Вярнуцца: Артыкулы

Мельнікаў І. Аспекты сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі 1861-1914 гг.


Аўтар: Мельнікаў Ігар,
Дадана: 24-04-2011,
Крыніца: Мельнікаў Ігар. Аспекты сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі перыяду капіталізму (1861 - 1914 гг.) // Беларусь на пути прогресса:инновационная экономика, управления, право: материалы XIV Междунар. науч.-практ. конф. Минск, 15-16 апреля 2010. Тезисы выступлений студентов. -Минск: Частн. ин-т упр. и предпр., 2011. - 240 с..



У ДАСЛЕДАВАННЯХ ПРАДСТАЎНІКОЎПОЛЬСКАГА ГІСТОРЫКА-ПАЛІТЫЧНАГА ЛАГЕРА «ПІЛСУДЧЫКАЎ» (1918 - 1939 гг.)

УДК 947.6

Галоўнымі цэнтрамі развіцця польскай гістарычнай навукі перыяду ІІ Рэчы Паспалітай былі навуковыя ўстановы, якія знаходзіліся пад значным уплывам дзяржаўнай ідэалогіі. Як адзначаў Я. Мірановіч, польскія гісторыкі часта павінны былі ахвяраваць гістарычнай аб'ектыўнасцю і рабіць акцэнты ў сваіх працах так, як гэтага патрабавала палітыка [1, с. 178]. Таму мэтазгодным падаецца вывучэнне польскай гістарыяграфіі сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі перыяду капіталізму ў міжваеннай Польшчы, менавіта ўлічваючы ўплыў палітычных лагераў і іх ідэалогіі на фарміраванне канцэпцый і поглядаў польскіх даследчыкаў.

Адным з такіх лагераў быў «пілсудчыкаўскі». Яго прадстаўнікі надавалі вялікае значэнне вайсковай гісторыі, а таксама гісторыі паўстанцкага руху. Заснавальнікамі гэтай плыні ў польскай гістарыяграфіі могуць лічыцца: В. Енджэевіч (аўтар двухтомнай біяграфіі Ю. Пілсудскага); В. Побуг-Маліноўскі (першы рэдактар дзесяцітомнай працы «Лісты-Прадмовы-Загады»). Гісторыкамі-пілсудчыкамі былі таксама М. Сакаль-ніцкі, С. Кутшэба, М. Хандэльсман.

Для гісторыкаў-пілсудчыкаў была характэрна ўсходняя арыентацыя, якая праяўлялася ў праслаўленні гісторыі Польшчы перыяду праўлення дынастыі Ягелонаў. Большасць даследчыкаў, прыхільнікаў гэтай арыентацыі, імкнуліся знайсці ў падзеях тых часоў матывы і факты, якія б абгрунтоўвалі імперскія амбіцыі ІІ Рэчы Паспалітай.

Яны шмат увагі надавалі вывучэнню гісторыі паўстання 1863 - 1864 гг. на тэрыторыі Беларусі, яго сацыяльна-эканамічных вынікаў, а таксама палітыкі рускай адміністрацыі ў беларускіх губернях Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі.

Адным з найбольш вядомых польскіх гісторыкаў, які вывучаў палітыку царскай адміністрацыі на беларускіх землях пасля паўстання 1863 - 1864 гг., быў Х. Масціцкі. У сваёй манаграфіі «Пад царскім скіпетрам» даследчык зрабіў аналіз таго, як функцыянаваў расійскі адміністрацыйны апарат на тэрыторыі заходніх губерняў імперыі. Гісторык аналізаваў карэспандэнцыю віленскага генерал-губернатара, якая датычылася вынікаў паўстання. У сваіх лістах М. Мураўёў дакладна і падрабязна апісваў дзеянні, накіраваныя на памяншэнне колькасці небяспечнага «польскага» элемента ў краі і аслабленне яго эканамічнай магутнасці [2, с. 155-159]. Разам з тым Х. Масціцкі прааналізаваў дакументы паўстанцаў, у якіх адлюстроўваліся як сам ход паўстання, так і яго вынікі для беларускіх губерняў. Падкрэсліваючы ролю польскай шляхты ў паўстанні, даследчык пагаджаўся і з тым, што беларускія паўстанцы на чале з К. Каліноўскім адыгралі ў ім таксама значную ролю [2, с. 133].

Аналізуючы вялікую колькасць расійскіх урадавых дакументаў, Х. Масціцкі зазначаў, што рэпрэсіі царскіх улад супраць дваранства адмоўна паўплывалі на развіццё сельскай гаспадаркі Беларусі. Па меркаванні даследчыка, новы перадзел зямельнай маёмасці не спрыяў развіццю капіталістычных пераўтварэнняў у гэтай сферы [3, с. 38]. Дарэчы, падобную думку выказвалі і іншыя згаданыя вышэй гісторыкі. Напрыклад, на думку Я. Качкоўскага, барацьба з польскасцю на тэрыторыі Беларусі аказала вельмі негатыўны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае жыццё краіны. Аўтар канцэнтраваў увагу на апісанні становішча буйной зямельнай уласнасці і амаль зусім не аналізаваў становішча сярэдняй і дробнай зямельнай уласнасці. Даследчык адзначаў, што напрыканцы XIX ст. адбываецца працэс павелічэння сялянскай зямельнай уласнасці за кошт памяншэння буйной [4, с. 94]. У перыяд з 1862 па 1902 г. сялянская зямельная ўласнасць узрасла на 58%, а ў некаторых губернях краю - на 118% [5, с. 115]. З апошнім пагаджаўся і Я. Івашкевіч. Па яго меркаванні, антыпольская палітыка расійскага ўрада замаруджвала мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі Паўночна-Заходняга краю. Дваранства не толькі было галоўным рухавіком эканамічнага развіцця згаданага рэгіёну, але і спрыяла развіццю адукацыі і культуры на гэтых тэрыторыях [6, с. 12].

Прафесар Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні В. Станевіч падкрэсліваў, што капіталістычныя рэформы другой паловы ХІХ ст. аказалі значны ўплыў на развіццё сялянскай гаспадаркі, аднак падзеі паўстання 1863 - 1864 гг. наклалі свой адбітак на рэалізацыю рэформ. Па меркаванні В. Станевіча праявілася гэта ў тым, што царскі ўрад адхіліў мясцовае дваранства ад працэсу абмеркавання і ажыццяўлення буржуазных новаўвядзенняў у беларуска-літоўскім краі [7, с. 35]. Гісторык падкрэсліваў, што рэформы насілі палавінчаты характар, што праяўлялася ў вялікіх па памерах выкупных плацяжах, якія павінны былі выплачваць «свабодныя» сяляне [7, с. 40].

На думку Ч. Згажэльскага, беларускае сялянства зусім не падтрымлівала паўстанне [8, с. 5]. Падобны пункт гледжання выказвала і беларуская даследчыца С. Байкова (Самбук). Яна адзначала, што сяляне Беларусі ва ўсіх рэгіёнах, улічваючы нават паветы Гродзенскай губерні, не прымалі актыўнага ўдзелу ў паўстанні 1863 - 1864 гг. Звязана гэта было са слабай агітацыйна-прапагандысцкай дзейнасцю кіраўнікоў паўстання ў беларускай вёсцы [9, с. 429]. Акрамя гэтага, С. Байкова падкрэслівае, што аграрная праграма паўстанцаў мела палавінчаты і супярэчлівы характар, на што аказвалі ўплыў рэлігійны і саслоўны фактары [9, с. 431]. Урэшце, немагчыма абмінуць і палітыку царскіх улад, якія імкнуліся супакоіць беларускую вёску і не даць кіраўнікам паўстання перацягнуць сялян на свой бок. Менавіта дзеля гэтага быў выдадзены ўказ ад 1 сакавіка 1863 г. аб пераводзе сялян на абавязковы выкуп і зніжэнне выкупных плацяжоў на 20%, які, па меркаванні беларускай даследчыцы, затрымаў развіццё паўстанцкага руху ў беларускай вёсцы [10, с. 56].

Беларускі літаратуразнаўца і гісторык А. Мальдзіс сцвярджаў, што паўстанне 1863 - 1864 гг. мела як агульныя рысы, уласцівыя для ўсіх бела-рускіх, польскіх і літоўскіх зямель, так і рэгіянальныя адметнасці, выкліканыя сацыяльнымі, этнічнымі, рэлігійнымі і культурнымі асаблівасцямі. Адзін характар мелі дзеянні паўстанцаў на заходняй часты беларускіх зямель, дзе сяляне заставаліся католікамі і пасля заклікаў з амбонаў ішлі ў атрады, другі - на цэнтральнай Міншчыне, дзе пераважала праваслаўе, але яшчэ жыла памяць пра ўніяцтва, і трэці - на Віцебшчыне і Магілёўшчыне, якія на 20 гадоў раней за «гістарычную Літву» ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі [11, с. 8].

Шмат увагі гісторыкі-пілсудчыкі надавалі вывучэнню гаспадарчай гісторыі Польшчы ў цэлым і яе ўсходніх рэгіёнаў у прыватнасці. Даследаваўся таксама дэмаграфічны стан беларускіх губерняў Паўночна-Заходняга краю. Рабілася гэта дзеля таго, каб даведацца аб складзе насельніцтва «ўсходніх крэсаў» міжваеннай Польшчы і ў перспектыве палегчыць каланізацыю гэтай тэрыторыі. У працэсе такога роду гісторыка-дэмаграфічных даследаванняў вывучаліся і аспекты сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі перыяду капіталізму.

У сваёй фундаментальнай працы «Беларусь у лічбах і фактах» Э. Малішэўскі аналізаваў сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў межах 5 беларускіх губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай. На думку дэмографа, вынікі перапісаў насельніцтва, якія праводзіліся перад Першай сусветнай вайной, былі не зусім карэктнымі. Аўтар крытыкаваў перапіс насельніцтва 1897 г. і пазначаў, што дзякуючы ўвядзенню расійскай адміністрацыяй катэгорыі «беларус-католік» была паменшана лічба палякаў [12, с. 11].

На наш погляд, гэты гісторык перабольшваў ролю польскасці і палякаў у Беларусі.

Шмат увагі Э. Малішэўскі надаваў аналізу нацыянальнага складу беларускіх губерняў у другой палове XIX - пачатку XX ст. У манаграфіі «Польскае насельніцтва ў Літве» аўтар зноў прадставіў гісторыю з'яўлення палякаў у Беларусі. Галоўнай высновай Э. Малішэўскага было тое, што менавіта палякі аказвалі рашучы ўплыў на сацыяльна-эканамічнае жыццё Беларусі ў другой палове ХІХ ст. [13, с. 15]. Праяўлялася гэта, па мер-каванні дэмографа, у актыўным удзеле шляхты беларускіх губерняў у грамадска-палітычным і эканамічным жыцці Расійскай імперыі ўвогуле і яе заходніх ускраін у прыватнасці.

Аналізу развіцця сельскай гаспадаркі ў беларускіх губернях Расійскай імперыі прысвяціў сваё даследаванне З. Людкевіч. Ён небеспадстаўна адзначаў, што Беларусь збірала менш збожжа, чым выкарыстоўвала [14, с. 8]. Пацвярджэнне гэтаму мы знаходзім у беларускім даследаванні «Экономика Белоруссии в эпоху империализма». Па звестках за 1900 г., вываз хлеба і хлебных грузаў з Беларусі (без уліку збыту на ўнутраным рынку краіны) складаў 6148 тыс. пудоў, а прывоз - 13 241 тыс. пудоў [15, с. 139]. Варта падкрэсліць, што значны ўплыў на павелічэнне закупкі хлеба аказвала канцэнтрацыя войскаў на тэрыторыі краіны. Толькі ў Гродзенскай губерні ў 1897 г. знаходзілася 57 тыс. салдат і афіцэраў. Ва ўсіх жа пяці беларускіх губернях - 128 тыс. салдат і афіцэраў рускай імператарскай арміі [15, с. 145]. У сваю чаргу, міністр сельскай гаспадаркі, публіцыст Северын Людкевіч, брат вышэйузгаданага З. Людкевіча, падкрэсліваў, што памылкай царскіх улад было тое, што яны не імкнуліся надзяліць сялян большымі зямельнымі надзеламі, у той час як у руках дваранства знаходзілася значная колькасць зямельных надзелаў, якія не выкарыстоўваліся [16, с. 67].

К. Кульвец, аналізуючы эканамічны стан палескага рэгіёну, падкрэсліваў, што расійская адміністрацыя Паўночна-Заходняга краю зрабіла памылку ў тым, што не праводзіла мерапрыемстваў па меліярацыі Палесся. Такія работы, па меркаванні публіцыста, маглі б паспрыяць павелічэнню колькасці ральнічай зямлі. У 1878 г. спрабавалі правесці меліярацыйныя работы, аднак гэты адзіны выпадак не змог паўплываць на паляпшэнне агульнага стану сельскай гаспадаркі беларускага Палесся [17, с. 22].

У сваю чаргу В. Шмідт прааналізаваў палітыку расійскіх улад, накіраваную на ліквідацыю эканамічнай незалежнасці шляхты - асноўнай сілы паўстання і вальнадумства ў Беларусі і Літве. Па меркаванні польскага даследчыка, уся расійская палітыка была скіравана на ліквідацыю польскай і каталіцкай шляхты і землеўласнікаў. Ён адзначаў, што ініцыятыва ў справе ўтварэння расійскай прыватнай уласнасці на беларуска-літоўскіх землях зыходзіла з цэнтра імперыі, у рэдкіх выпадках - з мясцовых органаў [18, с. 37].

Адзін з вядомых тагачасных дзеячаў руху «пілсудчыкаў» Т.Галаўко таксама звяртаў увагу на даследаванне гісторыі шляхты Беларусі. У брашуры «Землеўласнікі» даследчык асвятліў сацыяльна-эканамічную дзейнасць шляхты Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Асобна ён вызначаў ролю дваранства ў паўстанні 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве. На думку Т. Галаўко, адмоўным фактарам было тое, што і да ўзброенага выступлення і падчас яго не адбылося ідэйнага ўз'яднання шляхты і сялянства [19, с. 12]. Акрамя гэтага, нельга забывацца, што значная колькасць прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі і так званых «абуджальнікаў» беларускага народа, такіх, як Ф. Багушэвіч, В. Дунін-Марцінкевіч, К. Каганец (Кастравіцкі) і іншыя, выйшлі са шляхецкага саслоўя.

У манаграфіі «Нацыянальнае пытанне ў Польшчы» Т. Галаўко акрамя іншых тэм звярнуўся да аналізу нацыянальнага складу тэрыторый «гістарычнай Літвы». Аўтар падкрэсліваў, што галоўнымі асаблівасцямі літоўска-беларускіх зямель былі іх шматнацыянальнасць і нацыянальная талерантнасць, якая паходзіла з часоў Вялікага Княства Літоўскага [20, с. 33].

Такім чынам, варта зазначыць, што прадстаўнікі гісторыка-палітычнага лагера «пілсудчыкаў» удзялілі шмат увагі даследаванню гісторыі паўстання 1863 - 1864 гг. на тэрыторыі Беларусі, аналізавалі расійскую палітыку, накіраваную на памяншэнне польскага і каталіцкага землеўладання ў рэгіёне пасля падаўлення паўстання, а таксама спрабавалі абгрунтаваць ідэю аб тым, што менавіта дваранства польскага паходжання адыгрывала вырашальную ролю ў эканамічным жыцці беларускіх губерняў Паўночна-Заходняга краю напрыканцы ХІХ - пачатку ХХ ст.


Літаратура

1. Mironowicz, E. Białoruska mniejszość narodowa w II Rzeczypospolitej w historiografii polskiej / E. Mironowicz // Białorus. Zeszyty Hist. - 1995. - № 2. - S. 176-180.

2. Mościcki, H. Pod berlem carów / H. Mościcki. - Warszawa: Bibl. Polska, 1924. - 294 s.

3. Mościcki, H. Wysiedlenie szlachty na Litwie i Rusi przez rząd rosyjski / H. Mościcki // Wschód Polski. - 1921. - № 1/3. - S. 34-42.

4. Kaczkowski, J. Konfiskaty na ziemiach polskich pod zaborem rosyjskim po powstaniach roku 1831 i 1863 / J. Kaczkowski. - Warszawa: Gebethnera. Wolf, 1918. - 388 s.

5. Самбук, С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века / С.М. Самбук; Акад. наук БССР, Ин-т истории; ред. В.П. Панютич. - Минск: Наука и техника, 1980. - 224 с.

6. Iwaszkiewicz, J. Wykaz dóbr ziemskich skonfiskowanych przez rządy zaborcze w latach 1773-1867 / J. Iwaszkiewicz. - Warszawa: Wydawn. Rady Nacz. Org. Ziemiańskich z okazji Powszechnej Wyst. Krajowej w Poznaniu, 1929. - 53 s.

7. Staniewicz, W. Matujży Bołondziszki. Wieś powiatu lidzkiego/ W.Staniewicz. - Wilno: Gebethner i Wolff, 1923. - 139 s.

8. Zgorzelski, Cz. Powstanie styczniowe na terenie wojewodztwa Nowogrodzkiego / Cz. Zgorzelski. - Wilno: Nakl. Dz. Urzedowego Kuratorjum Okr. Szk. Wileńskiego, 1934. - 22 s.

9. Байкова, С.М. К вопросу об участии крестьян Белоруссии в восстании 1863 г. / С.М. Байкова // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы / Акад. наук СССР, Акад. наук Литов. ССР; редкол.: В.К. Яцунский (отв. ред.) [и др.]. - Рига, 1963. - С. 422-434.

10. Байкова, С.М. Аграрный вопрос в восстании 1863 г. в Белоруссии / С.М. Байкова // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы / Акад. наук СССР, Акад. наук Литов. ССР; редкол.: В.К. Яцунский (отв. ред.) [и др.]. - Рига, 1963. - С. 45-60.

11. Мальдзіс, А. Мінчане - удзельнікі паўстання 1863-1864 гг. / А. Мальдзіс // Знакамітыя мінчане: матэрыялы Беларус.-Пол. навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2004 г. / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; рэдкал.: А. Вялікі, З. Вінніцкі (навук. рэд.) [і інш.]. - Мінск: Вроцлаў, 2005. - С. 5-17.

12. Maliszewski, E. Białoruś w cyfrach i faktach / E. Maliszewski. - Piotrków: Wiadom. Polskich, 1918. - 39 s.

13. Maliszewski, E. Żywiol polski na Litwie / E. Maliszewski. - Warszawa: skł. gł. Księg. M. Arcta, 1918. - 16 s.

14. Ludkiewicz, Z. Wytyczne reformy agrarnej na Białej Rusi / Z. Ludkiewicz. - Warszawa: Straży Kresowej, 1920. - 39 s.

15. Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900-1917 гг. / М.Г. Матусевич [и др.]; под ред. Г.Т. Ковалевского и др.; Ин-т экономики. - Минск: Изд-во Акад. наук БССР, 1963. - 422 с.

16. Ludkiewicz, S. W sprawie reformy rolnej na polskiej Litwie i Białej Rusi / S.Ludkiewicz // Wschód Polski. - 1920. - № 8-9. - S. 66 - 69.

17. Kulwieć, K. Polesie /K. Kulwieć // Wschód Polski. - 1920. - № 4. - S. 19-24.

18. Schmidt, W. Geneza prywatnej rosyjskiej własnosci ziemskiej w b. Gubernijach Wilenskiej, Grodzienskiej i Minskiej 1793-1875 / W. Schmidt ; Glowny Urzad Statystyczny. - Warszawa: [s. n.], 1923. - 104 s.

19. Hołówko, T. Ziemianie / T. Hołówko. - Warszawa: PPS, 1919. - 39 s.

20. Hołówko, T. Kwestia narodowościowa w Polsce / T. Hołówko. - Warszawa: Księg. Robotnicza, 1922. - 71 s.

Ігар Мельнікаў, магістр палiталагiчных навук,
Варшаўскi ўніверсітэт

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX