Вярнуцца: Артыкулы

Лойка П. Незалежнасць пасля Любліна


Аўтар: Лойка Павел,
Дадана: 26-10-2012,
Крыніца: Лойка Павел. Незалежнасць пасля Любліна, або магнацка-шляхецкая "беларусізацыя" // Спадчына № 5 - 1991. С. 11-16.



Або магнацка-шляхецкая «беларусізацыя»

XVII - XVIII стагоддзі практычна выпалі з пісанай гісторыі беларускага народу. Усё звялося да адыёзных, пастулатных штампаў: «апалячванне», «акаталічванне», «эканамічны заняпад» i г. д. Але жывая, сапраўдная гісторыя гаворыць i пра іншае. I такая важная падзея, як утварэнне новай дзяржавы - Рэчы Паспалітай - мела неадназначныя, падчас зусім процілеглыя задумам вынікі. У тым ліку i для грамадства Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага.

Адна з самых важных прычын уніі 1569 г. - супярэчнасці ў пануючым шляхецкім саслоўі Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага. Сапраўды, элітарнае магнацтва, што трымала ў княстве ўладу, не стала б яе з кімсьці дзяліць без прымусу з боку шматлікай дробнай i сярэдняй шляхты. А ўлада тая ў вялікакняскай магнатэрыі была амаль неабмежаваная. На сойме ў Вялікім княстве паны-рада праводзілі толькі свае рашэнні, маніпулюючы большасцю шляхты, якая не мела ніякай рэальнай улады. Радны гаспадарскай Рады Альбрэхт Гаштольд параўноўваў соймы польскага i «літоўскага» ўзораў: «...соймы нашы (у Вялікім княстве - П. Л.) праходзяць зусім інакш: што вырашае гаспадар i паны-рада, тое шляхта абавязкова прымае да выканання: мы ж запрашаем шляхту на нашыя соймы як бы для гонару, дзеля таго, каб усе ведалі, што мы вырашаем». I на павятовых соймах, органах шляхецкага самакіравання, якія былі створаны паводле рэформы 1565-1566 гг., таксама рэй вялі буйныя земляўласнікі. Пераконваюць у гэтым сведчанні сучаснікаў. Вось адно з ix: «Там (у Вялікім княстве Літоўскім - П. Л.) шляхта не прымае ўдзелу ні ў якіх парадах, там паны робяць, што захочуць... Там прыязджаюць на соймік толькі ваявода, стараста ды харужы, напішуць, што ім уздумаецца, i адправяць да зямяніна дахаты, каб падпісаў. Калі ж ён не падпіша, то яны аддубасяць яго палкам!...».

Такога не здаралася ў суседняй Польшчы, дзе шляхта рашуча ўплывала на ўнутраную i знешнюю палітыку ўраду. Польскія шляхецкія вольнасці, відавочна, падабаліся шляхце Княства. Падтрымліваючы ідэю уніі, яна меркавала заняць такое ж вызначальнае становішча ў сваёй дзяржаве, як польская шляхта ў сваёй.

Унутрыпалітычны крызіс у Вялікім княстве Літоўскім, Рускім, Жамойцкім найбольш абвастрыўся ў 60-я гады XVI ст. Супрацьстаянне магнацтва i шляхты стала адкрытым. Асабліва яскрава яно выявілася ў часе сойму, які адбыўся ўвосень 1562 г. пад Віцебскам. Яго ўдзельнікі звярталіся да Жыгімонта Аўгуста з прашэннем «учыніць супольны сойм з палякамі, каб разам караля выбіралі, мелі агульную абарону, супольна саймікавалі i права аднолькавае ўжывалі».

Каб неяк кансалідаваць грамадства, збіць прапольскія настроі шляхты, магнацкая апазіцыя на чале з Радзівілам пайшла на значную мадэрнізацыю ўнутранай палітыкі. Так, паводле пастановы 1563 г. праваслаўная i каталіцкая шляхта поўнасцю ўраўноўвалася ў правах, а паводле судовай рэформы 1564 г. уводзіліся мясцовыя суды, дзе галоўную ролю адыгрывала шляхта.

Гзтыя захады велікакняскага ўраду, можа б, мелі поспех, калі б не драматычнае знешнепалітычнае становішча краіны. На пачатку 60-х гадоў баявыя дзеянні ў Лівонскай вайне, што пачалася паміж Маскоўскай дзяржавай i Вялікім княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім у 1558 г., перанесліся на тэрыторыю Княства, на беларускія землі. У 1562 г. маскоўскія войскі стаялі ля Віцебска, Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова. 15 лютага 1563 г. быў захоплены Полацк. Да сталіцы - Вільні - заставалася напрасткі каля двухсот кіламетраў. Сілы дзяржавы былі на мяжы магчымага. Вайна выцягнула ўсе сродкі, амаль штогадовая сярэбшчына не наталяла патрэбы ў грошах. Неадкладна патрабаваўся саюзнік.

Пытанне заключэння уніі з Польшчай было прадвырашана, i як ні адцягвалі фінал магнаты Вялікага княства, ён наступіў у 1569 г. Безумоўна, яго наблізіла Лівонская вайна. Па словах віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, які прыбыў на перамовы ў Люблін, «на нашым хрыбце быў вораг, калі мы ехалі сюды, жадаючы пастанавіць з вамі унію, якая б аб'яднала нас узаемнаю любоўю, і, калі казаць праўду, мы пачалі імкнуцца да яе амаль бегам, тады як продкі нашыя ішлі да яе вельмі паціху».

10 студзеня 1569 г. пачаўся Люблінскі сойм, які доўжыўся амаль 6 драматычных месяцаў. Кожны бок ставіў свае ўмовы, якія не прымаліся супрацьлеглым. Ніхто не саступаў. Больш таго, калі паслы Вялікага княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння уніі на непрымальных для ix умовах, яны 1 сакавіка 1569 г. пакінулі Люблін.

I тут польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Скарыстаўшы цяжкае знешнепалітычнае становішча Вялікага княства, польскія феадалы вымусілі Жыгімонта Аўгуста выдаць указы аб далучэнні да Каралеўства Польскага Падляшша, Валыні, Падоліі ды Кіеўшчыны. На працягу сакавіка - чэрвеня 1569 г. гэтыя велізарныя i багатыя абшары Вялікага княства былі ўключаны ў склад Польшчы, што, вядома, аслабіла i без таго падарваную Лівонскай вайною эканоміку Княства. Хоць гэтыя акты i былі супрацьпраўныя, бо кароль ix выдаў асабіста, без згоды сойму Вялікага княства, але ў той сітуацыі вялікакняскі ўрад не мог ісці на ваенны канфлікт з Польшчай.

Тэрыторыя Княства звузілася ў асноўным да літоўскіх i беларускіх земляў. Прычым на значнай частцы апошніх гаспадарыла маскоўскае войска. I гаспадарыла грунтоўна. У 1566-1569 гг. дзеля ўмацавання на заваяванай тэрыторыі былі пабудаваныя ў наваколлі Полацка крэпасці Туроўля, Суша, Сокал, Сітна, Чырвоная, Казьяны, Ула, Усвят. У такім становішчы для вялікакняскага ўраду шлях быў адзіны - за стол перамовінаў з Польшчай. Супольны сойм зноў распачаў працу, i 1 ліпеня 1569 г. быў падпісаны акт Люблінскай уніі. «З гэтага часу абедзве дзяржавы ўяўляюць сабою непадзельнае цела, а таксама адну агульную Рэч Паспалітую, у якой абодва гаспадары i абодва народы з'ядналіся ў адзін народ i адзіную дзяржаву», - абвяшчаў акт.

Наколькі шчыльна зліліся дзве часткі толькі ўтворанай дзяржавы? Вышэйшым органам улады станавіўся агульны сойм, які мог збірацца толькі на тэрыторыі Польшчы. Асобных соймаў як для Кароны, так i для Вялікага княства не прадугледжвалася. Манарх меўся быць агульны: «...Новы гаспадар пры выбранні i каранацыі павінен аб'яўляцца каралём Польскім, вялікім князем Літоўскім, Рускім, Прускім, Мазавецкім, Жмудскім, Кіеўскім, Валынскім, Падляшскім i Інфлянцкім... Выбранне i ўзвядзенне князя на пасад Вялікага княства Літоўскага, якое да гэтага часу праводзілася асобна, павінна спыніцца». Выключна да кампетэнцыі Рэчы Паспалітай адыходзіла знешняя палітыка. Усе ранейшыя законы i дагаворы, накіраваныя супраць інтарэсаў адной з частак новай федэрацыі, падлягалі скасаванню. I тут акт засяроджваў увагу на прынцыповым для польскага боку пытанні: «Статуты i ўсе якія б ні было пастановы, ухваленыя ў Літве супраць польскага народа па пытаннях аб набыцці i валоданні маёнткамі ў Літве, надалей не павінны дзей нічаць. Дазваляецца набываць маёнткі i валодаць імі паляку ў Літве, a ліцвіну ў Польшчы». Разам з тым, Вялікаму княству не адводзілася роля нейкай польскай каланіяльнай ускраіны. Тут захоўваліся даўнітарны адміністрацыйны апарат, асобнае ад Польшчы заканадаўства i судовая арганізацыя, тытул i пячатка, a таксама войска.

Такім чынам, нельга трактаваць Люблінскую унію як паглынанне Польшчай Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага. Рэч Паспалітая была федэрацыяй дзвюх дзяржаваў. У складзе федэрацыі Княства існавала да канца XVIII ст., калі Рэч Паспалітую падзялілі Расійская імперыя, Аўстрыя i Прусія. Іншая справа, што Польшча на той час была ў лепшым палітычным i эканамічным становішчы i таму валодала ўнутрыпалітычнай ініцыятывай у Рэчы Паспалітай. Яна магла ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў дачыненні да ўсходнеславянскага насельніцтва Вялікага княства.

Першае ўражанне ў Княстве ад вынікаў Люблінскай уніі было шокавым. Прычым як для магнацтва, так i для шляхты, якая ў свой час дамагалася злучэння з Польшчай. Для вышэйшай уплывовай знаці Люблінская унія пагражала поўнай згубай былога палітычнага вяршэнства. У Вялікім княстве Літоўскім, Рускім, Жамойцкім сойм, дзе магнацтва праводзіла свае рашэнні, юрыдычна перастаў існаваць. У агульны ж сенат Рэчы Паспалітай шмат былых радных проста не трапілі. Ды i тыя нешматлікія галасы сенатараў з Вялікага княства заглушаліся моцным рокатам больш мнагалюднага польскага прадстаўніцтва ў сенаце Рэчы Паспалітай. Тое ж самае адбывалася i ў сойме, дзе з 180 выбраных на сойміках па ўсёй Рэчы Паспалітай паслоў толькі 46 прыходзілася на Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае (з ix 34 з беларускіх паветаў).

Палітычная дыскрымінацыя дапаўнялася эканамічнай. Цяпер прадстаўнікі шляхецкага саслоўя Вялікага княства не маглі атрымліваць землі ў раёнах, гвалтоўна адарваных Польшчай у 1565 г. Ды i дазвол польскай шляхце атрымліваць зямельныя ўладанні ў межах Княства стварыў небяспечнага канкурэнта для шляхты мясцовай. Безумоўна, гэткае становішча нараджала ў большай часткі пануючага класа Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага «сепаратысцкія», антыпольскія настроі.

I буйная, i дробная шляхта катэгарычна не прымала уніі ды наогул палітыкі каралёў. Так, аршанскі стараста Ф. Кміта-Чарнобыльскі піша кашталяну троцкаму А. Валовічу ў жніўні 1574 г.: «Не дай бог ляху быть (каралём - П. Л.) - вырежет Литву, a Русь поготову», бо палякі «давно резать почали литвина». Яшчэ больш рэзка супраць прапольскай палітыкі апошняга Ягайлавіча, пры якім склалася унія, беларуская шляхта выказалася ў «Прамове Мялешкі», што датуецца 1589 г.: «Проч Жикгнмонта короля! Того нечего и в люди личити, бо Подляше и Волынь наш вытратив, ляхом менечися».

Што ж тады прываблівала шляхту Вялікага княства Літоўскага, да чаго яна імкнулася? Ды да «старыны», да тых, з яе пункту гледжання, «залатых» часоў, калі князі, «которые королевали и которие воеводами бывали... правым сердцем просто говорили, политики не знали», калі незалежнае Вялікае княства самастойна вызначала i праводзіла ўнутраную i знешнюю палітыку: «Але Жикгимонта первого, - солодкая паметь его... Ляхов з их хитростю велми не любил, a Литву и Русь нашу любително миловал». З прыведзеных словаў вынікае, што пануючы клас Вялікага княства меў на мэце адраджэнне яго поўнай дзяржаўнасці, a значыць адраджэнне той «беларушчыны», якая была базай гэтай дзяржавы.

Незалежніцкія настроі не разыходзіліся са справамі, «вялікакняскае адраджэнне» ішло як у палітыка-эканамічнай, так i ў духоўнай сферы. Насуперак люблінскаму акту аб уніі, на працягу 70-80-х гадоў у Вялікім княстве рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя соймы. Прычым у час бескаралеўя (1574-1576 гг.) на Віленскім сойме дэбатавалася пытанне аб выбранні караля, на сойме 1580 г. прысутнічаў нават кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы. Больш таго, у 1581 г. ствараецца, а ў 1582 г. пачынае дзейнічаць Галоўны трыбунал Вялікага княства.

Але найлепшым сведчаннем дзяржаўнай незалежнасці Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага было прыняцце Статута 1588 г., які па сутнасці скасоўваў многія пастановы Люблінскай уніі. Паказальна ўжо тое, што ў Статуце ніводнага разу не памінаецца акт уніі. Паводле гэтага заканадаўчага помніка, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі аж да 1840 г., Вялікае княства заставалася самастойнай дзяржавай не толькі 3 асобным заканадаўствам, але i ca сваёй тэрыторыяй, апаратам, войскам, фінансамі. Артыкул 12 раздзела III Статута 1588 г. адмяняў звышпрынцыповы для палякаў пункт пастановы Люблінскага сойму 1569 г. аб набыцці зямельнай ўласнасці у межах Княства. Пасля ўвядзення Статута 1588 г. у дзеянне шляхта Польскага каралеўства не мела юрыдычнага права набываць землі i займаць дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім, Рускім, Жамойцкім, заўважым, другой складовай частцы федэратыўнай Рэчы Паспалітай: «...В том паньстве Великом князстве литовском и во всих землях ему прислухаючих достойностей духовных и светских, городов, дворов, кгрунтов, староств, держав, врядов (пасадаў - П. Л.) земских и дворных... жадных (ніякіх - П. Л.) чюжоземцом и заграничником, а ни суседом (г. зн.- палякам - П. Л.) того паньства давати не маем, але то все мы и потомки наши великие князи литовские давати будем повинни только литве, руси, жомойти, родичом старожитным и уроженцом Великого князства...»

Барацьбой за «старыну», за незалежнасць Вялікага княства было імкненне захаваць дзяржаўнасць беларускай мовы ў Княстве, адстаяць адвечныя на гэтай зямлі духоўныя каштоўнасці. Палымяным прапагандыстам такой ідэі быў дробны полацкі шляхціц Васіль Цяпінскі. У прадмове да выдадзенага ім на беларускай мове «Евангелля» (каля 1580 г.) В. Цяпінскі адзначае, што «зацный, славный, довстипный» народ беларускі мае даўнія i багатыя гістарычныя i культурныя традыцыі. Цяпінскага непакоіла «езыка своего славного занедбане», i ён заклікаў «великих княжат», паноў, духавенства да развіцця нацыянальнай культуры, адукацыі на роднай мове. Гэты голас беларускага шляхціца знаходзіў рэзананс ва ўсім шляхецкім саслоўі Вялікага княства. Яго падтрымаў магнат, вялікакняскі канцлер Леў Сапега, адзін са складальнікаў Статута 1588 г. У прадмове да гэтага выдатнага помніка еўрапейскай юрыдычнай думкі ён з годнасцю адзначае: «... Не обчым (чужым - П. Л.) яким языком, але своим власным права списаные маем...». Больш таго, артыкул I раздзела IV Статута зацвярджаў дзяржаўнасць старабеларускай («рускай») мовы: «А писар земский маеть поруску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы». Гэта радикальна розніла Княства ад Польшчы, дзе моваю праўных дакументаў была лаціна.

Пры падтрымцы прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя шырокае распаў-сюджанне ў Вялікім княстве ў канцы XVI - на пачатку XVII ст. атрымала дзейнасць брацтваў - нацыянальна-рэлігійных арганізацыяў праваслаўнага насельніцтва, што ўзніклі ў адказ на выкарыстанне каталіцтва для прапольскай палітыкі ўраду Рэчы Паспалітай. Буйныя беларускія брацтвы існавалі ў Вільні, Магілёве, Барысаве, Оршы, Полацку, Мсціславе, іншых гарадах. Яны сталі інтэграваць тагачаснае беларускае грамадства на грунце нацыянальнай ідэі. У Віленскім брацтве, што дзейнічала з 1592 г. пры праваслаўным манастыры, налічвалася 370 братчыкаў, сярод ix былі «их милости княжата, панята, рыцарство, шляхта, мещане». Вялікую ролю адыгрывалі брацтвы ў прапагандзе беларускай мовы, пашырэнні асветы i кнігадрукавання на Беларусі. Пачатковыя i сярэднія брацкія школы былі адкрыты ў Вільні, Берасці, Пінску, Слуцку, Менску, Магілёве ды іншых шматлікіх гарадах i мястэчках. Брацкія друкарні дзейнічалі ў Вільні, Еўі (цяпер Вевіс Літоўскай рэспублікі), Магілёве. 3-пад якіх варштатаў выйшла 127 выданняў, сярод якіх буквары, палемічна-публіцыстычныя творы. Большасць з гэтых кніг напісана на царкоўнаславянскай i беларускай мовах.

Нездарма пачатак XVII ст. спарадзіў на свет словы беларускага паэта Яна Казіміра Пашкевіча: «Польска квітнет лаціною, Літва квітнет русчызною». Радкі гэтыя напісаны ў 1621 г., але ўжо ў 1696 г. пастанова ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай адзначыла, што ў справаводстве Вялікага княства «ўсе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Што ж здарылася за гэтыя 75 гадоў, якія працэсы прывялі да таго, што «квітнеючая» культура i грамадства прыйшлі ў поўнае занядбанне? Першую ролю адыграла тут, вядома, фізічнае вынішчэнне беларускага этнасу ў войнах другой паловы XVII ст., якое працягвалася i на пачатку стагоддзя XVIII -у час Паўночнай вайны. Сваё значэнне таксама мела дэзінтэграцыя грамадства Вялікага княства па сацыяльна-рэлігійнай прыналежнасці.

Пачатак такога падзелу беларускага грамадства быў закладзены яшчэ ў часы Ягайлы i Вітаўта. Але пасля XIV ст. крывая гэтага працэсу, хоць i вагаючыся, імкнулася да адзнакі «кансалідацыя». У XVII ст. адбыўся раскол беларускага грамадства. Прычынамі яго сталі, па-першае, далейшая «шляхецізацыя» Вялікага княства, якая паскаралася польскім уплывем, і, па-другое, як ні дзіўна, барацьба за захаванне эканамічнай i палітычнай незалежнасці Вялікага княства ў складзе Рэчы Паспалітай. Паўвека, што прайшло пасля Любліна, пераканала вялікакняскую шляхту ў тым, што i надалей яна будзе займаць вядучыя пазіцыі ў сваёй дзяржаве. Новыя статутовыя нормы, зацверджаныя каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам у 1588 г., пэўным чынам супакоілі шляхту Вялікага княства. А практыка прымянення заканадаўства ў жыцці наогул надала ёй упэўненасці ў сваім трывалым становішчы ў краіне. Варта згадаць хаця б два выпадкі з гэтай практыкі за розныя стагоддзі. На пачатку 90-х гадоў XVI ст. Жыгімонт III хацеў пасадзіць на віленскае біскупства паляка Бэрнарда Мацееўскага (ён меў заняць месца Юрыя Радзівіла, што стаў кракаўскім біскупам). Але канцлер Вялікага княства Леў Сапега не прыклаў пячаткі, а значыць, не зацвердзіў гэтага прызначэння. Пасля доўгай зацятай барацьбы (1591-1600 гг.) віленскае біскупства было пакінута за «ліцвінам» Бенядыктам Войнам. Наколькі прынцыпова стаяла гэтае пытанне, сведчыць вытрымка з ліста канцлера Сапегі: «... тады паддайцеся ва ўсім палякам, адмоўцеся ад літоўскай пячаткі, маршальскага жазла i гетманскай булавы, i няхай будуць польскія жазлы, пячаткі i булава, ды i агульны скарб...» Ці загінуць, ці дабіцца таго, каб ліцвін быў віленскім біскупам. I ў 1752 г., калі віленскім канонікам спрабавалі прызначыць паляка Вадзінскага, то віленскі капітул звярнуўся да павятовага сойміка 3 заклікам не ісці супраць статутовых нормаў. Як i 150 гадоў таму, гэтае прызначэнне не адбылося.

Упэўненасць у непарушнасці свайго вядучага статусу ў дзяржаве не патрабавала ад магнацка-шляхецкага асяродку Вялікага княства барацьбы за былыя сімвалы незалежнасці: за беларускую дзяржаўную мову, асобнае выбранне вялікага князя, асобныя соймы. Праўда, водгаласам таго сепаратызму, які быў моцна адчувальны ў канцы XVI ст., былі спробы стварэння ў часы цяжкіх знешнепалітычных сітуацый у Рэчы Паспалітай «незалежнага» Вялікага княства. У 1655 г. Багуслаў Радзівіл двойчы спрабаваў аддзяліцца ад Кароны: спачатку ён прапанаваў курфюрсту Брандэнбурга пратэктарат над Вялікім княствам, а потым з каралём Густавам падпісаў унію са Швецыяй, якая, праўда, не заимела сілы. У другой палове 80-х - 90-х гг. XVII ст. супраць Рэчы Паспалітай Яна Сабескага выступілі Сапегі, якія мелі намер стаць на чале самастойнага Вялікага княства. Пасля такіх выступаў урад Рэчы Паспалітай ішоў на ўступкі шляхце Вялікага княства. На сойме 1673 г. было прынята рашэнне, паводле якога кожны трэці сойм павінен збірацца ў «Вялікім княстве Літоўскім у горадзе Гродне» i маршалкам на ім выбіраецца адзін з мясцовых дэпутатаў. З 1696 г. вялікакняская шляхта канчаткова ўраўноўвалася з польскай у праве кантролю над дзейнасцю вышэйшых службовых асобаў.

Беларуская шляхта, якая дамагалася ад караля ўсё большых прывілеяў, бачыла, што калі i надалей будзе ісці разам ca шляхтаю польскай, то набудзе на гэтым шляху вялікія прыбыткі. Так яно i адбывалася. Вядомыя «генрыкавы» артыкулы, якія канчаткова ўзаконьвалі сістэму шляхецкай дэмакратыі, надаваліся народам «усіх... земляў i правінцый, што ўваходзілі ў Рэч Паспалітую». Немагчыма было не спакусіцца на такія вольнасці, якія цалкам абмяжоўвалі ўладу караля i нават надавалі магнатам i шляхце афіцыйныя правы не падпарадкоўвацца яму, калі той адмовіцца ад прызнання i выканання шляхецкіх прывілеяў. Прычым прывілеяў немалых, бо кароль у Рэчы Паспалітай выбіраўся на шляхецкім сойме i падначальваўся рашэнням гэтага вышэйшага заканадаўчага органа.

Далейшая «шляхецізацыя» Рэчы Паспалітай уздымала пануючы клас гэтай краіны на новы ўзровень агульнадзяржаўнай інтэграцыі. Але саслоўная агульнадзяржаўная інтэграцыя прыводзіла да дэзінтэграцыі грамадскай - у прыватнасці, на беларускіх землях. Беларуская шляхта, пераймаючы польскія ўзоры грамадскага ладу, усё больш паварочвалася да «пальшчызны» ўвогуле, да каталіцызму, які далучаў да польскай культуры i мовы.

У Рэчы Паспалітай паступова фармуецца новая не толькі сацыяльная, але, можна сказаць, i этнічная супольнасць - «польскі народ шляхецкі» - якая аб'ядноўваецца не толькі адзінымі правамі i прывілеямі, палітычнай ідэалогіяй, але i адзінай рэлігіяй (каталіцызмам), i адзінаю мовай (польскай). Апалячванне пануючага класа на беларускіх землях прывяло ў другой палове XVII ст. да такой сітуацыі, што беларускаму селяніну ці мешчаніну супрацьстаяў ужо не толькі пан-прыгнятальнік, але ўжо i «папежнік» i «лях» - прадстаўнік іншае веры, а значыць, іншага народу.

Падзел беларускага грамадства па сацыяльна-рэлігійнай прыкмеце, разам ca знішчэннем напалову беларускага этнасу ў XVII -на пачатку XVIII ст., прывялі да заняпаду беларускай культуры, дзяржаўнасці, а значыць, i нацыянальнага развіцця.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX