Вярнуцца: Артыкулы

Прыбытка Г. Барацьба магнацкіх груповак у другой палове XVII-пачатку XVIII ст.


Аўтар: Прыбытка Генадзь,
Дадана: 27-03-2012,
Крыніца: Спадчына» № 5-1995 С.32-90.



МЯЦЕЖНЫ ГЕТМАН

Дзяржаўны, лад Рэчы Паспалітае сярэдзіны XVII - XVIII стст. вызначаўся абмежаванасьцю каралеўскае ўлады і сваволяю шляхты. Найвышэйшым органам улады ў краіне быў сойм, але дзейнасьць ягоная была фактычна паралізаваная: усе рашэньні прымаліся толькі аднагалосна, што давала прастору праву «liberum veto». Упершыню з дапамогаю згаданага права сарваў сойм у 1652 г. пасол троцкі В. Сіцынскі, які не пагадзіўся працягваць працу і дэманстратыўна пакінуў залу. Гэты прэцэдэнт меў самыя сур'ёзныя наступствы: за 1652-1764 гг. з 80 соймаў 44 былі сарваныя.

Дэпутаты-шляхцічы зрывалі соймы з розных, прычынаў: гэта і неадпаведнасьць рашэньняў пісьмовым інструкідаям, якія дэпутаты атрымлівалі на павятовых сойміках і якім абавязаныя былі падпарадкоўвацца, і, часьцей, подкуп дэпутатаў магнатамі.

Але нават калі сойм і выносіў пэўнае рашэньне, соймікі (якія самастойна вырашалі фінансавыя і вайсковыя пытаньні, зацьвярджалі падаткі, прызначалі зьбіральнікаў падаткаў, распараджаліся ваяводзкім скарбам і г. д.) далёка не заўсёды падпарадкоўваліся ім.

Паводле слушнага назіраньня сучасьніка, «караля польскага можна назваць «каралём каралёў», бо да кожнага шляхціча ён зьвяртаецца словамі «пане браце». Усе яны зьяўляюцца, несумненна, як бы сувэрэннымі панамі. Маюць вяршэнства над жыцьцём і сьмерцю падданых, і ўся зямля ў межах дзяржавы ёсьць іхнаю ўласнасьцю» 1.

Любое рашэньне караля або сойму шляхта магла аспрэчыць з дапамогаю канфэдэрацыі - узброенага саюзу, які склікаўся дзеля дасягненьня пэўных мэтаў. Канфэдэрацыйны генэралітэт («генэральнасьць») меў неабмежаваную, дыктатарскую ўладу. Маршалкі з дарадцамі бальшынёю галасоў прымалі пастановы, якія абвяшчаліся ад імя ўсіх станаў, сэнатараў, чынавенства і шляхты як абавязковыя для ўсяе Рэчы Паспалітае. Тых, хто не выконваў рашэньняў канфедэрацыі, кіраўніцтва саюзу прыцягвала да суду.

Аднак самымі небясьпечнымі былі рокашы - канфэдэрацыі, накіраваныя супраць караля. Яны заключаліся з мэтаю прыцягненьня апошняга да адказнасьці і дэтранізацыі, а мелі характар бунту, змовы супраць законнае ўлады.

Справа ўскладнялася тым, што каралеўская ўлада не перадавалася ў спадчыну. А выбарнасьць караля вымагала ад прэтэндэнта на карону ўсё новых і новых саступкаў шляхце, інакш ён губляў усялякія надзеі сесьці на каралеўскі пасад.

У такіх умовах дэцэнтралізацыі ўлада апынулася ў руках найбагацейшых магнацкіх сем'яу. Магнатэрыя Рэчы Паспалітае здаўна мела выключны ўплыў на палітыку асобных земляў дзяржавы ды на каралеўскую ўладу ў цэлым. Калі раней, яшчэ ў першай палове XVII ст. (хоць і слабей, чым у XVI ст.), тыя магнаты, што атачалі караля, стваралі пэўную апору ягонай уладзе, даючы магчымасьць каралю самому кіраваць, то зь сярэдзіны XVII ст. усё зьмянілася. Магнатэрыя ўвабралася ў поўную сілу, старалася дамінаваць у каралеўскім атачэньні і яго фармаваць. Безумоўна, за манархам заставалася права прызначаць пасады паводле свайго выбару. Але і пасада яшчэ не адыгрывала вырашальнае ролі для становішча магната ў фэадальнай гіерархіі. Галоўным тут было багацьце, сваяцкія сувязі, кліенты, замкі, колькасьць і якасьць залежнае шляхты, наяўнасьць надворнага войска і г. д. Асабліва вырасьлі палітычная вага і ўлада магнатаў пасьля гадоў крывавага патопу, у выніку якога эканоміка краіны была разбураная. Вынішчаныя шляхоцкія маёнткі цяжка было аднавіць, неспрыяльная каньюктура абмяжоўвала прыбыткі ад земляробства, падаткі не шкадавалі ні шляхты, ні ейных падданых... Сярэдняя і дробная шляхта імкліва бяднела. Таму частка паноўнае клясы была вымушаная адмовіцца ад удзелу ў палітычным жыцьці, перастала наведваць соймікі, а тым болей - соймы, бо яны вымагалі вялікіх выдаткаў. Частка ж трапляла пад яшчэ большую залежнасьць ад магнатаў, што падтрымлівалі сваіх кліентаў у штодзённым жыцьці, апекаваліся імі і дапамагалі ім. Платаю за такую «дабрачыннасьць» была адмова ад уласнае палітычнае пазыцыі на карысьць інтарэсаў магната 2.

Але на абшарах Рэчы Паспалітае Абодвух Народаў уплыў магнатэрыі на жыцьцё краю быў розны. У Кароне, нягледзячы на наяўнасьць сваіх магнатаў і сваёй алігархіі, шляхта карысталася большай ступеньню свабоды, чым у Княстве, дзе пра шырокую шляхоцкую дэмакратыю не магло быць і мовы. Лёсамі Вялікага Княства Літоўскага кіравалі некалькі клянаў, якія займалі ўсе найвышэйшыя пасады і, такім чынам, стваралі тут de facto тып алігархічнае ўлады. Так, напрыклад, пасадаю вялікага гетмана, якая на практыцы была найвышэйшаю пасьля каралеўскае, у Вялікім Княстве Літоўскім цалкам завалодалі некалькі магнацкіх сем'яў. На працягу 170 год (1532-1703) яе займалі прадстаўнікі 5 родаў (сярод вялікіх гетманаў літоўскіх за гэты пэрыяд было 6 Радзівілаў, трое Хадкевічаў, трое Сапегаў, адзін Кішка, адзін Пац). Для параўнаньня - у сьпісе вялікіх гетманаў каронных няма двух прозьвішчаў, якія б паўтараліся, за выняткам Патоцкіх (пасьля Мікалая Патоцкага, які памёр у 1651 г., гетманскую булаву атрымаў ягоны далёкі сваяк Станіслаў; потым, ужо ў XVIII ст., Патоцкія яшчэ двойчы былі вялікімі гетманамі) і - але ўжо ў другой палове XVIII ст. - Браніцкіх 3.

Паміж клянамі ішло безупыннае змаганьне за дамінацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім, у выніку чаго прадстаўнікі то аднаго, то другога роду рабіліся некаранаванымі каралямі гэтых земляў. Вельмі характэрна, што, атрымаўшы перавагу над іншымі клянамі, пераможцы рабілі спробы як мага болей аддаліцца ад Кароны, каб захаваць у Княстве гегемонію. Гэтае імкненьне да сэпаратызму назіраецца на працягу ўсяго XVII ст. Асабліва ж яскрава яно выявілася ў другой ягонай палове. Ня ўніклі яго і Радзівілы, якія ў сярэдзіне XVII ст. былі найбуйнейшаю сілаю ў Вялікім Княстве Літоўскім.

На чале роду Радзівілаў стаяў тады Януш IX Радзівіл, ваявода віленскі, вялікі гетман літоўскі, князь на Біржах і Дубінках. Буйныя валоданьні, велізарныя багацьці, амаль не абмежаваная ўлада дазвалялі яму трымацца незалежна і выступаць апазыцыйна да каралеўскае ўлады, марачы пра аддзяленьне Вялікага Княства Літоўскага шляхам скасаваньня вуніі з Польшчай. Яшчэ падчас элекцыі Яна Казімера ў 1648 г. гэты найбуйнейшы прадстаўнік старажытнага роду, падтрымліваючы Вазу, пагражаў, што Княства ня будзе аглядацца на Карону ў выпадку неабраньня апошняга каралём і абярэ тады Вазу на вялікага князя. У выніку Ян Казімер быў абраны. Таму кароль залічаў гетмана да людзей, якім ён абавязаны тронам.

Але нядоўга пратрывала ўзаемаразуменьне паміж імі. Прадстаўнік старога, што ня ведаў сабе роўных, роду, які ганарыўся генэалягічным дрэвам, куды лепшым за Вазаўскае, і які па згасаньні Ягайлавічаў імкнуўся адыгрываць ролю народнае дынастыі Вялікага Княства Літоўскага, не жадаў падпарадкоўвацца цэнтральнай уладзе. Да таго ж, імкненьне караля быць паўнаўладным гаспадаром у сваёй краіне і вызначаная гэтым непрыхільнасьць да прэтэнцыйных магнатаў адштурхоўвала ад яго дзяржаўцаў. Так, паводле словаў лэнчыцкага ваяводы: «Hiводны кароль не нарабіў столькі панству, як гэты... Рэдкі сэнатар ня меў ад яго асабістае абразы» 4.

Адсюль - узмацненьне незалежніцкіх настрояў Радзівіла. Вядомыя ягоныя словы, сказаныя ў прысутнасьці караля і адрасаваныя каронным сэнатарам: «Прыйдзе час, калі палякі ў дзьверы ня трапяць, праз вокны іх выкідаць будзем!».

Віленскі ваявода бачыў, што ўплывы Польшчы ў краі праводзяцца, апроч іншага, і праз касьцёл, і таму, будучы шчырым кальвіністам, усяляк падтрымліваў дысыдэнтаў Княства.

Асабліва абурала амбітных прадстаўнікоў магутнага роду праклямаваная ў Рэчы Паспалітай шляхоцкая роўнасьць. Таму нядзіўнаю выглядае выразная пранямецкая арыентацыя Радзівілаў. Багуслаў Радзівіл, кузэн Януша, казаў, што ў Нямеччыне ён мог «сядзець побач з цэзарам, з каралямі, з найпершымі князьмі» і не намагацца прывабіць на свой бок дробнае шляхты 5.

Такая непрыхавана апазыцыйная і сэпаратысцкая пазыцыя Радзівілаў не магла ня выклікаць супрацьдзеяньня з боку, караля. Прычым гэтае супрацьдзеяньне часам ішло нават за кошт інтарэсаў дзяржавы. Менавіта такі характар мелі дзеяньні Яна Казімера на Варшаўскім сойме (люты - сакавік 1654 г.), калі кароль, праігнараваўшы меркаваньне бальшыні шляхты, фактычна сарваў наданьне Янушу Радзівілу, аднаму з самых здольных военачальнікаў Рэчы Паспалітае, вялікай гетманскай булавы. I гэта ў той час, калі вось-вось павінна была распачацца агрэсія з боку Маскоўскае дзяржавы! Толькі ў чэрвені, калі варожае войска ўжо таптала зямлю Вялікага Княства Літоўскага, нарэшце Януш Радзівіл стаў вялікім гетманам літоўскім.

Але, не атрымліваючы сур'ёзнае дапамогі ад кароннага войска, якое актыўнымі дзеяньнямі на Ўкраіне павінна было ўстрымаць цара, вялікі гетман літоўскі пачаў рабіць захады, каб спыніць вайну і разарваць вунію: ён імкнуўся да перамоваў з Багданам Хмяльніцкім, марыў пры пасярэдніцтве замежных краінаў спыніць маскоўскую агрэсію і дасягнуць нэўтральнасьці Княства, пераконваў у неабходнасьці склікаць асобны сойм Вялікага Княства Літоўскага. Асаблівыя надзеі Януш Радзівіл ускладаў на Швэцыю. Яшчэ 11 кастрычніка 1654 г. падканцлер каронны пісаў з Горадні да прымаса: «Маю перасьцярогу ад аднаго чалавека, што ёсьць небясьпека, што тая правінцыя (маецца на ўвазе Літва.- Г. П.) перакінецца да швэдаў і тамтэйшаму каралю паддасца, каб іх бараніў» 6.

Таму Ян Казімер, каб ураўнаважыць уплыў Януша Радзівіла ў войску і краі, прызначыў польным гетманам падскарбія вялікага літоўскага Вінцэнта Корвіна-Гасеўскага, даўняга няпрыяцеля вялікага гетмана. Магутнасьць Януша Радзівіла гэтым крокам і сапраўды была абмежаваная, аднак згаданае прызначэньне адбілася на зладжанасьці дзеяньняў і баявым духу войска. Яно фактычна раскалолася на дзьве часткі, падпарадкаваныя варагуючым гетманам. Нязгода гетманаў сталася прычынаю раздрабненьня сілаў Вялікага Княства Літоўскага пры заходе маскоўскім войскам Вільні, паразаў у вайне з усходнім ворагам.

Але кароль вінаваціў ва ўсіх няўдачах выключна Януша Радзівіла. Абвінавачваньні і зьнявагі з боку Яна Казімера дайшлі да таго, што гетман, не стрымаўшыся, неяк кінуў у адказ: «Ня трэба пагражаць таму, - у каго ў руках зброя!» 7. Але збройнае сілы ў руках Януща Радзівіла яўна неставала. Асабліва гэта стала відавочна пасьля ўступленьня ў вайну Швэцыі, якая хацела, выкарыстаўшы цяжкое становішча Рэчы Паспалітае, разграміць даўняга ворага і захапіць ягоныя землі.

Безумоўна, калі на гэтыя землі прэтэндавала і Масковія, трэба было напачатку дамовіцца зь ёю. I таму ўжо з траўня 1655 г. у Маскве распачаліся перамовы двух агрэсараў пра лёс суседняе дзяржавы. Чатыры разы мяняліся межы, якія мелі падзяліць Рэч Паспалітую паміж Масковіяй ды Швэцыяй. Але ўрэшце Масква спыніла перамовы, разьлічыўшы, што ёй самой пад сілу давесьці вайну да пераможнага канца.

Тады Карл X Густаў вырашыў самастойна пачаць ваенныя дзеяньні і, разграміўшы Рэч Паспалітую, спыніць Масковію. У чэрвені на Дынабург вырушыў палявы маршалак граф Левэнгаўпт з 12 тысячамі войска, у ліпені Магнус Дэлягардзі з 8 тысячамі заняў Біржы, 8000 швэдаў стаяла на мяжы ў Інфлянтах... Дадамо сюды, што на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага знаходзілася больш за 100 000 маскоўскіх ды казацкіх войскаў. А між тым у распараджэньні вялікага гетмана літоўскага знаходзілася ня больш за пяць ці шэсьць тысячаў войска 8...

Становішча было сапраўды катастрафічнае. Тым больш, што ад Кароны чакаць дапамогі было марна, бо пасьля таго, як туды рушылі асноўныя сілы швэдаў на чале з самым каралём, паспалітае рушаньне здалося, і Польшча фактычна капітулявала.

У такіх умовах вялікаму гетману нічога не заставалася, як шукаць паразуменьня з ворагамі. Спачатку Багуслаў Радзівіл, спадзеючыся на дапамогу курфюрста Брандэнбурскага, прапанаваў яму пратэктарат над Вялікім Княствам Літоўскім, але, калі гэтыя захады належных вынікаў не далі, давялося выбіраць паміж Масковіяй і Швэцыяй. Выбар ня быў ані пакутлівым, ані цяжкім. Януш Радзівіл, «бачачы, што землі караля... зруйнаваныя, што... нават і на лісты адказу не даюць», «аддаў перавагу швэдзкай пратэкцыі перад маскоўскай тыраніяй» 9.

У канцы жніўня ў стан Карла X пад Рыгаю паімчаў пасол Габрыель Любянецкі з мэтаю як найхутчэй падпісаць дамову аб пратэктараце Швэцыі над Вялікім Княствам Літоўскім і тым самым прымусіць швэдаў выступіць на абарону сталіцы Княства. Але, на вялікі жаль, калі ганец прыбыў у стан швэдаў, царскія войскі

ўжо захапілі Вільню. Тым ня менш, сьпешна складаецца праект вуніі Швэцыі й Вялікага Княства Літоўскага, які быў падпісаны 18 верасьня.

У тэксьце дамовы выразна выказаныя прычыны кроку, на які вымушаны быў пайсьці вялікі гетман літоўскі: «Зважаючы на тое, у якім вялікім уціску Дзяржава нашая апынулася праз захады няпрыяцельскія і нешчасьлівы ўжытак зброі і пратэкцыі Найясьнейшага Караля Польскага, пільная патрэба і неабходнасьць нас змушаюць, іншага няма спосабу для ацалёньня Дзяржавы нашае, як толькі далучыцда да аднаго з бакоў, якія цяпер супраць нас ваююць, і даверыць яму справы і лёс нашыя» 10.

Мэтаю пагадненьня было стварыць паміж Швэцыяй і Вялікім Княствам Літоўскім такую самую вунію, якая існавала паміж Польшчаю і Княствам, што гарантавала ад інкарпарацыі краіны ў склад больш моцнага партнэра. Дамова прадугледжвала захаваньне законаў, правоў і звычаяў Вялікага Княства Літоўскага, свабоду сумленьня, роўнасьць паміж швэдамі і ліцьвінамі. Было агаворана, што швэды мусяць дапамагаць адваёўваць землі Княства,- якія апынуліся пад маскоўскай акупацыяй, але спэцыяльна адзначалася, што літоўскія войскі не зьліваюцца са швэдзкімі, а існуюць асобна. Адной з умоваў падпісанага дакуманту было патрабаваньне швэдаў да цара вызваліць захопленыя ягонымі войскамі землі Вялікага Княства Літоўскага, як дзяржавы, якая знаходзілася пад юрысдыкцыяй швэдзкага караля. I сапраўды, адразу ж па падпісаньні дамовы ў маскоўскі лягер было накіраванае паведамленьне, што Княства перайшло пад апякунства караля Карла X Густава, і прапаноўвалася спыніць наступ. Каб забясьпечыць мір гарадам, яшчэ вольным ад маскавітаў, інфлянцкі губарнатар Дэлягардзі і генэрал Левэнгаўпт пачалі выдаваць ім свае ахоўныя граматы.

Апынуўшыся ў крытычным становішчы, вялікі гетман дзейнічаў вельмі актыўна. Яшчэ на пачатку жніўня ён зьвяртаецца да цара з прапановаю пачаць мірныя перамовы. Але цар, акрылены сваімі посьпехамі, пыхліва адказаў, што згодны толькі на тое, каб Вялікае Княства Літоўскае адразу паддалося пад ягоную высокую руку, таму ніякіх іншых перамоваў весьці ня будзе.

Але неўзабаве, даведаўшыся пра захады магнатаў Княства з мэтаю заключэньня вуніі са Швэцыяй, маскоўскі гаспадар занепакоіўся. Ужо напрыканцы жніўня ў лягер літоўскага войска быў накіраваны царскі пасол Ліхароў, які прапанаваў гетманам перайсьці на службу да Аляксея Міхайлавіча і перадаць Княства пад ягоную ўладу. Пры гэтым абяцалася захаваць свабоду веравызнаньня, прывілеі ды маёнткі шляхты. Януш Радзівіл, які нагледзеўся на зьверствы маскоўскіх войскаў на роднай зямлі, адмовіў паслу. А вось Вінцэнт Гасеўскі, чый подпіс таксама стаяў пад швэдзка-літоўскаю дамоваю, разам памяняў свой пункт погляду і выказаўся за антышвэдзкі хаўрус Масковіі і Рэчы Паспалітае ды завязаў сэпаратныя перамовы з прадстаўнікамі царскае ўлады. З часам польны гетман стаў нават прыхільнікам зьяднаньня Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй, адарваўшы яго і ад Швэцыі, і ад Кароны. Дзеля дасягненьня гэтае мэты трэба было справакаваць ваеннае сутыкненьне паміж Масковіяй і Швэцыяй. Шматлікія пасланьні В. Гасеўскага да маскоўскіх урадаўцаў мелі на мэце пераканаць цара ў тым, што Швэцыя пагражае ня толькі Рэчы Паспалітай, але і маскоўскім землям.

У студзені 1656 г. польны гетман літоўскі, знаходзячыся ў Караляўцы, пачаў актыўна схіляць швэдзкага караля да пачатку ваенных дзеяньняў супраць Масковіі, а атрымаўшы на гэты конт ад Карла X Густава пэўны дакумант, тут жа пераслаў яго Аляксею Міхайлавічу як сьведчаньне сваёй ляяльнасьці.

Між тым цар дасылае адзін за адным лісты да швэдаў, патрабуючы, каб тыя адмовіліся «ад Вялікага Княства Літоўскага. У адказ швэдзкія ўлады ўзяліся як мага хутчэй афіцыйна афармляць вунію. Пасьля доўгіх перамоваў, якія працягваліся ажно да канца кастрычніка, дамова, урэшце, была падпісаная. Але вялікая колькасьць шляхты засталася незадаволенаю. Незадаволеная вайною, што ніяк не сканчалася, адсутнасьцю грошай для выплаты войску, але перш за ўсё - умацаваньнем уплыву Радзівілаў. Таму пачаўся масавы зыход войскаў ад вялікага гетмана. У канцы жніўня незадаволеныя ўтварылі канфэдэрацыю, якая задэкляравала вернасьць Яну Казімеру і выступіла з адкрыта антышвэдзкіх ды антырадзівілаўскіх пазыцыяў.

Галоўным падбухторшчыкам да ўтварэньня канфэдэрацыі стаўся В. Гасеўскі, а на чале яе ўстаў віцебскі ваявода Павал Сапега. Апошні разгарнуў бурную дзейнасьць. Валодаючы вялікімі багацьцямі ў золаце і срэбры, ён загадаў перабіць яго на грошы і сваім коштам пачаў наймаць войска. Хаця і сам Павал Сапега пэўны час вагаўся - да якога лягеру прыстаць. Ен меў зносіны і са швэдамі, і з маскавітамі, і з палякамі. Віцебскі ваявода ў канцы 1655 г. нават напісаў Карлу X Густаву, што і ён далучаецца да вуніі з Швэцыяй. Але неўзабаве перамяніў сваё рашэньне, ізноў дакляраваўшы вернасьць Яну Казімеру, і надалей перасьледаваў свайго асабістага ворага - Януша Радзівіла.

Адвёўшы канфэдэратаў на Падляшша, нібы на злучэньне з каралем, Павал Сапега насампраўдзе пачаў рабаваць і паліць маёнткі Радзівілаў. Што рухала ім? Можа, нянавісьць да здрайцы Айчыны, а можа, імкненьне атрымаць у спадчыну па Янушу Радзівілу званьні ды пасады вялікага гетмана? Хутчэй за ўсё - другое. Бо сам Януш Радзівіл не хаваў, што ягоная дамова са швэдамі - неканчатковая і пры зьмене абставінаў на больш спрыяльныя яе можна будзе скасаваць. Так, у лісьце да Багуслава Радзівіла ён піша: «Перад Богам і сьветам будзем апраўданыя, бо мы тую пратэкцыю прынялі, калі нам, Літве, здрадзілі! А калі Маска л ь у Вільні стаў (чаго Вялікая Польшча ня мела), а мы куды зь бядою нашаю рушыць мелі? Урэшце - не канёц, і ратаваць нас могуць - і нам адступіцца вольна» 11.

Але маючы ў пэрспэктыве заняць першае месца ў магнацкай гіерархіі Вялікага Княства Літоўскага, Павал Сапега не працягнуў рукі вялікаму гетману, і канфэдэраты пад ягоным кіраўніцтвам «луп дамоў шляхоцкіх і вазоў на дарозе... чыняць», абвінавачваючы Януша Радзівіла ў змове са швэдамі і ў падпарадкаваньні Княства іншаземцам 12.

Тымчасам да канфэдэрацыі далучыліся такія вядомыя магнаты, як Пац, Ліпніцкі, Кміціч, Юдзіцкі, Жаромскі і інш. Зважаючы на небясьпеку, вялікі гетман мусіў тэрмінова пераправіць сваю маёмасьць і сям'ю ў Прусію пад апеку брандэнбурскага курфюрста, а сам сьледам за Багуславам Радзівілам з рэшткамі войска (ня больш за дзьве тысячы) рушыў на злучэньне са швэдамі. Але, наткнуўшыся на сканфэдэраванае войска Паўла Сапегі, мусіў сёсьці ў аблогу ў найбуйнейшым горадзе Падляшша - Тыкоціне, дзе, пасьля непрацяглай хваробы, 31 сьнежня і памёр.

Безвынікова прачакаўшы на швэдзкую дапамогу, Багуслаў Радзівіл толькі са сваімі нешматлікімі сіламі рушыў на дапамогу стрыечнаму брату. Імклівы марш літоўскага канюшага на Тыкоцін, праведзены малым войскам, нарабіў клопату і нанёс значныя страты войску канфэдэратаў. Але выратаваць кузэна Багуслаў Радзівіл ужо не пасьпеў. Тады ён пайшоў на злучэньне са швэдамі.

Паказальна, што, ваюючы на баку Карла X, Багуслаў Радзівіл дзейнічаў па-рыцарску і ня браў удзелу ў бітвах, дзе супраць яго стаяў кароль Рэчы Паспалітае. Вось як ён сам апісвае адзін з фактаў, што адбыўся пад Варшаваю: «Кароль швэдзкі... патрабаваў... каб левым крылом у войску ягоным камандаваў, але я не хацеў, сьмела сказаўшы, што там, дзе кароль мой ёсьць, зброі супраць яго ўжываць ня буду» 13.

Не зусім рыцарскімі былі паводзіны Паўла Сапегі, якім кіравала хцівасьць і прага пасадаў. Калі ягонае войска яшчэ стаяла на Падляшшы, ён на неаднаразовыя загады караля выправіцца пад Сандамір супраць швэдаў даслаў туды адно дзьве тысячы вояў на чале з Палубінскім. I толькі па прызнаньні на пасады вялікага гетмана літоўскага і ваяводы віленскага (сярэдзіна лютага 1656 г.) павёў сваё войска на злучэньне з каралеўскім.

У кастрычніку гэтае войска пад Просткамі, што на тэрыторыі Прусіі, узяло ў палон Багуслава Радзівіла, і толькі дзякуючы заступніцтву В. Гасеўскага яму ўдалося ўцячы да Караляўца.

Цяжкое становішча, у якім апынулася Рэч Паспалітая, разруха і бязлад патрабавалі перадышкі. Такая перадышка магла адбыцца адно пры ўмове спыненьня вайны на два фронты. Таму былі распачатыя захады да замірэньня з Масквою. Ініцыятарамі перамовінаў сталіся даўнія прыхільнікі Масковіі Крыштап Пац і Вінцэнт Гасеўскі. У Нямежы пад Вільняю дэлегацыі Рэчы Паспалітае і Масковіі дасягнулі пагадненьня, паводле якога цар абавязваўся спыніць наступ на землі Вялікага Княства Літоўскага, утварыць антышвэдзкі хаўрус з Рэччу Паспалітаю, вярнуць брандэнбурскі электарат пад уладу апошняй і г. д. Другі ж бок абяцаў за гэта пасьля сьмерці Яна Казімера абраць цара на каралеўскі пасад.

Усьцешаны пэрспэктываю атрымаць карону Рэчы Паспалітае, цар спыніў ваенныя дзеяньні і загадаў вывесьці казацкія войскі Багдана Хмяльніцкага зь беларускае зямлі. Апошні, які меў свае пляны адносна Беларусі і ўсё больш незадаволены палітыкаю Масквы, не падпарадкаваўся загаду ды пачаў шукаць сабе саюзьнікаў сярод іншых дзяржаваў, перш за ўсё - у Швэцыі. Асабліва шчыльныя сувязі Багдан Хмяльніцкі падтрымліваў з Багуславам Радзівілам. На просьбу апальнага магната ўкраінскі гетман узяў пад ахову ягоныя родавыя маёнткі - Слуцак, Сялец, Венграў, Старое Сяло. Паказальна, што падчас заключэньня пагадненьня, накіраванага супраць Масковіі і Рэчы Паспалітае, побач з швэдзкім каралём Карлам X Густавам, трансыльванскім князем Георгам Ракочы і Багданам Хмяльніцкім, якія абмяркоўвалі падзел фэдэратыўнае дзяржавы паміж Швэцыяй, Трансыльваніяй ды Ўкраінай, у дамове прысутнічала і імя Багуслава Радзівіла, якому было прызначанае ў валоданьне Наваградзкае ваяводзтва 14.

Але наступ злучаных сілаў швэдаў і трансыльванцаў, якім паддалося Берасьце, не прынёс посьпеху кааліцыі. Войскі Рэчы Паспалітае імкліва ўварваліся ў Сямігародзьдзе. Гетманы Патоцкі, Любамірскі і ваявода Чарнецкі атачылі князя каля Межыбожа і прымусілі яго здацца. 22 ліпеня было падпісанае замірэньне паміж Рэччу Паспалітаю і Сямігародзьдзем. У гэты ж час нечаканы ўдар Даніі па швэдскіх прымусіў Карла X Густава пакінуць Берасьце.

«ДЗЕЛЯ ПРЫВАТНАЕ СЛАВЫ...»

Такім чынам, саюз супраць Рэчы Паспалітае распаўся і Радзівілы канчаткова згубілі вядучае месца сярод магнатэрыі Вялікага Княства Літоўскага. Пачаўся новы пэрыяд у барацьбе магнацкіх груповак, дзе вядучае месца займелі Пацы, якія імкліва набіралі палітычную вагу. У другой палове XVII ст. яны валодалі вялікімі землямі, раскіданымі па ўсім Княстве - у Троцкім, Віленскім, Берасьцейскім, Менскім, Полацкім ваяводзтвах. Разгалінаваныя сваяцкія сувязі з Хадкевічамі, Вішнявецкімі, Радзівіламі, Сапегамі, Завішамі, Гасеўскімі, Валовічамі і інш. узмацнялі іхнае становішча ў краі. На чале роду стаяў Крыштап Пац, канцлер літоўскі. Ягоны ўцлыў узмацняла набліжэньне да каралеўскага двара праз жанімства (1654) з графіняю Кляраю Ізабэляю дэ Майлі Ляскары са сьвіты каралевы. З гэтае хвіліны Крыштап Пац, тады яшчэ харужы надворны літоўскі, знаходзіцца ў шчыльным кантакце з каралеваю Людвікаю Марыяю, якая мела вылучны ўплыў на свайго мужа і абумоўлівала прафранцускую палітыку двара.

Зь імем каралевы зьвязваецца плян элекцыі пры жыцьці караля, каб пазьбегнўць пэрыяду бескаралеўя, калі краіна апынулася ў выключна цяжкім стане і стаяла літаральна на мяжы грамадзянскае вайны. Апроч таго, у гэты смутны час Рэч Паспалітая была вельмі лёгкім здабыткам для драпежных суседзяў, якія прагна паглядалі на шырокія абсягі тэрыторыі фэдэратыўнае дзяржавы. А ў тых цяжкіх умовах, у якіх апынулася Рэч Паспалітая ў 50-я гады XVII ст., з усіх бакоў абкружаная ворагамі і вымушаная весьці знясільвальную барацьбу з нашмат мацнейшымі супернікамі, плян прыжыцьцёвае элекцыі набываў асаблівае значэньне. Зь імем Людвікі Марыі асацыюецца і праект соймавай рэформы, паводле якога мусіла быць скасаванае права «liberum veto», a рашэньні мелі прымацца 2/3 галасоў, урэгуляваная справа падаткаў, рэглямэнтаваныя стасункі паміж ізбамі, усталяваная выканаўчая шляхоцка-сэнатарская ўлада і г. д. Безумоўна, ва ўмовах кансэрватыўнае і анархічнае Рэчы Паспалітае правесьці такія радыкальныя рэформы было выключна цяжка. У першую чаргу такім плянам павінны былі супрацьдзейнічаць буйныя магнаты, якія не хацелі губляць ані каліва сваёй амаль неабмежаванай улады.

Але Пацы ў асобе кіраўніка роду Крыштапа Паца ў пагоні за пасадамі і выгодамі падтрымалі плян двара. Ня мелі яны нічога супраць і кандыдатуры на каралеўскі пасад - сына Кандэ Вялікага Генрыха Юлія, прынца д'Энінгенскага, якога Людвіка Марыя мела ажаніць з пляменьніцаю Яна Казімера, дачкою Філіпа Вільгельма Нойбурскага. Абраньне д'Энінгена на каралеўскі пасад Рэчы Паспалітае Крыштап Пац лічыў ня толькі сродкам, прыдатным «для дабра паспалітага, але таксама для прыватнае славы дому нашага інтарэсу» 15, бо з прыходам да ўлады францускага кандыдата ягоныя прыхільнікі чакалі для сябе новых дабротаў.

Шчыльная сувязь з дваром забясьпечвала Пацам рост уплыву ў Княстве. У кастрычніку 1658 г. В. Гасеўскі трапіў у бітве пад Вільняю ў царскі палон (трэба зазначыць, што палон ягоны ня быў асабліва цяжкі: у няволі ён мог працаваць зь літаратураю, рабіць пераклады з францускае мовы, пісаць. Царыца дасылала да яго сваіх дваровых лекараў. Маскоўскія палітыкі бачылі ў гэтым даўнім прыхільніку цара магчымага кандыдата на пасаду пасла Рэчы Паспалітае ў Маскве). Ягоная дывізія была перададзеная пад каманду Камароўскага, які неўзабаве памёр. Тады кіраўніком дывізіі стаў Міхал Пац.

Але падзел войска на два крылы, падначаленыя, адпаведна, вялікаму і польнаму гетманам, якія звычайна належалі да магнатэрыі, прыносіў сумны плён. З-за ўласных родавых амбіцыяў абодва гетманы рэдка знаходзілі паразуменьне, не давяралі адзін аднаму. У выніку дзейнасьць войска, разьбітага на дзьве часткі, рабілася малаэфэктыўнаю, але кароль быў зацікаўлены ў падзеле ўлады паміж гетманамі, бо баяўся ўзмацненьня каго-небудзь зь іх. Таму ў кіраваньні войскам нічога не мянялася. Варагавалі паміж сабою Гасеўскі і Радзівіл, Гасеўскі і Сапега... А ў 1659 г. гэтую эстафэту пераняў Міхал Пац. Калі войскі Хаванскага пустошылі Беларусь, ён трымаў сваю дывізію ў Курляндыі, ваюючы супраць швэдаў. Ужо тады,. калі ў Гданьску вяліся мірныя перамовы. са швэдамі, а сапежынская дывізія стаяла ў Беларусі і чакала дапамогі М. Паца, той, нягледзячы на неаднаразовыя заклікі вялікага гетмана, не сьпяшаўся на сустрэчу з Хаванскім. Для яго было важней сьцьвердзіць сябе ў Курляндыі, у захопленых ім там гарадох. Нездарма П. Сапега скардзіўся, што, калі няпрыяцель пустошыць край, Пац турбуецца больш пра Курляндыю, чым пра Айчыну 16.

Калі ж жамойцкая дывізія, на чале якой ён стаяў, нарэшце вырушыла з Курляндыі, яна на цэлы месяц спынілася каля Вільні, аблогу якой і распачала. Толькі пасьля таго, як Пац упэўніуся ў недастатковасьці сілаў для ўзяцьця сталіцы, ён пайшоў на Беларусь, але не да войска Сапегі, а да харугваў польскага ваяводы Чарнецкага, абы толькі не падпарадкоўвацца вялікаму гетману літоўскаму. Абураны Сапега нават пагражаў непаслухмянаму военачальніку, што скарыстае супраць таго збройную сілу 17.

А менавіта ў гэты час пытаньне элекцыі пры жыцьці караля ды рэформаў набыло найбольшую вастрыню. У краіне даўно ішлі спрэчкі як пра магчымасьць элекцыі vivente rege, так i пра кандидатуру будучага караля. Калі адна частка шляхты выступала за францускага кандыдата, абгрунтоўваючы свой выбар тым, што француз ня мог пры выпадку ўвесьці свае войскі дзеля абмежаваньня шляхоцкае волі, то другая частка сьцьвярджала, што каралева праз элекцыю хоча ўмацаваць каралеўскую ўладу ды пазбавіць шляхту ейнае вольнасьці. Апошняга гледзішча прытрымліваліся пераважна прыхільнікі Аўстрыі. На чале гэтай групоўкі ў Рэчы Паспалітай стаяў вялікі маршалак і польны гетман каронны Юры Любамірскі. Ен пад лёзунгам абароны шляхоцкае вольнасьці пачаў актыўна перавабліваць на свой бок шляхту. У першую чаргу пачаў шукаць сабе прыхільнікаў у Вялікім Княстве Літоўскім, дзе з кожным месяцам усё большы ўплыў набывалі пракаралеўска і прафранцуска настроеныя Пацы. Скарыстаўшы канфлікт М. Паца з П. Сапегам, Любамірскі пачаў бунтаваць вялікага гетмана літоўскага супраць палітыкі двара. Польны гетман каронны актыўна зносіцца з Багуславам Радзівілам, які знаходзіўся ў той час на службе ў брандэнбурскага электара, быў губарнатарам Прусіі і яшчэ даволі моцна ўплываў на расстаноўку сілаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Ю. Любамірскі заахвочвае Фрыдрыха Брандэнбурскага да вылучэньня ўласнае кандыдатуры на элекцыі.

Пытаньне элекцыі, якая зацьміла сабою ўсе найнадзёньнейшыя праблемы, нават праблему вайны з усходнім агрэсарам, было па-рознаму сустрэтае шляхоцкімі коламі Княства, дзе ўтварылася некалькі груповак.

Наймацнейшаю зь іх была дворная групоўка, якую ўзначальвалі амбітныя і ўладалюбныя Пацы. Да яе належаў і В. Гасеўскі, але з прычыны нявольніцтва (1658- 1662) і хуткай сьмерці (29.XI.1662) ён не адыграў тут прыкметнае ролі.

Другую групоўку ўзначальваў П. Сапега. Да 1655 г. ён быў гарачым прыхільнікам двара, але барацьба з Гасеўскім, а потым - з Пацамі прывяла яго да апазыцыі. Сапега выступіў прыхільнікам аўстрыйскай арыентацыі. Да гэтае групоўкі ў 60-х гг. належалі Сапегі, Глябовічы, Нарушэвічы, Агінскія, Падубінскія і інш.

Трэцюю, найслабейшую, групоўку складала сям'я Радзівілаў, што згубіла сваю вядучую ролю па сьмерці Януша Радзівіла. Узначальваў яе Багуслаў Радзівіл, якому, паводле падпісанага ў траўні 1660 г. Аліўскага міру паміж Рэччу Паспалітаю і Швэцыяй, была дараваная поўная амністыя з боку караля. Прускі губарнатар спрабаваў аднавіць староньніцтва Януша Радзівіла ў Вялікім Княстве Літоўскім, абапіраючыся перш за ўсё на дысыдэнтаў, але адсутнасьць яскрава акрэсьленай палітычнай праграмы перадвызначыла абмежаванасьць палітычнага ўплыву гэтага блёку. Нягледзячы на спробы Багуслава і ягонага сваяка, кашталяна віленскага Міхала Казімера, заняць высокае месца ў шэрагах прыхільнікаў двара, брак рэальнае сілы, а таксама захады Пацаў рабілі бясплённымі іхныя высілкі.

У тых умовах, калі найбольшы ўплыў у Вялікім Княстве Літоўскім набыла сям'я Пацаў, было вельмі верагодна, што шляхта Княства падтрымае францускую кандидатуру. Таму Любамірскі менавіта сюды накіраваў асноўныя высілкі дзеля фармаваньня апазыцыі двару. Але яны не далі прыкметных вынікаў. Нягледзячы на тое, што да апазыцыі далучылася староньніцтва Сапегі, падштурхнуць Радзівіла да актыўных дзеяньняў не ўдалося. Багуслаў Радзівіл, хаця й салідарызаваўся зь Любамірскім і падтрымліваў сувязі з цэзарам, абачліва ня выступіў адкрыта супраць двара..

Пацы ж у гэты час пры падтрымцы караля імкнуліся нэўтралізаваць аўстрыйскую партыю. Вядомы ліст Яна Казімера Міхалу Пацу, у якім ён папярэджвае апошняга, каб той «меў пільнае вока і стараўся пераняць пасланцоў» Любамірскага 18. I прадворская партыя разгарнула шырокую агітацыю ў Княстве на карысьць францускага кандыдата. Гэтая агітацыя прынесла свой плён. Літоўскія соймікі прагаласавалі за элекцыю і накіравалі дэлегатаў на травеньскі Варшаўскі сойм, каб падтрымаць францускага кандидата. Падтрымаў двор нават Павал Сапега 18.

Апроч элекцыі, на сойме 1661 г. (2 траўня - 17 ліпеня) абмяркоўваліся пытаньні заспакаеньня войска, што раз-пораз выбухала канфэдэрацыямі, у асноўным з-за нявыплаты грошай; перамоваў з Масквою; спрэчкаў з Брандэнбургам; зьвязу са Швэцыяй і інш.

Але асноўнаю тэмаю для спрэчак, безумоўна, было пытаньне элекціі. За яе выступілі канцлер каронны Пражмоўскі, канцлер літоўскі Пац і інш. Галоўным аргумэнтам за элекцыю было тое, што падчас чарговага бескаралеўя дзяржава папросту разваліцца. Да гэтага ж аргумэнту зьвярнуўся і Ян Казімер, які 4 ліпеня на сэсіі абедзьвюх ізбаў намаляваў змрочную карціну чарговага бескаралеўя: «Масква і Русь апэлююць да народаў аднае зь імі мовы і Літву сабе прызначаюць; межы Вялікапольшчы стануць адкрытымі для Брандэнбуржца, і трэба дапусьціць, што ён і пра ўсю Прусію думаць захоча; урэшце, дом аўстрыйскі, які хціва паглядае на Кракаў, ня ўпусціць спрыяльнае для сябе магчымасьці і пры ўсеагульным расьцягваньні дзяржавы не ўстрымаецца ад захопу».

Але і гэтая палымяная прамова не зрабіла жаданага ўплыву на сабраных. Чатыры каронныя сэнатары і каля дзесяці паслоў выступілі супраць прапанаванае элекцыі, што значыла зрыў плянаў двара. Тады Крыштап Пац, спрабуючы застрашыць «каронных», у апошнюю хвіліну, ужо 18 ліпеня, падаў маніфэст, падпісаны ўсімі сэнатарамі і пасламі Вялікага Княства Літоўскага за выняткам Паўла Сапегі, дзе гаварылася, што «калі Польшча сваёю ўпартасьцю наклікае на агульную айчыну няшчасьці, то Княства само парупіцца пра сваю бясьпеку», што азначала абраньне д'Энінгена вялікім князем, пасьля чаго палякам не асталося б нічога іншага, як разьвязаць вунію або прызнаць вялікага князя польскім каралём 19. Але і гэты дэмарш не паўплываў на рашэньні сойму. Больш таго, сярод войска Вялікага Княства Літоўскага, незадаволенага нявыплатамі грошай, расьлі антыдворскія настроі. Яны абумовілі і нэгатыўнае ўспрыманьне францускае кандыдатуры на пасад Рэчы Паспалітае. 7 верасьня пад Палудавічамі была ўтвораная канфэдэрацыя, на чале якой стаяў маршалак Казімер Жаромскі і дванаццаць ягоных дарадцаў.

Ян Казімер Сапега і Міхал Пац імкнуліся як найхутчэй разьвязаць канфэдэрацыю. Але зрабіць гэта было няпроста. За спробу нешматлікіх сярод войска Жаромскага прыхільнікаў М. Паца распачаць агітацыю супраць канфэдэрацыі быў забіты ротмістар Крыштап Адахоўскі і паранены паручнік абознага Акольскі.

А між тым кароль плянаваў вялікую выправу на Масковію. Гэтая выправа мела паспрыяць дзьвюм мэтам, блізкім паміж сабою: магчымы посьпех і пераможнае заканчэньне вайны дадало б бляску й славы каралю, які на чале адданага войска думаў вярнуццца ў Рэч Паспалітую і правесьці элекцыю францускага кандыдата. 11 лістапада Ян Казімер прыбыў у лягер канфэдэратаў, каб угаварыць іх пайсьці на Масковію. Каралю наладзілі пышнае прыймо, але сувязь паміж выправаю на ворага і элекцыяй vivente rege была для апазыцыі відавочнаю, таму ніводнаму палкоўніку не было дазволена ісьці з манархам. Зьбянтэжаны кароль мусіў зьехаць зь лягера ні з чым.

Супрацьфранцускі рух, які ахапіў Карону і знайшоў прыхільнікаў у Княстве, спарадзіў рашэньне лютаўскага (1662 г.) сойму, паводле якога ворагам айчыны абвяшчаўся кожны, хто і надалей будзе заклікаць да элекцыі vivente rege. Староньніцтва Людвікі Марыі ня кінула, аднак, сваёй дзейнасьці, якая набыла цяпер паўкансьпіратыўны характар.

У красавіку 1662 г. вярнуўся з палону В. Гасеўскі, які быў выменяны на 5 маскоўскіх ваяводаў. Паколькі ён карыстаўся аўтарытэтам сярод канфэдэратаў, яго паставілі на чале скарбова-вайсковай камісіі, закліканай вырашыць пытаньне выплаты войску шматгадовых даўгоў. Але доўгая праца камісіі не дала плёну. Войска захвалявалася, падазраючы Гасеўскага ў сымпатыях да двара. I сапраўды, неўзабаве па вяртаньні зь няволі той стаў прыхільнікам прафранцускае партыі, за што, паводле сьведчаньняў сучасьнікаў, павінен быў атрымаць ад Людовіка XIV 18 тыс. ліўраў і мільён талераў; а так-сама па элекцыі д'Энінгена атрымаць староства. Польны ж гетман пад прысягаю абавязаўся разваліць канфэдэрацыю знутры, каб забясьпечыць францускаму кандыдату трон Рэчы Паспалітае. I Гасеўскі сапраўды пачаў дзейнічаць вельмі актыўна. Даволі зазначыць, што ён схіліў на свой бок маршалка канфэдэратаў Казімера Жаромскага. Але намеры змоўшчыкаў былі раскрытыя, і яны былі забітыя разьюшанымі апазыцыянэрамі. Сярод шляхты хадзілі чуткі, што забойства інсьпіравалі Багуслаў Радзівіл і Павал Сапега з мэтаю пазбавіцца небясьпечнага суперніка.

Забойства польнага гетмана было зьяваю раней не чуванаю. Яно адштурхнула ад канфэдэрацыі сымпатыі грамадзтва. Пацу ўдалося арыштаваць ініцыятараў забойства і ліквідаваць канфэдэрацыю.

Цяпер ужо можна было ажыцьцявіць даўно плянаваны паход нй Масковію. Але зьліквідаваньне канфэдэрацыі не разьвязала даўніх, насьпелых гадамі спрэчак і канфліктаў як паміж абодвума крыламі войска, так і паміж іхнымі кіраўнікамі. Пачалася доўгая, у некалькі месяцаў, барацьба за вакантнае месца польнага гетмана. Радзівілы й Сапегі выставілі кандыдатам Палубінскага. Але кароль, праводзячы ранейшую палітыку, накіраваную на супрацьстаяньне гетманаў і недапушчэньне канцэнтрацыі ўлады над войскам у руках аднаго магнацкага блёку, вырашыў лёс малой булавы на карысьць Міхала Паца. Тэты выбар адразу ж адбіўся на даўно сплянаванай выправе супраць Масквы. Нескаардынаванасьць дзеяньняў, нявыплата войску грошай, адкрытая варожасьць паміж абодвума крыламі войска прывялі да краху апэрацыі.

Крыштап Пац абвінавачваў у правале Сапегу, які не жадаў падпарадкаваць сваю дывізію каралю. Да Сапегі дайшлі чуткі, нібыта двор жадае склікаць асобны сойм Вялікага Княства Літоўскага, каб пасадзіць на вялікакняскі пасад д'Энінгена, што дало б падставы для ягонага абраньня і на трон Рэчы Паспалітае. Чуткі мелі пад сабою падставу. Сапраўды, двор неаднаразова прапанаваў Яну Казімеру правесьці канвакацыйны сойм, на якім, у выпадку няўдачы, францускі кандыдат меўся быць абраны вялікім князем літоўскім. Быў нават прызначаны тэрмін скліканьня сойму - вясна 1664 г.

Апазыцыя Вялікага Княства Літоўскага рабіла розныя крокі, каб пасеяць разлад у дворскім староньніцтве. Праз сустрэчу Кандэ са Скуміновічам (кастрычнік 1663 г.), які падарожнічаў па Эўропе зь дзецьмі П. Сацегі, меркавалася намовіць першага вылучыць сваю кандыдатуру на пасад Рэчы Паспалітае. Пры станоўчым адказе француская партыя была б расколатая. Але Кандэ адмовіўся ад прапановы.

Тады ў сьнежні 1663 г. апазыцыя ў асобах ваяводы віленскага, вялікага гетмана літоўскага Паўла Сапегі, кашталяна віленскага Міхала Радзівіла, падканцлера літоўскага Аляксандра Нарушэвіча, канюшага літоўскага Багуслава Радзівіла, старосты жмудзкага Юр'я Глябовіча, ваяводы троцкага Мікалая Паца, кашталяна берасьцейскага Мальхера Савіцкага і пісара польнага літоўскага Аляксандра Палубінскага пастанавіла вылучыць кандыдатам на пасад Рэчы Паспалітае князя Браўншвайскага. Як даносілі францускія шпегі, на чале гэтае групоўкі, незадаволенай вынікамі раздачы вакансіяў па В. Гасеўскім і ваяводу смаленскім А. Саковічу, якія дасталіся прадстаўніка ад дваровае партыі, стаяў Багуслаў Радзівіл 20. Ен жа быў і ініцыятарам гэтага хаўрусу як сваяк і міністар электара брандэнбурскага. За канюшым літоўскім пайшлі радзівілаўская і сапежынская партыі. Прысутнасьць тут Мікалая Паца невыпадковая. Троцкі ваявода быў пакрыўджаны на Крыштапа Паца, які не падтрымаў ягоных захадаў дзеля пасады падскарбія вялікага літоўскага.

Такія дзеяньні апазыцыі не маглі не занепакоіць двор. Людвіка Марыя пачала інтрыгаваць, каб, абапіраючыся на ляяльнага Крыштапа Паца, пазбавіць Паўла Сапегу пасады. Адначасова каралева дасылае да Паўла Сапегі і ягоных прыхільнікаў пасланцоў пераканаць іх у тым, што, падтрымліваючы элекцыю князя Браўншвайскага, яны тым самым падпарадкоўваюцца Багуславу Радзівілу. Але гэтыя захады не далі належных вынікаў. Прысланы ў канцы 1663 г. каралём у сапежынскую дывізію вялікі маршалак літоўскі Крыштап Завіша, які дагэтуль наведаў Міхала Паца і ўрачыста перадаў яму польную булаву і Смаленскае ваяводзтва, сустрэў тут больш чым халодны прыём. Справа пагражала выбухнуць рокашам. Крыху ўлагодзілася яна толькі тады, калі Завіша перадаў Сапегу каралеўскія прапановы, сярод якіх былі абяцаньні надаць старэйшаму сыну гетмана пасады надворнага маршалка літоўскага, а малодшаму - якое-небудзь староства. Імкнучыся замацаваць посьпех, дворская партыя Вялікага Княства Літоўскага на чале з каралём сабралася ў траўні 1664 г. у Вільні, каб абмеркаваць спосабы ўтаймаваньня ўпартага гетмана літоўскага. Адны прапаноўвалі проста змусіць яго да ляяльнасьці, іншыя ж раілі суняць Паўла Сапегу лагодаю і абяцаньнямі «шчырае ласкі яго каралеўскае мосьці». Перамаглі апошнія.

На пачатку ліпеня П. Сапега прыехаў у Жыровічы, дзе па дарозе зь Вільні ў Варшаву спыніўся каралеўскі двор. Стары гетман не шкадаваў запэўненьняў у сваёй ляяльнасьці каралю. Ен ня толькі пайшоў на прапанаваную каралём згоду са сваім даўнім ворагам Крыштапам Пацам, але нават пагадзіўся аддаць дачку за Miхала Паца. З задавальненьнем пісаў Ян Казімер Людвіцы Марыі, што Павал Сапега «пазбавіўся ўжо ўсялякіх шалберстваў» 21. Чым жа тлумачылася такая ўступлівасьць вялікага гетмана літоўскага? Рэч у тым, што ў гэты час каронным войскам на Украіне спадарожнічаў посьпех, і Сапега, баючыся, у выпадку перамогі Яна Казімера, застацца ў апазыцыі, ня толькі пасьпяшаўся запэўніць яго ў сваёй адданасьці, але і пагадзіўся на злучэньне правага крыла войска Вялікага Княства Літоўскага з каралеўскім. Больш таго, спасылаючыся на кепскае здароўе, ён увогуле зьяжджае з войска, саступіўшы агульнае кіраўніцтва Міхалу Пацу. Сам жа вялікі гетман пачаў актыўна зносіцца зь Людвікай Марыяй, сьпяшаючыся пісьмова і праз пасярэднікаў давесьці сваю адданасьць манарху.

Такім чынам, праблему сапежынскай групоўкі дворская партыя пасьпяхова зьняла. Цяпер у апазыцыі засталася адно радзівілаўская групоўка з Багуславам Радзівілам на чале. Канюшы літоўскі меў даволі значны ўплыў у сапежынскай дывізіі, сярод шляхты літоўскай і падляскай. Таму каралева ўсе намаганьні скіравала на нэўтралізацыю небясьпечнага праціўніка. Спачатку Багуслаў Радзівіл цьверда стаяў на сваіх пазыцыях і абяцаў трымацца кіраўніка антыдворскае апазыцыі Юр'я Любамірскага. Як піша сучасьнік: «Князь ягамосьць пан канюшы стала трымаецца прыязьні да ягамосьці пана маршалка кароннага, і надалей такое становішча ўтрымліваць абяцае» 22. Аднак, уражаны адыходам ад апазыцыі Сапегі, канюшы, на словах абяцаючы падтрымку Любамірскаму, на справе ўхіляўся ад чыннага ўдзелу ў лягеры ягоных аднадумцаў. Ен нават не паехаў сам і не даслаў ніякага свайго прадстаўніка на зьезд апазыцыі, які адбыўся ў Чанстахове ў канцы студзеня 1664 г. А даведаўшыся пра спробы самога кароннага маршалка навязаць сувязь з каралеваю, Багуслаў Радзівіл сам пачынае ліставацца зь Людвікай Марыяй. Мала таго, у лістох да яе князь часам паведамляе зьвесткі пра дзеяньні апазыцыі. Узрадаваная каралева пасьпяшалася разьвіць посьпех - пачала турбавацца пра зварот Багуславу Радзівілу ягоных маёнткаў, пра прызначэньне яму сталай і вышэйшай за электарскую пэнсіі ад францускага караля, што дазволіла б князю кінуць службу ў электара.

Такім чынам, пляны двара зьдзейсьніліся. Арганізаваная апазыцыя Вялікага Княства Літоўскага была разьвязаная. Тры галоўныя літоўскія староньніцтвы пачалі ў той ці іншай ступені падтрымліваць двор. Aле гэтая згода не была ані поўнаю, ані трывалаю, бо некранутымі засталіся прычыны закалотаў і анархіі - моцныя магнацкія групоўкі, якія зь недаверам і зайздрасьцю глядзелі адна на адну ды імкнуліся да лідарства ў Княстве.

Па разьвязаньні апазыцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім Крыштап Пац разгарнуў тут шырокую агітацыю на сойміках з мэтаю паспрыяць. ідэі vivente rege. У сваю чаргу, Любамірскі таксама дасылае на соймікі лісты, намаўляючы дэпутатаў бараніць «залатую вольнасьць».

Карыстаючыся тым, што адна частка фэдэратыўнае дзяржавы цалкам падтрымлівала двор, дый сытуацыя ў Кароне схілялася на ягоны бок, каралеўская партыя вырашыла адным разам пакончыць з галоўным сейбітам закалоту ў дзяржаве - зь Юр'ем Любамірскім. Напрыканцы 1664 г. ён быў выкліканы на соймавы суд па абвінавачаньні ў здрадзе каралю, у памкненьнях да асабістае ўлады. Галоўным абвінаваўцам вялікага маршалка кароннага выступіў Крыштап Пац, які засьведчыў, што Любамірскі нібы гаварыў: «Калі ня Пястам, дык прынамсі Кромвэлем стану». Літоўскі канцлер сьцьвярджаў, што праведзенае вялікім маршалкам і польным гетманам каронным праз сойм рашэньне, каб замкі заставаліся пад зьверхніцтвам гетманаў, выразна сьведчыць пра дыктатарскія імкненьні Любамірскага. Соймавы суд, які складаўся пераважна з прыхільнікаў двара, асудзіў Любамірскага да пазбаўленьня гонару і канфіскацыі маёмасьці. Але і пакінуўшы радзіму, асуджаны моцна ўплываў на падзеі ў Рэчы Паспалітай. Не безь ягонага ўплыву кароннае войска, што стаяла на Ўкраіне, у Янчарыцах, часткова сканфэдэравалася. Міхалу Пацу каштавала вялікіх намаганьняў, каб войска Вялікага Княства Літоўскага не пайшло сьлядамі войска Кароны. Не без уплыву апальнага вялікага маршалка кароннага быў сарваны сакавіцкі сойм 1665 г., нягледзячы на пагрозы Пацаў паставіць зрывальнікам сойму на пастой войскі ў маёнтках. Тут ізноў прагучалі папярэджаньні Пацаў пра магчымы разрыў вуніі Княства з Каронаю 23.

Грозныя прыгатаваньні Любамірскага, які, знаходзячыся ў Сылезіі, зьбіраў войскі для барацьбы з каралём і прафранцускай партыяй, рабілі становішча апошніх усё больш складаным. Апальны маршалак прасіў дапамогі ў замежных манархаў ня толькі Заходняй Эўропы, але і ў маскоўскага цара. Прычым, змагаючыся супраць элекцыі францускага кандыдата, ён меў намер у будучыні вылучыць на пасад Рэчы Паспалітае маскоўскага цара. Гэтыя абставіны адбіліся і на ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Толькі што ўлагоджаны Павал Сапега ізноў пачаў схіляцца да апазыцыі. За ім пайшлі і іншыя магнаты Княства, як падстолі літоўскі Бэнэдыкт Сапега, стражнік літоўскі Уладзіслаў Халецкі і інш.

Толькі і на гэты раз Пац перамог: на паседжаньні скарбовае камісіі ня толькі здолеў угаварыць старога гетмана склікаць канвакацыйны сойм, але нават дамогся ад яго высылкі 20 харугваў пад кіраўніцтвам Палубінскага у распараджэньне караля, супраць Любамірскага. Камісія задаволіла патрэбы дзьвюх тысячаў жаўнераў, якія мелі ісьці супраць мяцежніка. Дамагчыся згоды з Паўлам Сапегам Пацу ўдалося, паабяцаўшы ад імя караля вакансію віленскага біскупства для жмудзкага біскупа Аляксандра Сапегі. Алё Пацы, дапамагаючы Сапегам атрымаць ганаровае віленскае біскупства, не забываліся і на ўласныя інтарэсы - у іхныя пляны ўваходзіла па вызваленьні Аляксандрам Сапегам пасады на Жмудзі пасадзіць на ягонае месца Казімера Паца, біскупа Смаленскага. Жмудзь даўно вабіла Крыштапа Паца. I нездарма - выхад да Балтыйскага мора, суседзтва з Курляндыяй і з электарам Брандэнбурскім дазвалялі яшчэ больш павялічыць уплыў роду ў Вялікім Княстве Літоўскім. Да таго ж, Пацы баяліся, што такая стратэгічна важная пасада застанецца ў руках, Сапегаў, бо рост іхнага ўплыву быў відавочны. Вялікі гетман літоўскі меўся ажаніць свайго сына Казімера з дачкою жмудзкага старосты Глябовіча, тым самым злучыўшы сілы двух уплывовых родаў. А паколькі неспакойны Вагуслаў Радзівіл быў шваграм жмудзкага старосты, небясьпека аб'яднаньня сілаў апазыцыі нашмат узмацнялася. Тым больш небясьпечным для Пацаў было ўмацаваньне Сапегаў у Жмудзі, бо тады яны «змогуць морам каго хочапі правесьці праз жмудзкі, прускі або курляндзкі порт» 24.

Спрытнаму канцлеру ўдалася палітычная ракіроўка - жмудзкае біскупства перайшло да Пацаў.

Тым часам выправа войскаў Вялікага Княства Літоўскага на ракашанаў Любамірскага скончылася ганебнаю паразаю пад Чанстаховаю 4 верасьня 1665 г. Паводле дамовы 6 верасьня канфэдэрацыя кароннага войска захоўвалася да скліканьня сойму, які павінен быў разгледзець справу Любамірскага.

Крыштап Пац прагнуў помсты за паразу літоўскіх харугваў. Таму ён ізноў пачаў дамагацца элекцыі францускага кандыдата - стаў рыхтаваць соймікі і будучы сойм, каб забясьпечыць на іх сваю перавагу. Абражаны вялікі канцлер ужо ўголас пачаў гаварыць пра разрыў вуніі з Каронаю ў выпадку неабраньня д'Энінгена і распрацоўваць пляны далучэньня Каралеўскае Прусіі да Вялікага Княства Літоўскага. Але галоўнаю сваёю задачаю ён бачыў злучэньне сілаў усяго Княства дзеля збройнае перамогі над Любамірскім. Таму, нягледзячы на чанстахоўскую дамову, харугвы Палубінскага не вярнуліся ў Княства, а расклаліся абозам на Любліншчыне. Ян Казімер яшчэ ў лістападзе 1665 г. прымушаў літоўскіх гетманаў паклапаціцца пра зімовыя кватэры для войска. Пра гэта ж прасілі і .дэлегаты згаданых харугваў, якія прыбылі да хворага Паўла Сапегі ў Ружаны. Але стары гетман адпавёў ім, што ўзнагародаў і зімовых кватэраў яны могуць патрабаваць толькі тады, «калі іх заслужаць».

Тады харугвы Вялікага Княства Літоўскага пачалі сваволіць на Любліншчыне. Каронны гетман Станіслаў Патоцкі запатрабаваў іхнага тэрміновага вываду. Каронная шляхта, абураная паводзінамі ліцьвінаў, пачала склікаць супраць іх паспалітае рушаньне. Надыход хмараў здолеў перадухіліць Крыштап Пац, вывеўшы неспакойныя харугвы ў Княства. А непадзельна распараджацца войскам Пацы цяпер мелі поўнае права - 30 сьнежня 1665 г. памёр Павал Сапега, пакінуўшы вакансіі вялікай булавы і Віленскага ваяводзтва, і польны гетман застаўся галоўным кіраўніком войска.

У сакавіку 1666 г. у Варшаве сабраўся сойм, які мусіў разгледзець справу Любамірскага. Але пасьля гарачых спрэчак паміж літоўскімі дэлегатамі, адданымі Пацам, і дэлегатамі Кароны, многія зь якіх сымпатызавалі Любамірскаму, сойм скончыў працу безвынікова. Тады пляны збройнаю рукою перамагчы мяцежнага экс-маршалка цалкам завалодалі Пацамі. Ужо ў канцы сакавіка дайшла да Любамірскага вестка, што ліцьвіны рыхтуюць войска для выправы ў Карону. Каронная шляхта, памятаючы свавольствы харугваў Палубінскага, пачала брацца за зброю.

Да Варшавы мусіла выправіцца 8 000 жаўнераў Вялікага Княства Літоўскага на чале з Міхалам Пацам. Але выправілася толькі 5 000. Аднак і гэтая сіла была вельмі значная. Да Міхала Паца зьвярнуліся дэлегацыі сканфэдэраванае шляхты з патрабаваньнем вярнуць войска ў Княства. Але Пацы, якіх падтрымліваў двор, і слухаць пра гэта не хацелі. Больш за тое, паўтарылася гісторыя, якая адбылася з харугвамі Палубінскага: жаўнеры пачалі рабаваць маёнткі праціўнікаў Пацаў у Кароне, чым дасягнулі зусім натуральнага выніку - абураная шляхта папаўняла шэрагі прыхільнікаў Любамірскага. Але сілы былі няроўныя. Бачачы перад сабою вялікае рэгулярнае войска, пасьля шэрагу сутычак Юры Любамірскі мусіў здацца на ласку караля. Ян Казімер пазбавіў яго ўсіх годнасьцяў і пасадаў і вырак на баніцыю (выгнаньне). Там мяцежны экс-маршалак і памёр у 1667 г.

Яскрава выяўленая прадворская палітыка дэлегатаў Вялікага Княства Літоўскага, усяўладзьдзе Пацаў, якія накіроўвалі гэтую палітыку, не маглі ня выклікаць абурэньня ў магнатэрыі Княства. У лісьце Глябовіча да ваяводы віленскага Міхала Радзівіла, пазначаным жніўнем 1666 г., чытаем: «Час ужо Літве паказаць, што мы ня ёсьць пладамі правінцыйнасьці, як нас усе «караняжы» называюць».

Між тым, усе гэтыя канфлікты вельмі адмоўна ўплывалі на вонкавапалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага. Якраз тады ў Андрусаве ішлі цяжкія мірныя перамовы паміж Рэччу Паспалітаю і Масковіяй. Цар, добра дасьведчаны ў справах суседняе дзяржавы, усё болей упэўніваўся ў слабасьці Рэчы Паспалітае і выстаўляў цяжкія ўмовы замірэньня. А даведаўшыся пра выправу значнае часткі войска Вялікага Княства Літоўскага ў Польшчу, - ён зграмадзіў маскоўскія палкі ў Мажайску, загадаўшы Хаванскаму згрупаваць сваю дывізію на поўначы. Таму каралеўскія камісары ў роспачы пісалі да Міхала Паца з Андрусава: «Васпану, як правадыру Вялікага Княства Літоўскага, даводзім, што нішто так не спрыяе працягу вайны, і на шчасьлівы зыход (перамоваў.- Г. П.) ня маем нашае надзеі, калі Вы да тэрміновага злучэньня Вялікага Княства Літоўскага ня будзеце ласкавыя» 25.

Але магнаты, дбаючы ў асноўным пра ўласную карысьць, мала думалі пра лёс Айчыны. Больш за цяжкія перамовы з Масквою іх турбавалі іншыя пытаньні, і перадусім - палітычная спадчына па Паўлу Сапегу.

На восеньскім сойме 1666 г. пачала акрэсьлівацца апазыцыя літоўскіх магнатаў супраць Пацаў. Размова на сойме ішла пераважна пра вакансіі - перш за ўсё пра лёс вялікае булавы. Аднак апазыцыя супраць вялікага канцлера яшчэ цалкам не аформілася, і паколькі сярод праціўнікаў Пацаў былі такія слынныя роды, як Радзівілы, Нарушэвічы, Сапегі, Агінскія, Глябовічы і інш., якія мелі ўласныя амбіцыі ды свае палітычныя пляны, сярод іх не было згоды. Адны хацелі бачыць вялікім гетманам Багуслава Радзівіла, іншыя - Аляксандра Палубінскага. Але высілкамі Крыштапа Паца вялікая булава разам зь віленскім кашталянствам была аддадзеная Міхалу Пацу. Апазыцыі не ўдалося атрымаць нават вызваленай такім чынам польнай булавы: яна перайшла ў рукі прыхільніка Пацаў віцебскага ваяводы Уладзіслава Валовіча.

Улада Пацаў яшчэ больш узрасла. Жадаючы стаць аднаасобнымі ўладарамі Вялікага Княства Літоўскага, Пацы па заключэньні Андрусаўскага замірэньня пачалі актыўна абсаджваць вызваленыя гарады й замкі сваімі прыхільнікамі. Прадстаўнікі партыі Пацаў фактычна завалодалі Полацкам, Віцебскам, Дзьвінскам, Люцынам, Рэжыцаю, Марыенгаўзэнам, Азярышчам, Усьвятам, Суражам і інш.

Дасягнуўшы піку магутнасьці, Пацы ўжо ня мелі патрэбы ў падтрымцы двара. Кіруючыся прынцыпам «дзеля прыватнае славы дому нашага», яны адышлі ад прафранцускае партыі і перасталі падтрымліваць рэформы, на якія разьлічваў двор. Гэтай зьмене ў палітыцы роду садзейнічала і сьмерць Людвікі Марыі 10 траўня 1667 г. Незацікаўленасьць Пацаў у далейшай падтрымцы каралеўскага дому была настолькі відавочнаю, ажно па краіне папаўзьлі чуткі, што менавіта яны прычыніліся да сьмерці каралевы.

Тымчасам адвярненьне Пацаў ад францускае партыі стала адною з праяваў усеагульнае разгубленасьці й падзелу францускае партыі. Да гэтага прычынілася ня толькі сьмерць Людвікі Марыі, але і той нечаканы факт, што Людовік XIV зьмяніў свой погляд на будучага францускага кандыдата і прапанаваў замест д'Энінгена ці Кандэ падтрымліваць Філіпа Нойбурскага, зяця Яна Казімера. У тых умовах, калі Радзівілы з ахвотаю падтрымалі новага кандыдата, тым больш што ягонага абраньня жадаў і электар брандэнбурскі. Пацы, якія, хаця і мелі з Нойбурскім шырокае ліставаньне, асьцерагаліся падтрымліваць яго, бо пры посьпеху кандыдата ўплывы Радзівілаў у Вялікім Княстве Літоўскім значна павялічыліся б. Таму Пацы пачынаюць усяляк спрыяць абраньню маскоўскага кандыдата. У выніку дачыненьні паміж найзаможнейшым магнацкім родам Княства і Янам Казімерам яшчэ больш пагоршыліся. Узаемная няпрыязь дайшла да таго, што яны нават не сустракаліся асобна ў сэнаце і не размаўлялі адзін з адным. Па сканчэньні ж зімовага сойму 1668 г. кароль ужо адкрыта выступіў супраць Казімера і Міхала Пацаў, абвінаваціўшы іх у абразе гонару манарха, а таксама ў змове супраць караля і Яна Сабескага 26.

Баючыся магутнага «літоўскага кароліка», Ян Казімер выдаў загад зьліквідаваць частку літоўскіх харугваў. Адначасова ён абяцаў Міхалу Радзівілу, што вакансіі ў ваяводзтвах Віленскім і Наваградзкім будуць раздавацца толькі са згоды віленскага ваяводы. М. Пац адмовіўся выконваць каралеўскі загад. На соймікі паляцелі лісты вялікага гетмана, у якіх Ян Казімер і Радзівілы абвінавачваліся ў імкненьні гвалтоўна пасадзіць на пасад Рэчы Паспалітае Філіпа Нойбурскага і абмежаваць шляхоцкую волю. Соймікі падзяліліся на два лягеры. Асабліва зацятую антыкаралеўекую пазыцыю заняў жмудзкі соймік, які нават выдаў ухвалу на пачатак паспалітага рушаньня супраць Радзівілаў і караля, а таксама заклікаў Пацаў да стварэньня канфэдэрацыі.

Стомлены востраю палітычнаю барацьбою, прыгнечаны сьмерцю жонкі, якая была для яго аўтарытэтам і лідарам, Ян Казімер даўно ўжо марыў пра адрачэньне ад кароны. 15 верасьня 1668 г. на канвакацыйным сойме кароль адмовіўся ад трону. Але літаральна за дзень перад гэтым ён пасьпеў перадаць польную булаву літоўскую, якая вызвалілася па сьмерці Уладзіслава Валовіча, Miхалу Радзівілу.

1 траўня 1669 г. пад Варшаваю сабраўся элекцыйны сойм, на які Пацы прыехалі ў атачэньні 8-тысячнага войска. Прыкладна з такім жа почтам з'явіліся і Радзівілы. Пацы павялі складаную двайную гульню: яны, насуперак Радзівілам, выступілі за кандыдатуру Лятарынскага, але адначасова выправілі пасла да Людовіка XIV і Кандэ з патрабаваньнем грошай за падтрымку францускага кандыдата. Гэта, аднак, не перашкодзіла ім пагадзіцца на выключэньне імя Кандэ з выбарчых сьпісаў. А сьпісы гэтыя былі вялікія: Брандэнбург, падтрыманы Францыяй, вылучыў кандыдатуру Філіпа Вільгельма Нойбурскага; сама Францыя прапанавала Кандэ або д'Энінгена; Аўстрыя - брата імпэратрыцы Карла, прынца Лятарынскага. Прэтэндавалі на карону Рэчы Паспалітае таксама прынцы Сямігародзкі, Тасканскі, Еркаўскі, экс-каралева швэдзкая Хрысьціна. Маскоўскі бок, хаця і ня вылучыў афіцыйна сваёй кандыдатуры, падчас элекцыі вывеў на літоўскую мяжу 80-тысячнае войска 27.

Найбольш верагоднымі кандыдатамі здаваліся Карл Лятарынскі, за якога выступілі Пацы, і Філіп Нойбурскі, якога падтрымлівалі Радзівілы. Спрэчкі ды інтрыгі ледзь было не каштавалі жыцьця прадстаўнікам гэтых двух магутных родаў. Радзівілы нават рабілі засады на дарогах, па якіх мусілі праяжджаць Пацы, каб забіць сваіх ворагаў 28.

Але пакуль паслы Вялікага Княства Літоўскага спрачаліся, каго ўзьвесьці на пасад Рэчы Паспалітае - прынца Лятарынскага або Нойбурскага, да іх дайшлі весткі, што каронная шляхта абвясьціла каралём Міхала Карыбута Вішнявецкага. Дэлегаты ад Княства пасьля непрацяглых спрэчак пагадзіліся на гэтае абраньне. Але ўзаемныя абразы і варажнеча Пацаў і Радзівілаў ня згасьлі. У ліпені 1669 г. дайшло да таго, што Багуслаў Радзівіл выклікаў Крыштапа і Міхала Пацаў на двубой. Толькі зьяўленьне на боішчы манарха і сэнатараў перадухіліла кровапраліцьцё. Новаабраны кароль прыклаў вялікія намаганьні, каб пагадзіць Пацаў і Радзівілаў. Нарэшце бакі прыйшлі да згоды, падзяліўшы пасады й вакансіі. Паводле гэтае згоды малая пячатка й польная булава, правы на якія ўвесь час аспрэчваліся Пацамі, заставаліся ў Радзівілаў, затое пасада віленскага ваяводы дасталася Міхалу Пацу, а жмудзкае староства - Палубінскаму. Была падзеленая і будучая спадчына па старым маршалку Крыштапу Завішу, якую меў атрымаць той самы Палубінскі, а староства жмудзкае павінна было адысьці да Багуслава Радзівіла.

Але пагадненьне паміж варожымі магнацкімі групоўкамі не магло быць трывалым. Асабліва «пакрыўджйнымі» пачуваліся прыхільнікі прафранцускай арыентацыі, бо новы кароль, жанаты зь сястрою цэзара Леапольда I Габсбурга, прытрымліваўся адкрыта прааўстрыйскай арыентацыі.

Людовік XIV пасьля элекцыі амаль страціў цікавасьць да справаў Рэчы Паспалітае, бо дайшоў да ладу з Аўстрыяй у справе спадчыны па заняпалай гішпанскай дынастыі. Але француская партыя фэдэратыўнае дзяржавы абрала сабе новага патрона - дваццацігадовага пляменьніка Кандэ Карла Сант-Паўла дэ Лянгвіля - і рыхтавалася да гвалтоўнага яго пасаджэньня на трон. Як намякаў прымас Пражмоўскі францускім паслам, былі нават намеры забіць манарха. Сярод змоўцаў, якімі кіраваў прымас, былі падскарбі каронны Ян Веляпольскі, ваявода Крыштап Грымулоўскі і інш. Чынную падтрымку прафранцускай партыі аказаў і будучы. кароль Ян Сабескі, чым адразу заслужыў нянавісьць з боку некаранаваных каралёў BKЛ - Пацаў. Гэтая нянавісьць вылілася ў непадпарадкаваньне кароннаму гетману. Так, калі 16 кастрычніка 1671 г., калі трэба было весьці войска Вялікага Княства Літоўскага на дапамогу кароннаму, (21KB) Як Сабескі, кароль Рэчы Паспалітае. якое ваявала супраць татараў на Ўкраіне, Міхал Пац, давёўшы харугвы да Дубянца, распусьціў іх, адгаворваючыся нявыплатаю грошай.

I такое паўтаралася неаднакроць. Падчас выправы Сабескага на туркаў пад Хоцін Міхал Пац, які прывёў да яго войска Вялікага Княства Літоўскага, адразу ж распачаў апазыцыю, зрабіўшы немагчымаю выправу. Сабескі, каб выратаваць становішча, прапанаваў вялікаму гетману літоўскаму ўзначаліць аб'яднанае войска. Паколькі Пац адмовіўся, вялікі гетман каронны црацягваў кіраваць арміяй і 11 лістапада дамогся перамогі над ворагам. Аднак адразу па бітве Міхал Пац, нягледзячы на ўгаворы Сабескага перасьледаваць ворага, увёў сваё войска. Застаўся з тысячай коньніцы а дно Міхал Радзівіл, які даводзіўся шваграм военачальніку.

Варожасьць Пацаў да францускае партыі найбольш яскрава выявілася падчас стварэньня імі 16 кастрычніка 1672 г. Галомбскае канфэдэрацыі супраць апазыцыі, якая выступала за зьмены ў палітычным ладзе Рэчы Паспалітае. У адказ 23 лістапада пад Шчэбжэшынам Ян Сабескі стварыў канфэдэрацыю кароннага войска. Але пасьля некалькіх дробных сутычак абедзьве канфэдэрацыі прыйшлі да згоды і паразумеліся наконт недапушчальнасьці рэформаў у краіне. Пагадненьне гэтае сталася магчымым з-за разладу ў францускай партыі пасьля сьмерці дэ Лянгвіля і кіраўніка апазыцыі прымаса Пражмоўскага.

10 лістапада 1673 г. памёр кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі. Канвакацыйны сойм вызначыў дату скліканьня элекцыйнага сойму на 20 красавіка 1674 г. Пачалася ліхаманкавая дзейнасьць абедзьвюх галоўных партыяў - аўстрыйскаё, якою кіравалі Крыштап і Міхал Пацы і якая высоўвала ў якасьці кандыдата Карла Лятарынскага, і францускае на чале зь Янам Сабескім, што выступала за элекцыю Кандэ.

Пацы, каб забясьпечыць посьпех свайму кандыдату, ізноў пачалі пагражаць аддзяленьнем Вялікага Княства Літоўскага. Для гэтага трэба было асобна абраць на ягоны пасад Карла Лятарынскага, калі б яго не абраў агульны сойм. Але, ня ўпэўненыя ў посьпеху і баючыся перамогі францускае партыі, яны адначасова прапанавалі вылучыць у якасьці кандыдата і каго-небудзь зь «Пястаў». Сытуацыю ўскладнялі зьвесткі пра канцэнтрацыю турэцкіх войскаў на мяжы Рэчы Паспалітае і непазьбежнасьць новае вайны з Турцыяй. Гэта спрыяла таму, што францускі пасол біскуп Францішак дэ Ян сон стаў падтрымліваць кандыдатуру даўняга прыхільніка Францыі Яна Сабескага, які, дзякуючы намовам жонкі, Марыі Казімеры, вылучыў сваю кандыдатуру на каралеўскі пасад. Разьлік француза быў правільны: перад пагрозаю турэцкае навалы шляхта ў пераважнай бальшыні выступіла за абраньне каралём пераможнага гетмана. За яго выступілі з боку магнатэрыі Княства Сапегі й Радзівілы. Дый Пацы нядоўга спрачаліся пасьля атрыманьня ладнае сумы францускіх грошай ды абяцаньня прыстойнага «адкупнога» для ўдавы Вішнявецкага.

Але абраньне Яна Сабескага каралём не зрабіла яго больш аўтарытэтным у вачох Пацаў. Падчас новае турэцкае вайны 26 лістапада 1674 р. пад Рашковам вялікі гетман літоўскі зноў адвёў войска Княства ад лягера Сабескага. Кароль жа ў адказ назваў іх дэзэртырамі і... больш са свавольнымі магнатамі нічога зрабіць ня мог...

Пацы ж, разам з троцкім ваяводам Марцыянам Агінскім, ня хочучы знаходзіцца пад уладаю Яна III, былі нават гатовыя сарваць вунію з Полыпчаю ды далучыцца да Масковіі. Яны падумвалі і пра забойства караля. Асабліва непакоіла Пацаў выразна прафранцуская арыентацыя Сабескага. Не жадаючы саюзу паміж Рэччу Паспалітаю, Францыяй ды Швэцыяй, яны ўпарта супраціўляліся задуме пераходу швэдаў зь Інфлянтаў да Прусіі праз Жмудзь, хаця такім чынам Прусія мелася быць вернутай пад пратэктарат Рэчы Паспалітае. Цікава, што Пацы пакінулі права пераходу празь землі сваёй краіны за электарам Брандэнбурскім...

Партрэт Яна Сабескага зь еям'ёю.

Не такія заможныя, як Радзівілы, маючы моцную апазыцыю ў Вялікім Княстве Літоўскім, Пацы не маглі зьдзейсьніць сваіх амбітных плянаў: сілы іхнай хапала толькі чыніць перашкоды каралю-няпрыяцелю.

Ян III пайшоў ужо знаёмаю Вазаўскаю дарогаю: рупліва падтрымліваў супраць Пацаў адсунутых часова на другі плян Радзівілаў і асабліва амбітных сыноў Паўла Сапегі - Казімера і Бэнэдыкта, якія імкліва выходзілі на палітычную арэну. Сьмерць галоўнага ворага караля, Міхала Паца (4 красавіка 1682 г.), а потым - Крыштапа Паца (10 студзеня 1684 г.) мела стаць пачаткам новага этапу палітычнага разьвіцьця ў Вялікім Княстве Літоўскім.

"КАНФЛІКТ ЛІТОУСКІ"

З чатырох сыноў Паўла Сапегі двое выйшлі на першы плян: Казімер, які стаў пасьля сьмерці Паца вялікім гетманам літоўскім, і Бэнэдыкт, падскарбі літоўскі. Міхал, сын гетмана, займаў пасаду канюшага, а Аляксандар - вялікага маршалка літоўскага. Сканцэнтраваўшы у сваіх руках велізарную ўладу, Сапегі ня толькі пайшлі сьлядамі сваіх папярэднікаў, Радзівілаў і Пацаў, але нават і ўзмацнілі палітыку супрацьстаяньня каралеўскай уладзе. Як пісаў сучасьнік, «кароль, калі былі так моцныя паны Пацы ў сваёй зь ім варажнечы, выставіў быў alter contra alter, апякуючыся і ўзвышаючы Сапегаў... I так ён імкнуўся не дапусьціць росту моцы Пацаў, але атрымаў такое самае зло, дакладна такую ж кару...» 29.

Ужо ў 1683 г. пераканаўся Сабескі ў сваёй памылцы, калі на сойме Сапегі выразна перайшлі ў лягер апазыцыі і выказалі яўную падтрымку электару. Абураны Ян III проста заявіў Бэнэдыкту, што ведае пра інтрыгі Сапегаў, што ён памыліўся, думаючы, быццам літоўская апазыцыя адышла ў нябыт разам з Пацамі, і што бачыць яе адноўленаю ў яшчэ горшым абліччы. «Маю, аднак, надзею, што цяпер усё інакш пойдзе»,- прыгразіў Сабескі падскарбему 30.

Палітыка Сапегаў сталася выразным працягам палітыкі Радзівілаў і Пацаў: шчыльны саюз з электарам, абарона вольнасьцяў, імкненьне да сэпаратызму, добрыя дачыненьні з Масквою і цэзарам.

Абапіраючыся на свае сувязі, Сапегі пачуваліся сапраўднымі гаспадарамі Вялікага Княства Літоўскага і паводзілі сябе адпаведна. Вось як апісвае сучасьнік іхнае панаваньне: «Прывілеі на старосты ды іншыя каралеўшчыны ад караля вымагаў і сваім прыхільнікам раздаваў; на соймікі наяжджаў і разганяў; калі хто супраць яго выступаў, пра свае правы нагадваючы, забіваць загадваў, да апошняга руйнаваў; увогуле ні на Пана Бога, ні на караля, ні на закон не зважаў, усё па сваёй прыхамаці горш чым абсалютны пан чынячы» 31.

Сабескі ня мог спакойна глядзець на сваволю амбітнага роду, які ён уласнаручна прывёў да ўлады. Але ўласнымі сіламі ў краіне, дзе каралеўская ўлада была такою абмежаванаю, ён нічога ня мог зрабіць, і таму пайшоў звыклым шляхам - пачаў шукаць падтрымкі сярод шляхты Вялікага Княства Літоўскага і ствараць антысапежынскую партыю. Туды ўвайшлі Радзівілы, зьвязаныя з каралеўскій домам празь сястру Яна III, Кацярыну. Ім (Дамініку і Каралю) Сабескі надаў абедзьве пячаткі Княства. Да каралеўскае партыі належаў Сымон Кароль Агінскі, мечнік літоўскі. Да іх далучыўся і род Крышпін-Кіршэнштэйнаў, які Ян III спэцыяльна ўзвысіў ад звычайнага каралявецкага мяшчанскага роду да ўзроўню наймагутнейшых сем'яў Княства, надаўшы ягоным прадстаўнікам біскупства жмудзкае і віцебскае кашталянства, дзякуючы чаму Крышпіны заўсёды падтрымлівалі каралеўскую партыю. Лік жа прыхільнікаў гэтае партыі ўвесь час павялічваўся па меры ўзмацненьня Сапегаў ды павелічэньня іхнага ўціску на шляхту: «хто іхмосьцям (Сапегам.- Г. П.) ня кланяўся, той у сваім ваяводзтве ніколі ніводнай пасады не атрымаў» 32. Але Сапегі мала зважалі на незадаволенасьць і пагрозы шляхты Вялікага Княства Літоўскага, бо былі пэўныя свайго становішча, падмацаванага велізарнымі багацьцямі (павялічанымі яшчэ ў 1688 г. апекаю над маёнткамі княгіні Нойбурскай, дачкі Багуслава Радзівіла) і ўладаю. Гэты магутны род быў нават арганізатарам змовы з мэтаю дэтранізацыі Яна ІІІ і абраньня на каралеўскі пасад Карла Лятарынскага. Але магнаты марылі і пра большее. Нездарма ж на сойме 1695 г. у зале гучалі крыкі папрасапежынску настроеных дэпутатаў: «Кароль Ян заняпаў, цябе, Казімер, каралём зробім!» 33.

Сытуацыя дасягнула свайго апагею ў 90-х гг. Паколькі, як звычайна, у скарбніцы Рэчы Паспалітае бракавала грошай на выплаты войску, якому не плацілася з 1690 г., а каралеўскія сядзібы ў Княстве зусім зьбяднелі, Казімер Сапега пачаў разьмяшчаць харугвы ў маёнтках шляхты і духоўных асобаў. Гвалт і рабаўніцтва неаплачанага войска стрымаць было цяжка. Таму зразумелыя пратэсты і нянавісьць шляхты, выкліканыя пастоямі харугваў у прыватных маёнтках. Хаця зь юрыдычнага боку ўсё выглядала цалкам законна. Разьмяшчаць войскі ў сядзібах шляхты ды душпастырства не дазвалялася ў Кароне, а ў Княстве такой забароны не было34. Таму сярод шляхты й душпастырства Вялікага Княства расьлі патрабаваньні каэквацыі - зраўнаньня ў правох з Каронаю.

Першым адкрыта супраць практыкі пастою войскаў у касьцельных маёнтках выступіў віленскі біскуп Канстанцін Брастоўскі. 22 чэрвеня 1693 г. ён даслаў урачысты напамін Казімеру Сапегу пра забарону ўціску біскупавых маенткаў і касьцельнае ўласнасьці. У выпадку, калі б гетман ня вывеў войскі і не заплаціў бы за пастой, Брастоўскі пагражаў яму праз 8 тыдняў касьцельным праклёнам.

Але гетман быў ня тым чалавекам, якога можна было лёгка запалохаць: ён ня толькі ня зважыў на зварот біскупа, але, паслаўшы апэляцыю ў Рым, увёў у маёнткі біскупства яшчэ больш войскаў, у выніку чаго ня толькі гэтыя маёнткі былі спустошаныя, але нават у касьцёлах жаўнеры пазьдзіралі ўсё срэбра. Тады Брастоўскі павярнуўся па дапамогу да нунцыя Санта-Крос і выклікаў Казімера Сапегу на соймавы суд, на якім вярхоўным судзьдзёю мусіў быць сам кароль.

Але Ян III, хаця й ня менш за віленскага біскупа меў падставаў ненавідзець Сапегаў, не падтрымаў рашучага ўчынку Брастоўскага, бо разумеў, якім згубным для краіны будзе закалот у Вялікім Княстве Літоўскім. Таму ён не зьявіўся на Варшаўскі сойм, які меў разгледзець прэтэнзіі біскупа. Гэта дало падставу Казімеру Сапегу абвінаваціць дваровую партыю ў спробах расправіцца зь ім і сарваць сойм.

У той час, як прэтэнзіі Брастоўскага падтрымліваў нунцы, Казімер Сапега знайшоў сабе абарону ў асобе прымаса Радзеёўскага, які рабіў усё магчымае, каб рэабілітаваць вялікага гетмана літоўскага.

Калі 14 красавіка 1694 г. Брастоўскі ўсё ж выкляў Сапегу, а нунцы пацьвердзіў выкляцьце, Радзеёўскі зьняў праклён. Тады гетман паставіў войскі ва ўсіх маёнтках, што належалі віленскаму капітулу. Справа набыла зацяжны характар. А выкляты між тым працягваў наведваць імшу ў віленскіх кляінтарах, якія, абавязаныя Сапегу, не зважалі на праклён. Зьняверыўшыся ў перамозе над усемагутным гетманам, Брастоўскі зьвярнуўся да караля на студзеньскім (1695 г.) сойме: «Падаю на кален!, найясьнейшы пане, збаў мяне ад гэтага злога чалавека!» 35. Але і Сапега, хаця й ня быў надта набожны, таксама пачуваўся ніякавата пад касьцельным праклёнам. Аднак згода была дасягнутая толькі ў канцы 1696 г., пасьля сьмерці Яна Сабескага. Па зьняцьці праклёну ўзрадаваны гетман загадаў кату прылюдна на рынку ў Вільні спаліць акт выкляцьця, чым ізноў абразіў Брастоўскага. Зерне нянавісьці пачало даваць расткі. З гэтага паспрабавалі скарыстаць i ўкаранаваныя няпрыяцелі Сапегаў. Грашыма Марыі Казімеры 17 кастрычніка 1696 г. была ўтвораная канфэдэрацыя шляхты Вялікага Княства Літоўскага, якая абвясьціла сябе абаронцаю касьцёлу ад сваволі гетмана.

Toe, што каралева выдаткавала немалую суму на барацьбу зь няўгодным гетманам, - ня дзіва: перад блізкай элекцыяй Марыя Казімера, якая трымалася прааўстрыйскай арыентацыі, асноўнымі ворагамі бачыла Сапегаў, якія, у піку ёй, падтрымлівалі францускага кандыдата, тым больш щто гэтыя магнаты былі ня менш, а нават больш уплывовыя за каралеву ў BKJI.

На чале канфэдэрацыі стаў Агінскі, харужы літоўскі. Канцлерамі абралі двух Пацаў - троцкага і берасьцейскага харужых - і Крышпін-Кіршэнштэйна, кашталяна віцебскага. Напачатку лік канфэдэратаў складаў усяго адну тысячу, але незадаволеная шляхта хутка павялічыла іхныя шэрагі да некалькіх тысячаў. Вайсковыя дзеяньні пачаліся тым, што Агінскі стаў рабаваць сапежынскія маёнткі. У адказ вернае гетману войска панішчыла маёнткі Крышпінаў. I толькі ў лістападзе адбылася першая сутычка ворагаў. У выніку канфэдэраты былі абложаныя ў акопах пад Берасьцем. У іхных шэрагах пачаўся голад, шляхта стала губляць ахвоту змагацца з Сапегам.

Між тым гетманскія войскі захапілі ганца Крыпіпін-Кіршэнштэйна да Марыі Казімеры, пры якім знайшлі ліст з просьбаю даслаць яшчэ грошай для выбаўленьня Агінскага. Гэты ліст стаў моцнаю зброяю ў руках Сапегаў. Цяпер гетман мог доказна давесьці, што барацьба шляхты супраць яго - гэта толькі вынік інтрыгаў двара. Ліст быў перапісаны і разасланы па ўсіх сойміках. Удар па Марыі Казімеры быў тым мацнейшы, што ён быў нанесены якраз перад элекцыяй і нашмат аслабіў аўстрыйскую партыю.

27 лістапада сканфэдэраваная шляхта пры пасярэдніцтве францускага пасла Палігнаца прыйшла да згоды зь пераможным гетманам і прынесла яму прысягу на вернасьць і паслушэнства.

Гэтыя падзеі адыгралі значную ролю ў справе элекцыі. Пасьля сьмерці Яна III галоўнымі сіламі ў краіне былі дзьве партыі - аўстрыйская, якая падтрымлівала каралевіча Якуба Сабескага (жанаты зь Ядзьвігаю, прынцэсаю нойбурскаю, сястрою імпэратрыцы), і француская партыя, якая выступала за кандыдатуру Францыска Людовіка, прынца дэ Канты, пляменьніка Кандэ. Яшчэ 24 кастрычніка была заключаная пісьмовая дамова паміж увішным Палігнацам, прымасам Радзеёўскім, вялікім гетманам літоўскім К. Сапегам, абодвума падскарбімі - каронным Г. Любамірркім і літоўскім Б. Сапегам - і біскупам плоцкім А. Залускім, паводле якой, бакі абавязваліся падтрымліваць толькі Канты ды схіляць на ягоны бок іншых магнатаў. Прычым за кожнага навернутага была абяцаная вялікая ўзнагарода, якая прызначалася таксама і кожнаму новаму прыхільніку францускага кандыдата. Так, Патоцкі, лоўчы каронны, за тое, што адвярнуўся ад Якуба, атрымаў 6 000 францускіх талераў.

Пасьля паразы літоўскіх канфэдэратаў пераможаныя Агінскі і Крышпін-Кіршэнштэйн былі навернутыя Палігнацам да падтрымкі Канты. Безумоўна, і тут не абышлося бяз грошай. Увогуле, падчас падрыхтоўкі элекцыі Канты францускі пасол выдаткаваў астранамічную суму (29KB) Аўгуст II, кароль Рэчы Паспалітае. ў 8 мільёнаў франкаў 36. Гэта спрычынілася да таго, што Людовік XIV спыніў фінансаваць элекцыю Канты, што непасрэдна адбілася на выніках абраньня караля.

Бачачы слабасьць аўстрыйска-нямецкае партыі, ейныя прыхільнікі вырашылі зьмяніць свайго кандыдата і пачалі падтрымліваць саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста, які вылучыў сваю кандидатуру і ў спадзяваньні на карону Рэчы Паспалітае нават перайшоў у каталіцтва. Але заахвочаная францускімі мільёнамі шляхта прагаласавала на элекцыйным полі ў траўні 1697 г. за Канты. Пры гэтым Агінскія і Крышпін-Кіршэнштэйны парушылі слова і галасавалі супраць францускага кандыдата, бо не спадзяваліся, знаходзячыся ў адным лягеры са сваімі крыўдзіцелямі, дамагчыся ўтаймаваньня свавольных Сапегаў.

Але тут адбываецца незразумелае: Канты так і не прыехаў на каранацыю. Пры адсутнасьці законна абранага караля саксонскі курфюрст прыслаў сваё войска да Кракава і, з дапамогаю сканфэдэраванае шляхты, быў каранаваны там пад імем Аўгуста II. Прыезд (бяз грошай і войска) Канты ў Гданьск 1 верасьня быў ужо запозьнены. Незаконна пасаджаны кароль трывала ўсталяваўся на троне. Аўгуст II не ў малой ступені быў абавязаны каранацыяй і Пятру I: падчас элекцыі маскоўскі пасол уручыў прымасу Радзеёўскаму і кароннаму гетману Ябланоўскаму ноту з пагрозай за абраньне Канты.

Як жа паводзілі сябе падчас усіх гэтых падзеяў прыхільнікі францускае партыі - Сапегі? Бачачы затрымку Канты, вялікі гетман літоўскі, чакаючы на вынік, не далучыўся ні да воднага староньніцтва. З абурэньнем піша сакратар францускай амбасады дэ Мангрыль: «Гетман падпісаў, праўда, элекцыю на некалькі дзён пазьней, ня маючы магчымасьці даўжэй адмаўляцца ад захадаў наших прыяцеляў, асабліва дамаў, але гэта ня надта ўжо прынадзілася». Да таго ж К. Сагіега «адмовіўся падпісаць ліст да двара францускага,.. каб прасіць пра прыбыцьцё князя Канты», хаця, паводле думкі францускага дыплямата, «двор бы не марудзіў яго выправіць, каб гетман папрасіў пра гэта пісьмова» 38.

Потым, ужо па прыезьдзе няспраўджанага караля, Канты прасіў у вялікага гетмана літоўскага вайсковай дапамогі, нават пераслаў яму 10 000 талераў на выплату войску, але К. Сапега, баючыся палкоў Аўгуста II і канфэдэратаў Агінскага, так і ня вырушыў на дапамогу французу.

Тымчасам Аўгуст II на элекцыйным сойме абвясьціў ураўнаньне ў правох шляхты Вялікага Княства Ліоўскага і Кароны. Апроч таго, кароль выдаў у сьнежні 1697 г. унівэрсал, у якім раіў шляхце замірыцца з Сапегамі. Але гэтыя захады манарха не маглі задаволіць ані

Сапегаў, якія не зважалі на законы і паводзілі сябе як гаспадары на абшарах Вялікага Княства Літоўскага, ані шляхту, для якой уціск гетмана не паменшыўся. Дый сам Аўгуст II наўрад ці шчыра жадаў замірэньня, бо грамадзянская вайна ў краі, дзе каралю адводзілася роля вярхоўнага судзьдзі, як найболей адпавядала ягоным абсалютысцкім намерам.

Прымірэньня не хацеў ніводны з бакоў. У жніўні 1698 г. Агінскі зноў узьнімае частку войска Вялікага Княства Літоўскага, шляхты і распачынае новы этап вайны з Сапегамі. Побач зь ім усталі кашталян віцебскі Кацёл і харужы жмудзкі Заранак. Кацёл абвясьціў пад Вільняю паспалітае рушаньне, а Агінскі выправіўся з новаю скаргаю на гетмана да караля. Кароль быў вельмі рады магчымасьці пашырыць свой уплыў у Княстве. Карыстаючыся тым, што шляхта скардзілася на ўціск з боку войска ВКЛ, Аўгуст II загадаў скараціць ягоны лік да 3 000 жаўнёраў, а замест распушчаных харугваў паставіць у Вялікім Княстве Літоўскім 15 000 жаўнераў саксонскага войска пад кіраўніцтвам генэрала Флемінга. Дзеля ажыцьцяўленьня свайго загаду кароль пастанавіў склікаць абавязковае паспалітае рушаньне супраць войскаў Caпегі, пагражаючы непаслухмяным карамі. (Так потым і сталася - шляхта з Аршаншчыны і Вількаміршчыны, якая не адгукнулася на гэты загад, была на тры гады пазбаўленая права засядаць у сойме, а з кожнага дыму мусіла выплаціць па 10 злотых.)

Парадак жа роспуску літоўскіх харугваў. ня мог не абурыць патрыётаў Княства. У студзені 1699 г. саксонскія войскі і шляхта паспалітага рушаньня акружылі войска вяліката гетмана літоўскага, якое мусіла кідаць пад ногі бяскроўных пераможцаў ня толькі сваю зброю, але і харугвы, папярэдне пераламіўшы іх аб калена. Такой ганьбы войска Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ніколі ня зносіла.

Шляхта была вельмі ўзрадаваная паразе Сапегау. Але нядоўга працягвалася ейная радасьць: замест свайго войска яна атрымала войска чужаземнае, якое паводзіла сябе нашмат горш за сапежынскае. Саксонцы палілі вёскі, рабавалі, гвалтавалі, забівалі. Пратэстанты, яны пагардліва ставіліся да іншых вызнаньняў: заходзілі ў цэрквы ды касьцёлы, апраналіся ў рызы, танчылі ў такім строі, пілі з касьцельных келіхаў...

Рабункі, гвалты, зьдзекі саксонскіх войскаў каштавалі Вялікаму Княству Літоўскаму за тры гады, што яны там стаялі, каля 90 мільёнаў тынфаў! 39

Шляхта ўзьненавідзела Аўгуста II. Гэтая нянавісьць узрасла пасьля таго, як кароль уступіў у саюз зь Пятром I як курфюрст Саксоніі. У дамовах, заключаных у Біржах і ў Маскве паміж абодвума манархамі, прадугледжваліся сумесныя дзеяньні супраць Швэцыі з мэтаю заваяваць Лівонію для Рэчы Паспалітае, што абяцаў Аўгуст II шляхце пры элекцыі. Таемнаю ж мэтаю, што штурхала курфюрста выступіць супраць Швэцыі, было далучэньне да антышвэдзкага блёку фэдэратыўнае дзяржавы, каб пераможнаю вайною ўмацаваць сваё становішча ў Рэчы Паспалітай і ўсталяваць тут абсалютную спадчынную манархію 40. З гэтаю ж мэтаю Аўгуст II рабіў што толькі мог дзеля таго, каб спакой не вярнуўся ў Вялікае Княства Літоўскае, Перашкаджаючы поўнай перамозе аднаго з бакоў, бо вынішчаны край нашмат лягчэй падпарадкаваць. Таму ён, нягледзячы на шматлікія вайсковыя саксонскія сілы на тэрыторыі Княства, ня стаў замінаць, калі гетман неўзабаве па скарачэньні войска зноў пачаў набіраць харугвы за свае ўласныя грошы: гэта ўпісвалася ў пляны караля, зацікаўленага ў працягу «літоўскага закалоту».

З гэтымі харугвамі К. Сапега прыбыў у Вільню на паседжаньне трыбуналу, дзе мелі разглядацца прэтэнзіі шляхты да вялікага гетмана літоўскага. Абапіраючыся на збройную сілу, Сапега пачаў замінаць рабоце трыбуналу, тым больш што маршалкам яго быў абраны вялікі канцлер літоўскі Кароль Радзівіл, які не належаў да прыяцеляў дому Сапегаў. Асабліва жарсьці распаліліся пасьля таго, як аднойчы ўвечары людзі Сапегаў напалі на карэту, мяркуючы па масьці коняў, што там едзе адзін з найзьлейшых ворагаў іхнага гаспадара - Кацёл. Пачалася бойка паміж людзьмі гетмана і ўладальнікаў карэты. Дайшло да шабляў і мушкетаў. У бойцы былі сур'ёзна параненыя і ўладальнікі карэты. Але імі аказаліся князі Януш і Міхал Вішнявецкія, якія прычыніліся да выбару Караля Радзівіла маршалкам трыбунала. Нягледзячы на тое, што Сапегі, пабачыўшы памылку сваіх людзей, аказалі пацярпелым магнатам мэдыцынскую дапамогу, абражаныя Вішнявецкія, якія мелі вялікі ўплыў у Княстве, перайшлі на бок адкрытых ворагаў сапежынскага лягеру. Абураная гэтым выпадкам шляхта зноў утварыла канфэдэрацыю пад кіраўніцтвам Белазора, чыйго брата Сапега раней страціў.

А тымчасам Аўгуст II, карыстаючыся тым, што ўвага шляхты ў Княстве была адцягнутая братазабойчымі нутранымі канфліктамі, накіраваў саксонскія войскі ў Курляндыю праз тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, чым парушыў Аліўскі трактат. Дзяржава апынулася на мяжы непатрэбнай ёй вайны з магутнаю Швэцыяю, хаця сэнатары Рэчы Паспалітае неаднаразова зьвярталіся і да Карла XII, і да Аўгуста II з заявамі пра нэўтралітэт краіны. А між тым кароль спакваля рыхтаваў Рэч Паспалітую да вайны і, імкнучыся канчаткова зламіць супраціў шляхты ў Вялікім Княстве Літоўскім распальваньнем грамадзянскае вайны, загадаў К. Сапегу набіраць войска, а так-сама абвясьціў паспалітае рушаньне нібы дзеля абароны межаў дзяржавы ад магчымага нападу швэдаў. Але ўсе добра разумелі, да чаго прывядзе гэтая мабілізацыя ў час, калі жарсьці ў Вялікім Княстве Літоўскім распаліліся да мяжы выбуху. Гаварылі пра гэта ня толькі ў Княстве, aлe і ў Кароне, дзе з жахам глядзелі на канфлікты, якія разьдзіралі край. Нездарма ананімны аўтар «Kroniki litewskiej» пісаў: "Уся Полыпча гаварыла, што з-за канфлікту літоўскага гіне"41.

Каронная шляхта ў гэтым канфлікце ў асноўным падтрымлівала Сапегаў, бо цудоўна разумела, што барацьба шляхты супраць іх уцягвае Рэч Паспалітую ў вайну са Швэцыяй ды спрыяе абсалютысцкім плянам Аўгуста II. Каронны гетман Ябланоўскі нават таемна скіраваў на дапамогу К. Сапегу некалькі дзясяткаў харугваў, а кароннае войска паслаў да межаў Вялікага Княства Літоўскага.

Аднак і канфэдэраты, да якіх пачало далучацца паспалітае рушаньне, хутка набіралі моцы. Вішнявецкія, якія палалі прагаю помсты за абразу, прывялі з сабою 3 тысячы вояў. Міхал Вішнявецкі ўзначаліў сабранае рушаньне.

18 лістапада войскі сышліся пад Алькенікамі. У выніку працяглае крывавае бітвы сапежынскія харугвы былі разьбітыя пераважнымі сіламі няпрыяцеля. Вішнявецкі захапіў на боішчы сына Казімера Сапегі - Міхала, канюшага літоўскага, генэрала цэзарскага войска. Нягледзячы на заступніцтва Вішнявецкіх і Агінскіх, падпоеная ўначы шляхта пад кіраўніцтвам Белазора ўварвалася ў бэрнардынскі кляштар, дзе ўтрымліваўся канюшы, і забіла яго.

Улада ў краі перайшла ў рукі сканфэдэраванае шляхты, якая зноў пачала рабаваць маёнткі Сапегаў. Войска Княства было аддадзенае пад кіраўніцтва Міхала Вішнявецкага на два гады. На такі ж тэрмін Міхал Кацёл і Рыгор Дгінскі атрымалі права накладаньня і збору падаткаў. Усе правадыры канфэдэрацыі атрымалі ўзнагароды.

Па Алькеніцкай паразе Сапегі зьехалі ў Варшаву, дзе пачалі прасіць Аўгуста II пасярэднічаць у перамовінах са шляхтаю. Кароль, які вельмі радаваўся паразе «ўдзельнага літоўскага князя», нібыта прыхільна паставіўся да захадаў Казімера Сапегі і выслаў у Гародню для перамоваў з канфэдэратамі падканцлера літоўскага Шчуку, але разам таемна паслаў да Агінскага і Заранка ганцоў з намоваю, каб тыя ня йшлі на згоду зь вялікіМ гетманам. Пагадненьня не адбылося.

Сапегі, якія і раней таемна ліставаліся з Карлам XII; ізноў зьвярнулі свой погляд на Швэцыю. Пасьля яшчэ некалькіх марных спробаў замірыцца са шляхтаю і каралём яны выехалі ў лягер Карла XII. Швэдзкі кароль абвясьціў сябе абаронцам маёмасьці Сапегаў і ў пачатку верасьня нібы з гэтае прычыны ўвёў свае войскі на Жмудзь. Дробныя сутычкі з аддзеламі паспалітага рушаньня далі яму падставу заявіць, што войскі Рэчы Паспалітае напалі на яго, і таму фэдэратыўная дзяржава знаходзіцца ў стане вайны са Швэцыяй. I Карл XII вырушыў са сваімі сіламі ўглыб дзяржавы. Паспалітае рушаньне, нашмат большае за швэдзкія аддзелы, адыходзіла бяз бою.

Калі Заранак ад імя сканфэдэраванае шляхты зноў выказаў прэтэнзіі да Сапегаў, паўстала каронная шляхта, абвінавачваючы ліцьвінаў у тым, што яны сталіся прычынаю пачатку вайны са Швэцыяй, а таксама што яны служаць абсалютысцкім амбіцыям караля. Дый сам Август II, настрашаны імклівым маршам Карла ХІІ, хацеў паразумецца з Сапегамі. Таму 1 студзеня ён шле да вялікага гетмана ліст з прапановамі пагадненьня. Але Сапега, адчуваючы за сабою моц швэдзкае ваеннае машыны, адмовіў каралю.

Вайна разгаралася. Швэдзкія войскі ішлі па краі, рабуючы і нішчачы маёнткі ворагаў Сапегаў. Саксонскія ж палкі, якія стаялі ў Вялікім Княстве Літоўскім, ня бралі ўдзелу ў барацьбе з захопнікамі: Аўгуст II імкнуўся глыбей уцягнуць у вайну Рэч Паспалітую. I гэта яму ўдалося: у 1703 г. быў падпісаны антышвэдзкі саюз паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Расеяй. Саксонскія ж войскі адышлі на абарону Варшавы...

Уступленьне краіны ў Паўночную вайну азначала завяршэньне цэлага этапу ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага - заканчэньне ўсяўладзьдзя магнатаў, якія непадзельна кіравалі ў краі, змагаліся за кандыдатаў на каралеўскі пасад, самастойна вялі замежную палітыку... Пасьля Алькенікаў ніколі ўжо ніводны магнацкі род не ўзбуяў так, як Сапегі. Дый гэта ўжо было немагчыма. З пачаткам Паўночнае вайны чужаземныя войскі ўжо не пакідалі тэрыторыі Рэчы Паспалітае. Хаця барацьба паміж магнацкімі групоўкамі працягвалася і пазьней, гэта ўжо была не барацьба волатаў, а валтузьня марыянэтак суседніх дзяржаваў...

Але ў барацьбе, дзе звычайна бралі ўдзел дзьве партыі, заўсёды была і трэцяя партыя - партыя парадку, магчыма, самая шматлікая з усіх. Сюды ўваходзіла шляхта, якая сьмяротна стамілася ад усіх інтрыгаў ды закалотаў і хацела толькі аднаго - спакойнага жыцьця. Таму вельмі паказальнае зьяўленне ў лістападзе 1700 г. наступнага дакуманта: "Мы, станы, рады, дыгнітары, ураднікі, рыцарства і шляхта Вялікага Княства Літоўскага, на публічным сходзе... сабраныя... прызнаўшы, што шчасьлівейшыя нiколі так нашыя слаўныя продкі, рыцарства Вялікага Княства Літоўскага, не былі, калі як верныя падданыя пад адным панам і манархам заставаліся... Потым жа, калі салодкае і нікчэмнае патрабаваньне вольнасьці насуперак пануючай рахманасьці ў той зацны народ літоўскі з Польшчы прыйшло і праз вольнае «не позвалям» гвалтам поле адкрыла, зараз Вялікае Княства Літоўскае нішчыцца і ў межах курчыцца пачало, мажнейшыя, бяднейшых перамаглі, ані Боскіх, ані людзкіх парадкаў не пільнуюць, як гэта і па цяперашні дзень робіцца...». Зважыўшы на ўсё гэта, зграмаджаная шляхта літоўская пастанаўляе пайсьці сьледам за тымі народамі, якія «вольнасьць або, хутчэй, дазвол на сваволю кінулі, альбо пад уладу адзінага манарха перайшлі, і дзякуючы гэтаму ў багацьці бяз сварак і сутычак трываюць, як гэта ў Францыі, Англіі, Маскве, Швэцыі, Чэхіі, Вугоршчыне, Прусіі, Турэччыне і ў паганцаў прыклад падаецца...» Ліцьвіны таму зракаюцца правоў «усялякіх на нікчэмныя польскія вольнасьці», прызнаюць Аўгуста II спадкаемным манархам, які мае неабмежаваную ўладу, і заклікаюць караць непаслухмяных «без аніякага суда і права» 42.

Гэты дакумант звычайна трактуюць як фальсыфікацыю Аўгуста II, які ў сваім імкненьні да абсалютнае манархіі ня грэбаваў ніякімі сродкамі. Магчыма, гэта і так, але ж думкі, выкладзеныя тут, адпавядалі думкам шмат каго са шляхоцкага стану тагачаснае Рэчы Паспалітае, думкам тых людзей, якія бачылі агонію сваёй дзяржавы і марылі пра мірнае жыцьцё пад аховаю закона ў мірнай і свабоднай краіне.

Але другая палова XVII - пачатак XVIII ст. зь інтрыгамі і бойкамі, здрадамі і прадажнасьцю сталася пачаткам канца свабоды і незалежнасьці Рэчы Паспалітае. Заняпад краіны ў такіх умовах быў непазьбежны і прывёў урэшце да гібелі дзяржавы ў канцы XVIII ст.

СЬПІС ЛIТАРАТУРЫ

  1. Hautevielle "Relacja historyczna о Polsce" // "Cudzoziemcy о Polsce; Relacje i opinie",- t. 1, Krakow, 1971, s. 312.
  2. Wyczariski A. "Polska Rzecza, Pospolita szlachecka", - Warszawa, 1991, s. 316-317.
  3. Maciszewski J. "Szlachta polska i jej paristwo", - Warszawa, 1969, s. 146.
  4. Jasienica P. "Rzeczpospolita obojga Nar6dow. Calamitas regium",- Warszawa, 1992, ss. 51; 128-132.
  5. Piwarski K. "Opozicja litewska pod koniec XVII wieku" // "Pamietnik V powszechnego zjazdu historikow polskich w Warszawie",- z. 1, Lwow, 1930, s. 260.
  6. Jasienica P. "Rzeczpospolita obojga Narodow. Calamitas regium", - s. 132.
  7. СагановГч Г. «Невядомая вайна»,- «Спадчына», № 4, 1993, стар. 97; 104-105.
  8. Kotlubaj Е.. "Zусіе Janusza Radziwilla",- Wilno - Witebsk, 1859, s. 216.
  9. "Zywot xiezia Boguslawa Radziwilla przez niego samiego napisany", - Poznari, 1841, s. 28.
  10. Kotlubaj E. "Zycie Janusza Radziwilla",- s. 207.
  11. Jasienica P. "Rzeczpospolita obojga Narodow. Calamitas regium", - ss. 157; 169-170.
  12. Kotlubaj E. "Zycie Janusza Radziwilla",-ss. 400-401.
  13. "Zywot xiezia Boguslawa Radziwilla przez niego samiego napisany",- s. 30.
  14. Konopczynski W. "Dzieje Polski nowozytnej",- t. 11, Warszawa, 1986, s. 23.
  15. Codello A. "Pacowie wobec opozycji Jerzego Lubomirskiego" // ,,Przegland historyczny", 1958, z. 1, s. XLIX, s. 21.
  16. Codello A. "Wojna na Zmudzi i w Kurlandyi 1656-1660", // "Przeglad historyczny", 1966, z. 1, t. 57. s. 64.
  17. Codello A. "Konfederacja wojskowa na Litwe w r. 1656 - 1663", //, "Studia a materialy do historii wojskowosci", 1970, z. 1, t. 6, s. 28.
  18. Codello A. "Pacowie wobec opozycji...",- ss. 22-23.
  19. Konopczynski W. "Dzieje Polski nowozytnej",- t. 11, s. 34.
  20. Rachuba A. "Opozycja litewska wobec Wyprawy Jana Kazimierza na Rosje (1663/4 г.)" // "Kwartalnik historyczny", 1982, N 1, R LXXXIX, s. 19-20.
  21. Codello A. "Pacowie wobec opozycji...",- s. 25.
  22. Rachuba A. "Opozyoja litewska...",- ss. 24-25.
  23. Codello A. "Pacowie wobec opozycji...",- ss. 28-^-29.
  24. Тамсама, s. 32.
  25. Тамсама, ss. 39; 44.
  26. Codello A. "Rywalizacja Pacow i Radziwiliow w latach 1666 -1669",- "Kwartalnik historyczny", R. LXXI, N 4, ss: 916- 917.
  27. Грабенккий В. «История польского народа»,- СПб., 1910, с. 209.
  28. Codello A. "Rywalizacja Pacow i Radziwiliow...",- s. 928.
  29. Otwinowski E. "Dzieje Polski pod panowaniem Augusta II od roku 1696-1728",- Krakow, 1849, s. 20.
  30. Piwarski K. "Opozycja litewska...",- ss. 262-263.
  31. Otwinowski E. "Dzieje Polski...",- s. 20.
  32. Piwarski K. "Opozycja li,iewska...",- s. 265.
  33. Szujski J. "Dzeje Polski", "Dziela J. Szujskego", - serya II, t. IV, Krakow, 1894, s. 145.
  34. Bizardiere М. "Biezkrolewie ро Janie III Sobieskim",- Wilno, 1853, s. 24.
  35. Szujski J. "Dzieje Polski",- s. 144.
  36. Bizardiere M. "Biezkrolewie...",-s. 167.
  37. Грабеньский В. «История польского народа»,- с. 221.
  38. М. de Mongrillon "Pamietnik sekretarza ambasady francuskiej w Polsce pod koniec panowania Jana III oraz w okrese biezkrolewia i wolnoj elekcji po jego zgonie",- Wroclaw, 1982, ss. 74-75.
  39. "Dzieje z panowania Augusta II od smierci Jana III do chwili wstepienia Кафіа XII na ziemie Polska",- Poznan, 1856, ss. 234 -239.
  40. Молчанов H. «Дипломатия Петра Великого»,- M. 1986, с. 149.
  41. Jasienica P. "Polska anarchia",-Krakow, 1988, s. 7.
  42. Jasienica P. "Rzeczpospolita abojga Narodow. Dzieje agonii", - Warszawa, 1992, s. 33.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX