Вярнуцца: Артыкулы

Беларуская хрысціянская дэмакратыя i Ян Пазьняк


Аўтар: Пазьняк Ян,
Дадана: 30-10-2012,
Крыніца: Беларуская хрысціянская дэмакратыя i Ян Пазьняк // Спадчына № 6 - 1991. С. 47-53.



Гісторыя беларускага Адраджэння - гэта i гісторыя хрысціянска-дэмакратычнага руху. Ен узнік на самым пачатку нашага стагоддзя ў асяродку каталіцкіх ксяндзоў-беларусаў, а з 1917 г. аформіўся арганізацыйна i сканцэнтраваўся вакол свайго перыядычнага выдання - газеты «Крыніца», альбо «Беларуская Крыніца», як яна называлася з восені 1926 г., пасля часовага перапынку з-за пераследу польскімі дзяржаўнымі ўладамі.

(91KB) Ян Пазьняк.

Хрысціянска-дэмакратычны рух i яго газета трывала i вынікова існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі два дзесяцігоддзі, пашыраючы нацыянальную свядомасць сярод беларускага насельніцтва вёсак i мястэчак, праводзячы актыўную культурна-асветную, грамадскую i палітычную працу ў Вільні. «Крыніца» несла ідэі хрысціянскай любові i міласэрнасці, заклікала беларусаў бараніць свае нацыянальныя інтарэсы, адстойвала права на беларускую мову ў школе i царкве, прапаведавала ідэал вольнай, незалежнай Беларусі.

Адным з вядучых дзеячоў руху ў 20-30-я гады быў Ян Пазьняк (1897-1939) - з 1928 г. рэдактар «Беларускай Крыніцы» i сакратар Прэзідыума Цэнтральнага камітэта БХД.

Сёння, калi ідэя незалежнасці Беларусі зноў зрабілася штандарам нацыянальнага Адраджэння i патрабуе рэальнага ўсталявання ў жыцці, калі зноў пашыраецца нацыянальны незалежніцкі рух сярод беларускай інтэлігенцыі дый іншых слаёў грамадства, узмацніўся адпаведна i латок фальсіфікацыяў, які закранае беларускі нацыянальна-вызваленчы рух увогуле i асобу Яна Пазьняка ў прыватнасці. Адзін з правераных трукаў фальсіфікатараў - атаясамліванне нацыянальнага адраджэння з нацыяналізмам. На старонках «Беларускай Крыніцы» яшчэ ў 1936 г. быў апублікаваны як рэдакцыйны артыкул «Нацыяналізм i Беларусы». Магчыма, яго напісаў Ян Пазьняк, бо ён у той час рэдагаваў газету, але, магчыма, i нехта іншы. Артыкул адлюстроўваў дакладную пазіцыю хрысціянскіх дэмакратаў па нацыянальным пытанні. Абвінавачваць беларусаў як тады, так i цяпер, у нацыяналізме - значыць фантазіраваць з пэўнымі мэтамі, больш дакладна - з мэтай апраўдваць месіянскую ідэю суседніх народаў і, значыць, законнасць ix панавання ў беларускім краі. У такіх варунках - цытую артыкул - «беларусы нацыяналісты пастолькі, пасколькі яны прызнаюць беларускі народ за нацыю i на нацыянальным грунце твораць сваю культуру i агульнаграмадзкае жыцьцё, прызнаючы адначасна й шануючы тое ж самае ў кожным іншым народзе. Дакладная характарыстыка даецца ў артыкуле нацыяналізму: «...Нацыяналізмам звычайна называем надмернае самалюбства якой нацыі коштам нацыі іншай... Да паняцьця нацыяналізм належа такжа так званы мэсіянізм. Гэта бывае тады, калі які народ дзеля свайго эгоізму ліча сябе пакліканым гісторыяй, каб суседняму, звычайна слабейшаму, народу несьці сваю асьвету i культуру, але коштам свабоды і ўласнай культуры таго суседа». Паводле артыкула, «нацыяналізм беларускі, калі аб такім можна гаварыць, гэта не самамэта, як ёсьць у нацыяналістаў, а толькі сродак для ўсебаковага культурнага адраджэньня i вызваленьня беларускага народу з-пад усякай няволі... Сутнасьць нацыянальиага адраджэньня беларускага народу ў тым, што народ гэты вызваляецца ад агрэсіі, ад наступу на яго чужых нацыяналізмаў, якія няволяць яго Ў галіне культуры, палітыкі, жыцьця эканамічнага i соцыяльнага». У хрысціянска-дэмакратычным духу гучыць канцоўка артыкула: «Свабодна i дастойна жыць самому i другому даць гэтак жыць, не рабіць іншаму таго, чаго ня хочаш, каб табе было зроблена,- вось прынцыповыя лёзунгі беларускага нацыянальиага адраджэньня i вызваленьня».

Беларуская ідэя - ідэя незалежнай, вольнай сярод вольных, роўнай сярод роўных Беларусі - была адной з ключавых пазіцыяў праграмы хрысціянскіх дэмакратаў. Яны сумленна i самаахвярна праводзілі яе ў жыццё: i змагаліся з прэтэнзіямі Польшчы на наш край, які перапаў ёй пасля Рыжскага міру, i не прызнавалі «райскага» жыцця беларусаў «пад Саветамі». Дыктатура Пілсудскага i сталінская дыктатура ўспрымаліся хадэкамі (так называлі хрысціян-дэмакратаў) аднолькава i адназначна - як насілле i гвалт над беларусамі, што асабліва стала відавочным з узмацненнем рэпрэсіяў у 30-я гады i расправамі над культурнымі дзеячамі, якія прыехалі ў Савецкую Беларусь, спакушаныя беларусізацыяй.

Палітычная i рэдактарская дзейнасць Яна Пазьняка выпала на цяжкі для беларускага народа гістарычны час, калі раэвіваць незалежніцкі нацыянальны рух рабілася ўсё цяжэй. У 1936 г. «Беларуская Крыніца» канфіскоўвалася 11 разоў, над Пазьняком да гэтага часу вісела ўжо каля 35 судовых справаў, што пагражала яму штрафамі i зняволеннем. Тым не менш, i ў гэткіх жорсткіх варунках беларуская хадэцыя i Ян Пазьняк, як адзін з лідэраў руху, працягвалі сваю палітычную і культурна-асветную дзейнасць, заставаліся арганізацыяй легальнай i досыць уплывовай сярод беларусаў (пераважна сялян, інтэлігенцыі). Лёс Яна Пазьняка, як i амаль усіх тагачасных дзеячоў нацыянальна-вызваленчага i культурнага руху, склаўся трагічна. Пасля закрыцця ў 1937 г. «Беларускай Крыніцы» ён нейкі час рэдагаваў «Хрысьціянскую Думку», дапамагаў у іншых беларускіх выданнях, якія яшчэ існавалі. У кастрычніку 1939 г. Пазьняк быў арыштаваны на сваёй кватэры ў Вільні сталінскімі органамі бяспекі i вывезены. Падобны лёс мелі А. Луцкевіч, Ул. Самойла, В. Багдановіч, А. Трэпка - спіс можна падоўжваць. Дзе, як і калі Пазьняк загінуў - пра гэта пакуль ніякіх звестак адшукаць не ўдалося.

Бліскучы публіцыст і палеміст, Ян Пазьняк амаль штонумар друкаваў свае артыкулы ў «Беларускай Крыніцы», падпісваў іх псеўданімамі і крыптанімамі. Найбольш часта ён выкарыстоўваў псеўданім Янка Дудар і крыптанімы Я. П., Я. Д., П-к, хоць былі й іншыя. Ян Пазьняк закранаў пытанні тэорыі, ідэалогіі хрысціянска-дэмакратычнага руху, востра палемізаваў з польскімі рэлігійнымі (аса6ліва калі арцыбіскупам стаў Ялбжыкоўскі) і дзяржаўнымі ўладамі, якія праводзілі антыбеларускую палітыку. Крытыкаваў ён і беларускіх адраджэнцкіх дзеячоў іншых накірункаў: або за іх камуністычную арыентацыю, або за кампрамісы з «санацыйнай» уладай Пілсудскага. Пісаў таксама пра самабытнасць кожнага народа, акрэсліваў накірункі барацьбы беларусаў за свае правы, закранаў эканамічныя пытанні.

Па сваіх сацыяльна-палітычных поглядах Ян Пазьняк быў перакананы хрысціянскі дэмакрат, гуманіст, стрыжнёвымі паняццямі для яго былі народнасць, хрысціянства і дэмакратызм. Шкоднымі для грамадскай дзейнасці лічыў бязбожнасць, г. зн. атэізм, а таксама супрацьпастаўленне грамадства па класах. Ян Пазьняк быў глыбокім вернікам, ён сцярджаў, што толькі маральнасць хрысціянская можа забяспечыць гармонію i справядлівасць у грамадстве і ў супольнасці народаў.

Ірына Багдановіч



ЯН ПАЗЬНЯК

Правільны шлях БХД

Хто сачыў за адраджэнскім рухам нашае вёскі ў Усходняй Літве i Заходняй Беларусі хацяжбы ўзяць ад 1919 году, то таму ясна, каля якога цэнтру гуртаваўся гэты нацыянальны адраджэнскі рух, а гэным цэнтрам ёсьць Беларуская Хр.-Дэмакрацыя. Адраджэнскі рух места із зусім слабой нацыянальнай сьведамасьцяй гуртаваўся каля Беларускай Соцыялістычнай Грамады.

Польшча, каторая дзякуючы Вэрсальскаму i Рыскаму (без удзелу Беларускага Народу) трактатам сталася валадаркай больш 2 мільёнаў тэрыторыяльнага Беларускага Народу, адразу пачала сваю нацыяналістычную працу апалячываньня Беларусаў, змабілізаваўшы да гэнае працы польскі каталіцкі клер i чынавецтва. Адраджэнскі рух места ня вельмі востра выражаў нацыянальнае беларускае «я», а больш так, як i заўсёды бывае сярод соцыялістычных групаў: пераважна патрэбы соцыяльныя гарадзкіх работнікаў. Дык хочацца думаць, што дзеля гэтага польская ўлада скіравала больш свае ўвагі i ўціск на вёску, ніштожачы прадусім нацыянальны адраджэнскі рух у кірунку Хрысьціянска-Дэмократычнай ідэолёгіі. Сьцесьненая прасьледаваньнем, беларуская, цесна зьвязаная зь вёскай, інтэлігенцыя i паўінтэлігенцыя гэтага кірунку перайшла да працы ў падпольле, дзе i дасюль працуе над нацыянальным адраджэньнем, усьведамляючы сваё сялянства як нацыянальна, так i соцыяльна. Можа, хто з чытачоў спытаецца, гдзе гэная частка беларускіх працаўнікоў вёскі працуе i гдзе плады іхняе працы? Дык тут трэба сказаць адкрыта: хто ня ёсьць засьлеплены партыйнасьцяй, а можа проста глянуць праўдзе ў вочы i каму дарагая нашая Бацькаўшчына, так, як Яна ёсьць дарагой для гэнае часткі грамадзянства - працаўнікоў у падпольлі, то той можа ўбачыць вялізарныя плады працы гэных працаўнікоў на вёсцы i нават ix карыснасьць Б.С.-Р. Грамадзе. Тут можа задзівіць мала ведаючых беларускую вёску, што чаму тэта так, працаўнікі Хрысьціянскага i Сялянскага кірунку, ды карысныя «Соцыялістычнай Грамадзе», бо што ЯНЫ могуць мець із ею супольнае? На погляд з гары такое зьявішча ненармальнае, але калі прыглядзецца да справы беларускай наагул i беларускай нацыянальнай сьведамасьці вёскі, дык гэнае зьявішча сусім нармальнае, i яно так i ёсьць. Беларускія працаўнікі на вёсцы многія далёка стаяць ад агульнай беларускай палітыкі i толькі адно добра разумеюць, што яны Беларусьі, жывуць на сваей тэрыторыі i што ўціск ад розных чужынцаў Беларускі Народ церпіць адно дзеля таго, што беларускае сялянства, каторае састаўляе вялізарную большасьць Беларускага Народу, ня сусім сьведамае перадусім свайго Беларускага нацыянальнага «я» i нізкай культуры.

Соцыяльнае пытаньне разумеюць толькі згодна i прыродна з ідэолёгіяй сялянскай: зямля сялянам на ўласнасьць, з соцыялістычнымі парадкамі гаспадарак ніколі не згаджаюцца ды й ня згодзяцца, бо сам здаровы, практычны сялянскі розум на гэта пазволіць ня можа.

Б.С.-Р. Грамада аб сваім соцыялізме маўчыць, а дамагаецца таго, што i Бел. Хр.Дэм.: 1) барацьба з польскім нацыяналізмам, 2) з польскім асадніцтвам, 3) зямля сялянам, 4) за родную беларускую школу. Што датыча імкненьняў соцыяльных «Грамады», напісаных у яе праграме, то да гэнае часьці беларускія сьвядомыя працаўнікі на вёсцы адносяцца моўчкі, як да нечага няшкоднага у сучасны мамэнт для сялянства, бо гэта ж толькі Ў праграме, а ў жыцьці на вёсцы ніколі быць ня можа.

Разумее гэта «Грамада» i што раз прыймае выразьнейшы твар беларускі i праз гэта самі Грамадзісты змушаюцца ўзыходзіць на грунт нацыянальны беларускі, аддаляючыся ад імкненьняў соцыялістычнага інтэрнацыяналу, каторы нашыя соцыялістыя прывыклі разумець па-расейску. I так працаўнікі вёскі Хрысьціянскага i Сялянскага кірунку вучаць беларускіх соцыялістых праўдзівай беларускай палітыкі. Ды яно інакш i быць ня можа: бо калі б нашыя соцыялістыя із «Грамады» не пайшлі за нацыянальным духам сялянства, то «Грамада» ня выйшла бы із муроў места на вольны прастор иашае вёскі.

Далей, калі збліжыцца час да ажыцьцяўленьня соцыяльных патрэбаў Беларускага Народу, то Б.С.-Р. Грамада, калі захоча ўдзяржацца на вёсцы, то хіба зьменіць сваю пролетарскую ідэолёгію на дэмократычную i сялянскую.

У праціўным выпадку будзе змушаная вярнуцца на сваё старое места i толькі там будзе праводзіць сваю соцыяльную ідэолёгію. Із гэтага ясна, што рост Б.С.-Р. Грамады на вёсцы ня ёсьць ростам яе партыі, а ёсьць статыстычным падлічэньнем нацыянальнай сьведамасьці нашае вёскі, рожных у соцыяльным пытанні кірункаў.

з гэтага відаць, што БХД стаіць на правільнай дарозе i што па ей належыцца далей ісьці, гуртуючы над сваім сьцягам беларускія народныя сілы.

«Беларуская Крыніца», 1926, № 35

Два кірункі

Добра i кепска. Існаваньне гэтых двух паняцьцяў i фактаў хіба ніхто не запярэчыць. Сапраўды, калі б розум i пачуцьцё людзкасьці не дасяглі да праўды, то немагчыма ж было б зразумець няпраўды i кепскага.

Калі людзкасьць што-небудзь зробіць карыснае для агульна-людзкай справы, для кожнага народу, для кожнай клясы грамадзянства,- розум i пачуцьцё кажуць, што гэта справядліва, добра. Усё ж тое, што зробіцца карыснае толькі для некаторых народаў, не бяручы пад увагу народаў слабейшых ці культурна ці лічбова, або для якіх-небудзь клясаў, таксама не бяручы пад увагу якой-небудзь клясы слабейшай ці яе арганізаванасьцяй, ці лікам, - розум i пачуцьцё кажуць, што гэта ня зусім справядліва, ня зусім добра або i цалком несправядліва, цалком нядобра.

Цывілізацыя прошласьці i сучаснасьці, калі яна адхіляецца ад пуцяводнай зоркі Праўды, то ўводзіць агульна-людзкае жыцьцё ў рамкі вызыску й ненавісьці, разьдзяляючы чалавецтва на два варожыя паміж сабой абозы - прыгнятальнікаў i прыгнечаных. Змаганьне гэтых у чалавецтве двух варожых паміж сабою абозаў выклікала тое, што на сучасным палітычным i грамадзкім небасхіле выразна зарысаваліся дзьве ваюючыя паміж сабой формы жыцьця людзкага: камунізм i фашызм.

Камунізм, зрадзіўшыся з няволі, сваёй рэвалюцыйнай хваляй ломе без разбору ўвесь парадак на сьвеце, каб на мейсца яго будаваць нейкія новыя формы жыцьця, якія знаходзяцца ў фантастычных яго праектах.

Фашызм, паўстаўшы пад напорам рэвалюцыйных хваляў камунізму, імкнецца параліжаваць i затрымаць ix.

У сувязі з гэтым паўсталі дзьве формы дыктатур: пралетарская i фашыстоўская, іначай кажучы - паўсталі дзьве ваюючыя паміж сабой i арміі, каторыя кладуць надзеі ў перамозе адна другой на грубую матэр'яльную сілу, адкідаючы ідэал Любові, каторы вядзе да вольнасьці, роўнасьці i брацтва.

Будучы аднальковымі «прыхільнікамі» як камунізму, так i фашызму, пазвольма бліжэй да ix прыгледзіцца.

Калі б бальшавікі сваім рэвалюцыйным імкненьнем перамаглі ды, захапіўшы ўладу, сілай фізычнай увялі людзкое жыцьцё ў форму камунізму - ці была б дасягнута справядлівасьць, дабро? - Не, бо жыцьцё тады ня было б абапёрта на добрай волі людзкасьці вольных людзей. А калі так, то ня можа там быць вольнасьці, роўнасьці i брацтва, а раз гэтага няма, то няма i справядлівасьці, дабра, а дзе няма справядлівасьці, там пануе фалш.

Тое самае трэба сказаць i аб фашызме. Як жа ня дзіўным ёсьць той аб'яў асабістай самадзельнасьці, калі адзін чалавек або якая-небудзь палітычная групка адважваецца браць на сябе адказнасьць за жыцьцё цэлага народу або на'т i ўсяе людзкасьці, абзываючы сябе справядлівасьцяй i сілай заганяючы людзкасьць у тыя формы жыцьця, у каторых пануе зьдзек i паняверка над слабейшымі!

Дык дзе ж шлях да справядлівасьці? Ставячы такое пытаньне, мусім на яго i адказаць. Праўдаў дзьвюх ня можа быць, а таксама i шлях да справядлівых формаў людзкага жыцьця ёсьць адзін.

А шлях гэты ёсьць у ідэалах Хрыстыянізму, аснутых на Любові, Роўнасьці i Брацтве, у Хрыстыянізме практычным, датасаваным да ўсіх галін жыцьця людзкога.

У гэтым жа часе змаганьня вышэй успомненых двух кірункаў, калі Беларускі Народ знаходзіцца яшчэ ў працэсе свайго нацыянальнаграмадзкага Адраджэньня, i ў яго малады, яшчэ не акрэпшы арганізм ужо ўядаецца зараза партыйнай ненавісьці, якая бярэ свой пачатак з крыніц утопійных, фалшывых, вышэй прыведзеных тэорыяў.

Дык ці ня трэба над гэтым падумаць ды, спыніўшы шкодныя для нашага Адраджэньня сваркі, у любові адзін да другога аддацца супольнай працы на карысьць свайго Народу, вырабляючы ў ём пачуцьцё здаровага народнага патрыятызму i братняй любасьці да ўсяе людзкасьці? Здаецца, што гэтак.

«Беларуская Крыніца», 1928, № 26

Аб сям'і

Нядаўна адбыўся ў французкай цяпер Альзацыі ў м. Мільгаўзэн 16-ты з чаргі кангрэс у справах сям'і. На такія кангрэсы зьяжджаюцца выдатныя грамадзкія дзеячы i вучоныя. На сёлетнім кангрэсе старшыня нарадаў у прамове сказаў гэтак: «Сям'я - гэта прыродная грамадзкасьць у мініятуры. Сем'і твораць грамадзкасьць. Дзеля гэтага ва ўсіх грамадзкаэканамічных i публічных радах павінны выступаць прадстаўнікі сем'яў». А дзеля гэтага гэны кангрэс пастанавіў рашуча дамагацца, каб у Францыі было заведзена ў выбарах толькі сямейнае галасаваньне.

Парлямантарная камісія дзяржаўнай рэформы прыняла гэныя дамаганьні прыхільна да ведама, а прэзыдэнт Францыі аднёсься да гэткага праекту выбараў дзяржаўных палат вельмі сымпатычна.

Гэтак у заходняй Эўропе ацаняюць вартасьць сям'і ў грамадзкім жыцьці. У нас гэтая справа стаіць інакш. Тут мы ў некаторых мясцох i ад некаторых асоб толькі чуем прыгожыя словы аб гэнай прыроднай каморцы грамадзкасьці, але сапраўднага зразуменьня яе ня бачым. Тут сям'я грамадзкіх правоў ня мае ніякіх, як ня мае i грамадзкага забясьпечаньня.

Мы, Беларусы, на гэтую справу мусім так-жа зьвярнуць вялікую ўвагу. Дзякуючы нашай беларускай сям'і перахавалася нашая народная традыцыя i нават нашая мова. Цяпер так-жа беларушчына трымаецца толькі ў беларускай сям'і, бо яе няма ані ў школе для беларусаў, ані ў царкве - касьцеле i іншых публічных інстытуцыях. Словам, наймацнейшая нашая крэпасьць - гэта сям'я. Калі б чужынцу ўдалося здабыць i нашу сям'ю, дык ведама, што тады памёр бы i наш народ, як такі.

Пры гэтым зьвернем увагу на рэзультаты непашаны сям'і. Робіцца гэта асабліва ў Саветах.

У Саветах сям'я ня толькі не ў пашане, але ў пагардзе. Там сям'я разьбіваецца, там з сям'ёй вядзецца вайна. Вось вынікі гэтай вайны з сям'ёй.

У Царыцыне бальшавіцкі суд засудзіў селяніна Д'якова на 10 гадоў катаргі, а яго жонку на з гады за тое, што забілі свайго 14-гадовага сына. Гэты сынок належаў да камуністычнай арганізацыі моладзі, дзе вучылі дзяцей не шанаваць бацькоў i на бацькоў даносіць у міліцыю. Гэты сынок данёс бальшавіцкай міліцыі, што яго бацькі схавалі крыху збожжа. За гэта бальшавікі часта караюць сьмерцяй. Каб пазбыцца сьведкі, бацькі забілі гэтага сынка. Тады заскаржыў бацькоў іхны 10-гадовы сынок, брат забітага.

Вось да якой трагедыі прыводзіць камуністычная навука. Аднак i ў нашых сёлах ёсьць апосталы камунізму. А гэта нішто іншае, як подступ ворага, каб разбурыць нашую беларускую крэпасьць - сям'ю i тады зьнішчыць багатую нашую народную традыцыю, а з гэтым i ўвесь наш народ.

Дык шануйма, аберагайма i культывуйма сям'ю ў нашым народзе.

«Беларуская Крыніца», 1934, № 41

Славянская ідэя, ці на немцаў пугала?..

Славянская ідэя - консолідацыя Славян - праява ня новая, пагроза для Славян з боку Немцаў - таксама зьявішча не цяперашняе. Нямецкі «drang nach Osten» пачаўся сотні гадоў таму. Бітва пад Грунвальдам i вялікая вайна 1914-1918 г. сьцьвярджаюць аб спыняньні нямецкага імпэрыялізму ў далёкай i блізкай мінуўшчыне.

Славянская ідэя падсьведама зрадзілася пад напорам Нямеччыны ў пачатку XV стагодзьдзя i дала адпор нямецкаму «drang nach Osten» пад Грунвальдам. Ад таго часу да сяньняшніх дзён гэту ідэю сільнейшыя славянскія народы тасавалі адносна слабейшых братніх народаў з вялікай крыўдай для апошніх. Адны ў імя славянскай ідэі «мячом i пажарам» сабіралі Славян i насільна «зьлівалі» славянскія ручайкі ў адно «русское море», а другія - прысвоіўшы «камплекс высшасьці» намагаліся i намагаюцца «нясьці» Славянам на ўсход «заходня-эўрапэйскую цывілізацыю». Паўставала барацьба між Славянамі, з якой умела карысталі Немцы i пашыралі свой «drang nach Osten». Калі гэты нямецкі паход на Славян безпасрэдна пагражаў «валадаром» славянства - аджывала славянскае братэрства (адозва Мікалая Мікалаевіча, каманданта расейскай збройнай сілы, да Польскага народу ў сусьветнай вайне) i пачыналася ідылія славянскай братняй любові. Калі ж упадала нямецкая магутнасьць i часова зьнікала пагроза з боку Нямеччыны для сільнейшых славянскіх народаў, - пачыналася нанава «зьліваньне славянскіх ручайкоў у адно расейскае мора», а так-жа носьбіства «заходня-эўрапэйскай цывілізацыі» ў слабейшыя славянскія народы, якія маюць сваю ўсходня-славянскую культуру.

Такім чынам, вялікая, прыгожая, усьцяж актуальная й чыстая сама ў сабе славянская ідэя, якая павінна скансалідаваць усе славянскія народы на плошчы адносінаў роўныя з роўнымі, вольныя з вольнымі - стаптана, няміласэрна скрыўлена, падыманая ў патрэбе, як пугала на Немцаў.

Цяпер нанава ўзрасла нямецкая магутнасьць i сваім «drang nach Osten» безпасрэдна пагражае ўсяму славянству. Паўстала гэтая пагроза якраз тады, калі славянскія народы ў барацьбе між сабой дайшлі да таго, што згубілі супольныя жыцьцёвыя шляхі й агульнаславянскую плятформу, якая ёсьць неабходнай дзеля супольнай абароны ад нямецкага «drang nach Osten». Адважнейшыя падымаюць кліч старой славянскай ідэі i заклікаюць усе славянскія народы да консолідацыі. Водгук гэтага клічу слабы. I зразумела, - бо йшчэ ён нявыразны; ня ведама, ці гэта старое на Немцаў пугала, ці сапраўдная славянская ідэя, што ставіць усе, бяз вынятку, славянскія народы на плошчы адносінаў «роўныя з роўнымі, вольныя з вольнымі»?

Мы, Беларусьі, як народ i як Славяне, славянскую ідэю, як ідэю сужыцьця славянскіх народаў, апёртага на прынцыпе «вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі», уважаем за нашу, беларускую ідэю. А да тае «славянскае ідэі», што падымалася ўжо, як пугала на Немцаў, якая разслабляе Славян i «скацеркай сьцеле» шлях нямецкаму «drang nach Osten» - займаем становішча ня толькі крытычнае, але рашуча нэгатыўнае.

«Хрысьціянская Думка», 1939, № 22

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX