Папярэдняя старонка: Артыкулы

Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве 


Аўтар: Дабранскі С.,
Дадана: 01-10-2016,
Крыніца: Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве // Спадчына №1-1997. С. 27-51.



Друкуецца паводое: Записки Северо-Западнаго отделения Императорскаго Русскаго географического общества. Книжка 2. Вильна. 1911 г.

I. Узьнікненьне Літоўскага масонства

Масонства прыйшло ў Літву з Польшчы. Пытаньне пра дакладны час арганізацыі польскага масонства ў выглядзе тайных суполак або лёжаў застаецца адкрытым. Меркаваньні гісторыкаў на гэты конт разыходзяцца. Польскі гісторык Іпаліт Скімбаровіч выводзіць пачаткі масонскага руху ў Польшчы зь дзейнасьці нейкага шляхціца Бранкачыя, які пры двары Жыгімонта І i Боны (1507-1548) заснаваў масонскую лёжу з дапамогаю графа Фірлея. Дзейнасьць гэтае лёжы i самое ейнае існаваньне хаваецца над покрывам вялікае таямніцы [1].

Ксёндз Ст.Заленскі адносіць нершыя крокі польскага масонства да часоў Аўгуста Саксонскага (1736-1763), пры двары якога ў Варшаве існавалі нейкія таемныя суполкі з найменьнем "лёжаў" [2]. Масонскія гісторыкі пра гэтыя лёжы гавораць даволі глуха. Вядома адно, што була папы Клімэнта XІІ (In eminenti Apostolatus speculo) 1738 г. спыніла ix існаваньне" [3].

1742 г. застае ў Польшчы дзьве ўжо добра арганізаваныя лёжы, адкрытыя намаганьнямі Станіслава Мнішка, ягонага брата Яна i барона Пятра Лефорта, што выехаў з Расіі пры Лізавеце Пятроўне. З 1742 г. польскае масонства хутка разьвіваецца і, нягледзячы на забаронную булу папы Бэнэдыкта XІV ад 1751 г., нягледзячы на пагрозы заняпаду i разнастайныя падкопы з боку ангельскіх i францускіх масонаў, гуртуецца, нарэшце, у 1784 г. у самастойны "Вялікі Польскі Усход".

Літоўскія масонскія лёжы, якія складаюць тэму гэтага нарысу, былі ў залежнасьці ад згаданага "Вялікага Польскага Усходу", таму варта прысьвяціць колькі словаў унутранай арганізацыі як масонскіх лёжаў агулам, так i ўласна самога "Вялікага Усходу".

Склад кожнай асобнай масонскай суполкі вызначаўся наступным чынам: некалькі "братоў-муляраў" з старшынём, або "майстрам крэсла", на чале ўтваралі "лежу вольных масонаў". Дзейнасьць лёжы трымалася ў безумоўным сакрэце. Яна адбывалася над наглядам i кіраўніцтвам наступных "урадоўцаў": 1) майстра крэсла; 2) намесьніка майстра; 3) 1-га наглядчыка; 4) 2-га наглядчыка; 5) прамоўцы; 6) судзьдзі; 7) сакратара; 8) скарбніка; 9) апекуна бедных; 10) начальніка над абрадам; 11) 1-га сьцюарта; 12) 2-га сьцюарта.

Акрамя пералічаных "урадавых" асобаў, у пэўных лёжах меліся яшчэ: "архіварыюс i захавальнік пячаткі", "architecte verificateur", "directeur de Tharmonie" i да г.п.

Лёжу складалі браты розных ступеняў, ад І да VII. Лёжа, сябры якой валодалі толькі трыма першымі ступенямі - менавіта, вучня, таварыша i майстра,- мела агульную назву "Лёжы Сьв. Яна" або "Сымбалічнай".

Браты IV i V ступеняў - "Выбранага рыцара" i "Шатляндзкага кавалера"- складалі лёжу "Шатляндзкая капітула" (kapituła Szkocka), VI i VII ступені "Рыцара ўсходу" i "Кавалера золатаружовага крыжа" давалі лёжы права на тытул "Вышэйшай шатляндзкай капітулярнай".

Нарэшце, толькі браты VII ступені складалі "Вялікую шатляндзкую капітулярную лёжу".

Вышэй гэтых сямі ступеняў польскае масонства не ўздымалася. Рытуалы - "старашатляндзкі 21-й ступені" i "старашатляндзкі 33-х ступеняў",- відаць па ўсім, не спакушалі польскіх вольных муляраў, i яны абмежаваліся ўзгаданым вышэй "францускім рытуалам 7-мі ступеняў".

Кожная "Сымбалічная лёжа Сьв. Яна" мела права дасылаць свайго прадстаўніка на сход "Вялікага Польекага Усходу", чыя ўнутраная будова была збольшага тоесная будове кожнай сымбалічнай лёжы, за выняткам таго, што ў працы "Вялікага Усходу", апрача звыклых дая кожнай лёжы ўрадоўцаў, бралі ўдзел i прадстаўнікі ўсіх лёжаў, што працавалі пад апекаю i наглядам Усходу.

Правінцыйная лёжа вяла нагляд за некалькімі лёжамі аднае правінцыі. Яна надавала сабою "Вялікі Усход" у мініятуры, бо ў яе паседжаньнях бралі ўдзел прадстаўнікі мясцовых лёжаў гэтае правінцыі. "Вялікі Польскі Усход" пашыраў сваю ўладу на польскія i літоўскія лёжы. Але i тыя, i другія мелі, апрача "Вялікага Усходу", найбліжэйшым i непасрэдным апекуном сваю правінцыйную лёжу.

"Вялікі Польскі Усход" амаль ад пачатку свайго існаваньня называў сябе "Вялікім Усходам Польскім i Літоўскім". Гэтая акалічнасьць дазваляе меркаваць, што масонскія лёжы ў Літве да моманту заснаваньня "Вялікага Усходу" былі ўжо ў вялікай колькасьці.

Ёсьць зьвесткі пра існаваньне ў Беластоку лёжы "Залаты Пярсьцёнак", 27 ліпеня 1770 г. перайменаванай братам Рыянкурам у "Дружбу" ("Przyjazc").

Лёжа гэтая, аднак, існавала нядоўгі час i была адкрытая нанова ўжо пазьней, у 1804 г. Затым у сьпісе сяброў лёжы "Руплівы Ліцьвін" [4] за 1819 г. маюцца кароткія гістарычныя зьвесткі пра гэтую лёжу, зь якіх вынікае, што заняткі свае яна распачала ў Вільні ў 1776 г., калі не раней, i дзейнічала пад кіраўніцтвам Варшаўскае лёжы "Кацярына пад Паўночнаю Зоркаю". Сьпісы сяброў "Руплівага Ліцьвіна" першых гадоў існаваньня страчаныя, i аднавіць іх няма магчымасьці.

Калі блізу 1774 г. частка польскіх масонскіх лёжаў транша пад апеку замежных вялікіх лёжаў, сябры старых польскіх лёжаў гэтым разам заснавалі ня лёжу, а таварыства "Выпрабаваных Сяброў", якое склала свой статут. У 1775 г. таварыства было перайменаванае i займела назву "Рыцараў Сьв. Карла". Адно камандорства "Рыцараў Сьв. Карла" знаходзілася ў Варшаве, другое ў Вільні. Віленскім камандорам быў беразьніцкі стараста Мац. Жынеў (Żyniew), які перайменаваў сваё камандорства ў масонскую лежу "Добры Пастыр" (у 1778 г.). Супрацоўнікамі Жынева ў гэтай справе былі: Іосіф Гурко, кн. Mix. Агінскі i ксёндз Міхнеўскі. Іосіф Гурко i Жынеў былі абраныя дэпутатамі i сталымі сябрамі "Рады Шатляндзкіх майстроў". У 1780 г. сябры названае лёжы "Добры Пастыр" падзяліліся на з групы, зь якіх кожная атрымала ўласную назву. Такім чынам, паўсталі з лёжы: француская "Добры Пастыр" над кіраўніцтвам палкоўніка Антонія Гадэна, польская "Руплівы Ліцьвін" пад кіраўніцтвам Жынева i нямецкая "Сьвятыня Мудрасьці" пад кіраўніцтвам Дамініка Пржазьдзецкага - менскага старасты [5].

У 1781 г., ці каля гэтага часу, адна з Вшенскіх лёжаў "Дасканалая Лучнасьць" атрымала права звацца лёжаю "Правінцыйнаю 4-х ступеняў шатляндзкага рытуалу" i адкрываць сымбалічныя (Сьв. Яна) лёжы па ўсёй Літоўскай правінцыі, у склад якой уваходзілі цяперашнія Віленская, Ковенская, Гарадзенская i Менская губэрні.

У сьпісе сяброў Віленскіх лёжаў за 1781 г. [6] значацца ўжо наступныя лёжы: "Дасканалая Верйасьць", "Руплівы Ліцьвін", "Добры Пастыр", "Сьвятыня Мудрасьці" i "Дасканалая Лучнасьць" [7].

Лёжа "Дасканалая Вернасьць", што складалася з адных жанчын, заслугоўвае ўвагі як характэрная зьява заняпаду праўдзівага масонства.

Асноўны пункт усіх старых масонскіх рытуалаў зазначае, што жанчына ня можа быць масонам. Гэтая ўмова надалей была дарэшты забытая, i ўжо ў 1738 г. у Вене адкрылася масонская лёжа "Мопсаў", якая прымала сябрамі жанчын.

"Вялікі Польскі Усход" дапусьціў гэткае ж адступленьне ад правілаў клясычнага масонства, калі з-пад пяра графа Віельгорскага, сябра масонскае камісіі, скліканае гр. Ігн. Патоцкім у 1783 г., выйшаў ухвалены пасьля праект статуту г. зв. "Адапцыйнай" лёжы.

"Адапцыйная" лёжа, нароўні з мужчынамі, прымала ў склад сяброў i жанчын. Тым часам у Польшчу праніклі жаночыя лёжы венскага рытуалу 1738 г. з Аўстрыі лёжы "Мопсаў" перайшлі ў Польшчу i Францыю, дзе тагачасная разбэшчанасьць нораваў, но марудзячы, наклала на ix свой брудны адбітак, так што ў Польшчу лёжы "Мопсаў" трапілі ўжо са шматзначным кляймом: "amusements mistcrieiuc", не пакідаючы сумневу ў іхным прызначэньні. Да гэтага часу адкрыліся i "Адапцьійныя" лёжы, i такім чынам жаночыя лёжы пачалі свас існаваньне ў двух выглядах.

Віленская лёжа "Дасканалая Вернасьць", з пэўных акалічнасьцяў, мусіць быць далучаная да разраду лёжаў "Мопсаў".

Падставы для такое высновы наступныя.

Вядомы нам сьпіс сяброў лёжы "Дасканалая Вернасьць пазначаны 1781 г., сама ж лёжа ў гэтым годзе была, відаць, нечым кшталту добра арганізаванага саюзу з уласным статутам. Між тым, статут "Адапцыйных" лёжаў, як ужо згадвалася, быў напісаны пазьней, а менавіта Ў 1783 г. Апрача таго, у сьпісе сяброў лёжы "Дасканалая Вернасьць" не пазначаныя ступені гэтых апошніх, хаця ў тым самым сьпісе зьмешчаныя сябры іншых Віленскіх лёжаў з дакладным паказчыкам ступені кожнага зь ix. Параўноўваючы гэтую акалічнасьць з тым, што ў рытуале лёжы "Мопсаў" няма ані згадкі аб першых трох ступенях, мы даходзім да высновы, што маем справу з лёжаю "Мопсаў".

Лёжы такога кшталту пакінулі аб сабе нядобрую памяць у маральным аспэкце, i рытуал іхны вылучаўся непрыстойнымі абрадамі.

Сьпіс 1781 г. зьмяшчае адзіную згадку аб існаваньні ў Вільні лёжы "Дасканалая Вернасьць"; ні ў пазьнейшых, ні ў сучасных ёй сьпісах "Вялікага Польскага Усходу" лёжа гэтая болей не сустракаецца. Пэрыяд польскага масонства, распачаты 1784 г., адбіўся на Літоўскіх лёжах у тым сэнсе, што частка зь ix ледзь гібела, а другая мусіла прыпыніць свае заняткі на няпэўны тэрмін. Гэтак цягнулася да 1810 г., кал i зачыненыя лёжы бьлі адкрытыя нанова i пачалі працаваць з новымі сіламі, дзеля таго, зрэшты, каб ізноў спыніць існаваньне з увагі на палітычныя падзеі 1812 г. Гэтым разам усе Літоўскія лёжы былі закрытыя i адмовіліся ад працы да таго часу, пакуль узбуджаны нашэсьцем францускіх войскаў край не супакоіўся канчаткова.

Увесну 1816 г. браты Норвіды, Сабескі, Гофман i Ходзька прыбылі ў Вільню і, скарыстаўшы з спрыяньня старога масона пралата Mix. Длускага, удыхнулі новую энэргію ў абалонкі Віленскіх лёжаў.

Намаганьнямі пайменаваных асобаў на Літве былі ўзноўленыя лёжы "Руплівы Ліцьвін" i "Добры Пастыр". Былі адкрытыя новыя лёжы: "Школа Сакрата" ў Вільні i "Палямон" у Расіенах.

У адначасьсе з гэтым распачала заняткі i правінцыйная лёжа "Дасканалая Лучнасьць".

1818 г. знаходзіць у Літоўскай правінцыі "Вялікага Польскага Усходу" ўжо 12 лёжаў, зь якіх на долю Вільні прыпадала 6.

Вось сьпіс гэтых лёжаў, у той чарговасьці, як яны разьмешчаныя ў каталозе "Вялікага Усходу" за 1818- 1819 гг. Лёжы сымбалічныя (Сьв. Яна): "Шчасьлівае Вызваленьне" - Нясьвіж (Менская губ.); "Руплівы Ліцьвін" - Вільня; "Паўночная Паходня" - Менск; "Добры Пастыр" - Вільня; "Вузел Лучнасьці"- г. Наваградак (Менская губ.); "Сябар Людзкасьці" - Гародня; "Палямон" - Расіены (Ковенская губ.); "Школа Сакрата" - Вільня; "Славянскі Арол" - Вільня; "Уладзіслаў Ягайла"- Слуцак. Лёжа правінцыйная - "Дасканалая Лучнасьць" - Вільня. Лёжа рэфармаваная - "Дасканалы Ліцьвін рэфармаваны"- Вільня [8].

Унутранае жыцьцё масонскіх лёжаў у Літве

На часе росквіту масонства ў Літоўскай правінцыі, i Польшчы ўвогуле, мы спынімся дзеля таго, каб кінуць пагляд на ўнутранае жыцьцё супольнасьці вольных муляраў.

Тут мы найперш сустракаемся з пытаньнем: чымжа, уласна, былі занятыя масонскія лёжы i як адбываліся гэтак часта ўзгадваньш ў масонскім ліставаньні "работы"?

Адказ знаходзім у "справаздачах" гадавых работ кожнай асобнай лёжы. Справаздачы выдаваліся раз на год кожнаю лёжаю i рассылаліся другім сымбалічным лёжам, якія i бралi ix да ўвагі. (...)

Можна зразумець, што прыняцьце у лежу новых сяброў вырашэньне розных пытаньняў, датычных унутранага i зьнешняга жыцьця лёжы, сьвяткаваньне паводле асаблівага рытуалу ўрачыстых дзён - вось зьмест заняткаў кожнай сымбалічнай лёжы. Работы адбываліся ў якой-небудзь адной з трох ступеняў. Гэта азначала, што на работах, прыкладам, III ступені прысутнічалі, апрача ўрадавых асобаў згаданай лёжы, браты адной толькі трэцяй ступені. Натуральна, што i парадак работ, i розныя дэталі рытуалу ў кожнай ступені былі розныя.

Каб азнаёміцца з парадкам "работ" у лёжы i прыблізным камплектам i зьместам тых пытаньняў, што ўздымаліся на ix, возьмем наўдачу адзін з пратаколаў паседжаньняў лёжы "Руплівы Ліцьвін рэфармаваны" [9].

Работа XXXIII

Адбылася на Усх<одзе> Вільні д. 19.М.ХІІг.н. с.5820. Дзеля хвалы Усявышняга Дойліда Сусьветаў.

У памяшканьні спакойным і зручным Спр<авядлівую> i Даск<аналую> лёжу рэфармаваную "Рупл<івы> Ліцьв<ін>" адкрылі: М<айстра> К<рэсла> Мікалай Мяноўскі, які асьвяціў усход, i браты - Міхаіл Дмахоўскі, першы Наглядчык, i Іван Рыхтэр, другі Наглядчык, якія асьвяцілі захад. Прысутныя былі бр<аты>: Марціноўскі, Контрым, Вольфганг, Вяроўскі, Клячкоўскі, Дамброўскі, Нямчэўскі, Карчэўскі, Радзевіч, Лагеўніцкі i Сырвід.

Артыкул 1. Па адчытваньні бягучага ліставаньня наконт папярэдняга паседжаньня М.К. чытаў ліст ад М.К. правінцыйнай Літоўскай лёжы Ромэра, з прапановаю рэфармаванай лёжы "Руплівы Ліцьвін" далучыцца нанова да іншых сымбалічных лёжаў.

Артыкул 2. Камісія, прызначаная да ўкладаньня пунктаў пагадненьня з сымбалічнымі лёжамі, чытала свой рапарт i падала праект, каторы быў прыняты аднагалосна.

Артыкул 3. М.К. прасілі, каб ён паведаміў аб тым пісьмова М.К. правінцыйнай Літоўскай лёжы М.Ромэру.

Артыкул 4. 1-шы Сьцюарт скарыстаў з дадзенага яму права голасу, каб паведаміць наступнае: вялізны камень, які загрувашчваў рэчышча ракі Віліі i называўся Шыш, доўгі час пераскаджаў суднаходству. Бр. лежы разам з афіцэрам воднае камунікацыі запабегалі i прыклалі ўсе намаганьні дзеля таго, каб выцягнуць гэты камень з вады, што i было зроблена. Гэты факт, як датычны дзейнасьці лежы, мае быць занесены ў будаўнічую кнігу.

Артыкул 5. На прапанову М.К. i паводле жаданьня сяброў лежы вырашана падпісацца на часапіс "Справы Дабрачыннасьці".

Артыкул 6. З прапановы Апекуна Бедных пастаноўлена адправіць машыну для вырабу сырое цэглы ў Дом Дабрачыннасьці.

Артыкул 7. З увагі на тое, што бр. Дамброўскі ад'яжджае з Усходу Вільні, сам ён заявіў, што будзе-такі лічыць сябе прыналежным да лёжы "Руплівы Ліцьвін рэфармаваны", як ейны руплівы сябар.

Артыкул 8. Сума грошай, сабраных на гэтым,паседжаньні, склала 1 рубель 55 капеек.

Работы былі скончаныя паводле звычайнага рытуалу "франкмасонскага".

Зьмест прыведзенага пратаколу паказвае, што масоны былі занятыя i цікавіліся найразнастайнейшымі рэчамі. Памеры гэтага нарысу не дазваляюць прывесьці тэкст "будаўнічае кнігі" цалкам. Таму абмяжуюся яшчэ некалькімі ўрыўкамі з пратаколаў, шго тлумачаць зьмест работ.

У "Рабоце XX": Артыкул 3. Б<рат> Немаеўскі рабіў цікавы выклад пра выраб паперы а розных расьлінных матэрыялаў і, паміж іншых, з хвоі...

У "Рабоце XXIV": Артыкул 3. Б<рат> 1-шы Сьцюарт рабіў вельмі цікавы выклад пра важнае значэньне рамёстваў i дакладнае ix апісаньне... паказаў спробу такой працы: "Апісаньне аптычнага мастацтва", перакладзенае з францускае Ант. Глушкевічам, магістрам філязофіі. ,

У "Рабоце XXVI" чытаем:, Артыкул 5. Б<рат> Ачапоўскі рабіў выклад пра земляробства ў нашым краі...

Затрымаемся цяпер на "рэцэпцыйных" i "ўрачыстых" работах. "Рэцэпцыйнымі" работамі лежа была занятая, калі прымала ў свой склад новага сябра, які называўся мірскім - "неасьвечаным" [10].

"Урачыстыя" работы адбываліся зь дзьвіох нагодаў: у дзень прызнанага сьвята, агульнага для ўсіх лёжаў, у дзень Сьв. Яна, 24 чэрвеня, i ў дзень гадавіны заснаваньня кожнае дёжы, а таксама ў вьшадку сьмерці якога-небудзь з братоў.

Сьвяточныя дні кожная лёжа адзначала ці то асобным паседжаньнем, аздобленым адмысловымі цырымоніямі, ці то адбываючы г. зв. "сталовыя работы", якія складаліся з удзелу ўсіх сяброў ва ўрачыстым абедзе. Абед гэты розьніўся ад шараговага адмысловым рытуалам i цікавай тэрміналёгіяй: бутэлькі зваліся парахоўніцамі, віно - порахам, шклянкі - гарматамі, хлеб - дзікім каменем, стравы - праектамі работ, нажы - мячамі, талеркі - ямамі, сьвечкі - зоркамі, абрус - харугваю i г.д. Удзел у абедзе аздабляўся таксама разнастайнымі цырымоніямі ды абрадамі. Да сталовых работ запрашаліся дзеля больщае ўрачыстасьці сябры іншых лёжаў. (...)

У выпадку сьмерці каго-небудзь з братоў адбывалася г. зв. "Жалобная лёжа". Астатнія сябры лёжаў ypaчыстa хавалі свайго "брата". Гэта не было фактычнае пахаваньне, бо нябожчык у такіх выпадках адсутнічаў. Абрад зводзіўся да ўшанаваньня памяці сканаўшага, які, паводле выразу "Жалобнае лёжы", адышоў "у абшары вечнага сьвятла".

Апрача ўзгаданых работ былі яшчэ работы чыста канцылярскага зьместу, кшталту зносінаў лежаў між сабою, з правінцыйнаю лёжаю i "Вялікім Польскім Усходам". Дзеля парадку ў вядзеньні гэткіх работ кожная лёжа мела сакратара, захавальніка пячаткі i архіварыюca. Функцыі кожнай зь пералічаных асобаў, як i астатніх урадоўцаў лёжы, дакладна вызначаліся статутам лёжы.

Кожная лёжа мела таксама i архіў.

Да арганізацыйных работ лёжы трэба далучыць выбары ўрадоўцаў лёжы. Выбары адбываліся праз пэўны прамежак часу, вызначаны статутам. Зьмена ўрадоўцаў адбывалася, зрэшты, даволі часта: у рэдкіх выпадках тая самая асоба захоўвала сваё месца два ці тры гады. Пэрсанал урадавых асобаў большай часткай зьмяняўся штогод.

Падаем табліцу зьменаў у складзе ўрадоўцаў лёжы "Руплівы Ліцьвін" за пяцігадовы пэрыяд.

Урадоўцы

1812 г.

1813 г.

Майстра Крэсла

Гарэцкі Вал.

Пузына Нікадз.

Намесьнік

Працішэўскі Ф.

Мяноўскі Мік,

1-шы Наглядчык

Мяноўскі Мік.

Длускі Mix.

2-гі Наглядчык

Гарноўскі Каз.

Гарноўскі Каз,

Прамоўца

Панятоўскі Ант.

Доўгірд Айдр.

Скарбнік

Вайніцкі Фадз.

Гут Георг

Апякун Бедных

Гай Серафім

Рустэм Ів.

Сакратар

Длускі Mix.

Насовіч Mix.

Ягоны Заступнік

-

-

1-шы Сьцюарт

Нарвойш Фр.

Гай С.

2-гі Сьцюарт

Багуслаўскі Іос.

Копш Іос.

Распарадчык

Дабжанскі В.

Судзьдзя

Шымкевіч Як.

Вайніцкі Ф.

Архіварыюс

-

Лібельт Як. Ген.

Будаўнік

-

Пянчкоўскі Б.

Начальнік абраду

Пянчкоўскі Б.

Струміла Іос.


Урадоўцы

1814-

1815 гг.

1816 г.

1817 г.

1818 г.

Майстра Крэсла

работ

не было

Длускі Mix.

Длускі Mix.

Мяноўскі Мік.

Намесьнік

-

-

Храпавіцкі Ант.

Баранкевіч М.

1-шы Наглядчык

-

Шымкевіч Як.

Струміла І.

Дабжанскі В.

2-гі Наглядчык

-

Струміла І.

Дабжанскі В.

Котвіч Ксав.

Прамоўца

-

Мяноўскі Мік.

Мяноўскі Мік.

Макрэцкі Ант.

Скарбнік

-

Гут Георг

Гут Г.

Вагнэр Карл

Апякун Бедных

-

Рустэм Ів.

Шымкевіч Як.

Шульц Мац.

Сакратар

-

Насовіч М.

Навамейскі Канст.

Хайноўскі Мац.

Ягоны Заступнік

Навамейскі К.

Мюлер Ст.

Чарніцкі Юст.

1-шы Сьцюарт

-

Пянчкоўскі Бэрн.

Рустэм І.

Дмахоўскі Ів.

2-гі Сьцюарт

-

Малецкі Він.

Закрэўскі Ст.

Распарадчык

-

Жукоўскі Сім.

Клячкоўскі Роб.

Паразінскі Сім.

Судзьдзя

-

Роп Ф.

Забела Іос.

Архіварыюс

-

Лібельт Я.Г.

Лібельт Я.Г.

Левандоўскі Іос.

Будаўнік

-

Котвіч К.

Копш Іос.

Драздоўскі Ів.

Начальнік абраду

-

Дабжанскі В.

Лібельт Я. (сын)

Котвіч К.

Застаецца яшчэ ўзгадаць пра дабрачынныя работы. Дапамога бедным, адна з асноўных задач праўдзівага масонства, існавала i ў польскіх, i ў літоўскіх масонаў. Усе віды дабрачыннасьці, ад непасрэднае дапамогі міласьцінай i да сталых складак на карысьць прытулкаў, дамоў апекі, стыпэндыятаў, дамоў дабрачыннасьці i да г. п., знайшла свой адбітак у чыннасьці масонаў. На кожным паседжаньні лёжы бальшыня часу прысьвячалася вырашэньню пытаньняў аб выдатках капіталу на тую ці іншую дабрачынную мэту, i на кожным паседжаньні апякун бедных абходзіў братоў з адмысловым мехам для збору ахвяраваньняў.

Завяршаючы агуЛьны нарыс масонскіх работ, адзначым колькімі словамі работы рытуальнага характару, якія мелі цесную сувязь з пасьвячэньнем ў суполку вольных муляраў i вызначалі далейшы рух кандыдата па ерархічнай лесьвіцы і г. зв. сяміградуснага францускага рытуалу.

Каб прайсьці ўсе сем ступеняў ад "вучня" да "Рыцара золатаружовага крыжа", налёжала вывучыць увесь складаны рытуал, азнаёміцца з паэтычна-легендарнай гісторыяй масонства, засвоіць катэхізіс i прысьвяціць шмат часу вывучэньніо пытаньняў містыка-кабалістычнага кшталту [11].

Ня сьлед, аднак, думаць, што кожны масон авалодваў усёй гэтай сэрыяй таемных навук масонства, якая складала глыбока схаваную ў нетрах лёжаў вышэйшых ступеняў дактрыну i дасюль яшчэ закрытая ад нас покрывам таямніцы. Праўда, былі руплівыя масоны, што сьвядома прысьвячалі ўсё жыцьцё ўпартай працы над пытаньнямі, наіўнымі з гледзішча сучаснае навукі. Але бальшыня братоў машынальна завучвала цьмяную сымболіку катэхізісаў на шляху ад аднае ступені да другой, надаючы гэтым штудыям значэньне асьвечанага стагодзьдзямі, але даўно пазбаўленага сэнсу звычаю.

Вось i ўсё, што можна сказаць пра работы братоў муляраў разгляданага намі пэрыяду. Усё тос, што можна было б дадаць, датычыць ужо сфэры дэталяў.

III. Стаўленьне грамадзтва да масонства ў Польшчы й Літве

Стаўленьне грамадзтва да масонаў, як i паўсюль, было падазроным, калi не яўна варожым. Моцны ўплыў сьвятарства на грамадзкуіо думку як у Польшчы, так i ў Літве, паспрыяў таму, што рэзка антымасонскія папскія булы стварылі значнае ўзрушэньне i змусілі адхіснуцца ад суполак вольных муляраў нават тых, хто глядзеў на ix з простае цікаўнасьці. З моманту публікацыі шэрагу папскіх булаў масонскія лёжы рабіліся супольнасьцямі праклятых, адрынутых людзёй, пазьбягаць якіх мусіў кожны, хто даражыў запаветамі хрысьціянства.

Пад такім націскам масоны меліся ўчыніць адно з двух: або пазнаёміць шырокую грамадзкасьць з сутнасьцю свайго вучэньня, або канчаткова замкнуцца ад грамадзтва i зрабіць сваю дзейнасьць глыбокай таямніцай. У першым выпадку надта шмат падлягала зьнішчэньню i разбураліся ўсе сувязі з запаветамі старога масонства, якое мела сваім дэвізам таямніцу i адну яе; у другім выпадку выяўлялася вартая жалю пэрспэктыва яшчэ большае падазронасьці i варожага стаўленьня з боку непасьвечаных.

З многіх прычынаў, датычных самае сутнасьці масонства, муляры схіліліся да апошняга рашэньня i гэтым самым падпісалі сабе вырак.

Дарэмныя былі апалягетычныя артыкулы i кнігі перакананага масона віленскага каноніка Mix. Длускага. Ня меў належнага ўзьдзеяньня на грамадзкую думку i прыклад многіх каталіцкіх сьвятароў, адданых служэньню масонскім ідэалам [12].

З тае хвіліны, як масоны абралі другое рашэньне згаданае дылемы, з найбольшаю сілаю выстунае новая крыніца закідаў супраць масонства - масонская "таямніца".

Пра гэтую таямніцу напісана i сказана надта шмат. Справа аб ёй паўстала з таго часу, як упершыню аб'яднанае таварыства вольных муляраў назвала свой саюз "таемным". Гэта стала сыгналам да таго, каб пра таямніцу загаварылі ўсе.

Разумовае жыцьцё XVIII ст. дэманструе нам досыць цікавае сужыцьцё двух цалкам процілеглых пачаткаў. З аднаго боку, грамадзтва цікавілася першымі пачынаньнямі энцыкляпэдыстаў, з другога - зь незразумелым імпэтам аддавалася перажываньню ці, дакладней, перажоўваньню тых містыка-кабалістычных бздураў, якія XVIII ст. атрымала ў свосасаблівую спадчыну ад вякоў мінулых. Да гэтага варта дадаць, што на тагачасным літаратурным рынку трапляліся ў немалым ліку пустыя i спрытныя фальсыфікатары "таямніцаў" рознага кшталту, якія здабывалі матэрыялы для сваіх працаў з таго хаатычнага канглямэрату, што зваўся "гермэтычнымі навукамі".

Першапачатна чыстая навука масонаў не пазьбегла агульнага лёсу. Кантынэнтальныя масонскія лёжы, паспытаўшы такіх-сякіх зьвестак у фабрыкантаў таямніцаў, зьвярнуліся да сваёй маткі - "Вялікае Ангельскае лёжы" па тлумачэньні, спасылаючыся на свае веды пра тое, што вышэйшыя ступені масонства нібыта хаваюць нейкую таямніцу...

"Вялікая Ангельская лёжа" адказвала, што ніякай іншай таямніцы, апрача сакрэтаў, якія злучалі ў адно сяброў "Цэху дойлідаў", няма. Але сакрэты гэтыя былі даўно вядомыя лёжам, а тайна ўсё-такі не адшуквалася.

Тады лёжы адступіліся ад сваёй кіраўніцы i распачалася вакханалія таямніцаў усіх відаў i гатункаў. Адны лёжы намагаліся адшукаць жыцьцёвы эліксір, другія марнавалі час на здабываньне філязофскага каменю, трэція, нарэшце, згубіўшы веру ва ўласныя сілы, адчынілі дзьверы цэлай чарадзе шарлятанаў i раздалі патэнты на высокія ступені такім асобам, як граф Каліёстра i Сэн Жэрмэн.

Да гэтага часу аб'явіліся таямніцы крыху іншыя: патаемныя змовы супраць рэлігій, супраць каралёў, на карысьць зьнішчанага здавён-даўна ордэну Тамнліераў i г.д.

Ужо сама колькасьць таямніцаў казала пра тое, што ніводная зь ix не была сапраўднаю. Прынамсі, на думку грамадзкасьці, усе гэтыя таямніцы "атабарыліся" ў масонскіх лёжах. Часткова гэта мела рацыю, бо шарлятаны - пашыральнікі дзікае лухты, у рэшце рэшт, аказваліся з дыплёмамі i патэнтамі масонскіх лёжаў у рукох. Віну за гэта несьлі ўжо самі лёжы.

Вянцом падобных бясконцых пошукаў стаўся адмысловы містычны піетызм, што спарадзіў Розэнкройцараў, якія, заглыбіўшыся ў несканчоныя зьвіліны кабалы i магіі, змарнавалі лепшыя разумовыя сілы на страваваньне старых алхімічных баек.

Урэшце, зьявіліся асобы з адкрытымі прамовамі пра тое, што масонства ня мае ў сабе аніякае таямніцы, i займела шырокі розгалас вядомая фраза масона Фрыдрыха Вялікага: "Масонства - гэта вялікае нішто".

Справа пра "таямніцу" прынесла ў XVIII ст. масонству ўвогуле й польска-літоўскаму ў прыватнасьці шмат непрыемнасьцяў. Вынікам гэтага, як i належала чакаць, сталася надзённая патрэба карэннае рэформы масонства. Праект такой рэформы сьмела высунуў віленскі масон Якаў Шымкевіч [13], сябар лёжы "Руалівы Ліцьвін". Адбылося гэта наступным чынам: 16 сакавіка 1818 г. на паседжаньні лёжы Я.Шымкевіч, скарыстаўшы з традыцыйнае пранановы майстра: "Ці не жадае хто з братоў дадаць што-небудзь на карысьць масонскага закону", высунуў патрэбу ў зьмене масонскага статуту. Да думкі Шымкевіча далучылася яшчэ колькі братоў, i між імі паўстала пагадненьне пра намаганьні дзеля ажыцьцяўленьня ў лёжах вызначаных Шымкевічам пачаткаў. Пагадненьне прывяло да таго, што масоны-рэфарматары мусілі накінуць лёжу "Руплівы Ліцьвін". Але "скандальная прамова лепшая за сумленнае маўчаньне", i 23 сакавіка яны выйшлі з залі паседжаньняў, кажучы, пгго мелі на мэце не прыніжэньне або парушэньне закону, але ягонае паляпшэньне. Дзеля гэтага, на думку Шымкевіча, варта было навекі выкрасьліць са статуту слова "таямніца" з тае прычыны, што яно кідае на масонства неспрыяльны цень i цягне за сабою адну шкоду. Уся праца лёжаў, усе звычаі - усё павінна было адбывацца i весьціся адкрыта i даступна для кожнага, хто пажадае.

Пасьля гэтага ўсе Віленскій лёжы адвярнуліся ад рэфарматараў, i тыя набылі магчымасьць дзейнічаць у адпаведнасьці з уласным сумленьнем.

На кватэры масона Лявона Бароўскага быў скліканы канвэнт, які распачаў работы над кіраўніцтвам Мік. Мяноўскага [14] ў якасьці майстра крэсла, Mix. Дмахоўскага [15] i Яна Рыхтэра ў якасьці 1-га i 2-га наглядчыкаў [16].

Сілаю аднаго з пунктаў масонскага статуту, паводле якога "тры майстры складаюць лежу дасканалую, а сем. - лёжу справядлівую i дасканалую" канвэнт набыў імя лёжы з тытулам: "Франкмасонскае рэфармаванае таварыства, што існуе пад назваіо: лёжа "Руплівы Ліцьвін на Усходзе Вільні".

Так хутка i проста пачалася справа рэфармацыі масонства ў Вільні, гэтак жа хутка яна i скончылася.

Далёкія задумы Шымкевіча: скінуць заслону сакрэтнасьці з загадкавага саюзу і, наколькі магчыма, замірыць шырокія колы непасьвечанага грамадзтва з лёжамі вольных муляраў - ня выклікалі спачувальнага імпэту ў масонскай грамадзе.

Магчыма, погляд Шымкевіча на задачы i памкненьні праўдзівага масонства i меў рацыю, але Віленскія лёжы i сам "Вялікі Польскі Усход" бачылі гэтую справу ў іншым рэчышчы, процілеглым перакананьням Шымкевіча. I "Вялікі Усход", i астатнія лёжы схільныя был i разглядаць Шымкевіча ды ягоных сяброў хутчэй як здраднікаў агульнамасонскай справы. Наколькі вышэйшыя масонскія сфэры былі занепакосныя магчымасьцю прафанацыі масонскае таямніцы, відаць ужо з таго, што "Вялікі Усход" прызначыў спэцыяльнага дэлегата, Людовіка Плятэра, з даручэньнем разьвязаць інцыдэнт. Зрэшты, асаблівае патрэбы ў гэтым ужо не было. У канцы 1818 г. памёр натхняльнік рэфармацыі Шымкевіч, i справа ягоных задумаў заняпала. Яшчэ пры жыцьці Шымкевіча выказваліся меркаваньні пра магчымае ўзьяднаньне рэфарматараў з старымі лёжамі. Пасьля сьмерці ініцыятара рэформы ўзьяднаньне, як вынікае з ''Дойлідзкай кнігі" рэфармаванае лёжы, сталася, бадай, узаемнай мараю абодвух варожых бакоў. Меліся нават спробы стварыць пункты статуту, якія б замірылі абодва бакі шляхам узаемных саступак, але гэтая справа зацягнулася да таго моманту, калі польскае й літоўскае масонства транша над удар, ад якога вольных муляраў можа i абараніла б адзінадушна прынятая i добра выкладзеная рэформа, кшталту прапанаванае Шымкевічам.

1819 i 1820 гг. вызначыліся цэлым шэрагам рэформаў у асяродзьдзі польскага масонства. з прычыны складанасьцяў у падрабязным апісаньні рэфармацыйнага руху "Вялікага Польскага Усходу", мы абмяжуемся толькі пытаньнем дачыненьняў з гэтым рухам Віленскіх лёжаў.

Новая канстытуцыя "Вялікага Усходу", выдадзеная ў 1820 г., розьнілася ад канстытуцыі 1784 г. (паводле якой працавалі ўсе масоны) тым, што надавала ўсёй масонскай арганізацыі алігархічны характар, замест даўнейшага дэмакратычнага. Сэптэмвірат, уведзены на "Вялікім Усходзе" канстытуцыяй, у вялікай ступені зьмяншаў правы дэпутатаў правінцыйных i сымбалічных лёжаў. Гэта мусіла выклікаць непакой апошніх, i шмат хто зь ix, не марудзячы, прызнаўшы канстытуцыю 1820 г. незаконнаю, выракся яе.

Такія рашучыя захады масонаў мелі пад сабою даволі падставаў. Новая арганізацыя масонства перакручвала сталыя i трывалыя погляды й перакананьні.

Частка сымбалічных лёжаў адвярнулася ад рэфармаванага "Вялікага Польскага Усходу" i была вымушаная спыніць свае работы на няпэўны тэрмін.(...)

Віленскія лёжы рашуча адпрэчылі канстытуцыю, кіруючыся думкаю свайго прадстаўніка на "Вялікім Усходзе" - Карла Гофмана, які ў сваім лісьце да Віленскіх лёжаў ад 30 ліпеня 1821 г. назваў канстытуцыю "выразным доказам таго, да якое ступені розум чалавечы ў аблуду трапляе".

Што да астатніх лёжаў Літоўскае правінцыі, то напрамак іхнае дзейнасьці ў дачыненьні да рэформаў вызначыўся наступным чынам:

"Сьвятыня Спакою", "Пераможаныя Прымхі", "Вузел Лучнасьці", "Уладзіслаў Ягайла", "Гара Taбap" [17], "Сьвятыня Поўначы" прызналі канстытуцыю 1820 г. цалкам прымальнаю i далучыліся да "Вялікага Усходу".

Толькі дзьве лёжы - "Палямон" i "Сябар Людзкасьці" - ухіліліся ад рашучага выбару, мяркуючы, відаць, працаваць на стары капыл i спадзеючыся на той час, кал i "вышэйшыя" дасягнуць якой-кольвечы згоды. А чуткі пра магчымасьць такой згоды ўпарта цыркулявалі. Еднасьці польскага масонства пагражаў раскол.

Выглядала на тое, што меліся ўтварыцца два "Вялікія Усходы" i дзьве масонскія плыні рознага кшталту. Каб унікнуць падобных вартых жалю вынікаў, антыканстытуцыйныя лёжы, разам з камісіяй па выпрацоўцы новага статуту на "Вялікім Усходзе", падпісалі ІІІ артыкулаў кампрамісу паміж варожымі бакамі. Гэтым новым статутам кіраўнікі масонскага руху імкнуліся залагодзіць два супрацьлеглыя лягеры й вярнуць польскаму масонству даўнія гады ягонага росквіту, але бьыо ўжо запозна.

25 верасьня 1821 г. Вышэйшы Сход "Вялікага Усходу" атрымаў ад вялікага князя-намесьніка Канстанціна Паўлавіча наступны загад:

"Абставіны цяперашнія такога кшталту, што ўсялякі таемны сход можа ўзбудзіць падазрэньне нават i тады, кал i б зьбіраўся з найлепшых намераў. Дзеля гэтае прычыны мы запрашаем Вышэйшы Сход франкмасонаў у Польшчы спыніць работы, а таксама і загадаць спыніць работы ўсіх іншых лёжаў на няпэўны тэрмін.

Пасьля гэтага ўсе масонскія лёжы, якія б меліся існаваць у Варшаве пасьля 1-га, а ў правінцыях пасьля 15 кастрычніка бягучага году, будуць уважацца за парушальнікаў закону. Дадзена ў Варшаве, 25 верасьня 1821 г."

Наступствам гэтага загаду сталася тое, што ўсе масонскія лёжы, падначаленыя "Вялікаму Усходу", былі змушаныя да спыненьня работ. Найвышэйшым указам на імя графа Качубея ад 1 жніўня 1822 г., нарэшце, лёжы зачыняліся назаўжды, i калі загад вялікага князя-намесьніка i зьмяшчаў словы, якія дазвалялі спадзявацца на лепшыя часы, то 1 жніўня 1822 г. усе мары польскіх муляраў былі канчаткова перакрэсьленыя.

На гэтым закончылася гісторыя польскага i літоўскага масонства.

IV. Лёс масонскіх лёжаў у Вільні

Уважаючы на досыць цікавыя падрабязнасьці закрыцьця масонскіх лёжаў у Вільні, разгледзім іхны лёс пасьля пазначанага вышэй загаду намесьніка.

Да таго часу, як папярэджаныя праз дэпутата Гофмана наконт надыходзячага ліха Віленскія лёжы пасьпяшаліся спыніць работы, віленскі генэрал-губэрнатар Рымскі-Корсакаў атрымаў зьвесткі як пра нешчасьлівую "канстытуцыю", так i пра нечаканую разьвязку цьмянага пэрыяду рэформаў - у выглядзе закрыцьця Варшаўскіх лёжаў.

Сакрэтным цыркулярам на імя віленскага паліцмайстра Шлыкава Рымскі-Корсакаў даручыў апошняму сабраць найдакладнейшыя зьвесткі пра Віленскія лёжы i вышукаць адзін асобнік "канстытуцыі" дзеля азнаямленьня зь яе зьместам. Амаль адначасова з гэтым генэрал-губэрнатар даручыў віцэ-губэрнатару Горну зрабіць усе захады дзеля таго, каб лёжы муляраў у Вільні "існаваньня свайго ня мелі, i наперад як іхныя, гэтак i кожныя іншыя сакрэтныя сходы ні ўдзень, ні ўначы не дазваляць.

1. Усе масонскія лёжы ды іншыя таемныя суполкі закрыць i заснаваньня іхняга наперад не дазваляць.

2. Аб'явіўшы пра гэта сябрам лёжаў, абавязаць ix падпіскаю, узгаданаю ў Найвышэйшым Указе".

"Паводле гэтага цыркуляра, - пісаў Горн 28 жніўня 1822 г. Шлыкаву,- маючы зьвесткі, што ў падпарадкаваным Вам горадзе найбольш існавала лёжаў з наступнымі найменьнямі:

1. "Укаранаваная Трываласьць" - Яна Лібельта.

2. "Дасканалая Лучнасьць" - Mix. Ромэра.

3. "Руплівы Ліцьвін" - Жукоўскага, ад'юнкта Віленскага ўн-ту.

4. "Школа Сакрата" - Бесякерскага, засядацеля галоўн. суду.

5. "Добрага Пастыра" - прафэсара Гродка.

6. "Славянскага Арла" - Крамэра, дарадцы Скарбовае Палаты, я прашу Вашае Высакароддзе, зачыніўшы тыя лёжы... надалей заснаваньня гэткіх суполак не дапускаць."

Атрымаўшы цыркуляр ад Горна, Шлыкаў, не марудзячы, пісьмова зьвярнуўся да майстроў крэсла кожнае лёжы, паведамляючы ім пра закрыцьцё лёжаў i патрабуючы дакладных зьвестак пра колькасьць сяброў, месцы сходаў i да г. п.

Адказы майстроў Шлыкаву былі амаль тоесныя. Вось для прыкладу адказ лёжы "Славянскі Арол" :

"Гэтага дня я меў гонар атрымаць годны допіс Вашага Высакародзьдзя за № 935-м, якім, абвяшчаючы мне пра Найвышэйшую Яго Вялікасьці волю датычна закрыцьця масонскіх лёжаў i ўзяцьця зь ix сяброў падпіскі ў тым, што яны наперад аніякіх таемных суполак ладзіць ня будуць, маеце патрабаваць ад мяне зьвестак, у якім месцы быў сход лёжы "Славянскі Арол" над маім кіраўніцтвам, дзеля закрыцьця яе, і, па-другое, сьпісаў імёнаў усіх сяброў, што былі ў складзе тае лёжы. Сьпяшаюся паведаміць В. В. наконт першага пункту: лёжа "Славянскі Арол" над маім кіраўніцтвам мела сход свой на вуліцы Савіч, у флігелі дома Пана Правадзейнага Стацкага Саветніка Ромэра, разам зь іншымі існымі ў г. Вільні масонскімі лёжамі; i гэтая самая лёжа "Славянскага Арла" яшчэ ў кастрычніку месяцы 1821 г. мною зачыненая зусім i з азначанага часу ня толькі ў вышэйпададзеным доме, але i ў кожным іншым месцы паседжаньняў i сходаў ня мела; i наконт другога: усе справы тае лёжы i яе кнігі, зь якіх можна пабачыць увесь склад яе сяброў, уручаныя мною Пану Кіраўніку Віленскай губэрні Віцэ-губэрнатару i Кавалеру Торну, паводле ягонага запыту да мяне i да іншых кіраўнікоў лёжаў, на падставе Найвышэйшага Яго Імпэратарскай Вялікасьці загаду. Ня маючы надалей гатовага сьпісу сяброў лёжы "Славянскага Арла", мушу скласьці гэткі сьпіс з памяці, дзеля чаго маю патрэбу ў пэўным часе." (...)

Падобнага зьместу лісты дасылалі Шлыкаву i майстры іншых лёжаў. Паводле дасланых сьпісаў, складзеных з памяці, а таму i няпоўных, паліцмайстар склаў ведамасьць i пісаў Горну: "Лёжы існаваньне сваё цалкам спынілі. Запатрабаваўшы ад кіраўнікоў тых лёжаў пайменныя сьпісы сяброў зь ix складу, таксама i тых, хто зь ix застаўся ў горадзе, ад апошніх я паводле вызначанай формы ўзяў падпіскі лікам, лежы:

"Руплівы Ліцьвін" ... 64

"Школа Сакрат»" ... 34

"Добры Пастыр" ... 41

"Славянскі Арол" ... 15

"Руплівы Ліцьвін рэфармаваны" ... 11

а ўсяго 165"

Такім чынам, да канца 1822 г. Віленскія лёжы канчаткова спынілі сваё існаваньне.

Маецца яшчэ адзін цікавы момант з апошніх дзён жыцьця масонскіх лёжаў у Вільні. Прадчуваючы, з многіх сымптомаў, закрыцьцё лёжаў, "Вялікі Усход" загадзя мусіў паклапаціцца пра тую рухомую i нерухомую маёмасьць, што складала ўласнасьць масонскіх суполак. "Усход" зрабіў адпаведныя распараджэньні i нават вызначыў асобаў, якім было даручана апекавацца захаваньнем масонскае маёмасьці, але нечакана хуткі бег падзеяў разьвязаў справу іначай. Масонскія архівы, як мы бачылі з вышэйпададзенага ліста Крамэра да Шлыкава, былі сканфіскаваныя. Засталіся яшчэ масонскія дэкарацыі i рытуальныя рэчы. На ix, відаць па ўсім, забыліся.

Але Шлыкаў успомніў i пра гэта, i ў рапарце ад 4 красавіка 1823 г. на імя віленскага генэрал-губэрнатара пісаў, між іншым:

"Пасьля закрыцьця тут масонскіх лёжаў... вядома, належала зьнішчыць i ўсе знакі масонаў, але мой вывед паказвае, што ледзьве ня кожны з тых масонскіх сяброў захоўвае ўсе свае знакі пры сабе. А дэкарацыі самае лёжы з залі, дзе яны меліся быць перад тым, вывезеныя таемна двума з тых сяброў - аптэкарам Вагнэрам i сакратаром ляснога штату Андэрсанам - на захаваньне ў лютэранскуіо царкву, што на Нямецкай вуліцы, дзе цяпер i знаходзяцца..."

У адказ Рымскі-Корсакаў распарадзіўся: "...Зрабіць неадкладна вопіс усіх масонскіх дэкарацыяў... i за агульным подпісам падаць яго мне".(...)

Масонскія рэчы былі зьвезеныя зь лютэранскае кірхі на могілкі на Вялікай Пагулянцы i там спаленыя.(...)

Распараджэньне Вярхоўнага Сходу вольных муляраў не было выкананае, і клопаты пра захаваньне рэчаў i "дэкарацыяў" сталіся марнымі. Рэчы гэтыя былі зьнішчаныя, i ў 1823 г. шэсьць Віленскіх лёжаў спынілі сваё існаваньне нагэтулькі, што, паводле выразу генэрал-губэрнатара Рымскага-Корсакава, i "званьня іхнага не засталося".

Пераклад Аляксея КРУКОЎСКАГА.



[1] Skimborowicz. "Dzieje wolnomularstwa narodowego" (do roku 1806). Część 1. (частка II - не рукавалася).

[2] Ks.S.Zakski. "О Masonii w Polsce od roku 1742 do 1822". Kraków, 1889.

[3] Allgemeiner Handbuch der Freimaurerei. T. II., 591.

[4] Аддзел рукапісаў Віленскае Публічнае бібліятэкі. Шафа 11, № 4, кн. 3,37.

[5] У далейшым - Літоўскага падканцлера.

[6] Аддзел рукапісаў Віленскае Публічнае бібліятэкі. Шафа 11, №4, кн. 3,3.

[7] Вось сьпісы сяброў гэтых лёжаў у той чарговасьці, як яны разьмешчаныя ва ўзгаданым дакуманце 1781 г.:

"Дасканалая Лучнасьць": Дэпутат i Вялікі Майстра - Міхал, князь Агінскі; Майстра Крэсла - Мацьвей Жынеў, стараста беразьніцкі; 1-шы Паглядчык - Дамінік, граф Пржазьдзецкі, стараста менскі; 2-гі Наглядчык - Мікалай Рэнье, прафэсар анатоміі; Начальнік Абраду - Антоні Гадэн, лейтэнант артылерыі; Вялікі Сакратар i Захавальнік Пячаткі - Іосіф Гурко, шамбэлян Віцебскага ваяводзтва; Намесьнік - Н.Малесіе, гувэрнёр; Вялікі Скарбнік - Валянцін Гарэцкі, скарбнік Лідзкага ваяводзтва; Вялікі Прамоўца - абат Міхнеўскі; 1-шы Вялікі Судзьдзя - граф Александровіч, палкоўнік кавалерыі; 2-гі Вялікі Судзьдзя - Георгі Грабоўскі, палкоўнік 5-га палка; 3-ці Вялікі Судзьдзя - Мікалай, граф Мараўскі, палкоўнік каралеўскае службы; Вялікі Ялмужнік - Нікадзім, граф Пузына, канонік кіеўскі.

Сябры: А.Хрыстоф; Гарноўскі; Іосіф Кульвец - імпэрскі палкоўнік; Кладэль - ад'ютант князя Чарнышова; граф Кастэлі - капітан аўстрыйскіх войскаў; Жаба - лоўчы Полацкага ваяводзтва; Стравінскі; Карл Гадар - капітан рускае службы; Гуцэвіч - землямер; Генрык-Георг Д'Абры - гувэрнёр; Гарэнбэрг - маёр рускае службы; Станіслаў, граф Солтан - генэрал-маёр каралеўскаё службы; Гай - віленскі купец; Ілія Д'Алон; Гейнінг - барон; Верашчынскі - генэрал-ад'юнкт.

"Руплівы Ліцьвін": Майстра Крэсла - Мацьвей Жынеў, стараста беразьніцкі; 1-шы Наглядчык - граф Страшэвіч, маршал упіцкі; 2-гі Наглядчык - Стравінскі; Начальнік Абраду - Станіслаў, граф Солтан, генэрал-маёр; Сакратар - Шалюта; Скарбнік - Д'Абры, гувэрнёр у калегіі піяраў; Прамоўца - абат Міхнеўскі; Апякун Бедных - прафэсар Страйноўскі; 1-шы Сьцюарт - Заблоцкі; 2-гі Сьцюарт - Грабніцкі, надворны саветнік Я.І.В.; Страшны Брат - Тавенскі, наглядчык Віленскага замку.

"Добры Пастыр": Майстра Крэсла - Антон Гадэн; 1 -шы Наглядчык - граф Александровіч; 2-гі Наглядчык - Карл Гадар; Начальнік Абраду

Павал Грабоўскі; Сакратар -Малесіе; Прамоўца - абат Міхнеўскі; Скарбнік - Д'Абры; 1-шы Сьцюарт - Хрыст. Алендзкі; 2-гі Сьцюарт

Міхал, граф Бжастоўскі; Апякун Бедных - абат Яноўскі; Страшны _Брат - Гай, віленскі купец.

"Сьвятыня Мудрасьці": Майстра Крэсла - граф Пржазьдзецкі, стараста менскі; 1-шы Наглядчык - Рэнье; 2-гі Наглядчык - граф Ксав. Бжастоўскі; Начальнік Абраду - Іосіф Вэйсэнхоф, капітан каралеўскае службы; Сакратар.- Кронэман, маёр артылерыі; Скарбнік - Д'Абры; Прамоўца абат Міхнеўскі; 1-шы Сьцюарт - Бухавецкі; 2-гі Сьцюарт - Мацьвей, князь Радзівіл; Апякун Бедных - Аляхновіч, прафэсар тэалёгіі; Страшны Брат - Шарф, віленскі купец.

"Дасканалая Вернасьць": Вялікая Майстрыха - баранэса Фэрзэн, народжаная Радзівіл; Вялікая Наглядчыца - графіня Пржазьдзецкая, народж. княгіня Радзівіл; Страшная Сястра - графіня Солтан, народж. кн. Радзівіл.

Сябры: Пані Гадэн; Пані Малесіе; графіня Алендзкая, народж. Араноўская; графіня Мараўская, народж. кн. Радзівіл; панна гр. Мараўская (дачка); пані Гадар, народж. гр. Гаўфскірх; княгіня Радзівіл, народж. княгіня Турн дэ Таксіс; пані Міцкевіч; пані Заблоцкая, народж. Масані; пані Сялява; пані Кладэль; пані Іоч.

[8] Вылучылася са складу лёжы "Руплівы Ліцьвін" з мэтаю запачаткаваць новую школу рэфармаванага масонства.

[9] Гл. "Xięga Budownicza", аддзел рукапісаў Віленскае Публічнае бібліятэкі. Шафа 11, № 4, кн. 5.

[10] Рытуал пасьвячэньня ў кожную зь 7-мі ступеняў польскага масонства быў вельмі складаны, насычаны сымбалічнымі дыялёгамі i цырымоніямі, падрабязнае апісаньне якіх заняло б багата месца, а таму адсылаем цікаўнага чытача да ўзгаданае кнігі Заленскага, дзе ўвесь рытуал выкладзены вельмі падрабязна.

[11] Так, напрыклад, катэхізіс ступені майстра (ІІІ) складаўся з наступных пытаньняў i адказаў: Пыт. Ты масон? Адк. Так, я ведаю, што такое акацыя. П. Дзе быў прыняты майстрам? А. У сярэдняй зале. П. Як ты ўвайшоў туды? А. Па пакручастых сходах, па якіх ідуць праз 3, 5, 7. П. Што гэта значыць? А. Тры укладаюць лёжу, пяць яе складаюць, сем робяць яе дасканалаю. П. Што бачыў ты на ўваходзе у лёжу? А. Сьлёзы i папрокі. П. Што бачыў потым? А. Трупу нашага слаўнага майстра Хірама. П. Якія былі памеры трупы? А. 3 шырыні, 5 вышыні, 7 даўжыні. П. Які галоўны кляйнот майстроў? А. "Маляваная дошка". П. Чым працуюць майстры? А. Крэйдаю, вугалем i глінаю. П. Што гэта значыць? А. Шчырасьць, руплівасьць i лучнасьць. П. Як ты клічаш сына масона? А. "Lufton". П. Якія перавагі мае Lufton? А. Быць прынятым у таварыства масонаў перад іншымі, без увагі на грамадзянскія чыны. П. Што значаць дзевяць ліхтароў лёжы? А. Дзевяць майстроў, якія пайшлі на пошукі Хірама. П. Што рабілі майстры па сьмерці Хірама? А. Апранулі белыя пальчаткі на знак таго, што рукі ix чыстыя i не абмытыя ў крыві майстра. П. Якім шляхам ідуць майстры? А. 3 Усходу на Захад, каб абысьці ўсе часткі сьвету. П. Навошта? А. Каб пашырыць сьвятло. П. Колькі маеш гадоў? А. Сем гадоў i болей. П. Ці бачыў Вялікага Майстра? А. Так. П. Як ён быў апрануты? А. У блакіт з золатам. П. Дзе ў лёжы месьцяцца майстры? А. На поўдні. П. Чаму? А. Як сонца ў гэтым стане мае найбольшую моц, гэтак i майстры лёжы мусяць быць на поўдні, каб правіць i кіраваць працаю. (Гл. Zalęski. О Masonii w Polsce.)

[12] Так, напрыклад, у сьпісе лёжы "Руплівы Ліцьвін" за 1816 г. i 1818 г. знаходзяцца: Міхаіл Длускі - прэлат, архідыякан, кавалер Сьв. Ганны; Францішак Нарвойш - канонік віленскі, эмэрытурны прафэсар Віл. ун-ту; Нікадзім Пузына - князь, біскуп суфраган віленскае капітулы; Ян Дамброўскі - берасьцейскі канонік; Іосіф Багуслаўскі - віленскі канонік, эмэрытурны прафэсар Віл. ун-ту; Апанас Ігнатовіч - капэлян Галоўн. сэмінарыі; Сымон Паразінскі - віленскі канонік; Бойцах Знамяроўскі - катэдр. вілен. канонік; Ян Лясьнеўскі - рэгулярны ксёндз Галоўн. Сэмін.; Флярыян Баброўскі - ксёндз капэлян.

[13] Доктар мэдыцыны. Нарадзіўся ў 1775 г., памёр у 1818 г. Масонскае пасьвячэньне ўзяў у Парыжы ў 1809 г.

[14] Доктар мэдыцыны. Прафэсар Віл. ун-ту.

[15] Пісар адукацыйнае камісіі.

[16] Сябрамі гэтага канвэнту былі: у ступені Майстра - Антон Марціноўскі (рэдактар газэты "Кур'ер Літоўскі"), Робэрт Клячкоўскі, Ян Вольфганг, Казімер Контрым, Лявон Бароўскі (ад'юнкт ун-ту), Ігнат Юндзіл, Іосіф Сандэрс, Станіслаў Радзевіч; у ступені таварыша - Рамуальд Падбіпэнта, Ян Шантыр; у ступені вучня - Іосіф Карчэўскі.

[17] Дзьве апошнія лёжы працавалі ў Менску i ў склад пералічаных лёжаў не ўвайшлі, бо былі адчыненыя ў 1820 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX