Вярнуцца: Артыкулы

Дабранскі С. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве


Аўтар: Дабранскі С.,
Дадана: 06-03-2012,
Крыніца: Спадчына № 3 - 1997. С. 42-72.



І. Стаўленьне масонскіх лёжаў да пытаньня аднаўленьня Польшчы

Палітычныя падзеі, што ўсхвалявалі Заходні край Расеі, сталіся прычынаю закрыцьця работ у масонскіх лёжах па ўсёй Літве. Рэшткі масонскіх архіваў не захавалі ніводнага дакумэнта з тых часоў, але масонскае ліставаньне ды каталёгі лёжаў з гадоў наступных зьмяшчаюць пэўныя згадкі пра тое, што масоны прыпынілі свае работы толькі да пары, пакуль у краі ня дойдзе да поўнага спакою.

Увесну 1816 г. масоны Норвід, Сабескі, Гофман ды Ходзька прыбылі да Вільні і, дзякуючы спрыяньню аднаго са старых тутэйшых масонаў - пралата Міхаіла Длускага, адкрылі работы ў лёжах "Руплівы Ліцьвін" і "Добры Пастыр". Аднаўляючы дзьве гэтыя лёжы (яны разам адкрылі і дзьве новыя: адну пад назваю "Школа Сакрата", у Вільні, другую - "Палямон", у Расіенах (Ковен. губ.).

У тым самым часе аднавілася і правінцыйная лёжа "Дасканалая Лучнасьць", за прыкладам якой, не марудзячы, паўсталі нанова і падпарадкаваныя ёй "Янаўскія лёжы".

З гэтага часу пачынаецца хуткі рост масонскага руху ў Літве, характар якога набывае новыя формы. Падобнае назіраецца і ў Польшчы.

Падзеі 1812 г., абудзіўшы мары польскіх патрыётаў

пра аднаўленьне забранага каралеўства, гэтак удала выкарыстаныя ў сваім часе Напалеонам, глыбока паўплывалі на масонаў, у асяродзьдзі якіх ідэя незалежнае Польскае дзяржавы знайшла шчырых прыхільнікаў. Пасьля ліквідацыі напалеонаўскага паходу на Расею, калі патрыятычныя мары гэтыя, здавалася, былі зруйнаваныя, у масонскіх лёжах палітычныя памкненьні захоўваліся самым старанным чынам.

Адмысловы палітычны лад Царства Польскага, вызначаны ва "ўстаноўчай хартыі" 1815 г., надаваў краіне кшталты нібыта асобнае дзяржавы, з уласным войскам і прадстаўнічаю формаю кіраваньня. Гэтая апошняя акалічнасьць, без сумневу, паспрыяла далейшаму разьвіцьцю руху за самастойнасьць Польшчы і спарадзіла вялікія надзеі на практычнае ажыцьцяўленьне мэтаў, вызначаных даўно.

Польска-літоўскаму масонству, як гэткаму, з многіх прычынаў не выпадала станавіцца ў апазыцыю да ўраду. Па-першае, гэта магло лёгка падарваць давер да ордэну, па-другое, глыбокая кансьпірацыя, здавён уласьцівая масонскім работам, моцна шкодзіла зьдзяйсьненьню якіх - кольвечы тактычных захадаў.

Між тым у Польшчы пачалі ўзьнікаць таемныя згуртаваньні, якія ставілі сабе мэты супрацьдзейнічаць разьвіцьцю матэрыялістычных поглядаў ды выхоўваць у маладым пакаленьні ідэальныя памкненьні да цноты і праўды. Самыя мэты гэтых згуртаваньняў былі гэтак блізкія да старых прынцыпаў і захадаў масонаў, што лучнасьць паміж лёжамі і новымі суполкамі, бадай, ніколі не перарываная, рабілася ўсё больш відавочнаю.

Ужо ў 1817 г., за год перад адкрыцьцём першых паседжаньняў польскага сэйму, які досыць пэўна выказаўся ў справе ўзаемных дачыненьняў Польшчы і Расеі, у Варшаве было заснаванае разьлеглае ды шматлікае таварыства пад назваю "Хаўрус сяброў". Мэты гэтага таварыства - узаемадапамога і маральная дасканаласьць - ператварыліся з адцягненых ідэяў у ідэі палітычныя, і лёзунгам яго сталася аднаўленьне Польшчы ў межах 1722 г.

Гэтае ператварэньне адбылося пры акалічнасьцях, якія дазваляюць меркаваць, што польскае масонства зьвярнула ўвагу на "Хаўрус сяброў" і прызначыла выкарыстоўваць яго ў якасьці правадніка паміж сабою і шырокімі коламі польскага грамадзтва.

У 1818 г. сябрам аднае з суполак згаданага хаўрусу стаў маёр 4-га пяхотнага палка Лукасінскі. Як чалавек разумны і дзейсны, ён неўзабаве перабудаваў "Хаўрус сяброў" паводле новага ўзору і, надаўшы пераўтворанаму таварыству назву "Нацыянальнага або патрыятычнага масонства", скіраваў ягоную дзейнасьць на цапкам палітычныя шляхі. Звонку таварыства захавала ўсю масонскую будову, з усімі абрадамі ды ўмоўнасьцямі, уласьцівымі масонскай лёжы.

У той час, як "нацыянальнае масонства" працавала над засваеньнем новых задачаў, літоўскія лёжы далі шэраг парасткаў, непасрэдна скіраваных на грамадства і навучэнцкую моладзь.

У Вільні паўстала таварыства "шубраўцаў", заснаванае прафэсарам Унівэрсытэту Пілецкім, доктарам Сьнядэцкім, бібліятэкарам Унівэрсытэту Контрымам і Галінскім, якія ўзялі за ўзор пабудовы парадкі і формы масонскае лёжы. У адзін час з таварыствам "шубраўцаў" узьнікае студэнцкае таварыства "філяматаў" на чале са студэнтам Тамашом Занам - чалавекам высокіх духовых ідэалаў, паводле водгукаў таварышаў, уладальнікам пяшчотнага сэрца і змагаром з усялякаю разбэшчанасьцю. За мэту сваю таварыства абрала распаўсюджаньне асьветы ды праўдзівага братэрства паміж студэнтамі, абуджэньне патрыятычных памкненьняў і выхаваньне ў сябрах цноты і гонару. Такім чынам, у дзейнасьці таварыства філяматаў чуўся той самы галоўны матыў, што і ва ўжо згаданым "патрыятычным масонстве". У пазьнейшым часе філяматы спарадзілі два іншыя таварыствы - "прамяністых" і "філярэтаў", захаваўшы за сабою кантроль і апеку над імі.

Утварэньне пералічаных згуртаваньняў ішло паралельна з ростам самога масонства: за час з 1815 па І 818 гг. "Вялікі Польскі Усход" уключае ў сьпіс падначаленых лёжаў наступныя: "Сьвятыня Мінэрвы" (Варшава), "Вернуты Белы Арол" (Седлец), "Дасканалае Маўчаньне" (Варшава), "Трохкутнік" (Варшава), "Астрэя" (Варшава), "Паўночная Паходня" (Менск), "Сьвятыня Роўнасьці" (Люблін), "Казімер Вялікі" (Варшава), "Добры Пастыр" (Вільня), "Сябар Людзкасьці" (Гародня), "Вузел Лучнасьці" (Наваградак), "Сонца на Ўсходзе" (Ломжа), "Дасканаласьць" (Плоцк), "Дзяньніца на Ўсходзе" (Радам), "Геспэрус" (Каліш), "Дасканалая Лучнасьць" (Уромлаў), "Бажніца Сталасьці" (Варшава), "Пераможаныя Прымхі" (Кракаў), "Шчырая Лучнасьць" (Плоцк)# "Браты з-пад Паўночнае Зоркі" (Варшава), "Рыцары Зоркі" (Варшава), "Сьвятыня Фэміды" (Варшава), "Паляда" (Конін), "Сапраўдная Лучнасьць" (Люблін), "Славянская Ўзаемнасьць" (Варшава), "Каранаваная Цнота" (Рафалаўка), "Сьвітаньне" (Дубна), "Дасканалая Таямніца" (Дубна), "Славянскі Арол" (Вільня).

Зь ліку гэтых лёжаў дзьве набываюць тытул "правінцыйных капітулярных", чатыры - "капітул вышэйшых" і "ніжэйшых". Правінцыйныя лёжы, карыстаючыся з дадзенага ім масонскім законам права, адкрываюць новыя "Янаўскія" лёжы трох ступеняў.

Сярод найменьняў лёжаў сустракаюцца адмысловыя сымбалі, як прыкладам, "Вернуты Белы Арол", зь пячаткаю, якая мела выяву аднагаловага арла, што разарваў ланцугі і мкнецца да аблокаў. Агульны імпэт аб'яднаньня дзеля сулольнае працы таксама адбіваецца ў назвах лёжаў: "Славянская Узаемнасьць", "Вузел Лучнасьці", "Дасканалая Лучнасьць", "Шчырая Лучнасьць", "Сапраўдная Лучнасьць" і да г. п.

Мары пра самастойнасьць Польшчы ня гінуць: яны з новай моцай узьбіраюцца на шляхі практычнага ажыцьцяўленьня; у найвышэйшым сваім разьвіцьці мары гэтыя пераадольваюць межы нацыянальнае непрыхільнасьці; яднаньне палякаў паволі ўзвышаецца да ідэі аб'яднаньня ўсяго славянства.

Нарэшце, сам "Вялікі Польскі і Літоўскі Ўсход" далучае да свайго тытулу найменьне "Народны" і праз гэта адразу надае польска-літоўскаму масонству кшталты нацыянальнага, патрыятычнага руху. Польскае масонства паволі адчувае моцнае ўнутранае ўзрушэньне, натхняецца чыстымі ідэаламі, уласьцівымі і старой масонскай традыцыі, цяпер жа яшчэ больш блізкімі ды яскравымі. Назвы лёжаў пачынаюць нагадваць братам пра ўжо блізкія часы сьвітамьня ва ўсім сьвеце.

У лёжах пануе спакой і радаснае чаканьне "праўдзівага сьвятла"... Па заканчэньні работ браты абменьваюцца пацалункамі міру і ў цішы апошняе гадзіны масонскіх заняткаў натхнёна моляцца: "Усявышні Судзьдзя людзей! Ты, чыя ўсемагутнасьць аб'явілася ў сьвеце, пачуй жа палкія малітвы, да Цябе дасыланыя шанавальнікамі Цудаў Тваіх. Блаславі нашыя работы; дай нам належныя сілы дзеля спаўненьня вызначанае мэты; шчыльней змацуй ланцуг, які злучае нас; падтрымай у сэрцах нашых полымя любові да цноты, бо адно яна можа зрабіць нас годнымі выслаўляць Цябе і сьвядомымі таго шчасьця, якое цнатлівы чалавек здабывае ва ўлоньні Тваім".

II Спроба літоўскіх масонаў вызваліць сялянаў ад прыгону

У гэтым часе ўздыму патрыятычных памкненьняў і мрояў пра ўладкаваньне палітычнага жыцьця паводле новых, заходніх узораў, а жыцьця духовага - паводле адроджаных ідэалаў - літоўскія масоны робяць спробу ажыцьцявіць на практыцы адну з задачаў сапраўднага чалавекалюбства. Пра разьвязаньне гэтае заданы разважалі калісьці яшчэ расейскія масоны кацярынінскае пары, прысьвяціўшы ёй лепшыя старонкі "Лагоднага Рупліўца".

(61KB) Пячаткі.

Напрыканцы 1817 г. сярод літоўскае масонскае шляхты паўстае думка пра вызваленьне сялянаў ад прыгону, за прыкладам Астзэйскіх губэрняў. Падрыхтоўку літоўскага грамадзтва да гэтае рэформы зь імпэтам распачало віленскае таварыства "шубраўцаў", абраўшы сваім сродкам друк - уласны орган "Wiadomosci Brukowe" ("Вулічныя весткі"), а прыладаю - сатыру.

У той час, калі справа рэформы не пайшла яшчэ далей за стадыю размаітых пагалосак і мела выгляд ініцыятывы цьмянага паходжаньня і невядомага аўтарства, "шубраўцы" пачалі зьмяшчаць у сваім часопісе артыкулы, дзе дасьціпна высьмейваліся праціўнікі рэформы і разам з тым умела і далікатна ўзбуджалася спагада да гаротнага сялянства.

Гэтак, прыкладам, у № 55 "Вулічных вестак" была выдрукаваная наступная "інструкцыя": "Чуў я, што многа ёсьць шаленцаў, найболей з моладзі нашае; яны начыталіся бязбожных кніжак і, нахапаўшыся такіх-сякіх ведаў у Акадэміі, ні аб чым іншым ня думаюць, як толькі аб якой палёгцы для халопскае долі. А той-сёй нават мяркуе высунуць праект аб гэтым на галасаваньне... Замкні ім зяпы і павучы іх, каб убачылі ўсю згубнасьць гэткіх ідэяў для прышласьці... Заглушы наватараў, прагных да ўвядзеньня рэчаў дагэтуль нязнаных, для нас немагчымых і неналежных".

Жартоўныя допісы "карэспандэнтаў з правінцыі" ці то паведамлялі пра патэнтаваную "машыну для лупцоўкі мужыкоў", ці то даводзілі, што нейкі пан корміць згаладалых сялянаў з "таго самага посуду, зь якога сёрбаюць тыя чацьвераногія, што йдуць на каўбасы".

Абураючыся супраць празьмернасьці працы на паншчыне, "Вулічныя весткі" (№ 251) пішуць: "Патрапіла сюды колькі мужыкоў з ваколіцаў г. Пінска. Аказалася - шукаюць Нядзельку, каб паказаць яе свайму пану, бо, Бог ведае, дзе падзелася гэтая Нядзелька, што так даўно ўжо не відно".

Артыкулы "Вулічных вестак" моцна зацікавілі ўсё віленскае грамадзтва: пытаньне сялянскае рэформы адразу знайшло і спачуваньне, і адпор, але пакуль справа ня стала на трывалую глебу, ніхто ня мог выказацца аб ёй з пэўнасьцю. Абавязкам "шубраўцаў" было высьветліць стаўленьне грамадзтва да новае справы, а як паказаліся пэўныя знакі магчымага посьпеху, віленскія масоны пачалі рухаць пытаньне рэформы да наступнае стадыі.

У сьнежні 1817 г. у Вільні меліся адбыцца выбары, задоўга да якіх у месьце завіравалі няпэўныя чуткі пра тое, што некаторыя з дэлегатаў вязуць з сабою адмысловыя інструкцыі да пытаньняў, не датычных звычайнай працы шляхоцкіх з'ездаў.

З'езд распачаў сваю працу ў сьнежні і да 22-га быў заняты выбарамі, па заканчэньні якіх на абмеркаваньне дэлегатаў былі прапанаваныя некалькі пытаньняў эканамічнага характеру. Пры гэтым аказалася, што трое з павятовых маршалкаў, Завілейскага, Вількамірскага і Брацлаўскага паветаў, сапраўды прывезьлі з сабою інструкцыі, зьместу якіх было наканавана стаць прадметам гарачых спрэчак.

Падчас абмену думкамі наконт некаторых пунктаў з гэтых інструкцыяў упіцкі павятовы маршалак - віленскі масон Сымон Завіша зьвярнуўся да сходу з наступнымі словамі: "Дух часу - праўдзівы павадыр думак і ўчынкаў чалавечых. Ён стварае прынцыпы, будуе ці разбурае прымхі, абрынае душы ў цемру эгаізму або вядзе да людзкасьці, да сапраўднага і дабратворнага для ўсіх сьвятла.

Акінем зрокам багатую на чалавечыя ўчынкі гісторыю, узгадаем, чым былі людзі ў сваім першабытным стане, і мы дазнаемся, што сталася, калі яны ўніклі і выракліся патрыярхальных цнотаў сваіх ды абярнулі ганарлівую прагнасьць на шэрагі сваіх супольнікаў.

Мы ўбачым, што адбывалася, калі народжаныя мудрымі ўладамі або слушнымі законамі пробліскі сьвятла, праўдзівая філязофія ды чыстае полымя веры сутыкаліся са скамянелым у адвечных прымхах духам гэтых людзей.

Няма патрэбы даводзіць праўдзівасьць маіх словаў праз гісторыю іншых народаў: удзельнікі шаноўнага сходу, напэўна, помняць высакародныя подзьвігі сваіх суродзічаў, можа стацца, прысутных і тут. Векапомны 1790 г. у сваіх пастановах, датычных прадмету маёй прамовы, ці ня стаўся пераходам ад цемры да пазнаньня сапраўдных правоў ды годнасьці чалавека? Нашыя пачуцьці, толькі часова сьцішаныя, ня ёсьць вяртаньнем да першабытнае дзікасьці. У нашых жылах цячэ кроў нашых бацькоў і жывяцца супольныя з імі пачуцьці, а ўзыход на пасад Вялікага Аляксандра абудзіў спадзяваньні і стварыў падставы для чалавекалюбства.

Цяпер жа гэты вялікі і славаю і цнотаю Манарх, зь веліччу скончыўшы вайну, назірае ў сваім народзе тую самую ступень асьветы, якая шырыцца паўсюдна ў Эўропе і скрозь чыніць аднолькавыя вынікі.

Вельмішаноўны сход! Чаму эстляндзкая і курляндзкая шляхта была першаю? Чаму ня мы занялі першае мейсца? Чаму ня мы выпраменьваем тую паўсюдную асьвету? Хто ня бачыць патрэбы адмовіцца ад рэчаў недарэчных ды нягодных? Ці пойдзем мы за прыкладам правоў чалавецтва, замацаваных у дабратворных статутах чужых ды нашых краёў? Ня большасьцю галасоў, але адзінадушна мусім мы вырашыць: "Адмаўляемся ад правоў і прывілеяў, якія мелі над сялянамі!"

Ці не сялянам мы абавязаныя выгодам!, пышнасьцю і раскошаю нашага жыцьця? Ці гэта справядпіва, каб яны рабілі для нас у сё, а мы для іх нічога? Аддаўшы тое, што паводпе законаў Божых і прыродных чалавек чалавеку аддаваць павінен, хіба мала мы захаваем за сабою?

Мы, шляхта, валодаем зямлёю, а сяляне дзеля нашае пажывы яе абрабляюць, мы вызначаем кошты, яны плацяць, мы ацэньваем вынікі працы, зробленай для нас іншымі. Мы раскашуем у пышных палацах, а селянін туліцца ў беднай хаціне. То дамо ж ім сапраўдную волю! Няхай добрая воля нашая дасьць ім мажлівасьць гаспадарыць сваім невялічкім скарбам і спакойна працаваць на зямлі!".

Прасякнутая духам тагачаснае гуманістычнае філязофіі прамова Завішы паводпе свайго выгляду ды ўнутранага зьместу была выключна масонскаю.

Назіраючы вялікую колькасьць масонаў у сходзе, прамоўца абмаляваў рэформу, якую абараняў, як шлях ад "цемры эгаізму да гуманнасьці, да сапраўднага і карыснага для ўсіх сьвятла", і ягоная прамова, прывабная для прафанаў сваёю абаронаю "правоў чалавека", была ў той самы час поўнаю глыбокага сэнсу для масонаў. А што Завіша ў гэты дзень мог разьлічваць на спагаду і падтрымку сваіх братоў па ордэну - гэта відаць са сьпісу ўдзельнікаў, прысутных на сходзе.

(95KB) Спісы масонаў.

Выступ упіцкага маршалка быў ухвалены воплескамі, і авацыі з залі шляхоцкага сходу перайшлі да "майстэрань" віленскіх масонскіх лёжаў.

Апісваючы падзеі гэтага дня ў лісьце да гacyдара, віленскі генэрал-губэрнатар, масон граф Плятар-Зібэрг, у такіх выразах гаворыць пра ўражаньне, створанае прамоваю Завішы: "Прамова Завішы набывае розгалас. Усім прыйшлася даспадобы энэргія прамоўцы і палкасьць ягоных словаў. Таварыства франкмасонаў з захапленьнем паставілася да гэтага абаронцы правоў чалавека і да ўсіх тых, хто падзяляў ягоныя думкі. Рэдакцыя газэты "Вулічныя весткі", каторая прапагандуе падобныя ідэі, не марудзячы, залічыла яго ў грона сваіх сяброў".

Пакуль Завіша рыхтаваўся да абароны высунутых ва ўступнай прамове тэзаў, віленскія масоны парупіліся выдрукаваць інструкцыю дэлегатам Вількамірскага павету, тэкст якой як найбліжэй адпавядаў духу гэтае нядаўняе прамовы.

Інструкцыя была выдадзеная вялікай колькасьцю паасобнікаў у друкарні Язэпа Завадзкага, якая абслугоўвала масонскія лёжы і пасьля выхаду ў сьвет распаўсюджвалася ў горадзе. У справе друку і распаўсюджваньня інструкцыі асабліва чынны ўдзел браў віленскі масон - прафэсар Якуб Шымкевіч, што не засталося таямніцаю для паліцмайстра Шлыкава, які рапартаваў генэрал-губэрнатару: "Друкаваньнем тае інструкцыі цікавіўся, зь нейкае асаблівае прычыны, прафэсар Шымкевіч"...

Між тым ужо 23 сьнежня Завіша быў змушаны выслухаць супярэчныя яго словам меркаваньні. Дэлегат ад Ашмянскага павету Пашкоўскі ў сваёй прамове імкнуўся давесьці сходу памылковасьць погляду упіцкага маршалка на сялянскую рэформу. Ён асабліва пратэставаў супраць 4-га пункту інструкцыі вількамірскае шляхты, які гучаў наступным чынам:

"Чалавекалюбны Манарх наш меў ласку зазначыць, што годная і вельмі шматлікая частка людзей, якія ад веку ў няволі быўшы, працаю рук сваіх і крывёю давалі, даюць і даваць будуць дабрабыт і трывалае існаваньне ўсяму народу, заслугоўвае лепшае долі. У найслаўнейшую эпоху цараваньня свайго Вялікі Гасудар займеў ад мільёнаў людзей блаславеньне, паўсюдна праз вусны перадаванае і векапомнае для нашчадкаў, за падараваньне волі сялянам Эстонскае, Курляндзкае ды іншых губэрняў. Няхай жа і нашая Літоўская губэрня спазнае Найвышэйшую ласку, а мы самыя, розьнячыся зь сялянамі побытам, складзем зь імі адно непадзельнае цэлае ў вернасьці і адданасьці Пасаду..."

На думку Пашкоўскага, гэты пункт выяўляе пажаданьні адно невялікае групы, але ніяк не ўсяе шляхты, якая б не магла падпісацца пад такімі неасьцярожнымі словамі.

"Адкінем ад сябе рэшткі тае прымхлівасьці,-казаў Пашкоўскі,- якая не дазваляе ў чалавеку-земляробе бачыць брата, але і зьвернем увагу на сродкі і час, празь якія мы мусім зацьвердзіць адзінагалосна пачутую намі справу. Ці можа хтосьці з нас пераступіць межы даручэньня, схіліўшыся да падпісаньня пастановы, не адпаведнае ні паводле часу, ні паводле мейсца, ды й бязь ведама грамадзянаў? Уважаючы на розныя няшчасьці, што могуць выйсьці ад гвалтоўных дзеяньняў, якія пад выглядам вольнасьці, роўнасьці, філянтропіі, вальнадумства, духу часу ці ня ўсю Эўропу залілі крывёю, - ня раю сьпяшацца."

Калі Пашкоўскі скончыў сваю прамову, дэлегаты і маршалкі запрапанавалі яму выкласьці ўсё, ім сказанае, на паперы і прадставіць сходу. Як відаць з пратаколу, Пашкоўскі выканаў гэта 23 сьнежня.

29 і 30 сьнежня Пашкоўскі ізноў выступаў перад сходам дэпутатаў і, спасылаючыся на тое, што інструкцыі ад трох паветаў не даюць права ўсім дэлегатам удзельнічаць у абмеркаваньні справы сялянскае рэформы, скончыў сваю прамову наступнымі словамі:

"Як супольнік вялікага грамадзтва Расейскае Імпэрыі, улучна з тым краем, дзе я жыву і зьбядненьне каторага прадбачу, не жадаючы прымаць удзел у трактаваньні гэтак неадпаведнага прадмету, аб'яўляю, што да часу аб'яўленьня волі Манарха ўсялякі крок лічу небясьпечным і для краю шкодным...".

Падчас прамовы Пашкоўскага адбыўся інцыдэнт, які меў важкія наступствы для ўсёй задуманай справы.

Калі ўжо ён заканчваў свой выступ, за ягонаю сьпінаю, сярод публікі заўважны стаў вялікі pyx і пачулася гучнае пытаньне віленскага маршалка, масона Мікалая Абрамовіча: "Што ты робіш?", зьвернутае, як аказалася пасьля, да дэлегата Белазора, таксама масона.

У адказ на гэта апошні пасьпешліва штурхнуў у натоўп іншае публікі нераспазнаных асобаў і паказаў усім на паперку з выяваю шыбеніцы. Паводле словаў Белазора, яна была кімсьці прышпіленая да сьпіны Пашкевіча.

У зале зрабілася замяшаньне і гармідар. Староньняя публіка шумела і сьвістала, дэлегаты не саступалі ў гэтым публіцы, і сход прыйшлося закрыць.

Віленскі паліцмайстар распарадзіўся выдаліць публіку з залы, запячатаў дзьверы і пра ўсё ў той самы дзень рапартаваў генэрал-губэрнатару.

З нагоды беспарадкаў у сходзе паўстала вялікае ліставаньне. Гасудар даручыў Рымскаму-Корсакаву заняцца падрабязным і дыхтоўным росшукам гэтае справы і высьветліць як прычыну гэтых падзеяў, так і вінаватых у іх.

Росшук выявіў, што віленскі віцэ-губэрнатар граф Плятар-Зібэрг задоўга перад зьездам дэлегатаў з уласнае ініцыятывы даводзіў шляхце Ковенскае і Віленскае губэрняў, праз павятовых маршалкаў, думку пра неабходнасьць сялянскае рэформы ў краі.

Справа пра тое, хто прышпіліў малюнак шыбеніцы да сурдута Пашкоўскага, засталася нявысьветленаю. Масоны Абрамовіч і Белазор сыдвярджалі, што заўважылі малюнак, калі ён ужо быў прышпілены; нікога з асобаў вакол Пашкоўскага яны ня ведалі. Між тым аказалася, што ў непасрэднай блізкасьці да Пашкоўскага знаходзіліся прафэсар Шымкевіч і два маладыя чалавекі - браты Гарайны. Праверыць гэта і дапытаць Гарайнаў сталася немагчымым: масон Гедройц, віленскі павятовы маршалак, у той самы дзень адправіў братоў таемным чынам у Царства Польскае.

Граф Плятар-Зібэрг у сваім лісьце да імпэратара пісаў:

"Я загадаў учыніць сакрэтны вышук чалавека, які прышпіліў малюнак шыбеніцы, і зрабіў вымову масонам і "шубраўцам" за тое, што яны вяжуцца не ў свае справы, запэўніўшы іх, што не пацярплю, каб яны займаліся неналежнаю дзейнасьцю, і што гэткая дзейнасьць для іх будзе мець благія наступствы".

28 лютага 1818 г. генэрал-губэрнатар у сваім рапарце цару выклаў усе падрабязнасьці мінулага інцыдэнту на выбарах шляхты, а 17 красавіка таго ж году імпэратар Аляксандар I даручыў Рымскаму-Корсакаву ўчыніць суровую вымову губэрнатару Друцкаму-Любецкаму, віцэ-губэрнатару Плятару-Зібэргу і былому губэрскаму маршалку Ропу.

Аднак жа думка пра вызваленьне сялянаў, закінутая ў грамадзтва масонамі, не змарнела, і на сходзе шляхты было адзінагалосна вырашана скіраваць справу сялянскае рэформы на больш верны і трывалы шлях, усклаўшы да імпэратарскага пасаду найпакорнейшую просьбу аб найвышэйшым дазволе дзеля заснаваньня ў Вільні камітэту з мэтаю складаньня праекту паляпшэньня сялянскага стану пад старшынствам губэрскага маршалка. Ва ўзгаданым вышэй рэскрыпце на імя Рымскага-Корсакава імпэратар наступнымі словамі адазваўся на хадайніцтва літоўскае шляхты: "...прымаючы з прыхільнасьцю такі ўхвальны намер, дару чаю вам, па належным дазнаньні думак шляхты ў справе заснаваньня падобнае камісіі, зрабіць мне аб гэтым допіс".

Апытаньне шляхты было ўчыненае, за ўтварэньне камісіі аказалася 1469 галасоў, супраць - 71.

Падрыхтоўка да пачатку рэформы доўжылася да 1819 г., калі Рымскі-Корсакаў даслаў імпэратару вынікі апытаньня, і на гэтым справа прыпынілася. Прычына была тая, што ў асяродзьдзі саміх масонаў усчаліся спрэчкі і нязгода, а ў хуткім часе, дакладней, 1 жніўня 1822 г. найвышэйшым указам усе масонскія лёжы і сходы зачыняліся незваротна і пакладзены быў канец распачатаму праекту "вольных муляраў".

IІІ. Шымкевіч і ягоная рэформа масонства

Першая чвэрць XIX ст. сталася часам найбольшага росквіту масонства як у самой Расеі, гэтак і ў былой Польшчы. Адна за другою паўстаюць у Заходнім краі масонскія лёжы пад рознымі найменьнямі і далучаюць да масонскае "работы" ўсё большую колькасьць пасьлядоўнікаў. Разам з гэтым (40KB) Пячаткі. масоны, увогуле не староньнія для палітыкі, пачынаюць ухіляцца ад першапачатных задачаў, спакваля ператвараючыся ў цалкам палітычныя згуртаваньні. Ня маючы магчымасьці адкрыта выказваць свае палітычныя погляды, польскія і літоўскія масоны ахінаюць "работу" ў сваіх лёжах покрывам суровае таямніцы, утвараючы розныя таемныя суполкі, якія ставілі мэту вяртаньня страчанае свабоды і аднаўленьня зьніклае дзяржавы.

Але ж, нягледзячы на істотную розьніцу ў апошніх мэтах расейскіх і польскіх патаемных суполак, справа збліжэньня дзьвюх народнасьцяў на падмурку агульнае працы дзеля ўзаемнага ўдасканаленьня і мірнага прагрэсу заўважна рухаецца наперад: рэлігія і нацыянальнасьць злучаюцца ў лёжах, завязваюцца зносіны, плянуюцца зьезды, нібыта прадказваючы мажлівасьць узаемнае згоды і ўзаемных саступак дзеля будучага посьпеху. У 1819 г. у Вільні адкрываецца лёжа "Славянскі Арол", дзе ганаровыя і шараговыя сябры - палякі і расейскія ўрадоўцы - распачынаюць работы паводле рытуалаў Вялікага Польскага Ўсходу.

У запачаткаванай лёжы пануе поўнае сумоўе між дзьвюма народнасьцямі, браты запрашаюць сяброў іншых лёжаў на ўрачыстыя імпрэзы ў "сталовых лёжах", дзе ў лагодных размовах, пад гукі патрыятычных маршаў намагаюцца паяднаць разам тое, што за доўгія гады нацыянальнае звады было падзеленае на часткі...

Аднак яшчэ ў 1818 г. спакойнае жыцьцё віленскіх лёжаў раптоўна парушаецца, пры гэтым нязгоду і варажнечу ў справах "Літоўскае правінцыі" ўчыняе асоба, што выйшла зь нетраў самога масонства, і ў глыбіні душы, бадай, песьціла вялікія задачы і мэты, зьдзяйсьненьне каторых не прыйшлося ні да мейсца, ні да часу. Асоба гэтая заклала пачатак новага руху ў масонстве, імкнучыся, з аднаго боку, захаваць трывалую су вязь з артадаксальным масонствам, а з другога - шляхам адмысловых рэформаў наблізіць масонства да шырокае грамадзкасьці. Гаворка ідзе пра Якуба Шымкевіча, маладога прафэсара Віленскага ўнівэрсытэту, сябра лёжы "Руплівы Ліцьвін", зь ягоным праектам "рэфармаванага масонства".

Асоба Шымкевіча заслугоўвае асаблівае ўвагі. 44-гадовы доктар філязофіі і мэдыцыны, масон у ступені "выбранага рыцара", сталы прыхільнік Бахуса і разам аўтар цікавае працы "пра шкоднасьць п'янства", нястомны змагар з гарэлкаю ды яе спажыўцамі на старонках органа "шубраўцаў" - "Вулічных вестак", ён, бадай, зьмяшчаў у сабе самыя супрацьлеглыя якасьці і зь юначаю палкасьцю аддаваўся ўзаемавыключным ідэям.

Выступ ягоны ў ролі рэфарматара масонства ў сутнасьці быў неразважна сьмелым крокам, а прапанова рэформы, як гэта будзе відаць з далейшага, атрымала жыцьцё ў выглядзе нетрывалае арганізацыі.

16 сакавіка 1818 г. у Вільні адбывалася шараговае паседжаньне масонскае лёжы "Руплівы Ліцьвін". Работы на ім вяліся паводпе рытуалу I ступені, але згодна з завядзёнкаю, апрача братоў першае ступені, у лёжы былі прысутныя і браты "майстры", і сябры іншых літоўскіх лёжаў.

Спакойная хада работ не перарывалася нічым ажно да таго моманту, калі на пытаньне майстра крэсла: "Ці ня мае хто-небудзь на мэце выказаць штосьці новае дзеля паляпшэньня масонскага закону?"- прафэсар Шымкевіч адазваўся і зьвярнуўся да прысутных з прапановаю карэннае рэформы масонскага статуту, выклаўшы наступныя меркаваньні з гэтае нагоды:

"У літоўскай правінцыі існуе больш за дзесятак масонскіх лёжаў зь лікам сяброў, роўным сямісот, зь якіх трыста пяцьдзесят занятыя ў лёжах у ступені майстроў. За ўвесь час бытаваньня масонскіх лёжаў на Літве ахвяраваньні братоў склалі буйную суму, як найменей 50 тысячаў рублёў. Куды падзеліся гэтыя грошы, мне невядома, а між тым гэткая паважная сума магла б стацца вельмі карыснаю для ўздыму сельскае гаспадаркі і земляробства".

Закрануўшы грашовае пытаньне, Шымкевіч перайшоў да справаў прынцыповае значнасьці: "Дзе тыя слаўныя працы масонства, дзе плён работы ў лёжах? Масонства, заснаванае на цяперашнім падмурку, - арганізацыя мёртвая, цапкам дарэмная для чалавецтва...".

Выявіўшы яркімі фарбамі бязмэтнасьць сучаснага яму масонства, Шымкевіч зьвярнуўся да гісторыі і праз майстэрскі выклад гістарычных фактаў намагаўся давесьці, што масонства самое стварыла сабе варункі, немагчымыя для далейшага існаваньня.

Нa думку Шымкевіча, масонству няспынна шкодзяць два важкія фактары: недавер у раду ды нянавісьць з боку прымхлівых людзей і ня вельмі ўважлівае стаўленьне асьвечаных людзей да гэткай значнай па сваім сэнсе арганізацыі, як масонскі ордэн.

Людзі перасьцярожаныя наўрад ці спасьцігнуць сутнасьць масонства, але "філёзафы" маглі б зрабіць вялікую паслугу, бо да іхных словаў ставяцца з павагаю...

Калі б, паводпе Шымкевіча, масонства і пажадала, маючы шчырую веру ў сваю слушнасьць, узьняцца на належны ўзровень, і тады б яно не змагло адолець вялікія перашкоды,, каторыя становяць: рытуал, ступені, прысяга, а галоўнае.- масонская таямніца.

Каб назаўжды паканаць шматвяковыя прыкрасьці, меркавалася зьмяніць масонскі статут паводпе наступных падставаў:

Масонскі ордэн, агульны для ўсіх, распадаецца на паасобныя суполкі, узаемна незалежныя, без найменшых абавязкаў грашовых унёскаў і збораў.

Кожная суполка, маючы будову асобнага гуртка, бярэ сабе найменьне "рэфармаванага масонскага таварыства" за пэўным нумарам.

Мэта кожнае суполкі: мудрасьць і цнота, г. зн. удзел у справах дабрачыннасьці і асьветы.

Кожная лёжа абірае сабе пэўную спэцыяльнасьць, у межах якой і адбываюцца "работы".

Удзельнікі суполкі называюцца "сябрамі".

На работах лёжы могуць прысутнічаць і сябры іншых лёжаў, нават і нерэфармаваных, але адно ў якасьці гасьцей.

Кожная лёжа - суполка адбывае свае заняткі пад наглядам тае ўлады, што адказвае за народную асьвету ў краі. Лёжа можа зьмяняць свой статут і друкаваць яго; работы вядуцца галосна і падсправаздачна.

Гэткія былі, у агульных рысах, пачаткі, на якіх Шымкевіч браўся перабудаваць увесь гмах масонства.

Удзельнікі паседжаньня 16 сакавіка сустрэлі прамову Шымкевіча і ягоны праект надзвычай непрыхільна. Майстар крэсла, прафэсар Унівэрсытэту Мікалай Мяноўскі, у душы падзяляючы думкі рэфарматара, даў прысутным права выказацца ў справе новага праекту. Скарыстаўшы з гэтага, прысутны ў лёжы майстар крэсла гарадзенскае лёжы "Сябар Людзкасьці" Міхаіл Андрайковіч (гарадзенскі губэрнатар) акрэсьліў у невялікай прамове прапанову Шымкевіча як нічога ня вартую і адцягненую тэорыю і прасіў пакінуць у спакоі "старое масонства", калі ўжо маецца такая ўпартая прага стварыць нейкую новую арганізацыю. Пасьля пачуліся галасы, якія дакаралі Шымкевіча за яўнае парушэньне звычаяў: ён чытаў сваю прапанову на паседжаньні лёжы і ступені, хаця паводле статуту мусіў рабіць гэта на паседжаньні лёжы III ступені. Агульны гоман падняўся, калі рэфарматары сталі патрабаваць паставіць пытаньне рэформы на галасаваньне.

Нарэшце майстар крэсла Мяноўскі, стомлены працягласьцю паседжаньня, аддаў малаток свайму намесьніку, пралату Міхаілу Длускаму і пакінуў лёжу, забраўшы з сабою рукапісны праект рэформы, пакладзены, паводле звычаю, аўтарам яго на "аўтар" лёжы.

Пазасталыя браты ўзялі ўдзел у распачатых спрэчках. Пасьля доўгіх дэбатаў намесьнік прапанаваў адказаць на праект Шымкевіча поўным маўчаньнем і ня ўпісваць ягоныя словы ў пратакол паседжаньня. Сябры лёжы пагадзіліся, і сход разышоўся.

Між тым сябры лёжы "Руплівы Ліцьвін", не прысутныя на паседжаньні 16 сакавіка, надзвычайна зацікавіліся інцыдэнтам і, засноўваючы ўсе свае зьвесткі адно на чутках, намагаліся займець праект рэформы. Шымкевіч адразу ж задаволіў іхную цікаўнасьць: праект быў выдрукаваны і хутка распаўсюджаны сярод братоў.

"Масонства можа існаваць і без таямніцы", - гаварыў Шымкевіч у выдадзенай ім кніжцы. Таямніца, на думку аўтара, зусім не патрэбная для дасягненьня цноты j асьветы, апрача таго, яна і сама па сабе дорага каштуе масонству, ствараючы вакол ордэну дрэнны і падазроны арэол.

Аргуманты Шымкевіча спадабаліся шмат каму з уважлівых чытачоў ягонае кніжкі. Зьмест яе зрабіўся предметам спрэчак і жывога абмену думкамі, а вакол аўтара згуртавалася цеснае кола да канца перакананых прыхільнікаў рэформы. Гэтая акалічнасьць моцна занепакоіла масонаў. Пасіўнае стаўленьне да ўзьніклага руху ўжо відавочна не давала ніякага выніку: рух ня мог памерці ў першыя ж дні свайго нараджэньня.

Зь ініцыятывы апанэнтаў Шымкевіча на паседжаньні 16 сакавіка, усе віленскія лёжы зьбіраюцца на "раду", якая пастанаўляе: безразважны праект Шымкевіча не павінен чытацца ці то трактавацца ў ніводнай з літоўскіх лёжаў. Аўтар праекту і ягоныя аднадумцы выкрэсьліваюцца са сьпісаў масонскіх лёжаў. Наперад забараняецца выступаць у лёжах з праектамі рэформаў або чагосьці падобнага да таго, што пацягнула за сабою такія прыкрыя наступствы.

Пастанова "рады" была прачытаная братамі лёжы "Руплівы Ліцьвін" на паседжаньні 23 сакавіка 1818 г., разам з допісам Андрайковіча, скіраваным на канчатковае падаўленьне "вар'яцкага" руху. Гэтымі захадамі рада віленскіх лёжаў плянавала абмежавацца, ня ведаючы наперад хады далейшых падзеяў.

Пасьля чытаньня допісу Андрайковіча майстар крэсла лёжы Мікалай Мяноўскі ізноў перадаў свой малаток Міхаілу Длускаму і, падышоўшы да аднае са сьвятых калёнаў лёжы, аб'явіў уражаным братам, што і ён сам - перакананы прыхільнік рэформы, лічыць яе непазьбежнаю і цалкам неабходнаю.

Ізноў загучалі галасы з патрабаваньнем, насуперак пастанове рады, высунуць праект рэформы на галасаваньне. Намесьнік майстра Длускі сустрэў гэтыя патрабаваньні маўчаньнем.

Між тым да Мяноўскага далучыліся іншыя ўрадоўцы лёжы, менавіта, прамоўца і наглядчык лёжы. Пры агульным замяшаньні паседжаньне таго дня было скончанае. Праект Шымкевіча меў вялікі посьпех сярод грамадзкасьці, і неўзабаве ў ягонай партыі ўжо лічыліся наступныя асобы:

Мікалай Мяноўскі - надворны саветнік, прафэсар унівэрсытэту - 41 год, у IV ступені.

Якуб Шымкевіч - доктар філязофіі і права, прафэсар унівэрсытэту - 44 гады, у IV ступені.

Антон Марціноўскі - рэдактар "Віленскага кур'ера"- 37 гадоў, у III ступені.

Міхаіл Дмахоўскі - урадовец адукацыйнае камісіі - 43 гады, у III ступені.

Язэп Сандэрс - прафэсар пекных мастацтваў - у III ступені.

Леў Бароўскі - ад'юнкт унівэрсытэту - 36 гадоў, у III ступені.

Язэп Пусье - губэрскі архітэктар - 43 гады, у III ступені.

Робэрт Клячкоўскі - віцэ-маршалак Троцкага павету - 39 гадоў, у III ступені.

Станіслаў Радзевіч - касір ва ўнівэрсытэце - 31 год, у III ступені.

Фэлікс Сясіцкі - судзьдзя Вількамірскага павету - 24 гады, у III ступені.

Язэп Карчэўскі - адвакат Галоўнага Суду - 38 гадоў, у I ступені.

Рамуальд Падбіпента - маршалак Дзісенскага павету 47 гадоў, у I ступені.

Іван Шантыр - каморнік у Віленскім павеце - 36 гадоў, у I ступені.

Францішак Урублеўскі -доктар мэдыцыны - 27 гадоў, у I ступені.

Ян Вольфрынг; Казімер Контрым; Ігнат Юндзіл; Ян Рыхтэр.

Усе гэтыя асобы пакінулі лёжу "Руплівы Ліцьвін", зазначыўшы пры гэтым, што дамагаюцца рэформы не дзеля ліквідацыі масонскага ордэну, але адно дзеля стварэньня масонам неабходных варункаў існаваньня, патрэба ў каторых насьпела даўно.

На кватэры масона Льва Бароўскага яны стварылі адмысловы канвэнт, абраўшы Мікалая Мяноўскага старшынём, Міхаіла Дмахоўскага - першым, а Яна Рыхтэра - другім наглядчыкам. Кіруючыся адным з галоўных правілаў масонскага статуту, згодна зь якім "тры майстры складаюць лёжу справядпівую, а сем - лёжу справядпівую і дасканалую", рэфарматары перайменавалі канвэнт у лёжу, якая атрымала назву "Франкмасонскае таварыства Руплівы Ліцьвін на Ўсходзе Вільні".

Такім чынам справа рэформы стала заходзіць занадта далёка. "Правінцыйная Літоўская лёжа" была сур'ёзна занепакоеная. Яна вырашыла паведаміць "Вялікі Польскі Ўсход" наконт рашэньня адступнікаў. "Ворагі нашыя цешацца з усяго гэтага і сьмяюцца над заняпадам масонства",- пісала правінцыйная лёжа, але і гэта не пераканала рэфарматараў - яны ўпарта трымаліся сваёй думкі.

"Вялікі Ўсход", у сваю чаргу, вымавіў важкае слова вартаўніка масонскіх законаў. 26 мая 1818 г. ён выказаў глыбокі жаль з тае нагоды, што ў эпоху агульнага росквіту масонства некаторыя з братоў нішчаць усю справу недарэчнымі рэформамі, парушаючы еднасьць і падзяляючы на часткі праўдзівае масонства.

"Вялікі Ўсход" пагадзіўся з тым, што выключэньне адступнікаў са сьпісаў лёжы ёсьць караю цапкам заслужанаю, але пастанавіў прыняць да ўвагі былыя заслугі ды высокія ступені адлучаных і прыкласьці ўсе намаганьні, каб аднавіць ранейшую згоду і пераканаць рэфарматараў назаўжды адмовіцца ад згубных ідэяў. Калі ж гэта ня ўдасца - давесьці да іхняга ведама, што:

  1. Вялікі Ўсход выключыць іх з складу масонскага ордэну.
  2. Пазбавіць іх права ўжываць тытулы, адзнакі і сымбалі масонаў.
  3. Загадае лёжам не прымаць іх і ня мець зь імі зносінаў.
  4. Заведаміць урад пра існаваньне нейкага "новага масонства", не прызнанага Вялікім Усходам.

Аднак рэфарматары, нягледзячы на пагрозы, не падпісалі адрачэньня. Правінцыйная лёжа зрабіла яшчэ адну спробу замірэньня: на імя Мікалая Мяноўскага быў дасланы ліст наступнага зьместу:

"Мы, урадоўцы Літоўскае правінцыйнае лёжы, паведамляем Вам, вельмішаноўны браце, як майстру, ганараванаму асаблівым даверам братоў, адлеглых ад нас, наступныя развагі. Яны становяць плён глыбокага роздуму ў майстэрні Вялікага Ўсходу і маюць вярнуць спакой і згоду паміж братамі, да чаго адзіна Вышэйшы Ўрад імкнецца.

Вялікая майстэрня вольных муляраў Народнага Ўсходу ня ў стане хаваць болей глыбокае скрухі, якая агортвае яе ад сразіраньня таго, як у часе, калі на ўсім абшары вялікага Польскага краю асьвечаныя людзі, яднаючы думкі свае, памнажаюць валадарства сьціплага і дабрачыннага ордэну нашага і паўсюдна засноўваюць яму новыя сьвятыні, калі Літва, Валынь і Падольле зь нязьменным імпэтам і растучай дбайнасьцю займаюцца масонскімі работамі пад апекаю Вялікага Польскага Ўсходу, калі Вышэйшы Ордэнскі Ўрад, не спыняючы свайго клопату пра дабро ордэну, распачынае ўжо выкананьне даўно падрыхтаванае працы - выданьне поўнага статуту для врльных муляраў палякаў, у гэты час некалькі братоў, залішне палкіх, аддзяляюцца няслушным чынам ад сваіх братоў і ўчыняюць шкоду ордэну.

Дайце веры, што ў імклівую эпоху зьменлівых прыгодаў, у якой мы жывем, дабрабыт і шчасьце роду людзкога ня можна ўгарантаваць больш трывала, як на падмурку J нацыянальным. I гэтае першае правіла становіць, з аднаго боку, натуральную перашкоду гвалту і несправядлівасьці, а з другога - моцны і сьвяшчэнны стрыжань для разьвіцьця ўсіх тых цнотаў, якія ёсьць варункамі ўдасканаяеньня людзкога існаваньня і падставаю еднасьці.

А дзеля гэтага мы, вольныя муляры палякі, мусім злучаць, паядноўваць і засяроджваць нашыя думкі і жаданьні, а не зьнясільваць ужо пабудаваны хаўрус".

Нешчасьлівая місія "Правінцыйнае лёжы" ўзбудзіла ўсё масонскае грамадзтва супраць рэфарматараў, аднак жа апошніх гэта, відаць па ўсім, мала турбавала. Ва унівэрсытэцкім доме, на кватэры Льва Бароўскага, яны адкрылі свае "нова-масонскія" работы. Яны давялі гэта да ведама міністра народнае асьветы і займелі дазвол гаспадара дома, як вынікае з "дойлідзкае кнігі", зьмешчанае ў Віленскай Публічнай бібліятэцы.

Кніга распавядае, што работы пачаліся 26 дня 1-га месяца (сакавіка) 5818 (1818) г., пры гэтым першае паседжаньне было названае "канвэнтуальнаю работаю". За ёю пачаліся звычайныя работы.

Неўзабаве арганізатар рэформы склаў статут для новага масонства памерам у 18 артыкулаў, прыняты да ўжываньня 6 мая таго ж году.

Новая масонская плыня ўвайшла ў спакойнае рэчышча, і на працягу паўгода было выканана некалькі дзясяткаў работ. Аднак далейшага пашырэньня ідэя Шымкевіча не атрымала.

Калі рэфарматары лічылі сваё становішча канчаткова ўгрунтаваным, то Вялікі Польскі Ўсход не губляў-такі надзеі на пагадненьне варожых бакоў. У тым жа годзе ў Вільні аб'явіўся спэцыяльны дэлегат Усходу граф Плятар. Місія ягоная мелася быць, між іншым, у тым, каб навярнуць братоў-адступнікаў у старое рэчышча і паралізаваць далейшае пашырэньне рэфармацыйнага руху. Аднак жа, спазнаўшы на месцы сапраўднае становішча, Плятар пераканаўся ў тым, што турбавацца, бадай, не было пра што. Братоў-адступнікаў пераконваць ня мела сэнсу, а далейшага распаўсюджаньня ідэі, што натхняла Шымкевіча, не заўважалася. Дасьведчаны дэлегат зразумеў, што рэфармацыі наканавана маруднае кананьне, і пакінуў яе ў спакоі.

Да таго ж пад канец 1818 г. памёр і натхняльнік рэфармацыі Якуб Шымкевіч, а пазасталыя браты, бадай, не былі здольныя згуртавацца дзеля падтрымкі існаваньня рэфармацыйнае лёжы. Сьмерць Шымкевіча была ўшанаваная "жалобнаю працаю" ў Віленскай лёжы "Добры Пастыр" пры ўдзеле ўсіх віленскіх масонаў. Талеранцыя братоў змушала да гэтага, і, згодна з гэтаю талеранцыяй, масоны маўкліва прызналі, што Шымкевіч "перайшоў у абшары вечнага сьвятла".

Работы рэфармацыйнае лёжы працягваліся яшчэ нейкі час і пасьля сьмерці Шымкевіча, але ранейшая еднасьць меншылася з кожным днём.

Далейшыя падзеі ў гісторыі польска-літоўскага масонства значна зьменшылі цікавасьць да спробаў рэформы, і новыя варожыя партыі, разьяднаўшы лёжы, заглушылі сэнсацыю, учыненую Шымкевічам.

1819-1820 гг. былі адзначаныя шэрагам навацыяў у польскім масонстве. Сутнасьць гэтых навацыяў станавіла ўвядзеньне на Вялікім Польскім Усходзе сэптэмвірату, разам з заснаваньнем каторага дарэшты страчваліся многія правы і прывілеі дэпутатаў ад правінцыйных і сымбалічных лёжаў. Новая ўстанова надавала масонскай арганізацыі алігархічныя кшталты, замест ранейшых дэмакратычных, адбірала ў правінцыйных і сымбалічных лёжаў мажлівасьць самаўраду і зводзіла іх да стану поўнага падданства і залежнасьці.

У гэтым часе расейскае масонства, адкінуўшы абмежаваньні швэдзкае сыстэмы, прыняло ангельскую ў выглядзе статуту Вялікае лёжы Астрэі і праз гэта выйшла па-за абсягі заходняга масонства. Апошняе ж, нібыта аднаўляючы ў Польшчы тое, што страціла ў Расеі, пад выглядам абнаўленьня сапраўды састарэлае польскае масонскае канстытуцыі навязала палякам ужо адкінутае расейцамі.

Ня ўсе лёжы са складу Вялікага Польскага Ўсходу аднолькава паставіліся да новае рэформы. Розьніца ў поглядах на новую канстытуцыю бачная з масонскага ліставаньня таго часу: у лісьце да выхадняў-рэфарматараў правінцыйная віленская лёжа "Дасканалая Лучнасьць" узгадала рэформу як плён "працяглага і сталага роздуму", а вось прадстаўнік віленскіх лёжаў у Вялікім Усходзе Карл Гофман у лісьце ад 30 чэрвеня 1821 г. на імя віленскіх масонаў назваў канстытуцыю "ясным доказам, да якой ступені розум чалавечы можа трапляць у аблуду", і, апрача таго, прадказаў незьлічоныя беды з-за такога неасьцярожнага кроку Вялікага Усходу.

Нязгода ў поглядах неўзабаве выйшла на яву праз цэлы шэраг фактаў: Вялікі Ўсход страціў з 40 лёжаў 20, калі яны адступіліся і прыпынілі свае работы на няпэўны тэрмін.

Віленскія лёжы, у сьлед за меркаваньнем свайго прадстаўніка ў Вялікім Усходзе, раціуча адмовіліся ад канстытуцыі. Што да іншых лёжаў Літоўскае правінцыі, то іхняя рэакцыя на рэфармацыю вызначылася наступным чынам: "Сьвятыня Спакою", "Пераможаныя Прымхі", "Вузел Лучнасьці", "Уладзіслаў Ягайла", 'Тара Табар", "Сьвятыня Поўначы" палічылі канстытуцыю 1820 г. цалкам прымальнаю і далучыліся да Вялікага Ўсходу.

Толькі дзьве лёжы - "Палямон" і "Сябар Людзкасьці"- ухіліліся ад рашучага выбару, мяркуючы, відаць, працягваць працу паводле "старога капылу" да таго часу, пакуль "вышэйшыя" ня дойдуць да пэўнае згоды. Чуткі ж пра мажлівасьць гэткае згоды мелі трывалае хаджэньне. Адзінству польскага масонства пагражаў раскол.

Ужо выглядала на тое, што меліся ўтварыцца два Вялікія Ўсходы і дзьве масонскія плыні рознага кшталту. Каб запабегчы такім вартым жалю наступствам, антыканстытуцыйныя лёжы супольна з камісіяю, якая выпрацоўвала і новы статут, падпісалі артыкулы кампрамісу паміж варожымі бакамі. Гэты новы статут мусіў, на думку кіраўнікоў абедзьвюх партыяў, стаць сродкам дасягненьня згоды і вярнуць масонству былыя часы ягонага росквіту. Аднак жа тыя сьветлыя часы ўжо не вярнуліся, бо неўзабаве выдадзены быў указ пра поўнае закрыцьцё масонскіх лёжаў у Расіі.

IV. Справа масона Міцканеўскага

1820 г. са складу віленскае лёжы "Руплівы Ліцьвін" быў выключены яе сябар Станіслаў Міцканеўскі, шляхціч і масон у ступені майстра.

3 лёжы ён выйшаў паводпе ўласнага жаданьня, матывуючы гэта ад'ездам зь Вільні. Лёжа выдала належную для такога выпадку грамату, і Міцканеўскі разарваў свае стасункі зь віленскімі масонамі.

Блізу гэтага часу паўстала справа аб грашовых крадзяжах у віленскай "кватэрнай камісіі", за ўсебаковы досьлед каторай дзейна ўзяліся віленскі паліцмайстар Шлыкаў і пракурор Бацьвінка. Кватэрная камісія трапіла пад суд, і ейны сябар Міцканеўскі таксама.

Невядома, чым кіраваўся Міцканеўскі, калі ў 1821 г. запатрабаваў у лёжы "Руплівы Ліцьвін" вяртаньня сваіх грошай, унесеных у касу лёжы ў розным часе як сяброўскіх складак. Сваё патрабаваньне ён грунтаваў на тым, што памянёная лёжа вярнула ў 1818 г. грошы выключаным "рэфарматарам".

Уважаючы на тое, што намаганьні Міцканеўскага ішлі насуперак масонскім звычаям і практыцы, ён атрымаў катэгарычную адмову. Пры гэтым было зазначана, што вяртаньне грошай "рэфарматарам" ня можа служыць прэцэдэнтам: яны вылучыліся са складу лёжы "Руплівы Ліцьвін" як самастойная суполка.

Пераканаўшыся ў марнасьці сваіх высілкаў, Міцканеўскі вырашыў зьвярнуцца ў суд дзеля абароны сваіх правоў на грошы. Ён выклаў "пратэст" у другі дэпартамант віленскага Галоўнага суду. Разгледзеўшы скаргу, суд знайшоў яе неадпаведнаю да свае кампэтэнцыі і пераслаў у Губэрскую ўправу. Управа, у сваю чаргу, адмовілася ад разгляду гэтае справы і скіравала скаргу Міцканеўскага да генэралгубэрнатара.

Урадоўцы пералічаных установаў, належачы да лёжы "Руплівы Ліцьвін" або іншых віленскіх лёжаў, былі зьбянтэжаныя ўчынкам свайго былога супольніка і, відаць па ўсім, намагаліся ўхіліцца ад абавязкаў судзіць самых сябе.

Канцылярыя генэрал-губэрнатара патрапіла ў такі самы няёмкі стан, што і Галоўны суд з Губэрскаю ўправаю.

Дазнаўшыся, што справа ня ідзе далей перасыланьня з аднае ўстановы да другое, Міцканеўскі падаў на імя гасудара прашэньне наступнага зьместу:

"Залічыўся я быў да таварыства франкмасонаў ці то вольных муляраў і, прабыўшы там нейкі час, спазнаў, што сістэма ягоная не адпавядае ладу думак маіх. Атрымаўшы адтуль звальненьне, яшчэ 15 лютага 1820 г., пра што і фармальны водпіс маю, скіраваўся я з просьбаю ў лёжу (мейсца, дзе тыя ўяўныя муляры робяць зь цемры сьвятло), каб вярнуць назад мае грашовыя складкі. Ня маючы задавальненьня на шматлікія лісты мае, пісьмовыя і казаныя, злажыў я скаргу на франкмасонаў у другі дэпартамант віленскага Галоўнага суду, дзе не прынялі яе з тае нібыта прычыны, што ня ведаюць установы, на якую скарджуся. Гэткую рэзалюцыю наклаў сакратар Дабжанскі, каторы, напэўна ведаючы пра тое таварыства як ягоны сябар, згодна прысягі сваёй, павінен быў завядоміць урадоўцаў суду".

Далей Міцканеўскі прасіў, каб ягоная скарга была разгледжаная ў Губэрскай управе, з тою, аднак, умоваю, што саветнікі Лаўрыновіч і Навіцкі будуць выдаленыя як асобы, прыналежныя да масонскае лёжы і таму зацікаўленыя ў справе. Апрача таго, Міцканеўскі заўважаў, што разбор і прагляд дакумэнтаў з масонскіх архіваў можа выявіць надзвычай важныя таямніцы. Напрыканцы ён пісаў: "Дзеля захаваньня жыцьця майго, якое пад пагрозаю з-за таго, што ў гэтым таемным згуртаваньні кожны кіруецца прысягаю страшнае пометы для тых, хто насьмельваецца выкрыць іхныя зламысныя ўчынкі, найпакорна прашу ўзяць падпіскі з асобаў вышэйшае і ніжэйшае капітулы віленскае масанэрыі (каторых Міхаіл Ромэр, начальнік Літоўскіх лёжаў, пайменна пакажа) з тым, што ў выпадку пазбаўпеньня мяне жыцьця кожны за сябе і за іншых братоў сваіх адказваць будзе..."

З гэтаю просьбаю Міцканеўскі прыйшоў у памяшканьне Галоўнага суду 18 лістапада 1821 г. Дзьверы ўстановы былі замкнёныя, і ён папрасіў "вознага" паклікаць каго-небудзь з членаў суду. Возны пагрукаў у дзьверы.

На грукат дзьверы адчыніліся, і на ганку паказаўся "рэгент" суду Фэрдынанд Валодзька. Пасьля, паводле словаў Міцканеўскага, адбылося наступнае: Валодзька ўзяў прашэньне ў рукі, але не аднёс яго ва ўстанову, а пачаў чытаць са словамі: "Найперш прачытаю, можа стацца, і прымаць ня варта..."

"Няма вашага права, Пане рэгент, - прамовіў просьбіт, - справу вырашаць за дзьвярыма, бо на тое ёсьць суд, які прыме або верне з рэзалюцыяй".

Рэгент, аднак, працягваў чытаньне і, нарэшце, разабраўшы сэнс справы, кінуў прашэньне на падлогу і шуснуў за дзьверы; пасьля ж, высунуўшыся з-за іх, вымавіў Міцканеўскаму колькі непрыстойных словаў і замкнуў дзьверы. Так усё адбывалася паводле словаў Міцканеўскага, які, дарэчы, паказаў і сьведкаў: судовага вознага і двух староньніх людзей, зь ім незнаёмых.

Ад гэтага моманту справа Міцканеўскага надзвычай ускладнілася.

Рэгент Валодзька быў вымушаны даць падрабязнае тлумачэньне сваіх дзеяньняў, учыненых ва ўстанове Галоўнага суду. Паказаньні ягоныя сьведчылі наступнае: сапраўды, Міцканеўскі, прыйшоўшы ў суд, пагрукаў у дзьверы і пры зьяўленьні Валодзькі растлумачыў, што хоча падаць прашэньне.

"Ці па форме яно складзенае?" - запытаў рэгент. "Не належыць гэта да правоў і абавязкаў вашых",- адказаў на тое Міцканеўскі. Далейшае размовы, паводле Валодзькі, зусім не было; усё ж іншае, залічанае яму за правіну, - ёсьць суцэльнаю выдумкаю.

Сьведкі, на каторых паказаў Міцканеўскі, не маглі дадаць нічога істотнага.

Адразу ж пасьля інцыдэнту ў Галоўным судзе, які закончыўся вымоваю рэгенту Валодзьку, Міцканеўскі стаў атрымліваць лісты быццам бы ад віленскіх масонаў, дзе былі то пагрозы, то парады спыніць, пакуль ня позна, сваю цяжбу зь лёжаю. Урэшце, па горадзе хтосьці пусьціў чутку, што Міцканеўскі страціў розум.

Аднак спыніць далейшую хаду справы ўжо было немагчыма. Міцканеўскі, раззлаваны няўдачамі і кпінамі, пісаў скаргу за скаргаю, прашэньне за прашэньнем і дамогся таго, што ягонаю справаю зацікавіліся ўсе.

Загадам генэрал-губэрнатара Рымскага-Корсакава быў прызначаны судовы разбор і перагляд гэтае гісторыі. Віцэгубэрнатар Горн і пракурор Бацьвінка ўчынілі падрабязны допыт Міцканеўскаму, які, пацьвердзіўшы ўсё казанае раней, перакінуўся на разгляд сутнасьці масонства. Ён паказаў, між іншым, наступнае:

"Сыстэма франкмасонаў становіць небясьпеку для народаў і скіраваная супраць Бога. Высьвятляю: галоўная таямніца масонаў зьмяшчаецца ў тым, каб учыніць паміж усіх станаў людзей вольнасьць і роўнасьць ды вынішчыць дэспатызм ці то самадзяржаўны лад; значыць, яны хінуцца да рэвалюцыі, падобна, як у Францыі, Гішпаніі, Партугаліі, Нэапалі ды Турыне, што ўвачавідкі загражае ўзрушэньнем народаў. Што ўчынкі масонаў насуперак самога Бога робяцца - тое сьцвярджаю, бо яны намерваюцца веру хрысьціянскую дазваньня зьнішчыць, а ўвесьці агульную, так бы мовіць, антыхрысьціянскую, адкінуўшы ўсе існыя абрады Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, не прызнаючы Яго за Бога, але нейкага Вялікага Дойліда сьвету, інакш называнага Бога гэбрайскага "Яговах". Масоны чыняць мне ўсялякі перасьлед ды пагражаюць словамі з прынесенае прысягі: "хто б здрадзіў ці то аб'явіў сакрэт, таму будзе горла падцятае, вочы вырваныя, сэрца працятае, вантробы вынятыя ды ў попел спаленыя, а той попел у марскую бездань укінуты ды на чатырох вятрах разьвеяны, каб аніякага сьледу не засталося ў людзкой памяці".

Не абмежаваўшыся адказамі на пытаньні віцэ-губэрнатара і пракурора, Міцканеўскі прасіў ды скардзіўся паўсюль, дзе толькі мог спадзявацца на ўвагу да сваіх словаў.

Ужо вышэйзгаданы допіс ягоны быў фармальным даносам на масонаў. Матэрыяльныя меркаваньні Міцканеўскі, відаць, адкінуў убок. Напаўмітычны інстытут, пра які ўсе добра ведалі, аднак сутнасьці каторага не разумелі, стаўся дзякуючы Міцканеўскаму прадметам пільнага досьледу. Ён паставіў сабе на мэце праз уласнаручна зробленыя праломы зрабіць відавочным зьмесьціва масонскае будыніны.

Недарэчнасьці шырыліся ды множыліся бязь меры, агульны выгляд справы набываў двухсэнсоўныя кшталты. Генэрал-губэрнатар Рымскі-Корсакаў, саступаючы ціску імклівых падзеяў ды надзвычайных вызнаньняў Міцканеўскага, паслаў 8 лютага 1822 г. міністру ўнутраных справаў падрабязны допіс аб усёй справе, пазначыўшы ў ім, што паказаньні скаргадаўцы зьмяшчаюць "моцныя выразы, а ўчынкі масонскіх лёжаў тьічацца самога Гасудара..." Качубей, тагачасны міністар, далажыў пра ўсё імпэратару, і 24 лютага 1822 г. у абавязак генэрал-губэрнатара прызначалася наступнае:

  1. Даручыць віцэ-губэрнатару Горну, з дапамогаю надзейнага чыноўніка, адабраць усе паперы масонскае лёжы, на каторую паказаў зысковец.
  2. Каб тыя паперы былі пасьля разабраныя віцэ-губэрнатарам Горнам разам з тым самым чыноўнікам.
  3. Каб па гэтым разборы тыя з папераў, што з сваёй важнасыці ці з якіх іншых прычынаў належыць прыняць да ўвагі, былі дастаўленыя самому імпэратару, у запячатаным выглядзе і з асаблівым кароткім рэестрам іхняга зьместу.

Неўзабаве выйшпа на яву старая гісторыя зь віленскаю кватэрнаю камісіяю, сябрам каторай быў Міцканеўскі, неймаверным чынам злучылася з масонскаю справаю, і гэтая непамысная камбінацыя сталася крыніцаю новых недарэчнасьцяў.

Сам Міцканеўскі нагэтулькі пераблытаў у сваёй справе з масонскаю лёжаю ідэйны бок і захады матэрыяльнага кірунку, што давер да яго трохі пахіснуўся.

Справа кватэрнае камісіі скончыпася пазбаўленьнем пасады ейных сяброў, улучна з Міцканеўскім. Узрушаны няўдачамі, ён ужо бачыў у масонах ледзь не адзіных вінаватых у сваіх злыбедах. 15 сакавіка ён ізноў падаў прашэньне генэрал-губэрнатару, скардзячыся на ўсялякія крыўды з боку масонаў і прасіў аб аднаўленьні гонару ягонага, як польскага афіцэра. Па-за гэтым ён марна дамагаўся асабістае аўдыенцыі з Рымскім-Корсакавым, аднак жа, відаць, яго і сапраўды не дапускалі ў кабінэт для перамоваў наконт ягонае справы. 3 гэтае прычыны ён яшчэ скардзіўся генэрал-губэрнатару і пісаў: "Прашу дазволіць мне наведваць кабінэт час ад часу дзеля асаблівых маіх тлумачэньняў, не рабіць загаду трымаць мяне ў пачакальні, дзе, колькі ўжо разоў стоячы, зусім ня быў дапушчаны да высокае асобы Вашае Мосьці ды адыходзіў ні з чым...". Клапоцячыся пра як найхутчэйшае разьвязваньне сваёй справы з масонамі, ён паказваў на кіраўніка генэрал-губэрнатарскае канцылярыі Зяленскага як на яўнага масона, які наўмысна шкодзіў вырашэньню справы.

Тым часам паводле загаду генэрал-губэрнатара былі сканфіскаваныя архівы віленскіх лёжаў і віцэ-губэрнатар распачаў разбор гурбы папераў і дакумэнтаў. Міцканеўскі вельмі ўважліва сачыў за гэтаю працаю, аднак лічыў яе дарэмнаю, мяркуючы, што дакумэнты былі адабраныя занадта позна і ўсе небясьпечныя для масонаў рэчы ўжо даўно зьнішчаныя... Ён паўсюль бачыў змову, падазраваў у масонстве самога Горна і занятых разам зь ім чыноўнікаў.

Ня здолеўшы пераканаць генэрал-губэрнатара, 20 траўня Міцканеўскі піша ліст імпэратару, а 7 верасьня - яшчэ адзін, намесьніку Царства Польскага. У апошнім допісе ён паведамляў наступнае:

"Ваша Імпэратарская Высокасьць.

Амаль год таму, зрабіўшыся яўным непрыяцелем вольных муляраў, я мушу цярпець зь іхнага боку бесперапынную вайну, але ж, на маю бяду, ня маючы па гэты час аніякае помачы, сустракаю багата цяжкасьцяў на гэтым заблытаным шляху. Недагляд скарбовых урадоўцаў у гэтым важным росшуку змусіў мяне скласьці прашэньне Ягонай Імпэратарскай Вялікасьці, копію каторага тут дадаю, дзе я выказаў шкоднасьць масонскага таварыства, што мае тыя самыя намеры, як і карбанарыі ў Нэапалі, камунары ў Гішпаніі ды ілюмінаты ў Германіі. Аднолькавая мэта гэткіх таварыстваў, хоць і пад рознымі найменьнямі, відавочнаю робіцца, бо ўсе яны скяадаюць адзіны корпус, г. зн. вопьнае цагпярства... 16 жніўня гэтага году я атрымаў адказ ад пана пітоўскага ваеннага губэрнатара, зь якога даведаўся, што Найвышэйшаю вопяю пану віцэ-губэрнатару Горну даручаная справа вольных муляраў: мяркую, што гэтая Найвышэйшая воля аб'вілася адзіна з прадстаўленьня пана Корсакава, і таму лічу патрэбным засьцерагчы Вашую Імпэратарскую Высокасьць, што пан Горн, з-за таго, што іншаземец (ён зь нямецкае сям'і), ёсьць фаварытам у пана Корсакава і што, нягледзячы на мой допіс пану ваеннаму губэрнатару зь мінулага году за № 14, у каторым я высьветліў, што пан Горн абараняе вольных муляраў і робіць справу так, каб зьберагчы гонар таго таварыства, ён, аднак жа, ня быў адхілены ад гэтае пасады, але яшчэ й падаўся найздольнейшым для росшуку гэтае важнае справы...

Кнігі масонаў напісаныя сымбалічнымі знакамі, аднак жа ён ні разу не даручыў мне іх чытаньне. Калі ён вольных муляраў дзеля гэтага выкарыстоўвае, то вельмі блага робіць, калі ж сам чытае, значыцца, і сам ён вольны муляр, што робіць слушным паўсюдную ў Вільні чутку, нібыта пан Горн ёсьць сябрам замежнае лёжы...

Па гэтым, калі пан Горн і захоча дазнацца пра гэтае таварыства, то, напэўна, ня знойдзе там нічога кепскага, як мне здаецца, бо ён сам некаторым казаў, што ў таварыстве масонаў няма нічога кепскага.

Маю сьмеласьць пераслаць гэтае прашэньне, каб пан Горн быў адсунуты як найхутчэй і каб чыненьне справы вольных муляраў было даручанае япіскапу Галаўні, Камару, саветніку Рагальскаму, Капэльлі і Бэкю - прафэсарам унівэрсытэту, і каб апрача таго я быў дапушчаны да разгляду адабраных кніжак, засьведчыць, ці не бракуе там чаго... Маеце зь Вільні дайсьці да Нэапалю і пабачыць, што тыя грозныя карбанарыі ні чым іншым ёсьць, як мулярамі..."

Шмат чаго яшчэ пісаў Міцканеўскі намесьніку, і ўвесь зьмест прашэньня вялікі князь адрасаваў Рымскаму-Корсакаву. Гэтым разам генэрал-губэрнатар саступіў дамаганьням Міцканеўскага. Адказваючы намесьніку, ён пісаў: "Каб засьцерагчыся... у наступным ад розных зь ягонага боку папрокаў, што даносы ягоныя, маўляў, хады ня маюць, я зараз жа распарадзіўся выправіць да віцэгубэрнатара яшчэ двух чыноўнікаў: былога старшыню суду Камара ды саветніка Рагальскага...".

Разгляд канфіскаваных масонскіх дакумэнтаў працягваўся, аднак жа вынікі яго ані ня спраўдзілі паказаньняў Міцканеўскага. Частка дакумэнтаў была перакладзеная на расейскую мову і адасланая ў Пецярбург.

У кожным разе скандальныя вызнаньні Міцканеўскага прыйшліся да часу. Ягоная дзейнасьць можа быць параўнаная з пазьнейшаю тактыкаю Шэрвуда ў Расеі, але ж з тою розьніцаю, што Шэрвуд далікатна і па-майстэрску вёў справу з дакумэнтамі, Міцканеўскі ж ня йшоў далей неспраўджальных абвінавачаньняў, кожнае зь якіх ужо шматкроць накідвалася масонству яшчэ задоўга да паўстаньня нашае справы.

Справа Міцканеўскага ўзмацніла агульны настрой, узбуджаны выданьнем загаду Вялікага Князя намесьніка 25 верасьня 1821 г. на імя Высокага Сходу Вялікага Ўсходу:

"Цяперашнія абставіны такія ёсьць, што кожнае таемнае таварыства можа стаць пад падазрэньне, нават калі б зьбіралася і з самым годным намерам. 3 гэтае прычыны мы запрашаем Высокі Сход франкмасонаў у Польшчы закрыць работы ўсіх лёжаў на няпэўны тэрмін.

Па гэтым, усе масонскія сходы, калі аб'явяцца ў Варшае пасьля 1-га, а ў правінцыях пасьля 15 кастрычніка гэтага году, будуць уважацца за парушальнікаў законаў.

Дадзена ў Варшаве 25 верасьня 1821 году".

Вынікам гэтага загаду сталася тое, што ўсе масонскія лёжы з-пад апекі Вялікага Польскага Ўсходу былі змушаныя спыніць свае работы. А 1 жніўня 1822 г. найвышэйшы ўказ на імя графа Качубея закрываў лёжы па ўсёй Расеі назаўжды, і калі загад вялікага князя намесьніка яшчэ пакідаў надзею на лепшыя часы, то імпэратарскім указам усе мары польскіх муляраў былі зьнішчаныя дазваньня.

Разам з масонскімі лёжамі мусілі спыніць сваю чыннасьць таксама іншыя таемныя суполкі, дзейнасьць якіх была прызнаная за супрацьдзяржаўную і надзвычай шкодную.


Пераклад паводле выданьня: С.Ф. Добрянскій. Очерки из истории масонства в Литве // Записки Северо-Западного отдела Императорского Русского Географического Общества. Кн. 4., 1913г.; Вильна, 1914.
Пераклад Аляксея КРУКОЎСКАГА.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX