа Литавора Хрептовича: Краткие сведения о собрании рукописей».

Багатая бібліятэка ў Шчорсах прыцягвала сюды вядомых людзей. Ёю карысталіся I. Лелявель, А. Міцкевіч, У. Сыракомля, прафесар Віленскага універсітэта Ю. Ярашэвіч i іншыя; бібліятэкарам працаваў Я. Чачот.

Апошні ўладальнік Шчорсаў К. А. Храптовіч-Буцянёў перадаў у 1913 г. кнігазбор на дэпазіт (часовае захаванне) у бібліятэку Кіеўскага універсітэта імя св. Уладзіміра, дзе ім мог карыстацца шырокі ву­чоны свет, але з умовай, што з адкрыццём універсітэта на радзіме бібліятэка будзе вернута.

Далейшы лёс універсітэта імя св. Уладзіміра i яго бібліятэкі быў няпросты. Калі ў 1915 г. Кіеву пагражала акупацыя, універсітэцкія зборы (разам з каталогамі i інвентарнымі кнігамі) эвакуіравалі ў Саратаў, адкуль яны вярнуліся ў Кіеў у 1916 г. Магчыма, што ў Саратаў трапіла i бібліятэка Храптовічаў.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на базе універсітэта імя св. Уладзіміра былі заснаваны Кіеўскі медыцынскі інстытут i Кіеўскі інстытут народнай адукацыі. Збор Храптовічаў некаторы час захоўваўся ў інстытуце народнай адукацыі ў нераспакаваных скрынях. А ў 1927 г., згодна з пастановай калегіі Народнага камісарыята асветы Украіны ад 2 жніўня 1926 г. Фундаментальную бібліятэку імя св. Уладзіміра з фондам 500 тыс. тамоў (у яе ліку - калекцыя са Шчорсаў) перадалі Усенароднай бібліятэцы Украіны пры Украінскай Акадэміі навук, дзе яна захоўваецца i дагэтуль.

Калі ў снежні 1924 г. Народны камісарыят асветы БССР звярнуўся да Народнага камісарыята асветы УССР 3 просьбай вярнуць бібліятэку Храптовічаў на Беларусь, Прэзідыум Наркамасветы УССР адказаў станоўча, але па нейкіх прычынах у той час гэта не здзейснілася. Аб звароце бібліятэкі прыняў рэзалюцыю I з'езд даследчыкаў беларускай археалогіі i археаграфіі. Але i гэта не было выканана.

Апошнім часам камісія «Вяртанне» Беларускага фонду культуры спрабуе вярнуць каштоўны кнігазбор у рэспубліку.

У 1989 г. у першым нумары бюлетэня «Помнікі гісторыі i культуры Беларусі» была змешчана падборка архіўных дакументаў пад агульнай назвай «Калі будзе вернута бібліятэка?».

Аўтары гэтых радкоў былі камандзіраваны Беларускім фондам культуры ў Кіеў у Цэнтральную навуковую бібліятэку АН УССР, каб высветліць сучасны стан кнігазбору Храптовічаў.

Пасля наведвання ЦНБ АН УССР хацелася б зрабіць некалькі агульных заўваг.

Па-першае, трэба адзначыць, што дырэкцыя i супрацоўнікі бібліятэкі зрабілі ўсё, каб мы атрымалі неабходную інфармацыю i непасрэдна азнаёміліся з калекцыяй.

Па-другое, увесь час збор Храптовічаў, як i іншыя каштоўныя фонды, быў пад увагай калектыву акадэмічнай бібліятэкі i яму забяспечваліся неабходныя ўмовы захавання. Дастаткова нагадаць, што збор Храптовічаў разам з фондам акадэмічнай бібліятэкі ў 1941 г. быў эвакуіраваны другі раз (месцам захавання была Уфа), i адтуль вернуты ў Кіеў у 1944 г.

На сённяшні дзень у філіяле Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН УССР, у палляшканні былой Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі на Падоле, захоўваецца асноўная частка кнігазбору Храптовічаў. Згодна з гістарычнымі звесткамі, бібліятэка налічвала больш за 10 000 асобнікаў (па другіх крыніцах нават да 20 тыс.), а ў Кіеў было перададзена прыкладна 7000 асобнікаў (каля 4 тыс. назваў). Кнігі, што засталіся ў Шчорсах, паводле адных звестак былі знішчаны ў час 1-й сусветнай вайны, паводле другіх - вывезены ў Маскву. У 1985 г. разам з іншымі калекцыямі збор Храптовічаў заінвентарызавалі, у выніку чаго было ўлічана толькі 2005 асобнікаў (апроч рукапіснай часткі, пра яе гаворка асобная). Значная колькасць кніг на працягу часу была згублена. Магчыма, нейкая ix частка разышлася па фон­дах бібліятэкі Кіеўскага універсітэта імя Шаўчэнкі, Рэспубліканскай гістарычнай бібліятэкі. Відаць, кнігі з калекцыі Храптовічаў таксама трэба пашукаць у Саратаве i Уфе, куды зборы вывозілі ў ваенныя часы.

Разам з кнігамі захоўваецца рукапісны алфавітны каталог з падрабязным апісаннем кожнай кнігі, што сведчыць пра глыбокае веданне аўтарам апісання сучаснай яму кнігазнаўчай літаратуры i кніжнай справы. Можна меркаваць, што ім мог быць Н. Эрнст, памочнік бібліятэкара бібліятэкі універсітэта імя св. Уладзіміра, які сачыў за перадачай бібліятэкі ў Кіеў, ці пецярбургскі вучоны С. Л. Пташыцкі. Унізе на картках, відаць, пазней быў зроблены надпіс алоўкам па-польску: Adam Chrapt. Мяркуючы па цісненні ў верхнім левым ражку картак, яны зроблены з паперы Добрушскай папяровай фабрыкі кня­зя Паскевіча.

У аддзеле рукапісаў ЦНБ АН УССР захоўваюцца таксама два рукапісныя каталогі, складзеныя яшчэ пры жыцці заснавальніка бібліятэкі i з яго заўвагамі. Адзін з ix мае назву «Bibliotheca Veterum» («Бібліятэка старажытных») i змяшчае бібліяграфічнае апісанне твораў старагрэцкіх i старарымскіх аўтараў на лацінскай мове ў храналагічна-алфавітным парадку. Другі, сістэматычны каталог, пад назвай «Zebranie Bib­lioteki Polskiej» («Збор польскай бібліятэкі») змяшчае апісанне польскіх кніг па 18 раздзелах i рукапісаў. Гэтыя каталогі маюць дапаможныя аўтарскія паказальнікі з аўтографамі I. Храптовіча, датаваныя 1812 г. Адзін 3 вопісаў гэтага кнігазбору (1787 г.) захоўваецца ў Маскве, у аддзеле рукапісаў былой Дзяржаўнай бібліятэкі СССР.

Умоўна збор кніг можна падзяліць на дзве часткі: польскія выданні XVI-XIX стст. i заходнееўрапейскія выданні XV-XVIII стст.

Польская частка складаецца з твораў арыгінальнай i перакладной літаратуры: гістарычныя зборнікі хронік польскіх летапісцаў, гістарычныя, філасофскія, публіцыстычныя творы ў выданнях XVIII ст., першыя польскія кнігі свецкага характеру XVI-пач. XVII ст., у ліку якіх выданні з Варшавы, Кракава, Торуні, Львова i г. д. Сярод найбольш рэдкіх - першыя выданні Мікалая Рэя, Яна Каханоўскага, працы Б. Папроцкага, Гваньіні, М. Кромера. Есць віленскія выданні XVI ст. з друкарняў Яна Карцана, Даніэля Лянчыцкага, значная колькасць кніг, надрукаваных у Вільні ў XVIII-пачатку XIX ст., у тым ліку дысертацыі. Сустракаюцца гродзенскія выданні XVIII ст., полацкія пачатку XIX ст., выдатна захаваўся экземпляр кнігі «Monarchia Turecka (Stuck, 1678) з гравюрамі Максіма Вашчанкі.

Сярод заходнееўрапейскіх кніг - творы антычных аўтараў, старажытнагрэцкіх гісторыкаў, філосафаў, паэзія, драматургія, проза, аратарскае мастацтва, багаслоўская літаратура, літаратура па гісторыі i геаграфіі асобных краін, класічная французская літаратура i г. д. Сярод ix - 3 інкунабулы (кнігі, выдадзеныя да 1500 г., уключаны ў друкаваны каталог калекцыі), палеатыпы (выданні 1501-1550 гг.), кнігі XV- XVIII стст., з друкарняў Венецыі, Базеля, Лейпцыга; выданні знакамітых друкароў Плантэнаў, Фрабэнаў.

Амаль на ўсіх кнігах ёсць экслібрысы. Асобныя з ix - ярлыкі з тэкстам двух відаў: адзін, напэўна, зроблены ў 1772-1792 гг., калі Іаахім Храптовіч быў падканцлерам Вялікага Княства Літоўскага; другі, упрыгожаны віньеткай, відаць, адносіцца да 1793-1795 гг., калі ён быў ужо канцлерам. Частка экслібрысаў - гэта адбітак штэмпеля чорнага і чырвонага колераў.

Што да рукапіснай калекцыі Храптовічаў, якую апісаў С. Пташыцкі, то яна захоўваецца асобным зборам у аддзеле рукапісаў. Са 129 рукапісаў, улічаных у друкаваным каталозе, да нашага часу дайшлі 113. Яшчэ ў 1937 г. рукапісы былі даследаваны, апрацаваны 1 прадстаўлены чытачам. Сярод ix - чатырохтомны рукапіс Браніцкага (XVIII ст.), «Прамовы Яна Храптовіча Навагрудскага кашталяна...» (XVIII ст.), сеймавыя i сеймікавыя акты, дзённік С. Маскевіча 1594 г. (які быў выдадзены Нямцэвічам i Устралавым), Біблія на латыні, пісаная на пергамене ў XV ст., спіс другога Статута Вялікага Княст­ва Літоўскага, гісторыя роду Храптовічаў, якую склаў сам Іаахім Храптовіч, і інш.

На жаль, страчаны каштоўныя зборнікі XVII-XVIII стст., у якіх былі лісты Хмяльніцкага, дзённік прыезду Марыны Мнішак, які вёў яе спадарожнік Дземантоўскі (друкаваўся Тургеневым у другім томе «Актов исторических»), адзін з тамоў польскай метрыкі.

Вядома, што ў Шчорсах акрамя рукапіснага збору існаваў архіў. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі архіў Храптовічаў быў «нацыяналізаваны» i ў 1925 г. перададзены Дзяржаўнай Публічнай бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе. Мы маем права сёння паставіць пытанне, чаму менавіта туды пайшоў каштоўны збор, калі яшчэ ў 1922 г. была ўтворана Дзяржаўная бібліятэка БССР i працаваў ужо Інстытут беларускай культуры? Па звестках, атрыманых у супрацоўнікаў ДПБ, архіву ў фондзе ДПБ няма.

У час гутарак з членамі калектыву акадэмічнай бібліятэкі i прадстаўнікамі дырэкцыі з украінскага боку было пацверджана наша права ставіць сёння пытанне аб вяртанні бібліятэкі Храптовічаў, але яны да гэтага адносяцца негатыўна, бо лічаць, што захаванне збору на працягу амаль стагоддзя дае маральнае i этычнае права лічыць гэты збор уласнасцю ўкраінскага народу.

Улічваючы гэта, мы разам з дырэкцыяй пачалі распрацоўваць праграмы далейшага захавання калекцыі i інфармавання пра яе бела­рускай грамадскасці.

Па-першае: украінскія ўстановы культуры павінны спрабаваць адшукаць страчаную частку калекцыі i аб'яднаць з асноўным зборам.

Па-другое: для беларускіх бібліятэк, у прыватнасці, для Дзяржаўнай бібліятэкі Беларусі i Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Акадэміі навук, зрабіць па камплекту мікракопій (мікрафільмаў) рукапіснага збору.

Па-трэцяе: распачаць работу над праграмай па бібліяграфічнай рэканструкцыі бібліятэкі Храптовічаў, якая можа ўключаць: рэпрынтныя выданні захаваных вопісаў, друкаваны ілюстраваны каталог захаванай часткі кнігазбору, манаграфію па гісторыі бібліятэкі Храптовічаў.

Над выкананнем гэтай праграмы маглі б працаваць ужо названыя бібліятэкі Беларусі, Беларускі фонд культуры, установы культуры Украіны i Масквы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX