Вярнуцца: Артыкулы

Мельнікаў Ігар. Гісторыя дваранства Беларусі перыяду капіталізму 1861-1914 гг.


Аўтар: Мельнікаў Ігар,
Дадана: 28-03-2011,
Крыніца: pawet.net.



у сучаснай польскай гістарыяграфіі

Даследаванне гісторыі жыцця і дзейнасці вышэйшых саслоўяў усходніх зямель былой І Рэчы Паспалітай, якія напрыканцы ХVIII ст. былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі, заўсёды займалі важнае месца ў польскай гістарыяграфіі. У дарэвалюцыйны час (да кастрычніка 1917 г.) убачылі свет грунтоўныя навуковыя працы Э.Пільца, З.Людкевіча, Ул. Студніцкага, Канстанцыі Скірмунт, Ш.Дудкевіча, Х.Масьціцкага, прысвечаныя аналізу гэтай праблематыкі. У гады міжваеннай Польшчы даследаваннем гэтай тэмы займаліся М.Хандельсман, Э. Малішэўскі, Р.Меніцкі, Я. Качкоўскі, В. Добачэўска, В. Шмідт, А. Жабко-Патаповіч. Нарэшце, у перыяд Польскай Народнай Рэспублікі вывучэнню гэтага аспекту гісторыі Беларусі надавалі ўвагу А.Даброньскі, Я. Юркевіч, Ю.Бардах.

Прадстаўнікі сучаснай польскай гістарычнай школы таксама вельмі глыбока даследуюць дадзеную праблематыку. Калі гаварыць пра вывучэнне гісторыі Беларусі ў сучаснай польскай гістарычнай навуцы, то трэба адзначыць, што палітычныя змены як унутры Польшчы (падзенне камуністычнай сістэмы), так і ў свеце (распад СССР) аказалі значны ўплыў на польскіх даследчыкаў, якія займаліся гэтай праблематыкай. Трансфармацыя польскай гістарычнай навукі праявілася ва ўзрастанні цікавасці да гісторыі былых савецкіх рэспублік, гісторыя якіх была цесна звязана з польскай.

Характэрнай рысай трансфармацыі поглядаў польскіх гісторыкаў стаў разгляд гісторыі Беларусі як незалежнай дзяржавы. Трэба падкрэсліць, што сучасныя польскія гісторыкі карыстаюцца ў сваіх даследаваннях большай архіўнай і крынічнай базай, чым іх папярэднікі. Па меркаванні А. Грабскага, сучасная польская гістарыяграфія - гэта сінтэз постсацыялістычнай метадалогіі і класічнай польскай гістарычнай навукі [1, с. 244].

На сённяшні дзень найбольш грунтоўнае даследаванне па гісторыі дваранства Беларусі перыяду капіталізму належыць Р. Юркоўскаму. Яго манаграфія «Польскія землеўласнікі паўночна-ўсходніх крэсаў 1864-1904 гг. Грамадска-гаспадарчая дзейнасць» з'яўляецца першай фундаментальнай спробай вывучэння гісторыі дзейнасці і жыцця шляхты Беларусі ў перыяд 1861-1914 гг. у польскай гістарыяграфіі [2, с. 110]. Даследчык зрабіў глыбокі аналіз не толькі гаспадарчай, але і грамадска-палітычнай дзейнасці дваранства Беларусі. Вялікую цікавасць выклікае зробленая Р. Юркоўскім апісанне грамадскай пазіцыі землеўласнікаў і шляхты, а таксама характарыстыка маёмаснага стану гэтай групы беларускага насельніцтва. Па яго меркаванню, паўстанне 1863-1864 гг. і адмена прыгоннага права змянілі стан жыцця беларускай шляхты [3, с. 60]. Даследчык падкрэсліваў, што 1863 г. быў важным момантам для двух пакаленняў шляхецкіх родаў: тых, якія сустрэлі паўстанне ў дарослым узросце, і тых, для якіх гады паўстання былі часамі дзяцінства. Для значнай колькасці шляхцічаў паўстанне закончыла перыяд рамантызму. Для дваранства, на думку Р. Юркоўскага, стала зразумела, што інтарэсы Каралеўства Польскага і заходніх губерняў у большасці пунктаў разыходзяцца, таму такія лідэры землеўласнікаў, як І. Корвін-Мілеўскі, Э. Вайніловіч, смяротную небяспеку для польскасці на тэрыторыі Беларусі і Літвы бачылі ў самім паўстанні, а не ў мураўёўскіх рэпрэсіях [3, с. 79].

Разважаючы пра «двухузроўневую нацыянальную свядомасць дваранства» Беларусі, даследчык прыйшоў да высновы, што для памешчыкаў ні Вялікае Княства Літоўскае, ні тым больш І Рэч Паспалітая не былі бацькаўшчынай у ідэалагічным сэнсе. Па яго меркаванні, у Беларусі і Літве сярод памешчыкаў не адбывалася такой інтэрферэнцыі гэтых паняццяў, паколькі для іх вышэйшым паняццем было паняцце «Край», што нарадзіла краёвую свядомасць [3, с. 91]. Падкрэсліваючы ўніверсальнасць краёвай ідэі, Р. Юркоўскі заўважыў, што яе паглыбляла ідэалізаваная гамагеннасць грамадскай структуры, бачная ў традыцыйнай сістэме вертыкальнай сувязі, узмоцненай патэрналізмам [3, с. 95-96].

Даследчык не ставіў пад сумненне нацыянальную прыналежнасць беларускамоўнага сялянства ці рускамоўных жыхароў мястэчак і гарадоў. Аднак Р. Юркоўскі залічваў большасць шляхты і землеўласнікаў Беларусі і Літвы да польскай нацыянальнай групы. Акрамя гэтага, ён крытыкаваў вынікі Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г., адзначаючы, што апошні зменшыў колькасны склад польскага насельніцтва на гэтых землях [3, с. 95-96].

З нашага пункту гледжання, Усерасійскі перапіс 1897 г. даваў адказ толькі на пытанне аб роднай мове жыхароў беларуска-літоўскіх губерняў. Пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці ва ўмовах тагачаснага стану свядомасці было пазбаўлена рацыянальнага зерня. Фактам, аднак, застаецца тое, што ў Віленскай, Гродзенскай ці Мінскай губернях большасць насельніцтва каталіцкага веравызнання (у большасці сялянства) гаварыла на беларускай мове.

Нямецкі перапіс насельніцтва 1916 г., да вынікаў якога неаднаразова звяртаецца Р. Юркоўскі, цяжка назваць статыстычным дакументам. У польскай гістарыяграфіі, як і ў беларускай і расійскай, не адзначаны факт уцёку мільёна праваслаўных з Заходняй Беларусі ў глыбіню Расіі ў жніўні 1915 г. Трэба таксама разумець, што немцы не праводзілі ніякага перапісу насельніцтва, а толькі зрабілі рэінтэрпрэтацыю расійскіх перапісаў 1897 і 1909 гг. Акрамя гэтага, неабходна ўлічваць, што нямецкія перапісы насельніцтва, на падставе вынікаў якіх рабілі свае высновы польскія гісторыкі і публіцысты ў міжваенны час, мелі лакальны характар і датычыліся некаторых раёнаў Віленшчыны. Польскі перапіс насельніцтва 1919 г., у якім за асноўны крытэрый вызначэння нацыянальнасці было прынята веравызнанне, шматкроць павялічыў колькасць палякаў на ўсходніх ускраінах адноўленай Рэчы Паспалітай. Польскія гісторыкі і публіцысты, а за імі і палітыкі, звярталіся да вынікаў перапісаў 1919 і 1921 гг. і адзначалі дыяметральна іншую рэчаіснасць, чым тая, якая была адзначана ў дарэвалюцыйных расійскіх перапісах і дэмаграфічных навуковых працах. У перыяд міжваеннай Польшчы прадстаўнікі польскай гістарычнай школы не звярталі ўвагі на сапраўдны стан нацыянальнай свядомасці жыхароў гэтых тэрыторый [4, с. 174].

Працы Э. Малішэўскага, М. Ромера, Ул. Вакара, Л. Васілеўскага і іншых аўтараў, на якія спасылаўся Р. Юркоўскі, у значнай ступені былі напісаны пад уплывам тагачасных палітычных абставін, а менавіта савецка-польскай вайны 1920 г., далучэння Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Віленшчыны да Польшчы і інш., і, вядома, з разуменнем неабходнасці падкрэслення гістарычных сувязей беларускіх тэрыторый з Польшчай [4, с. 175].

На сённяшні дзень бясспрэчным фактам застаецца тое, што больш за палову прадстаўнікоў шляхты Беларусі падчас Усерасійскага перапісу 1897 г. вызначылі ў якасці сваёй роднай мовы менавіта беларускую [5, с. 89]. Канешне, некаторая частка згаданай грамадскай групы магла пайсці на гэты крок з кан'юнктурных матываў, аднак трэба разумець, што і ў асяроддзі шляхты ішоў працэс фарміравання і развіцця нацыянальнай свядомасці. Большасць арганізатараў беларускага нацыянальнага руху ў другой палове XIX - пачатку XX ст. паходзілі са шляхецкага асяроддзя рымска-каталіцкага веравызнання. Паражэнне паўстання 1863-1864 гг. і рэпрэсіі прымусілі шляхту Беларусі адмовіцца ад арганізацыі палітычнага жыцця і ў неспрыяльных умовах уключыцца ў арганізацыю гаспадарчага жыцця [6, с. 110].

Даследаванне гісторыі дваранства Беларусі перыяду капіталізму Р. Юркоўскі працягваў і ў іншых сваіх навуковых працах. У артыкулах «А. Мейштовіч - фрагмент успамінаў» i «Палітычная сітуацыя ў Віленскай губерні. Адносіны ўлад да каталіцкага касцёла, польскага, беларускага і літоўскага насельніцтва ў святле двух рапартаў губернатара Д. Любімава за 1907 i 1908 гг.» польскі даследчык звяртаўся да аналізу крыніц, якія характарызавалі грамадскае жыццё ў беларуска-літоўскіх губернях. Першы з прыгаданых артыкулаў распавядае пра дзейнасць так званага руху «Katarzyniaży» - лаялістаў, якія бачылі небяспеку ў рознага роду антыўрадавых выступленнях і былі за супрацоўніцтва з расійскай адміністрацыяй [7, с. 219]. У другім артыкуле польскі даследчык спрабаваў вывучыць некаторыя аспекты русіфікатарскай палітыкі расійскіх улад на літоўска-беларускіх землях. Пры напісанні гэтых прац даследчык выкарыстаў успаміны прадстаўнікоў шляхты і дакументы царскай адміністрацыі краю [8, с. 95-96]. Прыгаданыя артыкулы праліваюць святло на такія раней малавывучаныя аспекты грамадскага жыцця Беларусі ў другой палове XIX - пачатку XX ст., як палітыка супрацоўніцтва прадстаўнікоў шляхты з царскімі ўладамі [8, с. 271]. Дарэчы, у беларускай гістарыяграфіі на сённяшні дзень не існуе даследаванняў, прысвечаных аналізу гісторыі існавання і дзейнасці руху польскіх лаялістаў, таму даследаванні Р. Юркоўскага ўяўляюць асаблівую цікавасць для беларускіх навукоўцаў.

Аналізу эканамічнай дзейнасці шляхты Беларусі быў прысвечаны артыкул Р. Юркоўскага «Арганічная праца, ці толькі працягласць? Дадатковыя звесткі па гісторыі сельскагаспадарчых таварыстваў і грамадска-гаспадарчых арганізацый польскай шляхты на Паўночна-Усходніх крэсах у 1876-1904 гг.». Даследчык вывучыў генезіс і развіццё асноўных эканамічных інстытутаў Паўночна-Заходняга краю, якімі былі сельскагаспадарчыя таварыствы. У артыкуле быў прааналізаваны маёмасны стан шляхты на Беларусі, а таксама яе эканамічная дзейнасць [9, с. 711]. Аўтар падкрэсліваў, што сваёй актыўнай грамадска-эканамічнай дзейнасцю ў сельскагаспадарчых таварыствах шляхта Паўночна-Заходняга краю спрабавала захаваць і абараніць сваю маёмасць [10, с. 10]. Па меркаванні Р. Юркоўскага, сельскагаспадарчыя таварыствы «вырвалі» шляхту са страху і маразму, якія апанавалі яе пасля няўдалага паўстання 1863-1864 гг., а тры першыя - Віцебскае, Магілёўскае і Мінскае, створаныя прадстаўнікамі царскай адміністрацыі і першапачаткова толькі для дваран рускага паходжання, хутка сталі адзінымі легальнымі інстытутамі, у якіх польскія і каталіцкія землеўладальнікі адыгрывалі вырашальную ролю [9, с. 693]. Р. Юркоўскі адзначаў, што царскі ўрад стварыў цяжкія ўмовы для існавання і функцыянавання польскіх і каталіцкіх гаспадарак у другой палове XIX ст. [9, с. 693]. Нам падаецца, што з гэтым меркаваннем можна пагадзіцца толькі ўмоўна. На самай справе ў канцы панавання Аляксандра II расійская палітыка ў адносінах да шляхты Беларусі пачала паляпшацца. 11 мая 1873 г. было прынята распараджэнне, якім загадвалася зачыніць усе судовыя справы аб канфіскацыі маёнткаў за ўдзел у паўстанні, па якіх да таго часу не было прынята рашэння. У лютым 1874 г. было выдана распараджэнне, якім ад канфіскацыі вызваляліся маёнткі, што знаходзіліся ў пажыццёвым уладанні. Пасля прыняцця гэтых распараджэнняў частка маёнткаў адразу была вернута ўладальнікам. На тэрыторыі беларускіх паветаў Віцебскай губерні ў 70-х гг. XІX ст. палова з 34 канфіскаваных маёнткаў была вернута ўладальнікам. Права набываць землі ў Паўночна-Заходнім краі атрымалі некаторыя ўплывовыя землеўласнікі-католікі. Паводле афіцыйных матэрыялаў, у Мінскай губерні ў перыяд з 1865 па 1875 г. 35 землеўласнікаў-католікаў набылі 126,6 тыс. дзесяцін зямлі. У Магілёўскай губерні з 1865 па 1882 г. такая ж колькасць землеўласнікаў і сялян-католікаў набыла 41,9 тыс. дзесяцін зямлі. Таксама ў гэтых губернях у адзначаныя гады 7 польскіх дваран і сялян-католікаў атрымалі 4 тыс. дзесяцін зямлі па дарчых запісах, створаных пасля 10 снежня 1865 г. Нарэшце, каля 30 асоб «польскага паходжання» купілі 14,3 тыс. дзесяцін зямлі па духоўных завяшчаннях [11, с. 143].

Большасць названых пакупнікоў складалі польскія дваране. Кожны чацвёрты з іх купіў маёнтак памерам звыш 500 дзесяцін. Многія з гэтых гаспадарак уяўлялі сабой буйныя латыфундыі. Некаторыя польскія дваране набылі па некалькі такіх маёнткаў. У 1873-1874 гг. падпалкоўнік граф І. І. Тышкевіч «з найвышэйшага дазволу» купіў у Мазырскім павеце Мінскай губерні маёнткі Асавец, Астражанка і Лельчыцы агульнай плошчай 78,8 тыс. дзесяцін [12, с. 33]. Пры садзейнічанні германскага ўрада права куплі зямлі атрымаў адзін з найбуйнейшых магнатаў Беларусі, прускі падданы А. Радзівіл. У сярэдзіне 70-х гг. XIX ст. у адзначаным павеце ім былі набыты ў князя Л. Радзiвіла пяць маёнткаў і мястэчка Давыд-Гарадок агульнай плошчай 20,3 тыс. дзесяцін. Князь Я. Любамірскі купіў у Горацкім і Аршанскім паветах Магілёўскай губерні чатыры маёнткі плошчай 11,6 тыс. дзесяцін, дваранка Э. Васілеўская ў Чэрыкаўскім і Мсціслаўскім паветах той жа губерні - пяць маёнткаў (11,12 тыс. дзесяцін), палкоўнік А. Брадоўскі ў Барысаўскім, Клімавіцкім і Сенненскім паветах Мінскай і Магілёўскай губерняў - тры маёнткі (5,2 тыс. дзесяцін); граф Э. Чапскі ў Мінскім павеце - пяць маёнткаў (3,7 тыс. дзесяцін); дваране Парчэўскія набылі ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні маёнтак Чарнова (7,2 тыс. дзесяцін) [13, с. 61]. Інжынер, тайны саветнік С. Кербедзь, які атрымаў дазвол на куплю зямельных угоддзяў «за асаблівыя заслугі», набыў у Барысаўскім павеце маёнтак Аколава памерам 6,9 тыс. дзесяцін [11, с. 130]. Апошняе сведчыць аб тым, што ў канцы панавання Аляксандра ІІ палітыка расійскіх улад у адносінах да шляхты Беларусі каталіцкага веравызнання стала больш ліберальнай.

Манаграфія Ш. Рудніцкага таксама была прысвечана даследаванню жыцця і дзейнасці дваранства Беларусі. Гісторык адзначаў, што пасля паўстання антыпольская палітыка расійскіх улад прывяла да памяншэння шляхецкай зямельнай уласнасці. У трох губернях Паўночна-Заходняга краю сяляне выкупілі 725 954 дзес., а на ўсіх «крэсах» - у два разы больш [14, с. 31]. У сваю чаргу, Я. Смыкоўскі падкрэсліваў, што пасля увядзення указу 1865 г., які забараняў набыццё ў Паўночна-Заходнім краі зямлі асобам польскага паходжання, значная колькасць землеўласнікаў беларуска-літоўскага краю, каб пазбегчы 10-працэнтнага падатку або канфіскацыі маёнтку, спрабавала даказаць сваю прыналежнасць не да польскай, а да іншай нацыянальнасці [15, с. 112]. Узрост такога кшталту зваротаў фіксавалі губернскія ўстановы, якія займаліся «дэпаланізацыяй» зямельнай уласнасці ў краі. Гісторык з Беластоку падкрэсліваў, што адміністрацыя Паўночна-Заходняга краю (асабліва генерал-губернатар М. Мураўёў) вельмі падазрона падыходзіла да разгляду такога роду заяў, падкрэсліваючы, што важнае значэнне мелі не генеалагічныя дадзеныя па гісторыі тых ці іншых дваранскіх родаў, а іх «грамадзянская пазіцыя» падчас паўстання. Таму значная колькасць спраў, як напрыклад справа Ромераў, сканчалася непаспяхова для заяўнікаў [15, с. 120].

Аналізу гісторыі жыцця і дзейнасці дробнай шляхты ў Беларусі прысвяціла свае даследаванні І. Сікорска-Кулеша. Яна прааналізавала мерапрыемствы расійскага ўрада, накіраваныя на ліквідацыю польскай і каталіцкай зямельнай уласнасці ў беларуска-літоўскіх губернях. Даследчыца падкрэслівала, што польская і беларуская каталіцкая шляхта і землеўласнікі былі натуральнымі канкурэнтамі расійскіх улад у рэгіёне. Царская адміністрацыя імкнулася да канчатковага падпарадкавання заходніх губерняў, іх русіфікацыі і ліквідацыі апошняй перашкоды - «польскага» фактару [16, с. 35]. Асаблівую ўвагу І. Сікорска-Кулеша надала апісанню праблем, з якімі сустрэліся прадстаўнікі шляхецкіх родаў падчас пацвярджэння свайго шляхецкага тытулу. На яе думку, найбуйнейшай праблемай для шляхты стаў паўторны збор патрэбных для гэтага дакументаў. Пасля першай праверкі дваранскага саслоўя з канца XVIII - пачатку XIX ст. мінулі дзесяткі гадоў. У гэты час не адна армія прайшла праз тэрыторыю Беларусі, а мноства дваранскіх сямей змянілі месца жыхарства. Дакументацыя вандравала разам з архівамі і інстытутамі, і шукаць трэба было ў розных установах [16, с. 54]. Да пачатку 60-х гг. ХІХ ст., па дадзеных Міністэрства юстыцыі, амаль 200 тысяч шляхты мужчынскага полу дзевяці заходніх губерняў не змаглі прадставіць дакументы аб сваім дваранскім паходжанні [17, с. 23].

Па меркаванні І. Сікорскай-Кулешы, працэс дэкласацыі і дэградацыі шляхты ў Беларусі скончыўся ў перыяд пасля паўстання 1863-1864 гг. За самую малую сімпатыю да паўстанцаў генерал-губернатар М. Мураўёў прымусова высяляў цэлыя шляхецкія ваколіцы [16, с. 57]. Пры напісанні працы даследчыца выкарыстала значную колькасць архіўных матэрыялаў, што дазволіла зрабіць глыбокі аналіз працэсу дэкласацыі сярэдняй і дробнай шляхты. Дарэчы, трэба ўлічваць, што з групы збяднелага і дэградаванага дробнага дваранства з цягам часу пачала выходзіць сялянская інтэлігенцыя, якая працягвала захоўваць рысы дваранскага саслоўя, але разам з тым была значна бліжэй да народных мас.

У артыкуле «Разбор шляхты як інструмент саслоўнай дэградацыі дробнай шляхты ў Літве і Беларусі ў 1831-1868 гг.» І. Сікорска-Кулеша таксама звярталася да аналізу гісторыі дэградацыі дробнага дваранства. Даследчыца падкрэслівала: нягледзячы на тое, што паўстанні 1830-1831 і 1863-1864 гг. аказалі ўплыў на гэты працэс, аднак не яны былі прычынай, якая выклікала працэс дэкласацыі дробнай шляхты на беларуска-літоўскіх землях. Працэс гэты пачаўся пасля падзелаў І Рэчы Паспалітай і далучэння яе ўсходняй часткі да Расійскай імперыі. На думку прадстаўнікоў расійскай адміністрацыі, менавіта шляхта Беларусі і Літвы, якая складала па рэвізіі 1795 г. 70 % шляхецкага саслоўя імперыі, заставалася дэстабілізуючым фактарам на беларуска-літоўскіх землях [18, с. 557]. І. Сікорска-Кулеша прааналізавала значную колькасць прававых актаў і іншых дакументаў, выданых расійскай адміністрацыяй, і падкрэслівала, што падтрымка паўстання з боку дробнай і сярэдняй шляхты падштурхнула расійскую адміністрацыю да канчатковага вырашэння гэтага пытання [18, с. 573]. Польская даследчыца ўказвала, што значная колькасць прадстаўнікоў шляхты карысталася «тутэйшай» (беларускай) мовай, таму менавіта гэтая саслоўная група была адным з падмуркаў працэсу станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа [18, с. 573].

Вывучэннем гісторыі дзейнасці дваранства Беларусі займаліся і іншыя польскія навукоўцы. І. Рыхлікова даследавала гісторыю фарміравання, жыцця, дзейнасці, паступовай дэградацыі і ліквідацыі саслоўнай групы, якая называлася «панцырныя баяры». Даследчыца падкрэслівала, што гісторыя дэградацыі гэтага «служылага саслоўя» пачалася з перыяду падзелаў І Рэчы Паспалітай, а закончылася пасля паўстання 1863-1864 гг., калі значная частка яго прадстаўнікоў перайшла ў клас сялян ці, у лепшым выпадку, мяшчан. Даследчыца адзначала, што 25 верасня 1864 г. урадавым указам была ліквідавана назва «панцырныя баяры», а прадстаўнікі гэтага саслоўя былі залічаны ў разрад «дзяржаўных сялян» [19, с. 422]. У сваю чаргу, П. Бараўскі аналізаваў гісторыю беларуска-літоўска-польскай шляхты татарскага паходжання. Ён прадставіў гісторыю з'яўлення і развіцця гэтай саслоўнай групы на беларуска-літоўскіх землях. Галоўнай высновай даследчыка было тое, што татарская шляхта займала значнае месца ў беларускім грамадстве ў XIX ст. і адыгрывала важную ролю ў сацыяльна-эканамічным жыцці беларуска-літоўскіх зямель [20, с. 613].

Аналізу гісторыі палітыкі расійскай адміністрацыі пасля паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 гг., скіраванай на памяншэнне колькасці шляхты каталіцкага веравызнання на беларускіх землях, прысвяціў частку сваіх даследаванняў прафесар Варшаўскага універсітэта Л. Заштаўт. У артыкулах «Канец прывілеяў. Дэградацыя дробнай польскай шляхты ў гістарычнай Літве і правабярэжнай Украіне ў 1831-1868 гг.» і «Ссылка і перасяленне польскага насельніцтва з заходніх губерняў у глыб Расійскай імперыі» аўтар адзначаў, што масавы ўдзел шляхты ў паўстаннях вырашыў яе будучы лёс [21, с. 116]. Найбольш распаўсюджанай практыкай барацьбы супраць шляхты была верыфікацыя іх дваранскага паходжання і прымусовае перасяленне [22, с. 330].

Важнай працай, прысвечанай аналізу і характарыстыцы змяненняў, якія праходзілі ў жыцці Каралеўства Польскага і беларуска-літоўскіх губерняў у адзначаны час, была манаграфія Т. Кізвальтэра «Наватарства і рутына. Адносіны польскага грамадства на тэрыторыі Расійскай імперыі да мадэрнізацыі (1840-1863 гг.)». Даследчык падкрэсліваў, што значную ролю ў ператварэнні і мадэрнізацыі грамадства адыгрывалі кіруючыя эліты, а ў выпадку заходніх ускраін Расійскай імперыі - шляхта [23, с. 49]. Даследаванне мела гістарыяграфічна-апісальны характар, і ў ім быў прадстаўлены і прааналізаваны даробак польскай гістарыяграфіі эканамічных пераўтварэнняў мяжы стагоддзяў у Польшчы. Разам з тым высновы даследчыка дапамагаюць зразумець, чым былі абумоўлены мадэрнізацыйныя працэсы ў жыцці грамадства заходніх ускраін Расійскай імперыі.

Даследаванню гісторыі культурна-асветніцкай дзейнасці дваранства Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі прысвяціў шэраг прац А. Раманоўскі. У манаграфіі «Пазітывізм у Літве. Польскае культурнае жыццё на беларуска-літоўска-інфлянцкіх землях у 1864-1904 гг.» аўтар звярнуў увагу на асвятленне між іншым і эканамічнай дзейнасці шляхты. Апошняе зводзілася да аналізу дзейнасці сельскагаспадарчых таварыстваў і ў асноўным паўтарала высновы, якія выказваў раней Р. Юркоўскі [24, с. 118]. Падчас вывучэння культурна-асветніцкай дзейнасці беларускага дваранства ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст. А. Раманоўскі падкрэсліваў, што яшчэ доўга пасля паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю існавала забарона на выданне і продаж польскіх кніг. Перыяд з 1863 па 1868 гг. адзначыўся як час асаблівага ўзмацнення антыпольскіх рэпрэсій у рэгіёне. Па аднаму з распараджэнняў генерал-губернатара М. Мураўёва праводзілася рэвізія ва ўсіх кніжных крамах Вільні. Такая палітыка праводзілася і ў больш позні час. Аднак, нягледзячы на рэпрэсіі, некаторыя выдавецтвы і кнігарні працягвалі друкаваць і распаўсюджваць выданні на польскай мове. А. Раманоўскі падкрэсліваў, што менавіта губернскі Мінск стаў другой пасля Вільні сталіцай польскага кнігавыдавецтва на тэрыторыі беларуска-літоўскага краю [25, с. 55].

Даследчык падкрэсліваў, што на тэрыторыі гістарычнай Літвы існавалі неспрыяльныя ўмовы для развіцця пазітывістычнага накірунку ў грамадскім і культурным жыцці. Па меркаванні А. Раманоўскага, паняцце «праца ад пачаткаў» там разумелі як арганізацыю тайнай польскай адукацыі, а пад «арганічнай працай» - адстойванне інтарэсаў дваранства і землеўласнікаў [24, с. 451]. Цікавым з'яўляецца ідэя польскага гісторыка пра тое, што і варшаўскі, і тым больш літоўскі пазітывізм вучыў грамадства таму, як жыць у няволі [24, с. 451]. Гісторык небезпадстаўна падкрэсліваў, што пазітывістычныя ідэі дапамаглі ўратаваць польскіх землеўласнікаў і шляхту на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, далі магчымасць гэтай сацыяльнай групе захаваць свае моцныя пазіцыі ў грамадскім і эканамічным жыцці краю [24, с. 452].

На развіццё польскага нацыянальна-культурнага руху на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі аказала станоўчы ўплыў Першая расійская рэвалюцыя 1905-1907 гг. Дзякуючы лібералізацыі палітыкі ўлад з'явілася магчымасць адкрыцця польскіх прыватных школ, а таксама культурных устаноў. Так, з'явіліся польскія прыватныя школы ў Беліцах на Магілёўшчыне і ў Каменю на Віцебшчыне. У 1906 г. у Магілёве было створана Польскае таварыства Асветы і міласэрднасці [26, с. 401]. Усё гэта адбывалася дзякуючы актыўным дзеянням з боку дваранства Беларусі. А. Раманоўскі падкрэсліваў, што польскі нацыянальны рух на тэрыторыі заходніх ускраін імперыі Раманавых аказаў уплыў і на развіццё нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі, якая ў сваёй большасці выходзіла са шляхты. Аналізуючы творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Неслухоўскага і Я. Купалы, польскі даследчык падкрэсліваў, што першыя творы гэтых пісьменнікаў і паэтаў выходзілі на польскай мове. Але з цягам часу беларуская мова атрымала папулярнасць сярод маладой беларускай інтэлігенцыі [27, с. 96].

Асобным пытаннем, якое прыцягнула вялікую ўвагу сучасных польскіх даследчыкаў і якое пераклікаецца з вывучэннем гісторыі дваранства Беларусі, была гісторыя дзейнасці руху краёўцаў. Адной з важных прац, прысвечаных гэтай тэме, з'яўляецца манаграфія прафесара Гданьскага універсітэта Д. Шпопера «Нашчадкі Вялікага Княства. Палітычная думка і дзейнасць польскіх кансерватараў у літоўска-беларускіх землях у 1904-1939 гг.». Аўтар зрабіў глыбокае даследаванне грамадска-палітычнага жыцця Беларусі напачатку XX ст. У даследаванні была прадстаўлена гісторыя жыцця і дзейнасці галоўных прадстаўнікоў краёвага руху ў Літве і Беларусі [28].

У манаграфіі «Аляксандр Мейштовіч. Палітычны партрэт кансерватара» Д. Шпопер і А. Бялецкі звярнулі ўвагу на вывучэнне гісторыі жыцця і дзейнасці аднаго з вядомых дзеячаў краёвага руху А. Мейштовіча [29]. Галоўным плюсам гэтага даследавання было тое, што аўтары акрамя інфармацыі біяграфічнага характару зрабілі глыбокі аналіз грамадскага жыцця літоўска-беларускіх губерняў у перыяд капіталізму. У манаграфіі «М. Ромер і нацыянальная праблема на землях былога Вялікага Княства Літоўскага» іншы польскі гісторык Я. Савіцкі прааналізаваў літаратурную спадчыну аднаго з лідэраў краёвай плыні М. Ромера. Найбольшую цікавасць у гэтым даследаванні выклікае аналіз грамадска-палітычных поглядаў, якія панавалі сярод прадстаўнікоў шляхты літоўска-беларускіх зямель на мяжы XIX - пачатку XX ст. [30, с. 42].

У 2009 г. убачыла свет даволі грунтоўная манаграфія Д. Шпопера «Gente Lithuana, Natione Lithuana: Палітычная мысль і дзейнасць Канстанцыі Скірмунт (1851-1934)», у якой гданьскі гісторык звяртаецца да вывучэння жыцця і грамадска-палітычнай дзейнасці славутай прадстаўніцы краёвага руху. Д. Шпопер падкрэслівае, што Канстанцыя Скірмунт прысвяціла ўсё сваё жыццё абароне спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, брала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці беларускіх і літоўскіх губерняў, імкнулася да распаўсюджвання адукацыі сярод сялян [31, с. 15]. За гэтую дзейнасць царскія ўлады называлі К. Скірмунт «праклятай патрыёткай», а палякі крытыкавалі і высмейвалі яе за прыхільнасць да нацыянальнай талерантнасці, якая была характэрна сярэднявечнай беларуска-літоўскай дзяржаве [31, с. 127]. Д. Шпопер пазначае, што публіцыстка да канца свайго жыцця імкнулася зрабіць усё дзеля паяднання народаў былога Вялікага Княства Літоўскага і заўсёды выступала супраць нацыяналізму і шавінізму [31, с. 228]. Трэба падкрэсліць, што польскаму гісторыку ўдалося не толькі зрабіць даволі глыбокі аналіз гісторыі жыцця славутай К. Скірмунт, але і прааналізаваць гістарычныя рэаліі, ў якіх з'явіўся і развіваўся краёвы рух.

М. Новак-Кельбікова прысвяціла сваё даследаванне аналізу жыцця і дзейнасці Канстанціна Скірмунта. Гэты чалавек пакінуў след не толькі ў гісторыі літоўска-беларускіх зямель, але і ў гісторыі міжваеннай Польшчы. К. Скірмунт быў адным з арганізатараў Гродзенскага сельскагаспадарчага таварыства. У канцы XIX - пачатку XX ст. ён актыўна займаўся мадэрнізацыяй сельскай гаспадаркі беларуска-літоўскага краю [32].

У артыкуле «Мінскае сельскагаспадарчае таварыства. Пачынальнікі «краёвай» канцэпцыі і польскай кансерватыўнай думкі ў Літве і Беларусі» Д. Шпопер і Я. Савіцкі прааналізавалі як эканамічны, так і палітычны аспекты дзейнасці Мінскага сельскагаспадарчага таварыства. Галоўнай высновай гісторыкаў было тое, што дзейнасць кіраўніцтва МСТ спрыяла сацыяльна-эканамічнаму і палітычнаму развіццю беларуска-літоўскага краю [33, с. 145]. Гэтую ідэю падтрымліваў і Я. Савіцкі ў сваім артыкуле «Краёвасць - ідэя ці метад. З гісторыі польскай палітычнай мыслі ў Літве і Беларусі». У ім даследчык правёў глыбокі аналіз грамадска-палітычнай дзейнасці «краёўцаў». На яго думку, сваёй грамадскай дзейнасцю прадстаўнікі дваранства Беларусі стваралі падставы для фарміравання беларускага палітычнага руху [34, с. 278].

У 2008 г. была выдадзена фундаментальная калектыўная праца «Кніга Вялікага Княства Літоўскага. Да еўрапейскіх традыцый супольнасці», у якой сярод іншых быў змешчаны артыкул Ю. Бардаха «Пра краёўцаў, краёвасць і лакальны патрыятызм - некалі і сёння». Аўтар даследавання спрабаваў прааналізаваць саму прыроду «краёвасці». Па меркаванні Ю. Бардаха, яна паўстае перад намі як своеасаблівы рэлікт даўняй феадальнай палітычнай нацыі (пазней - у асяроддзі памешчыцкай шляхты і звязанай з ею інтэлігенцыі), а з цягам часу - як этап у працэсе фарміравання сучасных нацый на абшары былога Вялікага Княства Літоўскага праз плебейскія пласты або з іх удзелам, абумоўлены магчымасцямі альтэрнатыўных выбараў, перш за ўсё на нацыянальна змешанай тэрыторыі. Глыбокая прывязанасць да былога Вялікага Княства Літоўскага, замацаваная ў традыцыі адасобленасці гэтай дзяржавы ў межах былой шматнацыянальнай і шматканфесійнай І Рэчы Паспалітай, стала пунктам адліку для стваральнікаў ідэі краёвасці, якая развівалася і ў часы міжваеннай Польшчы [35, с. 495].

Аналізуючы паходжанне гэтага грамадска-палітычнага феномену, Ю. Бардах звяртаў увагу на тое, што некаторыя даследчыкі звязваюць паходжанне паняцця з назвай адміністрацыйнай адзінкі Расійскай імперыі, а менавіта Паўночна-Заходняга краю (Я. Юркевіч), а іншыя адстойвалі пазіцыю, што назва гэта з'явілася ў гроне стваральнікаў часопіса «Край», які выдаваўся ў Санкт-Пецярбурзе (Я. Савіцкі) [35, с. 495].

Працягваючы аналізаваць сутнасць краёвага руху, Ю. Бардах канстатаваў, што з цягам часу з руху краёўцаў сфарміраваліся дзве грамадска-палітычныя плыні. Першая з іх, традыцыйна-кансерватыўная, спалучала догмат польскага памешчыцтва з патэрналісцкімі адносінамі да літоўскіх ці беларускіх сялян, пры адабрэнні іх моўнай і народнай культуры (Р. Скірмунт, Э. Вайніловіч). Традыцыяналісцка-кансерватыўныя краёўцы, пагаджаючыся з нацыянальнымі правамі літоўцаў і беларусаў, рабілі гэта, аднак, пры ўмове, што тыя прызнаюць вядучую ролю краёвай шляхты на ўзор колішняй І Рэчы Паспалітай. У сваю чаргу, дэмакратычнае кола краёўцаў (Л. Абрамовіч, М. Ромер) спалучала польскую культурную тоеснасць і разам з тым прызнанне права на самастойнае палітычнае існаванне літоўцаў і беларусаў [35, с. 502-503].

Падсумоўваючы свае разважанні, польскі даследчык заклікаў трактаваць краёвасць як агульную прыбавачную вартасць у гісторыі палітычнай культуры народаў, якія насяляюць землі былога Вялікага Княства Літоўскага [35, с. 529]. Трэба зазначыць, што згаданы артыкул Ю. Бардаха з'яўляецца своеасаблівым падсумаваннем сучасных польскіх даследаванняў гісторыі краёвага руху.

Такім чынам, варта падкрэсліць, што прадстаўнікі сучаснай польскай гістарычнай школы прысвяцілі шмат увагі даследаванню розных аспектаў гісторыі дваранства Беларусі перыяду капіталізму. Большасць з іх адносіла шляхту Беларусі да польскай этнічнай групы. Разам з гэтым сучасныя польскія даследчыкі ў сваіх даследаваннях падкрэсліваюць, што дзейнасць прадстаўнікоў дваранскага саслоўя Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі аказала значны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё беларуска-літоўскага краю, а таксама спрыла фарміраванню і развіццю нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа на рубяжы ХІХ - ХХ ст. Навуковыя працы і манаграфіі сучасных польскіх гісторыкаў і публіцыстаў прадстаўляюць значны інтарэс для айчыннай гістарычнай навукі дзякуючы таму, што змяшчаюць шмат новых і мала вывучаных айчыннымі гісторыкамі фактаў і матэрыялаў, а таксама дапамагаюць па-іншаму падыйсці да вывучэння гісторыі дваранства Беларусі перыяду капіталізму 1861-1914 гг.


Крыніцы:

  1. Grabski, A.F. Zarys historii histriografii polskiej / A.F. Grabski. - Poznan : Wydaw. Poznańskie, 2000. - 277 s.
  2. Melnikau, I. Współcześni historycy i publicyści polscy o różnych aspektach życia społeczno-ekonomicznego Białorusi w okresie 1861-1914 / I. Melnikau // Razem w Europie / Uniw. Warszawski, Studium Europy Wschod. ; red. nauk. I. Mikłaszewicz, R. Kamuntavičius. - Kaunas, 2006. - S. 96-114.
  3. Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864-1904: działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. - Warszawa : Przegląd Wsch., 2001. - 603 s.
  4. Мельнікаў, І.В. Сучасная польская гістарыяграфія аб праблемах сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі перыяду капіталізму, 1861-1914 гг. / І.В. Мельнікаў // Працы гістарычнага факультэту БДУ : навук. зб. / Беларус. дзярж. ун-т ; рэдкал.: У.К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. - Мінск, 2009. - Вып. 4. - С. 172-176.
  5. Bascher, G. Die Nationaläten des Russischen Reiches in der Volkszählung von 1897 / G. Bascher. - Stuttgart : Fritz Steiner Verl., 1991. - 180 S.
  6. Мельнікаў, І. Польская гістарыяграфія дзейнасці Мінскага Сельскагаспадарчага таварыства / І. Мельнікаў // Знакамітыя мінчане : матэрыялы Беларус.-Пол. навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2004 г. / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; рэдкал.: А. Вялікі, З. Вінніцкі (навук. рэд.) [і інш.]. - Мінск ; Вроцлаў, 2005. - С. 108-115.
  7. 7. Jurkowski, R. Aleksander Meysztowicz - fragment «Wsliomnień» / R. Jurkowski // Białorus. Zeszyty Hist. - 2004. - № 21. - S. 218-244.
  8. 8. Jurkowski, R. Sytuacja liolityczna w guberni wileńskiej, stosunek władz do religii katolickiej, ludności liolskiej, litewskiej i białoruskiej w świetle dwóch raliortów gubernatora Dymitra Lubimowa z 1907 i 1908 roku / R. Jurkowski // Białorus. Zeszyty Hist. - 2003. - № 19. - S. 260-286.
  9. 9. Jurkowski, R. liraca organiczna, czy tylko trwanie? lirzyczynek do dziejów towarzystw rolniczych i organizacji gosliodarczo-sliołecznych ziemiaństwa liolskiego na kresach liółnocno-Wschodnich w latach 1876-1904 / R. Jurkowski // lirzegląd Wsch. - 2000. - R. 6, z. 4. - S. 693-737.
  10. 10. Мельнікаў, І.В. Сучасныя польскія перыядычныя выданні аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі перыяду капіталізму (1861-1914) на прыкладзе часопісаў «lirzegląd Wschodni» i «Lithuania» / І.В. Мельнікаў // Вес. Беларус. дзярж. пед. ун-та. Сер. 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. - 2005. - № 1. - С. 10-14.
  11. Панюціч, В.П. Нацыянальны аспект пазямельнай палітыкі царызму на Беларусі эпохі капіталізму, 1861-1917 гг. : ч. 1 / В.П. Панюціч // Białorus. Zeszyty Hist. - 1998. - № 10. - С. 129-143.
  12. Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год. - Минск : Мин. губерн. стат. ком., 1877. - 185 с.
  13. Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях : в 3 кн. / сост. по прогр. и под ред. А.С. Дембовецкого. - Могилев : Тип. губерн. правления, 1884. - Кн. 3. - 382 c.
  14. 14. Rudnicki, S. Ziemiaństwo Polskie w XX wieku / S. Rudnicki. - Warszawa : Trio, 1996. - 134 s.
  15. Smykowski, J. Ukaz z 10 XII 1865 r. i jego kosekwencje dla stanu posiadania ziemiaństwa polskiego w zachodnich guberniach Imperium Rosyjskiego / J. Smykowski // Wilno i Kresy Północno-Wschodnie : materiały II Międzynar. konf., Białymstok, 14-17 wrzes. 1994 r. : w 4 t. / Inst. Filologii Polskiej, Filia Uniw. Warszawskiego w Białymstoku ; pod red. E. Feliksiak, A. Mironowicza. - Białystok, 1996. - T. 1 : Historia i ludzkie losy. - S. 111-125.
  16. Sikorska-Kulesza, J. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w XIX w. / J. Sikorska-Kulesza. - Pruszków : Ajaks, 1995. - 113 s.
  17. Гісторыя Беларусі перыяду капіталізму : вучэб. дапам. : у 5 ч. / Беларус. дзярж. пед. ун-т ; склад. А.П. Жытко [і інш.] ; пад агул. рэд. А.П. Жытко. - Мінск : БДПУ, 2005-2009. - Ч. 4 : Буржуазныя рэформы ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст. - 2009. - 168 с.
  18. Sikorska-Kulesza, J. Weryfikacje szlachectwa jako instrument stanowej degradacji drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w latach 1831-1868 / J. Sikorska-Kulesza // Przegląd Wsch. - 1992-1993. - R. 2, z. 3. - S. 557-571.
  19. Rychlikowa, I. Bojarzy pancerni na pograniczu Moskiewskim w XVI-XIX wieku / I. Rychlikowa // Przegląd Wsch. - 1994. - R. 3, z. 3. - S. 411-422.
  20. Borawski, P. Szlachta litewsko-polska pochodzenia tatarskiego / P. Borawski // Przegląd Wsch. - 1991. - Т. 1, z. 3. - S. 595-613.
  21. Zasztowt, L. Koniec przywilejów - degradacja drobnej szlachty polskiej na Litwie historycznej i prawobrzeżnej Ukrainie w latach 1831-1868 / L. Zasztowt // Przegląd Wsch. - 1991. - R. 1, z. 3. - S. 114-122.
  22. Zasztowt, L. Zsyłka i przesiedlenia ludności polskiej z zachodnich guberni w głąb cesarstwa rosyjskiego po powstaniu styczniowym / L. Zasztowt // Przegląd Wsch. - 1998. - R. 5, z. 2. - S. 322-338.
  23. Kizwalter, T. «Nowatorstwo i rutyny»: społeczeństwo polskie zaboru rosyjskiego wobec modernizacji, 1840-1863 / T. Kizwalter. - Warszawa : UW, 1990. - 249 s.
  24. Romanowski, A. Pozytywizm na Litwie: рolskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864-1904 / A. Romanowski. - Kraków : Universitas, 2003. - 485 s.
  25. Romanowski, A. Między «mrozem» a «odwilżą». Polski ruch księgarski i wydawniczy na Litwie i Białorusi w latach 1864-1890 / A. Romanowski // Życie literackie i literatura w Wilnie XIX-XX wieku / pod red. T. Bujnickiego, A. Romanowskiego. - Kraków, 2000. - S. 51-96.
  26. Romanowski, A. Młoda Polska wileńska / A. Romanowski. - Kraków : Universitas, 1999. - 456 s.
  27. Romanowski, A. Prawdziwy koniec Rzeczy Pospolitej / A. Romanowski. - Kraków : Universitas, 2007. - 264 s.
  28. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa: myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904-1939 / D. Szpopier. - Sopot ; Gdańsk : Arche, 1999. - 357 s.
  29. Szpoper, D. Aleksander Meysztowicz: portret polityczny konserwatysty / D. Szpoper, A. Bielecki. - Gdańsk : Arche, 2001. - 325 s.
  30. Sawicki, J. Michał Römer a problemy narodowościowe na ziemiach byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego / J. Sawicki ; T-wo Nauk. w Toruniu, Uniw. M. Kopernika w Toruniu. - Toruń : TNT, 1998. - 152 s.
  31. Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmunt / D. Szpoper. - Gdańsk : Arche, 2009. - 487 s.
  32. Nowak-Kiełbikowa, M. Konstanty Skirmunt: рolityk i dyplomata / M. Nowak-Kiełbikowa. - Warszawa : Neriton, 1998. - 366 s.
  33. Szpoper, D. Mińskie Towarzystwo Rolnicze - prekursorzy «koncepcji krajowej» w polskiej myśli konserwatywnej Litwy i Białej Rusi / D. Szpoper, J. Sawicki // Lithuania. - 1998. - № 1/2. - S. 141-147.
  34. Sawicki, J. «Krajowość» - idea czy metoda: z dziejów polskiej myśli politycznej na Litwie i Białorusi / J. Sawicki // Lithuania. - 1991-1992. - № 4/1. - S. 275-282.
  35. 35. Bardach, J. About natives, nativeness and native patriotism: past and present / J. Bardach // A book of the Grand Duchy of Lithuania: towards the traditions of European community : a joint publ. of scientists a. writers from Belarus, Lithuania a. Poland / Fund. Pogranicze ; koncepcja A. Strumiłło. - Sejny, 2008. - S. 494-530.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX