Вярнуцца: Артыкулы

Можы Ю. Дэмаграфічны спад на Беларусі й Ліцьве ў сярэдзіне XVII ст.


Аўтар: Можы Юзаф,
Дадана: 05-07-2012,
Крыніца: Спадчына №5-1992. С. 19-35.



Раздзелы кнігі друкуюцца паводле выданьня: Józef Morzy. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII w. Poznań, 1965.

ПРЫЧЫНЫ СТРАТАЎ НАСЕЛЬНІЦТВA ЛІТОЎСКАЕ ДЗЯРЖАВЫ Ў 1648-1667 гг.

Дэмаграфічны спад на Беларусі i Ліцьве быў выкліканы шмат якімі прычынамі, але ўсе яны шчыльна зьвязаныя з войнамі. У першую чаргу належыць сказаць пра страту жыхарства, выкліканую непасрэдна вайсковымі дзеяньнямі. Падлік стратаў жыхарства ў пэрыяд ваенных дзеяньняў немагчымы з прычыны нястачы дадзеных. У літаратуры страты ў жаўнерах перабольшваюцца. Паводле польскіх крыніц, расейцы пад Смаленскам мелі ў 1654 г. 7 тысяч забітых i 15 тысяч раненых, a расейцы налічылі толькі 300 забітых i каля 1000 раненых 1. Таму няможна падлічыць, колькі ў вайне загінула жаўнераў. Арміі ў тыя часы былі не такія шматлікія, адпаведна i страты ня надта вялікія.

Большыя страты панесла цывільнае жыхарства ў гарадох з замкамі, бо тыя гарады здабываліся штурмам. Я прыводзіў прыклады ўзяцьця Мсьціслава, Віцебска i інш. Але канкрэтна мы ня ведаем, колькі жыхароў палегла. Для прыкладу падам колькі апісаньняў уваходу расейскіх войскаў Хаванскага ў Берасьцейскі павет у студзені 1660 г. Жаўнеры, як падаюць тагачасныя сьведкі, «агнём i мечам пустошылі й палілі месты i воласьці i вёскі, гэтаксама духоўныя i панскія двары губілі i палілі, люд сьціналі, мардавалі, дзе i места Камянец апанаваўшы, пазаставалых людзей сьціналі, мардавалі, места палілі, a другіх, па пушчах, лясох засьпеўшы, мардавалі i забівалі, i нямала людзей значных, службовых тыранска на сьмерць памардавалі». Пасьля штурму i ўзяцьця Хаванскім Берасьця, як падаюць навочныя сьведкі, «Берасьце да найменшага будынку збурана, спалена i ўнівечабернена», a людзей толькі «вельмі малая жменька засталася». Той самы лёс спаткаў места Шарашова, якое «праз розных непрыяцеляў агнём i мечам funditus [1] зруйнавана» было. Месты Берасьце, Шарашова i Камянец з прычыны вялікіх разбурэньняў былі на чатыры гады звольненыя каралём ад платы падаткаў.

У тых дакумэнтах, дзе мы сустракаем лічэбныя дадзеныя стратаў, колькасьць забітых мала праўдападобная. У Пінску ў 1649 г., паводле дзёньніка A. С. Радзівіла, «чатырнаццаць тысяч чалавек маладых i старых забіта» 2. Дзяк Г. Кунакоў даносіў аб трох тысячах забітых у Пінску.

У гарадох, якія здаваліся, забітых было мала. У Шклове, месьце, якое налічвала 986 дамоў, за ўвесь пэрыяд войнаў палегла толькі 5 мужчынаў. У іншых гарадох было падобна. У Слуцку падчас аблогі места расейскім аддзелам кн. Трубяцкога ў 1655 г. загінуў адзін толькі чалавек, кушнер Ігнат Астаповіч. .

Вядзеньне войнаў патрабуе значных фінансавых сродкаў. Увесь цяжар падаткаў клаўся на беднае жыхарства, пераважна на мяшчанаў i сялянаў. Адзначылі гэта i тагачасныя аўтары дзёньнікаў 3. Г. Кунакоў пісаў, што з прычыны вялізных падаткаў сяляне кідаюць зямлю i займаюцца валацужніцтвам. Апрача падаткаў вясковае i гарадзкое жыхарства забавязана было да г. зв. стацыяў, гібэрны i падводаў, г. зн. насельніцтва мусіла ўтрымліваць войскі ў паходзе або на пастоі, дастаўляючы правізію i фураж, a таксама забясьпечваць ix транспартнымі сродкамі.

Найвялікшыя шкоды несла жыхарства з прычыны рабункаў усяго сялянскага дабытку непрыяцельскімі i ўласнымі войскамі; асабліва даваліся яны ў знакі ў часе пастояў i лягэраў. Гэтман літоўскі Ян Радзівіл пісаў, што войска «безь непрыяцеля па непрыяцельску паступае». На рабункі жаўнераў скардзіўся В. Кахоўскі, які пісаў: «Што-колечы непрыяцель меў учыніць, рабуючы, пустошачы, то жаўнер тое самае чыніў, руйнуючы тое, што бараніць ад непрыяцеля абавязаўся». Далей Кахоўскі яшчэ дадае, што жаўнеры «ня толькі каралеўскія i духоўныя ўладаньні руйнавалі, дасталося i земскім». Казімір Піліп Абуховіч, ваявода смаленскі, сьцьвердзіў, што «ніводнага закону, ніякага ўпыну не было на жаўнера, астатняя згуба наступіла, горш як ад непрыяцеля». Войскі рабавалі пераважна сялянскі інвэнтар i збожжа. Для прыкладу мы можам падаць сьпіс шкоды, наробленае ў 1651 г. харугваю Палубінскага ўва ўладаньнях Кошыцы Пінскага павету. Харугва Палубінскага ў шасьцёх вёсках - Кошыцах, Задаруччы, Вуглах, Узборку, Забалацьці i Лябедні - забрала ў сялянаў 5 коняй, 36 валоў, 2 ялавіцы, 28 сьвіньняў, 2 казы, 10 гусей, 24 курыцы, 24 вазы сена, 10 бочак аўса, 6 бочак жыта, апрача таго грошы, масла, сыры, палатно i іншыя рэчы хатняга ўжытку 4.

Сяляне з 12 жмудзкіх вёсак - Красьцянаў, Грыбянаў, Вырблянаў, Генайці, Пільгаек, Ватраў, Звэльсанаў, Рудайці, Гердавянаў, Эгзакці, Мацівічаў i Зупраў - скардзіліся ў 1666 годзе на харугву маёра Гэрхарда Вільгэльма Штыгхофа i ротмістра Яна Тэофіля Плятэра. Харугва гэтая ў названых вёсках забрала 58 коняй, 8 кароў, да таго ж 1626 залатых гатоўкаю i розных рэчаў на 800 залатых.

Асабліва скорыя на рабунак былі наемныя войскі, якія рэкрутаваліся ня толькі зь немцаў, вэнграў, валахаў, чэхаў, але - як вынікае з унівэрсалу гэтмана Януша Радзівіла, выдадзенага 17 жніўня 1654 г. нейкаму Янушу Мянжынскаму - таксама i «з шляхты зьбеглае, як i з чэрні i паспольства». У часе вайны гэтман Сапега вербаваў наемныя літоўскія войскі зь любых элемэнтаў, якія толькі выказвалі ахвоту служыць у войску. Таму ягоная армія i складалася са зьбеглых сялянаў, дробнае шляхты, якая шукала здабычы, i рознага роду авантурнікаў, што хацелі на вайне ўзбагацець. Мэтаю наемных войскаў, як правіла, быў рабунак. Удзельнік вайны Машкевіч піша, што «немцы... толькі дзеля шарпаніны [2] вербаваліся». Словам «шарпаніна» Машкевіч акрэсьлівае рабунак i грабеж. Для наемных войскаў усё роўна было, каго i дзе рабаваць. За ілюстрацыю можа служыць тысячны аддзел Караля Лі- соўскага, які ў лістападзе 1655 г. рабаваў двары i вёскі ў Берасьцейскім павеце, a перайшоўшы на бок Масквы, рабаваў у Менскім i Полацкім ваяводзтвах. Жыхарства вёскі Замошша ў Полацкім ваяводзтве скардзілася, што «нам Масква ані ня шкодзіла, адно пан Лісоўскі, - калі зь людам сваім у нашыя краі ўвайшоў i пад руку цара Маскоўскага падаўся i паддаўся». Той самы Лісоўскі пасьля перамогаў С. Чарнецкага i П. Сапегі над маскоўскімі войскамі лерайшоў ізноў на польскі бок i на закіды, што рабіліся яму, адказаў: «На тое была вайна».

Асабліва многа скаргаў мы знаходзім на казацкія палкі гэтмана Сапегі, што біліся пад камандаваньнем палкоўнікаў Эліяша Шурына 5 i Андрэя Мурашкі. У паветах Пінскім i Берасьцейскім уславіўся рабункамі палкоўнік Аляксандр Русецкі, асуджаны за гэта на выгнаньне. Мы зусім ня дзівімся, што войскі гэтыя паступалі на тэрыторыі В. К. Літоўскага так, як у непрыяцельскай краіне. Лягчэй было рабаваць безабаронных сялянаў, чымся змагацца з узброеным непрыяцелем.

Скаргаў на рабункі так багата, што нават лералік ix выклікаў бы цяжкасьці, a цытаваньне пагатоў. У 34-м томе АВК знаходзяцца дзясяткі такіх скаргаў з аднаго толькі Пінскага павету 6. Вялікія падаткі, накладзеныя на сялянаў i мяшчанаў, a затым самавольства войскаў былі прычынаю голаду, заразных хваробаў i ўцёкаў гарадзкога i вясковага жыхарства на Украіну i ў Расею. Як піша ў сваім дзёньніку М. Кахоўскі, вышэйзгаданыя прычыны выклікалі тое, што «сяляне ўцякаюць, вёскі пустошаюць, нішчэюць мястэчкі, палі не засеяны, спыняецца гандаль, рамесьнікі сядзяць склаўшы рукі, ня маючы каму i што рабіць, у паноў прыбыткі гінуць, падаткі скарбовыя даўнеюць».

Багата сялянаў, уцякаючы ад голаду i разбурэньняў, шукалі схову ў Маскоўскай дзяржаве. Г. Кунакоў у данясеньні з 1650 г. піша, што сяляне з прычыны голаду i высокіх цэнаў на збожжа масава ўцякаюць з Мсьціслаўскага ваяводзтва ў Расею, «пометав жены свои и дети».

Для ілюстрацыі падамо колькі прыкладаў масавага ўцякацтва з Полацкага ваяводзтва.

Уладальнік Вусьця i Капусьціна ў 1666 г. даносіць, што «скаржнікавы падданыя вячыстыя, отчычы, вечнаму праву падлеглыя...: Васыль Лабэйша... (аўтар называе тут прозьвішчы 17 падданых.- Ю. М.), каторыя названыя тыя падданыя, адны празь інсурэкцыю маскоўскую, другія ж праз сваволю сваю з жонкамі, дзецьмі i зь немалою маёмасьцю, з коньмі, быдлам, з адзежай рознаю мужчынскай i белагалоўскай, таксама са збожжам розным... паадыходзіўшы, нямаведама дзе пражываюць».

Пра масавыя сялянскія ўцёкі сьведчыць сьпіс усіх сялянаў з бачэйкаўскіх уладаньняў, якія ў часе вайны «з жонкамі i зь дзецьмі i з усім сваім набыткам розна паразыйходзіліся». У гэтым сьпісе падаюцца прозьвішчы 50 сем'яў сялянаў, зьбеглых зь мястэчка Бачэйкава, 21 зь вёскі Жарнасекі, 16 зь вёскі Старыны i 15 зь вёскі Кляшчыня.

Пра масавыя ўцёкі сялянаў зь езуіцкіх уладаньняў даносіў рэктар Езуіцкае Калегіі з Полацку. Яшчэ ў 1651 г. зь езуіцкіх уладаньняў зьбегла 96 сялянскіх сем'яў (33 сялянскія сям'і жылі ў іншых уладаньнях у тым самым i ў суседніх вая водзтвах).

У часе вайны ўцёкі сялянаў не заўсёды адбываліся так спакойна. Сяляне скарыстоўвалі магчымасьць адпомсьціць зьненавіджанаму фэўдалу. Таму перад уцёкамі яны почасту рабавалі двор, фальварак, пайячы забудовы. Уладальнік Стрэжава i Пласкунова скардзіўся, што 28 падданых зь вёсак Стрэжава, Слабодкі, Кузянца і Пяцівёрст спалілі стрэжаўскі двор i ўцяклі ў розныя бакі, 45 сялянаў зь вёсак Шчучына, Бурконава, Дапонава i Сьвіціна, фальварак Пласкунова, «двор, гумны, аборы ... спаліўшы, парабаваўшы збожжа рознае, таксама прэч на розныя месцы паразыйходзіліся». Уладальнік фальварку Гародчава - Прускі скардзіўся на сялянаў, што тыя, «збунтаваўшыся супроць яго, разрабаваўшы i разарыўшы маёнтак той датла, разыйшліся ва ўсе бакі».

Відавочна, ня ўсе сяляне эмігравалі за мяжу, частка пахавалася па іншых уладаньнях. 3 такімі ўцёкамі мы часта сустракаемся на Жмудзі i ў паветах, разьмешчаных далей ад мяжы. Зь пяцёх вёсак маёнткаў Дрэвінікі на Жмудзі ў 1651 г. уцякло 10 гаспадароў, a засталося 39. Зь вёскі Каморавічы ў Ашмянскім павеце ў 1653 г. уцякло 14 сялянскіх сем'яў з 23 сынамі, засталося толькі 6 гаспадароў.

Беларускае жыхарства, асабліва мужчыны, уцякала на Ўкраіну. Уцякло багата мужчынаў са Слуцку, са Шклова. Беларускія сяляне масава ўступалі ў казацкія аддзелы на Беларусі. Таксама i літоўскія войскі Паўла Сапегі ў значнай ступені складаліся зь сялянаў, якія завярбоўваліся ў наемныя аддзелы альбо належалі раней да казацка-сялянскіх аддзелаў, што перайшлі на польскі бок разам зь Іванам Нечаём у 1658 г.

Галоўнай прычынай дэмаграфічнага спаду быў голад i заразныя хваробы, якія заўсёды таварышаць войнам. Голад пачаў адчувацца на Беларусі ўжо на пачатку казацкае вайны 1648 г. Г. Кунакоў пісаў у 1649 г. да цара, што беларускія сяляне з прычыны неўраджаю i голаду, «пометав жены своих и дети», уцякаюць у Расею.

У данясеньні да цара ад 9 студзеня 1650 г. Г. Мяшчэрскі, бранскі ваявода, пісаў, што «в литовской стороне хлебный недород, и голод большой». Па збожжа езьдзілі ў Paceю, выкуплялі яго пры граніцы i перавозілі на Беларусь, што выклікала i там дарагоўлю i забарону вывазу збожжа.

У скарзе ад 16 студзеня 1665 г. К. Трацяка, уладальніка вёскі Кузьмічы ў Пінскім павеце, на войска з палку Самуэля Аскеркі чытаем, што з прычыны працяглых рабункаў, асабліва быдла i збожжа, «сяляне ад голаду пухнуць мусяць». Пінскі біскуп (уніяцкі) Марцін Белазор пісаў у 1665 г., што ў біскупскіх уладаньнях «падданыя з голаду паўміралі, a іншыя з дамоў сваіх, што ня мелі чым сябе ў дамох жывіць, прэч разыйшліся». Такіх прыкладаў голаду ў часе войнаў можна прывесьці багата.

3 прычыны галечы i голаду насельніцтва дзесяткавалі заразныя хваробы. У 1652-1658 гг. маравая пошасьць зьбірала жніво на абшары Віленскага ваяводзтва. Зь сьнежня 1652 г. шырылася пошасьць у Вільні. У 1654 г. на Антокалі стаялі пустыя дамы, «пакінутыя па выміраньні ix гаспадароў ад заразы». Асаблівую інтэнсыўнасьць хваробы льга заўважыць у 1657 г. Як пісаў С. Ф. Мэдэкша, зараза была такая страшная, што цяжка гэта сабе ўявіць, памерлыя ляжалі на дарогах i не было каму ix пахаваць, a сабакі елі трупы, разносячы заразу.

Маравая пошасьць ахоплівала так-сама Троцкае ваяводзтва i Жмудзь. Найбольш пагражала яна Менскаму i Берасьцейскаму ваяводзтвам. Пра пошасьць, якая шырылася ў Рэчыцкім i Мазырскім паветах, пісаў Януш Радзівіл у лісьце да гэтмана Г. Кішкі 8 лістапада 1653 г. Менская шляхта ў сваёй соймікавай ухвале ад 11 лютага 1654 г. скардзілася на маравую пошасьць, якая дратавала павет. У Менскім ваяводзтве, як i ў Віленскім, наймацнейшая інтэнсыўнасьць эпідэміі прыпала на 1656-1658 гг. У 1653 г. Берасьцейскі i Пінскі паветы ня ў стане заплаціць падаткаў з прычыны «маравога паветра». Наколькі вялізныя страты прыносілі голад i заразы, мы бачым у шклоўскіх уладаньнях i ў Аршанскім павеце. У інвэнтары шклоўскіх уладаньняў з 1661 г. мы часта чытаем пра выміраньне цэлых сем'яў, напр. «Цімох Гончаў з усім вымер, пляц пусты» ці «Аляксеева памерла з сынамі i пасынкамі». Напрыканцы гэтага інвэнтару падлічана, што ў шклоўскіх уладаньнях засталося 1062 гаспадары, a вымерла 4216 гаспадароў i 6588 сыноў, братоў i г. д., разам 10 804 дарослых мужчынаў, або блізка 80% насельніцтва. Маравая пошасьць у той самы час лютавала таксама ў Маскве, дзе ў 1654 г. вымерла каля 80% насельніцтва.

Вайна, галеча i голад былі прычынаю валацужніцтва i жабрацтва. Ужо пасьля казацкіх войнаў у 1653 г. кароль выдаў адмысловую ўставу супроць жабракоў, у якой чытаем: «У местах i мястэчках нашых Вялікага Княства Літоўскага бядоты такая вялікая моц намножылася, што ўсе вуліцы i месцы імі запоўнены, адкуль немалая нагода да розных хваробаў i заразы».

Беларускія ваяводзтвы абязьлюдзелі часткова i праз акцыю перасяленьня ў Расею падчас войнаў. Селянін складаў у тыя часы вялікую каштоўнасьць для фэўдалаў, асабліва пасьля таго, як Расея абязьлюднела ў 1653-1655 гг. ад маравое пошасьці. Таму расейскія фэўдалы i карысталіся ахвотна з магчымасьці забраць беларускіх сялянаў у свае маёнткі. Вываз насельніцтва зь Беларусі набыў вялікія памеры. У 29 вёсках, якія належалі баярыну Б. Г. Марозаву ў Зьвянігарадзкім павеце пад Масквою, знаходзілася ў 1665 г. 1150 чалавек зь Беларусі. У адной Замаскоўскай акрузе знаходзілася звыш 10 тысяч беларускіх сялянаў. У Вярэйскім павеце за Масквою з 600 чалавек дворскіх слуг 100 паходзіла зь В. К. Літоўскага. Паводле сьпісаў з 1685-1686 гг. можна сьцьвердзіць, што беларускіх сялянаў з Аршанскага, Віцебскага, Мсьціслаўскага паветаў сустракалі ва ўсіх 19 паветах Замаскоўскае акругі. (Маскоўскія фэўдалы) вывозілі сялянаў у свае маёнткі як нявольнікаў. У лісьце да цара, адпраўленым у жніўні 1654 г., В. П. Шарамецеў скардзіўся на казакаў В. Залатарэнкі пад началам В. Кукіна, якія напалі пад Віцебскам на расейскі аддзёл, што вёў нявольнікаў: «полону отняли человек со сто и отняв отпустили». Кукін у адказе на гэтыя абвінавачаньні падкрэсьліваў, што гэта былі не нявольнікі, але сяляне, якіх перш абрабавалі, адале пагналі як нявольнікаў, i што гэтыя сяляне прасілі ў яго дапамогі i апекі, у якой ён не адмовіў.

Частку беларускага жыхарства прадавалі на рынках, у зьвязку з чым разьвіўся гандаль нявольнікамі. lx куплялі мусульманскія купцы i высылалі ў паўднёва-ўсходнія краіны. Толькі 27 траўня 1665 г. цар выдаў распараджэньні, якія забаранялі гандаль літоўскімі нявольнікамі. Па ўваходзе расейскіх войскаў у В. К. Літоўскае вывозілі ня толькі беларускіх сялянаў, але масава адсылалі ў маскоўскія гарады i рамесьнікаў. Значная ix колькасьць апынулася ў Маскве. У Мяшчанскай Слабадзе знаходзілася 487 беларускіх сем'яў (са Шклова было 86 сем'яў, з Дуброўны - 72, з Копысі - 35, Магілева - 21, Віцебску - 19, Полацку - 15, Мсьціслава - 14, Барысава - 13, Менску - 11, Воршы - 11, Горак - 8, Талачына - 6, з Быхава i Слуцку па 4 i na 1 сям'і з 22 местаў В. К. Літоўскага. Беларускае жыхарства складала ў Маскве звыш 10 %.

Зьвестку гэтую пацьвярджае таксама інвэнтар шклоўскіх уладаньняў з 1661 г. Паводле яго, з 1654 да 1661 г. вывезена было са Шклова ў Маскву 170 рамесьніцкіх сем'яў i 25 цяглых (służbowych), або каля 25 % гарадзкога насельніцтва 7.

Мяшчане з Старога Быхава, атрымаўшы весткі зь местаў, якія паддаліся дабравольна, самі пастанавілі бараніцца, каб ix не спаткаў той самы лёс. У паказаньнях старабыхаўскіх мяшчанаў, узятых у няволю, мы чытаем: «Которые городы и сдались, a именно Шклов, Копысь и иные городы, и тех городов всяких жилетцких людей неволят, грабят и в полон емлют м до Москвы отвозят, и те де все городы ныне разорены и опустошены, и быховцы де, слыша то, все на том и положили лутше де им в домех своих хотя померать нижели в неволю из воли самим себя отдавать».

Вось жа таму, па першых праявах радасьці з боку беларускіх сялянаў i мяшчанаў пасьля ўваходу маскоўскіх войскаў, якім яны шмат памаглі ў атрыманьні хуткае перамогі, - адносіны астылі. Маскоўскі фэўдал ня мог быць саюзьнікам беларускіх сялянаў, таму сяляне бачылі сваіх саюзьнікаў i абаронцаў у казаках, яны зьяўляліся ix клясаваю арміяй. Бурмістар Крычава даносіць, што мяшчане не здаліся Маскве, «але паддаліся ў моц казаком, разумеючы i спадзеючыся, што яны да нас міласэрнасьць, літасьць i бачаньне мець будуць».

Палітыка расейскіх фэўдалаў у дачыненьні да беларускіх мяшчанаў i сялянаў спрычыніла нават варожыя ix выступленьні супроць расейскіх войскаў. У часе наступу войскаў Чарнецкага i Сапегі жыхары Магілева зьнішчылі маскоўскі гарнізон, узятых у няволю камандзераў адаслалі ў Варшаву, a места здалі польскім войскам 8. Тое самае ўчынілі ў 1661 г. дзісенскія мяшчане. Мэдэкша ў сваім дзёньніку зазначае таксама, што калі ён ехаў празь места Дуброўна ў Аршанскім павеце, дык «мяшчане з плачам скардзіліся на Маскву». В. Кахоўскі ўзгадвае, што маскоўскіх недабіткаў, якія крыліся па лясох, сяляне хапалі i мардавалі.

3 вышэйназваных прычынаў насельніцтва В. К. Літоўскага ў 1648- 1667 гг. значна зьменшылася. Асабліва пацярпела насельніцтва паветаў, сумежных з Маскоўскай дзяржаваю, у якіх вайна трывала найдаўжэй.

Разгледзеўшы ход войнаў i прычыны дэмаграфічнага спаду на Ліцьве i Беларусі, пяройдзем да статыстычных падлікаў насельніцтва ў палове XVII ст. (...)

СТРАТЫ НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСІ Й ЛІТВЫ Ў ПЭРЫЯДЗЕ 1648-1667 гг.

У папярэднім разьдзеле мы падлічылі насельніцтва В. К. Літоўскага перад войнамі, цяпер ведаем ужо насельніцтва пасьля войнаў, i таму сам падлік стратаў насельніцтва не складае грунтоўных цяжкасьцяў. Аднак перш чым мы прыступім да гэтага падліку, належыць высьветліць, ці страты ў жылых будынках былі на Беларусі i ў Ліцьве большымі за страты жыхарства. У гістарычнай літаратуры пра разбурэньні ў Польшчы мы такое сьцьверджаньне сустракаем 9.

Дасьледуючы страты насельніцтва ў В. К. Літоўскім, мы не адзначылі загушчэньня заселенасьці дымоў ласьля войнаў, але зазначылі, наадварот, слад заселенасьці дыму. Праяву гэтую растлумачыць няцяжка. Страта насельніцтва была выклікана галоўным чынам не непасрэднымі вайсковымі дзеяньнямі: падчас ix палілі i нішчылі цэлыя вёскі, але ўсе людзі ня гінулі. Спад жыхарства быў выкліканы пераважна другаснымі прычынамі: голадам, заразнымі хваробамі, уцёкамі па-за межы дзяржавы. Стыхійныя няшчасьці заўсёды таварышылі войнам, ад заразы выміралі цэлыя вёскі, але забудовы заставаліся. Таксама i сяляне, уцякаючы, не палілі i ня нішчылі будынкаў.

Для прыкладу падам, што ў месьце Копысі паводле інвэнтару з 1661 году быў забіты адзін толькі жыхар, нейкі Бярнацкі; 30 мяшчанаў зь сем'ямі, пераважна рамесьнікаў, вывезены былі ў Маскву; 11 уцяклі на Ўкраіну, 15 на Літву, a жыхарства блізка 130 дамоў вымерла 10. Паводле інвэнтару шклоўскіх уладаньняў з 1661 г. г у Шклове загінула 16 чалавек, у Маскву вывезена 195 рамесьніцкіх сем'яў, уцяклі на Ўкраіну 61 i памерлі ад заразных хваробаў 1.290 чалавек. Ува ўсёй Шклоўскай воласьці засталося 1062 гаспадары, памерла i часткова зьбегла 4.216 гаспадароў i 6.588 сыноў i братоў.

Вельмі часта ў інвэнтарох мы сустракаем згадкі пра дамы, пакінутыя ў выніку сьмерці або ўцёкаў жыхарства. У інвэнтары вёскі Дубай з 1661 г. чытаем, што ў гэтай вёсцы засталося 8 гаспадароў, a пасьля трох гаспадароў засталіся пустымі «добрыя дамы i будынкі». Згадваюцца пустыя дамы зьбеглых сялянаў у інвэнтары Ярэмічаў з 1667 г. Мы чытаем пра пустыя дамы ў 1671 г. у вёсцы Гердзягола. У мястэчку Куртавянах на Жмудзі ў 1674 г. знаходзілася 14 дамоў заселеных i 15 пустых. У вёсцы Папялы ў 1663 г. жыло чацьвёра бедных гаспадароў, a па трох вымерлых у 1658 г. сем'ях засталіся пустыя дамы. У маёнтку Манькавічы ў Пінскім павеце, паводле інвэнтару з 1663 г., у 7 вёсках знаходзілася 168 дамоў заселеных i 129 пустых па памерлых i зьбеглых сялянах. У Гелгудышках у 1665 г. знаходзіліся 24 гаспадары, a па 8 гаспадарох засталіся толькі пустыя дамы. Паводле падымнага сьпіу з Аршанскага павету, у 1667 г. у Магілеве знаходзілася, без шляхецкіх i касьцельных юрыдыкаў, 577 заселеных дамоў i 445 «пустых дамоў, з каторых людзі прэч павыходзілі». Такіх прыкладаў можна прывесьці значна болей.

У шмат якіх інвэнтарох з паваеннага пэрыяду мы сустракаемся з наказамі для адміністрацыі, каб пільнавала пакінутыя сялянскія забудовы i не дазваляла ix разбураць. У інвэнтары Бабруйскага староства з 1671 г. чытаем: «Будаваньня i дрэва бортнага на пусташах не псаваць». У інвэнтары баслаўскіх уладаньняў з 1679 г. пішацца пра абавязак адміністрацыі пільнаваць пустыя будынкі ла зьбеглых сялянах.

Спаленьне вёскі або мястэчка ў тыя часы было прычынаю адыходу з паселішча пераважнае часткі жыхарства, якое разыходзілася па суседніх мясцовасьцях i асядала па пустых дамох. У часе войнаў новыя дамы будаваліся рэдка. Галоўнай перашкодаю была нястача запрэжнага інвэнтару для звожаньня матар'ялу; апрача таго, відавочна, што пустых дамоў засталося багата. У крайнасьці хаваліся ў лесе. У інвэнтары маёнтку Попель з 1663 г. чытаем, што ў часе вайны была спалена ўся вёска Пупішкі, сяляне разыйшліся, толькі «адзін застаўся Крыс Урбашаніц, але дзеля беднасьці, ня могучы жыць там, перабраўся ў лес i там жыве».

Рост населенасьці дыму зазначаецца толькі ў канцы XVII ст. У зьвязку з узростам паншчыны сяляне бараніліся ад яе двума спосабамі: па-першае - ня бралі шмат г. зв. цяглае зямлі, зь якое трэба было адрабляць паншчыну, па-другое - дарослыя жанатыя сыны не аддзяляліся ад бацькоў i не закладалі ўласных гаспадарак; паншчына тады раскладалася на большую колькасьць асобаў i рабілася праз гэта лягчэйшаю. Пустое зямлі было даволі, i сяляне стараліся арандаваць зямлю на г. зв. трэці-чацьверты сноп у залежнасьці ад якасьці грунту, або за акрэсьлены чынш. Гэтая пастава сялянаў спрычыніла зьяўленьне ў інвэнтарох з канца XVII ст. распараджэньняў аб прымусовым разьдзеле вялікіх складаных сялянскіх сем'яў. У інвэнтары маёнтку Ярэмічы ў 1682 г. пішацца, што сяляне зь 10 валокаў зямлі забавязаныя выставіць штогод хату на пустой зямлі, урабіць i абсеяць пры ёй паўвалокі зямлі, далей у гэтых гаспадарках належыць асадзіць жанатых сыноў, братоў, зяцёў альбо людзей прышлых ("przyhoźnych"). Тое самае мы чытаем у інвэнтары Баслава з 1691 г. У інвэнтары Корві з 1691 г. чытаем, што «сялянаў семяністых (сямейных) разьдзяляць «можна». У інвэнтары Гінейцішак прапануецца «сем'і вялікія рассаджваць i ўспамагаць». 3 канца XVII ст. населенасьць дыму ўзростае, a ў XVIII ст. на дым прыпадае ўжо ізноў 8 чалавек (табліца 1).

Як вынікае з табліцы 2, страты насельніцтва ў В. К. Літоўскім былі велізарныя. Асабліва пацярпелі такія беларускія паветы, як Полацкі, Мсьціслаўскі, Аршанскі, Менскі, Віцебскі, Рэчыцкі, Мазырскі, Браслаўскі i Ашмянскі. У дзевяцёх гэтых паветах страты ў дымох перасягалі 50%. Найменш пацярпелі літоўскія i заходнебеларускія паветы.

Пяройдзем да падліку стратаў насельніцтва В. К. Літоўскага ў пэрыядзе войнаў.

Табліца 1. Страта дымоў пa паветах В. К. Літоўскага ў пэрыядзе 1648-1667 гг.

Павет

Колькасьць дымоў

Убыцьцё дамоў

перад войнамі

па войнах

у абсалютных лічбах

у працэнтах

Жмудзкі

49 056

33 959

15 097

30,8

Упіцкі

23 470

15 420

8 050

34,3

Ковенскі

12 479

7 919

4 560

36,5

Троцкі

12 020

7 451

4 569

38,2

Гарадзенскі

24 914

17 742

7 172

28,8

Вілкамірскі

20 373

15 750

4 623

22,7

Браслаўскі

5613

2612

3 001

53,4

Віленскі

16 501

8 468

8 033

48,7

Ашмянскі

30 542

15 236

15 306

50,1

Лідзкі

11 860

9 621

2 239

18,8

Ваўкавыскі

10 118

7 679

2 439

24,1

Слонімскі

11 022

9619

1 403

13,0

Наваградзкі

41 249

25 559

15 590

38,0

Берасьцейскі

40 455

22 591

17 864

44,1

Пінскі

23 262

14 211

9 051

39,0

Менскі

25 892

10 352

15 540

60,0

Рэчыцкі

4 342

1 816

2 526

58,2

Мазырскі

5 276

2 305

2 971

56,3

Полацкі

23 204

6 297

16 277

70,1

Віцебскі

10 035

4 096

5 939

59,2

Аршанскі

67 600

22 310

45 290

67,0

Мсьціслаўскі

13 769

4 237

9 532

69,3

Разам:

483 052

265 880

217 172

44,9

У зьвязку з тым, што населенасьць дыму перад войнамі мы ацанілі ў 8 чалавек, a па войнах у 7,5, - страты насельніцтва будуць вышэйшымі за страту дымоў.

Страты насельніцтва ў В. К. Літоўскім дасягалі блізка 50%. Найбольш пацярпелі, як вынікае з табліцы, паветы, якія межавалі з Расеяй: Браслаўскі, Полацкі, Віцебскі, Аршанскі, Мсьціслаўскі, Рэчыцкі i Мазырскі, у якіх найдаўжэй ішлі баі i стаялі вайсковыя лягэры. Да значна здратаваных належалі таксама цэнтральныя паветы В. К. Літоўскага: Менскі, Віленскі i Ашмянскі, якія былі стоўпішчам вайсковых лягэраў i абшарам частых праходаў уласных i чужых войскаў.

Табліца 2. Страты насельніцтва па паветах В. К. Літоўскага ў пэрыядзе 1648-1667 гг.

Павет

Насельніцтва

Страта людзей

перад войнамі

па войнах

у абсалютных лічбах

у працэнтах

Жмудзкі

392 448

254 693

137 755

35,3

Упіцкі

187 760

115 650

72110

38,4

Ковенскі

99 832

59 393

40 439

40,5

Троцкі

96 180

55 883

40 277

42,0

Гарадзенскі

199312

133 065

66 247

33,2

Вілкамірскі

162 984

116 125

46 859

28,7

Браслаўскі

44 904

19 590

25 314

56,3

Віленскі

132 008

63 510

68 498

51,8

Ашмяпскі

244 336

114 270

130 066

53,2

Лідзкі

94 880

71 158

23 722

25,0

Ваўкапыскі

80 944

58 593

22 351

27,6

Слонімскі

88176

72 143

16 033

18,2

Наваградзкі

329 992

191 693

138 299

42,0

Берасьцсйскі

323 640

169 433

154 207

47,6

Піііскі

186 095

106 583

79513

42,7

Мсііскі

207 136

77 640

129 496

61,8

Рэчыцкі

34 736

13 620

21 116

60,8

Мазырскі

42 208

17 288

24 920

59,0

Полацкі

185 632

51 953

133 679

72,0

Іііцсбскі

80 280

30 720

49 560

61,7

Аршанскі

540 800

167 325

373 475

69,0

Мсьціслаўскі

110 152

31 778

78 374

71,1

Разам:

3 864 416

1 994 106

1 870 310

48,4

Каб дапоўніць звесткі пра разбурэньні ў В. К. Літоўскім, супаставім страту дымоў i страты насельніцтва па ваяводзтвах (табліцы 3, 4).

Канчатковыя вынікі трэба пабольшыць прыблізна на 15% дымоў, не ахопленых сьпісамі. Паводле нашых падлікаў, перад войнамі на тэрыторыі, пра якую йдзецца, знаходзілася каля 568 296 дамоў, заселеных 4 546 368 асобамі, a гушчыня насельніцтва складала 15,3 чал./км2.

Табліца 3. Страты дымоў па ваяводзтвах В. К. Літоўскага ў 1648-1667 гг.

Ваяводзтва

Колькасьць дымоў

Убыцьцё дамоў

перад войнамі

па войнах

у абсалютных лічбах

у працэнтах

Жмудзкае

49 056

33 959

15 097

30,8

Троцкае

72 883

4&532

24 351

33,4

Віленскае

84 889

51 687

33 202

39,1

Наваградзкае

62 389

42 857

19 532

31,3

Берасьцейскае

63 717

36 802

26 915

42,2

Менскае

35 510

14 473

21 037

59,2

Полацкае

23 204

6 927

16 277

70,1

Віцебскае

77 635

26 406

51 229

65,9

Мсьціслаўскае

13 769

4 237

9 532

69,3

Разам:

483 052

265 880

217 172

44,9

Табліца 4. Страты насельніцтва па ваяводзтвах В. К. Літоўскага ў пэрыядзе 1648-1667 гг.

Ваяводзтва

Насельніцтва

Страты

перад войнамі

па войнах

у абсалютных лічбах

у працэнтах

Жмудзкае

392 448

254 693

137 755

35,3

Троцкае

583 064

363 991

219 073

37,6

Віленскае

679 112

386 653

292 459

43,1

Наваградзкае

499112

322 429

176 683

35,4

Берасьцейскае

509 736

276 016

233 720

45,8

Менскае

284 080

108 548

175 532

61,8

Полацкае

185 632

51 953

133 679

72,0

Віцебскае

621 080

198 045

423 035

68,1

Мсьціслаўскае

110 152

31 778

78 374

71.1

Разам:

3 864 416

1 994106

1 870 310

48,4

Па войнах засталося каля 312 800 дамоў, заселеных 2 346 000 жыхарамі, гушчыня насельніцтва блізілася да 8 чалавек на км 2. У выніку войнаў страцілася 255 494 дамы i 2 200 368 чалавек.

Для параўнаньня падамо страты насельніцтва ў Польшчы. На тэму дэмаграфічнага спаду ў Польшчы па войнах паловы XVII ст. выказалася ўжо багата гісторыкаў. В. Русіньскі, вывучаючы дэмаграфічны спад у Вялікапольшчы, падлічыў, што страты вясковага насельніцтва дасягалі там блізка 48,9%, a гарадзкога жыхарства 62,5%. I. Гейштарова ацаніла страты вясковага насельніцтва для Мазоўша ў 40%, гарадзкога ў 70%, у сярэднім для ўсяго ваяводзтва 43%. А. Гашоўскі ацаніў спад насельніцтва ў Прусах Каралеўскіх у 55- 60%. Е. Тапольскі ацаніў страты насельніцтва ў Вялікапольшчы ў 42%, у Малапольшчы - 27%, на Мазоўшы - 64%, у Прусах Каралеўскіх - 60% I на Падляшшы ў 50%. Ю. Героўскі піша, што насельніцтва ў Польшчы ў трэцяй чвэрці XVII ст. паменшала прыблізна на 33%. I. Гейштарова i Т. Ладагурскі ацанілі страты насельніцтва ў Польшчы за 1648-1661 гг. у 52%. Ян Руткоўскі, які першы распачаў досьледы ваенных разбурэньняў, падлічыў, што ў землях холмскіх, львоўскай i саноцкай страта гаспадарак складала 53%. 3 гэтага супастаўленьня вынікае, што страта насельніцтва ў Польшчы была вялізарнаю, хоць вайна i трывала тут карацей, чымся ў В. К. Літоўскім.

Падлічыўшы агульныя страты насельніцтва В. К. Літоўскага за пэрыяд войнаў, прыступім да падліку стратаў паводле структуры зямельнае ўласнасьці. (...)

ЗАКАНЧЭНЬНЕ

Паводле пачатковае задумы, гэтая праца мелася быць прысьвечана аналізу ваенных разбурэньняў на тэрыторыі Беларусі i Літвы ў выніку войнаў паловы XVII ст. Знайшоўшы адпаведныя дакумэнты ў постаці сьпісаў падымнага i рэестраў дымоў зь перад- i пасьляваенных гадоў i сабраўшы значную колькасьць інвэнтароў i маёнткавых люстрацыяў, аўтар зьдзейсьніў слробу падлічыць колькасьць насельніцтва В. К. Літоўскага. Гэта дазволіла дасьлядзіць агульныя страты насельніцтва на Беларусі i Ліцьве за гады войнаў, a таксама правесьці падзел дымоў паводле катэгорыі ўладаньняў i ладлік стратаў паводле гэтага падзелу.

Згодна з дэмаграфічнымі дадзенымі, да 1648 г. мы не зазначылі ў В. К. Літоўскім дэмаграфічнага спаду. Страты насельніцтва былі выкліканы толькі вайсковымі дзеяньнямі i эпідэміямі з стыхійнымі няшчасьцямі, якія ім таварышылі.

Па войнах наступіла адбудова гаспадаркі i рост насельніцтва. Разьвіцьцё гэтае доўга не патрывала. Ужо ў 90-x гадох XVII ст. у В. К. Літоўскім рост насельніцтва замарудзіўся, адале наступіў дэмаграфічны спад, спрычынены ня войнамі, але грамадзкімі дачыненьнямі - фальварча-паншчыннаю сыстэмаю. Гаспадарчы спад выяўляўся ня толькі ў меншаньні ліку дамоў; відаць таксама заняпад рамяства 11. Гаспадарчы крызыс канца XVII ст. быў паглыблены новай вайною з Швэцыяй за Інфлянты i грамадзянскай вайною на пачатку XVIII ст.

Належала б прадоўжыць працу над падлікам насельніцтва В. К. Літоўскага ў канцы XVII i ў XVIII ст. Рэестры дымоў з канца XVII i XVIII ст. мы маем. Сьпіс дымоў В. К. Літоўскага з 1690 г. быў выдадзены Р. Рыбарскім, іншы з таго ж самага году выдалі I. Гейштарова i Т. Ладагурскі. Абодва сьпісы маюць характар, адрозны ад сьпісаў 1649- 1673 гг. Рэестры дымоў з 1649- 1673 гг. - гэта сапраўдныя сьпісы дымоў, i дым можа быць прыняты за вясковы дом. Сьпісы з 1690 г.- гэта ацэначныя сьпісы, плацежнай адзінкаю зьяўляецца г. зв. «дым», у паняцьце якога ўваходзіла некалькі дамоў. Такім самым ацэначным сьпісам зьяўляецца рэестр дымоў В. К. Літоўскага з 1717 г. Калі мы падлічым, колькі дамоў уваходзіла ў склад «дыму», льга было б ацаніць страту насельніцтва, спрычыненую Паўночнаю вайною. У крыніцах ёсьць пэўныя ўказаньні, колькі дамоў у канцы XVII i на пачатку XVIII ст. уваходзіла ў склад дыму. Зь сьпісаў дымоў у сапежынскіх добрах, раскіданых па ўсёй тэрыторыі В. К. Літоўскага (1690 г.), вынікае, што ў гэтых уладаньнях налічана 7882 запрысягнутыя дымы, a ўсіх дамоў 17 570. У гэтым выпадку на дым прыпадала 2,2 дома. Паводле люстрацыі вігерскіх уладаньняў, што ляжалі ў перстуньскім лясьніцтве ў Гарадзенскім павеце, у 1711 г. у тых уладаньнях знаходзіліся 154 дымы i 381 хата. Паводле гэтай крыніцы, на дым прыпадала ў сярэднім 2,4 хаты. У абодвух выпадках на дым прыпадала звыш двух дамоў. За падставу належала б прыняць у сярэднім 2,2 дома на дым, або вынік, атрыманы зь вялізных сапежынскіх уладаньняў.

У рэестры дымоў В. К. Літоўскага з 1690 г., апублікаваным у працы Р. Рыбарскага, фігуруе 156 271 дым, згодна з паведамленьнем, пададзеным I. Гейштаровай i Т. Ладагурскім - 171 689 дымоў. Узяўшы пад увагу абодва паведамленьні, падрыхтаваныя паводле лаветаў, i адлічыўшы інфлянцкія дымы, атрымаем для В. К. Літоўскага ў 1690 г. 171 827 дымоў. Замяніўшы ацэначныя дымы дамамі, атрымаем для 1690 г. 378 020 дамоў на Ліцьве i Беларусі.

У рэестры з 1717 г. у В. К. Літоўскім падаецца 121 000 дымоў. Безь Інфлянтаў застаецца 120 350 дымоў. Замяніўшы дымы на дамы, атрымаем каля 264 770 дамоў. Убыцьцё дамоў за 1690-1717 гг. складала каля 113 250, альбо каля 30%.

Апошнім рэестрам дымоў В. К. Літоўскага, падрыхтаваным ужо пасьля першага разьдзелу, зьяўляецца «Сумарыюш гэнэральны дымоў Вялікага Княства Літоўскага з 1790 г...» 12. Дакумэнт вельмі каштоўны для дэмаграфічных падлікаў у В. К. Літоўскім. Сьпіс адносна дакладны, дым азначае дом. Адпадае патрэба пералічваць. Паводле сьпісу з 1790 г. у В. К. Літоўскім (безь беларускіх земляў, якія па першым разьдзеле атрымала Расея) знаходзілася 451 132 дымы. На беларускіх абшарах, якія Расея атрымала ў 1772 г., жыло каля 1 226 996 чалавек 13. Прыймаючы ў канцы XVIII ст. 8 чалавек на дом, мы атрымаем 153 375 дамоў. Разам у 1772 - 1790 гг. на тэрыторыі былога В. К. Літоўскага знаходзілася каля 604 507 дамоў.

Цяпер мы можам супаставіць усе падлікі насельніцтва ў XVII i XVIII стст. (табліца 5).

Табліца 5.Населыііцтва В. К. Літоўскага ў XVII i XVIII стст.

Дзеля лепшае арыентацыі мы прынялі насельніцтва з 1648-1653 гг. за 100 %.

Гады

Колькасьць дымоў у В. К. Л.

Працэнт

Колькасьць людзей

Чалавек на км2

1648-1653

568 296

100,0

4 546 368

15,3

1667-1673

312 800

54,1

2 346 000

7,8

1690

378 020

65,4

2 835 150

9,5

1717

264 770

45,8

1 853 390

6,7

1772-1790

604 507

104,6

4 836 056

16,3

Прыгледзеўшыся да табліцы, мы заўважым, што насельніцтва Беларусі i Літвы толькі ў канцы XVIII ст. перавысіла стан з паловы XVII ст. У часе ад 1648 да 1790 гг. прыбыло толькі 26 904 дымы, альбо ў сярэднім за год прыбывала каля 190 дымоў, што складала 0,032%. У часе войнаў у 1648-1667 гг. убыло каля 45% дымоў i 50% насельніцтва (мы прыймаем, што па войнах населенасьць дыму ўпала з 8 чалавек да 7,51. У часе другое Паўночнае вайны страта насельніцтва складала каля 30 %. У мірны пэрыяд лік насельніцтва рос. У 1667-1690 гг. гадавы прырост складаў у сярэднім 0,90%. Асабліва шпаркі прырост насельніцтва мы назіраем у XVIII ст. У 1717- 1790 гг. сярэдні гадавы прырост дымоў складаў 1,3%, a сярэдні прырост насельніцтва нават 2,2%. Насельніцтва ў канцы XVIII ст. даходзіла на Беларусі i Ліцьве да 5 мільёнаў, a на км 2 лрыпадала звыш 16 асобаў. Высновы для канца XVII i пачатку XVIII ст. гіпатэтычныя i вымагаюць глыбейшых досьледаў.

Гэтыя падлікі спрычыненых войнамі стратаў насельніцтва на Беларусі i Ліцьве ў XVII i часткова ў XVIII ст. выразна паказваюць дэструктыўную ролю войнаў. В. К. Літоўскае з прычыны працяглых войнаў на сваёй тэрыторыі было на дзесяткі гадоў адкінута назад у сваім гаспадарчым разьвіцьці.

У гэтай працы я абмежаваўся адно падлікам колькасьці насельніцтва В. К. Літоўскага. Належала б яшчэ апрацаваць іншыя пытаньні, зьвязаныя з войнамі. Яшчэ большыя страты, чымся ў людзях, можна заўважыць у жывым інвэнтары. Насельніцтва княства ў ладнай меры страціла коняй i валоў, што пацягнула за сабою значнае зьменшаньне абшару ўраблянае зямлі i ўзьнікненьне вялікіх пустак, a таксама зьніжэньне ўраджаяў. Праблемы гэтыя чакаюць апрацаваньня, толькі па ix дасьледжаньні мы мелі б поўны вобраз уплыву войнаў на прадукцыйныя сілы.

ЗАЎВАГІ

Заўвагі аўтара падаюцца ў скароце. Выкасаваны збольшага спасылкі на архіўныя рукапісы i публікацыі цытаваных дакумэнтаў; пакінуты спасылкі на кніжныя апрацаваньні i публікацыі буйнейшых тэкстаў.

1. Н. С. Г o л и ц ы н. Русская военная история, ч. II. С.-Петербург, 1878, с. 598.

2. Radziwiłł, Stanisław Albrecht. Pamiętnik. Wyd. Edward Raczyński, Poznań, 1839.

3. Kochowski, Wespazyan. Historia panowania Jana Kazimierza, t. I - II. Wyd. E. Raczyński, Poznań, 1840, s. 160; Obuchowicz K. F. Diariusz. Pamiętniki historyczne do wyjaśnienia spraw publicznych w Polsce XVII w. Wydal M. Baliński. Wilno, 1859, s. 30; Акты, относяіцнеся к нсторкм Южной м Западной Россмм... т. 111, № 234, с. 298 i № 292, с. 376 (данясеньні Г. Кунакова).

4. Аддзел рукапісаў музею Чартарыскіх у Кракаве, 2747, № 49, с. 181. На гэтую харугву ў 1652 годзе скардзілася шляхта з Рэчыцкага павету. Тс., 2747, № 54; у 1653 годзе харугва Палубінскага рабавала жыхарства ў Барысаўскім старосьцьве, што выклікала нават пратэст у гэтмана Я. Радзівіла. Тс., 2747, N° 67, с. 251.

5. (...) Частка ягонага войска збунтавалася i зьбегла, нарэшце i сам ён таксама. (...)

6. За час войнаў 1648-1667 гг. былі зрабаваны i спалены месты i мястэчкі; Пінск тройчы (...), Высоцк чатыры разы (...), Столін двойчы (...), Тураў двойчы (...), па адным разе Нобель, Церабяжоў, Янаў, Дубровіца, Хомск i Петрыкаў (...). Мястэчкі Безьдзеж i Давыд-Гарадок рабаваліся неаднакротна (...). Фальваркаў i двароў спалена 31, a 6 зрабавана. Вёсак спалена 43. Выяўляецца, што найбольш пацярпелі шляхецкія двары i фальваркі. Польска-літоўскія войскі зрабавалі 60 вёсак, зь ix 21 неаднаразова. Як выглядалі такія рабункі, мы даведваемся з данясеньня Дварэцкага да павятовых уладаў аб стратах у маетнасьцях Капцеў-Магільнай i Янаве ў 1663 г. Там мы чытаем, што войскі «праходамі, набегамі, начлегамі, стацыямі, браньнем нязносных пабораў, па-драпежніцку ўбогіх падданых уціскаючы, рабуючы быдла, коні, авечкі, бараны пазабіралі, вынішчылі і, дашчэнту спустошыўшы, абязьлюднілі, падданых паразганялі, пагубілі, чым памянёную маетнасьць Магіленскую i Янаўскую да астатняе прывялі руіны». 3 гэтае прычыны «18 дымоў спустошала, зьнішчэла i адыйшло, падданых хіба што колькі дзясяткаў калекаў» (...) Такіх прыкладаў зьверскага-абыходжаньня польскіх i літоўскіх войскаў зь мясцовым жыхарствам льга прывесьці дзясяткі.

7. (...) Перад войнамі ў Шклове знаходзілася блізка 986 дамоў.

8. Акты, издаваемые Виленской Археографической Комиссией, т. XXXIV, № 180, с. 202 i прадмова, с. XXXI. Параўнай: Запискн игумена Ореста. Археографический сборник, т. III, Приложение, с. XVIII; Volumina legum, т. IV, с. 327.

9. Gieysztorowa I. Ladogórski Т. W sprawie nowych badań nad raludnieniem dawnej Polski Kwartalnik historii Kultury Materialnej, R. 6, 1958, z. 1-2, s. 51. Гэтыя аўтары пішуць, што зьнішчэньні нерухомасьці ў Польшчы былі больш адчувальныя, чымся між жыхарства, чаму, праўдападобна, па войнах i наступіла часовае загушчэньне насельніцтва, i таму сярэднюю заселенасьць дыму належыць узьняць прыблізна на 30%. Вышыню (заселенасьці) дыму яны ацанілі ў 8 чалавек. У Польшчы налічана 320 560 дымоў, або каля 2 564 480 жыхароў. Гейштарова (Gieysztorowa I. Zniszczenia i straty wojenne oraz ich skutki na Mazowszu. W.: Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655-1660, т. II) таксама піша пра большыя страты ў будынках, чым сярод жыхарства. В. Русіньскі (Straty i zniszczenia w czasie wojny szwedzkiej oraz jej skutki na obszarze Wielkopolski. Ibidem) падае, што павелічэньня гушчыні насельніцтва ў нязьнішчаных дамох не наступіла.

10. Archiwum Radziwillowskie w Warszawie, XXV, № 1768. За ваенныя гады ў Маскву было вывезена шмат рамесьнікаў. Масква ў 1654 г. абязьлюдзела з прычыны заразы, страціла ў той час блізка 80% насельніцтва, i гэта сталася прычынаю вывазу беларускіх рамесьнікаў. Гл.: кістормя Москвы, М., 1952, т. 1, с. 454.

11. J. Morzy. Geneza i rozwój cechów wileńskich do końca XVII w. Zeszyty naukowe Uniwersytetu im. A. Mickiewicza. Historia, z. 4. Poznań, 1959, s. 39.

12. Цэнтр. Дзярж. Гіст. Архіў Летувы, № 4067. Гэтым сумарыюшам карыстаўся В. Концэ: С o n z е W. Agrarverfassung und Bevólkerung in Litauen und Weissrussland. Teil I. Die Hufenyerfassung im ehemaligen Grossfiirstentum. Litauen. 1940. Ha іншы сьпіс дымоў спасылаецца г. Лаўмяньскі (Н. Ł owmiański. Uwagi w sprawie podłoża społecznego i gospodarczego unii jagiellońskiej. Księga pamiątkowa. Ku uczczeniu czterechsetnej rocznicy wydania pierwszego Statutu litewskiego, Wilno, 1936). Ен знаходзіцца ў Віленскім Архіве (Цэнтр. Дзярж. Архіў Летувы. № 3377, к. 121.). Паводле гэтага сумарыюша, у В. К. Літоўскім у 1790 г. знаходзілася 436 856 дымоў.

13. Т. Korzon. Wewnętrzne dzieje Polski za St. Augusta, t. I. Kraków, 1897. Гл.: Полное Собранне Законов Росснйской Нмпермн, т. XIX, с. 1014. Там падаецца, што на тэрыторыі, якую Расея атрымала пасьля першага разьдзелу Польшчы, знаходзілася 576 307 сялянаў, 25 018 жыдоў, 6134 купцы, разам 607 459 мужчынаў.

Пераклад з польскай i падрыхтоўка Міколы РАМАНОЎСКАГА.



[1] Дашчэнту (лац.).

[2] Растузваньне, разьдзіраньне, ліваньне, разрабаваньне (пол.).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX