Папярэдняя старонка: Артыкулы

Белая кніга ў справе нацыянальнага назову 


Дадана: 12-07-2017,
Крыніца: Белая кніга ў справе нацыянальнага назову // Спадчына 1997. №5. С. 102-126.



Друкуецца паводле асобнага выданьня Вольнага Інстытуту Нацыянальных Праблемаў i выдавецтва "Сакавік", якое працавала ў беларускім лягеры для перамешчаных асобаў у Остэргофэне, Заходняя Нямеччына, у 2-й палове 40-х гг.



(выпуск 1)

AД РЭДАКЦЫІ.

Дзеля таго, што вакол пытаньня пра нашыя нацыянальныя назовы апошнім часам нарасла цэлая маса непаразуменьняў i сьведамых хвальшаваньняў ды перакручваньняў із спэцыяльнаю мэтаю поўнага дэзарыентаваньня шырэйшага грамадзтва (як свайго, так навет i чужога) - зусім на часе выданьне у ведамай форме "Белае Кнігі", якая, наколькі мага, прычынілася б да ўстанаўленьня фактычнае праўды ў гэтай справе.

Із тэхнічных прычынаў нашая "Белая Кніга" можа выходзіць тымчасам толькі выпускамі. Прапанаваны тут 1-шы выпуск зьмяшчае, як уводзіны, паданы ў форме тэзаў скандэнсаваны агляд усяго палажэньня ў галіне нашых нацыянальных назоваў.

Да друку падрыхтаваныя й наступныя выпускі - другі, які зьмяшчае матар'ялы з бальшавіцкіх крыніцаў, i трэйці, складзены з матар'ялаў мастацкае літаратуры.

НАШЫЯ НАЦЬІЯНАЛЬНЫЯ НАЗОВЫ

Тэзы

1. Нацыянальны назоў кажнага народу й краю не становіць сабою нейкае неканечнае й абыякавае прывескі, а будучы першай вонкавай адзнакай нацыянальнасьці й першым выражэньнем акту нацыянальнага самавызначэньня, як выяўленьня самасьведамасьці нацыі, уваходзе у вышэйшы круг ідэяў нацыянальнага гонару й годнасьці, а таксама нацыянальнага інтарэсу. Таму адпаведнасьць гэткага назову ідэям гэнага кругу станове сабою бязумоуную канечнасьць.

Зацемкі

1. Выяўленьне неадпаведнасьці нацыянальнага назову вышэйшаму кругу ідэяў нацыянальнага інтарэсу найчасьцей цягне за сабою больш або менш далёкасяжныя зьмены ў дачыненьні да гэнага назову. Так, Расейцы на пэўным этапе свайго гістарычнага разьвіцьця зьмянілі сваё ранейшае, сьціплейшае нацыянальнае імя Масква (Масковія, Маскоўшчына), Масквіцяне (Маскавіты, Маскоўцы, Маскалі) - маскоўскі й г. д. на назоў Русі-Рускіх (у пазьнейшай форме на грэцкі лад - Расеі-Расейцаў), поўны захопніцкай імпэрыялістычнай тэндэнцыяй да апанаваньня суседнімі славянскімі народамі. Цяпер яны-ж, абмежыўшы гэны назоў да часткі апанаванае імі тэрыторыі, высоўваюць над ім, як яшчэ больш далёкасяжны, закроены ўжо ў сусьветным маштабе тэрмін "савецкага народу". Украінцы ня толькі адкінулі начапляную ім Расейцамі з асыміляцыйнымі мэтамі мянушку "Маларусаў" ("Маларосаў"), але й адкінулі прысабечаны тымі-ж Расейцамі стары ўкраінскі народны назоў Русі-Рускіх ("Русінаў", "Руснакоў"). Японцы зусім нядаўна зьіначылі свой назоў Японіі на Ніпон, Пэрсы таксама зьмянілі назоў Пэрсіі на Іран. Сыямцы апошнімі гадамі зьмянілі былі назоў Сыяму на Tai, а цяпер ізноў зьвярнуліся да гэтага назову. В'етнамцы пратэстуюць навет супроць замежнага называньня іхнага краю - В'етнаму - Інда-Кітаем. Навет малыя й асталыя нацыянальнасьці змагаюцца за свой нацыянальны гонар у назовах (адкіданьне Ўдмуртамі расейскае мянушкі "Вацякоў", Марыйцамі - такое самае мянушкі "Чэрэмісаў", Комі - "Зыранаў" i пад.). Няма ніякага дзіва ў тым, што наагул пільнасьць у дачыненьні да нацыянальных назоваў завойстрылася ў вапошняй эпосе нацыянальных адраджэньняў i нацыяналістычных рухаў ды рэвалюцыяў, выклікаўшы сабою й бальшыню з кагадзе ўспомненых зьменаў.

2. Адзінства формы й зьместу канечнае й для нацыянальнага назову як, зрэшты, для ўсяго на сьвеце. Цьверджаньне, быццам "ня форма важная, зьмест", заўсёды прыкрывае імкненьне жангляваць формам, пры якім легка паўстаюць ведамыя цуды, пачынаючы ад "сацыялістычнага зьместу й нацыянальнае формы" аж да фокусаў тыпу г. зст. "запраўднае народнае дэмакратыі" (калі пад гэты тэрмін падводзіцца жудасная сыстэма паліцыйнага тэрору) i г. д., i г. д.

2. Наш сьведамы нацыянальны рух на самых сваіх пачатках сутыкнууся з назовам "Тутэйшыя", які у тым часе (напрыканцы XIX ст.) ужо ставау быу блізу усенародным назовам. Назоў гэны народ стыхійна даваў сам сабе ў цяжкіх часох навалы дэнацыяналізацыйных напорау, пераплеценых із рэлігійнымі ростыргамі й перасьледамі, як вымушаны гэтымі абставінамі сваяасаблівы нацыянальны псэўдонім. Пры ўсім гэтым, аднак, назоу гэны ўсё-ж упорыста выражаў ідэю народнае апрычонасьці й абарыгеннае, аўтахтоннае зьвязанасьці народу зь ягоным краем. Адно, што ідэя гэтая падавалася тут у форме лёкальнае абмежанасьці, якая дапушчала баржджэй рэгіяналістычную, правінцыйную, як нацыянальную інтэрпрэтацыю й гэ­тым ня толькі не перашкаджала, а навет як-бы патрабавала дапаўненьня й завяршэньня у кірунку тае ці іншае дэнацыяналізацыйнае тэндэнцыі ("Тутэйшы Рускі", "Тутэйшы Паляк"). Таму наш нацыянальны рух на сваіх першых этапах ня толькі не дапусьціў тэрміну "Тутэйшыя" на годнасьць нашага нацыянальнага назову, але як мага імкнуўся адкінуць яго наагул i сьцерці зусім, як невыгодны й навет небясьпечны для нацыянальнага гонару, годнасьці й інтарэсу (паэтычная й нацыянальна-ўсьведамляльная дзейнасьць агульнапрызнанага бацькі руху Ф.Багушэвіча й асабліва ягонага наступніка й спадкаемца, "правадыра й прарока нацыянальнага адраджэньня" Я.Купалы).

Зацемка

Назоў "Тутэйшыя" дажыў i да нашага часу (у глухіх куткох Палесься й інш.), ды навет штучна ладтрымваўся дэнацыяналізатарамі нашага народу у перадваеннай Польшчы з мэтаю эксплёатацыі вышэйпаказаных асаблівасьцяў свае формы, выгодных для іхнае тэндэнцыі. Нямецка-гітлераўскія акупанты таксама спрабавалі практыкаваць сэнс гэтага назову ў вызначэньнях нашага жыхарства й навет зваротах да яго ("Einheimisch").

3. На месца вымушанага сьціплага народнага псэўдоніму "Тутэйшыя", неадпаведнага вымаганьням гордага на­цыянальнага ймя, першы этап нашага нацыянальнага руху ўзьняў i прафарсаваў, як наш усенародны й нацыянальны назоу, тэрмін Беларусь-Беларусы-беларускі й г. д. Узяты з адміністрацыйнае расейскае практыкі i у другой істатнейшай сваёй частцы пазначаны нязмывальнаю пячаткаю сувязі з "Русяй"-Расеяй i "рускім"-расейскім, назоў гэты, аднак, зусім адпавядаў такім асноўным мамэнтам першага этапу руху, як аўтанамізм (у межах Расеі), абароньніцтва найперш ад дэнацыяналізацыі (характэрная інтэрпрэтацыя Ф.Багушэвіча: Беларусь -"белая, чыстая: нікога ня біла, не падбівала, толькі баранілася"), змаганьне за праваслаўную ("рускую") бальшыню нашага народу, адцягваную расейскім дэнацыяналізацыйньім напорам, падмацаваным урадавым ціскам, а таксама неабазнанасьць i у собскай гісторыі, i ў гісторыі іншых народаў, ня толькі суседніх i сваяцкіх, але аналёгічна да нашага ўсытуяваных i скіраваных (называньне Ўкраінцаў "Маларусамі" ў Ф.Багушэвіча).

Зацемкі

1. Істатнейшая другая частка назову Беларусь-беларускі й г. д.-"Русь-рускі" й г. д.- мела нацыянальнае значаньне спачатку толькі ў дачыненьні да Ўкраіны, на тэрыторыі якой гістарычна - нявысьветленымі да канца "Русамі", была заснаваная вялікая дынастычная імпэрыя Рурыкавічаў з цэнтрам у Кіеве, а пасьля - у дачыненьні да сучаснае Расеі, што ўзялася прысабечваць назоў "Русь-рускі" ў нацыянальным сэнсе, пачынаючы ад свайго валадара Івана III (1462-1505), аж пакуль не замацавала яго за сабой у гэтым значаньні на цэлым сьвеце (як у спачатнай форме "Русь-рускі", так i ў пасьлейшай, на грэцкі лад пераробленай "Расея"-"Расейцы"-"расейскі" й г. д.). У дачыненьні да нашага краю й народу, што заўсёды змьагаўся за сваю незалежнасьць із носьбітамі абедзьвюх вышэйзгаданых нацыянальных "Русяў" (як Кіеўскаеўкраінскае, так i Маскоўскае-расейскае) i ніколі, аж да каЙца XVIII ст., не трапляў у трывалую залежнасьць ад каторае-небудзь зь ix,- назоў "рускі" меў толькі рэлігійны й рэлігійна-культурны сэнс, абазначаючы прыналежнасьць да прынесенае праз Русь-Украіну рэлігіі й рэлігійнае кніжнае культуры. Нацыянальнага значаньня ў дачыненьні да нашага краю й народу назоў "Русь-рускі" ніколі ня меў, што засьветчываецца адпаведнымі гістарычнымі дакумэнтамі.

2. Назоў "Беларусь" зьявіўся ў выніку імкненьня чужаземцаў азначыць народныя розьніцы на вялікім прасторы Ўсходняе Эўропы, апанаванай аднэю й тэю-ж "рускай" (праваслаўнай) рэлігіяй. Ён зьявіўся адначасна з назовамі "Чырвоная Русь" i "Черная Русь", сканструяванымі на тымжа прынцыпе ўмоўнага каляровага абазначэньня народ­ных розьніцаў паводля тае ці іншае сымболікі колераў ("белы"- заходні, вольны, "чорны"- нявольны), факту пашыранасьці ix у народным абыходку, расавых адзнаках ці геаграфічнай намэнклятуры (Беласток, Вельск, Бе­лая i г. д. на "Белай Pyci", "чэрвенскія гарады" на чале з г. Чэрвенем на "Чырвонай Pyci"- Галіччыне), а таксама паралельна з назовамі "Вялікая Русь" i "Малая Русь", сканструяванымі на прынцыпе колькасных розьніцаў ды назовамі "Літоўская Русь" i "Вугорская Русь", сканструяванымі на прынцыпе гаспадарстваўскае прыналежнасьці. Даўжэйшы час назоў "Беларусь", як i бальшыня іншых кагадзе пералічаных назоваў, не лёкалізаваўся на адным пэўным месцы, а быў тэрмінам вандроўным, абазначаю­чы то паўночна-ўсходнюю частку нашае Бацькаўшчыны (Нямецкі крыжацкі паэта Пэтэр Зухэнвірт - XIV-XV ст., Паляк Ян Чарнкоўскі XVI ст.; некаторыя лісты з часоў вялікага князя Вітаўта ад 1413 i 1442 гг.), то зусім Маскоўшчыну (пасьля часовага вызваленьня яе ад татарскага ярма Ў выніку Кулікоўскае бітвы 1380 г., а таксама на карце кардынала Мікалая з Кузы 1460-1491 г. i навет у расейскага гісторыка з часоў Петры I - Татышчава), то навет Архангельшчыну аж да Халмагораў - тэрыторыю ля Белага мора, Белавозера (карта італьлянца Якуба Гастальды, 1548), то Ноўгаугадчыну (адзін із астралёгічных артыкулаў XVI ст.). Важна адзначыць падобную вандроўнасьць i назову "Чорная Русь", які абазначаў то Маскоўшчыну (у часох ейнае татарскае няволі), то паўдзённазаходнюю частку нашае Бацькаўшчыны (сучасныя Горадзеншчыну й Наваградчыну).

Першая спроба трывалае лёкалізацыі назову "Беларусь" на тэрыторыі нашае Бацькаўшчыны была зробленая у часе першае у гісторыі трывалае акупацыі яе Расеяй у 1654- 1660 гг. Яна была падрыхтоўваная адпаведным ужываньнем гэтага тэрміну ў дыплёматычнай практыцы маскоўскага замежнага міністэрства ("пасольскага прыказу"), але як у гэтым падрыхтаваньні, так i у пасьлейшым выкананьні назоў "Беларусь" лёкалізаваўся толькі на паўночна-ўсходняй частцы нашае Бацькаўшчыны (Смаленшчына, Магілеўшчына, Віцебшчына, Полаччына) з мэтаю адарваць яе ад заходняе часткі -"Літвы" (Меншчыны, Віленшчыны, Горадзеншчыны) i трывала зьліць ды асыміляваць із Маскоўшчынай - "Русяй". Гэткая лёкалізацыя была паўтораная другі раз пры адыходзе паўночна-ўсходняе часткі нашае Бацькаўшчыны (па рэкі Дзьвіну, Друць i Дняпро) да Pacei паводля г. зст. першага падзелу Польшчы ў 1772 г. Адгэтуль назоў Беларусь на пэўны час стаўся адміністрацыйна-тэрытарыяльным тэрмінам у царскай Pacei, абыймаючы сабою толькі паказаную тэрыторыю паўночна-ўсходняе часткі нашага краю (стварэньне Кацярынай II Беларускага Намесьніцтва актам 6 лютага 1774 г., Беларускае губэрні Паўлам I у 1796 г. - з Магілеўшчыны й Полаччыны, 3 цэнтрам у г. Віцебску - побач із губэрняй Літоўскай - зь Віленшчыны й Горадзеншчыны, з цэн­трам у г. Вільні, i асобнай Менскай губэрняй; ліквідацыя Беларускае й Літоўскае губэрняў з падзелам ix на губэрні Магілеўскую, Віцебскую, Віленскую й Горадзенскую Аляксандрам I у 1802 г.). Напалеон I пры сваёй акупацыі нашага краю таксама спрабаваў выкарыстаць тэрмін "Беларусь", абазначыўшы ім нашыя ўсходнія землі, ня ўлучаныя ў склад адноўленага 1 ліпеня 1812 г. Вялікага Княства Літоўскага (у межах Віленшчыны, Горадзеншчы­ны, Беласточчыны й Меншчыны), з мэтаю выкарыстаньня гэнае "Беларусі" (Віцебшчыны, Магілеўшчыны, Смаленшчыны) як манэўранае адзінкі ў пасьлейшым разьмежаваньні Вялікага Княства й Расеі.

Супрацьрасейскае выкарыстаньне назову "Беларусь" у часе першага паўстаньня 1831 г. прывяло да забароны яго Мікалаем I з заменай на тэрміны "Заходняе Pacei" ці "Заходняга краю". Новае ўжываньне забароненага назову з расейскага боку пачынаецца толькі перад другім паўстаньнем (зьяўленьне кніжок Бацюшкава, Бэз-Карніловіча, Турчыновіча, у якіх, важна адцеміць i тут, назоў "Беларусь" ужываецца побач із назовам "Крывічы"), а ў са­мым гэтым паўстаньні ўздымаецца адным зь ягоных правадыроў "дыктатарам Літвы й Беларусі" К.Каліноўскім. Усталеньне назову "Беларусь" у нацыянальным руху пачынаецца прызнаным "бацькам руху" Ф.Багушэвічам (упершыню ў "Дудцы Беларускай", 1891 г.), прычым ім жа ўпершыню гэты тэрмін пашыраецца на ўсю тэрыторыю нашае Бацькаўшчыны (вызначэньне межаў у канцы прадмовы да "Дудкі Беларускае": "Ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнегава, дзе Горадзен, Менск, Магілеў, Віцебск, Вільня", з далейшым пашырэньнем у "Прамове" К.Каганца з 1893 г. дадаткам "места Смаленска"). Адгэтуль назоў гэты стаецца пераважным i асноўным у нашым нацыянальным руху, ды з часам уздымаецца й да гаспадарстваўскага ("Беларуская Народ­ная Рэспубліка" - БНР - ад 1918 г., "Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка" - БССР - ад 1919 г.). Масавае ўжываньне назоваў "Беларусь", "Беларусы", "беларускі" самым народам заўдзячваецца толькі ўсьведамляльнай працы нацыянальнага руху й гаспадарстваўскай практыцы створаных ім ці над ягоным дзеяньнем кагадзе названых гаспадарстваўскіх фармаваньняў. Да на­цыянальнага руху не адзначана фактаў народнага ўжываньня гэных назоваў. Спарадычнае ўжываньне на­зову "Белая Русь" у нашай народнай творчасьці не дае пэўных асноваў для меркаваньня аб тоесамасьці сэнсу гэнага назову сучаснаму ягонаму сэнсу, а ў дачыненьні да песьняў абмежваецца рэдкімі выпадкамі (каля 15 усяго), выясьненымі нашым наўчоным А.Шлюбскім i аднесенымі ім на рахунак заносу ў наш край расейскімі жаўнерамі ў часох швэдзкае вайны.

3. Цікава й важна зрабіць у гэтым месцы першае параўнаньне дачыненьня да нацыянальных назоваў нашага i ўкраінскага нацыянальнага руху, беручы на ўвагу ўспомненую вышэй аналёгічную ўсытуяванасьць i скіраванасьць гэтых рухаў. Прыняты й прафарсаваны ўкраінскім нацыяналь­ным рухам назоў Украіна-Ўкраінцы-ўкраінскі мае сабе вялікую аналёгію ў нашым назове "Тутэйшыя" (тое самае падчыркненьне лёкальнасьці: "Украіна"-"краіна ўнутры" цГ навет "ускраіна"); тая самая, мо крыху толькі меншая, - магчымасьць дапаўненьня й завяршэньня ў кірунку тае

ЦІ іншае дэнацыяналізацыйнае тэндэнцыі "Украіна" "руская" або "польская"; тымчасам як адкінуты гэным рухам тэрмін "Маларусі" (Маларосіі), "Маларусаў" (Маларосаў) i г. д. станове сабой поўную адпаведнасьць накінутым нам "Беларусі"-"Беларусам" (тое самае чужаземнае паходжаньне - у дадзеным выпадку ад грэкаў, тое самае фарсаваньне Расейцамі з тымі-ж мэтамі). Аднак пры гэтым разьвіцьцё, як ведама, пайшло ў нас у зусім адваротным кірунку, чымся ў Украінцаў. Мо прычыніліся тут прычыны псыхалёгічныя (элемэнт простае абразьлівасьці ў назове "Маларусь"-"Маларосы", якога няма ў "Бела­русь»", мог больш адштурхваць ад яго Ўкраінцаў), а баржджэй заўсё, палітычная й навукова-гістарычная асталасьць заснавальнікаў нашага руху супраць сваіх cyceдзяў-Украінцаў, нястача кантакту зь імі (успомненае ўжо дачыненьне Ф.Багушэвіча да назову "Маларусы")...

4. Другі этап нашага нацыянальнага руху, адзначаны кіраўнічым імкненьнем да поўнае нацыянальнае незалежнасьці, паставіў пад пытаньне адпаведнасьць назову Беларусь-Беларусы-беларускі й г. д. ідэям нацыянальнага гонару, годнасьці й інтарэсу. Калі першы, аўтанамістычны й абароньніцкі, этап мог здаволіцца выражэньнем народнае асобнасьці ў першай, "каляровай", частцы гэнага назо­ву, трымаючы на ёй націск, дык другі, незалежніцкі й наступальны, этап ня мог ня ўзяць увагі на другую, (статней­шую ягоную частку, што зьмяшчае супярэчную кансэквэнтнаму незалежніцтву адзнаку сувязі, тае ці іншае гістарычнае залежнасьці, i то ад найбольшага ворага незалежнасьці нашага краю й народу - маскоўскае "Русі"-Расеі. Лёгічны працяг i завяршэньне абвешчанага актам 25 сакавіка 1918 г. скінуцьця "апошняга ярма дзяржаўнае залежнасьці, якое было накінутае расейскім царызмам на наш вольны й незалежны край" (III Устаўная Грамата), запатрабавалі паступовага скіданьня й далейшых ёрмаў ня толькі вонкавае, палітычна-дзяржаўнае, але й нутраное духовае, ідэялёгічнае, псыхалёгічнае й культурнае залежнасьці, улучна із запраўды "апошнім ярмом" гэтага роду, адбітым на другой істатнейшай частцы тэрмінаў Беларусь-Беларусы-беларускі й г. д. Таму незалежніцкі этап нашага нацыянальнага руху, паставіўшы пад пытаньне гэны назоў

I выявіўшы волю да адсоўваньня яго ад ролі адзінага назову, узяў увагу на аднаўленьне нашых гістарычных народных найменьняў - нацыянальна-гаспадарстваўскага "Літва""Ліцьвіны" й г. д. i найстарэйшага народнага (этнічнага) першаназову "Крывічы".

Зацемкі

Чыста гукавое, вонкавае й выпадковае падабенства між такімі назовамі, як Іран i Ірак, Швэдыя й Швайцарыя, Бэльгія й Баварыя, Куба й Кубань, Крывія й Крым ці Кіргізія ды пад., аніяк ня можа быць суластаўлянае з фактычным паходжаньнем назоваў Беларусь i Русь, беларускі й рускі й г. д. ад аднаго й таго-ж караня ("рус"). I ніякага параўнаньня ня можа быць між магчымым для якога-небудзь "асталага джэнтльмэна" блытаньнем далёкіх адна ад аднае ў прасторы, геаграфічна, i ніякай наагул традыцыяй ня зьвязаных міжсобку Швэцыі й Швайцарыі, Кубы й Кубані або Крывіі й Крыму, з аднаго боку, i сьведамым, ці хацяб i нясьведамым, злучэньнем суседніх краёў Беларусі й Расеі, да чаго ня толькі ў назовах, але i ўва ўсей паўніні запраўднасьці заўсёды імкнулася й імкнецца гэтая Расея, ды ня толькі імкнецца, а ў дадзеным часе мае яго на практыцы, сілаю гвалту ад даўжэйшае пары (зь невялікімі толькі перапынкамі ужо каля двух стагодзьдзяў) як мага утрымваючы наш край i народ пад сваім панаваньнем.

Важна адзначыць, што справа нацыянальнага назову у нас была пастаўленая выдатнейшымі прадстаўнікамі бескампрамісна-незалежніцкага адраджэнцкага лягеру, а сярод ix найперш i найбольш найвыдатнейшым ягоным правадыром В.Ластоўскім. Адэпт незалежніцтва яшчэ ў нашаніўскіх часох, ідэялёгічны цэнтар нацыянальна-прагрэсіўнае "ніжняе палаты" ў штабе нашага нацыянальнага руху - рэдакцыі "Нашае Нівы", ініцыятар i арганізатар першае незалежніцкае арганізацыі ў перадсакавікоўскіх часох "Сувязь незалежнасьці й непадзельнасьці Беларусі", непахісны незалежнік пры адыходзе ад незалежніцкае лініі ў БНР палёнафільскае групы (першы й даўгачасны прэм'ер чыста незалежніцкага Ўраду БНР, сфармаванага па сьнежанскім расколе 1919 г.) - В.Ластоўскі яшчэ у "Нашай Ніве" ўздымае ўвагу да назоваў "Літва" i "Крывічы" (1914-1915 г.), а далей, пачынаючы ад 1918 г. (часапіс "Крывічанін") i асабліва ад 1923 г. (сталае выданьне часапісу "Крывіч" 1923-1927 гг.), канцэнтруе бадай усю сваю ўвагу на змаганьні за рэстаўрацыю найстарэйшага народнага першаназову "Крывічы". Побач із В.Ластоўскім трэба назваць у тэй-жа сувязі ймя другога нашага дзеяча-незалежніка Язэпа Лёсіка. Пасьля першых спробаў "удасканаленьня" назову "Беларус-беларускі" ўстаўкаю "Ін" (Беларусін-беларусінскі), дзеля хоць крыху большага аддаленьня яго ад "рускіх" назоваў (спробы гэтыя, малаэфэктоўныя ў сваім выніку, разам зь Я.Лёсікам рабіў ягоны сябра зь сібірскае катаргі, ведамы паэта-нашанівец Алесь Гарун: "Брат мой Беларусін гібее бяз сонца..."), Язэп Лёсік найбольш шырака паставіў быў справу рэстаўрацыі назову "Літва" (праца "Літва-Беларусь" у часапісе "Шко­ла й культура Савецкае Беларусі", 1921 г.), а пасьля далучыўся да В.Ластоўскага, пачаўшы першым папулярызацыю народнага першаназову "Крывічы" на тэрыторыі Савецкае Беларусі (1924 г.- праца "Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы", яшчэ раней, у 1917- 1918 гг., ён-жа парушаў гэтае пытаньне на балонах рэдагаванага ім у Менску часапісу "Вольная Беларусь" пры перадруку там ведамае прадмовы Я.Чачота з ужываньнем гэтага назову).

3. У эпізадычных спробах некаторых асобаў, так ці йнакш зьвязаных з нашым нацыянальным рухам, фарсаваць на ролю нацыянальнага I ўсенароднага назову пляменны тэрмін "Радзімічы" нельга ня бачыць тае-ж незалежніцкае тэндэнцыі да адхіленьня накінутага й некарыснага назову Беларусь-Беларусы. Неэфэктоўнасьць гэтых спробаў заўдзячваецца толькі няўдаласьці выбару назову, немагчымасьці абгрунтаваць яго гістарычна ("Радзімічы" адно з найменшых племяў з аднэю з найменшых роляў у сфармаваньні народу, якое ня толькі ня здолела пашырыць свайго назову на іншыя племі, але й само хутка растапілася ў ix, не здабыўшыся навет на арганізацыю свайго собскага ўдзельна-княжага гаспадарства). Дзеля аб'ектыўнасьці трэба адзначыць, што спробы гэтыя паходзілі ня толькі ад асобаў выпадковых у руху, адыёзных i навет напоўанэкдатычных (Зюзэміль) ці ў пэўным сэнсе абмежаных (няўдалы граматысты й невялгчкі паэта Б.Пачобка), але й ад зусім паўнавартасных i навет аўтарытэтных фігураў (найпершы адэпт гэтага назову - ведамы й заслужаны этнограф-зьбіральнік А.Раманаў, узвышэнскі крытык i ідэялёг Адам Бабарэка й інш.).

5. Пры ўсей бясспрэчнасьці й фактычнай абгрунтаванасьці даўгатрывалага (аж пяцьвяковага - XIII-XVIII стст.) прыналежаньня нам нацыянальна-гаспадарстваўскага назо­ву "Літва-Ліцьвіны-Літоўскі" й г. д. (памінаючы нявысьветленае й бадай ці магчымае да высьвятленьня пытаньне першага паходжаньня гэтага назову), пры некаторай захаванасьці яго ў народным ужываньні ў дачыненьні да нашага народу аж дагэтуль як у нас (Чарнегаўшчына, Палесьсе), гэтак i ў некаторых нашых суседзяў (Украінцы, Мазуры-Палякі, Расейцы), нельга ня лічыцца з пасьлейшым, хоць i няпраўным, замацаваньнем разгляданага тэрміну за аднэй із суседніх нам балцкіх нацыянальнасьцяў (ад XIX ст. i асабліва пасьля больш як дваццацьгадовага йснаваньня пад такой намэнклятурай апрычонае гаспадарстваўшчыны гэнае нацыі, ліквідацыя фактычнасьці якое, аднак, ізноў-жа, бязь ліквідацыі намінальнасьці й самога назову, аж дагэтуль не вызнаецца сьветам, а найперш перадавымі ў ім сіламі - Амэрыкай i Ангельшчынай). Таму прынамся на дадзены й бліжэйшы час гэты назоў ня мог-бы адыграваць ролю пераважнага, першага й асноўнага нашага нацыянальнага назову. Адно ў будучыні й толькі пры ўмове разьвіцьця нашым народам такое сілы прыцягненьня, якая здолела-б ізноў трывала ўцягнуць у сваю сфэру i ўспомненую балцкую нацыянальнасьць, магло-б паўстаць пы­таньне пра поўную й фактычную ды практычную рэстаўрацыю гістарычнага значаньня гэнага назову, i то найперш у гаспадарстваўскім, а пасьля i ў нацыянальным сэнсе, ды, напэўна, з адначасным захаваньнем паралельных іншых народных (этнічных) назоваў.

Зацемкі

1. Гістарычна першы наш нацыянальна-гаспадарстваўскі назоу зь "перадлітоўскае пары" Палачане-палачанскі не дайшоу да поунае меры свайго ужыцьцёўленьня i устанаўленьня у гэтай ролі дзякуючы заняпаду палачанскае гаспадарстваўшчыны й таму сяньня ня можа ўвайсьці на­вет i у круг нашых нацыянальных назоваў.

2. Спробы адрозьненьня успомненае вышэй, знанае сяньня няпраўна пад Назовам "Літва", балцкае нацыянальнасьці ад нашага народу называньнем яе імем "Летувы"-"Летувісаў" (у аўтэнтычным гучаньні мовы гэтае нацыянальнасьці), пазытыўныя для нашага нутранога ужытку, ня могуць, аднак, мець паважнага значаньня для абыходку вонкавага й міжнароднага, ды таму ня могуць паважна прычыніцца да разьвязаньня усяе справы у пажаданым із гледзішча нашага нацьіянальнага інтарэсу й гонару дусе.

3. Важна працягнуць далей параунаньне нашага становішча да становішча ўкраінскага. Як ужо зазначалася, між іншага, у зацемцы да тэзы 1, Украінцы адсунулі ад ужываньняў дачыненьні да свайго народу гвалтам i няпраўна прысабечаны Расейцамі стары ўкраінскі нацыянальны назоу РусІ ("Русінаў", "Руснакоў"). Зусім гэтаксама й мы ня можам тымчасам высоуваць на першы плян так-жа замацаваны за іншай нацыянальнасьцяй назоу Літвы-Ліцьвіноў. Праўда, ізноў-жа, мы тут знаходзімся ў крыху выгаднейшым палажэньні за Ўкраінцаў: патэнцыялы й фактычныя сілы ды вялічыні Расеі й Летувы ня могуць навет прыраўноўвацца міжсобку. I вобразна прыказачнае параўнаньне "быка" i "індыка" тут мела-б навет пэўны пазытыўны сэнс пры ацэне небясьпекі зьмены "прарасейскага" назову (у нас "Бела­русь") на "пралетувіскі" ("Літва")...

6. Толькі наш найстарэйшы народны (этнічны) першаназоу "Крывічы", чкі зь нікім чужым нас ня луча, ня зьлівае й ня зьмешвае, нікім не накінуты, а дадзены народам самому сабе ў часох ягонага народнага ставаньня-нараджэньня, ніколі нікім іншым не прысабечваўся i ў дачыненьні да ніякага іншага народу ня ўжываўся, а у дачыненьні да народу нашага як-раз выражае глыбокую нацыянальна-злучальную ідэю кроўнасьці (адзінства крыві й гатовасьці да даніны яе за кроўную-народную справу) - цалком здавальняе кансэквэнтнае нацыянальна-незалежніцкае становішча і, такім парадкам, заслугоўвае на сваё поўнае адраджэньне ды навет вымагае яго. Таму змаганьне за такое поўнае адраджэньне назову Крывічы сталася адным із мамэнтаў усяго вялікага змаганьня за нашае поўнае нацыянальнае адраджэньне й поўную нацыянальную незалежнасьць, ды, узьнятае выдатнейшымі змагарамі за гэтае адраджэньне й незалежнасьць (гл. вышэй зацемку 2 да тэзы 4), вядзецца далей, у тым ліку (ды найперш) i цяпер на эміграцыі, як на адзіным у сучасным мамэнце месцы, дзе магчыма адкрытая ідэялёгічная нацыянальная праца наагул. І ня дзіва таксама, што змаганьне гэтае напатыкае на тых самых варагоў i на тыя самыя перашкоды, што i ўсё змаганьне за нацыянальнае адраджэньне й незалежнасьць. Ня дзіва, што ў гэткім змаганьні гэныя варагі як мага выкарыстоўваюць (і зь вялікай удачай) адну з галаўнейшых - бо нутраных - перашкодаў на шляху да здабыцьця нацыянальнае незалежнасьці - нацыянальную нясьведамасьць у шырэйшым сэнсе, у паасобку - ды асабліва - неабазнанасьць щырэйшых колаў з аснаўнейшымі фактамі гісторыі нашага народу й гісторыі наагул. Таму, дзеля далейшых удачаў усяго змаганьня, найважней разьвязаць найперш тыя непаразуменьні, што спэцыяльна ўзрошчваюцца варагамі на ўдзячным для гэтага грунце тае нясьведамасьці й неабазнанасьці ды становяць адну з найэфэктоўнейшых ворагавых зброяў у змаганьні (побач із простымі інсынуацыямі й дыфамацыямі асабістага парадку ды рознымі іншымі дэмагагічнымі прыхваткамі, пачынаючы ад знарочыстага зьмешваньня роўніцаў нацыянальнага й рэлігійнага i г. д., i г. д.).

Непаразуменьне 1. "Назоў Крывічы - гэта цяперашняя выдумка невялічкае кучкі (ці навет адзінак) з эмігрантаў".

Выясьненьне. Назоў Крывічы ў дачыненьні да жыхарства тэрыторыі нашае Бацькаўшчыны ўпершыню сустракаецца яшчэ ў знанага "бацькі гісторыі", найстарэйшага грэцкага гісторыка Герадота (V ст. перад нараджэньнем Хрыста) i падаецца далейшымі грэцкімі гісторыкамі Пталёмэем (II ст. па нараджэньні Хрыста) i імпэратарам Канстантынам Парфірагенэтам ("Багранародным", IX ст. па Н. X.). Усе пісаныя паславянску летапісы, якія ахапляюць ці закранаюць так ці йнакш тэрыторыю й людзёў нашае Бацькаўшчыны, успамінаюць гэты назоў (асабліва "Повесть временныхъ летъ", Васкрасенскі летапіс, Іпатаўскі й інш.). Рымскія крыніцы называюць памерлую ў 1239 г. i кананізаваную ў сьвятыя дачку друцкага князя Глеба Рагвалодавіча i праўнучку ведамага полацкага князя Усяслава Чарадзея Праксэду "Regina Crivitiae" (г. зн. "Каралева Крывічыі"). Ужываюць гэты назоў i нямецкія крыжацкія летапісы (Петра Дусбург, XIV ст.). Успамінае i ўгрунтоўвае яго, як нацыянальны назоў нашага народу, ангельскі гісторык Уотсон (канец XVIII ст.). Побач із назовам "Беларусы" ўжываюць назоў "Крывічы" расейскія гісторыкі другое палавіны XIX ст. (Бацюшкаў, Турчыновіч, генэрал-маёр Бэз-Карніловіч i інш.), этнографы (Кавелін i інш.)і географы й статыстыкі (у тым ліку афіцэры расейскага генэральнаш штабу, як капітан Карэва й інш.) літаратары й журналістыя (Цытовіч i інш.). Праведзены у 1835 г. перапіс жыхарства у Віленшчыне (вынікі апублікаваныя у 1860 г.) падае лік 26.106 асобаў, якія самі назваліся Крывічамі. Зь дзеячоў раньняга нацыянальнага адраджэньня Ян Чачот (1797-1847) ужывае толькі назоў "Крывічы", В.Дунін-Марцінкевіч (1807-1884) i ягоны сучасьнік Павал Шпілеўскі ўжываюць яго побач із назовам "Беларусы" i навет пераважна перад ім (Шпілеўскі). Таксама ўжывае й Л.Ельскі (памёр у 1916 г. у веку 82 год, літаратурная дзейнасьць - 1892- 1915). I пасьля фарсаваньня назову "Беларусы" (ад Багушэвіча) не адкідаюць зусім назову "Крывічы" дзеячы-нашаніўцы (даволі спаслацца на аўтарытэтнейшага зь ix нацыянальнага правадыра й прарока Я.Купалу: "Песьня Сонцу", "Гэй, вольныя птахі" й ін.). Аб узьняцьці справы "Крывічоў", як пераважнага нацыянальнага назову, Я.Ле­скам ужо даволі сказана вышэй (зацемка 2 да 4-й тазы). Пачатую Я.Лёсікам справу ў Савецкай Беларусі далей падтрымвае i Гарэцкі ("Гісторыя беларускай літаратуры". 1925-1928 гг.)» яна пераходзе ў рух "беларусізацыі" ("Практычны расейска-беларускі слоўнік" М.Байкова й М.Гарэцкага, 1925-1926, бал. 13) i асабліва ў падзямельны антыбальшавіцкі нацыянальны рух (часткава апісаны пісьменьнікам М.Зарэцкім у рамане "Крывічы", забароненым савецкаю цэнзураю; выдрукаваны пачатак раману перадрукоўваўся на эміграцыі ў часапісе "Шыпшына"). Ставіцца пытаньне назову "Крывічы" i ў Заходняй Беларусі пад Польшчаю (часапіс "Студэнцкая Думка" й інш,), а пасьля ў часе нямецкае акупацыі ("Беларуская газэта" ў Менску, газэта "Раніца" й інш.). Выдатнейшыя паэты апошніх часоў - Н.Лрсеньнева, Л.Геніюш, А.Салавей i інш.- шмат зрабілі сваёй паэзіяй для папулярызацыі назову "Крывічы". Гэткім парадкам, пакуль трапіць у рукі "кучкі эмігрантаў", назоў Крывічы прайшоў даўгі й бязупынны шлях, ня менш як 25 стагодзьдзяў (ад V ст. да Н. X.- Герадот), а самым народам ужываўся яшчэ ў ХІХ ст. i канчальна быў выбіты адтуль толькі дэнацыяналізацыйнымі захадамі маскоўскага імпэрыялізму.

Зацемка

Вельмі цікава й важна адзначыць, што асобы, якія сяньня так ці йначай дэманструюць сваю скрайнюю варожасьць ці хоць-бы няпрыхільнасьць да назову "Крывічы", у недалёкай мінуласьці самі ўжывалі яго. Так, прыкладам, Ю.Віцьбіч у выданай у 1944 г. кніжцы "Нацыянальныя сьвятыні" ня толькі на б. 14 спачувальна цытуе радкі Л.Геніюш "Мы былi i будзем Крывічамі ад хваль Вугры аж па сіні Буг", але на б. 25 i сам патэтычна выклікае: "Да зброі, ахутаныя адвечнай славай Крывічы!" М.Кавыль, якому прыпісваецца аўтарства пашыранага па руках вершу пра "а 1а Варшаускую Крывію", у сваёй паэме "Пад небам Случчыны каханай", перадрукаванай бязь зьменаў у зборнічку вершаў "Ростань" (Рэгенсбург, 1947), ня толькі ужывае гэты назоў, але навет бароне Крывічоў ад "Варшавы гжэчных сыноў" (б. 39). Л.Золак успамінае "крывіцкія гоні" ў вадным ізь вершаў, надрукаваным у зборніку "Песьняры Случчыны", але пры перадруку гэтага вершу ў часапісе "Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі" ўжо зьмяняе ix на "радзімыя" (No 3, 1946). Масей Сяднёў напісаў верш "Крывічом", пра які крытык У.Глыбінны выказаўся як пра ўзор нацыянальнай элегіі на тэму "глыбака-вынашанай, выпешчанай усімі фібрамі крывіцкага сэрца любові да Радзімы" (газэта "Раніца", № 45 за 1944 г.).

Непаразуменьне 2. "Крывічы"- мянушка для горшае часткі народу -"крывых", "крывадушных".

Выясьненьне. Паходжаньне слова "Крывічы ня мае нічога супольнага з словам "крывы", а выводзіцца ад слова "кроў"-"людзі аднае крыві". Аб гэтым сьветчаць: 1) найстарэйшая форма гэтага слова ў успамінанага вышэй Герадота "Кровічы", 2) перадаваньне яго старымі польскімі крыніцамі, у формах Krewicze, krewicki (як i krew-кроў), а ня Krzywicze, krzywicki (як krzywy-крывы), 3) ужываньне слова "крывіч" у сэнсе "кроўны", "сваяк" у некаторых мясцовасыдях нашае Бацькаўшчыны (запіс В.Ластоўскага зь с. Баяры на Дзісеншчыне). Абарачзньне слова "Крывіч" у мянушку - справа зусім сучасная, i ў сваіх намерах аж надта выразная, годная, аднак толькі найніжэйшых пластоў грамадзтва.

Зацемка

У вуснах тых колаў, што ймкнуцца сяньня слова "Крывічы" зрабіць мянушкаю i навет лаянкаю (гл. ліст Ю.Стукаліча, апублікаваны у украінскай газэце "Наше Жйття"), у недалёкай мінуўшчыне мянушкаю й лаянкаю было й слова "Беларусы" як у простым выглядзе, так i у розных перакрыўляньнях ("белахвосьцікі", "белагузы"), з усякімі гіранічнымі дадаткамі ("шчырыя Беларусы" й над., гл., між іншага, ведамы драматычны твор Я.Купалы "Тутэйшыя"). Абедзьве гэтыя мянушкі - цяперашняя "Крывічы" й ранейшая "Беларусы" - чапляліся й чапляюцца да адных i тых самых людзёў нацыянальна-сьведамых i нацыянальна-актыуных ці проста нацыянальна-практыкуючых, хоць-бы й мінімальна у сталым ужываньні толькі нацыянальнае мовы, прыкладам, у тым ліку навет i да няпрыхільнікаў ці проста няпрыяцеляў (з тых ці іншых прычынаў) назову "Крывічы" (навет некаторыя праваслаўныя, епіскапы, што часам гавораць пабеларуску, хоць пры гэтым i выразна дакумэнтуюць сваю няпрыхільнасьць да назову "Крывічы", празываюцца ў пэўнай публіцы "Крывічамі" й "крывіцкімі архірэямі"). Наагул-жа, абкіданьне навет прос­тымі мянушкамі перадавых дзеячоў i рэвалюцыянэраў - у гісторыі рэч ня новая i зусім нястрашная ("гёзы"-"абадранцы" ў Вялікай Нідэрляндзкай Рэвалюцыі, "жакі"-"Іванкі-Прастачкі"- у францускай Жакерыі, "дэкадэнты"- "заняпаднікі" ў мастацтве XIX ст. i пад.).

Непаразуменьне 3. "Крывічы" - усё-ж назоў часткі на­роду, а ня цэласьці яго - назоў пляменны, а не агульнанародны, нацыянальны".

Выясьненьне. Частка гісторыкаў (у тым ліку адзін з выдатнейшых дасьледвальнікаў нашае гісторыі праф. М.Любаўскі, а з нашых наўчоных - успамінаны В.Ластоўскі) цьвердзе, што назоў "Крывічы" ад пачатку быў нашым агульна-народным (этнічным) назовам i ад пачатку пакрываў сабою назовы толькі галінаў народу, іншыя пляменныя i навет хутчэй тэрытарыяльныя, часткава тапаграфічныя тэрміны, як "Дрыгвічы" (- Крывічы, што асяліліся на дрыгве-балоце), "дрыўляне" (- Крывічы, што асяліліся ў дравах - у лясох), "Севяране" (- Крывічы, што асяліліся на "Северы"-поўначы з гледзішча сваіх паўдзённых суседзяў), "Радзімічы" й "Вяцічы" (- роды Крывічоў, што паводля летапісу, пад правадырствам сваіх радавых старастаў Радзіма й Вяткі перабраліся з захаду на ўсход). Іншыя наўчоныя, хоць i прызнаюць назоў Крывічы спачатна пляменным i раўнавартасным зь іншымі такімі-ж пляменнымі назовамі Дрыгвічоў, Радзімічаў i інш., адзначаюць вылучную ролю племя Крывічоў у згуртаваньні тых іншых племяў разам із Крывічамі й пад іхным правадыр­ствам у вадзіны наш народ. Гэтае згуртаваньне правялі крывіцкія гаспадарствы Полаччыны, якая ўцягнула да сябе бальшыню племя Дрыгвічоў i змагалася за ix з украінскім Кіеўскім гаспадарствам, i Смаленшчыны, якая апанавала бальшыню Радзімічаў. У выніку гэтага працэсу й назоў Крывічы з магчыма й пляменнага напачатку стаўся агульна-народным (этнічным) i пашырыўся на ўсе нашыя племі. Сьветчаньнем гэтага служа пашыранасьць крывіцкіх геаграфічных назоваў (Крывічы, Крыўск, Крычаў-Крывічаў i інш.) на землях іншых племяў, ужываньне назову Крывічы ў дачыненьні да ўсіх нашых племяў (асабліва ў Іпатаўскім летапісе, а таксама ў нямецкага крыжацкага летапісца Петры Дусбурга, што, прыкл., пад 1314 г. адзначае дрыгвіцкі горад Наваградак як месца "Зямлі Крывічоў" i г. д., i г. д.). Умацаваньне пляменнага назову ў ролі агульнанароднага наагул шырака ведамае ў гісторыі (названьне францускага народу імём найдзяйнейшага й найвыдатнейшага зь ягоных племяў - Франкаў, польскага - назовам племя Палянаў-Палякоў, такое самае паходжаньне нацыянальных назоваў Чэхаў, Сэрбаў i інш.). Зацемкі

Варта ў гэтай сувязі ўспомніць яшчэ раз сказанае ў зацемцы з да тэзы 4 пра назоў Радзімічаў, які ніколі вышэй за пляменны назоў ня ўздыймаўся й ня можа быць узьнятым. Таксама варта зацеміць, што няма аніякіх адзнакаў, каб назоў якога-небудзь іншага з нашых племяў (Дрыгвічоў, прыкл., ці іншых) меў хоць-бы найменшыя тэндэнцыі навет проста лашырыцца за тэрытарыяльныя межы свайго плямя, ня кажучы ўжо аб прасоўваньні ў кірунку да агульна-народнага. Наагул, усе гэныя пляменныя назовы, алрача аднаго, Крывічоў, зьнікаюць навет із балонаў летапісаў адразу-ж ласьля свайго зьяўленьня на ix.

Выказваньні тыпу "Я ня Крывіч, бо паходжу з гістарычных Дрыгвічоў (ці Радзімічаў i да г. п.)" у сваёй абсурдальнасьці маглі-б быць параўнаныя хіба да наўдачу ці магчымых навет: "Я не Француз, бо паходжу з гістарычных Галаў (ці Бургундаў i да г. п.), а ня з Франкаў", "Я не Паляк, бо паходжу з гістарычных Сьлянзакау (ці Вісьлянаў i да г. п.), а не з Палянаў", "Я не Ўкраінец, бо паходжу з Галіччыны (ці з Валыні й да г. п.), якая гістарычна ніколі ня звалася Ўкраінаю" i нарэшце: "Я не Беларус, бо паходжу з Наваградчыны (ці Горадзеншчыны), якая ніколі (да Ба­гушэвіча) ня звалася Беларусяй, а насіла ймя "Чорнае Русі" (цікава зазначыць, між іншага, што калі лёкалізацыя на нашых землях назову Беларусь да Багушэвіча пакрываецца із здагадным пляменным прасторам Крывічоў, дык такі-ж пляменны прастор Дрыгвічоў пакрывае куды слабейшая, праўда, лёкалізацыя назову "Чорная Русь". Яшчэ й яшчэ раз варта падчыркнуць адзначанае яшчэ ў зацемцы 2 да тэзы 3, што назоў "Беларусь" да Багушэвіча таксама ніколі не пакрываў сабою цэласьці народу й краю, а толькі ягоную паўночна-ўсходнюю частку). Яшчэ больш абсурдальнымі выглядаюць шуканьні некаторымі нейкіх "пляменных розьніцаў" між "Крывічамі", "Дрыгвічамі" й іншымі аж у нашай сучаснасьці i абгрунтаваны на гэтым страх, быццам-бы "Крывічы" могуць прыгнесьці, маёрызаваць, згвалціць i г. д., i г. д. "Дрыгвічоў" i іншых.

Непаразуменьне 4. "Крывічы ня толькі ўвайшлі ў склад нашага народу, але сфармавалі народ расейскі, увайшоўшы туды цэлай сваёй (наўгародзкай) галіною".

Выясненнe. Фармуляваньні гэтага непаразуменьня бываюць i куды шырэйшымі: "Ня у меншай меры крывіцкая кроў цячэ ў жылах сучасных Расейцаў, навет больш - Крывічы зьяўляюцца адным з галоўных элемэнтаў у біялёгічным i гістарычным вытварэньні расейскага народу" ("Зьвіняць званы сьвятой Сафіі", № 3 за 1946 г., б. 24) або "Крывічы расплыліся в русском море" (часапіс "Шля­хам Жыцьця", № 7 за 1946 г., б. 13). Аснова да гэтага непаразуменьня - некаторыя мясьціны летапісаў, дзе пры пералічэньні славянскіх племяў нашыя Крывічы ставяцца побач із расейскімі (наўгародзкімі) "Славенамі", што пры адвольным расстаўляньні блізу няўжываных наагул ці таксама адвольна расстаўляных у летапісах знакаў прыпынку мае магчымасьць да збліжэньня й навет атоесамленьня гэтых племяў. Аднак такое збліжэньне й атоесамленьне праводзіцца навет далека ня ўсімі расейскімі научонымі, а толькі найбольш шавіністычнымі "чарнасоценнымі" зь ix (Платонаў, Сабалеўскі й некат. інш.) зь непрыхаванай тэндэнцыяй да ўлучэньня нашага народу й ягонае мовы ў нацыю й мову расейскую. Навет калі-б i падзяляць падобныя тэорыі, дык нельга было~б не адзначыць, як непахіснага факту, што самы назоў "Крывічы" ніколі ў гісторыі не выступаў як назоў Расейцаў у цэласьці ці хоць-бы ў частцы. Прычыннасьць-жа Крывічоў да сфармаваньня расейскага народу навет, каб i была паводля гэтых тэорыяў, магла-б расцэньвацца таксама, як расцэньваем мы бясспрэчную прычыннасьць нашых інтэлектуальных сілаў (ад Сымона Полацкага, праз Капіевіча-Капіеўскага й іншых да Дастаеўскага й пазьнейшых за яго) i да сфармаваньня расейскае культуры.

Непаразуменьне 5. "Крывічы - назоў ня нацыі, а партыі фашыстаўскага тыпу".

Выясьненьне. Гэтае найбольш знарочыстае й злосна інсынуацыйнае непаразуменьне не патрабавала-б навет i адмысловых выясьненьняў як наагул, так i асабліва пасьля ўсіх вышэй выкладзеных фактаў. Снуецца яно вылучна на зусім зразумелым уваходжаньні нацыянальнага назову "крывіцкі" ў тытулы некаторых партыяў, абвінавачаньне якіх у фашызьме i будуецца, зноў-жа, на чыста бальшавіцкім абзываньні "фашыстаўскім" усяго непажаданага й варожага (з дадаткам чыста даношчыцкага адценьня ў дадзеным выпадку). Зацемка

Гэтае непаразуменьне апошнім часам пашыраецца но­вым мамэнтам - прышываньнем "нэапаганства", як адзнакі некаторых»"фашыстых", на аснове быццам-бы "паганскасьці" назову "Крывічы" (гл. "Адозву беларускіх праваслаўных епіскапаў да беларускай праваслаўнай эміграцыі"). Існаваньне назову "Крывічы" й пасьля прыняцьця хрысьціянства, даволі даведзенае вышэй, легка разьвейвае й гэтае новае непаразуменьне (апрача пададзеных у выясьненьні да непаразуменьня і фактаў, пачынаючы ад называньня кананізаванае ў сьвятыя князёўны

Праксэды "Regina Criviłiae", ня лішнім будзе прывесьці такую мясьцінку з Васкрасенскага летапісу - з прамовы прыхільніка Масквы на Наўгародзкім вечы пад 1471 г. "...Потомъ же правнукъ его князь Владймеръ крестйся й всъ земли нашй крести: Русскую (г. зн. Украіну) й нашу Словенскую (г. зн. Наўгародзкую), й Мёрску, й Кривичску", i г. д.).

7. Рэстаўрацыя нашых старых гістарычных народных назовау, а найперш i найбольш першаназову Крывічы, на сваім першым этапе мае на мэце адняцьце у назову Беларусь-Беларусы й г. д. вылучнае ролі адзінага нашага нацыянальнага назову й тым самым пэуную нэўтралізацыю ягонае некарыснасьці ці неадпаведнасьці з гледзішча на­цыянальнага гонару, годнасьці й інтарэсу. Такім парад­кам, гэты першы этап вызначаецца змаганьнем за практычную колькіназоўнасьць нашага народу.

Практыка шмат якіх краёў i народаў, як i практыка міжнароднага абыходку, паказвае часта ужываньне не аднаго, а колькіх нацыянальных назоваў у дачыненьні да аднаго й таго-ж самага народу й краю (Ангельцы=Брытанцы=Англа-Саксы, Ангельшчына-Брытанія-Альбіён; Галяндцы-Нідэрляндцы; Швайцарыя-Гельвэцыя; Фінляндыя, Фіны-Суомі, а таксама некаторыя з прыведзеных у зацемцы 1 да тэзы 1 прыкладау. У поунай адпаведнасьці з гэтым стаіць i сучаснае ужываньне не аднаго, а колькіх нацыянальных назовау у дачыненьні й да нашага краю й народу (Крывічы-Ліцьвіны-Беларусы).

Зацемкі

1. Прывядом адпаведныя выказваньні некаторых вызнан­ных дзеячоу нашага нацыянальнага руху:

"Абодва найменьні знаяміта могуць ужывацца абодва разам: Крывія-Беларусь, крыўска-беларускі i г. д. Што гэткія падвойныя іменьні шкоды народу ня робяць, бачым на найменьнях: Англа-Саксы, Лехіты-Палякі, Русь-Украіна, Германія-Нямеччына й шмат інш.".

В.Ластоўскі (А.Чужыловіч. Мова, народ, раса. Часаліс "Крывіч", № 4 за 1923 г., б. 33-34). "Усе тры назовы (Крывічы-Ліцьвіны-Беларусы) аднолькава добрыя, усе тры зусім добра адзначаюць нацыянальнасьць Беларусау. Калі каму выдаецца дзіўным лаварот нашых старых назовау i ужываньне ix побач зь

"Беларусамі", дык гэта адзіна толькі квэстыя непрызвычаеньня й слабой асьведамленасьці ў собскай гісторыі. Таму, падобна іншым народам, якія ўжываюць побач розныя свае нацыянальныя назовы, могуць гэта рабіць i Беларусы".

М.Шкялёнак (Аб нашым нацыянальным назове. Часапіс "Раніца", № 3 за 1941 г., б. 2).

"Мы-ж, Беларусы, павінны час ад часу падкрэсьліваць таксама, як Італьлянцы іді Французы, што "Simo Kryvicy, simo Liłvani" (што мы Крывічы, мы Ліцьвіны!).

М.Абрамчык (Гісторыя Беларусі у картах. Бэрлін, 1942, рататарнае выданьне, б. 2).

2. Ужываньне колькіх назовау у дачыненьні да аднаго на­роду ня можа прывесьці да падзелу гэтага народу, кал i кажны з гэтых назоваў ужываецца ў значаньні усенароднага й агульнацыянальнага назову, г. зн., калі ужываньне ўсіх назоваў у сваім абсягу зусім тое самае. Адна дэградацыя таго ці іншага назову з усенароднага й агульнанацыянальнага да нейкага часткавага ("пляменнага", "партыйнага", мянушкі й да г. п.) ня толькі няўхільна прыводзе, але проста мае на мэце такі падзел. Таму не "патрыёты Крывіі" "ўбіваюць клін" падзелу ў народ, называючы ўвесь гэты народ Крывічамі, але якраз тыя, што імкнуцца вылучыць у васобную групу такіх патрыётаў i толькі ix менаваць Крывічамі, як мянушкай i лаянкай.

8. Таму, што ня ўсе нашыя нацыянальныя назовы, як даволі высьветлена вышэй, раўнавартасныя ў сваіх якасьцях, этап колькіназоўнасьці нашага народу можа ўважацца толькі за першы й пераходны этап, які мусе пераходзіць у этап наступны, што меў-бы за мэту адсоўваньне некарыснага й неадпаведнага з нацыянальнага гледзішча назову Беларусь-Беларусы ня толькі ад ролі адзінага, але й наагул зь месца першага, пераважнага й асноўнага нацыя­нальнага назову ды прасоўваньне-фарсаваньне на гэтае пачэснае месца найбольш карыснага й адпаведнага першаназову Крывічы. Такім парадкам, змаганьне за адраджэньне назову Крывічы на гэтым этапе мусе стацца яшчэ больш напорным. Як ужо зазначалася (тэза 6), гэтае змаганьне станове адзін із мамэнтаў усяго вялікага змаганьня за нашае поўнае нацыянальнае адраджэньне й поўную нацыянальную незалежнасьць. Як i ўсё гэтае змаганьне, яно павінна быць напорным i ўпорыстым, цярплівым i вытрьн валым ды весьціся ўнутры грамадзтва тым самым асноўным рэчышчам нацыянальна-ўсьведамляльнае працы. Немагчымасьць усеабсяжна-пераможнага завяршэньня гэтага змаганьня ўжо цяпер тут, на эміграцыі, як i немагчы­масьць здабыцыдя хоць гаспадарстваўскае незалежнасьці ў дадзеным мамэнце, ня можа й не павінна спыняць усяго змаганьня.

Зацемкі

1. I на гэтым вышэйшым этапе ня йдзець аб замену аднаго назову (Беларусь) на другі (Крывічы), як гэта імкнуцца знарок прадставіць некаторыя, каб падважыць у сю спра­ву довадам немагчымасьці такое замены й зьмены ця­пер i тут, на эміграцыі, а кіруецца да паступовага адсоўваньня аднаго з гэтых назовау, як некарыснага, на задні плян i высоўваньня на пярэдні плян назову больш карыснага. Наагул, поўнае адкіданьне хоць аднаго з нашых нацыянальных назоваў, як гістарычнага факту з пэўным гістарычным i культурным набыткам за ім, ані цяпер, ані на будучыню не уяўляецца навет магчымым. Імкненьне некаторых рутынэраў i рэакцыянэраў дэкрэтаваць забарону i аж нейкім грамадзка-паліцыйным гвалтам накласьці "вэто" на трывожлівы для мілага ім "сьвятога супакою" назоў "Крывічы" сьветча толькі аб іхнай фактычнай прыхільнасьці й замілаванасьці да таталітарных мэтадаў гвалту, а у сваёй паважнасьці выглядае ня лепш за ведамае намаганьне сатрапа-бюракрата з царска-расейскіх часоў -"закрыць Амэрыку".

2. Змаганьне за адпаведны нацыянальны назоў на эміграцыі, хоць i мела й мае некаторыя палягчальныя мамэнты (выяўленьне ўсяе, навет практычнае, некарыснасьці назову "Беларусь" у часох прымусовае рэпатрыяцыі, а таксама для вылучэньня ў васобныя нацыянальныя адзінкі, здабыцьця нацыянальнае прэсы i, нарэшце, дзеля эміграцыі зь Нямеччыны), усё-ж абцяжаецца ўспамінанай ужо ворагавай работай, выкарыстаньнем ёю нацыянальнае нясьведамасьці й гістарычнае неабазнанасьці пэўных пластоў нашага грамадзтва, ейнай безагляднасьцяй у паслугоўваньні зброяй інсынуацыяў, дыфамацыі, якнайшырэйшае дэмагогіі (асабліва асьвячанай аўтарытэтным рэлігійным плашчом) і, не ў вапошнім мамэнце, - наяўнасьцяй сярод нацыянальна-сьведамага грамадзтва пэўнага прапластаваньня з нахілам да рутынэрства й кансэрватызму, апартунізму й пасывізму наагул. Тым ня менш, роля эміграцыі i ў гэтай справе мусе быць узьнятай йа ўзвышша й раўнавацца на гістарычныя узоры нацыянальна-прагрэсіўнае ролі нацыянальна-палітычных эміграцыяў мінуласьці (галяндзкае, польскае, навет расейскае ад часоў Герцэна й г. д.).

3. У змаганьні за фарсаваньне назову Крывічы пэўнае значаньне мае, як наказала ўжо й практыка, навет вонкавая форма гэтага назову. Маючы ўвагу на пэўную пашыранасьць у дадзеным мамэнце такіх формаў, як Крывічы-Крывіччына-Крывія-крывіцкі й г. д. - усё-ж нельга ня прызнаць за больш адпаведныя да ролі нацыянальнага назову й больш годныя для прасоўваньня-фарсаваньня на гэтую ролю іншыя паралельныя формы - Крывічане (Крывічанін)-крывічанскі - Крывічанія (або Крывічань), якія выражаюць ня толькі мамэнт паходжаньня з аднае крыві (суфіксам "іч"), але й куды больш важны для нацыянальнае ідэі ма­мэнт прыналежнасьці да аднаго калектыву (суфіксам "ан") і, з другога боку, сваім гучаньнем даюць менш асноваў для розных пабочных асацыяцыяў, на якіх любяць груба спэкуляваць варожыя ўсяму назову элемэнты, імкнучыся абярнуць яго ў мянушку. Форма "Крывічане" ўпершыню сустракаецца ў грэцкага гісторыка імпэратара Канстантына Парфірагенэта (IX ст.) i ў далейшым трапляецца i ў летапісах. З нашых паэтаў Марцінкевіч ужываў толькі гэ­тую форму. В.Ластоўскі, на пачатку аддаючы перавагу формам Крывія-Крывіч, пад канец таксама спыніўся й сканцэнтраваўся на форме крывічанскі-Крывічане. Адам Бабарэка, перш выказваючыся за назоў Радзімічы (гл. зацемку 3 да тэзы 4), у далейшым зрокся зь яго й пачаў адстойваць назоў Крывічы ў форме Крывічане-крывічанскі й г. д. Яму-ж належыць форма для назову краю Крывічанія (аналёгічна з Гішпанія, Германія й пад.) або скарочана Крывічань (у вадпаведнасьці з тэндэнцыяй нашае мовы да такіх скарочваньняў лацінізаваных назоваў на -ія - Беларусія-Беларусь - аналёгічна да краёвага назову Радзімічаў-Радань, ужыванага, між іншага, у ведамай 'Теаграфіі Беларусі" А.Смоліча). Назоў "Крывічань" практыкаваў i А.Шлюбскі (гл., між іншага, ягоныя "Вынікі зьбіраньня вуснае народнае творчасьці на паўночна-ўсходняй Беларусі. (Крывічані)", часапіс "Крывіч", № 12 за 1927 г., б. 38).

9. Агульна-ведама, што іншыя народы не заусёды завуць той ці іншы народ так, як гэты народ сам сябе завець. Найбольш яскравым прыкладам у гэтым дачыненьні могуць быць назовы нямецкага народу, які сам сябе завець Дойч, а бадай усе іншыя народы завуць яго пасвойму й зусім парознаму: славянскія народы - Немцамі, Ангельцы й некаторыя іншыя - Германцам!, Французы - Алеманамі й г. д. Падобна да гэтага Фіны самі сябе завуць Суомі. Швайцарцы афіцыйна называюць сябе Гэльвэтамі, Віетнам, не зважаючы на ягоныя пратэсты, усе іншыя завуць Інда-Кітаем (гл. зацемку 1. да тэзы 1) i г. д. У вадпаведнасьці з гэтым знаходзяцца й розныя назовы нашага народу ў практыцы розных іншых народаў. 3 гэ­тымі назовамі даводзіцца лічыцца, як із фактамі, ад нас незалежнымі, наш уплыў на якія можа быць вельмі абмежаным i выражацца хіба толькі ў выказваньні тых ці іншых пажаданьняў.

Зацемкі

1. Важна адзначыць, што Латышы ад найдаўнейшых часоў завуць наш народ Крывічамі (зь цягам часу гэты назоў пашырыўся ў ix на ўсіх Славянаў наагул, што займаюць усходняе палажэньне ад ix, i пасьля замацаваўся за Расейцамі, як найдужэйшымі з гэных). Тымчасам Летувісы (Ліцьвіны) завуць наш народ зусім Гудамі.

2. У спробах некаторых нашых суседзяў (Украінцаў, Палякоў) зваць наш народ Крывічамі нельга бачыць нічога іншага, як выраз сымпатыі да незалежніцкіх імкненьняў нашага народу й выяў антырасейскае салідарнасьці гэтых народаў з нашым. Высноўванае адсюль некаторымі закіданьне "польскай інтрыгі" назову Крывічы мае пад сабою гэтулькі-ж грунту, колькі й агульныя закіды ўсяму нацыянальнаму руху, робленыя ў такой-жа форме аддаўна з боку расейскіх шавіністычных чарнасоценных элемэнтаў, што звыклі ўсё славянскае нерасейскае разглядаць як польскае. У кажным разе, ані ў сваей форме, ані ў сваім гістарычным зьмесьце назоў Крывічы анічым ня луча нас із Палякамі. Інакш, i запраўды, бясспрэчнай "польскай інтрыгай" выглядалі-б прапановы з польскага боку замяніць назоў "Беларусы" на тэрмін "Белапалякі", які лучыў бы нас із Палякамі зусім гэтаксама, як луча назоў "Белару­сы" з "Рускімі"- Расейцамі (спробы гэткіх прапановаў, як ведама, мелі месца на балонах некаторых польскіх газэтаў у перадваеннай Польшчы).

10. У бальшыні заходня-эўрапейскіх моваў за наш нацьн янальны назоў служаць пачасьцінныя пераклады назову Беларусь-Беларусы-беларускі й г. д. у гэтыя мовы. Апошнім часам, аднак, усё больш пашыраюцца такія палавічныя формы гэтых перакладаў, у якіх першая частка назову пакідаецца безь перакладу (Bielo-, Byeło-), тымчасам як другая, істатнейшая частка перакладаецца й пры гэтым зусім так, як перакладаецца ў гэтыя мовы назоў Расея-Расейцы-расейскі й г. д. (-rusia, -russian, -russie, russienne, -russiand, -russen, -russisch i r. д.). Гэткім парадкам, такія назовы-пераклады лучаць нас яшчэ больш із Расейцамі, чымся самы назоў Беларусь-Беларусы-беларускі ў сваім аўтэнтычным гучаньні (адвернутыя назад у нашую мову, яны выглядалі-б як Беларасея-Беларасейцы-беларасейскі й г. д.). Таму з гледзішча нашага нацыянальнага інтарэсу назовы-пераклады такое формы ў найвышэйшай меры непажаданыя. Больш-менш задаволіць наш нацыянальны інтарэс могуць адно тыя назовы-пераклады, у якіх другая, істатнейшая частка назову Беларусь-Беларусы-беларускі й г. д. перакладаецца старымі лацінізаванымі формамі ад караня ruhłen(а ня russ-), якімі назоў Расея-Расейцы-расейскі й г. д. ніколі не перакладаўся й не перакладаецца (-ruthenia, -rutenian, -ruthenie, rułhenienne, -ruthenien, -ruthenen, -ruthenisch).

Зацемка

З увагі на практычнае пашырэньне й пэунае аціфыйнае адценьне назоваў на Bielo(Вуеіо-), з аднаго боку, i на выкладзеныя кагадзе вымаганьні нацыянальнага інтарэсу што да другой, істатнейшай часткі, можа, былі-б найбольш адпаведныя й пажаданыя у дадзеных абставінах падобныя камбінацыі Byeloruthenia, Byeloruthenian, Bieloruthenie, Bieloruthenienne, Bieloruthenien, Bielorułhenen, bieloruthenisch.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX