Вярнуцца: Артыкулы

Нікалаеў Мікола. Кірылічнае кнігапісанне ў Вільні ў XV-першай палове XVI ст.


Аўтар: Нікалаеў Мікола,
Дадана: 04-07-2013,
Крыніца: Нікалаеў Мікола. Кірылічнае кнігапісанне ў Вільні ў XV - першай палове XVI ст. // Спадчына №3-1993. С. 47-50.



Адразу ж пасля адкрыцця першай друкарні бурмістрам Якубам Бабічам (пачатак XVI ст.) Вільня стала друкарскім цэнтрам, хоць вытворчасць кніг тут была наладжана значна раней. Есць сведчанні, што яшчэ на самым пачатку валадарства Казіміра Ягелона горад меў патрэбу ў кірылічных рукапісных кнігах. Прынамсі, пісар вялікага князя Якуб у лісце да свайго сябра, маскоўскага архітэктара Васіля Ярмоліна (каля 1460 г.) прасіў набыць у Маскве i пераслаць у Вільню поўны Пралог, Васьмігалоснік, Жыція 12 апосталаў ды іншыя кнігі. Тым часам у другой палове XV ст. у сталіцы Вялікага Княства Літоўскага склаўся даволі значны патэнцыял для масавай кнігавытворчасці i ўжо на пачатку XVI ст. у горадзе існавалі тры кнігапісныя цэнтры.

1. Гаспадарская канцылярыя.

Пры панаванні Казіміра Ягелона (1440-1492) пачалося складанне Літоўскае Метрыкі. Праца над ёй працягвалася i пры наступных вялікіх князях. Для вядзення метрыкі, а таксама для выпіскі копіяў з прывілеяў, наданняў i іншых дакументаў меўся значны штат пісараў. Tак, Юзаф Вольф адзначае, што пры Казіміру быў дваццаць адзін пісар. Кожны пісар меў сваіх пісцоў, якія часта станавіліся перапісчыкамі кніг. Напрыклад, прыпіска 1501 г. на апошняй старонцы «Аглашэнняў» Фёдара Студыта паведамляе, што «вчинися сіа книга повеленіемь раба божія пана Ивана Семеновича, писаря гсдря великого князя Александра а писал многогрешный рабъ божій Иванчик служко гдря моего пана Ивана Семеновича...» У пісара Фёдара працаваў нейкі час Мацей Дзясяты - цудоўны каліграф, які ў 1502 г. з дазволу Фёдара пакінуў службу ў канцылярыі i заняўся перакладам на славянскую мову біблейскіх кніг. На плане Вільні XVI ст., змешчаным у атласе Браўна i Хогэнберга, гаспадарская канцылярыя размяшчалася на Вялікай вуліцы, недалёка ад Ратушнай плошчы. Пісцы канцылярыі выпрацавалі характэрны почырк-скорапіс, якім перапісана пераважная большасць актаў, а таксама шэраг кніг. Напрыклад, зборнік энцыклапедычнага зместу 3 бібліятэкі Жыровіцкага манастыра.

2. Мітрапаліцкі скрьшторы.

Пасля разбурэння Кіева татарамі рэзідэнцыяй «Кіеўскіх i ўсяе Русі» мітрапалітаў сталі Наваградак i Вільня. У абодвух гарадах меліся мітрапаліцкія скрыпторыі. У Наваградку кнігапісанне вялося на Вялікай вуліцы (галоўныя вуліцы Вільні й экс-сталіцы ВКЛ называліся аднолькава) пры саборным храме Барыса й Глеба. Архіўныя дакументы данеслі да нас звесткі, што ўжо ў дзесятых гадах XVI ст. па загадзе мітрапаліта перапісваліся кнігі Бібліі, у прыватнасці, у 1512 г. пад кіраўніцтвам дзякана Якімца быў перапісаны Пралог. У Вільні мітрапаліцкі скрыпторы знаходзіўся пры катэдральным Прачысценскім саборы, пабудаваным у першай палове XIV ст. У ім былі пахаваныя вялікі князь літоўскі Альгерд i ягоная другая жонка Улляна. Пры саборы, відавочна, існавала бібліятэка, у якой меліся ўзорныя («правільныя») спісы розных богаслужбовых кніг. Прынамсі, «наваградскі» Пралог вазілі пасля заканчэння ў Вільню, дзе яго «следовал» (правяраў па ўзоры) дзякан Ігнат. У часы Францішка Скарыны пры двары праваслаўных мітрапалітаў рабілася вялікая праца - ствараўся пераклад біблейскіх кніг; там жа ўзнікла i свая рэдакцыя Пралога. Пісцамі ў мітрапаліцкім скрыпторыі былі дзякі. Акрамя ix працавалі i майстры-ілюмінатары, якія дасягнулі вялікага майстэрства ў стварэнні мініятураў. Узорам іхнай працы могуць быць ілюстрацыі да «Псалтыра са следаваннем», аналагічныя мініятуры «Дзесятаглава» Мацея Дзясятага.

3. Скрыпторы Солтанаў.

Пісцоў, што перапісвалі кнігі, трымалі на службе многія з паноў Вялікага Княства Літоўскага. Хутчэй за ўсё, у віленскім палацы Радзівілаў у 1492 г. кнігу «Прыточная» перапісаў у славянскай мове «Васка, пісар пана Мікалая Радзівіловіча». (Гэты зборнік энцыклапедычнага зместу згубіўся падчас вайны 1941 -1945 гг.). Аднак толькі пра адзін з віленскіх магнацкіх двароў можна сказаць, што кнігапісанне вялося там працяглы час i рознымі асобамі-прафесіяналамі. Двор гэты называўся Шышкіні i знаходзіўся не ў самой Вільні, а «подле места Виленского за рекою Вельею». Пачатак кнігапісання ў Шышкінях можна звязаць з маршалкам вялікага князя Казіміра - Солтанам Аляксандравічам. Тэта была для свайго часу яскравая асоба. У 1467 г. ён, сын падскарбія літоўскага, з пашанотнаю вартаю 3 10 чалавек выпраўляецца ў Іерусалім, да Гроба Гасподня. Адначасова мае на мэце «вывучыць розныя звычаі людзей i розныя пастанаўленні», навучыцца за мяжою вайсковаму штукарству. Пасля наведання Палесціны Солтан Аляксандравіч пабываў у Партугаліі, потым у Вургундыі, дзе герцаг Карл Смелы дыпломам ад 24 траўня 1469 г. надаў яму чын свайго дарадцы i шамбеляна, а таксама ўзнагародзіў ордэнам Залатога Руна. Пасля Бургундыі Солтан Аляксандравіч наведаў Англію. Кароль Эдуард IV цёпла прыняў яго, а на развітанне нават падарыў залаты ланцуг.

У 1487 г. па загадзе Солтана дзякан Сенька Смальнянін перапісаў Мінею. Можна меркаваць, што праца ішла над гадавым камплектам, г. зн. шасцю тамамі-фаліянтамі, якія абдымалі зместам увесь год. Пасля смерці Солтана Аляксандравіча ў ягоным віленскім доме сярод розных рэчаў заставаліся, як сведчыць Літоўская метрыка, падараваны Эдуардам IV залаты ланцуг, ордэн Залатога Руна i кнігі: Правілы Грыгор'еўскія, Грыгоры Багаслоў, Евангелле, Псалтыр, «золатам пісаны», «Псалтыр са следаваннем», Посная i Цьвятная Трыодзі. У 1545 г., пры Аляксандру Солтанавічу, у Шышкінях працавалі таксама два браты з Крамянца - Міхайла i Ярмола Васілевічы. Першы перапісаў Багародзічнік. Тэкст прыпіскі такі: «Изволениемъ отца и хотенiемъ сна и поспешенiемъ и деиствiемъ стого и животворящего дха изволися написати сiя книга рекомыи богородичникъ. Под леты божего нароженья а. ф. ме го году при державе господаря жикгимонта августа короля полского великого кнзя литовского а повелениемъ Маршалка его млсти пана олександра солтановича а писана сіа книга оу двори его млсти шешкинях подле места виленского за рекою велею а писал ее дiякъ именемъ ярмоло, родомъ с кремянца, сын васильевъ сщенника кремянецког/о)». Другі з братоў перапісаў Трэбнік. Вось якою была гэтая прыпіска: «Изволеніемь отца, и хотеніемъ сна и поспешенімъ и действіемъ стого и животворящего дха. Изволися написати сіа книга рекомыи требникъ. Под леты божего нароженя а. ф. ме го году, при державе господаря жикгимонта августа короля полского великаго князя литовскаго, а повеленіемъ Маршалка ег млсти пана олександра солтановича а писана сіа книга оу дворе его млсти шешкинях подле места виленского за рекою велею, а писал ее діякъ іменемъ ярмола, родомъ с кремянца, сынъ васілевъ сщенника кремянецког/о)».

Параўноўваючы два гэтыя тэксты, становіцца відавочным, што яны напісаныя па адным фармуляры, але кожны з перапісчыкаў досыць вольна паводзіў сябе ў выкарыстанні літараў «і» i «и», а таксама ў граматыцы.

...У сярэдзіне XVI ст. у Вільні пачынаецца эра кнігадрукавання. Пэўны час паралельна працягваецца i кнігапісанне, якое таксама мела плён.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX