Вярнуцца: Артыкулы

Мельнікаў І. Гісторыя страхавой і крэдытна-фінансавай дзейнасці Мінскага сельскагаспадарага таварыства


Аўтар: Мельнікаў Ігар,
Дадана: 26-06-2011,
Крыніца: Мельнікаў Ігар. Гісторыя страхавой і крэдытна-фінансавай дзейнасці Мінскага сельскагаспадарага таварыства ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст.// Банкаўскі веснік, чэрвень 2011. С. 67–69.



У другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст. ў беларускіх губернях Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі склаліся спрыяльныя ўмовы для сацыяльна-палітычнай і эканамічнай дзейнасці дваранства Беларусі. Паражэнне паўстання 1863-1864 гг. і эканамічная мадэрнізацыя эканомікі Расійскай імперыі, выкліканае бужуазнымі рэформамі 60-х гг. ХІХ ст. сфарміравалі сярод беларускай шляхты ўпэўненасць ў неабходнасці мірнага, арганічнага супрацоўніцтва з дзяржаўнай адміністарцыяй Расійскай імперыі.

Адной з найбольш паспяховых праяў дзейнасці вышэйшых слаёў грамадства тагачаснай Беларусі было стварэнне і дзейнасць сельскагаспадарчых таварыстваў. Пачыналіся яны як "адміністратыўны праект" адпаведных царскіх чыноўнікаў, Але з цягам часу, сталі галоўнымі грамадска-эканамічнымі ўстановамі ў беларуска-літоўскіх губернях. Больш таго, у рамках гэтых арганізацый ствараліся паспяховыя крэдытна-фінансавыя і страхавыя арганізацыі. Трэба аднак канстатаваць, што гісторыя дзейнасці сельскагаспадарчых таварыстваў увогуле і створаных імі дапаможных арганізацый слаба вывучана ў айчыннай гістарыяграфіі. Іншая сітуацыя склалася ў польскай гістарыяграфіі, дзе, напрыклад, гісторыі Мінскага сельскагаспадарчага таварыства прысвечана даволі значная колькасць гістарычных даследаванняў [1]. Нажаль, на наш пункт гледжання, не дастаткова глыбока вывучана і гісторыя дзейнасці фінансавых і страхавых арганізацый, створаных пры сельскагаспадарчых таварыствах. Дадзены артыкул прысвечаны аналізу гісторыі дзейнасці менавіта такога роду дапаможных арганізацый, якія працавалі ў рамках Мінскага сельскагаспадарчага таварыства (далей - МСТ).

Трэба падкрэсліць, што ідэя стварэння МСТ належала "піянеру рускай культуры на Міншчыне" міністру ўнутраных спраў Льву Макаву [2, с. 39]. У 1876 г. быў зацверджаны статут гэтай арганізацыі. Аднак стаўка на тое, што галоўную ролю ў гэтых арганізацыях будуць адыгрываць рускія дваране, не апраўдалася. Менавіта мясцовая беларуска-польская шляхта стала галоўным рухавіком эканамічнага жыцця гэтага рэгіёну. Адміністрацыя таварыства імкнулася мадэрнізаваць шляхецкую сельскую гаспадарку на тэрыторыі Мінскай губерні. Ствараліся склады сельскагаспадарчых машын, угнаенняў. На тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі знаходзілася значная колькасць рускіх войскаў. Гэты фактар добра выкарыстала кіраўніцтва МСТ. Паспяховыя перамовы з вайсковым кіраўніцтвам прывялі да заключэння дамовы на пастаўку збожжа, мукі і кашы для вайсковай інтэндэнтуры. Напрыклад, у 1889 г. МСТ атрымаў заказ на пастаўку 300 тыс. тонн збожжа для войска [3, с.714]. Мінскія памешчыкі былі манапалістамі і ў пастаўке мяса і мясной прадукцыі ў войска [3, с. 715].

Аднак тагачасныя мінскія прадпрымальнікі з асяроддзя землеўласнікаў разумелі, што дзеля таго каб забяспечыць паспяховую эканамічную дзейнасць, трэба стварыць эфектыўныя страхавыя і крэдытныя арганізацыі. Так, 8 лютага 1890 г. адміністрацыя МСТ заключыла дамову з Пецярбургскім Паўночным страхавым таварыствам, па якім мінчане атрымалі права, гаворачы сучаснай мовай, стварыць акцыянерную дачэрнюю кампанію і прадстаўляць інтарэсы пецярбуржцаў на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю[4, с. 234]. Па дамове, якую падпісалі з боку МСТ граф Караль Чапскі і Аттон Богдашэўскі, а з боку Пецярбургскага Паўночнага страхавога таварыства П.Марозаў, мінчане атрымаліа права ў якасці дівідэндаў атрымліваць 10% ад усёй суммы заключаных страхавых дагавораў [5, с. 86]. Акрамя гэтага, прадстаўнікі Паўночна-Заходняга краю атрымалі магчымасць плаціць на 25% меньш за страхаванне гаспадарчых пабудоў і на 15% меньш пры страхаванні фабрычнай вытворчасці, кошт якой быў вышэй за 30 тыс. рублёў [6, с. 199]. Была створана сетка страхавых агентаў (па два на кожны павет шасці заходніх губерняў). Пасля атрымання ў 1892 г. згоды ад улад былі створаны пасады ганаровых страхавых куратараў, якія павінны былі кантраляваць страхавую дзейнасць агентаў [6, с. 201].

Дзякуючы актыўнай і паспяховай дзейнасці адміністрацыі МСТ 17 лютага 1900 г. было створана Мінскае таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання. Яно ў асноўным страхавала ад пагрозы пажару. Розніца паміж акцыянерным таварыствам і таварыствам ўзаемнага страхавання была ў тым, што калі першае мела пастаянныя страхавыя стаўкі, то стаўкі другога маглі варіравацца ў залежнасці ад страхавога выпадку. Дарэчы, тыя землеўласнікі, якія страхаваліся ў Мінскім таварыстве ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання, мелі магчымасць атрымліваць дывідэнды ў перыяды, калі колькасць пажараў не была вялікай[7]. Акрамя гэтага, кожны дваранін, які застрахаваў ў таварыстве ўзаемнага страхавання сваю маёмасць на сумму больш чым 3 тыс. рублёў, аўтаматычна атрымліваў права на ўдзел у агульных сходах таварыства[8] .

На працягу усяго толькі аднаго года Мінскаму таварыству ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання ўдалося сабраць капітал у 60 тыс. рублёў [4, с. 236]. Старшынёй праўлення гэтай мінскай арганізацыі стаў землеўласнік з навагрудскага павета Вітольд Лопот, а старшынёй Назіральнага савету стаў знакаміты Эдвард Вайніловіч.

Безумоўна найбольш значнай праблемай для дзейнасці гэтай установы стала абмежаванне тэрыторыі яе дзейнасці. Так, Мінскаму таварыству ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання было забаронена распаўсюджваць сваю дзейнасць на багатыя Валынскую, Падольскую і Кіеўскую губерні. Праблемы былі таксама і ў адносінах з землеўласнікамі на Ковеншчыне, якія за сваё уступленне ў страхавое таварыства жадалі атрымання 30 % скідкі на страхавыя паслугі [9]. Дарэчы, гэтае патрабаванне Эдварду Вайніловічу ў Мінску перадалі не хто іншыя, як будучы Прэм'ер-міністр Расіі Петр Сталыпін і беларускі шляхціч Александр Мейштовіч. Дамовіцца не ўдалося і ковенскім землеўласнікам ў 1902 г. прыйшлося ствараць асабістую страхавую арганізацыю.

Трэба падкрэсліць, што на пачатку ХХ ст. Мінскае таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання развівалася вельмі хутка. У 1903 г. членамі таварыства былі 1 965 землеўласніка [10, с. 8]. Агульная сума страхавых аперацый склала больш за 23,5 млн. рублёў[6, с. 214]. Найбольшая колькасць страхавых здзелак было ў Мінскай і Гродзенскай губернях.

Дарэчы, паспяховая дзейнасць канкурэнтаў прымусіла ў 1903 г. Мінскае акцыянернае страхавое таварыства панізіць на 25 % страхавыя тарыфы. У сваю чаргу Мінскае таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання ў перыяд з 1904 па 1909 г. без вялікіх цяжкасцяў выплаціла дывідэнды сваім кліентам. Аб узроўні развіцця арганізацыі сведчыць параўнальная лічба полісаў і страхавых сумм. Калі ў 1901 г. было выдана 3 068 полісаў на агульную сумму 13 995 123 рублі, то ў 1911 г. было выдана 11 224 полісы на сумму 53 380 775 руб [6, с. 218].

Іншым праектам МСТ была, нажаль, не да канца рэалізаваны праект стварэння Таварыства ўзаемнага пазямельнага крэдыту. У 1890-х гадах крэдытная кааперацыя ў Расійскай імперыі знаходзілася не ў лепшым стане. Прычыны гэтага крыліся ў захаванні прыгону, нізкім узроўні таварна-грашовых адносін, адсутнасці сумленнага заканадаўства ў крэдытнай сферы. У 1885 г. урадам на чале з Сяргеем Віттэ было прынята "Палажэнне аб ўстанаўленні мелкага крэдыта". Яно ўводзіла новыя фінансавыя ўстановы - крэдытныя таварыствы. Мінскія землеўласнікі даўно чакалі змяненняў у крэдытна-фінансавай сферы. Звязана гэта было з іх незадаволеннасцю працай земскіх банкаў. Яны актыўна выступалі супраць дыскрымінацыі дварансва Паўночна-Заходняга краю з боку царскай адміністрацыі. Напрыклад на лютаўскім з'ездзе МСТ у 1893 г. Яўген Кавалеўскі падкрэсліваў, што ў Віленскім земскім банку ўмовы атрымання крэдыту былі зусім не выгаднымі для дваран [12].

На гэтым з'ездзе дарэчы была абрана спецыяльная камісія на чале з графам В Татішчавым, якая павінна была правесці перамовы з кіраўніцтвам Віленскага Земскага банка. Члены камісіі падкрэслівалі, што пры існуючай крэдытнай сістэме немагчыма гаварыць аб эканамічным развіцці беларуска-літоўскіх губерняў. Камісія патрабавала ад банка знізіць сумы аплат за выдзяленне крэдыту, а таксама, штрафаў за пратэрміноўку выплат працэнтаў па крэдытам[13, с. 14]. Аднак Віленскі земскі банк адхіліў патрабаванні.

Мінскія дваране пачынаюць кампанію ў пецярбурскай прэссе. Галоўным лейтматывам стала ідэя аб неабходнасці стварэння крэдытных таварыстваў. Граф В.Татішчаў і Э.Вайніловіч трапляюь на прыём да міністра С.Віттэ і той абяцае ім падтрымку. На гэту "актыўнасць" з боку шляхты рэагуюць і апаненты. Прадстаўнікі Віленскага земскага банку на старонках газет спрабуюць абвергнуць тэзісы беларускіх дваран аб тым, што ўмовы крэдытавання ў банку не выгадныя для мясцовай шляхты. Вынікі гэтай "бойкі" былі на карысць шляхты: Міністэрства фінансаў Расійскай імперыі дазволіла банкам выдзяляць крэдыты дваранам на больш спрыяльных умовах.

На пачатку 1899 г. вялікая дэлегацыя прадстаўнікоў Мінскага і Росенскага сельскагаспадарчых таварыстваў, а таксама прадстаўнікоў сельскагаспадарчых сіндыкатаў з Гродна і Кобрына выязжаюць да міністра фінансаў у Пецярбург. Вынікам гэтага візіту была дамова аб зніжэнні земскімі банкамі сумы выплат за пратэрміноўку выплат па крэдытах [14, с. 73].

На гэтым аднак не заканчваюцца спробы стварэнне мінскімі землеўласнікамі таварыства ўзаемнага крэдытавання. Адміністрацыя МСТ спрабуе рэалізаваць праект па стварэнню Паўночна-Заходняга сельскагаспадарчага таварыства ўзаемнага кароткатэрміновага крэдыту. Амбіцыёзная ідэя не была рэалізавана таму, што не выклікала падтрымкі з боку прадстаўнікоў Віленскага і Ковенскага сельскагаспадарчых таварыстваў. Звязана гэта было з тым, што мінчане прапанавалі стварэнне таварыства, якое б было заснавана на выкупе векселя, прадстаўленнага землеўласнікам, а не на доўгатэрміновым крэдыце, аснованым на закладзе зямельнай маёмасці. Да таго ж такога рода крэдытныя ўстановы ўжо дзейнічалі ў Шаўляі і Панявежу [15, с. 12]. Акрамя гэтага землеўласнікі з Ковенскага сельскагаспадарчага таварыства памяталі "справу Мінскага таварыства ўзаемнага страхавання" і спрабавалі за яе "адпомсціць" МСТ.

Член Віленскага Сельскагаспадарчага таварыства Ваўжынец Путкамер ў адной з прадмоў падкрэсліваў, што землеўласнікі з іншых губерняў, не з'яўляючыся членамі МСТ, але ўваходзячы ў Мінскае таварыства ўзаемнага страхавання, знаходзіліся ў значна горшым становішчы, чым іх калегі з Мінска [16, с. 5-6].

У 1903 г. МСТ прапануе новы праект - Самастойнае таварыства доўгатэрміновага крэдыту. Дзейнасць таварыства, па планах землеўласнікаў, павінна было ахопліваць усе шесць губерняў Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. Э. Вайніловіч ў ва ўспамінах пісаў, што працы па стварэнню новай арганізацыі ішлі вельмі паспяхова і вось калі засталося толькі атрымаць подпіс Міністра фінансаў С.Віттэ справа завяршылася фіяска[2, с. 122]. Расійская імперыя рыхтавалася да вайны з Японіяй і мінскім землеўласнікам было заяўлена, што справа самастойнага таварыства доўгатэрміновага крэдыту павінна быць адкладзена да лепшых часоў.

Палітычныя змяненні наступных гадоў: Першая Расійская рэвалюцыя, выбары ў Дзяржаўную Думу паўплывалі на дзейнасць МСН. Мінскія землеўласнікі сканцэнтравалі сваю ўвагу на пытаннях палітычнага кшталту, а эканамічныя аспекты паступова адыходзілі на другі план.

Такім чынам, можна падкрэсліць, што дзейнасць мінскіх дваран ў напрамку стварэння крэдытна-фінансавых і страхавых арганізацый у значнай ступені спрыялі мадэрнізацыі эканомікі беларуска-літоўскага краю ўвогуле і Мінскай губерні ў прыватнасці. Безумоўна палітычная сітуацыя, якая склалася ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі пасля паўстання 1863-1864 гг., накладала свой адбітак на дзейнасць дваранства, якое спрабавала захаваць свае пазіцыі ў рэгіёне. Але з цягам часу канкурэнцыя паміж расійскай адміністрацыяй і беларускай шляхтай змянілася супрацоўніцтвам і "працай ад пачаткаў" [17]. Ідэі Варшаўскага і Літоўскага пазітывізму, якімі карысталася дваранства Беларусі, пачалі прыносіць канкрэтныя станоўчыя для Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі вынікі.


Літаратура:

1. Мельнікаў, І. Польская гістарыяграфія дзейнасці Мінскага Сельскагаспадарчага таварыства / І. Мельнікаў // Знакамітыя мінчане : матэрыялы Беларус.-Пол. навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2004 г. / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; рэдкал.: А. Вялікі, З. Вінніцкі (навук. рэд.) [і інш.]. - Мінск ; Вроцлаў, 2005. - С. 108-115.

2. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia 1847-1928/ E. Woyniłłowicz. - Wilno, 1931.- Ч.1.-С.168.

3. Jurkowski, R. Praca organiczna, czy tylko trwanie? Przyczynek do dziejów towarzystw rolniczych i organizacji gospodarczo-społecznych ziemiaństwa polskiego na kresach Północno-Wschodnich w latach 1876-1904 / R. Jurkowski // Przegląd Wsch. - 2000. - R. 6, z. 4. - S. 693-737.

4. Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864-1904: działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. - Warszawa : Przegląd Wsch., 2001. - 603 s.

5. Żabko-Potapowicz, A. Stulecie działalności ziemiaństwa polskiego, 1814-1914 / A. Żabko-Potapowicz. - Warszawa : Rada Nacz. Org. Ziemiańskich, 1929. - 143 s.

6. Życka, L. Działalność popowstaniowa Polakow na ziemi Mińskiej: materiały i wspomnienia / L. Życka, M. Łęska. - Warszawa : Koło Przyjaciół Uchodźców z Mińszczyzny, 1939. - 312 s.

7. S.H. (Stanisław Hłasko). Nowa instytucja ubezpieczeń // Kraj. - №18.- 5.05.1900.

8. Ustawa Mińskiego Tow. Wzajemnych Ubiezpieczeń Rolnych // Kraj.- № 20.-18.05.1900.

9. Okolo rolnictwa. Ankieta "Kraju" // Kraj.- 12(25) kwietnia 1902.

10. Mapszewski, E. Żywiol polski na Litwie / E. Mapszewski. - Warszawa : skł. gł. Księg. M. Arcta, 1918. - 16 s.

11. M.W. (Melchior Wańkowicz) Z Mińska // Kraj. - № 26. - 29.06.1900.

12. Z obrad MTR // Kraj.-№ 11. - 12(24).03.1893.

13. Журнал Комиссии, избранной Минским Обществом Сельского Хозяйства по вопросу о долгосрочном земельном кредите. Заседание 15.06.1893 года. - Минск, 1893. - с. 87.

14. Грабовский, Б. Краткий очерк двадцатипятилетней деятельности Минского Общества Сельского Хозяйства/ Б.Грабовский. - Минск, 1901. - с. 87.

15. Mapszewski, E. Polacy i polskość na Litwie i Rusi / E. Mapszewski. -Warszawa : Polskie T-wo Krajoznawcze, 1916. - 37 s.

16. Журнал общего собрания членов Виленского Общества сельского хозяйства 7 и 8 декабря 1902 г. - Вильно, 1903. - С. 54.

17. Romanowski, A. Pozytywizm na Litwie: рolskie życie kulturalne na ziemiach ptewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864-1904 / A. Romanowski. - Kraków : Universitas, 2003. - 485 s.

Ігар Мельнікаў, магістар гісторыі Варшаўскага ўніверсітэту

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX